Рэлігійныя выданьні на беларускай мове — спарадычныя і нешматлікія. Назіраецца парадаксальная зьява: няма кананічных, ухваленых Царквою, добрых перакладаў Сьвятога Пісаньня, літургічных тэкстаў і падручнікаў для навучаньня Закону Божага і настаўнікі ды вучні вымушаны карыстацца іншамоўнымі выданьнямі, а з другога боку не зьявіліся беларускамоўныя выданьні таму, што ня бачна вялікага попыту на іх. Стварылася зачараванае кола, але трэба выйсьці зь яго. Цяперашняе месца беларускай мовы ў храме — вядомае, але не заўсёды гэтак мусіць быць.
Прапаную чытачам у простай, даступнай форме найбольш неабходную інфармацыю з галіны літургічнага жыцьця Царквы: пра малітву, святарства, багаслужбы, абрады, пасты, сьвяты, асноўныя абавязкі праваслаўнага хрысьціяніна, інакш кажучы, пра ўсё, што павінен ведаць кожны вернік. Справа ў тым, што можна пражыць усё жыцьцё рэгулярна наведваючы храм, выконваючы асноўныя правілы царкоўнага жыцьця, але ўсё роўна мала ведаць пра сутнасьць сваёй веры. У любой краіне, на Бацькаўшчыне, а тым болей у дыяспары, мы не жывём выключна сярод сваіх і кожны праваслаўны хрысьціянін сутыкаецца з сытуацыяй, калі павінен умець адказаць на пытаньне: чаму я якраз праваслаўны? Трэба з павагай ставіцца да іншых, да іхнай веры і перакананьняў, але трэба ведаць сваё. У гэтым сэнсе кніжка можа быць дапаможнікам у навучаньні дзяцей Закону Божага і свайго роду даведнікам для дарослых.
а. Канстанцін Бандарук