(Мацьв. 6, 24-34)
„Ніхто ня можа служыць двум гаспадарам... ня можаце служыць Богу і Мамоне”. Евангельле рэдка ставіць чалавека перад такім дакладным і радыкальным выбарам: Бог або грошы. Але пра якія грошы ідзе гутарка? Напэўна не пра ўзнагароду за працу, якая служыць набыцьцю рэчаў найбольш неабходных для нармальнага, прыстойнага жыцьця. Гэтыя грошы з упэўненасьцяй можна прыраўняць да „хлеба надзённага”, прасіць якога рэкамэндаваў сам Хрыстос. Значыць — справа не ў грашах, якія служаць жыцьцю, але тых, што падпарадкоўваюць сабе жыцьцё, якія, заміж быць сродкам, становяцца мэтай і заміж быць слугой — ёсць гаспадаром.
Нехта можа сказаць, што гаворка тут пра грошы багацеяў і ў большасьці выпадкаў будзе мець рацыю. Аднак ня цалкам. На самай справе размова ідзе пра „нягодную мамону”, грошы, якія зьяўляюцца Божым ворагам. Гэта таксама тыя грошы, якія дрэнна ўжываюцца: не для дабра свайго і сваёй сям’і, але якія зьбіраюцца для самой прыемнасьці зьбіраньня, якія служаць вядзеньню нячыстых справаў або гулянкам і азарту.
Грошы, якія становяцца мэтай жыцьця, ператвараюцца ў „ідала зь літага металу”, які мае сваіх паклоньнікаў і сярод хрысьціян. Мноства людзей, якія пакутуюць ад голаду, хваробаў, войнаў зьяўляюцца ахвярамі гэтага лютага ідала. У большай або меншай ступені ўсе мы зьяўляемся паклоньнікамі мамоны. У некаторых асяродзьдзях людзі ня ўмеюць гаварыць аб нічым іншым, як толькі аб грашах: як іх зарабіць, як эканоміць, як іх выдаткоўваць, чаму нехта зарабляе больш...
Ідал грошай мае сваго блізьнюка: сэкс. Побач зь ідалам Молахам стаіць і Аштарта: адно запэўнівае паклоньнікаў другому. Трэба ясна сказаць, што ня маецца тут на ўвазе звычайная палавая схільнасьць і сэкс, якія сьвятыя гэтаксама як і народзіны, і сьмерць, і якім у Бібліі прысьвечана „Найвышэйшая песьня”. Не гаворыцца таксама пра сэкс, які дазваляе вырвацца з адзіноцтва, ні пра той, які Бог стварыў і блаславіў кажучы „пладзіцеся і множцеся” і які Царква бласлаўляе ў таінстве Сужэнства. Гутарка ідзе пра сэкс скажоны грахом і сатаною, аб якім апостал Павал пісаў: „Учынкі-ж цела вядомыя: гэта блуд, распуста, нячыстасьць, спрэчкі, гарачасьць, гнеў, сварлівасьць, нязгода... тыя, што гэтак робяць Царства Божага не ўнасьледуюць” (Гал. 5, 19-21).
Як сказаў адзін з сучасных мысьліцеляў, сэкс усім перавярнуў у галовах. Гэта свайго роду рэлігія, якая мае сваіх руплівых місіянераў, свае храмы і свае рытуалы. Яго выявы набываюць найгоршыя формы ў кіно і парнаграфіі. З многіх бакоў гучаць пратэсты, але ўсё роўна саюз паміж мамонай і сэксам дае вялізныя прыбыткі і таму застаецца непакараны.
У выніку самі сабе робім жыцьцё агідным аж да перанасычанасьці. Нас хвалююць забруджаныя вада і паветра, але мала турбуе ненармальная атмасфэра, у якой растуць нашы дзеці. Праўда — яны ня гінуць фізычна, але гібне іхная нявіннасьць, прыгажосьць, прастата, яснасьць позірку, найпрыгажэйшыя пачуцьці, сіла волі. Як гаварыў Франц Кафка — гіне іхная маладосьць, бо паводле ягоных слоў „нячыстасць і маладосьць адзін аднаго выключаюць”. Гэта недаравальны грэх, бо толькі дзеці на гэтым сьвеце прыгожыя, чыстыя і нявінныя. Толькі яны — найменш збляклы вобраз Божы, што застаўся зь зямнога раю. „Калі не станецеся як дзеці, ня ўвойдзеце ў Царства Божае”, — заявіў Хрыстос.
З другога боку, трэба нам пазьбягаць асуджальнага тону апакаліптычных прарокаў, якія паказвалі пальцам толькі на іншых. Усе мы замешаны ў гэтае сучаснае ідалапаклонства, або непастрэдна ўдзельнічаючы ў ім, або маўкліва даючы яму свой дазвол. Мы павінны задаць сабе пытаньне: што нам, як хрысьціянам, трэба зрабіць? Не падлягае сумневу, што адна з асноўных задач Царквы ў сучасным сьвеце — вызваліць чалавека ад гэтых двух ідалаў: грошай і сэксу, двух найбольш яркіх праяваў зла. Калі Хрыстос пасылаў апосталаў зь місіяй, Ён „надзяліў іх уладай над нячыстымі духамі” (Мацьв. 10, 11). Гэтая прэрагатыва вучняў Хрыстовых ніколі не была больш патрэбная, чымсьці зараз. Справа не ў арганізацыі крыжовых паходаў ці аднаўленьні кастроў. Наша місія павінна заключацца ў аднаўленьні сапраўднай свабоды. Ідалапаклоньніцкае шанаваньне грошай і сэксу ня толькі абражае Бога, але зьнявольвае і дэградуе чалавека. Яно абязвечвае Божае стварэньне, аб’ект Ягонай любові, аддаючы перавагу рэчам над асобамі. Трэба зноў адкрыць у сабе свабоду дзяцей Божых адноўленых Хрыстом, вярнуць мужчыну і жанчыне вянок караля і каралевы стварэньня. „Усё ваша, а вы — Хрыстовы”, — гаварыў апостал Павал (1 Кар. 3, 22) і няма ўжо месца на іншую службу або няволю.
Магчыма, сучаснае маладое пакаленьне пачынае разумець гэта, бо прынамсі найбольш здаровая частка маладых людзей выказвае жаданьне разбурыць сярод іншых міфаў таксама дамінацыю грошай і сэксу. Шмат хто бунтуецца супраць узьвядзеньня на трон мамоны заміж Бога і сэксу заміж каханьня. Як і ўсе ідалы яны фальшывыя і хлусьлівыя, бо не даюць шчасьця, якое абяцаюць, а калі і даюць дык настолькі кароткатрывалае, што нельга яго назваць сапраўдным шчасьцем.
Як веруючыя людзі мы ня можам з гэтай зьявай зьмірыцца. Ёсьць у нас яшчэ іншыя заданьні, але барацьба з гэтымі двума ідаламі — адна з найбольш неадкладных задач.