Мэдыі і камунікацыя

Курс лекцыяў


Сродкі масавай камунікацыі - Радыё

Плян:

1. Незаменны спадарожнік

2. Гісторыя стварэньня

3. Уплыў і аўдыторыі

4. Радыё ў Беларусі

Радыё (ад лацінскага radio — пускаю промні, radius — прамень) — спосаб перадачы інфармацыі на адлегласьць пры дапамозе радыёхваляў.

Ніхто ня стане аспрэчваць таго відавочнага факту, што менавіта радыё адыграла ў 20 ст. найбольшы уплыў на разьвіцьцё сыстэмы электронных мас-мэдыяў і на станаўленьне тэорыі масавай камунікацыі. Ад самага пачатку радыё паўстала як масавы сродак камунікацыі, які дазволіў ахапіць значна большыя аўдыторыі, чымся тыя, што раней ахоплівалі газэты. Апэратыўнасьць, дынамічнасьць і даступнасьць — вось тыя чыньнікі, што ў 20 ст. зрабілі радыё “самым папулярным суразмоўцам”.

Мадыфікацыі, якія за прамінулы ад вынаходніцтва час прайшла радыётэхніка, дазваляюць казаць, што ў 21 ст. радыё захавае сваю ўплывовасьць. Зьяўленьне радыёстанцыяў, жорстка арыентаваных на розныя аўдыторыі, ілюструе “прыстасавальныя” магчымасьці радыё, якія дазваляюць яму захаваць сваю уплывовасьць.

“Уцёкі радыё ў Internet”,— менавіта так можна акрэсьліць агульнасусьветны працэс сынхранізацыі распаўсюджваньня радыёсыгналу ў эфіры і сусьветным павучыньні.

Асаблівасьцю радыёвяшчаньня ёсьць ягоная “фонавасьць”. Гэты дзіўнаваты тэрмін становіцца больш зразумелым, калі ўлічыць, што радыёхвалі пэрманэнта прысутнічаюць і ў хаце, і на працы, і ў дарозе. Нягледзячы на тое, што радыё называюць “фонам”, гэта не перашкаджае слухачам апэратыўна прылучацца да цікавых тэмаў радыёэфіру. Гэткая гнуткасьць робіць радыё незаменным спадарожнікам чалавецтва.

Дагэтуль працягваюцца спрэчкі паміж расейцамі і эўрапейскімі навукоўцамі ў пытаньні: хто ж вынайшаў радыё. Расейскія крыніцы далікатна апускаюць імя італійца Гуглельма Марконі (1874—1937), называючы вынаходнікам радыё Аляксандра Папова (1859—1906). Хаця добра вядома, што італійскі вынаходнік у 1895—1897 гг. сканструяваў радыё і вынайшаў антэну. Менавіта ён выпрабаваў радыйную сувязь, трансьлюючы сыгнал у 1899 г. праз Ля-Манш, а ў 1901 г. праз Атлянтыцкі акіян.

Між іншым, менавіта Марконі разам з Браўнам Карлам Фэрдынандам (1850—1918) у 1909 г. атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне фізыкі.

Пры гэтым ніхто не аспрэчвае значнасьці вынаходніцтваў расейскага фізыка Аляксандра Папова. У 1895—1897 гг. ён збудаваў, незалежна ад Марконі, сваё радыёпрыстасаваньне, якое дазваляла перадаць на адлегласьць сыгнал радыё. Сыгнал быў кадаваным і распаўсюджваўся альфабэтам Морзэ. Менавіта расейскаму фізыку Папову належыць вынаходніцтва слухалак і канструяваньне прымача.

Сам тэрмін “радыё” пачаў выкарыстоўвацца з 10-х гадоў 20 ст. Менавіта на гэты час прыпадае адкрыцьцё першых радыёстанцыяў у Эўропе і ЗША.

