Важную ролю сельскай гаспадаркi, у прыватнасьцi, зямляробства ў эканомiцы старажытнарускага гораду паказваюць шматлiкiя матэрыялы. Няма, здаецца, нi аднаго гораду дамангольскага часу, пры раскопках якога не былi б знайдзены тыя альбо iншыя сельскагаспадарчыя прылады, зярняты i iншыя рэалii, што належаць зямляробству. Не выпадкова, гiсторыя сельскай гаспадаркi Старажытнай Русi, шмат у чым будуецца на матэрыяле з раскопак старажытнарускiх гарадоў. Аб старажытнарускiм горадзе апраўдана можна сказаць, як казалі аб сярэдневяковым горадзе Заходняй Еўропы: ён “напалову заселены i напалову засеяны”.
У культуры старажытнага Наваградка спецыфiчна адлюстраваны заняткi вясковых жыхароў гаспадаркай. Жывучы ў зоне наібольш урадлівых зямляў Беларусi, наваградцы займалiся зямляробствам галоўным чынам, у раньнюю пару iснаваньня паселiшча. Да наібольш старажытнай пары ў гiсторыi Наваградка належыць свiран на пасадзе i, магчыма, другое такое ж памяшканьне, што стаяла амаль побач. Сошнiк з Малага Замка належыць да раньнiх ворных прыладаў на Беларусi[1]. У абедзьвух частках гораду знайдзены абломкi яшчэ двух сашнiкоў i двух наральнiкаў. На тэрыторыi Замкавай гары знайдзена каса-гарбуша. Такая ж каса на вакольным горадзе ляжала пад печкай дома[2]. Сярпы (3 экзэмпляры) вядомыя толькi на Малым Замку. За выключэньнем аднаго з iх, якi ўваходзiў у iнвентар простага гаражанiна другой паловы XII ст., два другiя, як i ворныя прылады i косы, звязаны з раньняй гiсторыяй гораду.
Земляробчыя прылады, падобныя да нашых, з’яўляюцца ў X ст. На падставе знаходкi сашнiка з Гродна, які нагадваў наваградскi, А.В. Кiр’янаў рэканструяваў саху Панямоньня ў выглядзе трох, а магчыма i чатырохзубовай вупражнай прылады. Такая саха яшчэ не мела прыстасаваньня для адвалу пласта i магла толькi разрыхляць зямлю на нязначную глыбiню[3]. Наваградскiя сярпы належаць да ноўгарадскага тыпу прыладаў, якія лiчылiся наiбольш эфектыўнымi[4]. Драўляная рыдлёука для веяньня зерня адзначана ў главе 4. Яна знайдзена ў той зоне Наваградскага дзяцiнца, дзе жылі княжацкія чаляднікі.
У Наваградку знайдзены восем камянёў-жорнаў, з якiх толькi адзiн належаў да культурнага слою XII ст. Астатнія, ізноў такi звязаны з жыцьцём паселiшча да канца XI ст. У гэтым плане цiкавая пабудова 23 вакольнага гораду. Да яе належалі пяць жорнавых камянёў. На Замкавай гары знайдзены толькi адзiн такі камень. Ён ляжаў у мацерыковай яме. Для апрацоўкi агародаў служылi рыдлёўкі, ад якiх захавалiся жалезныя акоўкi (3 экзэмпляры). Падобныя акоўкi добра вядомыя ў старажытнарускiх помнiках, у тым лiку ў заходнерускiх гарадах.
Занятак земляробствам, характэрны для перыяду з канца X да канца XI стст., у XII ст. спыняецца. Гэта праца робiцца заняткам простых гараджан, у той час як насельнiкі багатага кварталу вакольнага гораду i заможныя слаi Замкавай гары прадстаюць толькi як спажыўцы ўраджаю. У апошнiх гэта праявілася ў гумнах, якія запоўнены зернем i iншымi сельскагаспадарчымi культурамi.
У юрыдчных дакументах XVI ст. яшчэ добра прасочваецца сувязь Наваградка з сельскай гаспадаркай[5]. Натуральна, што ў старажытнарускі час яна была нашмат цяснейшая. Можна сабе ўявiць, што вытворцамі сельскагаспадарчай прадукцыі побач з шэраговымi наваградцамi, якія займалiся земляробчымi работамi, былi таксама жыхары акругi.
