Мэдыі і камунікацыя

Курс лекцыяў


Сродкі масавай камунікацыі - Газэта

Плян:

1. Клясыфікацыя газэты паводле Ота Гроса

2. Узьнікненьне прэсы

3. Пэрыяд “жоўтай журналістыкі”

4. 19—20 стагодзьдзе: пад'ём і заняпад друкаванай прадукцыі

5. Першыя газэты і першыя фільмы: кароткае параўнаньне

6. Сытуацыя на інфармацыйным рынку друкаваных мэдыяў

7. Папяровая і электронная вэрсія газэты.

У 1836 г. рэдактар адной зь першых масавых амэрыканскіх газэтаў New York Herald Джэймс Гордан Бэнэт сьцьвярджаў: “Кнігі ўжо аджылі сваё, гэтак жа сама як тэатар і рэлігія. Каб рухаць наперад мысьленьне і цывілізацыю, на зьмену ўсяму гэтаму прыйшла газэта. Газэта можа… выратаваць ад апраметнай больш душаў, чым усе цэрквы ў Нью-Ёрку — разам з тым газэта дапамагае зарабляць грошы”.

Потым, праўда, настаў час, калі, здавалася, і газэта адыходзіць у нябыт, саступаючы мейсца больш рэвалюцыйным сродкам масавай інфармацыі. Але гэтак толькі здавалася...

У 1928 г. нямецкі вучоны Ота Грос распрацаваў пяць крытэраў для вызначэньня газэты. Па-першае, яна павінна друкавацца пэрыядычна, зь інтэрвалам ня менш, чым раз на тыдзень. Па-другое, гэзэта мусіць мець наклад, які вырабляецца шляхам мэханічнага капіяваньня. Па-трэцяе, кожны, хто заплаціць за газэту, мусіць атрымаць яе. Газэта — гэта выданьне для кожнага, хто жадае яе набыць, а не для абмежаванай колькасьці людзей. Па-чацьвёртае, зьмест газэты павінен увесь час мяняцца і ўлучаць ўсё новыя матэрыялы, што ўяўляюць грамадзкі інтарэс. Па-пятае, газэта мусіць існаваць нейкі час; газэта ў поўным сэнсе гэтага слова ня ёсьць тым выданьнем, якое выйшла толькі адзін раз. Аднак першыя вядомыя нам газэты не адпавядалі клясыфікацыі Гроса.

Прадвесьнікі сучасных газэтаў зьявіліся ў Старажытнай Грэцыі. Пачынаючы з 500 году н.э. у Кітаі стала выходзіць выданьне пад назвай “Цінь Пао”, якое нагадвала палацавы часопіс. Выданьне праіснавала да 20 ст.

У Англіі друк стаў вядомы ў канцы 15 ст. Але толькі праз паўстагодзьдзе зьявіліся друкаваныя выданьні, якія нагадвалі газэты. Зьмест гэтых выданьняў, якія выходзілі нерэгулярна, складалі замежныя навіны. Ад самага пачатку іхні выпуск жорстка кантраляваўся ўрадам. Наогул, для 17 ст. характэрны дзяржаўны кантроль над усімі формамі друкаваных выданьняў.

У Германіі першыя газэты зьявіліся ў пачатку 17 ст. У Італіі прадвесьнікамі сучасных пэрыядычных выданьняў былі “бюлетэні” на адну старонку.

Разьвіцьцё прэсы распачалося ў пэрыяд, калі старыя фэадальныя манархіі прыйшлі ў заняпад і надзённымі сталі новыя ідэі дзяржаўнага і палітычнага ўладкаваньня. Зьмена палітычных інстытутаў, якая мела вынікам большую лібэралізацыю грамадзкага жыцьця, аказала ўплыў і на разьвіцьцё камунікацыі. Гэтыя зьмены паклалі пачатак традыцыям журналістыкі, газэта паступова рабілася арэнай палітычных дэбатаў, камэнтароў, водгукаў на розныя грамадзкія падзеі.

