Навейшая гісторыя Беларусі

Мірановіч Яўген


Нямецкая акупацыя Беларусі

Адступленне Чырвонай Арміі

22 чэрвеня 1941 г. нямецкае войска перасякло межы СССР, выклікаючы сярод камандзіраў пагранічных гарнізонаў вялікую збянтэжанасць. Такі варыянт ходу падзей у штабах Чырвонай Арміі не разглядаўся. Хаця па абодвух баках мяжы, перад 22 чэрвеня 1941 г., была сабрана падобная колькасць салдат і ваеннай тэхнікі, у тым ліку танкаў, самалётаў, артылерыі, элемент неспадзяванасці прадрашыў аб поўнай перамозе Вермахта над Чырвонай Арміяй у першых днях вайны. Канцэнтрацыя савецкіх узброеных сіл у пагранічнай зоне была б абгрунтаванай у выпадку наступлення, аднак зусім непрыгоднай аказалася ў ходзе абарончых дзеянняў, асабліва ў сутыкненні з нямецкай тактыкай клінападобных удараў танкавых войск.

У першы дзень ваенных дзеянняў толькі на тэрыторыі Беларусі Чырвоная Армія страціла 738 самалётаў, у тым ліку 528 на аэрадромах. У сувязі з адсутнасцю якіх—небудзь планаў дзеяння на выпадак адступлення, большасць бронетанкавых войскаў і артылерыя аказаліся непрыдатнымі, а пакінутая ваенная тэхніка папоўніла запасы нямецкага ўзбраення. Аб паражэннях Чырвонай Арміі ў 1941 г. у вялікай ступені прадрашыла знішчэнне афіцэрскага саставу, праведзенае ў 1937—1939 гг. органамі сталінскай палітычнай міліцыі. У выніку тактычнымі злучэннямі камандавалі малодшыя афіцэры, якія аказаліся зусім бездапаможнымі ў канфрантацыі з вопытным у заваёўванні Еўропы камандным саставам Вермахта.

На працягу некалькіх дзён змаганняў немцы захапілі ўсе землі, якія калісьці ўваходзілі ў склад ІІ Рэчы Паспалітай. 28 чэрвеня занялі яны сталіцу Беларусі Мінск. У ліпені большасць тэрыторыі рэспублікі апынулася пад іх кантролем. Толькі на паўднёваўсходніх акраінах, у наваколлі Гомеля і Мазыра, да 22 жніўня знаходзілася савецкае войска.

Многае паказвае на тое, што пачатак вайны спаралізаваў дзейнасць вярхоўных структур кіраўніцтва СССР. Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі працаваў паводле раней распрацаваных інструкцый на выпадак вайны з якойнебудзь капіталістычнай краінай. 23 чэрвеня 1941 г. выдаў ён дырэктыву партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей па арганізацыі барацьбы з дыверсантамі і парашутыстамі. ЦК КП(б)Б загадаў, між іншым, арганізаваць кругласутачныя назіранні ваколіцы пешымі патрулямі і коннымі раз’ездамі, якія мелі складаць калгаснікі ды жыхары вёсак і мястэчак. Мелі яны ахоўваць масты, чыгуначныя пуці, тэлеграфныя і тэлефонныя станцыі. У адпаведнасці з дырэктывай ЦК, у выпадку прыкмячэння нямецкіх салдат патруль абавязаны быў паведаміць самую блізкую савецкую ваенную часць і, не чакаючы чырвонаармейцаў, пачаць ліквідацыю ворага пры дамапозе ўсялякай даступнай зброі — вілаў, тапароў, палак, шабляў. Злоўленых дыверсантаў калгаснікі мелі дастаўляць у ваенныя часці для допытаў. Змест згаданай дырэктывы з’яўляецца доказам няведання савецкім кіраўніцтвам Беларусі ваеннай рэчаіснасці. Кожная спроба выканаць загады ЦК КП(б)Б прыгаворвала б жыхароў рэспублікі на бессэнсоўную смерць. 28 чэрвеня Савецкае інфармбюро паведаміла, што калгаснікі высачылі і ліквідавалі каля энскай вёскі ў Беларусі атрад парашутыстаў з 50 чалавек, з ліку якіх 32 салдаты былі забіты, а астатнія былі ўзяты ў палон. Не падобнае на праўду, што такое здарылася ў ходзе нямецка—савецкай вайны ў чэрвені 1941 г. Відаць, гэты ўзор паводзін савецкага чалавека быў створаны прапагандай у крытычнай сітуацыі, калі сацыялістычная айчына апынулася пад пагрозай. Адыход ад такога тыпу паводзін успрымаўся як здрада. Маланкавае наступленне нямецкіх войск і поўная дэзарганізацыя жыцця ў прыфрантавой зоне давялі да таго, што выкананне савецкіх ваенных законаў, асабліва ў заходніх абласцях, стала немагчымым.

28 чэрвеня Савет Народных Камісараў СССР і ЦК ВКП(б) выдалі дырэктыву да ўсіх партыйных камітэтаў і органаў выканаўчай улады ў прыфрантавой зоне, у якой паведамлялася, што нягледзячы на страту заходняй Беларусі і Украіны ды Літвы і Латвіі Чырвоная Армія змагаецца за кожную пядзю савецкай зямлі. Урад і партыя заклікалі камуністаў прымаць усялякія меры, якія маглі б аслабіць сілы ворага. Рэкамендавалася весці змаганне за кожныя горад, вёску, дом усімі даступнымі сродкамі. Дырэктыва абавязвала ўсе органы савецкай улады забяспечваць і ахоўваць шляхі зносін і транспарт для эвакуацыі людзей і маёмасці на тылы фронту. У выпадку “вымушанага адступлення” Чырвонай Арміі патрабавалася ў першую чаргу эвакуіраваць сродкі чыгуначнага транспарту — лакаматывы, вагоны, а потым знішчыць усё, што мела б якую—небудзь вартасць. “Не пакінуць ворагу ні кілаграма хлеба, ні літра паліва”, — пісалася ў дырэктыве. Калгаснікі павінны былі перадаць жывёлу і збожжа органам дзяржаўнай улады для вывазу на тылы фронту. Дырэктыва СНК СССР і ЦК ВКП(б) на камуністаў, якія прабывалі на захопленай немцамі тэрыторыі, ускладала абавязак арганізаваць на месцы партызанскія атрады, дыверсійныя групы ды весці барацьбу з вайсковымі падраздзяленнямі ворага “ўсюды і заўсёды”. У акупіраваных раёнах загадвалася ствараць невыносныя ўмовы для “ворага і яго паплечнікаў”, “праследаваць і зніштажаць іх на кожным кроку”, а таксама “перадаваць ваенным судам усіх тых, што са страху не садзейнічаюць справе абароны, не зважаючы на тое, кім яны з’яўляюцца”.

Стратэгія савецкага камандавання пакінуць немцам спаленую зямлю магла ў нейкай ступені ажыццявіцца толькі ва ўсходянй Беларусі. У першых днях вайны расіяне страцілі ўсялякі кантроль у заходніх абласцях Беларусі. Таксама аб’яўленая ў першы дзень вайны мабілізацыя ў Чырвоную Армію мужчын 1905—1918 гадоў нараджэння з прычыны сітуацыі на фронце магла праводзіцца толькі ва ўсходняй частцы рэспублікі. З заходніх абласцей эвакуіраваліся перш за ўсё работнікі партыйнага і дзяржаўнага апарату, якія апынуліся тут пасля 17 верасня 1939 г. У выніку як мабілізацыя, так і эвакуацыя маёмасці ахапіла толькі 4 з 10 абласцей БССР — Віцебскую, Магілёўскую, Гомельскую і Палескую. Ад канца чэрвеня да жніўня 1941 г. пад мабілізацыю папала амаль 500 тыс. мужчын з гэтых абласцей. Армія пераняла таксама 2,5 тыс. грузавікоў і 35 тыс. коней. Гэта толькі ў невялікай ступені кампенсавала страты, якія былі нанесены ў першыя дні ваенных дзеянняў у пагранічнай зоне.

У выніку аб’яўленай савецкімі ўладамі эвакуацыі з усходніх абласцей Беларусі вывезеных было 1,5 млн. чалавек. У гэты лік не ўключаны работнікі заводаў і прамысловых прадпрыемстваў ды дзяржаўных устаноў, якія эвакуіраваліся ў першую чаргу. Да жніўня 1941 г. вывезена было 20% насельніцтва БССР, г.зн. кожны пяты жыхар рэспублікі. Улічыўшы, што перамяшчэнні закранулі ў асноўным усходнія вобласці, менавіта там страты насельніцтва былі значна большыя. Паводле савецкіх крыніц, з Гомельскай, Магілёўскай, Палескай і Віцебскай абласцей эвакуіравалася 35-37% жыхароў. З гэтай жа тэрыторыі найбольш вывезена было прамысловага абсталявання (рухавікоў, трансфарматараў, турбагенератараў, станкоў), запасаў каляровых металаў, амаль усе вагоны і лакаматывы. У заходніх абласцях і на тэрыторыі Мінскай прамысловая структура ў ходзе ваенных дзеянняў не падвяргнулася дэзарганізацыі. Дробныя заводы і прадпрыемствы, якія там працавалі, не мелі істотнага значэння для ваеннай гаспадаркі.

Намнога больш цяжкімі для насельніцтва, якога не паспелі эвакуіраваць, аказаліся паслядоўнасці выканання дырэктывы ад 29 чэрвеня ў галіне сельскай гаспадаркі. Да канца жніўня з Беларусі вывезеных было больш за 700 тыс. штук свойскай жывёлы. З прычыны складанасцей у транспарце жывой жывёлы некалькі соцень тысяч штук быдла, свіней і авечак вывезена ў выглядзе мяса. Агулам з Гомельскай, Магілёўскай, Віцебскай і Палескай абласцей вывезлі больш за 26% пагалоўя сельскагаспадарчай жывёлы і 54% запасаў збожжа. Вялікая колькасць збожжа была спалена. Пачалося таксама знішчэнне збожжа на палях, але наступленне нямецкіх войскаў на ўсход абмежавала маштаб гэтай акцыі.

Стратэгія спаленай зямлі прадугледжвала таксама разбуранне жыллёвых і публічных будынкаў. Праводзілася яно знішчальнымі (истребительными) батальёнамі, якіх у Віцебскай вобласці сарганізавалася 26, у Гомельскай — 19, Палескай — 18, Магілёўскай — 14. У складзе батальёнаў былі камсамольцы і работнікі калгасных упраўленняў, а камандавалі імі работнікі НКУС або члены райкамаў партыі. Разбуранне жыллёвых будынкаў мела схіліць людзей да эвакуацыі. У выніку дзейнасці знішчальных батальёнаў гарады і пасёлкі пацярпелі намнога больш чым ад ваенных дзеянняў.

Акцыя эвакуацыі маёмасці, якая мела ўскладніць забеспячэнне нямецкай арміі і зрабіць немагчымым выкарыстанне ворагам прамысловага патэнцыялу Беларусі, у сапраўднасці пагоршыла толькі становішча насельніцтва ў акупаванай зоне. Немцы распараджаліся ўсялякімі магчымасцямі прыдбаць сабе неабходную колькасць прадуктаў, а мірнае насельніцтва, пазбаўленае харчоў і жылля, апынулася ў адчайным становішчы. Як піша Юры Туронак, гэтае становішча, выкліканае Сталіным, было прадвесцем бязлітаснай барацьбы, у якой не ўлічваліся інтарэсы насельніцтва. “Ва ўмовах голаду, нэндзы і адсутнасці даху над галавой шанцы прыцягнуць насельніцтва да антынямецкіх выступленняў былі безумоўна большыя”. Савецкія ўлады не прызнавалі ніякіх форм легальнай грамадскай актыўнасці дзеля паправы становішча насельніцтва. Ад пачатку вайны ўсялякая яўная дабрачынная, культурная або асветная дзейнасць на акупаванай тэрыторыі расцэньвалася як праява калабарацыянізму, за што пагражала найвышэйшая мера пакарання, так як за ігнараванне абавязку барацьбы з акупантам на тылах фронту.

