Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму


Выбары Вярхоўнай Рады Рэспублікі Беларусі і першы Лукашэнкаў рэфэрэндум у 1995 г.

Другія парлямэнцкія выбары ў Беларусі былі больш стратэгічна прадуманыя і арганізаваныя як уладай, так і яе апанэнтамі, у параўнаньні зь першымі. Зьмянілася структура палітычнай сыстэмы. У 1994 г. была створана пасада прэзыдэнта, адбыліся прэзыдэнцкія выбары, пачала складацца вэртыкаль выканаўчай улады. Афармлялася партыйная сыстэма. Зьявіліся зацікаўленыя ўва ўладзе. І менавіта гэтая зацікаўленасьць стала асноўным чыньнікам выбарчага працэсу.

Сытуацыя напярэдадні выбараў

Канец 1994 — пачатак 1995 гг. для Беларусі — час працягу эканамічнага спаду, хаця, як лічылі экспэрты, „зьніжэньне ўзроўню жыцьця асноўнай масы насельніцтва ня мела катастрафічнага характару”[1].

Узровень спаду ВНП Беларусі на канец 1994 г. быў крыху меншы, чым у Расеі і Ўкраіны, якія таксама знаходзіліся ў крызысе. Але ў Беларусі крызыс адчуваўся больш востра ў параўнаньні з суседзямі. Гэта тлумачылася лепшым дакрызысным станам рэспублікі, якая ў савецкія часы была эканамічна пасьпяховым рэгіёнам Савецкага Саюзу. Пасьляваеннае аднаўленьне адбывалася празь міграцыю высокакваліфікаваных тэхнічных спэцыялістаў зь іншых рэспублік і працоўных зь вёсак у больш пасьпяховыя ў пляне сацыяльнага разьвіцьця гарады. Вынікам росту сацыяльна-эканамічнага ўзроўню пасьля нягодаў вайны стала асаблівая сыстэма каштоўнасьцяў, у якой матэрыяльны дабрабыт быў больш важны за іншыя. Рэформы, якія не паляпшалі яго, нават калі пашыралі асабістую незалежнасьць, не маглі быць успрынятыя як пазытыўныя.

Нэгатыўнае стаўленьне беларусаў да пераменаў паглыбляліся знаходжаньнем краіны ў зоне расейскага інфармацыйнага ўплыву. 1994 г. — час найвялікшага спаду ў Расеі, які ствараў катастрафічны настрой і прагу вяртаньня да матэрыяльнага камфорту савецкіх часоў. Расейскі інфармацыйны ўплыў паглыбляў насьцярожаны настрой беларусаў чаканьнем далейшага пагаршэньня эканамічнай сытуацыі.

Палітычныя ўстановы краіны знаходзіліся ў стане першапачатковай інстытуцыялізацыі. Працэс фармаваньня ўлады ў незалежнай краіне пачаўся толькі ў 1994 г. (датуль выкарыстоўваліся інстытуты, сфармаваныя пры Савецкім Саюзе) з увядзеньнем пасады прэзыдэнта. Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбыліся позна, у параўнаньні з Расеяй і Ўкраінай, дзе прэзыдэнты былі абраныя адпаведна ў чэрвені і сьнежні 1991 г., падчас трансфармацыйнай эўфарыі. Да крызысу сярэдзіны 1990-х гг. палітычныя інстытуты ў гэтых краінах разьвіваліся, маючы фонам спачатку пасьляперабудоўны, а потым незалежніцкі грамадзкі ўздым. У выніку там склаліся пэўныя традыцыі ўзаемаадносінаў паміж галінамі ўлады. Неабходнасьць існаваньня кожнай зь іх у вачах грамадзянаў ужо не падлягала сумневу.

У Беларусі пара палітычнай інстытуцыялізацыі прыпала на эканамічны крызыс, адчуваньне якога не памякчалася незалежніцкай эўфарыяй. Беларускі парлямэнт не паклапаціўся аб тым, каб зьвярнуцца па падтрымку да грамадзянаў і легітымізаваць да крызысу сваё існаваньне ўва ўмовах незалежнай краіны, хаця ён мог гэта зрабіць ужо ў 1990 г.: гэта не супярэчыла закону, інтарэсам большасьці парлямэнтароў (менавіта функцыянэрскі — не зацікаўлены ў самастойным атрыманьні ўлады — склад парлямэнту, разгледжаны ў папярэднім артыкуле, быў прычынай тармажэньня інстытуцыялізацыі). Як высьветлілася пазьней, гэтая пасіўнасьць парлямэнту значна пашкодзіла інтарэсам беларускага парлямэнтарызму.

У выніку першыя парлямэнцкія выбары адбываліся ўва ўмовах: а) слабаінстытуцыялізаванай палітычнай сыстэмы; б) адсутнасьці сталых традыцый перадачы ўлады; в) эканамічнага крызысу. Для фармаваньня прэтарыянскага аўтарытарнага рэжыму не хапала адной умовы: адсутнічала вялікая сацыяльна-эканамічная палярызацыя.

Пасьля абраньня ў 1994 г. А. Лукашэнкі ў краіне пачаліся працэсы цэнтралізацыі ўлады, у выніку якіх рэгіянальныя ўстановы выканаўчай улады былі падпарадкаваныя прэзыдэнту, мінаючы прадстаўнічыя ўстановы ўсіх узроўняў. Сыстэма, сфармаваная дэ-факта, трымалася на асабістай волі яе стваральнікаў і ўдзельнікаў. Гэта ставіла яе ў залежнасьць ад дзейнасьці рэгіянальных элітаў. Няўстойлівы характар сыстэмы паглыбляўся захадамі Канстытуцыйнага суду, парлямэнту, якія аспрэчвалі яе адпаведнасьць праву. У створанай мадэлі выканаўчая ўлада магла існаваць толькі разам з паслухмяным парлямэнтам. Фармаваньне прадэмакратычнага, нацыянальна арыентаванага парлямэнту ці нават парлямэнту, які б уключаў публічна-рэзанансных дэпутатаў, павышала спакусу вэртыкалі здрадзіць прэзыдэнту. (Мы ня будзем у гэтым артыкуле разглядаць пытаньне аб тым, наколькі сьвядомай была стратэгія цэнтралізацыі ўлады, але прасочым агульную лёгіку дзеяньняў для выключэньня парлямэнту з барацьбы за ўплыў у грамадзтве.)

Пераважную большасьць беларускага электарату складаюць працоўныя і сяляне. Менавіта гэтыя групы ёсьць асноўныя носьбіты матэрыялістычнай сыстэмы каштоўнасьцяў. Згодна з апытаньнем НІСЭПД, да першапачатковых задачаў, якія павінен быў, на думку электарату, вырашыць прэзыдэнт, адносіліся праблемы матэрыяльныя (барацьба з павышэньнем цэнаў, інфляцыяй, беспрацоўем і да т. п.). Палітычныя пытаньні (забесьпячэньне свабоды слова, друку) стаялі ў рэйтынгу толькі на 8-м месцы[2].

Зразумела, што найбольш важныя аргумэнты ў змаганьні за ўплыў мусілі быць не палітычнага, а эканамічнага характару.

Вынікі парлямэнцкіх (1990 г.; гл. папярэдні артыкул) і прэзыдэнцкіх (1994 г.) выбараў паказалі спалучэньне традыцыйнага і пратэстнага матываў электаральных паводзінаў беларусаў. Дасьледнікі адзначалі, што на прэзыдэнцкіх выбарах галасаваньне адбывалася ня столькі за А. Лукашэнку, колькі супраць В. Кебіча.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў адбылося паступовае паніжэньне рэйтынгу прэзыдэнта. Пік яго спаду прыпаў на канец 1994 г. Так, Андрэй Вардамацкі адзначаў, што за кастрычнік — сьнежань 1994 г. рэйтынг прэзыдэнта імкліва падаў (да 10 % штомесяц)[3].

Падобнае адбывалася і з рэйтынгамі (і без таго невялікімі) большасьці палітычных партыяў, акрамя адной. Згодна з вынікамі дасьледаваньня лябараторыі Давіда Ротмана, зь верасьня 1994 г. адбываўся павольны рост рэйтынгу БНФ з 10,6 % да 13,1 %[4].

У лістападзе 1994 г. лідэр БНФ З. Пазьняк паводле рэйтынгу ішоў пасьля прэзыдэнта і, у адрозьненьне ад першага, рэйтынг З. Пазьняка, таксама як БНФ, паціху рос. Нягледзячы на невялікія абсалютныя лічбы падтрымкі, лякалізацыя пратэстнага настрою ў найбольш неканвэнцыйна палітычна актыўным Менску стварала пагрозу дэстабілізацыі ўлады.

Магчымасьць выкарыстаньня пратэсту ў барацьбе за ўладу была прадэманстраваная яшчэ падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Але на парлямэнцкіх сытуацыя была больш складаная.

1. Патэнцыйныя парлямэнтары адрозьніваліся адзін ад аднаго і паводле палітычных пазыцыяў (сярод іх былі і дэмакраты, і „нацыяналісты”, і камуністы), і паводле сацыяльна-эканамічнага і палітычнага статусу (ад прадстаўнікоў дзяржаўнай эканамічнай эліты да палітыкаў новай хвалі). Гульня не магла адбывацца адразу супраць усіх.

2. Прэзыдэнцкія выбары паказалі існаваньне ў электаральных паводзінах беларускіх грамадзянаў фэномэну „нэгатыўнай адаптацыі” (павелічэньне ў друку колькасьці артыкулаў „за” ці „супраць” кандыдата выклікала рэакцыю адваротна прапарцыйную: так, павелічэньне колькасьці пазытыўных артыкулаў на карысьць В. Кебіча паніжала яго рэйтынг; гл.: СОЦИC. 1995. № 9). Для агітацыі трэба было выкарыстоўваць ускосныя сродкі, аптымальна стварыць расклад сілаў яшчэ да выбараў.

3. Не існавала партыі, якая б магла з посьпехам прадстаўляць інтарэсы выканаўчай улады.

4. Простая агітацыя супраць парлямэнту ці яго асобных кандыдатаў была неэфэктыўная, гэта шкодзіла іміджу выканаўчай улады.

