Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму


Ход і вынікі парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму 2004 г.

Адметнасьцю гэтай выбарчай кампаніі было тое, што яна адбывалася адначасова з кампаніяй па правядзеньні рэфэрэндуму, які быў прызначаны ўказам прэзыдэнта ад 7 верасьня 2004 г. на тую ж дату — 17 кастрычніка 2004 г. Выступаючы ў жывым этэры беларускага тэлебачаньня 7 верасьня, А. Лукашэнка азнаёміў грамадзянаў Беларусі з сваёй прапановай — правесьці ўсенародны рэфэрэндум паводле наступнага пытаньня:

Разрешаете ли Вы первому Президенту Республики Беларусь Лукашенко А. Г. участвовать в качестве кандидата в Президенты Республики Беларусь в выборах Президента и принимаете ли часть первую статьи 81 Конституции Республики Беларусь в следующей редакции:

„Президент избирается на пять лет непосредственно народом Республики Беларусь на основе всеобщего, свободного, равного и прямого избирательного права при тайном голосовании”? (Тэкст пытаньня быў афіцыйна сфармуляваны толькі на расейскай мове.)

Гэтая ініцыятыва А. Лукашэнкі была скіраваная на скасаваньне шляхам рэфэрэндуму нормы папярэдняй рэдакцыі артыкулу 81 Канстытуцыі Беларусі пра недапушчальнасьць займаць пасаду прэзыдэнта адной асобай болей за два тэрміны. Паводле меркаваньняў некаторых экспэртаў (у тым ліку правазнаўцаў Беларускага Хельсынскага камітэту, іншых праваабарончых арганізацыяў, Грамадзянскай ініцыятывы „За справядлівыя выбары”), нават сама пастаноўка пытаньня, вынесенага на рэфэрэндум, супярэчыла патрабаваньням Канстытуцыі і Выбарчага кодэксу, які забараняе выносіць на рэфэрэндум пытаньні, зьвязаныя з абраньнем прэзыдэнта. Такое меркаваньне было падтрыманае Вэнэцыянскай камісіяй — паважанай эўрапейскай інстытуцыяй экспэртаў-юрыстаў, якая палічыла недапушчальным вынясеньне на рэфэрэндум пытаньня зьмены Канстытуцыі, зьвязанага з суб’ектыўнымі правамі адной асобы.

Такім чынам, пачынаючы з 7 верасьня ў Беларусі адбывалася сумешчаная выбарча-рэфэрэндумная кампанія.

Стварэньне акругаў і фармаваньне выбарчых камісіяў

У адпаведнасьці з артыкулам 15 Выбарчага кодэксу, у Беларусі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў ствараюцца 110 выбарчых акругаў, па якіх адбываюцца выбары дэпутатаў палаты прадстаўнікоў згодна з мажарытарнай сыстэмай. Межы выбарчых акругаў былі вызначаныя пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў ад 15 ліпеня 2004 г. „Аб стварэньні выбарчых акругаў па выбарах дэпутатаў палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі трэцяга скліканьня”.

Згодна з вызначэньнем Цэнтральнай камісіі ад 20 траўня 2004 г., сярэдняя колькасьць выбарцаў у адной выбарчай акрузе павінна была складаць 64 585 чалавек. Агульная колькасьць выбарцаў у Беларусі была разьлічаная як 7 125 056 чалавек. У параўнаньні зь мінулымі парлямэнцкімі выбарамі сьпісавы склад электарату паменшыўся на 249 144 чалавекі. Надалей агульны сьпісавы склад выбарчага корпусу быў істотна зьменены ў бок зьмяншэньня, аднак на гэтым этапе выбарчай кампаніі фігуравалі менавіта першыя лічбы. Пры гэтым відавочным нонсэнсам выглядала павелічэньне колькасьці выбарцаў у параўнаньні з выбарамі ў мясцовыя Рады 2003 г., калі ў сьпісы было ўнесена 7 104 428 чалавек, сярод якіх пэўную колькасьць складалі грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі. Такім чынам, рэальная колькасьць выбарцаў, якія фактычна жылі на тэрыторыі выбарчай акругі, не закладалася ў аснову „нарэзкі акругаў”, што стварыла пэўныя магчымасьці для „джэрымандэрынгу”. Адзначым, што праекты нарэзкі акругаў былі падрыхтаваныя абласнымі выканаўчымі камітэтамі і Менгарвыканкамам, а асновай для гэтых прапановаў павінен быў стаць сьпіс выбарцаў паводле стану на час правядзеньня мінулых выбараў.

Артыкул 15 Выбарчага кодэксу дазваляе адхіляцца на 10 % у бок павелічэньня альбо памяншэньня колькасьці выбарцаў па акрузе ў параўнаньні зь сярэдняй па краіне. У шэрагу выпадкаў гэтае абмежаваньне парушалася: напрыклад, у Талачынскай выбарчай акрузе № 31 было 56 200 выбарцаў, што было ніжэй за дазволеную ніжнюю мяжу.

Разьмеркаванье выбарчых акругаў па абласьцях не зьмянілася: у Менску было створана 18 акругаў, у Берасьцейскай вобласьці — 16, у Віцебскай — 16, у Гомельскай — 17, у Гарадзенскай — 13, у Магілёўскай — 13, у Менскай — 17, па кожнай зь іх абіраўся адзін дэпутат палаты прадстаўнікоў. Пры гэтым межы акругаў, у параўнаньні зь мінулымі парлямэнцкімі выбарамі, зьмяніліся ў 77 акругах. Асабліва істотна зьмяніліся межы выбарчых акругаў у Менску.

Межы выбарчых акругаў не супадалі зь межамі адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак: некаторыя з выбарчых акругаў былі разьмешчаныя ў двух і болей раёнах: напрыклад, тэрыторыя Касьцюковіцкай выбарчай акругі № 69 уключала ў сябе Клімавіцкі, Касьцюковіцкі, Хоцімскі, Краснапольскі раёны, а межы Гарадзенскай сельскай выбарчай акругі № 54 уключалі ў сябе акрамя тэрыторыі Гарадзенскага раёну і тэрыторыю Горадні.

Наступным этапам работы па падрыхтоўцы да выбараў было вызначэньне межаў выбарчых участкаў, якое ажыцьцяўлялася органамі выканаўчай улады. У гэтай працы ўлады прытрымліваліся адміністрацыйна-вытворчага прынцыпу: участкі ў Беларусі традыцыйна ствараюцца такім чынам, каб забясьпечыць зручнасьць кіраваньня выбарчым працэсам, яны звычайна замацоўваюцца за дзяржаўнымі ўстановамі і прадпрыемствамі. Колькасьць выбарцаў, што пражываюць на тэрыторыі ўчасткаў, павінна была складаць ад 20 да 3000 чалавек.

У адпаведнасьці з заканадаўствам, місія арганізацыі і правядзеньня выбараў ускладзеная ў Беларусі на сыстэму выбарчых камісіяў. На чале гэтай сыстэмы стаіць Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў. Гэта сталы орган, склад якога не зьмяняецца напярэдадні выбараў — у яго ўваходзяць асобы, прызначаныя прэзыдэнтам і радай рэспублікі.

Акрамя таго, у сыстэму органаў для правядзеньня парлямэнцкіх выбараў уваходзяць акруговыя выбарчыя камісіі і ўчастковыя выбарчыя камісіі. Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі ў арганізацыі парлямэнцкіх выбараў не былі задзейнічаныя, аднак у 2004 г., пасьля абвяшчэньня рэфэрэндуму, яны былі закліканыя для арганізацыі канстытуцыйнага рэфэрэндуму ў выглядзе абласных, раённых, раённых у гарадох і гарадзкіх выбарчых камісіяў. Усяго падчас рэфэрэндуму дзейнічала 168 тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Пры гэтым нанава фармаваўся склад толькі раённых выбарчых камісіяў у гарадох з раённым дзяленьнем. Таксама паўнамоцтвы для падрыхтоўкі і правядзеньня рэфэрэндуму 2004 г. былі ўскладзеныя на гарадзкія і раённыя камісіі, што былі створаныя для арганізацыі і правядзеньня мясцовых выбараў 2003 г. Участковыя камісіі ў 2004 г. сумяшчалі функцыі арганізацыі і правядзеньня выбараў і рэфэрэндуму. Акруговыя камісіі займаліся выключна пытаньнямі выбараў дэпутатаў, не закранаючы пытаньняў правядзеньня рэфэрэндуму.

