Палітычная сытуацыя пачатку лета 2004 г. была неспрыяльная для апазыцыі. Дыспрапорцыя ў фінансавых і арганізацыйных магчымасьцях паміж апазыцыйнымі групамі і ўладаю на карысьць апошняй была відавочнаю. Таму рэальныя мэты палітычнай кампаніі апазыцыі, з улікам рашучасьці ўлады захоўваць уласную палітычную манаполію, былі даволі сьціплымі. Большасьць палітычных партыяў максымальным посьпехам лічыла атрыманьне некалькіх палітычных мандатаў і фармаваньне невялікай фракцыі ці групы ў новым парлямэнце. Лічылася, што мандат можна атрымаць праз масавы ўдзел апазыцыйных кандыдатаў у выбарах і пераканаўчую перамогу ў канкрэтнай акрузе. Пытаньне неабходнасьці „абароны” вынікаў галасаваньня неаднаразова ўздымалася (у прыватнасьці, „Хартыяй ’97”), але ніколі сур’ёзна не абмяркоўвалася. Ставіліся і дадатковыя мэты — „псыхалягічная перамога над рэжымам”, адбудова рэгіянальных структураў, прыцягненьне ўвагі, інфармаваньне насельніцтва і г. д.
У апазыцыйным стане мелі месца дыскусіі пра стратэгію ўдзелу ў кампаніі 2004 г. У прыватнасьці, былі прапановы здымаць усіх дэмакратычных кандыдатаў пры нерэгістрацыі знакавых асобаў альбо пры масавых парушэньнях выбарчага заканадаўства. Але большасьць палітычных суб’ектаў аддалі перавагу стратэгіі „ісьці да канца”. У тых выбарчых акругах, дзе былі зьнятыя ўсе дэмакратычныя кандыдаты, палітычныя партыі рэкамэндавалі выбарнікам галасаваць супраць усіх. Праўда, спэцыяльных кампаніяў „супраць усіх” не было і такія заклікі ня мелі вялікага ўплыву на электарат.
Існуе шмат доказаў таго, што дэмакратычныя кааліцыі да пэўнай ступені спадзяваліся на лякальныя перамогі. Магчымасьць перамогі асобных кандыдатаў падмацоўвалася досьведам мясцовых выбараў, а таксама ўстойлівымі чуткамі пра рашэньне ўладаў дапусьціць некалькіх апазыцыйных кандыдатаў у парлямэнт для яго легітымізацыі і аслабленьня вонкавапалітычнага ціску. Сваю ролю адыгрывала і адчуваньне замежнага кантролю за выбарамі, спадзяваньні на які, у рэшце рэшт, ня спраўдзіліся.
Структура палітычнай кампаніі
Палітычная кампанія апазыцыі ў 2004 г. была менш разгалінаваная, чым у 2001 г., і адначасова больш шчыльная, чым на мясцовых выбарах 2003 г. Збольшага кампанія складалася з спробаў арганізаваць агульнанацыянальную кампанію з супольным брэндам і лёзунгамі, а таксама з сукупнасьці лякальных кампаніяў кандыдатаў у канкрэтнай акрузе. У 2004 г. не было мабілізацыйнай кампаніі, кшталту „Выбірай” у 2001 г. Зрэшты, яўка на выбарах і рэфэрэндуме ўсё роўна была вельмі высокая. Адсутнічала і колькі-небудзь структураваная нэгатыўная кампанія, кшталту „Час выбіраць” 2001 г. Пэўныя функцыі нэгатыўнай кампаніі выконвалі акцыі супраць рэфэрэндуму, але яны ня мелі сыстэмнага характару. Дзейнасьць „несыстэмных” групаў (кшталту „Зубра”) зьвялася да нязначнай вулічнай актыўнасьці і падрыхтоўкі нешматлікіх акцыяў пратэсту ў першы дзень пасьля выбараў — 18 кастрычніка. (Вулічныя акцыі працягваліся практычна ўвесь тыдзень пасьля выбараў. 18 кастрычніка дэманстранты не сустрэлі супрацьдзеяньня праваахоўных органаў, затое 19 кастрычніка мелі месца сур’ёзныя сутыкненьні.) Перад выбарамі апазыцыйныя сілы правялі толькі адну дастаткова масавую акцыю — 21 ліпеня, у дзень дзясятай гадавіны ўступленьня А. Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта. Акцыя сабрала некалькі тысяч удзельнікаў і скончылася масавымі затрыманьнямі.
Спробы арганізацыі агульнанацыянальнай перадвыбарнай кампаніі — з супольнымі брэндам, лёзунгамі ды стратэгіяй — таксама былі ня вельмі ўдалыя. Такую кампанію спрабавала праводзіць толькі „5+” і ў значна меншай ступені — „Эўрапейская кааліцыя”. Няўдача агульнанацыянальнай кампаніі збольшага была абумоўленая ціскам з боку ўлады, асабліва на палітычныя партыі і СМІ. Спробы рабіць прамоцыю незарэгістраванай „пяцёркі” праз прасоўваньне супольнага брэнду і сумесныя акцыі выклікалі нэгатыўную рэакцыю Міністэрства юстыцыі: палітычным партыям — суб’ектам кааліцыі „5+” за дзейнасць ад яе імя было вынесена папярэджаньне. У той жа час, выкарыстаньне брэнду патэнцыйна пагражала нерэгістрацыяй кандыдатаў ці пазбаўленьнем іх рэгістрацыі. Але ў значна большай ступені агульнанацыянальная кампанія не была актыўнай з прычыны недахопу чалавечых і арганізацыйных рэсурсаў, якія былі адцягнуты працаю ў канкрэтных выбарчых акругах. Натуральна, што дапаможныя кампаніі (мабілізацыйная, нэгатыўная і г. д.) павінны праводзіцца ня столькі партыямі, колькі каляпартыйнымі структурамі і НДА, але каньюнктура для іх маштабнага прыцягненьня да выбарчай актыўнасьці была неспрыяльная.
