Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола

Будкін Сяргей, Сьвярдлоў Павал, Жбанкоў Максім


30 ГАДОЎ — 20 АЛЬБОМАЎ

Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролаГэты праект — даніна павагі і дэманстрацыі любові да гэрояў беларускага музычнага нонканфармізму. Яго галоўная мэта — вылучыць асноўныя этапы разьвіцця рок-н-рола на Беларусі. І зрабіць гэта па магчымасьці аб'ектыўна.

Пад беларускім рок-н-ролам аўтары разумеюць сучасны гарадзкі песенны фальклёр (перш за ўсе — у электрычнай вэрсыі), „сынтэтычны” прадукт, што атрымліваецца ад спалучэньня беларускай музычнай традыцыі і стылістыкі сусьветнай рок-культуры: ад біг-біта і хард-рока да панка і world music. З гэтае нагоды тут ёсьць „Песьняры” — але няма „Верасоў” (100%-вы „саўковы” ВІА), ёсьць Вайцюшкевіч — і няма Шалкевіча (паэта зь гітарай, адмысловага барда — але ня рокера).

Гісторыя беларускага рока найбольш дасканала адлюстроўваецца ў аўтарскім музычным прадукце — альбомах і супольных праектах, дзе па-свойму адбіваецца своеасаблівасьці часу і культурнай сытуацыі. Гэтая кніжка — рух па сьлядох эпохі, гісторыя тэкстаў, а не чалавечых лёсаў.

Наватарскі стыль, аўтарскі падыход і сацыяльная значнасьць — вось тры асноўныя крытэры, па якіх альбомы траплялі у кніжку. Беларускі рок разглядаецца як арганічная частка культурнай дынамікі, адзін з дыялектаў нацыянальнай культуры.

Гэта і ёсьць прычына адліку гісторыі беларускага рок-н-ролу не са зьяўленьня у сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя першых беларускіх біт-гуртоў, а зь першага дыску „Песьняроў”. Менавіта тады пачынае працаваць фабрыка рок-н-рола на Беларусі — стыхійная музычная творчасьць пераўтварылася ў пасьпяховы рынкавы прадукт і адмысловую культурную падзею.

Гэнерацыя сёньняшніх 40-гадовых была відавочцам рок-рэвалюцыі, што адбылася на пачатку 90-х у нашай краіне. Дзіўна, але суседзі па кварталу і століку ў кавярні — Слава Корань, Лявон Вольскі, Кася Камоцкая рабілі (і робяць!) найноўшую гісторыю беларускай культуры. Час зьбіраць камяні. І дыскі братоў па эпосе.

Электрычная музыка made in Belarus чакае на сваіх гісторыкаў і летапісцаў. Дадзены праект — толькі спроба вызначыць асноўныя этапы разьвіцьця гэтай музычнай галіны і прасачыць эвалюцыю актуальнага музычнага мысьленьня. Істотна, што гэта адбылася. Атрымаліся ня проста журналісцкія нататкі. Аўтары — студэнты адзьдзяленьня журналістыкі „Беларускага Калегіюму” — атрымлівалі інфармацыю „зь першых рук” — непасрэдна ад музыкаў і прадусараў.

Такім вынікам можна верыць. І чакаць новых кніжак. Якія напіша пра гэрояў рок-н-рола новая хваля нацыянальнай культур-аналітыкі.

Аўтары выказваюць падзяку ўсім тым, хто дапамог ім у працы над тэкстамі:

Максім Жбанкоў, Алесь Анціпенка, Юры Цыбін, Павал Сьвярдлоў, Алекс Стрэл, Сяргей Сахараў, Мікола Шакель, Зьміцер Падбярэзскі

А таксама музыкам, што дапамаглі ў зборы інфармацыі:

Уладзіслаў Місевіч („Песьняры”), Андрэй Філатаў („Сузор'е”), Ігар Варашкевіч („Бонда”, „Крама”), Лявон Вольскі („Мроя”, „НРМ”, „Народны альбом”), Слава Корань („Бонда”, „Новае неба”, „Уліс”), Сяргей Анішчанка („Мясцовы час”), Лэсьлі „Ножык” („Gods Tower”), Алег Хаменка („Палац”), Аляксандр Кулінковіч („Нэйра дзюбель”), Кася Камоцкая („Новае неба”), Яўген Калмыкоў („Ляпіс Трубяцкой”), Іван Кірчук („Троіца”), Філ Чмыр („Drum Xts”), Піт Паўлаў („Крыві”, „НРМ”, „Народны альбом”), Зьміцер Вайцюшкевіч („Палац”, „Крыві”, „Wz-orkiestra”, „Народны альбом”), Адам Старповіч („Personal Depeche”)