Сельскагаспадарчыя культуры ў Наваградку прадстаўлены наступным чынам: азiмае жыта складала 56% злакаў, мягкая пшанiца — 42%[6]. Зусім па-іншаму прадстаўлены гэтыя дзьве культуры ў другiх гарадах Панямоньня. У Гродне азiмага жыта было 98%, а ў Ваўкавыску 96% ураджаю[7]. У невялікай колькасьці ў Наваградку прадстаўлены iншыя культуры — ячмень, авёс, гарох i канапля[8]. У адной з бочак кладавой на Замкавай гары ляжалi згарэўшыя косткi яблык i слiваў[9].
Разнастайныя матэрыялы сведчаць аб жывёлагадоўлі гараджан. Гэта рэшткi хлявоў з гноем, ножнiцы, каб стрыгчы авечак, праслiцы з разнастайных матэрыялаў i остэалагiчныя матэрыялы. Апошнiя прадстаўляе таблiца — вынік доследаў В.I. Цалкiна:
Таблiца 5. Косьцi хатняй жывёлы (Малы Замак)
Таблiцы толькі ў PDF файле
Сярод хатняй жывёлы ў Наваградку перавага была за буйнай рагатай жывёлай і свiнямі, што, увогуле, адпавядае характару остэалагiчных астаткаў старажытнарускiх гарадоў. Авечкi i козы ў рацыёне насельнікаў складалi адносна невялікую долю, але людзі шырока выкарыстоўвалi скуры і воўну гэтай жывёлы, а косьцi былi матэрыялам для розных вырабаў.
У археалагiчнай лiтаратуры неаднаразова падымалася пытаньне аб тым, цi былі коні на Русi мясной жывёлай. Вялiкая частка даследчыкаў лiчыць, што гэта адбывалася ў галодныя гады[10]. Па назiраньнях В.I. Цалкiна жыхары Малага Замка елi канiну. Рэшткі конскіх касьцей сустракалiся ў такім стане, што гэта былi рэшткi мясной ежы[11], косьцi каня былi матэрыялам для вырабу пралак. Але галоўнае выкарыстаньне коней было для транспартных i баявых патрэбаў. Пры адносна невялікай колькасьці конскіх касьцей — няшмат больш за 5% ад усіх касьцей жывёлы, у Наваградку знайдзена шмат рэчаў, якія належаць да рыштунаку коньнiка i вупражжы верхавога каня, аб якіх гаварылася ў папярэдняй главе.
Апошнім у шэрагу хатняй жывёлы стаiць сабака. Па заключэньню Н.М. Ермолавай ён быў дробнай пароды.
Вялiкае значэньне мела ў Наваградку паляваньне. Остэалагiчныя матэрыялы, даследваныя В.I. Цалкiным паказваюць наступнае:
Таблiца 6. Косьцi дзiкай жывёлы (Малы Замак).
Таблiцы толькі ў PDF файле
Дзiкiя жывёлы прадстаўлены касьцямi зубра, шляхетнага аленя, дзіка i інш. Сярод остэалагiчнага матэрыялу Замкавай гары Н.М. Ермолава вылучае косьцi тура — вельмі рэдкай жывёлы. Такiм чынам, палявалі на мясных жывёлаў. Заўважым, што да такіх В.I. Цалкiн залічае мядзведзя i бабра[12].
Пушныя звяры, якiх у лясах Панямоньня вялося багата, астаткамі касьцей не прадстаўлены. Гэта, аднак, не значыць, што яны не былi аб’ектам паляваньня. Пушнiна, несумненна, была хадавым таварам, якiм наваградцы маглi расплачвацца за дарагiя i нярэдка унiкальныя вырабы, знайдзеныя ў гэтым горадзе. Яшчэ ў 1950 г. Е.I. Гарунова, а пазней В.I. Цалкiн звярнулi ўвагу на тое, што остэалагiчны матэрыял дае скажонае прадстаўленьне аб сапраўдных памерах паляваньня на пушнога звера. Адсутнасьць касьцей пушных зьвяроў на паселiшчы аўтары тлумачаць тым, што пасля таго як скура звера была знята, тушу яго пакідалі у лесе[13]. Праўдзiвасьць этага мяркаваньня падцвярджаецца драўлянай скульптурай са Штральзунда (ГДР), якая паказвае паляўнічага, якi здымае ў лесе скуру забiтай вавёркi[14]. Праўда, на асобных паселiшчах знайдзена шмат касьцей пушных звяроў, так на гарадзiшчы Асотэ ў Латвii косьцi кунiцы складалi 45% остэалагiчных астаткаў дзiкай фауны[15].
