Пазнай сваё

Бандарук Канстанцін


Другая частка

Паняцьце аб цыклях багаслужбаў

Азнаямленьне са зьместам багаслужбаў дазваляе заўважыць, што некаторыя малітвы паўтараюцца за кожнай багаслужбай, а іншыя можна пачуць толькі ў часе некаторых зь іх. Адсюль вынікае, што некаторыя малітвы пастаянныя, а іншыя зьмяняюцца. Акрамя таго можна заўважыць, што некаторыя песьні і малітвы гучаць заўсёды ў канкрэтны дзень тыдня, а іншыя заўсёды ў той-жа дзень году. Паколькі ўсе малітвы паўтараюцца: адны — штодзень, іншыя — штотыдзень, а яшчэ іншыя — штогод, дык залічаюць іх да трох цыкляў: сутачнага, тыднёвага і гадавога. Асноўным цыклем зьяўляецца сутачны, а ўсе астатнія лічацца дадатковымі. Да малітваў, якія зьмяняюцца залічаюцца трапары, кандакі, велічаньні, сьціхіры, дагматыкі, акафісты, антыфоны, пракімны і каноны. Да пастаянных частак багаслужбы належаць пачатак (начало), екцяніі, возгласы і одпусты.

Пастаянныя часткі багаслужбаў

Каб лепш зразумець парадак і сэнс багаслужбаў, трэба сьпярша лепш азнаёміцца з тымі часткамі, якія паўтараюцца за кожнай багаслужбай.

а) Пачатак

Кожная багаслужба пачынаецца воклічам сьвятара, заклікам усхваліць Бога. Такіх воклічаў тры: „Бласлаўлёны Бог наш цяпер і ўвесь час і на векі вякоў”, „Слава Сьвятой, Аднаістотнай і Жыцьцятворнай і Неразьдзельнай Тройцы....” і „Бласлаўлёнае Валадарства Айца і Сына і Сьвятога Духа цяпер і ўвесь час і на векі вякоў”. Пасьля гэтага псаломшчык або хор адказваюць „Амін” і чытаецца „Слава Табе, Божа наш, слава Табе”, „Цару нябесны”, „Сьвяты Божа”, „Прасьвятая Тройца”, „Госпадзе памілуй” (тройчы), „Слава Айцу і Сыну і Сьвятому Духу”, „Ойча наш”, „Прыйдзіце паклонімся Цару нашаму Богу...”.

б) Екцяніі

У іх зьмешчаны просьбы, якія тычацца асноўных патрэбаў і турботаў вернікаў. У адрозьненьні ад іншых малітваў — у екцяніях гаворыцца пераважна аб зямных справах і жывых людзях. Екцяніі дзеляцца наступным чынам.

— Вялікая — званая таксама мірнай. Яна пачынаецца ад слоў „У супакоі Госпаду памолімся”. У ёй вернікі просяць за спакой усяго сьвету, за збаўленьне душаў, за мір, дабрабыт, спрыяльнае надвор’е, здароўе, хадайнічаюць за тых, хто падарожнічае, хто пакутуе, хварэе або знаходзіцца ў зьняволеньні. Вялікая екцянія канчаецца ўзгаданьнем Прасьвятой Дзевы Марыі ды ўсіх сьвятых, заклікам, каб усе вернікі даручылі Госпаду Богу сябе, адны адных і ўсё сваё жыцьцё, і заключным воклічам сьвятара.

— Узмоцненая (царк.-слав.: сугубая) екцянія характарызуецца тым, што пасьля кожнай просьбы хор тройчы адказвае „Госпадзе, памілуй”. Яна пачынаецца словамі „Мовім усе ад усяе душы” („Рцэм всі от всея душы і от всего помышленія нашэго рцэм”).

— Благальная (царк.-слав.: просітельная) екцянія бярэ свой назоў ад слоў „У Госпада просім” і „Падай, Госпадзе”, якімі адказваюць на кожную просьбу.

— Малая екцянія складаецца толькі з трох просьбаў, якія гучаць таксама і ў вялікай екцяніі. Гэта: „Зноў і зноў у супакоі Госпаду памолімся”, „ Заступі, збаў, памілуй” і „Прасьвятую, прачыстаю, слаўную Багародзіцу”.

в) Вокліч

Заканчэньне екцяніі, якое голасна (хаця здараецца, што і ціха, як быццам для сябе) выказвае сьвятар або дыякан. У воклічах (царк.-слав.: возглас) паясьняецца, чаму молячыся Богу спадзяемся атрымаць тое, што просім і чаму ўвогуле асьмельваемся зьвяртацца да Бога з нашымі просьбамі і падзякай, напрыклад: „Бо Ты добры і любіцель людзей — Бог наш і Табе славу ўзносім”.

— Одпуст — г.зн. адушчэньне, вызваленьне і азначае, што ўдзельнікі багаслужбы могуць ужо пакінуць храм. Парадак одпусту наступны: сьвятар заяўляе „Прамудрасьць” і „Прасьвятая Багародзіца, збаў нас”. Хор адказвае.

Багаслужбы сутачнага цыклю

Штодзённы цыкль складаецца з наступных багаслужбаў:

— дзевятай гадзіны,

— вячэрні,

— павячэр’я,

— паўночніцы,

— утрані,

— першай гадзіны,

— трэцяй гадзіны,

— шостай гадзіны,

— і Сьвятой Літургіі.

Сутачны цыкль пачынаецца вечарам згодна старазапаветнай традыцыі, паводле якой суткі пачынаюцца разам з захадам сонца. Вечар быў таксама пачаткам стварэньня сьвету і зьлічэньня часу. Назвы багаслужбаў сутачнага цыклю ўказваюць на пару дня, у якую яны павінны служыцца. І так назоў вячэрня сам за сябе гаворыць, што гэтая багаслужба адпраўляецца вечарам, павячэр’е — пасьля вячэрні, паўночніца — апоўначы, а ўтраня — раніцай. Паводле нашага часу багаслужба першай гадзіны адпавядае нашай восьмай гадзіне раніцы, трэцяя гадзіна — нашай дзесятай, шостая — нашай трынаццатай і дзевятая — шаснаццатай па палудні. Сьвятая Літургія, якая зьяўляецца зьвянчэньнем усіх астатніх багаслужбаў, адпраўляецца на заканчэньне ўсяго цыклю. Звычай адзначэньня малітвай важнейшых падзеяў з жыцьця Хрыста і гісторыі хрысьціянскай Царквы зьявіўся ужо ў 1-м стагодзьдзі. Паўплывала на гэта таксама старазапаветная традыцыя, згодна якой яўрэі тройчы ў дзень маліліся і прыносілі ахвяры (Пс. 54, 18; Дан. 6, 10). Старазапаветны ўплыў асабліва бачны ў выпадку гадзінаў.

Ужо ў апостальскія часы першыя хрысьціяне адзначалі малітвай трэцюю, шостую і дзевятую гадзіны. Акрамя таго зьбіраліся на малітву на раніцы, пры захадзе сонца і ўначы.

У часе прасьледу сумесную малітву абмяжоўвалі толькі да двух разоў у тыдзень: раніцай і ўвечары ў нядзелю.

Зь ліку ўсіх багаслужбаў сутачнага цыклю асаблівую ўвагу зьвернем на тры галоўныя, тыя, якія адпраўляюцца найчасьцей і зь якімі вернікі найчасьцей сутыкаюцца. Гэта вячэрня, утраня і Сьвятая Літургія.

а) Вячэрня

Згодна традыцыі — стварэньне сьвету і пачатак зьлічэньня часу пачаліся вечарам. „І так мінуў вечар і раніца — дзень першы”, — чытаем у 1-й Кнізе Сьвятога Пісаньня. Сьвятар апрануты ў епітрахіль і фелонь адцягвае занавесу на царскіх дзьвярах, званую катапітасмай, выходзіць на салею перад імі і пачынае вячэрню словамі: „Бласлаўлёны Бог наш цяпер і заўсёды і на векі вякоў”. Псаломшчык чытае пачатковыя малітвы і пасьля „Ойча наш” пераходзіць да 103-га псальму. У ім гаворыцца пра стварэньне сьвету і аб прыгажосьці неба, зямлі, жывёлаў і людзей. У часе чытаньня гэтага цудоўнага псальму сьвятар, стоячы перад царскімі дзьвярыма, ціха чытае са службоўніка адмысловыя малітвы. Гэтым самым ён сымбалізуе Адама, які пасьля выгнаньня з раю з пакорай стаіць ля ўваходу ў яго. Пасьля псальму сьвятар або дыякан чытаюць вялікую екцянію і затым хор або псаломшчык сьпяваюць „Госпадзе, я заклікаў Цябе, пачуй мяне” (царк.-слав.: „Господі, воззвах к Тебе, услышы мя”). У гэтым тэксьце яшчэ мацней выказана пакора і раскаяньне нашых прабацькоў.

У далейшых малітвах, званых сьціхірамі, гучаць суцяшальныя словы, што малітва людзей выслухана, а ахвяра — прынята. Вызваленьне ад грэху магчымае толькі празь веру ў Ісуса Хрыста і выкананьне ў жыцьці Ягоных запаветаў. Сьціхіры, якія, гэтак як і „Господі, воззвах”, сьпяваюцца на восем мэлёдыяў і канчаюцца малітвай у гонар Божай Маці. У часе іх выконваньня сьвятар абкаджвае алтар, іканастас і ўвесь храм. Затым хор сьпявае „Сьвятло ціхае” (царк.-слав.: „Свете тіхій”), дзе Хрыстос параўноўваецца да сьвятла, якое асьвятляе цемру духоўнай ночы і прыводзіць да пазнаньня Божай праўды. У часе гэтага гімну сьвятар зноў выходзіць перад царскія дзьверы і чытае пракімен дня, выбраны фрагмэнт псальму, прадбачаны на кожны дзень тыдня. Псаломшчык чытае малітву „Сподобі, Господі”, што значыць „Дазволь, Госпадзе, вечар гэты бяз грэху прабыць нам”. Затым сьвятар чытае благальную екцянію, у якой просіць спакойнага вечару, дараваньня грахоў і годнай сьмерці. Пасьля екцяніі наступаюць, выконваныя таксама на восем мэлёдыяў, сьціхіры на сьціхоўне, у якіх усхваляюцца збаўчыя заслугі Хрыста і дабрадзейнасьці сьвятых. За сьціхірамі чытаецца малітва сьв. Сімяона „Ныне отпушчаешы” („Зараз адпускаеш”), затым сьвятар чытае ўзмоцненую екцянію і на заканчэньне чытаецца одпуст.

Згодна „Тыпікону” існуюць тры віды вячэрні — малая, будзённая і вялікая.

б) Утраня

Гэтая багаслужба была вядомая ўжо ў глыбокай старажытнасьці. Яе парадак паступова зьмяняўся і набываў адметныя рысы ў практыцы паасобных манастыроў.

Сьвятар, адзеты ў епітрахіль і фелонь, пачынае ўтраню воклічам „Бласлаўлёны Бог наш”, пасьля чаго ў часе чытаньня 19-га і 20-га псальму кадзіць алтар, іканастас і ўвесь храм. Затым ён чытае скарочаную сугубую екцянію і, робячы кадзільніцай знак крыжа, выказвае словы „Слава Сьвятой, Аднаістотнай і Жыцьцятворнай і Неразьдзельнай Тройцы”. Пасьля гэтага воклічу наступае анёльская песьня „Слава ў вышынях Богу” і псаломшчык пачынае чытаньне шасьці выбраных псальмоў: 3-га, 37-га, 62-га, 87-га, 102-га і 142-га, у якіх гаворыцца пра небясьпеку і варожасьць, зь якімі сутыкнуўся Давід. Парок Давід увасабляе самога Збавіцеля, а яго перажываньні зьяўляюцца правобразам будучых пакутаў Ісуса Хрыста. У часе чытаньня псальмоў сьвятар стаіць перад царскімі дзьвярыма і ціха чытае адзінаццаць ранішніх малітваў. Ён просіць у іх дараваньня грахоў, дару веры, надзеі і любові, блаславенства і збаўленьня для ўсіх прысутных у храме і ўсіх праваслаўных людзей. Пасьля шасьці псальмоў сьвятар чытае вялікую екцянію і „Бог Госпад ды зьявіся нам”. Словы гэтай песьні гавораць пра зямное жыцьцё Хрыста ад нараджэньня па Ягоны ўезд у Ерусалім незадоўга да Ягонай сьмерці. Паколькі Хрыстос праводзіў сваю публічную дзейнасьць на працягу трох з паловай году, дык і гэтая песьня выконваецца тры-чатыры разы . Затым на тую-ж мэлёдыю сьпяваюцца кафізмы, у часе якіх вернікам дазваляецца сядзець, і псаломшчык чытае 50-ты псальм „Зьмілуйся нада мною Божа”.

Другая частка ўтрані пачынаецца канонам, які складаецца зь дзевяці песьняў. Пасьля 3-й, 6-й і 9-й песьні сьвятар чытае малыя екцяніі, пасьля 3-й чытаецца седален (назоў паходзіць ад таго, што ў гэты час дазвалялася сядзець), пасьля 6-й — кандак ды ікас, а ў часе 8-й песьні сьвятар кадзіць алтар ды іканастас і, затрымаўшыся на салеі перад іконай Божай Маці, выказвае словы: „Багародзіцу і Маці Сьвятла ў песьнях усхвалім”, у адказ на якія хор сьпявае выбраныя фрагмэнты зь 1-га разьдзелу Евангельля паводле Лукі, якія пачынаюцца словамі Божай Маці: „Славіць душа мая Госпада” („Велічіт душа моя Господа і возрадовахося дух мой о Бозе Спасе моем”). У тым часе сьвятар працягвае каджэньне — гэтым разам усяго храму.

Напярэдадні 12-ці вялікіх сьвятаў, Абразаньня Гасподняга і Трох Сьвяціцеляў, пасьля 8-й песьні заміж згаданых слоў у гонар Багародзіцы выконваюцца спецыяльныя прысьпевы разам зь ірамасам 9-й песьні канону. Пасьля 9-й песьні і малой екцяніі чытаецца або сьпяваецца экзапастыларый (калі субота) або сьвяцілен (калі багаслужба адбываецца ў любы іншы дзень). Экзапастыларый — гэта песьня, якая свой назоў атрымала ад грэцкага слова „пасылаю”. У ім гаворыцца пра абяцаньне паслаць Сьвятога Духа. Сьвяцілен — гэта гімн, у якім зьмяшчаецца просьба аб асьвячэньні Богам чалавека.

Трэцяя частка ўтрані пачынаецца сьпевам урыўкаў 148-га, 149-га і 150-га псальмоў, якія пачынаюцца ад слоў „Усякі дух няхай хваліць Госпада” („Всякое дыханіе да хваліт Господа”). Затым сьпяваюцца сьціхіры нядзельныя або ў гонар сьвятых, пасьля чаго псаломшчык чытае (а напярэдадні нядзелі або сьвята сьпявае) вялікае славаслоўе, перад якім сьвятар выказвае словы: „Слава табе, які паказаў нам сьвятло” („Слава тебе, показавшэму нам сьвет”). Гэтыя словы ссылаюцца на тое, што ўтраня, спалучаная зь вячэрняй як усяночная багаслужба, працягвалася неаднойчы да сьвітаньня. Узьняўшы рукі ўверх сьвятар ад імя ўсіх вернікаў дзякуе Богу за новы дзень. Бачнае сонечнае сьвятло сымбалізуе вернікам сьвятло пазнаньня Бога, прынесенае Ісусам Хрыстом. Таму пераходзячы ў думках ад дзённага сьвятла да сьвятла духоўнага вернікі адказваюць словамі „Слава на вышынях Богу”. Вялікае славаслоўе канчаецца словамі „Сьвяты Божа”, пасьля якіх выконваюцца трапары. Затым сьвятар чытае дзьве екцяніі: благальную і ўзмоцненую (сугубую) і ўтраня канчаецца одпустам.

в) Усяночная

Царкоўнаславянскі назоў гэтай багаслужбы — Всеношчное Бденіе — выразна гаворыць пра тое, што некалі яна працягвалася ўсю ноч. Інакш кажучы, вернікі ўсю ноч былі пільнымі, ня спалі, але маліліся. Гэтая багаслужба адносна добра вядомая, паколькі адпраўляецца напярэдадні ўсіх нядзеляў і сьвятаў, калі вернікі найчасьцей наведваюць царкву. Вось таму побач са Сьвятой Літургіяй варта дакладней азнаёміцца з гэтай багаслужбай.

Усяночная складаецца зь вялікай вячэрні, утрані і 1-й гадзіны. Хаця ў ейны склад уваходзяць вышэйзгаданыя вячэрня і утраня, аднак Усяночная — вельмі ўрачыстая багаслужба, з большай колькасьцяй сьпеваў, абрадаў і дзеяньняў.

Багаслужба пачынаецца адкрыцьцём царскіх дзьвярэй, абкаджэньнем сьвятога прастола і алтара ды воклічам „Слава Сьвятой, Аднаістотнай і Жыцьцятворнай, і Неразьдзельнай Тройцы”. Хор адказвае „Амін” і пасьля гэтага сьвятар тройчы заклікае вернікаў: „Прыйдзіце, паклонімся Цару нашаму, Богу”. Затым хор сьпявае 103-ці пасальм — той-жа, які чытаецца ў часе будзённай вячэрні. У гэтым часе сьвятар кадзіць іканастас, вернікаў і ўвесь храм. Каджэньне сымбалізуе дыханьне Сьвятога Духа, які ўздымаўся над водамі (Быцьцё. 1, 2). Урачысты пачатак Усяночнай багаслужбы ўзгадвае стварэньне сьвету і райскую бязгрэшнасьць ды шчасьце нашых прабацькоў. Гэты стан быў — на жаль —кароткатрывалы.

Падзеньне і грэх спрычынілі выгнаньне з раю і з таго часу жыцьцё Адама ды Евы праходзіла ў сьлязах і раскаяньні. Закрыцьцё царскіх дзьвярэй сымбалізуе немагчымасьць вяртаньня прабацькоў у рай. Пасьля 103-га псальму сьвятар чытае вялікую екцянію. Пасьля воклічу хор сьпявае выбраныя фрагмэнты з 1-га, 2-га і 3-га псальмоў, у якіх гаворыцца пра раскаяньне грэшнікаў ды іхнае спадзяваньне на Божую міласэрнасьць. „Шчасьлівы чалавек, які не ідзе за парадай злачынных” — гэтыя словы падкрэсьліваюць, што збаўленьне і блаславенства становяцца здабыткам тых, якія ў адрозьненьні ад Адама і Евы выконваюць Божыя запаветы і не ідуць за прыкладам бязбожных і распусных людзей. Затым наступае малая екцянія, вокліч і хор пачынае сьпяваць „Господі, воззвах” — гэта значыць: „Госпадзе, я заклікаў Цябе” — і сьціхіры, зь якіх апошняя, званая дагматыкам, зьмяшчае вучэньне аб Уцялесьненьні Божага Сына праз Божую Маці, а таксама пра спалучэньне ў Хрысьце двух натураў: Боскай і чалавечай. У часе сьпяваньня „Господі, воззвах” сьвятар абкаджвае алтар, іканастас і вернікаў. У тым часе, калі хор сьпявае дагматык, адкрываюцца закрытыя пасьля 103-га псальму царскія дзьверы, што сымбалізуе адкрыты ўваход у Царства Нябеснае разам з прыходам Божага Сына на Зямлю. Сьвятар абыходзіць прастол, праходзіць праз паўночныя дыяканскія дзьверы, становіцца ў адкрытх царскіх дзьвярах і, робячы ўгары кадзільніцай знак крыжа, заяўляе: „Прамудрасьць, станьма проста” — гэта значыць, што заклікае да сканцэнтраванасьці і ўвагі. Гэтае дзеяньне называецца вячэрнім уваходам, які сымбалізуе публічнае зьяўленьне Хрыста і пачатак Ягонай службы. У гэтым часе хор сьпявае „Сьвятло ціхае”, а сьвятар ідзе за прастол на г.зв. горнае месца і чытае пракімен дня. Напярэдадні вялікіх сьвятаў пасьля пракімну, пры зачыненых царскіх дзьвярах, чытаюцца параміі —фрагмэнты кнігаў Старога Запавету. Сьвятар чытае ўзмоцненую (сугубую) екцянію, а псаломшчык чытае „Сподобі, Госпадзе” („Дазволь, Госпадзе, у вечар гэты бяз грэху заставацца нам”), пасьля чаго чытаецца яшчэ адну екцянію — благальную. Напярэдадні вялікіх сьвятаў у склад Усяночнай уваходзіць ліція з бласлаўленьнем хлябоў. Слова ліція азначае сумесную, гарачую малітву. „Госпадзе, памілуй” сьпяваецца ў яе ходзе 50 разоў. У часе сьціхіраў сьвятар, апярэджаны сьвечнікамі, выходзіць з алтара і становіцца ля ўваходу ў галоўную частку храму. Ён, зьвярнуўшыся ў напрамку алтара, чытае малітвы за збаўленьне духоўных і сьвецкіх уладаў, за кожную хрысьціянскую душу, асабліва за тых, хто абцяжараны пакутамі і турботамі просіць аб усьцеражэньні людзей ад голаду, заразы, землятрусу, паводак, захопнікаў і братазабойчай вайны. Ліція заканчваецца малітвай „Уладыка Шматміласьцівы”, у часе чытаньня якой вернікі пакорліва схіляюць галовы. Затым сьвятар падыходзіць да пастаўленай пасярэдіне храму пасуды зь пяцьцю хлябамі, пшаніцай, віном і алеем — гэтак званага тэтрапоту. Хор сьпявае сьціхіры на сьціхоўне, „Цяпер адпускаеш”, а таксама трапары дня і сьвята. У тым часе сьвятар тройчы абкаджвае тэтрапот і чытае малітву, у якой згадваецца пра цудоўнае насычэньне пяцьцю хлябамі пяці тысяч чалавек. Узяўшы адзін з хлябоў ён робіць ім знак крыжа, паказваючы на кожны з дароў. Блаславенства хлеба, пшаніцы, віна і алею нагадвае старажытны звычай практыкаваны ў часе Ўсяночнай, калі вернікам давалі для падмацаваньня асьвячаныя хлеб, віно і алей. У далейшай частцы Ўсяночнай пасуду з хлябамі забіраюць зь сярэдзіны храму для раздрабленьня хлябоў і пазьнейшай раздачы вернікам. Хор сьпявае „Хай імя Божае будзе бласлаўлёнае ад зараз у векі вякоў”, затым псальм 33?ці і сьвятар бласлаўляе вернікаў у храме, кажучы: „Багаслаўленьне Гасподняе на вас”, уваходзіць у алтар, зачыняюцца царскія дзьверы і ўтраняй пачынаецца другая частка Ўсяночнай.

Утраня пачынаецца анёльскай песьняй „Слава ў вышынях Богу” і чытаньнем згаданых ужо шасьці псальмоў. У тым часе сьвятар чытае дванаццаць ранішніх малітваў, пасьля якіх наступае вядомая з будзённай утрані вялікая екцянія, вокліч „Бог Госпад і зьявіся нам” разам з трапаром сьвята або дня. Пасьля гэтага псаломшчык пачынае чытаць кафізмы (на нядзельнай утрані чытаюць 2-ю і 3-ю кафізмы). У склад іх уваходзяць фрагмэнты 15-га, 21-га і 23-га псальмоў, у якіх гаворыцца пра пакуты, сьмерць і ўваскрэсеньне Хрыста. Пасьля кафізмаў сьвятар чытае малую екцянію, царскія дзьверы адчыняюцца і сьвятар выносіць Евангельле, якое кладзе пасярэдзіне храму. У гэтым часе хор сьпявае выбраныя фрагмэнты са 134?га і 135?га псальмоў, якія пачынаюцца са слоў „Хваліце імя Гасподняе”. Гэтая частка Ўсяночнай называецца паліялеем, што азначае „многа сьвятла” і адначасова „многа міласэрнасьці”. Назва паходзіць ад таго, што ў часе сьпяванага падчас паліялею псальму шмат разоў паўтараецца слова „міласэрнасьць” і таму, што ў гэтым часе храм інтэнсыўна асьветлены: у мінулым аліўкавымі лямпамі і сьвечкамі, а зараз — электрычнасьцяй. Адкрыцьцё царскіх дзьвярэй і вынас Евангельля сымбалізуюць зьяўленьне Ўвскрэслага Хрыста апосталам. Сьпеў у часе паліялею ўказвае на бязьмежную міласэрнасьць і славу, выяўленыя ў цудзе ўваскрэсеньня. Словы псальму заклікаюць вернікаў аддаць хвалу Богу Айцу, Які дзеля нашага збаўленьня паслаў Свайго Адзінароднага Сына. Усхваленьне-ж самога Хрыста выказана ў словах „нядзельных непарочных”, сьпяваных выключна ў часе нядзельнай утрані: „Бласлаўлёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваіх запаветаў”. У кожнае зь ліку дванаццаці вялікіх сьвятаў, або ў дні прысьвечаныя памяці асабліва шанаваным сьвятым, адразу пасьля вынясеньня Евангельля на сярэдзіну храму сьвятар, а пасьля яго хор, сьпяваюць хвалебны гімн у гонар Ісуса Хрыста, Божай Маці або сьвятога, г.зв. велічаньне. У тым часе сьвятар кадзіць увесь храм, затым чытае малую екцянію і пасьля воклічу хор выконвае сьцяпенныя або антыфоны. У часе нядзельнай утрані гэта антыфон 4-га голасу „От юності моея” („Ад маладосьці маёй”). У ім гаворыцца пра ласку, якую вернікі атрымоўваць праз Хрыста і Яго Царкву. Пасьля антыфонаў гучыць пракімен і чытаецца Евангельле. У часе нядзельнай утрані чытаецца адзін з адзінаццаці фрагмэнтаў, узятых зь Евангельляў паводле ўсіх чатырох евангелістаў. Калі канчаецца ўвесь цыкль ад 1-га ўрыўку да 11-га , тады ён ізноў паўтараецца ад пачатку. У вялікія сьвяты чытаецца спецыяльны фрагмэнт Евангельля, прызначаны адмыслова на гэты дзень, напрыклад, у гонар Божай Маці чытаецца 4-е зачало, фрагмэнт Евангельля паводле Лукі. Пасьля Евангельля (калі гэта нядзельная ўтраня) сьпяваецца „Ўваскрэсеньне Тваё пабачыўшы” і першую малітву ліціі (калі яе не было наогул) „Збаў, Божа, людзей тваіх”. Пасьля воклічу вернікі цалуюць Евангельле ды ікону пасярэдзіне храму, а сьвятар памазвае кожнаму чало асьвячаным алеем. Гэтым самым выказваецца пажаданьне, каб вернікі, быццам пладавітыя аліўкавыя дрэвы, захоўвалі ў сваіх сэрцах алей любові да Бога, які выявіў сваю міласэрнасьць таксама празь сьвяткаваную падзею.