Стадыя фармаваньня акруговых камісіяў стала ў 2004 г. знакавым этапам выбарчай кампаніі. У гэты час яшчэ не было на сто адсоткаў вядома пра намер Лукашэнкі ініцыяваць плебісцыт для падаўжэньня ўласных прэзыдэнцікх паўнамоцтваў, аднак працэдура фармаваньня гэтых камісіяў і іх выніковы склад задалі агульную атмасфэру будучай палітычнай кампаніі. Пасьля таго як стаў вядомы склад выбарчых камісіяў, пацьвердзіліся здагадкі пра тое, што наступная кампанія будзе вельмі і вельмі жорсткай у дачыненьні да апанэнтаў цяперашняй дзейнай палітычнай адміністрацыі. Шмат хто з удзельнікаў кампаніі пазбавіліся ілюзіяў адносна магчымага дэмакратычнага яе ходу менавіта тады, калі стаў вядомы склад акруговых выбарчых камісіяў (табл. 1).

Актыўны ўдзел апазыцыі ў парлямэнцкіх выбарах 2004 г., у адрозьненьне ад байкатаваньня выбараў у 2000 г., вызначыў і актыўны ўдзел апазыцыйных сілаў у фармаваньні выбарчых камісіяў. Менавіта на тое, каб прасунуць у склад акруговых выбарчых камісіяў сваіх людзей, былі сканцэнтраваныя высілкі апазыцыйных і незалежных кандыдатаў, апазыцыйных палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў. Гэтаму спрыяла і тое, што апазыцыя ўжо мела за плячыма досьвед выбарчай кампаніі ў мясцовыя Рады і ведала, наколькі важна мець свайго чалавека ў складзе акруговай выбарчай камісіі. Таму, нягледзячы на ўсе магчымыя сыгналы пра тое, што „склад камісіяў ужо вызначаны загадзя”, апазыцыйныя сілы імкнуліся патрапіць у гэтыя органы.

Выбарчыя камісіі ў Беларусі фармуюцца сумесным рашэньнем прэзыдыўму мясцовай Рады і выканаўчага камітэту адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Фактычна вырашальную ролю ў вызначэньні складу камісіі мае выканаўчы камітэт. Гэта дазваляе органам выканаўчай вэртыкалі фармаваць камісіі з найбольш зручным і паслухмяным складам. Шляхі вылучэньня ў склад акруговых і іншых выбарчых камісіяў вызначаныя Выбарчым кодэксам. Правам вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў валодаюць палітычныя партыі і іншыя грамадзкія аб’яднаньні (у асобе сваіх рэспубліканскіх кіраўнічых органаў), працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў (для вылучэньня ў акруговую камісію трэба сабраць 100 подпісаў грамадзянаў, якія пражываюць на тэрыторыі адпаведнай выбарчай акругі). Гэтыя суб’екты, акрамя грамадзянаў, маюць права вылучыць у склад адпаведнай выбарчай камісіі аднаго свайго прадстаўніка. Органы, якія фармуюць склад камісіяў, таксама маюць права ўключаць у іх сваіх прадстаўнікоў. Цэнтральная камісія, з свайго боку, распрацавала ўзоры пратаколаў для вылучэньня прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў.

Вылучэньне ў склад акруговых камісіяў пачалося з моманту апублікаваньня сьпісу выбарчых акругаў (хоць такі час пачатку вылучэньня ня вызначаны заканадаўча) і павінна было скончыцца да 30 ліпеня 2004 г. Прынцыпы фармаваньня выбарчых камісіяў не зафіксаваныя ў актах заканадаўства альбо ў нейкіх мэтадычных рэкамэндацыях. Больш за тое, Цэнтральная камісія неаднаразова адзначала, што яна ня ўмешваецца ў гэтую працу, якая знаходзіцца ў юрысдыкцыі мясцовых прадстаўнічых і выканаўчых уладаў, — яна толькі выказвала пажаданьне бачыць у складзе падначаленых ёй камісіяў адукаваных і дасьведчаных супрацоўнікаў. У выніку выканаўчая вэртыкаль мела магчымасьць не ўключаць прэтэндэнтаў ад апазыцыйных сілаў у склад выбарчай камісіі, нават калі ўсе дакумэнты былі аформленыя ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі заканадаўства, сам прэтэндэнт меў вышэйшую юрыдычную адукацыю і валодаў досьведам працы ў камісіі. Прынцыпам фармаваньня камісіяў на практыцы была іх кантраляванасьць: улады імкнуліся да таго, каб склад выбарчай камісіі надалей не ствараў ім перашкодаў для арганізацыі патрэбнага выніку выбараў і рэфэрэндуму.

Рэальна ў склад акруговых камісіяў здолелі патрапіць толькі 9,2 % ад колькасьці вылучаных апазыцыйнымі партыямі прэтэндэнтаў (28 з 318). Пры агульнай колькасьці сяброў акруговых выбарчых камісіяў у 1430 чалавек (зыходзячы з вызначаных у Выбарчым кодэксе межаў у 9-13 чалавек у складзе кожнай камісіі, усе камісіі былі сфармаваныя ў максымальным складзе — па 13 чалавек) прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў здолелі заняць толькі 2 % месцаў, што ніяк не дазваляла ўплываць на рашэньні выбарчых камісіяў. Спробы прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў абскардзіць у судзе адмовы ўва ўключэньні ў склад камісіяў не былі прадуктыўнымі: суды беспадстаўна вырашылі, што такі від пазоваў не падлеглы суду, хоць у скаргах прыводзілася дастаткова сур’ёзнае юрыдычнае абгрунтаваньне (грамадзяне Беларусі маюць права абскарджваць у судзе любое рашэньне органаў адміністрацыйнай альбо мясцовай улады, якое абмяжоўвае іх правы і законныя інтарэсы). Трэба адзначыць, што рашэньні пра адмову ўключыць апазыцыйных прадстаўнікоў у склад акруговых камісіяў прымаліся дзяржаўнымі органамі нематывавана і часта нават без абмеркаваньня. Гэта таксама датычыцца і вызначэньня складу ўчастковых і тэрытарыяльных камісіяў.

У той жа час у акруговыя камісіі ўвайшло дастаткова прадстаўнікоў ляяльных да рэжыму палітычных партыяў — Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі (27 сяброў камісіяў), Камуністычнай партыі Беларусі (37 сяброў), Аграрнай партыі (4), Патрыятычнай партыі (1), Сацыяльна-спартыўнай партыі (4). Дарма што гэтыя арганізацыі (акрамя ЛДП і КПБ) вылучалі толькі адзінкі сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых камісіяў, усе яны туды патрапілі: адмоваў ім не было. Разам прадстаўнікі апазыцыйных і праўрадавых палітычных партыяў складалі блізу 7 % сьпісавага складу акруговых выбарчых камісіяў.

Іншы суб’ект выбарчага працэсу — грамадзкія аб’яднаньні — таксама шырока скарыстаўся сваім правам вылучэньня прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісіяў. Гэта датычыцца і незалежных грамадзкіх аб’яднаньняў (якія ўладамі расцэньваюцца як апазыцыйныя), і праўрадавых. І ў гэтым выпадку назіраецца тая сама тэндэнцыя: узровень адсеву прадстаўнікоў апазыцыйных арганізацыяў быў вельмі вялікі, у той час як нешматлікія праўрадавыя прэтэндэнты звычайна без пытаньняў уключаліся ў склад выбарчых камісіяў.

Так, прадзяржаўная Фэдэрацыя прафсаюзаў беларуская атрымала 80 месцаў у акруговых выбарчых камісіях, БРСМ — 94, Саюз вэтэранаў — 66, Беларускі саюз жанчын — 28. У той жа час, грамадзкае аб’яднаньне „БНФ „Адраджэньне” атрымала толькі 2 месцы ў камісіях пры наяўнасьці 35 вылучэнцаў. Беларускі Хельсынскі камітэт, які вылучыў 11 прадстаўнікоў, правёў у склад камісіяў толькі 1 чалавека. Таксама туды патрапілі некалькі прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў „Усебеларускае аб’яднаньне казацтва”, „Беларускае таварыства чырвонага крыжа”, „Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане”, ЛКСМБ і некаторых іншых. Агулам прадстаўнікі ўсіх грамадзкіх аб’яднаньняў склалі 20 % ад сьпісавага складу акруговых выбарчых камісіяў.

Найбольшае прадстаўніцтва ў акруговых камісіях мелі вылучэнцы ад грамадзянаў, што пражываюць на тэрыторыі дадзенай выбарчай акругі. Збольшага гэтыя вылучэнцы таксама належалі да праўладнага кола. Тыя актывісты апазыцыі, якія пайшлі шляхам збору подпісаў, найчасьцей таксама атрымлівалі адмовы. Усяго вылучэнцы грамадзянаў склалі 33,4 % ад складу камісіяў.

Такая ж самая тэндэнцыя была характэрная і для прадстаўнікоў працоўных калектываў — збольшага гэта былі прадстаўнікі дзяржаўных арганізацыяў і органаў улады, таму іх заяўкі на ўключэньне ў склад камісіяў былі задаволеныя і яны склалі 28,5 % ад агульнага складу камісіяў.