Напярэдадні амэрыканскай і францускай рэвалюцыяў заходняе грамадзтва знаходзілася ў стане пэрманэнтных сацыяльных, культурных і палітычных рэфармацыяў. “Цьмянае” Сярэднявечча саступіла мейсца Адраджэньню. Фэадальнаму грамадзтву прыйшла на зьмену новая сацыяльная структура, у якой сярэдняя кляса пачала адыгрываць значную ролю. Гэтыя зьмены спалучаліся з разьвіцьцём камэрцыі, што, у сваю чаргу, спрыяла пашырэньню кантактаў паміж людзьмі, а таксама камунікацыі. Гэта быў час значных навуковых і геаграфічных адкрыцьцяў. Разьвівалася літаратура. Пашыралася пісьменнасьць. Назапашваліся новыя веды. Усе гэтыя чыньнікі падрыхтоўвалі глебу для ўзьнікненьня газэты, якая і зьявілася ў большасьці эўрапейскіх краінаў у 17 ст.

Першыя газэты не былі даўгавечнымі. Напрыклад, з сотняў газэтаў, што ўзьніклі ў Нью-Ёрку з 1725 па 1825 гг., да канца гэтага пэрыяду засталіся толькі дзьве. Выданьне газэтаў тады каштавала дорага, таму даволі часта яны друкаваліся з прыватнай замовы.

У назвах першых штодзённых газэтаў ЗША амаль нязьменна прысутнічала слова “адвэртайзэр” — “газэта з аб'явамі”, што паказвала на яе асноўнае прызначэньне: публікаваць розныя гандлёвыя і іншыя абвесткі. Рэдакцыйныя артыкулы былі рэдкія і ляканічныя, часта яны складаліся ўсяго з аднаго абзацу. Тры чвэрці першай паласы займала сумесь з гарадзкіх навінаў, плётак, “сьвецкай хронікі” і г.д. На другой паласе зьмяшчаліся замежныя і мясцовыя навіны. На трэцяй і чацьвёртай — аб'явы.

Калі зь цягам часу газэты патаньнелі, яны зрабіліся надзвычай прыцягальнымі для рэклямадаўцаў. Разьмяшчэньне за невялікія грошы інфармацыі пра розныя тавары сталася справай выгоднай. Рэклямныя матэрыялы, пададзеныя ў газэце, што разыходзілася вялікімі накладамі, дазвалялі больш пасьпяхова дайсьці да патэнцыйнага спажыўца. Сьціплыя ўкладаньні ў рэкляму прыносілі прыбытку на дзясяткі тысячаў даляраў. Пачаў спрацоўваць “закон вялікіх лічбаў” і ў справе выданьня саміх газэтаў, што прывяло да жорсткай канкурэнцыі ў змаганьні за новых чытачоў, і тым самым паспрыяла разьвіцьцю прэсы.

Неўзабаве зьявіліся рэклямныя агенты і агенцтвы. Вялікія выданьні ня вельмі цярпелі ад іх, а вось маленькім газэтам было цяжка — рэклямныя пасярэднікі адначасова вялі перамовы з многімі газэтамі, і тым самым рэзка зьніжалі кошты газэтнай прасторы.

Каб прыцягнуць да сябе больш чытачоў, газэты пачалі прыкладаць большыя намаганьні ў справе здабываньня “навінаў”. Задача рэпарцёра ўскладнілася. Сам тэрмін “рэпарцёр” нарадзіўся ў Англіі 19 ст., і спачатку пад рэпарцёрам меўся на ўвазе парлямэнцкі назіральнік.

Газэты сталі пасылаць сваіх прадстаўнікоў у іншыя краіны і наймаць спэцыяльных агентаў па зборы навінаў. Грамадзянская вайна, якая асьвятлялася сотнямі карэспандэнтаў, зьявілася добрай прафэсійнай школай для амэрыканскіх журналістаў. Адныя ваенныя рэпарцёры пасьля зрабіліся рэдактарамі ці ўладальнікамі газэтаў — Мюрат Хэлстэд, Уайтл Рэйд, Генры Віланд, другія пасьля працавалі ваеннымі карэспандэнтамі па ўсім сьвеце.

