Неабходнасьць правядзеньня рэфэрэндуму 1995 г. дыктавалася пераважна ўнутрысыстэмнымі чыньнікамі. Пры абвяшчэньні і падрыхтоўцы рэфэрэндуму 1996 г. адбылося спалучэньне чыньнікаў унутры- і замежнапалітычных. Першыя вынікалі з асаблівасьцяў палітычнага працэсу 1994—1995 гг. Другія былі зьвязаныя з стаўленьнем да падзеяў у Беларусі полюсаў сусьветнага палітычнага ўплыву. Вонкавыя фактары аказалі ўзьдзеяньне ня толькі на ход падзеяў, але і на наступствы рэфэрэндуму для Беларусі. Аднак іх уплыў быў бы нязначным, калі б яны не супалі з асаблівасьцямі электаральных паводзінаў беларусаў. Таму ў артыкуле аналіз канстытуцыйнага крызысу і чыньнікаў, што ўплывалі на яго разьвіцьцё, ажыцьцяўляецца толькі ў сувязі зь іх уплывам на волевыяўленьне грамадзянаў.
Сацыяльна-палітычныя ўмовы правядзеньня рэфэрэндуму
На пачатак 1996 г. расклад палітычных сілаў у Беларусі складваўся наступным чынам. Была сфармаваная прэзыдэнцкая вэртыкаль улады. Ужо пры канцы 1995 г. прэзыдэнт меў упэўненасьць у наяўнасьці кантролю на месцах. 29 сьнежня 1995 г. ён выдаў распараджэньне № 259 „Аб выкананьні нормаў і ўказаў прэзыдэнта”, згодна зь якім „у мэтах забесьпячэньня палітычнай і эканамічнай стабільнасьці чыноўнікі Кабінэту Міністраў і іншых дзяржаўных установаў, да ўнясеньня зьменаў у адпаведныя заканадаўчыя акты, павінны забясьпечваць безумоўнае выкананьне нормаў і ўказаў прэзыдэнта”. Адказнасьць за выкананьне ўскладалася пэрсанальна на кіраўнікоў вэртыкалі. Першыя чуткі пра магчымы рэфэрэндум зьявіліся яшчэ ў лютым 1996 г.[1]
Згодна з законам, супрацьвагай уладзе прэзыдэнта павінны былі стаць абраная ў 1995 г. Вярхоўная Рада XIII скліканьня і Канстытуцыйны суд. Нацыянал-дэмакраты, парушальнікі спакою ў Вярхоўнай Радзе XII скліканьня, у парлямэнт не прайшлі. Большасьць з парлямэнтароў былі беспартыйныя, 136 з 198 былі дзяржаўнымі функцыянэрамі і гаспадарчымі кіраўнікамі. Прапрэзыдэнцкая фракцыя „Згода” складала амаль траціну парлямэнту (63 дэпутаты).
Аднак праход у парлямэнт другой хвалі „камунікацыйных палітыкаў”, цэнтрыстаў, якія перайшлі ў 1995 г. у апазыцыю ўладзе, ізноў стаў прычынай няўстойлівасьці ўладных адносінаў. Тэрмін „стабільнасьць” з 1996 г. стаў адным з найбольш папулярных у беларускім палітычным лексыконе, адлюстроўваючы прагу ўлады сфармаваць устойлівую сыстэму падпарадкаваньня. Цэнтрысты-апазыцыянэры ў парлямэнце сталі для Лукашэнкі нават больш небясьпечнымі за нацыянал-дэмакратаў. У адрозьненьне ад тых, першыя мелі досьвед палітычнай дзейнасьці, пабывалі ўва ўладзе і ў савецкі час, і ў час незалежнасьці. Яны ж былі першай генэрацыяй апазыцыйных прагматычных палітыкаў (шэраг зь іх у 1994 г. нават дапамагалі прыйсьці да ўлады А. Лукашэнку). Веды правілаў палітычных адносінаў дазволілі ім хутка прыйсьці да паразуменьня і з аграрнікамі, і з камуністамі, лёгка прыняць пастановы па кадравых пытаньнях, канвэртаваць свой публічны статус у пасады ў парлямэнцкіх структурах[2]. Іх публічны імідж рабіў палітыку больш цікавай. У лютым 1996 г. С. Багданкевіч быў шостым папулярнасьцю сярод найбольш уплывовых палітыкаў. Сярод 8 палітыкаў, магчымых прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, тры (С. Шушкевіч, Г. Карпенка, С. Багданкевіч) былі прадстаўнікамі дэмакратаў[3].
Першыя намаганьні прэзыдэнта пасьля пачатку працы парлямэнту (супрацьдзеяньне давыбарам і забарона трансьляцыі сэсіяў ВР па БТ) былі накіраваныя менавіта на тое, каб абмежаваць публічнасьць дзейнасьці парлямэнту.
Дзейнасьць для стабілізацыі цэнтралізаванай улады была магчымая толькі пры дапамозе парлямэнту. Правядзеньне прадстаўніка фракцыі ўлады „Згода” Юр’я Малумава, паплечніка А. Лукашэнкі яшчэ з выбараў 1994 г., на пасаду намесьніка сьпікера, які павінен быў займацца юрыдычнымі пытаньнямі, вырашыла гэтую праблему. На пачатку 1996 г. адбывалася „дрэсіроўка” парлямэнту праз дэманстрацыю магчымасьцяў прэзыдэнта кіраваць краінай, мінаючы ВР. У парушэньне Канстытуцыі, без уліку пазыцыі парлямэнту адбылося зацьвярджэньне віцэ-прэм’ера, міністра ўнутраных справаў, міністра абароны, старшыні Нацбанку, генэральнага пракурора, старшыні КДБ. Выступ жа па тэлебачаньні старшыні Канстытуцыйнага суду быў забаронены (Канстытуцыйны суд прапаноўваў унесьці зьмены ўва ўказы прэзыдэнта, прызнаныя неканстытуцыйнымі). Нягледзячы на гарачыя дэбаты, ВР была вымушаная заднім днём зацьвердзіць гэтыя прызначэньні, бо ў выпадку далейшага настойваньня прэзыдэнта (а ён ня меў прычынаў не настойваць) адхіленьне кандыдатураў азначала б канчатковую страту парлямэнтам кантролю над бюджэтнымі грашыма, сілавымі структурамі і да т. п.
Абраны народам, парлямэнт дзейнічаў у межах правілаў, падаючы ў якасьці галоўнага аргумэнту свой праўны статус. Але ён ня меў сілавых і арганізацыйных магчымасьцяў падмацаваньня сваіх правоў. Прэзыдэнт мог не асьцерагацца ні масавага супраціву на карысьць парлямэнту (праўныя аргумэнты слаба зразумелыя шараговаму грамадзяніну, і наўрад ці ён здольны пайсьці змагацца за „выкананьне закону”), ні супрацьдзеяньня выканаўчай улады[4].
