Мэдыі і камунікацыя

Курс лекцыяў


Сусьветная камунікацыя і камунікацыя ў культуры - Камунікацыя ў культуры і культурніцкая дынаміка

Плян:

1. Асноўныя тыпы камунiкацый у культуры

2. Культурная камунiкацыя i дынамiка культуры. Культурны крызыс, яго прычыны i шляхi пераадоленьня

3. Асноўныя вiды мiжкультурнай камунiкацыi. Культурны шок i культурны канфлiкт

Зьвернемся да асноўных тыпаў камунiкацыi ў культуры. Можна вылучыць наступныя найбольш агульныя тыпы культурнай камунiкацыi: а) аўтарытарна-кананiчная камунiкацыя традыцыйнага (“натуральна закрытага”) грамадзтва; б) дынамiчна-канкурэнтная “мазаiчная” камунiкацыя эўрапейскага (“адкрытага”) грамадзтва і в) дагматычна-iдэалягiзаваная камунiкацыя таталiтарна-бюракратычнага (“штучна-закрытага”) грамадзтва.

У першым выпадку стабiльнасьцi грамадзтва, заснаванага на традыцыйных формах сацыяльнай практыкi i жорсткай сацыяльна-ролевай гiерархii, адпавядае аўтарытарны тып культурнай камунiкацыi, арыентаваны на пастаяннае ўзнаўленьне базавых установак архаiчнай сьвядомасьцi. Культурная камунiкацыя традыцыйнага грамадзтва працуе паводле прынцыпу кальцавога самацытаваньня, такiм чынам падтрымлiваючы цэльнасьць наяўнай мiталягiчнай прасторы i абараняючы яе ад любых вонкавых узьдзеяньняў, здольных парушыць упарадкаванасьць канону.

Традыцыйная культура задзейнiчаная не ў пашырэньнi сваёй прасторы i засваеньнi новых магчымасьцяў, а ў вытворчасьцi чарговых вытлумачальнiкаў-камэнтатараў клясычных тэкстаў. Прынцыповая культурная iнавацыя для такой культуры магчымая толькi як уварваньне звонку цi iнтэрвэнцыя “чужых” культурных узораў у вынiку ўзаемадзеяньня культураў (ад гандлёвых кантактаў да вайсковай агрэсii).

У другiм выпадку культурная камунiкацыя адлюстроўвае натуральныя для грамадзтва заходняга тыпу арыентацыi на дынамiчны працэс пашыранага ўзнаўленьня наяўнага тыпу сацыяльных стасункаў. Гэта азначае:

— пастаяннае ўскладненьне сацыяльнай структуры, зьяўленьне новых формаў працы i жыцьцёвага ладу, г.зн. рост субкультураў;

— пабудову сыстэмы прамысловай вытворчасьцi культурных узораў цi “культурнага канвоеру” масавага грамадзтва i як сьледзтва — прынцыповую антыаўтарытарнасьць культурнай прасторы, перавагу перад “вэртыкальнымi” каштоўнаснымi стасункамi (“высокае” мастацтва — “нiзкае” мастацтва) “гарызантальных” (роўныя правы культурных прадуктаў у канкрэтнай барацьбе за спажыўца).

I, урэшце, трэцi тып культурнай камунiкацыi, характэрны для таталiтарнага грамадзтва закрытага тыпу. Парадаксальнасьць таталiтарнай культуры крыецца ў яе прынцыповай падвоенасьцi: гэта адначасна i “вяртаньне жывых мерцьвякоў”, рэанiмацыя самых архаiчных формаў аўтарытарна-мiталягiчнага сацыяльнага парадку, i максымальнае зьдзяйсьненьне клясычнага iдэалу заходняй цывiлiзацыi — мары аб урачыстым шэсьцi чалавека, узброенага Вялiкай Iдэяй уласнага вырабу.

Таталiтарная культура ў пэўным сэнсе ўяўляе зь сябе ўзорны iнфармацыйны парадак, “утопiю Асьветы”, уцялесьненую ў жыцьцё. Яе прынцыповыя адметнасьцi — лiнійнасьць, празрыстасьць, кананiчнасьць i ўпарадкаванасьць.

