Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму


Расклад і тэндэнцыі пасьля выбараў і рэфэрэндуму 2004 г.

Пасьля рэфэрэндуму 1996 г. у Беларусі зьнікла палітыка як працэс здабыцьця ўлады і карыстаньня ёю, які адбываецца ўва ўмовах электаральнай альбо элітнай канкурэнцыі. У Беларусі з 1996 г. палітыкай насамрэч займаецца толькі адзін чалавек — кіраўнік дзяржавы. Астатнія альбо спрабуюць здабыць вагары адміністрацыйнага ўплыву праз збольшага цырыманіяльныя палітычныя інстытуты (такія, як парлямэнт і выбары), альбо спрабуюць выкарыстаць цырыманіял як сродак піяр-кампаніі. Аднак пасьля кожнага электаральнага цыклу расклад сілаў застаецца нязьменны: палітыкай у беларускай дзяржаве і надалей займаецца адзін чалавек.

Выбарчая кампанія 2004 г. — ужо трэцяя ў найноўшай гісторыі Беларусі, калі парлямэнцкія выбары сумяшчаюцца з рэфэрэндумам. Ці выпадковае такое сумяшчэньне? Здавалася б, у ім няма нічога асаблівага. У рэшце рэшт, выбары, давыбары і перавыбары ў парлямэнт праводзіліся найчасьцей: за апошнія 10 гадоў Беларусь перажыла як мінімум пяць такіх кампаніяў (выбары ў Вярхоўную Раду ў траўні 1995 г., давыбары ў сьнежні таго ж году, недарэчныя, як выявілася, давыбары ў лістападзе 1996 г., выбары ў палату прадстаўнікоў 2000 г., нарэшце, выбары 2004 г.), прапаноўваючы такім чынам найлепшыя варункі для сумяшчэньня з рэфэрэндумамі „ў мэтах эканоміі сродкаў”. Аднак варта прасачыць і іншую заканамернасьць. Кожны з трох рэфэрэндумаў (на якія ў цэлым было вынесена дванаццаць пытаньняў, зь іх дзевяць — прэзыдэнтам Лукашэнкам) перасьледаваў за мэту зьнішчэньне палітычных альтэрнатываў прэзыдэнцкаму панаваньню. Галасаваньне 1995 г. зьліквідавала хісткую і частковую культурна-ідэалягічную гегемонію нацыянальна-дэмакратычнага палітычнага дыскурсу, што ўсталявалася ў 1990—1991 гг. з прызнаньнем беларускай мовы як дзяржаўнай, прыняцьцем нацыянальнай сымболікі ды, нарэшце, абвяшчэньнем незалежнасьці. Рэфэрэндум 1995 г. быў адзіным, які меў на ўвазе стварэньне пэўнага ідэалягічнага і інфармацыйнага фону з мэтай дыскрэдытацыі палітычных апанэнтаў прэзыдэнта (у той час — партыі БНФ) і недапушчэньня іх у парлямэнт. Сама празь сябе гэтая тактыка мела толькі частковы посьпех. Тым ці іншым шляхам, БНФ ня быў дапушчаны ў Вярхоўную Раду 13-га скліканьня, што не змагло, аднак, перадухіліць стварэньня парлямэнцкай апазыцыі прэзыдэнцкай вэртыкалі, якая складала дзьве траціны ад абраных дэпутатаў. З аднаго боку, народная падтрымка лідэра не гарантавала ляяльнасьці ў іншай сытуацыі выбару, дзе Лукашэнка наўпрост не прысутнічаў. Заяўленая ляяльнасьць палітычных суб’ектаў магла быць у любы час перагледжана. Акрамя таго, сама празь сябе прырода лукашэнкаўскай улады аказалася такой, што яна была несумяшчальная ня проста з ідэалягічнымі альтэрнатывамі, а зь любымі зонамі інстытуцыянальнай аўтаноміі, непадкантрольнымі наўпрост ружоваму будынку на Карла Маркса, 38 у Менску (ён не стварыў ані прапрэзыдэнцкай партыі, ані моцнай фракцыі ў парлямэнце менавіта таму, што само разуменьне палітычнай канкурэнцыі, дзеля якой ствараюцца партыі, не пасуе яго бачаньню ўлады).

