Асаблівасьці электаральных паводзінаў ёсьць важная характарыстыка палітыкі. Іх фармаваньне — доўгатэрміновы працэс, на працягу якога закладаюцца і зьмяняюцца матывы ўдзелу ў палітыцы і асаблівасьці праяўленьня гэтых матываў у электаральных паводзінах. На характар палітычнага ўдзелу ўплываюць палітычны рэжым, выбарчая сыстэма, тып палітычнай культуры, але кожныя наступныя выбары дадаюць яшчэ новыя рысы.
Гістарычныя асаблівасьці разьвіцьця постсавецкіх палітычных сыстэмаў, да якіх адносіцца і беларуская, абумоўліваюць вялікую значнасьць бясспрэчнай палітычнай падтрымкі, якая залежыць не ад выніковасьці ўлады, а ад іншых чыньнікаў (ідэалёгіі, традыцыі і да т. п.). У выніку сэнсам выбарчага працэсу становіцца не абраньне ўлады праз атрыманьне падтрымкі, а дэманстрацыя падтрымкі з боку грамадзянаў.
Грамадзка-палітычны кантэкст выбараў
Выбары ў Вярхоўную Раду БССР 1990 г. былі першымі рэспубліканскімі парлямэнцкімі выбарамі, якія адбываліся на канкурэнтнай аснове. Але фармальны дазвол удзелу ў выбарах альтэрнатыўных (пазапартыйных) кандыдатаў не прынёс рэальнай роўнасьці ў магчымасьцях прадстаўніцтва і барацьбы за ўладу.
Першыя выбары адбываліся ў супярэчлівым палітычным і сацыяльна-эканамічным асяродзьдзі. Канец 1980-х — пачатак 1990-х гг. быў пэрыядам палітычнага пад’ёму, выкліканага перабудовай, і адначасова эканамічнага крызысу, цяжкасьць якога паглыблялася на фоне дабрабыту застойных часоў.
26 сакавіка 1989 г. адбыліся выбары дэпутатаў на першы Зьезд народных дэпутатаў СССР. Першыя агульнасаюзныя канкурэнтныя выбары праходзілі ўва ўмовах надзвычайнай масавай актыўнасьці. Але ўжо пасьля другога зьезду актыўнасьць пайшла на спад. Выбары праходзілі на альтэрнатыўнай аснове. На 2250 дэпутацкіх месцаў было вылучана 9505 кандыдатаў. Пры гэтым 1/[3] дэпутацкіх мандатаў на саюзным узроўні рэзэрвавалася для прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў, г. зн. зь вялікай імавернасьцю разьмяркоўвалася паміж прадстаўнікамі КПСС. На сходзе былі прадстаўленыя і непартыйныя дэпутаты.
Ні першы, ні другі зьезды ня мелі значных практычных заканадаўчых вынікаў (аднак важным практычным вынікам было расчараваньне ў КПСС і ў Гарбачову). Перад першым зьездам была абраная ВР СССР XI скліканьня. Пасьля другога — прынята 36 нарматыўных актаў, у тым ліку 5 законаў і 26 пастановаў. Але ўсе яны пераважна мелі ці эканамічны, ці дэклярацыйна-ідэалягічны характар.
Вынікам стаў пачатак расчараваньня як у прадстаўнічых установах, так і ў КПСС. Гэта было выклікана супярэчнасьцю паміж чаканьнямі (падчас тэлевізійнай трансьляцыі пасяджэньняў нават пагаршалася працоўная дысцыпліна) і рэальнасьцю (паглыбленьне цяжкага эканамічнага становішча), а таксама асаблівасьцямі масавай палітычнай сьвядомасьці таго часу. Грамадзяне, сацыялізаваныя на працягу сямідзесяці гадоў праз арганізаваную зьверху прымусовую падтрымку, чакалі сыгналаў аб „выніковасьці” абранай улады і вызначэньня далейшых кірункаў шляху да „сьветлай будучыні”. Але эканамічны спад працягваўся, а выкрываньне карупцыянэраў, напрыклад па супрацькарупцыйных справах Гдляна і Іванова, ня мела выніку.
Інфармацыйная форма падачы зьездаў нагадвала мадэлі крызыснай камунікацыі. Яны трансьляваліся без скарачэньняў. У выніку людзі аб’ядноўваліся каля тэлеэкранаў і адчувалі патрэбу ў масавай супольнай актыўнасьці (гэта натуральнае наступства крызыснай камунікацыі, дасьледаванае ў ЗША яшчэ пасьля забойства Кенэдзі).
Спрычыненае такім чынам ажыўленьне грамадзтва трэба было толькі накіраваць у патрэбны бок. Але каб гэта зрабіць, неабходная была наяўнасьць сілаў, зацікаўленых ува ўладзе, якія б мелі палітычныя мэты і матывацыю іх дасягненьня, навыкі палітычнай дзейнасьці.
У выніку да зімы 1989/90 гг. у большасьці савецкіх рэспублік пачаўся „парад сувэрэнітэтаў”. Лякаматывам выступілі прыбалтыйскія краіны, якія мелі яшчэ жывы досьвед нацыянальнай дзяржаўнасьці. У краінах, дзе меліся этна-нацыянальныя і тэрытарыяльныя супярэчнасьці (напрыклад у Грузіі, Арменіі), рэгіянальныя кіраўнічыя групы пачалі выкарыстоўваць масавую актыўнасьць для пашырэньня сваіх паўнамоцтваў, што выклікала абвастрэньне міжнацыянальных адносінаў.
У большасьці рэспублік СССР накіраваньне масавай актыўнасьці адбывалася праз супрацьстаяньне дзьвюх групаў: дэмакратычнай плятформы і плятформы КПСС — тых, хто выступаў „за” і „супраць” пераменаў. Фармаваньне гэтых ідэалягічных пазыцыяў стала вынікам, з аднаго боку, папярэдняга разьвіцьця незалежніцкіх сілаў, з другога — асаблівасьцяў адносінаў унутры рэспубліканскіх кампартыяў, наяўнасьці ў іх складзе сілаў, зацікаўленых у пераменах.
БССР у гэтым пляне не была выключэньнем. Але расклад сілаў паміж незалежнікамі-дэмакратамі і плятформай КПСС склаўся не на карысьць прыхільнікаў пераменаў. Пры канцы 1980-х гг. у партыйнай эліце БССР склалася мадэль разьмеркаваньня пасадаў, якую можна ахарактарызаваць як новы кліенталізм[1]. Асноўнымі аўтарамі яе былі партыйныя функцыянэры, якія выйшлі пераважна з парткамаў менскіх прамысловых прадпрыемстваў. Мадэль паказала сваю выніковасьць у савецкай сыстэме пры барацьбе беларускіх функцыянэраў за маскоўскія пасады. Яе ўдзельнікі пасьпелі пабываць у Маскве і вярнуцца ў рэспубліку. Асаблівасьці разьмеркаваньня пасадаў аказалі ўплыў на стаўленьне да пераменаў як з боку рэспубліканскай цэнтральнай, так і мясцовай эліты.
