Плян:
1. Узьнікненьне друкаванага тэксту/кнігі
2. Гутэнбэрг
3. Утварэньне бібліятэк
4. Фігуры аўтара й чытача ў кніжны пэрыяд гісторыі
5. Узьнікненьне й разьвіцьцё аўтарскага права
6. Паўстаньне прыватнага выдавецкага бізнэсу ў Беларусі на пачатку 90-х
7. Беларуская выдавецкая справа пры канцы 90-х: крызыс
Да 15 ст. кнігі перапісваліся і таму былі надзвычай дарагія, даступныя толькі вузкаму колу людзей, а ў працэсе іх перапісваньня часта дапускаліся памылкі. Напрыклад, вазьміце дыскусію сучасных гісторыкаў наконт таго, ці не было памылкі перапісчыка ў летапісным паведамленьні зь першай згадкай пра Менск. Гаворка ідзе пра славутую фразу “Ад Менску к Нямізе”. Яно й зразумела: перапісчыкі 15 ст. мусілі капіяваць тэксты пра падзеі, аб якіх яны даволі часта ня мелі ні найменшага ўяўленьня. Да таго ж старыя тэксты звычайна былі напісаны мовай, якой перапісчыкі актыўна не валодалі.
Крытычнай перадумовай узьнікненьня друку было ўвядзеньне ўва ўжытак паперы, вынайдзенай у Кітаі. Папера трапіла ў Эўропу, як, дарэчы, і шматлікія іншыя тэхналягічныя вынаходніцтвы, праз пасярэдніцтва ісламскага сьвету. У ісламскім сьвеце папера распаўсюдзілася недзе ў 8 ст., і тады ж праз маўрытанскую Гішпанію яна стала пранікаць у хрысьціянскі сьвет, але канчаткова выцесьніла пэргамэн толькі ў 12 ст. Другой важнай перадумовай узьнікненьня друку было вынаходніцтва шрыфтоў. Джордж Сартан, вядомы гісторык навукі, вызначыў выраб друкарскіх шрыфтоў як найвялікшае дасягненьне эпохі Адраджэньня. Майран Гілмар лічыць вынаходзтва і разьвіцьцё друку з разборнымі шрыфтамі найбольш радыкальнай падзеяй інтэлектуальнай гісторыі заходняй цывілізацыі, якая раскрыла новыя гарызонты на шляху асьветы і перадачы ідэяў. Чалавекам, які спалучыў гэтыя вынаходніцтвы ў друкарскім варштаце, быў Ёганэс Генсфляйш, вядомы пад імем Гутэнбэрг.
Нарадзіўся Гутэнбэрг у сям'і ювэліраў у старадаўнім надрэйнскім горадзе Майнцы, які быў заснаваны яшчэ рымлянамі. Ягоны лёс быў досыць пакручастым. У выніку палітычнай барацьбы ён мусіў выехаць у Страсбург. Там Гутэнбэрг стварыў новы тып чарніла на базе льнянога алею і матрыцы з дрэва і сьвінца. Першая кніжка, Біблія, выйшла ў 1456 г.; дагэтуль захавалася 48 асобнікаў. З выданьнем Бібліі зьвязана цікавая гісторыя. Як толькі яна была надрукаваная, фундатар, уладальнік прадпрыемства, які даў грошы на Гутэнбэргаў праект, Ёган Фуст, схапіў у торбу тузін копіяў і вырашыў асабіста праверыць, ці акупяцца яму ягоныя інвэстыцыі. Ён, ясная рэч, паехаў у Парыж, найбуйнейшы ўнівэрсытэцкі цэнтар тагачаснай Эўропы, дзе ў Сарбоне і шматлікіх коледжах навучалася больш за 10 тысяч студэнтаў. Але там, у Парыжы, магутная карпарацыя кнігароў, пераплётчыкаў, кніжных мастакоў, пісараў дабілася таго, што Фустам занялася паліцыя. Гэтыя хітрамудрыя выдаўцы сьцьвярджалі, што адзін чалавек ня можа валодаць такой вялізнай колькасьцю кніжак, а калі ён імі і валодае, дык толькі дзякуючы дапамозе д'ябла. Фуст мусіў уцякаць з Парыжу, каб ня скончыць жыцьцё на вогнішчы. Ад самага пачатку кнігадруку камэрцыйны інтарэс выконваў ролю рухавіка прагрэсу, але, зь іншага боку, і тармозіў яго. Гутэнбэргу кнігадрук не прынёс багацьця. Ён ледзьве-ледзьве расплаціўся з даўгамі. Толькі пазьней кіраўнікі царквы зразумелі, якую карысьць у распаўсюджваньні хрысьціянскага вучэньня можа мець кнігадрук. Тады друкарні сталі ўзьнікаць у іншых гарадох, спачатку ў Нямеччыне, пасьля ў Італіі, Францыі, Нідэрляндах. Друкарні ствараліся найперш у буйных гандлёвых, банкаўскіх і ўнівэрсытэцкіх цэнтрах.