Попыт на “сьвежыя” навіны абумовіў узьнікненьне агенцтваў па зборы навінаў, якія затым перадаваліся па тэлеграфе. Агенцтвы дастаўлялі навіны газэтам у розных частках краіны, зь якімі яны заключалі дамовы. Такая сыстэма істотна зьменшыла выдаткі на збор навінаў і зрабіла магчымым выданьне газэтаў у маленькіх гарадох і новых селішчах.

Ужо тады некаторыя выданьні пачалі спэцыялізавацца на прыгодах і сэнсацыях, якія, здаралася, самі і арганізоўвалі. Да прыкладу, супрацоўніца газэты World Нэлі Блай (псэўданім рэпарцёра Элізабэт Кокрэйн) у 1889 г. выправілася ў кругасьветнае падарожжа, каб прайсьці шляхам героя Жуля Вэрна (“Вакол сьвету за 80 дзён”), але за меншую колькасьць часу. Наогул, матэрыялы гэтай журналісткі надавалі пікантнасьць зьместу World. Напрыклад, міс Блай правакавала мужчын на ўвагу да сваёй пэрсоны, а затым выкрывала іх паводзіны на старонках газэты. Ці сымулявала шаленства, каб зрабіць артыкул пра вар'ятню. Кругасьветнае падарожжа (яно доўжылася 72 дні) міс Блай значна павялічыла наклад World.

Газэты рабіліся ўсё больш папулярнымі. У 1850 г. у ЗША на кожныя дзесяць сем'яў прыпадала па дзьве штодзённыя газэты. Да 1880 г. наклады ўзрасталі паступова. Аднак пасьля 1890 г. адбыўся рэзкі скачок. Хуткі рост працягваўся і ў часы першай сусьветнай вайны і трымаўся да пачатку 20-х. Апошняе дзесяцігодзьдзе 19 ст. вызначаецца ў гісторыі прэсы тым, што ў гэты час нарадзіўся новы від журналістыкі. Ён паўплываў на далейшы лёс мас-мэдыяў.

Як і любая іншая зьява, журналістыка павінна была прайсьці пэрыяд усталяваньня і выпрацоўкі сваіх канонаў. Адзін з драматычных эпізодаў у разьвіцьці прэсы — пэрыяд “жоўтай журналістыкі”. У 1880 г. газэта зрабілася звычайнай зьявай у амэрыканскім доме. Стымуляваць далейшае павелічэньне накладаў стала цяжка. І тады прадпрымальныя выдаўцы пачалі завабліваць спажыўца фатаграфіямі, коміксамі, спартыўнымі падзеямі, любоўнымі парадамі, гісторыямі пра сэкс і злачынствы. Сэнсацыйныя рэпартажы гэтага пэрыяду сталі называць “жоўтай журналістыкай”.

Гэтая назва павялася ад “жоўтага дзіцяці” (Yellow Kid) — пэрсанажа коміксаў, створаных у New York Herald. Існуе яшчэ адна вэрсія паходжаньня тэрміну “жоўтая прэса”. Кажуць, што адзін выдавец пачаў друкаваць сваю газэту на жоўтай паперы. Дактары сьцьвярджаюць, што чорная фарба лягчэй успрымаецца менавіта на жоўтым, а не на белым фоне. (Дарэчы, некаторыя газэты і па сёньня выкарыстоўваюць журналісцкія прыёмы, народжаныя канкурэнцыяй 1890-х гг., напрыклад, каляровыя коміксы). Нью-ёрскія газэты набылі ў той час больш чым 1,5 мільёну чытачоў. Сэнсацыйнасць зьместу дапаўнялася перадавымі тэхналёгіямі таго часу: таблёідным фарматам (набліжаным па форме да квадрату) і інтэнсіўным выкарыстаньнем фатаграфіяў.

