Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола

Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім


Гурт DRUM ECSTASY

1997. ЭНЭРГІЯ БУБНАЎ

Першы й пакуль адзіны альбом гурта „Drum Ecstasy” даказвае вядомую тэзу: нават самы дасканалы запіс ня можа замяніць жывога выступленьня каманды на сцэнічнай пляцоўцы. Асабліва калі гаворка ідзе пра лепшага прадстаўніка трансавай музыкі, энэргетыку імпрэзаў якога немагчыма параўнаць з рок-канцэртам. Вар'яцкія барабанныя рытмы, сьветавыя ілюмінацыі, слайдавае шоў, танцы з чырвоным сьцягам,— вось складнікі непаўторнасьці Drum XTC.

Гурт зьявіўся яшчэ ў верасьні 1992 г. Хлопцы не хацелі бавіць час на дыскатэках пад тагачасныя мэлёдыі ды рытмы зарубежнай эстрады кшталту Айс ЭмСі, МЭКС ды інш. доктараў Альбанаў, таму вырашылі самі ствараць „музыку для ног”. Напачатку гурт меў даволі мудрагелістую назву — „Група імя каралеўскага геаграфічнага аб'яднаньня, што выступае ў стыле барабаннага экстазу”. Вядома ж, праз некаторы час давялося яе скраціць і пакінуць толькі апошнія два словы. Ідэя „Drum Ecstasy” у выкананьні танцавальнай трансавай музыкі ўжывую на акадэмічных ударных інструмэнтах. Ад электрагітары музыкі адмовіліся адразу, ня надта падабаўся ім гітарны скрыгат. Музычная аснова ансамбля — некалькі барабанаў і бас-гітара. У гэтым і ўнікальнасьць музычнай прапановы, пры чым ня толькі для Беларусі, але й для астатняга сьвету. Як гэта часта бывае ў айчыннай музыцы, унікальнасьць нашых музыкаў разумеюць спачатку на Захадзе. Ужо ў сакавіку 1993 г. група дае канцэрт у Бэрліне, потым выступае на розных імпрэзах у іншых краінах Заходняй Эўропы.

Запіс праграмы „Drum Ecstasy” было вырашана зрабіць толькі ў 1997 г. У гэты час ужо канчаткова сфармавалася творчае аб'яднаньне пад назвай „Беларускі клімат”, куды ўласна з гуртом ўваходзілі праекты яго ўдзельнікаў — Філіпа Чмыра й Валіка Грышко. Гэта быў чацьверты рэліз БК і першы выдадзены масавым накладам, бо дагэтуль усё рабілася на аматарскім узроўні ў фармаце „для знаёмых”. Як прыгадвае заснавальнік „Drum Ecstasy” Філ запіс ішоў вельмі цяжка: каля месяцу музыкі пераходзілі са студыі ў студыю, каб дабіцца больш-менш прыстойнага гучаньня. Такім чынам, 8 кампазыцыяў былі запісаныя на студыі Белдзяржфілярмоніі, студыі „Скат-рэкардз” і на БТ. Да іх дадаліся яшчэ два жывыя запісы. Дарэчы, адзін зь іх (сёмы трэк — „Live in an Underpass”) быў запісаны ў падземным пераходзе каля Акадэміі міліцыі. Пасьля той імпрэзы ўдзельнікі Drum Ecstasy патрапілі ў пастарунак за „парушэньне грамадскага парадку”. Потым яшчэ неаднойчы ў іх будуць праблемы зь міліцыянтамі за ўдзел у нелегальных шоў.

Акрамя сталых удзельнікаў гурта — Філа, Аляксандра Краўцова, Андрэя Чугунова — у запісу ўзяў удзел бубнач гурта „Троіца” Зьміцер Лук'янчык. У далейшым ён часьцяком будзе дапамагаць „Drum Ecstasy” „па-сяброўску”, хоць яму самому такая музыка ня надта падабаецца.

На вокладку зьмясьцілі цытату зь кітайскай паэзіі, якая на думку музыкаў выражае сутнасьць альбому: „Dopili vino barabany udarili v raz”. Саму вокладку, на якой Філ вяртляе сьцягам, аформіў галядскі фатограф Поль Бэкхуіс. Пасьля гэтага танец са сьцягам стане візітоўкай Drum Ecstasy, як і песьня „Oh! Empire” — прысьвячэньне СССР, на якой гэты танец актывізуецца.

ДЫСКАГРАФІЯ

1. „Drum Ecstasy. Беларускі клімат” (МС 1997, 1999)

2. „Drum Ecstasy” (СD-ROM, 2002)