Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Дзень Сьвятога Духа

(Мацьв. 18, 10-20)

Урачыстасьць Сасланьня Сьвятога Духа штогод нагадвае нам аб таямнічай усепрысутнасьці Духа і запрашае да адкрываньня значэньня гэтай прысутнасьці. Кім для Царквы зьяўляецца Сьвяты Дух? Ён — Боская Асоба, адна з тых, у якую мы верым. Гэта адначасова і элемэнт нашай веры і яе прадмет. „Веру... у Духа Сьвятога”, — паўтараем у Сымбалі Веры. Той-жа Дух, які быў разам з Хрыстом у часе Ягонага зямнога жыцьця і падтрымоўваў Яго, цяпер напаўняе Царкву і кіруе ёю. Ён —крыніца экспансіі Царквы, сіла, якая вядзе місіянераў. Евангельле паказвае адзінаццаць апосталаў, сабраных у Ерусаліме некалькі дзён перад юдэйскім сьвятам Пяцідзесятніцы. Яны яшчэ баяцца і хаваюцца перад яўрэямі. Магчыма, яны думалі, што ад іх патрабуецца толькі дбайнае захоўваньне памяці пра Настаўніка ўнутры малой, ізаляванай групы прыхільнікаў. Аднак да гэтага памяшканьня, дзе яны згуртаваліся, уварваўся Сьвяты Дух, насьцяж адкрыў дзьверы і выпіхнуў іх вонкі, да народаў усёй зямлі. Яны пайшлі прапаведаваць Слова грэкам, парфянам і рымлянам ды ўсе іх разумелі. Некаторыя прынялі Сьвятое Хрышчэньне. Гэтак нарадзілася Царква Хрыстова. Апосталы не засталіся ў адкрытым памяшканьні, не чакалі, пакуль людзі прыйдуць да іх, але самі пайшлі да паганцаў. Неўзабаве першы паганец, сотнік Карнілій быў прыняты ў Царкву, дзякуючы выразнаму ўказаньню Сьвятога Духа (Дзеі. 10, 44-48).

Накіраваньне да паганцаў азначала пераацэнку ўласных, рэлігійных каштоўнасьцяў: Майсей, Закон, абразаньне, Богаабранства. Яны мелі падставы баяцца, што стануць нячыстымі, апаганяцца, і павінны былі пераадолець гэткую боязь. Аднак Дух Сьвяты, які напоўніў іх, умацоўваў іхную сьмеласьць, рабіў іх мацнейшымі за сьвет, які павінны былі здабыць. Яны зьвярнуліся да паганцаў, каб павярнуць іх да Хрыста. Сьвяты Дух не дазволіў, каб Царква ператварылася ў новую сынагогу, месца прызначанае толькі для выбранцаў. Ён ажыцьцявіў тую ўнівэрсальнасьць, якую Хрыстос абяцаў: „да ўсіх народаў... да ўсякага стварэньня, па канцы зямлі”.

Аб гэтым трэба памятаць асабліва нам, сучасным хрысьціянам, бо Царква бясконца адчувае спакусу вярнуцца ў ерусалімскую горніцу, каб ізноў адгарадзіцца ад сьвету. Акрамя таго Царква глыбока падзелена на канфэсіі, якія замкнуліся ў сабе. Хрысьціянства ў цэлым страціла таксама евангелізацыйны імпэт, яна не наступае, але абараняецца ад усякага тыпу ворагаў — унутраных і зьнешніх.

Сьвяты Дух зьяўляецца для Царквы крыніцай еднасьці, паколькі „ў адным Духу мы ўсе ахрышчаныя, каб быць адным целам”. Дзякучы Духу мы пазнаем адны ў адных дзяцей Божых. Некаторыя з нас параднёныя, але ў Царкве ня голас крыві спрычыняе нашае братэрства. Гэтую еднасьць трэба зьберагаць і ставіць па?над розьніцу поглядаў, палітычныя і выбарчыя падзелы. Ніхто не павінен наводзіць страт на еднасьць Царквы дзеля справаў, якія ня тычацца таго, што пералічыў апостал Павал: „Адна надзея, адна вера, адзін хрост, адзін Госпад, адзін Дух, адзін Бог і Айцец усіх”. Акрамя згуртаванасьці і адначасова пашырэньня Дух спрычыняе нешта большае. Ён — крыніца тоеснасьці Царквы, таго, што адрозьнівае Яе ад сьвету. Што разумеем пад паняцьцем „сьвет”? Ён „падданы злу”, не пазнаў і не прыняў Хрыста, а зараз адкідае таксама Яго Царкву. Аб гэтым Ісус папярэджваў кажучы: „Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней зьненавідзіў” (Яан. 15, 18). Гэта ня тычыцца людзей са сьвету, якія зьяўляюцца або могуць стацца нашымі братамі. Атаясамлівацца са сьветам пад выглядам яго прыцягненьня да Хрыста азначае, што нельга больш лічыцца Ягоным сябрам. Быць са сьвету — значыць згубіць сваю тоеснасьць.

У безупынным канфлікце паміж сьветам і вучнямі Сьвяты Дух будзе ўмацоўваць вернікаў як успамін і сьведчаньне аб Хрысьце.

Будзе таксама гарантам вернасьці Царквы Хрысту. Дзякуючы Духу наша змаганьне са сьветам застанецца назаўсёды „справай Хрыста”, значыць, праўды, і не стане ніякай іншай справай.

Дух Сьвяты будзе адвакатам, сьведкам і судзьдзёю ў канфлікце паміж Хрыстом і сьветам. „Калі прыйдзе Суцяшальнік, ён будзе сьведчыць аба Мне... Ён пераканае сьвет аб грэху, аб праўдзе і аб судзе”(Яан. 15-16 разьдз.). Гэтае змаганьне і працэс яшчэ не закончыліся, але суд над сьветам кончыцца, дзякуючы прысутнасьці ў Царкве Сьвятога Духа, перамозе Хрыста. Гэтае перакананьне падбадзёрвае нас выстаяць пры Ім.