Боку прэзыдэнта патрэбная была стратэгія, якая б дазволіла панізіць рэйтынг парлямэнту і шанцы абраньня актыўнай часткі кандыдатаў, але не крытыкаваць пэрсаналіі, што магло надаць значнасьць аб’ектам крытыкі.

Асноўным чыньнікам адзначанай вышэй зьмены рэйтынгаў і фактарам пратэстнага настрою была эканамічная сытуацыя. Зразумела, што менавіта эканамічны пратэст быў сілай, якая магла накіраваць грамадзянаў у палітыку і на парлямэнцкіх выбарах. Кантроль над волевыяўленьнем на выбарах атрымліваў той, хто здолеў бы надаць эканамічнаму пратэсту палітычны сэнс ці кантраляваць і накіроўваць пратэстны рух, захоўваючы дыстанцыю.

Для палітычных партыяў гэтая задача была відавочна не пад сілу. Адсутнасьць скаардынаванай пазыцыі, досьведу барацьбы за ўладу не давалі шанцаў аналітычна разгледзець сытуацыю.

Абсалютныя лікі рэйтынгаў партыяў заставаліся невялікімі, іх зрух ня значыў рэальнага павелічэньня ўплыву, але ён паказваў патэнцыйны кірунак пратэсту. На першым месцы сярод тых, хто мог атрымаць уплыў на накіраваньне пратэстных настрояў, стаяў БНФ. Аднак невялікі рэйтынг казаў, што атрымаць вынік можна толькі праз аб’яднаньне з мацнейшай сілай, якая б карысталася даверам выбарнікаў, але ня мела палітычных амбіцыяў. У прамыслова-аграрнай краіне значны ўплыў на пазыцыі грамадзянаў мелі прафсаюзы. Наяўнасьць сувязяў паміж БНФ і шэрагам прафсаюзаў праявілася яшчэ падчас выступаў 1991 г. Гэта рабіла значна больш небясьпечным для боку прэзыдэнта нават невялікае павышэньне рэйтынгу БНФ.

Каб захаваць уплыў, выканаўчая ўлада вымушаная была першай прыцягнуць увагу да эканомікі, але зрабіць гэта захаваўшы дыстанцыю, каб не зьвярнуць на сябе народны гнеў.

Найбольшыя шанцы на накіраваньне пратэсту з захаваньнем дыстанцыі меў абраны ў 1994 г. прэзыдэнт. Вялікі рэйтынг, нелягічны эмацыйна-папулісцкі стыль паводзінаў дазволілі яму адначасова заставацца ўва ўладзе і крытыкаваць яе — фактычна накіроўваць пратэст, застаючыся ў масавай сьвядомасьці на дыстанцыі ад палітычных сілаў і нават ад падкантрольнага яму ўраду.

Для стварэньня дыстанцыі выкарыстоўваліся папулісцкія лёзунгі „Я ня зь левымі, я ня з правымі — я з народам” (падчас выбарчай кампаніі), дзеяньні, якія павінны былі падкрэсьліць, што прэзыдэнт і ўрад — гэта не адзінае цэлае і першы не адказвае за дзейнасьць другога. Ад’езды зь „вяртаньнем цэнаў” пасьля прыезду, „чысткі” чыноўнікаў, стварэньне кантрольных супрацькарупцыйных устаноў і г. д. — усе гэта стварала ў масавай сьвядомасьці разрыў паміж іміджам прэзыдэнта і дзеяньнямі яго ўраду. Гэта адлюстравалася, напрыклад, у палітычных мітах пра дрэнных чыноўнікаў, якія перашкаджаюць добраму прэзыдэнту. Так, на пачатку 1995 г. існаваў вялікі разрыў рэйтынгаў даверу прэзыдэнту і яго ўраду. Сумарны рэйтынг даверу прэзыдэнту складаў 63,4 %, ураду — 39,9 %[5].

Найменшы рэйтынг з усіх палітычных сілаў меў парлямэнт — 23,7 %.

У выніку такога „падзяленьня” адказнасьці за эканамічную неэфэктыўнасьць нават у выпадку далейшага пагаршэньня эканамічнага становішча зьяўлялася магчымасьць выкарыстоўваць эканамічныя праблемы для барацьбы за захаваньне ўлады.

Тыповым прыкладам падзяленьня адказнасьці была заява А. Лукашэнкі на сустрэчы з прафсаюзным актывам ФПБ, дзе ён падкрэсьліў супярэчнасьці з урадам, які ажыцьцяўляе рэформы больш хуткімі тэмпамі, чым прэзыдэнт, які прымае „нярынкавыя рашэньні” накшталт забароны на звальненьні ў сувязі з скарачэньнямі. Прамова рабілася ў прысутнасьці чальцоў ураду (Гаркун, Ганчар, Кокараў, Кузьняцоў)[6].

Мінімальны заробак у гэты пэрыяд складаў 25 % ад спажывецкага мінімуму. Вынікам пагаршэньня эканамічнага становішча сталі шматлікія мітынгі і страйкі. Хваля страйкаў прайшла па беларускіх прадпрыемствах пры канцы 1994 — пачатку 1995 гг., адбыўся шэраг агульнанацыянальных мітынгаў прафсаюзаў. 24 і 27 студзеня 1995 г. адбыліся шматтысячныя мітынгі ў абласных цэнтрах і шэрагу райцэнтраў. Асноўнае патрабаваньне да ўраду — павысіць зарплату. У выпадку невыкананьня патрабаваньняў — пагроза абвясьціць агульнарэспубліканскі страйк. Мэта — прыцягнуць увагу прэзыдэнта.

Першую спробу дамовіцца з прафсаюзамі ўлады зрабілі яшчэ пры канцы 1994 г. 23 лістапада 1994 г. на сустрэчы з кіраўніцтвам ФПБ А. Лукашэнка, з аднаго боку, зрабіў крок насустрач, прапанаваў найбольш „каштоўнае” — далучыцца да барацьбы з карупцыяй праз установы працоўнага кантролю, у ажыцьцяўленьні якога паабяцаў дапамогу абласных УУС і КДБ. Але, з другога боку, за гэтым ішло папярэджаньне, што „любы прафсаюз, які ставіць палітычныя мэты, атрымае адпаведную ацэнку з боку прэзыдэнта”. Асабліва эфэктна гэтае папярэджаньне гучала на фоне паведамленьня пра пачатак карупцыйных справаў на „Белшыне”, „Бабруйскдрэве”, „Гарызонце”.

Пачатак 1995 г. адзначыўся перадвыбуховым станам на прадпрыемствах. Але выбуховасьць масаў неяк „не трапляла” на пік палітычных падзеяў. Страйкавыя выбухі адбываліся ці напярэдадні, ці пасьля таго часу, калі б яны маглі мець палітычныя наступствы.

Перад парлямэнцкімі выбарамі, з 27 студзеня па 4 сакавіка, адбылося маштабнае павышэньне цэнаў на тавары і паслугі першай неабходнасьці. Ува ўмовах крызысу гэты факт ня быў дзіўным. Больш прыцягвае ўвагу тэрмін і пасьлядоўнасьць інфармацыйнага суправаджэньня гэтых падзеяў. Паведамленьняў у СМІ было амаль столькі ж, колькі і саміх павышэньняў цэнаў (паводле матэрыялаў газэты „Звязда”).

Пасьля прафсаюзнага мітынгу 24 студзеня 25 студзеня даражэе мяса. Эканамічную мэтазгоднасьць падаражаньня гэтага прадукту можна паставіць пад сумнеў, таму што закупныя цэны на мяса павінны былі падняцца толькі ў лютым[7].

Рост цэнаў меў палітычны сэнс. Пры канцы сакавіка ў Мазырскім і Калінкавіцкім раёнах на сьметніках знаходзяць 3 т мяса, віну сьпісваюць на бізнэсмэнаў[8].

28 студзеня — паведамленьне пра тое, што плянуецца павышэньне цэнаў на асноўныя прадукты і паслугі. З 1 лютага камунальныя паслугі даражэюць утрая. 2 лютага — паведамленьне, што „цэны яшчэ не паднятыя”. З 3 лютага праезд у транспарце расьце ўтрая. 7 лютага хлебабулачныя вырабы даражэюць на 10 %, абвяшчаецца, што стоадсоткавую аплату грамадзянамі камунальных паслуг плянавалася ўвесьці яшчэ 1 студзеня. 22 лютага праезд даражэе ў 1,6 разу. 25 лютага цэны на птушку і яйкі зьніжаюцца на 10 % (паводле сьведчаньняў карэспандэнта — з прычыны перапоўненасьці складоў). 1 сакавіка плянуецца павышэньне цаны на гарэлку на 20 %, 4 сакавіка яна павышаецца. Таксама ў сакавіку ўрад скасоўвае выплату прэміяў да акладаў работнікаў бюджэтнай сфэры[9].

1 сакавіка пачынаецца рэгістрацыя перадвыбарных блёкаў, 11 сакавіка пачынаецца збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў.

Улічваючы, што, згодна з дамовай паміж урадам і прафсаюзамі, павышэньне зарплаты ўдвая чакалася толькі 31 сакавіка 1995 г., павышэньне цэнаў стала падзеяй, значна больш важнай за выбары. Даходы насельніцтва, зьвязаныя з памерам „мінімалкі”, складалі 90,1 % у структуры грашовых даходаў[10]. Доля зарплаты ў гэтым ліку была 45,4 %, але пэнсіі, стыпэндыі, даходы калгасьнікаў таксама былі завязаныя на гэты лік. Сацыяльна-эканамічны крызыс выкарыстоўваўся для выкліку азлабленьня і актывізацыі пратэстнага настрою.

Створаны пратэстны настрой заставалася толькі накіраваць у правільны бок, зразумела, растлумачыўшы прычыны крызысу. Тыповай для выканаўчай улады, неаднаразова публічна агучанай, была лёгіка, прапанаваная намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандрам Сазонавым: прычына цяжкага эканамічнага становішча Беларусі — падпісаньне белавескіх пагадненьняў. „Менавіта з гэтага пэрыяду трэба весьці адлік стану эканомікі… які назвалі крызысам”. Белавескія пагадненьні былі падпісаныя з згоды ВР і ініцыятывы дэмакратычных сілаў. Таму, чытай, менавіта яны вінаватыя ў крызысе, які пачаўся ў Беларусі, хоць і „значна пазьней”, чым у іншых краінах, таму што да гэтага часу „рэспубліка была разьвітай і высокатэхналягічнай”. А цяпер сілы, якія выклікалі крызыс, імкнуцца яго паглыбіць і, значыцца, яшчэ больш пагоршыць эканамічныя ўмовы, „перарэзаць пупавіну, якая зьвязвае Беларусь у эканамічным зьвязе з Расеяй”[11].