Масавая актыўнасьць і грамадзкая думка перад рэфэрэндумам
Вынікі падзеяў 1995 г. разьвязвалі рукі ўладам. Аднак спосаб падрыхтоўкі рэфэрэндуму 1995 г. паставіў пэрспэктывы захаваньня ўлады прэзыдэнтам у залежнасьць ад эканамічнай выніковасьці яго палітыкі. Пасьля рэфэрэндуму 1995 г. у грамадзтве паўстала адчуваньне набліжэньня палітычнага супрацьстаяньня, асабліва ў Менску, дзе амаль палова выбарнікаў выразіла незадаволенасьць „нагамі”.
Першыя прафіляктычныя захады ўладаў былі ўжытыя яшчэ на пачатку году. 25 студзеня быў зьняты міністар прамысловасьці Ўладзімер Куранкоў (гэта адначасова аслабляла пазыцыі М. Чыгіра, які сярод папулярных палітыкаў быў другі рэйтынгам пасьля прэзыдэнта). Рыхтаваўся ўказ аб перарэгістрацыі камэрцыйных структураў. 30 сьнежня 1995 г. Мінгармаёмасьць вызначыла пералік з 516 прадпрыемстваў (у тым ліку „Гарызонт”, „Віцязь”, „Інтэграл”), якія падлягалі разьдзяржаўленьню, што пазбаўляла дзяржаву ад балясту ў выглядзе аб’ектаў сацыяльнай сфэры[5].
Такім чынам улада стварала магчымасьці перакласьці адказнасьць за эканамічную невыніковасьць на кіраўніцтва прадпрыемстваў. У 1995 г. вінаватымі былі абвешчаныя дэмакраты-незалежнікі. У 1996 г. імі павінны былі стаць карумпаваныя кіраўнікі прадпрыемстваў. Разуменьне карупцыі ў масавай сьвядомасьці дагэтуль адрозьніваецца ад яе міжнароднай трактоўкі. Карупцыя, з пункту гледжаньня простага беларуса, — гэта выкарыстаньне службовага становішча ня столькі дзяржаўным функцыянэрам, колькі кіраўніком і нават простым работнікам бюджэтнай сфэры — лекарам, выкладчыкам. Працяг маніпуляцыяў з валютным курсам (нягледзячы на пагрозу эканамічных наступстваў, прэзыдэнт цягнуў з дэвальвацыяй рубля) даў уладам дадатковы сродак нэўтралізацыі незадаволенасьці і задабрэньня электарату. Купля Нацыянальным банкам валюты на біржы павялічыла памер рублёвай грашовай масы на рахунках у 6 разоў[6].
Такая палітыка прынесла плён ужо ў лютым — пачатку сакавіка. Агульнарэспубліканскі страйк, заплянаваны на 28 лютага сходам прафсаюзнага актыву на фоне актывізацыі прафсаюзнага руху, быў перанесены на нявызначаны час. Перанос быў выкліканы тым, што пасьля абяцаньня ўраду выплаціць зарплату да 8 сакавіка шэраг прафсаюзаў прапанавалі перанесьці мітынг[7].
Дарма што згодна з вынікамі апытаньняў на канец лютага 30,9 % грамадзянаў лічылі, што эканамічнае становішча пагоршылася, і 57 % ацэньвалі яго як стабільна дрэннае — толькі 25,4 % былі гатовыя адстойваць свае эканамічныя інтарэсы ў масавых акцыях[8].
У. Ганчарык тлумачыў гэта „эфэктам чаканьня”. Гараджане мелі сваякоў у вёсцы, таму нявыплата зарплаты ня выклікала крытычнай сытуацыі.
Актывізацыя пазапарлямэнцкай дзейнасьці БНФ (10 лютага на сойме БНФ было заяўлена аб пераходзе да непарлямэнцкай формы дзейнасьці з мэтай адстаўкі прэзыдэнта) у 1996 г. адбывалася на фоне працяглага эканамічнага крызысу. Аднак дзякуючы „вясковаму тылу” гэты крызыс для значнай часткі грамадзянаў меў псыхалягічны (няма грошай), а не фізіялягічны (няма чаго есьці) характар. У выніку незадаволенасьць эканамічным становішчам выклікала палітычны пратэст, але ня стала стымулам дзейнічаць радыкальна.
Каталізатарам актывізаціі пратэсту стаў зварот уладаў да інтэграцыі з Расеяй. Ува ўнутранай палітыцы інтэграцыйная рыторыка выкарыстоўвалася дзеля павышэньня папулярнасьці прэзыдэнта. Паводле апытаньняў, пасьля сакавіцкіх інтэграцыйных захадаў колькасьць прыхільнікаў А. Лукашэнкі павялічылася на 10,6 % (у параўнаньні зь лютым)[9].
Аднак гэтыя захады актывізавалі і пратэстны электарат, нэўтралізаваны ў 1995 г. Мітынг з нагоды 78-й гадавіны БНР адбыўся 25 сакавіка 1996 г. Якраз да гэтага часу ўсе павінны былі зразумець, што выплата зарплаты (заплянаваная да 8 сакавіка) пры росьце цэнаў ня верне дабрабыту. У мітынгу ўзяло ўдзел больш за 30 000 чалавек, якія прайшлі да тэлецэнтру, патрабуючы магчымасьці выступіць на тэлебачаньні лідэру БНФ З. Пазьняку.
Год таму гэта, магчыма, мела б вынік. Але ў сакавіку 1996 г. было позна: парлямэнцкія выбары ўжо адбыліся. Уплыў на сытуацыю, атрыманы такім чынам, ня мог быць на дадзеным этапе інстытуцыялізаваны ні праз парлямэнт, ні праз рэгіянальныя эліты. Для Фронту радыкальны настрой удзельнікаў акцыі быў нечаканым (З. Пазьняк адзначыў, што „не чакаў такой рэакцыі”)[10].
Дзеяньні ўладаў у адносінах да дэманстрантаў падтрымалі 48 % апытаных, асудзілі 34,1 %. Дзеяньні дэманстрантаў падтрымалі 20,7 % і асудзілі 63,3 %. Акрамя як высокім рэйтынгам прэзыдэнта і „некрытычным” эканамічным становішчам, асаблівасьці рэакцыі грамадзтва можна тлумачыць наяўнасьцю інфармацыйнай манаполіі ўладаў на асьвятленьне падзеяў. Мітынгі працягваліся на працягу ўсёй „гарачай вясны” 1996 г. Найбольш уражальным быў Чарнобыльскі шлях 26 красавіка.