Вялiкае значэньне паляваньня характэрнае i для iншых гарадоў Панямоньня. У Ваўкавыску, на Замчышчы - вакольным горадзе, косьцi дзiкай жывёлы складалi 29,1% остэалагiчных матэрыялаў, а на “Шведскай гары” - дзяцiнцы - 55,4%. На гродзенскім дзяцiнцы — Старым Замку прадстаўнікi лясной фаўны складалi 57% касьцей[16]. Остэалагiчныя матэрыялы Замкавай гары Наваградка не былi так сiстэматычна вывучаны як адпаведныя матэрыялы Малага Замка, але можна сабе ўявiць, што значэньне паляваньня там было, прыблiзна, такое ж, як у Ваўкавыску i Гродне. Нагадаем, што менавіта на Наваградскім дзяцiнцы была знайдзена серыя касьцяных стрэлаў, прызначаных для таго, каб не пашкодзiць скуру звера i косьцi тура, незафiксаваныя ў другiх заходнерускiх гарадах.
Акрамя спецыяльнай паляўнiчай зброi, амаль усе наканечнiкi жалезных стрэлаў, за выключэньнем бранебойных i арбалетных, маглi прымяняцца i для паляваньня. Спецыфiчнай зброяй паляўнічых былi жалезныя гарпуны, знайдзеныя толькi на Малым Замку (19 экзэмпляраў). Там яны з’явiлiся з пачатку XII стагоддзя. Аднашыпныя гарпуны даўжынёй да 15 см. i двушыпныя, даўжынёй да 10 см. (мал.). У пабудове 6, блiзка печы, ляжалi восем двушыпных гарпуноў, з якiх шэсьць, верагодна, знаходзiлiся ў звязцы[17]. У гэтым доме жыў добры паляўнічы. Гарпуны выкарыстоўвалiся пры паляваньні на буйнага звера. У заходнерускiх гарадах падобныя гарпуны знайдзены ў Ваўкавыску, Мiнску i Бярэсьцi, а таксама на гарадзiшчы Масковiчы (замак)[18].
У старажытнарускiх гарадах лясной паласы косьцi дзiкай жывёлы складаюць нязначную частку остэалагiчных матэрыялаў. Так у Маскве, у “зарядье”, у слоі XII-XIII стст. яны прадстаўлены 0,6%, у Крамлі 5%, на дзяцiнцы ў Серенску - 2,1%, у Слабодцы i Старай Разанi - 5%, у Яраполчы Залескім 8,5-10%[19]. У гарадах Заходняй Русi значэньне паляваньня было большае. У Полацку косьцi лясной фауны складалi 17,6%, Вiцебску - 18,1%, Тураве - 21,8%, Пiнску - 25,6%, Бярэсьцi - 26,3%, Давiдгарадку - 41%, Лукомлi - 42,3% i Клецку - 45,7%[20]. Наiбольшае значэньне паляваньня, як адзначалася, для Ваўкавыска i Гродна i ў гэту ж групу трэба ўключыць Наваградскi дзяцiнец.
