(Лук. 17, 10-17)
У 17-м разьдзеле Евангельля паводле Лукі расказваецца пра аздараўленьне Хрыстом дзесяці пракажоных. Не зважаючы на факт, што ў той час праказа была жахлівай, невылечнай хваробай і аздараўленьне тым болей павінна было быць успрынята зь невыказнай удзячнасьцю, толькі адзін з аздароўленых „вярнуўся і моцным голасам славячы Бога паваліўся да ног Хрыста, дзякуючы Яму і гэта быў самаранін”. Тады Ісус спытаўся: „Ці-ж ня дзесяць ачысьціліся? Дзе-ж дзевяць? Яны не вярнуліся аддаць славу Богу апрача гэтага чужынца. І сказаў яму: устань, ідзі, вера твая ўратавала цябе”.
Ня будзем празьмерна асуджаць няўдзячных пракажоных, бо ў кожным з нас ёсьць нешта зь іхнага характару. Успамінаючы сваё жыцьцё, мы бачым, колькі заўдзячваем розным людзям. Гэтак было, калі мы былі бездапаможнымі немаўляткамі, калі фармаваліся характар і зацікаўленьні, калі мы выбіралі школу і будучую прафэсію, або паступалі на працу. Вельмі часта на наш лёс ня мелі ўплыву нашы асабістыя заслугі і здольнасьці. Проста нехта ў свой час праявіў бескарысьлівую зычлівасьць, дабрыню або спачуваньне. У кожным з гэтых выпадкаў, без удзелу іншых людзей наша жыцьцё магло скласьціся цалкам інакш. Нас наагул у жыцьці ўпаткала мноства незаслужаных дабрадзействаў, не гаворачы пра сам факт жыцьця. На жаль, прасіць умее кожны, але падзякаваць — толькі нямногія. У рэлігійным пляне ўдзячнасьць у першую чаргу належыцца Богу. Незалежна ад таго, ці ўсьведамляем гэта ці не, „мы ў Богу жывём, рухаемся і існуем”. Вось таму ў свой час апостал Павал павучаў фесалонікійцаў: „За усё дзякуйце: бо такая за вас воля Божая ў Хрысьце Ісусе” (1 Фесал. 5, 18).
Жыцьцё даўно пацьвердзіла, што хто Богу больш удзячны, той і больш ад яго атрымоўвае. Дакладна гэтак паступаюць і бацькі ў дачыненьні да дзяцей. На жаль, мы просім многа, але дзякуем мала. У гэтым нагадваем хлопчыка, якому дзядзька даў цукерку, а той узяў яе і, не сказаўшы ні слова, пабег на вуліцу. Маці перапыніла яго і пытае: „Што трэба сказаць дзядзьку?” Малеча паглядзеў на дзядзьку і кажа: „Дзядзя, дай яшчэ!”
Апантаны бязбожнік Дзямян Бедны напісаў аднойчы пра купца, які ў хвіліны небясьпекі на параходзе абяцаў Богу ў выпадку выратаваньня сьвечку велічынёй мачты. Калі ў яго спыталіся адкуль возьме такую вялізную сьвечку, хітры купец адказаў: „Дай толькі ў Бога вымаліць патолі,/ Каб уцалеў і я, і ўсё маё майно,/ Тады і пра сьвечку пагаворым заадно,/ Хіба скароцім крышачку — ня болей”.
Мне вядомы чалавек, які выратаваўся са сваёй маці ад бамбардаваньня ў час вайны ў храме і тады ў думках абяцаў Богу, што ў выпадку выратаваньня стане сьвятаром. Сваё абяцаньне ён стрымаў, але многія паступілі наадварот. У няшчасьці чалавек наракае, жабруе, скавыча і праклінае, аднак калі разьвеюцца хмары і міне небясьпека, той самы чалавек пападае ў эйфарыю, забывае хто яму дапамог і ледзь не гатовы сабе прыпісаць выратаваньне.
Многія, хто цудам перажыў нейкую катастрофу, небясьпеку або аздаравеў пасьля цяжкой хваробы скарацілі абяцаную Богу сьвечку да мікраскапічных памераў, калі ўвогуле не забыліся пра абяцаньне.
Вера вучыць нас, што ўсё зьяўляецца Божым дарам. Асноўная каштоўнасьць — жыцьцё — дадзена нам. Пакліканьне да паўнаты жыцьця ў вечнасьці — гэта Божая ласка. Кожны дар адначасова зьяўляецца заданьнем і прытым нялёгкім заданьнем. Жыцьцё нам ня толькі дадзенае, але зададзенае. Гэта зразумеў толькі адзін зь дзесяці пракажоных, які вярнуўся, каб падзякаваць за дар аздараўленьня. Астатнія не дацанілі дару і не зразумелі заданьня. Яны лічылі, што дадзенае слушна ім належыцца.
Галоўнай часткай асноўнай багаслужбы, званай у праваслаўных Сьвятой Літургіяй, а ў каталікоў Сьвятой Імшой зьяўляецца Эўхарыстыя, ад грэцкага слова „эўхарысто”: дзякую. У часе яе чытаецца малітва, у якой дакладна тлумачыцца, чаму і за што мы павінны дзякаваць Богу: „Належна і праведна Цябе ўсхваляць, Табе пакланяцца на ўсякім месцы валадарства Твайго... Ты зь нябыту да існаваньня нас паклікаў... Ты няспынна ўсё рабіў, пакуль нас на неба прывёў і будучае валадарства падараваў нам... За ўсё гэтае дзякуем Табе, за ўсё ведамае і няведамае”.
Шчасьлівы той, у каго ўдзячнае сэрца, бо на ім збудуцца словы Хрыста: „Хто мае, таму будзе дадзена і пабольшае” (Мацьв. 13, 12).