Дзеля гэтага наступныя рэфэрэндумныя кампаніі мелі на ўвазе ўжо зьнішчэньне менавіта інстытуцыянальных альтэрнатываў. Рэфэрэндум 1996 г. зьнішчыў іх „у прасторы” — ён зьліквідаваў аўтаномію парлямэнту і Канстытуцыйнага суду — двух інстытутаў, якія знаходзіліся па-за простым прэзыдэнцкім кантролем у першыя два гады прэзыдэнцтва Лукашэнкі і само існаваньне якіх выяўляла сумнеўную легальнасьць той практыкі панаваньня, якую Лукашэнка ўвёў (нагадаем: у першыя два гады Канстытуцыйны суд прызнаў неадпаведнымі Канстытуцыі каля дваццаці прэзыдэнцкіх указаў, Вярхоўная Рада неаднаразова пераадольвала яго вэта, аднак прэзыдэнт настойваў, каб органы вэртыкалі бездакорна выконвалі яго загады). Рэфэрэндум 2004 г. зьнішчыў інстытуцыянальныя альтэрнатывы „ў часе” — ён зьліквідаваў недарэчным чынам пакінутую ў Канстытуцыі перашкоду для пажыцьцёвага панаваньня прэзыдэнта, а значыць, і для захаваньня існай сыстэмы ўлады на нявызначаны прамежак часу. Парлямэнцкія выбары — лягічны мэханізм прадукаваньня палітычных альтэрнатываў — пры сумяшчэньні з рэфэрэндумам гублялі сваю значнасьць — як для грамадзтва, так, шмат у чым, і для палітычных суб’ектаў, — думаю, не памылюся, калі скажу, што ў 1995 г. БНФ сам бы добраахвотна адмовіўся ад прэтэнзіяў на дэпутацкія мандаты, калі б гэта дапамагло захаваць нацыянальныя сымбалі і дзяржаўнасьць мовы. Таксама і ў 2004 г. з моманту абвяшчэньня рэфэрэндуму выбары ў палату прадстаўнікоў згубілі той сэнс, які б яны маглі мець у іншых варунках.

І ў той жа час, нязьвязаныя з рэфэрэндумам кампаніі нейкім чынам прыводзілі да стварэньня сыстэмнай апазыцыі. Так было ў 1995 г., калі дэмакратычныя фракцыі былі амаль цалкам абраныя ў сьнежні. Так было і ў 2000 г., калі, нягледзячы на байкот дэмакратычнымі сіламі і звышсумнеўную дэмакратычнасьць самой працэдуры, у новым складзе палаты прадстаўнікоў у рэшце рэшт зьявілася апазыцыйная фракцыя. Акрамя ўсяго іншага, ступень мабілізацыі прэзыдэнцкай улады (што ў Беларусі азначае ўлады ўвогуле) на нерэфэрэндумных кампаніях была значна меншай.

Пачынаючы з 1996 г. аніводныя выбары, аніводны рэфэрэндум, што праводзіліся ў Беларусі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю як свабодныя і справядлівыя (выключэньне складалі, вядома, Расея і краіны СНД). Нелегітымнасьць улады Лукашэнкі стала аб’ектам палітычнага ціску і, на пэўны пэрыяд часу, пунктам адліку, ад якога апанэнты прэзыдэнта спрабавалі будаваць свае палітычныя стратэгіі. З пункту гледжаньня права, гэта было слушна. Нагадаем, што рэфэрэндум 1996 г. быў прызнаны як абавязковы прэзыдэнцкім указам, які скасаваў пастанову Канстытуцыйнага суду (на што Лукашэнка ня меў законнага права), і што нават бюлетэні для галасаваньня былі надрукаваныя з заўвагай аб кансультацыйным характары рэфэрэндуму. З пункту гледжаньня палітоляга, аднак, праблемы зь легітымнасьцю ўлады ўзьнікаюць не пры парушэньні дэмакратычных правілаў і нават нормаў закону, а калі яе апанэнты здольныя арганізаваць контргегемонію, якая не дазваляе ўладзе прыняць і выкарыстоўваць такія правілы гульні, якія яна пажадае. Палітычная і сілавая стратэгіі Лукашэнкі, такім чынам, пераадольвалі неабходнасьць у набыцьці дэмакратычнай легітымнасьці. Ягоныя нелегітымныя дзеяньні вялі да зьнішчэньня палітычных і інстытуцыянальных альтэрнатываў (тых самых, што здольныя супрацьстаяць гегемоніі прэзыдэнта), што надавала прэзыдэнцкай уладзе легітымнасьць іншага кшталту — не праз дэмакратычныя працэдуры, а праз фактычную безальтэрнатыўнасьць. З Лукашэнкам мусяць мець справы па-за межамі краіны, яму вымушаны падпарадкоўвацца ўнутры яе таму, што яго замена на пасадзе прэзыдэнта ня ёсьць магчымай.

