(Мацьв. 8, 28 — 9, 1)
У 8-м разьдзеле Евангельля паводле Мацьвея чытаецца апавяданьне пра аздараўленьне ў паганскай Гергесінскай або інакш Гадарынскай зямлі двух апантаных нячыстым духам. Выгнаўшы з гэтых людзей нячыстага духа Хрыстос перасяліў яго ў сьвіны статак, які кінуўся з кручы ў мора і патануў. Даведаўшыся ад пастухоў пра страту статку ўсе жыхары тамашняй мясцовасьці прасілі Хрыста, каб пакінуў гэтую ваколіцу, каб пайшоў адтуль...
Літаральнае ўспрыняцьце гэтага апавяданьня пра апантаных чортам і сьвіны статак у скептыка можа выклікаць іранічную ўсьмешку, але тым болей трэба ўлавіць сапраўдны яго сэнс. Пра сьвіней гаворыцца ў Евангельлі невыпадкова. Яўрэі лічылі іх нячыстымі, сьвінога мяса ня елі і ўвогуле да яго спажываньня ставіліся з агідай. Гэтым самым у Евангельлі падкрэсьліваецца той факт, што жыхары Гергесінскай зямлі паступілі выключна неразумна і маладушна. Яны вышэй за здароўе людзей, вышэй за ласку і духоўную карысьць, якую маглі-б мець ад прысутнасьці Хрыста, палічылі нячыстых сьвіней і Хрыста адправілі. Хаця атрымалі неаспрэчны доказ моцы і міласэрнасьці Хрыста, аднак больш хвалявала іх страта маёмасьці. Зямныя справы і турботы ўзялі верх над духоўнымі, а выяўленьне звышнатуральнай моцы выклікала хвалю забабонаў і боязі. Прысутнасьць гэтага чужынца магла — на іх думку — прывесьці да чарговых бедаў і стратаў і яны папрасілі пакінуць іх.
Гібель сьвіней — што варта адзначыць — праўдападобна мела таксама палітычны аспект. На гэтую акалічнасьць зьвярнуў увагу польскі пісьменьнік Зэнон Касідоўскі, аўтар бязбожнай кнігі „Біблейскія апавяданьні”, які палічыў, што гэтага цуду ўвогуле не было. Рымскія легіяністы сапраўды мелі на сваіх шчытах выяву вепрука, а яўрэі сапраўды ненавідзелі акупантаў і не жадалі ім нічога лепшага, як таго, каб усе патапіліся, толькі гэта ніяк не пацьявярджае тэзіс аўтара кнігі.
Куды важней за растрасаньне гістарычнасьці гэтага цуду яго звышчасовая сымбалічнасьць. „Адыдзі ад нас, — гаварылі гэтак як гергесінцы правадыры яўрэйскага народу перад абліччам Пілата, — а калі сам ня хочаш пакінуць нас, хай зямная сіла прымусіць цябе замаўчаць...” Праз усю гісторыю ў адрас Хрыста гучала гэтае страшнае слова „адыдзі”. Гэтак здарылася аднойчы ў сьнежаньскую ноч, калі пажылы мужчына з маладой, бярэменнай жанчынай грукалі ў віфлеемскія дзьверы і ніводныя дзьверы не адчыніліся. Жыхары як быццам гаварылі: у нас ціха, цёпла, утульна, чужы нам непатрэбны, шукайце іншага прытулку, але ад нас адыдзіце. На жаль, такое ня раз, хаця і не ў такім даслоўным сэнсе, здарылася і з намі. Мы сваімі паводзінамі таксама заяўлялі: Ты стаіш на шляху нашага шчасьця, спакою і самазабыцьця. Магчыма, мы ніколі не дамагаліся „разапні Яго”, не выганялі афіцыйна Хрыста са свайго жыцьця, не выпісваліся са сваіх цэркваў, але Хрыстос гаварыў: „Як паступілі вы з адным са сваіх бліжніх, вы гэтак паступілі са Мною”. Прыгадаем прытчу пра разьдзяленьне людзей на дзьве групы быццам авечак і казьлят. Няўжо ніколі не прыходзіў да нас чалавек за дапамогай, а мы не гаварылі яму: адыдзі? Ці-ж ніколі ў нашым жыцьці не бывала, што чалавек ня меў у што апрануцца, а мы адказалі яму: ужыванай вопраткі ў мяне не засталося, а новай, зразумела, я табе ня дам... ідзі. Бывае, што прыходзіць чалавек і кажа: я іду непасрэдна з турмы, у мяне няма на ежу, на білет, а ўяўны вернік заяўляе: такіх я не хачу ведаць, ідзі вон!, апраўдваючы сябе, свой эгаізм і маладушнасьць тым, што гэта злачынца, што ён напэўна хлусіць.
Увесь асноўны сэнс гэтага вядомага евангельскага апавяданьня зводзіцца да таго, што Хрысту ў момант, калі Ён выявіў спагаду, міласэрнасьць і любоў, маладушныя, блізарукія людзі сказалі: адыдзі, Ты ў нас адымаеш зямное, а нябеснае, пра якое гаворыш, нам непатрэбнае. Напалеон Банапарт таксама ў свой час напышліва заявіў: „Мне хопіць зямлі, а неба пакідаю вераб’ям”.
Уся бяда ў тым, што многія, калі нават так не гавораць, гэтак думаюць!