Пасьля алеепамазаньня пачынаецца канон з малымі екцяніямі пасьля 3-й, 6-й, і 9-й песьняў і каджэньне ўсяго храму пасьля воклічу „Багародзіцу і Маці Сьвятла”. Канон канчаецца словамі „Сьвяты Госпад, Бог наш”, пасьля чаго чытаецца або сьпяваецца г.зв. сьвяцілен або экзапастыларый, пра якія ўжо гаварылася пры апісаньні будзённай утрані. Далей наступаюць хвалітныя сьціхіры („Усякае дыханьне няхай хваліць Госпада”) і гімн у гонар Багародзіцы („Прабласлаўлёная Ты, Багародзіца Дзева”). У часе гэтай песьні адчыняюцца закрытыя раней царскія дзьверы ў знак таго, што Божая Маці адкрыла нам уваход у Царства Нябеснае. Сьвятар, узьняўшы рукі ўверх, заклікае: „Слава Табе, што паказаў нам сьвятло”, а хор сьпявае вялікае славаслоўе, затым трапары сьвята або нейкі голас. Калі выпадае 1-ы, 3-і ,5-ы або 7-ы голас, выконваецца трапар „Сёньня зьдзейсьнілася збаўленьне сьвету” („Днесь спасеніе міру бысть”). Калі прыпадае 2-і ,4-ы ,6-ы або 8-ы голас, тады сьпяваецца трапар „Уваскрос з магілы”. На заканчэньне сьвятар чытае ўзмоцненую і благальную екцяніі і одпуст.

У склад поўнай Усяночнай уваходзіць яшчэ таксама багаслужба 1-й гадзіны, якая ў асноўным складаецца з чытаньня псальмоў (5-га, 89-га і 100-га).

Сьвятая Літургія

Гэтая багаслужба займае першае і выключнае месца сярод усіх астатніх праваслаўных багаслужбаў. Ейны назоў паходзіць ад грэцкіх слоў леітос — усеагульны, і эргон — служба, дзеяньне. Сьвятая Літургія зьяўляецца зьвянчэньнем усіх астатніх багаслужбаў, малітваў і абрадаў, якія адбываюцца ў Царкве. У часе Літургіі выконваецца таінства Сьвятой Эўхарыстыі, устаноўленае Ісусам Хрыстом напярэдадні свайго ўкрыжаваньня. У Вялікі чацьвер, пасьля абмыцьця ног вучням у знак пакоры, Хрыстос „узяў хлеб, дабраславіў, паламаў, даў вучням і сказаў: бярыце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё”. Затым, узяўшы келіх і ўчыніўшы падзяку, падаў ім і сказаў: „Піце зь яе ўсе, бо гэта ёсьць Кроў мая новага запавету, якая за многіх будзе пралітая на дараваньне грахоў” (Мацьв. 26, 26-28). На заканчэньне Хрыстос рэкамендаваў вучням: „Рабіце гэта на памятку Маю” (Лук. 22, 19).

Згодна з Хрыстовым даручэньнем апосталы выконвалі Сьвятую Эўхарыстыю самі і патрабавалі гэтага ад сваіх вучняў. Усюды, дзе зьяўляліся новыя хрысьціянскія абшчыны, хрысьціяне „непарушна трывалі ў навуцы апосталаў і ў супольніцтве, у ламаньні хлеба і ў малітвах” (Дзеі. 2, 42). Апостал Павал павучаў: „Гэтак часта як вы спажываеце хлеб гэты і п’яце келіх гэты — сьмерць Гасподнюю абвяшчаеце” (1 Кар. 11, 26).

Усе старазапаветныя ахвяры, якіх мэтай было аднаўленьне духоўнай лучнасьці з Богам, знайшлі сваё завяршэньне ў Эўхарыстычнай Ахвяры. Вячэра Божага Сына сталася сымбалем еднасьці Царквы. Прыступаючы да Сьвятога Прычасьця — Эўхарыстыі — хрысьціяне абвяшчаюць сьмерць Збавіцеля, аднак гэта ня проста ўспамін. Кожны раз таінства Эўхарыстыі пацьвярджае рэальную прысутнасьць Сына Божага ў Царкве: „Хто есьць Цела Маё і п’е Кроў Маю, прабывае ўва Мне і Я ў ім” (Яан. 6, 56). Звычайныя прадукты харчаваньня ў Эўхарыстыі становяцца ахвярай новага саюзу, дзякуючы якому Хрыстос аб’ядноўваецца з намі. З часу свайго ўстанаўленьня Эўхарыстыя выконваецца „за ўсіх і за ўсё”. У часе Сьвятой Літургіі ўзносяцца малітвы за ўсіх людзей, жывых і памерлых. Вакол Боскага Баранчыка (Агнца), прынесенага ў ахвяру за грахі ўсяго сьвету, гуртуюцца анёлы, прарокі, патрыярхі, апосталы, пакутнікі і ўсе сьвятыя. Сумеснае Сьвятое Прычасьце будзе таксама ў будучыні знакам еднасьці ўсіх хрысьціян, падзеленых на розныя канфэсіі.

Сьвятая Літургія як „усеагульная служба”, „усенародная справа” зьяўляецца ахвярай прынесенай Богу за ўвесь сьвет і будзе выконвацца да канца сьвету.

а) Віды Сьвятой Літургіі

З апостальскіх часоў Сьвятая Літургія, званая ламаньнем хлеба (Дзеі. 2, 46) або падзякай (эўхарыстыя), мела розныя формы. Кожная лякальная Царква, хаця і вернікі захоўвалі нязьменнай сутнасьць таінства і словы Хрыста, мела сваю Літургію. Захаваліся зьвесткі пра сырыйскую, егіпецкую, персідзкую, візантыйскую, рымскую, міланскую ды іншыя літургіі. Да найстарэйшых належаць сырыйскія літургіі. Згодна традыцыі, апостал Якуб апрацаваў першую літургію непасрэдна на падставе ўказаньняў самога Ісуса Хрыста. Гэтая літургія адпраўлялася ў ерусалімскай Царкве да 4-га стагодзьдзя. Акрамя таго вядомы літургіі сьв. евангеліста Марка і сьв. Клімента Рымскага, якія адпраўляліся ў александрыйскай і рымскай Цэрквах. Абедзьве былі набліжаны да Літургіі сьв. Якуба з той розьніцай, што зьмяшчалі ў сабе менш старазапаветных тэкстаў, якія для хрысьціян, што павярнуліся да веры з паганства, мела меншае значэньне, чымсьці для яўрэяў.

У 4-м стагодзьдзі сьв. Васіль Вялікі, архіепіскап Кесарыі Капададоцкай запісаў поўны тэкст Літургіі. У тым-жа стагодзьдзі іншы выдатны ерарх сьв. Яан Залатавусны, архіепіскап канстанцінопальскі апрацаваў новы парадак Сьв. Літургіі са скарочанымі эўхарыстычнымі малітвамі. Напыканцы 4-га стагодзьдзя ў александрыйскай Царкве зьявілася Літургія Раней Асьвячаных Дароў ( Прэждеосвяшчэнная), тэксты да якой напісалі сьв. Апанас Александрыйскі (памёр у 373 годзе) і Рыгор, епіскап Рымскі званы Дыялёгам або Дваясловам, які лічыцца складальнікам гэтай Літургіі.

Згаданыя літургіі разьвіваліся і ўзбагачваліся новымі тэкстамі. Некаторыя малітвы, такія як „Ойча наш” або псальмы, былі вядомы ўжо да Васіля Вялікага або Яана Златавуснага. Іншыя зьявіліся пазьней і былі ўключаны ў тэкст літургіі. Малітва „Адзінародны Сыне”, у якой зьмешчана вучэньне пра ўцялесьненьне Сына Божага, была ўключана ў 535 годзе. „Сьвяты Божа”— малітва зьвязаная з цудоўным выратаваньнем ад землятрусу ў 5-м стагодзьдзі — была ўключана ў тэкст літургіі ў 439 годзе, Сымбаль Веры — у 488, „Дастойна ёсьць” — у 980 годзе, „Няхай напоўняцца вусны нашы” — у 620 годзе.

Зараз у Праваслаўнай Царкве адпраўляюцца чатыры сьвятыя Літургіі:

1) сьв. Яана Залатавуснага — адпраўляецца у большасьць дзён году за выняткам дзён, калі ўвогуле не бывае літургіі, або апраўляецца іншую.

2) сьв. Васіля Вялікага — адпраўляецца 10 разоў у год: у нядзелі Вялікага Посту (акрамя Вербнай нядзелі), у Вялікі чацьвер, Вялікую суботу, у дзень сьв. Васіля Вялікага, напярэдадні сьвятаў Раства Хрыстовага і Багаяўленьня або і ў самыя сьвяты, калі яны выпадуць у нядзелю або панядзелак. Крыху адрозьніваецца ад Літургіі сьв. Яана Залатавуснага. Іншыя ў ёй эўхарыстычная малітва, малітвы за жывых і памерлых, перад словамі „прыміце, ешце” голасна вымаўляюцца словы „даў сьвятым сваім вучням і апосталам кажучы”. Заміж малітвы „Дастойна ёсьць” сьпяваецца „Аб Табе радуецца”, а падчас одпусту згадваецца асобу Васіля Вялікага.

3) сьв. Якуба — адпраўляецца толькі адзін раз у год у дзень Якуба Ерусалімскага.

4) Літургія Раней Асьвячаных Дароў — адпраўляецца ў серады і пятніцы Вялікага Посту, у чацьвер 5-га тыдня Вялікага Посту, у Вялікія панядзелак, аўторак і сераду. Абшырней пра гэту Літургію будзе сказана пры велікапосных багаслужбах.

б) Неабходныя ўмовы пры адпраўленьні Сьвяьтой Літургіі

Сьвятая Літургія, як галоўная праваслаўная багаслужба, патрабуе выкананьня некаторых важных перадумоваў:

— Адпраўляць яе можа толькі законна высьвячаны епіскап або сьвятар толькі адзін раз у дзень.

— Сьвятая Літургія павінна адпраўляцца выключна на антымінсе, раскладзеным на Сьв. Прастоле або іншым годным месцы таксама толькі раз у дзень. Каб адслужыць другую Літургію трэба абавязкова прымяніць іншы антымінс.

— Неабходныя правільна падрыхтаваныя: эўхарыстычныя хлеб (просфары), чырвонае, вінаграднае віно і ўсе прылады ды эўхарыстычнае адзеньне.

— Сьвятар, які зьбіраецца адпраўляць Сьвятую Літургію павінен захаваць эўхарыстычны пост, які як мінімум павінен працягвацца 8 гадзін перад службай або, як гэта бывае на практыцы, ад поўначы. Ён павінен прачытаць спэцыяльныя малітвы, гэтак званае „правіла”, а таксама прымірыцца з усімі.

— У часе Сьв. Літургіі акрамя сьвятара ў храме павінны быць прынамсі адна або дзьве асобы, якія прадстаўляюць вернікаў. Гэта вынікае са слоў Хрыста: „Дзе два або тры сабраныя ў Імя Маё, там і Я сярод іх”.

На асаблівую ўвагу заслугоўвае належнае падрыхтаваньне прадуктаў неабходных для адпраўленьня Сьв. Эўхарыстыі. Эўхарыстычны хлеб называецца просфарай, што значыць: прынашэньне (ад грэцкіх слоў прос — да і фэро — нясу). Просфара мае форму круглай булачкі сфармаванай з дзьвюх частак: большай і меншай у знак, што Ісус Хрыстос быў сапраўдным Богам і сапраўдным чалавекам. Верхняя частка мае адціснутую пячатку з крыжам і літарамі: ІС ХС НІ КА, што азначае „Ісус Хрыстос перамагае”. Просфара, зь якой вымаецца частку ў гонар Божай Маці, мае адціснутыя літары: МР QУ — Божая Маці, або ейную выяву. Традыцыя патрабуе, каб просфары былі квасныя, паколькі якраз такі хлеб, званы па-грэцку артасам, быў спажываны ў часе Апошняй Вячэры і такі прыносілі першыя хрысьціяне з прызначэньнем для Сьв. Эўхарыстыі. Нарыхтоўка просфараў павінна адбывацца з малітвай, з ужыцьцём найлепшай, пшанічнай мукі, вады і дрожджаў.

Усякія дадаткі дзеля паляпшэньня іхнага смаку зьяўляюцца парушэньнем гэтага прынцыпу і традыцыі.

Такія-ж строгія патрабаваньні тычацца эўхарыстычнага віна. У адпаведнасьці з традыцыяй яно павінна быць абавязкова вінаграднае і чырвонае, каб нагадвала кроў. Да віна даліваецца ваду ў памяць таго, што з прабітага кап’ём боку ўкрыжаванага Хрыста пацяклі кроў і вада. (Некаторыя хрысьціяне, у прыватнасьці рымскія каталікі, ужываюць белае віно, але гэта не падстава, каб адмаўляцца ад сваіх традыцыяў.)

Перад пачаткам Літургіі сьвятар, які выканаў згаданыя ўмовы, у набожным настрою накіроўваецца ў храм, становіцца перад царскімі дзьвярыма і чытае ўваходныя малітвы. У адной з гэтых малітваў ён просіць, каб Бог умацаваў яго перад гэтай службай і дазволіў з пачуцьцём годнасьці прыступіць да алтара і прынесьці Бяскроўную Ахвяру. Пасьля малітваў, перш чым увайсьці ў алтар, ён просіць вернікаў, калі нехта зь іх ужо прыйшоў у храм, дараваць яму ягоныя грахі. Затым тройчы пакланіўшыся перад прастолам цалуе Евангельле і сам прастол, ідзе ў рызьніцу і апранаецца ў літургічнае адзеньне. Сьпярша надзявае падрызьнік, потым епітрахіль, пояс, поручы і на канец фелонь, пры кожным чытаючы адпаведную малітву. Пасьля гэтага сьвятар мые рукі і прыходзіць у алтар, каб пачаць першую частку Сьв. Літургіі — праскамідыю.

в) Праскамідыя

Ейны назоў паходзіць ад грэцкага слова проскамізо — прыношу, і нагадвае старажытны звычай прыносіць вернікамі хлеб і віно з прызначэньнем для Сьв. Эўхарыстыі. Сьвятар, адзеты ў поўны камплект літургічнага адзеньня, стае перад ахвярнікам (царк.-слав.: жэртвеньнік), дзе знаходзяцца загадзя нарыхтаваныя ўся літургічная пасуда, пяць просфар, віно і вада. Пасьля воклічу „Бласлаўлёны Бог наш” левай рукой бярэ ён просфару і нажом у выглядзе малога кап’я тройчы робіць над ёю знак крыжа, кажучы: „У памяць Госпада і Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста”. Затым нарэзвае хлеб з правага боку, з левага, зьверху і зьнізу, выказваючы словы з кнігі прарока Ісаіі: „Як баранчык быў ведзены на бойню....”. Пры апошніх словах ён вымае з просфары шасьцікутнік, кладзе на дзіскас, павяртае пячаткай уніз і нарэзвае на ім, не перарэзваючы аднак цалкам, знак крыжа кажучы: „Ахвяроўваецца Баранчык Божы, які ўзяў на сябе грахі сьвету, за жыцьцё сьвету і збаўленьне”. Потым ізноў кладзе шасьцікутнік, званы па-царкоўнаславянску Агнцам, пячаткай уверх і, прабіваючы левы бок, кажа: „Адзін з ваяроў кап’ём рэбры Ягоныя прабіў і адразу пацякла кроў і вада”. Затым бласлаўляе рукой віно з дадаткам вады і ўсё ўлівае ў келіх. Далей бярэ другую просфару зь ініцыяламі і выявай Божай Маці, вымае зь яе крыху большую частку і кладзе зь левага боку Агнца. Пры гэтым выказвае словы, што гэта частка ў гонар і памяць Багародзіцы. З трэцяй просфары сьвятар вымае дзевяць невялікіх частак (тры па тры рады) у гонар: сьв. Яана Хрысьціцеля, прарокаў, апосталаў, сьвяціцеляў, пакутнікаў, прападобных, бяссрэбранікаў і сьв. Яана Залатавуснага або Васіля Вялікага — у залежнасьці, якая гэта Літургія. Часткі сьвятар кладзе з правага боку Агнца ў тры рады па тры. З чацьвёртай просфары вымае ён дзьве часткі за ўладу духоўную і сьвецкую, а таксама за жывых, якіх імёны яму вядомы і за якіх здароўе і памыснасьць хоча памаліцца. Зь пятай просфары сьвятар вымае частку за ўсіх памерлых і на канец — вяртаючыся ізноў да чацьвёртай — за сябе. Усе гэтыя крошкі, якія сьвятар вымае з просфараў, згадваючы пры гэтым імёны жывых і памерлых, у часе Літургіі апускаюцца ў келіх з Кроўю Гасподняй. Пры гэтым гаворацца словы, якія тлумачыць сэнс гэтага дзеяньня: „Абмый, Госпадзе, грахі ўсіх тут згадваных”. На дзіскасе ўсе часьцінкі акружаюць Агнец, падкрэсьліваючы, што вакол Хрыста Збавіцеля гуртуецца ўся Царква, значыць, і жывыя, і памерлыя. Усе яны ўдзельнічаюць у адкупляльнай Ахвяры Збавіцеля.

Пасьля падрыхтоўкі Сьв. Дароў сьвятар бласлаўляе рукой паднесеную яму кадзільніцу, бярэ зьвязьдзіцу, абкаджвае яе і ставіць на дзіскасе, кажучы: „А прыйшоўшы зорка стала над месцам, дзе было Дзіцё”. Потым абкаджвае малы пакравец і пакрывае ім дзіскас. Тое самае робіць з другім пакраўцом, якім накрывае келіх, а трэцім, найбольшым пакраўцом прыкрывае дзіскас і келіх разам. Гэтак нарыхтаваныя дары сьвятар абкаджвае і моліцца, каб Бог прыняў іх, глянуў на тых, хто іх прыносіць і тых, за якіх яны прыносяцца, а таксама захаваў беззаганнасьць самога сьвятара ў часе адпраўленьня Сьв. Таінства.

Усе згаданыя прадметы і дзеяньні маюць сымбалічнае значэньне. Дзіскас сымбалізуе віфлеемскія ясьлі і неба, зьвязьдзіца — віфлеемскую зорку, пакраўцы — ткань, у якую было загорнутае дзіцятка, прабіцьцё Агнца згадвае прабіцьцё кап’ём боку Хрыста на крыжы. Мука і дрожджы, якія падымаюць і ажыўляюць хлеб, сымбалізуюць душу, вада ўжытая да сьпячэньня просфараў зьяўляецца знакам хрышчэньня, соль азначае навуку Хрыста, які сказаў: „Вы зьяўляецеся сольлю зямлі”(Мацьв. 5, 13). Каджэньне сымбалізуе прысутнасьць Сьвятога Духа. Уся праскамідыя, якая адбываецца пры зачыненых царскіх дзьвярах і адпраўляецца ў цішыні, сымбалізуе Раство Хрыстовае і няведамае жыцьцё Ісуса, а таксама іншыя падзеі зь Яго зямнога жыцьця.

У часе праскамідыі псаломшчык чытае трэцюю і шостую гадзіны, каб вернікі ў малітве падрыхтаваліся да належнага ўдзелу у самой Сьв. Эўхарыстыі. На заканчэньне праскамідыі сьвятар адцягвае занавеску на царскіх дзьвярах і абкаджвае прастол, іканастас і ўвесь храм. Пачынаецца другая частка багаслужбы званая Літургіяй агалошаных або інакш кажучы катэхумэнаў.

г) Літургія катэхумэнаў

Пасьля заканчэньня праскамідыі сьвятар стае перад Сьв. Прастолам і з паднятымі ўверх рукамі моліцца: „Цару нябесны”, „Слава ў вышынях Богу”, „Госпадзе, вусны мае адкрыеш і вусны мае абвесьцяць хвалу Тваю”. Затым, учыняючы Евангельлем знак крыжа над антымінсам, выклікае: „Бласлаўлёнае валадарства Айца і Сына і Сьвятога Духа, цяпер і ўвесь час і на векі вякоў”. Хор адказвае „Амін” пасьля чаго наступае вялікая екцянія і возглас. Каб узмоцніць набожнае чаканьне, хор і згуртаваныя ў храме людзі сьпяваюць фрагмэнты 102-га і 105-га псальмоў, у якіх гаворыцца пра Божыя дабрадзействы ў дачыненьні да роду чалавечага. Гэтыя словы прадстаўляюць, адлюстроўваюць Божую шчодрасьць, міласэрнасьць і справядлівасьць і таму ў царкоўнаславянскай мове яны называюцца ізобразіцельнымі. Паколькі яны таксама выконваюцца на два хоры, называюць іх яшчэ антыфонамі. Падчас вялікіх сьвятаў заміж ізабразіцельных выконваюцца іншыя тэксты: напрыклад, у сьвята Раства Хрыстовага „Збаў нас Сыне Божы, які нарадзіўся ад Дзевы”.

Пасьля другога антыфону хор сьпявае гімн „Адзінародны Сыне”, напісаны ў 5-м стагодзьдзі візантыйскім імпэратарам Юсцініянам у адказ на ерась Нэсторыя, які вучыў, што Хрыстос нарадзіўся як звычайны чалавек і толькі пазьней спалучыўся зь ім Бог. Пасьля гэтага сьвятар чытае малую екцянію і возглас, а хор сьпявае восем блаславенстваў, званых блажэннымі, з Нагорнай казані. У іх зьмяшчаецца практычнае ўказаньне для вернікаў, каб яны, просячы ў Бога размаітых ласкаў, самі былі „ўбогія ў духу”, „прагныя справядлівасьці”, „міласэрныя” і пры гэтым цярпліва пераносілі ўсякія пакуты і прасьлед у імя Хрыста.

У часе блажэнных святар адкрывае царскія дзьверы, бярэ Евангельле і, апярэджаны прыслужнікам са сьвечкай, выходзіць паўночнымі дыяканскімі дзьвярыма, становячыся насуперак прастолу. Робячы рукою знак крыжа сьвятар гаворыць: „Бласлаўлёны ўваход сьвятых Тваіх”. Затым кладзе Евангельле на прастол і бласлаўляе вернікаў у храме. Выхад зь Евангельлем, званы малым уваходам, сымбалізуе пачатак публічнай дзейнасьці Хрыста. Сьвечка, несеная перад сьвятаром, нагадвае Яана Хрысьціцеля, які аб’яўляў пра хуткае зьяўленьне таго, якому „ён нягодны разьвязаць рамень у сандаляў Ягоных”. Хор ад імя ўсіх вернікаў сустракае Хрыста словамі: „Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста”. Пасьля гэтага хор выконвае трапар і кандак сьвята або сьвятога. У гэтым часе сьвятар у алтары ў чытанай ціха малітве просіць Бога аб дараваньні сьведамых і нясьведамых грахоў, аб асьвячэньні і духоўнай моцы, каб беззаганна служыць Яму да канца сваіх дзён. Канчатковыя словы „Бо Ты сьвяты, Бог наш і Табе славу аддаем” сьвятар выказвае голасна. Хор сьпявае „Сьвяты Божа” або, калі гэта Вялікдзень або Раство Хрыстовае, „Вы, якія ў Хрыста хрысьціліся, у Хрыста апраніцеся”. Пасьля трысьвятога і воклічаў „Станем уважліва”, „Супакой усім”, „Прамудрасьць” чытаецца пракімен і фрагмэнт кнігі „Апостал”, які прыпадае на гэты дзень. „Апостала” пераважна чытае дыякан або псаломшчык. У часе чытаньня сьвятар абкаджвае алтар, іканастас і вернікаў, што сымбалізуе Сьвятога Духа, якога ласка ўмацоўвала апосталаў і празь іх перадавалася вернікам. Пасьля „Апостала” чытаецца адпаведны фрагмэнт Евангельля, прызначаны адмыслова на гэты дзень. Чытаньне „Апостала” і Евангельля зьяўляецца адным з важнейшых момантаў Сьв. Літургіі, аднак не найважнейшымі, як гэта лічыцца ў пратэстанцкіх багаслужбах. У іх зьмешчана вучэньне Ісуса Хрыста і апосталаў пра Бога, аб адносінах людзей да Бога і адных да адных. Звычайна пасьля Евангельля сьвятар выступае з казаньню, у якой вучыць, аб’ясьняе, заклікае да жыцьця згоднага з Хрыстовай навукай і запаветамі. Казань неаднойчы пераносіцца на заканчэньне багаслужбы, паколькі, на жаль, напрыканцы багаслужбы ў храме больш вернікаў чымсьці на пачатку.