Існаваньне сталых каналаў прасоўваньня ў цэнтар пазбаўляла менскую эліту (асабліва партыйную) матывацыі выкарыстаць перамены, прапанаваныя Гарбачовым, для пашырэньня сваёй улады ў рэспубліцы. Гэта патрабавала пераходу ад кулюарнага да інтэрактыўнага стылю палітычный дзейнасьці, прадугледжвала перадачу ўлады Радам, узмацненьне пазыцыяў кіраўнічай непартыйнай эліты (Вярхоўнай Рады). Гэта быў клопат. Да таго ж мадэль рабіла бессэнсоўнымі прыкладзеныя намаганьні для здабыцьця выгадных пазыцыяў. Кіраўнічай эліце больш зручна было б захаваць уладу ў межах ужо складзенай мадэлі і перачакаць распачатыя перамены.
Рэгіянальная эліта была мала заангажаваная на ўдзел ува ўладзе. Большасьць дасьледнікаў адзначаюць, што прычынай слабасьці рэгіяналаў была гамагеннасьць Беларусі паводле нацыянальных, рэлігійных і іншых парамэтраў, якія маглі стварыць падставы для „крызысу інтэграцыі” і матываваць змагацца за ўладу. Але рэгіянальныя эліты не былі зацікаўленыя ў барацьбе за цэнтральную ўладу і зь іншых прычынаў. Па-першае, прамысловым і кіраўнічым мясцовым элітам не было за што змагацца ў матэрыяльным пляне[2]. Па-другое, асаблівасьці разьмеркаваньня пасадаў у БССР не пакідалі рэгіянальнай партыйнай эліце надзеяў палепшыць свой статус за кошт удзелу ў прадстаўнічых установах. Так, сярод 83 дэпутатаў Зьезду народных дэпутатаў СССР, абраных ад БССР, было толькі 4 прадстаўнікі рэгіянальнай эліты (Анатоль Зелянкоўскі — першы сакратар Берасьцейскага абкаму КПБ, Уладзімер Грыгор’еў — першы сакратар Віцебскага абкаму КПБ, Леанід Кляцкоў — першы сакратар Гарадзенскага абкаму КПБ і Галіна Дылевіч — старшыня выканкаму Залескай сельскай рады). Ад менскай гарадзкой і абласной эліты ішло 3 чалавекі. Прадстаўнікоў жа цэнтральнага дзяржаўнага і партыйнага апарату было 13 чалавек. (На гэта таксама магло мець уплыў і памежнае становішча БССР, што вымушала вельмі пільна кантраляваць кадравую сытуацыю ў ёй.)
Падзел дэлегатаў паводле абласьцей сьведчыў пра наступнае. 1. У кіраўнічых колах статус рэгіянальных партыйных і гаспадарчых элітаў значна саступаў статусу прадстаўнікоў цэнтральнай эліты. 2. Стаўленьне грамадзянаў да мясцовай эліты сьведчыла пра яе невялікі патэнцыял што да здабыцьця ўлады. 3. У рэгіяналаў адсутнічала матывацыя „вылучацца” ў вялікую палітыку.
Такім чынам, цэнтральная эліта не жадала мяняць мадэль уладаваньня, а мясцовая была занадта слабая, каб на нешта прэтэндаваць. З розных прычынаў, але ні першая, ні другая не маглі стаць правадырамі пераменаў.
Напярэдадні выбараў альтэрнатыўныя (нефармальныя) сілы толькі пачалі складвацца. Рэальна на той час можна было казаць пра арганізацыйнае афармленьне толькі БНФ, які ўвасабляў супрацькамуністычны рух і адначасова выступаў як лякаматыў прасоўваньня нацыянальных ідэяў. За два гады да першых парлямэнцкіх выбараў, 19 кастрычніка 1988 г., быў заснаваны аргкамітэт па стварэньні БНФ. Але першыя зьезды яго заснавальнікаў праводзіліся за межамі БССР.
Касьцяк БНФ складала гуманітарная інтэлігенцыя. Мала хто зь яе прадстаўнікоў меў дагэтуль досьвед палітычнай дзейнасьці. У большай ці меншай ступені гэтыя людзі былі сацыялізаваныя ў традыцыях савецкай дзяржавы. Такая мадэль стварала своеасаблівыя ўяўленьні пра палітыку і сыстэму палітычных паводзінаў. Паверхавы слой гэтых уяўленьняў, які датычыўся ведаў і каштоўнасьцяў (стаўленьне да КПСС, сувэрэнітэту і да т. п.), крытыкаваўся і выклікаў супраціў. Але захавалася асноўная матрыца паводзінаў, закладзеная ў сьвядомасьць савецкай дзяржавай, якая адрозьнівала тых, хто прэзэнтаваў партыйную эліту, і тых, хто ўвасабляў сьвежыя плыні супрацьпартыйных актывістаў. Апошнія разглядалі палітыку не як барацьбу за ўладу, а як барацьбу за справядлівасьць. Асновай уяўленьня пра палітыку быў створаны савецкай эпохай стэрэатып значнасьці масавай падтрымкі. Беларускія дэмакраты не былі мак’явэлістамі, прагматыкамі. Атрымаць іньекцыю мак’явэлізму можна было толькі праз камунікацыю з тымі, хто ўжо меў уладу, напрыклад ад незадаволеных зь ліку кіраўнічай цэнтральнай эліты, ці ад тых, хто жадаў атрымаць уладу, — рэгіянальных элітаў.
Асаблівасьці разьвіцьця БССР абумовілі той факт, што большасьць установаў працы сацыяльнай праслойкі, зь якой паходзілі прадстаўнікі нефармальных груповак (гуманітарнай інтэлігенцыі), знаходзілася ў Менску. Менск быў і месцам панаваньня кіраўнічай эліты, якая бярэ пачатак зь менскіх прамысловых прадпрыемстваў. Але камунікацыя паміж антыкамуністамі-незалежнікамі і незадаволенымі ў пануючай эліце была малаверагодная. Гэтыя групы існавалі ў розных сацыяльных прасторах. Уладная эліта паходзіла пераважна з тэхнічнай інтэлігенцыі. Супярэчнасьці і непаразуменьне паміж беларускімі „гуманітарнікамі” і „тэхнарамі” склаліся яшчэ ў савецкія часы. Малаверагодным было таксама ўсталяваньне нейкіх асабістых сувязяў па-за межамі палітыкі.
