Плян:
1. Сродкі камунікацыі
2. Этапы разьвіцьця камунікацыі
3. Экспансія сродкаў камунікацыі і камунікацыя ў сучасным грамадзтве, камунікацыя як сацыяльная сыстэма
Сродкі камунікацыі альбо мэдыі — гэта такія сродкі, пры дамамозе якіх перадаецца, кадуецца і дэкадуецца паведамленьне. Слова “мэдыі” лацінскага паходжаньня і ў адзіночным ліку слова “мэдыюм” азначае “паміж” альбо “пасярэдзіне”. У гэтым сэнсе “мэдыюм” — пасярэднік, інструмэнт, прылада камунікацыі альбо, інакш кажучы, гэта ўсё тое, што робіць магчымай камунікацыю ці спрыяе ёй. Самым простым прыкладам “мэдыюму” зьяўляецца паветра, якое робіць магчымым перадачу гукавых хваляў ад таго, хто прамаўляе, да таго, хто слухае.
За сваю доўгую гісторыю чалавек вынайшаў вялікую колькасьць самых розных мэдыюмаў ці мэдыяў, якія рабілі камунікацыю больш лёгкай, дазвалялі ажыцьцяўляць камунікацыйную экспансію і заангажоўвалі ў працэс камунікацыі ўсё большую колькасьць людзей. У гэтым сэнсе, сродкі камунікацыі — гэта такія сродкі, якія пашыраюць камунікацыйныя магчымасьці чалавека.
Функцыя пашырэньня камунікацыйных магчымасьцяў ужо відавочная на прыкладзе вельмі простых мэдыяў. Складзеныя рупарам далоні чалавека дазвалялі камунікавацца на большай адлегласьці, вузельчыкі на памяць і засечкі на палках — гэта самыя першыя прыстасаваньні захаваньня інфармацыі, якія дазвалялі “камунікавацца” ў часе.
У старажытную пару людзі карысталіся агнём, каб перадаць нейкую інфармацыю. Відавочна, што агонь дапамагаў перадаць паведамленьне на яшчэ большую адлегласьць, чымся складзеныя рупарам далоні.
Значна больш складаны сродак камунікацыі пісьмо. Мы ня будзем тут спыняцца на гэтым мэдыюме. Адзначым толькі, што дзякуючы пісьму чалавецтва атрымала такі сродак камунікацыі, які дазваляе камунікавацца ў прасторы і ў часе. Дзякуючы пісьму да нас дайшлі цэлыя пласты старажытнай культуры.
Зыходзячы з таго, што розныя вынайдзеныя чалавекам сродкі перадачы інфармацыі істотным чынам уплывалі на характар абмену інфармацыяй паміж людзьмі, яе захаваньне і распаўсюджваньне, а таксама павялічвалі аб'ёмы перадаванай інфармацыі, спэцыялісты ў галіне камунікацыі і мэдыяў вызначаюць некалькі этапаў у разьвіцьці камунікацыі альбо гавораць пра розныя яе эпохі ці нават тыпы грамадзтва.
Эпоха знакаў і сымбаляў
Мы ўжо адзначалі, што першыя гуманоіды камунікаваліся праз агульназразумелыя гукавыя сыгналы, жэсты, паставы цела ды іншыя сродкі. Відавочна, што колькасьць ужываных сымбаляў і знакаў у тыя далёкія часы была вельмі абмежаваная. А паколькі набор знакаў і сымбаляў быў абмежаваны, падобная камунікацыя не забясьпечвала перадачы якіх-небудзь істотных аб'ёмаў інфармацыі. Гэта перадусім была сытуацыйная камунікацыя, якая найчасьцей не выходзіла за межы наўпроставай рэакцыі на вельмі канкрэтныя сытуацыі. Можна меркаваць, што падобная камунікацыя адбывалася ў выпадках нейкай небясьпекі альбо калі трэба было скаардынаваць дзеяньні падчас паляваньня ці змаганьня з чужынцамі.
Чаму ж першыя гуманоіды не карысталіся словамі? Адказ на гэтае пытаньне выяўлены ў працах па кампутарным мадэляваньні голасавага апарату гуманоідаў: гэты апарат быў проста ня здольны да прадукаваньня складаных сэквэнцыяў гукаў.
Адпаведна і паведамленьні, якія маглі перадавацца пры дапамозе толькі знакаў і сымбаляў, былі вельмі простыя. Сытуацыйная камунікацыя альбо камунікацыя, якая абмежаваная толькі якой-небудзь вонкавай і вельмі канкрэтнай неабходнасьцю, не выклікала аніякага працэсу сыстэматычнага мысьленьня.
Да таго ж сытуацыйная камунікацыя найчасьцей адбываецца па схеме “выклік—рэакцыя”, пры гэтым рэакцыя часта мае ці можа мець чыста інстынктыўную прыроду. Запамінаць рэакцыю звычайна няма патрэбы, бо інстынкт спрацоўвае заўсёды і аўтаматычна. Падкрэсьлім, што мысьленьне ня можа адбывацца без запамінаньня словаў, паняткаў і думак. А паколькі пры сытуацыйнай камунікацыі неабходнасьці ў такім запамінаньні няма, то камунікацыя пры дапамозе “натуральных” знакаў і сымбаляў, г.зн. жэстаў, паставаў цела і г.д., у лепшым выпадку прыводзіць толькі да вельмі простых канцэптуалізацыяў.