Нямецкая акупацыйная палітыка

У ходзе падрыхтоўкі да вайны, на пачатку 1941 г., нямецкае палітычнае і ваеннае кіраўніцтва распрацавала дэталёвыя планы дзеянняў вайсковых і паліцэйскіх сіл на захопленых абшарах СССР і гаспадарчага выкарыстання мясцовых рэсурсаў, прамысловай структуры і рабочай сілы. Вясною 1941 г. са структур СС былі выдзелены спецыяльныя паліцэйскія падраздзяленні — Эйнзатцгрупы (аператыўныя групы) — для пацыфікацыі занятых Вермахтам тэрыторый і фізічнага знішчэння функцыянераў савецкага апарату ўлады, камуністаў і яўрэяў. У загадзе ад 13 мая 1941 г., падпісаным шэфам начальнага камандавання ўзброеных сіл ІІІ Рэйха Вільгельмам Кейтэлем, афіцэры Вермахта атрымалі паўнамоцтвы праводзіць пацыфікацыі і расстрэльваць мірнае насельніцтва на ўсім абшары рэалізацыі плана “Барбароса” ў выпадку падазрэння на наяўнасць якойнебудзь пагрозы з яго боку для бяспечнасці нямецкага войска. Загад фельдмаршала Кейтэля здымаў адначасна з салдат Вермахта ўсялякую адказнасць за дзеянні супраць мірнага насельніцтва і заахвочваў да бязлітаснага прымянення зброі ў адносінах да тых жыхароў занятых тэрыторый, якія варожа ставіліся да акупантаў. Чарговы загад Кейтэля ад 6 чэрвеня 1941 г., накіраваны афіцэрам узброеных сіл Рэйха і вядомы пад назвай “загаду аб камісарах”, здымаў абавязак прытрымоўвацца норм міжнароднага права ў адносінах да савецкіх ваеннапалонных. Рэкамендаваў ён расстрэльваць без суда і тлумачэнняў усіх палітрукоў. Яшчэ да выбуху вайны была запланавана фізічная ліквідацыя салдат Чырвонай Арміі, якія мелі папасці ў нямецкі палон. Менавіта таму з ліку 3,3 млн. ваеннапалонных, якія трапілі ў няволю летам 1941 г., амаль палова памерла ад голаду і знясілення ў лагерах, арганізаваных найчасцей пад адкрытым небам.

Летам 1941 г. на тэрыторыі ўсёй акупаванай Беларусі ўведзена было ваеннае праўленне. Большасць тэрыторыі рэспублікі апынулася ў тыле дзеяння групы армій “Цэнтр”, штаб якой знаходзіўся ў Баранавічах. Толькі паўднёвыя раёны ўваходзілі ў склад тэрыторыі, якой упраўляла камандаванне групы армій “Поўдзень”, кіруючае таксама ўсёй Украінай. На тэрыторыі Беларусі была створана сетка палявых камендатур і падначаленых ім ваенных праўленняў гарадоў і раёнаў. На кожнай ступені вайсковай адміністрацыі ствараліся спецыяльныя падраздзяленні паліцыі (Эйнзатцгрупы) і гаспадарчыя службы. Астатнія мелі займацца забеспячэннем войска харчамі і мабілізацыяй мясцовага насельніцтва на працу ў карысць ваеннай інфраструктуры.

Хуткі наступ нямецкай арміі на ўсход выклікаў неабходнасць стварання новых ваенных праўленняў і паліцэйскіх фарміраванняў. Атрады Эйнзатцгрупы ўжо на тэрыторыі акупаванай Беларусі і Украіны не паспявалі забіваць сапраўдных і ўяўных праціўнікаў гітлерызму. Выкананне плана ачышчэння тылоў нямецкай арміі ад застаўшыхся савецкіх функцыянераў і камуністычных дзеячаў ды вынішчэння яўрэйскага насельніцтва патрабавала вялікіх людскіх рэзерваў. Адтуль вынікала неабходнасць разбудовы паліцэйскага і адміністрацыйнага апарату, абапіраючыся на мясцовы элемент. Немцы выкарысталі перш за ўсё стан грамадскіх настрояў, выкліканых савецкай палітыкай у заходніх абласцях у 1939—1941 гадах.

Уступленне нямецкіх войскаў успрымалася палякамі з надзеяй, але і беларусы з заходніх абласцей БССР таксама не надта сумавалі. Рапарт Дэпартамента ўнутраных спраў Дэлегатуры лонданскага ўрада на край аб сітуацыі на Гродзеншчыне і Беласточчыне ў другой палове 1941 г. грамадскія настроі ахарактарызваў адназначна: “Агульны тадышні настрой сярод польскага насельніцтва — гэта радасць з выпадку вызвалення з—пад бальшавіцкага тэрору і далучэння да рэшты краю. У першых месяцах акупацыі людзі да немцаў ставіліся бадай што з сімпатыяй, наогул паводзячы сябе стрымана і не прымаючы ўдзелу ў палітычнай дзейнасці. Здараліся аднак выпадкі, асабліва на Беласточчыне, на беларускай тэрыторыі, што частка моладзі фашысцкіх поглядаў, а нават многія колішнія члены незалежніцкіх арганізацый пайшлі на нямецкую службу, ствараючы атрады паліцыі. (...) Цяпер амаль усе адміністрацыйныя пастарункі, за выключэннем кіраўнічых, на якія прызначаліся немцы, апынуліся ў руках палякаў, паколькі акупант зыходзіў з такога пункту гледжання, што трэба вярнуць на працу тых людзей, якія працавалі ў дадзеных установах да 1939 г. Зрэшты, адсутнасць беларускіх спецыялістаў прымусіў акупанта абаперціся на польскі элемент. (...) Служба бяспекі даручана была Грэнцшуцу, які сваіх салдат дыслацыраваў у асноўным на граніцы акругі, а нагляд за парадкам даручыў мясцовай паліцыі, сарганізаванай амаль выключна з колішніх польскіх паліцыянтаў”. Падобная сітуацыя панавала на ўсёй тэрыторыі заходняй Беларусі.

Рапарты Дэлегатуры ўрада на край і Саюза ўзброенай барацьбы паведамлялі аб пагромах яўрэйскага насельніцтва ў розных гарадах Беласточчыны, Гродзеншчыны і Навагрудчыны ды многіх выпадках даносаў на беларусаў, якія рабіліся людзьмі з новастворанай адміністрацыі і дапаможнай паліцыі. Часта ў выніку даносаў немцы расстрэльвалі як камуністаў арганізатараў беларускага культурнага ці асветнага жыцця да 1939 г. Гінулі перш за ўсё тыя, што ў нейкі спосаб адобрылі савецкую ўладу ў 1939—1941 гадах.

У свае маёнткі ў Беларусі вярталіся з Літвы і Генеральнай губерні (акупаванай цэнтральнай Польшчы) былыя памешчыкі. Некаторыя з іх прыязджалі пад аховай нямецкай паліцыі, прагныя помсты за ўсе крыўды 1939 года і жадання вярнуць маёмасць перададзеную савецкімі ўладамі мясцовым сялянам. Імкненні памешчыкаў падтрымоўваліся мясцовай адміністрацыяй, якая знаходзілася ў польскіх руках. Такім чынам ствараліся новыя абшары нацыянальных канфліктаў, якія ўмела распальваліся акупацыйнымі ўладамі.

Для польскага насельніцтва першыя месяцы нямецкай акупацыі ў Беларусі былі перыядам вяртання некаторым яго прадстаўнікам страчанага пасля 17 верасня 1939 г. эканамічнага, грамадскага і палітычнага значэння. Актыўны ўдзел у стварэнні адміністрацыі і паліцыі даваў палякам шанц адбудаваць знішчаныя ў перыяд савецкай улады кадры, а ў далейшай перспектыве садзейнічаў узнікненню структур польскай падпольнай дзяржавы. У нямецкай адміністрацыі, апрача асоб, якія шукалі працы выключна дзеля заробку, працавалі таксама людзі, які хацелі ўплываць на ход падзей на гэтай тэрыторыі. Таму неўзабаве змаганне за чыноўніцкія пасады паміж палякамі і беларусамі стане для прадстаўнікоў гэтых абодвух грамадскасцей элементам рэалізацыі ўласных нацыянальных мэт.

Аднак пачатак нямецкай акупацыі беларусамі ўспрымаўся парознаму. У заходняй Беларусі сярод асоб, якія раней працавалі ў савецкіх асветных і культурных установах ды мясцовай адміністрацыі, панавалі настроі няўпэўненасці і чакання. Работнікамі гэтых устаноў пераважна былі мясцовыя людзі, якія не эвакуіраваліся ў чэрвені 1941 г., так як зрабілі гэта прыбылыя з усходу прадстаўнікі савецкага апарату ўлады. Гэтым грамадскапрафесійным групоўкам нанесены былі найбольшыя страты ў выніку ліквідацыі камуністычных элементаў на тылах нямецкай арміі, якая праводзілася атрадамі Эйнзатцгрупы. Гэтае асяроддзе найбольш пацярпела таксама ад даносаў прадстаўнікоў ствараемай адміністрацыі і дапаможнай паліцыі. Беларускія сяляне ў заходніх абласцях змену палітычнай сітуацыі скарысталі для роспуску калгасаў і вяртання да аднаасобніцтва, аднак многія з іх былі таксама ўладальнікамі зямлі і інвентару, якія раней належалі польскім памешчыкам. У выніку апынуліся яны сярод падазроных у спрыянні савецкай уладзе.

З—за адсутнасці вопыту і традыцыі працы ў дзяржаўных структурах і горшай, у параўнанні з палякамі, адукацыі, сярод беларусаў не было адпаведных людскіх рэсурсаў, якія маглі б быць скарыстаны немцамі пры стварэнні новага парадку на акупаванай тэрыторыі. Перш за ўсё на беларускім баку не было групавой матывіроўкі да супрацоўніцтва з немцамі.

Беспаспяховай аказалася таксама спроба згуртаваных вакол старшыні Беларускага камітэта ў Варшаве Міколы Шчорса дзеячаў стварыць адміністрацыйны корпус з эмігрантаў, якія апынуліся ў Генеральнай губерні і Нямеччыне. Іх дзеянні падтрымоўваліся нямецкай палітычнай паліцыяй. Планавалася паслаць у Беларусь сотні чыноўнікаў, але завербаваць удалося толькі некалькі дзесяткаў чалавек, якія былі ўладкаваны на працу ў Мінску і гарадах усходняй Беларусі. Многія з іх атрымалі прэстыжныя пасады ў адміністрацыі і паліцыі.

Паліцыянты і чыноўнікі патрэбны былі акупантам перш за ўсё на тэрыторыі ўсходняй Беларусі. У гэтай частцы краіны наогул чакалася роспуску калгасаў, але такія змены не адбываліся. На думку немцаў, толькі вялікія сельскія гаспадаркі маглі лепш забяспечыць харчовыя патрэбы Рэйха. Насельніцтва абыякава ставілася да лозунгаў аб іх вызваленні з—пад савецкага ярма. Публічныя экзекуцыі, часта выпадковых людзей, якія выконваліся Вермахтам і атрадамі паліцыі наводзілі на людзей большы жах чым сталінскія злачынствы трыццатых гадоў. Многія жыхары ўсходняй Беларусі пазбягалі супрацоўніцтва з акупантам, баючыся хуткага вяртання савецкага парадку. Істотным фактарам, які стрымліваў ад удзельніцтва ў нямецкай сістэме ўлады, было таксама хуткае ўзнікненне савецкіх партызанскіх структур. Партызаны, выконваючы дырэктывы цэнтральных савецкіх улад, усіх тых, што працавалі ў акупацыйнай адміністрацыі, лічылі здраднікамі. У адпаведнасці з указаннямі СНК СССР і ЦК ВКП(б) былі яны абавязаны знішчаць усіх паплечнікаў акупанта.