Пасьля Евангельля і казані наступае ўзмоцненая екцянія (сугубая) і екцянія за памерлых, за катэхумэнаў, г.зн. тых, хто яшчэ не хрысьціўся і не належыць да абшчыны вернікаў. У гэтай екцяніі, у прыватнасьці, сьвятар нагадвае ім, каб у адпаведны момант пакінулі храм, паколькі яны яшчэ нягодныя ўдзельнічаць у Сьв. Эўхарыстыі. Гэтыя словы выклікаюць спрэчкі, паколькі ў адрозьненьні ад раннехрысьціянскіх часоў, няхрышчаных зараз мала. Некаторыя лічаць, што няма сэнсу нікога адпраўляць з храму, тым болей што зараз пашырана сэкулярызацыя і трэба радавацца прысутнасьцю кожнага чалавека ў храме. Прыхільнікі захаваньня слоў „аглашэнныя выйдзіце” лічаць, што хаця катэхумэнаў у старажытным сэнсе ў храме няма, аднак нягоднымі ўдзельнічаць у Сьв. Эўхарыстыі павінны сябе адчуваць многія вернікі. Па-першае: мала хто не грашыць, многія не раскайваюцца ў сваіх грахах, рэдка ўдзельнічаюць у багаслужбах і без належнай боязі Божай прыступаюць да сьвятых таінстваў. Сумленьне павінна схіліць нават вернікаў, не кажучы пра няхрышчаных, пакінуць храм у такі важны момант.

д) Літургія верных

Трэця, галоўная частка — Літургія верных — прызначана выключна для хрышчаных і вернікаў. Калі кончыцца екцянія аб катэхумэнах, сьвятар чытае скарочаную вялікую екцянію, а таксама, толькі ціха, малітву, у якой просіць аб духоўным ачышчэньні, каб належна прыступіць да Сьвятога Прычасьця. Малітва канчаецца воклічам „Бо мы ўладаю Тваёю заўсёды ахоўваныя”. Затым адкрываюцца царскія дзьверы і хор пачынае сьпяваць херувімскую песьню. Ейныя словы па-беларуску азначаюць, што „мы, якія ў часе прынясеньня Сьв. Дароў таямніча ўвасабляем херувімаў і разам зь імі сьпяваем „Трысьвятую”, пакінем у такі ўзьнёслы момант усе зямныя клопаты, грэшныя памкненьні, ачысьцім нашы душы, каб узвысіць Цара Славы, Якога нябачна ўздымаюць натоўпы анёлаў, каб затым зь верай і боязьзяй Божай прыняць Сьв. Прычасьце”. Грэцкае слова дорыносіма, якое гучыць таксама у царкоўнаславянскім тэксьце, нагадвае пра старажытны звычай падыманьня ваярамі на шчытах свайго правадыра. У часе першай часткі херувімскай песьні сьвятар ціха чытае малітву, у якой просіць, каб Бог зірнуў на яго і зрабіў яго годным ахвяраваць Найчысьцейшае Цела і Кроў Хрыстовы. Затым ён абкаджвае прастол, ахвярнік, алтар, іканастас і вернікаў у храме і, узьняўшы рукі, тройчы ціха адмаўляе словы херувімскай песьні. Потым падыходзіць да ахвярніка, абкаджвае дзіскас, келіх, вялікі пакравец, званы воздухам, кладзе яго на плячо, бярэ дзіскас і келіх і выходзіць на салею, перад адкрытыя царскія дзьверы. Зьвярнуўшыся тварам да людзей у храме ён згадвае духоўныя і сьвецкія ўлады, духавенства, вернікаў, тых, хто хварэе і таксама памерлых, просячы, каб „Бог згадаў пра іх у Сваім Царстве”. Гэта так званы вялікі ўваход, які сымбалізуе Хрыста, што ідзе на добраахвотныя пакуты і сьмерць. Сьвятар уносіць праз царскія дзьверы дзіскас і келіх у алтар, ставіць іх на раскладзеным антымінсе, здымае зь іх малыя пакраўцы і накрывае адным вялікім. Малітва, якую сьвятар чытае ў гэты момант, гаворыць пра пахаваньне Хрыста. Пасьля гэтага зачыняюцца царскія дзьверы і зацягваецца занавеска на іх, што сымбалізуе апячатаньне магілы. Пасьля гэтага наступае благальная екцянія, якая канчаецца словамі, што мы павінны аднадумна вызнаваць „Айца і Сына і Сьвятога Духа”. У старажытнасьці ў гэты момант вернікі цалавалі адзін аднаго ў знак братэрскай любові, аднак зараз гэты звычай практыкуе толькі духавенства. Сьвятар моцным голасам аб’яўляе: „Дзьверы, дзьверы, у прамудрасьці, будзьма ўважлівыя”. У мінулым гэта быў знак для брамнікаў, каб у часе найважнейшай часткі багаслужбы нікога не пускалі ў храм. Зараз гэтыя словы трэба разумець як заклік да ахоўваньня дзьвярэй свайго сэрца перад нягоднымі і грэшнымі думкамі. Затым наступае „Сымбаль Веры”, у старажытныя часы чытаны, а зараз пераважна сьпяваны агулам вернікаў і духавенства. У часе „Веру” сьвятар падымае і апускае пакравец над дзіскасам і келіхам, што сымбалізуе веяньне Сьвятога Духа. Затым царскія дзьверы адкрываюцца ў знак таго, што празь веру мы маем доступ да ласкі. Словы сьвятара „Станьма добра, станьма з боязьзяй, будзьма ўважлівыя” нагадваюць прысутным, што набліжаецца асноўны момант Сьвятой Літургіі. Ад слоў сьвятара „Падзякуем Госпаду” пачынаецца г.зв. эўхарыстычны канон. Сьвятар ціха чытае эўхарыстычную малітву, якая складаецца з трох частак. У першай ён дзякуе Богу за ўсе Яго дабрадзействы, за стварэньне сьвету і людзей, за выкупленьне нас Ісусам Хрыстом, за ўсё, аб чым ведаем і чаго не ўсьведамляем. У якасьці асаблівага дабрадзейства згадваецца сама эўхарыстычная ахвяра, у прынясеньні якой якраз удзельнічаем, хаця Бога безупынна акружаюць хмары анёлаў. Далейшыя словы „Пераможнай песьні” сьвятар гаворыць голасна, учыняе зьвязьдзіцай знак крыжа над дзіскасам і адкладе яе. Хор працягвае словы гэтай-жа малітвы, сьпяваючы „Сьвят, сьвят, сьвят Госпад Саваоф”. Гэтыя словы ўзяты зь відзежы прарока Езекііля (Ез. 1, 4-24), прарока Ісаіі (Іс. 6, 3) і сьв. Яана Багаслова (Адкрыцьцё. 4, 6-8), якія бачылі Трон Божы, акружаны анёламі ў выглядзе арла, льва, цяльца і чалавека, якія сьпявалі анёльскую песьню. Гэтым самым анёлы і людзі аб’ядналіся ва ўслаўленьні Бога. Да гэтай песьні далучаны таксама словы яўрэйскіх дзяцей, якія віталі Хрыста ў часе Ягонага ўезду ў Ерусалім. У часе гэтай песьні сьвятар ціха чытае другую частку эўхарыстычнай малітвы. У ёй гаворыцца, што Хрыстос, „які прыйшоў і ўсё прадбачанае адносна нас выканаўшы, у тую ноч, калі меў быць выдадзены, калі на самай справе сам сябе выдаў за жыцьцё сьвету, узяў хлеб у Свае прачыстыя рукі, блаславіў, паламаў, даў вучням і сказаў: «бярыце, ешце». Гэта словы Хрыста, сказаныя Ім у часе разьвітальнай вячэры з апосталамі. Пасьля сьвятар уздымае скрыжаванымі рукамі дзіскас і келіх, кажучы: „Тваё ад Тваіх”. Гэта значыць, што віно і хлеб, якія зьяўляюцца таксама Божым падарункам, мы прыносім ад імя ўсіх людзей за ўсе Божыя дабрадзействы. Хор сьпявае „Табе сьпяваем, Табе дзякуем” і ў гэтым часе сьвятар чытае трэцюю частку эўхарыстычнай малітвы, просячы ў ёй, каб Бог „паслаў Сьвятога Духа на людзей і на эўхарыстычныя дары”. Гэта г.зв. эпіклеза — закліканьне Сьв. Духа. Сьвятар уздымае рукі і тройчы паўтарае малітву да Сьв. Духа: „Госпадзе, Які Прасьвятога Твайго Духа а трэцяй гадзіне апосталам Тваім паслаў”, бласлаўляе рукой хлеб і кажа: „Зрабі гэты хлеб Целам Хрыста” і тое самае кажа аб віне, просячы, каб яно ператварылася ў Кроў Хрыстову. Трайное „Амін” запячатвае зьдзейсьнены цуд і гэтым канчаецца найважнейшы, найсьвяцейшы момант Сьв. Літургіі. Хлеб і віно ператварыліся ў сапраўдныя Цела і Кроў Хрыстовыя. Сьвятар і ўсе прысутныя ў храме кланяюцца перад Сьвятымі Дарамі да зямлі.

Эўхарыстыя зьяўляецца падзячнай ахвярай, прынесенай Богу за жывых і памерлых, і таму пасьля асьвячэньня дароў сьвятар згадвае ўсіх тых, за каго яна была прынесена. Перш за ўсё ён згадвае прабацькоў, патрыярхаў, прарокаў, апосталаў, пакутнікаў і ўсіх сьвятых. Сярод іх спецыяльнае месца займае Божая Маці і таму сьвятар голасна адзначае „асабліва за Прасьвятую Багародзіцу”.

У словах „Найперш узгадай, Госпадзе” сьвятар моліцца за духоўныя ўлады, патрыярха, мітрапаліта або епіскапа і просіць, каб Бог дазволіў ім мірна, у добрым здароўі, яшчэ доўгія гады абвяшчаць словы Хрыстовай Праўды.

Пасьля благальнай екцяніі і воклічу „І дазволь нам, Уладыка, сьмела і без пачуцьця віны зьвярнуцца да Яго, Бога Айца” хор або ўсе вернікі сьпяваюць малітву „Ойча наш”, якой навучыў апосталаў сам Ісус Хрыстос. Сьвятар у алтары бярэ Агнец у рукі і, уздымаючы над дзіскасам, гаворыць: „Сьвятая сьвятым”. У гэты час хор сьпявае „Адзіны сьвяты, адзін Госпад, Ісус Хрыстос у славу Бога Айца, Амін”. Разьдзяліўшы Агнец на чатыры часткі, верхнюю частку зь літарамі ІС сьвятар апускае ў келіх і далівае цёплую ваду. Пасьля цалуе антымінс, зьгінаецца над прастолам і чытае малітву: „Веру, Госпадзе, і вызнаю, што сапраўды Хрыстос, Сын Бога Жывога”. Прычасьціўшыся Целам і Крывёю Гасподняй і адчытаўшы падзячную малітву ён з двух частак Агнца рыхтуе маленькія часткі для прычашчэньня вернікаў. Царскія дзьверы адкрываюцца і сьвятар заклікае: „Са страхам Божым і верай прыступіце”. Хор адказвае: „Бласлаўлёны, Які прыходзіш у імя Гасподняе”. Сьвятар чытае голасна малітву перад прычасьцем і вернікі, са скрыжаванымі на грудзях рукамі, кажуць сваё імя і прымаюць Сьвятыя Дары. У часе прычасьця хор працяжна сьпявае: „Цела Хрыстова прыміце, крыніцы бясьсьмерцья пакаштуйце”. Варта адзначыць, што гэтак, як і сьвятар, усе вернікі перад прычасьцем павінны адбыць эўхарыстычны пост, прынамсі восем гадзін да таго не есьці і не піць, а таксама паспавядацца. Калі вернікі прыступалі да споведзі цалкам нядаўна і ня маюць на сумленьні цяжкога грэху або калі гэта малыя дзеці, тады ня мусяць спавядацца. Ад дзяцей таксама не патрабуецца выкананьня эўхарыстычнага посту, гэтак-жа як і ад хворых, якія мусяць, напрыклад, рэгулярна спажываць лякарствы. У гэтым сэнсе Царква паступае надзвычай тактоўна.

Пасьля прычашчэньня вернікаў сьвятар ідзе ў алтар, апускае ўсе астатнія часткі Агнца ў келіх са словамі „Абмый, Госпадзе, грахі ўсіх тут згадваных Тваёю Сьвятой Крывёю”. Затым накрывае пакраўцамі дзіскас і келіх і бласлаўляе рукой людзей у храме, кажучы: „Збаў, Божа, людзей Тваіх”. Хор ад імя ўсіх вернікаў адказвае: „Мы бачылі сьвятло сапраўднае, прынялі Духа Нябеснага, знайшлі веру праўдзівую”. Сьвятар робіць келіхам знак крыжа над антымінсам і са словамі „цяпер і ўвесь час і на векі вякоў”, накіраванымі да вернікаў, пераносіць келіх і дзіскас на ахвярнік. Гэты момант сымбалізуе Ўзьнясеньне Хрыста на неба ў саракавы дзень пасьля Пяцідзесятніцы. Апосталы пакланіліся тады Хрысту і з радасьцяй вярнуліся ў Ерусалім. Таму і хор сьпявае радасную песьню: „Няхай напоўняцца вусны нашыя хваленьнем Цябе”. Затым сьвятар чытае падзячную екцянію, складае антымінс і кладзе на ім Евангельле, кажучы: „Бо Ты — асьвячэньне нашае і Табе славу аддаём”. Потым сыходзіць з салеі і чытае г.зв. заамбонную малітву. У ёй просіць Бога аб збаўленьні і блаславенстве для ўсіх хрысьціян, асьвячэньні тых, хто любіць прыгажосьць Божых храмаў, аб міры для ўсяго сьвету, духавенстве, войску і ўсіх людзях. Хор выказвае адданасьць вернікаў Божай волі і сьпявае словы сьв. Іава: „Няхай Імя Божае будзе бласлаўлёнае ад зараз і на векі”. Сьвятар апошні раз бласлаўляе вернікаў у храме і одпустам заканчваецца Сьвятая Літургія, галоўная праваслаўная багаслужба. Азнаямленьне зь ёю павінна дапамагчы ў годным і належным удзельніцтве ў ёй.

Багаслужбы тыднёвага цыклю

Кожны дзень тыдня прысьвечаны нейкай біблейскай падзеі або сьвятому. Багаслужбы тыднёвага цыклю зьмешчаны ў Актоіху.

— Нядзеля прысьвечана Ўваскрэсеньню Хрыстоваму. Згодна Сьвятому Пісаньню, Уваскрэслы Хрыстос паказаўся вучням ў наступны дзень пасьля суботы (Яан. 20, 26). У гэты дзень апосталы і першыя хрысьціяне зьбіраліся на сумесную малітву і ламаньне хлеба. Нядзельная багаслужба асабліва ўрачыстая. У суботу вечарам адпраўляецца Ўсяночная. На вячэрні выконваюцца „Блажэн муж”, „Госпадзе воззвах”, дагматык і бывае малы ўваход з кадзільніцай. На ўтрані чытаецца другая і трэцяя кафізмы, бывае паліялей, у часе якога чытаецца адно з адзінаццаці нядзельных Евангельляў і сьпяваецца песьня: „Уваскрэсеньне Тваё пабачыўшы”. На нядзельнай утрані звычайна гучаць тры каноны: у гонар Уваскрэсеньня Хрыстовага, Крыжа Сьвятога і Божай Маці. Одпуст на ўтрані, гэтак як і на Літургіі, пачынаецца са слоў: „Хрыстос, што ўваскрос з памерлых”.

— Панядзелак. Гэты дзень прысьвечаны анёльскаму сьвету. У сьціхірах і канонах услаўляюцца анёлы, якія акружаюць Трон Божы і хадайнічаюць за нас. Одпусты багаслужбаў гэтага дня „згадваюць заступніцтва бесьцялесных сілаў анёльскіх”.

— Аўторак. У гэты дзень Праваслаўная Царква шануе памяць прарокаў, вестуноў прыходу на зямлю Сына Божага, якія перказваюць людзям Божую волю. Сярод прарокаў першае месца займае сьв. Яан Хрысьціцель. У сьціхірах і канонах падкрэсьліваецца ягоная роля як Вестуна, Прарока і Хрысьціцеля Гасподняга.

— Серада і пятніца. У гэтыя дні, якія зьяўляюцца поснымі днямі, Царква згадвае важныя падзеі з жыцьця Ісуса Хрыста: у сераду — здарду Юды, у пятніцу — укрыжаваньне Ісуса і Ягоную сьмерць.

— Чацьвер. Гэты дзень прысьвечаны апосталам і сьв. Міколу, архіепіскапу Міраў Лікійскіх, які жыў у 4-м стагодзьдзі.

— Субота. Суботняя багаслужба услаўляе Божую Маці і ўсіх сьвятых. Акрамя гэтага ў суботу Царква моліцца за памерлых.

Одпуст кожнага дня зьмяшчае ў сабе імя сьвятога, якому прысьвечаны дадзены дзень. У серады і пятніцы гаворыцца: „Хрыстос, сапраўдны Бог наш... сілай жыцьцятворнага Крыжа зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо ён Добры і Любіцель людзей”.

Багаслужбы гадавога цыклю

Акрамя дзённага і тыднёвага існуе яшчэ гадавы цыкль багаслужбаў. Ён характарызуецца тым, што зьмяшчае багаслужбы, якія паўтараюцца штогод у акрэсьленыя дні. Царкоўны год пачынаецца 1 верасьня. У гэты дзень Хрыстос прыйшоў у храм і паказаўся прысутным (Лук. 4, 16) і таму Царква ў гэты дзень дзякуе Богу за ўсе дабрадзейнасьці і ласкі штогод пасыланыя людзям ды просіць далейшых. У трапары гэтага дня гаворыцца наступнае: „Блаславі вянец году ласкі Тваёй, Госпадзе”. 1 верасьня Тыпікон загадвае, гэтак як у пачатку каляндарнага году, адпраўляць спецыяльны малебен, у якім просіцца, каб Бог „зьберагаў ад усякіх няшчасьцяў слугаў сваіх, зьмякчыў варажнечу, паслаў мір, сапраўдную любоў і каб не зважаючы на нашы заганы, акрыліў нас сваёй міласэрнасьцяй”.

Перакананьне, што Бог любіць людзей і ахоўвае іх, часта паўтараецца ў гімнах і малітвах гадавога цыклю. Выявай гэтай любові зьяўляюцца падзеі, якія паслужылі нашаму збаўленьню: Раство Хрыстовае, Уваскрэсеньне ды іншыя. Кожны дзень году прысьвечаны канкрэтным сьвятым або важным падзеям зь зямнога жыцьця Хрыста. Сьвятыя, сярод якіх асаблівае месца займае Божая Маці, зьяўляюцца для вернікаў узорам жыцьця і веры. Яны таксама хадайнічаюць за намі перад Богам. У некаторыя дні прыпадаюць вялікія сьвяты. Адны зь іх прыпадаюць заўсёду ў тую самую дату, а іншыя залежаць ад даты сьвяткаваньня Вялікадня. Усе яны складзены ня гэтулькі паводле храналёгіі, колькі паводле духоўнага парадку. Кожнае сьвята ёсьць выявай Божага Правіду, Божага пляну збаўленьня і зьяўляецца чарговым крокам да ўключэньня ў гэты плян. Бываюць таксама дні, якія Царква прысьвячае памерлым, у якія загадвае выконваць пост. Тады багаслужба адрозьніваецца ад штодзённай сваім характарам і зьместам. Нашу ўвагу засяродзім цяпер на вялікіх сьвятах, на Вялікім Посьце і характары іх багаслужбаў.

Паняцьце аб сьвятах і катэгорыях сьвятаў

Сьвятое Пісаньне Старога Запавету пацьвярджае, што сьвяты былі ўстаноўлены Самім Богам. Іхная мэта ў Старым Запавеце — захаваць еднасьць народу, умацаваць лучнасьць паміж паасобнымі пакаленьнямі, ажывіць рэлігійнасьць. Старазапаветныя яўрэі сьвяткавалі кожную суботу, Пасху, Пяцідзесятніцу, Сьвята Палатак, Вялікі Дзень Ачышчэньня, Сьвята Трубаў ды іншыя дні. Усе сьвяты былі падзелены на тры катэгорыі: суботнія, гістарычныя і дні прымірэньня з Богам. Усе даты былі зьвязаны з сымбалічнай лічбай 7. І так сьвяткавалі 7-ы дзень тыдня, 7-ы месяц, 7-ы год. Сьвяты адзначаліся спецыяльнымі цырымоніямі і прынашэньнем ахвяраў.

Хрысьціянскія сьвяты былі ўстаноўлены ў памяць новазапаветных падзеяў. Сам Ісус Хрыстос сьвяткаваў старазапаветныя сьвяты, скарыстоўваючы згуртаваньне людзей у сьвяточныя дні для пашырэньня Сваёй навукі. Апосталы ўжо на г.зв. Апостальскім Саборы прыйшлі да высновы, што Майсееў Закон, у тым ліку ўсё, што тычылася сьвятаў, ня можа пашырацца на хрысьціян. І так заміж суботы хрысьціяне пачалі сьвяткаваць „першы дзень тыдня” (1 Кар. 16, 2) у памяць Уваскрэсеньня Ісуса Хрыста. Першыя хрысьціянскія сьвяты супадалі са старазапаветнымі, але былі зьвязаны з новазапаветнымі падзеямі і мелі іншы сэнс. Яўрэйская Пасха, устаноўленая ў памяць выхаду зь Егіпту, была заменена Пасхай Хрыстовай. Пасхальны Баранчык быў правобразам Ісуса Хрыста (1 Кар. 5, 7). Сьвята Пяцідзесятніцы, значыць сьвята жніва, сьвяткаванае як „дзень першага ўмалоту”, сталася сьвятам Сасланьня Сьвятога Духа і пачаткам Царквы Хрыстовай. Некаторыя паганскія сьвяты набылі новы характар, напрыклад Дзень Сонца ў хрысьціянстве ператварыўся ў Раство Хрыстовае, аб’яўленьне Божага Сьвятла. У 4?м стагодзьдзі ўстаноўлена шэраг сьвятаў, зьвязаных з асноўнымі падзеямі ў жыцьці Хрыста, Божай Маці і сьвятых.

Хрысьціянскія сьвяты маюць ня толькі сэнс успаміну, аднаўленьня падзеяў і людзей. Вернікам яны дазваляюць зачэрпнуць указаньні для свайго жыцьця, духоўна ўзбагаціць і аднавіць лучнасьць з царкоўнай абшчынай. Зь ліку ўсіх дзён Праваслаўная Царква вылучыла тыя, якія прысьвечаны асабліва важным падзеям і асобам. Сьвяты дзеляцца на вялікія, сярэднія і малыя. Да вялікіх сьвятаў, азначаных у календары крыжыкам у коле, належаць Вялікдзень і дванаццаць вялікіх сьвятаў, званых па-царкоўнаславянску двунадзесятымі. Гэтыя сьвяты характарызуюцца ня толькі ўрачыстымі багаслужбамі, але маюць таксама перад- і пасьлясьвяточныя дні.

Сьвяты сярэдняй катэгорыі азначаны ў календары знакам крыжа ў паўколе або самім крыжам. Да іх належаць сьвяты ў гонар сьв. апостала і евангеліста Яана, сьв. Міколы Цудатворца, Пакроў Божай Маці ды іншыя. Багаслужбы ў часе гэтых сьвятаў менш урачыстыя, некаторыя маюць паліялей, але бываюць без Усяночнай.

Вялікдзень і пасхальная багаслужба

Вялікдзень званы Ўваскрэсеньнем Хрыстовым або Пасхай — галоўнае хрысьціянскае сьвята, „сьвята сьвятаў” і „ўрачыстасьць урачыстасьцяў”. Уваскрэсеньне Хрыстовае — падстава нашай веры: „Калі Хрыстос не ўваскрэс, дарэмнае нашае навучаньне, дарэмная і вера ваша. Аднак Хрыстос уваскрэс у якасьці першага з тых, што памерлі”, — пісаў апостал Павал (1 Кар. 15, 14 і 20). Евангелісты аднадумна адзначылі гэтую фундамантальную падзею разам з ранейшымі пакутамі і сьмерцяй. Яны апісалі няверу апосталаў, гарачую любоў жанчын-міраносіц і першае зьяўленьне Ўваскрэслага Госпада. Цуд зь вялікай цяжкасьцяй даходзіў да сьведамасьці вучняў. Хаця Ўваскрэсеньне было прадказана ўжо ў Старым Запавеце, хаця сам Хрыстос некалькі разоў гаварыў, што „будзе забіты і на трэці дзень уваскрэсьне” (Мацьв. 16, 21; 17, 9) і што „сустрэнецца зь імі ў Галілеі (Мацьв. 26, 32), вучні, не зважаючы на ўваскрэсеньне Лазара, не разумелі як можна ўстаць, будучы памерлым. Боязь і расчараваньне апанавалі вучняў, якія спадзяваліся, што гэта Ён „вызваліць Ізраіль” (Лук. 24, 21). Калі Настаўнік быў злоўлены, зьняважаны і ўкрыжаваны, усе пакінулі Яго, нават запальчывы і рашучы Пётр. Ля крыжа засталіся толькі ўлюбёны вучань Яан і Божая Маці. Пахавалі Хрыста тайныя вучні Язэп і Нікадзім, ушаноўваючы гэтым самым свайго Настаўніка, але не спадзяючыся Ягонага ўваскрэсеньня. І толькі галілейскія жанчыны „ў першы дзень тыдня на сьвітаньні пайшлі да магілы, несучы нарыхтаваныя духмянасьці” ( Лук. 24,1-9).

Уваскрэслы Хрыстос паказаўся першай Марыі Магдаліне (Яан. 20, 14-17), затым апосталам (Яан. 20, 19-22). У сэрцах вучняў наступіла перамена. Уласнымі вачыма яны бачылі Госпада, размаўлялі зь Ім, атрымалі ад Яго указаньні і павучэньні. Праз сорак дзён да часу Свайго ўзьнясеньня на неба шмат разоў даказаў Ён, што жыве (Дзеі. 1, 3).

