Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола

Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім


Гурт УЛІС

1989. НЕПРАЧЫТАНЫ ТЭСТАМЭНТ

Пасьля чатырохгадовага знаходжаньня на айчынным музычным Алімпе распадаецца „залаты” склад гурта „Бонда” — даволі цяжка было суіснаваць побач такім яркім творчым асобам. У 1988 г. адтуль сыходзяць гітарыст Вячаслаў Корань і басіст Сяргей Краўчанка. На пачатку 1989 г. аскепак „Бонды” набыў свой назоў — „Уліс” і распачаў канцэртную дзейнасьць. Да Кораня з Краўчанкам далучыліся таксама перкусіяніст Валер Цыніцкі (таксама экс-”бондавец”) і бубнач Кірыл Шэвандо (у 1990 г. яго замяніў яшчэ адзін былы удзельнік „Бонды” Сяржук Кныш). У якасьці вакаліста запрасілі Андрэя Патрэя — раней ён працаваў грузчыкам у гурце „Сузор'е”.

Першы выступ новай каманды адразу прынес посьпех — яны занялі другое месца на вельмі папулярным у тыя часы фэсьце „Тры колеры” (першай была „Мроя”). Прынамсі, на гэтымсама фэсьце выступала ажно два гурты пад назвай „Бонда” — абноўленая, на чале з Варашкевічам, і група былога „бондаўца” Івана Маркава.

Праграму запісалі дзякуючы польскім сябрам. Хто ведае, калі б выйшаў першы прафесійна зроблены беларускі альбом, калі б не Яраслаў Гайда. Ён зьвёў „улісаўцаў” з Рычардам Шмітам, які праз некалькі год будзе прызнаны лепшым польскім гукарэжысэрам. Той пагадзіўся запісаць беларускую рок-каманду, хоць дагэтуль займаўся толькі сымфанічнай музыкай. Вельмі дапамог у фінансавым пляне Ян Максімюк — перакладчык знакамітага твору Джэймса Джойса „Уліс” на беларускую мову — ён сабраў большую частку грошаў, патрэбных для запісу.

Увосень 1989 г. гурт прыехаў на некалькі дзён у горад Ольштын, каб запісаць альбом, які ў далейшым вызначыць узровень айчыннага рока пачатку 90-х. Хоць часу на запіс было вобмаль — усяго тры дні — музыкі зрабілі 11 песень. На „Чужаніцу” патрапілі па розных прычынах тэхнічнага кшталту толькі восем. Тут жа, у Польшчы, быў надрукаваны невялічкі наклад (100 асобнікаў) альбому. Касэтны варыянт хадзіў па рукох беларускіх мэляманаў ажно два гады, пакуль у 1991 г. фірма „Мэлёдыя” не выдала „Чужаніцу” масавым накладам на кружэлцы. Вокладку ў стыле мінімалізм аформіў мастак Міхал Анемпадыстаў.

Альбом выбухнуў і з галавой накрыў усё, што была да яго. Адам Глобус у сваіх нататках пра гурт у 1991 г. назваў „Чужаніцу” наогул Першым беларускім альбомам, празь які была пяройдзеная мяжа, што падзяляла зборкі песень і ўласна альбомы. Што праўда, знакавасьць „Чужаніцы” дайшла да мас не адразу. На пачатку было прызнаньне за мяжой — у той жа Польшчы, Эстоніі, Нямеччыне. „Навошта нам садраныя „U-2”, калі лепей паслухаць арыгінал”,— пісаў магілёўскі часопіс „Окарак”. „Іх рок сапраўды нічога не варты для вушэй, якія не чуюць гармоніі”,— адказвала на гэта нямецкая прэса. У жніўні 1991 г. кожны прыгадаў песьню, напісаную Фэліксам Аксёнцавым яшчэ ў 1989 г. для „Чужаніцы”: „Калі імпэрыя зьнікне, дзе ты будзеш і зь кім?”, а „Радыё Свабода” сталася гітом Беларускага Адраджэньня 90-х.

Наступныя два альбомы „Уліса” — „Краіна доўгай белай хмары” й „Танцы на даху” ня горшыя, а ў нечым нават лепшыя за „Чужаніцу”, але менавіта першы альбом „Уліса” кранае найбольш. Як тут не прыгадаць яшчэ раз Глобуса: „Чужанiца” для многiх застаецца лепшым рок-творам : як першае каханьне, як першае слова, што скажа тваё дзiця”. „Чужаніца” — гэта сапраўдны тэстамэнт, яшчэ належным чынам неацэнены ды непрачытаны.

Разам зь імпэрыяй зьнік і той „Уліс”: аўтар усіх тэкстаў групы Фэлікс Аксёнцаў зьехаў за мяжу, вакаліст Андрэй Патрэй „сарваўся” й колькі часу правёў у вар'ятні, а потым стаў вернікам, Краўчанка пасварыўся з Кораням і пайшоў, Шэвандо працуе ў аркестры Фінберга. Але „вандроўнік” не памёр — Вячаслаў Корань набраў новы склад, пачаў сам сьпяваць і пісаць тэксты, не забываючыся пры гэтым на спадчыну. На канцэртах сёньняшняга „Уліса” можна пачуць і песьні з „Чужаніцы” — „Краіна ў кратах”, „Іржавыя дні” ды ўласна „Чужаніцу”.

ДЫСКАГРАФІЯ

1. „Чужаніца” (LP, 1989)

2. „Краіна доўгай белай хмары” (LP, 1990)

3. „Танцы на даху” (МС, 1993)

4. „Па-над дахамі” (МС, 1995)

5. „Life 1996” (МС, 1996)

6. „Блуканьне” (МС, 1996)

7. „Ратуйце вашыя душы” (МС, 1997)

8. „Падарожжа” (CD, 1999)

9. „Люстэрка” (CD, 2003)