Мэдыі ў посткамуністычных грамадзтвах: аб’ектыўная інфармацыя супраць ідэалягічных скажэньняў

Матэрыялы міжнароднай канфэрэнцыі, Менск, 18-19 кастрычніка 2002 г.


Кніга па беларуску - Масавая аўдыторыя й ідэалягічны ўплыў: беларускі варыянт

Валянцін АКУДОВІЧ, Беларуская асацыяцыя журналістаў, “Беларускі калегіюм”

СМІ ЯК ФАБРЫКА МІФАЎ, АЛЬБО ДОСЛЕД АДНОЙ ЭСТЭТЫЧНАЙ ПАРАЗЫ

У пракаветную пару міф быў адзіным сродкам інфармацыі, прынамсі, што да прэзентацыі агульнай карціны свету. З тае пары прамінулі тысячагоддзі, якія ў згаданай схеме ўсё радыкальна перайначылі: сёння ўжо сама Інфармацыя зрабілася дамінантным міфам сучаснасці, а сродкі масавай камунікацыі выконваюць ролю асноўнага стваральніка, кадыфікатара і абярога безлічы самых разнастайных міфаў — ад глабальных да рэгіянальных. Гэтак атрымалася з таго, што ў сітуацыі камунікатыўнага выбуху менавіта СМІ, а не традыцыйныя інстытуты міфатворчасці (перадусім, рэлігія, культура, ідэалогія) сталіся найлепш прыдатнымі для гуртавання шызоідна разбэрсанай падзейнасці свету ў нешта паранаідальна цэлае, інакш — у міф. Таму я адважуся сцвярджаць, што сёння галоўнай роляй СМІ ёсць не прадукаванне і атабарванне інфармацыі, а менавіта міфатворчасць. І калі такім чынам сфармуляваная версія насамрэч слушная, то мы мусім улічваць гэтую падставовую ролю СМІ ва ўсялякай канкрэтнай аналітыцы іхнай дзейнасці. Тое натуральна і для агляду дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі на Беларусі ў пост-камуністычны перыяд. Бо калі мы забудземся, што ў гэтую пару ўсе нашыя СМІ, перадусім, былі хоцькі-няхоцькі ўцягнутыя ў інтэнсіўны працэс па стварэнні аднаго вялікага міфа з эклектычнай назвай “Беларусь”, то нашыя спробы разрознівання ідэалагічных скажэнняў і аб’ектыўнай інфармацыі застануцца “рэччу ў сабе” й хутчэй заблытаюць агульную сітуацыю што да стану беларускіх мас-медыяў, чым прасветляць яе.

Больш за тое, абмяжоўваючы праблематыку СМІ палітыка-прававымі аспектамі (нават пры тым, што яны сёння надзвычай актуальныя і балючыя для ўсіх нас), мы неабачліва засланяем тое пакліканне, якім былі сакральна абцяжараныя айчынныя мас-медыі пасля таго, як беларуская літаратура (парадзіха нацыі) вычарпала свой міфатворчы патэнцыял.

Як мы ўсе добра ведаем, працэс афармлення паўнавартаснага міфа Беларусі яшчэ далёка не завершаны. Прынамсі, у адрозненне, скажам, ад палякаў, прыбалтаў ці расейцаў, мы нават самі не надта выразна ўяўляем ягоныя абрысы, не кажучы ўжо пра замежнікаў, якім даводзіцца сутыкацца з намі ў рэальнай ці віртуальнай прасторах. Прычына такога стану навідавоку. Раўнуючы з тымі ж палякамі, прыбалтамі ці расейцамі, якія патрапілі ў камуністычную імперыю з ужо сфармаванымі міфамі пра саміх сябе і якім пасля распаду гэтай імперыі трэба было толькі атрэсціся ад камуністычнага хлуду, беларусы, не маючы раней прыдбанай апранахі міфа, у 1991 годзе апынуліся ў стане голай незалежнасці.

Калі добра ўдумацца, то гэта была страшная сітуацыя. Яе, бадай, можна параўнаць з сітуацыяй чалавека, які раптам заўважыў, што ў яго няма ценю. Як быццам усё ў яго, як у людзей, але ценю няма, і таму ён не дае веры свайму жытву.

Карацей, незалежнай краіне тэрмінова спатрэбіўся агульнанацыянальны міф. І беларускія СМІ пачалі спехам фастрыгаваць яго на розныя меркі ды фасоны, хаця відавочна, што на тую пару найбольш моднымі аказаліся нацыянальныя строі. Але спакваля мода на нацыянальнае прамінула, дарэчы, як і мода на камуністычнае, ліберальнае ці якое там яшчэ. І мы надоўга патрапілі ў сітуацыю, калі цягам шматгоддзя барацьбу за сваю візію беларускага міфа вялі (на такой няўцямнай падставе, як голай вады супраціў) усяго дзве медыйныя групоўкі — дзяржаўная і апазіцыйная. (Апошнюю больш карэктна было б назваць проста “не-дзяржаўнай”, але ў варунках сучаснай Беларусі не толькі прэса, а і ўвогуле ўсё недзяржаўнае аўтаматычна набывае чын апазіцыйнага.)

Калі намаляваць схему гэтых спаборных міфаў, што спрабуюць сёння інфармацыйна прэзентаваць прастору аднаго і таго ж геапалітычнага прэцэдэнта, то мы атрымаем класічную бінарную апазіцыю: святло—цемра, цнота—гвалт, дабрабыт—галеча, ёсць—няма... і да т.п. Інакш кажучы, міфатворчасць дзяржаўных СМІ цалкам палеглася на пазітыў: гераічны народ, эканамічныя поспехі, палітычная стабільнасць, выдатныя дарогі, бліскучыя спартоўцы, высокі ўзровень адукацыі, бясплатная медыцына, новабудоўлі, фестывалі, пенсіі...

А вось апазіцыйныя СМІ зладзілі сваю стратэгію міфатворчасці выключна на негатыве: дыктатура, таталітарызм, Курапаты, эканамічны разрух, здрада нацыянальным інтарэсам, эскадроны смерці, карупцыя, савок, калгас, бесперспектыўнасць... і гэтак да бясконцасці.