У гэтай заяве зьвязаныя ў супольны вузел „найлепшыя” ўяўленьні беларусаў пра сябе як нацыю (інтэлігентная тэхналягічная нацыя), зразумелае тлумачэньне цяжкага становішча (разарваныя палітычныя сувязі пашкодзілі сувязям эканамічным, пра цяжкі эканамічны стан у самой Расеі ня ўзгадвалася), пошук вінаватых (ВР і дэмакратычная апазыцыя) і шлях выйсьця (збліжэньне з Расеяй).

Падобныя матэрыялы друкаваліся ў розных газэтах. Напрыклад, у „Советской Белоруссии” А. Сазонаў адзначаў, што апазыцыя, атрымаўшы ўладу на хвалі эканамічных цяжкасьцяў, распачне рэформы. Намесьнік міністра ўнутраных справаў Сяргей Рухлядзеў адзначаў, што „ня выключана” магчымасьць балятаваньня ў парлямэнт прадстаўнікоў шэрагу прадпрымальніцкіх структураў, якія ажыцьцявілі шэраг „каскадных апэрацыяў па абнаяўліваньні грошай”[12]. Такім чынам усталёўвалася сэнсавая сувязь выбары — эканамічны крызыс — крымінал.

У гэтых умовах імкненьне парлямэнту пашырыць паўнамоцтвы і працягнуць тэрмін дзейнасьці, у чым прэзыдэнт абвінавачваў дэпутатаў з шырокай дыскусіяй наконт гэтых пытаньняў у СМІ (як дзяржаўных, так і недзяржаўных), магло выглядаць толькі як пацьвярджэньне вінаватасьці дэмакратаў і прадстаўнічай улады. Гэта накіроўвала грамадзкую сьвядомасьць супраць парлямэнту.

Сумненьне ў мэтазгоднасьці існаваньня парлямэнту выказвалася і ў афіцыйных СМІ, якія цытавалі адпаведныя лісты ад грамадзянаў.

У выніку напярэдадні выбараў парлямэнту 13-га скліканьня ВР стала дзяржаўнай установай, працай якой грамадзяне былі задаволеныя значна менш за астатнія дзяржаўныя ўстановы. Так, паводле вынікаў дасьледаваньня НІСЭПД, у сакавіку як нездавальняючую ці дрэнную працу Вярхоўнай Рады адзначылі 67,6 % апытаных, працу Кабінэту міністраў — 63,9 %, прэзыдэнта — 40 %. Пры гэтым 56 % лічылі, што паўнамоцтвы ВР трэба абмежаваць (падобнай пазыцыі што да ўраду прытрымліваліся 34 %, да прэзыдэнта — 23 %). Такі пункт погляду быў шырока адлюстраваны ў СМІ[13].

Гэта сьведчыць пра выніковасьць дзеяньняў для трансфармацыі эканамічнай незадаволенасьці ў незадаволенасьць парлямэнтам. Такім чынам, „нацыяналістычныя” сілы абмяжоўваліся ў магчымасьцях прывабліваньня электарату. Сам факт мэтазгоднасьці іх існаваньня ў палітыцы быў пастаўлены пад сумненьне.

Палітычную афарбоўку эканамічным патрабаваньням маглі надаць прафсаюзы. Іх супольны рэйтынг ня быў вялікі, але іх публічныя акцыі прыцягвалі ўвагу. Аднак прафсаюзныя выступы на чале з ФПБ мелі пераважна эканамічны характар. Працоўныя былі ў ролі просьбітаў да ўраду. А напярэдадні выбараў, у сакавіку — красавіку, актыўнасьць прафсаюзаў, якія ў канцы 1994 — пачатку 1995 гг. правялі шэраг скаардынаваных мітынгаў па ўсёй краіне, згасла. Партыйныя дзеячы камэнтавалі дзеяньні прафсаюзаў на пачатку году як спробу „выпусьціць пару з катла”[14].

І сапраўды, падчас выбараў акцыі прафсаюзаў адбываліся пераважна на пэрыфэрыі (20 красавіка 1995 г. — у Горадні на ПА „Хваля”) ці арганізоўваліся асобнымі галіновымі прафсаюзамі (напрыклад прафсаюзам работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня)[15].

Вэрсія выпусканьня пары пацьвярджаецца і тым, што наступная пасьля зімы актывізацыя прафсаюзнай дзейнасьці адбылася толькі ў сярэдзіне лета, акурат паміж першым і другім турам выбараў. Такая позьняя што да першага і раньняя што да другога туру выбараў актывізацыя яшчэ больш дзіўная, калі ўлічваць, што яна адбылася летам, падчас працоўных адпачынкаў, а ў чэрвені высьветлілася, што зарплата на шэрагу прадпрыемстваў не выплачвалася 2-4 месяцы, г. зн. зь лютага — сакавіка (акурат пасьля дэклярацыі яе павышэньня)[16].

Такім чынам, ускосна, не пераходзячы да пэрсаналіяў, агітацыя супраць ідэі парлямэнтарызму і незалежнасьці была праведзеная яшчэ да пачатку кампаніі.

Заканадаўчая база выбараў

Выбары праводзіліся паводле закону аб выбарах, прынятага ў лістападзе 1994 г. Дасьледнікі адзначаюць генэтычную і сэнсавую сувязь гэтага закону з законам аб выбарах, паводле якога абіраліся дэпутаты ВР БССР у 1990 г.: „гэта той самы закон”[17], хоць і зь некаторымі зьменамі. Але гэтыя зьмены толькі падкрэсьліваюць наяўнасьць сувязі.

Аналіз юрыдычных асаблівасьцяў гэтага нарматыўнага акту быў дастаткова падрабязна разгледжаны раней. Зьвернем увагу на яго палітычныя наступствы.

Згодна з законам, вылучэньне кандыдатаў пачыналася за 65 дзён да выбараў, калі яны павінны былі заявіць у Цэнтравыбаркам пра свой намер удзелу ў выбарах. Падпісныя лісты падаваліся ў выбарчую камісію за 40 дзён да выбараў. Вылучэньне кандыдатаў маглі ажыцьцяўляць як палітычныя партыі, так і працоўныя калектывы і інш.

Параўнальны аналіз выбарчага заканадаўства постсавецкіх краінаў паказвае, што беларускі закон быў самым канкрэтызаваным што да кола суб’ектаў вылучэньня кандыдатаў. Фактычна іх падрабязнае пералічэньне вызначала сацыяльныя арганізацыі (напрыклад, вэтэранскія арганізацыі, арганізацыі інвалідаў і да т. п.), празь якія выканаўчая ўлада, нават у выніку перамогі шэрагу прадстаўнікоў ад партыяў, магла б захоўваць кантроль над парлямэнтам і ўплыў на палітычны працэс. Што да партыяў, то вылучаць кандыдатаў маглі толькі тыя, што мелі першасныя арганізацыі ў акрузе. Мэта гэтага захаду была ў аслабленьні партыйных кандыдатаў. Аднак гэта ўскладняла, але не перакрывала партыям шлях у парлямэнт, вымушаючы ствараць фіктыўныя структуры на месцах.

Працоўныя калектывы мелі прыярытэтнае, у параўнаньні з палітычнымі партыямі, становішча. Для вылучэньня кандыдата ад працоўнага калектыву было дастаткова сабраць сход у 300 чалавек, у той час як кандыдаты, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, павінны былі падаць ня менш за 500 подпісаў. Фактычна гэтыя захады стваралі спакусу выкарыстаць, таксама як і ў 1990 г., статусныя рэсурсы, але ўжо на этапе вылучэньня.

Дазволена было вылучаць кандыдатаў выбарчым блёкам. Тэрмін рэгістрацыі блёкаў пачынаўся раней за тэрмін вылучэньня ад партыяў. Партыйная сыстэма Беларусі знаходзілася ў стане станаўленьня. Партыі былі ня толькі невялікімі паводле памераў, але і вельмі аморфнымі паводле структуры, мелі ў сваім складзе канкурэнтных лідэраў. Магчымасьць блякавацца ня столькі пашырыла пэрспэктывы партыяў што да вылучэньня, колькі стала прычынай разьмежаваньняў у партыях напярэдадні вылучэньня кандыдатаў. Права блякавацца зрабіла партыі не буйнымі, а дробнымі.

Найбольшы рэзананс падчас выбараў атрымалі праўныя нормы, якія рэглямэнтавалі фінансаваньне кандыдатаў. Аналітык Міхаіл Чудакоў разглядае арт. 12 як супрацьдэмакратычую навэлу ў законе аб выбарах. Менавіта гэты артыкул стаў прыступкай да ўказу прэзыдэнта № 124, які фактычна пазбаўляў дэпутатаў магчымасьці легальнай агітацыі. У артыкуле адзначалася, што выдаткі, зьвязаныя з падрыхтоўкай і правядзеньнем выбараў дэпутатаў ВР, фінансуюцца толькі зь дзяржаўных бюджэтных сродкаў. Палітычным партыям, грамадзкім арганізацыям, замежным грамадзянам і арганізацыям забаранялася браць удзел у фінансаваньні і аказаньні іншай матэрыяльнай дапамогі выбарчай кампаніі. Сродкі на выбарчую кампанію павінны былі падзяляцца роўна паміж усімі кандыдатамі ў дэпутаты. Гэтая норма была разьвіта далей указам прэзыдэнта № 124 „Аб забесьпячэньні роўных магчымасьцяў грамадзянаў пры падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў дэпутатаў ВР РБ” ад 30 сакавіка 1995 г.