У прымітыўных супольнасьцях, якія карыстаюцца адно “натуральнай” знакавай і сымбалічнай камунікацыяй, не ўзьнікае культуры.
Паміж прымітыўнай камунікацыяй гуманоідаў і грамадзтвам моўнай камунікацыі ляжыць вялікі адрэзак часу ў некалькі мільёнаў гадоў. Гэта быў пэрыяд вельмі павольных зьменаў як у самой канстытуцыі будучага чалавека, так і ў вонкавых спосабах яго жыцьцядзейнасьці. Сэнс гэтых зьменаў вызначаўся разьвіцьцём здольнасьцяў да навучаньня і саманавучаньня, якасьцямі, якія мае толькі чалавек, і якія не ўласьцівыя аніякім іншым жывым істотам.
Узьнікненьне грамадзтва мовы і маўленьня можна датаваць часам у 35.000—40.000 гадоў таму адносна нашай пары. Краманьёнскі чалавек, які тады жыў на поўдні заходняй Эўропы, ужо меў падобную да сучаснага чалавека будову моўнага апарату. У грамадзтве моўнай камунікацыі ўзьнікае культура, пра што красамоўна сьведчаць сотні насьценных малюнкаў, знойдзеных у пячорах на поўдні Францыі і ў Гішпаніі. У параўнаньні з нэандэртальцамі краманьёнцы былі сапраўднымі інтэлектуаламі сваёй эпохі. Дасьледчыкі лічаць, што дзякуючы менавіта мове і інтэлекту краманьёнцы выжылі пасьля таго, як у канцы ледавіковага пэрыяду істотным чынам зьмяніўся клімат.
Дзякуючы мове краманьёнскі чалавек мог больш эфэктыўна каардынаваць сваю дзейнасьць па здабываньні ежы і быў здольны да канцэптуалізацый і плянаваньня сваёй дзейнасьці.
Можна таксама дапусьціць, што аднойчы вынайшаўшы мову, як сродак камунікацыі, першыя людзі вынайшлі і сам прынцып пасяродкавай альбо інструмэнтавай дзейнасьці, а менавіта такой дзейнасьці, якую можа пастаянна ўдасканальваць праз вынаходніцтва новых інструмэнтаў (у тым ліку, і новых “словаў-паняткаў”). У гэтым сэнсе кожнае слова, кажучы вобразна, можна разглядаць як інструмэнт ці прыладу дзеля таго, каб “выкопваць”, знаходзіць і “расчышчаць” новыя сэнсы і значэньні.
Увогуле, інструмэнтавая дзейнасьць — гэта дзейнасьць, якая рухае да стварэньня новага сьвету, а менавіта сьвету чалавечай культуры. Мова сама па сабе, безумоўна, не зьяўляецца чыньнікам наўпростых зьменаў у сацыяльным жыцьці чалавека, аднак, відавочна, што паміж ускладненьнем моўнай камунікацыі і ўскладненьнем сацыяльнай арганізацыі існуюць пэўныя паралелі.
Дарэчы, калі паглядзець на сёньняшняе грамадзтва, дык камунікацыя і мысьленьне робяцца ўсё больш заўважнымі і наўпроставымі чыньнікамі сацыяльных зьменаў. Гэта бачна з таго, што ў сёньняшнім сьвеце інтэрвал часу паміж нейкай каштоўнай ідэяй і яе ўвасабленьнем пастаянна скарачаецца.
Варта тут таксама сказаць і пра такі цікавы фэномэн, як грамадзтва вуснай камунікацыі ці, як яшчэ яго называюць, фэномэн вуснай культуры. Пэрыяд вуснай культуры характэрны практычна для ўсіх грамадзтваў на раньніх ступенях іх разьвіцьця. Між іншым, грамадзтвы вуснай культуры амаль што да апошняга часу існавалі паралельна грамадзтвам пісьмовай культуры.
Росквіт грамадзтва вуснай культуры згаданы ў першай лекцыі Харальд Ініс зьвязвае з пэрыядам распаўсюджваньня эпічных паэмаў. Складаньне і вусная перадача вялікіх эпічных тэкстаў запатрабавала складанай тэхнікі запамінаньня. Распавядальнікі, якія гадзінамі расказвалі напамяць цэлыя паэмы, уражвалі. Як у старажытнай Грэцыі, так і ў старажытнай Індыі распавядальнікі паэмаў мелі вялікі інтэлектуальны ўплыў і рэальную ўладу над людзьмі, і таму распрацаваныя імі складаныя прыёмы запамінаньня былі каставай тайніцай.
