Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Чацьвёртая нядзеля Вялікага Посту

(Марк. 9, 17-31)

„О, род няверны! Дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да мяне”. З такім дакорам аднойчы Хрыстос зьвярнуўся да сваіх вучняў. Бацька апантанага хлопца прасіў апосталаў аздаравіць яго, але тыя ня здолелі зрабіць гэтага. На словы зьняверанага бацькі: „Калі можаш, дапамажы нам”, Ісус адказаў: „Усё магчымае для таго, хто верыць” і на вачах усіх прысутных аздаравіў юнака, выгнаўшы зь яго нячыстага духа. На пытаньне зьбянтэжаных вучняў, чаму яны не маглі аздаравіць хлопца, Настаўнік заявіў ім, што пасьпяхова змагацца з сатанінскімі сіламі можна толькі будучы самому ўмацаваным шляхам посту і малітвы. Інакш кажучы, толькі праз чыстых сэрцам дзейнічае Божая моц!

У апісаньні гэтага цуду па?за ўвагай застаецца адна падрабязнасьць. Перш чым аздаравіць юнака, Хрыстос сказаў ягонаму бацьку звычайнае, добразычлівае зацікаўленьне. Ён уступае зь ім у гутарку, распытвае як даўно сын хварэе, уважліва слухае бацьку, разбуджаючы ў ім веру, і толькі тады прыступае да дзеяньня. Ці-ж ня гэтага якраз не хапае ў нашых паслугах бліжнім? Праўда, мы без супраціву дастаем кашалёк, даем тое, чаго просяць, пазычаем і абяцаем падтрымку, але пад умовай, што нас ня нудзяць і не забіраюць часу. Нам ня хочацца выслухоўваць скаргаў і нараканьняў, нішто нас ня толькі што не цікавіць, але раздражняе. Такім чынам, не зважаючы на добры ўчынак, сэрца застаецца закрытае перад гэтымі людзьмі: адкрыцьцё сэрца аказваецца цяжэйшым за адкрыцьцё кашалька....

У Вялікі Пост Праваслаўная Царква экспануе найбольш павучальныя прыклады людзей, якія глыбока ўзялі да сэрца Хрыстовы заклік да посту і малітвы як сродка ўнутранага ачышчэньня. Адным з такіх людзей быў сьв. Яан Лесьвічнік, памяць якога Царква ўшаноўвае якраз у гэтую нядзелю. Яан жыў напрыканцы 5-га і ў пачатку 6-га стагодзьдзяў. Ідучы за прыкладам тагачасных аскетаў, ён сорак гадоў правёў у адзіноце, праслыўшы сьвятасьцю і розумам. Яан пакінуў пасьля сябе ўнікальны твор „Райская драбіна”, у якім на падставе роздумаў і дасьведчанасьці сваёй ды іншых аскетаў прадставіў 33 ступені духоўнага росту. Яан цьвердзіў, што гэта працяглы працэс. Паступова пераадольваючы ў сабе чарговыя заганы, чалавек як быццам па драбіне падымаецца ўверх. Ён па чарзе ўтаймоўвае схільнасьці, напрыклад, да абжорства, эгаізму, ляноты, вучыцца паўстрымоўваць язык, кантраляваць думкі, адначасова працуе, посьціцца і моліцца. Урэшце дасягае душэўны спакой і ўнутранае суладзьдзе блізкае анёльскаму стану. Гэты стан, на думку Яана Лесьвічніка, зьяўляецца найвышэйшай каштоўнасьцяй і сапраўднай мэтай чалавечага жыцьця. Яан памёр у 563 годзе на васьмідзесятым годзе жыцьця і Царква лічыць ягоны прыклад павучальным і годным перайманьня.

Сучаснаму чалавеку цяжка вытлумачыць сэнс некаторых формаў аскетызму: адзіноцтва, маўчаньня, галадоўкі, таго, што нехта ня спаў начамі або круглы год кленчыў. Шмат хто іранічна скажа: „Няўжо Богу патрэбны такія дзівацтвы?” Несумненна — гэты пакутлівы, непрывабны шлях для сучаснага чалавека амаль непрымальны. Выдатны тэоляг, а. Сяргей Булгакаў называў яго „эсхаталагічным максымалізмам”. З другога боку, няўжо факт, што ня ўсе мы здольны на гэткі спосаб жыцьця, перакрэсьлівае яго вартасьць або сэнс? Правілаў дарожнага руху таксама ня ўсе прытрымоўваюцца, аднак ніхто ня кажа, што яны цалкам непатрэбны.

У жыцьці трэба, каб былі ідэалы, вяршыні якіх чалавек прынамсі намагаецца дасягнуць, бо-ж не гонар апынуцца на нізіне. Царква паказвае мэты, адклікаючыся да чалавечай амбіцыі, заахвочвае да гэтага высакароднага спаборніцтва. Задаволіцца тым, што чалавек слабы — невыхаваўча. Які чалавек — добра вядома, але вядома таксама, які ён можа быць.

Трэба выразна адзначыць, што, мабыць, Богу ўсялякі аскетызм і непатрэбны, але людзям — так. У 6-м стагодзьдзі сумненьні адносна мэтазгоднасьці ўсялякага самаабмежаваньня таксама маглі ўзьнікаць. Як ні дзіўна, але тады грамадзтва жыло падобнымі як і сёньня клопатамі, мела падобныя заганы і схільнасьці. Сьвятасьць адзінак была патрэбна для процівагі разбэшчанасьці нораваў, каб скрануць сумленьні і паказаць іншы спосаб жыцьця.

Людзі могуць сьмяяцца або зьняважліва ставіцца да тых, хто хоча пражыць жыцьцё найлепш як умее. Духоўныя каштоўнасьці ніколі не былі ў модзе, але хто ведае, ці не дзякуючы гэтым непрактычным дзівакам сьвет не ўпаткаў яшчэ лёс Садома і Гаморы. Магчыма, што дзякуючы малітвам, хадайніцтву і выхаваўчаму прыкладу адзінак, людзі — нават жывучы паводле духу часу — прынамсі ведаюць, што павінны жыць інакш... Да такіх разважаньняў схіляе і прыклад Яана Лесьвічніка.