Другая крыніца атрыманьня навыкаў прагматычнай палітычнай дзейнасьці — кампраміс з кіраўнічай элітай, якой у выніку масавых пратэстаў пагражала страта ўлады. Зьвяртацца па дапамогу нефармальныя групы маглі толькі да народу, выкарыстоўваючы масавую актыўнасьць. Але ўжо падчас вылучэньня кандыдатаў у Вярхоўную Раду масавая падтрымка гуманітарнай інтэлігенцыі выявіла свае асаблівасьці.
Выбары ў Вярхоўную Раду БССР адбыліся пасьля выбараў Вярхоўнай Рады СССР. Гэта вызначыла як характар палітычнага ўдзелу грамадзянаў, так і пазыцыю асноўнай на той момант палітычнай сілы — КПБ — на выбарах. Першыя агульнасаюзныя выбары адбываліся ўва ўмовах перабудовачнай эўфарыі. Гэта былі больш значныя і больш статусныя выбары. Парлямэнт меў дзьве функцыі: ён быў прадстаўнічай і заканадаўчай установай. У савецкай масавай сьвядомасьці была важная менавіта першая функцыя. Вярхоўная Рада СССР, таксама як і Вярхоўная Рада БССР, успрымалася грамадзянамі не як установа ўлады (гэты статус і рэальна, і сымбалічна захоўваў ЦК КПБ), а як народная трыбуна, установа прадстаўніцтва, на якой прэзэнтуюцца не пазыцыі ці інтарэсы асобнай групы, а асабістае ўяўленьне палітыка пра кірункі разьвіцьця грамадзтва. Магчымасьць удзелу ў рэспубліканскіх выбарах шэрагу рэзанансных партыйных дзеячоў, якія маглі вызначыцца як прыхільнікі рэформаў партыі і прадстаўляць неартадаксальную партыйную пазыцыю, была абмежаваная іх абраньнем у ВР СССР. Да іх ліку можна аднесьці, напрыклад, Мікалая Ігрунова, Георгія Таразевіча, Уладзімера Ганчарыка.
Ход выбараў паказаў, што супрацьпартыйны настрой спалучаўся з матрыцай масавай сьвядомасьці, у якой грамадзяне захоўвалі рытуальны спосаб выражэньня падтрымкі, г. зн. не маглі актыўна і мэтанакіравана дзейнічаць.
Так, паводле дадзеных апытаньняў рэспубліканскай Рады прафэсійных саюзаў, каля 90 % апытаных былі супраць вылучэньня ў якасьці кандыдатаў партыйных, савецкіх, прафсаюзных і камсамольскіх функцыянэраў. Але менавіта яны пераважалі і сярод вылучаных, і сярод абраных дэпутатаў.
Спэцыфіка палітычнага ўдзелу
Палітычны ўдзел падчас выбараў 1990 г., таксама як і ў савецкія часы, працягваў насіць рытуалізавана мабілізаваны характар. Гэтаму спрыялі і асаблівасьці заканадаўства, і традыцыі палітычнага ўдзелу.
Партыйныя функцыянэры, дзякуючы заканадаўству, атрымалі фору ўжо на этапе вылучэньня кандыдатур. Згодна з заканадаўствам, вылучаць кандыдатаў на рэспубліканскія выбары мелі права працоўныя калектывы, якія налічвалі больш за 300 працоўных. Вылучэньне адбывалася паводле вынікаў перадвыбарных канфэрэнцыяў. Закон не абмяжоўваў колькасьць удзельнікаў канфэрэнцыі, але акруговая і тэрытарыяльная выбарчыя камісіі атрымалі ад Цэнтравыбаркаму брашуру (яна ня мела статусу афіцыйнай інструкцыі, але фактычна выконвалася камісіямі), згодна зь якой дазвалялася рэгістрацыя толькі тых кандыдатаў, на канфэрэнцыях дзеля абраньня якіх прысутнічала ня менш за палову працоўных прадпрыемства. Кандыдаты маглі вылучацца і калектывамі вышэйшых і сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў (гэта адрозьнівала выбары народных дэпутатаў БССР ад папярэдніх саюзных выбараў, дзе навучальныя ўстановы ня мелі права вылучэньня кандыдатаў). Калі колькасьць працоўных гэтых установаў была недастатковай, маглі праводзіцца вылучэньні ад аб’яднаных канфэрэнцый калектываў. Акрамя гэтага, права вылучаць кандыдатаў мелі грамадзяне па месцы жыхарства — таксама паводле вынікаў сходаў. Шэраг грамадзкіх аб’яднаньняў (такіх, як таварыства вэтэранаў, аб’яднаньні сьляпых, глухіх, інвалідаў) мелі права асобнага вылучэньня кандыдатаў, іх прадстаўнікі абіраліся раней за астатніх за межамі агульнанацыянальнай выбарчай кампаніі, што давала магчымасьць частцы іх кіраўніцтва амаль гарантавана атрымаць мандаты.
Кандыдаты маглі вылучацца толькі па месцы жыхарства ці працы. Выключэньне складалі тыя грамадзяне, чыя дзейнасьць пашыралася на тэрыторыю, большую за выбарчую акругу, напрыклад на ўсю краіну. Яны мелі права вылучацца ад любой акругі, якая знаходзілася ў тэрытарыяльных межах іх дзейнасьці. Апошняя норма стварала выгадныя ўмовы для партыйных і савецкіх функцыянэраў, значная колькасьць якіх і пайшла на выбары па найбольш „памяркоўных” сельскіх акругах.
Асноўнай формай стала вылучэньне ад перадвыбарных канфэрэнцыяў працоўных калектываў. Гэты спосаб быў найбольш падкантрольны КПСС, якая будавалася на базе ячэек, г. зн. мела вытворча-тэрытарыяльную структуру. Ужо пачатак выбарчай кампаніі паказаў, што магчымасьць арганізаваць масавую актыўнасьць і атрымаць „правільных” кандыдатаў даваў толькі ўдзел працоўных калектываў.