Першыя кнігі, якія выходзілі з друкарняў, былі вельмі моцна падобныя да рукапісных. У некаторых нават загалоўныя літары выконваліся ўручную або ў выглядзе мастацкіх мініятураў. Тым ня менш, друкаваныя кнігі ўжо на пачатку 16 ст. перамаглі рукапісныя ўсюды, дзе для гэтага былі мінімальна неабходныя эканамічныя перадумовы. Аднак у пэрыфэрыйных зонах эўрапейскага сьвету, напрыклад, у Расеі, рукапісныя кнігі затрымаліся даўжэй, бо там друку ўспрацівіліся царкоўныя і дзяржаўныя ўлады. Існуе апокрыф пра тое, што Францішак Скарына хацеў абагаціцца, асвоіўшы расейскі рынак, але ягоныя кніжкі былі спаленыя як герэтычныя, а сам ён мусіў вярнуцца ў Эўропу. Як мы ўбачым далей, беларусы традыцыйна імкнуліся кантраляваць усходні рынак друкаванай прадукцыі.
Усе кнігі, якія былі надрукаваныя да 1500 г., называюцца інкунабуламі (ад лацінскага слова, якое абазначае “калыска, пачатак”). На працягу 15 ст. усяго было надрукавана ад 8 да 15 мільёнаў кніг. Наўрад ці столькі змаглі вырабіць усе перапісчыкі разам, пачынаючы ад імпэратара Канстанціна. Амаль 45 адсоткаў кнігаў мелі рэлігійны характар. Амаль тры чвэрці зь іх былі на лаціне. Першымі бэстсэлерамі былі рэлігійныя тэксты: Біблія, De imitatione Christi, а таксама кнігі Эразма Ратэрдамскага, Лютэра і Арыёста.
Пачынаючы з 16 ст. пачалі ўтварацца буйныя бібліятэкі. Ад пачатку існавалі як прыватныя, так і дзяржаўныя калекцыі.
Захаваліся цікавыя зьвесткі пра бібліятэкі, якія існавалі напрыканцы 14 і на пачатку 15 стст. Гэтыя зьвесткі былі апрацаваныя і падсумаваныя францускімі дасьледчыкамі кнігадруку Фэўрам і Мартэнам.
“З 377 бібліятэк, пра якія ў нас ёсьць зьвесткі, 105 належала царкоўным ураднікам (52 — кіраўнікам царквы: арцыбіскупам, канонікам і абатам; 18 — прафэсарам і студэнтам унівэрсытэтаў; 35 — звычайным сьвятаром або сьвятаром-магістрам), 132 — судзьдзям, 45 — адвакатам, 10 — пракурорам, 15 — натарыюсам... Радавітыя шляхціцы амаль ня мелі бібліятэк, вельмі мала было іх у ваенных (усяго каля 30). Затое досыць шмат кнігаў мела гарадзкая буржуазія, гандляры, рамесьнікі: у цэлым 66 бібліятэк з 377 належала шкляром, сыраварам, ювэлірам, пекаром, гарбаром, кавалям, разьбяром, гандляром тканінамі, аптакаром і г.д.”