Вусныя тэксты не былі тэкстамі кананічнымі і завершанымі, а гэта азначала, што кожны распавядальнік мог у іх нешта мяняць і нешта дадаваць сваё. Таму вусны тэкст на працягу ўсяго свайго існаваньня пастаянна мяняўся. У ім знаходзілі сваё адлюстраваньне пазьнейшыя падзеі, што былі важнымі для слухачоў, якія былі іх сучасьнікамі, а ранейшыя падзеі маглі атрымліваць зусім іншую інтэрпрэтацыю. Скажам, у меру пашырэньня тэрытарыяльных уладаньняў Афінаў вусныя эпічныя тэксты ўключалі ў сябе фрагмэнты міталёгіі і ведаў, якія належалі калянізаваным народам і плямёнам, і, як адзначае Ініс, зьмененыя, яны добра служылі мэтам калянізацыі новых тэрыторыяў альбо, калі ўжыць распаўсюджаную ў нас афіцыйную тэрміналёгію, іх “інтэграцыі”.
Адной зь вяршыняў старажытнагрэцкага грамадзтва вуснай камунікацыі зьяўляецца рыторыка. Адзначым, што аратарскае мастацтва ў старажытнай Грэцыі істотна паўплывала на разьвіцьцё публічнасьці, грамадзянскага пачуцьця і самой формы старажытнагрэцкай дэмакратыі. У позьні пэрыяд разьвіцьцё рыторыкі прыводзіць да ўзьнікненьня такой плыні ў старажытнагрэцкай філязофіі, як сафістыка.
Рыторыка ёсьць своеасаблівым відам камунікацыі перакананьня і ўплыву. І калі перакананьне і ўплыў робяцца галоўнай мэтай камунікацыі, то адсюль ужо недалёка да таго, каб дзеля дасягненьня гэтай мэты разглядаць усе сродкі як прыдатныя. На мове сафістаў гэта азначала, што аніякай канцовай альбо абсалютнай ісьціны не існуе. Ісьціна ёсьць рэч рэлятыўная, адносная, а таму ісьціна — гэта тое, у чым ўдалося пераканаць іншых.
Добра вядомы ўсім фальклёр — гэта таксама фэномэн культуры грамадзтва вуснай камунікацыі. Дарэчы адзначыць, што беларускі фальклёр як функцыянальная сыстэма зь яе найбольш старажытнымі элемэнтамі захоўваўся да канца 19 ст. Гэта цікавы факт з гледзішча таго, што беларускі фальклёр быў практычна адзінай жывой сыстэмай культуры беларускга этнасу, а само беларускае грамадзтва да гэтага часу фактычна заставалася грамадзтвам вуснай камунікацыі.
Мы ўжо адзначалі, што грамадзтвы вуснай камунікацыі могуць існаваць паралельна грамадзтвам пісьмовай культуры і грамадзтвам масавай камунікацыі. Шырокае распаўсюджваньне анэкдотаў, якія ў былым Савецкім Саюзе распавядаліся на палітычныя і самыя розныя іншыя тэмы,— сьведчаньне таго, што ў 60-я і асабліва ў 70-я і 80-я гады канца 20 ст. на адной шостай частцы зямной кулі існавала вялікае паралельнае грамадзтва вуснай камунікацыі. Няцяжка здагадацца, што паралельнае грамадзтва вуснай камунікацыі ў былым СССР паўстала з прычыны жорсткага ідэалягічнага кантролю за ўсімі бакамі сацыяльнага і культурнага жыцьця з боку таталітарнага камуністычнага рэжыму.
Грамадзтва пісьма
Гісторыя пісьма — гэта гісторыя разьвіцьця сыстэмаў фіксаваньня ідэяў ад піктаграфічнага да альфабэтнага спосабу іх запісу. Хвалявая лінія абазначала возера альбо раку, лук і страла — паляваньне. Гэта найбольш старажытныя піктаграфічныя сымбалі, пры дапамозе якіх на пісьме перадаваліся паняткі. І паколькі для кожнай рэчы, ідэі альбо панятку патрабаваўся свой сымбаль, то каб камунікавацца неабходна было мець вялікую колькасьць самых розных сымбаляў. Каб навучыцца карыстацца такімі складанымі сыстэмамі запісу, неабходна было вучыцца некалькі гадоў. Таму колькасьць людзей, для якіх гэты камунікацыйны сродак быў даступны і зразумелы, была вельмі невялікая.
Піктаграфічным пісьмом, да прыкладу, карысталіся эгіпцяне. Першымі вынайшлі іншы спосаб запісу шумэры, якія жылі на поўначы ад Пэрсыдзкай затокі. Яны пачалі выкарыстоўваць стылізаваныя сымбалі не для абазначэньня рэчаў, паняткаў альбо ідэяў, а для абазначэньня асобных гукаў.
Камунікацыйны выйгрыш быў калясальны: цяпер для камунікаваньня патрабаваліся ня тысячы сымбаляў, а ўсяго толькі дзясяткі. Сыстэма запісу істотна спрашчалася, пісьмо рабілася даступным для значна большай колькасьці людзей. Гэта азначала, што працэс фіксаваньня і перадачы інфармацыі пашыраўся і на іншыя, акрамя гандлю і дзяржаўных справаў, сэгмэнты сацыяльнага жыцьця.
Другім важным элемэнтам узьнікненьня грамадзтва пісьмовай камунікацыі было вынаходніцтва больш транспартабэльных носьбітаў інфармацыі: папірусу, скуры і паперы.