Асноўнымі элемэнтамі агульнанацыянальнай кампаніі было інфармаваньне пра дзейнасьць кааліцыяў у СМІ, інфармаваньне пра рэпрэсіўныя акцыі ўладаў, прэсавыя і навукова-практычныя канфэрэнцыі, праца з замежжам. „5+” надавала вялікае значэньне сумесным рэгіянальным паездкам лідэраў партыяў, „Эўрапейская кааліцыя” — акцыям, скіраваным на „распаўсюджваньне эўрапейскай ідэі”. Фактычна агульнанацыянальная кампанія пачалася ўвесну 2003 г. Якраз у гэты час адбыліся першыя інфармацыйныя акцыі блёку „Свабодная Беларусь” і будучай „пяцёркі”. Зь лета 2003 г. палітычныя прэзэнтацыі, акцыі, наўпрост альбо ўскосна зьвязаныя з выбарамі, сталі рэгулярнымі. Непасрэдна перад выбарамі інфармацыйная кампанія стала інтэнсіўнай і ўвабрала ў сябе элемэнты адкрытай агітацыі, прасоўваньня брэнду (у тым ліку і ўва ўлётках кандыдатаў), інфармаваньне пра сьпісы кандыдатаў, „галадоўку” і вулічныя акцыі, але так і ня стала дастаткова шчыльнаю.
Палітычная кампанія дэмакратычнай апазыцыі ўключала ў сябе шэраг этапаў. Фармаваньне сьпісу кандыдатаў у дэпутаты перадвыбарнымі кааліцыямі пачалося на пачатку лета 2003 г. і не спынялася аж да рэгістрацыі кандыдатаў. Стварэньне сьпісу суправаджалася перамовамі розных палітычных групаў, спачатку ў межах кааліцый, пазьней паміж кааліцыямі. Недзе зь лета 2004 г. пачалася больш-менш сыстэмная перадвыбарная агітацыя, а ад жніўня стартаваў нарматыўна прапісаны выбарчы працэс: збор подпісаў, рэгістрацыя кандыдатаў, перадвыбарная кампанія ў выбарчых акругах.
Ня толькі агульнанацыянальная, але ў значнай ступені і „акруговая” кампаніі пачаліся да афіцыйнага абвяшчэньня выбарчай кампаніі. Дзейныя дэпутаты распаўсюджвалі справаздачы пра сваю працу на карысьць выбарнікаў, апазыцыйныя кандыдаты праводзілі рознага кшталту сацыялягічныя апытаньні і вывучалі мясцовыя праблемы для атрыманьня вядомасьці і складваньня электаральнай мапы акругі. (Невялікая частка апазыцыйных кандыдатаў рыхтавалі сваё вылучэньне яшчэ падчас мясцовых выбараў.) Адначасова фармаваліся штабы і падбіраліся каманды валянтэраў. Падрыхтоўчая кампанія была нераўнамернаю, яе правядзеньне залежала ад асобы кандыдата, а вельмі актыўных было ня так і шмат. Агульная колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі, якія пачалі датэрміновую працу ў сваіх акругах, не была значнай.
Фармальна выбары ў парлямэнт былі абвешчаны ўказам прэзыдэнта Беларусі ад 14 ліпеня 2004 г. На падставе ўказу Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў распрацавала і зацьвердзіла плян выбарчай кампаніі па выбарах у палату прадстаўнікоў нацыянальнага сходу 3-га скліканьня. Першыя тры этапы былі арганізацыйныя: навучаньне, вызначэньне акругаў, фармаваньне акруговых і ўчастковых камісіяў, — таму толькі ўскосна закраналі палітычную кампанію апазыцыі. Палітычныя партыі спрабавалі ўдзельнічаць у фармаваньні выбарчых камісяў, але ня вельмі пасьпяхова. Уласна выбарчая кампанія пачалася з 8 жніўня, з этапу рэгістрацыі ініцыятыўных групаў для вылучэньня ў кандыдаты.
У адпаведнасьці з графікам, вылучэньне кандыдатаў цягнулася да 6 верасьня. Адпаведна рэгістрацыя кандыдатаў адбывалася 7—16 верасьня. Пасьля рэгістрацыі пачалася агітацыйная кампанія, якая доўжылася да 16 кастрычніка.
Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў
Ініцыятыўныя групы для вылучэньня кандыдатаў у адпаведнасьці зь беларускім закандаўствам ствараюцца для збору подпісаў і падачы іх у акруговую выбарчую камісію. Разам з вылучэньнем ад партыі і працоўнага калектыву, гэта адзін з сродкаў удзелу ў выбарах. Але палітычнае значэньне працэдуры больш высокае. Збор подпісаў звычайна выкарыстоўваецца кандыдатамі як дадатковая агітацыя, нават калі існуе магчымасьць партыйнага вылучэньня.
Рэгістрацыя групаў была завершаная 17 жніўня. Паводле інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі, было пададзена 635 заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, зь іх 71 групе было адмоўлена. Такім чынам, паказьнік нерэгістрацыі склаў больш за 11 %, што даволі многа. У прыватнасьці, на выбарах у палату прадстаўнікоў ІІ скліканьня 2000 г. гэты паказьнік не перавышаў 4 %. У 2004 г. акруговыя камісіі значна больш уважліва ставіліся да рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, чым калі-небудзь у сучаснай гісторыі Беларусі. Ужо на гэтым этапе выбарчай кампаніі апазыцыйныя групы пачалі скардзіцца на адміністрацыйны ўціск і дыскрымінацыйнае стаўленьне да дэмакратычных кандыдатаў.