Таталiтарная культура жорстка кiруецца зьверху i абапiраецца на масавы афэктыўны энтузiязм зьнiзу. Гэта прамысловая вытворчасьць iдэалягiчнага мiту, прынцыповае адрозьненьне якога ад дэмакратычных аналягаў у тым, што тут няма i ня можа быць спрэчак, канкурэнцыi: “Адзiн народ, адна партыя, адзiн фюрэр, адзiн райх!” Натуральны вынiк маналiтнасьцi культурнага канону — банальнасьць, зьместавая прымiтыўнасьць i клiшавасьць культурных узораў, якiя апэлююць да простых архетыпаў “прафаннай” сьвядомасьцi. Пры гэтым у пару пра мiт аб “мудрым правадыру”, бацьку i абароньніку нацыi, ствараецца мiт пра “простага чалавека” як увасабленьня адвечнай мудрасьцi i гiстарычнай мэтаскiраванасьцi.

Паколькi галоўнай мэтай таталiтарнай культуры ёсьць кансалiдацыя i задзiночаньне нацыi вакол уладных структураў дзяржавы, то яе асноўнай сфэрай зьяўляецца прапаганда пануючай iдэалёгii — агрэсiўная iнфармацыйная атака на масавую сьвядомасьць, якая лучыць у сабе прымусовае навязваньне штампаў “адзiна вернага” вучэньня з выхаваньнем страху перад iншымi iнфармацыйнымi крынiцамi як “голасам ворага”. Натуральны элемэнт “закрытай” сьвядомасьцi — перабольшваньне ролi “дзяржаўнай тайны”, якую ўсiм разам трэба “ахоўваць” ад шматлiкiх вонкавых i ўнутраных “ворагаў”.

Адсюль у грамадзкай сьвядомасьцi набывае неабходную матывацыю iснаваньне шырокай сеткi органаў дзяржбясьпекi (тайнай палiцыi), як перадавога аддзелу ахоўнiкаў i абароньнікаў сфэры “засакрэчанай iнфармацыi”. У сваю чаргу, “адважныя органы” атрымлiваюць карт-блянш на вядзеньне тайнага iнфармацыйнага пошуку з мэтай выяўленьня “ворагаў народу”: “Чэснаму чалавеку няма чаго хаваць ад савецкай улады!” Iнфармацыя робiцца iнструмэнтам сацыяльнага кантролю, манiпуляваньня масавымi настроямi i цiску на “iншадумцаў”.

Тыповай формай iнфармацыйнага забесьпячэньня грамадзтва становяцца культурна-iдэалягiчныя кампанii, якiя несупынна зьмяняюць адна адну. Асаблiва эфэктыўна таталiтарная культура выконвае свае ахоўныя функцыi ў надзвычайных сытуацыях, якiя часта сама i стварае. Любыя абсурдныя дзеяньнi ўлады аўтаматычна апрацоўваюцца з гледзiшча пэрманэнтнага канфлiкту нашай “абкладзенай крэпасьцi” з вонкавым, варожым сьветам, а таксама зь бясконцага супрацьстаяньня “ўнутранаму ворагу”, пазначанаму як “iншы” (у мове, рэлiгiйных перакананьнях, думках i ўчынках).

Татальная культура адначасна i празьмерна iнфармацыйная (запоўняе сабой усю падлеглую iнфармацыйную прастору) i скрайне мiталягiчная (падмяняе iнфармацыю iдэалягiчнымi мiтамi). Фрагмэнты рэальных зьвестак прыватнага пляну, зьвязаныя з канкрэтнымi сфэрамi чалавечай дзейнасьцi, iснуюць у ценю Вялiкага Мiту. Чалавек таталiтарнага грамадзтва ахоплены iлюзiяй поўнай iнфармаванасьцi. Усё, што выходзiць за рамкi засвоенага шаблёну, аўтаматычна ўспрымаецца як намова i правакацыя.

Разбурэньне таталiтарнай культурай гiстарычна сфармаванай культурнай дынамiкi i падмена новых культурных узораў фантомнай псэўдаiнфармацыйнай прасторай “iдэалягiчна вытрыманай” галюцынацыi непазьбежна вядзе да культурнага крызысу. Грамадзтва губляе здольнасьць асэнсоўваць рэальнасьць свайго iснаваньня i прымаць эфэктыўныя рашэньнi.