Уваскрэсеньне Хрыстовае пацьвердзіла Ягоную Боскасьць, праўдзівасьць Ягонай навукі, збавіцельнасьць Ягонай сьмерці, а таксама значэньне і моц дараваных Царкве ласкаў. Для хрысьціян усіх часоў цуд уваскрэсеньня стаўся „ўмярцьвеньнем сьмерці, разбурэньнем пекла, пачаткам іншага, новага жыцьця”.

Сьвята Ўваскрэсеньня Хрыстовага было ўстаноўлена ў апостальскія часы. Аднак у першыя стагодзьдзі хрысьціянства Пасху адзначалі не заўсёды ў адзін час. У некаторых Цэрквах адзначалі яе ў любы дзень тыдня разам зь яўрэямі, у іншых — у першую нядзелю пасьля вясеньняй поўні месяца. На Першым Саборы ў Нікеі ў 325 годзе вырашана адзначаць Вялікдзень пасьля яўрэйскай Пасхі, у першую нядзелю пасьля вясеньняй поўні месяца, аднак не раней вясеньняга зраўнаньня дня і ночы. Ад гэтага прынцыпу адступіў Рымска-каталіцкі Касьцёл, які сьвяткуе Вялікдзень нават перад яўрэйскай Пасхай. Сьвята Ўваскрэсеньня Хрыстовага працягваецца сорак дзён і канчаецца напярэдадні Ўзьнясеньня Гасподняга. Асабліва ўрачысты першы тыдзень пасьля Вялікадня, г.зв. Сьветлая сядміца. Велікодная багаслужба пачынаецца ў Вялікую суботу паўночніцай перад Плашчаніцай, якая сымбалізуе Магілу Гасподнюю. Плашчаніцу адносіцца ў алтар, дзе яна застаецца сорак дзён.

Уласьцівая велікодная багаслужба пачынаецца адразу пасьля поўначы ўтраняй. Сьвятар у ясных рызах пачынае сьпяваць „Уваскрэсеньне Тваё”. Спачатку ціхі, за трэцім разам сьпеў магутнее, адкрываюцца царскія дзьверы (адчыненымі яны, дарэчы, застаюцца ўвесь Велікодны тыдзень) і сьвятар з крыжам, кадзільніцай і трысьвечнікам зь іконакай Уваскрэсеньня выходзіць — апярэджаны харугвамі — на ўрачыстае шэсьце. У тым часе, калі ўдзельнікі шэсьця тройчы абыходзяць храм са сьпевам „Уваскрэсеньне Тваё”, звоняць усе званы. Гэтае ўрачыстае шэсьце сымбалізуе міраносіц, якія на сьвітаньні ішлі памазаць Цела Хрыста. Сьвятар затрымоўваецца ля ўваходу ў храм і гаворыць вокліч „Слава Сьвятой, Аднаістотнай” і трапар „Хрыстос уваскрэс”, а таксама чытае вершы „Няхай уваскрэсьне Бог”. Пасьля кожнага з гэтых сказаў хор сьпявае „Хрыстос уваскрэс з памерлых”. Затым сьвятар крыжам адкрывае дзьверы, быццам анёл, які адсунуў камень з магілы Хрыста і ўваходзіць у алтар. Наступае вялікая екцянія, пасьля якой хор сьпявае пасхальны канон „Уваскрэсеньня дзень”, напісаны Яанам Дамаскінам. Пасьля кожнай песьні сьвятар чытае малую екцянію, кадзіць алтар, іканастас і вернікаў і вітае прысутных у храме радасным прывітаньнем „Хрыстос уваскрэс”, на што вернікі адказваюць „Запраўды ўваскрэс”.

Пасьля канону чытаецца экзапастыларый („Целам заснуў”), хор сьпявае „Ўсякае дыханьне няхай хваліць Госпада” і сьціхіры, да якіх дадаюцца спэцыяльныя пасхальныя сьціхіры. Пасьля сьціхіраў сьвятар чытае казань Яана Залатавуснага на сьвята Пасхі. У ёй падкрэсьліваецца, што ўсе павінны перажываць пасхальную радасьць незалежна ад таго, ці належна падрыхтаваліся да сьвята, ці занядбалі абавязак узмоцненага посту і малітвы. Пасьля гэтага наступаюць дзьве екцяніі і одпуст са словамі „Хрыстос, які ўваскрэс з памерлых”. Непасрэдна пасьля пасхальнай утрані наступаюць пасхальныя гадзінкі, г.зн. багаслужбы першай, трэцяй і шостай гадзінаў.

Затым адпраўляецца Сьвятая Літургія. Пасьля воклічу сьпярша сьвятар, а потым хор тройчы сьпяваюць трапар сьвята. Заміж ізабразіцельных сьпяваюцца антыфоны, заміж трысьвятога — „Вы, што ў Хрыста хрысьціліся” („Еліцы во Хрыста крэстітеся”), фрагмэнт „Апостала” ўзяты зь 1-га разьдзелу Дзеяў Апостальскіх і евангельскае чытаньне зь 1-га разьдзелу (вершы ад 1-га да 17-га) Евангельля паводле Яана. Калі Літургію служаць некалькі сьвятароў, яны намагаюцца прачытаць гэты фрагмэнт на розных мовах, каб падкрэсьліць, што Слава Ўваскрэслага Збавіцеля пашырылася сярод многіх народаў, а Дабравесьце гучыць на шматлікіх мовах сьвету. Напрыканцы Літургіі заміж словаў „Бласлаўлёны, які прыходзіш у Імя Гасподняе”, „Мы бачылі сьвятло сапраўднае” і „Няхай напоўняцца вусны нашы” сьпяваецца „Хрыстос уваскрэс з памерлых”. Непасрэдна пасьля одпусту сьвятар асьвячае артас — спецыяльны хлеб з выявай Уваскрэсеньня Хрыстовага. Артас нагадвае, што Хрыстос зьяўляецца сапраўдным хлебам жыцьця і што Ён ламаў хлеб, каб пераканаць апосталаў аб сваім уваскрэсеньні.

У адпаведнасьці з Тыпіконам, а 15-й гадзіне служыцца пасхальная вячэрня.

Пасьля воклічу і шматразовага адсьпяваньня трапара наступае вялікая екцянія, сьціхіры і ўваход зь Евангельлем. Хор сьпявае „Сьвятло ціхае”, а сьвятар чытае вялікі пракімен „Хто Бог вялікі”. Евангельле ад Яана (20, 19-23) сьвятар чытае павярнуўшыся да вернікаў.

Багаслужба першага дня Вялікадня паўтараецца ва ўсе дні тыдня. У суботу раздрабляецца і раздаецца паміж вернікаў артас. Пасьля першага тыдня зачыняюцца таксама царскія дзьверы. Праз сорак дзён, ажно да адданьня сьвята, у часе кожнай багаслужбы пасьля воклічу і напрыканцы службы тройчы сьпяваецца трапар „Уваскрэсеньне Тваё”.

Велікоднае сьвята адзначаецца ў Праваслаўнай Царкве надзвычай урачыста. Вернікі вітаюць адзін аднаго словамі „Хрыстос уваскрэс” і даруюць адзін аднаму каляровыя яйкі, якія сымбалізуюць адраджэньне жыцьця. У храмах багаслужбы адбываюцца пры яркім сьвятле, сьвятары надзяваюць белыя, бліскучыя вопраткі. Усё гэта ўзмацняе ўзьнёслы і радасны велікодны настрой, які доўга застаецца ў сэрцах вернікаў.

Вялікія сьвяты

Раство Прасьвятой Багародзіцы

Гэта адно з дванаццаці вялікіх сьвятаў, першае ў царкоўным годзе, якое адзначаецца 8 (21) верасьня. Яно прысьвечана „пачатку нашага збаўленьня” — народзінам Божай абраньніцы, якая павінна стацца Маці Збавіцеля. Акалічнасьці гэтай падзеі апісаны ў г.зв. Евангельлі Якуба — апакрыфічнай, значыць некананічнай, кнізе, якая не ўвайшла ў склад Сьвятога Пісаньня Новага Запавету. У ім расказваецца пра двое пабожных людзей — Яакіма і Анну, якім Бог ня даў дзяцей. З гэтай прычыны пераносілі яны ад людзей шмат прыніжэньняў, паколькі бязьдзетнасьць лічылася знакам Божага гневу. Таму Яакім і Анна горача маліліся, каб Бог зьлітаваўся над імі і абдараваў дзіцём. Малітва і непахісная надзея былі ўзнагароджаны. Анёл Божы зьявіўся ім і прадказаў народзіны дзіцяці, якое расславіць іхны род, хаця Яакім і Анна былі ўжо старэйшымі людзьмі. У адпаведнасьці з абяцаньнем у іх нарадзілася дачка, якую яны назвалі Марыяй, што ў яўрэйскай мове азначае: спадарыня, надзея. Ейныя народзіны з бацькоў царскага і архісьвятарскага роду сталіся пачаткам выкананьня Божых абяцаньняў, у чаканьні якіх чалавецтва жыло тысячагодзьдзямі. Раство Марыі, як пісаў сьв. Андрэй Крыцкі, сталася як быццам „дзьвярыма да ласкі і праўды”. Удзячны Яакім прынёс Богу багатую ахвяру. Аднак бацькам не было суджана дачакаць паўналецьця дачкі. Яна рана засталася сіратою, будучы ўжо аддадзенай на выхаваньне ў храм.

Сьвята было устаноўлена ў 4-м стагодзьдзі, хаця невыключана, што лякальна яго адзначалі і раней. Спецыяльныя гімны на гэтае сьвята напісалі сьв. Андрэй Крыцкі, сьв. Яан Дамаскін і сьв. Язэп Студыйскі.

Узьвіжаньне Крыжа Гасподняга

Гэта другое нерухомае сьвята зь ліку дванаццаці вялікіх сьвятаў і адзначаецца 14 (27) верасьня. Яно было ўстаноўлена ў памяць двух важных падзеяў, зьвязаных зь лёсам Крыжа Хрыстовага і дзеля ўмацаваньня Ягонага культу.

Крыж, на якім быў павешаны Ісус Хрыстос, на працягу 300 гадоў знаходзіўся ў зямлі, а на месцы ўкрыжаваньня на Галгофе быў пабудаваны храм у гонар Вэнэры. У 4-м стагодзьдзі, у час панаваньня імпэратара Канстанціна, у Ерусалім прыбыла ягоная маці Ялена. Пасьля доўгіх пошукаў былі адкапаны тры крыжы. Цуд аздараўленьня хворай жанчыны (паводле іншага пераказу — уваскрэсеньня памерлага) дазволіў акрэсьліць, які з гэтых крыжоў зьяўляецца Хрыстовым Крыжам. У прысутнасьці патрыярха Макарыя Крыж быў падняты і паказаны натоўпам людзей на чатыры бакі сьвету. У памяць гэтай знаходкі ў другі дзень Вялікадня было ўстаноўлена сьвята. Імпэратрыца Ялена пабудавала на асьвячаных Хрыстом у часе Яго зямнога жыцьця месцах каля 80 храмаў. Частку Крыжа разам зь цьвікамі яна вывезла ў Канстанцінопаль, а астатняя частка заставалася ў храме Ўваскрэсеньня на Галгофе.

У 614 годзе Ерусалім быў разбураны пэрсамі. Цар Хазрой вывез разам з ваеннымі трафеямі таксама і Крыж. Чатырнаццаць гадоў пазьней, калі настаў мір, імпэратар Іраклій асабіста, па-жабрацку адзеты, зь вялікай пашанай унёс Крыж на сваё месца.

Гэтыя дзьве гістарычныя падзеі ажывілі шанаваньне Крыжа і паслужылі ўстанаўленьню сьвята Ўзьвіжаньня. З 335 году сьвята пачалі адзначаць не ў другі дзень Вялікадня, але 14 верасьня. Згаданыя падзеі ўзмацнілі таксама зацікаўленьне тэолягаў Крыжовай Ахвярай Хрыста, ажывілі набожную памяць пра пакуты Хрыста ды іх значэньне. Для вернікаў Узьвіжаньне Сьвятога Крыжа зьяўляецца заклікам да ўдзельніцтва ў Крыжы Хрыстовым, да жыцьця паводле прыкладу Хрыста.

Крыж спадарожнічае праваслаўнаму хрысьціяніну ад калыскі аж па магілу. Ён зьяўляецца знакам збаўленьня і перамогі над грахом у сабе самім і ў навакольным сьвеце. Крыж на магіле памерлых запэўнівае аб будучым уваскрэсеньні. Ён таксама закончыць, паводле слоў Хрыста, наш чалавечы лёс і лёс усяго сьвету, калі на небе зьявіцца знак Сына Чалавечага (Мацьв. 24, 27).

Асаблівасьцю сьвята зьяўляецца абрад вынясеньня ўпрыгожанага крыжа на сярэдзіну храму, а таксама абрад яго падняцьця на чатыры бакі сьвету. Сьвята Ўзьвіжаньня — посны дзень. Сьвяточны перыяд працягваецца восем дзён, пасьля чаго сьвятар уносіць крыж зь сярэдзіны храму ў алтар.

Ахвяраваньне Прасьвятой Багародзіцы

Сьвяткуецца 21 лістапада (4 сьнежня) і прысьвечана яно падзеі, якая вядомая не са Сьвятога Пісаньня, але з традыцыі. Паводле пераказу, калі Марыі споўніліся 3 гады, ейныя бацькі — згодна з абяцаньнем дадзеным Богу — вырашылі пасьвяціць Яе Богу. У атачэньні сям’і, аднагодкаў і сваякоў яна ўрачыста была ўведзена ў ерусалімскі храм. Там зьдзівіла прысутных тым, што сама паднялася па пятнаццаці высокіх ступенях. Архісьвятар Захарыя, натхнёны Духам Сьвятым, увёў яе ў сьвятое сьвятых, куды сам мог заходзіць толькі адзін раз у год у вялікае сьвята Ачышчэньня. Бацькі з радасьцяй і ў прадчуваньні незвычайнай ролі, якую адыграе Марыя, вярнуліся дахаты.

Марыя засталася пры храме, дзе ў малітве і працы ўмацоўвалася ў веры і розуме. З замілаваньнем чытала Сьвятое Пісаньне, шыла сьвятарскія рызы і апекавалася беднымі ды калекамі. Пастанавіла таксама застацца дзевай і згодна парадзе архісьвятара, пасьля таго як пакінула храм, была даручана апецы старога Язэпа. Разам зь ім пасялілася ў Назарэце, прабываючы ў чысьціні і разьвіваючы шматлікія цноты.

Ахвяраваньне Прасьвятой Багародзіцы зьвяртае нашу ўвагу на значэньне храму ў духоўным росьце кожнага чалавека і выхаваньні дзяцей. Прабываючы ў непаўторнай атмасфэры храму Марыя падрыхтавалася да вялікай ролі стаць Божай Маці. У трапары сьвята гаворыцца, што „Дзева бачна ў храме зьяўляецца і прадказвае прыход Хрыста”. У часе сьвяточнай багаслужбы ў каноне гучыць сьпеў „Хрыстос родзіцца — слаўце”, што азначае хуткі надыход сьвята Раства Хрыстовага.

Сьвята Ахвяраваньня Прасьвятой Багародзіцы было ўстаноўлена праўдападобна ў 4-м стагодзьдзі, паколькі з таго часу захаваліся адмысловыя казані сьв. Рыгора Ніскага. Згодна традыцыі, імпэратрыца Ялена пабудавала таксама храм у гонар Ахвяраваньня, дык, верагодна, сьвята адзначалася ўжо ў ейныя часы. Ахвяраваньне мае адзін перадсьвяточны і чатыры пасьлясьвяточныя дні.

Раство Хрыстовае

Гэта вялікае агульнахрысьціянскае сьвята, якое сьвяткуецца 25 сьнежня (7 студзеня). Устаноўлена яно было ў памяць народзін Ісуса Хрыста зь Дзевы Марыі ў Віфлееме-Юдэйскім. Прадказванае прарокамі і чаканае многімі справядлівымі людзьмі ў Старым Запавеце Раство Хрыстова зьдзейсьнілася тады, „калі наступіла паўната часу” (Гал. 4, 4), калі ў людзях дасьпела неадольная прага вызваленьня ад грэху і сьмерці. Сын Божы прыйшоў як сапраўднае сьвятло да людзей дагэтуль акунутых у цемру (Пс. 106, 10). Раство Хрыстова — гістарычны факт. На старонках Евангельля дакладна адлюстраваны сьпіс насельніцтва, прыезд Язэпа і Марыі з Назарэту ў Віфлеем, нараджэньне Хрыста ў ясьлях, пакланеньне пастушкоў, абразаньне, прыбыцьцё Трох Цароў з Усходу і ўцёкі ў Егіпет.

Да 4-га стагодзьдзя Раство Хрыстова сьвяткавалася 6 студзеня разам са сьвятам Богаяўленьня (Эпіфаніі). Пад гэтай назвай разумелася тады і само Раство, і Хрышчэньне ў рацэ Ярдан, і першы цуд у Кане-Галілейскай. У 337 годзе, дзякуючы між іншым сьв. Яану Залатавуснаму, сьвята пачалі адзначаць 25 сьнежня — разам з заходнімі хрысьціянамі. Гэтае перанясеньне даты было зьвязана з тым, што ў старажытным Рыме паганцы 25 сьнежня адзначалі Дзень Сонца. Гэтаму паганскаму сьвяту хрысьціяне вырашылі супрацьпаставіць сваё сьвята ў гонар Сонца Праўды.

Праваслаўная Царква надзвычай урачыста адзначае гэтае вялікае сьвята. Вернікі рыхтуюцца да яго ў часе саракадзённага посту, званага Піліпаўкай, які пачынаецца 14 (7 лістапада) у дзень памяці апостала Піліпа. Раству Хрыстоваму папярэднічаюць два падрыхтоўчыя тыдні, прысьечаныя памяці Праайцоў і Айцоў, г.зн. пабожным людзям Старога Запавету і продкам Ісуса Хрыста. Гэты падрыхтоўчы перыяд замыкае сьвяты вечар званы куцьцёю — ад варанай кашы з дадаткам мёду, маку.

Раство Хрыстовае мае багатую абрадавую абалонку. У храмах і хатах ставяцца ўпрыгожаныя ёлкі, якія сымбалізуюць, што натура чалавека сама ў сабе бездапаможная, а ў Хрысьце здольная ажыць і прынесьці духоўны плён. Вечна зялёнае дрэўца сымбалізуе жыцьцё вечнае, вернутае Ісусам Хрыстом. Агонь сьвечак зьвяртае ўвагу на тое, што сьвятло Праўды Хрыстовай рассьвятляе цемру грэху. Звычай ставіць ёлкі прыйшоў да нас з пратэстанцкай Нямеччыны ў 18 — 19-м стагодзьдзях. У перыяд Раства Хрыстовага ў храмах і хатах сьпяваюцца калядкі, адмысловыя песьні, якія ў простай і даступнай форме прадстаўляюць радасную падзею Народзін Хрыста — зьдзяйсьненьне старазапаветных прароцтваў і знакаў.

Хрышчэньне Гасподняе — Богаяўленьне

Гэтае сьвята было ўстаноўлена ў памяць хрышчэньня Гасподняга ў рацэ Ярдан, апісанага трыма евангелістамі (Мацьв. 3, 13-17; Марк. 1, 9-11; Лук. 3, 21-22). Сьвята належыць да рухомых і адзначаецца 6 (19) студзеня. Праз трыццаць гадоў Хрыстос жыў звычайна як іншыя людзі ў Назарэце. На пятнаццатым годзе панаваньня імпэратара Тыбэрыя над Ярданам зьявіўся Яан, які заклікаў людзей да раскаяньня і прадказаў надыход „мацнейшага за яго”. Разам зь іншымі людзьмі, якія ў знак духоўнага ачышчэньня прымалі ад Яана хрост у Ярдане, да вады падышоў і Хрыстос. Яан адчуў, што стаіць перад ім незвычайны чалавек, аднак Ісус настойваў на хрышчэньні разам зь іншымі. Калі Ён прыняў хрост і выходзіў з вады, адкрыліся нябёсы і Яан убачыў голуба, што зыходзіў на Ісуса ды пачуў голас зь неба: „Гэта Сын Мой, Якога Я ўпадабаў”.

Паводле Яана Дамаскіна, Хрыстос прыняў хрост не таму, што патрабаваў ачышчэньня, бо быў бяз грэху, але каб асьвяціць ваду і даць прыклад нам. Зрабіў гэта таксама, каб адкрылася тайна Сьвятой Тройцы і каб паказаць, што ў новае Царства ня ўвойдзе ніхто нячысты і няхрышчаны.

Хрышчэньне Гасподняе здаўна называецца днём асьвячэньня. Прысутнасьць Духа Сьвятога выявілася ў „рассьвятленьні” Ярдану. У старажытнасьці напярэдадні сьвята праводзіўся ўрачысты абрад хрышчэньня катэхумэнаў, у часе якога запальвалі мноства сьвятла.

Перадсьвяточны і пасьлясьвяточны перыяд працягваецца ад 6 (19) студзеня да 14 (27) студзеня. Увесь перыяд ад Раства Хрыстовага да апошняга дня перад Богаяўленьнем называецца сьвяткамі і пазбаўлены посных дзён. Ужо чатыры дні перад сьвятам Царква заклікае вернікаў, каб думкамі перанесьліся над Ярдан. У часе сьвята двойчы практыкуецца абрад асьвячэньня вады на рацэ, возеры або проста ў храме. Заклікаючы Духа Сьвятога сьвятар просіць, каб „зышло на ваду блаславенства Ярданава, каб вада паслужыла асьвячэньню, вызваленьню ад грахоў, аздараўленью душ і целаў”.

Традыцыйна ў перыяд ад Богаяўленьня да сьвята Срэцяньня праваслаўныя сьвятары наведваюць дамы сваіх парафіянаў, асьвячаюць ярданскай вадой памяшканьні, моляцца за членаў сям’і. Вернікі кладуць на стале хлеб і соль, ставяць ікону і запальваюць сьвечку. Наведваньне дамоў вернікаў сымбалізуе, што Хрыстос выходзіць насупраць нас і спадзяецца, што і мы прымем Яго. Такі візыт сьвятара дазваляе ня толькі падзяліцца з парафіянамі радасьцяй сьвята, але і лепш пазнаёміцца зь імі. Вернікі са свайго боку маюць спрыяльную магчымасьць прадставіць сьвятару свае праблемы, папрасіць парады.

Срэцяньне Гасподняе

Сьвята належыць да нерухомых сьвятаў у гонар Маці Божай і адзначаецца заўсёды сорак дзён пасьля Раства Хрыстовага. Лякальна сьвяткавалася яно ўжо ў 3-м і 4-м стагодзядзях — на Усходзе да ліку вялікіх сьвятаў было далучана ў 4-м стагодзьдзі. Устаноўлена яно было ў памяць таго, што ў саракавы дзень Ісус Хрыстос быў прынесены ў ерусалімскі храм. За выкупленьне яўрэяў зь егіпецкай няволі Закон патрабаваў, каб кожны першародны сын быў ахвяроўваны Богу і затым ён сымбалічна выкупляўся бацькамі. Пакорліва і з пашанай Язэп і Дзева Марыя прынесьлі ў ахвяру дзьвюх туркавак. У храме яны сустрэлі Сімяона, які паводле традыцыі быў адным зь сямідзесяці перакладчыкаў Сьвятога Пісаньня на грэцкую мову. Чытаючы тэкст Пісаньня, дзе гаварылася, што „Дзева народзіць Сына”, ён усумніўся ў гэтым і за гэтае сумненьне анёл абвясьціў яму, што ён не памрэ, пакуль на свае ўласныя вочы ня ўбачыць зьдзяйсьненьня прароцтва. Канец яго чаканьню наступіў у гэты дзень. Сімяон узяў Хрыста на рукі, блаславіў і натхнёны Духам Сьвятым сказаў: „Цяпер, Госпадзе, дазволь слугу Твайму адысьці мірна... бо вочы мае пабачылі збаўленьне Тваё... сьвятло на асьвячэньне паганцаў і славу народу Твайго Ізраіля” (Лук. 2, 29-32). Аддаючы Дзіцё Язэпу і Марыі Сімяон сказаў: „Вось ляжыць Ён на падзеньне і паўстаньне многіх у Ізраілі і на знак, якому будуць супраціўляцца... А тваю душу, — зьвярнуўся ён да Марыі, — пройдзе меч”. Пасьля гэтага прарочыца Анна, якая ўсё жыцьцё служыла Богу ў пастах і малітвах і таксама распазнала ў Ісусе Месію, пачала расказваць аб гэтым людзям.

Прароцтва Сімяона ўжо неўзабаве пачало спаўняцца ў дачыненьні і да Маці, і да Сына. Зарысаваўся падзел на тых, хто паверыў у Хрыста і хто адкідаў Яго. Пасьля першай ахвяры з боку Марыі наступілі далейшыя: пакуты, боль мацярынскага сэрца, хваляваньне за Сына.

Згодна з традыцыяй, у часе сьвята Срэцяньня ў храмах практыкуецца асьвячэньне грамніцаў, якія пры наяўнасьці веры ў Божую дапамогу ахоўваюць дамы ад маланак, бураў, пажараў, граду ды іншых катаклізмаў. Гэтыя сьвечкі перахоўваюцца ў хатах і даюцца яны таксама ў рукі тым, хто памірае ў знак гарачай веры, зь якой вернікі прымаюць сьмерць.