Пасьля 1920 г. газэты пачынаюць занепадаць. Ні больш дасканалыя тэхналёгіі збору навінаў, друку, продажу, ні рост пісьменнасьці не спынілі гэтага працэсу. Хаця на сёньняшні дзень прадаецца шмат газэтаў, і прыбытак ад іх застаецца высокім, аднак газэты ня здолелі захаваць былых тэмпаў росту. Паменшылася і колькасьць выданьняў, асабліва буйных (шматнакладных). У Нью-Ёрку, які ў 1880 г. меў 29 газэт, у 1969 іх засталося толькі 3 (у 1990-м — 4). Такая ж тэндэнцыя назіралася ў кожным вялікім горадзе сьвету.

Якая ж прычына заняпаду? У 20-я гады сталі зьяўляцца іншыя формы мэдыяў, да прыкладу, папулярныя штотыднёвыя часопісы навінаў. Адмоўную ролю ў гэтым адыгралі і радыё, і нават кіно. У канцы 40-х—пачатку 50-х зьявілася тэлебачаньне. У той ці іншай меры кожнае вынаходніцтва выступала альтэрнатывай газэце.

Гісторыя масавай прэсы шчыльна зьвязаная з важнымі палітычнымі і эканамічнымі падзеямі. Хоць газэты ня раз мянялі свае адносіны да палітыкі і палітычнай дзейнасьці, яны, аднак, заўсёды ўспрымалі палітыку, як адну з асноўных сфэраў сваёй дзейнасьці. Гаворка тут ідзе, калі не пра прамую палітычную агітацыю, дык, прынамсі,— пра асьвятленьне палітычных падзеяў і іхны аналіз.

Кінематограф ад самага пачатку быў хутчэй скіраваны на прадукаваньне забаўляльнага зьместу. І хаця кіно не прамінала палітычных ці сацыяльных тэмаў, яно не было арыентаванае на абарону тых ці іншых палітычных ідэалёгій. Прапагандысцка-ідэалягічныя магчымасьці новага візуальнага сродку камунікацыі выявіліся пазьней, падчас першай сусьветнай вайны.

Вайна адкрыла магчымасьці выкарыстаць кіно як дзейсны сродак перакананьня. Кінематограф з забаўляльнага мастацтва ператварыўся ў эфэктыўную зброю палітычнага і сацыяльнага ўзьдзеяньня.

Значна ўзрасла падчас першай сусьветнай вайны і роля газэтаў як прапагандысцкіх органаў. Гэты пэрыяд даў цудоўныя магчымасьці для вывучэньня розных стратэгіяў маніпуляваньня грамадзкай думкай. Пазьней гэта майстэрства толькі ўдасканальвалася.

Галоўная сусьветная тэндэнцыя ў друкаваных мэдыях — манапольнае ўласьніцтва. У Злучаных Штатах большасьць газэт належаць “ланцугам”, але самі газэтчыкі звычайна называюць іх “газэтнымі групамі”. На самым высокім узроўні гэта тэндэнцыя ўвасабляецца ў экспансіі “мэдыя-канглямэратаў”. Вялізным карпарацыям належаць розныя выдавецтвы (кнігі, часопісы, газэты), кінакампаніі, радыё- і тэлестанцыі. Такая асаблівасьць уласьцівая многім краінам, дзе ўрады не валодаюць манаполіяй на сродкі камунікацыі. (Вядома, што ў нашай краіне ўрадавая манаполія існуе: электронныя мэдыі, па сутнасьці, дзяржаўныя. Маленькія недзяржаўныя рэгіянальныя тэлеканалы сытуацыю не мяняюць. Умовы выжываньня недзяржаўных выданьняў камэнтара не патрабуюць.) Вялікія прыватныя газэты нацыянальнага маштабу імкнуцца паглынуць выданьні зь меншым накладам. Усім добра вядомая знакамітая карыкатура: газэтная “акула” з разяўленай драпежніцкай пашчай даганяе маленькіх “газэтных рыбак”.