Значэньне паляваньня ў старажытнарускім Наваградку асабліва праяўляецца ў XII i XIII стст., калі сацыяльныя вярхi гораду перастаюць займацца зямляробчымі работамі. Паляваньне для iх гэта не толькi эканамiчная неабходнасьць, але i забава вярхушкi феадальнага гораду. Багатае насельнiцтва вакольнага гораду i знаць дзяцiнца бавіліся паляваньнем, “ловiтвой”, “ловом” як называлi яго пiсьмовыя крынiцы. “Ловiтва прiспе” паведамляецца ў павучэньнi Грыгорыя Назiянзiна па спiсу XI ст. Аповесьць мінулых часоў (временных лет) пад 1036 г. адзначае “Мстислав изиде на ловы”, а ў павучэньнi Ўладзiмiра Манамаха князь гаворыць, што ён паляваў “на всяк зверь”[21]. Рознiца ў паляваньні на пушных i мясных звяроў адлюстраваная ў наступных радках аб Iльлі Мурамцы: “В те поры Ильи Муромца дома не лучилося; полевал он далече во чистом поле. Зверя лютого на копье ловил, соболей, куниц на низок низал”[22].
Сацыяльная афарбоўка Наваградскага паляваньня наглядна супрацьпастаўлена значэньню этага промыслу ў прыгарадным паселiшчы Гардзiлоўка. Косьцi дзiкай жывёлы складаюць там 84% остэалагiчных матэрыялаў. У жыхароў паселiшча былi свiньнi, козы i буйная рагатая жывёла. Лясная фаўна ў роўнай ступенi прадстаўлена касьцямi дзiка i лася[23].
У Наваградку знайдзена некаторая колькасьць касьцей птушак. Скапленьне птушыньх касьцей адзначана ў адной з гаспадарчых пабудоў Наваградскага дзяцiнца. Тут разводзiлi кур, гусей i качак. Цікавай знаходкай з’яўляюцца косьцi жураўля. Згодна “Рускай праўдзе” журавель лiчыўся ўласнасьцю таго гаспадара, на страсе якога ён звiў сваё гняздо. Жураўлiнае мяса “жеравiе” успамiнаецца ў лiку блюд з дзiчы на пiру богатага чалавека ў “Слове аб багачы Лазары”[24].
Разам з мясным сталом у Наваградку быў распаўсюджаны рыбны. У жылых пабудовах i паблiзу iх неаднаразова сустракалiся косьцi i луска рыб. Па дадзеных Н.М. Ермолавай, гэтыя косьцi буйных рыб з пароды асетровых, а таксама шчупака, акуня, язя i карпа. У Гродне, які стаіць на Нёмане i ў Ваўкавыску, які звязаны з гэтай ракой прытокамi, набор рыбы быў больш разнастайны[25].
У рыбалоўны рыштунак наваградцаў уваходзiлi астрогi, знайдзеныя толькi на Малым Замку (3 экзэмпляры). Даўжыня iх дасягала 28 см. Аналогii астрогам вядомыя ў шэрагу заходнерускiх гарадоў. Для закола рыбы выкарыстоўвалi таксама гарпуны i двушыпныя наканечнiкi стрэлаў[26]. Жалезныя рыбалоўныя кручкi з прамым i нахiльным стрыжнем (мал.) (5 экзэмпляраў) вядомыя ў абедзьвух частках гораду. Вялікія кручкi прызначалiся для жэрлiца, дробныя для вудаў i перамётаў. Рыбалоўныя кручкi сустракаюцца ва ўсіх гарадах Заходняй Русi.
У пабудове другой паловы XI ст. на Малым Замку знайдзены жалезная выраб, які прадстаўляе з сябе, можа быць, падвоены рыбалоўны кручок з дадатковымi выступамi (мал)[27]. Паралелi яму невядомыя.
Наваградцы лавiлi рыбу сеткамi. Аб гэтым можна мяркаваць па вялікім каменным грузiлу з прасвірлаванаў ступенчатай адтулiнай i свiнцовых грузiлах. На Малым Замку вядомыя двайныя жалезныя кручкi з перавiтым стрыжнем (3 экзэмпляры)[28]. Iмi карысталiся каб вытаскiваць сетку. Такiя ж кручкi знайдзены ў Ваўкавыску[29].
Iхтыялагiчныя астаткi i рыбалоўныя прылады дазваляюць заключыць, што значную частку ўлову складалi вялiкiя рыбіны. Магчыма, што спецыфiка Наваградскага паляваньня сказвалася на характары рыбалоўства. Абодва гэтыя промыслы былi блiзкiя адзiн да другога i невыпадкова месцы паляваньня i рыбалкі мелi агульнае найменьне “ловище”. Аднак рыбалоўства ў гаспадарцы наваградцаў адыгрывала меньшую ролю чым паляваньне. Верагодна, гэта тлумачыцца тым, што галоўная крынiца рыбы — Нёман знаходзiцца ад гораду на адлегласьцi каля 30 км.