Агульная колькасьць ініцыятыўных групаў, якія былі сфармаваныя шасьцю найбольш буйнымі апазыцыйнымі партыямі, склала 188. (Тут і надалей ідзе аналіз пераважна партыйных кандыдатаў. Натуральна, што гэта не ахоплівае ўсіх кандыдатаў, якіх можна аднесьці да апазыцыі, — у прыватнасьці, непартыйных сяброў абедзьвюх кааліцыяў, але больш-менш дакладных зьвестак пра іх вылучэньне няма.) Найбольшую актыўнасьць праявілі АГП — 54 і БСДП (НГ) — 50, затым БНФ — 38, ПКБ — 24, БСДГ — 16 і БПП — 6 (такім чынам, удзельная вага „5+” склала 73 % ад апазыцыйных кандыдатаў). З 188 групаў не зарэгістравалі 16,5 % (31 групу). Такім чынам, узровень адмоваў для апазыцыйных кандыдатаў быў вышэйшы, чым сярэдні паказьнік у краіне. Найвялікшы ўзровень нерэгістрацыі быў для БСДП (НГ) — адмоўлена 30 % ініцыятыўных групаў. Для астатніх партыяў гэты адсотак ня быў такім значным (самы высокі сярод астатніх — у БСДГ: амаль 19 %). Сярэдні ўзровень адмоваў па Народнай кааліцыі „5+” склаў 11,6 %, што практычна супадае зь сярэднім узроўнем у краіне.
Вылучэньне кандыдатаў ад партыяў
Партыйнае вылучэньне больш надзейнае, чым вылучэньне зборам подпісаў, таму яго актыўна выкарыстоўвалі. Абсалютная большасьць апазыцыйных кандыдатаў вылучаліся ад палітычных партыяў. Як вядома, партыя можа вылучыць свайго прадстаўніка толькі ў тым выпадку, калі мае на тэрыторыі акругі зарэгістраваныя арганізацыйныя структуры, таму з гэтай магчымасьці не маглі скарыстацца ўсе партыйныя кандыдаты.
Права на вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты ад палітычных партыяў маюць вышэйшыя кіраўнічыя органы гэтых арганізацыяў, таму большасьць партыяў правялі ў жніўні 2004 г. нечарговыя зьезды, якія мелі збольшага тэхнічны характар і разглядалі пераважна пытаньне вылучэньня кандыдатаў. Некаторыя зь іх закраналі таксама і праблемы партыйнага будаўніцтва, зацьвярджэньне перадвыбарнай плятформы (у прыватнасьці, БСДГ). Геаграфія вылучэньня залежала, перш за ўсё, ад наяўнасьці рэгіянальных структураў, а таксама кааліцыйных дамоўленасьцяў і кандыдатаў, здольных весьці актыўную палітычную кампанію.
VIII нечарговы зьезд партыі БНФ адбыўся 29 жніўня. Кандыдатамі было вылучана 40 асобаў. Калі прааналізаваць геаграфію вылучэньня, то прадстаўнікі Менску і Берасьцейскай вобласьці склалі 53 % ад усіх вылучаных кандыдатаў, у акругах, якія зьмешчаныя ў Менская вобласьці, вылучана 8 чалавек, у астатніх абласьцях — ад 1 да 4 чалавек.
Усяго, паводле заяваў кіраўніцтва, партыя БНФ вылучыла 55 кандыдатаў, 40 — партыйным вылучэньнем і 15 — праз збор подпісаў. Гэтая колькасьць была значна скарочаная ў выніку адмоваў у рэгістрацыі, ад удзелу ў кампаніі, зьняцьця кандыдатураў на карысьць іншых кандыдатаў, а таксама пазбаўленьня рэгістрацыі найбольш актыўных кандыдатаў. У бюлетэнях 17 кастрычніка засталося толькі 30 сяброў БНФ, гэта значыць 54,5 % ад вылучаных. У дзень выбараў партыя БНФ была прадстаўленая ў 27,3 % выбарчых акругаў: 8 кандыдатаў у Менску, 6 — у Берасьцейскай вобласьці, 5 — у Віцебскай, 4 — у Менскай, па 3 — у Гарадзенскай і Гомельскай, 1 — у Магілёўскай[1].
29 жніўня быў праведзены VIII пазачарговы зьезд АГП, на якім было вылучана 57 кандыдатаў. Зьезд суправаджаўся арганізацыйнымі цяжкасьцямі. Адміністрацыя гатэлю „Менск”, дзе была арэндаваная заля для зьезду, у апошні момант адмовіла ў яго правядзеньні, і кіраўніцтва АГП было вымушанае шукаць іншае памяшканьне. Улічваючы абставіны зьезду, нават паўстала пытаньне яго легітымнасьці. Пры рэгістрацыі кандыдаткі ад партыі АГП З. Бандарэнкі ў 61-й выбарчай акрузе мясцовая акруговая камісія адмовіла ёй, спаслаўшыся на несапраўднасьць рашэньняў зьезду. Праўда, пазьней Міністэрства юстыцыі прызнала легітымнасьць зьезду АГП і вылучэньне партыйных кандыдатаў. Акрамя 57 чалавек, якія былі вылучаныя ад партыі, яшчэ 5 сяброў АГП вылучаліся праз збор подпісаў. Такім чынам, агульная колькасьць кандыдатаў ад АГП (паводле інфармацыі партыйнага кіраўніцтва) склала 62 асобы. У выбарах 17 кастрычніка прынялі ўдзел 29 кандыдатаў ад АГП, гэта значыць 46,8 % ад вылучаных у жніўні. АГП мела прадстаўніцтва ў 26,4 % выбарчых акругаў: Менск — 6, Магілёўская, Гомельская і Віцебская вобласьці — па 5, Менская — 4, Берасьцейская — 3 і Гарадзенская — 1.