Нягледзячы на наяўнасьць права вылучэньня кандыдатаў ад тэрытарыяльных сходаў, дазвол вылучэньня кандыдатаў ад працоўных калектываў (гэты шлях вылучэньня быў найбольш масавым) стаў першым сыстэмным чыньнікам, які схіляў да стварэньня і замацаваньня на канкурэнтных выбарах савецкай мадэлі мабілізаванага ўдзелу. Гэта ставіла патэнцыйных кандыдатаў і ўвесь ход выбарчага працэсу ў залежнасьць ад кіраўніцтва прадпрыемстваў (нягледзячы на лібэралізацыю падбору кіраўнічых кадраў у часы перабудовы, дырэктарскі корпус сваім складам і пазыцыямі ў значнай ступені застаўся традыцыйным) і пазбаўляла нефармальныя сілы матывацыі шукаць арганізаванай падтрымкі ў шырокіх колах насельніцтва. Такі фактар меў вынікам паглыбленьне сувязяў паміж апазыцыйнымі сіламі і прафэсійнымі групамі, зь якіх яны выйшлі, і не заахвочвала іх ствараць доўгатэрміновыя (што працуюць з электаратам ня толькі падчас выбараў) арганізацыйныя структуры на месцах.
Такая мадэль прадстаўніцтва магла быць жыцьцяздольнай толькі пры наяўнасьці кансэнсусу адносна правілаў перадачы ўлады і матэрыяльных рэсурсаў, якімі б маглі карыстацца палітычныя сілы падчас перадвыбарнай барацьбы. Ці пры наяўнасьці іншых, акрамя сацыяльна-прафэсійных і зьвязаных зь сьветапоглядам падставаў для разьмежаваньня. Ніводнага зь пералічаных чыньнікаў у БССР на пачатку 1990-х гг. існаваць не магло.
Грамадзяне ж, асабліва сталічныя жыхары, не сьпяшаліся праявіць выбарчую актыўнасьць. Першыя тыдні працэс вылучэньня кандыдатаў праходзіў вельмі марудна. Асабліва нізкая актыўнасьць выбарнікаў адзначалася ў Менску, дзе на 11 студзеня 1990 г., г. зн. за два тыдні да канца вылучэньня кандыдатаў, на 40 мандатаў прэтэндавала толькі 50 кандыдатаў у дэпутаты. На 13 студзеня ў рэспубліцы па 59 акругах не было вылучана ніводнага кандыдата. На такім узроўні актыўнасьць захоўвалася да канца тэрміну вылучэньня. Асноўная колькасьць кандыдатаў была вылучаная ў апошні тэрмін. Згодна з дадзенымі друку, у апошнія дні рэгістрацыі ў рэспубліцы адбывалася па 100 і больш перадвыбарных канфэрэнцый на дзень. Пры гэтым значная колькасьць кандыдатаў абіралася на альтэрнатыўнай аснове3.
Ход падрыхтоўкі да выбараў сьведчыць, што, нягледзячы на ілюзію масавай актыўнасьці, грамадзтва было здольнае толькі на арганізаваны зьверху ўдзел у палітыцы. Грамадзяне не былі матываваныя вылучаць кандыдатаў самастойна. Усё адбывалася на падставе двух чыньнікаў: волі кіраўніцтва калектыву ці волі кандыдата.
Арганізаваць перадвыбарную канфэрэнцыю можна было пераважна дзякуючы намаганьням кіраўніцтва. Пры гэтым найбольш палітычна „несумленнай” была менавіта тая група, якая складала патэнцыйны электарат нефармальных кандыдатаў, — інтэлігенцыя. Так, перадвыбарная канфэрэнцыя ад БДУ здолела абраць кандыдата толькі з трэцяй спробы. Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут — з другой. Галоўнай прычынай няпосьпеху была не адсутнасьць супольнага кандыдата, а сыстэматычная адсутнасьць кворуму. Рытуальнасьць удзелу падкрэсьлівалася тым, што ў шэрагу выпадкаў кворуму, які быў на пачатку сходу, ужо не хапала для галасаваньня наконт абраньня кандыдата, г. зн. людзі сыходзілі да канца мерапрыемства[4].
Фактычна гэта магло значыць толькі тое, што сход меў у значнай ступені прымусовы, арганізаваны кіраўніцтвам характар.
Форма рэгістрацыі ўсё ж такі пакідала магчымасьці для вялікай асабістай актыўнасьці, адкрываючы шлях у палітыку мэтанакіраваным кандыдатам. Так, напрыклад, кандыдаты, якія не былі абраныя на канфэрэнцыі аднаго працоўнага калектыву, мелі шанец паспрабаваць у межах закону вылучыцца ў іншым. Так, Юры Хадыка, не абраны на аб’яднанай канфэрэнцыі прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук і Інстытуту гісторыі, быў вылучаны Інстытутам фізыкі.
Аналіз сацыяльна-прафэсійнага і пэрсанальнага складу вылучаных кандыдатаў паказвае, што барацьба за мандат не разглядалася як барацьба за ўладу. Дамінаваў „прадстаўнічы” матыў удзелу кандыдатаў. Вылучэньне разглядалася не як надзяленьне паўнамоцтвамі, а як ацэнка папярэдніх заслуг. Гэта пацьвярджалася і асаблівасьцямі канкурэнцыі, у якой адсутнічала супольная стратэгія нават з боку прадстаўнікоў партыйных і прамысловых установаў з мэтай перамогі. Аналіз вылучэньня кандыдатаў у Віцебскай вобласьці сьведчыць пра тое, што ў шэрагу акругаў вылучаліся кандыдаты, якія працавалі ў адной установе і нават былі зьвязаныя як кіраўнікі і падначаленыя. Так, па 170-й выбарчай акрузе адначасова балятаваліся першы і другі сакратар гаркаму партыі, па адной з акруг — сакратар райкаму партыі і адзін з загадчыкаў аддзелу таго ж самага райкаму, па 144-й акрузе — два кандыдаты ад райкаму партыі. Таксама шмат прыкладаў, калі ў адной акрузе вылучаліся прадстаўнікі ад аднаго прамысловага прадпрыемства. У шэрагу акругаў выступалі ў якасьці супернікаў партыйныя, камсамольскія і гаспадарчыя функцыянэры. Амаль ува ўсіх разгледжаных выпадках супернікі ад адной установы павінны былі спаборнічаць яшчэ зь некалькімі, у тым ліку альтэрнатыўнымі, кандыдатамі. Фактычна ўсё гэта пацьвярджала, што выбары нават кандыдатамі ўспрымаліся не як барацьба за ўладу, а як рытуал удзелу.
У выніку ў 310 акругах было вылучана 1680 кандыдатаў. Зь іх зарэгістраваны былі 1544. 88,5 % ад агульнай колькасьці кандыдатаў не былі раней дэпутатамі ВР БССР. На адзін мандат у сярэднім прэтэндавалі амаль 5 чалавек. Але ў шэрагу акругаў гэты лік даходзіў да 16. Толькі ў 20 акругах было вылучана па 1 кандыдату.