У рэшце рэшт альфабэт і папера сталіся рэвалюцыйнымі чыньнікамі шматлікіх зьменаў у грамадзтве. Пачала ўскладняцца яго сацыяльная структура, бо шмат якія віды дзейнасьці сталіся магчымыя як важныя і самастойныя віды. Да прыкладу, навука і адукацыя. Распаўсюджваньне пісьменнасьці заангажоўвала ў інтэлектуальную дзейнасьць усё большую колькасьць людзей. Пашыраліся веды, і з гэтага зьявілася больш эфэктыўная магчымасьць сэлекцыйнага падыходу да саміх ведаў. Зафіксаваныя веды заўсёды лягчэй было праверыць на трываласьць, дакладнасьць, карыснасьць і важнасьць. Адпаведна, тыя веды, якія вытрымоўвалі гэтую праверку, перадаваліся і надалей. Магчыма, што з гэтай акалічнасьці і па сёньня шмат якія людзі маюць большы давер да напісанага і друкаванага слова, чымся да слова прамоўленага.
Да таго ж пісьмовая камунікацыя рабіла дачыненьні паміж людзьмі больш вызначанымі і адказнымі. Пісьмовы тэкст, напрыклад, напісаная дамова можа вызначаць стасункі паміж людзьмі на працягу месяцаў і гадоў. Дзякуючы пісьму веды значна лягчэй назапашваюцца, з чаго ўзьнікае так званы камуляцыйны эфэкт. Назапашаныя (эмпірычныя) веды пачынаюць прадукававць новыя (тэарэтычныя) веды.
Пераход ад грамадзтва вуснай камунікацыі да грамадзтва пісьмовай камунікацыі з гістарычнага пункту гледзішча — даволі працяглы працэс. І хаця грэкі і ўдасканалілі альфабэт, і хаця пісьмо ў старажытнай Грэцыі было вельмі пашыранай зьявай, аднак, як лічыць Харальд Ініс, грэцкае грамадзтва не было грамадзтвам пісьмовай камунікацыі. Паводле Ініс, у гэтым сэнсе яно хутчэй было пераходным грамадзтвам. На вуліцах і плошчах Афінаў шматлікія аратары прамаўлялі бліскучыя прамовы, а філёзафы па-ранейшаму вялі бясконцыя дыскусіі і спрэчкі. Дарэчы тут зьвярнуць увагу на той факт, што шмат якія тэксты грэцкіх філёзафаў дайшлі да нас у дыялягічнай альбо размоўнай форме. Добры прыклад — вядомыя дыялёгі Плятона. Старажытныя філёзафы ўсьведамлялі пэўныя праблемы, зьвязаныя з гэтым пераходам. Зьвернемся да плятонаўскага дыялёгу “Федр”. Сакрат пераказвае размову паміж Тотам, эгіпецкім богам мудрасьці, пісьма і ліку, і богам Амонам.
Амон кажа: “Гэта тваё адкрыцьцё (г.зн. адкрыцьцё пісьма) спародзіць у душах вучняў забыцьцё, бо яны ніколі ня будуць карыстацца сваёй памяцьцю. Яны будуць давяраць напісаным знакам, і ня будуць узгадваць пра сябе саміх. Тое, што ты вынайшаў — гэта не дапаможнік памяці, а толькі дапаможнік цьмяных рэмінісцэнцыяў; ты даеш сваім вучням ня ісьціну, а толькі падабенства ісьціны… Яны будуць падавацца ўсёведнымі, а ў галоўным нічога ведаць ня будуць”.
Сакрат працягвае: “Не магу, Федр, пазбавіцца ад пачуцьця, што пісьмо, на жаль, падобнае да жывапісу; творы мастакоў утрымліваюць пэўнае стаўленьне да жыцьця, аднак калі запытаешся ў іх пра гэтае стаўленьне, яны захоўваюць урачыстае маўчаньне…”
Гэткім чынам, пісьмо, паводле Сакрата і яго суразмоўцы, не прасьвятляе розуму чалавека, а вызваляе яго ад неабходнасьці ўдасканаліць сваю памяць. Наколькі апошняе было важным, вынікае з тэорыі ісьціны Плятона. Гэта — тэорыя прыпамінаньня. Чалавек, які зьвяртаецца да сваёй памяці, зьвяртаецца да самога сябе. Пісьмо ж, наадварот, як бы адпрэчвае і адлучае яго ад сябе. І тады чалавек мае толькі цьмяную веду. Такі прыкладна сэнс гэтых выказваньняў. Увогуле, пасаж паказвае прыклад, якую важную ролю для старажытных грэкаў адыгрывала вусная камунікацыя.
Рым і Рымскую імпэрыю Ініс лічыць грамадзтвам пісьмовай камунікацыі. Асноўнае адрозьненьне грамадзтва пісьма ад грамадзтва вуснай камунікацыі палягае на тым, што ў грамадзтве пісьма асновай рэгуляваньня стасункаў паміж людзьмі зьяўляецца ўжо ня вусная дамова ці пэўная сыстэма супольных уяўленьняў, а пісьмовы тэкст, пісаны закон альбо сыстэма пісаных законаў. Быць уладальнікам зямлі ці нерухомасьці ў старажытным Рыме азначала быць падпарадкаваным прававому закону ўласнасьці. Уласьнік — гэта той, чый маёмасны статус адпавядае ўсім патрабаваньням пісанага закону. Вядомы вам выраз “літара закону” акрамя ўсяго іншага паказвае і на тое, што сапраўдны закон — гэта пісаны закон.