Указ меў некалькі наступстваў. Закладзеная сума 600 000 беларускіх рублёў адпавядала на той момант $ 50. Вядома, на яе немагчыма было нават надрукаваць дастатковую колькасьць улётак. Кандыдаты вымушаныя былі нелегальна выкарыстоўваць асабістыя сродкі. Так, напрыклад, можна было на вызначаную суму замовіць у друкарні ўлёткі, а дадатковую колькасьць раздрукаваць на ксэраксе, што было марудней і даражэй. (Гэта пацьвярджае факт зьяўленьня ўлётак без выходных зьвестак, які адзначаў у сваім артыкуле А. Касьцень[18].) Пракантраляваць агульную колькасьць улётак было немагчыма. Але скарыстацца з такога шляху маглі толькі кандыдаты, якія мелі адпаведныя матэрыяльныя сродкі ці службовае становішча. Такім чынам, як і падчас выбараў 1990 г., асноўным рэсурсам станавіўся сацыяльны статус. Прадстаўнікі ўладнай эліты зноў атрымлівалі выбарчую фору ў параўнаньні з астатнімі кандыдатамі.

Яшчэ большы разрыў паміж кандыдатамі стварала тая частка ўказу, якая датычыла выкарыстаньня СМІ. Магчымасьці ціску на кіраўніцтва мясцовых СМІ былі значна большыя з боку эліты, а супрацьдзейнічаць распараджэньням мясцовых уладаў было фактычна немагчыма, таму што ад іх залежала фінансаваньне СМІ. Выкананьне гэтай нормы адсочвалася значна больш за фінансавыя.

Абмяжоўваліся магчымасьці сустрэчаў кандыдатаў з працоўнымі калектывамі, іх забаранялася праводзіць у працоўны час. Фактычна гэта разумелася як забарона сустрэчаў. Але магчымасьці камунікацыі захоўваліся за кандыдатамі — прадстаўнікамі кіраўнічай эліты.

Фактычна ўказ ствараў умовы інфармацыйнага вакуўму, які дапаўняў захады для фармаваньня нэгатыўнага іміджу парлямэнту.

Роля выканаўчай улады ў выбарчым працэсе

Кампанія выбараў прэзыдэнта 1994 г. вялася папулісцкімі мэтадамі. Стаўка на пратэстны электарат, імкненьне дыстанцыявацца ад усіх палітычных сілаў стала прычынай „разнамаснасьці” электарату А. Лукашэнкі. Такія выбарнікі маглі прывесьці да ўлады аднаго, але пазбаўлялі магчымасьці сфармаваць партыю ўлады, якая ўзяла б удзел у выбарах, стварыла б парлямэнцкую бальшыню і ў межах закону праводзіла палітыку прэзыдэнта. Гэтую рысу адзначыў нават адзін з паплечнікаў прэзыдэнта С. Посахаў (які, як вядома, быў адным з ініцыятараў спробы стварэньня інстытуцыялізаванай падтрымкі А. Лукашэнку, заснаваўшы ў Горадні грамадзкае аб’яднаньне „Ачышчэньне”): „З прыхільнікаў прэзыдэнта стварыць нейкае падабенства партыі немагчыма”[19].

Ролю партыі ўлады павінна была выканаць прэзыдэнцкая вэртыкаль (маюцца на ўвазе ня толькі рэгіянальныя функцыянэры, але наогул прадстаўнікі гіерархічна падпарадкаванай прэзыдэнту выканаўчай улады), чые прадстаўнікі ня толькі маглі ўзяць удзел у выбарах, але і явачным парадкам кантраляваць сытуацыю на месцах падчас выбарчай кампаніі.

Аляксандар Сазонаў адзначаў, што спачатку прэзыдэнт „вельмі адмоўна ставіўся” і не падтрымліваў вылучэньне ў кандыдаты вэртыкальнікаў, але потым „скарэктаваў свае падыходы… і пачаў ставіцца прыхільна”[20]. Гэта значыць, што першапачаткова вэртыкаль разглядалася толькі як выканаўча-распараджальны мэханізм. Выкарыстаньне дзяржаўных функцыянэраў у якасьці інструмэнту падчас выбараў было вымушаным захадам, выкліканым актывізацыяй супрацьстаяньня парлямэнту, Канстытуцыйнага суду і прэзыдэнта.

На гэта былі і іншыя падставы. Фармаваньне ўраду, стварэньне мясцовых выканаўчых устаноў пазбавілі парлямэнт шэрагу актыўных дэпутатаў, патэнцыйных кандыдатаў у ВР наступнага скліканьня. Большасьць з тых, хто атрымаў урадавыя пасады, былі рэгіяналы, г. зн. ратацыя аслабіла магчымасьці і, галоўнае, матывацыю і без таго слабаарганізаваных прадстаўнікоў мясцовых элітаў, што мелі досьвед палітычнай дзейнасьці, на змаганьне за ўладу на наступных парлямэнцкіх выбарах. Большасьць прызначаных кіраўнікоў выканкамаў прадстаўлялі рэгіянальныя гаспадарчыя і адміністрацыйныя колы, што таксама не павышала іх амбіцыі змагацца за свае інтарэсы на выбарах. Так, абласнымі кіраўнікамі былі прызначаныя добра вядомыя ў рэгіёнах Заламай, Дубко, Пётух.

Выкарыстаньне функцыянэраў у якасьці кандыдатаў дазваляла вырашыць адразу некалькі стратэгічных задачаў.

1. Далучэньне прадстаўнікоў выканаўчай улады да парлямэнцкай барацьбы паніжала шанцы перамогі дэмакратычных сілаў.

2. Ува ўмовах нэгатывізму што да дэмакратаў і да парлямэнту іх удзел, які мог суправаджацца выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу, дазваляў з большай імавернасьцю абраць парлямэнцкі кворум. Захады накшталт зьніжэньня парогу яўкі да 25 % ці бесьперапыннай дэманстрацыі на працягу дня падчас другога туру выбараў мастацкіх фільмаў у тэлевізіі паніжалі яўку сярод тых, хто жадаў узяць удзел у галасаваньні. У вясковай жа мясцовасьці, пры цяжкім эканамічным становішчы, паразуменьне паміж кандыдатам і мясцовым кіраўніцтвам вымушала выбарнікаў галасаваць „правільна”. Большасьць дэпутатаў былі абраныя менавіта ў такіх акругах.

Дагэтуль ніводная краіна СНД не скасавала парлямэнтаў, хоць шмат дзе і надала ім дэкаратыўную ролю. Адсутнасьць парлямэнту не зразумелі б ні на Ўсходзе, ні, тым больш, на Захадзе, сувязі зь якім яшчэ не былі разарваныя. Нягледзячы на шматлікія пагрозы што да ВР, скасаваньне парлямэнту не было выгадна выканаўчай уладзе. Гэта пераклала б адказнасьць за магчымыя эканамічныя няўдачы краіны асабіста на прэзыдэнта, што магло быць небясьпечна пры эканамічным крызысе. Парлямэнт трэба было абраць, каб ён легітымізаваў потым канцэнтрацыю ўлады прэзыдэнтам (але лепш як мага больш слабы і ня зь першай спробы). Іншыя сцэнары выглядалі б на яўную дыктатуру.

Сумненьне А. Лукашэнкі ў сваёй здольнасьці рэалізаваць дыктатарскі варыянт праявілася, напрыклад, у асьцярожнай камунікацыі напярэдадні выбараў зь сілавымі структурамі. 17 лютага прэзыдэнт упершыню пасьля свайго абраньня наведаў вайсковую частку (пухавіцкі спэцназ, які, дарэчы, пазьней стаў граць значную ролю ў сыстэме структураў бясьпекі), дзе раздаваў камплімэнты наконт значнасьці арміі[21]. 30 студзеня прэзыдэнт узяў удзел у пашыранай калегіі МУС, дзе таксама выступаў з заахвочвальнымі прапановамі[22] (у МУС яшчэ моцнай была папулярнасьць Ю. Захаранкі). Толькі ў сакавіку зьявілася інфармацыя пра пляны рэарганізацыі сілаў бясьпекі[23]. Такім чынам, прэзыдэнт мог разьлічваць на адданасьць сілавікоў не раней за тэрмін пачатку другога туру выбараў.

3. Функцыянэры вэртыкалі, праведзеныя праз патэнцыйна слабы парлямэнт ці неабраныя ў першым крузе (палітыка да выбараў была накіраваная на стварэньне ўмоваў для пратэстнага галасаваньня, якое, як вядома, ажыцьцяўляецца ня толькі рукамі, але і нагамі), пазбаўляліся асабістых палітычных амбіцыяў, пацьвярджалі сваю вернасьць новаму патрону. А асабістыя амбіцыі вэртыкальнікаў маглі пашкодзіць цэнтралізацыі ўлады ня менш за моцны парлямэнт. Так, цяжка ўявіць, напрыклад, што А. Дубко, які быў у савецкай сыстэме на пазыцыі патрона, будзе бездакорна падпарадкоўвацца свайму былому кліенту А. Лукашэнку. У гэтых умовах вылучэньне функцыянэраў выканаўчай улады было заканамерна і непазьбежна.

Падрыхтоўка да рэфэрэндуму

Падчас парлямэнцкіх выбараў 1995 г. быў праведзены агульнарэспубліканскі рэфэрэндум, вынікі якога павінны былі замацаваць той расклад палітычных сілаў, які ўжо меў месца. Асаблівасьці пастаноўкі пытаньняў паказваюць, што рэфэрэндум мог ня толькі замацаваць уладу, але і быў сродкам узьдзеяньня на вынікі парлямэнцкіх выбараў.

Упершыню ідэя рэфэрэндуму была выказаная А. Лукашэнкам у размове з Іванам Рыбкіным на пачатку лютага 1995 г.[24] Але размовы пра магчымасьці такога ходу вяліся і дагэтуль. Падставы для яго правядзеньня мелі як унутры-, так і вонкавапалітычны характар.