Канкурэнцыя зь іншымі мэдыямі, асабліва тэлебачаньнем, стымулявала тэндэнцыю, пры якой “некалькімі аб'яднаньнямі валодаюць некалькі карпарацый”. “Партыйныя” газэты, якія пачалі эру журналістыкі, даўно зьніклі зь інфармацыйнага рынка Злучаных Штатаў. Цяпер і ў Заходняй Эўропе яны не ўладараць на рынку, а толькі змагаюцца за жыцьцё. У некаторых скандынаўскіх краінах дзяржаўныя субсыдыі падтрымліваюць частку партыйных газэт. Але, калі чытачу даецца выбар паміж партыйным і незалежным выданьнем, ён, як правіла, аддае перавагу незалежнаму.

Неабходнасьць перамагаць у канкурэнтнай барацьбе зь іншымі друкаванымі сродкамі камунікацыі і электроннымі мэдыямі вымушае традыцыйныя газэты кардынальна мяняць сваю стратэгію. Залежнасьць ад рэклямных грошай, узрастаньне коштаў на вытворчасьць прыводзіць да таго, што “высакаякасныя” газэты адыходзяць ад былых стандартаў і набываюць больш “дэмакратычны” зьмест. Зь сярэдзіны 70-х гг. 20 ст. адбываецца размываньне межаў “якаснай” і масавай прэсы.

Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да спэцыялізацыі і разам з тым — да ўнівэрсальнасьці. Гэта значыць, што, як цэлае, газэта апэлюе да вялікай разнастайнай аўдыторыі, а асобныя яе часткі — да спэцыялізаваных групаў насельніцтва (старонкі для жанчын, падлеткаў, старых, спартовая інфармацыя і г.д.).

Адна з прыкметаў свабоднай прэсы — здольнасьць паведамляць навіны, якія яна лічыць цікавымі.

Паколькі электронныя мэдыі набываюць ліцэнзію для вяшчаньня на “грамадзкіх” хвалях, то яны вымушаны ісьці на некаторыя абмежаваньні ў падачы навін, бо мусяць “служыць грамадзкім інтарэсам”.

Такія абмежаваньні не патрабуюцца ад друкаваных мэдыяў. Яны не павінны прадстаўляць роўныя магчымасьці для кожнага кандыдата ці ўсебакова асьвятляць спрэчнае пытаньне, альбо даваць магчымасьць выказваць супрацьлеглыя думкі.

Манапольнае ўласьніцтва ёсьць і дабром і злом для друкаваных мэдыяў. Канцэнтрацыя дае большы эканамічны эфэкт, спрыяе стабільнасьці прэсы ў межах канглямэрату. Разам з тым, яна прыводзіць да заангажаванасьці, немагчымасьці аб'ектаўнай крытыкі. Вось адзін з прыкладаў. Робэрт Хілард, спэцыяліст па масавай камунікацыі, быў запрошаны ў 1987 г. “Бостан Геральд” дзеля напісаньня рэцэнзіі на дзьве новыя тэлевізійныя праграмы, якія былі дэбютам кампаніі Fox Network. Ён адразу ж адмовіўся, таму што ўладальніку Fox Network Рупэрту Мэрдаку належалі і “Бостан Геральд”, і тэлеканал. Але потым згадзіўся быць адным зь незалежных экспэртаў, каб падрыхтаваць “сумленную” рэцэнзію. Праграмы яму вельмі не спадабаліся. Таму ніводная зь ягоных высноў не была надрукавана ў “Бостан Геральд”, якая зьмясьціла рэцэнзію свайго штатнага крытыка пад назвай “ Fox Network прапаноўвае новае жывое відовішча”.

Камэрцыйная манапалізацыя, гэтак жа сама як і палітычная, пагражае дэмакратычным каштоўнасьцям грамадзтва. Некаторыя крытыкі бачаць у канцэнтрацыі ўласнасьці на сродкі масавай інфармацыі інструмэнт па стварэньню стэрэатыпізаванай грамадзкай думкі. Праўда, існуе адваротнае меркаваньне, маўляў канглямэраты наогул ня маюць улады, бо знаходзяцца пад кантролем ураду і гэта прымушае іх да палітыкі нэўтралітэту.