Безальтэрнатыўнасьць, здавалася б, робіцца магчымай дзякуючы аднаму аспэкту лукашэнкаўскай улады, які быццам бы надае ёй рысы дэмакратычнай (ці, вызначым так, квазідэмакратычнай) легітымнасьці. У мінулым пасьля кожнай выбарчай кампаніі можна было чуць галасы, што, маўляў, выбарчыя працэдуры далёкія ад ідэалу, але калі б усё было паводле правілаў, Лукашэнка ўсё роўна перамагаў бы. Зазначым, аднак, што тут мы маем справы не з дэмакратычнай (ці нават квазідэмакратычнай), а, хутчэй, плебісцытарнай легітымнасьцю. Дэмакратычная легітымнасьць надаецца шляхам дэмакратычных працэдураў, якія могуць быць болей ці меней дасканалымі (адсюль і прыстаўка квазі-), аднак мусяць захоўваць элемэнты канкурэнтнасьці і выбару з больш-менш свабодна ўтвораных альтэрнатываў. Плебісцыт — гэта працэдура валідацыі ўлады, у якой альтэрнатыва альбо не прысутнічае, альбо фармуецца самой уладай. Гэта галасаваньне, у якім варыянты выбару — паміж лідэрам і невядомасьцю. Фактычна ўсе тры рэфэрэндумы ў гісторыі незалежнай Беларусі былі менавіта плебісцытамі — галасаваньнямі наконт даверу Лукашэнку. У кожнай з гэтых кампаніяў атмасфэра страху перад невядомасьцю і безальтэрнатыўнасьцю старанна фармавалася афіцыйнай прапагандай (выключэньне складаў бадай што рэфэрэндум 1995 г. — там альтэрнатыва была выразна вызначана ў выглядзе старанна дэманізаванага БНФ). Плебісцытарнасьць грунтуецца на ідэі (якую, дарэчы, старанна культываваў Лукашэнка з моманту прыходу да ўлады) аб тым, што воля народу, што ўвасобілася ў асобе лідэра, мае перавагу над іншымі правіламі, законамі, канстытуцыяй ды асабістымі правамі. Болей за тое, гэтая воля дае падставу, якая дазваляе лідэру ад імя народу ліквідаваць альтэрнатывы (размываецца мяжа паміж уладай і рэжымам — дзеяньні, накіраваныя на зьмену ўлады, хай і выключна канстытуцыйным шляхам, трактуюцца як антыдзяржаўныя, прыналежнасьць да апазыцыі ёсьць дастатковай прычынай для адмовы ў карыстаньні пэўнымі грамадзянскімі правамі, такімі, як права на працу ці свабоду асацыяцыяў, якія могуць быць вернутыя, і то неабавязкова, толькі пры падпарадкаваньні ўладзе). Пасьля гэтага ўтвараецца замкнёнае кола: калі надыходзіць час ізноў падтрымаць лідэра на выбарах ці рэфэрэндуме, абгрунтаваньне неабходнасьці падтрымаць яго базуецца, акрамя ўсяго, на адсутнасьці альтэрнатываў.

Пачынаючы з 1996 г. выбары ўсіх гатункаў у Беларусі таксама дэ-факта ператварыліся ў плебісцыты. Напярэдадні галасаваньня мэдыі заклікаюць выбарнікаў падтрымаць менавіта дзяржаўны курс (галасаваць супраць — гэта як быццам бы супраць дзяржавы). Канкурэнцыя нібыта прысутнічае (за выняткам мясцовых выбараў 1999 г., у якіх удзел апазыцыі быў фактычна забаронены дзякуючы норме закону, якая не дазваляла рэгістрацыі кандыдатаў, што мелі адміністрацыйнае ці крымінальнае пакараньне на працягу апошняга году), але яна старанна фільтруецца. Адсеў пачынаецца на далёкіх подступах да выбарчых скрыняў — дастаткова ўзгадаць падзеі 1999 г. альбо арышт Міхаіла Марыніча ў 2004-м. Мэханізмы рэгістрацыі і правілы правядзеньня агітацыі дазваляюць правядзеньне мэтадычнай сэлекцыі ў шэрагах апанэнтаў.