Паводле справаздачы ЦВК, адносна рэгістрацыі было пададзена 70 скаргаў, 24 зь якіх былі прызнаныя абгрунтаванымі. Большасьць зь іх датычылася адмоваў у рэгістрацыі, галоўнай прычынай якіх было непражываньне ў акрузе, дзе балятаваўся кандыдат (вынік супярэчлівасьці паміж вытворчым прынцыпам удзелу і тэрытарыяльным прынцыпам рэгістрацыі).
Фактычна, несфармаванасьць тэрытарыяльных традыцыяў прадстаўніцтва, замацаваная заканадаўствам і палітычнай практыкай выбараў 1990 г., склала падмурак для таго, каб, незалежна ад выкарыстоўванай рыторыкі (нацыянальнай, рэлігійнай ці інш.), патэнцыяльныя апазыцыйныя сілы пачалі фармавацца паводле сацыяльна-прафэсійнага прынцыпу, а потым зьвяртацца да электарату. Такая мадэль пакідала электарату пасіўную ролю, ролю ня ўдзельніка, а выбарніка-назіральніка. Гэта не спрыяла зьяўленьню масавых партыяў. Вынікам было аслабленьне патэнцыяльнай апазыцыі ўладзе.
Такім чынам, ужо першы этап кампаніі паказаў, што актыўнасьць беларускіх выбарнікаў нават на піку агульнасаюзнага ажыўленьня была пераважна арганізаваная зьверху і мела больш салідарныя, чым канкурэнтныя матывы. Салідарны матыў быў рысай паводзінаў ня толькі выбарнікаў, але і кандыдатаў.
Асаблівасьці агітацыйнай кампаніі
Рытуальна-мабілізаваны характар удзелу, перавага прафэсійнага прадстаўніцтва над тэрытарыяльным і іх наступствы паглыбіліся падчас агітацыйнай кампаніі. Адной з прыкметаў рытуальнага ўдзелу былі „клюбы выбарнікаў”. Іх утварэньне адбылося яшчэ падчас рэгістрацыі. Мэтай дзейнасьці клюбаў было азнаямленьне грамадзянаў з выбарчым заканадаўствам і арганізацыя сустрэчаў з кандыдатамі. Клюбы існавалі ўва ўсіх раёнах Менску, абласных цэнтрах. Але аналіз апублікаваных у друку справаздачаў аб дзейнасьці клюбаў сьведчыць, што асноўнымі прадстаўленымі ў іх кандыдатамі былі партыйныя функцыянэры.
Стварэньне ўмоваў для вылучэньня ня значыла роўных умоваў для агітацыі. Большасьць з кандыдатаў фактычна ня мелі рэальнай магчымасьці дайсьці да электарату. Партыйная сыстэма знаходзілася ў стадыі фармаваньня. Палітычныя рухі ня мелі сталага прадстаўніцтва ў падкантрольным уладзе друку. Незалежныя мэдыі пакуль не былі створаныя. Закон дазваляў вылучаць кандыдатаў нават ад невялікіх працоўных калектываў, якія, зразумела, не маглі быць рэсурсам пры агітацыі.
Доступ нефармальных сілаў да мэдыяў быў хутчэй сымбалічны, чым сапраўдны. Удзел З. Пазьняка ў перадачы „Крок” і публікацыя яго некалькіх артыкулаў у друку былі выключэньнем, якое падкрэсьлівае правіла. Нэгатыўная рэакцыя на іх у друку паводле памераў этэрнага часу і газэтных палосаў была значна большая за самі выступы. Колькасьць давераных асобаў кандыдатаў абмяжоўвалася лікам у 5 чалавек. Такім чынам, праблема агітацыі станавілася праблемай самога кандыдата і выбарчых камісіяў. У выніку агітацыйная кампанія адбывалася ў традыцыях савецкага гандлю. Закон прадугледжваў правы для ўсіх кандыдатаў. Але фактычныя магчымасьці зьвярнуцца да выбарнікаў залежалі ад статусу і асабістых сувязяў. Няроўнасьць паглыблялася распаўсюджаным у савецкія часы інстытутам кланавасьці і знаёмства, які, дарэчы, таксама меў вытворча-прафэсійны характар.
У залежнасьці ад магчымасьцяў правядзеньня агітацыйнай кампаніі і яе стылю вызначыліся тры групы кандыдатаў: 1) высокія дзяржаўныя функцыянэры; 2) кіраўнікі; 3) простыя грамадзяне.
Першая група мела найбольшыя магчымасьці агітацыі. Фактычна, яе прадстаўнікам агітацыя была непатрэбная. Яе складалі прадстаўнікі ад улады, кандыдаты, што займалі пасады ў цэнтральных і рэгіянальных партыйных і адміністрацыйных установах. Рэгулярная прысутнасьць у друку, магчымасьць, выкарыстоўваючы службовыя пасады, езьдзіць па краіне і арганізоўваць сходы давала ім найбольшыя шанцы. Але гэтая няроўнасьць разглядалася ў якасьці нармальнай. У некаторых абласьцях разгараліся спаборніцтвы паміж калектывамі за вылучэньне функцыянэраў абласнога ўзроўню. Фактычна, прадстаўнікоў гэтай групы можна было лічыць абранымі да выбараў. Толькі найбольш адыёзныя зь іх маглі не прайсьці.
Магчымасьці агітацыі наступнай групы былі не такія вялікія. Да яе адносіліся прадстаўнікі прамысловай і сельскагаспадарчай эліты, кіраўнікі дзяржаўных установаў. Акрамя сродкаў дзяржавы, іх перадвыбарным рэсурсам былі службовыя магчымасьці, інстытут знаёмства. Яны маглі дазволіць сабе „бясплатную” сустрэчу з выбарнікамі вялікага прадпрыемства, якое ўзначальвалі ці з кіраўніцтвам якога мелі сувязі, дарма што іх права так дзейнічаць ня ўсімі разглядалася як законнае. (Існуюць зьвесткі пра абурэньне выкарыстаньнем службовых пасадаў кіраўнікамі (гл.: Звязда. 1990. 21 лютага), але раздражненьне выкарыстаньнем службовага становішча палітычнай элітай калі і існавала, то праходзіла больш незаўважна.)
