Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Вялікая субота

Мы, людзі, ня проста стварэньне Божае, але Божыя дзеці, улюбёныя, выбраныя, каханыя істоты. Хаця Бог любіць увесь сусьвет, сярод усяго створанага мы займаем выключнае месца, толькі мы маем права называцца Божымі дзяцьмі, паколькі мы створаны на вобраз і падабенства Божае. І дзеля таго, каб гэты вобраз і падабенства мацней у нас замацаваліся, Сам Бог усё больш і больш набліжаўся да людзей і павінен быў аб’яднацца зь імі. Гэта было-б вялікай перамогай любові, вялікай падзеяй для людзей, для ўсяго стварэньня, бо да стварэньня прыходзіць сам Стваральнік. Што можа быць цудоўней за гэта, за гэтую лучнасьць з тымі, хто яшчэ не дасканалы, але прадвызначаны да вялікага?

Аднак усё адбылося інакш! Як гаворыцца ў апостальскім пасланьні —Хрыстос заміж належнай Яму радасьці перанёс пакуты. Ён прыйшоў да людзей і не знайшоў іх такімі, якімі яны былі ў Божай задуме. Вось таму Яго сустрэча з намі, Яго ўцялесьненьне, Ягонае жыцьцё сярод нас сталіся для Яго Крыжам, пакутамі і сьмерцяй.

Ён сутыкнуўся з нашымі заганамі і злом. Таму і сёньня перад намі Крыж і Труна Госпада. Той, хто павінен быў з намі панаваць-царстваваць і радавацца, сёньня забіты нашымі грахамі, нашым злом... Вось таму выключна ў Вялікую суботу заміж урачыстай херувімскай песьні сьпяваецца ў часе Літургіі поўную драматызму песьню „Хай маўчыць кожнае цела чалавечае і хай стаіць з боязьзяй і дрыжаньнем... хай ня думае аб нічым марным, бо Цар Цароў і валадар пануючых прыносіць Сябе ў ахвяру, аддаючы Сябе для спажываньня вернікам”.

Аднак гэтая сьмерць не канчатковая, таму што перад намі Госпад, Які чакае сваёй пары! Ён памёр, як усе астатнія людзі, як мільёны людзей, быў пахаваны і камень прыкрыў магілу.

Аднак мы чакаем і не дарэмна спадзяемся, што Божая праўда, моц Божая ня могуць быць пераможаны чалавечым злом. І тады ўсклікаем і мы за словамі псальму: „Уваскрэсьні Божа, судзі зямлю, якую Ты атрымаеш у спадчыну сярод усіх народаў”. Госпад устае, каб нас падняць, перамагае сьмерць, каб сьмерць больш над намі не панавала...