Рэфэрэндум наконт зьняцьця канстытуцыйных абмежаваньняў на знаходжаньне Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта (вызначаю менавіта так: вельмі сумнеўна, што любы іншы прэзыдэнт Беларусі будзе кіраваць паводле гэтай Канстытуцыі і з гэтымі паўнамоцтвамі) мусіў, здавалася б, даць адказ на пытаньне: ці можа такая самадастатковая мадэль рэпрадукцыі плебісцытарнай легітымнасьці працаваць бясконца? Сапраўды, на працягу трох мінулых гадоў прыхільнікі неабмежаванага знаходжаньня Лукашэнкі ля ўлады знаходзіліся ў выразнай меншасьці (да незалежных сацыёлягаў, што праводзілі апытаньні, вядома, могуць быць прэтэнзіі: у пытаньнях, як правіла, ня ўзгадваўся Лукашэнка, што заніжала працэнт тых, хто прагаласаваў бы „за”, аднак нават калі яго прозьвішча зьяўлялася, колькасьць тых, хто зьбіраўся галасаваць „супраць”, усё роўна заставалася большай за палову). Безумоўна, аўтар разумее, у якой краіне жыве, і далёкі ад думкі, што само празь сябе галасаваньне „супраць” магло б прывесьці да нейкіх палітычных зьменаў, нават калі б рэальная колькасьць супала б з прадказаньнямі незалежных апытаньняў. Але гэта магло справакаваць пэўныя тэктанічныя штуршкі ў грамадзкай сьвядомасьці, якія б цяжка было знэўтралізаваць аднымі рэпрэсіямі. Менавіта пачуцьцё падманутасьці разбурае плебісцытарную легітымнасьць і правакуе трывалы недавер да ўлады. Апошняя можа не пацярпець доўгім часам, паколькі ў яе распараджэньні застаецца рэсурс сілы і рэпрэсіяў. Але, як сьведчыць гісторыя, зьмена рэжымаў, што будуюцца выключна ці пераважна на сіле, пры супадзеньні пэўных абставінаў можа адбыцца хутка і нечакана (менавіта з гэтых меркаваньняў аўтар пасьлядоўна надае столькі ўвагі ўзроўню грамадзкай падтрымкі лукашэнкаўскай улады — фактару, які часьцяком ігнаруецца іншымі аналітыкамі з прычыны бессэнсоўнасьці самаго разважаньня аб ёй у палітычных варунках, падобных тым, што існуюць у сёньняшняй Беларусі). Цяпер відавочна, што, нягледзячы на ранейшы стан масавай сьвядомасьці, плебісцытарны мэханізм ізноў збольшага спрацаваў.

Безумоўна, важную ролю адыграла значнае паляпшэньне сацыяльна-эканамічнага становішча ў Беларусі перад восеньню 2004 г. (нагадаем, абвал рэйтынгу Лукашэнкі ў 2002 г. здарыўся шмат у чым дзеля эканамічных цяжкасьцяў, што насталі за прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 г., і адпаведна расчараваньнем насельніцтва на фоне шчодрых абяцаньняў павышэньня дабрабыту ў ходзе прэзыдэнцкай кампаніі). Сацыяльны кантракт застаецца важным аспэктам захаваньня стабільнасьці беларускага рэжыму, што пацьвярджае сам Лукашэнка, рэгулярна абяцаючы павышэньне заробкаў то да 100, то да 250, то да 750 даляраў у месяц. Зь іншага боку, камандная мадэль беларускай эканомікі дазваляе ажыцьцяўляць павышэньне ўзроўню жыцьця і правакаваць узрост сацыяльнага аптымізму акурат перад выбарчымі кампаніямі (што адбылося і ў 2001, і ў 2004 гг.). Аднак, згодна з дадзенымі сацыёлягаў, узьлёт падтрымкі прэзыдэнта адбыўся менавіта ў пэрыяд з 7 верасьня, калі быў абвешчаны рэфэрэндум, да моманту галасаваньня. Складваецца ўражаньне, што падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі ажыцьцяўляецца менавіта тады, калі ўлада часова ўстрымоўваецца ад прапаганды і піяр-кампаніяў. Паколькі кампанія вядзецца ў старанна сканструяваных умовах плебісцытарнай безальтэрнатыўнасьці, узьлёт рэйтынгу цалкам лягічны. Гэта не азначае, што лічбы, якія выдаваліся ў пэрыяд палітычнага зацішша, не адлюстроўвалі адпаведным чынам стан грамадзкага настрою ў той момант. Аднак яны відавочна не вызначалі верхняй мяжы сацыяльнага рэсурсу ўлады.