Нэгатыўнае стаўленьне міжнароднай супольнасьці да канцэнтрацыі ўлады ў краіне вымушала шукаць нейкія сродкі легітымацыі ўжытых захадаў. Пачатак усталяваньня сувязяў з расейскімі рэгіёнамі ствараў хоць і далёкую, але надзею ўзмацненьня становішча, аднак толькі пры наяўнасьці стабільнай улады ў краіне. Праўда, нават „паслухмяны” парлямэнт мог прымаць небясьпечныя нормы: у другім чытаньні прайшоў закон аб прэзыдэнту, які замацоўваў працэдуру выказваньня недаверу прэзыдэнту праз рэфэрэндум і ўключаў сьпікера ў склад Рады бясьпекі. Адбыліся падзеі, якія паказалі небясьпечнасьць існаваньня незалежных дэпутатаў. Пры канцы 1994 г. быў агучаны даклад Сяргея Антончыка, які, нягледзячы на белыя плямы ў газэтах, меў шырокі рэзананс. Сышоў з прэзыдэнцкай каманды В. Ганчар, які заявіў аб наяўнасьці новай інфармацыі пра фінансаваньне прэзыдэнцкай кампаніі[25]. Рэйтынг прэзыдэнта хоць і быў высокім адносна іншых палітычных сілаў, але паступова зьніжаўся пры канцы 1994 г.

Фармаваньне вэртыкалі ўлады было амаль завершана — кантроль на месцах дэ-факта існаваў. Але адпаведнасьць гэтага кантролю закону аспрэчвалася Канстытуцыйным судом. Эфэктыўная сыстэма падпарадкаваньня не адпавядала заканадаўству і трымалася толькі на асабістай волі тых, хто яе стварыў (А. Лукашэнкі і каманды), і тых, хто ў яе ўваходзіў. Апошняе надавала кантролю над вэртыкальлю элемэнт няўстойлівасьці.

Такім чынам, рэфэрэндум 1995 г. быў патрэбны як сродак легалізацыі сыстэмы ўлады, усталяванай дэ-факта, празь яе легітымацыю. Але прапанова ўлады электарату ацаніць ужо праведзеныя перамены была б сьмешнай, рызыкоўнай і стратэгічна нявыгаднай. Лепш было легітымізаваць і легалізаваць ня толькі мінулыя, але і наступныя захады ўлады.

18 сакавіка група дэпутатаў зьвярнулася да прэзыдэнта з просьбай правесьці рэфэрэндум. 20 сакавіка ў сваім выступе перад парлямэнтарамі А. Лукашэнка прапанаваў парлямэнту разысьціся, а таксама абвясьціў прапанову правесьці рэфэрэндум. І пасьля шэрагу вядомых скандальных падзеяў з галадоўкай дэпутатаў, выдаленьнем іх з парлямэнту сілай і наступнага пасяджэньня парлямэнту ўва ўцятым складзе, 20 красавіка рэфэрэндум быў абвешчаны. Выніковасьць гэтага захаду гарантавалася асаблівасьцю складу парлямэнту, разгледжанай у папярэднім артыкуле. Нарэшце ВР займела праблемы зь фінансамі. Валютны рахунак ВР быў заблякаваны[26].

Дэпутаты думалі пра сваё „працаўладкаваньне” (50 зь іх зьвярнуліся да кіраўнікоў выканкамаў па дапамогу падчас выбараў).

Рэфэрэндум быў прызначаны на 14 траўня, дзень выбараў ВР.

На прапанову прэзыдэнта на рэфэрэндум выносілася 4 пытаньні: 1. Аб наданьні статусу дзяржаўнай расейскай мове. 2. Аб зьмене дзяржаўных сымбаляў. 3. Аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй. 4. Аб надзяленьні прэзыдэнта правам датэрміновага роспуску парлямэнту.

Пытаньні мелі важнасьць як сродак атрыманьня санкцыі на працяг канцэнтрацыі ўлады і як сродак уплыву на вынікі выбараў. Асноўным зь іх было пытаньне № 4. Менавіта яно легітымізавала вынікі такой дзейнасьці і давала сродкі для наступнага ціску на парлямэнт. Сэнс першых трох быў у стварэньні сувязі паміж эканамічным пратэстам і палітычным выбарам. (Як мы адзначылі, адносіны з Расеяй мелі падмуркам ня столькі інтэрнацыяналістычна-братэрскі настрой, колькі тугу аб савецкім дабрабыце.) Пытаньні наконт дзяржаўных сымбаляў накіроўвалі пратэстны настрой супраць дэмакратаў, і асабліва нацыянал-дэмакратаў.

Фармулёўка пытаньняў рэфэрэндуму не пакідала кандыдатам магчымасьці агітацыі з апірышчам на прагматычныя аргумэнты накшталт эканамічных праграмаў ці праграмаў палітычных рэформаў. Але на той час вызначанай эканамічнай праграмы ня меў і ўрад (эканамічная праграма ўраду пачала абмяркоўвацца толькі ў 1996 г., а, напрыклад, эканамічная праграма БНФ была прыведзеная ў 1994 г. у перадвыбарнай праграме З. Пазьняка).

Перадвыбарная дыскусія была накіраваная ў бок сымбалічных пытаньняў, якія ня мелі практычнага значэньня. Так, вынікі апытаньняў у сакавіку паказалі, што толькі каля 50 % грамадзянаў мелі нейкія меркаваньні наконт сымболікі: 23 % — за Пагоню, 27 % — за стары герб; 24 % — за бел-чырвона-белы, 29 % — за чырвона-зялёны сьцяг[27].

Палова грамадзянаў абыякава ставілася да пытаньняў, вынесеных на народнае абмеркаваньне. Зянон Пазьняк адзначыў: „Калі сумясьціць рэфэрэндум з выбарамі, то выбарнікі будуць цікавіцца не эканамічнымі поглядамі кандыдатаў, а іх адносінамі да сьцяга”[28]. Так і выйшла.

Правядзеньне рэфэрэндуму і парлямэнцкіх выбараў у адзін дзень мела наступныя вынікі: 1. Палітычныя партыі страцілі магчымасьць падчас кампаніі апраўдацца ў пытаньні аб сваім уплыве на эканамічны крызыс. Фактычна быў закансэрваваны створаны перад выбарамі пратэстны настрой супраць дэмакратаў. 2. На другі плян адышла крытыка эканамічных няўдачаў ураду і канцэнтрацыі ўлады. 3. Паглыбіліся супярэчнасьці паміж палітычнымі партыямі, якія, зразумела, мелі розныя пазыцыі ў пытаньнях рэфэрэндуму. 4. Улады атрымалі вагар накіраваньня перадвыбарнага палітычнага дыскурсу праз агітацыю ў пытаньнях рэфэрэндуму. У СМІ інфармацыя ў пытаньнях рэфэрэндуму значна пераважвала інфармацыю наконт выбараў.

Палітыка што да СМІ падчас падрыхтоўкі і прывядзеньня выбараў

Аналізуючы стан СМІ, журналіст А. Грузьдзіловіч адзначыў, што на пачатку 1995 г. у больш ці менш вызначанай апазыцыі да прэзыдэнта знаходзілася значная колькасьць вядучых СМІ, агульным накладам больш за 1 млн асобнікаў[29].

Аднак лягер СМІ ня быў аднародным з гледзішча палітычных пазыцыяў. Пры гэтым амбіцыі рэдактараў СМІ і рознагалосьсе паміж імі не давалі ім магчымасьці выступіць супольным фронтам. Гэта высьветлілася падчас акцыі зь белымі плямамі і канчаткова пацьвердзілася пасьля пачатку звальненьняў галоўных рэдактараў вядучых СМІ („Советская Белоруссия”, „Рэспубліка”).

Выбарчай кампаніі папярэднічала „зачыстка” інфармацыйнай прасторы. Першымі яе ахвярамі сталі адносна малаангажаваныя на той час цэнтральныя СМІ. У сьнежні 1994 г. вызвалены ад пасады галоўны рэдактар „Советской Белоруссии”, у студзені 1995 г. Беларускае інфармацыйнае агенцтва перададзенае ў падпарадкаваньне Адміністрацыі прэзыдэнта. 2 студзеня выдавецтву „Дом друку” забаронена друкаваць 12 незалежных газэтаў.

Як і трэба было чакаць, спроба ўзьдзеяньня на СМІ ня выклікала масавага абурэньня. Гэта значыла, што з пачаткам выбараў прэзыдэнту можна пачынаць рашучыя дзеяньні. Стратэгія што да СМІ абапіралася на прынцып „падзяляй і ўладар”.

8 сакавіка 1995 г. А. Лукашэнка сустрэўся з калектывам тэлерадыёкампаніі. Кантроль над тэлебачаньнем застаўся яму ў спадчыну ад савецкай улады. На сустрэчу былі запрошаныя ня толькі журналісты, але амаль усе работнікі тэлерадыёкампаніі, улучна з тэхнічнай абслугаю. Да іх зьвярнуліся з просьбай „не ствараць „дзьмутага” іміджу”. Але шырыня кола запрошаных наводзіла на неагучаную думку: „і паведамляць аб тых, хто гэта робіць”.

Звальненьне з пасады галоўнага рэдактара „Народнай газеты” (органу друку ВР) Язэпа Сярэдзіча ўказам № 113 ад 18 сакавіка 1995 г. было кульмінацыяй кампаніі. Гэты захад меў ужо ня столькі тэхналягічны (падпарадкаваць „НГ”), колькі выхаваўчы характар (паказаць, што ўлада можа зрабіць з СМІ). Гэтым указам стваралася і Рада пры прэзыдэнту для нагляду за СМІ.

Камэнтуючы адстаўку, А. Лукашэнка заўважыў: „Я выратаваў Сярэдзіча ад жменькі нацыяналістаў”[30]. Зразумела, што адстаўка павінна была папярэдзіць іншых кіраўнікоў СМІ пра наступствы дапамогі „нацыяналістам”.

Гэтая адстаўка выклікала як грамадзкі, так і кадравы рэзананс. Першы адбіўся ў тым, што за гучным абурэньнем амаль не было чуваць галасоў наконт больш небясьпечнага для грамадзтва пытаньня: стварэньне Рады для нагляду за СМІ фактычна было ўвядзеньнем цэнзуры напярэдадні выбараў.

Кадравым наступствам указу быў сыход А. Фядуты з пасады кіраўніка ўправы грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта і яго замена на Ўладзімера Замяталіна, які быў шырока вядомы сваімі жорсткімі мэтадамі дачыненьняў з мэдыямі і фактычна мог ажыцьцяўляць гэтую цэнзуру. У выніку можна сказаць, што „да канца красавіка прэзыдэнт фактычна цалкам кантраляваў рэспубліканскія дзяржаўныя СМІ”[31].