Нечарговы зьезд БСДГ таксама адбыўся 29 жніўня. Партыя, як і АГП, мела праблемы з арэндаю памяшканьня, таму зьезд праходзіў у сядзібе ПКБ. Было вылучана 16 кандыдатаў (Менск — 8 чалавек, Берасьцейская вобласьць — 3, Магілёўская — 2 і па 1 у Віцебскай, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай). Яшчэ тры сябры партыі дэкляравалі намер вылучацца праз збор подпісаў; такім чынам, агульная колькасьць вылучэнцаў склала 19 асобаў. Акрамя вылучэньня кандыдатаў, зьезд партыі разгледзеў і зацьвердзіў перадвыбарную плятформу БСДГ. За аснову была прынятая праграма Народнай кааліцыі „5+” з шэрагам дапаўненьняў, большасьць якіх тычылася абароны сацыяльных правоў. У бюлетэнях 17 кастрычніка было 12 сяброў БСДГ, гэта значыць 63,2 % ад падтрыманых кандыдатаў. Партыя БСДГ была прадстаўлена ў 10,9 % выбарчых акругаў: Менск і Берасьцейская вобласьць — па 3 кандыдаты, Магілёўская — 2, Віцебская, Гомельская, Гарадзенская, Менская вобласьці — па 1.
ПКБ для ўдзелу ў выбарах вылучыла 38 кандыдатаў, але колькасьць тых, хто ўзяў удзел у кампаніі, была меншая — перш за ўсё праз адмовы ў рэгістрацыі. 17 кастрычніка ў выбарчых бюлетэнях было 27 сяброў ПКБ, гэта склала 71,1 % ад вылучаных і было самым высокім паказьнікам сярод апазыцыйных партыяў. Партыя ПКБ мела сваіх прадстаўнікоў у чвэрці (24,5 %) выбарчых акругаў: 8 — у Гомельскай вобласьці, па 6 — у Берасьцейскай і Віцебскай, 3 — у Гарадзенскай, 2 — у Менску і па 1 — у Магілёўскай і Менскай абласьцях.
Кандыдаты ў дэпутаты ад БСДП (НГ) былі вылучаныя 21 жніўня Цэнтральным камітэтам партыі, найвышэйшым, у адпаведнасьці з статутам, рэспубліканскім кіраўнічым органам партыі. Гэтая акалічнасьць на пэўны час паставіла пад пытаньне легітымнасьць вылучэньня, бо старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі выказала меркаваньне, што правам вылучаць кандыдатаў валодае толькі зьезд партыі, пасьля чаго рэкамэндавала акруговым камісіям не рэгістраваць кандыдатаў, якія былі вылучаныя іншым органам. У гэтай сытуацыі Міністэрства юстыцыі не падтрымала пазыцыі Цэнтральнай камісіі і прызнала права БСДП (НГ) вылучаць сваіх кандыдатаў рашэньнямі Цэнтральнага камітэту. Партыя БСДП (НГ) вылучыла 56 кандыдатаў, але неўзабаве чатыры зь іх адмовіліся ад удзелу ў кампаніі (кіраўніцтва партыі патлумачыла гэта ціскам з боку дзяржаўных структураў) і колькасьць вылучэнцаў скарацілася да 52 чалавек. Непасрэдны ўдзел у выбарах узялі 31 чалавек. БСДП (НГ) мела прадстаўніцтва ў 28,2 % выбарчых акругаў: 9 кандыдатаў — у Віцебскай вобласьці, 7 — у Берасьцейскай, 6 — у Менску, 5 — у Менскай вобласьці, 3 — у Магілёўскай вобласьці і 1 — у Гомельскай.
Партыйнае вылучэньне дазваляе зрабіць аналіз палітычнай актыўнасьці буйных перадвыбарных кааліцыяў. Сумарнае вылучэньне ад Народнай кааліцыі „5+” склала 174 кандыдаты (35,6 % — АГП, 31,6 % — БНФ, 21,9 % — ПКБ і 10,9 % — БСДГ)[2]. У адпаведнасьці з дадзенымі Цэнтральнай выбарчай камісіі ўсяго было вылучана 692 прэтэндэнты на 110 месцаў у парлямэнце, такім чынам, агульная доля прадстаўнікоў „пяцёркі” склала 25,1 %. З падлікам прадстаўнікоў Эўрапейскай кааліцыі „Свабодная Беларусь” узьнікаюць складанасьці, больш-менш дакладная інфармацыя ёсьць пра БСДП (НГ) — 8,1 % ад усіх прэтэндэнтаў. Наколькі вядома, жаночая партыя „Надзея” кандыдатаў у дэпутаты не вылучала, найбольш уплывовыя фігуры блёку „Свабодная Беларусь” таксама не выстаўлялі сваіх кандыдатураў. На пасяджэньні яго Каардынацыйнага камітэту 8 лістапада 2004 г. было абвешчана, што ад блёку вылучаліся 107 чалавек (15,5 % ад 692), але гэты лік, відавочна, значна завышаны. Тым больш што зарэгістравана было толькі 36 чалавек (33,6 % ад вылучаных, гэта вельмі нізкі паказьнік, нават для апазыцыйнага блёку). Улічваючы тое, што ад БСДП (НГ) было зарэгістравана ня менш як 28 чалавек, астатнія суб’екты кааліцыі здолелі зарэгістраваць толькі 8 кандыдатаў. Калі адняць партыйцаў БСДП (НГ), то працэнт рэгістрацыі прадстаўнікоў іншых суб’ектаў „Эўрапейскай кааліцыі” складзе 9,8. Гэты лік можна лічыць нерэальным, нават калі ўзяць пад увагу значны ціск з боку ўлады.