Падзеі і гвалтоўная рэакцыя ўладаў падзялілі грамадзтва на тых, хто „за” прэзыдэнта, „супраць”, і тых, хто ня вызначыўся. Апошніх было больш за ўсіх. Яны нэгатыўна ацэньвалі як дзейнасьць уладаў (40,2 % — нэгатыўна, 33,4 % — пазытыўна), так і дзейнасьць удзельнікаў мітынгаў (45,5 % — нэгатыўна, 27,2 % — пазытыўна)[11]. Пераважна нэгатыўная ацэнка дзеяньняў спалучалася з нэўтральным стаўленьнем да пазыцыяў бакоў. 53,9 % не падтрымлівалі ніводнага з бакоў: 27,5 % адзначылі „цяжка адказаць”, 19 % лічылі, што ня маюць рацыі ўсе, 7,4 % — усе маюць рацыю ў роўнай ступені[12].
У адносінах да лёзунгаў мітынгу 26 красавіка думкі падзяліліся на 3 амаль роўныя часткі (39,3 % — „супраць”, 31,5 % — „за”, 29,2 % адзначылі „цяжка адказаць”). З сакавіка па травень адбывалася павелічэньне як нэгатыўнага, так і пазытыўнага стаўленьня і да ўладаў, і да апазыцыі, але не праз павелічэньне крайніх пазыцыяў („пазытыўна” — „нэгатыўна”), а празь пераход да асьцярожных „хутчэй, пазытыўна”, „хутчэй, нэгатыўна”.
Менск, цэнтар супраціву, быў і „цэнтрам” нэгатывізму, дзе ў большай ступені, чым па краіне, адлюстравалася і нэгатыўнае стаўленьне да абодвух бакоў[13]. Адсотак незадаволеных дзеяньнямі дэманстрантаў у Менску быў большы, чым дзеяньнямі ўладаў. (Дамінантнай была пазыцыя „дзеяньне — не мая справа”. Гэта быў вынік, па-першае, захаваньня „вясковай” праслойкі ў бюджэтах і, па-другое, створанай у 1995 г. у масавай сьвядомасьці стэрэатыпнай сувязі „інтэграцыя — дабрабыт”. На самай справе лёгіка была крыху іншай: „дабрабыт — настальгія — СССР — інтэграцыя”. Аднак трэці пункт ланцуга — СССР — ужо не існаваў. Інтэграцыя не азначала дабрабыту.) Гэта значыла, што ў выпадку паглыбленьня супрацьстаяньня большасьць застанецца назіральнікамі, якія нэгатыўна ставяцца да ўсіх, што разьвязвала рукі ўладам на далейшае сілавое здушэньне апазыцыі.
Падзеі вясны 1996 г. сталі каталізатарам для вызначэньня пазыцыяў палітычных сілаў. Парлямэнт дыстанцыяваўся ад вуліцы. Пасьля сустрэчы дэпутатаў з прэзыдэнтам ВР прыняла пастанову „падзяліць з выканаўчай уладай адказнасьць за падзеі, якія адбыліся 26 красавіка”[14].
Прапанова А. Лябедзькі (17 траўня) уключыць у парадак дня пытаньне пра самароспуск парлямэнту і прызначэньне новых выбараў на сьнежань не была падтрыманая парлямэнтам („за” прагаласавалі толькі 27 дэпутатаў).
Масавы пратэст ня быў выкарыстаны парлямэнтам дзеля збалянсаваньня ўлады. Для пераважнай большасьці дэпутатаў гэты дысбалянс быў звычайнай зьявай.
З ідэалягічных, пэрсанальных і арганізацыйных прычынаў партыі дэмакратычнай апазыцыі таксама не пасьпелі ўвесну 1996 г. аб’яднаць пазыцыі і падтрымаць дзеяньні вуліцы. Так, яшчэ 3 чэрвеня БНФ і АГП абмяняліся выпадамі (В. Вячорка публічна пашкадаваў аб супрацоўніцтве з АГП падчас парлямэнцкіх выбараў 1995 г. АГП адмовілася супрацоўнічаць з БНФ. Гл.: Белорусская деловая газета. 1996. 3 июня). Позна адбылося і далучэньне да апазыцыйнага боку лідэра ўплывовай у парлямэнце аграрнай фракцыі С. Шарэцкага, які пасьля вяртаньня з паездкі ў ЗША 6 чэрвеня выступіў у абарону Канстытуцыі і за арганізацыю „круглага стала прадстаўнікоў парлямэнту, ураду і прэзыдэнта”, гэта значыць сілаў, якія могуць спыніць у „распаленым палітычным становішчы працяглы эканамічны крызыс”[15].
Запаволеная рэакцыя палітычных структураў на дзеяньні вуліцы прывяла да таго, што прапанова 20 ліпеня сямі партыяў, адрасаваная прэзыдэнту, арганізаваць круглы стол, прагучала толькі як адлюстраваньне непакою ў сувязі з магчымасьцю ўвядзеньня прамога прэзыдэнцкага кіраваньня. Круглы стол адбыўся 26 жніўня, але без прэзыдэнта. З боку ўладаў у ім прымалі ўдзел Сяргей Посахаў і Сяргей Лінг. (З улікам распачатай падрыхтоўкай масавай падтрымкі, склад прэзыдэнцкага боку на круглым стале сьведчыў пра нязначнасьць для яго любых вынікаў.)
Улады выкарысталі круглы стол для расколу левых сілаў. Шэраг гаркамаў ПКБ выступілі супраць дзеяньняў кіраўніцтва, патрабуючы скліканьня надзвычайнага зьезду. Вынікам стаў падзел ПКБ на дзьве партыі.
Масавы супраціў, заявы парлямэнцкіх лідэраў і іх інфармацыйныя наступствы актывізавалі і прэзыдэнцкі бок, бо падзеі складалі пагрозу далейшай легалізацыі атрыманых ім паўнамоцтваў і далейшага павелічэньня патэнцыялу апазыцыі. У чэрвені — ліпені быў узмоцнены кантроль за мэдыямі: „Народная газета” была падпарадкавана ўладам празь пераўтварэньне ў ЗАТ, было скасаванае рэгістрацыйнае пасьведчаньне „Белорусской деловой газеты”, праведзены ператрус у рэдакцыі газэты „Беларуская маладзёжная” (7 чэрвеня). Усё гэта можна было кваліфікаваць як пачатак арганізацыі рэфэрэндуму. У парлямэнт былі накіраваныя прапановы для ўдасканаленьня дзейнасьці Канстытуцыйнага суду. 20 чэрвеня на сустрэчы з прадстаўнікамі вэртыкалі А. Лукашэнка абвясьціў пра магчымасьць рэфэрэндуму адносна чатырох пытаньняў: 1) адносіны Беларусі і НАТА; 2) стаўленьне да прыватнай уласнасьці на зямлю; 3) зьмены ў Канстытуцыі; 4) новыя правілы выезду за мяжу.