Акрамя таго, больш за 11 % сяброў акруговых выбарчых камісіяў былі наўпрост кааптаваныя органамі, якія ажыцьцяўлялі фармаваньне гэтых камісіяў, — гэта значыць органамі выканаўчай вэртыкалі. Згодна з паведамленьнем Цэнтральнай выбарчай камісіі, у складзе акруговых выбарчых камісіяў было 50 % жанчын і 9 % моладзі (асобаў да 30 гадоў).

У выніку, нягледзячы на актыўны ўдзел апазыцыйных палітычных партыяў і незалежных грамадзкіх аб’яднаньняў у кампаніі вылучэньня прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісіяў, гэтыя сілы ня толькі ня здолелі ўзяць асобныя з выбарчых камісіяў пад уласны кантроль, але нават і не атрымалі ў іх хоць нейкае істотнае прадстаўніцтва. Усе без выключэньня акруговыя выбарчыя камісіі знаходзіліся пад поўным кантролем прадстаўнікоў дзяржаўнай адміністрацыі, якія фармальна вылучаліся ад праўладных палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, а пераважна — ад працоўных калектываў дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацыяў альбо шляхам збору подпісаў з выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу. Гэта сьведчыла пра тое, што і надалей гэтая выбарчая кампанія будзе йсьці недэмакратычным чынам, пад поўным кантролем дзяржаўнай адміністрацыі, і ў некаторай ступені сталася ўскосным сыгналам пра канчатковы несправядлівы вынік гэтых выбараў.

Тэрытарыяльныя камісіі, якія не патрэбныя пры правядзеньні выбараў у парлямэнт, фактычна былі створаныя і распачалі сваю працу яшчэ да афіцыйнага абвяшчэньня рэфэрэндуму, і толькі потым адбылося іх юрыдычнае афармленьне. Правядзеньне рэспубліканскага рэфэрэндуму ажыцьцяўлялася Менскай гарадзкой, раённымі, гарадзкімі (у гарадах абласнога падпарадкаваньня) тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі, сфармаванымі падчас правядзеньня выбараў у мясцовыя Рады дэпутатаў Рэспублікі Беларусі 24-га скліканьня, прадстаўнікоў апазыцыі ў іх складзе амаль не было. Толькі ў адной з абласных тэрытарыяльных каімісіяў працаваў прадстаўнік ад апазыцыйнай Партыі камуністаў Беларускай (Гомельская абласная камісія). Тыя з тэрытарыяльных камісіяў, склад якіх павінен быў фармавацца нанава (раённыя ў гарадах з раённым падзелам), былі створаныя таксама амаль на 100 % з прадстаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацыяў — у склад гэтых 24 камісіяў быў уключаны толькі адзін прадстаўнік ПКБ. Аналягічная сытуацыя існавала ў раённых і гарадзкіх (гарадах абласнога падпарадкаваньня) камісіях для правядзеньня рэспубліканскага рэфэрэндуму. Акрамя таго, трэба ўлічваць, што праца тэрытарыяльных камісіяў дублявалася працай раённых і гарадзкіх „штабоў”, створаных у органах мясцовай выканаўчай улады. Таксама і на абласным узроўні існавалі каардынацыйныя групы для арганізацыі рэфэрэндуму і зьвязанай зь ім інфармацыйнай працы, падпарадкаваныя „кантралёрам” зь Менску (напрыклад, працу інфармацыйна-арганізацыйнай групы па Гарадзенскай вобласьці курыраваў Віктар Шэйман).

У Беларусі было створана 6659 выбарчых участкаў (у тым ліку 40 участкаў за межамі Беларусі) і, адпаведна, столькі ж участковых камісіяў. Згодна з пастановай Цэнтральнай камісіі ад 8 верасьня 2004 г. № 66 участковыя камісіі пры правядзеньні выбараў і рэфэрэндуму былі супольнымі і для выбараў, і для рэфэрэндуму. Усяго ў склад участковых выбарчых камісіяў было ўключана 72 350 чалавек, зь іх 50,6 % былі вылучаныя ад грамадзянаў, 36,4 % — ад працоўных калектываў, 5 % былі дэлегаваныя органамі выканаўчай і прадстаўнічай улады, што стваралі камісіі. Палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні атрымалі 7 % месцаў (тая ж самая прапорцыя, што і з акруговымі камісіямі), аднак апазыцыйныя партыі і арганізацыі тут мелі толькі каля 0,2 % месцаў. У параўнаньні зь мінулымі парлямэнцкімі выбарамі склад участковых выбарчых камісіяў быў абноўлены на 32 %.

Вылучэньне прадстаўнікоў ува ўчастковыя камісіі ладзілася апазыцыйнымі сіламі ня так масава, як вылучэньне ў акруговыя камісіі: у большасьць участковых камісіяў прадстаўнікі апазыцыі нават і не спрабавалі вылучацца. Гэта зьвязана з тым, што фармаваньне акруговых камісіяў прадэманстравала марнасьць гэтых намаганьняў, а таксама і з простым недахопам кваліфікаваных партыйных кадраў. Некаторыя з арганізацыйных структураў апазыцыйных палітычных партыяў увогуле ўхіліліся ад вылучэньня сваіх прадстаўнікоў у склад участковых камісіяў. Усяго апазыцыйнымі партыямі і грамадзкімі аб’яднаньнямі ў склад выбарчых камісіяў было вылучана больш за 2000 чалавек, зь якіх у склад участковых камісіяў патрапілі толькі каля 140. Напрыклад, ад партыі АГП было вылучана 472 кандыдаты ў склад участковых камісіяў 14 акруг, разьмешчаных у горадзе Менску, аднак ніхто зь іх у склад камісіяў не прайшоў. У Жодзінскай выбарчай акрузе № 81 прадстаўнікі АГП былі вылучаныя ў склад 20 участковых камісіяў з 53 камісіяў, — ніхто зь іх не прайшоў. Усяго з 709 прадстаўнікоў, вылучаных АГП, у склад участковых камісіяў патрапілі толькі 27 чалавек, зь іх 15 — па адной з акругаў у Віцебскай вобласьці, а таксама ў дзьвюх іншых акругах — у адным выпадку 5, у другім — 7 прадстаўнікоў. Такая сытуацыя характэрная і для вылучэнцаў ад іншых апазыцыйных палітычных партыяў. Пры гэтым матываў адмоваў, як і ў выпадку з фармаваньнем акруговых камісіяў, у большасьці выпадкаў пададзена не было.

Адметна, што ўлады, насуперак патрабаваньням заканадаўства, зрабілі маладаступнай інфармацыю аб складзе ўчастковых выбарчых камісіяў. Дзяржаўныя рэгіянальныя газэты, якія павінны былі зьмясьціць інфармацыю аб складзе ўчастковых камісіяў ува ўсіх абласьцях краіны, выйшлі зьніжаным накладам, іх не атрымалі падпісчыкі і бібліятэкі. Напрыклад, газэта „Няміга”, якую выдае адміністрацыя Цэнтральнага раёну Менску, выпусьціла нумар з складам участковых камісіяў накладам 200 асобнікаў, а нумар, дзе ажыцьцяўлялася агітацыя за праўладных кандыдатаў, — накладам у некалькі тысяч.

У вялікай колькасьці выпадкаў участковыя выбарчыя камісіі былі створаныя з прадстаўнікоў аднаго працоўнага калектыву. Прыкладам такога кшталту „аўтаномных” камісіяў можа быць участковая камісія 516-га ўчастку Ўсходняй выбарчай акругі № 107 у Менску: усе сябры ўчастковай камісіі былі супрацоўнікамі Менскага дзяржаўнага гандлёвага каледжу, кіраўніком камісіі быў завуч гэтага каледжу, то бок іх беспасярэдні адміністрацыйны начальнік, а дырэктар гэтай навучальнай установы быў… даверанай асобай кандыдата ад улады. З улікам таго, што на дадзеным участку вялікая колькасьць выбарцаў былі навучэнцамі каледжу, робіцца зразумелай наяўнасьць шырокіх магчымасьцяў для адміністрацыйнага ціску як на выбарцаў, так і на сяброў камісіі.

Такім чынам, і ўчастковыя камісіі, якія выконваюць асноўную працу для арганізацыі галасаваньня, былі цалкам кантраляваныя ўладамі. Гэта дазволіла бесьперашкодна выкарыстоўваць падрыхтаваныя загадзя адміністрацыйныя мэханізмы дасягненьня патрэбнага выніку выбараў і рэфэрэндуму, вялікая частка якіх супярэчыла патрабаваньням заканадаўства.

Вылучэньне і рэгістрацыя кандыдатаў

Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту, згодна зь беларускім заканадаўствам, можа ажыцьцяўляцца трыма шляхамі: рашэньнем вышэйшага органу палітычнай партыі пры наяўнасьці на тэрыторыі акругі зарэгістраваных альбо пастаўленых на ўлік партыйных структураў; шляхам збору 1000 подпісаў грамадзянаў, што пражываюць на тэрыторыі акругі; вылучэньнем ад працоўнага калектыву прадпрыемства, што месьціцца на тэрыторыі акругі.