Як вынік, масавага пачуцьця падманутасьці вынікі рэфэрэндуму не справакавалі (калі, зразумела, не лічыць масай 35 % тых, хто адкрыта заявіў апытальнікам, што ня верыць афіцыйным дадзеным)[1].

Размовы пра фальсыфікацыі і парушэньні праходзяць міма вушэй тых, хто галасаваў за прапанову ўлады і, натуральна, схільны верыць, што ўсё было прыстойна. Болей за тое, паводле ўсіх іншых паказьнікаў стану масавай сьвядомасьці Беларусь быццам бы адкацілася да ўзроўню чатырох-пяцігадовай даўніны. Але гэта — з пункту гледжаньня тых, хто стаіць у апазыцыі да ўлады. Зь іншага боку, адсотак расчараваных вынікамі выбараў здаецца найбольшым за ўсе апошнія кампаніі. Калі б палітычныя варункі засталіся хаця б такімі, якімі яны былі ўвосень 2004 г., узьнікненьне той самай „фігі ў кішэні” ў будучым выглядае цалкам магчымым. Нягледзячы на 48—49 % тых, хто прагаласаваў „за” (паводле двух незалежных апытаньняў), амаль столькі ж жадаюць, каб у 2006 г. быў абраны новы прэзыдэнт. Таксама адсотак тых, хто жадае прагаласаваць за дэмакратычную апазыцыю на наступных прэзыдэнцкіх выбарах, выйшаў далёка за межы гіпатэтычнай памылкі і дасягнуў 32 % (што толькі на 10 % менш за колькасьць тых, хто зьбіраецца галасаваць за Лукашэнку). Можна зазначыць, што практыка фармаваньня „плебісцытарнай безальтэрнатыўнасьці” (выбару паміж Лукашэнкам і невядома чым) усё ж не да канца дасягнула сваіх мэтаў. Пэўная колькасьць грамадзянаў ужо гатовая падтрымліваць „невядома што” супраць кіраўніка дзяржавы. Паводле водгукаў некаторых былых апазыцыйных кандыдатаў, ім было дастаткова пазыцыянаваць сябе як „супраць Лукашэнкі”, каб прыцягнуць увагу і спачуваньне выбарнікаў. Нарэшце, заўважым: сытуацыя пяцігадовай даўніны вярнулася ў іншых сацыяльна-эканамічных варунках, пры іншай ступені кансалідацыі ўлады і з рэзка звужаным абшарам для апазыцыйнай і проста аўтаномнай грамадзкай і палітычнай дзейнасьці. Папросту кажучы, кошт падтрыманьня статус-кво за апошнія некалькі гадоў значна ўзрос.

З усяго вышэйсказанага вынікае простая выснова. Далейшае падтрыманьне статус-кво магчымае толькі пры пасьлядоўным і мэтанакіраваным зьнішчэньні тых зонаў аўтаноміі, што яшчэ засталіся ў Беларусі і што нават тэарэтычна здольныя выпрадукаваць палітычную альтэрнатыву лукашэнкаўскай уладзе альбо прыняць зьмястоўны ўдзел у рэалізацыі палітычных праектаў. Пытаньне нават ня ў тым, што ўлада ня можа сабе дазволіць нейкую лібэралізацыю грамадзкага і палітычнага жыцьця: патэнцыйную пагрозу ўяўляе нават кансэрвацыя кантролю на пэўным узроўні і адмова ад яго далейшага ўзмацненьня. Нават імітацыя дэмакратычных працэдураў можа прывесьці да зьяўленьня палітычнай апазыцыі. Нават загнаная ў рэзэрвацыю, грамадзянская супольнасьць здольная з часам самаарганізавацца настолькі, каб несьці пагрозу цяперашняму рэжыму.

