(Мацьв. 4, 18-23)
Пацягнуць людзей за сабою можа чалавек аўтарытэтны, з моцным, уладным характарам. Несумненна гэтак здарылася з пакліканьнем Хрыстом першых вучняў: Пятра і Андрэя ды Якуба і Яана Завядзеяў. Да звычайных рыбакоў занятых сваёй штодзённай працай Ісус прамовіў коратка: „Ідзіце за Мною”, і здарылася нешта неверагоднае. Безь ніякіх пытаньняў: куды, чаго, чаму яны кінулі і свае сеці, і сем’і, і блізкіх ды пайшлі за Ім. Ужо раней, калі прагучэлі словы прарока Яана Хрысьціцеля пра хуткае зьяўленьне Збавіцеля, некаторыя пачалі шукаць Яго. „Чаго шукаеце?”— спытаўся, спрабуючы выпрабаваць тых, хто найбольш прагна шукаў Яго, але ў першых вучняў убачыў дзіцячую веру і шчырую зацікаўленасьць. Яан і Андрэй не былі людзьмі заражанымі скептыцызмам вучоных, якія схільныя да палемік. Яны ўжо перажылі азарэньне, унутраны пераварот, які закончыўся цалкавітай зьменай жыцьця. У вачах Пятра Настаўнік убачыў імпульсіўнасьць, але адначасова чульлівае, вернае сэрца і таму прадказаў: „Ты назавешся Кіфа, што азначае: камень, і на камяні тваёй веры пабудую Царкву маю”.
Ісус запэўніў, што Бог можа зьмяніць чалавека ўнутры і што гэта адначасова і выклік, і заданьне. Надзвычай вучонаму чалавеку Нікадзіму, які пасьціў два разы ў тыдзень, дзьве гадзіны ў дзень маліўся і даваў дзесяціну Ісус сказаў: „Мусіш нарадзіцца нанава”. Уся ягоная набожнасьць і добрыя ўчынкі выявіліся недастатковымі. Які-ж цярпімы і спагадлівы Бог, які адкрываецца хутчэй людзям з гарачай верай, чымсьці вучоным. Калі-б гэтак не было, недаразьвітыя і дзеці ня мелі-б ніякіх шанцаў! Выдатны навуковец, інтэлектуал і геній мусяць прайсьці той сам шлях, што і дзіцё.
Аднойчы ангельскі тэоляг Джон Гантэр расказаў, што пасьля ягонай казані на тэму Нікадзіма да яго падышоў малады адукаваны чалавек і сказаў: „Усё, што я пачуў, зьяўляецца для мяне выклікам. Калі-б я толькі мог усё гэта зразумець, напэўна стаўся-б сапраўдным хрысьціянінам”. „Ці напэўна вы сталіся-б хрысьціянінам, калі-б зразумелі зьмест Евангельля?” — спытаўся пастар. „Так, напэўна”, — адказаў малады чалавек. „Мой сябра, — пачаў яму тлумачыць пастар, — працуе місіянерам у Афрыцы. Ён у прыватнасьці прапаведуе пігмэям, якіх разумовыя здольнасьці надзвычай абмежаваныя. Калі хрысьціянінам можа быць толькі той, хто зразумее евангельскія ісьціны, дык як-жа гэтыя простыя людзі пазналі сапраўднага Бога?” — „Ведаеце, я ніколі над гэтым не застанаўляўся”, —шчыра прызнаўся малады чалавек. „Але Бог над гэтым застанавіўся. Ягонае адкрыцьцё ня мусіць быць зразумелае, толькі прынятае зь дзіцячым даверам”, — адказаў пастар. Паўторнае нараджэньне — гэта ня проста выпраўленьне ранейшага жыцьця. Людзі заўсёды прымаюць рэзалюцыі з дамаганьнямі паляпшэньня або рэформы нечага, але хутка самі не выконваюць сваіх абяцаньняў. Біблія вучыць, што праз новае нараджэньне ўваходзім у цалкам новы сьвет, становімся іншымі людзьмі.
Евангельле пра пакліканьне першых апосталаў, звычайных, простых людзей, паказвае, што Бог выбірае і даручае заданьні людзям, якія не прасяклі звычаямі і скрыўленьнямі сваёй эпохі, якія адкрытыя на новыя ідэі. Нездарма гаворыцца, што старых дрэваў не перасаджваюць. Разам з пакліканьнем першых апосталаў быў закладзены фундамант новага арганізму — Царквы.
Яан накіраваў да Хрыста двух сваіх вучняў. Затым Андрэй прывёў свайго брата, а Піліп — Нафанаіла. Іхны прыклад зьвяртае ўвагу на тое, што верай сваёй мы павінны ў першую чаргу дзяліцца з нашымі сваякамі, сябрамі і суседзямі. Існуюць людзі, якія ўсё жыцьцё дэкляруюць прыналежнасьць да Царквы, але не зрабілі нічога, каб прыцягнуць да Хрыста хаця-б адну душу. Для сучасных вернікаў прыклад першых апосталаў павінен быць натхняльным.