Наогул, у ЗША публіка і ўрад імкнуцца ўплываць на газэты з тым, каб яны дбалі пра “грамадзкі інтарэс” гэтак жа сама, як і электронныя мэдыі. Галоўны крок у гэтым накірунку быў зроблены ў 1940 г., калі суд абавязаў агенцтва Associated Press служыць грамадзтву. Агенцтва мусіла прадстаўляць паслугі фактычна любой газэце, якая гэтага патрабавала.

Ужо сёньня мноства газэт, кніг, часопісаў існуюць як у друкаваным, так і ў электронным варыянце. Паўсюдна зьяўляюцца электронныя бібліятэкі. Падобна да таго, што прадказаная Хорхэ Луісам Борхесам Вялікая Бабілёнская бібліятэка, у якой ёсьць, варта толькі настойліва шукаць, любая кніжка, ужо ўзьнікае ў віртуальнай рэальнасьці.

Існуе меркаваньне, што час папяровых выданьняў незваротна зыходзіць. Вядома, што колькасьць электронных вэрсій друкаваных мэдыяў будзе павялічвацца, як і магчымасьць доступу да іх. Але ж у друкаванай прадукцыі ёсьць адметныя ўласьцівасьці, якія забясьпечаць ёй будучае.

Нягледзячы на значны прагрэс у разьвіцьці электронных сыстэм абароту дакумэнтаў, у дзяржаўных установах ЗША толькі за год вырабляецца некалькі мільёнаў папяровых дакумэнтаў. Чаму? Адказ відавочны — паперы лягчэй і зручней чытаць. Цяжка ўявіць чалавека, які б чытаў Талстога ці Шэкспіра на экране манітора. Электронныя дакумэнты пакліканыя не замяніць, а паслужыць дадаткам да папяровай дакумэнтацыі.

Адзін з аргумэнтаў на карысьць электронных вэрсій друкаванага прадукту — яго танны кошт. Таму прапаноўваецца раздрукоўваць дакумэнты на прынтары. Такую палітыку вельмі ўхваляюць “зялёныя” (зьберажэньне лясоў). Але кошт такога друку мала саступае кніжнаму, а якасьць пагаршаецца.

Асаблівае мейсца ў сыстэме электроннай інфармацыі занялі вэб-сэрвэры. Многія спэцыялісты лічаць гіпэртэкставы фармат дакумэнтаў адным з найвыдатнейшых дасягненьняў апошняга часу. Аднак ня трэба абсалютызаваць гэтага фармату. Калі чытаеш вялікі дакумэнт, то пастаянныя спасылкі падаюцца нязручнымі. Чалавечая псыхалёгія больш прыстасаваная да пасьлядоўнага ўспрыманьня інфармацыі, а не да фрагмэнтарнага.

Электронныя варыянты маюць, безумоўна, вялікую перавагу ў справе кампактнага захаваньня інфармацыі і яе кампутарнай апрацоўкі. Да таго ж электронны тэкст адразу і адначасна даступны тысячам спажыўцоў. Але выдаўцы пакуль не баяцца, што электронная вэрсія выданьня выцесьніць друкаваную. Электронныя публікацыі толькі спрыяюць папулярнасьці традыцыйных газэтаў і часопісаў.

Даволі часта прыходзіцца чуць і пра сьмерць рамана. Адзін з выпускаў New Yorker за 1994 г. зьмясьціў карыкатуру барадатага прарока на вуліцах Нью-Ёрку, што нёс тэлевізар, на экране якога былі словы “Набліжаецца канец друкаванага сьвету”. У 1967 г. навэліст Джон Барт надрукаваў эсэ пад назвай “Літаратура вычарпала сябе”, у якім ён разважаў пра канец мастацкай прозы. У сувязі з гэтым сталі гучаць прагнозы і наконт зьнікненьня традыцыйнай газэтнай прозы.

Навэліст Марыа Варгас Лоса прайграў прэзыдэнцкія выбары ў Пэру. Хутка пасьля гэтага ён выступіў зь лекцыяй “Літаратура і свабода”. Гэта быў аналіз сувязі паміж інтымным царствам чытаньня і публічным жыцьцём грамадзтва.