Падрхтоўка ўладаў да рэфэрэндуму
8 жніўня 4 пытаньні рэфэрэндуму былі прапанаваныя прэзыдэнтам парлямэнту, але ў іншай рэдакцыі: 1) перанос Дня Незалежнасьці на 3 ліпеня; 2) прыняцьце Канстытуцыі Беларусі зь зьменамі і дапаўненьнямі, прапанаванымі прэзыдэнтам; 3) свабодныя, без абмежаваньня, купля-продаж зямлі; 4) скасаваньне сьмяротнага пакараньня. Зьмена кола праблемаў значыла імкненьне атрымаць большую падтрымку з боку грамадзтва і, адпаведна, большы рэзананс. Правесьці рэфэрэндум было прапанавана 7 лістапада. На гэта былі тры прычыны: інфармацыйная („чырвоная” дата павінна была актывізаваць левы электарат), электаральная (каб супрацьдзейнічаць правядзеньню давыбараў у ВР, рэфэрэндум трэба было прызначыць раней за 24 лістапада. Гэта не дазваляла б выкарыстаць выдадзеныя ўрадам на рэфэрэндум грошы на канчатковае фармаваньне парлямэнту), эканамічная (у выпадку ўзьнікненьня праблемаў у адносінах з Расеяй запасаў паліва хапіла б, каб адтэрмінаваць энэргетычны крызыс).
Падрыхтоўка ўладаў да рэфэрэндуму ажыцьцяўлялася ў трох кірунках: 1) мабілізацыя актыўнай масавай падтрымкі; 2) стварэньне ўмоваў для пасіўнай падтрымкі (адсутнасьці супрацьдзеяньня); 3) арганізацыйная падрыхтоўка.
Для адлюстраваньня актыўнай масавай падтрымкі павінен быў адбыцца Ўсебеларускі народны сход. Паводле плянаў Адміністрацыі прэзыдэнта ў ім меліся ўзяць удзел 6000 чалавек, вылучаных калектывамі прамысловых прадпрыемстваў, калгасаў, саўгасаў, ВНУ, камэрцыйных фірмаў і іншых установаў. Адказнасьць за вылучэньне дэлегатаў ускладалася на адміністрацыі раёнаў. Перавага ў краіне дзяржаўнай формы ўласнасьці над прыватнай гарантавала патрэбную колькасьць удзельнікаў. Папярэдняй датай кангрэсу было прызначана 14 верасьня. Аднак на канец лета — пачатак верасьня прыпала актывізацыя дзейнасьці апазыцыі, таму акцыя прайшла 20 кастрычніка.
Інфармацыйная падрыхтоўка рэфэрэндуму была распачатая яшчэ да яго афіцыйнага абвяшчэньня. 22 чэрвеня па БТ быў паказаны фільм „Прышчэпка супраць нянавісьці”, які асацыятыўна адсылаў да падзеяў 1995 г. (да фільму „Нянавісьць”). У пачатку чэрвеня пад кіраўніцтвам Віктара Шэймана і Эдуарда Эйдзіна была пачатая распрацоўка Канцэпцыі вываду эканомікі Беларусі з крызысу. Кіраўнікам сілавых структураў было загадана распрацаваць указ „Аб стабілізаціі грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне і перадухіленьні супрацьпрэзыдэнцкіх выступаў”[16].
Падрыхтоўка масавай сьвядомасьці да рэфэрэндуму палягала ў выкарыстаньні рэйтынгу А. Лукашэнкі ў якасьці „рычага”, з дапамогай якога незадаволенасьць грамадзтва эканамічнай сытуацыяй ператваралася ў сродак узмацненьня ўлады. Прычыны эканамічнага крызысу падаваліся ўладай як вынік невыкананьня пастановаў прэзыдэнта. Каб палепшыць эканамічнае становішча, трэба знайсьці і пакараць вінаватых у невыкананьні — кіраўніцтва прадпрыемстваў і выканкамаў.
У пачатку жніўня пад кіраўніцтвам В. Шэймана была створаная „Камісія па кантролі за выкананьнем прэзыдэнцкіх указаў і пастановаў”[17]. Органы кантролю на розных падставах праводзілі праверкі прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Вынікі парушэньняў шырока асьвятляліся ў афіцыйных СМІ. У выніку ўборка ўраджаю 1996 г., узятая на кантроль прэзыдэнтам, вылілася ў агітацыйную кампанію. Выкарыстаньне кантрольных установаў дазваляла спалучаць уплыў на масавую сьвядомасьць з паглыбленьнем залежнасьці парлямэнтароў, большасьць зь якіх былі з „кіраўнікоў” (у раёнах ці на прадпрыемствах, адкуль яны выйшлі, маглі быць распачатыя праверкі зь цяжкімі вынікамі).
Першая хваля паляваньня на карупцыянэраў прыпала на жнівень 1996 г., калі былі апублікаваныя вынікі праверак па праблемах вытворчасьці малака[18], вясковага гандлю, тэхнічнага абслугоўваньня сельскай гаспадаркі[19]. (Падобныя захады пачалі ўжывацца ўжо з пачатку жніўня. Гл.: Советская Белоруссия. 1996. 9 августа; 15 августа; 16 августа.) 2 верасьня пачалася другая сэсія ВР, на якой мусілі быць канчаткова зацьверджаныя дата і пытаньні, вынесеныя на рэфэрэндум.
Другая хваля паляваньня прыпала на канец верасьня — пачатак кастрычніка[20]. Гэта быў пік супрацьстаяньня прэзыдэнта і парлямэнту наконт прызначэньня даты рэфэрэндуму.
На другой сэсіі ВР 4 верасьня быў абраны старшыня ЦВК Віктар Ганчар (за яго прагаласавала 111 з 150 прысутных дэпутатаў, што сьведчыла пра адсутнасьць адзінства нават у прапрэзыдэнцкай фракцыі „Згода”). На тым самым пасяджэньні было забаронена выкарыстаньне выязных выбарчых урнаў, фінансаваньне рэфэрэндуму з пазабюджэтных сродкаў і была зацьверджана неадпаведная інтарэсам прэзыдэнта дата рэфэрэндуму — 24 лістапада 1996 г.[21]. Пытаньні, якія не адпавядалі інтарэсам боку прэзыдэнта, маглі быць зацьверджаныя толькі тайным галасаваньнем.