Дарэчы, працэс звужэньня сацыяльнага абшару для самаарганізацыі грамадзтва рэзка паскорыўся адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. Нагадаем: закрыцьцё дзясяткаў няўрадавых арганізацыяў, рэзка пагоршаныя ўмовы існаваньня незалежнай прэсы, захады для абмежаваньня міжнародных кантактаў студэнтаў і навучэнцаў, гісторыя зь ліквідацыяй коласаўскага Ліцэю і Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, узмацненьне жорсткасьці пакараньняў журналістаў, выцясьненьне апошніх міжнародных дабрачынных арганізацыяў. Такім чынам адбываўся працэс ліквідацыі ня толькі попыту на сацыяльныя і палітычныя зьмены, але і прапанаваньня (болей дакладна, таго, што можа яго скласьці). Працэсы працягнуліся пасьля 17 кастрычніка: перарэгістрацыя нізавых суполак палітычных партыяў можа прывесьці да зьнікненьня нават намінальных зьяваў палітычнага плюралізму. Працягваецца і паглыбляецца палітыка закрыцьця грамадзтва ад навакольнага сьвету (варта нагадаць хаця б заклікі прэзыдэнта Лукашэнкі да спыненьня праграмаў гуманітарнай дапамогі і аздараўленьня дзяцей). Як пагроза пачала ўспрымацца нават спроба самарэфлексіі аб стане грамадзтва. Гэта, на думку аўтара, і справакавала атаку на НІСЭПД. Здавалася б, інстытут выдаў дадзеныя, якія па сутнасьці няшмат адрозьніваліся ад яго ранейшых дасьледаваньняў: Лукашэнка па ўсіх парамэтрах апераджае сваіх апанэнтаў, і падставаў для чаканьня нейкіх палітычных зрухаў няма. У мінулым гэтага было дастаткова, каб дадзеныя, што ставілі пад сумнеў афіцыйныя лічбы Цэнтравыбаркаму, ня выклікалі рэакцыі з боку ўладаў. Зразумела, гэтым разам НІСЭПД перайшоў пэўную мяжу, не пабаяўшыся апублікаваць вынікі апытаньняў, што нібыта сьведчылі ня проста пра завышэньне ўзроўню падтрымкі прэзыдэнта, а пра тое, што гэта магло паўплываць на вынік рэфэрэндуму. Аднак падобна на тое, што нэрвовая рэакцыя ідзе ўжо на само разьвянчаньне міту пра ненаяўнасьць у Беларусі попыту на палітычныя альтэрнатывы. Ува ўсё гэта лягічна ўбудоўваюцца новыя заканадаўчыя ініцыятывы (законапраект пра барацьбу з экстрэмізмам, папраўкі да законаў аб партыях ды грамадзкіх арганізацыях, прапановы наконт цэнзураваньня Інтэрнэту вядуць да фактычнай крыміналізацыі альтэрнатыўнай грамадзкай і палітычнай дзейнасьці). У 1996 г. Беларусь пазбавілася палітыкі. Да 2006 г. яна можа пазбавіцца і грамадзтва як супольнасьці, што існуе па-за дзяржаўным кантролем.

Адно з найболей пашыраных меркаваньняў аб беларускай апазыцыі сьцьвярджае, што лукашэнкаўскай уладзе яна патрэбная. Маўляў, такая апазыцыя заўсёды яму прайграе і ніколі ня будзе здольнай канкураваць зь ім за папулярнасьць у грамадзтве, ня кажучы ўжо аб змаганьні за ўладу. Лукашэнка сам калісьці нібыта пацьвердзіў гэтую тэзу, заявіўшы, што яму трэба маліцца на такую апазыцыю. І ўсё ж мы назіраем паступовы працэс ліквідацыі палітычных альтэрнатываў уладзе, нават такіх, здавалася б, неэфэктыўных і асуджаных на паразу. Чаму?