У выніку СМІ, нават не пастаўленыя пад непасрэдны кантроль улады, як, напрыклад, мясцовыя мэдыі, якія падпарадкоўваліся мясцовым выканкамам, мусілі праводзіць самацэнзуру і ад удзелу ў выбарчай кампаніі фактычна ўхіліліся (матэрыялы аб выбарах працягвала даваць толькі папулярная ў пратэстна актыўным Менску газэта „Добрый вечер”). Камэрцыйныя СМІ — таксама. Але гэта не спыніла ўлады, напрыклад, у закрыцьці палітычна малаангажаванага „8-га каналу”.

Усё вышэй адзначанае паказвае, што няма сэнсу падрабязна аналізаваць стратэгію дзеяньняў СМІ падчас выбараў і іх уплыў на кампанію, які зводзіўся да адсутнасьці ўплыву. Да таго ж зьместавы і колькасны аналіз публікацыяў быў падрабязна праведзены іншымі дасьледнікамі. (Гл.: Веlarus monitor. 1995. № 1.)

Незалежныя мэдыі ахаплялі ня больш як 20 % чытачоў[32], але ўзьдзейнічалі пераважна на групу насельніцтва, якая галасавала „нагамі”, расчараваўшыся ў магчымасьцях узьдзейнічаць на ўладу праз выбары. Астатнія імкнуліся не рызыкаваць, каб не ўскладніць адносінаў з уладай. Нават „Звязда”, у якой рэдактар зьменены ня быў і якая раней адважвалася друкаваць матэрыялы ад нацыянальна-дэмакратычных сілаў, з набліжэньнем выбараў усё больш зьвяртала ўвагу толькі на рэфэрэндум.

Фактычна былі створаныя ўмовы для фармаваньня інфармацыйнага вакуўму напярэдадні выбараў. Выбарнікі, якія карысталіся інфармацыяй СМІ, ішлі не на выбары, а на рэфэрэндум, таму значная частка зь іх на выбары не дайшла.

СМІ граюць ролю ня толькі перадавальніка, але і фільтра палітычнай інфармацыі, ажыцьцяўляюць яе інтэрпрэтацыю, задаюць шаблён яе ўспрыманьня. Дыстанцыяваньне СМІ ад абмеркаваньня праблемаў выбараў і іх засяроджаньне на рэфэрэндуме азначала, што інфармацыя аб кандыдатах, нават калі яна і трапляла ў кола ўвагі выбарнікаў, успрымалася ў кантэксьце праблемаў, вынесеных на рэфэрэндум, па-за кантэкстам рэальнай палітыкі. Менавіта так і ацэньваліся праграмы кандыдатаў.

Электаральныя паводзіны

Выбары 1995 г. запомніліся ў палітычнай гісторыі Беларусі найвялікшым узроўнем абсэнтэізму. Парлямэнцкі кворум быў дасягнуты толькі з другой спробы, увосень 1995 г., і было набрана толькі на 16 дэпутатаў звыш патрэбнага мінімуму.

Асаблівасьці палітычнага ўдзелу грамадзянаў сталі наступствам, з аднаго боку, эканамічных праблемаў і расчараваньня ў нацыянальных і дэмакратычных каштоўнасьцях, з другога — вынікам разгледжанай намі перадвыбарнай палітыкі ўладаў.

Дасьледнікі адзначалі нетыповую для большасьці краінаў тэндэнцыю. З набліжэньнем выбараў павялічваўся адсотак тых, хто вырашыў ня браць удзелу ў выбарах, і памяншаўся адсотак тых, хто вызначыўся, за якога кандыдата зьбіраецца галасаваць.

Так, Васіль Шайкоў, які на замову гарадзкой Рады праводзіў дасьледаваньне электаральных паводзінаў у Наваполацку зь лютага 1995 г., адзначаў, што з набліжэньнем выбараў да абсэнтэістаў далучаліся нават выбарнікі, якія вызначыліся, за каго галасаваць. У Наваполацку перад пачаткам выбараў у прааналізаваных акругах ня ведалі, за каго прагаласуюць, 56-64 % выбарнікаў[33]. Гэтаму спадарожнічала тэндэнцыя зьніжэньня рэйтынгу большасьці кандыдатаў з набліжэньнем выбараў.

Падобная сытуацыя была вызначана і дасьледаваньнем, праведзеным на замову Менскага гарвыканкаму, згодна зь якім у красавіку 1995 г. намер узяць удзел у выбарах выказалі толькі 52,8 %[34].

За тры тыдні да галасаваньня вынікі гэтых і іншых падобных дасьледаваньняў былі надрукаваныя ў шэрагу СМІ. Фактычна гэта замацавала і паглыбіла намер грамадзянаў не ісьці галасаваць.

У першую чаргу ахвярай кампаніі абсэнтэяваньня меліся стаць выбарнікі, падтрымка якіх мела ўмоўны характар, г. зн. залежала ад вынікаў дзейнасьці ўраду. Яны не жадалі галасаваць ні за неэфэктыўны ўрад, ні — у такіх інфармацыйных умовах — за апазыцыю. Пашырэньне расчараваньня ў палітыцы і палітыках вымусіла іх засяродзіцца на непалітычнай дзейнасьці — на самаўладкаваньні. (Падставы для гэтага таксама меліся. Так, напрыклад, у лютым прэзыдэнтам быў падпісаны ўказ № 64 „Аб забесьпячэньні грамадзянаў Рэспублікі Беларусі зямельнымі надзеламі”, згодна зь якім у тэрміновым парадку — пасьлядоўнасьць захадаў была расьпісаная да 10 мая — урад, абласныя і раённыя выканкамы абавязваліся правесьці шэраг захадаў для надзяленьня грамадзянаў, у тым ліку гарадзкіх жыхароў, зямельнымі ўчасткамі. Зразумелыя захады ў пэрыяд эканамічнага крызысу, але незразумелыя іх тэрміны.) А зрабіць гэта маглі пераважна людзі адпаведнага ўзросту і адукацыі. Паводле вынікаў дасьледаваньняў у Наваполацку, пераважную большасьць сярод тых, хто ня меў надзеі на выхад з крызысу пры дапамозе палітычных інстытутаў, складалі патэнцыйныя прыхільнікі дэмакратычных сілаў. Сярод моладзі такіх было 61 %, сярод людзей пасьля 55 гадоў — толькі 30 %.

Дасьледнікі адзначаюць у якасьці ўплывовых на вынік выбараў чыньнікаў заявы прэзыдэнта аб нежаданьні ўдзельнічаць у галасаваньні, тэлевізійны фільм „Нянавісьць” Ю. Азаронка, паказаны па БТ у апошні вечар перад галасаваньнем. На наш погляд, гэтыя інфармацыйныя захады самі празь сябе не маглі стаць значнай прычынай няяўкі, бо нэгатыўнае стаўленьне да палітыкі, да ВР і нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі было закладзена раней. Яны толькі замацавалі вызначэньне пазыцыяў: мабілізавалі тых, хто быў супраць апазыцыі, і дэмабілізавалі тых, хто сумняваўся ўва ўладзе.

Вынікам абмежаваньня доступу кандыдатаў да прэсы стала вяртаньне да статуснаабумоўленых мадэляў галасаваньня, што мелі месца на выбарах у ВР БССР. Асноўнай крыніцай інфармацыі пра выбары для большасьці выбарнікаў сталі перадвыбарныя ўлёткі. Ува ўмовах абмежаваньня сродкаў надрукаваць іх у дастатковай колькасьці можна было толькі выкарыстоўваючы службовае становішча. Згодна з апытаньнем НІСЭПД, прведзеным у чэрвені 1995 г., пераважная большасьць выбарнікаў (58 %) атрымала інфармацыю аб кандыдатах з улётак. З газэтаў інфармацыю атрымалі амаль удвая менш грамадзянаў — 31,5 %, праз радыё — 10,5 %, праз БТ — 8,7 %, з сустрэчаў з кандыдатамі — толькі 13 % выбарнікаў[35] (для параўнаньня: па іншых праблемах інфармацыю з газэтаў атрымлівалі 60,5 %, праз радыё — 57,7 %, праз тэлебачаньне — 49,1 %[36]. Невялікая колькасьць атрымальнікаў інфармацыі з сустрэчаў з кандыдатамі падкрэсьлівае статусную абумоўленасьць агітацыі. Выбарнікі, якія пазбавіліся за чатыры гады незалежнасьці ад ідэалягічных акуляраў, не маглі гэтага не заўважыць, што таксама матывавала абсэнтэізм.

Напярэдадні другога туру інфармацыйная цішыня ў асьвятленьні выбараў вымусіла шэраг партыяў выступіць з ініцыятывай на асабістыя сродкі стварыць плякаты, якія зьмяшчалі не інфармацыю пра кандыдатаў, а паведамлялі пра дзень выбараў.

Атрыманыя вынікі зьдзівілі саміх выбарнікаў. Так, у другім крузе парлямэнцкі кворум быў набраны. Але адбылася своеасаблівая палітызацыя грамадзтва. Пратэстны настрой без альтэрнатывы прывёў да нетыповага для Беларусі зруху ў масавай сьвядомасьці што да праблемаў. Пасьля выбараў 47 % апытаных адзначылі сярод падзеяў, якіх яны асьцерагаюцца ў бліжэйшай будучыні, набліжэньне грамадзянскай вайны. Больш за грамадзянскую вайну людзі баяліся толькі экалягічнай катастрофы — 53,4 %. Палітычныя праблемы наблізіліся сваёй значнасьцю да эканамічных: недаступнасьці прадуктаў харчаваньня і тавараў першай неабходнасьці баяліся таксама 47 %[37].

Ход выбарчай кампаніі

Першай інтэрпрэтацыяй вынікаў выбараў была тэза аб перавазе левых каштоўнасьцяў і стварэньні левага парлямэнту. Але вынікі выбараў больш сьведчылі пра несфармаванасьць стратэгіі правых. Палітычныя партыі і іх электарат адрозьніваліся ня толькі ідэалёгіяй, але і матывамі электаральных паводзінаў, якія адпавядалі тыпалёгіі сацыяльных дзеяньняў, прапанаванай Максам Вэбэрам. Прычынай перамогі левых стала розьніца ў матывах паводзінаў.