Калі прааналізаваць узровень допуску да выбараў суб’ектаў Народнай кааліцыі „5+”, то найбольш нізкі гэты паказьнік у АГП (дапушчана меней за 47 %), а самы высокі — у ПКБ (71 %). Такі разрыў можна тлумачыць ня толькі нэгатыўным стаўленьнем улады да кандыдатаў ад АГП, ня менш значную ролю адыграла недастатковая стараннасьць і „рэальнасьць” пры адборы патэнцыйных кандыдатаў. Гэта пацьвярджаецца і прыкладна аднолькавай колькасьцю прадстаўнікоў буйных партыяў, якія захавалі свой статус кандыдатаў да 17 кастрычніка 2004 г. Агулам удзельнікаў выбараў ад Народнай кааліцыі было 98[3 чалавек (зь іх БНФ — 30,6 %, АГП — 29,6 %, ПКБ — 27,6 %, БСДГ — 12,2 %). Узровень „допуску” да выбараў удзельнікаў Народнай кааліцыі „5+” склаў 56,3 %, гэта нават трошкі вышэй за сярэдні паказьнік у краіне. Усяго ў краіне з 671 было зарэгістравана акруговымі камісіямі 359 (51,9 %) прэтэндэнтаў, адмоўлена ў рэгістрацыі — 312 (45,1 %). Кандыдаты ад Народнай кааліцыі на выбарах былі прадстаўлены ў 72 акругах, што складае толькі 65,5 % ад агульнай колькасьці. Найбольшая колькасьць „бесьпяцёрачных” акругаў была ў Менскай вобласьці — 9, затым у Гомельскай, Гарадзенскай і Магілёўскай — па 6.
Аналіз, заснаваны на выніках выбараў, не дае дастатковых падставаў для сыстэмных вывадаў, улічваючы адсейваньне многіх апазыцыйных кандыдатаў, тым ня менш, ён можа выявіць пэўныя тэндэнцыі, напрыклад адносна высокую прысутнасьць партыйных кандыдатаў ад усіх партыяў у Берасьцейскай вобласьці (каля 25) і нізкую — у Гарадзенскай (каля 8), вялікае значэньне Менску для большасьці партыяў, акрамя ПКБ, адносна моцныя пазыцыі БСДП (НГ) у Віцебскай вобласьці і г. д. Аднак фэномэны рэгіянальнай палітычнай дыспрапорцыі патрабуюць асобнага дасьледаваньня, і таму нейкія дакладныя вывады тут немагчымыя.
Вынікі выбараў пацьвердзілі існаваньне ў Беларусі апазыцыйнай партыйнай сыстэмы, якую можна апісаць формулаю 4+1. Чатыры адносна буйныя партыі — БНФ, АГП, ПКБ, БСДП (НГ) — і БСДГ, якая трывала займае пятую пазыцыю. Ніводная зь іншых палітычных арганізацыяў (у прыватнасьці жаночая партыя „Надзея”, блёк „Свабодная Беларусь”, „Маладая Беларусь”) ня мае параўнальнага палітычнага патэнцыялу.
Кааліцыйнае будаўніцьва апазыцыі перад выбарамі
Падчас палітычнай кампаніі працягваўся працэс інтэграцыі апазыцыйных сілаў. Працэс аб’яднаньня быў шматмерным і даволі гнуткім. Мела месца як укладаньне перадвыбарных пагадненьняў, так і перамовы пра каардынацыю дзеяньняў, сумеснае назіраньне, пазьбяганьне ўзаемнай крытыкі, кансультацыі аб зьняцьці кандыдатураў на карысьць палітычных саюзьнікаў. Акрамя таго, падчас кампаніі адбывалася ўзмацненьне кантактаў паміж інстытуцыялізаванаю апазыцыяй і „незалежнымі” кандыдатамі, якія з розных прычынаў вырашылі ісьці ў парлямэнт і ўступілі ў канфлікт з уладаю.
Найбольш значнай, з сымбалічнага пункту гледжаньня, падзеяй стала падпісаньне пагадненьня паміж Эўрапейскай кааліцыяй „Свабодная Беларусь”, грамадзянскай кааліцыяй „Рэспубліка” і блёкам „Маладая Беларусь” 20 жніўня ў Менску. Яно прадугледжвала цесную каардынацыю падчас парлямэнцкіх выбараў і стварэньне адзінага сьпісу пасьля рэгістрацыі кандыдатаў. Ад Эўрапейскай кааліцыі подпіс пад дакумэнтам паставіў М. Статкевіч і А. Саньнікаў, ад „Рэспублікі” — В. Фралоў, ад „Маладой Беларусі” — З. Дашкевіч. Народная кааліцыя „5+” фармальна падтрымала аб’яднаньне трох дэмакратычных апазыцыйных групаў, хоць і скептычна паставілася да іх арганізацыйных здольнасьцяў. Лідэры „пяцёркі” нават выказвалі меркаваньне пра магчымасьць зьняцьця ўласных кандыдатаў, калі прадстаўнікі дэмакратычных групаў будуць мець большы шанец на перамогу. Пагадненьне мела пераважна сымбалічны і дэманстрацыйны характар і відавочна было часткаю інфармацыйнай кампаніі. Практычнага значэньня пагадненьне ня мела. В. Фралоў балятаваўся ад БСДП (НГ), а колькасьць зарэгістраваных кандыдатаў ад „Маладой Беларусі” была мінімальная. Палітычная сувязь паміж блёкамі, якія падпісалі пагадненьне, была і да гэтага часу. У прыватнасьці, „МФ” яшчэ ў канцы 2003 г. вітаў стварэньне Эўрапейскай кааліцыі „Свабодная Беларусь”, а В. Фралоў актыўна супрацоўнічаў з шэрагам рэгіянальных арганізацыяў БСДП (НГ). Канчатковае аб’яднаньне гэтых палітычных групаў адбылося ўжо пасьля выбараў. 8 лістапада на пасяджэньні каардынацыйнага камітэту „Эўрапейскай кааліцыі” было прынята рашэньне пра далучэньне „МФ” да кааліцыі. Старшыня „МФ” П. Севярынец стаў сябром каардынацыйнага камітэту выбарчага блёку. Акрамя гэтага, да кааліцыі далучылася незарэгістраваная Беларуская партыя свабоды і прагрэсу, створаная на аснове моладзевай арганізацыі „Грамадзянскі форум”, якая адкалолася ад АГП у 2000 г. Яе старшыня У. Навасяд быў абраны дэпутатам палаты прадстаўнікоў у 2000 г., але ў 2004 г. ня быў нават зарэгістраваны ў якасьці кандыдата ў дэпутаты.