Выбары дэпутатаў палаты прадстаўнікоў 3-га скліканьня ў 2004 г. адрозьніваліся ад выбараў дэпутатаў палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня 2000 г. тым, што аб’яднаная апазыцыя была настроеная на актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі. У параўнаньні зь мінулымі парлямэнцкімі выбарамі 2000 г., якія апазыцыя байкатавала, колькасьць заяўленых ініцыятыўных групаў для збору подпісаў істотна вырасла, з 488 да 635. Таму і ўладам трэба было павялічыць жорсткасьць выбарчага працэсу, стварыўшы дадатковыя абмежаваньні для ўдзелу апазыцыйных кандыдатаў у выбарах. Адным з такіх крокаў было стварэньне перашкодаў у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў грамадзянаў для вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты шляхам збору подпісаў.

Працэс рэгістрацыі ініцыятыўных групаў суправаджаўся ціскам на іх сяброў і прэтэндэнтаў у кандыдаты. Гэта стала прычынай выхаду людзей з удзелу ў ініцыятыўных групах апазыцыйных кандыдатаў, што цягнула за сабой адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Вынікам гэтай сплянаванай кампаніі стаў даволі вялікі адсотак адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў незалежных кандыдатаў ці сяброў дэмакратычных палітычных партыяў. Напрыклад, шэраг навучэнцаў Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту пад ціскам з боку адміністрацыі навучальнай установы былі вымушаныя адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі, што пацягнула за сабой нерэгістрацыю ініцыятыўнай групы сябра АГП Генадзя Воранава. У Барысаве прадстаўнік Партыі БНФ Сяргей Салаш і сябра АГП Леў Марголін спачатку спрабавалі зарэгістраваць ініцыятыўныя групы даволі вялікага колькаснага складу, аднак, сутыкнуўшыся зь ціскам на сваіх прыхільнікаў, былі вымушаныя перазаявіць ініцыятыўныя групы меншага складу. Акруговыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі 71 ініцыятыўнай групе, зь якіх 31 была створаная для вылучэньня ў якасьці кандыдата сябра апазыцыйнай палітычнай партыі (табл. 2). Такім чынам, было адмоўлена ў рэгістрацыі 11,5 % ініцыятыўных групаў (для параўнаньня: падчас парлямэнцкіх выбараў 2000 г. адмоўлена ў рэгістрацыі толькі 13, што склала 4,5 % ад агульнай колькасьці). Такія дзеяньні ўладаў сталіся неспадзяванкай для апазыцыйных актывістаў, і большасьць зь іх ня здолелі дамагчыся аднаўленьня рэгістрацыі ўласных ініцыятыўных групаў. Толькі 5 ініцыятыўных групаў здолелі зарэгістравацца праз абскарджаньне ў Цэнтральнай камісіі.

Усяго было створана (зарэгістравана) 558 ініцыятыўных групаў. Аднак, згодна з дадзенымі Цэнтральнай камісіі, толькі 81 кандыдат быў зарэгістраваны такім спосабам вылучэньня. Такі вялікі адсотак адсеву тлумачыцца, па-першае, тым, што большасьць сяброў палітычных партыяў, якія зьбіралі подпісы, выкарысталі сваё права на партыйнае вылучэньне; па-другое, вялікая колькасьць адмоваў у рэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў прыпадае менавіта на гэты спосаб вылучэньня празь цяжкасьць ці амаль немагчымасьць пракантраляваць вынікі праверкі подпісаў. Працэдура праверкі подпісаў урэгуляваная заканадаўствам такім чынам, што стварае магчымасьць для адвольнага і нематываванага прызнаньня несапраўднымі подпісаў, пастаўленых на карысьць кандыдата. Нават калі людзі пасьля прыходзілі ў суд і пераконвалі судзьдзю ў тым, што гэты подпіс яны паставілі ўласнаручна, адмову ў рэгістрацыі кандыдата не скасоўвалі. Іншыя прычыны адмовы ў рэгістрацыі (у тым ліку за падаваньне нібыта несапраўдных зьвестак у дэклярацыі пра даходы і маёмасьць, што было другой шырока ўжыванай падставай) у шэрагу выпадкаў былі прызнаныя Цэнтральнай камісіяй неабгрунтаванымі, дастаткова вялікая колькасьць кандыдатаў праз абскарджаньне ў Цэнтральнай камісіі былі зарэгістраваныя: у якасьці кандыдатаў былі зарэгістраваныя сябры партыі БНФ Юры Губарэвіч і Юры Хадыка, вылучэнцы партыі АГП Мікалай Гаўрыленка і Іван Анташкевіч, вылучэнец БСДГ Мечыслаў Грыб, вылучэнец незадоўга перад гэтым ліквідаванай Партыі працы Генадзь Фядыніч, лідэр групы „Рэспубліка” Валеры Фралоў.

Працэс вылучэньня кандыдатаў ад палітычных партыяў выклікаў масавыя праверкі іх рэгіянальных структураў, у выніку якіх былі ліквідаваныя: у АГП — 10, Партыі БНФ — 2, ПКБ — 8, БСДП (НГ) — 10 такіх структураў, што паслужыла падставай для нерэгістрацыі вылучаных кандыдатаў. Асноўная прычына ліквідацыяў — незнаходжаньне структураў па юрыдычным адрасе ці парушэньні пры атрыманьні юрыдычных адрасоў. Найчасьцей арганізацыйныя структуры ліквідоўваліся за некалькі дзён да заканчэньня рэгістрацыі кандыдатаў альбо непасрэдна ў апошні дзень рэгістрацыі — 16 верасьня 2004 г. У прыватнасьці, праз скасаваньне партыйнай структуры ня здолеў вылучыцца актывіст БСДП (НГ) Андрэй Казановіч з Салігорску. Ліквідацыя Партыі працы напярэдадні выбараў пазбавіла яе прадстаўнікоў магчымасьці вылучацца ад сваёй арганізацыі — для іх застаўся толькі шлях збору подпісаў.

Па рэгістрацыі кандыдатаў ад дэмакратычных партыяў акруговымі камісіямі не былі дапушчаныя да ўдзелу ў выбарчай кампаніі больш за 40 % вылучаных партыямі кандыдатаў. Як паказалі вынікі абскраджаньня адмоваў у рэгістрацыі ў Цэнтральнай камісіі, пераважная колькасьць нематываваных адмоваў прыпадала на прадстаўнікоў дэмакратычных палітычных партыяў. Усяго ў Цэнтральную камісію было пададзена 164 скаргі на адмову ў рэгістрацыі. З 44 рашэньняў Цэнтральнай камісіі аб рэгістрацыі кандыдатаў, якім папярэдне было адмоўлена акруговымі камісіямі, 33 датычыліся аднаўленьня рэгістрацыі партыйных кандыдатаў. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, у якасьці кандыдатаў у дэпутаты акруговымі камісіямі было зарэгістравана: ад Партыі БНФ — 24 кандыдаты, ад АГП — 26, ад ПКБ — 21, ад БСДП (НГ) — 25, ад БСДГ — 8 (без уліку вылучэньня шляхам збору подпісаў). Агулам шляхам партыйнага вылучэньня было зарэгістравана 104 кандыдаты ад апазыцыйных палітычных партыяў. Пасьля абскарджаньня ў Цэнтральнай камісіі колькасьць вылучэнцаў ад апазыцыйных партыяў павысілася і склала: ад Партыі БНФ — 30 кандыдатаў, ад АГП — 37, ад ПКБ — 30, ад БСДП (НГ) — 28, ад БСДГ — 11. Праўладная ЛДП, якая вылучала 107 кандыдатураў, здолела дамагчыся рэгістрацыі 38 зь іх (пазьней некаторыя былі зьнятыя на карысьць іншых праўладных кандыдатаў), КПБ вылучыла 15 чалавек, зь якіх 5 былі зарэгістраваныя. Агульная колькасьць партыйных вылучэнцаў пасьля абскарджаньня ў Цэнтральнай камісіі склала 186 кандыдатаў, зь якіх 136 прадстаўлялі палітычныя партыі апазыцыйнага спэктру — ад нацыянал-дэмакратаў да камуністаў. Абскарджаньне адмовы рэгістрацыі ў Вярхоўным судзе (пасьля незадавальненьня скаргі на нерэгістрацыю ў Цэнтральнай камісіі) ня стала эфэктыўным сродкам аднаўленьня кандыдатаў.

Шляхам вылучэньня ад працоўных калектываў было зарэгістравана 139 кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 кандыдаты рашэньнем Цэнтральнай камісіі), што склала 32,2 % ад агульнай колькасьці кандыдатаў. Дадзены шлях вылучэньня найбольш часта выкарыстоўваўся для вылучэньня кандыдатаў ад улады. Улічваючы фактычна татальную кантрактызацыю работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў, сходы для вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты ад працоўных калектываў праходзілі ў асноўным з аднагалосным галасаваньнем за прапанаванага кандыдата і фактычна былі праявай выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу. Пры такім спосабе вылучэньня парушаўся прынцып свабоднага ўдзелу ў выбарах.