У найгоршым становішчы паводле магчымасьцяў агітацыі знаходзілася трэцяя група кандыдатаў, у якую ўваходзілі працоўныя, інтэлігенцыя і да т. п. На кампанію яны маглі патраціць толькі сродкі выбаркамаў. Менавіта прадстаўнікі гэтай групы складалі аснову кандыдатаў ад нефармальных рухаў. У кандыдатаў „не ад улады” не было магчымасьці быць пачутымі. Трэба было ці скарыцца з гэтым (гэта адсеяла шэраг кандыдатаў, пераважна слабаматываваных ува ўдзеле ў выбарах), ці шукаць нейкую форму актыўнасьці, якая дазволіла б данесьці заклікі да значнай колькасьці выбарнікаў. Такой формай агітацыі стаў „неканвэнцыянальны” палітычны ўдзел. Менавіта першыя парлямэнцкія выбары заклалі асновы ілюзіі выніковасьці „мітынговай пратэстнай дэмакратыі”, што захоўвае сваю моц дагэтуль.
Палітолягі, разглядаючы асаблівасьці разьвіцьця грамадзянскай палітычнай культуры, адзначаюць, што, сярод іншых чыньнікаў, асновай яе існаваньня ёсьць аднолькавасьць сацыялізацыі эліты і масаў, аднастайнае разуменьне таго, як адбываецца перадача ўлады і што бывае зь неэфэктыўнай элітай. Сацыялізацыя савецкіх грамадзянаў і эліты таксама адбывалася ў межах адной мадэлі. Іх аб’ядноўвала ідэя важнасьці палітычнага ўдзелу. Палітычнае дзеяньне для савецкага чалавека — гэта, перш за ўсё, калектыўнае дзеяньне на дэманстрацыі, мітынгу, шэсьці. Для прадстаўнікоў некіраўнічых колаў мітынгі і шэсьці былі амаль адзінай формай палітычнага ўдзелу.
Для ўладнай эліты на працягу савецкіх часоў масавы ўдзел быў адначасова і формай, і сродкам легітымацыі. Закладзеная ў сьвядомасьць значнасьць удзелу падкрэсьлівалася і маскоўскім цэнтрам, які дэкляраваў прынцыпы галоснасьці, усеагульнага прадстаўніцтва, абавязваючы эліту дзейнічаць у гэтым кірунку. Забараніць мітынг на пачатку 1990-х гг. значыла парушыць ня толькі прынцып існаваньня сыстэмы, але і загад цэнтру.
У выніку, выбарчая кампанія праходзіла на фоне агульнасаюзнага масавага неканвэнцыянальнага ўдзелу. Асноўнай формай перадвыбарнай камунікацыі нефармальных кандыдатаў стала праграма „ад дзьвярэй да дзьвярэй” і мітынгі, якія на працягу тэрміну агітацыі адбываліся амаль штотыднёва ў Менску, у абласных і шэрагу раённых цэнтраў (Ліда, Смаргонь, Іўе, Бабруйск, Жабінка, Белаазерск і інш.).
Галоўнымі арганізатарамі масавых (10 і 25 лютага) мерапрыемстваў былі нефармальныя сілы, у першую чаргу БНФ. Амаль усе мітынгі былі масавымі. Так, 25 лютага толькі паводле афіцыйных зьвестак сабралася 12-15 тысяч чалавек, арганізатары называлі лік 100 тысяч. Спэктар пытаньняў быў дастаткова шырокі: ад пратэсту супраць несумленнай дзейнасьці Цэнтравыбаркаму, супраць эканамічнай палітыкі ўраду да барацьбы з наступствамі ЧАЭС, патрабаваньняў ліквідацыі КПСС.
Партыйная эліта, сацыялізаваная ў той самай мадэлі, амаль не супрацьдзейнічала. У мітынгах бралі ўдзел прадстаўнікі цэнтральнай (у Менску) ці рэгіянальнай партыйнай эліты, якія выходзілі „супакойваць народ”. І, нягледзячы на нэгатыўную рэакцыю ўдзельнікаў, яны рабілі прамовы.
Шэраг мітынгаў меў палітычныя наступствы, паводле іх вынікаў уладамі былі прынятыя палітычныя рашэньні. Так, напрыклад, Магілёўскі абкам КПБ у адказ на пагрозу мітынгоўцаў распачаць палітычны страйк, калі ня будзе скліканая сэсія абласной Рады народных дэпутатаў, вымушаны быў сабраць яе і абмеркаваць узьнятыя мітынгоўцамі праблемы, але на дзень пазьней заяўленага на мітынгу тэрміну.
Дазвол мітынгаў сумяшчаўся зь іх масіраваным нэгатыўным абмеркаваньнем з боку СМІ. Вынікам стала легітымізацыя такога сродку палітычнага ўдзелу, як масавая нэгатыўная падтрымка (г. зн. падтрымка выступленьняў „супраць” чагосьці), ілюзія яе выніковасьці. Улічваючы, што гэта былі фактычна першыя крокі беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху (у БССР не існавала моцнага дысыдэнцкага руху), выбар нефармальнымі арганізацыямі пераважна пратэстнага спосабу палітычнай камунікацыі і адсутнасьць захадаў для наладжваньня кантактаў з кіраўнічай элітай былі заканамерныя.
Улада таксама была не зацікаўленая ў сувязях зь нефармаламі. З адзначаных намі вышэй прычын падзеі масавага пратэсту не былі выкарыстаныя прадстаўнікамі мясцовых элітаў, каб паспрабаваць захапіць рэспубліканскія кіраўнічыя пасады (як гэта адбылося, напрыклад, у Расеі і ўва Ўкраіне). Насупраць, на шэрагу мітынгаў (напрыклад у Магілёве) ставіліся пытаньні аб даверы мясцовым парткамам.
Сумяшчэньне халісцкага разуменьня грамадзтва з двудушнай пазыцыяй улады, якая ўдзень сваім удзелам надавала мітынгам правамерны характар, а ўвечары выступала супраць іх у СМІ, стала прычынай супярэчлівай рэакцыі грамадзтва. Як мы ўжо адзначылі, нацыянальная і рэлігійная гамагеннасьць БССР не стварала ўмоваў для крызысу інтэграцыі. Абыякавасьць большай часткі грамадзтва да нацыянальных каштоўнасьцяў фармавала фон нацыянальна-дэмакратычнага супраціву і мела вынікам падзел грамадзтва на тых, хто мітынгуе, і тых, хто назірае, і пераважна назірае зь непаразуменьнем. (Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 1994 г. паказваюць значнасьць больш зразумелых для электарату матэрыяльных падзелаў (на карумпаваную ўладу і бедны народ).) Вынікам стала складаньне на пачатку зараджэньня незалежнай краіны традыцыяў хутчэй палітычнага назіраньня (пасіўнай падтрымкі), чым палітычнага ўдзелу (актыўнай падтрымкі). Другім вынікам стаў недавер агітацыі з боку афіцыйных СМІ (гэта адлюстравалася, напрыклад, падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў у выглядзе фэномэну нэгатыўнай адаптацыі).