Ва ўсходняй Беларусі нямецкія вайсковыя праўленні на працу ў цывільнай адміністрацыі прымалі ранейшых савецкіх чыноўнікаў, а ў дапаможную паліцыю — дабравольцаў з ліку ваеннапалонных і былых міліцыянераў. У прынцыпе і былыя чырвонаармейцы, і эксміліцыянеры сумленна выконвалі свае абавязкі для сваіх новых работадаўцаў.

Клопаты з прыцягненнем на паліцэйскую службу мясцовага беларускага элемента прымусілі немцаў перавесці восенню 1941 г. на тэрыторыю ўсходняй Беларусі некалькі літоўскіх, латышскіх і ўкраінскіх батальёнаў. Гэтыя фарміраванні, асабліва літоўскія часці, выкарыстоўваліся падчас масавых экзекуцый на яўрэйскім насельніцтве і падазроных у садзеянні савецкаму падполлю беларусах.

Нямецка—савецкая вайна абнадзейвала беларускіх палітыкаў. Многія з іх у 1939—1941 гадах прабывалі на тэрыторыі Нямеччыны, Генеральнай губерні або Літвы. Назіранні і аналіз польскай і савецкай палітыкі ў адносінах да беларусаў у міжваенны перыяд, праведзеныя беларускімі палітыкамі, вырашылі аб неабходнасці шукаць прыхільнікаў беларускай справы сярод гітлераўскіх саноўнікаў. У галовах многіх беларускіх дзеячаў узнікла ілюзія, што немцы могуць дапамагчы аднавіць беларускую нацыянальную дзяржаву. Слабасцю беларускай нацыянальнай эліты была яе палітычная раздробленасць, унутраная пасваранасць і нерэальныя амбіцыі лідэраў паасобных груп. У адносінах да немцаў намагаліся яны выступаць у ролі патэнцыяльных партнёраў, прапанавалі гітлераўскім палітыкам палітычныя вырашэнні, якія — на іх думку — забяспечвалі б інтарэсы як Рэйха, так і беларускага народа. Немцы ахвотна прымалі прапанаваныя паслугі, аднак не спяшаліся ажыццявіць якія—небудзь праекты вырашэння беларускай праблемы, прад’яўленыя лідэрамі паасобных груп.

Пад канец 1939 г. немцы заснавалі ў Берліне рэдакцыю беларускага штотыднёвіка “Раніца”, якога публікацыі ўнушалі прыхільнасць гітлераўцаў да беларускага народа. Выданне ўказвала таксама беларускім дзеячам магчымых нямецкіх партнёраў для перамоў. У жніўні 1939 г. па нямецкай ініцыятыве дайшло да перамоў прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў ІІІ Рэйха з прабываючым у Празе старшынёю Рады БНР Васілём Захаркам і эміграцыйным беларускім дзеячам Іванам Ермачэнкам. Стары і знясілены хваробаю Захарка сваім аўтарытэтам толькі адкрыў дарогу амбітнаму Ермачэнку, які неўзабаве ў знешнепалітычным ведамстве Рэйха прадставіў праект развалу СССР пасля паражэння ў вайне з Нямеччынай. Паколькі дзеялася гэта ў пік нямецка—савецкага прыбліжэння, Ермачэнка, відаць, карыстаўся вялікім даверам Берліна, калі ведаў аб маючай неўзабаве адбыцца радыкальнай змене ўсходняй палітыкі Гітлера. Праект Ермачэнкі прадугледжваў стварэнне саюзнай з Нямеччынай беларускай дзяржавы.

Летам 1940 г. беларусы, якія прабывалі ў Берліне, атрымалі дазвол стварыць Беларускі камітэт самапомачы. Неўзабаве філіі БКС узніклі ў Познані, Лодзі, Торуні, Лейпцыгу, Мюнхене, Празе. Раней немцы дазволілі стварыць такія камітэты ў Варшаве, Кракаве і БелайПадляшскай. Асноўнымі мэтамі камітэтаў мелі быць арганізацыя грамадскай апекі над беларускім насельніцтвам у нямецкай зоне ўплываў і культурнаасветная дзейнасць. Па меры набліжэння нямецка—савецкай вайны камітэты ставаліся цэнтрамі палітычнай дзейнасці. Некаторыя дзеячы сталі займацца арганізацыяй разведвальнай, прапагандысцкай і дыверсійнай работы ў карысць Нямеччыны. Дзеля выканання гэтай мэты прыцягваліся ваеннапалонныя беларусы, былыя салдаты Войска Польскага. Іх абучэннем у лагеры пад Берлінам кіраваў правадыр беларускіх нацыяналсацыялістаў Фабіян Акінчыц. У такі спосаб рыхтаваў ён сабе групу людзей, якіх планаваў скарыстаць у якасці функцыянераў будучай беларускай дзяржавы.

19 чэрвеня 1941 г. у Берліне заснаваўся Беларускі нацыянальны цэнтр (БНЦ), які ўзначаліў шэф Беларускага камітэта ў Варшаве Мікола Шчорс. У кіраўніцтве гэтай арганізацыі апынуліся ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, Чэслаў Ханяўка, Анатоль Шкуцька, Вітаўт Тумаш, Мікола Ждановіч, Барыс Стрэльчык, Пятро Ластаўка. Улічыўшы час узнікнення БНЦ можна меркаваць, што быў гэта той орган, які меў намер аб’явіць сябе беларускім урадам. Дзеячы БНЦ пераважалі ў камітэтах, складалі рэдакцыйны калектыў “Раніцы”, намагаліся стварыць шырэйшае беларускае прадстаўніцтва ў выглядзе Беларускага нацыянальнага фронту, надзеленага заканадаўчымі паўнамоцтвамі.

Паза БНЦ апынуўся Фабіян Акінчыц, які лічыў, што пры дапамозе немцаў самастойна даб’ецца больш высокай пасады, і Радаслаў Астроўскі, якому эміграцыйныя дзеячы не маглі прабачыць супрацоўніцтва спачатку з камуністамі, а потым з польскімі ўладамі. Астроўскі да выбуху нямецка—савецкай вайны быў старшынёю Беларускага камітэта ў Лодзі.

Ад супрацоўніцтва з немцамі адмовіўся старшыня Рады БНР Васіль Захарка. Ён, стваральнік незалежнай беларускай дзяржаўнасці, не мог змірыцца з стаўленнем ІІІ Рэйха да Беларусі як да аб’екта і не адабраў палітычнага мінімалізму дзеячаў, якія хадайнічалі перад немцамі аб падтрымцы.

Зараз пасля выбуху вайны з’явілася яшчэ адна група беларускіх дзеячаў, згуртаваных вакол Вацлава Іваноўскага і Янкі Станкевіча. Прабавалі яны скарыстаць змену палітычнай сітуацыі для разбуджэння беларускіх нацыянальных пачуццяў, намерваліся ўвесці як найбольш людзей у нямецкую адміністрацыю і са згоды акупаната стварыць беларускія мілітарныя фарміраванні. Іх непасрэднай мэтай была падрыхтоўка беларускага грамадства як маральна, так і арганізацыйна да змагання за сваю дзяржаўнасць. Аднак меркавалі яны, што канчатковыя вырашэнні ў гэтай вайне будуць некарыснымі для Нямеччыны і таму прабавалі дамовіцца з палякамі і вызначыць нацыянальныя мэты кожнага з бакоў, каб прадухіліць пазнейшы канфлікт. Прапанавалі яны стварыць пасля вайны польскабеларускую федэрацыю, а заходнюю мяжу Беларусі павесці па лініі Керзана. Аднак гэтая прапанова не падыходзіла польскаму боку, паколькі падтрымку беларускім незалежніцкім імкненням магла б яна аказаць толькі тады, калі б абмежаваліся яны да тэрыторый на ўсход ад рыжскай мяжы.

Імкненні беларускіх нацыянальных колаў ішлі ўразрэз з польскімі інтарэсамі, якія прадстаўлялі палітычныя структуры падначаленыя эміграцыйнаму ўраду ў Лондане. Супярэчлівасць асноўных беларускіх, савецкіх і польскіх інтарэсаў у Беларусі непазбежна вяла да вайны ўсіх з усімі. Канцэпцыя стварэння беларускай дзяржавы ў этнічных межах не супадала ні з мэтамі польскага падполля, якое намагалася вярнуць даваенны стан з 1939 года, ні з інтарэсамі савецкага падполля, якое ў сваю чаргу імкнулася аднавіць даваеннае становішча з 1941 года. У такіх умовах няўхільным было знішчанне ўсялякіх праяваў беларускага нацыянальнага жыцця як праз польскае, так і праз савецкае падполле. Немінучым быў таксама польска—савецкі канфлікт за заходнюю Беларусь.

Напружанні і канфлікты ўмела выкарыстоўваліся немцамі. У першых месяцах акупацыі ўсе выпадкі даносаў і абвінавачанняў у камунізме гітлераўскімі службамі бяспекі разглядаліся ў экстранным парадку. У адпаведнасці з указаннямі галоўнага камандавання ўзброеных сіл Рэйха ўсе абвінавачаныя ў прыхільнасці да бальшавізму асобы расстрэльваліся без судоў і праверкі сапраўднасці абвінавачанняў. Загінула тады многа беларусаў, якія паступілі на працу ў новастворанай адміністрацыі. Беларускі бок лічыў гэта арганізаванай акцыяй мясцовых польскіх чыноўнікаў і паліцыянтаў, якія дзейнічаюць у паразуменні з падпольлем і па ўказаннях лонданскага ўрада. Беларускія дзеячы і многія асобы, якія пазбягалі супрацоўніцтва з немцамі ў першых тыднях акупацыі, пачалі мсціцца, прымяняючы метады скарыстаныя палякамі. Знішчанне беларускіх і польскіх эліт рукамі нямецкай паліцыі цягнулася з розным напружаннем усю акупацыю, а інтэнсіўнасць канфлікту распальвалася найчасцей па меры патрэб акупацыйных улад.

Такой сітуацыі не наглядалася на тэрыторыі ўсходняй Беларусі, дзе не было польскай адміністрацыі і паліцыі, а беларуская нацыянальная эліта была знішчана яшчэ да вайны. Не абазначае гэта, што адсутнасць нацыянальных напружанняў паўплывала на абмежаванне ліку ахвяр сярод мясцовага мірнага насельніцтва. На ўсходзе нямецкія аператыўныя атрады Эйнзатцгрупы амаль з ходу пачалі знішчаць яўрэйскую інтэлігенцыю. Прафесія настаўніка, чыноўніка, юрыста была для яўрэяў дастатковай прычынай для расстрэлу. У Мінску і ў іншых гарадах усходняй Беларусі ваеннаслужачыя нямецкіх фашысцкіх атрадаў СС пры дапамозе Вермахта стваралі лагеры для цывільных грамадзян, у якіх трымалі мужчын у прызыўным узросце пад выглядам пошуку афіцэраў і камісараў Чырвонай Арміі. Кожны дзень немцы забівалі некалькі соцень чалавек, выбіраючы свае ахвяры паводле іх вонкавага выгляду.