Камэрцыйны ўздым гэтага спосабу камунікацыі прыпаў на пачатак 20-х гадоў і вельмі хутка перажыў ашаламляльнае разьвіцьцё. Тут трэба заўважыць, што вынаходніцтва радыё было вытворным ад некалькіх непасрэдна зьвязаных з камунікацыяй зьяваў. Перш за ўсё, стварэньне радыё стала тэхнічна магчымым дзякуючы дасягненьню кантролю за рухам электронаў: эмісія, абмен, цыркуляцыя электронаў — камунікацыйная зьява, якую ўдалося апанаваць на фізычным узроўні. Між іншым, менавіта ў сувязі з гэтай зьявай было вынайдзенае паняцьце зваротнай сувязі (feed-back), якое празь некалькі год пачало служыць камунікацыі ў цэлым.

Дасьледчык Дэйвід С.Ландэс зазначыў: “Радыё сьведчыла пра існаваньне сьвету ведаў, адкуль людзі чэрпалі ідэі…акрамя таго, удасканальваньне сродкаў камунікацыі... у вялізарнай ступені спрыяла распаўсюджваньню кожнай новай ідэі”.

Радыё сапраўды было складаным тэхнічным аб'ектам, які ўключаў у сябе шматлікія вынаходніцтвы. Інтэнсіўныя зносіны паміж навукоўцамі, інжынэрамі і прамыслоўцамі дазволілі дабіцца росквіту новага сродку камунікацыі. Да таго ж, радыё ня ведала ніякіх праблемаў з камэрцыйным распаўсюджваньнем. Радыё само эфэктыўна спрыяла свайму распаўсюджваньню, гэтак жа, як і кніга ў эпоху Адраджэньня, якая самім сваім зьместам рабіла сабе рэкляму і дэманстравала сваю вартасьць як сродку камунікацыі.

Каб растлумачыць вельмі хуткае масавае распаўсюджваньне радыё, Ландэс зьвярнуў увагу на той факт, што тут мы маем сытуацыю, калі сацыяльная значнасьць прадукту залежыць ад прыбытку тых, хто ім карыстаецца. Калі для прывілеяваных слаёў грамадзтва радыё было адной з многіх забаваў, то для найбольш зьнядоленых — адзінай забавай у вольны час, безь якой нельга было абысьціся. Несумненна, трэба падкрэсьліць і эфэкт трэнінгу і аўтатрэнінгу, які быў зьвязаны з гэтым сродкам сацыяльнай камунікацыі.

Першая сусьветная вайна паспрыяла разьвіцьцю і папулярызацыі радыё. Крызыс 1929 г., дэпрэсія, а затым уздым таталітарызму сталі ідэальнай глебай для разьвіцьця патрэбы ў камунікацыі. Эўрапейская статыстыка выдачы дазволаў, якія тады былі неабходнымі для атрыманьня права набыцьця радыё-прымача, паказвае, наколькі радыё тады было больш папулярным у Нямеччыне, чым, напрыклад, у Англіі і Францыі. У 1933 г. у Нямечыне налічвалася 5 млн. 53 тысячы выдадзеных дазволаў на карыстаньне радыёпрыймачом пры 6 млн. у Англіі і 1 млн. 308 тысячаў у Францыі. У 1939 г., гэтыя лічбы складалі, адпаведна, 13 млн. 711 тысячаў (Нямеччына), 8 млн. 900 тысячаў (Англія) і 4 млн. 992 тысячы (Францыя). Адольф Гітлер у свой час так захапіўся “чароўнай сілай радыё”, што гэты сродак камунікацыі быў пастаўлены на службу трэцяга райху. Нямецкія жаўнеры нават былі абавязаныя штодня праслухоўваць радыёпраграмы, цэнзураваньнем якіх займаўся асабіста Гёбэльс.

Іосіф Сталін разглядаў радыё як надзейны сродак прапаганды, які дазваляў данесьці голас “бацькі народаў” да самай занядбанай вясковай хаты.

Пачатак разьвіцьцю радыёвяшчаньня на Беларусі паклала стварэньне ў 1924 г. акцыянэрнага таварыства “Радыёперадача”. Першая перадача беларускага радыё адбылася ў 1925 г. Шырокае разьвіцьцё на Беларусі атрымала правадное (кабельнае) радыёвяшчаньне. Сёньня перадачы дзяржаўнага радыё вядуцца ў дзьвюх праграмах — у мона і стэрэаварыянтах. Агульны сярэднесутачны аб'ём — 35 гадзінаў.