Усяго былі пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю 692 прэтэндэнтаў у кандыдаты, зь іх акруговымі камісіямі зарэгістравана ў якасьці кандыдатаў — 359 (51,88 %), адмоўлена ў рэгістрацыі — 312 (45,09 %), частка прэтэндэнтаў адмовілася ад удзелу ў выбарах. Паказьнік значна вышэйшы за той, які быў зафіксаваны на парлямэнцкіх выбарах 2000 г., калі было адмоўлена менш чым 29 % прэтэндэнтаў.

Пасьля падвядзеньня вынікаў вылучэньня і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты высьветлілася, што ў 8 акругах (7,27 % ад агульнай колькасьці) выбары адбудуцца на безальтэрнатыўнай аснове, бо зарэгістраваны толькі адзін кандыдат — натуральна, ад адміністрацыйнага сьпісу. Збольшага безальтэрнатыўнасьць характэрная была для Гомельскага рэгіёну.

Зь ліку наяўных кааліцыяў апазыцыйных сілаў найбольшую актыўнасьць праявілі кандыдаты ад Народнай кааліцыі „5+”, меншую — кандыдаты ад Эўрапейскай кааліцыі „Свабодная Беларусь”. Кандыдаты ад праўладных партыяў (напрыклад ад ЛДП) вылучаліся шырока, аднак збольшага не разьлічвалі на перамогу. У шэрагу акругаў кандыдаты ад адміністрацыйнага сьпісу ішлі парамі, для стварэньня бачнасьці плюралізму і дэмакратыі, аднак у далейшым часта заставаўся нехта адзін. Улады шырока выкарыстоўвалі кандыдатаў, скіраваных на адцягваньне галасоў у апазыцыйных вылучэнцаў. Калі ж у такіх выпадках апазыцыянэра здымалі з выбарчай гонкі — здымаўся таксама і праўладны кандыдат-дублёр. Падчас агітацыйнай кампаніі дадзеныя з колькасьцю зарэгістраваных кандыдатаў зьмяніліся ў бок памяншэньня з прычыны актыўнага выкарыстаньня акруговымі камісіямі працэдуры зьняцьця кандыдатаў. Таму ня ўсе з зарэгістраваных кандыдатаў патрапілі ў выбарчыя бюлетэні, а некаторыя былі зьнятыя з выбарчай гонкі ўжо падчас датэрміновага галасаваньня (яны былі выкрасьленыя зь бюлетэняў).

Што датычыцца вылучэньня ў якасьці кандыдатаў дзейных дэпутатаў палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня, то з 67 заяваў 10 дэпутатаў атрымалі адмовы. Гэта зьвязана з тым, што шэраг дэпутатаў, якія ня здолелі патрапіць у адміністрацыйны сьпіс (а гэта і дэпутаты апазыцыйнай групы „Рэспубліка”, і дэпутаты-бізнэсоўцы, і інш.), усё ж такі паспрабавалі высунуць свае кандыдатуры, насуперак волі прэзыдэнцкай адміністрацыі (напрыклад, былы лідэр БПСМ Усевалад Янчэўскі, западозраная ў „рэспубліканізьме” Надзея Цыркун, прадпрымальнік Юры Марозаў). У якасьці кандыдатаў было зарэгістравана 57 дзейных парлямэнтароў (уключна з прадстаўніком апазыцыйнай групы „Рэспубліка” Валер’ем Фраловым). Парлямэнт пазбавілі ад парлямэнтароў-бізнэсоўцаў: згодна з воляй Лукашэнкі, адмовіліся ад парлямэнцкай гонкі дэпутаты Аляксей Ваганаў, Андрэй Нарэйка, Уладзімер Александровіч. Увогуле, пасьля рэгістрацыі кандыдатаў стала зразумела, што вынік выбараў будзе цалкам адпавядаць пажаданьням Лукашэнкі бачыць у складзе парлямэнту пэўнае прадстаўніцтва жанчын, моладзі і былых парлямэнтароў і ня бачыць там бізнэсоўцаў.

Афіцыйныя зьвесткі пра рэгістрацыю кандыдатаў ад Цэнтральнай выбарчай камісіі паводле стану на 4 кастрычніка (гэта значыць пасьля заканчэньня тэрміну абскарджаньня адмоваў у рэгістрацыі, але без уліку зьняцьця кандыдатаў у ходзе агітацыйнай кампаніі) зьведзеныя ў табліцы 4-8.

Этап вылучэньня кандыдатаў і збору подпісаў грамадзянаў характарызаваўся жорсткім ціскам з боку выканаўчых уладаў і выбарчых камісіяў як на саміх кандыдатаў, так і на сяброў іх ініцыятыўных групаў, а таксама выбарцаў, якія паставілі свае подпісы за іх вылучэньне. Улады ў гэтым выпадку выкарыстоўвалі ня толькі знаёмы з ранейшых кампаніяў „фільтар” неабгрунтаваных адмоваў у рэгістрацыі кандыдатаў, але таксама адмаўляліся рэгістраваць ініцыятыўныя групы. Таксама сродкам ціску на апазыцыйных кандыдатаў стала ліквідацыя структураў апазыцыйных палітычных партыяў. Тактычным крокам уладаў была арыентацыя на рэгістрацыю лідэраў апазыцыйных рухаў і партыяў і знакавых партыйных пэрсонаў, у той час як лідэры грамадзкай думкі на месцах і іншыя „праходныя кандыдаты” часта атрымлівалі адмову ў рэгістрацыі альбо былі пазьней зьнятыя за ўяўныя парушэньні.

У справе вылучэньня праўладных кандыдатаў назіралася канкурэнцыя паміж вылучэнцамі, вызначанымі ў цэнтры, і мясцовымі кандыдатамі. У абсалютнай большасьці выпадкаў вылучэнцы ад мясцовых элітаў былі вымушаныя саступіць першым кандыдатам, часам нават і не з сваёй волі.

Агітацыйная кампанія

Агітацыйная кампанія для кандыдатаў ажыцьцяўлялася з моманту іх рэгістрацыі ў якасьці кандыдата і да 16 кастрычніка ўключна. Агітацыя па рэфэрэндуме была дазволеная таксама да 16 кастрычніка. І ў першым, і ў другім выпадках заканадаўчыя нормы значна абмежавалі магчымасьці для бесьперашкоднага вядзеньня агітацыі ўсімі суб’ектамі выбарчага працэсу. Да таго ж незаконныя, а часам і злачынныя практыкі стварылі ўмовы для несправядлівага вядзеньня агітацыйнай кампаніі, з актыўным выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу ў розных формах. Таксама для пэрыяду агітацыйнай кампаніі было характэрна, што адносіны кандыдатаў да рэфэрэндуму і асабіста да Лукашэнкі мелі большае значэньне, чым іх палітычная праграма і нават іх дачыненьне да апазыцыйных сілаў.

Агітацыя ўключае ў сябе свабоду агітаваць як „за”, так і „супраць” кожнага з кандыдатаў, свабоду абмяркоўваць праграмы кандыдатаў, іх палітычныя, спраўныя і асабістыя якасьці. Перадвыбарная агітацыя — дзейнасьць грамадзянаў Беларусі, палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў, працоўных калектываў, кандыдатаў, іх давераных асобаў, ініцыятыўных групаў, што ажыцьцяўляюць збор подпісаў для вылучэньня кандыдатаў, якая мае на мэце заахвоціць выбарцаў да ўдзелу ў выбарах, да галасаваньня за тых альбо іншых кандыдатаў ці супраць іх. Такім чынам, перадвыбарная агітацыя за кандыдата дазваляецца ня толькі з моманту пачатку агітацыйнай кампаніі, гэта значыць з моманту рэгістрацыі кандыдата, але і на этапе збору подпісаў. Аднак ажыцьцяўленьне перадвыбарнай агітацыі да абвяшчэньня выбарчай кампаніі разглядалася акруговымі камісіямі як парушэньне і цягнула за сабой папярэджаньне альбо адмову ў рэгістрацыі (напрыклад, прадстаўніку Партыі БНФ Яраславу Берніковічу з Глыбокага). Шэрагу кандыдатаў рэгістрацыя была адмененая за агітацыю да афіцыйнай рэгістрацыі ў якасьці кандыдатаў. У дзень выбараў ажыцьцяўленьне агітацыі забароненае, у тым ліку і заклікі да ігнараваньня выбараў, таму пэрыяд агітацыйнай кампаніі заканчваецца апоўначы напярэдадні асноўнага дня выбараў. Гэта значыць, што падчас пашыранага ў Беларусі датэрміновага галасаваньня ажыцьцяўленьне агітацыі зьяўляецца законным, аднак улады трактавалі гэтую норму адвольна: міліцыянты затрымлівалі распаўсюднікаў улётак на той падставе, што быццам бы падчас датэрміновага галасаваньня агітацыя забароненая, адначасова вялася найактыўнейшая агітацыя з боку рэжыму за рэфэрэндум і за праўладных кандыдатаў.