Тут мы цалкам абмінаем увагай палітычны фермент, які якраз і ўзножыў тую і другую міфалагемы, а менавіта: свайму росквіту Беларусь абавязаная выключна Аляксандру Лукашэнку (варыянт дзяржаўных медыяў), свайму заняпаду Беларусь абавязаная таму ж Аляксандру Лукашэнку (варыянт апазіцыйных медыяў). Палітычная праблематыка тут унікаецца зусім не таму, што насамрэч яе не існуе, а таму, што для агульнанацыянальнага Міфа зусім не істотна, на якіх палітычных падвалінах ён паўстае, бо хоць які канцэптуальны міф — падзея не палітычная і нават не ідэалагічная, а інфармацыйна-эстэтычная.

Падкрэслім: менавіта інфармацыйна-эстэтычная. Апошняе аднолькава тычыцца як біблейнага міфа пра стварэнне свету, так і кожнага сучаснага міфа — будзе гэта Чарнобыль ці Microsoft. Але калі з інфармацыйнай складовай міфа ўсё больш-менш зразумела, (адзначым толькі, што інфармацыя тут мусіць быць, як кажуць, знакавай), то эстэтычную канстанту міфа фармалізаваць больш складана.

Ясна ўсведамляю, што нашая канферэнцыя прысвечана зусім не эстэтычным праблемам, але паколькі неўзабаве я наважуся сцвердзіць, што беларускія апазіцыйныя СМІ ў вайне за сваю візію агульнанацыянальнага міфа прайгралі дзяржаўным (а яны ўжо даўно прайгралі) не палітычна, не ідэалагічна і нават не з прычыны перманентнага адміністратыўна-прававога гвалту ўладаў, а — эстэтычна, то далей мне не абысціся без некалькіх словаў пра ўласна эстэтычнае.

Якой бы інфармацыйна важкай падзея ні была, яна станецца міфам адно ў тым выпадку, калі будзе зафіксавана ў эстэтычна вабных і запамінальных формах. Аднак тут важна ўсведамляць, што эстэтычнае — гэта зусім не абавязкова ўласна прыгожае. Яшчэ Кант сфармуляваў наяўнасць “эстэтыкі пачварнага”, якой і абумоўлена магчымасць такіх міфаў, як Апакаліпсіс, Дракула ці Хатынь. Але ў кожным разе, па-за сваёй падзейна-інфармацыйнай складовай, міф — гэта калі не веліч прыгажосці, то прыгажосць велічы — хай сабе жахлівай ці пачварнай.

Летась, 11 верасня, амерыканскія СМІ стварылі менавіта адзін з такіх міфаў, калі на нашых вачах абрынулі два хмарачосы на Манхеттэне. Гэта быў кашмар, але які прыгожы кашмар. І таму ён адразу стаўся адным з самых яркіх міфаў новага стагоддзя. Між іншым, я не абмыліўся, сказаўшы “СМІ... абрынулі”, бо хаця вежы ўзарвалі тэрарысты, “прыгожы кашмар” стварылі мас-медыі. Стварылі свядома, абмінуўшы і прыхаваўшы ўласна кашмар з гор расшкуматанай чалавечыны, бо насамрэч спажыўца інфармацыі зусім не цікавіць праўда жыцця — яго цікавяць прыгожыя міфы, і тым лепей, калі яны яшчэ і жахлівыя.

Дык вось, вяртаючыся да супрацьстаяння дзяржаўных і апазіцыйных СМІ ў Беларусі, даводзіцца канстатаваць: параза апошніх была перадвызначана наперад, паколькі яны фармавалі сваю візію агульнацыянальнага міфа на тым, што прынцыпова не эстэтызуецца — а значыць і не падлягае міфалагізацыі: гіблы край, нішчымнае грамадства, запалоханы народ, нягеглая апазіцыя, дурнотнае кіраўніцтва... Здаецца, адзіная ўдача апазіцыйных мас-медыяў у кантэксце стварэння міфалагемы Беларусі — гэта дэманізацыя Лукашэнкі на подзе эстэтыкі пачварнага (Лукашэнка яшчэ не Дракула, але ўжо і не “звычайны прэзідэнт” — апошняе, натуральна, алюзія на вядомы фільм Юрыя Хашчавацкага).

І паколькі тут высілкі дзяржаўных мас-медыяў (са знакам плюс) і апазіцыйных (са знакам мінус) супалі, то мы і атрымалі выключна эфектны і адначасова эфектыўны вынік, дзякуючы якому, у сітуацыі недааформленасці агульнанацыянальнага міфа, персанальны міф Аляксандра Лукашэнкі пакуль паасобку прэзентуе Беларусь як міжнароднай супольнасці, так — дзіва дзіўнае — і ўласна беларусам.

Але ва ўсім астатнім апазіцыйныя СМІ (што да абранай намі праблематыкі) выявіліся цалкам дэарыентаванымі — іх адно хапала на панылы скептыцызм хоць да якіх міфатворчых захадаў дзяржаўных СМІ: “Славянскі базар” — прафанацыя, “Дажынкі” — дурноцце, Чыгуначны вакзал — гігантаманія, Нацыянальная бібліятэка — паказуха, алімпійскі чэмпіён — халява...

Магчыма, і насамрэч халява, магчыма крытычныя аналітыкі супраціўных уладзе медыяў былі бездакорныя ў сваёй фактаграфічнай ды лагічнай выверанасці. Толькі ўсё гэта не выратавала іх ад астракізму спажыўца інфармацыі. Але ці магло быць інакш? Каму была патрэбная, каго магла зацікавіць тая панылая, занядбаная Беларусь, якую з дня ў дзень на старонках сваіх выданняў шэрымі фарбамі малявала апазіцыйная прэса? І масавы чытач, які ў сваім калектыўным падсвядомым ужо ж, напэўна, прагнуў і прагне прыгожага ды яркага міфа пра самога сябе і сваю краіну, меў рацыю, збегшы з гэтай няўтульнай папяровай чужыны ў больш лагодныя для яго інфармацыйныя прасторы.