Не здзейсніліся спадзяванні дзеячаў Беларускага нацыянальнага цэнтра, што немцы паставяцца да іх як да палітычных партнёраў. Праўда, некаторыя з дзеячаў БНЦ, апынуўшыся ў Беларусі, атрымалі кіраўнічыя пасады ў адміністрацыі або ў дапаможнай паліцыі, аднак такія вырашэнні іх не задавальнялі. Вітаўт Тумаш стаў бургамістрам Мінска, а ягоным намеснікам — Адам ДземідэцкіДземідовіч. Кіраўніком адміністрацыі Мінскага раёна акупанты назначылі Мячыслава Кноўта, а камендантам дапаможнай паліцыі — Дзімітрыя Касмовіча. Дзеючага паза структарамі БНЦ Радаслава Астроўскага немцы назначылі шэфам адміністрацыі ўсёй Мінскай акругі. Некаторыя дзеячы БНЦ былі высланы ў Віцебск і Магілёў. Шэф БНЦ Мікола Шчорс апынуўся ў Беластоку, дзе арганізаваў Беларускі камітэт і пачаў выдаваць газету “Новая дарога”.

Камітэты хутка пачалі паўставаць у іншых гарадах Беларусі. Сталі яны пасрэднікамі паміж беларускім насельніцтвам і акупацыйнымі ўладамі і заадно цэнтрамі беларускага нацыянальнага жыцця. Неаднойчы хадайніцтвы дзеячаў камітэтаў засцерагалі людзей ад рэпрэсій, а ў іх радах шукалі прыстанішча таксама былыя чыноўнікі савецкага апарату ўлады.

Дазвол на дзейнасць камітэтаў, службу ў нямецкай адміністрацыі і дапаможнай паліцыі, а затым таксама згода на арганізаванне асветнага і культурнага жыцця ды выдаванне газет аказаліся ўсім што маглі запрапанаваць немцы стараючымся атрымаць іхнюю падтрымку беларускім палітыкам. Планы дзеячаў БНЦ і лідэраў іншых палітычных груповак наконт стварэння ўласнай дзяржавы ў этнічных межах былі перакрэслены ў выніку новага адміністрацыйнага падзелу краіны. У адпаведнасці з распараджэннем Гітлера ад 22 ліпеня 1941 г. з колішняй Беластоцкай вобласці, з паўночнай часткі Брэсцкай і заходняй Баранавіцкай была створана Беластоцкая акруга, якая ўвайшла ў склад Усходняй Прусіі. Неўзабаве да Генеральнай акругі Літвы былі далучаны паўночныя раёны Вілейскай вобласці, а да Рэйхскамісарыята Украіны — паўднёвыя раёны Гомельскай, Палескай, Пінскай і Брэсцкай абласцей з гарадамі Брэстам, Пінскам, Мазыром, Рэчыцай. З астатніх зямель БССР немцы стварылі Генеральную акругу Беларусь, якая была ўключана ў састаў Рэйхскамісарыята Остланд з сядзібай у Рызе. Генеральная акруга Беларусь была часова падзелена на дзве зоны: заходнюю, у якой было ўстаноўлена цывільнае праўленне і ўсходнюю, дзе ў далейшым абавязвала вайсковае праўленне. Па меры поспехаў на фронце немцы планавалі пашырыць цывільнае праўленне на ўсход, але пасля паражэння нямецкіх войскаў пад Масквой устаноўлены восенню 1941 г. парадак пратрываў да канца акупацыі.

Заходняя частка Генеральнай акругі Беларусь займала плошчу 45 тыс. кв. км і дзялілася на 11 камісарыятаў: адзін гарадскі ў Мінску і дзесяць акруговых — у Баранавічах, Барысаве, Вілейцы, Ганцавічах, Глыбокім, Лідзе, Мінску, Навагрудку, Слоніме і Слуцку. Генеральным камісарам акругі Беларусь Гітлер назначыў Вільгельма Кубэ. Фармальна быў ён таксама начальнікам камандзіраў паліцыі і службы бяспекі на тэрыторыі акругі, але адначасна сам падлягаў шэфу паліцыі СС Генрыху Гімлеру.

Цяжка сказаць, якія былі канчатковыя мэты нямецкай палітыкі на тэрыторыі акупаванай Беларусі. Адзіным на гэтую тэму вядомым дакументам з’яўляецца “Генеральны план «Ост»”, распрацаваны начальнікам аддзела каланізацыі Галоўнага палітычнага праўлення Міністэрства па справах акупаваных усходніх тэрыторый Эргардам Ветцэлем ад 27 красавіка 1942 г. Праект Ветцэля ў кіруючых колах ІІІ Рэйха разглядаўся як аснова нацыянальнай палітыкі на ўсходзе Еўропы пасля пераможнага заканчэння вайны з Савецкім Саюзам. Адносна беларусаў прадугледжваў ён перасяленне 75% насельніцтва ў заходнюю Сібір або на паўночны Каўказ. Астатнія 25% беларусаў, асабліва маючых выразныя нардычныя рысы, Ветцэль прапанаваў перасяліць у Рэйх у якасці рабочай сілы для прамысловасці, сельскай гаспадаркі і рамесніцтва. Да іх акупанты ставіліся б як да грамадзян Нямеччыны. Адсутнасць выразнай нацыянальнай свядомасці — паводле аўтара праекта — павінна пасадзейнічаць іх паскоранай асіміляцыі. На тэрыторыі Беларусі планавалася пасяліць у будучым некалькі мільёнаў немцаў і асіміляваных у нямецкай культуры асоб. Гэтыя змены павінны былі адбыцца на працягу трыццаці гадоў пасля заканчэння вайны.

У нямецкай палітыцы перыяду акупацыі не наглядалася прыкмет трактавання беларусаў як грамадскасці, якая ў будучым мела набыць нейкую форму дзяржаўнага існавання. Беларускіх нацыянальных дзеячаў, якія хадайнічалі перад немцамі аб палітычных канцэсіях, акупанты трактавалі інструментальна, павышаючы па службе паасобных асоб па меры сваіх патрэб.

Канцэпцый гарантыі бяспекі і стабільнасці нямецкага панавання на тэрыторыі акупаванай Беларусі было некалькі. Генеральны камісар Вільгельм Кубэ быў прыхільнікам развіцця беларускага нацыяналізму ў процівагу савецкім уплывам. Кубэ зыходзіў з прадпасылкі, што існуе натуральная супярэчлівасць паміж савецкімі інтарэсамі і беларускім рухам, якога канчатковай мэтай было стварэнне ўласнай дзяржаўнасці. Згодна гэтай жа логіцы беларускі нацыяналізм не мог быць адобраны польскім падпольлем. У такой сітуацыі немцы, падтрымоўваючы беларускія нацыянальныя імкненні і спадзяванні на ўзнікненне беларускай дзяржаўнасці, маглі б памяняць настроі і выклікаць інтарэс грамадства да ліквідацыі савецкага партызанскага руху. Па гэтай прычыне некаторыя рашэнні генеральнага камісара ішлі ўразрэз з жудасцямі штодзённага жыцця, якія ўчыняліся нямецкай паліцыяй і службамі бяспекі.

У верасні 1941 г. на падлеглай цывільнаму праўленню тэрыторыі ўведзены быў абавязак навукі для дзяцей ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў. Выключэнне складалі яўрэйскія дзеці, якія разам з бацькамі былі зачынены ў гетах на тэрыторыі ўсёй Беларусі. Гэтыя школы, апрача навучання беларускай мове, мелі вучыць дзяцей матэматыцы, біялогіі, практычным заняткам, а перш за ўсё мелі фарміраваць у школьнікаў вобраз Еўропы, у якой маторам усялякага прагрэсу і цывілізацыйнага развіцця былі немцы. У чэрвені 1942 г. на тэрыторыі цывільнага праўлення было каля 3,5 тыс. школ з 346 тыс. вучняў. У частцы школ навучанне вялося на польскай або рускай мовах. На тэрыторыі прыбалтыйскіх краін і Украіны ўлады дазволілі на адкрыццё толькі чатырохкласных школ, у якіх навука чытання і пісання была спалучана з прывучэннем да прафесіі.

Стаўка на развіццё беларускага нацыяналізму не знаходзіла, аднак, зразумення ў Берліне. Улады Рэйха больш верылі ў паспяховасць метадаў, прымяняемых падраздзяленнямі СС і Вермахта, чым у палітычныя вырашэнні. Узнікненне беларускіх школ і развіццё культурных устаноў адбывалася паралельна з генацыдам і грабяжом маёмасці, якія ўчынялі нямецкія салдаты і паліцыянты. Акупанты з размахам праводзілі акцыю вывазу твораў мастацтва, антычнай мэблі, каштоўных музейных экспанатаў у Нямеччыну. Грабяжы часта арганізаваліся як прыватныя мерапрыемствы камандзіраў паасобных часцей СС і Вермахта. Многія творы мастацтва былі бяздумна знішчаны салдатамі падчас раскрадання музеяў і палацаў.

Планам беларусізацыі краіны ў значнай ступені перашкаджала адсутнасць адпаведных кадраў. Хаця беларускі фактар карыстаўся падтрымкай улад цывільнага праўлення, аднак нельга было польскіх чыноўнікаў замяніць беларускімі, паколькі ў гэтым асяроддзі цяжка было знайсці людзей з адпаведнымі кваліфікацыямі, якія б праявілі ахвоту працаваць і не былі б абцяжараны камуністычным мінулым. Гэты апошні фактар быў даволі істотным аргументам, які многіх стрымліваў ад публічнай дзейнасці, каб не падвяргнуцца даносам з боку патэнцыяльных канкурэнтаў. І хаця ў канцы 1941 г. пачаліся праверкі сапраўднасці даносаў, а ў выпадку беспадстаўнага прыпісання віны — пакаранні даносчыкаў, узаемныя абвінавачванні не спыняліся. Палякі даносілі на беларусаў, беларусы на палякаў, католікі на праваслаўных, праваслаўныя на католікаў. Нямецкая акупацыя вызваліла ўсе прадузятасці: беларускія — даваеннага часу і польскія — перыяду савецкай улады. На гэты багаж узаемных крыўд напластоўваліся бягучыя мэты палітычных дзеячаў па абодвух баках канфлікту. Для палякаў небяспекай станавілася кожная беларуская школа, кожная газета, якая выходзіла на захад ад рыжскай мяжы. Таксама з пункту гледжання савецкага падполля ўсе беларускія арганізацыі — школы, аб’язныя тэатры, установы, якія існавалі на прасторы ад Беластока да Смаленска лічыліся праявай здрады Савецкаму Саюзу.

Як ва ўсёй акупаванай немцамі Еўропе, так і ў Беларусі ў найгоршым становішчы апынуліся яўрэі. І хаця З—за плана выкарыстання яўрэйскіх рамеснікаў у нямецкай гаспадарцы ў Беларусі генацыд на гэтай тэрыторыі ў значнай ступені замарудзіўся, аднак лёс большасці гэтага народа быў прадрашоны. Пасля знішчэння інтэлігенцыі астатнія яўрэі мелі быць пасланы на работу ў розныя прадпрыемствы ў якасці дармовай рабочай сілы. Менавіта таму ў Рэйхскамісарыяце Остланд Беларусь была адзінай генеральнай акругай, дзе на пачатку 1942 г. пражывала 75% яўрэяў з ліку тых, якія не паспелі эвакуіравацца ў чэрвені 1941 г. У Эстоніі, Літве і Латвіі ў той час знішчэнне яўрэяў набліжалася да канца. Іншай прычынай замаруджання генацыду яўрэйскага насельніцтва была адсутнасць выразных антысеміцкіх настрояў на гэтай тэрыторыі. Яўрэі, якія ўцяклі з гетаў у лес, стваралі свае партызанскія атрады, карыстаючыся дапамогай мясцовага беларускага насельніцтва. Больш складаным было становішча яўрэяў на тэрыторыі, якая падлягала вайсковаму праўленню. Там гітлераўцы атаясамлівалі іх з бальшавізмам. Ва ўсходняй Беларусі пытанні яўрэйскага насельніцтва знаходзіліся ў выключнай кампетэнцыі камандзіра СС і паліцыі Эрыха фон дэм Баха. У 1942 г. пры ўдзеле літоўскай і латышскай паліцыі была там ліквідавана большасць гетаў. Выратаваліся толькі тыя яўрэі, якія апынуліся на кантраляваных савецкімі партызанамі абшарах.