Сярод археалагiчных знаходак Наваградка не захавалася матэрыялаў, якія б паказвалі заняткi гараджан бортнiцтвам. Тым не меньш, гiсторыю бортнiцтва ў Наваградку можна аднавiць рэтраспектыўна. У XVI ст. у гэтым горадзе iснавала воскабойня, а ў прывiлеях, дадзеных Наваградскiм гараджанам па Мадзебургскаму праву, яны маглi сячы дрэвы “окром бортного дерева, которого рушить не смеють”[30]. Бортнiцтва павінна было мець значэньне ў Наваградку, як і па ўсёй Лiтве, дзе мёд i воск складалi галоўную частку сялянскiх грашовых плат у феадальны час[31]. Праўда, няясна, займалiся iм гаражане цi толькі сяляне.
На заканчэньне адзначым, што наваградцы ласавалiся ляснымi арэхамi — ляшчынай, шкарлупа якiх захавалася ў культурным слоі старажытнарускага часу.
Археалагiчныя дадзеныя, якія характэрызуюць сельскую гаспадарку i промыслы Наваградка, тыповыя для старажытнарускiх гарадоў. Спецыфiка нашага гораду заключаецца ў тым, што ў XII-XIII стст. там незвычайныя суадносiны паміж зямляробствам i паляваньнем. Значная роля паляваньня, тыповая для Гродна, Ваўкавыска i некаторых iншых заходнерускiх гарадоў, не адбiлася на зямляробчых занятках гараджан. У Наваградку, у тых частках гораду, дзе жылi прывелiраваныя слаi, паляўнiчы промысел як бы выцясняе зямляробства. Iм займалiся толькi простыя гаражане, а патрэбы ў сельскагаспадарчай прадукцыi, вiдавочна, задавальнялi таксама за кошт сельскага насельнiцтва.
У сувязi з пытаньнем аб узаемаадносiнах зямляробства i промыслаў у старажытнарускім Наваградку, хацелась б звярнуць увагу, што за пару кіламетраў ад гораду знаходзiцца вёска Брацянка, упершыню ўспамянутая ў пiсьмовай крыніцы канца XIV пачатку XV стст. пад найменьнем двор Бретена, які ўваходзiў в склад уладаньняў Наваградка[32]. Найменьне Брацянка верагодна ўзыходзiць да старажытнарускага слова Бретьянiца альбо Бретьянiча, што значыць сьвiран альбо гумно, дзе захоўваўся запас правiянту — гатавiзна[33]. Цiкава, што Iпацеўскі летапiс гумны альбо сьвiрны пад такой названiем паказвае ў сельскай мясцовасьцi. Пад 1146 г. паведамляецца: “Идоста на Игарыве селче идеже бяше сустроил двор добре, бе же тоу готовизни много в бретьяничах/брнетьяницех и в погребе вина и медове”[34]. Цалкам магчыма, што ў старажытнарускім Наваградку на тэрыторыi сучаснай Брацянкi маглi быць склады, куды вакольнае насельнiцтва звозiла сельскагаспадарчую прадукцыю i якiя iснавалi паралельна з гумнамi i свiрнамi, адкрытымi на тэрыторыi дзяцiнца.
[1] ДН. Мал. 80,3; Коробушкина Т.Н. Земляробства на тэрыторыі Беларусі. Мінск, 1979. С. 22-24.
[2] ДН. С. 26.
[3] Кирьянов А.В. Материалы по истории земледелия из раскопок в Гродно. // МИА. 1954. вып. 41. С. 209.
[4] Коробушкина Т.Н. Op. cit. С. 48, 49.
[5] Бурдзейка А. Нарыс соцыяльна эканамічнага жыцьця места Наваградку ў XVI сталецьці. // Гістарычна-археалагічны зборнік. Менск, 1927. Т. 1. С. 167-168.