У кампаніі было дазволена ўдзельнічаць партыйным блёкам. Іх рэгістрацыя павінна была пачацца раней за рэгістрацыю палітычных партыяў, 10 сакавіка. На першы погляд, карлікавыя памеры партыяў павінны былі вымушаць іх аб’ядноўвацца. Але доўгая падрыхтоўка ня мела вынікам аб’яднаньне.

На пачатку 1995 г. было заяўлена аб складаньні трох патэнцыйных блёкаў: 1) левы, ядро якога складалі ПКБ, АП, сацыялісты; 2) нацыянальна-дэмакратычны — вакол БНФ і БСДГ; 3) дэмакратычны, „Грамадзянская згода” (ГЗ), — вакол ПНЗ, АДПБ, ГП. Розьніца ў палітычных біяграфіях блёкаў стала асновай ня толькі для розьніцы ў палітычных праграмах, але і ў стратэгіях здабыцьця ўлады.

ПКБ і АП прадстаўлялі тых, хто фактычна ўжо меў уладу, але непасрэдна не ўваходзіў у абойму прэзыдэнта. АП была шырока вядомая як партыя старшыняў калгасаў, прадстаўнікі яе натуральна мелі адміністрацыйны рэсурс у мэханістычным разуменьні гэтага слова („не прагаласуеш — ня дам сена”). ПКБ была створаная пасьля жнівеньскага путчу з маладой хвалі функцыянэраў КПСС. Суполкі ПКБ дзейнічалі амаль ува ўсёй краіне. Большасьць прадстаўнікоў гэтай партыі здолелі выкарыстаць свой статус, атрымаўшы пасады ў кіраўнічых установах. Пасьля стварэньня вэртыкалі свае пасады захавалі амаль усе з 25 камуністаў — кіраўнікоў мясцовых Радаў і выканкамаў.

Левы блёк пачаў рыхтавацца да выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу яшчэ 20 лютага, калі 50 дэпутатаў ВР (пераважна аграрнікі) пачалі перамовы з старшынямі выканкамаў аб узаемадзеяньні на выбарах. Галоўнай перавагай гэтага блёку былі адміністрацыйныя рэсурсы і дысцыплінаваны электарат, выхаваны ў савецкіх традыцыях „безумоўнай падтрымкі”. Перарослы электарат галасаваў пераважна „традыцыйна”, г. зн. у яго не было патрэбы ў дадатковай інфармацыі. Левы блёк ува ўмовах інфармацыйнай цішыні меў найбольш выйгрышныя пазыцыі.

БНФ і БСДГ узьніклі на хвалі пратэстнага незалежніцкага руху і складаліся пераважна з прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Нават тыя сябры партыяў гэтага блёку, якія ў савецкі час займалі нейкія адказныя пазыцыі, падчас удзелу ў незалежніцкім руху набылі імідж, „несумяшчальны” з супрацоўніцтвам з пануючай уладай. Партыі гэтага блёку (асабліва БНФ) атрымаць уладу маглі толькі празь перамогу на выбарах. Адміністрацыйны рэсурс, асабліва пасьля стварэньня вэртыкалі, быў ім недаступны. Ілюзію магчымасьці перамогі стварала наяўнасьць сеткі суполак, якія паўсталі яшчэ ў 1993 г., і шырокая вядомасьць лідэраў.

Імідж блёку дазваляў разьлічваць пераважна на пратэстны электарат, аднак значная яго частка не падзяляла гіпэрнацыянальных каштоўнасьцяў, таму магла адысьці да партыяў, якія б прапаноўвалі дэмакратычныя каштоўнасьці без нацыянальнага кантэксту. Выбары 1990 г. паказалі недысцыплінаванасьць „правага” электарату. Матывы яго ўдзелу мелі пераважна каштоўнасна-рацыянальны характар. Пры расчараваньні выбарнікі маглі не прыйсьці на выбары. Менавіта супраць нацыянальна-незалежніцкіх матываў была накіраваная перадвыбарная камунікацыя ўлады.

Партыі „ГЗ” фармаваліся пераважна як кадравыя, з прадстаўнікоў кіраўнічай і бізнэс-эліты. Вынікам стала ідэалягічная аморфнасьць, пэрсанальная канфліктнасьць блёку. Фактычна, партыі гуртаваліся вакол палітыкаў, якія пасьпелі атрымаць і згубіць пасады ў новай краіне: АДПБ — вакол С. Шушкевіча, А. Дабравольскага, ПНЗ — Г. Карпенкі, В. Ганчара, ГП — В. Шлындзікава. Шэраг кандыдатаў гэтага блёку захавалі пасады ў рэгіёнах і ў кіраўніцтве прамысловых прадпрыемстваў. Удзел ува ўладзе ствараў мэтарацыянальных палітыкаў, арыентаваных як на прыцягненьне мэтарацыянальнага (праграмамі), так і афэктыўнага (іміджам сяброў) электарату.

Аналітык Юры Дракахруст ахарактарызаваў фармулёўкі праграмаў цэнтрысцкіх партыяў як „гнуткія”, „заспакойлівыя ў ідэалягічным пляне”. Гэтыя партыі арганізацыйна былі слаба прадстаўленыя ў рэгіёнах. Іх асноўным рэсурсам быў публічны імідж сяброў. На першы погляд, гэта ўтварала падставы для расколу як паміж партыямі, так і ўнутры іх. Так, напярэдадні выбараў адбыўся раскол АДПБ, вынікам якога стала стварэньне Грамадзянскай партыі В. Шлындзікава. У межах ПНЗ назіралася супрацьстаяньне Карпенка — Ганчар, якое падкрэсьлілася падчас вылучэньня кандыдадатаў[38]. Яно было выклікана кіраўнічым мінулым В. Ганчара, якое дазваляла выбіраць паміж больш функцыянэрскай Партыяй Усебеларускага адзінства і згоды (ПУАЗ) і ПНЗ. У выніку ПУАЗ узначаліў Дз. Булахаў. Гэтае супрацьстаяньне адлюстравалася падчас вылучэньня кандыдатаў ад партыяў, калі В. Ганчар у адказ на адмову вылучыць яго ў Маладэчне (акрузе Карпенкі) вырашыў ісьці на выбары ў Маладэчне не ад партыі, а праз збор подпісаў.

Але, як высьветлілася падчас выбараў, менавіта асабісты імідж кандыдата дазваляў прывабіць афэктыўны электарат і выйсьці за правілы, усталяваныя ўладай, якая абмежавала актыўнасьць СМІ. Шэраг партыяў цэнтрысцкага блёку нават вылучылі кандыдатаў толькі праз збор подпісаў (напрыклад ГП, якая не пасьпела зарэгістравацца).

Левыя партыі, безумоўна, маглі пайсьці на выбары самастойна і нават выкарыстаць падтрымку часткі вэртыкалі ўлады. Правым трэба было аб’ядноўвацца. Стварэньне адзінага блёку дэмакратычных сілаў павышала шанцы БНФ, які прэтэндаваў на прадстаўленьне пратэстнага электарату. Але для цэнтрыстаў далучэньне да нацыянальных каштоўнасьцяў значыла атрыманьне ідэалягічнага балясту. Зразумела, што на аб’яднальную прапанову БНФ Г. Карпенка адказаў адмовай. Для „ГЗ” дастаткова было „джэнтэльмэнскай згоды”, якая выключала б узаемную крытыку і такім чынам дазваляла прывабіць пратэстны электарат. Такая згода была дасягнутая 22 лютага.

Як і трэба было чакаць, 10 сакавіка ніводны з блёкаў не зарэгістраваўся.

Перадвыбарная барацьба была барацьбой не праграмаў, а стратэгіяў удзелу выбарнікаў. Найбольшы шанец перамагчы мелі партыі, чый электарат галасаваў дзеля звычкі, не кіраваўся мэтарацыянальнымі ацэнкамі.

У першым крузе прайшлі пераважна незалежныя кандыдаты (зьвязаныя з уладай) і кандыдаты ад левага блёку. Сакрушальная параза левых радыкалаў (з 88 кандыдатаў, вылучаных „Славянскім саборам Белая Русь”, не прайшоў ніводны) паказвала, што вырашальную ролю мелі ня левыя каштоўнасьці, а старая звычка галасаваць „за сваіх”. Асноўная маса кандыдатаў, абраных у першым туры, была абраная ў рэгіёнах.

Палітолягі адзначалі існаваньне дзьвюх стратэгіяў галасаваньня: у гарадзкіх і ў сельскіх акругах. Апошнія былі найбольш выніковымі, выбары ў вёсках і невялікіх гарадох адбыліся ў 100 з 150 акругаў. Выбарнікі кіраваліся звычкамі, закладзенымі ў савецкія часы. Спаборніцтва адбывалася паміж 5 тыпамі іміджаў кандыдатаў: 1) мясцовы кіраўнік; 2) менскі начальнік; 3) палітык; 4) партыец (камуніст ці фронтавец); 4) фонавы. У другі тур выходзілі кандыдаты „мясцовы кіраўнік” і „менскі начальнік”, дзе галасы разьмяркоўваліся на карысьць першых.

У сталічных акругах барацьба адбывалася паміж чатырма групамі іміджаў: 1) фронтавец; 2) камуніст; 3) новы твар; 4) фонавы. Найбольшую перавагу, паводле вынікаў дасьледаваньня, мелі кандыдаты з групы „знаёмы твар”, „якія вылучаліся з агульнай масы” асаблівасьцямі біяграфіі (напрыклад, шматдзетны бацька), выглядам ці прыналежнасьцю да жаночага полу. Асноўная колькасьць галасоў разьмяркоўвалася паміж кандыдатамі 1-3 групаў. Рэшту атрымлівалі шматлікія фонавыя. У другі тур, амаль з гарантыяй, выходзіў кандыдат з „знаёмым тварам”, дзе ён спаборнічаў з кімсьці з партыйных кандыдатаў. Пры адсутнасьці „знаёмага твару” галасы выбарнікаў пераходзілі на карысьць фонавых. З гэтага вынікае, што ў гарадох галасаваньне адбывалася паводле афэктыўных матываў. Перавага афэктыўных матываў удзелу пашырала магчымасьці кандыдатаў маніпуляваць выбарнікамі. Асабліва карысным такі стыль галасаваньня стаў для навастворанай партыі ПУАЗ, якая спалучала прадстаўніцтва функцыянэраў з іміджам цэнтрысцкай партыі.