Кампанія супраць рэфэрэндуму і магчымых фальсыфікацыяў
Абвяшчэньне 7 верасьня прэзыдэнтам Беларусі рэфэрэндуму наконт дазволу балятавацца яму на трэці тэрмін выклікала кансалідаваную нэгатыўную рэакцыю апазыцыі. Ужо 8 верасьня была прынята дэклярацыя аб адзінстве дэмакратычных сілаў, якую падпісалі прадстаўнікі Народнай кааліцыі „5+”, Эўрапейскай кааліцыі „Свабодная Беларусь” і шэраг вядомых культурных і грамадзкіх дзеячоў. Дэклярацыя падкрэсьлівала цынічнае выкарыстаньне ўладаю падзеяў у Бэслане для ўласных палітычных мэтаў і неканстытуцыйнасьць абвешчанага рэфэрэндуму. Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў заявілі пра сваё адзінства і рашучасьць „разам супрацьстаяць пагрозе ўсталяваньня ў Беларусі пажыцьцёвай і неабмежаванай улады аднаго чалавека”. Адзначалася таксама, што большасьць грамадзянаў Беларусі выступае супраць працягу паўнамоцтваў прэзыдэнта і што кансалідацыя дэмакратычных сілаў неабходная для таго, каб „гэтая большасьць перамагла”.
Абвяшчэньне рэфэрэндуму не было нечаканасьцю для апазыцыі. Адзінае, што было невядома, — дакладная дата правядзеньня. Апазыцыя, збольшага, сур’ёзна не рыхтавалася да кампаніі супраць рэфэрэндуму, стратэгічны плян дзеяньняў таксама адсутнічаў. Кампанія супраць рэфэрэндуму аформілася ў межах ужо разгорнутай кампаніі па выбарах у парлямэнт. Сацыялягічныя дадзеныя, якія былі распаўсюджаны службай „Gallup” у жніўні і пачатку верасьня, выклікалі пэўны аптымізм, які неабгрунтавана супакоіў апазыцыю, бо паказвалі падтрымку ідэі зьменаў у Канстытуцыі на ўзроўні, значна меншым за неабходны, — 32 %. Большасьць апазыцыйных лідэраў былі ўпэўненыя, што гэтае пытаньне непапулярнае і сапраўднай электаральнай перамогі А. Лукашэнка на рэфэрэндуме не атрымае. Зь іншага боку, было відавочна, што для забесьпячэньня перамогі ўлада будзе выкарыстоўваць усе наяўныя сродкі і правядзеньне сумленнае кампаніі малаімавернае. Але эфэктыўнасьць прапаганды і палітычных захадаў улады была для апазыцыі нечаканаю.
Для правядзеньня кампаніі супраць рэфэрэндуму былі створаныя рэгіянальныя штабы. Натуральна, большасьць арганізацыйных рэсурсаў былі ўжо адцягнутыя на парлямэнцкую кампанію, але было відавочна, што далёка ня ўсе апазыцыйныя кандыдаты будуць зарэгістраваныя. Плянавалася, што яны ня будуць спыняць сваёй актыўнасьці і далучацца да правядзеньня агітацыі супраць рэфэрэндуму ў сваіх акругах. Натуральна, што зарэгістраваныя кандыдаты ад дэмсілаў таксама павінны былі весьці актыўную кампанію супраць рэфэрэндуму. Задача гэтая была рэалізаваная толькі эпізадычна.
Кампанія распачалася пад назваю „Скажы Лукашэнку НЕ!”. Народная кааліцыя „5+” прапанавала адпаведную формулу, якая адлюстроўвала спалучэньне дзьвюх кампаніяў: „Скажы Лукашэнка НЕ! Зрабі пяць крокаў да лепшага жыцьця”. Кампанія ставіла за мэту ня толькі агітацыю супраць (бо пытаньне рэфэрэндуму і бяз гэтага лічылася непапулярным), але і арганізацыю актыўнага непрыманьня рэфэрэндуму і, магчыма, масавых акцыяў пратэсту.