[6] Кирьянов А.В. Op. cit. С. 20, 207; Зверуго Я.Г. Древний Волклвыск. Минск, 1975. С. 84.
[7] Вызначэнне Н.А. Кір’янавай.
[8] Вызначэнне М.М. Якубцінера.
[9] Вызначэнне В.А. Калеснікава.
[10] Третьяков П.Н. Сельское хозяйство и промыслы // ИКДР. 1951. Вып, 1 С. 59; Монгайт А.Л. Старая Рязань // МИА. 1955. Вып. 49. С. 166; Седов В.В. Сельские поселения центральных районов Смоленской земли // МИА. 1960. Вып. 92. С. 75
[11] Асабістае паведамленне В.İ. Цалкіна. Канінай, магчыма, харчаваліся ў гарадах Панямоння — Гродне і Ваўкавыску. Зверуго Я.Г. Op.cit. С. 90
[12] Цалкин В.И. К истории животноводства и охоты в Восточной Европе // МИА. 1952. Вып. 107. С. 126.
[13] Горюнова Е.И. К вопросу об “остеологической” статистике // КСИИМК. 1950. Вып. XXXV. С. 60-65; Цалкин В.И. Op. cit. С. 65, 126.
[14] Штэтылло Я.Ф. Деревянная скульптура XIV-XV вв. из Штральзунда // СА. 1965. Вып. 1, С. 306-314.
[15] Шноре Э.Д. Асотское городишче // Материалы по археологии Латвийской ССР. Рига, 1961.
[16] Зверуго Я.Г. Op. cit. С. 86,91; Цалкин В.И. Фауна из раскопок Гродно // МИА. 1954, Вып. 41. С. 233.
[17] ДН. С. 35., Мал. 23,5; 54,9; 55,14.
[18] Зверуго Я.Г. Op. cit. Мал. 31, 17-19; Загорульский Э.М. Возникновение Минска. Минск, 1982. Табл. XI, 3-6; Лысенко П.Ф. Берестье. Минск, 1985. С. 367; Дучыц Л.У., Шчаглова В.В. Жывёлагадоўля і палявянне ў жыцці насельніцтва Маскавіцкага гарадзішча (XI-XIII стст). // Весці АН БССР. 1987. Вып. 2 C. 78.
[19] Никольская Т.Н. Земля вятичей. М., 1981. С. 218; Данильченко В.Н. Характеристика остеологическогоматериала // Седов М.В. Ярополч Залесский. М. 1978. С. 154.
[20] Лысенко П.Ф. Op. cit. С. 364-365.
[21] Срезневский И.И. Материалы для словаря древнеруского языка // ?? 1902. ? 11. С. 38; ПСРЛ. 1846. Вып. 1. С. 65.
[22] Кириевский П.В. Песни. 1860. Вып. 1. С. 57.
[23] Вызначэнне М.К. Верашчагіна.
[24] Левашева В.П. Сельское хозяйство // Труды ГИМ. 1956. Вып. 32. С. 83; Ржига В.Ф. Очерки по истории быта домонгольской Руси // Труды ГИМ. 1949. Вып. 5. С. 97.
[25] Воронин Н.Н. Древнее Гродно // МИА. 1954. Вып. 41. С. 58; Зверуго Я.Г. Op. cit. С. 95.
[26] ДН. Мал. 85,12; Куза А.В. Рыбный промысел в Древней Руси // Автореферат канд. дис. М., 1970. С. 11.
[27] ДН. Мал. 19,8.
[28] ДН. Мал. 45,3; 60,6; 77,15.
[29] Зверуго Я.Г. Op. cit. Мал. 31,6,12,13.
[30] Бурдзейка А. Op. cit. С. 160, 166.
[31] Паулекене Е. Хозяйственное значение бортничества в феодальной Литве // Is Lіetuvіu kulturos іstorjos. 1964. IV. p. 278-279.
[32] Любавский М.К. Областное деление и местное управление литовско-русскогогосударства. М., 1902. С. 128.
[33] ПСРЛ. М.Ю 1962. Вып. 11. Стб. 333.
[34] Срезневский И.И. Op. cit. Спб., 1893. Т. 1. С. 571.