Магчыма, прычынай таму ёсьць нейкі экзыстэнцыйны страх. У рэшце рэшт, апазыцыя падобная да той чэхаўскай стрэльбы, якая ў трэцім дзеяньні мусіць непазьбежна стрэліць, хай нават і будучы незараджанай. У сёньняшняй беларускай улады няма „стратэгіі выхаду”, яна ня мысьліць свайго існаваньня без Лукашэнкі, таму што без Лукашэнкі яна немагчымая, а значыць, яна адмаўляецца вызначыць для сябе той часавы адрэзак, калі можа адбыцца яе зьмена (узрост кіраўніка дзяржавы дазваляе). Так што, калі трэцяе дзеяньне і наступіць, хай сабе празь пятнаццаць-дваццаць-трыццаць гадоў, гэта ня робіць пачуцьцё пагрозы менш вострым. Безумоўна, што і падзеньне некалькіх аўтарытарных рэжымаў за апошнія чатыры гады прымусіла беларускія ўлады думаць аб перадухіленьні пагрозаў. Пасьля рэвалюцыі ў Сэрбіі ў 2000 г. Лукашэнка вызначыў для сябе галоўны ўрок з падзеяў у тым, што „ўладу трэба бараніць”. Пасьля памаранчавай рэвалюцыі ўва Ўкраіне ў 2004 г. ён зразумеў, якія пагрозы можа несьці пэрсаналізаванай уладзе недастаткова падкантрольны ўладны апарат. Здавалася б, Беларусь ня Сэрбія альбо Ўкраіна. Але яна таксама не Ўзбэкістан і Туркмэністан. Тут нават невялікае адкрыцьцё сацыяльнай і палітычнай прасторы для аўтаноміі і канкурэнцыі выклікае ўзьнікненьне попыту на палітычныя альтэрнатывы. Тое, што гэты попыт застаецца незадаволеным, толькі прыводзіць да яго ўзрастаньня ў будучыні. Яго цалкам магчыма радыкальна зьменшыць безь ліквідацыі фармальнай апазыцыі; але зьліквідаваць яго можна толькі тады, калі з калектыўнай сьвядомасьці зьнікне памяць аб існаваньні прапанаваньня.

У нейкім сэнсе, аднак, апазыцыя можа занесьці палітычную кампанію 2004 г. сабе ў актыў. Паводле дадзеных Інстытуту Гелапа, якія не атрымалі вялікага рэзанансу, пераважная большасьць тых, хто на рэфэрэндуме прагаласаваў „супраць”, на парлямэнцкіх выбарах галасавалі за прэтэндэнтаў ад дэмакратычных сілаў — „5+”, Эўрапейскай кааліцыі ды „Рэспублікі”. Згодна з экзыт-поламі, за апазыцыйных кандыдатаў галасавала каля траціны выбарнікаў, альбо да 40 % тых, хто меў такую магчымасьць (нагадаем, што дэмакратычныя кандыдаты былі дапушчаныя да галасаваньня толькі ў 75 з 110 акругаў). Для тых, хто ня згодны з вэрсіяй Лідзіі Ярмошынай, відавочна, што сярод часткі грамадзтва, якая не падтрымлівае Лукашэнку, пошук палітычнай альтэрнатывы лягічна прыводзіць да падтрымкі дэмакратаў. Вось вам і слабасьць. Уявіце сабе баксэра, які быў бы выстаўлены супраць Майка Тайсана з завязанымі рукамі і ўсё ж зьвёў бы бой унічыю, калі б пункты лічыліся адпаведным чынам! Зь іншага боку — і кампанія 17 кастрычніка гэта таксама пацьвердзіла — маўклівы, пасіўны грамадзкі пратэст не надае сілы апазыцыі, а хутчэй наадварот, прыводзіць да яе далейшага вынішчэньня, правакуючы яе разбурэньне карнымі і адміністрацыйнымі сродкамі. Болей за тое, дадаліся і іншыя чыньнікі. Дэмакратычныя рэвалюцыі ў Грузіі і Ўкраіне прымушаюць усё яшчэ дзейных аўтакратаў чыніць папераджальныя меры для выкараненьня тых чыньнікаў, што робяць гэтыя рэвалюцыі магчымымі. Сюды трапляе ня толькі і, магчыма, ня столькі апазыцыя як такая, а любыя некантраляваныя асяродкі альтэрнатыўнай самаарганізацыі і мысьленьня. Гістарычнае паскарэньне працэсаў дэмакратызацыі, аб якім пасьля ўкраінскіх падзеяў лістапада — сьнежня 2004 г. казаў Зьбігнеў Бжазінскі, можа абярнуцца для Беларусі яшчэ больш імклівым гістарычным адкатам.

