Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола

Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім


ВОЛЬНЫЯ ТАНЦЫ. СЛУХАЙ СВАЁ

1999. ЗЬЯЎЛЕНЬНЕ АЛЬТЭРНАТЫВЫ

1999 год. Музычныя крамы завалены рознага кшталту зборнікамі песень, што прапанавалі ў асноўным расейскія вытворцы (прыгадайма „Саюз”, „Нашэсьце” і г.д.). Кампіляцыі ў фаворы, бо на іх можна пачуць розных выканаўцаў, а гэта абсалютна не напружвае.

Ідэя выдаць беларускую кампіляцыю прыходзіла да галавы тагачасным айчынным выдаўцам, але рэалізаваць задуму ніхто не наважываўся — вялікая была боязь правалу. На сьмелы крок пайшлі не „Ковчег” і „Вігма”, а мала каму вядомыя хлопцы-маладафронтаўцы Віталь Супрановіч і Сяржук Сахараў. Яны задумалі на той час нерэальны праект — выдаць першую айчынную кампіляцыю беларускамоўнай(!) альтэрнатыўнай(!!) музыкі на CD(!!!).

Дарогу адолее толькі той, хто ідзе. Не зважаючы на кпіны журналістаў і музычных дзялкоў, 18-гадовыя хлопцы зрабілі немагчымае й выдалі якасны прадукт, што падыходзіў адначасова для ўнутранага карыстаньня, для радыёстанцыяў і для прэзэнтацыі беларускай музыкі за мяжой.

Агульнае складаньне ды кампіляцыя песень занялі літаральна тры гадзіны. Арыентаваліся толькі на свой густ. На зборнік патрапілі прадстаўнікі розных накірункаў музыкі (рок, панк, дэз, фольк, нойз і г.д.), як ветэраны, так і зусім маладыя гурты, хоць з апошнімі й было больш праблемаў. Прыкладам, над адной з самых кранальных песень складанкі — „Мая мінуўшчына” гурта „Склеп” прыйшлося добра папрацаваць музычным тэхнікам, каб давесьці яе да якасьці CD. Прамоўтэрства маладых камандаў у выніку стане адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасьці БМА-group (такую назву абралі хлопцы для сваёй выдавецкай канторы). Тым ня менш аснова кампіляцыі — кампазыцыі ад „генэралаў айчыннага року”: адроджаны „Мясцовы час” зь песьняй пра дурнаватага камандзіра, яшчэ стары „Уліс” з вакалам Алега Тумашова, „Крама” з забароненым чамусьці на ТВ і радыё „Гомельскім вальсам”, а „N.R.M.” з „Новым небам” прадстаўлены нават дзвюма песьнямі. Расейскую мову даравалі толькі „рок-каралям'97” „Нэйра дзюбелю”.

Пасьля складаньня й звядзеньня (апошнім займаўся Сяргей Лабандзіеўскі), хлопцы не паленаваліся знайсьці завод недзе ў Ізраілі, што надрукаваў бы агульны наклад CD. Дагэтуль беларускія дыскі калі і выходзілі, дык рабіліся ў хатніх умовах, таму часьцяком вярталіся назад да выдаўцоў.

„Вольныя танцы” разышліся са сьвістам, не зважаючы ўласна на рэдкасьць CD-праігравальнікаў, і ніводзін дыск назад не вярнуўся. Альбом выклікаў захапленьне ў грамадзкасьці — сапраўдны эўрапейскі прадукт. У сакавіку 1999 г. грымнулі некалькі канцэртаў-прэзэнтацый, якія не наведалі толькі лянівыя, а слоган „Слухай сваё” пайшоў у масы. Цяпер стала модна сьпяваць песьню пра каханьне й таньчыць на даху. У выніку Супрановіч-Сахараў не раз яшчэ давядуць, што беларуская музыка можа прыносіць грошы. Пасьля гэтага штогод выходзілі падобныя складанкі. БМА пачала актыўна арганізоўваць канцэрты айчынных выканаўцаў, выдаваць альбомы беларускамоўных выканаўцаў ад бардаў да мэталістаў і схіляць усіх сьпяваць толькі па-беларуску.