Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола

Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім


ЗЬМІЦЕР ВАЙЦЮШКЕВІЧ

2001. ПЕРШЫ БЕЛАРУСКІ МЮЗІКЛ

Першы айчынны праект, разьлічаны як на дзяцей, так і на дарослых, зьявіўся ўжо ў новым стагодзьдзі. Задума зрабіць падобны альбом паўстала яшчэ падчас працы Вайцюшкевіча ў „Крыві”. У 2000 г. зусім выпадкова Тодар (сцэнічны псэўданім Вайцюшкевіча) пазнаёміўся зь вядомым паэтам Леанідам Дранько-Майсюком — было гэта ў сьценах БТ на здымках адной з тэлепраграм. У Тодара было жаданьне адысьці ад апрацоўкі фальклорных песень, у Дранько-Майсюка — зрабіць музычна-драматычны твор.

Зьвязка такіх двух розных людзей дала плён. Ужо празь некалькі месяцаў пасьля тае сустрэчы ў студыі „Беларускіх песьняроў” пачаўся запіс. Тодар да гэтага часу сыйшоў з „Крыві”, і з пабочнага праекта „ЦК” пераўтварылася ў яго дэбютную сольную працу. Са складам музыкантаў праблем не было: у запісу ўзялі ўдзел скрыпач „Крыві” Алег Пузыня, студэнт Інстытута культуры Алег Івановіч (гітара), на трамбоне падыграў Зьміцер Бударын з аркестру Фінберга, на клярнэце ды флейце граў сам Тодар. „Песьня пра няшчаснага казла” выклікала ў яго асацыяцыі зь усім вядомай „Калыханкай”, таму ён запрасіў яшчэ й Ядвігу Паплаўскую. Ейны голас можна пачуць у „Казле” й ў абодвух песьнях гандляра.

„Цацачная крама” стала, бадай, першай ўдалай спробай спалучыць паэзію, тэатар і музыку — такім чынам на пачатку XXI ст. мы ўбачылі Першы Беларускі Мюзікл. 10 незабыўных вобразаў-песень (няшкодны Воўк, баязьлівы Барсук, незалежны Зубр і г.д.) радуюць дзетак ды прымушаюць задумацца дарослых, бо „цацкі не абы-якія, не драўляныя й пустыя, не гліняныя, глухія, а ўсе як ёсьць жывыя”. Разам з тым „ЦК” выяўляецца, як зборнік музычных стыляў — тут ёсьць вальс, раманс, полька, элементы джазу ды фольку, і нават дыска ў стыле „Army of Lovers”. Такога пярэстага спалучэньня ня было нават у супэрразнастайным „Народным альбоме”.

Сьпявак выконвае ролю гандляра, што прапаноўвае набыць тую ці іншую цацку, а потым сам у яе і пераўтвараецца. Прэзэнтаваў, дарэчы, гэтую праграму Тодар на тэатральным фэсьце ў Пархове. Да жалю, ідэі пастаноўкі „ЦК” на сцэне Купалаўскага тэатру й на Вольнай сцэне так і засталіся нерэалізаваныя. Але працяг прaект усё ж атрымаў: праз год, калі група Вайцюшкевіча набыла назоў — „WZ-orkiestra” — „Цацачная крама” была выдадзеная ў Польшчы ўжо на польскай мове. А ў 2003 г. Вайцюшкевіч, пасьля фолькавага альбому „Балады”, зьдзівіць музычную грамадскасьць рускамоўнай праграмай на вершы Маякоўскага. „WZ-orkiestra” адыдзе ад фолькавых эксперымэнтаў і зойме нішу гэткага „гарадскога ансамблю”.

ДЫСКАГРАФІЯ

1. „Цацачная крама” (CD, 2001)

2. „Баляды” (CD, 2002)

3. „Поры году” (2003)