Апазыцыя ў Беларусі, хутчэй за ўсё, ня будзе фармальна зьліквідаваная. У рэшце рэшт, грамадзкая падтрымка, фармальна атрыманая ўладаю ў канкурэнтных выбарах, дагэтуль застаецца надзейным шчытом супраць больш жвавага ўмяшальніцтва ў беларускія справы вонкавых актараў. Калі ж падтрымка будзе здабывацца на безальтэрнатыўных выбарах, яе вартасьць будзе прыкладна раўняцца 100 % галасоў, што набраў Садам Хусэйн на рэфэрэндуме 2002 г. для падаўжэньня сваіх паўнамоцтваў. Таму фармальныя прыкметы канкурэнтнасьці, хутчэй за ўсё, застануцца. Аднак на палітычнай прасторы будзе толькі цалкам кантраляваная апазыцыя, згодная прызнаваць дасягненьні ўлады і прасіць прабачэньня за свае паводзіны ў мінулым, як патрабаваў прэзыдэнт у адозьве з нагоды падпісаньня вынікаў рэфэрэндуму 17 лістапада 2004 г. Цалкам верагодна, што такую апазыцыю ніхто і ня будзе ствараць: дастаткова некалькім прарэжымным партыям (такім, як КПБ) заявіць пра сваю „канструктыўную апазыцыйнасьць”, а іншым (напрыклад ЛДП) — нават пра дэмакратычную арыентацыю. Фармат прэзыдэнцкіх выбараў 2006 г. кшталту „Лукашэнка — Гайдукевіч — Катляроў (Касьцян)” будзе выглядаць надзвычай плюралістычным. Чаму не? У рэшце рэшт, нават у Туркмэністане выбары (праўда, толькі парлямэнцкія) праводзяцца фармальна на альтэрнатыўнай аснове.

На думку аўтара, вызначальным пытаньнем для беларускай апазыцыі на бліжэйшыя некалькі гадоў будзе выбар паміж дысыдэнцтвам і працягам спробаў удзельнічаць у палітычным жыцьці. Магчыма, цягам некалькіх наступных гадоў у Беларусі застанецца месца толькі для апазыцыі дысыдэнцкіх інтэлектуалаў, якія, прызнаючы сваю бездапаможнасьць, сыйдуць у сьвет „антыпалітыкі”, самаўстрымоўваючыся ад канфрантацыі з уладай і канструюючы паралельную, тайную, амаль падпольную жыцьцёвую прастору для ідэяў індывідуальнай свабоды і інтэлектуальнага плюралізму, магчыма, чакаючы, калі зьмены здарацца самі сабою. Аднак чаканьне можа быць вельмі доўгім. Кіраўніку дзяржавы яшчэ далёка нават да пэнсіі, прызначэньне пераемніка (нават сярод сыноў) неверагоднае цягам бліжэйшых пятнаццаці — дваццаці гадоў, надзея на элітныя ці вонкавыя варыянты палітычнай трансфармацыі даволі хісткая.

Пераход жа да вулічнай барацьбы сёньня проста немагчымы. Адлегласьць Чыжоўкі ды Малінаўкі ад Кастрычніцкай плошчы вызначаецца зусім не кілямэтрамі ці хвілінамі праезду на аўтобусе — яна мерыцца страхам і зьняверанасьцю ў саму магчымасьць зьменаў. Стаўшы ў позу „хай гара ідзе да Магамэта”, мы мала каго дачакаемся — як было і некалькі гадоў таму, калі хадзіць на мітынгі было нашмат менш небясьпечна. Чарговы пэрформанс з эксклюзіўным правам на інтэрпрэтацыю ў БТ загоніць беларусаў глыбей у страх і зьняверанасьць. Кадры „слабой” апазыцыі, што ня мае падтрымкі ў насельніцтва, папоўняцца яшчэ сотнямі мэтраў кінаплёнкі. Вулічны супраціў заўважаць хіба што за мяжой — і то ня ўсе. У сьвеце досыць дыктатураў, дзе прыхільнікі дэмакратыі змагаюцца сапраўды ў нечалавечых умовах.

Таму дарма што схема „югаслаўскага варыянту” ў Беларусі не спрацоўвае, а спробы яго імітацыі толькі пагаршаюць становішча апазыцыі, апошняя амаль асуджаная на працяг спробаў выбарчай барацьбы. Ёй давядзецца (наколькі гэта магчыма) займацца сызыфавай выбарчай працай, проста каб зьняпраўдзіць чуткі аб сваёй сьмерці. Магчыма, адзін раз камень можна будзе і дапхаць да гары — калі і не праз выбары, то шмат у чым дзякуючы ім. Сёньня, аднак, цяжка прадказаць, калі гэта адбудзецца. Дзясяткі паліталягічных тэорыяў могуць даць пэўнае ўяўленьне аб тых працэсах і чыньніках, што прывядуць да палітычных зьменаў у Беларусі, аднак яны апавядаюць хіба аб магчымых сцэнарах. У рэальнасьці Беларусь чакае доўгі пэрыяд палітычнага застою, калі не летаргіі.

1 Тут і далей прыводзяцца дадзеныя НІСЭПД.