Пачынаючы з 15 ст. адначасова з працэсам сэкулярызацыі грамадзкага жыцьця ўвесь час расьце колькасьць бібліятэк, якімі валодалі сьвецкія асобы. Ад самага пачатку існавала 2 тыпы бібліятэк: бібліятэкі для карыстаньня й чытаньня і бібліятэкі дарагіх і прыгожых кніжак для ўпрыгожваньня.
Першыя публічныя бібліятэкі былі адчыненыя ў Італіі кардыналам Фэдэрыгам Барамэем (“Бібліятэка Амбразьяна”), у Францыі — кардыналам Мазарыні. У 17 ст. зьяўляюцца першыя перасоўныя бібліятэкі.
Дзьве бурныя гістарычныя падзеі паспрыялі стварэньню бібліятэк, даступных народу: Рэфармацыя і Контрарэфармацыя, а таксама Француская рэвалюцыя. Большая частка нацыянальных бібліятэк вялікіх эўрапейскіх краінаў таксама была закладзеная менавіта ў гэты пэрыяд: француская нацыянальная бібліятэка была створаная на базе бібліятэкі Карла V, Мэдычы-Ляўрэнцыянская бібліятэка аб'яднала зборы Казіма і Лярэнца дэ Мэдычы, пруская Stadtbibliothek паўстала з калекцыі кнігаў, сабраных Фрыдрыхам-Вільгельмам, а бібліятэка Робэрта Котана стала асновай збору Брытанскага музэю.
Цікава, што першыя зьвесткі пра крадзеж кнігаў адносяцца да эпохі Цыцэрона, бібліятэку якога абчысьціў несумленны нявольнік. Аж да 15 ст. кнігі здаваліся настолькі каштоўным прадметам, што за іх крадзеж маглі адлучыць ад царквы. Дараваньне за такі грэх можна было атрымаць, толькі вярнуўшы набытак ягонаму законнаму ўладальніку.
Паступова друкаваныя кнігі сталі ўсё больш і больш адрозьнівацца ад рукапісных. Рукапісныя кнігі пераважна ўлічвалі інтарэсы вырабнікоў, а не спажыўцоў. Так, напрыклад, скарачэньне словаў, ужываньне толькі зычных і пропуск галосных, былі прыдуманы, каб спрасьціць працу перапісчыкаў. Але гэта ўскладняла чытаньне тэксту. А вось друкары, імкнучыся перамагчы ў канкурэнцыі, стараліся зрабіць тэксты як мага больш чытэльнымі (нумарацыя параграфаў, ілюстрацыі, выкарыстаньне розных шрыфтоў, нумарацыя старонак), зручнымі для карыстаньня (узьніклі альфабэтныя паказчыкі, зьмест), і як мага больш дакладнымі (зьявіліся карэктары і дадаткі з указаньнем памылак).
Цікавай тэмай уяўляюцца тыя зьмены ўва ўспрыманьні фігураў аўтара й чытача, якія адбыліся пры пераходзе ад рукапіснай кнігі да кнігі друкаванай, і якія адбываюцца цяпер.
Мы схільныя ўспрымаць рысы сучаснага нам грамадзтва як нязьменныя ды ўнівэрсальныя, але ж гэта ня так. У рукапіснай культуры аўтарства тэкстаў было элемэнтам, якому не надавалася шмат увагі, прычым гэтая абыякавасьць была ўласьціва як вытворцам тэкстаў, так і іх спажыўцам. Суб'ект яшчэ не панаваў у гэтай сфэры, як не панаваў ён у сьвеце ўвогуле. Вельмі распаўсюджанай практыкай была ананімнасьць. Паняткам аўтара і літаратурнай крыніцы не надавалася тое самае значэньне, якое ім надаем мы сёньня. Сярэднявечныя навукоўцы не клапаціліся пра вызначэньне таго, чыю працу яны цытуюць, пра пазначэньне крыніцы, на якой яны грунтуюцца. Засталося шмат тэкстаў тае эпохі, якія, несумненна, маюць аўтарства, але нікім не падпісаныя.