У грамадзтве пісьмовай камунікацыі пісаны тэкст, наогул, зьяўляецца больш аўтарытэтнай крыніцай веды і інфармацыі за вуснае паведамленьне. Большы давер да пісьмовага тэксту часткова зьвязаны зь ягонай нутраной будовай. Часткі пісьмовага тэксту мусяць знаходзіцца паміжсобку ў лінійнай лягічнай залежнасьці. Кожная новая тэза ці думка павінна вынікаць з папярэдняй. Лягічныя супярэчнасьці ў пісьмовым тэксьце недапушчальныя. Нарэшце, пісьмовы тэкст мае большую строгасьць і яму ўласьцівая сыстэматычная форма выкладаньня матэрыялу.
Усё гэта разам робіць пісьмовы тэкст добрым сродкам культываваньня і кшталтаваньня абстрактных паняткаў, лягічнага і дакладнага мысьленьня. Рымскае права і на сёньня зьяўляецца заўважнай вяршыняй абстрактнага сыстэматычнага мысьленьня, дапасаванага да вельмі канкрэтных выпадкаў і розных сфэраў зносінаў паміж людзьмі ў грамадзтве. У старажытным Рыме мы знаходзім таксама і першыя парасткі сапраўднага навукова-пазытывісцкага мысьленьня.
Пісьмовая камунікацыя ў адрозьненьне ад вуснай камунікацыі — гэта камунікацыя дыстанцыйная. Пісьмовы тэкст як бы пашырае ўяўленьне аб сацыяльнай прасторы, размыкае прастору кожнага канкрэтнага мейсца, дзе знаходзіцца чалавек — прастору гораду, дзяржавы і дзяржаваў. Таму, напэўна, не выпадкова рымскі стаіцызм фармулюе шэраг глябальных на той час ідэяў. Гэта ідэі сусьветнай дзяржавы, сусветнага грамадзянства (касмапалітызм) і натуральнай справядлівасьці. Рымскі стаіцызм стаўся той эўрапейскай філязофскай сыстэмай, якая зрабіла першы крок да таго, што мы сёньня называем унівэрсальнымі ці ўсеагульнымі правамі чалавека.
І на заканчэньне гэтага параграфу адзначым уплыў вуснай і пісьмовай камунікацый на такую шырокую і абстрактную рэч, як “карціна сьвету”. У часы, калі вусная камунікацыя зьяўлялася адзінай формай камунікацыі, яе адпаведнікам была сыстэма антрапаморфных уяўленьняў чалавека пра сьвет. Месяц, сонца, грымоты, агонь і шмат якія іншыя прыродныя зьявы ператварыліся ў мэтафары чалавека. У тую пару быў спэрсанізаваны ўвесь космас і ўвесь прыродны сьвет.
Старажытны Рым, як грамадзтва пісьмовай камунікацыі, стаўся сьведкам распаду сыстэмы міталягічных вераваньняў і ўяўленьняў.
Пісьмовы тэкст, як гэта ні парадаксальна,— гэта быццам тэкст бяз аўтара. Аўтар пісьмовага тэксту гэта, прынамсі, не суразмоўца. У пісьмовым тэксьце ідэі і думкі — рэч амаль што самадастатковая. А моц ідэяў і думак — гэта перадусім моц саміх ідэяў і думак, якія выступаюць замяняльнікамі, дэкодэрамі і рэпрэзэнтантамі таго сьвету, які наўпрост ня бачны і не відавочны. Адпаведна гэтаму, грамадзтва пісьмовай камунікацыі стварае імпэрсаналізаваную карціну сьвету. Таму гэтую карціну называюць аб'ектыўнай. І нарэшце, грамадзтва пісьмовай камунікацыі — гэта грамадзтва, у якім чалавек адкрывае сябе для самога сябе, адкрывае сябе як індывіда. У пэўным сэнсе чалавек ператвараецца ў праблему для самога сябе. І гэта ёсьць вынікам паўстаньня аб'ектыўнай карціны сьвету.
Далейшае разьвіцьцё камунікацыі ў грамадзтве зьвязана з вынаходніцтвам мэханічных сродкаў тыражаваньня інфармацыі (тэкстаў). Таму наступны этап разьвіцьця камунікацыі і грамадзтва называюць грамадзтвам друкавальнага варштату ці эпохай Гутэнбэрга.
Эпоха Гутэнбэрга
Мы ўжо ўзгадвалі пра камуляцыйны эфэкт назапашваньня ведаў. Друкавальны варштат, вынайдзены Гутэнбэргам, якраз і быў вынікам назапашваньня розных ведаў і тэхналёгіяў. Альфабэт быў распрацаваны. Папера вынайдзена. Прэс быў вядомы са старажытных часоў, бо прэсы выкарыстоўваліся для адцісканьня з аліўкаў алею. Гутэнбэргу заставалася спалучыць усе гэтыя рэчы разам.