Не ведаю, ці праз столькі гадоў апазіцыйныя СМІ ўрэшце пачынаюць усведамляць сваю канцэптуальную памылку, ці так атрымліваецца таму, што інакш і быць не можа, але падобна на тое, што шэраг базавых апазіцыйных выданняў (яшчэ, на шчасце, пакуль не зрэпрэсаваных уладай), не адмаўляючыся ад крытыкі рэжыму, асцярожна пачынаюць шукаць сябе ў кірунку, які можа быць досыць дакладна ахарактарызаваны формулай “Ад апазіцыйнай да агульнанацыянальнай прэсы”, а гэта ў нашым перыфразе будзе гучаць наступным чынам: “Ад сумы апазіцыйных адзін аднаму — да агульнанацыянальнага міфа”.

І хаця пакуль Лукашэнка застаецца пры ўладзе, бальшыня недзяржаўных медыяў ужо ж, напэўна, будзе інфармацыйна падтрымліваць супраціў паноўнаму рэжыму. Але хочацца верыць, што надалей ім хопіць розуму, каб аўтаматычна не пераносіць яго на супраціў той краіне, таму грамадству, што абцяжараныя гэтай уладай.

І апошняе. На жаль, айчынныя СМІ ўсё яшчэ не надта ўсведамляюць, што лёс Беларусі ў ХХI стагоддзі ўжо залежыць не ад палітыкаў, эканамістаў ці пана Бога, а толькі ад іх — медыямагнатаў і медыяшарагоўцаў. Рэч у тым, што мы цяпер жывём у свеце, дзе рэальнае існаванне народа, краіны (каго заўгодна) забяспечана не ўласна існаваннем, а толькі наяўнасцю яго праекцыі ў інфармацыйнай прасторы. Без гэтай устойлівай праекцыі ўжо ніхто і ніколі не паверыць у сапраўднасць чаго б там ні было. Як не верыць сабе чалавек, які не мае свайго ценю.

Лявон БАРШЧЭЎСКІ, Беларускі ПЭН-цэнтар

Рэцыдывы мінуўшчыны, альбо постсавецкая медыякратыя

У даступнай цяпер па-беларуску кнізе “L’explosion de la communication” (“Выбух камунікацыі”) аўтары Філіп Брэтон (Philippe Breton) і Серж Пру (Serge Proulx) пішуць: “Легітымнасць улады ў нашым ліберальным грамадстве забяспечваецца цяпер красамоўнасцю сродкаў масавай інфармацыі: здольнасць выкарыстоўваць сродкі масавай інфармацыі робіцца абавязковай умовай поспеху ў палітыцы. Значэнне, якое набылі апытанні грамадскай думкі і рэклама пры фармаванні вобразу грамадскага дзеяча, вядзе да ўзрастання каштоўнасці факта камунікацыі супраць яе зместу. Урэшце, неістотна, што скажа кандыдат падчас выбарчай кампаніі,— важна, каб яго ўспрымалі як чалавека, які хоча нешта сказаць, і пажадана, каб гэта мела выгляд сяброўскага дыялогу. Палітычная рэклама ў дадзеным выпадку відавочна забяспечвае пашырэнне ў грамадстве дамінуючай ідэалогіі камунікацыі” (Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунікацыі // Пер. з французск. —Мн.,1995. —С. 134—135).

Вось жа, у працы аўтараў, якія жывуць у дэмакратычным грамадстве, мы бачым фактычнае прызнанне таго, што насамрэч гэтае грамадства ужо не дэмакратычнае, а ў значнай ступені медыякратычнае — г.зн. характар улады і спосабы ажыццяўлення ёю сваёй функцыі, па сутнасці, вызначаюцца ўсемагутнымі сёння сродкамі масавай інфармацыі. Можна сказаць і гэтак: фармальна ўлада абіраецца грамадзянскай супольнасцю, але ў рэальнасці гэты выбар прадвызначаны працай СМІ. Пры гэтым усё сказанае датычыць грамадства, якое сфармавалася эвалюцыйна, на падмурку дэмакратычнай тэндэнцыі развіцця. На палітычны выбар чальца гэткага грамадства яшчэ значны ўплыў мае традыцыя,— доўгатрываласць палітычных густаў малых супольнасцяў (прыкладам, сям’і), знаходжанне сярэднім абываталем часу для чытання палітычных раздзелаў газет, а найперш, вера ў тое, што ад ягонага, канкрэтнага грамадзяніна, выбару залежыць ягонае ж далейшае канкрэтнае штодзённае жыццё.

Ці прысутнічаюць названыя чыннікі ў свядомасці звычайнага чалавека — прадстаўніка постсавецкага грамадства? Даследаванні, што праводзіліся палітолагам і палітпсіхолагам Уладзімірам Падголам з нашым пэўным удзелам (гл., напрыклад: Падгол Ул. Асновы палітычнай псіхалогіі // Матэрыялы для слухачоў Народнага універсітэта. —Мн., 1999), дазваляюць весці гаворку пра асаблівы таталітарны менталітэт беларуса — чалавека, які, нечакана для сябе, апынуўся ў постсавецкай эпосе.

МЕНТАЛІТЭТ — як вядома, паняцце, якое адлюстроўвае спалучэнне складаных матывацыйных комплексаў і рэальных дзеянняў чалавека. Глыбіннаю асноваю любога менталітэту ёсць наяўнасць псіхалагічных структураў і арыентацый, якія далёка не заўсёды ўсведамляюцца. Грунтоўна яны прааналізаваны, да прыкладу, у творах Э.Фрома (гл. Fromm, E. Escape From Freedom. —New York, 1941, або: Фромм Э. Человек для себя. —Мн., 1992).

Ідэалагічна ўплываючы на асобу, талітарная сістэма дамагаецца ўтварыць з людзей садамазахістаў, якія атрымліваюць задавальненне ад стану падпарадкаванасці сістэме ці ад валодання лёсамі сваіх падначаленых. Яна iмкнецца падначалiць сабе чалавека цалкам. Дзеля гэтага сістэма разбурае культуру, адчужае ад яе чалавека — і ўтварае замест яе таталітарную субкультуру. У душах падпарадкаваных яна фармуе агрэсіўнае стаўленьне і дэструктыўную арыентацыю да ўсіх непадобных.