Праблеме аўтарства сталі надаваць вялікую ўвагу тады, калі слова зрабілася таварам, роўным іншым таварам. З тае пары зьявілася прыватная ўласнасьць на слова. Чытач стаўся мэцэнатам, а плягіят — злачынствам. Інстытуцыяналізаваўся ўжытак цытатаў, дакладнага капіяваньня якіх ад нас цяпер вымагаюць правілы выкананьня навуковых дасьледаваньняў. Для гусьляроў паняткі плягіяту або капірайту ня мелі ніякага сэнсу. Але для нашчадкаў Агаты Крысты або Чэйза яны маюць вялікае значэньне. У рукапісную эпоху самачыннае капіяваньне і распаўсюджваньне тэксту разглядалася як варты ўхвалы ўчынак. У наш час за падобнае можна панесьці крымінальную адказнасьць.
Гэтыя рэвалюцыйныя зьмены вынікалі з рознай сутнасьці рукапіснай і друкаванай кнігі. У пэрыяд друку адрозьненьне сацыяльных роляў чытачоў і аўтараў нашмат больш выразнае, чым у эпоху рукапісаў (параўнайце рукапісную кніжку, дзе як аўтарскі тэкст, так і занатоўкі чытача маюць тую самую форму і тое самае значэньне). Апроч таго, сам працэс стварэньня рукапіснага твору быў, так бы мовіць, больш хатнім. Дастаткова сесьці за стол і кніга гатовая. Тэхналёгія друку разьмяжоўвае выраб і спажываньне. Працэс індустрыяльнага вырабу кнігі робіць неабходным прызнаньне кнігі як якаснага аўтарскага прадукту. Графаманія і эпігонства пачынаюць стрымлівацца фінансавымі абмежаваньнямі.
Практыка аўтарскага права, то бок практыка атрыманьня аўтарам тэксту ад свайго выдаўца пэўнай кампэнсацыі за продаж копіяў свайго тэксту, усталявался не адразу. У першае стагодзьдзе пасьля вынаходніцтва друку аўтары паводзілі сябе так, як і аўтары рукапісных тэкстаў, хіба што спрабавалі атрымаць “прэмію” спонсара-мэцэната ўзамен за прысьвячэньне яму свайго тэксту. Першы аўтарскі ганарар ад выдаўца атрымаў Эразм Ратэрдамскі, чые творы сталіся бэстсэлерамі, нягледзячы на тое, што іх рэгулярна забаранялі, ці дзякуючы таму, што іх рэгулярна забаранялі. У беларускамоўным дыскурсе законы аўтарскага права і па сёньня, здаецца, не заўсёды дзеюць.
Паколькі ў Сярэднявеччы любы чалавек меў права капіяваць любы твор, то на пачатку эпохі друку, калі нейкі выдавец выпускаў цікавую кнігу, дык ніхто не забараняў іншаму выдавецтву адразу ж яе перавыдаць. На першых парах такі падыход не ствараў амаль ніякіх праблемаў. Бо збольшага друкаваліся антычныя або біблійныя тэксты ў арыгінале, да таго ж ужо шырока распаўсюджаныя і вядомыя яшчэ ў рукапіснай традыцыі. Апроч таго, існавала вялізная патрэба ў кнігах, і таму нават некалькі адначасовых выданьняў добра і хутка прадаваліся, прыносячы прыбытак друкару.