“З-за адзіноты, у якой нарадзілася літаратура, хуткасьці, зь якой яна можа капіявацца і выдавацца, сакрэтнасьці, якую мае яе пасланьне, і працяглага ўплыву на чалавечую сьвядомасьць літаратурных вобразаў, пісьмовы сьвет упарта супраціўляецца заняволеньню.

У адрозьненьне ад кніг, аўдыявізуальны прадукт імкнецца абмежаваць уяўленьне, зьбедніць адчувальнасьць і стварыць пасыўны розум. Я не рэтраград, які мае алергію да аўдыявізуальнай культуры. Наадварот, пасьля літаратуры для мяне няма нічога лепшага, чым кіно, вельмі мне падабаюцца таксама добрыя тэлепраграмы. Але аўдыявізуальнае ўзьдзеяньне ніколі ня будзе такім значным, не паўплывае так на духоўны пачатак у чалавеку, як кнігі. Яго ўплыў эфэмэрны, удзел інтэлекту і фантазіі слухача і гледача мінімальныя ў параўнаньні з удзелам інтэлекту і фантазіі чытача”.

Тэлебачаньне мае справу толькі з тымі рэчамі, якія можна паказаць. Яму патрэбна карцінка. Яно ня любіць ідэяў, і аддае перавагу дзеяньню (“attraction to action”). Таму яно зусім неэфэктыўнае ў прадстаўленьні навін. Калі зьмест 30-хвіліннай праграмы тэленавінаў надрукаваць у газэце, ён зойме адну старонку.

Газэта дазваляе чытачу магчымасьць выбраць найбольш цікавы артыкул практычна адразу. Яна — адзіны сродак камунікацыі, які прадстаўляе чалавеку такую свабоду выбару.

Адна з канцэпцый газэты будучага: “The Daily me” — “штодзённая газэта для мяне”. Гэта электронная калекцыя артыкулаў, якія задавальняюць прыватны чытацкі інтарэс. Артыкулы адбіраюцца пры дапамозе “разумных агентаў” — спэцыяльных кампутарных праграм з элемэнтамі чалавечага інтэлекту. Агенты робяць адбор па адпаведнаму запатрабаваньню з усіх інфармацыйных крыніц: газэтаў, афіцыйных дакумэнтаў, індывідуальных камэнтароў і іншых крыніцаў інфармацыі. У сувязі з гэтым гавораць пра “сьмерць рэдактара”, бо кожны спажывец стане сам ствараць для сябе інфармацыйную прастору.

Ці зможа “Daily me” замяніць сучасную газэту?

Канцэпцыя “Daily me” падае навіны толькі як факты, біты і байты інфармацыі. Сучасная газэта таксама ўключае такія матэрыялы — табліцы з фондавай біржы, зьвесткі па хакейных матчах, рэйтынгі палітыкаў, хіт-парады…

Але друкаваныя газэты — гэта “стварэньні”, якія маюць “чалавечы характар”. Daily me яго мець ня будзе. Традыцыйная газэта заўсёды паведамляе чытачу нешта такое, што выклікае яго інтарэс.

Адзін з найцікавейшых артыкулаў у Tribune распавядаў, як утвараецца лёд на возеры Мічыган. Многія чытачы не задумваліся ніколі над гэтай зьявай. Газэта падштурхоўвае да ведаў.

Нехта з журналістаў правёў наступны экспэрымэнт. Наняў сакратарку, якая на працягу некалькіх тыдняў мусіла выразаць для яго артыкулы з розных газэтаў і часопісаў. Сакратарка ведала, якія тэмы цікавяць журналіста і на падставе гэтага рабіла адбор. А журналісту было цікава назіраць, як іншы чалавек вырашаў — што варта яго ўвагі, а што не. Такое “кліпавае” чытаньне выклікала ў яго асацыяцыю зь люстэркам, якое не адбівае ўвесь сьвет. Друкаваная газэта — якраз тое, што зьбірае цэлае з фрагмэнтаў.