Сам факт гэтых рашэньняў сьведчыў пра аслабленьне пазыцыяў прэзыдэнта за час парлямэнцкіх канікулаў. На працягу жніўня адбываліся кансультацыі паміж прадстаўнікамі партыяў і расейскімі палітыкамі[22]. На фоне незадавальненьня Масквы дзеяньнямі А. Лукашэнкі (падтрымкі на прэзыдэнцкіх выбарах Г. Зюганава; захадаў для пашырэньня ўплыву ў расейскіх рэгіёнах) у цэнтральнай расейскай газэце „Известия”(15.08.1996) быў апублікаваны артыкул з камэнтарамі да дакумэнтаў наконт арганізацыі замежнапалітычнага забесьпячэньня рэфэрэндуму. На падставе іх аналізу рабіліся высновы аб імкненьні А. Лукашэнкі сфармаваць у замежжы погляд на сваю палітыку як „зрушаную ўправа”, а „левы парлямэнт” падаць „пагрозай дэмакратыі”, зь якой трэба змагацца, зьмяняючы Канстытуцыю на рэфэрэндуме.
12 верасьня пасьля кансультацыі з 85 парлямэнтарамі А. Лукашэнка тэрмінова зьехаў у Маскву. Сэнс паездкі быў у дэманстрацыі парлямэнцкай і „вэртыкальнай” эліце добрых адносінаў з Крамлём як факту захаваньня моцы. Аднак розьніца паміж колам сустрэчаў у Маскве, заяўленым прэс-службай А. Лукашэнкі і пададзеным у незалежных газэтах, паказвае, што адносіны з афіцыйнай Масквой былі дастаткова напружаныя. Першае ўключала Б. Ельцына, А. Завяруху, Я. Прымакова, В. Чарнамырдзіна, І. Радзівонава, А. Лебедзя. У незалежных газэтах жа адзначалася, што дакладна вядома толькі пра сустрэчы з апошнімі двума. З Б. Ельцыным і А. Завярухам сустрэчы былі немагчымыя[23]. 16 верасьня (праз 4 дні пасьля паездкі ў Маскву) адбылася сустрэча А. Лукашэнкі зь беларускімі партыйнымі лідэрамі савецкіх часоў: Аляксеем Камаём, Анатолем Малафеевым, Аляксандрам Аксёнавым і інш.[24] Акрамя партыйнага статусу, які мелі гэтыя асобы, большасьць зь іх былі ў мінулым яшчэ і „патронамі” для значнай часткі дзейнай палітычнай эліты. Празь іх будаваліся як сувязі ў „рэспубліцы”, так і сувязі з Масквой. Іх падтрымка была апошняй надзеяй заклікаць парлямэнтароў да парадку. Слабая выніковасьць гэтага захаду ілюструецца зробленай 16 верасьня заявай Урала Латыпава, у якой ён казаў пра малую імавернасьць сілавой разьвязкі падзеяў з прычыны высокага рэйтынгу прэзыдэнта[25]. Гучала гэта як нагадваньне, што рэйтынг А. Лукашэнкі ў спалучэньні з кантролем над сілавымі структурамі дазваляе правесьці зьмены ў Канстытуцыю нават і без супрацоўніцтва зь нязгоднымі. Але паездкі і А. Лукашэнкі, і парлямэнтароў у Маскву працягваліся ўсю восень.
З 17 верасьня робяцца захады, якія павінны былі дэманстраваць пошук кампрамісу паміж бакамі, — спроба правесьці праз парлямэнт варыянт пагадненьня, але настойваньне фракцыі „Згода” на фармулёўках, выгадных для прэзыдэнта, паралізавала перамовы. М. Мясьніковіч робіць заяву, зь якой вынікае магчымасьць правесьці рэфэрэндум і выбары 24 лістапада.
Аднак на рахунак ЦВК не пералічваюцца грошы. (Фактычна існавалі два рахункі збору сродкаў для правядзеньня рэфэрэндуму: у Белбізнэсбанку, падкантрольным ЦВК, і ў Беларусбанку, падкантрольным выканаўчай уладзе, менавіта на апошні афіцыйныя газэты заклікалі прадпрыемствы пераводзіць грошы для фінансаваньня рэфэрэндуму. Гл.: Советская Белоруссия. 1996. 13 сентября.) 20 верасьня М. Мясьніковіч сустрэўся з супрацоўнікамі КДБ з мэтай высьветліць іх стаўленьне да супрацьстаяньня[26]. На сумеснай нарадзе ўраду і „вэртыкалі” 4 кастрычніка прэзыдэнт прапанаваў тым функцыянэрам, хто „адчувае сябе няўпэўнена” на сваёй пасадзе, „прыняць прынцыповае рашэньне”, астатнім — узяць удзел у падрыхтоўцы рэфэрэндуму[27]. 5 кастрычніка ў афіцыйных газэтах зьявіліся паведамленьні пра стварэньне пад патранажам прэзыдыўмаў аблвыканкамаў участковых камісіяў для правядзеньня рэфэрэндуму, а таксама „штабоў для правядзеньня плебісцыту”[28]. Фактычна гэтыя штабы павінны былі дзейнічаць паралельна камісіям, сфармаваным ЦВК. Піянэрам гэтага руху была Магілёўская вобласьць. Вынік быў адлюстраваны ў справаздачы працоўнай групы ВР для правядзеньня рэфэрэндуму: „Мясцовыя ўлады, не выступаючы супраць выбараў адкрыта, робяць усё для зрыву выбарчай кампаніі”[29].
На фоне канстытуцыйнага крызысу цягам восені на месцах адбывалася падрыхтоўка да рэфэрэндуму пад патранажам мясцовай улады. Агітацыйная кампанія вялася праз сэгмэнтацыю электарату і заахвочваньне яго асобных сэгмэнтаў да ўдзелу ў рэфэрэндуме праз праўныя і арганізацыйныя захады.
Важнай патэнцыйна-пратэстнай групоўкай была студэнцкая моладзь. Адзначаючы актыўны ўдзел гэтай групы, мы ня згодныя з экспэртамі, якія адзначалі, што яна была асноўнай. Склад тых, хто спачуваў мітынгам (працэнт грамадзян, гатовых прыняць удзел у акцыях пратэсту, сярод грамадзян 24 і 54 гадоў прыкладна аднолькавы: 20—46 %), і асабістыя назіраньні ўдзельнікаў сьведчаць пра большую разнастайнасьць сацыяльна-дэмаграфічнага і прафэсійнага складу ўдзельнікаў.
