Сёлета мы ізноў разьвітваемся са Старым і сустракаем Новы год.
Сьвяткаваньне Новага году мае доўгую гісторыю, але сэнс сьвята захоўваецца праз стагодзьдзі. Ужо 165 гадоў перад Раством Хрыстовым Юда Макавей устанавіў сьвяткаваньне Новага году пад назовам „сьвята аднаўленьня”. На працягу васьмі дзён яўрэі не працавалі, упрыгожвалі хаты і вечарамі запальвалі мноства лямпаў, ад чаго старажытны яўрэйскі гісторык Язэп Флявій назваў яго „сьвятам агнёў”. „Наступіла сьвята аднаўленьня і была зіма”, — пісаў евангеліст Яан. На самай справе была зіма ў пераносным і ў сапраўдным сэнсе, бо навагоднія агні і фэервэркі не былі ў стане сагрэць чалавечае сэрца, ні тым болей абнавіць яго.
Традыцыйна, разьвітваючыся са Старым і сустракаючы Новы год зь сям’ёю або зь сябрамі, выпадала-б пабыць крыху сам-насам са сваім сумленьнем, падсумаваць мінулае і скласьці нейкі плян на будучыню. Калі канчаецца чарговы этап у жыцьці і мы адчыняем дзьверы ў Няведамае, неабходна прааналізаваць свае ўчынкі і намеры ў сьвятле прамінаньня, мацней асэнсаваць сваю лучнасьць зь Вечнасьцяй. Якраз на парозе Новага году варта застанавіцца над тым, як абнавіць сваё жыцьцё, каб наступны год пражыць больш разумна і плённа. Чарговы адрэзак часу сам па сабе ня можа прынесьці нечага новага і лепшага, калі чалавек не спрабуе стрэсьці зь сябе старое і аджытае. Калі чалавек сустракае Новы год правяраючы мінулае і жадаючы ўнутранага абнаўленьня, гэта добрае жаданьне.
Аглядаючыся назад усе мы бачым, што ёсьць у чым каяцца і, адначасова, за што дзякаваць Богу. Колькі рэчаў мы занядбалі з прычыны бездапаможнасьці, ляноты або злой волі, колькі разоў паступілі неразумна, маладушна і нягодна. Адначасова, неаднойчы маючы магчымасьць зрабіць дабро, пайшлі мы за голасам уяўнага дабра і самалюбнага сэрца. Рупячыся ў першую чаргу пра „хлеб свой надзённы” жылі і паводзілі мы сябе так, як быццам бы сонца мела ніколі не зайсьці. Вось таму ў навагоднім малебне Царква заклікае маліцца, „каб не палічаны нам былі незьлічоныя беззаконьні і не адплачана нам было паводле злых дзеяньняў, але каб дараваны былі грахі нашы сьведамыя і нясьведамыя”.
Напэўна ёсьць у нас за што дзякаваць Богу! Несумненна, Бог сапраўды бласлаўляў усё, што карыснае і высакароднае, дароўваў неабходнае для нашага канчатковага дабра, якога часта мы самі не ўсьведамляем. Бог пакідае за сабою права ўжыць найбольш адпаведныя сродкі ў найбольш адпаведны час. Хаця ня ўсё ў прыватным і працоўным жыцьці адбылося гэтак, як нам хацелася-б, але-ж магло быць і горш. Бясконца зайздросьцячы суседу, што ў яго нават трава больш зялёная, варта ўсьведаміць сабе, што заўсёды будзе нехта здаравейшы, шчасьліўшы, багацейшы за нас, а з другога боку трэба бачыць, колькі вакол нас людзей яшчэ больш хворых, няшчасных і бедных. Не падлягае сумневу, што яшчэ адзін этап жыцьця, званы умоўна годам, мы атрымоўваем як падарунак. Аб гэтым гаворыцца ў прытчы пра смакоўніцу. Яна чарговы год не дала пладоў і належала яе сьсячы, аднак гаспадар кажа: „Пачакай яшчэ год, пакуль акапаю яе і абкладу ўгнаеньнем. Хто ведае, можа тады прынясе плады?” Гэта сапраўдны падарунак, якога маглі мы не атрымаць, бо мінулы год для многіх быў апошнім, а нам, бы евангельскай смакоўніцы, дадзена толькі адтэрмінаваньне непазьбежнага прысуду. Ня ўсё разумеючы з таго, што здарылася і тым болей ня ведаючы, што здарыцца, зь верай і надзеяй трэба даручыць сваю будучыню Богу. Некалі кароль Вялікабрытаніі сказаў: „Папрасіў я вартавога, які стаяў ля дзьвярэй Новага году: дай мне сьвятло, каб упэўнена і бясьпечна ўступіць мне ў Невядомае, а той адказаў: улажы руку тваю ў руку Божую і гэта будзе лепшае за сьвятло і больш надзейнае за зьведаны шлях”.
У адной старой казцы спыталіся нейкага мудраца: „Які найважнейшы час у жыцьці? Хто для нас павінен быць найважнейшым чалавекам? Які паступак трэба зьдзейсьніць перш за усё?” І адказ быў учынак: „Найважнейшы час у жыцьці — гэта цяперашні момант, бо мінулае ўжо адышло, а будучае яшчэ не наступіла. Найважнейшым чалавекам павінен быць для цябе той, які зараз побач з табою і якому ты можаш зрабіць дабро або зло. Найважнейшы ўчынак — у гэты момант гэтаму канкрэтнаму чалавеку даць усё, што ты можаш даць”.
Уступім у Новы год з адказнасьцяй, натхненьнем і рашучым намерам адмовіцца ад дрэннага і працягваць добрае ва ўсім, што даручана нам і да чаго мы пакліканы. Усім нам трэба і далей працаваць дзеля будучыні без высакамоўных лёзунгаў і радаснай статыстыкі, са штодзённай, ананімнай сумленнасьцяй. Хай ня будзе нават велічных посьпехаў у ажыцьцяўленьні велічных ідэяў, але проста нармальнасьць ва ўсіх сфэрах жыцьця.
Уступім у Новы год зь дзіцячай верай і надзеяй, якія перавышаюць усякі розум і якія зь непахіснай упэўненасьцяй дазваляюць сказаць: „Хай будзе воля Твая, як у Небе, гэтак і на Зямлі”.