Спалучэньне дзьвюх кампаніяў стварала вялікія арганізацыйныя складанасьці, пры тым што дзяржаўныя органы разгарнулі вельмі актыўную агітацыю „за”, якая давала свой плён, і колькасьць прыхільнікаў зьменаў у Канстытуцыі расла. Тое, што базыснымі структурамі кампаніі сталі штабы зарэгістраваных кандыдатаў і ў меншай ступені — спэцыялізаваныя штабы і незарэгістраваныя кандыдаты, значна паўплывала на ход агітацыі „супраць”. Кампанія была нераўнамерная і няшчыльная, некаторыя рэгіёны ёй не былі закранутыя ўвогуле, ахоп іншых быў недастатковым. Кампанію па рэфэрэндуме шмат у чым напаткаў лёс агульнанацыянальнай агітацыйнай кампаніі, якая так і ня стала дастаткова шырокай. На гэта было дзьве галоўныя прычыны: брак часу (паўтара месяца — замалая колькасьць часу ў існых умовах), адцягненьне большай часткі арганізацыйных рэсурсаў парлямэнцкай кампаніяй.
Асобным пытаньнем кампаніі 2004 г. была праблема магчымых фальсыфікацыяў і супрацьдзеяньне ім. Актуальнасьць гэтага пытаньня ўзрастала з набліжэньнем выбараў. Лідэры асноўных палітычных групаў заклікалі ня браць удзелу ў датэрміновым галасаваньні. Менавіта датэрміновае галасаваньне, у якім у некаторых рэгіёнах бралі ўдзел больш за 40 % ад агульнага сьпісу выбарнікаў, разглядалася як найбольш важны мэханізм маніпуляцыяў. Заклік гэты, аднак, ня мог выправіць сытуацыю. Арганізацыя датэрміновага галасаваньня была задачай дзяржаўных органаў, і гэтая задача была поўнасьцю выканана праз выкарыстаньне адпаведных адміністрацыйных мэханізмаў. Былі і дадатковыя захады, у прыватнасьці, БНФ заклікаў прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў арганізаваць назіраньне за выбарчымі ўчасткамі ў ноч перад выбарамі, каб не дапусьціць маніпуляцыяў зь бюлетэнямі для датэрміновага галасаваньня. Прапаноўваліся і іншыя акцыі, але большасьць зь іх ня сталі палітычнай практыкай, прынамсі масавай. Некаторыя спадзяваньні на прадухіленьне фальсыфікацыяў ускладаліся на міжнародных назіральнікаў і актыўнасьць з боку прадстаўнікоў дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты, але збольшага кіраўніцтва выбарчых камісіяў не дазволіла ім кантраляваць выбарчы працэс. Масавыя акцыі супраць фальсыфікацыяў 18 кастрычніка мелі характар сымбалічны і эмацыйны, вельмі далёкі ад акцыяў „абароны вынікаў галасаваньня”, „супраціву фальсыфікацыям” і г. д. Для апазыцыі кампанія супраць фальсыфікацыяў мела інфармацыйны, а не рэальна палітычны характар. Удзельнікі акцыяў, у сваю чаргу, выказвалі грамадзянскую пазыцыю, а не адстойвалі палітычныя мэты.
Выбраныя тэмы перадвыбарчых дыскусіяў
На выбарах 2004 г. апазыцыя выразна прэзэнтавала сябе як альтэрнатыву існаму рэжыму, прычым альтэрнатыву пазытыўную і сучасную. Зьмест „альтэрнатывы” адлюстроўваўся ў перадвыбарных праграмах.
Народная кааліцыя „5+” аформіла сваю перадвыбарную праграму ў фармаце „пяць крокаў да лепшага жыцьця”, якія канцэнтравана выражалі ідэі кааліцыі: 1. Дастойнае жыцьцё кожнаму (агульныя фразы пра дабрабыт). 2. Праца для людзей (супраць кантрактнай сыстэмы). 3. Улада для народу (супраць рэфэрэндуму). 4. Народныя грошы на службе народу (ліквідацыя прэзыдэнцкіх фондаў і апора на кааліцыю). 5. Павага ў сьвеце (пераадоленьне ізаляцыі). Пытаньне дзяржаўнасьці і незалежнасьці (актуальнае ў 1990-х гг.) у 2004 г. практычна не гучала. Прадстаўнікі партыяў, натуральна, мелі свае дадатковыя праграмы і агітавалі па-рознаму, выкарыстоўваючы „пяць крокаў” як аснову. Некаторыя партыі, як БСДГ, мелі дадатковую праграму. Прадстаўнікі Эўрапейскай кааліцыі больш увагі надавалі ідэі эўрапейскай інтэграцыі. Пры канцы 2003 г. кааліцыя нават абвесьціла 2004 г. у Беларусі годам Эўропы і дэкляравала правядзеньне на гэты конт некалькіх маштабных акцыяў. Пазьней у фармаце „Эўрапейскага выбару” быў абвешчаны збор подпісаў „за інтэграцыю Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз”. Плянавалася сабраць ня менш за 1 млн подпісаў у падтрымку гэтай ідэі, але задума так і не была рэалізаваная.
Канстытуцыйная рэформа. Канстытуцыйнае ўладкаваньне Беларусі выяўляе значную незбалянсаванасьць розных галінаў улады зь відавочным дамінаваньнем прэзыдэнта пры вырашэньні ўсіх важных дзяржаўных справаў. Канстытуцыйная рэформа разглядаецца апазыцыяй як важны крок да дэмакратызацыі палітычнай сыстэмы. Перш за ўсё гэта тычыцца скарачэньня паўнамоцтваў прэзыдэнта (у прыватнасьці, выдаваць часовыя дэкрэты, якія маюць большую юрыдычную сілу, чым закон) і павышэньня ролі парлямэнту. Праекты рэформаў таксама прадугледжваюць стварэньне дзейснага самакіраваньня, незалежнай судовай улады і новай выбарчай сыстэмы. У прыватнасьці, прапаноўваецца ўвядзеньне сыстэмы прапарцыйнага прадстаўніцтва. Дэмакратычная апазыцыя практычна аднагалосна заяўляе, што правядзеньне канстытуцыйнай рэформы будзе першаснай задачай пры зьмене ўлады. Натуральна, апазыцыя вельмі нэгатыўна паставілася да ідэі А. Лукашэнкі ўнесьці зьмены ў існую Канстытуцыю і зьняць абмежаваньні на колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта.