Вынішчэнне нацыянальнай культуры як метамовы нацыі і проста мовы разам з яе субкультурным гіпнатычным слоем (прымаўкі, мудраслоўі, вітанні, праклёны, пракляцці, адкляцці, жарты, кпіны) можна параўнаць з вынішчэннем гумуса, які, як вядома, назапашваецца мільёны гадоў. Калі гумус утрымлівае неабходныя для раслін элементы, дык гіпнатычны слой нацыянальнай субкультуры спрыяе сацыялізацыі індывіда, ператварэнню яго ў асобу. Без гэтага слоя вырастаюць манкурты, якія пасля адпаведнай ідэалагемна-ідэалагічнай апрацоўкі робяцца “салдатамі імперыі”.

Кожная гістарычная эпоха і кожнае грамадства фармуюць сваю структуру менталітэту. Аб асноватворных элементах менталітэту беларусаў Вялікага Княства Літоўскага можна, да прыкладу, меркаваць па выказваннях філосафа-публіцыста А.Воляна: “З усіх рэчаў людскіх найпякнейшая ёсць вольнасць. Няволя ж — горшая нават за смерць” (Цытуецца паводле: Саверчанка І. Кніжна-пісьмовая культура Беларусі. Мінск, 1998., С. 60.). Волян даваў прыклады, калі “людзі добраахвотна ішлі на смерць, абы не трапіць у палон” (тамсама). Сэнс паняцця “воля” Волян абумоўліваў “правам”: “Там, дзе няма месца праву, там няма волі” (тамсама).

З таго часу шмат войнаў пракацілася па Беларусі. Мяняліся ўлада, ідэалогіі, якія даволі часта, аднак, аказваліся чужымі і захопніцкімі. За некалькі апошніх стагоддзяў беларуская нацыя сталася аб’ектам разбуральнага ўздзеяння чатырох ментальна чужых сістэмаў:

1. Рускі царызм, што праводзіў генацыд падчас захопніцкіх войнаў, у якіх загінуў кожны другі беларус; а пасля захопу і падзелу Вялікага Княства Літоўскага распачалося вынішчэнне беларускасці — ад дзяржаўных чыннікаў да культурніцкіх.

2. Міжваенная Польшча — палітыка апалячвання і выціранне з памяці людзей беларушчыны.

3. Гітлераўская Германія — генацыд.

4. Савецкая Расія — генацыд народу і, перш-наперш, вынішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі і культуры з татальнай трансфармацыяй менталітэту ў накірунку ўтварэння “новой общности людей — советского народа”.

З 1986 г. — ізноў генацыд: апраменьванне дзяцей пад час першамайскай дэманстрацыі пасля аварыі на ЧАЭС, асаджэнне на Магілёўшчыну радыяактыўных аблокаў, што рухаліся на Маскву. У выніку фізічнае і духоўнае існаванне беларусаў аказалася пад пагрозай.

Сёння можна гаварыць таксама і пра гіпнатычныя інфармацыйныя тэхналогіі, пры дапамозе якіх нацыі навязваюцца пэўныя структуры свядомасці і падсвядомасці. Звычайна гэта — двухбаковы працэс. Па-першае, вынішчаецца нацыянальная субкультура з ейнымі традыцыйна сфармаванымі і своеасаблівымі для кожнага этнаса гіпнатычнымі элементамі, а, па-другое, людзям унушаюцца якасці характару, быццам бы спрадвеку ім уласцівыя (памяркоўнасць, рахманасць і г.д.). Сродкамі гіпнатычнага ўздзеяння на менталітэт нацыі з’яўляюцца ідэалагемы, ідэалагемныя ўтварэньні (палі), сацыяльныя ідалы.

Сучасным беларусам уласцівыя шмат якія элементы таталітарнага і пост-таталітарнага менталітэту, які сфармаваўся пад уздзеяннем сістэмы падвоенага таталітарызму. Гэта нацыянальны таталітарызм усходніх суседзяў, які імкнецца вынішчыць беларускую культуру і субкультуру, давесці беларусам, што насамрэч яны тое ж самае, што і рускія, і каланіяльны таталітарызм, функцыя якога — далучыць Беларусь як дзяржаву да імперскай Расіі. Адсюль такое зацятае змаганне таталітарнай сістэмы супраць адраджэння беларускай мовы і культуры. Разам з тым, існуюць і сапраўдныя рысы менталітэту беларусаў, што захоўваюцца ў глыбінях свядомасці і ў генетычнай памяці носьбітаў нацыянальнай культуры.

Да асноўных характарыстык менталітэту вялікай часткі нашых суродзічаў належаць: абсалютнае дамінаванне ірацыянальнай веры — найперш у палітычныя цуды; страх страціць — у выніку ўдзелу ў палітычным жыцці — дабрабыт (хоць бы і мінімальны), здароўе, нават жыццё; адчуванне сябе безабаронным перад дзяржаўнай машынай; адсутнасць волі і імкнення ўзяць удзел у дзеяннях, што могуць змяніць становішча; нявер’е ў свае сілы; замкнёнасць у свеце сваіх індывідуальных праблем; варожае стаўленне да спробаў самаарганізацыі іншых чальцоў грамадства; агрэсіўнасць, скіраваная найперш на людзей, якія не баяцца і не робяць “так, як большасць” і г.д.

Вялікая памылка шмат каго з нашых дзейных апазіцыйных палітыкаў і публіцыстаў палягае, на наш погляд, у неразуменні і ігнараванні ў практычнай дзейнасці вышэйзгаданых рысаў менталітэту постсавецкага беларуса, ці рамантызацыі ягонага вобраза. Відаць, пад уплывам гуманістычнай літаратуры, якую мы чыталі ў сярэдняй школе, ВНУ і пасля іх заканчэння, у нас трывала сфармавалася думка пра тое, што вялікая частка нашых суайчыннікаў можа выйсці за межы звычайнага прагматызму, прасякнуцца ідэалізмам — у станоўчым значэнні гэтага паняцця. Між тым, палітпсіхолагі даволі пераканаўча паказалі, што ідэалагемныя рысы менталітэту маюць надзвычай трывалы характар, і іх не так проста змяніць.