Галасаваньне і вынікі выбараў
У выбарах у ВР БССР, якія адбыліся 4 сакавіка 1990 г., узялі ўдзел 87 % выбарнікаў. Найбольшы ўзровень абсэнтэізму адзначаны ў палітычна актыўным (паводле колькасьці мітынгаў і іх удзельнікаў) Менску, дзе ў выбарах узялі ўдзел 75,3 % выбарнікаў. Найменшы — у Менскай і Берасьцейскай абласьцях, дзе назіралася максымальная яўка, адпаведна 92,6 % і 90,5 %.
Паводле вынікаў першага туру выбараў дэпутатамі былі абраныя 98 чалавек. 45 кандыдатаў былі абраныя ад грамадзкіх аб’яднаньняў да пачатку выбараў. Склад кандыдатаў ад грамадзкіх аб’яднаньняў ня выявіў электаральных прэфэрэнцый большасьці выбарнікаў (хоць і паўплываў на падзеі ў парлямэнце), таму мы спынімся на аналізе складу кандыдатаў, абраных ад тэрытарыяльных выбарчых акругаў. У 194 акругах кандыдаты не былі абраныя. Меліся праводзіцца паўторныя выбары. У 18 акругах, дзе балятаваліся 1-2 кандыдаты, ніводны не набраў неабходнай для перамогі колькасьці галасоў. Гэта значыла, што выбары ў гэтых акругах не адбыліся.
Паводле вынікаў першых двух тураў былі запоўнены 288 з 360 месцаў у парлямэнце, астатнія дэпутаты павінны былі быць даабраныя падчас давыбараў, якія адбываліся 22, 28 красавіка, 5, 11—13 траўня 1990 г. Аднак падмурак для палітычнай інтрыгі, якая разгортвалася ў парлямэнце, быў закладзены менавіта па выніках першых двух тураў, якія вызначылі расстаноўку сілаў.
З 98 дэпутатаў, якія прайшлі ў першым туры, 34 дэпутаты займалі высокія пасады ў партыйных установах. Пераважную большасьць зь іх складалі першыя сакратары раённых ці абласных камітэтаў партыі. Асноўная маса партыйных функцыянэраў ішла ад раённых партыйных арганізацыяў.
Адміністрацыйная эліта значна адставала ад партыйнай, ад яе было абрана 23 дэпутаты. Аднак разам кандыдаты ад старой улады складалі больш за палову дэпутатаў, абраных у першым туры.
Сярод кіраўнічай групы дэпутатаў — старшыняў калгасаў і прадпрыемстваў — назіраецца ўстойлівая перавага старшыняў калгасаў: 11 супраць 3. Амаль усе яны выбіраліся ў акругах, што супадалі зь месцам знаходжаньня прадпрыемства. Тая ж самая тэндэнцыя характэрная і для дэпутатаў, якія ачольвалі ўстановы, ня зьвязаныя з вытворчасьцю.
Фактычна вынікі першага туру былі адбіткам дзейнасьці адзначаных намі мадэляў перадвыбарнай агітацыі, у якой найбольшы посьпех мелі кандыдаты, што выкарыстоўвалі свой палітычны статус і службовае становішча. Найменшую выніковасьць паказаў камунікацыйны стыль агітацыі. Так, у першым туры перамаглі толькі 7 кандыдатаў, якіх можна было адзначыць як прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Толькі 2 зь іх (З. Пазьняк і С. Навумчык) мелі магчымасьці праводзіць узьдзеяньне праз пратэстную мабілізацыю, 4 займалі пасады, што дазвалялі мець вядомасьць задоўга да выбарчай кампаніі (2 дацэнты ВНУ, кіраўнік Штабу грамадзянскай абароны райцэнтру, супрацоўнік газэты).
Нягледзячы на пратэстную рыторыку падчас выбараў, выніковасьць стратэгіяў кандыдатаў-функцыянэраў сьведчыла пра наяўнасьць ува ўлады магчымасьцяў, рэсурсаў і матывацыі для ўзнаўленьня, нават пры зьмене правілаў адбору функцыянэраў. Але выбары ў ВР БССР паказалі наяўнасьць рознай матываванасьці атрымаць прадстаўнічую ўладу ў рэгіянальных групах кіраўнічай эліты. Параўнаньне складу кіраўнікоў, абраных у першым туры, паказвае, што найбольшая каардынацыя стратэгіяў назіралася сярод абласной эліты Магілёўскай вобласьці. Ад яе ў парлямэнт прайшла найбольшая колькасьць (5 чалавек) прадстаўнікоў абласной партыйнай (3) і адміністрацыйнай эліты. У асноўным гэта былі функцыянэры першых пазыцыяў (першы сакратар, сакратары, старшыня аблвыканкаму). Ня менш высокім было прадстаўніцтва і ад раёнаў Магілёўскай вобласьці (4 функцыянэры ад раённай, 1 — ад гарадзкой партыйнай эліты і 1 — ад раённай адміністрацыйнай). У астатніх рэгіёнах выніковасьць абласной эліты не перавышае 2 (Менская вобласьць) — 4 (Гомельская вобласьць) абласных функцыянэраў. Аднак у колькасна параўнальным (паводле колькасьці дэпутатаў-функцыянэраў) з Магілёвам Гомелі значную частку дэпутатаў складалі функцыянэры другога пляну: 2 намесьнікі старшыні аблвыканкаму і сакратар абкаму, загадчык аддзелу. Гомельская вобласьць была таксама найбольш пасьпяховай паводле колькасьці дэпутатаў ад райкамаў і райвыканкамаў, але значная іх частка прадстаўляла раёны, пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС, дзе экалягічныя і эканамічныя праблемы павышалі для насельніцтва значнасьць мясцовай улады. У Берасьцейскай, Віцебскай, Менскай абласьцях выніковай пры змаганьні за мандаты аказалася толькі абласная адміністрацыйная эліта. Найменшую выніковасьць па прасоўваньні партыйнай і адміністрацыйнай эліты прадэманстравалі Менск і Менская вобласьць. У Менску ў першым туры былі абраныя толькі па 2 прадстаўнікі ад абласной адміністрацыйнай і гарадзкой партыйнай эліты, 1 — ад раённай. Гэта найменшы паказьнік у першым туры сярод абласьцей і паводле выніковасьці, і паводле каардынацыі пазыцыяў. З 6 абраных у першым туры функцыянэраў цэнтральных менскіх партыйных і адміністрацыйных установаў улады ніводны не выбіраўся ў Менскім рэгіёне. Наогул, у Менску і Менскай вобласьці паводле вынікаў першага туру адзначалася найменшая колькасьць абраных дэпутатаў.