Агітацыю за кандыдата могуць ажыцьцяўляць ня толькі сам кандыдат і ягоныя давераныя асобы, але таксама ўсе грамадзяне, палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні, працоўныя калектывы. У агітацыі, прамой ці ўскоснай, ня маюць права прымаць удзел сябры выбарчых камісіяў і замежныя грамадзяне, а таксама замежныя арганізацыі. У дачыненьні да пытаньняў рэфэрэндуму гэтае правіла груба парушалася дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі, якія актыўна зьмяшчалі выступы расейскіх палітыкаў у падтрымку рэфэрэндуму.

Заканадаўства вызначае формы для рэалізацыі права кандыдата, ягоных давераных асобаў і іншых грамадзянаў на вядзеньне агітацыі: на сходах і мітынгах, на сустрэчах з выбарцамі і падчас іншых перадвыбарных мерапрыемстваў, праз разьмяшчэньне інфармацыі ў мэдыях і распаўсюджваньне іншых друкаваных агітацыйных матэрыялаў.

У правядзеньні перадвыбарных сходаў і мітынгаў, іншых сустрэчаў з выбарцамі кандыдаты ад апазыцыйных сілаў былі абмежаваныя нормамі закону пра масавыя мерапрыемствы, які патрабаваў падаваць заяўку на правядзеньне мерапрыемства за 15 дзён да падзеі. Зь іншага боку, для праўладных кандыдатаў шырока ладзіліся афіцыйныя сьвяткаваньні: разнастайныя „дні раёну”, канцэрты і іншыя забаўляльна-палітычныя дзеі (напрыклад, падобныя мерапрыемствы ладзіліся у Менску ў падтрымку Ўладзімера Крука). Увогуле, пытаньне арганізацыі сустрэчаў кандыдатаў з выбарцамі апынулася ў поўнай залежнасьці ад пазыцыі акруговай камісіі і мясцовай адміністрацыі.

Што да друкаваных матэрыялаў, то апазыцыйныя кандыдаты былі моцна абмежаваныя ў іх вырабе. Акрамя таго што выдзеленыя для агітацыі дзяржаўныя сродкі былі мізэрныя (50 базавых адзінак — на той момант блізу 450 даляраў ЗША), нават улёткі на гэтыя сродкі надрукаваць было цяжка: шмат якія друкарні адмаўляліся празь ціск і пагрозы з боку органаў кантролю, а часам і надрукаваныя афіцыйна наклады ўлётак канфіскоўваліся праваахоўнымі органамі. Увогуле, у дачыненьні да друкаваных матэрыялаў і газэтаў з боку праваахоўных органаў была выразная пазыцыя — спыняць распаўсюд і канфіскоўваць усё бяз розьніцы: і легальныя, і нелегальныя ўлёткі, і з выходнымі зьвесткамі, і без выходных зьвестак, і зарэгістраваныя, і незарэгістраваныя газэты. Зь іншага боку, агітацыйная друкаваная прадукцыя на карысьць праўладных кандыдатаў распаўсюджвалася бесьперашкодна і нават зь перавышэньнем сродкаў, выдзеленых на агітацыю (напрыклад, у выглядзе гэтак званых справаздачаў пра дэпутацкую дзейнасьць для дэпутатаў палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня, такіх, як Вольга Абрамава ў Менску).

Прыціснутыя да сьцяны, апазыцыйныя кандыдаты былі вымушаныя праводзіць агітацыю з пастаяннай рызыкай быць зьнятымі, карыстаючыся нелегальна выпушчанымі ўлёткамі, дадатковымі накладамі ўлётак легальнага ўзору і агітацыйнымі матэрыяламі Народнай кааліцыі „5+” (часта гэта прыводзіла да зьняцьця кандыдатаў зь перадвыбарнай гонкі, як адбылося з намесьнікам старшыні Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам). Зафіксаваныя выпадкі, калі распаўсюджвалася фальшывая агітацыйная прадукцыя ад імя апазыцыйных кандыдатаў з мэтай абвінавачаньня ў парушэньнях. Такія выпадкі зафіксаваныя ў Берасьці (пацярпеў Зьміцер Шыманскі), Горадні, Менску (у прыватнасьці, праз падробленыя ўлёткі, распаўсюджаныя нібыта ад імя кандыдата, была скасаваная рэгістрацыя намесьніка старшыні Партыі БНФ Алеся Міхалевіча па Ўруцкай выбарчай акрузе № 109). Тыя кандыдаты, якія былі зарэгістраваныя па скаргах у Цэнтральную камісію (а гэта, вядома, збольшага прадстаўнікі апазыцыйных партыяў), былі вымушаныя пачаць перадвыбарную агітацыю пазьней за сваіх канкурэнтаў.

Асабліва навязьліва і шырока вялася агітацыя ў падтрымку пытаньня, вынесенага на рэфэрэндум. Балазе на яго не пашыралася абмежаваньне ў сродках, на дзяржаўныя грошы ды грошы дзяржаўных і фармальна „прыватных” прадпрыемстваў разьмяшчалася шыкоўная рэкляма ў выглядзе біг-бордаў і каляровых плякатаў. Асобным крокам была дастаўка ў кожную беларускую паштовую скрыню асобніка выдадзенай шматмільённым накладам „Советской Белоруссии”, спэцвыпуск якой быў закліканы пераканаць чытача ў неабходнасьці выказаць падтрымку ініцыятыве Лукашэнкі. У той жа час друкаваныя матэрыялы супраць рэфэрэндуму распаўсюджваць было вельмі складана: міліцыя рэагавала на іх нават больш жорстка, чым на агітацыйныя матэрыялы апазыцыйных кандыдатаў.

Што ж датычыцца стратэгіі апазыцыі падчас агітацыйнай кампаніі, то яна ня можа быць ацэненая адназначна. З аднаго боку, паўстаньне шматбаковай кааліцыі „5+” і раскрутка адзінага брэнду прывяла да пэўнага посьпеху: апазыцыйныя кандыдаты асацыяваліся з супольнай праграмай, якая займела пэўную вядомасьць у грамадзтве. Перавага кааліцыі была ў дэцэнтралізацыі, аднак менавіта з прычыны дэцэнтралізацыі яна ня склалася ў адзіную агульнанацыянальную кампанію процідзеяньня антыканстытуцыйным памкненьням дзейнага прэзыдэнта. Правядзеньне 110 з плюсам супрацьрэфэрэндумных кампаніяў аказалася малаэфэктыўным. Збольшага ўся супрацьрэфэрэндумная агітацыя залежала ад пазыцыі самога кандыдата на дадзенай акрузе: ён і ягоная каманда маглі весьці актыўную агітацыю супраць пытаньня, вынесенага на рэфэрэндум, як гэта рабіў прадстаўнік Партыі БНФ Сяргей Салаш; пазыцыянаваць сябе як пасьлядоўнага антылукашыста, як гэта рабіў прадстаўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч; папросту ператварыць свой тэлевізійны выступ у палымяную прамову супраць Лукашэнкі, як гэта зрабіў прадстаўнік АГП Яўген Лабановіч; зусім не заўважаць пытаньня рэфэрэндуму.

Улады, як і падчас выбараў 2001 г., выкарыстоўвалі раскручаныя апазыцыяй брэнды дзеля сваіх мэтаў: напрыклад, ажыцьцяўлялася агітацыя пад лёзунгам „Пяць „Так!” прэзыдэнту”, які відавочна павінен быў адпавядаць раскручанай апазыцыйнай праграме „Пяць крокаў да лепшага жыцьця”.

Падчас агітацыйнай кампаніі, а асабліва пры яе канцы, улады актыўна скасоўвалі рэгістрацыю апазыцыйных кандыдатаў за ўяўныя парушэньні парадку агітацыі. За гэта былі пазбаўленыя рэгістрацыі вылучэнцы АГП Марына Багдановіч, Аляксандар Дабравольскі, Аляксандар Цынкевіч, Аляксандар Ваўчанін, Валянціна Палевікова, кандыдат ад БСДГ Алег Воўчак, кандыдаты ад Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, Алесь Міхалевіч, Лера Сом, Уладзіслаў Токараў, кандыдат ад ПКБ Віктар Дашкевіч, кандыдат ад Эўрапейскай кааліцыі Павал Севярынец і яшчэ некалькі чалавек. Былі звольненыя з працы кандыдаты ад Партыі БНФ Вольга Лагвіновіч і Аляксей Сюдак.

