У каменным крузе

Валкавыцкі Георгій


частка XIV.

Застаецца вырашыць апошняе пытанне кенігсбергскай казкі. Чаму Чырвоная Армія не брала горада з маршу. Не ведала, што яго можна ўзяць гэткім спосабам? Так я думаў у той час.

Сёння думаю інакш: відаць, быў іншы план — не браць „крэпасці” з ходу. А план у савецкай рэальнасці святая справа. Тым больш, калі ён нарадзіўся ў Маскве. Гэтай ісціны не могуць уцяміць польскія эгацэнтрысты, беспадстаўна абвінавачваючы савецкіх палкаводцаў у замаруджванні аперацыі пад Варшавай: аддалі сталіцу нашу на здзек немцам. А дастаткова зірнуць на маршрут вайны на Усходзе. Кацілася яна на Захад паэтапна: Волга—Днепр—Вісла—Одэр. Строга па плану. Колькі б ён не каштаваў. Арміі выходзілі на вызначаныя рэкі (рубяжы) і спыняліся, занімалі толькі плацдармы. Ва ўсходнепрускай аперацыі такім рубяжом было мора. Мэтай — расчляненне і знішчэнне праціўніка па частках. У гэтым плане была і аблога Кенігсберга. Куфэрак адчыняецца проста.

Мяне ў кенігсбергскай аперацыі насцярожвае іншае: ці не была яна часам рэпетыцыяй будучага тэатра вайны на Далёкім Усходзе? 20 лютага 1945 года рэжысёрам рэпетыцыі стаў маршал Васілеўскі. Быў ён аўтарам пастаноўкі і, едучы пад Кенігсберг, ведаў ужо, што будзе браць і Порт-Артур. Уражваюць сродкі падаўлення. Перад пачаткам штурму кенігсбергскай „крэпасці” Васілеўскі меў 5000 гармат (амаль палова — цяжкія), 2500 самалётаў. Як успамінае сам маршал, уся ўсходнепруская аперацыя па расходванні боепрыпасаў не мела сабе роўных сярод усіх аперацый у гісторыі войнаў. Які палкаводзец асмеліўся б парушыць такі план? Конеў мог з маршу ўзяць Берлін — дастаў па носе. Гонар узяцця сталіцы рэйха адведзены быў іншаму палкаводцу, а той яшчэ не быў гатовы прыняць гонар. Цана? Мы за цаной не пастаім!

А жывая сіла? Якая яна мелася ў Кенігсбергу? Васілеўскі гаворыць:

„9 апреля комендант крепости генерал пехоты Леш принял предложенные мною условия капитуляции и сдался с большей частью гарнизона. К исходу четвертых суток непрерывных боев Кенигсберг пал. Всего сдались в плен 92 000 немецких солдат, 1819 офицеров и 4 генерала.

Гитлер не мог примириться с потерей города и в бессильной ярости приговорил Леша заочно к смертной казни”.

Колькі палегла немцаў, маршал не ўспамінае. Не намякае і пра свае страты. Змоўчвае таксама, колькі асобна ўзятых салдат штурмавала „крепость”. Згадвае толькі, што на „восточнопруском направлении и в Северной Польше наши войска превосходили противника в живой силе в 2,7 раза”. Думаю, гэтыя прапорцыі захаваліся і ў кенігсбергскай аперацыі. Чаму маршал маўчыць пра свае страты? Хто-хто, а ён меў дакладны план (і выкананне) смярцей. Затое чытаем:

„В ноч на 10 апреля 1945 года столица салютовала доблести, отваге и мастерству героев штурма Кенигсберга 24 мя артилерийскими залпами из 324-х орудий.

В боях за Кенигсберг советские воины проявили массовой героизм. За беспримерные подвиги около 200 человек были удостоены звания Героя Советского Союза. Тысячи воинов получили ордена, десятки тысяч — медали. Правительственных наград были удостоены многие полки и дивизии, а 98 частям и соединениям присвоено почетное звание Кенигсбергских. Учрежденная в июне 1945 года медаль „За взятие Кенигсберга” была вручена всем участникам борьбы за столицу Восточной Прусии”.

Адносна мастерства героев. Дык каб увайсці ў Кенігсберг, яно не патрабавалася. Дастаткова было ў студзені нейкаму рубаку зблытаць дарогу і замест у абход, накіраваць полк у горад — і ён авалодаў бы „крэпасцю”. Без мастерства. Ці судзілі б рубаку за праяўленую непісьменнасць? У кожным выпадку, Масква яго не салютавала б, не атрымаў бы Залатой Зоркі, полк не назвалі б Кенігсбергскім.

Цана жывой сілы не лічылася. Чэрава вайны патрабавала чалавечага матэрыялу. Ці не з „Полымя” вынатаваў я гэту даведку: „Па загаду Вялікага Кормчага і яго генштаба сотні тысяч беларускіх мужчын і падлеткаў, што падраслі за гады акупацыі, не толькі належным чынам не ўзброенымі, але і не пераапранутымі ў вайсковае, кінулі на штурм Усходняй Прусіі, асабліва, ля бастыёна Кенігсберга. Там яны ўсе і засталіся... Усе яны былі на акупаванай тэрыторыі і па стратэгіі таго часу павінны былі загінуць. Мог жа сярод іх быць хоць адзін патэнцыяльны шпіён ці вораг народа!”

Мне ў гэта не хочацца верыць. А калі такая была праўда?

З Кенігсберга выходзіў я на паўночны захад. Яшчэ не так даўно капалі мы тут акопы. Цяпер — арудуюць вазакі ў шэрых шынялях: вывозяць спруцянелую „доблесть”. Вязуць яе як дрэва з лесу. Спруцянелыя ногі ў зялёных абмотках, бы асінавыя друкі, вытыркаюцца з за тыльных колаў. І фурманы, асвоеныя з будзённым заняткам, без свяшчэннай павагі ставяцца да кубаметраў паваленй „сілы” — звычайна сядзяць на ёй і кураць махорку.

А насупраць грузавік з жывым падмацаваннем. Калі параўналіся, з за борта воклік:

— Адкуль, зямляк?!

— З Брэсцкай вобласці! — адгукаюся.

— А я з Баранавіч.

Хлопец хапае мяне ў паветраныя абдымкі, ледзь з кузава не вываліўся. Махаю ўслед рукою. Паехаў зямляк здзяйсняць подзвіг.

За пару дзён і мяне ўключаць у жывую сілу. Пастрыгуць, дадуць палатаныя чаравікі, старыя абмоткі, пацёртыя нагавіцы, такую ж гімнасцёрку, у вушы ўставяць заданне:

— Выконвайце, салдат!

Іду ліквідаваць земландскую групоўку. Па дарозе лес. Што, як на ўзлеску заселі немцы? У руках пісталет-кулямёт Шпагіна, а карыстацца гэтай цацкай не ўмею. Трэба набыць майстэрства. Пацягнуў за стрыжань, што выстае збоку, націснуў на спуск — счэзнуў лес, у лоб сякуць кулі, а болю не чую. Ужо не землянін я. Адкрываецца цудоўнае ваколле, падобнае на зямное, толькі больш яркае, асабліва лес. Няўжо я ў Белавежы?

Не, я на прускай зямлі. І лоб мой цэлы. Лоб мацалі пустыя лускі, сігаючы з затвора. І я жывы. Значыць, не ўсе беларусы засталіся пад Кенігсбергам.