Каб праілюстраваць уплыў, які набыло радыё ў 20 ст., варта прыгадаць хрэстаматыйны прыклад. У адзін са сьнежаньскіх дзён у амэрыканскім штаце Арызона людзі без аніякіх на тое відавочных прычынаў пачалі выскокваць са сваіх дамоў і бегчы ў невядомым накірунку. Як высьветлілася пазьней, у гэты момант мясцовае радыё пачало трансьляваць урыўкі з кнігі вядомага фантаста Гербэрта Ўэльса пра захоп зямлі марсіянамі. Падрабязны аповед пра дэталі захопу нагэтулькі ўразіў радыё-слухачоў, што яны пачалі ратавацца ўцёкамі...

Актуалізацыя “фонавасьці” — менавіта так акрэсьліваюць псыхолягі стан, у якім радыё пачынае выконваць функцыю мадулятара паводзінаў. Дзьве сусьветныя вайны, якія перажыло чалавецтва ў 20 ст., засьведчылі, што радыё, дзякуючы сваёй усеабдымнасьці, у часы пераломных трансфармацыяў грамадзтва ня толькі набывае першаснае значэньне для дыфэрэнцыяваных аўдыторыяў, але таксама бярэ на сябе функцыю “артыкулятара” базысных прынцыпаў паводзінаў соцыюму. Адольф Гітлер называў радыё “чароўным прапагандыстам”. Зьяўленьне ў Савецкім Саюзе “радыёкропак”, як сьцьвярджаюць псыхолягі, назаўсёды зафіксавала ў сьвядомасьці савецкага чалавека формулу “я думаю праз радыё – значыць, існую”.

Выпрабаваньнем для гэтай формулы стаў пэрыяд “халоднай вайны”, калі цяжар супрацьстаяньня дзьвюх сыстэмаў быў пэрсаніфікаваны ў супрацьстаяньні мас-мэдыяў. “Заходнія галасы”, якія зьявіліся ў 50-я гады, мэтанакіравана руйнавалі міты савецкай сьвядомасьці. Дарадца амэрыканскага прэзыдэнта Зьбігнеў Бжэзінскі назваў праграмы “Радыё Свабода” і “Голасу Амэрыкі” адным з самых удалых прадпрыемстваў у гісторыі “халоднай вайны”. Паводле амэрыканскіх дасьледаваньняў, асноўным слухачом “Радыё Свабода” была савецкая інтэлігенцыя, прадстаўнікі якой у 80-я гады пачалі “быццам з паветра” назвычай актыўна трансьляваць сыстэму заходніх каштоўнасьцяў у сьвядомасьць савецкага грамадзтва. Паколькі насельніцтва Савецкага Саюзу і краінаў Усходняй Эўропы існавала пад “інфармацыйным каўпаком”, то ўва ўмовах абвастрэньня крызысных працэсаў у гэтых краінах натуральна ўзьнікла сытуацыя “інфармацыйнага голаду”. Разам з тым трэба адзначыць, што пасьля крушэньня камунізму ўва Ўсходняй Эўропе колькасьць слухачоў “заходніх галасоў” значна зьменшылася.

Агульнасусьветнай тэндэнцыяй цяпер зьяўляецца жорсткая дыфэрэнцыяцыя радыёэфіру і радыёаўдыторыяў. Тэхнічны прагрэс і новыя вынаходніцтвы ў галіне распаўсюджваньня радыёхваляў зрабілі працэс радыётрансьляцыі нагэтулькі нескладаным, што колькасьць станцыяў, якія існуюць у FM-дыяпазоне любой сярэднеэўрапейскай краіны, вымяраецца дзясяткамі. Радыёаўдыторыя падзялілася паводле самых розных зацікаўленьняў. Да прыкаду, толькі ангельская служба ВВС прапануе слухачам 8 радыёканалаў — ад музыкі да спорту.