У Беластоцкай акрузе, якая была далучана да Усходняй Прусіі, нямецкія ўлады З—за яе нацыянальнай разрозненасці кіраваліся падобнай логікай як на тэрыторыі заходняй Беларусі. Пасля некалькіх тыдняў антыбеларускага тэрору, выкліканага людзьмі, якія працавалі ў мясцовай адміністрацыі і дапаможнай паліцыі, немцы пачалі падтрымліваць беларусаў. У жніўні 1941 г. акупанты дазволілі стварыць Беларускі нацыянальны камітэт, кіраўніцтва якога пераняў дэлегаваны Шчорсам Чэслаў Ханяўка. Пачаткова дзейнасць камітэта абмяжоўвалася да ладжання сходаў, лекцый, канцэртаў. Восенню 1941 г. пачаліся курсы для ахвотных працаваць у адміністрацыі, каб такім чынам аслабіць перавагу палякаў. Дзеячы камітэта дабіліся таксама дазволу на эксгумацыю беларусаў, якія былі забіты ў выніку даносаў у чэрвені 1941 г., і перапахаванне трупаў з месцаў экзекуцыі на праваслаўныя могільнікі. З 1942 г. камітэт арганізаваў курсы нямецкай мовы, распараджаўся кравецкім кааператывам, хорам, аркестрам, тэатрам, выдаваў газету “Новая дарога”, вёў дабрачынную дзейнасць у карысць выселеных жыхароў з ваколіц Белавежскай пушчы. Летам 1943 г. на грамадскай базе камітэта ў Беластоку было створана Беларускае нацыянальнадэмакратычнае аб’яднанне (БНДА), аддзелы якога паўсталі ў шасці мястэчках акругі. Была гэта арганізацыя з палітычнымі імкненнямі і ўсеагульнага значэння. У адрозненне ад камітэтаў, якія мелі лакальны характар і галоўным чынам займаліся сацыяльнымі і культурнымі справамі, БНДА апекавалася арганізацыяй ваенізаваных груп Беларускай самаахвовы. Ствараліся яны галоўным чынам для аказання супраціўлення савецкім партызанам, якіх акцыі былі прычынай жудасных нямецкіх рэпрэсій на мірным насельніцтве. Акупанты прабавалі выкарыстаць БНДА для ўраўнаважання польскіх уплываў у адміністрацыі і дапаможнай паліцыі. Хаця адносіны паміж палякамі і беларусамі ставаліся штораз горшыя, аднак настроі беларускіх мас не схіляліся ў бок пранямецкіх груповак. Злачынствы і тэрор акупанта нейтралізавалі адмоўнае ўражанне, якое пакінула па сабе савецкая сістэма. Папулярнасці нацыянальных арганізацый не спрыяла таксама змена сітуацыі на фронце ў другой палове 1943 г. На населенай беларусамі тэрыторыі пачыналася ажыўленне камуністычнага падполля.

Уздзеянне як камуністычнага, так і нацыянальнага руху датычыла адносна невялікай часткі беларускага насельніцтва. Большасць беларусаў звычайна хацела толькі выжыць, ухіляючыся ад усяго, што магло б перашкодзіць дасягнуць гэту мэту.

Паражэнне Нямеччыны пад Масквой у 1941 г. і перспектыва працяглай вайны прымусілі немцаў шукаць розныя варыянты палітыкі дзеля забеспячэння шляхоў зносін і гаспадарчай эксплуатацыі заваяваных тэрыторый. Прымаліся адпаведныя меры, каб пашырыць сістэму калабарацыянізму, адцягнуць людзей ад буйнеючага партызанскага руху. З крымінальнікаў і савецкіх ваеннапалонных розных нацыянальнасцей ствараліся вайсковыя атрады, якіх камандзірамі назначаліся нямецкія афіцэры. У Беларусі дыслацыраваліся падраздзяленні г.зв. Рускай вызваленчай нацыянальнай арміі, якой камандаваў брыгадэнфюрэр СС Браніслаў Камінскі. РВНА складалі надзвычай дэмаралізаваныя салдаты, якіх адзінай мэтай былі грабеж і забойствы. Падраздзяленні Камінскага выкарыстоўваліся немцамі для пацыфікацыі беларускі вёсак. У жніўні 1944 г. былі яны высланы ў Варшаву, у якой успыхнула антынямецкае паўстанне.

У палове 1942 г. немцы прынялі тактыку павышэння па службе правадыроў беларускіх нацыянальных груповак, ствараючы такім чынам ілюзію суб’ектных адносін да іх дзяржаўных імкненняў. У верасні 1942 г. Вільгельм Кубэ аб’явіў адозву да беларусаў, у якой гарантаваў свабоднае развіццё краіны. Аднак гэта не мела ніякага ўплыву на пазіцыю грамадства. Зацікаўленне да адозвы праявілі толькі дзеячы, якія гуртаваліся ў адзінай легальнай арганізацыі — Беларускай народнай самапомачы (БНС). Узнікла яна ў канцы 1941 г. і мела свае структуры ва ўсіх акругах і раёнах. Кіраванне БНС немцы даручылі Івану Ермачэнку, які ў Беларусі быў малавядомым чалавекам. Яго галоўным козырам быў поўны давер нямецкага боку. У кіраўніцтве БНС апынуліся аднак такія вядомыя дзеячы, як Барыс Рагуля, Юрый Сабалеўскі, Станіслаў Станкевіч, Іван Касяк, Антон Адамовіч, Юльян Саковіч. У ліпені 1942 г. была створана Галоўная рада з дванаццаці чалавек, якая мела быць быццам бы ценевым кабінетам, гатовым пераняць кіраванне краінай з нямецкіх рук. Рада стварыла аддзелы, якія адпавядалі структурам выканаўчай улады. Былі гэта, між іншым, ведамствы вайсковых спраў, унутранай палітыкі, прапаганды, асветы, культуры і аховы здароўя. Рады БНС разам з адпаведнымі аддзеламі паўсталі таксама на ўзроўні акруг.

Немцы дазволілі таксама карыстацца ў публічных месцах беларускімі нацыянальнымі сімваламі — бел-чырвона-белым сцягам і гербам Пагоня. Гэтыя сімвалы маглі таксама быць змешчаны на мундзірах беларускай дапаможнай паліцыі. Акупанты дазволілі таксама заснаваць Беларускае навуковае таварыства і беларускую Лігу жанчын. У жніўні 1942 г. пачалася арганізацыя беларускіх сярэдніх школ, планавалася адкрыццё універсітэта ў Мінску. У жніўні аб’яўлена было аб узнікненні незалежнай ад Маскоўскай патрыярхіі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. На ўсходзе краіны пачалася дзяльба калгаснай зямлі паміж сялян.

На працягу некалькіх месяцаў ажыццяўлялася канцэпцыя акупацыйнай палітыкі генеральнага камісара Вільгельма Кубэ, якая прадугледжвала падтрымку беларускаму нацыяналізму ў якасці метаду ўстаранення ўплываў рускага камунізму — ідэалагічнай асновы савецкага супраціўлення. Немцы перш за ўсё былі зацікаўлены стварэннем беларускіх антыпартызанскіх ваенных фарміраванняў, якія ў пачуцці службы свайму народу ў сапраўднасці вялі б вайну ў абароне нямецкіх інтарэсаў.

У палове 1942 г. пачалося арганізаванне атрадаў Беларускай самааховы. Меркавалася стварыць корпус у складзе трох дывізій. Фармальна гэтае войска складала ўзброеныя сілы падначаленыя шэфу Беларускай народнай самапомачы Івану Ермачэнку, аднак у аперацыйных справах падлягала камандзіру СС і паліцыі Генральнай акругі Беларусь. У жніўні пачала працу беларуская афіцэрская школа ў Мінску, а ў некалькіх іншых мясцовасцях адкрыліся падафіцэрскія курсы. Камендантам афіцэрскай школы стаў былы афіцэр Войска Польскага Францішак Кушаль. За кароткі час перападрыхтоўку прайшлі некалькі тысяч мужчын, якія мелі складаць кадры беларускага корпуса.

Восенню 1942 г. немцы, сумняваючыся ў лаяльнасці беларускага войска, ператварылі яго падраздзяленні ў паліцэйскія фарміраванні. Ермачэнка быў пазбаўлены тытула генеральнага каменданта і прымушаны пакінуць Беларусь. Быў ліквідаваны штаб, а камандзірам забаронена было карыстацца афіцэрскімі званнямі. У рамках БНС захаваўся аднак вайсковы сектар і далей вялася вярбоўка ў падраздзяленні Беларускай самааховы, якія пасля дыслакацыі былі аддадзены пад кантроль мясцовых камендантаў СС і паліцыі. Выкарыстоўваліся яны да акцый супраць савецкай партызанкі, да аховы чыгункі і выконвання іншых паліцэйскіх абавязкаў. Іх значэнне было зведзена да ролі дапаможнай паліцыі.

На пачатку 1943 г. сярод галоўнага камандавання СС і паліцыі перамагла канцэпцыя, што самым паспяховым метадам утрымання ладу і парадку ў Беларусі павінна быць жорсткая пацыфікацыя ўсялякіх праяваў непаслухмянасці і падтрымкі руху супраціўлення. Палітычныя канцэсіі ў карысць беларускага нацыянальнага руху ў такой сітуацыі аказаліся непатрэбнымі, а нават шкоднымі. У сакавіку дзейнасць Беларускай народнай самапомачы была абмежавана да арганізацыі дабрачынных акцый і аказвання дапамогі мірнаму насельніцтву пацярпеламу ад ваенных дзеянняў. Месяц пазней ліквідавана была Беларуская самаахова, а яе салдаты фармальна былі пераведзены ў дапаможную паліцыю.

Пацыфікацыйныя акцыі ў Беларусі, якія вяліся на аснове загаду Гімлера, мелі на мэце ачышчэнне выдзеленай тэрыторыі ад партызан, яўрэяў і насельніцтва, якое падазравалася ў аказванні дапамогі руху супраціўлення. Аперацыі рыхтаваліся некалькі тыдняў. Акцыя, якая праводзілася на дадзеным абшары, атрымоўвала свой крыптанім, а паасобным падраздзяленням назначаліся заданні. У штабах СС і паліцыі ды Вермахта спакойна планавалася зніштажэнне паасобных вёсак і іх жыхароў. У рамках калектыўнай адказнасці выносіліся смяротныя прыгаворы для соцень тысяч чалавек. Падчас пацыфікацыі ў Слонімскай акрузе ў снежні 1942 г. жыццё страціла больш за 6 тыс. вяскоўцаў, а ў Слуцкай акрузе ў сакавіку 1943 г. расстраляных было 13 тыс. чалавек, у ваколіцы Барысава ў чэрвені 1943 г. загінула 13 тыс. мірных грамадзян з навакольных вёсак. Да канца акупацыі праведзеных было звыш 60 вялікіх пацыфікацыйных акцый, у ходзе якіх спаленых было 627 вёсак, а іх жыхары былі знішчаны. У гэтых акцыях прымала ўдзел некалькі тысяч украінскіх, літоўскіх, латышскіх паліцыянтаў, батальён польскай паліцыі і Руская вызваленчая нацыянальная армія Браніслава Камінскага. Апрача вялікамаштабных акцый, якія ахоплівалі ўвесь раён і для выканання якіх прыцягваліся значныя сілы, праведзеных было звыш 80 карных экспедыцый з выкарыстаннем мясцовых сіл. Іх маштаб і характар залежалі ад волі раённага камандзіра СС і паліцыі. Часам абмяжоўваліся яны да знішчэння насельніцтва толькі адной вёскі або нават да расстрэлу выпадкова выбраных яе жыхароў. У прынцыпе ўсім пацыфікацыйным акцыям спадарожнічалі рэквізіцыі маёмасці загінуўшых людзей.