Пад кіраўніцтвам Аляксандра Пазьняка быў створаны Дзяржкамітэт па справах моладзі. У красавіку ім была распрацаваная праграма „Моладзь Беларусі”, зь яго ініцыятывы праводзіўся шэраг круглых сталоў зь лідэрамі моладзевых арганізацыяў з мэтай структураваньня іх сыстэмы.
Да старэйшага пакаленьня больш рабіліся матэрыяльныя захады. У сытуацыі эканамічнага крызысу дзяржава не магла вярнуць адчуваньня дабрабыту савецкіх часоў, але магла прадэкляраваць імкненьне да яго, прапанаваўшы сыстэму сацыяльных ільгот, якая б вымусіла грамадзянаў канкураваць за іх атрыманьне. У выніку „сацыяльная дзяржава” стала ня толькі сродкам агітацыі, але і галоўным брэндам краіны, які захаваўся дагэтуль, добра спалучаючыся з брэндам „паляваньня на карупцыянэраў”. У выпадку невыніковасьці першага апраўдвалася неабходнасьць другога.
Першая спроба накіраваць палітыку ў гэтае рэчышча была зробленая яшчэ 20 чэрвеня 1996 г., калі парлямэнту было прапанавана зьмяніць Закон аб прадпрыемствах, надаўшы зарплаце статус першачарговага плацяжа. Прапанова была адхіленая. Паводле словаў Г. Карпенкі, яна пагражала супрацьстаяньнем бюджэтных установаў і прамысловых прадпрыемстваў.
На працягу жніўня — верасьня 1996 г. прэзыдэнтам была прынятая рэкордная колькасьць сацыяльна арыентаваных нарматыўных актаў. Першыя зь іх — распараджэньні № 251 „Аб матэрыяльнай дапамозе шматдзетным сем’ям” (да такіх адносіліся тыя, хто меў больш за 3 дзяцей), № 252 „Аб аказаньні адзінокім пэнсіянэрам і інвалідам, што жывуць у нястачы, аднаразовай грашовай дапамогі для набыцьця сельгаспрадукцыі і паліва”. Указам прэзыдэнта № 345 адбывалася ўпарадкаваньне цэнаўтварэньня, якое забараняла ўздымаць цэны без павышэньня зарплаты. Сярод тавараў, цэны на якія кантраляваліся Міністэрствам эканомікі, былі, напрыклад, сьпіртныя напоі. Указам № 340 „Аб узмацненьні сацыяльнай падтрымкі працоўных бюджэтнай сфэры” ўводзілася практыка штоквартальнага прэміяваньня ў памеры 5 мінімальных зарплатаў. Мізэрныя памеры зарплатаў не давалі магчымасьці годнага існаваньня, дазвол зьмены памераў прэміяў у залежнасьці ад вынікаў працы пашырыў залежнасьць падначаленых ад кіраўніцтва, якая й была выкарыстаная ў электаральным працэсе.
З жніўня 1996 г. была распачатая сыстэма льготнага крэдытаваньня, якую ўводзіў указ № 358 „Аб захадах для паляпшэньня жыльлёвых умоваў моладзі”. Наяўнасьць на рахунках грашовай масы дазваляла выконваць пэўную колькасьць узятых абавязкаў. А ўказам № 344 „Аб своечасовай выплаце зарплатаў, пэнсіяў, стыпэндыяў, дапамогі” адказнасьць за невыкананьне адзначаных у ім захадаў ускладалася на кіраўнікоў прадпрыемстваў[30].
Згодна з камэнтаром кіраўніцтва Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, адказнасьць за нявыплату сацыяльнай дапамогі таксама несьлі кіраўнікі[31]. Ужытыя захады былі шырока разрэклямаваныя ў афіцыйных СМІ — асноўнай крыніцы інфармацыі для большасьці грамадзянаў.
У выніку спалучэньня традыцыяў удзелу і захадаў уладаў, Усебеларускі народны сход прайшоў 19—20 кастрычніка без эксцэсаў, хаця сьцягваньне войскаў і захады перасьцярогі, ужытыя падчас акцыі, указвалі на чаканьньне прэзыдэнцкім бокам супраціву. 16 кастрычніка адбылася сустрэча А. Лукашэнкі з прэзыдэнтам Расеі Б. Ельцыным. У выніку, насуперак прагнозам, на „народным” сходзе А. Лукашэнка ня стаў прапаноўваць зацьвердзіць 7 лістапада (гэтая дата была прычынай канфлікту паміж прэзыдэнтам і парлямэнтам) як дату рэфэрэндуму (пагатоў што Канстытуцыйны суд папярэдзіў удзельнікаў зьезду пра адсутнасьць у іх права прызначаць рэфэрэндум). Рэфэрэндум павінен быў адбыцца ў дзень, прызначаны парлямэнтам, 24 лістапада, адносна 7 пытаньняў (4 прапанаваныя прэзыдэнтам, 3 — фракцыямі камуністаў і аграрнікаў). Прыезд 28 кастрычніка Рэма Вяхірава і тое, што скарачэньні паставак газу ў Беларусь адбыліся толькі ў сьнежні 1996 г., ужо пасьля рэфэрэндуму, указвае на дасягненьне падчас сустрэчы прэзыдэнтаў дамоўленасьці наконт газавых пытаньняў.
У дзень правядзеньня сходу адбыўся і Кангрэс дэмакратычных сілаў у абарону Канстытуцыі. Дзеяньні боку прэзыдэнта і боку апазыцыі прывялі да таго, што ўдзел грамадзянаў у рэфэрэндуме залежаў не ад пазыцыяў адносна яго пытаньняў, а быў дэманстрацыяй прыхільнасьці прэзыдэнту ці парлямэнту. Згодна з вынікамі апытаньняў, праведзеных у канцы верасьня — пачатку кастрычніка, удзельнічаць у рэфэрэндуме меліся 73,8 % апытаных, аднак толькі 47 % лічылі, што рэфэрэндум неабходны. Вызначаную пазыцыю мелі больш за 2/3 апытаных і толькі ў пытаньнях скасаваньня сьмяротнага пакараньня і фінансаваньня галінаў улады. Знаёмства зь зьменамі да Канстытуцыіі адзначылі 35,4 % (з прэзыдэнцкімі) і 19,9 % (з прапанаванымі фракцыямі камуністаў і аграрнікаў) апытаных, 20 % не маглі адказаць, вядомыя ім зьмены ці не. Гэта пры тым, што варыянт, прапанаваны фракцыямі камуністаў і аграрнікаў, быў надрукаваны толькі 11 лістапада, праз тры дні пасьля пачатку датэрміновага галасаваньня і праз два тыдні пасьля правядзеньня апытаньня. Як сьведчаць апытаньні, праведзеныя ў лістападзе 1996 г., значная колькасьць людзей ня вызначылася наконт асноўных пытаньняў рэфэрэндуму (56,8 % — адносна зьменаў, прапанаваных фракцыямі, 39 % — да прэзыдэнцкіх зьменаў). Фактычна вынікі сьведчаць пра тое, што спроба вярнуць грамадзтва да мадэлі рытуалізаванай падтрымкі, што мела месца ў 1990 г., удалася. Гэта адлюстравалася і ў выніках рэфэрэндуму.
