1993. ВУСЬЦІШ, СЬМЕРЦЬ І МЭТАЛ
Англамоўны гомельскі гурт „Gods Tower” каля васьмі гадоў крочыў у авангардзе сусьветнага heavy metal. Гэта адзін зь нешматлікіх айчынных праектаў, які прызналі за мяжой. Цікавая акалічнасьць, нават у крамах бліжняга замежжа „Gods Tower” бадай што адзіны беларускі рэпрэзэнтант.
„The Eerie” (з ангельскай — „змрочны, вусьцішны”) — гэта першы альбом Лесьлі й каманды, які выйшаў пад шыльдай „Gods Tower”. Дагэтуль музыкі гралі злобны deathtrash і называліся „Chemical warfare”. Але пры канцы 1992 г. гэтыя патлатыя хлопцы вырашылі зьмяніць свой музычны сьветапогляд. Адбыліся кардынальныя зьмены — ня ў складзе, а ў ідэялёгіі гурта. Музыкі засталіся ў цяжкай музычнай плыні, але да іх музыкі ўжо больш пасавалі такія эпітэты, як folk, pagan, gothic, doom, brutal.
Як раз за ідэалёгію й адказваў Лесьлі „Нож”, па-за музычнымі коламі вядомы як просты савецкі пекар Уладзімер Наважылаў. Музыкант дагэтуль ня страціў сваіх несур'ёзных алькагольных адносінаў да жыцьця, напаўбандыцкай весялосьці ды катэгарычнасьці ў меркаваньнях: „У гэтым сьвеце ёсьць толькі тры сапраўдныя каштоўнасьці: піва, heavy mеtal і прыгожыя дзяўчыны”.
Тым не менш жыцьцярадаснасьць, ахвота да асалоды не перашкодзіла стварыць Лесьлі „The Eerie” — бадай, лепшы айчынны музычны твор, цалкам прысьвечаны сьмерці. Таямніца смерці ды смерць раптоўная, смерць як істота й як каралеўства цішыні, чалавек, якога смерць напаткала й якога яшчэ чакае смерць — вось пра што гэты альбом.
Запіс адбываўся ўвесну 1993 г. ў студыі аднаго з гомельскіх Дамоў культуры, куды музыкі прыйшлі з цалкам гатовым матэрыялам. Варта адзначыць віртуозную працу гукаапэратара Анатолія Шаўцова, на сумленьні якога — фірмовы гадзтаўэрскі гук. Той гук, які з часам толькі стаў больш густы ды апакаліптычны, але заставаўся пазнавальны. Ён і сёньня зьдзіўляе непаўторным спалучэньнем паганскай магутнасьці (цяжкай гітары) з прухкімі, светлымі, амаль няважкімі гітарнымі сола. Гітары то гучаць па-шаманску напеўна, то стогнуць і разам з хрыплым рыкам Леслі апракідваюць у багну першабытных інстынктаў. Тое, што альбом палічылі перлінай цяжкой музыкі ва ўсім сьвеце, вельмі зьдзівіла гомельскіх музыкаў: аўтарытэтныя „мэталёвыя” часопісы выдавалі нагара станоўчыя рэцэнзіі, гурт трапіў у пяцёрку лепшых мэталёвых банд Эўропы. Лесьлі нават адмыслова вышукваў дрэнныя водгукі на „The Eerie”, але такіх было вобмаль. Вакол гурта завіравала эйфарыя, якую „Нож” не намагаўся ні зразумець, ні падтрымаць.
Цікавае сёньняшняе стаўленьне Лесьлі да альбома: „Галоўны, не галоўны — якая розьніца? Для мяне „The Eerie” — як першае каханьне. Яно ніколі не сыходзіць”.
Пасьля запісу „The Eerie” музыкі на доўгія чатыры гады паглыбіліся ў пошукі, вынікам якіх стаўся альбом „The Turns” (1997). Да гэтага ж году адносіцца перавыданьне „The Eerie” на дыску. Ізноў „Gods Tower” апынуўся ў цэнтры ўвагі, узьняўшы па ўсёй краіне чарговую хвалю захапленьня цяжкой музыкай. А яшчэ праз чатыры гады, маючы статус прыжыцьцёвых клясыкаў heavy metal, „Gods Tower” распаўся, прыгожа разьвітаўшыся з фанатамі альбомам „Abandon all hope”.
Сёньня Лесьлі ўпэўнены, што няма ніякай надзеі на тое, што гурт ускрэсьне. „Для мяне „Gods Tower”, які б ён ня быў легендарны, учорашні дзень”. Набірае моц наступны праект „Нажа” — „The Regent” — гэтакі клясічны heavy metal у манеры Ozzy, „Saxon” ды „Motorhead”. „Я зараз на новым старце й лічу, што будучыня менавіта за „The Regent”. Усё, што было дагэтуль,— проста добрая школа. Але вернемся да гэтага пытаньня гады праз тры...”
ДЫСКАГРАФІЯ
1. „The Eerie” (МС 1993, CD 1997)
2. „The Turns” (CD 1997)
3. „Abandon all hope” (CD, 2001)