Аперацыі, накіраваныя галоўным чынам супраць партызан, наносілі ўдар перш за ўсё па мірным насельніцтве. Ахвярамі найчасцей ставалі выпадковыя людзі, каб такім чынам запалохаць насельніцтва і адхіліць яго ад супрацоўніцтва з партызанамі. Партызаны ў сваю чаргу ў ходзе канцэнтрацыі нямецкіх сіл найчасцей пакідалі раёны “ачысткі” на час трывання аперацыі і менавіта таму паліцэйскавайсковыя акцыі не наносілі вялікіх страт савецкаму падполлю. Пасля адступлення пацыфікацыйных атрадаў партызаны нанава пераймалі кантроль над гэтымі абшарамі.

Партызанскі рух

Савецкі партызанскі рух у Беларусі ў прынцыпе быў адным з франтоў змагання Чырвонай Арміі, да ўдзелу ў якім прыцягнута было, часта насуперак сваёй волі, мірнае насельніцтва. Дырэктыва СНК СССР і ЦК ВКП(б)Б ад 29 чэрвеня 1941 г. ускладвала на камуністаў абавязак арганізаваць дыверсійныя дзеянні і рух супраціўлення на занятых немцамі абшарах СССР. У акупаванай зоне былі пакінуты 508 дыверсійных груп і 4 560 камуністаў і камсамольцаў для неадкладнага ажыццяўлення задач вызначаных урадам і кіраўніцтвам партыі. Усе савецкія грамадзяне былі абавязаны выконваць указанні ўлад у галіне барацьбы з акупантам, а спробы ўхіляцца ад падтрымкі партызанскаму руху расцэньваліся як здрада савецкай радзіме.

Натуральнай грамадскай базай для ўзнікнення савецкага падполля былі шматлікія групы салдат і афіцэраў, якія не паспелі адступіць на ўсход летам 1941 г. і якім удалося выратавацца ад нямецкага палону. Свой лёс усведамлялі таксама дзеячы партыі і камсамола ды прадстаўнікі яўрэйскай інтэлігенцыі, якія апынуліся пад нямецкай акупацыяй. Для іх удзел у руху супраціўлення быў адным з шанцаў выжывання.

Да часу паражэння гітлераўскай арміі пад Масквой партызанскія дзеянні на тэрыторыі акупаванай Беларусі былі нязначныя. Многія пакінутыя савецкім камандаваннем групы былі ліквідаваны ў ходзе пацыфікацыйных акцый, якія праводзіліся аператыўнымі атрадамі Эйнзатцгрупы летам і восенню 1941 г. Перапалоханае тэрорам эсэсаўцаў і салдат мірнае насельніцтва неахвотна ўключалася ў падтрымку дзеянняў камуністаў. Ажыўленне і рост значэння партызанскага руху наступілі вясною 1942 г. Савецкае камандаванне спадзявалася чарговага наступлення ў напрамку Масквы і таму прыняло шэраг мер па дэзарганізацыі тылоў Вермахта. Ужо ў студзені 1942 г. у Беларусь, паза лінію фронту, былі перакінуты 33 групы, якія налічвалі 215 абучаных у дыверсійных акцыях салдат. У лютым падрыхтаваных да высылкі было 12 груп, у склад якіх уваходзіла 558 салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, а ў перыяд ад сакавіка да чэрвеня — чарговых 16 груп па 49 салдат кожная. Былі гэта кадры для будучых вялікіх партызанскіх злучэнняў. Радавыя салдаты прызываліся з ліку мясцовага насельніцтва. У тылах Маскоўскай, Прыволжскай і Уральскай ваенных акруг сістэматычна абучаліся сотні салдат з прызначэннем арганізаваць партызанскую дзейнасць на тэрыторыі Беларусі. Большасць перапраўленых цераз лінію фронту чырвонаармейцаў складалі беларусы, прызваныя ў Чырвоную Армію летам 1941 г.

Партызанскім рухам у Беларусі кіраваў ЦК КП(б)Б, якога сядзіба знаходзілася ў Маскве. Ад сакавіка 1942 г. існаваў спецыяльны палітычнаваенны орган — ПаўночнаЗаходняя аператыўная група, які каардынаваў дзеянні Чырвонай Арміі і партызан у Беларусі. У выніку зімовага наступлення савецкіх войскаў у пачатку 1942 г. фронт клінам урэзаўся ў паўночнаўсходнюю тэрыторыю Віцебшчыны, дзе існавала сфарміраваная структура партызанскага руху. Звыш паўгода між Усвятамі і Веліжам усталяваўся калідор шырынёю больш за сорак кіламетраў, вядомы ў савецкай гістарыяграфіі як Віцебскія вароты, цераз якія амаль бесперашкодна засылаліся на тэрыторыю акупаванай Беларусі людзі, ваеннае абсталяванне, сродкі сувязі і прапагандысцкія матэрыялы. Партызаны ў сваю чаргу рэквізавалі ў насельніцтва і выслалі на ўсход цераз Віцебскія вароты некалькі тысяч коней і быдла, каля 1,5 тыс. тон збожжа і звыш 20 тыс. чалавек прызвалі на службу ў Чырвонай Арміі. Пры дапамозе ваенных спецыялістаў у Беларусі было пабудаваных некалькі дзесяткаў палявых аэрадромаў, дзякуючы якім магчымае было пастаяннае забеспячэнне партызанскіх атрадаў зброяй і амуніцыяй.

У маі 1942 г. пры галоўным камандаванні Чырвонай Арміі быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху, які ўзначаліў І сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка. Штаб Панамарэнкі намячаў галоўныя напрамкі дыверсійнабаявых дзеянняў, прапагандысцкай працы і вызначаў палітыку ў адносінах да несавецкіх падпольных структур у Беларусі. Рэалізацыяй указанняў Цэнтральнага штаба займаўся Беларускі штаб партызанскага руху, якім кіраваў Пётр Калінін.

У другой палове 1942 г., у сувязі з шырокамаштабнымі пацыфікацыйнымі акцыямі немцаў, партызанскія рады папоўніліся вялікай колькасцю ахвотных змагацца з фашыстамі. Адбыўся таксама адваротны зрух. Тысячы маладых людзей трапілі ў Беларускую самаахову. Такім чынам у Беларусі ствараўся фронт унутранага канфлікту, на якім беларусы змагаліся паміж сабой за інтарэсы фашысцкага або камуністычнага таталітарызму.

Да канца 1942 г. партызанскі рух канцэнтраваўся галоўным чынам ва ўсходняй Беларусі. У 417 партызанскіх атрадах змагалася больш за 47 тыс. салдат. Амаль 47% падпольных сіл знаходзілася ў Віцебскай і Мінскай абласцях. У заходніх раёнах дзейнічала толькі некалькі дзесяткаў малалікіх атрадаў, якія сталі разбудоўвацца толькі ў канцы 1943 г., калі з усходу перапраўленых было 7 тыс. салдат.

Штаб Панамарэнкі, баючыся наступлення ў цэнтральным напрамку, загадаў знішчаць чыгуначны рухомы састаў і пуці на тэрыторыі ўсёй Беларусі. Паводле савецкіх крыніц, партызаны за час акупацыі знішчылі больш за 10 тыс. ваенных транспартаў. Найбольш акцый праведзеных было ад мая да верасня 1942 г. Канцэнтрацыя дыверсійных дзеянняў у Беларусі аказалася памылкай, паколькі нямецкае наступленне адбылося на паўднёвым фронце. Вялікім поспехам, аднак, быў параліч чыгуначнага транспарту ў жніўні і верасні 1943 г., што давяло да рашучага скарачэння нямецкіх рэзерваў на цэнтральным участку фронту.

Чарговай важнай задачай, даручанай партызанам штабам Панамарэнкі летам 1942 г., была ліквідацыя ўстаноў гміннай адміністрацыі і працуючых там служачых разам з сем’ямі. Смяротнаму пакаранню падвяргаліся таксама настаўнікі беларускіх школ, солтысы, а нават сяляне, якім дасталася зямля ад распушчаных калгасаў. Яны знішчаліся як здраднікі савецкай радзімы і складалі пераважную большасць людзей, якіх савецкая гістарыяграфія лічыла “устаранёнымі партызанамі сіламі ворага”. 70% ад агульнага ліку забітых савецкім падполлем цывільных грамадзян складалі члены сем’яў солтысаў, гмінных чыноўнікаў, настаўнікаў. Тэрор з боку партызан, хаця і прымушаў настаўнікаў уцякаць са школ, а чыноўнікаў — з устаноў, аднак застаўляў іх шукаць ахову ў беларускіх пранямецкіх арганізацыях.

Псіхалагічнае становішча, якое склалася пасля пераможных баёў Чырвонай Арміі ў 1943 г., спрыяла развіццю савецкага партызанскага руху. Дзеянні штаба Панамарэнкі ўздым грамадскіх настрояў ператваралі ў новыя партызанскія брыгады. На працягу 1943 г. колькасць салдат, якія змагаліся ў партызанскіх падраздзяленнях, павялічылася ў 2,7 раза і ў канцы снежня перасягнула 150 тысяч, у тым ліку 37 тыс. дзейнічала ў заходніх абласцях. У 1943 г. у Беларусь паветраным шляхам было перапраўлена 43 тыс. штук стралковай зброі, вялікія колькасці мін, гранатаў, амуніцыі. У гэты перыяд на бок партызанаў перайшло 12 тыс. паліцэйскіх і былых салдат Беларускай самааховы ды 2,5-тысячная Нацыянальная руская брыгада СС пад камандаваннем палкоўніка Радыёнава. Астатняе падраздзяленне прымала ўдзел у шматлікіх пацыфікацыях беларускіх вёсак, а пасля змены фронту было перайменавана ў І Антыфашысцкую партызанскую брыгаду.

У 1943 г. амаль 20% даваеннай (да 1941 г.) Беларусі апынулася пад кантролем партызан. На гэтай тэрыторыі ўся ўлада належала камандзірам партызанскіх атрадаў. У большай частцы акупаванай рэспублікі нямецкая ўлада ўтрымоўвалася толькі ў гарадскіх цэнтрах. На Палессі, Віцебшчыне і Магілёўшчыне, багатымі вялікімі ляснымі і дрыгвяністымі масівамі ўзніклі г.зв. партызанскія рэспублікі, у якіх была ўзноўлена большасць устаноў савецкай дзяржавы.

У заходніх абласцях Беларусі значны ваенны патэнцыял прадстаўляла польскае падполле. Армія Краёва (АК), як узброеная сіла, падначаленая польскаму эміграцыйнаму ўраду ў Лондане, мела ствараць умовы для адбудовы польскай дзяржавы ў межах да 17 верасня 1939 г. Пасля заключэння 30 ліпеня 1941 г. пагаднення паміж польскім і савецкім урадамі падпольныя атрады Саюза ўзброенай барацьбы (СУБ), пазней АК, сталі саюзнікамі савецкай партызанкі. Хаця ў падпісаным урадавым пагадненні не была дасягнута дамоўленасць наконт граніц, заключаная цэнтрам дамова абавязвала ў нізах. У 1942 г. камандзіры АК заключалі з камандзірамі савецкіх атрадаў асобныя пагадненні, якія рэгулявалі ўзаемныя адносіны і вызначалі тэрыторыю харчовага забеспячэння для кожнага падпольнага падраздзялення. Спарадычна, аднак, даходзіла да супольных акцый супраць немцаў. Акцыя “Вахляж” (“Веер”), якая была серыяй дыверсійных дзеянняў праводзімых СУБАК у 1942 г. на тэрыторыі былых усходніх ваяводстваў, мела, аднак, палітычны антысавецкі падтэкст, паколькі была дэманстрацыяй польскай прысутнасці на гэтым абшары. Каб не ўскладняць адносін з палякамі, савецкія ўлады да 1943 г. не разбудоўвалі свайго падполля ў заходняй Беларусі. Сітуацыя рашуча памянялася толькі пасля парвання дыпламатычных зносін паміж СССР і польскім урадам у красавіку 1943 г. Армія Краёва з саюзніцкага фарміравання стала тады “фашысцкім”, які Цэнтральны штаб партызанскага руху загадаў знішчаць у такой жа ступені як нямецкія сілы або падтрымоўваючыя іх дапаможныя беларускія падраздзяленні.