Непасрэдна зь евангельскага факту прынясеньня Хрыста ў храм выплывае звычай уцаркаўленьня або ўводу. У саракавы дзень маці прыносяць сваіх дзяцей у храм, каб яны былі далучаны да ліку вернікаў. Сьвятар чытае спецыяльную малітву за маці, у якой просіць, каб Бог ачысьціў яе, а нованароджанае дзіця асьвяціў, надзяліў розумам і разважлівасьцю ды дазволіў дажыць сталага веку. Згодна старазапаветнай традыцыі, дзіця мужчынскага полу сьвятар уносіць у алтар, а жаночага полу — толькі на салею перад алтаром. Гэты абрад зьяўляецца бачным знакам таго, што духоўны рост чалавека магчымы толькі дзякуючы ласцы, якую атрымоўваем пры пасярэдніцтве храму.

Дабравешчаньне Прасьвятой Багародзіцы

Гэтае сьвята належыць да нерухомых сьвятаў у гонар Божай Маці і адзначаецца 25 сакавіка (7 красавіка). Яно сьвяткавалася ўжо ў апостальскія часы і называлася Пачаткам Адкупленьня або Дабравешчаньнем аб Хрысьце. У 3-м стагогодзьдзі яго адзначалі ўжо надзвычай урачыста, а ў 4-м была ўстаноўлена цяперашняя дата сьвята. Падставай для сьвята паслужыла абвяшчэньне арханёлам Дзеве Марыі, што зь Яе народзіцца Эмануіл — Ісус Хрыстос. Сама падзея дакладна апісана ў Евангельлі. Марыя ўспрыняла словы арханёла зь вялікай пакорай. „Я — служанка Гасподняя, хай станецца паводле слова твайго”, — сказала Яна, затым сьпешна накіравалася да Елізаветы, будучай маці Яана Хрысьціцеля, і падзялілася зь ёю радаснай весткай. У дзень сьвята Праваслаўная Царква радасна адзначае „пачатак нашага збаўленьня” — пачатак Новага Запавету і дзень Уцялесьненьня Сына Божага.

Дабравешчаньне прыпадае пераважна ў часе Вялікага Посту: ад чацьвярга трэцяга тыдня Посту да серады Вялікага тыдня. Калі выпадзе ў Вялікім Посьце, тады мае толькі па адным перад- і пасьлясьвяточным дні.

У сьвяточных сьціхірах падкрэсьліваецца пакора Божай Маці і тайна Ўцялесьненьня Сына Божага, недаступная чалавечаму розуму. Маці Божая прыраўноўваецца да „незгаральнага куста” і драбіны, якую Язэп бачыў у сьне. Гаворыцца таксама, што дзякуючы народзінам Божага Сына зямля зноў аб’ядноўваецца зь небам, ажывае Адам, уваскрасае Ева, зноў адноўлена лучнасьць чалавека з Богам.

У апостальскім чытаньні, узятым зь Лісту апостала Паўла да яўрэяў (2, 11-18), гаворыцца, што Ісус Хрыстос дзеля нашага збаўленьня „павінен быў прыпадобніцца ва ўсіх адносінах да людзей, каб стацца міласэрным і адданым архірэям дзеля ўміласьціўленьня Бога за грахі людзей”.

Уезд Хрыстоў у Ерусалім — Вербніца

Гэтае сьвята было ўстаноўлена ў глыбокай старажытнасьці, аб чым сьведчаць захаваныя казані з 3-га стагодзьдзя. Яно належыць да рухомых сьвятаў у гонар Ісуса Хрыста. У гэты дзень Царква падкрэсьлівае Боскасьць Хрыста, якая выявілася незадоўга да Яго добраахвотных пакутаў. Гэтую падзею апісалі ўсе чатыры евангелісты (Мацьв. 21, 1-11; Марк. 11, 1-11; Лук. 19, 29-41; Яан. 12, 12-19).

Уезд Хрыста ў Ерусалім наступіў пасьля ўваскрэсеньня Лазара (Яан. 11, 43-44). Хрыста, які ўехаў на маладым асьляці, радасна сустракаў натоўп людзей. Яўрэі сустракалі Хрыста як цара і вызвольніка з?пад панаваньня рымскіх акупантаў. Не разумелі сапраўднай мэты ўезду таксама і апосталы. Царква, сьвяткуючы гэту падзею, выказвае пашану Хрысту, які прыбывае ў Ерусалім не для зямной славы, але для збаўленьня людзей, як Пераможца над грахом і сьмерцю.

У сьвяточнай багаслужбе радасьць ад гэтай падзеі пераплятаецца з прадвесьцем пакутаў Хрыста. Хрыстос перш за усё выконвае Сваё заданьне. Усе вернікі, за прыкладам ерусалімскіх дзяцей, шчырым сэрцам горача вітаюць Хрыста. У трапары сьвята гаворыцца, што „запэўніваючы перад сваімі пакутамі аб будучым, усеагульным уваскрэсеньні, Ты ўваскрасіў Лазара, Хрысьце Божа. Таму і мы як дзеці несучы знакі перамогі ўсклікаем: асанна на вышынях, бласлаўлёны, Які прыходзіць у Імя Гасподняе”. У каноне падкрэсьліваецца радасьць сьведкаў Царскага Ўезду Хрыста. Гэта было прыбыцьцё ня ў выглядзе пакорлівага слугі, але ў якасьці Госпада Неба і Зямлі, з Божай магутнасьцяй і славай. Падкрэсьліваецца таксама зайздросьлівасьць і змовы фарызэяў і архірэяў, якія варожа паставіліся да Хрыста.

У часе сьвяточнай утрані практыкуецца звычай асьвячэньня вярбы, якую, заміж пальмаў, вернікі на Ўсходзе прыносяць у храм і з запаленымі сьвечкамі трымаюць у руках у сам дзень сьвята. Адгэтуль пайшоў іншы назоў сьвята — Вербніца.

Уезд Гасподні ў Ерусалім ня мае пасьлясьвяточных дзён. Адразу пасьля яго наступае Вялікі тыдзень — Страсная сядміца, у часе якой уся набожная ўвага вернікаў, іхныя думкі і пачуцьці накіроўваюцца на Хрыстовы пакуты і сьмерць.

Узьнясеньне Гасподняе

Сьвята належыць да рухомых, залежных ад Вялікадня сьвятаў у гонар Ісуса Хрыста. Яно сьвяткуецца заўсёды ў чацьвер у саракавы дзень пасьля Пасхі і было ўстаноўлена ўжо ў апостальскія часы для ўшанаваньня слаўнага адыходу Хрыста на неба. Гэтая падзея апісана ў Евангельлі паводле Марка (16, 16-20), Лукі (24, 50-53), а таксама ў Дзеях Апостальскіх (1, 4-12). Ісус Хрыстос шмат разоў прадказваў Сваё ўзьнясеньне на неба. Прабываньне на зямлі пасьля Ўваскрэсеньня Ён скарыстаў на канчатковае павучэньне апосталаў, „зьяўляючыся перад імі праз сорак дзён і гаворачы пра Царства Божае”(Дзеі. 1, 3). Калі наступіў час разьвітаньня, Хрыстос „вывеў іх ажно да Віфаніі і, падняўшы рукі свае, блаславіў іх. І... расстаўся зь імі” (Лук. 24, 50-51). Евангеліст Марк паведаміў: „А калі Госпад Ісус быў узяты ўверх на неба... сеў праваруч Бога” (Марк. 16, 19). У Дзеях Апостальскіх чытаем пра абяцаньне сасланьня на іх Духа Сьвятога, які ўмацуе іх і дасьць сілу для выкананьня будучых заданьняў: „Вазьміце Духа Сьвятога, калі зыдзе на вас, і будзьце мне сьведкамі... ажно па канцы зямлі. І калі сказаў гэтае, а яны глядзелі, быў падняты ўверх і воблака закрыла Яго ад вачэй іхных” (Дзеі. 1, 8-9).

Узьнясеньне было неабходнае, каб Сын Божы стаўся пасрэднікам паміж Богам і людзьмі. Ён разьвітаўся з вучнямі, але даручыў ім заданьне евангелізацыі сьвету. Апошнімі Ягонымі словамі былі: „Я з вамі праз усе дні да канца сьвету”( Мацьв. 28, 20). Царква прыняла гэтыя словы як абяцаньне пастаяннай апекі над сьветам, што Хрыстос, не зважаючы на свой адыход, увесь час прабывае зь вернікамі. Гэта было радаснае разьвітаньне, якое пацьвердзіла праўдзівасьць Ягоных слоў і дзеяньняў, якое падсумавала выкананую місію Ісуса Хрыста.

У трапары гэтага сьвята гаворыцца: „Ты ўзьнёсься ў славе, Хрысьце, Божа наш, парадаваўшы вучняў абяцаньнем Сьвятога Духа і запэўненьнем іх... што Ты — сапраўды Сын Божы, Збаўца сьвету”.

У момант Узнясеньня апосталы апошні раз бачылі Настаўніка цялеснымі вачыма, але ўсё ў іх зьмянілася празь веру. Толькі тады, калі Хрыстос узнёсься на неба, яны ў сапраўднасьці пазналі Яго, адчулі ў сабе абяцаную моц і радасьць, якой ніхто ня ў змозе адняць у іх. Ужо ня бачаць цялеснымі вачыма Хрыста — Сына Чалавечага, але ніколі дагэтуль не адчувалі гэтак блізка прысутнасці Сына Божага. Яны ўсе сталі носьбітамі Хрыста Духам Сьвятым, усе зразумелі моц Царства і не баючыся сьмерці ідуць прапаведаваць Яго па ўсім сьвеце. Няма ўжо падставы для сумненьняў, калі Ён узьнёсься ў славе і сеў праваруч Айца, няма чаго больш жадаць, калі зьявілася нябесная ўзнагарода, няма патрэбы спрачацца аб тым, хто Яму бліжэйшы, калі ўсіх пацягнуў за Сабою і да свабоды паклікаў усіх дзяцей Божых, няма патрэбы марыць пра Ізраільскае царства, калі адкрылася сусьветнае Божае Царства.

Узьнясеньне Гасподняе дазваляе нам лепш усьведаміць перавагу веры над бачаньнем. Бачанае толькі паражае чалавека жывым вобразам: прамільгнула карціна, аслабела пачуцьцё і ў душы ўзьнікае патрэба новага дасьведчаньня, новых карцінаў і няма канца пытаньням і сумненьням. Хто шукае нядоўгатрывалых вобразаў, каб на іх умацаваць сваю веру, той сам ня ведае, чаго хоча. „Мы ходзім вераю, а ня бачаньнем і шчасьлівыя тыя, што не бачаць, але вераць”.

Сьвята Ўзьнясеньня Гасподняга мае адзін дзень перадсьвяточны і сем дзён пасьлясьвяточных.

Пяцідзесятніца — Сасланьне Сьвятога Духа

Гэтае вялікае сьвята было ўстаноўлена ў памяць сасланьня на апосталаў у дзень яўрэйскай Пяцідзесятніцы абяцанага Сьвятога Духа. Сьвята належыць да рухомых, залежных ад Вялікадня, і адзначаецца ў восьмую нядзелю пасьля Пасхі.

Пяцідзесятніца была адным з трох вялікіх сьвятаў у яўрэяў. Сьвяткавалі яе ў пяцідзесяты дзень пасьля першага дня Пасхі, калі канчалі жніво і прыносілі Богу ахвяру зь першага ўмалоту. Спалучалі яе таксама з атрыманьнем Майсеем на гары Сынай у пяцідзесяты дзень пасьля выхаду зь Егіпту г.зв. Майсеевага Закону.

У гэты дзень апосталы, згодна з пажаданьнем і абяцаньнем Настаўніка, маліліся і чакалі абяцанага Духа. „Калі настаў дзень Пяцідзесятніцы, — чытаем у Дзеях Апостальскіх, — раптам пачуўся зь неба шум як быццам ад бурнага ветру і напоўніў дом... і зьявіліся языкі быццам вогненныя і, падзяліўшыся, спачылі па адным на кожным. Усе былі напоўнены Духам Сьвятым і пачалі гаварыць чужымі мовамі, як Дух ім дазваляў гаварыць”(Дзеі. 2, 1-4).

Выступленьне апостала Пятра, першыя павярненьні да веры, знакі і цуды, гарачая набожнасьць і місійны энтузіязм апосталаў — гэта першы вынік дзеяньня Сьвятога Духа. З таго часу Дух Сьвяты прабывае ў Праваслаўнай Царкве, забясьпечвае яе багатымі духоўнымі дарамі, ажыўляе і вядзе яе. Дзень Сасланьня Духа — гэта адначасова дзень народзін Царквы, месца пастаяннай Пяцідзесятніцы. Праз Царкву ўвесь сьвет атрымоўвае асьвячэньне, ачышчэньне, ператвараецца і рыхтуецца да Царства Божага.

Пяцідзесятніца называецца таксама сьвятам Сьвятой Тройцы. У гэты дзень Бог аб’явіў тайну Сьвятой, Аднаістотнай і Неразьдзельнай Тройцы. Царква дзякуе ў гэты дзень Богу Айцу, Які паслаў Суцяшыцеля, дзякуе Збавіцелю, Які выпрасіў Духа і дзякуе самому Духу, які зышоў на апосталаў, якія гэтым самым сталі першымі пладамі адкупленьня Хрыстовага.

У сьвята Пяцідзесятніцы храмы ўпрыгожваюцца зеленьню і кветкамі, гэтак як было ўпрыгожана памешканьне, у якім апосталы атрымалі Сьвятога Духа. Гэта адначасова згадка пра старазапаветны звычай прыносіць у дзень Пяцідзесятніцы ў храм першы плён працы, першы ўмалот, а таксама пра дуб Мамрэ, у цені якога Аўраам прыняў Сьвятую Тройцу ў выглядзе трох вандроўцаў. Існуюць яшчэ і іншыя тлумачэньні гэтага звычаю. Зелень — гэта таксама знак адраджэньня вясны і сымбаль Царквы Хрыстовай, якая пад уплывам ласкі прынесла багаты, духоўны плён. Гэта і сымбаль самой ласкі, аб якой Царква безупынна просіць і якая прынята вернікамі дае плён у выглядзе дабрадзейнасьцяў, набожнасьці і добрых учынкаў.

Трапар сьвята выказвае сутнасьць дзеяньня Сьвятога Духа: „Бласлаўлёны ты, Хрысьце Божа наш, што паслаўшы ім Сьвятога Духа зрабіў разумнымі рыбакоў ды імі ўлавіў увесь сьвет. Слава Табе”.

Непасрэдна пасьля Сьв. Літургіі адпраўляецца вячэрня з трыма малітвамі сьв. Васіля Вялікага. У часе гэтых малітваў сьвятары і вернікі ўпершыню ад Вялікадня становяцца на калені. У першай малітве зьмешчана вызнаньне нашых грахоў і просьба аб міласэрнасьці. У другой — просьба аб дараваньні нам Сьв. Духа. У трэцяй — просьба за нашых памерлых блізкіх. Упершыню з часу Вялікадня ў багаслужбе гучаць гімны „Цару нябесны” і „Мы пабачылі сьвятло праўдзівае”. Другі дзень Сьвята прысьвячаецца ў Праваслаўнай Царкве Сьвятому Духу. Гімны гэтага дня ўслаўляюць багатыя дары Духа, дадзеныя нам праз Царкву ў таінствах.

Сьвята Пяцідзесятніцы мае шэсьць пасьлясьвяточных дзён, у часе якіх — гэтак-жа як і ў перыяд ад Раства Хрыстовага да Богаяўленьня — у серады і пятніцы няма посту.

Праабражэньне Гасподняе

Сьвята было ўстаноўлена ў 4-м стагодзьдзі ў памяць падзеі на гары Фавор, апісанай евангелістамі (Мацьв. 17, 1-13; Лук. 9, 28-36), а таксама ў 2-м Лісьце апостала Пятра (1, 16-18). Праабражэньне Гасподняе належыць да вялікіх, нерухомых сьвятаў у гонар Ісуса Хрыста і адзначаецца яно 6 (19) жніўня. Праабражэньне мела месца пасьля заяўленьня самога Хрыста пра Свае пакуты, сьмерць і ўваскрэсеньне (Лук. 9, 22). „Пасьля шасьці дзён Ісус узяў Пятра, Якуба і Яана і ўзьвёў іх на гару... І адмяніўся перад імі і зазьзяла аблічча Ягонае, як сонца, і адзеньне-ж Ягонае стала белае, бы сьвятло... І вось паказваліся ім Майсей ды Ільля ў гутарцы зь Ім... Пётр сказаў Ісусу: добра нам тут быць... І калі ён яшчэ гаварыў, вось сьветлае воблака ахінула іх і голас з воблака мовіў: Гэта Сын Мой, Якога Я ўпадабаў — Яго слухайце”.

Гэтым самым напярэдадні Сваіх Пакутаў і Ўваскрэсеньня гэты цуд павінен быў падбадзёрыць і ўмацаваць у веры апосталаў. Ён быў таксама апавяшчэньнем канчатковых часоў і паўторнага Прыходу Хрыста ў Славе. Хаця Праабражэньне мела месца незадоўга да Вялікай Пятніцы, Айцы Царквы перанесьлі сьвята на сорак дзён перад сьвятам Узьвіжаньня Крыжа Гасподняга, каб яно не прыпадала на час Вялікага Посту.

У трапары сьвята гаворыцца: „Адмяніўшыся на гары, Хрысьце Божа, Ты паказаў вучням Тваім славу Сваю наколькі яны маглі бачыць яе, хай зазьзяе і нам грэшным прадвечнае сьвятло Тваё, дзякуючы малітвам Багародзіцы, слава Табе”. У каноне падкрэсьліваецца, што выбраныя апосталы маглі толькі часткова прыняць Аб’яўленьне на гары Фавор. Не зважаючы на гэта Праабражэньне зьдзейсьніла іхную ўнутраную перамену, умацавала ў веры і часткова адкрыла тайну Бога.

Праабражэньне мае адзін перадсьвяточны і шэсьць пасьлясьвяточных дзён. Хаця гэта вялікае сьвята, усё роўна ў гэты дзень абавязвае Ўсьпеньскі Пост.

Усьпеньне Прасьвятой Багародзіцы

Гэта апошняе ў царкоўным годзе нерухомае сьвята ў гонар Божай Маці. Устаноўлена яно ў 4-м стагодзьдзі і сьвяткуецца 15 (28) жніўня. Падзея, якая сталася падставай для ўстанаўленьня сьвята, не была адзначана ў Сьвятым Пісаньні. Вядома толькі, што Божая Маці была даручана апецы ўлюбёнага вучня Яана (Яан. 19, 26-27). Сьвятасьць ейнага жыцьця прыдбала Ёй пашану і любоў першых хрысьціян. На тры дні перад сваёй сьмерцю — згодна пераказам — непадалёку ад Аліўнай гары зьявіўся арханёл Гаўрыіл апавясьціць, што надышоў час ейнага разьвітаньня са сьветам. Марыя падрыхтавалася да гэтага і выказала пажаданьне, каб яе пахавалі паміж магіламі бацькоў і сьв. Язэпа. Пасьля ейнага скону раптам ля ложка зазьзяла сьвятло і Хрыстос у атачэньні анёлаў ды сьвятых прыняў душу Маці. Натхнёныя Духам апосталы, якія ў той час знаходзіліся ў розных месцах, хутка прыбылі — акрамя Фамы — у Ерусалім. Са сьпевам жалобных песьняў апосталы паднялі труну і ўрачыста накіраваліся да месца магілы. Адзін зь яўрэйскіх сьвятароў, Антоній, спрабаваў зьняважыць Божую Маці, але калі толькі дакрануўся да труны, адпалі ў яго абедзьве рукі. Цела Божай Маці было пакладзена ў магілу і закрыта каменем. Калі пасьля трох дзён вярнуўся апостал Фама і хацеў паглядзець на Дзеву Марыю, апосталы, адсунуўшы камень, не знайшлі там цела. Для ўсіх стала ясна, што яна ўваскрэсла. Вечарам таго-ж дня вернікі ўбачылі яе ў вышынях у атачэньні анёлаў.

Пасьля трохдзённага прабываньня ў магіле Марыя целам і душою адышла на неба і таму ейны скон Царква называе ня сьмерцю, але ўсьпеньнем. Адначасова Царква павучае вернікаў, што хрысьціянская сьмерць не зьяўляецца канцом існаваньня, але пераходам ад зямлі да неба, ад сьмяротнасьці і разлажэньня да жыцьця вечнага. На трэці дзень пасьля Ўсьпеньня ў некаторых, асабліва ў катэдральных храмах, адпраўляецца пахаваньне Божай Маці.

Царква верыць, што Божая Маці хадайнічае перад сваім Сынам за людзей і гэтая вера выказваецца ў сотнях акафістаў, гімнаў і паэтычных твораў. Наяўнасьць сотняў цудатворных іконаў Божай Маці пацьвярджае, што Яна — сапраўдная „маці сьвету”, блізкая нам, як родная. Гэтае хадайніцтва выказваецца ў трапары сьвята: „У мацярынстве Тваім Ты засталася Дзевай і ва ўсьпеньні Сваім не пакінула сьвету без апекі”.

Сьвяту Ўсьпеньня папярэднічае двухтыднёвы пост званы Ўсьпеньскім. Сьвята мае адзін перадсьвяточны і восем пасьлясьвяточных дзён. Усьпеньне Божай Маці замыкае цыкль дванаццаці вялікіх, гадавых сьвятаў, якія адкрываюць тайну Божага пляну збаўленьня людзей і набліжаюць вернікаў да зразуменьня гэтай тайны.

Сьвятыя Таінствы

Згодна „Праваслаўнаму Вызнаньню Веры”, таінства — гэта сьвятое дзеяньне, у якім у бачным выглядзе верніку перадаецца нябачная ласка Божая. Таінства мае свой бачны і нябачны бок. Бачны — гэта матэрыя таінства, словы выказаныя сьвятаром, а таксама яго дзеяньні. Нябачны бок таінства — гэта ласка Божая, якая перадаецца пры пасярэдніцтве таінства. Праваслаўная Царква зьяўляецца месцам пастаяннай Пяцідзесятніцы і шчодра вылівае свае ласкі на ўсе формы жыцьця. Існуе ўстаноўлены парадак, у якім выкананы ўсе ўмовы таінства: воля Божая, вера тых, хто таінства прымае, і пацьверджаньне, што дар быў прыняты. Кожнаму таінству папярэднічае эпіклеза — заклік да Сьвятога Духа.

Сьвятыя таінствы — Божае ўстанаўленьне. Ісус Хрыстос устанавіў Сьв. Эўхарыстыю і ў ёй маюць сваю крыніцу ўсе астатнія таінствы. Яны адпавядаюць асноўным патрэбам нашага духоўнага жыцьця. Таінстваў ёсьць сем, але ў шырокім сэнсе ўсё, што тычыцца рэлігійнага жыцьця, зьяўляецца таінствам. Усё, што служыць чалавеку дзеля яго духоўнай карысьці, на просьбу Царквы можа быць асьвячана, бо як пісаў апостал Павал: „Кожнаму бывае дадзена выяўленьне Духа на карысьць”(1 Кар. 12, 7).

Сьвятыя таінствы ахопліваюць усё жыцьцё верніка: пачынаюцца Сьвятым Хрышчэньнем і затым дапамагаюць годна пражыць усё жыцьцё. Бог, якому належыць ласка, спрычыняе, што кожнае таінства сьвятое і заўсёды сапраўднае, нават калі нягодны бывае сьвятар, які таінства спраўляе. З боку верніка заўсёды неабходнае шчырае жаданьне і вера, ад якіх залежыць, ці таінства будзе дзейнічаць для збаўленьня ці асуджэньня.

Сьвятое Прычасьце — Эўхарыстыя

Гэтае таінства было ўстаноўлена Хрыстом у часе Апошняй Вячэры. Падрабязна паведамляюць аб гэтым усе чатыры евангелісты (Мацьв. 26, 26-30; Марк. 14, 22-25; Лук. 22, 19-20; Яан. 13, 1-20). Сутнасьцю Эўхарыстыі зьяўляецца тое, што пад выглядам хлеба і віна вернікі прымаюць сапраўднае Цела і сапраўдную Кроў Хрыстову (Яан. 6, 51 і 55). Мэтай устанаўленьня Эўхарыстыі зьяўляецца памяць пра Збавіцеля, Яго пакутах і сьмерці. Хрыстос загадаў: „Рабіце гэта ў Маю памяць”. Адначасова гэта знак Новага Саюзу з Богам праз Ісуса Хрыста, які сказаў: „Гэты келіх — новы саюз у Крыві Маёй” (Лук. 22, 20). Эўхарыстыя — гэта таксама адлюстраваньне еднасьці з Хрыстом і з бліжнімі: „Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, той прабывае ўва Мне і Я ў ім” (Яан. 6, 56). Эўхарыстыя — ахвяра за грахі ўсяго сьвету і падзяка за ўсе Божыя дабрадзействы. Яна — залог несьмяротнасьці і жыцьця вечнага (Яан. 6, 53-54).

Значэньне і збавіцельнасьць Сьв. Эўхарыстыі патрабуе выкананьня вернікамі некаторых неабходных умоваў. Перш за усё належнай падрыхтоўкі і духоўнай гатоўнасьці да прыняцьця яе (параўнай: 1 Кар.11, 28-29).

У Правслаўнай Царкве, згодна з воляй Хрыста, Прычасьце даецца вернікам пад двума відамі. Перад Прычасьцем вернік павінен прыступіць да споведзі, паўстрымацца ад ежы і піцьця прынамсі праз восем гадзін, прымірыцца з Богам і бліжнімі і прачытаць малітвы „перад Прычасьцем”. Прычасьце (у адрозьненьні, напрыклад, ад рымска-каталіцкага Касьцёла) могуць прымаць нават малыя дзеці. Калі прыступаюць да яго іншаверцы, тады павінны яны разумець, што гэтым самым далучаюцца яны да Праваслаўя. Нідзе ня сказана, колькі разоў трэба прымаць Прычасьце, але яго дабрадзейнасьць прамаўляе за тым, каб прыступаць да яго як мага часьцей. Кожны праваслаўны вернік абавязаны прыступіць да Прычасьця прынамсі адзін раз у год.