Тут, відаць, і трэба шукаць адказы на пытанні з нашай недалёкай палітычнай мінуўшчыны і сучаснасці. Узгадайма некаторыя з іх. Да прыкладу, чаму жорсткае збіццё дэпутатаў ад БНФ у будынку парламента 12 красавіка 1995 г. не толькі не выклікала спачування да апошніх у большай часткі нашых суграмадзян, а, наадварот, прадстаўнікі гэтай арганізацыі на выбарах у Вярхоўны Савет, што адбыліся праз месяц пасля згаданых падзеяў, атрымалі значна меншую падтрымку? Альбо: чаму зноў-такі не знайшла падтрымкі ў выразнай большасці грамадства гуманістычная пазіцыя кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Ганчарыка (2001 г.), які выявіў асаблівую заклапочанасць лёсам вядомых у Беларусі зніклых палітыкаў? Урэшце: чаму наклады апазіцыйных газет, якім, паводле апытанняў, насельніцтва давярае ніяк не менш, чым газетам рэжыму, усё ж такі няўхільна зніжаюцца, а наклады дзяржаўных выданняў якраз досыць стабільныя; калі ж браць пад увагу мясцовую прыўладную прэсу, дык яны маюць тэндэнцыю росту?

Паспрабую адказаць на гэтыя пытанні ў самым агульным выглядзе, і менавіта зыходзячы з тых ідэалагемных рысаў менталітэту вялікай часткі беларусаў, якія, як падаецца, з’яўляюцца істотнымі для значнай часткі нашых суграмадзян. Для іх стаўленне да любой улады — гэта, перадусім, стаўленне да яе, як да інструменту ўціску і гвалту чалавека. Яны ірацыянальна не вераць у тое, што ўлада з сваёй ініцыятывы захоча рабіць для іх нешта добрае, карыснае. Любая ўлада прыроўніваецца імі да акупацыйнай, якую смяротна небяспечна зачапіць, прымусіць звярнуць на цябе нейкую асаблівую ўвагу; адначасова яе не сорамна падмануць, абхітрыць і да т.п. Вельмі добра таксама апынуцца пры ёй — зноў-такі, каб развязаць нейкія свае прыватныя праблемы, альбо хаця б праз сваю далучанасць да яе нейтралізаваць частку пагрозаў, што гэтая ўлада нясе.

Пры гэтым любы іншы, не звязаны з табой альбо тваімі сваякамі, чалавек, калі патрапляе ў склад гэтай улады, аўтаматычна робіцца тваім канкурэнтам, бо займае месца, якое — хоць бы і тэарытычна — мог бы заняць ты сам, альбо твае знаёмыя/сваякі. Таму збіццё дэпутатаў і гвалтоўнае выкіданне іх з будынка Вярхоўнага Савета, знікненне Ганчара ці Захаранкі ўспрымаецца гэтай часткай нашага грамадства як рэч натуральная, бо ў барацьбе за ўладу, паводле меркавання такіх людзей, выйграе толькі мацнейшы, брутальнейшы і хітрэйшы.

Гэтыя людзі чытаюць “Советскую Белоруссию” альбо які-небудзь “Голас Лёзненшчыны” і не чытаюць “Народную волю” або “Брестский курьер”, бо газета ім патрэбная для таго, каб спрагназаваць (паводле першакрыніцы!), чаго ім можна чакаць ад уладаў, як запабегнуць небяспекі, звязанай з іхнай дзейнасцю. У “Народнай волі” ці ў “БДГ” яны гэткай патрэбнай ім практычнай інфармацыі не знойдуць, а ў тым, каб чытаць абстрактныя рэчы пра “антынародны рэжым” альбо “неабходнасць абароны беларускай дзяржаўнасці”, у іх няма патрэбы — а значыць і жадання.

Далей хацеў бы звярнуць вашу ўвагу на прынцыповыя адрозненні ў разуменні медыякратыі, што існуе ў свабодных грамадствах, і таталітарнай медыякратыі, якая пакуль што ўпэўнена пачуваецца ў Беларусі і шэрагу іншых постсавецкіх краін Усходняй Еўропы, Закаўказзя ды Сярэдняй Азіі. Заходняя медыякратыя хоць і мае пэўныя абмежаванні, аднак дае шанец альтэрнатыўным палітычным сілам, альтэрнатыўнай палітычнай думцы ўплываць на грамадства. Дасягаецца тое праз адсутнасць манапалізацыі СМІ і функцыянаванне — найперш, на заканадаўчым узроўні — механізмаў, што гэткай манапалізацыі запабягаюць. У той самы час дзеянні выканаўчай улады ў Беларусі ніколі ў гісторыі не былі скіраваны на тое, каб дапусціць рэальнае развіццё свабоднага рынку СМІ — перадусім, электронных — а наадварот, мелі супрацьлеглы вектар.

Пры гэткай хадзе падзеяў не магло быць і гаворкі пра дэмакратычную перспектыву развіцця краіны, і прыход рэваншысцкіх таталітарных сілаў да ўлады ў 1994 г. быў прадвызначаны. Натуральна, што свабодны рынак СМІ не быў створаны і з тае прычыны, што патрэбу ў яго стварэнні адчувала на той час толькі меншасць беларускага грамадства (на жаль, і сёння сітуацыя наўрад ці больш аптымістычная). Альтэрнатыўныя думкі, выказаныя па тэлебачанні, радыё, у друкаваных выданнях, не ўпісваліся ў міфалагізаваную свядомасць вялікай колькасці нашых суграмадзян. Альтэрнатыўны погляд на рэчы прымушаў думаць таго, хто прывык толькі верыць (альбо не верыць) — і гэта толькі раздражняла. Вядома, што савецкі чалавек больш за што іншае баяўся апынуцца перад выбарам быць адказным за ўжо зроблены выбар. Наяўнасць жа альтэрнатыўных СМІ не толькі дэманстравала яму гэты выбар, але і змушала — насуперак ягонай волі — браць на сябе адказнасць.

Чаму ж улады і да сёння дазваляюць існаванне некаторых апазіцыйных друкаваных СМІ ў Беларусі, хоць і чыняць ім усялякія перашкоды? Памыляецца той, хто думае, што гэта выклікана нейкімі гуманістычнымі меркаваннямі, ці бояззю ўладаў парушыць нейкія міжнародна прызнаныя стандарты. Адказ на гэтае пытанне, між тым, відавочны. Сённяшнія друкаваныя СМІ, усе разам узятыя, не могуць скласці аніякай канкурэнцыі СМІ электронным.

