Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Пра сьляпога

(Лук.18,35-43)

Евангельскае апавяданьне пра сьляпога зьвяртае ўвагу ня гэтулькі на каштоўнасьць фізычнага зроку, што для ўсіх відавочнае, але на значэньне духоўнага зроку, унутранага прасьвятленьня і пазнаньня праўды, а таксама небясьпекі ўсякага засьляпленьня. Кожнае засьляпленьне — гэта перш за ўсё вынік неўспрыманьня праўды, пра якую ў Сьвятым Пісаньні сказана: „Пазнайце праўду, а праўда вас вызваліць”. Інакш кажучы, яна вызваліць з аковаў засьляпленьня, калі стэрэатыпы, эмоцыі і традыцыі падмяняюць сапраўдны стан рэчаў, калі да чалавека не даходзяць ніякія разумныя аргуманты. Сьвятло зьяўляецца сынонімам пазнаньня і ведаў, гэтак як цемра — несьвядомасьці і непісьменнасьці.

Евангельскі сьляпы, пакуль ня бачыў, бездапаможна тарчаў ля дарогі, але адразу пасьля аздараўленьня пайшоў за Хрыстом.

Існуе адзін асаблівы дакучлівы від сьлепаты. Яна паралізуе чалавека ў яго духоўным разьвіцьці, можа спрычыніць страту веры і ў Бога, і ў чалавека, і ўвогуле ў нейкія высакародныя ідэалы. Бывае, што чалавек ня бачыць вакол сябе нічога акрамя зла, фальшу, брыдоты і дурноты, што сапраўды можна яго спутаць і затрымаць у адным месцы. Ён ня бачыць нічога, што яго мабілізавала-б, падахвочвала-б і падштурхоўвала-б да дзеяньня. Ня бачыць нічога добрага, выразных доказаў Божай апекі, не заўважае відавочных чалавечых цнотаў і каштоўнасьцяў, ні ў кім ня бачыць добрага прыкладу для сябе і таму ён ня ў змозе ісьці шляхам духоўнага прагрэсу.

Аднак будзем шчырыя: можа гэтыя людзі проста бачаць толькі сябе і свой адбітак у люстэрку! Кожны здольны ўбачыць вонкі толькі тое, што мае нейкі эквівалент у ім самім. Нездарма гаворыцца, што „кожны мяркуе паводле сябе”. Калі ў сабе бачыць толькі заўзятыя крыўды і прэтэнзіі, дык вакол сябе прыкмячае толькі прасьледавацеляў. Калі ў ім пасяліліся гнеў, падазронасьць, карысьлівасьць і хцівасьць, дык яму здаецца, што не бывае людзей шчырых, добрых і бескарысьлівых і было-б дурнотай самому быць такім, паколькі іншыя скарыстаюць гэту наіўную слабасьць дзеля сваёй карысьці.

Вось таму трэба ў першую чаргу адкрыць вочы на саміх сябе, уважліва прыглядзецца сваім заганам, якія могуць раздражняць іншых. А яшчэ лепш пашукаць у сябе прынамсі крыху зычлівасьці, дабрыні, паслужлівасьці і спагады, а тады прыкмецім іх таксама ў іншых. Толькі такім чынам можна пераадолець той параліч, які не дазваляе пайсьці за Хрыстом.

Евангельскае апавяданьне пра аздараўленьне сьляпога падкрэсьлівае ня гэтулькі значэньне фізычнага, але і духоўнага зроку.

Найболш памылак дапускаем, калі не глядзім глыбей, у корань і сутнасьць справы, але ацэньваем зьявы і людзей на вока. Аднак зьнешні выгляд і чалавечае ўражаньне вельмі часта памылковыя. Маска ўсьмешкі, ветлівасьці і бездакорных манераў неаднойчы прыкрывае сэрца нікчэмнага чалавека. З другога боку прастата, нясьмеласьць і непрыкметнасьць могуць прысланяць добрага і вартаснага чалавека. Аб гэтым заўсёды трэба памятаць, калі выбіраем свайго будучага прадстаўніка, начальніка, кіраўніка або прэзыдэнта, бо на сваю бяду можна вельмі памыліцца...

Дасканалым прыкладам таго, як Бог глядзіць і ацэньвае чалавека, можа паслужыць старазапаветны выбар караля — пераймальніка Саула. Калі Самуіл зьявіўся ў хаце Ясея Віфлеемляніна, каб зь ліку ягоных сыноў выбраць караля, ён быў перакананы, што ім будзе Еліяў. Аднак Бог сказаў Самуілу: „Не зважай на ягоны выгляд і на вышыню росту, бо Я яго адкінуў. Я гляджу інакш чымсьці чалавек, бо чалавек глядзіць на воблік, а Я — на сэрца” (1 Сам. 16, 7).

Калі ніхто са старэйшых сыноў Ясея ня быў Богам ухвалены, тады паслалі па наймалодшага, які пасьвіў авечак і Бог сказаў Самуілу: „Устань, памаж яго, бо гэта ён”. Такім чынам быў абраны Давід — аўтар цудоўных псальмоў і адзін з найлепшых каралёў.

Евангельскае чытаньне гэтай нядзелі сымбалічна гаворыць пра вызваленьне зь цемры несьвядомасьці і памылковыя чалавечыя імкненьні.