Незалежна ад Прычасьця ў храме ў часе Сьв. Літургіі могуць да яго прыступаць таксама хворыя, зьняволеныя. Дзеля гэтага на прастоле знаходзяцца запасныя дары, якія спецыяльна асьвячаюцца ў Вялікі чацьвер. Калі нехта патрабуе прычасьціцца і ня можа прыйсьці ў царкву, ён просіць сьвятара прыбыць да яго. Сьвятар бярэ з прастолу маленькую частку сьвятых дароў у дараносіцу і накіроўваецца да гэтага чалавека. Там на месцы яго спавядае і дазваляе прычасьціцца.

Cьвятое Хрышчэньне

Таінства Сьв. Хрышчэньня было ўстаноўлена па загаду Ісуса Хрыста (Мацьв. 28, 19). Значэньне яго падкрэсьліў сам Хрыстос, прымаючы хрост ад Яана Хрысьціцеля (Мацьв. 3, 13). У гутарцы зь Нікадзімам Ён адзначыў: „Сапраўды, сапраўды кажу табе, што калі хто не народзіцца ад вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Царства Нябеснае” (Яан. 3 ,5). Згодна волі Настаўніка, апосталы ды іхныя пераймальнікі хрысьцілі ўсіх, хто жадаў далучыцца да хрысьціянскай сям’і, не зважаючы на пол, узрост і паходжаньне (Дзеі. 2, 38-39; 16, 14-15; 18, 8; 1 Кар. 1, 16).

Хросту папярэднічала азнаямленьне з хрысьціянскім веравучэньнем і вызнаньне веры (Дзеі. 18, 25). Таінства спраўлялася таксама над малымі дзецьмі заміж старазапаветнага абразаньня. Паводле Сьвятога Пісаньня, Хрышчэньне ачышчае з грахоў (Дзеі. 2, 38), дае апраўданьне і асьвячэньне (1 Кар. 6, 11), духоўнае адраджэньне (Ціт. 3, 5), аб’ядноўвае з Царквою — Целам Хрыстовым (1 Кар. 12, 38). Павінны яму спадарожнічаць вера ў Ісуса Хрыста (Марк. 16, 16), гатоўнасьць і жаданьне жыць у цноце і чысьціні (1 Пятр. 3, 21).

Хрышчэньне ў Праваслаўнай Царкве адбываецца пасьля восьмага дня жыцьця праз трохразовае акунаньне ў ваду (або паліваньне вадой) са словамі: „Хрысьціцца слуга (служка) божы (імя) у Імя Айца і Сына і Сьвятога Духа”.

Парадак Сьв. Хрышчэньня складаецца з катэхумэнату і самога хросту. Сьвятар тройчы бласлаўляе таго, хто прыступае да хрышчэньня і чытае адмысловыя малітвы, у якіх просіць, каб Бог захоўваў хрышчанага ад усякага зла і далучыў яго да хрысьціянскай сям’і. Само хрышчэньне пачынаецца з трохразовага адрачэньня ад д’ябла, вызнаньня веры і выказаньня волі аб’яднаньня з Хрыстом. Затым сьвятар асьвячае ваду і памазвае Сьв. Алеем чало, вушы, грудзі, рукі і ногі хрышчанага ў знак, што ён становіцца ваяром Хрыстовым і, быццам дзікая ветка, прырастае да аліўкавага дрэва — Ісуса Хрыста. Галоўны момант заключаецца ў згаданым апушчэньні ў ваду і вышэйпрацытаванай формуле. Апушчэньне ў ваду азначае, што чалавек памірае для грэху, выйсьце з вады — уваскрэсеньне для новага жыцьця. Затым сьвятар надзявае ахрышчанаму белую кашулю ў знак чысьціні душы і дае крыжык, які нагадвае абавязак ісьці за Хрыстом. Сьвятое Хрышчэньне нельга паўтараць. Яно можа быць толькі раз у жыцьці, нават калі-б нехта перайшоў у іншую канфэсію. Пераважна хрысьцяць малых дзяцей, таму абавязковым зьяўляецца ўдзел хросных бацькоў або прынамсі аднаго зь іх. Хросныя бацькі мусяць быць праваслаўныя і маюць абавязак рупіцца пра хрысьціянскае выхаваньне хросьнікаў, паколькі паручылі за іх у часе Хросту, за іх гаварылі, што адракаюцца ад зла, што далучаюцца да Хрыста.

У адрозьненьні ад старажытнасьці, калі хрышчэньне практыкавалася пераважна напярэдадні Вялікадня ды іншых вялікіх сьвятаў, зараз прынята хрысьціць у любыя дні. Права хрысьціць маюць епіскапы і сьвятары, аднак у выключных выпадках, напрыклад, калі чалавеку пагражае сьмерць, ахрысьціць можа дыякан і нават цалкам сьвецкі чалавек. Такі Хрост лічыцца таксама сапраўдным, аднак затым павінен ён быць дапоўнены адпаведнымі малітвамі і таінствам Мірапамазаньня.

Мірапамазаньне

Гэтае таінства наступае адразу пасьля Хросту. Яно заключаецца ў памазаньні Сьв. Мірам — спецыяльным алеем, зрыхтаваным з многіх пахучых рэчываў. Асьвячаць міра могуць толькі епіскапы, прычым на практыцы робіцца гэта толькі адзін раз у год у Вялікі тыдзень. Вялікая колькасьць рэчываў, ужытых для згатаўленьня міра, сымбалізуе багацьце і размаітасьць дароў Сьвятога Духа. У старажытнасьці эквівалентам памазаньня Сьв. Мірам было ўзлажэньне рук на галаву бласлаўлёнага чалавека. Адначасова ўжо ў апостальскія часы пашырылася практыка Мірапамазаньня.

Прыступаючы да Мірапамазаньня сьвятар чытае малітву, у якой просіць, каб Бог дараваў „пячаць дару Духа Сьвятога... захаваў у Сваім асьвячэньні, умацаваў у праваслаўнай веры і праз збавіцельную боязь захаваў душу у праўдзе і чысьціні”.

Затым памазвае чало, вочы, ноздры, вусны, вушы, грудзі, рукі і ногі, за кожным разам гаворачы: „Пячаць дару Духа Сьвятога”. Гэта азначае, што мірапамазаны становіцца адгэтуль уласнасьцю Духа Сьвятога і, як прысьвечаны Богу, ён адлучаны ад асяродзьдзя грэшнікаў і далучаны да Божага народу. Мірапамазаньне забавязвае да сьвятасьці і чысьціні. Дух Сьвяты асьвячае розум, пачуцьці, імкненьні і ўчынкі. Айцы Царквы прыраўноўваюць ласку Мірапамазаньня да паветра, сьвятла і цяпла, якія гэтак-жа неабходны для жыцьця, як для ахрышчанага чалавека неабходнай зьяўляецца атрыманая ў гэтым таінстве ласка.

Пасьля памазаньня мірам, чытаньня „Апостала” і Евангельля сьвятар выцірае памазаныя часткі цела і падстрыгае валасы ў знак пакоры і гатоўнасьці на ахвярную службу Богу. Мірапамазаньне звычайна спалучаецца з Хрышчэньнем, хаця можа адпраўляцца аддзельна. Адбываецца гэтак у выпадку, калі нехта ўжо быў ахрышчаны ў сваёй, напрыклад, каталіцкай царкве і цяпер хоча прыняць Праваслаўе. Можа таксама здарыцца, што ахрысьціла некага асоба, якая не магла выканаць Мірапамазаньня.

Споведзь

Гэтае таінства называецца яшчэ Таінствам Пакаяньня. У ім пасьля вызнаньня сваіх грахоў перад сьвятаром вернік атрымоўвае дараваньне правінаў ад самога Ісуса Хрыста. Пакаяньне было вядомае і практыкаванае ўжо ў Старым Запавеце. Тыя, хто ў адпаведнасьці з Майсеевым Законам прыносілі Богу ахвяры за грахі і выказвалі шкадаваньне за свае паводзіны, атрымоўвалі ачышчэньне ад грахоў.

У Новым Запавеце неабходнасьць раскаяньня і аднаўленьня жыцья неаднойчы падкрэсьліваў Ісус Хрыстос (Марк. 1, 15). Поўны спагады для грэшнікаў Хрыстос часта падкрэсьліваў значэньне шчырага раскаяньня, якое больш прыемнае Богу ад фальшывай набожнасьці. Шмат разоў сам прабачаў людзям грахі, ставячы фізычнае здароўе ў залежнасьць ад духоўнага ачышчэньня і раскаяньня. Пасьля Свайго слаўнага Ўваскрэсеньня Хрыстос надзяліў апосталаў уладай адпускаць грахі (Яан. 20, 20-23). Такім чынам даўцам дараваньня правінаў зьяўляецца Бог, а сьвятар мае толькі паўнамоцтвы перадаваць яго ў адпаведнасьці са сваім сумленьнем.

У часы хрысьціянскай старажытнасьці дароўваць грахі мог толькі епіскап. Разам з павелічэньнем колькасьці хрысьціян спавяданьне і дароўваньне грахоў было даручана сьвятарам. У Праваслаўі вядомы шматлікія выпадкі, калі нават натхнёныя, пабожныя манахі, нават ня будучы сьвятарамі, выконвалі функцыі духаўнікоў, якія выслухоўвалі спаведнікаў.

Перад тым як выслухаць вызнаньне грахоў сьвятар чытае малітвы: 50-ты пасльм, а таксама шэраг іншых, у якіх прадстаўлены прыклады раскаяньня грэшнікаў і Божай міласэрнасьці ў чыненьні да іх. Затым сьвятар падыходзіць да аналоя, дзе павінны ляжаць Евангельле і Крыж, а прыступаючы да Споведзі гаворыць духаўніку пра ўсе свае грахі.

Сьвятар абавязаны цярпліва выслухаць усё, што яму гавораць, дае парады і павучае, каб такія правіны не здарыліся ў будучыні. Бывае, што сьвятар прысуджвае епіцімію. Гэта ў ніякім выпадку не пакараньне, якое бывае ў сьвецкім заканадаўстве. Епіцімія — гэта лякарства, якое павінна ў будучыні прадухіліць вяртаньне хваробы. На заканчэньне сьвятвр накрывае галаву таго, хто спавядаецца, епітрахілем і чытае малітву у якой просіць: „Госпадзе Божа, збаўленьня слугаў Тваіх... выяў міласэрнасьць слугу (служцы) Твайму (імя) і дай яму плод раскаяньня — дараваньне грахоў і апраўданьне... прыміры і далучы яго (яе) зноў да сьвятой Тваёй Царквы ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым”. Пасьля гэтай малітвы сьвятар вымаўляе формулу дараваньня грахоў.

Споведзь абавязвае ўсіх членаў Царквы, пачынаючы ад найвышэйшых царкоўных кіраўнікоў: патрыярхаў, мітрапалітаў, епіскапаў і канчаючы кожным радавым парафіянінам. Як часта трэба прыступаць да Споведзі? Гэта залежыць ад унутранай патрэбы. Трэба адзначыць толькі, што малыя дзеці, якія несьвядомыя зла і дабра ды па сваёй натуры зьяўляюцца нявіннымі, паўстрымоўваюцца са Споведзьдзю да сямі- васьмігадовага ўзросту. Хворыя і недалужныя могуць прасіць сьвятара прыбыць да іх і выслухаць іх у любую пару дня і ночы. Выбар духаўніка (калі ёсьць магчымасьць выбіраць) належыць да чалавека, які спавядаецца. Акрамя таго сьвятара абавязвае абсалютная тайна Споведзі. На практыцы гэта азначае, што калі-б нехта прымушаў выявіць тое, што нехта сказаў у часе Споведзі, сьвятар ніколі, нават пад пагрозай сьмерці, ня можа сказаць пра тое, што пачуў.

Сьвятраства

Сьвятарства было ўстаноўлена самім Богам у Старым Запавеце (Вых. 28, 41). У Новым Запавеце заснавальнік Царквы Ісус Хрыстос устанавіў ерархію, паклікаючы апосталаў (Лук. 6, 13) і даручаючы ім сьвятарскія абавязкі (Яан. 15, 16; 20, 21). Перад тым Ён падрыхтаваў апосталаў Сваёй навукай і асабістым прыкладам, пасьля чаго даў ім уладу і паўнамоцтвы празь Сьвятога Духа. Апосталы атрымалі права выконваць таінствы (Мацьв. 28, 18-19; Лук. 22, 19; Яан. 20, 23), навучаць (Марк. 16, 15; Мацьв. 28, 18-19), а таксама кіраваць Царквой (Лук. 10, 16; Мацьв. 18, 17). Сваю ўладу яны перадавалі пераймальнікам — епіскапам і прэсьвітэрам — праз малітвы і ўзлажэньне рук. Адсюль і ўзяўся назоў рукапалажэньне. Такім-жа чынам адбывалася рукапалажэньне (высьвячэньне) епіскапа (1 Цім. 4, 14; 2 Цім. 1, 15), прэсьвітэра (1 Цім. 5, 22; Ціт. 1, 5) і дыякана (Дзеі. 6, 6). З самых апостальскіх часоў права высьвячаць належыць толькі епіскапам, а само высьвячэньне ніколі не паўтаралася.

Высокі ранг Сьвятарства заўсёды патрабаваў ад кандыдата ў сьвятарскі сан спецыяльнай падрыхтоўкі і некаторых рысаў характару. Такі чалавек павінен быць адукаваны (2 Цім. 3, 15), здольны навучаць (1 Цім. 3, 2), беззаганны маральна (1 Цім. 3, 2 і 6). Пасьля выкананьня ўсіх гэтых патрабаваньняў, калі ніхто гэтаму не супрацівіцца з прычыны нейкіх засьцярогаў да яго кандыдатуры, гэты чалавек можа атрымаць хіратонію — высьвячэньне на адну са ступеняў Сьвятарства.

— Высьвячэньне ў дыякана. Яно адбываецца ў часе Сьв. Літургіі, перад благальнай екцяніяй і пасьля „Эўхарыстычнага канону”. Іпадыяканы вядуць кандыдата на сярэдзіну храму і затым у адчыненых царскіх дзьвярах яго пераймае протадыякан. Епіскап, які ў гэты час сядзіць зь левага боку прастолу, тройчы бласлаўляе яго. Затым кандыдата ў сьвятарства тройчы абводзяць вакол прастолу. Пасьля гэтага ён, укленчыўшы, нахіляецца над прастолам. Епіскап, накрыўшы яго амафорам, гаворыць: „Боская ласка, якая заўсёды тых, хто зьнемагае лечыць і тых, хто слабее, дапаўняе, прарочыць цябе (імя) пабожнага іпадыякана ў дыякана”. Пасьля адпаведных малітваў епіскап апранае высьвячанага ў дыяканскія рызы, усклікаючы па-грэцку аксыёс — гэта значыць: годны гэтага.

Новарукапаложанаму (высьвячанаму) дыякану даюць у рукі рыпіду і да часу прычасьця сьвятароў ён вее ёю над Сьв. Дарамі. Зь ліку дыяканаў Сьв. Прычасьце ён прымае першы і ён звычайна пасьля гэтага гаворыць кароткую екцянію.

— Сьвятарскае высьвячэньне адбываецца таксама ў часе Сьв. Літургіі, пасьля херувімскай песьні. Вакол прастолу кандыдата ў сьвятары абводзіць не дыякан, але найстарэйшы сьвятар. Пасьля высьвячэньня епіскап дае новаму сьвятару частку Цела Хрыстовага зь літарамі ХС, кажучы: „Прымі залог гэты і захавай яго цэлым і непарушным да апошняга твайго ўздыху, пра які цябе запытаюць у часе паўторнага і страшнага прыходу Вялікага Госпада Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста”.

— Епіскапская хіратонія (высьвячэньне) таксама адбываецца ў часе Сьв. Літургіі, перад чытаньнем „Апостала”. Напярэдадні гэтай падзеі адбываецца абрад прызначэньня. Кандыдат у епіскапы ў сьвятарскіх рызах стае пасярэдзіне храму, тлумачыць мэту свайго прыбыцьця, просіць аб высьвячэньні, затым чытае „Сымбаль Веры” і прысягае сьцерагчы чысьціню веры, прытрымоўвацца догматаў і царкоўных канонаў. Затым вядуць яго ў алтар, дзе епіскапы кладуць на ягоную галаву Евангельле і свае правыя рукі. Пасьля Літургіі новы епіскап слухае павучэньня з боку найстарэйшага зь епіскапаў, атрымоўвае посах і бласлаўляе вернікаў.

Пакліканьне на ніжэйшыя ступені — хіратэзыя — адбываецца пасярэдзіне храму да пачатку сьв. Літургіі. У малітвах, якія чытаюцца ў часе гэтай цырымоніі, гаворыцца перш за усё, каб служба тых, каго высьвячаюць, была карысная, плённая і на славу Божую.

Сужэнства

Гэта таінства, у якім пасьля ўзаемнага абяцаньня перад сьвятаром і Царквою любові і вернасьці, двум людзям даецца ласку, якая асьвячае іхны саюз на ўзор містычнага саюзу Хрыста і Ягонай Царквы. Першае сужэнства было ўстаноўлена і бласлаўлёнае самім Богам (Быцьцё. 1, 28; 2, 18; 9, 1). У хрысьціянстве Сужэнства было ўзьнятае ў ранг таінства. У Сваім навучаньні Ісус Хрыстос пацьвердзіў бласлаўленьне і неразарвальнасьць Сужэнства (Мацьв. 19, 5-6 і 8-9). Апостал Павал у тым-жа духу навучаў, што „жонка зьвязаная са сваім мужам пакуль ён жыве. Калі муж памрэ, можна выйсьці замуж за любога, абы ў Госпадзе” (1 Кар. 7, 39). Гэта азначае, што з найдаўнейшых часоў Сужэнства лічылася Божым устанаўленьнем, а блаславенства Царквы было неабходнае. Паводле слоў апостала Паўла, Сужэнства — гэта вялікая тайна, гэтак як і таямнічы яго правобраз — саюз Хрыста і Царквы (Эфэс. 5, 22-32).

Перад таінствам шлюбу ў царкве некалькі разоў аб’яўляецца аб тым, што двое канкрэтных людзей вырашылі пажаніцца. Робіцца гэта дзеля таго, каб праверыць, ці няма сур’ёзных засьцярогаў або перашкодаў для гэтага шлюбу, аб якіх сьвятару ніхто не сказаў, але ведаюць аб гэтым іншыя людзі. Затым нарачоныя прыступаюць ла Споведзі і Прычасьця. Сам абрад шлюбу складаецца з заруковін і самой цырымоніі шлюбу.

Заруковіны (па- царкоўнаславянску: абручэньне) адбываюцца ля ўваходу ў царкву. У малітвах сьвятар просіць, каб Бог захаваў нарачоных у міры, праўдзе і любові і заручыў іх на ўзор Ісаака і Рэвэкі. Затым нарачоныя абменьваюцца пярсьцёнкамі ў знак таго, што яны даручаць адзін аднаму свой гонар, правы і ўсё сваё шчасьце.

Шлюб наступае непасрэдна пасьля заруковін пасярэдзіне храму, перад аналоем, на якім ляжаць загадзя пакладзеныя Евангельле, шлюбныя вянкі, крыж і віно.

На пытаньне сьвятара нарачоныя ўслых гавораць, што хочуць (або ня хочуць) жаніцца. Пасьля вялікай екцяніі сьвятар кладзе на галовы нарачоных вянкі (іх пераважна трымаюць над галовамі г.зв. дружбанты) і, бласлаўляючы іх, гаворыць: „Госпадзе, Божа наш, славаю і гонарам увянчай іх”. Паводле сьв. Яана Залатавуснага, вянкі азначаюць зьвянчэньне перадшлюбнай чысьціні нарачоных.

Пасьля екцяніі ды „Ойча наш” сьвятар дае ў адной пасудзіне маладым віно ў знак таго, што адгэтуль яны павінны дзяліць паміж сабою і радасьці, і гора. У знак неразлучнасьці шлюбнай пары сьвятар накрывае іхныя рукі епітрахільлю і тройчы абводзіць іх вакол аналоя. У гэты час хор сьпявае „Ісаія, лікуй”, „Сьвятыя мучанікі”. Здымаючы вянкі з галоваў сьвятар бласлаўляе новае сужэнства і віншуе іх з гэтай надзвычайнай падзеяй. Згодна вучэньню Праваслаўнай Царквы, мэтай хрысьціянскага Сужэнства зьяўляецца аб’яднаньне двух людзей двух полаў у аднаго чалавека, шляхам узаемнага дапаўненьня і гармоніі, а таксама праз раджэньне дзяцей і хрысьціянскае іх выхоўваньне.

Сужэнства ёсьць вечнае і працягваецца нават пасьля сьмерці мужа або жонкі. Развод у Праваслаўнай Царкве дапускаецца толькі ў выпадку даказанага пралюбадзейства (сужэнскай здрады) з боку мужа ці жонкі або ў выпадку, калі абое вырашылі пайсьці ў манастыр. Другі або трэці шлюб магчымы ў Праваслаўнай Царкве толькі ў дачыненьні да нявіннага боку. Гэта наагул складаныя выпадкі і Царква дазваляе чарговы раз жаніцца, разумеючы чалавечыя слабасьці і дзеля прадухіленьня горшага зла. Другі або трэці шлюб у Царкве надзвычай сьціплы ў сваім зьмесьце. Зьмест малітваў зводзіцца да таго, што калі ўжо гэтак здарылася, хай прынамсі ня будзе горш, гэта значыць: хай двое людзей не жывуць наагул без царкоўнага бласлаўленьня.

Памазаньне Сьвятым Алеем

Гэта таінства, у якім праз памазаньне цела і малітву перадаецца ласка аздараўленьня з хваробаў духоўных і цялесных. Памазаньне Сьв. Алеем практыкавалася ўжо ў часы Старога Запавету (Іс. 1, 6). У якасьці хрысьціянскага таінства Алееасьвячэньне было ўстаноўлена згодна волі Ісуса Хрыста (Марк. 16, 18) і сьпярша адбывалася праз ускладаньне рук (Дзеі. 28, 8-9). Дакладнае апісаньне ўстанаўленьня гэтага таінства зьмешчана ў Лісьце апостала Якуба: „Калі хварэе нехта з вас, хай пакліча сьвятароў... каб памаліліся над ім і памазалі яго алеем у імя Гасподняе. А малітва поўная веры будзе для хворага паратункам і Госпад яго падыме, а калі-б зьдзейсьніў нейкія грахі, будуць яму дараваныя” (Як. 5, 14-15).

Таінства Памазаньня Сьв. Алеем выконваецца пасьля споведзі хворага. Перад хворым кладуць на стале Евангельле і Крыж. У пасуду сыплюць пшаніцу, устаўляюць у яе 7 запаленых сьвечак, нарыхтоўваюць 7 загорнутых у ватку пруткоў, а таксама пасудзіны на алей і віно. Зерне пшаніцы азначае, што гэтак як у ім існуе жыцьцятворная сіла, не зважаючы на тое, што яно выглядае сухім, гэтак і ў хворым могуць быць сілы, каб аздаравець. У таінстве павінны ўдзельнічаць 7 сьвятароў. Лічба 7 у дачыненьні да сьвятароў, сьвечак і пруткоў указвае на 7 дароў Сьвятога Духа, 7 акружэньняў Ерыхону, пасьля якіх разваліліся муры, і на 7 малітваў прарока Ільлі, пасьля якіх пайшоў доўгачаканы дождж (1 Цар. 18, 45). Першая частка Памазаньня Сьв. Алеем складаецца са скарочанай утрані і благальнага канону. Пасьля гэтага сьвятар асьвячае алей, затым сьвятары па чарзе чытаюць 7 „Апосталаў”, 7 Евангельляў і 7 разоў адмысловую малітву аб аздараўленьні хворага. У часе малітвы сьвятары памазваюць чало, вусны, грудзі, рукі і ногі хворага. На заканчэньне кладуць на галаву хворага адкрытае Евангельле і чытаюць малітву аб міласэрнасьці для хворага.

Таінства Памазаньня Сьв. Алеем можа выконвацца і ў храме, і дома. Калі цяжка знайсьці 7 сьвятароў (найчасьцей гэта немагчыма), дык бяз шкоды для сутнасьці таінства можа яго выканаць адзін сьвятар. У адпаведнасьці з вучэньнем Праваслаўнай Царквы, Памазаньне Сьв. Алеем адпраўляецца над хворым, але не над тым, хто ўжо памірае. Яно служыць аздараўленьню хворага праз ласку Сьв. Духа. Над тым, хто памірае, чытаюцца проста малітвы „на адыход душы”.

Пасты ў Праваслаўнай Царкве

Пост — гэта ўстаноўлены Царквою перыяд стрыманасьці. Мэтай посту зьяўляецца ўзмоцненая дбайнасьць пра збаўленьне душы і ачышчэньне з грахоў. Цялесны пост заключаецца ў адмаўленьні ад багатай, пераважна мясной ежы, а таксама на добраахвотным адмаўленьні ад усякага ласунства. Зь цялесным неадлучна зьвязаны духоўны пост, які зьяўляецца перыядам асаблівай набожнасьці, змаганьня з грахом і духоўнага самаўдасканаленьня. Сэнс посту у Праваслаўнай Царкве заключаецца ў „адмаўленьні ад зла, паўстрыманьні языка, утаймаваньні запальчывасьці, здушэньні грэшных пажадлівасьцяў, адмаўленьні ад паклёпаў, хлусьні і клятвапарушэньня”. Царква заклікае вернікаў, каб, посьцячы цялесна, пасьцілі і духоўна. „Давайце адмовімся ад усякага грэху, дадзім хлеб галодным і прытулак бяздомным і бедным”.