Такім чынам, пратэстная мабілізацыя ў сталіцы мела вынікам ня столькі абраньне супрацьуладных кандыдатаў, колькі больш скептычнае стаўленьне да астатніх, якія перашкодзілі абраньню функцыянэраў у першым туры. Фактычна, магчымасьць масавай няяўкі выбарнікаў на парлямэнцкія выбары 1995 г. і фактары абсэнтэізму можна было прагназаваць ужо паводле вынікаў 1990 г.
Другі тур сьведчыў пра большую канкурэнтнасьць у параўнаньні зь першым. У другім туры быў абраны 131 дэпутат. Пераважную колькасьць тут складалі тыя, хто не займаў пасадаў у дзяржаўных уладных установах. У другім туры ў парлямэнт прайшло толькі па 17 прадстаўнікоў партыйнай і адміністрацыйнай эліты, у тым ліку толькі 4 функцыянэры абласнога ўзроўню.
„Пасьпяховая” ў першым туры Магілёўская вобласьць дэманструе адваротную тэндэнцыю: у другім туры ад яе прайшлі ў парлямэнт толькі 1 абласны функцыянэр (намесьнік старшыні аблвыканкаму), 1 старшыня гарвыканкаму і ніводнага кандыдата ад раённых партыйных і дзяржаўных установаў. У астатніх абласьцях прайшло ад 3 (Гарадзенская вобласьць) да 5 (Менск) функцыянэраў раённага і гарадзкога ўзроўню. Разам з гэтым у другім (больш канкурэнтным) туры па Магілёўскай вобласьці адзначылася і найменшая колькасьць выбраных іншых кандыдатаў (пераважна кіраўнікоў прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў). У параўнаньні з выніковым першым турам такі расклад у Магілёўскай вобласьці можа сьведчыць толькі пра спалучэньне ляяльнасьці электарату з большай (у параўнаньні зь іншымі абласьцямі) дысцыплінаванасьцю абласной і раённай партыйна-гаспадарчай эліты.
Найбольшае прадстаўніцтва функцыянэраў пасьля другога туру адзначалася ў Менску (5), Гомельскай (5) і Віцебскай (6) абласьцях. Але ў гэтых выпадках цяжка казаць пра скаардынаванасьць іх дзейнасьці. Ува ўсіх адзначаных рэгіёнах былі роўна прысутныя і партыйныя, і адміністрацыйныя эліты, але іх статус не перавышаў раённага ўзроўню. Найбольшую вагу атрымалі прадстаўнікі ад інтэлігенцыі (усяго 43 дэпутаты, у тым ліку 23 — кіраўнікі невытворчых бюджэтных установаў) і працоўныя (17 дэпутатаў). Паводле колькасьці гэтых дэпутатаў не ад улады лідэрам быў Менск, дзе ў другім туры была абрана і найбольшая колькасьць дэпутатаў (27 чалавек). Больш за тое, аналіз наступнай дзейнасьці парлямэнту паказвае, што менавіта дэпутаты-менчукі ад гэтых груповак, абраныя ў другім туры, фігуравалі ў якасьці ўдзельнікаў ініцыятываў супраць цэнтралізацыі ўлады з боку прэзыдэнта ў канцы 1994 — пачатку 1995 г.
Паводле вынікаў другога туру сярод дэпутатаў найменш былі прадстаўленыя прамысловыя і сельскагаспадарчыя кіраўнікі. Ува ўмовах эканамічнага крызысу краіны зь пераважна перапрацоўчай прамысловасьцю найменш зацікаўленыя ў палітычным удзеле былі кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў (10 дэпутатаў), якія, як і ў першым туры, істотна адставалі ад сваіх калег, што ўзначальвалі сельскагаспадарчыя ўстановы (18 дэпутатаў). Існуе думка пра ўплыў на разьмеркаваньне мандатаў паміж прамысловым і сельскагаспадарчым кіраўніцтвам пратэстных настрояў, выкліканых наяўнасьцю нефармальных арганізацыяў у невялікіх гарадох, але посьпех партыйных і адміністрацыйных функцыянэраў менавіта ў больш прамысловых усходніх абласьцях (Магілёўскай, Гомельскай) указвае на слабую зацікаўленасьць прамыслоўцаў ува ўладзе, на што паўплывала шмат фактараў, ад эканамічнага становішча краіны і да ранейшага палітычнага лёсу асобных прамысловых кіраўнікоў.
Большасьць з „прамыслоўцаў” ачольвала аб’екты, чыя дзейнасьць мелася забясьпечваць сельскую гаспадарку. Прысутнасьць у парлямэнце кіраўніцтва прадпрыемстваў рэспубліканскага значэньня (напрыклад Дзьмітрыя Сыраквашы, кіраўніка БелАЗу) была хутчэй выключэньнем, чым правілам.
Давыбары, якія адбыліся ў канцы красавіка — пачатку траўня 1990 г., яшчэ больш замацавалі тэндэнцыі, што склаліся на пачатку кампаніі. Пераважная большасьць абраных у гэтую пару дэпутатаў былі прадстаўнікі выканкамаў і сілавых структураў, што замацавала кіраўнічы склад парлямэнту.
* * *
Такім чынам, асаблівасьці палітычнага ўдзелу грамадзянаў і адсутнасьць палітычнай зацікаўленасьці сярод эканамічна ўплывовых групаў стварыла пераважна функцыянэрскі парлямэнт, у якім таксама, як і ў грамадзтве, фармаваньне фракцыяў магло адбывацца пераважна паводле статуснага прынцыпу, у залежнасьці ад займанай пасады. Альтэрнатыўныя ж сілы, нягледзячы на свае камунікацыйныя магчымасьці прыцягнуць увагу да праблемаў краіны, былі занадта невялікія колькасьцю і лякалізаваныя ў сталіцы. Таму яны не маглі ні ўплываць на ход палітычных працэсаў (зь першай прычыны), ні прыцягнуць на свой бок прадстаўнікоў рэгіянальнай улады (з другой).
1 Больш падрабязна гл.: Urban M. An algebra of soviet power. Elite circulation in Belorusian Republic 1966-1986. — Cambridge University, 1989; Натчык П. Беларуская намэнклятура і лініі разломы ў яе асяродзьдзі // Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г. — Менск: Аналітычная група, 2001.
2 Больш падрабязна пра вынікі гэтага фактару гл.: Натчык П. Ранейшыя мясцовыя выбары: Ход і вынікі // Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі. — Менск : Аналітычны грудок, 2003.
3 Советская Белоруссия. 1990. 27 января.
4 Советская Белоруссия. 1990. 12 января.