Падлічана, што прыбыткі ад рэклямы ў радыёстанцыяў, якія разьлічаны на вузкія аўдыторыі, значна большыя, чым у радыё-станцыяў з “плаваючай аўдыторыяй”. Гэта, бадай, і ёсьць галоўнай адметнасьцю камэрцыйнага, як яго прынята называць, FM-дыяпазону. Радыё для аўтамабістаў, інфармацыйнае радыё, радыё для бізнэсоўцаў, радыё для хатніх гаспадыняў, радыё для жыхароў аднаго кварталу і да т.п. — усё гэта прыклады жорсткай дыфэрэнцыяцыі, якая пануе ў сусьветным эфіры. Беларусь тут выключэньне. Большая частка беларусаў усё яшчэ слухае радыё праз правадную сетку, якая традыцыйна называецца “радыёкропкай”.

Радыёкропка — прэрагатыва дзяржаўнага радыё, якое знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці. Так было задумана ў савецкія часы, так застаецца і цяпер. Праз стандартныя прымачы (а такіх большасьць) можна слухаць толькі адзін канал дзяржаўнага радыё, і толькі праз адмысловыя — два. Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка здолеў ацаніць усе “перавагі” гэтага становішча і ў 1998 г. падпісаў адаведны дэкрэт аб падтрымцы праваднога вяшчаньня. Адбылася своеасаблівая кансэрвацыя беларускага радыёэфіру.

Дзяржава выкарыстоўвае правадное вяшчаньне, каб праводзіць палітыку адасабленьня аўдыторыі ад камэрцыйных станцыяў. Радыё 101,2 было зачыненае ўладамі ў той момант, калі пачало складаць сур'ёзную канкурэнцыю дзяржаўнаму радыё ў Менску. Засталыя ў беларускай FM-прасторы радыё-станцыі вымушаныя трымацца фармату, зададзенага палітычнай беларускай кан'юнктурай, што робіць прадукцыю гэтых станцыяў аднатыпнай.

Сельская мясцовасьць Беларусі дагэтуль застаецца запаведнікам дзяржаўнага радыё: нешматлікія незалежныя станцыі, як правіла, ня маюць магчымасьці працаваць па-за межамі эфіру вялікіх гарадоў.

У скарб ад савецкіх часоў Беларусь атрымала вяшчаньне на ЎКХ-дыяпазоне. Аднак знаўцы цьвердзяць, што ЎКХ ня маюць будучыні і павінны саступіць мейсца FM-дыяпазону. Адбудзецца гэта, аднак, ня так хутка. Прымачы, якія былі вырабленыя ў Савецкім Саюзе, прымаюць УКХ-дыяпазон і не прымаюць FM-дыяпазону, а таму “скарочанае” вяшчаньне захаваецца яшчэ некалькі гадоў.

Як ні парадаксальна, але дзякуючы менавіта савецкім прымачам атрымала разьвіцьцё вяшчаньне на кароткіх і сярэдніх хвалях. Да радыё “Свабода”, якое вядзе вяшчаньне з Прагі, у 2000 г. дадаліся “Балтыцкія хвалі” і “Радыё Рацыя”, якія таксама апанавалі дыяпазон сярэдніх і кароткіх хваляў. Уплыў на палітычна актыўную беларускую аўдыторыю дазваляе гэтым станцыям падтрымліваць значную да сябе ўвагу. Працяг афіцыйным Менскам савецкай традыцыі “інфармацыйнага каўпака” актуалізуе прысутнасьць гэтых станцыяў у беларускім радыёэфіры.

Літаратура

1. Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунікацыі. Мн., БФС, 1995.

2. Дэбаш Ш., Пант'е Ж.-М. Уводзіны ў палітыку. Мн. БФС., 1996.

3. Рамазава Э. Бурные волны радиоэфира. Часопіс “Среда”. М. № 3—4 (9—10) сакавік—красавік, 1999.

4. Энцыкляпэдыя “Britannica”.

5. Вольф Е. Феномен ключевых слов в радиожурналистике. М. Высшая школа, 1998.

6. Церын В. Пoлитика средствами общения. (Media Studies).

7. Wolny K. Dziennikarstwo. Warszawa, 1998.