Пост — гэта перыяд узмоцненага самакантролю і пацьверджаньне кіраўніцтва Царквы. Прынцыпова, цялесная памяркоўнасьць адкрывае шырэйшы доступ для духу, паглыбляе пачуцьцё віны, утаймоўвае пажадлівасьці і ўстараняе спакусы. Абмежаваньне сваіх натуральных патрэбаў даказвае, што чалавек здольны на самаадрачэньне і ахвяру, а таксама на падпарадкаваньне цела духу і, такім чынам, Богу.

Пост быў вядомы і практыкаваны ўжо ў Старым Запавеце. Майсееў Закон устанавіў пост у „вялікі дзень ачышчэньня” (Лев. 16, 29; 20,27). У часе катаклізмаў і бедаў абвяшчаліся парудзённыя пасты, у часе якіх народ паўстрымоўваўся ад ежы, у жабрацкіх вопратках і з галовамі пасыпанымі попелам прасіў Бога аб дапамозе і міласэрнасьці (Быцьцё. 20, 28; 1 Сам. 7, 6 і 14, 24; 2 Сам. 12, 16). У часе вавілонскай няволі яўрэі выконвалі чатыры віды посту. У Новым Запавеце Ісус Хрыстос і апосталы сваім уласным прыкладам пацьвердзілі значэньне і мэтазгоднасьць посту (Лук. 5, 34; 2 Кар. 6, 5 і 11, 27; Мацьв. 4, 2; 6, 16 і 17, 21; Дзеі. 13, 2). Колькасьць пастоў ды іхная працягласьць зьмяняліся.

Пасты дзеляцца на аднадзённыя і шматдзённыя. Да аднадзённых належаць серады і пятніцы ў памяць здрады Юды і пакутаў ды сьмерці Хрыста, у сьвята Ўзьвіжаньня Крыжа Гасподняга, у дзень Адсячэньня Галавы сьв. Яана Хрысьціцеля, а таксама напярэдадні сьвята Богаяўленьня. Выключэньнем зьяўляюцца тыдні перад нядзелямі аб мытніку і фарызэі ды сырапуснай, пасьлявелікодны тыдзень, тыдзень пасьля Пяцідзесятніцы і г.зв. сьвяткі — перыяд ад Раства Хрыстовага да сьвята Богаяўленьня. На царкоўнаславянскай мове гэтыя перыяды называюцца сплашнымі сядміцамі і гэта значыць, што ўсе яны без выключэньня няпосныя.

Да шматдзённых пастоў залічаюцца пост перад Раством Хрыстовым (званы Піліпаўкай), Вялікі Пост разам зь Вялікім тыднем (Страсная сядміца), Усьпенскі Пост і Пятроў.

— Пост перад Раством Хрыстовым — першы ў царкоўным годзе. Ён быў устаноўлены ў першыя стагодзьдзі хрысьціянства дзеля належнай падрыхтоўкі да сустрэчы з Уцялесьненым Сынам Божым. У 1166 годзе Сабор у Канстанцінопалі акрэсьліў пастаянную дату пачатку і канца посту, аднак яго працягласьць была неаднолькавая. Узмацненьне посту рэкамендавалася на пяць дзён перад Раством Хрыстовым. Напярэдадні сьвята існуе пабожны звычай паўстрымоўвацца ад ежы ажно да вячэры. Гэты пост называеца Чатырадзесятніцай, таму што гэтак як і Вялікі Пост працягваецца сорак дзён.

— Пятроў Пост называецца таксама апостальскім і быў устаноўлены ў гонар апосталаў, сярод якіх першыя месцы займаюць Пётр і Павал. Хрысьціяне, поўныя прызнаньня для місійнай службы апосталаў, а таксама самі апосталы пасьцілі і маліліся, каб выблагаць Божае блаславенства на заданьне распаўсюджваць навуку Хрыстовую (Дзеі. 13, 3). Устанаўленьне тэрміну посту пасьля Пяцідзесятніцы невыпадковае. Якраз сасланьне Сьв. Духа на апосталаў сталася пачаткам стыхійнага пашырэньня хрысьціянства. З 4-га стагодзьдзя сьвята апосталаў Пятра і Паўла адзначалі 29 чэрвеня (12 ліпеня). Пятроў Пост пачынаецца з панядзелку пасьля нядзелі Ўсіх Сьвятых і працягваецца — у залежнасьці ад Вялікадня — ад васьмі дзён да шасьці тыдняў.

— Усьпеньскі Пост узяў свой назоў ад сьвята Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзіцы. Ён быў устаноўлены ў часы раньняга хрысьціянства з мэтай належна падрыхтаваць вернікаў да сьвята, а таксама як праява пашаны для Божай Маці. У 1166 годзе было вырашана, што пост павінен працягвацца два тыдні ад 1 (14) да 14 (27) жніўня. У часе посту прыпадае вялікае сьвята Праабражэньня Гасподняга, у сувязі з чым дадаткова гэты пост лічыцца сродкам духоўнага ўдасканаленьня і ўнутранага асьвячэньня.

Вялікі Пост і велікапосныя багаслужбы

З прычыны свайго характару і значэньня Вялікі Пост заслугоўвае на асаблівую ўвагу. Быў ён устаноўлены ў апостальскія часы за прыкладам Хрыста, які сорак дзён самотна пасьціў і маліўся (Мацьв. 4, 2), а таксама па ўзору пастоў у Старым Запавеце. Сьвятыя Айцы шмат разоў падкрэсьлівалі значэньне Вялікага Посту. Сьв. Ігнацій Баганосец перасьцерагаў: „Чатырадзесятніцы паважайце”. Сьв. Кірыла Александрыйскі ў 4?м стагодзьдзі, а таксама сьв. Еранім гэтак-жа настойвалі на тым, каб пост быў выконваны з поўнай сур’ёзнасьцяй і строгасьцяй у адпаведнасьці са старажытнай практыкай. Працягласьць Вялікага Посту была неаднолькавая: не ва ўсіх Цэрквах ён пачынаўся і канчаўся адначасова. Пачынаючы з 4-га стагодзьдзя на Ўсходзе пачатак Посту ўстаноўлена на панядзелак пасьля сырапуснай нядзелі, а заканчэньне — у Вялікую суботу. Прызначэньне посту на перыяд перад днямі пакутаў і сьмерці Хрыста надаюць яму спэцыяльны статус і значэньне. Паколькі праз пакуты і ўваскрэсеньне Хрыстовае мы атрымалі дар будучага ўваскрэсеньня і жыцьця вечнага, дык дзеля дасягненьня гэтага мы павінны браць прыклад з Хрыста ў Ягонай чысьціні і сьвятасьці. Вялікі Пост спрыяе духоўнаму ўдасканаленьню, дазваляе ўтаймаваць пажадлівасьці, пераадолець грэх і прымірыцца з Богам. Праз раскаяньне, пакору, узмоцненую малітву і памяркоўнасьць пост здольны духоўна аднавіць чалавека і зрабіць яго годным удзельніцтва ў радасьці Ўваскрэсеньня Хрыстовага.

Вялікі Пост нагадвае таксама старазапаветную дзесяціну — звычай ахвяроўваньня Богу дзесятай часткі ўсяго свайго дабра, здабытага ўласнай працай (Быцьцё. 14, 20 і 28, 22; Лев. 27, 30; Лікі. 18, 21). Пасьля адлічэньня ўсіх субот і нядзеляў ад сямі тыдняў посту і ўлічваючы Вялікую суботу ажно да поўначы атрымоўваем 36,5 дня — дакладна дзесятую частку году. Гэты перыяд прысьвечаны ахвяраваньню Богу плёну працы над самім сабою: раскаяньня, стрыманасьці і добрых учынкаў, каб, дзякуючы ім, атрымаць блаславенства на ўвесь год.

Велікапосныя багаслужбы выразна адрозьніваюцца ад штодзённых і сьвяточных. Яны пабудаваны так, каб схіліць вернікаў да раскаяньня і посту. Гэтыя багаслужбы прынцыпова менш урачыстыя, сьвятары і ўвесь інтэр’ер храму апрануты ў цёмнае. Слабейшае асьвятленьне царквы, радзей і больш працягла гучаць званы, а большасьць гімнаў і песьняў не сьпяваецца, але чытаецца. Вернікі таксама часьцей кленчаць і робяць паклоны. Іншы і зьмест багаслужбаў. Часьцей чымсьці звычайна чытаюцца псальмы, якія настройваюць да малітвы і раскаяньня. Цытуюцца словы прарока Ісаіі, у якіх асуджаюцца грэшнікі, і тэксты з кнігі Быцьця, у якіх гаворыцца пра падзеньне першых людзей і Божую міласэрнасьць. Усе велікапосныя багаслужбы зьмяшчаюць малітву сьв. Яфрэма Сырыйца з просьбай ад пераадоленьні нашых заганаў ляноты, роспачы, пыхі і дараваньня розуму, пакоры, цярплівасьці і любові.

У часе Вялікага Посту Царква заклікае да большага самакантролю, стрыманасьці і ўзмоцненай дбайнасьці пра сваё збаўленьне праз павучальныя прыклады сьвятых. Гэтым самым яна адкрывае перад сваімі духоўнымі дзецьмі сваю багатую скарбніцу, каб падняць іх з падзеньня і скарыстаць перыяд Вялікага Посту для духоўнага аднаўленьня вернікаў.

Падрыхтоўчыя нядзелі перад Вялікім Постам

Устанаўленьне падрыхтоўчых нядзель — старахрысьціянская традыцыя. Кожная з гэтых нядзель мае свой назоў у залежнасьці ад Евангельля, якое чытаецца ў часе Сьв. Літургіі. Гэта нядзелі: аб мытніку і фарызэі, пра блуднага сына, мясапусная і сырапусная.

— Нядзеля аб мытніку і фарызэі. Пачынаючы зь першай падрыхтоўчай нядзелі перад Вялікім Постам на ўтрані гучыць сьціхіра „Раскаяньня адкрый мне дзьверы, Жыцьцядаўча”, а таксама 136-ы псальм „На рэках Вавілона”, у якім гаворыцца пра тугу па страчанай Айчыне. У часе Сьв. Літургіі чытаецца Евангельле пра мытніка і фарызэя (Лук. 18, 10-14). На прыкладзе двух людзей і двух характараў Царква пераконвае, што пакора больш прыемная Богу, чымсьці пыхлівасьць, а праўдзівае раскаяньне вялікага грэшніка больш каштоўнае за ганарыстасьць фальшывага праведніка.

— Нядзеля пра блуднага сына. У другую падрыхтоўчую нядзелю Царква ў нядзельным евангельскім чытаньні згадвае прытчу пра блуднага сына (Лук. 15, 11-32). У ёй гаворыцца пра аднаго з двух сыноў, які самавольна пакінуў родны дом і, жывучы распусна, растраціў атрыманую частку бацькоўскай маёмасьці. Калі ён спазнаў голад і прыніжэньне, тады вырашыў вярнуцца дахаты. Узрадаваны бацька прыняў безадказнага сына і вярнуў яму ўсе ранейшыя прывілеі. Гэта прытча павучае, што сапраўднае і годнае жыцьцё магчымае толькі з Богам, а таксама аб тым, што міласэрны Бог гатовы прыняць назад кожнага раскаяннага грэшніка.

— Нядзеля мясапусная (аб Страшным Судзе). Назоў мясапусная паходзіць ад забароны спажываць мяса на працягу наступнага тыдня, пачынаючы зь нядзелі. У гэты дзень чытаецца урывак зь Евангельля паводле Мацьвея пра Страшны Суд над жывымі і памерлымі. Напярэдадні Царква моліцца за памерлых, асабліва за тых, якія адышлі з гэтага сьвету не раскаяўшыся. Бог, хаця Ён бязьмежна Добры і Міласэрны, таксама Справядлівы Судзьдзя, Які ацэніць жыцьцё кожнага чалавека, блаславіць тых, хто жыў належна і асудзіць грэшнікаў. Гэтым самым Царква заклікае людзей да раскаяньня і выконваньня Божых запаветаў перад абліччам непазьбежнай сьмерці.

— Нядзеля сырапусная. Гэтая апошняя падрыхтоўчая нядзеля называецца таксама „нядзеляй дараваньня правінаў”. У гэты дзень Царква ўспамінае выгнаньне нашых прабацькоў Адама і Евы з раю, каб страту райскага шчасьця зрабіць прадметам раскаяньня і сьлёз. Прыклад Адама ды Евы ўказвае на пагібельныя вынікі непаслушэнства і ўсякага грэху, а таксама на раскаяньне як на адзіны шлях пазьбегнуць Божага гневу і суду. У нядзельным Евангельлі гаворыцца пра ўзаемнае дарававаньне грахоў, каб, разьлічваючы на Божае прабачэньне, велікадушна паступіць у адносінах да бліжніх. Пасьля вячэрняй багаслужбы практыкуецца абрад дараваньня правінаў. Нядзельны вечар гэта таксама загавеньне — уступ да Вялікага Посту.

Багаслужбы некаторых дзён Вялікага Посту

Раньня багаслужба, пачынаючы з панядзелку пасьля сырапуснай нядзелі, складаецца з трэцяй, шостай, дзевятай гадзінаў, ізабразіцельных і вячэрні. Вячэрняя багаслужба ў першыя чатыры дні Вялікага Посту складаецца зь вялікага павячэр’я і канону сьв. Андрэя Крыцкага, які жыў у 7- 8-м стагодзьдзях (памёр у 712 годзе). Ягоны твор складаецца з 250 трапароў. У ім на прыкладах шэрагу персанажаў са Старога і Новага Запаветаў паказаны шлях чалавечай душы ад найбольшага падзеньня да сьвятасьці. У першыя чатыры дні першага тыдня Вялікага Посту канон чытаецца часткамі, а ў сераду ў пяты тыдзень — поўнасьцю.

У серады і пятніцы, у чацьвер пятага тыдня, а таксама ў тры першыя дні Вялікага Посту адпраўляецца гэтак званая Літургія Раней Асьвячаных Дароў. Ейны назоў паходзіць ад таго, што Сьв. Дары асьвячаюцца ў часе адпраўленай раней у нядзелю поўнай Літургіі сьв. Васіля Вялікага. Устанаўленьню гэтай багаслужбы спрыяў старажытны звычай перахоўваць у дамах Сьв. Дары для хворых, а таксама тых, якія не маглі ўдзельнічаць у сумеснай багаслужбе. Зь цягам часу Сьв. Дары пачалі перахоўваць выключна ў храмах і даваць іх вернікам у часе вячэрняй багаслужбы, калі яны пасьцілі ўвесь дзень.

У суботу першага тыдня Вялікага Посту Царква ўшаноўвае памяць сьв. Фёдара Цірана. У часы прасьледу хрысьціян ён адмовіўся пакланіцца паганскім ідалам і ў 306 годзе быў спалены. 50 гадоў пасьля гэтага здарэньня імпэратар Юльян загадаў пакрапіць крывёй ахвярнай жывёлы прадукты на базарах. Сьв. Пакутнік зьявіўся епіскапу Канстанцінопаля і папярэдзіў яго аб гэтым каварстве. Хрысьціяне ўвесь тыдзень елі толькі вараную пшаніцу зь мёдам. У памяць гэтай падзеі ў цэрквах адпраўляецца канон у гонар Фёдара і асьвячаецца коліва.

У суботы Вялікага Посту, за выняткам Вялікай суботы, адпраўляецца Літургія сьв. Яана Залатавуснага. У суботы і нядзелі сьвятары зьмяняюць літургічнае адзеньне на сьветлае.

У першую нядзелю Вялікага Посту Царква ўспамінае перамогу Праваслаўя над ерасямі і гэты дзень называецца Нядзеляй Праваслаўя. Сьвята было ўстаноўлена ў 842 годзе. У гэты дзень у цэрквах урачыста аб’яўляецца анафема ўсім ерэтыкам і адступнікам ад Праваслаўя, а таксама вечная памяць Сьв. Айцам і абароцам веры.

Другая нядзеля называецца нядзеляй асьвячальных пастоў. У багаслужбе пост акрэсьліваецца як сродак асьвячэньня Божай ласкай перамогі над грахом. У гэты дзень Царква ўшаноўвае памяць сьв. Рыгора Паламы, архіепіскапа Фесалонік, які жыў у 14-м стагодзьдзі. Рыгор супрацівіўся вучэньню ерэтыкоў Варлаама і Акіндзінаса і вучыў, што Бог паказваецца сьвету праз Сваю Энэргію. Славу Сваёй Боскасьці Бог паказаў на гарах Сынай і Фавор. Гэтая слава можа быць даступная таксама людзям праз малітву і пост. Гэтым самым Царква сьвяткуе перамогу аскетаў і манахаў над фальшывымі вучэньнямі.

Трэцяя нядзеля Вялікага Посту называецца Крыжапаклоннай. У суботу на ўтрані на сярэдзіну храмаў выносіцца ўпрыгожаны Крыж. Вернікі кленчаць і цалуюць Крыж. Царква хоча гэтым самым духоўна падмацаваць вернікаў у палове Вялікага Посту і паказаць Божую любоў да людзей, якая выявілася у крыжовай сьмерці Ісуса Хрыста. Крыж нагадвае вернікам пра абавязак ісьці за прыкладам Хрыста. Паколькі Ён прыняў за нас сьмерць, дык і мы павінны мужна змагацца з усякім злом, безупынна маліцца і памножваць добрыя ўчынкі. Крыж застаецца пасярэдзіне храму да пятніцы. Пасьля гадзінаў ён урачыста ўносіцца ў алтар.

Чацьвёртая нядзеля Вялікага Посту прысьвячаецца сьв. Яану Лесьвічніку. Гэта быў пабожны манах, які жыў у 5—6-м стагодзьдзях. Сорак гадоў ён жыў у пустэльні, праслыў шматлікімі цнотамі і розумам. Напрыканцы свайго жыцьця ён быў абраны ігуменам аднаго з манастыроў на паўвостраве Сынай. Яан пакінуў пасля сябе твор званы „Райскай Драбінай”, у якой, на падставе дасьведчаньня іншых аскетаў і ўласнага, прадставіў 33 ступені духоўнага ўдасканаленьня чалавека.

Яан Лесьвічнік памёр у 563 годзе на васьмідзесятым годзе жыцьця. На ягоным прыкладзе Царква вучыць і запэўнівае, што цярплівая малітва і пост здольныя падняць чалавека зь любога падзеньня.

Пятая нядзеля Вялікага Посту ставіць вернікам у якасьці ўзору сьв. Марыю Егіпецкую. Яна жыла у 5—6-м стагодзьдзях і дзякуючы вялікаму намаганьню паднялася ад распусты да сьвятасьці. Пасьля свайго раскаяньня яна сорак гадоў заставалася ў малітве і посьце. Памерла ў пустыні у 521 годзе.

У пятніцу шостага тыдня канчаецца саракадзённы Вялікі Пост (Чатырадзесятніца)

У суботу Царква ўспамінае ўваскрэсеньне Лазара як доказ Боскасьці Хрыста і пацьверджаньне Ягонага абяцаньня ўсеагульнага ўваскрэсеньня.

Шостая нядзеля спалучана зь вялікім сьвятам Уезду Хрыста ў Ерусалім і называецца Вербнай нядзеляй.

Багаслужбы Вялікага тыдня

— Вялікі панядзелак. Багаслужба гэтага дня складаецца з утрані, г.зв. вялікіх гадзінаў, ізабразіцельных і вячэрні, спалучанай зь Літургіяй Раней Асьвячаных Дароў. У часе трэцяй, шостай і дзевятай гадзінаў чытаюцца абшырныя фрагмэнты Евангельля так, каб на працягу трох дзён яно было прачытанае поўнасьцю. Незалежна ад паасобных думак зьмешчаных у багаслужбах, Царква ў Вялікі панядзелак успамінае Язэпа — сына Якуба, прададзенага братамі ў няволю. Яго незаслужаныя пакуты, а затым узвышэньне сымбалізуюць лёс Ісуса Хрыста.

— Вялікі аўторак. Багаслужба гэтага дня аналягічная да той, якая адпраўляецца ў панядзелак. Літургічныя тэксты падкрэсьліваюць патрэбу духоўнай пільнасьці і ўдасканаленьня.

— Вялікая серада. У гэты дзень Царква ўспамінае намер Юды выдаць Хрыста. У багаслужбе гэтага дня падкрэсьліваецца бескарыснасьць жанчыны-грэшніцы і строга асуджаецца плян Юды. У сераду канчаецца адпраўленьне Літургіі Раней Асьвячаных Дароў, не чытаюцца кафізмы на ўтрані, гадзінах ды ізабразіцельных і апошні раз чытаецца малітва Яфрэма Сырыйца.

— Вялікі чацьвер. У гэты дзень Царква ўспамінае некалькі важных падзеяў з апошніх дзён зямнога жыцьця Хрыста. На ўтрані, якую адпраўляецца напярэдадні, чытаецца еванегльскае апавяданьне пра Апошнюю Вячэру (Лук. 22, 1-39). У часе гэтай вячэры было ўстаноўлена таінства Сьв. Эўхарыстыі. У каноне ў паэтычнай форме расказваецца пра разьвітальную гутарку Хрыста з апосталамі. У Вялікі чацьвер адпраўляецца Літургія сьв. Васіля Вялікага, якая пачынаецца зь вячэрні. У гэты дзень нарыхтоўваюцца таксама Сьв. Дары для хворых, а таксама асьвячаецца Сьв. Міра. У некаторых цэрквах — асабліва ў саборах — практыкуецца абрад абмываньня ног. Епіскап, які сымбалізуе Хрыста, абмывае ногі дванаццацьцю сьвятарам.

— Вялікая пятніца. Напярэдадні, у Вялікі чацьвер, у часе ўтрані Вялікай пятніцы чытаецца „12-ць Евангельляў”, у якіх расказваецца пра разьвітаньне Хрыста з вучнямі, суд над Ім, допыт, катаваньне і сьмерць. У часе чытаньня вернікі стаяць з запаленымі сьвечкамі. Гэта азначае, што Слава і Боскасьць не пакінулі Хрыста нават у часе прыніжэньня і пакутаў. Пасьля канону выконваецца экзапастыларый і „Разбойнік”. У гэтай кранальнай песьні гаворыцца пра разбойніка, укрыжаванага разам з Хрыстом, які дзякуючы сваёй веры дасягнуў збаўленьня. У Вялікую пятніцу па палудні адпраўляецца вячэрня, званая вынасам Плашчаніцы. Гэты абрад пакідае незабыўнае ўражаньне і ён найбольш характэрны для Вялікай пятніцы. У гэты дзень усіх вернікаў абавязвае строгі пост. У меру магчымасьці ўсе павінны паўстрымацца ад ежы да самога вечара.

— Вялікая субота. У гэты дзень Царква ўспамінае прабываньне Хрыста целам у магіле, Яго зыход душой у пекла, увядзеньне разбойніка ў рай і адначасовае прабываньне з Айцом і Духам у небе. На Сьв. Літургіі чытаецца пятнаццаць парэміяў, у якіх сабраны важнейшыя прароцтвы пра пакуты і ўваскрэсеньне Хрыста. У часе Літургіі зьмяняюцца зь цёмных на сьветлыя ўсе рызы, сьвятарскае адзеньне ды інтэр’ер храму.

Непасрэдна пасьля Сьв. Літургіі асьвячаюцца хлеб і віно. У старажытнасьці гэты абрад меў практычнае значэньне, паколькі вернікі заставаліся ў храме ажно да пасхальнай ночы і патрабавалі падмацаваньня. Акрамя таго поўнасьцю чытаецца кніга Дзеяў Апостальскіх. У суботу па палудні сьвятары пачынаюць ужо асьвячаць пасхі — кошыкі асноўных прадуктаў, якія будуць спажываныя ў першы дзень Вялікадня непасрэдна пасьля вяртаньня з царквы.

Багаслужбы і паслугі ў розных акалічнасьцях

Вышэйзгаданыя багаслужбы не вычэрпваюць усіх жыцьцёвых акалічнасьцяў. Праваслаўная Царква апякуецца сваімі вернікамі ў самых розных абставінах іхнага жыцьця. Існуюць спецыяльныя багаслужбы на Новы год, пачатак навукі ў школе, малітвы за тых, хто падарожнічае, за хворых, падзячныя багаслужбы пры асьвячэньні хаты, поля, вады і нават аўтамабіля. Парадак гэтых багаслужбаў зьмешчаны ў кнігах „Трэбнік”, „Кніга малебных пеньняў” ды „Іярэйскі малітваслоў”.

— Малебны зьяўляюцца прыкладам багаслужбаў на розныя акалічнасьці. Гэта кароткія багаслужбы, якія адпраўляюцца для агулу вернікаў або для паасобных людзей. Яны дзеляцца на благальныя і падзячныя. Малебны адпраўляюцца ў храмах і дамах. Яны заўсёды тычацца толькі жывых людзей.

— Паніхіды і паховіны памерлых. Праваслаўная Царква ў адпаведнасьці са старахрысьціянскай практыкай шануе памяць памерлых. „Трэбнік” зьмяшчае чатыры віды багаслужбаў пры пахаваньні: дарослых, сьвецкіх людзей, манахаў, сьвятароў і дзяцей. Паніхіда — гэта свайго роду ўсяночная багаслужба. У даўнія часы хрысьціяне, баючыся прасьледу, хавалі сваіх пакойнікаў ноччу. Паніхіды адпраўляюцца на трэці, дзевяты і саракавы дзень з часу сьмерці, акрамя таго ў гадавіну ды яшчэ ў спэцыяльныя дні для памінаньня памерлых. Гэта г.зв. бацькоўскія суботы напярэдадні мясапуснай нядзелі, суботы ў другі, трэці і чацьвёрты тыдзень Вялікага Посту, субота перад сьвятам Сасланьня Сьвятога Духа, перад днём сьв. Дзьмітрыя Салунскага — 26 кастрычніка (8 лістапада), а таксама ў другі аўторак пасьля Вялікадня (Радаўніца).