Эканоміка. Па сутнасьці, апазыцыя ў кампаніі 2004 г. вяла размову ня столькі пра эканоміку, колькі пра дабрабыт. У параўнаньні зь мінулымі гадамі рыторыка стала значна больш абстрактнай і сацыяльнай, „набліжанай да людзей”. Вялікае значэньне мела таксама актуалізацыя эканамічных праблемаў як кантраст афіцыйнай інфармацыйнай кампаніі, якая вялася пад лёзунгамі дасягненьняў беларускай эканамічнай мадэлі: стабільнасьць, адносны дабрабыт, росквіт большасьці галінаў гаспадаркі. Рыторыка эканамічных рэформаў, прынамсі глыбінных, адышла ў мове апазыцыі на другі плян, значна больш увагі стала надавацца мяккаму „ўдасканаленьню”: супраціву кантрактнай сыстэме працоўных адносінаў, скарачэньню падаткаў, спрашчэньню працэдураў арганізацыі бізнэсу, больш лібэральным умовам для ліцэнзаваньня, стварэньню спрыяльнага інвэстыцыйнага клімату і г. д. Праекты рэформаў у эканамічнай галіне прадугледжваюць прыватызацыю значнай часткі дзяржаўных прадпрыемстваў, рэформу сельскай гаспадаркі, зьніжэньне ролі дзяржавы ў рэгуляваньні эканомікі і агульную лібэралізацыю фінансавай сфэры.
Вонкавая палітыка. У адрозьненьне ад папярэдніх кампаніяў значна большае значэньне было нададзена праблемам адносінаў з Эўрапейскім Зьвязам. Не ў апошнюю чаргу гэта было зьвязана з пашырэньнем ЭЗ на ўсход і аднаўленьнем цікавасьці многіх эўрапейскіх краінаў да праблематыкі Беларусі, іх „новага суседа”. Абсалютная большасьць апазыцыйных групаў актыўна выступілі ў падтрымку ідэі эўрапейскай інтэграцыі і, у пэрспэктыве, сяброўства Беларусі ў ЭЗ. Для „Эўрапейскай кааліцыі” гэтае пытаньне стала цэнтральным у інфармацыйнай і агітацыйнай кампаніі пачынаючы зь лістапада 2003 г. Нэгатыўнае стаўленьне да ідэі ўваходжаньня Беларусі ў ЭЗ захоўвала толькі ПКБ, але за апошнія гады партыя стала значна больш станоўча ставіцца да праектаў супрацоўніцтва з краінамі Захаду.
У кампаніі 2004 г. абмеркаваньне стасункаў з Расеяй мела пэрыфэрыйны характар. Ідэя беларуска-расейскай інтэграцыі перастала быць часткаю іміджу А. Лукашэнкі, прапаганда гэтай ідэі празь дзяржаўныя СМІ, вельмі актыўная ў мінулым, была практычна цалкам спыненая. (Афіцыйны лёзунг кампаніі 2004 г., як вядома, быў „За Беларусь”.) Паралельна назіралася паступовае падзеньне цікавасьці да інтэграцыі з боку шырокіх колаў грамадзтва. Расейская праблематыка мела месца ў агітацыйнай кампаніі апазыцыі, але была слабавыяўленай і зводзілася звычайна да дэкляраваньня неабходнасьці „разьвіцьця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва”, „наладжваньня нармальных адносінаў” і „раўнапраўнага ўзаемадзеяньня”.
* * *
Разгортваньне палітычнай кампаніі апазыцыі вызначала магчымыя вынікі. Прагнозы саміх палітычных гульцоў звычайна паказвалі магчымасьць, пры спрыяльных умовах, стварэньня дэмакратычнай фракцыі ў парлямэнце. Як падаецца, пры ўмове мяккага выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу ўладамі, Народная кааліцыя „5+” магла б сфармаваць у парлямэнце фракцыю з 20—25 дэпутатаў. Разам зь іншымі дэмакратычнымі кандыдатамі гэта склала б чалавек 40 (у найлепшым выпадку). Гэта была б ня большасьць, але вельмі сур’ёзная дэстабілізацыя існай палітычнай сыстэмы. Тым ня менш, „мяккай” кампаніі ня выйшла і, нягледзячы на ўсе намаганьні, апазыцыя не атрымала ніводнага мандату.
1 Інфармацыя ЦВК на аснове пратаколаў акруговых камісіяў: Итоги выборов депутатов Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь третьего созыва 17 октября 2004 года; http://rec.gov.by/elect/ppns3/ppns3itogi.html
2 Лічба разыходзіцца з пададзенай у табліцы 3 артыкулу Юр’я Чавусава „Ход і вынікі парлямэнцкіх выбараў…”, бо вынікае з аўтарскіх падлікаў (БНФ — 55, АГП 62, БСДГ 19, ПКБ 38 = 174) на аснове афіцыйных прэс-рэлізаў і копіяў матэрыялаў зьездаў. Такім чынам, аўтарская мэтадалёгія падліку тут наступная: — Колькасьць вылучаных партыйцаў — публічна заяўленая і зацьверджаная ўпаўнаважаным органам (зьезды і г.д.) інтэнцыя партыяў. Прычыны далейшае адмовы (нерэгістрацыя, страх і г.д.) не аналізуюцца. — Колькасьць партыйных кандыдатаў узгоднена з выніковай пастановай ЦК па выбарах. — Рэд.
3 Лічба грунтуецца на аўтарскіх падліках. — Рэд.