* * *
(Лук. 8, 26-39)
У трох Евангельлях: ад Лукі, Мацьвея і Марка зьмешчаны падобныя апавяданьні пра цуд аздараўленьня у паганскай Гадарынскай зямлі чалавека апантанага нячыстым духам. Выгнаўшы нячыстых духаў, Хрыстос перасяліў іх у сьвіны статак, які кінуўся з кручы ў мора і патануў. Даведаўшыся ад пастухоў пра страту статку, „народ той краіны прасіў Хрыста пайсьці ад іх, бо зьняў іх вялікі страх”, — чытаем у Евангельлі.
У наш скептычны час апавяданьне пра апантаных нячыстымі духамі можа выклікаць іранічную ўсьмешку. Аднак нельга забывацца, што ў евангельскія часы псыхічныя хваробы былі пашыраны ня менш чымсьці зараз. Адной зь іх была г.зв. апантанасьць, калі хворыя адчувалі пакутлівае раздваеньне самасьвядомасьці. Ім здавалася, што быццам бы ў іх пасяліўся нехта іншы. Яны крычалі не сваім голасам, жудасна вылі або рагаталі, палохаючы людзей. Сучасная мэдыцына ведае падобныя выпадкі і адпаведна кожную клясыфікуе, аднак у той час хвароба лічылася проста невылечнай.
Аздараўленьне Хрыстом гэтых няшчасных людзей мела, акрамя сымбалічнага, таксама павучальны, глыбейшы сэнс. Людзі, якія былі сьведкамі цуду ня рады былі аздараўленьню. Хаця атрымалі неаспрэчны доказ моцы і міласэрнасьці Хрыста, зямныя справы і клопаты ўзялі верх над духоўнымі. Выяўленьне звышнатуральнай моцы выклікала хвалю незразумелых забабонаў і боязі. Прысутнасьць гэтага чужынца магла прывесьці да чарговых стратаў і гадарынцы з прычыны сваёй маладушнасьці пагрэбавалі ласкай, палічыўшы важнейшым сьвіное мяса.
У Евангельлі выбар сьвіней як антоніму ласкі невыпадковае. Нават зараз слова „сьвіньня” ў многіх мовах сьвету, ня кажучы пра беларускую, гучыць абразьліва. У адрозьненьні ад сучасных хрысьціян і тагачасных паганцаў, яўрэі строга разьмяжоўвалі жывёлу на „чыстую” і ”нячыстую”. У адпаведнасьці з Законам сьвіньня лічылася нячыстай (Лев. 11, 7; Другапр. 14, 8). Спажываць сьвініну лічылася агіднасьцяй і нават пасьвіць сьвіней, да чаго сытуацыя прымусіла блуднага сына, было найбольш ганебным заняткам. Калі яўрэйскія пасяленцы хацелі абразіць палесцінцаў на заходнім беразе Ярдану, яны не маглі прыдумаць нічога горшага, як прадставіць на плякатах прарока Магамета ў выглядзе сьвіньні. Такім чынам, годныя пагарды сьвіньні, якім аддалі перавагу гадарынцы, тым болей падкрэсьліваюць іхную бязглуздасьць. Выбар менавіта сьвінога мяса, нечага для яўрэяў бязвартаснага заміж ласкі і аздараўленьня апантаных людзей узмацняе ўражаньне поўнага парушэньня шкалы каштоўнасьцяў.
Евангельле вучыць, што з усіх каштоўнасьцяў чысьціня несьмяротнай, чалавечай душы павінна стаяць на першым месцы. „Бо якая-ж карысьць чалавеку, калі ўвесь сьвет прыдбае, але душы сваёй пашкодзіць? І які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?” Хрыстос вучыў, што пры хуткацечнасьці і нясталасьці зямнога жыцьця, збаўленьне душы зьяўляецца адзінай мэтай, дзеля якой варта пайсьці на любыя ахвяры.
Калі апостал Павал загаварыў перад намесьнікам Фэліксам пра несьмяротнасьць душы, будучым судзе і адплаце, той зьбянтэжаны заявіў: „Раскажы аб гэтым іншым разам, калі цябе паклічу”, але ніколі ўжо больш не паклікаў. Ён пабаяўся тых унутраных неладоў, дакору сумленьня і неабходнасьці зьмяніць сваё жыцьцё. Многія людзі ў прынцыпе таксама ня супраць Царквы, толькі быццам Фэлікс не жадаюць ускладаць на сябе новыя абавязкі і абмежаваньні. У Нямеччыне тысячы хрысьціянаў штогод выпісваюцца са сваіх цэркваў проста таму, каб не плаціць царкоўнага падатку, які там даволі высокі. Гэтак-жа і евангельскія гадарынцы праўдападобна былі-б не супраць дапамогі няшчасным людзям, толькі каб гэта іх нічога не каштавала. Такім чынам захоўваючы адно яны трацяць другое і прытым непараўнальна важнейшае.
Магчыма, што ў сваім жыцьці мы ніколі ня будзем выпісвацца са сваіх парафіяў, ня будзем гэтак дэманстратыўна як гадарынцы адпраўляць Хрыста са свайго жыцьця. Варта аднак усьведаміць сабе іншае: застаючыся членамі сваёй Царквы і парафіі мы зьяўляемся толькі намінальнымі членамі.