Культурны крызыс можа быць выклiканы з прычыны як вонкавага, так i ўнутранага паходжаньня. Да вонкавых прычынаў могуць быць аднесеныя:

— Прыродныя: значныя паводле характару i кароткiя паводле тэрмiнаў зьмены прыродна-клiматычных умоваў, калi пэўная супольнасьць ня мае эфэктыўных сродкаў для адаптацыi да гэтых зьменаў. Падобнае здараецца найперш з архаiчнымi культурамi, якiя ў такiх выпадках чакае альбо мiграцыя, альбо гiбель.

— Сацыяльныя: агрэсiя альбо захоп адной супольнасьцi другой, калi заваёўнiк iмкнецца ня толькi да ўсталяваньня сваёй палiтычнай улады, але i да зьнiштажэньня культурнай традыцыi, iнстытутаў сацыяльнай арганiзацыi i рэгуляцыi, рэлiгiйных i каштоўнасных арыентацый паняволенага народу.

У абодвух згаданых выпадках перамены ўмоваў iснаваньня супольнасьцi вядуць да сур'ёзнай трансфармацыi стэрэатыпаў сьвядомасьцi i паводзiнаў, дэвальвацыi традыцыйных нормаў i стандартаў сацыяльных паводзiнаў, маралi, каштоўнасных iмпэратываў i табу; пачынае разбурацца сыстэма сацыяльных стасункаў i функцыянальных сувязяў памiж людзьмi. Грамадзтва губляе тыя культурныя ўзоры, якiя яго мацавалi, i ператвараецца ў тэрыторыю iснаваньня набору канкуруючых лякальных культурных праграмаў (прынесеных знадворку, традыцыйных i маргiнальна-эклектычных).

Унутраныя прычыны культурнага крызысу могуць быць зьвязаныя з:

— палiтычным крызысам у грамадзтве i зьнiжэньнем эфэктыўнасьцi працы iнстытутаў сацыяльнай рэгуляцыi, што мае наступствамi розныя дэвiянтныя формы сацыяльнай актыўнасьцi (улучна з крымiнальнымi i рэвалюцыйнымi);

— сацыяльна-эканамiчным крызысам, якi трансфармуе характар iнтарэсаў i запатрабаваньняў людзей, з чаго ўзьнiкае масавае незадавальненьне ўладамi, ня здольнымi выпрацаваць эфэктыўнай стратэгiі паводзiнаў;

— крызысам пануючай iдэалёгii, што не пасьпявае рэагаваць на зьмены жыцьця грамадзтва, якое губляе свае кансалiдуючыя i мабiлiзуючыя магчымасьцi;

— нарастаньнем нераўнамернасьцi развою розных сфэраў сацыяльнай жыцьцядзейнасьцi, што можа прывесьцi да сацыяльнага выбуху. Тыповы прыклад — маскоўскiя падзеi 1991 г.;

— тармажэньнем працэсаў культурнай мадэрнiзацыi, калi грамадзтва “загразае” ў становiшчы, пры якiм ранейшыя нарматыўна-каштоўнасныя рэгулятары сацыяльнага жыцьця ўжо дэградавалi (цi мэтаскiравана дэмантаваныя), а новыя яшчэ ня склалiся цi не пачалi паўнавартасна функцыянаваць.

Канкрэтныя формы праяваў культурнага крызысу, незалежна ад яго прычынаў, увогуле падобныя. Адбываецца зьнiжэньне ўзроўню сацыяльнай цэльнасьцi грамадзтва, “расфакусоўка” каштоўнасных арыентацый, вялiчыцца стракатасьць i хаатычнасьць сьветапоглядных установак i сцэнароў сацыяльнага дзеяньня (“субкультурная рэвалюцыя”), падзеньне цiкавасьцi да стандартных формаў “сацыяльна значнай” дзейнасьцi.

Пасьледкi культурнага крызысу могуць быць рознымi i залежаць ад сукупнасьцi фактараў, якiя вызначаюць здольнасьць грамадзтва да аднаўленьня разбуранай сыстэмы культуры. Размова iдзе ня толькi пра афармленьне новых каштоўнасных арыентацыяў i прэзэнтуючых iх культурных узораў, але i аб аднаўленьнi на новым узроўнi натуральных (“нармальных”) для дадзенай культуры мэханiзмаў культуратворства, вольных ад любых формаў культурнай цэнзуры i iнфармацыйнай агрэсii.