Новым тэхналёгіям сьпяваюць панэгірыкі, але забываюцца на тое, што электронная інтэрактыўнасьць у значнай ступені мэханічная. Любая размова мае падтэкст — сэнс па-за словамі. Газэтнай камунікацыі ўласьцівы гэты другі сэнс. Можна прывесьці шмат прыкладаў. Іншы раз падтэкст нечаканы, ён утвараецца ад недастаткова ўважлівай рэдактуры і карэктуры. Пасьля нараджаюцца анэкдоты: “Таварыш Хрушчоў на перадавой сьвінафэрме. Другі справа — Мікіта Сяргеевіч”. Ці яскравы падтэкст “белых палос” беларускіх газэтаў.

Ад газэты чакаюць адметнасьці, асабовасьці, нягледзячы на тое, што газэта заўсёды — аркестра.

Людзям патрэбны аўтарытэты, лідэры. Daily me ня можа быць лідэрам.

Адэпты электроннага выданьня будучага прызнаюць, што ў яго ёсьць праблемы. Але яны канцэнтруюць увагу не на праблематычнасьці самой зьявы, а на праграмах-агентах, якія будуць адбіраць, скажам, матэрыял ня толькі тэматычна, але і тэрытарыяльна, ці ўлічваць адразу мноства крытэраў. Атрымоўваецца вяртаньне да старой мадэлі друкаванай газэты.

Трэба прыняць як дадзенасьць, што наклады газэтаў зь цягам часу будуць зьніжацца. На чым можа ўтрымацца газэта — на адаптацыі сябе да новых тэхналёгій. Адна з формаў такой адаптацыі — электронная вэрсія, пра што мы ўжо казалі раней. Іншыя — выкарыстаньне апошніх тэхналягічных набыткаў.

Узьнікненьне электронных банкаў дадзеных, да прыкладу, спрыяе зьмястоўнасьці сучасных газэтных матэрыялаў. Па характары інфармацыі, базы дадзеных можна падзяліць на спэцыялізаваныя і ўнівэрсальныя. Гэта “інфармацыйныя супэрмаркеты” ці “электронныя бібліятэкі”. У ЗША сканцэнтравана больш 2/3 базаў дадзеных Захаду. Вялікія газэты, напрыклад, “Нью-Ёрк Таймс” ці “Вашынгтон Пост”, маюць свае інфармацыйныя “банкі”.

Выкарыстаньне зьвестак з электронных базаў дадзеных дадае журналісцкім расьсьледаваньням глыбіні. Вашынгтонскія карэспандэнты прэсава-аўдыявізуальнай кампаніі “Найт-Рыдэр” выкарысталі базы дадзеных для вызначэньня шпіталяў з падазрона высокім узроўнем сьмяротнасьці. Пасьля была надрукавана сэрыя артыкулаў, якая мела значны грамадзкі водгук.

Але масавае зьяўленьне разнастайных банкаў дадзеных і непазьбежнае дубляваньне стварыла праблему стандартызацыі, якая з-за адсутнасьці сусьветнай інфармацыйнай інфраструктуры грамадзтва можа быць вырашана яшчэ ня хутка.

Літаратура

1. Bittner R.J. Mass Communication. Introduction. 5th ed., Prentice Hall, Englewood.

2. Bogart L. Commercial Culture. The Media System and the Public Interest, Oxford University Press, 1995.

3. Agents of Power. The Role of the News Media in Human Affairs, Longman, 1984.

4. Emery M. The Press and America. An Interpretive History of the Mass Media, 7th ed., Prentice Hall, Englewood.

5. Randall D. The Universal Journalist, Pluto Press, 1996.

6. Janda K. The Challenge of Democracy. Government in America , 3rd ed., Houghton Mifflin Company, 1992.

7. Возникновение и развитие журналистики в эпоху становления капитализма. М, Издательство Университета Дружбы Народов, 1987.

8. Merrill C. J., Lowenstein L. R. Media, Message and Men. 2nd ed., Longman, 1979.

9. DeFleurMelvіn L. Theorіes of Mass Communіcatіon, Longman, 1989.

10. Fuller J. News Values. Ideas for an information age. University of Chicago Press, 1996.