Аднак такое становішча зрабілася непрымальным, калі памножылася колькасьць друкаваных кнігаў, і калі пераважная большасьць зь іх стала належаць сучасным аўтарам. У такой новай сытуацыі той факт, што выдавец ня меў манаполіі на арыгінальныя творы, якія ён друкаваў першы, пачаў ствараць значныя эканамічныя цяжкасьці. Паколькі гэта быў недэмакратычны час, дык выдаўцы спрабавалі абараняць свае правы з дапамогай каралеўскіх прывілеяў. У нас, у Беларусі, гэта звычайна былі княскія прывілеі. Першы вядомы ў гісторыі прывілей быў выпісаны мілянскаму выдаўцу Андрэа дэ Бозіісу. У Францыі прывілеі дасталіся пераважна буйным парыскім выдавецтвам, якія былі бліжэйшыя да каралеўскага двара, спрытнейшыя і больш вядомыя. А правінцыйныя выдавецтвы былі дыскрымінаваныя. Пірацкія выданьні, аднак, працягвалі буяць, пагатоў, што рэжым прывілеяў ніколі яшчэ не забясьпечваў нармальнага функцыянаваньня хоць якой галіны эканомікі. Да таго ж сыстэма прывілеяў не функцыянуе на міжнародным узроўні, яна дазваляе шматлікія махлярствы так, як дазваляе абысьці сябе складаназлучаная сыстэма кнігадруку і кнігараспаўсюджаньня Беларусі і Расеі ў наш час. Сыстэма прывілеяў 15—16 стст. прывяла да ўзьнікненьня складанага, блытанага і супярэчлівага заканадаўства.
Урэшце некаторыя эўрапейскія дзяржавы, перадусім Англія і Францыя, вырашылі заканадаўча замацаваць асаблівыя стасункі паміж выдаўцамі, а таксама паміж выдаўцамі і аўтарамі. Першыя юрыдычныя нормы былі ўстаноўлены ў прынятым у 1709 г. англійскім Акце аб аўтарскіх правах. У Францыі ў 1793 г. у рамках стварэньня рэвалюцыйнага права быў прыняты аналягічны закон, які прадугледжваў абарону аўтарскіх правоў на два гады пасьля сьмерці аўтара. У Нямеччыне першы закон такога кшталту быў распрацаваны ў 1839 г. у Саксоніі. Ён быў адметны тым, што ў ім правы аўтара абараняліся на пэрыяд 30 год пасьля сьмерці аўтара. Нарэшце ў 1886 г. была прынятая славутая Бэрнская канвэнцыя, якая канчаткова замацавала міжнародны характар прынцыпаў аўтарскага права. Беларусь далучылася да гэтай канвэнцыі толькі ў 1996 г.
Да 19 ст. аўтары, хаця й існавалі за кошт выдаўцоў, але саромеліся ганарараў і імкнуліся замаўчаць гэты факт. Шмат хто зь іх, да прыкладу, Вальтэр, публічна ганьбілі тых, хто піша дзеля заробку. Аднак клімат ставаўся ўсё больш і больш спрыяльны для тых, хто пісаў менавіта дзеля ганарару, бо публіка паступова рабілася галоўным заканадаўцам рынку, мэцэнатам і абаронцам аўтара. З часам усе астатнія матывацыі да пісаньня, апроч фінансавай, сталі падавацца наўпрост ідэалістычнымі ці нават маніякальнымі.