Цяперашняя таталітарная медыякратыя — гэта медыякратыя, перадусім, “электронная”. А таму пакуль у пэўнага вузкага кола людзей, што рэальна ажыццяўляе ўладу, ёсць магчымасць кантраляваць тэлевізійны “гузік”, пра дэмакратычныя змены ў беларускім грамадстве не можа быць і гаворкі. Выраз “барацьба з недэмакратычным рэжымам” у праграмных канстатацыях палітычных сілаў мусіць быць зменены на выраз “ліквідацыя таталітарнай электроннай медыякратыі”. Пры сённяшнім тэхнічным патэнцыяле СМІ гэтае пытанне не выглядае невырашальным. На практыцы яно патрабуе ўкладання велізарнай колькасці сродкаў, больш істотнага, чым дагэтуль, задзейнічання інтэлектуальнага патэнцыялу нашай грамадзянскай супольнасці. Зрабіць гэта неймаверна цяжка, але іншага выйсця для беларусаў, калі яны хочуць убачыць святло ў канцы тунэля, проста няма.

У звязку з гэтым паўстаюць пытанні і іншага кшталту. Напрыклад: ці міфалагізаваная свядомасць вялікай часткі нашых суайчыннікаў будзе ў хуткім часе зменена? Ці адзіным шляхам наладжвання камунікацыі з гэтай часткай грамадства з’яўляецца стварэнне і распаўсюджванне новых, “гуманістычных”, міфаў? Альбо гэтай частцы трэба гаварыць “толькі праўду — якой бы горкаю яна ні была”? Адказы на гэтыя пытанні могуць быць розныя, але, на маё разуменне, ніводзін з гэтых варыянтаў у найбліжэйшым часе не можа быць зрэалізаваны ў прынцыпе, і менавіта з тае прычыны, што ў Беларусі існуе таталітарная электронная медыякратыя, на падтрымку якой сённяшні палітычны рэжым выдаткоўвае велізарныя матэрыяльныя сродкі.

Уладзімер КОЛАС, Беларуская асацыяцыя журналістаў

ТАНЦЫ НА ГРАБЛЯХ З ДОСВЕДУ ВЫКАРЫСТАННЯ САВЕЦКАЙ МЕНТАЛЬНАСЦІ Ў ПОСТСАВЕЦКАЙ БЕЛАРУСІ

Думаю, у гэтай аўдыторыі няма патрэбы характарызаваць сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі. Аднак, як гэта часта бывае, даўно сфармуляваныя і ўжо звыклыя ацэнкі пэўнай з’явы часам захінаюць некаторыя дадатковыя нюансы і акалічнасці, якія могуць больш поўна раскрыць і патлумачыць ейную сутнасць. Таму дарэчы будзе прааналізаваць гэту сітуацыю, маючы на ўвазе тую ролю, якую адыгрывалі і працягваюць адыгрываць у ёй сродкі масавай інфармацыі.

Дзеля разумення важнасці гэтай ролі адзначым, што менавіта СМІ, у прыватнасці, тэлебачанню, мы абавязаны тым, што ўлада знаходзіцца сёння ў руках нашага цяперашняга кіраўніцтва. Менавіта прамыя і поўныя трансляцыі сесій Вярхоўнага Савета ў рамантычныя часы перабудовы і галоснасці паслужылі прыдатнай трыбунай для энэргічнага і здольнага палітыка-папуліста, дазволілі без асаблівых намаганняў і без звычайна неабходнага ў такіх выпадках марнавання фінансавых сродкаў, энэргіі і часу, увайсці ў кожную кватэру, у кожную вясковую хату — і там ужо наўпрост “закантачыць” з тым, што прынята называць масавай постсавецкай свядомасцю.

Паколькі гэтая свядомасць уяўляла з сябе далёка не цнатлівую tabula rasа, а з’яўлялася прадуктам доўгай і руплівай працы савецкіх органаў масавай прапаганды і агітацыі, насенне папулізму трапіла ў добра ўгноеную глебу і дало магутныя парасткі, якія сёння буйна квітнеюць і даюць плады, а зерні праўды і здаровага сэнсу, наадварот, прыжываюцца на гэтай глебе вельмі цяжка, і дагэтуль не могуць выпрастацца, захіленыя развесістымі лапухамі агрэсіўнай і цынічнай прапаганды. І адбывалася гэта якраз у часы трыумфу галоснасці, калі дэмакратычная інтэлігенцыя ў Беларусі, як і ў іншых рэспубліках былога СССР, знаходзілася ў стане эйфарыі ад неабмежаванай свабоды слова.

Так, стартавая сітуацыя напачатку перабудовы была аднолькавая як для Беларусі, так і для ўсіх іншых рэспублік СССР — у тым ліку і Расіі. Агульным быў і ўзровень свядомасці электаральнай большасці. Але чаму менавіта ў Беларусі сітуацыя набыла такое своеасаблівае развіццё? Чаму менавіта тут свабода слова прывяла да ўлады сілы, якія ператварылі свабоду слова ў ейную процілегласць?

Каб адказаць на гэтыя пытанні, згадаем спачатку пра розніцу, што існавала ў Савецкім Саюзе паміж сродкамі масавай інфармацыі ў цэнтры, у Маскве, і на перыферыі, у саюзных і аўтаномных рэспубліках. Згадаем, што менавіта цэнтральным газетам, тэлебачанню і радыёстанцыям належала быць самымі цікавымі, самымі змястоўнымі, яркімі і таленавітымі. Гэта свядомая ўстаноўка савецкіх ідэалагічных службаў, прычыну якой, думаю, можна асабліва не тлумачыць, выконвалася з бездакорнай дакладнасцю. Цэнтральныя мас-медыі мелі не толькі значна больш высокі ўзровень фінансавага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, але і якасна іншыя ўмовы працы.