Увогуле пэрыяд агітацыйнай кампаніі праходзіў паводле сцэнару ўладаў. Агітацыйная кампанія была шанцам для таго, каб сказаць народу праўду, — і ўлады рабілі ўсё, каб гэтая праўда не была пачутая беларусамі.

Галасаваньне

Датай правядзеньня галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах і рэфэрэндуме было вызначана 17 кастрычніка. Аднак рэальна галасаваньне распачалося за пяць дзён да таго, 12 кастрычніка. Улады шырока карысталіся адміністрацыйным прымусам, каб забясьпечыць высокі адсотак датэрміновага галасаваньня (табл. 9).

Паводле зьвестак назіральнікаў ГІ „Партнэрства”, усяго па краіне датэрмінова прагаласавала больш за 25 % выбарцаў (табл. 10).

На апошніх выбарах афіцыйны адсотак выбарцаў, якія прагаласавалі датэрмінова, быў штучна заніжаны. На асобных участках да 95 % выбарцаў прагаласавалі датэрмінова. Заява Цэнтральнай выбарчай камісіі 30 верасьня пра тое, што, як чакаецца, больш за 30 % выбарцаў прагаласуюць датэрмінова, сталася інструкцыяй для дзеяньняў на месцах (ці, хутчэй, адкрыла існаваньне нейкай іншай інструкцыі для дасягненьня долі датэрміновага галасаваньня, дастатковай для фальсыфікаваньня вынікаў рэфэрэндуму і выбараў у неабходным памеры). Гэта выклікала неўразуменьне ў назіральнікаў ад АБСЭ. 30 % — гэта значна болей, чым было на папярэдніх выбарах: афіцыйная колькасьць датэрміновага галасаваньня на мясцовых выбарах 2003 г. склала 14 %. На прэзыдэнцкіх выбарах 2001 г., паводле афіцыйных зьвестак датэрмінова прагаласавалі амаль 23 %. Гэта дазваляе меркаваць, што ў 2004 г. маштаб фальсыфікацыяў шляхам падмены бюлетэняў з скрыняў для датэрміновага галасаваньня быў беспрэцэдэнтны, а таксама ўскосна сьведчыць, што вынікі выбараў былі сфальсыфікаваныя сама мала на 30 % пры дапамозе гэтага і іншых мэтадаў фальсыфікацыяў. У параўнаньні зь мінулымі выбарчымі кампаніямі заўважана, што ўлады яшчэ больш павялічылі адміністрацыйны прымус для датэрміновага галасаваньня ў дачыненьні да залежных ад іх асобаў. Асноўныя катэгорыі грамадзянаў, на якіх быў аказаны моцны ціск, — навучэнцы і студэнты, работнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў, вайскоўцы.

У дзень асноўнага галасаваньня 17 кастрычніка намаганьні ўладаў (у тым ліку і супрацоўнікаў выбарчых камісіяў) былі сканцэнтраваныя на тым, каб стварыць карціну як мага большага ўдзелу электарату ў галасаваньні. Ініцыятыву прэзыдэнта павінны былі падтрымаць больш за палову ад агульнага сьпісавага складу выбарцаў. Гэтая праблема была вырашаная проста: сьпіс выбарцаў быў радыкальна скарочаны (на сотні тысяч грамадзянаў), у яго не была ўключаная значная частка малаактыўных выбарцаў. Да таго ж сьпісы выбарцаў не былі пададзеныя для ўсеагульнага азнаямленьня, інфармацыя аб колькасьці зарэгістраваных выбарцаў і колькасьці ўдзельнікаў у датэрміновым галасаваньні не давалася назіральнікам і давераным асобам кандыдатаў. Людзі прыходзілі на ўчастак і часта не знаходзілі сябе ў сьпісах для галасаваньня.

У выніку, паводле паведамленьня Цэнтральнай выбарчай камісіі ад 17 кастрычніка, агулам у краіне ў сьпісы для галасаваньня было ўключана 6 986 163 грамадзяніны Беларусі, зь іх у галасаваньні прыняло ўдзел 6 307 395 грамадзянаў, што складае 90,28 % ад сьпісавага складу электарату. Для параўнаньня, падобнае ж паведамленьне Цэнтральнай выбарчай камісіі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2001 г. зафіксавала ў Беларусі 7 356 343 выбарцы, а колькасьць удзельнікаў у галасаваньні склала 6 169 087 (83,86 %). Такім чынам, колькасьць афіцыйна ўлічаных выбарцаў у пэрыяд з 9 верасьня 2001 г. па 17 кастрычніка 2004 г. паменшылася на 370 180 чалавек, альбо на 5,3 %. Гэта яскрава сьведчыць пра маніпуляцыі зь сьпісамі з мэтай іх штучнага скарачэньня, паколькі, паводле паведамленьняў Міністэрства статыстыкі, за гэты пэрыяд колькасьць грамадзянаў векам ад 16 гадоў павялічылася на 94 000 чалавек, што непазьбежна павінна было пацягуць павелічэньне корпусу выбарцаў. У выніку па многіх участках яўка выбарцаў перавысіла 100 %. Так быў дасягнуты патрэбны адсотак яўкі — тыя, хто праігнараваў выбары і рэфэрэндум, папросту не патрапілі ў сьпісы для галасаваньня. Пазьней, калі гэтыя маніпуляцыі сталіся відавочнымі, выбарчыя камісіі трохі падкарэктавалі сьпісы на нацыянальным узроўні, аднак сам прынцып застаўся нязьменны.

Тое, што ў дзень выбараў 17 кастрычніка падкантрольныя ўладам дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі актыўна тыражавалі пераможныя дадзеныя сумнеўных экзыт-полаў, праведзеных моладзевымі дзяржаўнымі аб’яднаньнямі і малавядомымі сацыялягічнымі службамі, ня трэба расцэньваць як правядзеньне агітацыі ў дзень выбараў. Уладам не было неабходнасьці турбавацца адносна зьместу бюлетэняў, што былі ўкінутыя ў скрыні, і пратаколаў, якія будуць падпісаныя ўчастковымі камісіямі. Хутчэй, абвяшчэньне дадзеных экзыт-полаў было часткай мэханізму, скіраванага на выкананьне функцыі легітымізацыі вынікаў рэфэрэндуму.

У адрозьненьне ад мінулых выбарчых кампаніяў, гэтым разам галасавала ўдому даволі значная колькасьць людзей (блізу 1 %). Прычынай гэтага была тая ж самая неабходнасьць забясьпечыць пераможны для Лукашэнкі адсотак яўкі. Гэткае галасаваньне праходзіла з парушэньнямі прынцыпу таямніцы галасаваньня і прынцыпу свабоднага ўдзелу ў выбарах: найчасьцей сьпісы для вынасных скрыняў рыхтаваліся без заяваў выбарцаў, а часам скрыню нават проста насілі па вуліцах, дазваляючы галасаваць усім ахвотным і апэратыўна ўключаючы іх імёны ў сьпісы.

У графе падпіснога ліста аб атрыманьні бюлетэняў па выбарах дэпутатаў і рэфэрэндуме выбарцы ставілі толькі адзін подпіс, што стварыла падставы для маніпуляцый і фальсыфікацый. Паколькі сьпісы выбарцаў для рэфэрэндуму і выбараў былі супольныя, выбарцы не маглі, напрыклад, прыняць удзел у выбарах дэпутатаў і не прыняць удзелу ў рэфэрэндуме: адмовіцца ад рэфэрэндуму было нельга. Да таго ж такая практыка дазволіла пазьбегнуць магчымага пераўліку сьпісаў па рэфэрэндуме.

Дзеля неабходнасьці павялічыць яўку да максымуму выбарчыя камісіі з дазволу Цэнтральнай выбарчай камісіі выдавалі бюлетэні пасьля паказу любога дакумэнту, а ня толькі пашпарта ці даведак на яго замену. Выбарцы галасавалі і па студэнцкіх білетах, і па пэнсійных пасьведчаньнях — то бок па дакумэнтах, у якіх няма пацьвярджэньня беларускага грамадзянства. Зафіксаваны масавыя выпадкі, калі грамадзяне, зьявіўшыся на ўчастак, высьвятлялі, што за іх і за іх сям’ю ўжо нехта прагаласаваў (гэта найбольш характэрна для тых, хто падышоў на ўчасткі недзе каля 20.00, у канцы галасаваньня).