Здаўна ў Праваслаўнай Царкве ўжываюцца г.зв. памяньнікі, кніжачкі з тэкстам малебну за жывых і паніхіды за памерлых. У іх ёсьць чыстыя карткі для ўпісаньня імёнаў жывых і памерлых. Калі даем гэтую кніжачку сьвятару, ён адчытвае імёны і вымае пры гэтым з просфараў частачкі за канкрэтных людзей.

Прынцыпы і патрабаваньні царкоўнага жыцьця

Хрысьціянская рэлігія, а Праваслаўе ў прыватнасьці — гэта нешта болей чымсьці рэлігія Закону, заснаваная на дакладным выконваньні прадпісаньняў і абрадаў Майсеевага Закону. Апостал Павал пісаў: „Адны адных цяжары насіце і такім чынам выканаеце закон Хрыстовы” (Гал. 6, 2). Гэта перш за ўсё добраахвотная, узаемная служба, прадыктаваная хрысьціянскай любоўю. „Усё, што вы зрабілі аднаму з братоў маіх найменшых, Мне зрабілі” (Мацьв. 25, 40). Тым ня менш духоўнае жыцьцё ўзбагачаецца і паглыбляецца з дапамогай правілаў, выпрацаваных на працягу стагодзьдзяў дасьведчаньня Царквы. Гэта ня мэта сама ў сабе, але сродкі падмацаваньня нашых асабістых імкненьняў да зьбліжэньня з Богам і людзьмі.

Наша цяперашняе становішча патрабуе ад усіх праваслаўных глыбокай сьвядомасьці сваёй канфэсійнай адметнасьці. На сьвеце і ў Беларусі пашырана мноства рэлігіяў, канфэсіяў і сэктаў. Трэба разабрацца ў гэтым лябірынце і знайсьці свой шлях. Перш за усё трэба ведаць сваё, каб адчуваць сябе паўнавартасным, каб адказаць на любое пытаньне або папрок. Гэтаму служаць ніжэйзьмешчаны некаторыя асноўныя ўказаньні.

а) Што павінен ведаць праваслаўны хрысьціянін

Зь ліку многіх тэкстаў Сьвятога Пісаньня, якія зьяўляюцца паказальнікам дарог у жыцьці, а таксама шматлікіх малітваў, якія маюць выключнае значэньне, неабходна ведаць:

— малітвы „Ойча наш”, „Цару нябесны”, „Прасьвятая Тройца”, „Анёле Божы” „Дастойна ёсьць”, „Багародзіца, Дзева”. Акрамя таго галоўныя запаветы аб любові да Бога і людзей са Старога Запавету (Другапраўе. 6, 5; Лев. 19, 18), а таксама „Дэкалёг” — дзесяць запаветаў (Вых. 20, 2-17);

— галоўныя запаветы Новага Запавету, у тым ліку восем блаславенстваў (Мацьв. 5, 3-12), а таксама іншыя евангельскія ўказаньні (Мацьв. 5, 21-48; 6, 1,3,6,14-21,24-25; 7, 1-5, 21; 23, 8-12; Яан.13, 34);

— нікеа-канстанцінопальскі Сымбаль Веры;

— раньнія і вячэрнія малітвы паводле „Малітваслову”;

— колькасьць, значэньне і праваслаўнае тлумачэньне сямі таінстваў.

б) Удзельніцтва ў багаслужбах і абрадах

У адпаведнасьці з запаветам адзін дзень у тыдні павінен быць прыясьвечаны Богу. У Старым Запавеце гэта была субота (Вых. 20, 8), а ў Новым Запавеце дзень Гасподні — нядзеля, устаноўлена ў памяць Уваскрэсеньня Хрыстовага ў гэты дзень. Удзельніцтва ў нядзельнай багаслужбе, Сьв. Літургіі, абавязковае і толькі хвароба або іншая сур’ёзная прычына можа быць апраўданьнем для адсутнасьці. У нядзелю і царкоўныя сьвяты трэба пазьбягаць усякіх працаў, акрамя самых неабходных. У дадзеным выпадку трэба таксама пазьбягаць неразумнага фармалізму, зь якім сутыкнуўся сам Ісус Хрыстос. Проста, калі нешта можна выканаць у будні дзень, не трэба гэтага рабіць у сьвята.

Праваслаўны хрысьціянін наагул павінен бываць у царкве заўсёды, калі толькі мае такую магчымасьць. Увайшоўшы ў храм трэба пабожна зрабіць знак крыжа (перахрысьціцца), паставіць сьвечку згадаўшы імёны сваіх блізкіх і знаёмых, жывых і памерлых. Можна ўкленчыць перад адной зь іконаў, памаліцца. Мужчыны і жанчыны павінны прыходзіць у храм чыста і прыстойна апранутыя.

Пажадана, каб жанчыны ў адпаведнасьці з рэкамендацыяй апостала Паўла (1 Кар. 11, 5-14) і традыцыяй накрывалі галовы хусткай, але гэта неабавязкова. Бога не абражаюць распушчаныя жаночыя валасы, толькі цалкам іншае. Само паняцьце прыстойнасьці ўмоўнае і зьмяняецца разам з эпохамі, але проста трэба разумець, дзе чалавек знаходзіцца. Храм — гэта выключнае месца, дом Божы, і трэба паводзіць сябе з належнай пашанай. У меру магчымасьці мужчыны і жанчыны павінны стаяць у храме аддзельна, каб пазьбягаць непатрэбных думак і спакусаў. У часе багаслужбы трэба стаяць павярнуўшыся тварам у бок алтара. Калі сьвятар кадзіць храм і вернікаў, або бласлаўляе кажучы „Мір вам”, трэба схіліць галаву і перахрысьціцца. Кленчыць у часе Сьв. Літургіі належыць тройчы: у часе эўхарыстычнага канону (пасьля „Веру”), калі выносіцца келіх для Сьв. Прычасьця, а таксама калі сьвятар бласлаўляе келіхам кажучы: „Цяпер і заўсёды і на векі вякоў”. Нагнуцца ажно да самай зямлі пажадана ў часе вялікага ўваходу (у часе херувімскай песьні). Астатнія часткі Сьв. Літургіі, уключна з „Апосталам” ды Евангельлем, трэба выслухаць стоячы. Не належыць кленчыць і рабіць паклоны ў пасхальны перыяд, а таксама ў нядзелю, якая лічыцца „малой Пасхай”. Прымаючы непасрэдна блаславенства сьвятара ці епіскапа або ў часе Памазаньня Сьв. Алеем пажадана пацалаваць руку сьвятара. У дадзеным выпадку гэта не звычайная рука мужчыны, але прылада і пераказчык Божай ласкі.

Вельмі непажадана спазьняцца на багаслужбу або пакідаць храм перад яе заканчэньнем. Не выпадае таксама расьсядацца на нешматлікіх седзячых месцах у храме, якія прызначаны для людзей, што сапраўды ня ў змозе стаяць. Гэта ўжо нават справа асабістай культуры, якая выяўляецца у аўтобусе або трамваі. У храме трэба паўстрымоўвацца ад гаманлівасьці, шумных прывітаньняў і заўвагаў.

Пагаварыць са знаёмым або сябрам, якога даўно ня бачылася, можна пасьля багаслужбы. У храме ўсе, незалежна ад пазіцыі ў грамадзтве — роўныя. Няма лепшых або горшых у ніякім, абсалютна ў ніякім, сэнсе. У меру магчымасьці, нават тады, калі не плянуем прыступаць да Сьв. Прычасьця, у царкву трэба прыходзіць нашча. Калі сьпяваюць „Веру” або „Ойча наш”, трэба сьпяваць зь іншымі не хвалюючыся, што ня маем прыгожага голасу і музычнага слыху. Гэта не канцэрт, але малітва. Толькі такое сьведамае і актыўнае ўдзельніцтва ў багаслужбах сьведчыць аб нашай пашане для свёй Царквы і прыносіць духоўную карысьць.

в) Споведзь і Сьв. Прычасьце

Гэтыя два таінствы спалучаюцца ў адно, паколькі ў адпаведнасьці з традыцыяй перад Сьв. Прычасьцем павінна быць Споведзь. Духоўнае ачышчэньне, прымірэньне з Богам і людзьмі неабходнае для ўсіх, нават для дзяцей, пачынаючы са сьведамага (школьнага) узросту. Абавязак прыступаць да гэтых таінстваў, як мінімум, адзін раз у год у перыяд Вялікага Посту неаднойчы ў выніку непаразуменьня тлумачыцца як норма. На самай справе да Сьв. Прычасьця пажадана прыступаць як мага часьцей. „Добра і надзвычай карысна, — пісаў сьв. Васіль Вялікі, — штодзень прымаць Сьв. Цела і Кроў”. Ён адзначыў, што ў яго час вернікі прымалі Сьв. Прычасьце чатыры разы ў тыдзень.

Да Прычасьця (аб чым ужо згадвалася) заўсёды трэба адпаведна падрыхтавацца. Напярэдадні пажадана ўзяць удзел ва ўсяночнай багаслужбе. Зь вечара, або ў крайнім выпадку ад поўначы, паўстрымацца ад ежы і піцьця (мінімум 8 гадзін). З малітоўніка трэба прачытаць малітвы перад Прычасьцем, перадумаць свае ўчынкі і паводзіны і, калі ёсьць такая патрэба, прымірыцца з усімі. Толькі пасьля такой падрыхтоўкі, пакорліва і з пачуцьцём віны можна прыступіць да Сьв. Прычасьця.

г) Грахі супраць Хрыста і Царквы

Перагляд свайго сумленьня неабходны ня толькі перад Прычасьцем. Апостал Павал падахвочваў: „Саміх сябе правярайце ці трываеце ў веры, саміх сябе выпрабоўвайце” (2 Кар. 13, 5). Нашы паводзіны заўсёды павінны быць паддадзены суду нашага хрысьціянскага сумленьня, а сумленьне — супастаўлена з праўдай Божай. Заўсёды трэба задаваць сабе наступныя пытаньні:

— Ці не адракаўся я або заўпіраўся ад сваёй праваслаўнай веры?

— Ці не наракаў на Бога або сумняваўся ў Яго міласэрнасьці?

— Ці сваёй уласнай волі не ставіў вышэй за Божую?

— Ці не схіляўся сваім сэрцам да марнасьці?

— Ці заўсёды выяўляў дбайнасьць у веры?

— Ці дастаткова часу прысьвячаў малітве і вывучэньню Сьвятога Пісаньня?

— Ці не здаралася мне быць рассеяным і няўважлівым у часе малітвы або багаслужбы?

— Ці не здарылася мне зь непавагай ставіцца да веры?

— Ці не вымаўляў без павагі Імя Божае?

— Ці ў нядзелі заўсёды бываю ў царкве і памятаю, што гэты дні прысьвечаны Богу?

— Ці не марудзіў задоўга з прыступленьнем да Сьв. Прычасьця?

— Ці належна да яго рыхтаваўся?

— Ці не здарылася прыняць Сьв. Прычасьце без прымірэньня зь людзьмі і поўнаму гневу?

— Ці заўсёды выконваў дадзеныя Богу абяцаньні, ці за ўсё дзякаваў і ўсё з пакорай прымаў?

— Ці заўсёды я гатовы рупіцца пра дабро Царквы, служыць і прысьвяціць сябе ёй?

д) Грахі супраць бліжніх

— Як стаўлюся да сваіх бацькоў? Калі яны ўжо не жывуць: ці памятаю пра малітву аб іх, ці захоўваю іх ва ўдзячнай памяці?

— Як стаўлюся да членаў сваёй сям’і, да знаёмых і супрацоўнікаў?

— Ці ўмею быць спагадлівым для іхных заганаў, ці лёгка запальваюся злобай? Ці не здарылася мне быць пыхлівым, капрызным і нецярпімым? Ці ўмею кантраляваць свае эмоцыі? Ці не дазваляю сабе на грубыя словы і лаянку?

— Ці ўмею захоўваць мір і згоду ў сям’і, у кантактах зь людзьмі? Ці не дапускаюся паклёпаў, асуджэньня іншых і насьмешкі? Ці са зразуменьнем стаўлюся да патрэбаў і праблемаў іншых людзей? Ці я не эгаіст? Ці ўмею паўстрымацца ад сваркі?

— Ці ня здарылася мне быць фальшывым, несумленным і крывадушным? Ці не дазваляў я сабе на неакуратную працу? Ці не здаралася мне выдаць некага або здрадзіць? Ці заўсёды захоўваў я давераны мне сэкрэт?

— Ці ня быў прычынаю няшчасьця іншага чалавека? Ці не разбурыў чыюсьці сям’ю? Ці не дапусьціўся пралюбадзейства? Ці не спрычыніў сьмерці ненароджанага дзіцяці? Ці не спрыяў гэтаму злачынству? Ці не займаўся непрыстойнымі жартамі і ці ня зганьбіў чыйгосьці пачуцьця цынізмам?

— Ці ня быў завісны, незычлівы, зларадны? Ці не пагарджаў кім-небудзь? Ці ня быў празьмерна недаверлівы?

— Ці ня быў прагны ўлады? Ці не імкнуўся падпарадкаваць сабе каго-небудзь і накінуць яму сваю волю?

е) Грахі супраць самога сябе

— Ці не паддаваўся дэпрэсіі і роспачы? Ці ня думаў пра самагубства?

— Ці не руйнаваў сябе абжорствам, п’янствам, распустай або наркотыкамі?

— Ці змагаўся са спакусамі і пажадлівасьцямі?

— Ці дарэмна ня траціў час? Ці належна скарыстоўваў свае здольнасьці? Ці заўсёды быў гатовы служыць бліжнім?

— Ці змагаўся з саманадзейнасьцяй, пыхлівасьцяй і маніяй велічы? Ці застанаўляўся над сваімі галоўнымі грахамі ды іх прычынай? Ці заўсёды турбаваўся пра душу, пра яе збаўленьне і асьвячэньне?

Малітвы за жывых і памерлых

Кожны праваслаўны хрысьціянін абавязаны маліцца за сваіх блізкіх і знаёмых —жывых і памерлых. Апостал Павал павучаў свайго вучня Цімафея: „Дык рэкамэндую табе чыніць просьбы, малітвы і падзякі за ўсіх людзей... бо гэта добра і прыемна Збавіцелю нашаму, Які хоча, каб усе людзі збавіліся і дасягнулі пазнаньня праўды” (1 Цім. 2, 1-4). У Кнізе Прамудрасьцяў Сыраха (7, 33) чытаем: „Будзь ласкавы для кожнага, хто жыве, нават памерлым не адмаўляў праяваў прывязанасьці”. У творах Айцоў Царквы знаходзім мноства прыкладаў аб збавіцельнасьці і неабходнасьці малітвы за жывых і памерлых. „Маліся за жывых, — гаварыў мітрапаліт Філарэт, —каб дасягнулі жыцьця вечнага і за памерлых, каб пазьбеглі вечнай сьмерці”.

Кожны праваслаўны малітоўнік зьмяшчае тэксты малітваў за жывых і памерлых. У штодзённай, хатняй малітве трэба згадваць бацькоў, сваякоў, настаўнікаў і ўсіх знаёмых ды прасіць для іх збаўленьня і Божага блаславенства. Гэтак-жа ў малітвах за памерлых трэба прасіць вечнага супачынку для нашых блізкіх памерлых і для ўсіх тых, хто адышоў з гэтага сьвету ў надзеі на будучае ўваскрэсеньне і жыцьцё вечнае. У часе Сьв. Літургіі трэба перадаць кніжачку (памяньнік) або на аддзельных картках сьпісаныя імёны жывых і памерлых, каб сьвятар згадаў іх у часе праскамідыі. Кожны малебен або паніхіду, якія адпраўляюцца ў Царкве, трэба скарыстаць, каб далучыць да іх сваю індывідуальную малітву.

Як мы павінны ставіцца да неправаслаўных?

Па-перашае: зь любоўю. Яны — людзі аднолькавай з намі натуры, маюць супольнага з намі аднаго Бога і адных з намі прабацькоў. Мы павінны ставіцца да іх зь любоўю таксама і таму, што яны і мы — хрысьціяне. Прападобны Фядосій Пячэрскі гаварыў: „Будзь міласэрны ня толькі ў адносінах да сваіх, але і да чужых. Калі ўбачыш каго-небудзь галодным або ў бядзе, нават калі гэта ерэтык, над кожным зьлітуйся і паратуй яго ў бядзе як толькі можаш і не зграшыш перад Богам, які корміць і апякуецца і праваслаўнымі, і неправаслаўнымі”. Нельга забываць, што некаторыя хрысьціяне адышлі ад Праваслаўя, аднак яны не адмовіліся ад асноваў хрысьціянства.

І так, Рымска-каталіцкі касьцёл верыць у Божае Слова, хаця інакш яго тлумачыць і разумее. Верыць у Трыадзінага Бога, у Сына Божага і Збавіцеля Ісуса Хрыста, чакае збаўленьня і вечнага жыцьця, прызнае сем таінстваў, шануе Прасьвятую Багародзіцу і сьвятых, іхныя выявы, іконы і сьвятыя мошчы, моліцца за памерлых, ведае вучэньне аб хрысьціянскай любові, пабожнасьці, міласэрнасьці, малітве ды іншых дабрадзейнасьцях. Сярод каталікоў былі і ёсьць таксама людзі добрыя, пабожныя і сьвятыя.

Лютэране і пратэстанты таксама ня цалкам адпалі ад асноваў веры. Яны вераць у Трыадзінага Бога, у Хрыста Збавіцеля і жыцьцё вечнае, ведаюць і выконваюць запаветы хрысьціянскай любові. Яны таксама ахрышчаны ў Імя Трыадзінага Бога.

З вышэйсказанага ў ніякім выпадку не вынікае, што ўсе канфэсіі роўныя і няварта зьвяртаць увагу на розьніцы паміж імі. Той-жа Фядосій Пячэрскі гаварыў: „Калі нехта скажа: і тую, і тамтую веру даў Бог, ты скажы яму: няўжо Бог двуверны? Няўжо ты ня чуў, што сказана „адзін Бог, адна вера, адно хрышчэньне”. Каму усё роўна, якога веравызнаньня трымацца, калі ўсё роўна, як тлумачыць або думаць пра тую або іншую ісьціну веры, той можа страціць усякую веру і ўсякую праўду”.

Будучы перакананымі аб перавагах сваёй веры над іншымі мы павінны намагацца прыцягнуць да яе неправаслаўных. У ніякім выпадку нельга абражаць нічыёй веры і сьвятыняў, бо гэтым мы толькі адпіхнем іх ад сябе. Мы, наадварот, павінны быць цярплівымі ў дачыненьні да іхнай іншасьці, паколькі „любоў усё пераносіць” (1 Кар. 13, 7). Нават на варожасьць з боку іншаверцаў мы павінны адказваць лагоднасьцяй, бо гэткім чынам найхутчэй выклічам давер да сябе. Прыцягнуць да сябе можам добрым словам, парадай і любоўю. Аднак самым надзейным спосабам зьяўляецца добрае, пабожнае ўзорнае жыцьцё. Хай неправаслаўныя пазнаюць нашу веру праз нашы добрыя ўчынкі, бо дзеяньне і практыка заўсёды важнейшыя за словы і тэорыю. „Гэтак няхай сьвеціць сьвятло вашае перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя паводзіны і ўславілі Айца вашага Нябеснага” (Мацьв. 5, 16).

Пазнаваньне Праваслаўя і прапаведаваньне яго

Кожны праваслаўны вернік павінен вывучаць Праваслаўе, каб лепш яго ведаць. Робім гэта пачынаючы з маленства, калі першы раз робім знак крыжа няўмелай, дзіцячай рукой. Затым праз урокі Закону Божага, удзел у багаслужбах, кніжкі і ўвесь працэс адукацыі паступова набываем новыя веды. Тым ня менш нашы веды далей няпоўныя і такімі застануцца да канца нашых дзён.

Не зважаючы на гэта, мы абавязаны праз усё жыцьцё ўдасканальвацца. Апостал Павал пісаў: „Не гавару, што я ўжо ўдасканаліўся, але імкнуся, ці не дасягну я, як дасягнуў мяне Хрыстос... забываючы тое, што ўжо за мною, і сягаючы наперад імкнуся да мэты, да ўзнагароды высокага пакліканьня Божага ў Хрысьце Ісусе” (Піліп. 3, 12-14). Мы абавязаны прышчапіцца да Хрыста, як парасткі ў вінаградную лазу (Яан. 15, 4-9). Адбываецца гэта з дапамогай Сьв. Духа, таму можна сказаць, што мэтай нашага жыцьця павінна быць прысваеньне Духа і Яго багатых ласкаў. Галоўнымі зь іх зьяўляюцца хрысьціянская любоў і сьвятасьць жыцьця. Хто авалодаў гэтым дарам, ужо не жыве паводле сваёй волі, але стаўся храмам, памешканьнем Сьв. Духа і можа сказаць за апосталам: „Ужо не я жыву, але жыве ўва мне Хрыстос” (Гал. 2, 20). Бог умацоўвае нас і дадае сілаў у кожным добрым пачынаньні. Заклікаючы нас да Сябе хоча, каб мы добраахвотна пайшлі за Ім і за Збавіцелем. Наша збаўленьне адбываецца праз наш адказ на Божую ласку. Бог стварыў нас бяз нашага ўдзелу, але збавіць сапраўды ня хоча нас бяз нашага супрацоўніцтва або супраць нашаму жаданьню. Аб гэтым праваслаўны хрысьціянін павінен памятаць заўсёды і ўсюды.

Мы ўсе — дзеці Адзінага Бога і нашай Праваслаўнай Царквы. З гэтага перакананьня выплывае наш аптымізм і гонар. У сваім жыцьці мы павінны намагацца быць сапраўднымі дзяцьмі Божымі, жыць паводле прыкладу Ісуса Хрыста. У Евангельлі сказана: „Ня кожны, хто кажа мне Госпадзе, Госпадзе ўвойдзе ў Царства Нябеснае, але той, хто чыніць волю Айца Майго, Які ў небе” (Мацьв. 7, 21). Наша любоў і прывязанасьць да Праваслаўнай Царквы не павінны абмяжоўвацца павярхоўнай набожнасьцю, пафаснымі дэклярацыямі і паказнымі дзеяньнямі. Такія менавіта былі фарызэі, якіх людзі паважалі, але Хрыстос асудзіў. Мы павінны ўсім сваім жыцьцём сьведчыць аб прыналежнасьці да Праваслаўнай Царквы памятаючы, што Бог ведае найбольш утоеныя думкі і што „няма нічога тайнага, што не стала-б яўным, ні схаванага, што не стала-б вядомым” (Лук. 8, 17). Мы можам лічыць сябе Божымі дзяцьмі, калі заўсёды жывем у Ягонай прысутнасьці і ставім Бога ў цэнтры свайго жыцьця. У жыцьці спатыкае нас мноства гора і бедаў, але таксама посьпехаў і радасьці. Адно зьмяняецца або спалучаецца з другім і мы ніколі ня маем падставаў для нараканьня, што якраз з намі лёс абышоўся горш чымсьці зь іншымі. У любы момант мы павінны адчуваць любячы, падбадзёрваючы і чакальны позірк Божы. Бог глядзіць на нас у любым месцы і хоча, каб мы не засмучалі Яго сваімі паводзінамі. Кожны грэх раніць Ягонае сэрца: гэта як быццам чарговы цьвік у Ягонае Цела.

Прапаведаваць нашу веру ўсім сваім жыцьцём — гэта пазьбягаць усяго, што супраціўляецца Божай волі. Калі Бог існуе і дзейнічае „над усім, праз усіх і ва ўсіх” (Эфэс. 4, 6) і калі мы Ім „жывем, рухаемся ды існуем” (Дзеі. 17, 28), дык ці можам паддавацца граху, абражаць Бога думкамі, словамі і ўчынкамі? Акрамя таго мы адказны ня толькі за сябе. Ці хаця-б час ад часу застанаўляемся над тым, каб служыць добрым прыкладам іншым? Ці не тычацца нас словы апостала, які папракаў: „З вашай прычыны зьневажаецца Імя Божае”(Рым. 2, 24). Каб прапаведаваць Бога і сваю веру неабавязкова трэба быць сьвятаром. Мы можам гэта рабіць усім сваім пабожным жыцьцём. Калі мы акуратныя, працавітыя, сумленныя, калі добра выхоўваем дзяцей, узорна паводзім сябе ў сямейным і працоўным жыцьці і людзі ведаюць, што мы праваслаўныя, мы прыносім гонар сваёй Царкве і выклікаем павагу да Яе з боку іншаслаўных. На жаль, многія людзі, якія асьмельваюцца называць сябе праваслаўнымі, прыносяць сваёй Царкве толькі шкоду. Лепш, каб такіх не было сярод нас!

Шчырасьць кожнага пачуцьця мераецца гатоўнасьцю да дзеяньня. Калі верым у Бога, ці мы гатовы дзеля гэтага на ахвяры? Якія гэта ахвяры і ад чаго мы павінны адмовіцца? Сьв. Яан Залатавусны гаварыў: „Калі вока тваё не заплямілася грахом, ты прынёс яго ў ахвяру, калі свой язык ты паўстрымаў ад брыдкіх слоў, калі рукі твае не зрабілі нічога дрэннага, ты прынёс іх Богу ў ахвяру”.

Дададзім яшчэ да гэтага: калі дбайна выконваем свае абавязкі вучобы або працы, калі ўсім сваім жыцьцём, сярод няўдачаў і посьпехаў аднолькава давяраем Богу і даручаем Яму ўсё сваё жыцьцё, мы прынесьлі яго ў ахвяру. Калі з энтузіязмам і радасьцяй мы давяраем Праваслаўнай Царкве, слухаем Яе і паводзім сябе ў адпаведнасьці зь Ейнымі ўказаньнямі, Сам Бог зробіць наша жыцьцё прыгожым і плённым. „А таму, хто дзеючай у нас магутнасьцяй можа зрабіць нязьмерна больш за ўсё, чаго просім або пра што думаем, слава... ва ўсіх пакаленьнях на векі вякоў, Амін”.