22 чэрвеня 1943 г. Цэнтральны Камітэт КП(б)Б выдаў інструкцыю для партыйных арганізацый на тэрыторыі заходняй Беларусі, у якой было сказана, што заходнія вобласці з’яўляюцца неад’емнай часткай БССР часова акупаванай немцамі. У адпаведнасці з інструкцыяй, на гэтай тэрыторыі мелі права дзейнічаць толькі тыя арганізацыі, якія кіраваліся інтарэсамі БССР. Прытым дадзены быў загад ліквідаваць дзейнасць польскіх нацыяналістычных арганізацый, да якіх прылічана была і АК, ды арганізаваць польскае савецкае падполле. Адначасна рашэннем ЦК КП(б)Б перапраўленых было з усходняй Беларусі ў заходнюю 40 меншых атрадаў, якія папаўняліся мясцовым насельніцтвам.

Савецкае падполле пранікнула таксама і на Беласточчыну і налічвала каля 6 тыс. салдат. На гэтай тэрыторыі не ствараліся структуры Польскай рабочай партыі. Абазначала гэта паслядоўнае ажыццяўленне савецкім урадам плана ўзнаўлення межаў з 1941 г. Узброеныя сутычкі паміж АК і савецкай партызанкай сталі непазбежнымі.

Пагаршэнню польска—савецкіх адносін у заходняй Беларусі ў 1943 г. спадарожнічала абвастрэнне польскабеларускага канфлікту. У выніку палітыкі падтрымкі беларусаў пры падборцы кадраў у адміністрацыі і дапаможнай паліцыі іх удзел у канцы 1943 г. узрос адпаведна да 80 і 60 працэнтаў. Беларуская мова ў гэтай частцы Беларусі стала дзяржаўнай, на ёй выходзіла большасць легальных газет, пабеларуску выкладалася большасць прадметаў у пачатковых і сярэдніх школах. Выразнае развіццё беларускага нацыянальнага руху камандаванне АК, асабліва Навагрудскай і Віленскай акруг, расцаніла як пагрозу для польскіх інтарэсаў. Выклікаць польскабеларускі канфлікт імкнуліся таксама немцы, прымаючы адпаведныя меры, напрыклад, вызваляючы з пасад палякаў, арганізуючы скрытыя забойствы прадстаўнікоў польскай і беларускай інтэлігенцыі, узмацняючы гэтым жа атмасферу недаверу і варожасці. Беларускія чыноўнікі, у выпадку канфлікту інтарэсаў, у прынцыпе прымалі рашэнні ў некарысць палякаў. Больш ахвотна высылалі яны на прымусовыя работы польскую моладзь чым беларускую. З—за росту беларускай перавагі ў структурах акупацыйнай улады АК адказала антыбеларускім тэрорам. У Лідскай акрузе канфлікт ператварыўся ў вайну, якой мэтай было зніштажэнне элітаў. Садзеянне АК і маючай перавагу ў гэтай акрузе польскай дапаможнай паліцыі давялі да фізічнай ліквідацыі большасці арганізатараў беларускага нацыянальнага жыцця — настаўнікаў, чыноўнікаў, дзеячаў Саюза беларускай моладзі. Камендант Навагрудскай акругі АК піша, што яго салдаты ў другой палове 1943 г. выканалі больш за 300 смяротных пакаранняў на беларусах, а на 80 чалавек зрабілі даносы ў гестапа, абвінавачваючы іх у камунізме (глядзі: Nowogródczyzna w walce 1940—1945, Londyn 1976).

Асаблівасцю Навагрудчыны было таксама і тое, што амаль палову ўдзельнікаў беларускага нацыянальнага руху, з якім змагалася АК, складалі католікі (у ІІ Рэчы Паспалітай улады схільныя былі лічыць іх палякамі), а ў радах АК амаль 40% салдат складалі праваслаўныя беларусы.

Цяжка вызначыць, якую палітычную гульню вёў Вацлаў Іваноўскі. Працуючы на пасадзе бургамістра Мінска прыняў ён на работу ў магістрат двух афіцэраў разведкі АК, падтрымоўваў дзейнасць польскага падполля на Міншчыне. Быў ён саветнікам генеральнага камісара Вільгельма Кубэ, старшынёю Беларускай рады даверу, якая прадстаўляла інтарэсы беларускага насельніцтва перад немцамі. Апынуўся ён у цэнтры сіл, якія будучыню Беларусі бачылі ў шчыльнай сувязі з Нямеччынай. Паралельны ягоны ўдзел у супрацоўніцтве з польскім падполлем быў ажыццяўленнем зусім адваротнай канцэпцыі, праявай веры ў магчымасць стварэння федэрацыі Польшчы і Беларусі як раўнапраўных суб’ектаў. Была гэта сярод беларускіх палітыкаў пазіцыя надта асаблівая, зважыўшы на тое, што польскі бок рашуча выказваўся за вяртанне становішча, якое існавала да 1939 г.

Беларуская цэнтральная рада

Побач пацыфікацыі вёсак і тэрору ў адносінах да падазроных у супрацоўніцтве з партызанамі асоб у палове 1943 г. нямецкія акупацыйныя ўлады вярнуліся да палітыкі падтрымкі беларускага нацыянальнага руху і стварання антысавецкай грамадскай базы. Вясною 1943 г. пачалася падрыхтоўка да заснавання беларускай маладзёжнай арганізацыі, якой узорам мелі быць падобныя арганізацыі ў прыбалтыйскіх краінах. Абучэнне кадраў будучай арганізацыі было даверана бязмежнаму прыхільніку ідэі супрацоўніцтва з Нямеччынай Фабіяну Акінчыцу. Былі адкрыты два падрыхтовачныя цэнтры — для дзяўчат у Драздах каля Мінска, а для хлопцаў — у Альбярціне каля Слоніма. 22 чэрвеня 1943 г. аб’яўлена было заснаванне Саюза беларускай моладзі (СБМ). Лідэр СБМ Міхал Ганько падначалены быў генеральнаму камісару Вільгельму Кубэ; яму падлягалі акруговыя кіраўнікі, а ім у сваю чаргу падначальваліся раённыя кіраўнікі. Члены СБМ атрымалі мундзіры падобныя на форму нямецай моладзі з арганізацыі Гітлерюгенд. Паводле статута, мэтай СБМ была падрыхтоўка маладога пакалення беларусаў да выканання нацыянальнай місіі. Арганізацыя выдавала свой часопіс “Жыве Беларусь”. Лідэры ніжэйшых структур вербаваліся з ліку гімназічнай моладзі. Праходзілі яны спецыяльныя курсы, набліжаныя да ваеннага абучэння. СБМ гуртаваў гарадскую і маламестачковую моладзь. У гэтым асяроддзі ў савецкіх партызан былі абмежаваныя магчымасці знішчаць варожыя сабе палітычныя структуры і таму СБМ даволі хутка стаў шматлікай арганізацыяй — у канцы 1943 г. налічваў 40 тыс. членаў і меў свае структуры на ўсёй тэрыторыі Беларусі, якая знаходзілася пад нямецкім кантролем.

Разам з заснаваннем маладзёжнай арганізацыі Кубэ стварыў таксама Беларускую раду даверу (БРД), якая мела быць заменнікам палітычнага прадстаўніцтва беларусаў перад нямецкімі ўладамі і, праўдападобна, зародкам нейкага калабарацыянісцкага ўрада. Старшынёю БРД стаў Вацлаў Іваноўскі, а ў яе складзе апынуліся таксама лідэры СБМ — Міхал Ганько і Надзея Абрамава. Радзе цяжка было дасягнуць давер беларусаў, паколькі ў той час СС, паліцыя і Вермахт не пераставалі пацыфікаваць беларускія вёскі. Чарговая спроба цывільнага праўлення стварыць антыбальшавіцкі беларускі фронт закончылася беспаспяхова. Аўтар гэтай палітычнай канцэпцыі Вільгельм Кубэ загінуў 22 верасня 1943 г. у выніку замаху праведзенага савецкім падполлем. Яго наступнікам стаў ініцыятар жорсткіх пацыфікацыйных акцый, камандзір СС і паліцыі ў Генеральнай акрузе Беларусь Курт фон Готберг. Са згоды Готберга 7 снежня 1943 г. старшыня Беларускай рады даверу Вацлаў Іваноўскі быў у Мінску забіты.

Новы генеральны камісар Акругі Беларусь не быў прыхільнікам стварання ўмоў для развіцця беларускага нацыяналізму ў якасці процівагі для савецкага падполля. Затое быў ён зацікаўлены ў падтрымцы розных сіл, якія па натуральных прычынах схільны былі весці вайну з СССР. На Навагрудчыне немцы заключылі з тамашнімі камандзірамі АК — палкоўнікам Янушам ПраўдзіцамШляскім, капітанам Адольфам Пільхам, паручнікам Юзэфам Сьвідам некалькі пагадненняў аб узаемнай неагрэсіі і забеспячэнні атрадаў АК ў зброю пры ўмове, што будзе яна скарыстана ў барацьбе з савецкімі партызанамі. Гэтыя пагадненні мелі выключна вайсковы характар, таму што афіцыйна навагрудскае злучэнне АК знаходзілася ў становішчы вайны з немцамі. Рашэнні лакальных камандзіраў АК ніколі не былі адобраны Галоўнай камендатурай, паколькі ішлі яны ўразрэз з планамі акцыі “Бура” і перакрэслівалі яе палітычны сэнс.

У выніку паляпшэння польсканямецкіх адносін на Навагрудчыне колькасць падпольшчыкаў у тамашніх падраздзяленнях узрасла да 8 тыс. салдат. Вярбоўка часта праводзілася па прынцыпе прызыву маладых мужчын вызначанага ўзросту. У Лідскай акрузе савецкае падполле на практыцы было выцеснена, а абвінавачаныя ў камунізме тамашнія беларускія дзеячы былі ў большасці забіты.

Становішча на фронце прымусіла немцаў пакарыстацца таксама беларускім людскім патэнцыялам. Восенню 1943 г. аб’яўлены быў прызыў мужчын 1922—1924 гадоў нараджэння ў беларускую дапаможную паліцыю. У казармах апынулася 20 тыс. чалавек, а паасобныя атрады ўзначалілі нямецкія афіцэры і падафіцэры. Самастойныя батальёны беларускай дапаможнай паліцыі пачалі стварацца таксама і ў Беластоцкай акрузе, якая была ў складзе Усходняй Прусіі. Прымусовыя рэкруты служылі выключна мілітарным мэтам Рэйха. З прычыны масавага дэзерцірства навабранцаў боегатоўнасць беларускіх паліцэйскіх падраздзяленняў была невялікая. Менавіта таму было вырашана стварыць беларускія ваенныя фарміраванні ў якасці ўзброеных сіл падлеглых нейкаму беларускаму палітычнаму цэнтру. Такі марыянетачны ўрад у сапраўднасці мог быць толькі шырмай для нямецкіх кіруючых цэнтраў. 21 снежня 1943 г. з удзелам нямецкіх акупацыйных улад была створана Беларуская цэнтральная рада (БЦР), названая афіцыйнай прапагандай “прадстаўніцтвам беларускага народа”. Яе старшынёй быў прызначаны Радаслаў Астроўскі, які раней супрацоўнічаў з немцамі ў змаганні з савецкім падполлем на Смаленшчыне. БЦР, так як раней і СБМ, была поўнасцю падпарадкавана генеральнаму камісару, які вызначаў старшыню Рады і яе членаў.