Але, натуральна, найбольш важным момантам у дзень галасаваньня для выбарчых камісіяў быў час падліку галасоў. Дзеля патрабаваньняў канфідэнцыйнасьці працэдура падліку галасоў была пабудаваная такім чынам, каб ніводзін зь сяброў камісіі ня мог з пэўнасьцю засьведчыць сапраўднасьць лічбаў, зафіксаваных у пратаколе, — пра гэта звычайна ведаў толькі старшыня камісіі і, часам, сакратар. Вельмі часта сябры ўчастковых камісіяў былі вымушаныя падпісваць пустыя пратаколы, якія запаўняліся ўжо ў акруговых камісіях. Найбольш яскрава сьведчаць пра характар падліку галасоў выпадкі ў горадзе Менску: па акрузе № 106 кандыдат Калякін яшчэ да дня галасаваньня распаўсюдзіў выніковыя дадзеныя падліку галасоў — прагноз спраўдзіўся амаль на сто адсоткаў; на акрузе № 107 перад пачаткам падліку галасоў назіральнік ад міжнароднай арганізацыі „ЭНЭМА” агучыў лічбы, што паведаміла яму ананімная крыніца з гарвыканкаму, — у выніковых дадзеных камісіі былі зафіксаваныя менавіта гэтыя самыя лічбы. Падобны выпадак зарэгістраваны і на акрузе № 102. Такім чынам, прынамсі на некаторых участках ніхто нават і не лічыў бюлетэняў, вынікі іх падліку ня ўносіліся ў пратакол і не агучваліся, а на некаторых акругах былі вызначаныя ў органах выканаўчай улады задоўга да дня выбараў.

Насуперак патрабаваньням заканадаўства, асобнік выніковага пратаколу ня быў вывешаны дзеля азнаямленьня для грамадзкасьці і назіральнікаў — гэтая практыка абсалютна нечакана была выкарыстаная на ўсіх выбарчых участках краіны. Была вывешаная толькі паперка з колькасьцю галасоў за кожнага з кандыдатаў і колькасьцю галасоў, пададзеных за пытаньне, вынесенае на рэфэрэндум. Ніякіх подпісаў на гэтай паперчыне звычайна ня ставілася, і яна не магла лічыцца афіцыйным дакумэнтам. Гэта было зроблена, каб прадухіліць магчымы паралельны падлік галасоў.

Улады ўлічвалі магчымасьць і іншага разьвіцьця падзеяў — на некаторых участках у Менску прысутнічалі да дзясяці міліцыянтаў, а побач з участкамі „тусаваліся” асобы, якія называліся „дружыньнікамі”: улады былі гатовыя і да таго, што відавочныя фальсыфікацыі вынікаў рэфэрэндуму прывядуць да народных пратэстаў.

Вынікі рэфэрэндуму і выбараў

Афіцыйныя вынікі былі падведзеныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй 21 кастрычніка. Аднак і да таго ў сваіх паведамленьнях і інтэрвію яе супрацоўнікі выказваліся наконт чарговай пераканаўчай падтрымкі Лукашэнкі беларускім народам і факту фармаваньня парлямэнту ў правамоцным складзе ўжо ў першым туры. На рэфэрэндуме было зацьверджана рашэньне пра зьмяненьне Канстытуцыі, зьняцьце абмежаваньня часу прэзыдэнтуры і быў дадзены дазвол прэзыдэнту Лукашэнку балятавацца на трэцюю прэзыдэнцкую кадэнцыю ў 2006 г. Ніводзін апазыцыйны кандыдат ня толькі ня быў абраны ў парлямэнт, але нават ня выйшаў у другі тур.

Згодна з пастановай Цэнтральнай выбарчай камісіі ад 21 кастрычніка, у галасаваньні на рэфэрэндуме ўзялі ўдзел 6 307 395 грамадзянаў, што складае 90,28 % ад колькасьці тых, што маюць права голасу і былі ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня. Цэнтральная выбарчая камісія вырашыла лічыць прынятым рашэньне па пытаньні, вынесеным на рэфэрэндум. За гэта прагаласавалі 5 548 477 грамадзянаў, што складае 79,42 % ад агульнай сьпісавай колькасьці. Усяго ў сьпісы для рэфэрэндуму было ўключана 6 986 163 грамадзянаў. Бюлетэні атрымалі 6 315 825 чалавек. Атрымалі бюлетэнь, але не паклалі яго ў скрыню для галасаваньня 8430 выбарцаў. Супраць зьмяненьня Канстытуцыі прагаласавалі 691 917 грамадзянаў, што складае 9,9 % ад сьпісавай колькасьці выбарцаў. Колькасьць несапраўдных бюлетэняў — 67 001.

Такім чынам, рашэньне на рэфэрэндуме было прынятае на карысьць Аляксандра Лукашэнкі. Адсотак тых, хто падтрымаў Лукашэнку, паводле зьвестак афіцыйных органаў, павялічыўся і ў параўнаньні зь мінулымі прэзыдэнцкімі выбарамі 1994 і 2001 гг., і ў параўнаньні зь мінулымі прэзыдэнцкімі рэфэрэндумамі: пытаньне пра зьмену рэдакцыі Канстытуцыі ў 1996 г. падтрымалі 5 175 664 чалавекі, а на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 г. (другі тур) і 2001 г. за Лукашэнку прагаласавалі адпаведна 4,2 і 4,6 млн выбарцаў. Пры гэтым у 2004 г. ашаламляльна павысілася яўка (на рэфэрэндуме 1995 г. яна складала 64,8 %, на рэфэрэндуме 1996 г. — 84,14 %), што тлумачыцца згаданай тэхналёгіяй штучнага скарачэньня сьпісаў выбарцаў.

Што да парлямэнцкіх выбараў, то Цэнтральная выбарчая камісія сваёй пастановай ад 22 кастрычніка вызначыла сьпіс абраных дэпутатаў і паведаміла, што з унесеных у сьпісы 6 986 163 грамадзянаў узяло ўдзел у выбарах 6 297 600, што складае 90,14 % ад сьпісавага складу (нагадаем, што сьпіс і для рэфэрэндуму, і для выбараў быў супольны). Выбары адбыліся ўва ўсіх 110 выбарчых акругах, па якіх было абрана 108 дэпутатаў. У дзьвюх акругах выбары адбыліся, але ніхто з кандыдатаў не набраў больш за палову галасоў выбарцаў. У Наваполацкай выбарчай акрузе № 25 быў праведзены другі тур, а ў Гарадзенскай цэнтральнай выбарчай акрузе № 52 былі праведзеныя паўторныя выбары. Ува ўсіх акругах перамаглі праўладныя кандыдаты. Сярод партыйных вылучэнцаў дэпутацкія мандаты атрымалі старшыня ЛДП Сяргей Гайдукевіч, які правёў кампанію пад лёзунгамі барацьбы з аб’яднанай апазыцыяй, і восем сяброў праўладнай КПБ.

Дадзеныя экзыт-полу, праведзенага сацыялягічнай службай Гелапа, сьведчылі пра іншую карціну: вялікая колькасьць апазыцыйных кандыдатаў выйшла ў другі тур, а вылучэнец Партыі БНФ Уладзімер Колас нават перамог у першым туры (у Старавіленскай акрузе ў Менску). Гэтая служба таксама сьцьвярджае, што лік падтрымкі ініцыятывы прэзыдэнта для зьмяненьня Канстытуцыі не дасягнуў узроўню, патрэбнага для прыняцьця рашэньня, і склаў 48,4 % ад агульнай колькасьці выбарцаў за ўсе дні галасаваньня (памылка выбаркі — 1 %). Дадзеныя цэнтру „Экаом” таксама адрозьніваюцца ад афіцыйных: згодна зь імі, падтрымалі прэзыдэнта толькі 74,6 % выбарцаў (адсотак магчымай памылкі не паведамляўся).

Парлямэнцкія выбары і рэфэрэндум адбыліся паводле вызначанага ўладамі сцэнару і прывялі да неабходных уладам вынікаў. Ці патрэбныя Лукашэнку падобныя агульнанацыянальныя кампаніі ў будучыні? Імгненна распаўзьліся чуткі пра тое, што прэзыдэнцкія выбары будуць прызначаныя датэрмінова, у 2005, а не ў 2006 г., у сувязі з тым, што ў 2006 г. эканамічная сытуацыя ня будзе спрыяльнай для ўлады. Гэта малаверагодна, паколькі тэхналёгія 2004 г. дазваляе Лукашэнку атрымліваць „элегантную перамогу” нават пры нізкай падтрымцы з боку насельніцтва. Аднак яму ж неабходна рэгулярна мабілізоўваць уласных прыхільнікаў, патрэбныя агульнанацыянальныя прапагандысцкія акцыі. Выцягваньне людзей да выбарчых скрыняў дазваляе гэта рабіць максымальна эфэктыўна, ствараючы ілюзію дэмакратычнай працэдуры палітычнай легітымацыі правадыра.

1 Пры падрыхтоўцы гэтага артыкулу выкарыстоўваліся зьвесткі, апублікаваныя на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў www.rec.gov.by, няўрадавых арганізацыяў, што ажыцьцяўлялі маніторынг выбарчага працэсу: інфармацыя Праваабарончага цэнтру „Вясна”, апублікаваная на сайце www.spring96.org, і выданьне Грамадзянскай ініцыятывы „Партнэрства”: Референдум и выборы в Палату представителей 2004 г. : Факты и комментарии. — Москва : Можайск-Терра, 2004.