Як сьведчыць гiсторыя, у адных выпадках культурны крызыс прыводзiць да дэструкцыi канкрэтнага тыпу культуры i ануляваньня яе носьбiта (клясычныя прыклады — гiбель Рымскай iмпэрыi ў 4—5 стст. цi распад СССР у нашыя днi), у другiх — соцыюм знаходзiць унутраныя рэзэрвы для мабiлiзацыi i аднаўленьня структуры сацыякультурнай арганiзацыi, падвышэньня эфэктыўнасьцi мэханiзмаў кiраваньня грамадзтвам (досьвед постсацыялiстычнай “рэканструкцыi” краiнаў Усходняй Эўропы, пад'ём ЗША пасьля “бурных” 60-х).

Тэхналёгii выхаду з культурнага крызысу розныя, як розныя i канкрэтныя абставiны яго ўзьнiкненьня. Але ўва ўсiх выпадках назiраюцца дзьве абавязковыя ўмовы:

— назапашваньне “крытычнай масы” насельнiцтва, рэальна зацiкаўленага ў рэфармацыi цi аднаўленьні пэўных формаў сваёй сацыяльнай сыстэмнасьцi (палiтычнай, нацыянальнай, рэлiгiйнай i г.д.);

— афармленьне новай кансалiдуючай культурнай праграмы (цi функцыянальнае абнаўленьне традыцыйнай), якая выразна пазначае мэтавыя ўстаноўкi, здольныя выступiць у якасьцi новай мовы “вялiкай” культуры.

Адной з найбольш значных формаў культурнай камунiкацыi зьяўляецца ўзаемадзеяньне цi дыялёг культураў. Гэты панятак выкарыстоўваецца для пазначэньня сумы непасрэдных стасункаў i сувязяў, якiя складваюцца памiж рознымi культурамi, а таксама iх вынiкаў, узаемных пераменаў, якiя ўзьнiклi ў працэсе гэтых стасункаў. Асаблiвае значэньне для ўзаемадзеяньня культураў набываюць зьмены культурных патэрнаў — формаў сацыяльнай арганiзацыi, набору сфэраў дзейнасьцi, сыстэмаў каштоўнасьцяў адной i другой культураў, станаўленьне новых формаў культурнай актыўнасьцi, iнавацыйных духоўных арыентыраў i мадэляў ладу жыцьцядзейнасьцi пад уплывам вонкавых фактараў.

Трэба адзначыць, што просты абмен таварамi, эпiзадычныя кантакты цi нават устойлiвыя гаспадарчыя i iншыя стасункi, якiя не закранаюць глыбiнных асноваў культурнай актыўнасьцi, каштоўнасных арыентацый, ладу жыцьцядзейнасьцi абедзьвюх культураў, ня могуць быць у простым сэнсе аднесеныя да дыялёгу культураў. Яны хутчэй належаць да сфэры формаў iснаваньня цi кантактаў культураў адна з адной. Ува ўласна ўзаемадзеяньнi культураў можна вылучыць наступныя ўзроўнi:

— Этнiчны, характэрны для стасункаў памiж лякальнымi этнасамi, гiсторыка-этнаграфiчнымi, этнаканфэсiйнымi сацыяльнымi супольнасьцямi;

— Мiжнацыянальны, заснаваны найперш на дыялёзе розных дзяржаўна-палiтычных структураў i палiтычных элiтаў;

— Цывiлiзацыйны, зьвязаны з сустрэчай прынцыпова розных тыпаў сацыяльнасьцi, сыстэмаў каштоўнасьцяў i формаў культуратворства. Дыялёг культураў на гэтым узроўнi найбольш прадуктыўны з гледзiшча культурна-iнавацыйнай дзейнасьцi. Менавiта скрыжаваньнi культураў Усходу i Захаду, Эўропы і Афрыкi, антычнасьцi i арабскага сьвету станавiлiся месцам радыкальных паваротаў гiсторыi.