Перадусім, “кадрам” цэнтральных органаў інфармацыі ў Савецкім Саюзе быў дазволены іншы ўзровень свабоды думак і трактоўкі падзей. Таму найбольш здольныя і палітычна прасунутыя журналісты, якія на перыферыі рабіліся аб’ектам нападак і пераследу за незалежную пазіцыю і вострыя матэрыялы, імкнуліся “шукаць праўду” ў Маскве, дзе іх аблашчвалі і прытулялі (а часам і прыкормлівалі). Магчымасць “прабіцца ў Маскву”, надрукавацца ў “Правде” ці “Известиях” гарантавала апальнаму правінцыйнаму вальнадумцу індульгенцыю на мясцовым узроўні, ахіляла яго арэолам недатыкальнасці, легалізоўвала перад мясцовымі ўладамі ідэі і праекты, якія да гэтага выглядалі ў іхных вачах адыёзнымі і варожымі. Дзякуючы гэтаму няхітраму механізму і такой селекцыі, айчынныя сродкі масавай інфармацыі надта часта падаваліся шэрымі, сумнымі і незмястоўнымі, у іх рэдка можна было сустрэць сапраўды высокапрафесійныя яскравыя матэрыялы. Гэткая сітуацыя і саслужыла адпаведную службу ў той лёсавызначальны час, калі народ Беларусі нечакана атрымаў магчымасць свабоднага выбару свайго кіраўніцтва.

Захапіўшыся не вельмі актуальным змаганнем са старой партнаменклатурай, якая задоўга да часоў перабудовы сама акрэслілася наконт бесперспектыўнасці камуністычнай мадэлі і распачала рынкавыя рэформы, незалежная прэса, як і ўся дэмакратычная грамадскасць, не надала належнай увагі сапраўднай небяспецы, якая ўздымалася і набірала моц, дзякуючы менавіта паўсталым падчас перабудовы дэмакратычным свабодам.

Падобная сітуацыя мела месца і ў Расіі, дзе на першых дэмакратычных выбарах у Думу, насуперак агульным чаканням і перакананням, найбольшую колькасць галасоў набралі не дэмакраты, а партыя адкрытага папуліста Жырыноўскага, які таксама ўмела спекуляваў на ідэалагічных стэрэатыпах, закладзеных у масавую свядомасць у савецкія часы.

Але адрознымі былі дзеянні сродкаў масавай інфармацыі. Высокапрафесійныя аналітыкі маскоўскіх мас-медыяў пры падтрымцы ўладных эліт, якія ўжо адчулі смак прыватнай уласнасці, і таму зусім не жадалі вяртацца да казарменнай эканомікі, імгненна распачалі бескампраміснае змаганне з папулізмам Жырыноўскага і паступова “апусцілі” гэтага палітыка да ролі блазна. Яму і дагэтуль дазваляецца фармуляваць і агучваць ірацыянальныя настроі і памкненні ніжэйшых слаёў грамадства, найбольш прыдатных для папулісцскага маніпулявання. Але дазваляецца толькі дзеля таго, каб потым было зручней іх разбураць, дапамагаючы расійскай электаральнай большасці пазбаўляцца рудыментаў савецкай ментальнасці.

У Беларусі ж, з названых вышэй прычын, сапраўднай незалежнай журналісцкай аналітыкі проста не існавала. Да таго ж, незадоўга да галоўных інфармацыйна-палітычных баталіяў у ганаровую высылку быў адпраўлены смелы і прафесійны кіраўнік Белдзяржтэлерадыё Генадзь Бураўкін, пры якім айчынныя радыё і тэлебачанне знаходзіліся на ўздыме. Надалей на гэтай пасадзе адзін безаблічны выканаўца змяняў другога, і ў выніку найбольш уплывовыя беларускія мас-медыі аказаліся не толькі не ў стане кансалідаваць грамадства, садзейнічаць пошуку і вызначэнню перспектываў і шляхоў развіцця краіны, але ж і аб’ектыўна асьвятляць падзеі, грамадскія працэсы і праблемы.

Такім чынам, дзякуючы спалучэнню шэрагу фактараў і адзначаных прычын, улада ўпала ў рукі асобе, якая не прайшла неабходнага для палітыка і кіраўніка такога ўзроўню шляху, не мела дзеля гэтага адпаведнага досведу, а паўстала як своеасаблівая матэрыялізацыя ірацыянальных перакананняў і стэрэатыпаў электаральнай большасці, сфармаваных савецкай прапагандай. Для прыхільнікаў здаровага сэнсу, якія наіўна меркавалі, што дзеля поспеху ў палітыцы дастаткова заўсёды казаць толькі праўду, гэта была нечаканая і паказальная перамога.

На вялікі жаль, тая бянтэжна лёгкая перамога і дагэтуль запабягае асэнсаваць цяперашняму беларускаму кіраўніцтву ўсю бесперспектыўнасць і небяспеку абранай ім эканамічнай, сацыяльнай і культурніцкай палітыкі, скіраванай у “светлае” мінулае. Становішча, у якім яно апынулася і якое надалей будзе толькі пагаршацца, зусім незайздроснае. Для беларускага грамадства было б, вядома, істотна, каб наступствы гэтага незайздроснага становішча тычыліся яго найменей; аднак разлічваць на тое ўжо не выпадае. І тут варта зноў звярнуць увагу на стан айчынных мас-медыяў і іх адпаведнасць ролі, якую яны павінны адыгрываць у справе кансалідацыі грамадства і вызначэння перспектываў ягонага развіцця.

Думаю, няма сэнсу падрабязна разглядаць тут працу афіцыйных СМІ, чыя дзейнасць вельмі рэдка выходзіць за межы звыклага ідэалагічнага і прапагандысцкага абслугоўвання любой дзейнай улады.

Што тычыцца незалежных мас-медыяў, то пры ўсёй павазе да іх, неабходна адзначыць, што пра вынікі іхнай дзейнасці можна ў пэўнай ступені меркаваць па тым становішчы, у якім яны цяпер апынуліся разам з усім нашым грамадствам. Беручы пад увагу такія агульнавядомыя рэчы, як адміністратыўны ціск, эканамічныя праблемы, судовы пераслед журналістаў і г.д., трэба згадаць, аднак, і пра іншае. І ў гэтай сувязі зноў звернемся да спадчыны савецкіх часоў, пазбавіцца ад якой, як паказвае практыка, не так ужо і проста.