Якія ж былі наступствы і ўплыў Гутэнбэргавага вынаходніцтва? Перадусім друкавальны варштат дазваляў вырабляць сотні і тысячы копіяў. Пісьмовыя тэксты сталіся даступныя для значна большай колькасьці людзей, справакавалі цікавасьць да чытаньня, у выніку чаго пачынаючы з 16 ст. у Эўропе імклівымі тэмпамі распаўсюджваецца пісьменнасьць. Цікавасьць да чытаньня выклікала яшчэ адно важнае наступства. Раней мовамі адукаванай эліты былі лацінская і грэцкая, але новыя чытальнікі ня ведалі гэтых моваў. Таму ў шырокі ўжытак пісьмовай камунікацыі ўводзяцца мовы розных эўрапейскіх народаў.
Фармуецца новая каста пісьменных людзей. Гэта будучая буржуазія і сярэдняя кляса эўрапейскіх грамадзтваў. Увядзеньне ў шырокі пісьмовы ўжытак размоўных моваў было першым і вельмі моцным штуршком да ўзьнікненьня нацыянальных ідэалёгіяў і рухаў, якія прывялі да паўставаньня новых эўрапейскіх нацыяў і ўтварэньня нацыянальных дзяржаваў.
Друкавальны варштат робіць магчымым тыражаваньне ня толькі пісьмовых тэкстаў, але і малюнкаў, напачатку, натуральна, толькі чорна-белых. Тэксты і малюнкі да іх утвараюць першыя сапраўдныя кнігі, якія робяцца даступнымі для значна большай колькасьці людзей параўнальна з рукапіснымі кнігамі. Загэтым у працэс стварэньня новай эўрапейскай культуры і навукі ўцягваюцца ўсё новыя і новыя народы.
Да таго ж кнігадрукаваньне становіцца новым бізнэсам, які прывядзе да фармаваньня такіх паняткаў, як “інтэлектуальная маёмасьць” і “аўтарскія правы”.
Кнігадрукаваньне як бізнэс і як сродак камунікацыі ў самых розных стратах ці сэгмэнтах грамадзтва спрычынілася таксама і да працэсу сэкулярызацыі сацыяльнага жыцьця. Больш падрабязна гаворка пра гэта пойдзе ў далейшых лекцыях, прысьвечаных кнігадрукаваньню і мысьленьню ў эпоху друку.
І, нарэшце, грамадзтва электроннай камунікацыі альбо эпоха сынтэзу розных відаў камунікацыі і камунікацыйных сродкаў.
Характэрнай асаблівасьцю грамадзтва электроннай камунікацыі зьяўляецца: а) паўставаньне новых (электронных) сродкаў камунікацыі; б) інтэнсыфікацыя і масавасьць камунікацыйных працэсаў; в) сынтэз розных відаў камунікацыі і камунікацыйных сродкаў і г) глябалізацыя камунікацыйных і інфармацыйных працэсаў.
Радыё, тэлебачаньне, кампутарныя сеткі і іншае — гэта ўсё новыя сродкі электроннай камунікацыі. Шырокае выкарыстаньне ў сучасным сьвеце гэтых самых розных сродкаў вядзе да інтэнсыфікацыі і масавасьці камунікацыйных працэсаў. Аднак тут мы спынімся больш падрабязна толькі на сынтэзе розных відаў камунікацыі і камунікацыйных сродкаў.
Хоць радыёвяшчаньне і ўяўляе зь сябе від вуснай камунікацыі, тым ня менш яно зьяўляецца як мінімум сынтэзам двух відаў камунікацыі: вуснай і пісьмовай. Справа ў тым, што значная колькасьць інфармацыі, якая трапляе ў наўпроставы эфір — гэта інфармацыя, якая папярэдне была падрыхтаваная ў пісьмовай форме. Гэта таксама запісаныя на магнітафонную стужку тэксты, якія рэдагуюцца і рыхтуюцца да эфіру.
Тэлебачаньне — гэта сынтэз аўдыя і візуальнай камунікацыі. І, нарэшце, кампутарная камунікацыя — гэта мультымэдыйная камунікацыя. Адзначым, што ў сучасным грамадзтве кампутарная камунікацыя найбольш спрычынілася да глябалізацыі інфармацыйных і камунікацыйных працэсаў.
Названыя сродкі і віды камунікацыі будуць падрабязна разглядацца ў наступных лекцыях. Тут толькі адзначым, што грамадзтва электроннай камунікацыі добра карэлюецца з такім прынцыпам дэмакратычнага грамадзтва, як плюралізм думак, поглядаў і выказваньняў, бо сучаснае электроннае грамадзтва — гэта грамадзтва шматканальнай камунікацыі.
Што ж тычыцца ўплыву сучаснага грамадзтва электроннай камунікацыі на асобу, то некаторыя дасьледчыкі лічаць, што яно вядзе да фармаваньня слоевай ідэнтычнасьці чалавека. А ў шэрагу малых эўрапейскіх краінаў, дзе ангельская мова ператварылася ў другую функцыянальную мову — да ўзьнікненьня мультыкультурнай ідэнтычнасьці.