Беларускае заканадаўства ў галіне аўтарскіх правоў і сёньня не заўсёды пасьлядоўнае. Гэтак, адна юрыдычная норма сьцьвярджае, што запазычваць кавалкі тэкстаў і выкарыстоўваць іх у кампіляцыйным творы нельга, а другая, наадварот, дазваляе выкарыстоўваць урыўкі тэкстаў памерам да аднаго аўтарскага аркуша (дарэчы, аўтарскі аркуш складае 40 тысячаў знакаў, або 22,2 машынапісныя старонкі), пазначаючы крыніцу, зь якой яны ўзятыя, калі гэтага вымагае неабходнасьць поўнага і дакладнага раскрыцьця апісванага прадмету. Супярэчнасьці ў галіне юрыдычнага рэгуляваньня аўтарскага права абумоўленыя яшчэ й тым, што суб'екты гаспадараньня, якія займаюцца выдавецкай дзейнасьцю і зарэгістраваныя ў Беларусі, найчасьцей часткова або цалкам працуюць на задавальненьне патрэбаў расейскага рынку, а юрыдычныя нормы расейскага і беларускага заканадаўстваў не заўсёды супадаюць. Гэта дазваляе знаходзіць шматлікія варыянты маніпуляваньня заканадаўчымі актамі на прыватную карысьць. Асабліва сьмелыя парушэньні юрыдычных нормаў дапускаліся ў пэрыяд станаўленьня выдавецкага рынку на пачатку 90-х гадоў, калі адбывалася першапачатковае назапашваньне капіталу. Менавіта на той пэрыяд прыходзяцца знакамітыя выданьні твораў беларускіх пісьменьнікаў пад псэўданімамі Элізабэт Рыплей або Джэймс Чэйз выдавецтвам “Сучасная літаратура”. На той самы пэрыяд прыпаў і іншы прыём, якім карысталася, напрыклад, выдавецтва “Інтэрдайджэст”, якое не абцяжарвала сябе пошукам аўтара кнігі, а самачынна выдавала гэтую кнігу і толькі рэзэрвавала на спэцыяльным банкаўскім рахунку пэўную суму грошай, як аўтарскі ганарар для аўтара. І нават калі аўтар заўважаў, што ягоная кніга была перавыдадзена безь ягонага дазволу (не заўжды гэта магчыма, улічваючы вялізны абсяг расейскага рынку, як эканамічны, так і геаграфічны: адначасова выдаюцца сотні кнігаў, а кнігі, выдадзеныя ў эўрапейскай частцы Расеі ці Беларусі, амаль ніколі не трапляюць у Сібір і наадварот, з-за вялізных адлегласьцяў), дык выдавецтва аказвалася перад ім “чыстым”, прычым аўтар яшчэ мусіў адчуваць удзячнасьць, што выдаўцы пагаджаліся кампэнсаваць яму нейкую частку грошай на рахунку, якую зьела вялізная ў тыя часы інфляцыя. Іншай выгоднай справай было выданьне тэкстаў, якія ўжо выходзілі па-расейску на пачатку стагодзьдзя, але нашчадкі аўтараў якіх згубіліся ў віры крывавага 20 ст. Яшчэ адзін круцельскі фінт — выкарыстаньне кнігаў, аўтарскія правы на якія належалі выдавецтвам былой ГДР, што спынілі сваё існаваньне ці збанкрутавалі, не пасьпеўшы здаць справы заходненямецкім выдавецтвам. Махлярскім крокам была таксама пераробка твораў замежных аўтараў на расейскі, а дакладней савецкі лад (у 90-х гадох вельмі хутка ўзьнік вялікі попыт на тое, што нельга назваць ніяк інакш, як кандовым савецкім дэтэктывам зь дзеяньнем, якое адбываецца ў правінцыйным горадзе, сьледчым у шэрым гальштуку, дрэнным заўгаспам і гэтак далей). Ступень пераробкі залежала ад характару апісваных у кнізе рэаліяў. Іншы раз абмяжоўваліся адно заменаю імёнаў уласных, а напару прыходзілася перарабляць нават сюжэтную лінію.