На вялікі жаль, знікненне з геаграфічнай карты савецкай імперыі не выдаліла ейнае праекцыі з нашага розуму і нашай падсвядомасці. Надта часта, чытаючы шматлікія матэрыялы беларускай незалежнай, у асноўным расейскамоўнай, прэсы, задаеш сабе пытанне: а з якой геапалітычнай прасторай атаясамлівае аўтар краіну, у якой ён жыве і пра якую піша? Чаму так часта выносяцца на першыя палосы і падаюцца як самыя галоўныя для Беларусі падзеі, якія адбываюцца не ў нас, а з таго боку нашай усходняй мяжы? Чаму марнуюцца такія вялікія плошчы газетных палос на інтэрв’ю з рознымі вядомымі асобамі з Расіі, чытаючы якія робіцца ясна, што мэтай інтэрв’ю было не пачуць адказы на банальныя, ужо не раз задаваныя гэтым зоркам пытанні, а проста спатоліць прагу правінцыяла — пастаяць побач з вядомай сталічнай асобай, пасвяціцца ў прамянях ейнай славы, паказаць сваё дачыненне да “сталічнага” асяроддзя. І гэтым выявіць сябе на фоне “правінцыйнага” атачэння.

Стогны чэхаўскіх трох сясцёр, якімі некаторыя вядомыя незалежныя журналісты, а часам і цэлыя выданні, рэагуюць на падзеі беларускай рэчаіснасці, аднаўленне і пастаяннае падсілкаванне на газетных палосах віртуальнай культурнай прасторы ўжо не існуючай імперыі, у прынцыпе, таксама ёсць рудыментам савецкай ментальнасці, але не толькі — ёсьць адначасова і рудыментам былой каланіяльна-культурніцкай залежнасці. А гэта вядзе да таго, што нават у свядомасці людзей, арыентаваных на незалежнасць і суверэнітэт краіны, не кажучы ўжо пра тых, хто знаходзіць сябе толькі ў расейскай інфармацыйнай прасторы, ад чытання расейскамоўнай незалежнай беларускай прэсы застаецца даволі цьмянае і блытанае ўяўленне пра некаторыя істотныя для беларуса паняцці.

Традыцыйныя адносіны айчыннай і маскоўскай прэсы як “правінцыйнай і цэнтральнай” значна ўплываюць і на якасць працы беларускіх журналістаў. Выкарыстанне гатовых, спрадукаваных маскоўскімі мас-медыямі, моўных і сэнсавых клішэ дазваляе надаваць матэрыялам моднае “сталічнае” гучанне, але разам з тым атрафіруе здольнасць самастойна аналізаваць падзеі, прадукаваць арыгінальныя думкі, акрэсліваць сваю пазіцыю. А гэта, у сваю чаргу, спараджае павярхоўна-высакамернае стаўленне да падзей, якія адбываюцца ў краіне, стаўленне да іх, як да нечага не істотнага ў параўнанні з тым, што адбываецца ў віртуальным “цэнтры”, размешчаным пакуль яшчэ за нашай усходняй мяжой.

Правінцыйная хвароба нашай незалежнай прэсы выяўляецца і ў нежаданні, а, магчыма, і няздольнасці, пошуку і “раскруткі” айчынных лідэраў. Невыпадкова ўвагу незалежнай прэсы часцей за ўсё маюць шанец прыцягнуць толькі тыя прадстаўнікі беларускай эліты, каго ўлада звольніла з працы, збіла ці кінула ў турму. У іншых выпадках пра іх згадваюць пераважна ў сувязі з нейкімі скандаламі, і вельмі рэдка — з нагоды якіх-кольвек важных грамадскіх і культурных падзей.

Такім чынам, за беларускімі элітамі замацоўваецца шлейф суцэльнага лузерства, а ў астатняй часткі насельніцтва мацуюцца і без таго пануючыя ў іхнай свядомасці адчуванні апатыі і немагчымасці самастойна ўплываць на развіццё сітуацыі ў краіне.

Такая пазіцыя парадаксальным чынам перагукаецца з пазіцыяй галоўнага апанента незалежнай прэсы — афіцыйнай улады — з яе памкненнямі да стварэння адзінай беларуска-расейскай дзяржавы. Да таго ж, гэткім чынам прамоўленая і засведчаная пазіцыя часткі незалежнай беларускай прэсы падмацоўвае ілюзорныя перакананні расійскай грамадскасці адносна будучыні нашай краіны, якая традыцыйна бачыць Беларусь часткай Расійскай імперыі і ставіцца да нашага суверэнітэту, як да чагосьці недарэчнага.

Эфект імперскіх граблей, пакінутых пад нашымі нагамі з часоў існавання СССР, спрацаваў і на нядаўніх прэзідэнцкіх выбарах, калі беларусы чарговы раз мелі магчымасць змяніць сітуацыю ў краіне. Тое, што апошнія прэзідэнцкія выбары прайшлі на такой ганебна безальтэрнатыўнай аснове,— “заслуга” не толькі апазіцыі, якая не здолела высунуць лідэра нацыянальнага маштабу, але і незалежных СМІ, якія аказаліся не ў стане паўнавартасна прааналізаваць падзеі, што адбываліся ў краіне, спрыяючы гэтым аналізам фармаванню грамадскай думкі і вылучэнню асобы, здольнай кансалідаваць грамадства дзеля ажыццяўлення дэмакратычных пераменаў.

Захаванне такой сітуацыі небяспечнае новымі недарэчнымі памылкамі ў будучых лёсавызначальных сітуацыях.

Мой выступ носіць палемічны характар, ён не прэтэндуе на поўны і ўсебаковы аналіз працы айчынных мас-медыяў. Таму, дзеля прыцягнення ўвагі да праблемы, фарбы крыху згушчаныя. Карыстаючыся нагодай, хачу засведчыць сваю глыбокую павагу да нашых незалежных мас-медыяў і да журналістаў, якія займаюцца гэтай нялёгкай і небяспечнай справай, а таксама выказаць падзяку за падтрымку, якую яны ў цяжкія часы заўсёды аказвалі і, спадзяюся, будуць аказваць Беларускаму ліцэю, якім я кірую.

Безумоўна, я не заклікаю да самаізаляцыі і “зацыклівання” выключна на беларускай рэчаіснасці. Але даўно надышоў час перагледзець прыярытэты ўвагі да падзеяў, што адбываюцца ў Беларусі і па-за ейнымі межамі, і засяродзіцца, перадусім, на асэнсаванні нашых, беларускіх, праблем. За нас гэтага не зробіць ніхто.