Экспансія электронных сродкаў камунікацыі — вельмі заўважны працэс у сучасных грамадзтвах другой паловы 20 ст. У сярэдзіне 50-х гадоў мейсца традыцыйных лямпавых прыёмнікаў пачынаюць займаць транзыстарныя. Транзыстарныя тэхналёгіі дазваляюць вырабляць танныя сэрыйныя радыёпрыёмнікі малых памераў. Дзякуючы гэтаму радыё як сродак камунікацыі пачынае займаць у паўсядзённым жыцьці людзей больш істотнае мейсца. У пэрыяд з 1960 па 1970 гг. колькасьць радыёпрыёмнікаў у Заходняй Эўропе павялічылася ў 7—8 разоў, а ў наступныя 20 гадоў — яшчэ ў 4 разы.
У 60-я гады пачынаецца шырокае распаўсюджваньне тэлебачаньня, якое хутка робіцца вельмі папулярным.
З прычыны таго, што тэлебачаньне базуецца на “жывой карцінцы” і сынтызуе розныя віды камунікацыі, ягонае экспрэсіўнае ўзьдзеяньне на аўдыторыю значна пераўзыходзіць узьдзеяньне традыцыйных відаў камунікацыі. Зь зьяўленьнем у кватэрах і дамох тэлевізійных апаратаў пачынаецца працэс паступовага выцясьненьня іншых сродкаў камунікацыі. Найбліжэйшым канкурэнтам тэлебачаньня аказваецца традыцыйны кінематограф зь ягоным публічным рытуалам дэманстраваньня фільмаў. У параўнаньні з 50-мі гадамі нашага стагодзьдзя колькасьць наведвальнікаў кіназаляў скарацілася ў сьвеце на адну траціну. Экспансію тэлебачаньня (пачынаючы з 60-х гадоў) зазнаў таксама і тэатар. Пачалі нават казаць пра сьмерць тэатру, але, сёньня лёс тэатру ўжо ніхто не ўспрымае ў апакаліптычнай пэрспэктыве.
Канкуруючы ўплыў тэлебачаньня зазналі на сабе таксама друкаваныя сродкі інфармацыі. У Францыі, да прыкладу, дзе 80 адсоткаў насельніцтва рэгулярна глядзіць тэлевізію, кожны другі не чытае газэт, а кожны трэці ніколі не чытае кніжак.
Найбольшы ўплыў тэлебачаньня зьведалі шматтыражныя буйныя газэты. А вось рэгіянальныя газэты, асноўны зьмест якіх складаецца зь інфармацыі лякальнага характару, у меншай ступені аказаліся залежнымі ад тэлебачаньня.
Трэба адзначыць, што буйныя шматтыражныя газэты спрабуюць канкураваць з тэлебачаньнем на тым жа самым полі, на якім тэлебачаньне мае вялізны посьпех, г.зн. — на полі экспрэсіўнасьці. Дасьледчыкі адзначаюць, што пад уплывам тэлебачаньня ў газэтах адбыліся зьмены ў падачы інфармацыі. Большы акцэнт сёньня робіцца на сэнсацыйнасьць паведамленьняў, на выкарыстаньні больш экпрэсіўных вобразаў, шокавых карцінак і фатаграфіяў. Зь зьяўленьнем тэлебачаньня выявілася тэндэнцыя да друкаваньня ў газэтах большай колькасьці скандальных матэрыялаў.
Радыё і тэлебачаньне паўплывалі на кнігадрукаваньне. Зьяўленьне партатыўных транзыстарных радыёпрыёмнікаў і “покітбукаў” — зьвязаныя рэчы. У афармленьні кніжных вокладак заўважная тэндэнцыя да большай экспрэсіўнасьці і, так бы мовіць, яркай карціннасьці.
З другога боку, пасьля некаторага пэрыяду спаду колькасьць наведнікаў буйных музэяў застаецца стабільнай. Аднак у музэяў сёньня зьявіўся новы канкурэнт — мультымэдыйныя энцыкляпэдыі па мастацтве.
Тэлебачаньне і зьяўленьне новых сродкаў камунікацыі, такіх, як аўдыя і відэазапісы, зьмянілі суадносіны паміж рознымі сродкамі камунікацыі. Калі ў 60-я гады дамінуючай была трыяда “радыё — плыта і сінематограф”, то сёньня — гэта “тэлебачаньне — аўдыя — відэакасэты і аўдыя-відэа і мультымэдыйныя дыскі”.
Экспансія сродкаў камунікацыі ў другой палове 20 ст. асабліва відавочная ў такой сфэры, як спажываньне тавараў. Сёньня продаж і купля тавараў амаль што цалкам апасродкаваныя рэклямай у сродках інфармацыі.
Як агульны вынік экспансіі камунікацыі і сродкаў камунікацыі трэба разглядаць таксама і зьмены ў сацыяльнай структуры грамадзтва. Наўрад ці варта сёньня сьцьвярджаць, што на вяршыні сацыяльнай піраміды знаходзяцца “гегемон-пралетарыят”, “шырокія народныя масы”, “простыя людзі”. Здабываньне, апрацоўка і перадача інфармацыі — гэта куды больш важны працэс у сучасным грамадзтве, чымся проста мэханічнае прадукаваньне традыцыйных тавараў. Апошняе, безумоўна, таксама важнае, але ўмельства вырабляць мутэркі, плавіць мэтал альбо даіць карову можа прэтэндаваць на прыярытэтную ролю толькі ў тэхналягічна і інфармацыйна адсталых грамадзтвах.