БЦР атрымала вялікія сродкі для аказвання грамадскай апекі, падтрымкі культуры і на прапаганду. Астроўскі часта звяртаўся да грамадства з адозвамі, заклікаў партызан здавацца і абяцаў ім амністыю. Нямецкая прапаганда прадстаўляла яго як правадыра беларускага народа, які змагаецца за вызваленне радзімы з—пад маскоўскага бальшавізму.

У студзені 1944 г. праведзена была рэарганізцыя Рады. Пры Радзе быў створаны вайсковы рэферат, якога шэфам Готберг прызначыў Францішка Кушаля. 6 сакавіка Астроўскі выдаў шырока распаўсюджанае ў друку і распрагандаванае з дапамогай плакатаў распараджэнне, якое прызывала ўсіх мужчын 1908—1924 гадоў нараджэння на службу ў падраздзяленнях Беларускай краёвай абароны (БКА). Распараджэнне забавязвала беларусаў, каб на працягу трох гадзін з моманту даручэння павесткі ставіцца ў прызыўны пункт. Непаслухмянасць лічылася дэзерцірствам і падвяргалася судоваму пакаранню. Стваранне БКА пачалося некалькі дзён пазней, пасля адабрэння праекта ўладамі Рэйха ў Берліне.

Вайсковыя камісіі БКА былі створаны ў Мінску, Баранавічах, Слуцку, Навагрудку, Вілейцы, Слоніме, Глыбокім. Пасля аб’яўлення прызыву ў “беларускае войска” частка прызыўнікоў уцякла да партызан, але ў прызыўныя камісіі з’явілася таксама 40 тыс. мужчын. Паколькі немцы не спадзяваліся так вялікага прытоку навабранцаў, загадалі яны вайсковым камісіям частку прызыўнікоў адаслаць дадому. Завербавана тады 28 тыс. салдат, з якіх створана было 45 батальёнаў, галоўным чынам пяхотных. У той час на бок партызан перайшла Нацыянальная руская брыгада СС Радыёнава. Баючыся дэзерцірства немцы даставілі атрадам БКА столькі зброі, колькі неабходна было для абучэння. Па гэтай прычыне салдаты выкарыстоўваліся галоўным чынам пры будове ваенных аб’ектаў. Немцы не мелі дастатковай колькасці афіцэраў і падафіцэраў, каб згуртаваны ў БКА людскі патэнцыял скарыстаць для барацьбы з партызанамі. У палове чэрвеня ў Мінску адкрылася афіцэрская школа для 280 слухачоў, але ўжо два тыдні пазней горад заняла Чырвоная Армія.

27 чэрвеня, на некалькі дзён да ўступлення савецкіх войскаў у Мінск, Астроўскаму ўдалося давесці да склікання Другога Усебеларускага кангрэса (першы адбыўся ў снежні 1917 г.), з удзелам прадстаўнікоў беларускіх асяроддзяў з усёй тэрыторыі акупаванай немцамі Еўропы. Удзельнічала ў ім 1039 дэлегатаў. Кангрэс аб’явіў сябе органам, які працягвае палітычныя традыцыі Беларускай Народнай Рэспублікі, БЦР палічыў адзінай легальнай уладай у Беларусі, а БССР назваў творам маскоўскага імперыялізму. Усе дэкларацыі, таксама як і парадак пасяджэння Кангрэса, былі раней узгоднены са службай бяспекі Рэйха. Прапагандысцкая акцыя вакол Кангрэса мела ўказаць беларускаму грамадству, што ў Беларусі ёсць свой уласны ўрад, адобраны нацыянальным прадстаўніцтвам, што нямецкае войска — гэта часова размешчаная саюзніцкая армія, а ўступаючая Чырвоная Армія з’яўляецца агрэсарам. Два дні пасля заканчэння Кангрэса з Мінска эвакуіраваліся БЦР ды частка афіцэраў і падафіцэраў БКА. На месцы засталіся радавыя салдаты, якія разышліся па дамах, калі распалася ўлада, што прызвала іх на вайсковую службу. Частка з іх неўзабаве трапіла ў Чырвоную Армію, частка ў экстранным парадку была асуджана савецкімі ваеннымі трыбуналамі.

Рада БЦР з паловы ліпеня 1944 г. працягвала дзейнасць у Берліне, дзе немцы хацелі выкарыстаць яе для ўздзеяння на некалькі тысяч рабочых, вывезеных на прымусовыя работы ў Нямеччыну, на актывістаў СБМ, якія дабравольцамі прыбылі на тэрыторыю Рэйха, ды на некалькі дзесяткаў тысяч уцекачоў, якія баяліся рэпрэсій з боку савецкіх улад.

Ваенныя страты

Паводле савецкіх крыніц ад 1945 г., з чэрвеня 1941 г. да канца 1944 г. у выніку вайны і нямецкай акупацыі загігула 2 219 317 жыхароў Беларусі. Гэты лік тычыцца толькі гэтых зямель, якія ў 1944 г. увайшлі ў склад БССР. У савецкай літаратуры, аднак, адсутнічаюць верагодныя калькуляцыі, на падставе якіх вызначана была велічыня людскіх страт. Перш за ўсё бракуе даных аб колькасці жыхароў Беларусі ў чэрвені 1941 г. У момант выбуху вайны ў Сібір імчаліся, між іншым, эшалоны з жыхарамі Беларусі, а ў турмах НКУС знішчаліся сапраўдныя і ўяўныя ворагі савецкай улады.

У ліку 2,2 млн. змяшчаецца 810 тыс. ваеннапалонных загінуўшых на тэрыторыі Беларусі, з якіх не ўсе былі жыхарамі рэспублікі да 1941 г. Большасць распрацовак карыстаецца дакладным лікам забітых — 1 409 225 чалавек. Гэтыя ж крыніцы паведамляюць, што ў чэрвені 1945 г. каля 0,5 млн. жыхароў усходняй Беларусі было прызваных у Чырвоную Армію, а 1,5 млн. эвакуіравалася ў Расію. Паколькі яшчэ працягваліся ваенныя дзеянні, не маглі вярнуцца на радзіму ні салдаты з фронту, ні цывільныя асобы, вывезеныя ўлетку 1941 г. Падводзячы вынікі можна сказаць, што страты насельніцтва ў 1945 г. павінны складаць каля 4 млн. дюдзей. Савецкая гістарыяграфія не дае адказу на пытанне: колькі людзей загінула ў барацьбе з немцамі, колькі ў выніку масавых расстрэлаў летам 1941 г., а колькі ў час масавых пацыфікацый у 1942—1944 гадах, колькі асоб загінула ў канцэнтрацыйных лагерах на тэрыторыі Беларусі, а колькі ў выніку рэпрэсій савецкага падполля. Не вядомы таксама лік ахвяр польскабеларускага і польска—савецкага канфліктаў, як і нацыянальны склад жыхароў Беларусі, якія страцілі жыццё падчас нямецкай акупацыі.

Да вайны ў Беларусі жыло каля 700 тыс. яўрэяў. Многія з іх эвакуіраваліся ў 1941 г. на ўсход. Большасць з тых, што засталіся, была знішчана. У канцэнтрацыйныя лагеры на тэрыторыі Беларусі, асабліва ў Трасцянец каля Мінска, завозіліся яўрэі з усёй Еўропы. Дзвесце тысяч чалавек, загінуўшых у Трасцянцы, былі жыхарамі розных краін.

Падчас нямецкай акупацыі з Беларусі было вывезена на прымусовыя работы ў Нямеччыну амаль 385 тыс. маладых людзей. Толькі 120 тыс. вярнуліся дамоў, частка загінула ў выніку альянцкіх бамбардзіровак прамысловых цэнтраў на тэрыторыі Рэйха, а частка вырашыла не вяртацца ў Савецкі Саюз.

У 1944—1945 гадах працягваўся прызыў рэкрутаў у Чырвоную Армію. Завербавана тады 600 тыс. чалавек. Пачаліся таксама дэпартацыі абвінавачаных у калабарацыянізме з акупантам. Менавіта таму памер людскіх страт — 2,2 млн. ахвяр — здаецца быць няпэўным З—за таго, што ў тадышніх умовах не было ніякіх шанцаў сумленна іх вызначыць. Аднак савецкая гістарыяграфія прыняла гэты лік як неаспрэчны факт. Бясспрэчным у сваю чаргу з’яўляецца тое, што З—за жорсткасці нямецкай акупацыйнай сістэмы ў Беларусі і татальнага характару вайны, якую вялі партызаны ў тыле ворага, лік ахвяр сярод мірнага насельніцтва быў незвычайна высокі ў параўнанні з іншымі краінамі акупаванай Еўропы. Беларусь знаходзілася ў зоне шырокага фронту змагання паміж двума таталітарызмамі, якія не зважалі на людскія кошты, і таму такімі вялікімі аказаліся памеры трагедыі пражываючага на гэтай тэрыторыі народа.

Апрача людскіх страт вайна і акупацыя давялі да зруйнавання гаспадаркі Беларусі. Згарэлі больш за дзвесце гарадоў і мястэчак. Найбольш пацярпелі Мінск і Віцебск, у якіх знішчэнне будынкаў і гарадской інфраструктуры дасягнула 80-90 працэнтаў. Частку страт ва ўсходніх абласцях нанесла Чырвоная Армія ў час адступлення ўлетку 1941 г. Наогул падчас ІІ сусветнай вайны ў Беларусі спаленых было 9 200 вёсак, амаль 1,2 млн. будынкаў. Усе змагаючыяся бакі рэквізавалі ў беларускіх сялян 61% усіх коней, 69% быдла і ажно 89% свіней.

Партызанскія дзеянні, у адпаведнасці з загадам савецкага камандавання, таксама заключаліся ў разбуранню ўсяго, што магло служыць узмацненню ваеннага патэнцыялу Нямеччыны. Найбольшыя страты гаспадарка Беларусі пацярпела ў час эвакуацыі прамысловых аб’ектаў на ўсход летам 1941 г. Астатнія вартасныя аб’екты забралі немцы адступаючы з Беларусі ў 1944 г. Менавіта таму ў 1945 г. велічыня прамысловай вытворчасці Беларусі склала толькі 20% даваеннай магутнасці.

У выпадку Беларусі ІІ сусветная вайна мела таксама далейшыя адмоўныя паслядоўнасці. Краіна засталася без нацыянальнай эліты, частка якой загінула ў час акупацыі, частка эвакуіравалася з нямецкай арміяй, а астатнія неўзабаве апынуліся ў савецкіх канцэнтрацыйных лагерах. У Беларусі не стала сіл, якія маглі б хаця прыпамінаць аб ідэі незалежнасці, аб сваіх нацыянальных сімвалах. Усё гэта было акампраметаванае ў час нямецкай акупацыі, што старанна выкарыстала савецкая прапаганда, прадстаўляючы кожную думку аб Беларусі, якая не была б часткай савецкага свету, як нацыянальную здраду і праяву нацыяналістычнафашысцкай тэндэнцыі. Змаганне паміж савецкім і нацыянальным інтарэсамі не закончылася ў 1944 г. Пераможны савецкі бок пачаў знішчаць усё, што ў будучым магло б паспрыяць адраджэнню беларускіх нацыянальных імкненняў.