(Мацьв. 5, 1-12)
Зь ліку сямі блаславенстваў у наш час сталіся вельмі актуальнымі гэтыя два: „Шчасьлівыя ціхія, бо яны атрымаюць зямлю... шчасьлівыя, хто ўводзіць мір, бо яны сынамі Божымі будуць названыя”. Яны ставяць хрысьціян перад праблемай гвалту і барацьбы. Трэба прызнаць, што гэтыя два блаславенствы мала папулярныя, яны даволі часта ігнаруюцца як анахранічныя і непрактычныя, як тыя, што маюць мала супольнага з рэчаіснасьцяй сучаснага сьвету. Ціхія, лагодныя, тыя, што пашыраюць мір — гэта ў Евангельлі сынонімы пакорлівых і бедных, людзей, якія ня мюць ні сродкаў, ні ахвоты, каб самастойна дабівацца справядлівасьці. Яны не разьлічваюць на рыдваны і коней, але на Бога (Пс. 28, 8).
Ісус Хрыстос — прататып лагоднасьці, таму Ён мог сказаць пра сябе: „Вучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорлівы сэрцам” (Мацьв. 11, 29). Лагоднасьць акрэсьлівае ня толькі ўнутраную арыентацыю сэрца, але і стаўленьне да прымяненьня сілы і гвалту. Евангеліст бачыць у Ім зьдзяйсьненьне месіянскага прароцтва Ісаіі: „Трасьціны надломленай не даломіць і лёну тлеючага ня згасіць” (Мацьв. 12, 20). У Хрыстовыя часы ў Палесціне раз-пораз выбухалі паўстаньні зілотаў, скіраваныя супраць рымскіх акупантаў і мясцовых багацеяў. Гэтыя выступленьні ня раз суправаджаліся актамі тэрору і гвалту. Ісус ведаў пра гэтае, аб чым сьведчыць Яго выказваньне аб крывавым здушэньні Пілатам спробы бунту (параўнай: Лук. 13, 1). Магчыма, што з асяродзьдзя бескампрамісных зілотаў паходзіў Яго вучань Сымон. Нельга выключыць і такую магчымасьць, што нейкая група рэвалюцыянераў спрабавала перацягнуць Хрыста на свой бок, Ён аднак напэўна адкінуў усякія такія прапановы. Ён схаваўся, калі Яго хацелі абвясьціць царом, кіраўніком узброенага паўстаньня (Яан. 6, 15). Пятру ў Гефсіманіі Ён загадаў схаваць меч, „бо хто мячом ваююе, той ад мяча загіне”(Мацьв. 26, 52), выключаючы гэтым самым усякі супраціў, які мог-бы не дапусьціць да Яго зьняволеньня.
Спробы некаторых навукоўцаў, якія хочуць залічыць Хрыста да рэвалюцыянераў свайго часу, ня маюць пад сабою ніякіх падставаў і ніхто ня ставіцца да іх сур’ёзна. Ісус у сваім жыцьці і навучаньні рашуча адкідаў усякі гвалт. Яго апошняе блаславенства гучала: „Шчасьлівыя вы, калі людзі будуць вас зласловіць і прасьледаваць, гаварыць на вас усякае ліха”. Нідзе ў Евангельлі ня сказана: шчасьлівыя вы, калі хочаце дамінаваць, калі адказваеце паводле прынцыпу вока за вока, зуб за зуб. Такая думка была-б абсурдная і не пасавала-б да Евангельля.
З другога боку нельга слоў Хрыста ўспрымаць інструмэнтальна. Ісус асуджаў усякі гвалт, у тым ліку тых, хто гвалтоўным мэтадам спрабуе дасягнуць сваю мэту. Аднак асноўнае асуджэньне накіравана ў адрас тых, хто прыніжае і падпарадкоўвае сабе іншых. Хрыстос загадвае не адказваць ударам на удар, але яшчэ больш рашучае „не” гаворыць таму, хто ўдарыў.
У гэтым сэнсе павучальнай можа быць рэакцыя сучасных чытачоў Евангельля, асабліва маладых людзей і хрысьціян, уцягнутых у грамадзкія канфлікты. Яны перакананы, што Хрыстос сваёй лагоднасьцяй не хацеў здушыць у людзях імкненьня да справядлівасьці і зрабіць іх пасыўнымі на несправядлівасьць. Ён не хацеў замоўчваць злоўжываньні, у выніку чаго бедныя і слабыя былі-б асуджаны на самавольства людзей магутных і надзеленых уладай. Колькі наконт гэтага было выказаных недарэчнасьцяў, як напрыклад Фрыдрыхам Ніцшэ, які хрысьціянам ставіў у закід пасыўнасьць у дачыненьні да гвалтаў. Ніхто-ж больш рашуча за Хрыста ня выступіў супраць эксплуататараў, якія падаваліся за іхных дабрачынцаў (параўнай: Лук. 22, 25). Ісус ня быў супраць зьменаў. Ключавое слова Евангельля „павярненьне” азначае якраз зьмену. Зьменам і барацьбе Хрыстос надаў новы накірунак. Гэта ня гвалт, але пакутніцтва. Ягоная „рэвалюцыя” не накіравана супраць некага, як пераважна ўсе звычайныя рэвалюцыі, але для некага. Хрысьціяне таксама могуць падпісацца пад словамі французскага пісьменьніка Андрэ Жыда, што „сьвет можа быць збаўлены толькі бунтаўнікамі і што яны — соль зямлі”, але заўсёды трэба памятаць супраць чаго бунтуемся і ці кіруемся любоўю, ненавісьцю ці можа пыхлівасьцю.
Евангельле выбірае любоў: хто мае дзьве кашулі або два хлябы, хай падзеліцца з тым, хто нічога ня мае. Узьнікае аднак пытаньне, ці любоў зможа спрычыніць зьмены? На першы погляд здаецца, што не і некаторыя хрысьціяне, ня бачачы іншага выйсьця, пачынаюць прымяняць гвалты і рэвалюцыі як адзіны сродак дасягненьня пажаданых зьменаў. Хрыстос пасылае нас бы авечкі паміж ваўкоў, але неаднойчы авечкі хацелі-б стаць ваўкамі, каб змагацца зь іншымі ваўкамі.
Як хрысьціяне, мы не павінны сумнявацца ў веры. Калі нават зьмены невялікія і марудныя, дык толькі таму, што любові ў сьвеце замала. Ісус Хрыстос, не прымяняючы сілы, больш зрабіў для бедных і больш паўплываў на зьмену іхнага лёсу, чымсьці паўстаньні нявольнікаў і зілотаў. Ён дае людзям яшчэ іншую, хаця і высьмейваную бязбожнікамі, прычыну для барацьбы: надзею на вечнае жыцьцё. Ахвотней аддасьць сваё жыцьцё ў слушнай справе той, хто спадзяецца пасьля сьмерці на іншае жыцьцё, чымсьці той, хто акрамя гэтага жыцьця ні на што не разьлічвае.
У грамадзтве людзей нецярпімых, якія спаборнічаюць паміж сабою і грызуцца, Хрыстос хоча, каб мы былі людзьмі моцнымі і стойкімі, але мірнымі. Само пытаньне лагоднасьці або прымяненьня сілы складанае. Супастаўленьне яго з рэчаіснасьцяй уздымае пытаньні і праблемы, вырашыць якія мы павінны ва ўласным сумленьні і маючы перад вачыма прыклад Таго, хто „ціхі і пакорлівага сэрца”.