Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола

Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім


Гурт N.R.M.

1996. АДРАДЖЭНЬНЕ РОК-ДЫНАЗАЎРАЎ

Выхад гэтага альбому супадае з заканчэньнем пэрыяду стагнацыі ў дзейнасьці гэтых айчынных рок-дыназаўраў. Гітарыст N.R.M. Піт Паўлаў кажа, што гурт „Мроя” забіла дэмакратыя, разам з новым рэжымам у камандзе наступіў крызыс. Над краінай у той час лунаў бел-чырвона-белы сьцяг, і вострасацыяльныя тэксты ды хард-рокавая эстэтыка былі ўжо ня ў модзе. Таму, адыграўшы ўвосень 1994 г. апошні канцэрт (фэст „Рок па вакацыях”), беларуская музычная легенда рашэньнем Лявона Вольскага была распушчаная. Але музыкі празь некалькі месяцаў сабраліся ізноў. У 1995 г. Вольскі, Паўлаў, Дземідовіч і Ляўкоў распачалі канцэртную дзейнасьць, але гэта было ўжо не „Мроя”, а „Незалежная Рэспубліка Мроя” — гурт з цалкам іншымі музычнымі арыентырамі, іншай ідэалёгіяй. У гэтым годзе быў запісаны першы альбом абноўленай групы — „Лалала”. Другі ж альбом „дэбютантаў-ветэранаў” прынес сапраўды масавую папулярнасьць.

У 1996 г. Слава Корань (на той час гукарэжысэр N.R.M.) запісаў у гатэлі „Агат” усяго за два тыдні бадай што лепшы альбом „энэрэмаўцаў”. Нават самі музыкі не адмаўляюць знакавасьць гэтага альбому. Запіс прайшоў як па маслу: бубны Ляўкова і бас Дземідовіча запісалі за адзін дзень, Лявон прапісаў гітару й вакал за наступны, астатні ж час у студыі працаваў Паўлаў — солагітара перадусім! Да аднаго зь цьвікоў той праграмы — кампазыцыі „Лепей ня будзе” Піт падышоў даволі нестандартна: ён пераладзіў гітару адмысловым чынам. „На той час я адчуваў сабе гэткім Джымі Пэйджам”,— узгадвае музыка.

У рэшце рэшт, усе гітарныя экспэрымэнты Паўлава ды вострыя тэксты Вольскага аказаліся ў гэтыя „смутныя часы” яшчэ як да месца. Хоць канцэпта ў „Одзірыдзідзіны” й няма — першыя альбомы N.R.M.больш паходзяць на зборнікі песень — але ёсьць агульнае пасланьне. Вольскі не выпадкова ўжыў у сваіх цэнтральных песьнях займеньнік „мы” („Мы самі па сабе”, „Нас не спыніць, нас не стрымаць” і г.д.) — гэтым ён падкрэсьліў адзінства аўтара й аўдыторыі, іх агульныя погляды на сусьвет. З дапамогай гэтага атаясамленьня, Вольскі стаўся лідарам ужо новага пакаленьня моладзі, якая мо й ня чула „Стары храм” і „28-ую зорку”.

З „Одзірыдзідзінай” разьвілася ідэалёгія N.R.M. як віртуальнай дзяржавы: музыкі падзялілі паміж сабой паўнамоцтвы: Дземідовіч стаў міністрам турызму, Ляўкоў узяўся курыраваць пытаньні культуры, Паўлаў заняўся прапагандай, а Лявон заняў пасаду міністра абароны. Кожны жадаючы мог стаць грамадзянінам N.R.M. — у 1999 г. разам з аднаіменным альбомам быў выдадзены „Пашпарт грамадзяніна N.R.M.”. На жаль, у далейшым музыкі гэтую ідэю не распрацоўвалі.

ДЫСКАГРАФІЯ

1. „Lalala” (МС, 1995)

2. „Одзірыдзідзіна” ( МС, 1996)

3. „Made in N.R.M.” (МС, 1997)

4. „Пашпарт грамадзяніна N.R.M.” (МС,1998)

5. „Акустычныя канцэрты канца 20 стагоддзя” (МС, 1999)

6. „Самотнік” (сынгл, 2000)

7. „Тры чарапахі” (CD, 2000)

8. „Дом культуры” (CD, 2003)