Вышэй мы ўжо казалі, што камунікацыя і мэдыі сталіся важным сацыяльным інстытутам сучаснага грамадзтва. І ў той жа час яны — важная частка практычна ўсіх сацыяльных інстытутаў. У той меры, у якой мэдыі і камунікацыі ўдзельнічаюць у працэсе спажываньня тавараў, аказаньня паслугаў і арганізацыі вытворчасьці, яны — частка эканамічнай сыстэмы любога грамадзтва. У той меры, у якой мэдыі і камунікацыя забясьпечваюць палітычныя працэсы ў грамадзтве, яны — частка палітычных інстытутаў. А ў той меры, у якой камунікацыя і сродкі камунікацыі забясьпечваюць арганізацыю вольнага часу чалавека, сямейнага побыту, выхаваньне дзяцей — яны частка такога сацыяльнага інстытуту, як сям'я.
Дагэтуль мы казалі пераважна пра тое, як сродкі камунікацыі паўплывалі на разьвіцьцё грамадзтва, на ягоныя структурныя зьмены і сацыяльнае жыцьцё. У сучасных грамадзтвах сродкі камунікацыі адыгрываюць, аднак, і яшчэ адну важную ролю, а менавіта ролю стабілізацыі сацыяльнага жыцьця. Няцяжка ўявіць, да якіх нэгатыўных сацыяльных наступстваў можа прывесьці спыненьне сучасных інфармацыйных і камунікацыйных сыстэмаў. Калі, да прыкладу, у такім вялікім горадзе як Менск усяго на гадзіну адключыць тэлефонную сувязь, эканамічныя страты і нават страты ў чалавечых жыцьцях будуць вялізныя. Спыненьне функцыянаваньня камунікацыйных сыстэмаў у сучасным грамадзтве здольнае спарадзіць татальны хаос і паніку.
Сур'ёзныя адмоўныя наступствы для стабільнасьці грамадзтва выклікаюць таксама абмежаваньні на свабоду інфармацыі. Хаця эфэкт гэтых абмежаваньняў не такі відавочны, як ў выпадку поўнага спаралізаваньня камунікацыйных сыстэмаў, ён, аднак, непазьбежна выяўляецца ў пэўнай часавай пэрспэктыве. Акрамя шэрагу іншых прычынаў, таталітарныя грамадзтвы распадаюцца яшчэ і таму, што ў іх існуюць абмежаваньні на інфармацыйныя свабоды. Скажоная і цэнзураваная інфармацыя ў такіх грамадзтвах вядзе да неадэкватнага ўспрыняцьця сацыяльнага жыцьця, прыняцьця неадэкватных рашэньняў і ў выніку да сацыяльнай, палітычнай і эканамічнай крызы.
Праўда, мэдыі могуць і адмыслова скарыстоўваць розныя прыёмы для падтрыманьня стабільнасьці ў грамадзтве, аднак гэта не заўсёды вядзе да чаканых вынікаў. Зьвернемся да прыкладу расейскага і беларускага тэлебачаньняў. Я думаю, што ўсе заўважылі, колькі часу на расейскіх тэлеканалах займаюць розныя забаўляльныя праграмы. Сотні тысячаў беларускіх тэлегледачоў амаль што кожны вечар праглядаюць савецкія фільмы пэрыяду разьвітага сацыялізму, плачуць і радуюцца разам з героямі гэтых фільмаў, ціха настальгуюць па лепшых часах, якія ўжо незваротна адышлі. Пачуцьцё “як было добра раней” адсоўвае на задні плян усялякія непрыемныя думкі, “мабілізуе” грамадзтва на аднаўленьне таго, чаго няма і ўжо ніколі ня будзе.
І на завяршэньне скажам колькі словаў пра камунікацыю і мэдыі як сацыяльны інстытут. Як сацыяльны інстытут, мэдыі і камунікацыя існуюць у сфэры публічных стасункаў. Адсюль вынікае, што гэты інстытут мае дачыненьне да публічных і грамадзкіх справаў — гэта значыць да публічнай апініі і яе фармаваньня.
Мэдыі фармальна не надзеленыя ўладай. Асноўны сацыяльны прынцып функцыянаваньня мэдыяў — гэта свабода. У той жа час яны падпарадкоўваюцца пэўным законам грамадзтва. Як складаныя сацыяльныя інстытуты, яны функцыянуюць дзякуючы вялікай колькасьці самых розных роляў і функцыяў, якія выконваюць людзі, заангажаваныя ў камунікацыйную ці інфармацыйную дзейнасьць.
Літаратура
1. Britannica CD Encyclopedia // Communication.
2. Compton 's Interactive Encyclopedia // Communication.
3. Deluxe Encarta 98 // Communication Collage.
4. Lor і mer R. Mass Commun і cat і on. Manchester University Press, 1996.
5. Deaux K. and others. Soc і al Psychology і n the 90s. Books / / Company, 1993.
6. DeFleurMelv і n L. Theor і es of Mass Commun і cat і on, Longman, 1988.
7. Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунікацыі. Мн., БФС, 1995.