Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Мясапусная нядзеля

(Мацьв. 25, 31-46)

У 25-м разьдзеле Евангельля паводле Мацьвея гаворыцца пра суд над чалавецтвам і канец сьвету. „Калі-ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй... і зьбяруцца перад ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авец ад казлоў... Тады скажа тым, што направа: прыйдзіце блаславёныя Айца Майго, насьледуйце Царства прыгатаванае вам ад стварэньня сьвету, бо Я хацеў есьці і вы накармілі Мяне, быў сасмаглы і вы напаілі Мяне, быў у дарозе і вы прынялі Мяне, быў голы і вы адзелі Мяне”. Адначасова тым, якія гэтага не зрабілі, заявіць: „Ідзіце праклятыя ў вагонь вечны, прыгатаваны д’яблу і слугам ягоным”. Адказваючы на пытаньне, калі-ж асуджаныя не паслужылі Яму, Хрыстос патлумачыў, што калі чагосьці яны не зрабілі сваім бліжнім, дык усё роўна што не зрабілі Яму.

Яркая карціна Страшнага Суду ў шмат каго можа выклікаць недавер і сумненьні, паказацца цалкам непраўдападобнай. Скептык падумае: як могуць устаць 70 мільярдаў памерлых, якія жылі за ўсю гісторыю чалавецтва? На гэтае пытаньне розум не знаходзіць адказу, але для верніка адказ вельмі просты: у прыродзе нічога ня гіне. Калі існуе Бог і несьмяротная душа, Бог можа з попелу ўваскрэсіць чалавека гэтаксама, як яго стварыў. Акрамя таго ў чалавечай сьвядомасьці глыбока ўкаранілася паняцьце справядлівасьці, што раней ці пазьней зло мусіць быць пакаранае, а дабро — узнагароджанае. Вось таму, што ў зямным жыцьці ўсё бывае наадварот, у Сьвятым Пісаньні запэўніваецца, што „ўсім нам трэба будзе зьявіцца перад Судом Хрыстовым, каб кожны атрымаў за тое, што зрабіў будучы ў целе: добрае або дрэннае” (2 Кар. 5, 10).

Неба і пекла могуць быць проста вобразным паняцьцем, але нейкае пакараньне і ўзнагарода мусяць быць прынамсі ў будучым жыцьці...

Аповед пра Страшны Суд — добрая нагода для роздуму над канчатковымі справамі, гэта значыць, незваротнымі і крайнімі, якія здараюцца толькі раз, але іх дзеяньне вечнае. Да іх належаць сьмерць, суд, неба або пекла. „Пастаноўлена раз людзям памерці, а потым суд”, — адзначае апостал Павал (Яўр. 9, 27). У свой час Апошні Суд, званы таксама Страшным, быў рэчаіснасьцяй, якую хрысьціяне поўнасьцю усьведамлялі. Гэтае перакананьне замацаванае ў Нікейскім Сымбалі Веры, дзе гаворыцца: „Веру ў Хрыста... Які мае зноў прыйсьці судзіць жывых і памерлых; Ягонаму-жа валадарству ня будзе канца”. У часе кожных паховін выконваліся суровыя, але ўзьнёслыя словы гімну „Dies irae”. Карціны Страшнага Суду, падобныя на твор Мікелянджэля ў Сыксцінскай капліцы, пакрывалі сьцены мноства храмаў. Гэта было маўклівае, пастаяннае нагадваньне пра гатоўнасьць здаць справаздачу з жыцьця, указаньне на канчатковыя справы, на вечнасьць. Людзі ня толькі заўсёды верылі ў рэальнасьць Другога Прыходу Хрыста, але нават намячалі тэрміны. Гэтак было з адвэнтыстамі ў Амэрыцы ў палове мінулага стагодзьдзя. Заснавальнік сэкты ільінцаў на Беласточчыне Ілья Клімовіч таксама прадказваў хуткі канец сьвету. Некалькі гадоў таму на Украіне рыхтавацца да канца сьвету заклікала Белае Брацтва Марыі Цвігун. Усе яны павінны былі перш за усё прыгадаць ясныя словы Хрыста. Спыняючы ўсякія здагадкі Ён выразна сказаў: „Аб дні тым і гадзіне ніхто ня ведае, нават анёлы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін” (Мацьв. 24, 36).

Перад думкай пра Суд звычайна баронімся гэтак, як перад думкай аб сьмерці. Жывём з наіўнай бестурботнасьцяй нясьведамыя таго, што чакае нас. Сапраўды, толькі наіўны чалавек можа думаць, што элімінаваў сьмерць або Суд толькі таму, што перастаў думаць пра іх. Калі-б, напрыклад, у наступным тыдні мела вырашыцца ці будзем жыць у сваёй хаце ці не, як мы да гэтага рыхтаваліся-б, колькі было-б хваляваньня і эмоцыяў. Калі аднак пастанова, ад якой будзе залежаць жыцьцё вечнае, не трывожыць нас, дык, значыць, не ўсьведамляем сабе значэньня такіх паняцьцяў як: вечнасьць, заўсёды, ніколі.

У апісаньні Страшнага Суду варта зьвярнуць увагу на крытэрый, паводле якога людзі будуць суджаны. На сьвеце існуе мноства цэркваў і кожная сябе лічыць адзінай правільнай. Кожная таксама кліча да сябе і перасьцерагае перад іншай. Зьявілася мноства догматаў, абрадаў і правілаў, але ў Евангельлі, якое чытаюць усе хрысьціяне, Хрыстос прадставіў галоўны крытэрый збаўленьня аўтарытэтна і ясна. Хрыстос патрабуе ад нас накарміць галоднага, напаіць сасмаглага, прыняць вандроўца, адзець голага, наведаць хворага і вязьня — гэта значыць, выявіць рэальную, дзейную любоў...

Можна паспрабаваць зрабіць яшчэ больш добрага, але варта пачаць прынамсі з гэтага...