Дарэчы, згаданае выдавецтва “Інтэрдайджэст”, утварыўшыся ў Беларусі (сябрамі Саюзу пісьменьнікаў на чале з Кудраўцавым), вельмі хутка ператварылася ў беларуска-расейскі выдавецкі дом з офісамі ў Менску, Смаленску і Маскве. Невялікі горад Смаленск фігуруе тут невыпадкова: там маецца вялізны й сучасны паліграфкамбінат. Іншыя выдавецтвы таксама прайшлі гэткую эвалюцыю. У прыватнасьці, можна згадаць выдавецтва “Белфакс”, якое было створанае як даччыная фірма газэты “Звязда” (прэзыдэнт Булацкі), у Менску, але ўрэшце перанесла цэнтар сваёй актыўнасьці ў Маскву, аж пакуль не прагарэла ў выніку расейскае эканамічнае крызы, як і многія іншыя выдавецтвы, што працавалі з замежнымі партнэрамі і займаліся выданьнем дарагіх, багата ілюстраваных кнігаў. Да вышэй згаданых можна дадаць выдавецтва “Харвэст” (на чале з Хацкевічам), выдавецкі дом “Современное слово” і г.д. Ясна, што традыцыйныя дзяржаўныя дыназаўры “Мастацкая літаратура”, “Полымя”, “Маладосць”, “Ураджай”, “Юнацтва” ня вытрымалі канкурэнцыі дынамічных рынкавых выдавецтваў і хутка апынуліся на мяжы банкруцтва. Традыцыйныя выдавецтвы і сёньня існуюць дзякуючы дзяржаўным датацыям, што адкрывае шырокую дарогу карупцыі, як гэта бывае зазвычай у абдзяржаўленай эканоміцы. Ад іхнай ідэйнай і тэхнічнай адсталасьці (уявіце сабе, што дагэтуль ня ўсе зь іх перайшлі на кампутарны спосаб падрыхтоўкі кніжак) пакутуе таксама беларускамоўная літаратура, бо пераважная большасьць датацыяў трапляе ў рукі менавіта гэтых неразваротлівых монстраў, дзе пануюць кумаўство і прынцып “рука руку мые”. На рынкавай жа аснове пакуль што выдаецца толькі дыдактычная ды навучальная літаратура на беларускай мове.
Дынамічнае разьвіцьцё выдавецкай справы ў Беларусі тлумачыцца адносна высокай, проці расейскай і ўкраінскай, ступеньню разьвіцьця паліграфічнай базы. Тут, відавочна, мае значэньне і гістарычная разьвітасьць выдавецкай справы на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, і вялікія грашовыя датацыі ў часы Савецкага Саюзу, калі Беларусь рабілі пляцдармам перамогі сацыялізму, і асаблівасьці беларускай працоўнай этыкі, якія забясьпечваюць большую ў параўнаньні з расейскай прадукцыйнасьць працы. Разам з тым нашая адсталасьць, скажам, ад Польшчы ці Літвы, ня кажучы ўжо пра заходнеэўрапейскія краіны, велізарная, і гэта лёгка заўважыць, патрымаўшы ў руках кнігі, зробленыя з прыкладна тых самых матэрыялаў у польскіх і беларускіх друкарнях. Тэхналягічны разрыў яшчэ больш пашырыўся ў 90-х гадох, калі амаль не рабілася інвэстыцыяў у вытворчую сфэру, а імпартавалася выключна старое абсталяваньне, якое амаль аджыло свой час. Тым ня менш, “Беларускі дом друку” застаецца папулярным у расейскіх выдаўцоў, бо якасьць друку тут (параўнальна з шэрагам расейскіх друкарняў) адносна высокая. Адносна высокую якасьць друку забясьпечвае таксама Менская фабрыка каляровага друку. Сярод іншых беларускіх друкарняў трэба адзначыць яшчэ тры: Баранавіцкую ўзбуйненую, Маладэчанскую і Аршанскую, што з савецкіх часоў лічацца “друкарнямі рэспубліканскага значэньня”.
Літаратура
1. Baldini, M., Storia della communicazione, Roma, Tascabili Economici Newton, 1995.
2. Febvre, L.-Martin, H.J., L'apparition du livre, Paris, Albin Michel, 1958.
3. Havelock , E.A., The Muse Learns to Write. Reflections on Orality and Literacy from Antiquity to the Present, New Haven, Yale University Press, 1986.
4. McLuhan, M., The Gutenberg Galaxy, Toronto, University of Toronto Press, 1962.
5. Ong, W.J., Orality and Literacy. The Technologizing of the Word, London, Methuen, 1982.