Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола

Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім


Гурт ЛЯПІС ТРУБЯЦКІ

1996. НЕЦЬВЯРОЗЫЯ ШЧЫРАВАНЬНІ

„Ляпіс Трубяцкі” пачаў актыўна канцэртаваць на пачатку 90-х і даволі хутка стаўся адной з самых папулярных клюбных камандаў Менску. Можна было б сказаць, што гурт станавіўся на ногі, калі б музыкі так не прыкладаліся да бутэлек... Але хто б ня піў, ведаючы, што добра прадаюцца касэты, што зьяўляецца свая аўдыторыя й сапраўдныя фаны, што да славы застаўся толькі крок, і, галоўнае, што грошай дастаткова, каб алькаголю хапіла на заўтрашні ранак. Але трэба было зрабіць яшчэ крок-другі, каб замацаваць папулярнасьць. Гэты крок „Ляпісы” зрабілі у 1996 г., калі лідэр гурту Сяргей Міхалоў урэшце наважыўся папрацаваць над сапраўдным альбомам.

Дагэтуль Міхалок у студыях не працаваў — у гурта існаваў адзін альбом „Любові капец”, запісаны на канцэртах ў 1993—1994 гг., таму доўга нічога не атрымлівалася. Усе нерваваліся. Але потым — звычайная гісторыя — Міхалок добра заліў за каўнер, і — о цуд — запісаў адразу 7 песень. Сярод іх — „Паренёк под следствием”, „Ау!”, „Зеленоглазое такси” — тое, без чаго „Ляпісы” й на чвэрць не былі б „Ляпісамі”.

Над запісам альбома „Ранетае сэрца” на студыі „Mezzo Forte” працавалі з тузін музыкаў. Пасьля запісу склад гурту значна зьмяніўся, бо некаторыя зь іх зьяўляліся проста сэсійнымі музыкамі (як басіст Валер Башкоў і клявішнік Канстанцін Гарачы) ці не прыжыліся ў калектыве (як другі вакаліст Аляксандр Ролаў).

Прэзэнтацыя альбому „Ранетае сэрца” адбылася 21 чэрвеня 1996 г. на адкрытым канцэрце ў парку імя Горкага — там, дзе стаіць вядомая сцэна-карабель. На гэтым канцэрце было прададзена ажно 200 копій альбома, а да восені 1996 г. „Ранетае сэрца” разышлося 25-тысячным накладам. Арганізатарам „Рок-каранацыі'96” нічога не заставалася, як аддаць „карону году” Міхалку з ягонай не зусім цьвярозай кампаніяй. Гэта была ў пэўнай ступені рэвалюцыя: Міхалок стварыў удалы вобраз простага закаханага „прастачка”, здольнага задаволіць сваімі паводзінамі кожнага. Побач з такім Сірожам, у якога не жыцьцё, а „абы чё”, інтэлектуалы адчувалі сябе яшчэ болей разумнымі, а такія „прастачкі” маглі парадавацца за „свайго”.

Пры канцы 1996 г. на заўвагу журналіста Зьміцера Бескаравайнага „Вас называюць самым прагрэсіўным беларускім гуртом” Сяргей Міхалок адказаў: „Галоўнае, каб не рэгрэсіўным і ня рускім!”. Хіба што зьдзекаваўся зь сябе, бо ўжо наступны альбом „Ляпіс Трубяцкі” „Ты кінула” быў запісаны на маскоўскай студыі „Союз” і, па словах прадзюсера калектыва Яўгена Калмыкова, разышоўся на абсягах СНД накладам у мільён асобнікаў. Аснова ж гэтага ашаламляльна пасьпяховага альбому — як раз песьні з „Ранетага сэрца”. І галоўнае, што „Ляпіс Трубяцкі” ніколі не любілі так, як тады ў 1996 г., тыя 25 тысячаў, якім пашчасьціла прыдбаць касэты. Бо хутка дваровыя ідалы зрабіліся ходкім таварам. Ня страціўшы таленту, але згубіўшы прыемны местачковы шарм. Сёньня „Ляпіс Трубяцкі” вяртаецца на Беларусь пераможцам. Па свае страчаныя пазыцыі на музычным рынку?

Ці, можа, ранетае, беларускае сэрца кліча?

ДЫСКАГРАФІЯ

1. „Любові капец - life” (МС, 1994, 1996)

2. „Ранетое сердце” (МС, 1996)

3. „Сьмяротнае вясельле” (МС, 1997)

4. „Ты кинула” (CD, 1998)

5. „Любові капец” (архіўныя запісы, CD, 1998)

6. „Красота” (CD, 1998, у 2000 пад назвай „Всем девчонкам нравится”)

7. „Тяжкий” (CD, 2000)

8. „Юность” (CD, 2002)

9. „Чырвоны кальсоны” (сынгл, 2003)