Вынікі рэфэрэндуму
Наяўнасьць кантролю над выканаўчай уладай на месцах давала магчымасьць боку прэзыдэнта захапіць ініцыятыву арганізацыі волевыяўленьня на рэфэрэндуме. 31 кастрычніка было прынята рашэньне фінансаваньня рэфэрэндуму і выбараў зь дзяржбюджэту і добраахвотных ахвяраваньняў прадпрыемстваў. Але гэтыя сродкі былі пералічаны не ЦВК, а непасрэдна тэрытарыяльным фінансавым упраўленьням і не прадугледжваліся дзеля фінансаваньня выбараў. Правал спробы ВР арганізаваць 11 лістапада нараду кіраўнікоў выканкамаў розных узроўняў пацьвердзіў адсутнасьць у прадстаўнічай улады магчымасьці пракантраляваць гэтыя сродкі. 9 лістапада пачалося датэрміновае галасаваньне. 14 лістапада ўказам прэзыдэнта незаконна быў адхілены ад пасады старшыня ЦВК В. Ганчар. Выканаўцай абавязкаў старшыні была прызначаная Л. Ярмошына.
Нягледзячы на пачатак працэдуры імпічмэнту (збор подпісаў за імпічмэнт быў скончаны 18 лістапада), 24 лістапада рэфэрэндум адбыўся.
Паводле афіцыйных дадзеных удзел узялі 84,14 % выбарнікаў. За перанясеньне Дня Незалежнасьці на 3 ліпеня прагаласавалі 88,18 %, „супраць” — 10,46 %, за прыняцьце Канстытуцыі 1994 г. у рэдакцыі, прапанаванай А. Лукашэнкам, — 70,45 %, „супраць” — 9,39 %, за неабмежаваны продаж зямлі — 15,35 %, „супраць” — 82,88 %, за скасаваньне сьмяротнага пакараньня — 17,93 %, „супраць” — 80,44 %. За прыняцьце Канстытуцыі 1994 г. у рэдакцыі, прапанаванай фракцыямі камуністаў і аграрнікаў, прагаласавалі 7,93 %, „супраць” — 71,2 %, за выбраньне кіраўнікоў мясцовых органаў улады — 28,14 %, „супраць” — 69,92 %, за роўнае галоснае фінансаваньне галінаў улады зь дзяржбюджэту — 32,18 %, „супраць” — 65,85 %. Давыбары ў парлямэнт адбыліся ў 60 акругах з 61. Паводле іх вынікаў было абрана 4 дэпутаты з 253 вылучаных кандыдатаў.
Ува ўмовах дысбалянсу паміж уладамі цяжка ацэньваць адпаведнасьць гэтых вынікаў рэчаіснасьці. Аднак фактам ёсьць тое, што яшчэ 19 лістапада 110 з 198 парлямэнтароў, пакінуўшы пасяджэньне ВР, сабраліся на нарадзе ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Масавы пратэст супраць вынікаў рэфэрэндуму ня быў гэтулькі моцным, каб пераканаць выканаўчую ўладу вярнуцца ў праўнае поле. 27 лістапада А. Лукашэнка падпісаў указ № 495 „Аб зацьверджаньні сьпісу дэпутатаў Вярхоўнай Рады Рэспублікі Беларусі, уключаных у склад палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі”, а таксама закон „Аб прыпыненьні паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады Рэспублікі Беларусі XIII скліканьня”.
У ПП увайшло 110 дэпутатаў ВР XIII скліканьня. З 59 дэпутатаў, абраных у другім туры ў 1995 г., у ПП засталіся каля 50. Найбольш прадстаўленым у ПП рэгіёнам быў Менск. З 35 менскіх прадстаўнікоў 17 былі функцыянэрамі вышэйшых дзяржаўных установаў (Адміністрацыі прэзыдэнта, Службы кантролю) ці мелі публічную вядомасьць. Ад астатніх абласьцей засталося ад 10 (Гарадзенская) да 17 (Гомельская) дэпутатаў. Найбольш шматлікай прафэсійнай групоўкай былі кіраўнікі прадпрыемстваў.
У 1997 г. была сфармаваная верхняя палата НС РБ — рада рэспублікі. Склад функцыянэраў РР нагадвае вынікі выбараў ВР 1990 г. Найбольшая колькасьць дзяржаўных функцыянэраў сярод васьмі сэнатараў — з Магілёўскай вобласьці, усе функцыянэры прадстаўляюць выканкамы абласнога (3) і раённага (1) узроўню, астатнія вобласьці прадстаўляюць ад 2 (Менская) да 3 (Гомельская, Берасьцейская, Віцебская) дзяржаўных функцыянэраў. Сярод іх функцыянэры абласных выканкамаў і Радаў прадстаўленыя ў прапорцыі 2:1. Як і ў ПП, у РР колькасьць прамысловых кіраўнікоў большая за колькасьць аграрнікаў (11:5).
У дзень правядзеньня рэфэрэндуму адбыліся і давыбары дэпутатаў у ВР XIII скліканьня па 61 акрузе, дзе ў 1995 г. дэпутаты не былі абраныя. Арганізацыя волевыяўленьня не дазваляе казаць, што атрыманы вынік дае поўнае ўяўленьне пра палітычныя прэфэрэнцыі большасьці грамадзян. Вылучэньне кандыдатаў адбывалася ўва ўмовах супрацьдзеяньня цэнтральных і падпарадкаваных ім мясцовых уладаў, што значна абмежавала колькасьць тых, хто жадаў пазмагацца за мандат. Параўнаньне ўзроўню яўкі выбарнікаў у акругах, дзе праводзіўся толькі рэфэрэндум і дзе праводзіліся як давыбары, так і рэфэрэндум, таксама ставіць пад сумнеў ня толькі вынікі выбараў, але наогул наяўнасьць у грамадзян жаданьня ўдзелу ў палітыцы. Вынікі давыбараў не дазваляюць ацаніць адносную значнасьць палітычных партыяў для грамадзтва, але дазваляюць праранжыраваць іх адносную моц, якая б мела месца пры ўмове адсутнасьці нэгатыўных захадаў з боку ўладаў. У першым туры здолелі пераканаўча перамагчы толькі два кандыдаты: Уладзімер Тарасаў (АГП) і Генадзь Грушавы (да 1996 БНФ, з 1996 старшыня Беларускай хрысьціянска-дэмакратычнай партыі). Нават гэты факт пацьвярджае нявызначанасьць палітычных пазыцыяў беларускіх выбарнікаў. Так, Г. Грушавы, старшыня праўленьня фонду „Дзецям Чарнобылю”, прайшоў у мікрараёне Малінаўка, дзе пэўная частка выбарнікаў — перасяленцы з чарнобыльскіх раёнаў. Наяўнасьць у другім туры значнай колькасьці партыйных кандыдатаў (напрыклад, ад АГП у другі тур трапілі 20 кандыдатаў, або 70 % ад агульнай колькасьці вылучаных) таксама заканамерная пры тагачаснай практыцы вылучэньня кандыдатаў. Аднак другі тур давыбараў так і не адбыўся...