У першым крузе парлямэнт ня быў сфармаваны. У другім крузе 10 сьнежня 1995 г. незацікаўленасьць уладаў ува ўдзеле выбарнікаў павялічылася. Але няўдача вымусіла партыі перайсьці да больш рацыянальнага стылю дзейнасьці, як у межах партыяў, так і паміж імі. Першай прыкметай стала паглыбленьне разьмежаваньня ў цэнтрысцкіх партыях. На пачатку верасьня ПНЗ была ўзначаленая кіраўніком службы кантролю прэзыдэнта Л. Сечкам, а частка сяброў партыі на чале з Г. Карпенкам сышла ў АДПБ, і 1 кастрычніка, у выніку аб’яднаньня АДПБ і ГП, стала часткай новай партыі — АГП. Нягледзячы на дэкляраванае імкненьне да аб’яднаньня (большасьць дэмакратычных партыяў падпісала хартыю „Дыялёг дзеля будучыні”), падзел ПНЗ — АДПБ пацьвярджае раскол дэмакратычнага цэнтру на тых, хто застаўся ўва ўладзе і з прэзыдэнтам, і тых, хто зьбіраўся здабываць уладу самастойна, у апазыцыі прэзыдэнту. Гэты падзел вымушаў бок прэзыдэнта выходзіць на ўзровень публічнай палітыкі і замацоўваць за сабой месца ў палітычнай прасторы, пераважна на яе левым фланзе (гэта пацьвярджаецца і стварэньнем блёку „Саюз дэмакратычных сілаў” з партыяў ПНЗ, АДПБ, ПУАЗ, ЛДП і адбытым ня без удзелу ўладаў расколу ў ПКБ), але на тэрмін другога кругу абмежаваць палітычную актыўнасьць выбарнікаў. У выніку ўстрыманьня ўлады ад арганізацыі выбараў, другі круг стаў інфармацыйна насычаны нават менш за першы.

У гэтых умовах апошняя спроба нацыянал-дэмакратычнага блёку рацыяналізаваць свае паводзіны (24 жніўня абвясьцілі пра кансультацыі паміж БСДГ і ПКБ, а на прэс-канфэрэнцыі ў штаб-кватэры БНФ З. Пазьняк нават заявіў пра магчымасьць дамовы з ПКБ у выпадку наяўнасьці акругаў зь безумоўна непраходнымі кандыдатамі) ужо не магла прынесьці перамогі. Разьмежаваньне цэнтру на „ўладных” і „апазыцыйных” было сыгналам для функцыянэраў мясцовай эліты, адказных за правядзеньне выбараў, прадэманстраваць ляяльнасьць прэзыдэнту, напрыклад, праз выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу.

Вынікі выбараў і рэфэрэндуму

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, у пытаньнях рэфэрэндуму галасы выбарнікаў разьмеркаваліся наступным чынам: 83,1 % прагаласавалі за наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай, 75 % — за зьмену дзяржаўных сымбаляў, 82,4 % — за інтэграцыю з Расеяй, 77,6 % — за атрыманьне прэзыдэнтам права роспуску парлямэнту. Высокія лікі кампэнсаваліся нізкай яўкай: у рэфэрэндуме ўзялі ўдзел толькі 64,9 % выбарнікаў.

У першым крузе было вылучана 2439 кандыдатаў, зь іх зарэгістравана 2348, у тым ліку 1126 ад партыяў. 70 % вылучаных мелі досьвед кіраўнічай працы, 80 % былі гарадзкія жыхары.

Найбольшую вагу сярод вылучаных склалі дзяржаўныя, прамысловыя функцыянэры ці падпарадкаваныя ім групоўкі. Можна адзначыць павелічэньне, у параўнаньні з выбарамі 1990 г., вагі навукоўцаў і настаўнікаў. Але, нягледзячы на іх высокую колькасьць сярод кандыдатаў, у складзе дэпутатаў іх амаль не было. Ува ўмовах інфармацыйнага вакуўму такі вынік быў наступствам статусна абумоўленай агітацыі. Перавага „блізкіх да народу” (тых, чыя службовая дзейнасьць дазваляе стварыць матэрыяльную ці інфармацыйную залежнасьць электарату) групаў кіраўнікоў прадпрыемстваў і старшыняў калгасаў паказвае, што для перамогі патрэбна было ня толькі дайсьці з інфармацыяй да электарату, але мець рэсурсы непасрэднага ўзьдзеяньня на выбарнікаў.

Дэпутаты, абраныя ў першым крузе, як і ў 1990 г., былі пераважна кіраўнікамі. Але ў 1995 г. рэгіянальныя кіраўнікі (15) саступілі кіраўнікам прадпрыемстваў і функцыянэрам зь менскай палітычнай эліты (15). Пераважная большасьць апошніх былі беспартыйныя, ніводны зь іх не балятаваўся ў сталічнай акрузе. Найбольшая колькасьць беспартыйных менскіх функцыянэраў прайшла ад акругаў Магілёўскай вобласьці (4 дэпутаты), у астатніх рэгіёнах праходзіла па 1 (Гарадзенская і Гомельская вобласьці) ці 2 (Менская і Віцебская).

Параўнальны аналіз выніковасьці дзейнасьці партыяў і беспартыйных дзеля вылучэньня кандыдатаў і іх праходу ў парлямэнт дазваляе зрабіць выснову, што найбольшую „праходную моц” мелі партыйныя кандыдаты ад ПКБ і АП. ПКБ у першым крузе атрымала адсотак дэпутатаў, удвая большы за адсотак вылучаных кандыдатаў, АП — у 4 разы. Адсотак беспартыйных сярод вылучаных у першым туры амаль той самы, што і сярод абраных. Такім чынам, вырашальнай у спаборніцтве паміж партыямі была наяўнасьць кандыдатаў-кіраўнікоў. Так, аналіз выніковасьці партыяў (паасобку) і беспартыйных кандыдатаў паказвае вельмі высокую карэляцыю паміж выніковасьцю выбараў для партыі і колькасьцю ў ёй старшыняў выканкамаў (R = 0,909; p = 0,003), функцыянэраў зь Менску (R = 0,806; p = 0,004), старшыняў калгасаў (R = 0,730; p = 0,016). Фактычна гэта пацьвярджае выніковасьць стратэгіі, абранай бокам прэзыдэнта.

У другім крузе партыйныя кандыдаты саступілі беспартыйным. Гэта можна растлумачыць тым, што выканаўчая ўлада пачала актыўна выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс. Беспартыйныя кандыдаты, якія паменшылі актыўнасьць у вылучэньні (беспартыйнымі былі толькі 30 % ад агульнай колькасьці кандыдатаў), павысілі сваю выбарчую выніковасьць: незалежнымі былі 52 % дэпутатаў, абраных у другім крузе. З партыяў у другім крузе толькі камуністы здолелі правесьці ў парлямэнт больш за 16 дэпутатаў, у астатніх партыяў лік пасьпяховых кандыдатаў ішоў на адзінкі.

* * *

Выбары ў ВР і рэфэрэндум 1995 г. сталі доказам выніковасьці і скаардынаванасьці стратэгіі выканаўчай улады, якая здолела ператварыць незадаволенасьць грамадзянаў эканамічнымі праблемамі не ў супраціў кіраўнічай выканаўчай эліце, а ў палітычную апатыю з боку найбольш арыентаванай на перамены часткі грамадзянаў і ў актывізацыю пратэсту з боку супраціўнікаў пераменаў. У выніку першы этап першапачатковай палітычнай інстытуцыялізацыі быў завершаны легітымацыяй канцэнтрацыі ўлады.

1 Веlarus monitor. 1995. № 1. P. 46.

2 Веlarus monitor. 1995. № 2. P. 55.

3 Веlarus monitor. 1995. № 1. P. 27.

4 Звязда. 1995. 17 траўня.

5 Веlarus monitor. 1995. № 1. P. 27.

6 Звязда. 1994. 24 лістапада.

7 Звязда. 1995. 28 студзеня.

8 Звязда. 1995. 29 сакавіка.

9 Звязда. 1995. 4 красавіка.

10 Веlarus monitor. 1995. № 1. P. 14.

11 Звязда. 1995. 28 лютага.

12 Советская Белоруссия. 1995. 10 марта.

13 Звязда. 1995. 31 сакавіка; Белорусская деловая газета. 1995. 30 марта і інш.

14 Белорусская деловая газета. 1995. 30 января.

15 Звязда. 1995. 22 лютага.

16 Звязда. 1995. 13 ліпеня.

17 Веlarus monitor. 1995. № 1. P. 30.

18 Звязда. 1995. 18 траўня.

19 Белорусская деловая газета. 1995. 23 января.

20 Звязда. 1995. 15 красавіка.

21 Белорусская деловая газета. 1995. 20 февраля.

22 Белорусская деловая газета. 1995. 2 февраля.

23 Белорусская деловая газета. 1995. 9 марта.

24 Звязда. 1995. 9 лютага.

25 Звязда. 1994. 12 сьнежня.

26 Белорусская деловая газета. 1995. 20 марта.

27 Белорусская деловая газета. 1995. 30 марта.

28 Белорусская деловая газета. 1995. 27 марта.

29 Веlarus monitor. 1995. № 1. P. 36.

30 Белорусская деловая газета. 1995. 20 марта.

31 Веlarus monitor. 1995. № 1. P. 46.

32 Тамсама. P. 37.

33 Веснік Полацкага дзяржаўнага універсітэта. 1995. № 5.

34 Звязда. 1995. 22 красавіка.

35 Белорусская деловая газета. 1995. 3 августа.

36 Белорусская деловая газета. 1995. 3 мая.

37 Белорусская деловая газета. 1995. 3 августа.

38 Белорусская деловая газета. 1995. 23 января.