Вынікі рэфэрэндуму 1996 г. замацавалі створаную дэ-факта ў 1994—1995 гг. сыстэму падпарадкаваньня. Аднак, нягледзячы на масавы пратэст вясны 1996 г., гэтыя вынікі былі прадвызначаныя, таму што асновы рытуалізаваных электаральных паводзінаў беларускіх грамадзянаў пачалі складвацца з часу паўстаньня незалежнай дзяржавы.
1 Белорусская деловая газета. 1996. 15 февраля.
2 Прагматызм фракцыі „Грамадзянскае дзеяньне”, напрыклад, добра ілюструецца
на прыкладзе абраньня віцэ-сьпікера, калі кандыдатура С. Багданкевіча, што выклікала вялікае абурэньне з боку прэзыдэнта, была прыгожа замененая на Г. Карпенку, які ў тых умовах быў нават больш выгадны „ГД”, таму што палітычнай кар’ерай быў больш падобны да парлямэнцкай большасьці і больш зразумелы ёй.
3 Белорусская деловая газета. 1996. 19 февраля.
4 Электарат партыяў ня быў схільны абараняць інтарэсы сваіх прадстаўнікоў неканвэнцыйным шляхам. Наогул, гэта было цяжка зрабіць. Большасьць дэпутатаў былі абраныя ў рэгіёнах пераважна „вялікаўзроставым” электаратам. На пратэсты беларусаў мог падштурхнуць толькі рэзкі спад дабрабыту. А ў 1996 г. эканамічны крызыс затармазіўся. Невысокая яўка падчас выбараў паказала нізкую палітычную актыўнасьць грамадзянаў, а сувязі дэпутатаў (большасьць зь якіх у мінулым былі кіраўнікамі калгасаў і прамысловых прадпрыемстваў) зь мясцовымі ўладамі і ўстановамі выканаўчай улады былі хутчэй падпарадкавальныя, чым раўнапраўныя. Сродкаў уплыву ў парлямэнтароў не было. Прэзыдэнт меў кантроль над Нацыянальным банкам, сілавымі структурамі. І галоўнае — на яго баку быў мэнталітэт функцыянэраў выканаўчай улады, а яшчэ і страх. Нават тыя, хто ня быў выхаваны ў традыцыях падпарадкаваньня, наўрад ці жадалі рызыкаваць пасадамі дзеля такой зьменлівай рэчы, як вяршэнства права ці падзел уладаў. Павялічыць свой уплыў парлямэнт мог ці абапіраючыся на масы, ці зьмяніўшы стэрэатып функцыянэраў выканаўчай улады (прымусіўшы сумнявацца ўва ўстойлівасьці пазыцыяў прэзыдэнта і, як вынік, саміх функцыянэраў). Але для гэтых зьменаў былі патрэбныя намаганьні большай часткі дэпутатаў. Кіраўнічы склад парлямэнту, прапрэзыдэнцкае лобі (фракцыя „Згода”), якое імкнулася агучваць і прасоўваць прапановы прэзыдэнта на фоне не занадта моцнага супрацьдзеяньня астатніх дэпутатаў, замацоўвалі адчуваньне стабільнасьці прэзыдэнцкай улады. Спробы дэмакратаў прыцягнуць увагу да незаконнасьці дзеяньняў прэзыдэнта, напрыклад прапанова ў лютым 1996 г. стварыць камісію для праверкі дзейнасьці Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта (на чале з В. Ганчаром), блякаваліся парлямэнтам на чале з фракцыяй „Згода”. (Белорусская деловая газета. 1996. 15 февраля.)
5 Белорусская деловая газета. 1996. 5 февраля.
6 Белорусская деловая газета. 1996. 12 февраля.
7 Белорусская деловая газета. 1996. 27 февраля.
8 Белорусская деловая газета. 1996. 28 марта.
9 Белорусская деловая газета. 1996. 28 марта.
10 Белорусская деловая газета. 1996. 28 марта.
11 Белорусская деловая газета. 1996. 20 мая.
12 Белорусская деловая газета. 1996. 20 апреля.
13 Белорусская деловая газета. 1996. 6 июня.
14 Белорусская деловая газета. 1996. 6 мая.
15 Белорусская деловая газета. 1996. 3 июня.
16 Белорусская деловая газета. 1996. 15 июля; 1997. 5 августа.
17 Белорусская деловая газета. 1996. 5 августа.
18 Советская Белоруссия. 1996. 24 августа.
19 Советская Белоруссия. 1996. 27 августа.
20 Советская Белоруссия. 1996. 25 сентября; Белорусская деловая газета. 1996. 10 октября.
21 Белорусская деловая газета. 1996. 9 сентября.
22 Белорусская деловая газета. 1996. 2 сентября.
23 Белорусская деловая газета. 1996. 9 сентября.
24 Советская Белоруссия. 1996. 17 сентября.
25 Белорусская деловая газета. 1996. 16 сентября.
26 Белорусская деловая газета. 1996. 26 сентября.
27 Советская Белоруссия. 1996. 5 октября.
28 Тамсама.
29 Белорусская деловая газета. 1996. 3 октября.
30 Гл. таксама ўказ № 360 ад 13 верасьня 1996 г. „Аб павелічэньні дзяржаўнай дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”, указ № 384 „Аб павелічэньні даплатаў за навуковыя ступені і званьні” і інш. У жніўні 1996 г. пачалася (і прыкра скончылася) гісторыя наданьня БДУ статусу вядучай ВНУ краіны. Падпісаньне ўказу прэзыдэнта № 342 з нагоды 75-гадовага юбілею БДУ суправаджалася шматлікімі сустрэчамі з выкладчыкамі і студэнтамі ўнівэрсытэту.
31 Советская Белоруссия. 1996. 4 сентября.