Акрамя таго дыялёг культураў магчымы i ў выглядзе ўзаемадзеяньня актуальнага тыпу культуры з гiстарычна сфармаванай культурнай традыцыяй, якая выступае ў якасьцi сумоўнiка, ня менш экзатычнага i каштоўнага, чым сучасны суб'ект дыялёгу. Скажам, фэномэн расейскага бальшавiзму ды i ўвесь постгарбачоўскi пэрыяд у Расеi цяжка зразумець без асэнсаваньня такой зьявы, як расейская саборнасьць, i гiстарычна зьвязанай зь ёй мадэлі патрыярхальнай масавай сьвядомасьцi, якая ўвесь час чакае харызматычнага правадыра.

У штодзённай практыцы культурнага дыялёгу звычайна задзейнiчаныя працэсы i стасункi, характэрныя для ўсiх трох узроўняў дыялёгу. У мiжкультурных сувязях, асаблiва ўнутры шматнацыянальнай дзяржавы, адначасна бяруць удзел як вялiкiя, гэтак i малыя нацыi, а таксама іх розныя “аскепкi”, якiя ствараюць своеасаблiвыя “культурныя рэзэрвацыi”.

Пры гэтым удзельнiкi дыялёгу ад пачатку знаходзяцца ў няроўным становiшчы. Натуральна, што больш буйная паводле колькасьцi i паводле рэальнай значнасьцi ў жыцьцi грамадзтва супольнасьць у працэсе дыялёгу будзе больш уплывовай, чым малая этнiчная група. У той жа час расейскi дасьледчык Леў Гумялёў прапаноўвае ўлiчваць i такi фактар, як “пасiянарнасьць” — своеасаблiвая культурная энэргетыка культурнай супольнасьцi, якая не залежыць ад яе колькасьцi. Тым ня менш, у межах узаемадзеяньня культураў звычайна вылучаюць культуру-донара (якая больш аддае, чым атрымлiвае) i культуру-рэцыпiента (якая больш бярэ, чым аддае). На працягу гiстарычна доўгага пэрыяду гэтыя ролi могуць мяняцца ў залежнасьцi ад таго, на якой стадыi культурнага росту знаходзiцца кожны ўдзельнiк дыялёгу.

Важнае значэньне ў дыялёзе культураў мае ягоная структура, г.зн. накiрунак i канкрэтныя формы ўзаемнага абмену культурнай iнфармацыяй. Адной з найбольш старажытных i шырока распаўсюджаных формаў узаемадзеяньня выступае абмен гаспадарчым досьведам i вытворчымi тэхналёгiямi, спэцыялiстамi-прафэсiяналамi; устойлiвым вiдам узаемадзеяньня зьяўляюцца мiждзяржаўныя, палiтычныя i прававыя стасункi. Заўсёды верагодныя ўзаемадзеяньнi лiнгвiстычных, мастацкiх, рэлiгiйных аспэктаў культураў. Трэба ўлiчваць i канкрэтны ўзровень узаемадзеяньня культураў — сувязi рэалiзуюцца на ўзроўнi дзяржаўнай палiтыкi, вайсковай акупацыi, лякальных прафэсiйна-карпаратыўных стасункаў, кантактаў арганiзацый “трэцяга сэктару” цi проста ў працэсе штодзённа-пабытовых узаемадзеяньняў розных слаёў насельнiцтва.

Розьняцца таксама формы i прынцыпы сутыкненьня культураў. У гiстарычнай практыцы вядомыя i мiрныя, добраахвотныя спосабы кантактаў (у гэтым выпадку прынцыпы ўзаемадзеяньня пераважна скiраваныя на партнэрскае, узаемавыгаднае супрацоўнiцтва) i прымусовыя, якiя рэалiзуюцца ў вынiку калянiяльнага цi вайсковага паняволеньня (у гэтым выпадку, як правiла, дамiнуе iмкненьне да аднабаковай выгады, аўтарытарна-патэрналiсцкi падыход).

Адной з формаў дыялёгу культураў служаць мiжнародныя стасункi, якiя ўлучаюць у сябе набор мэханiзмаў iх рэалiзацыi. Маецца на ўвазе кодэкс мiжнароднай дыпляматыi, а таксама наяўнасьць спэцыяльна прызначаных для гэтай мэты сацыяльных iнстытутаў, формаў кантактаў (афiцыйныя вiзыты, круглыя сталы, сумесныя камiсii i г.д.), “трацейскага судзьдзi” (ААН, ЮНЭСКА, Мiжнародны суд i г.д.). Акрамя таго, у практыцы культурнага ўзаемадзеяньня шырока выкарыстоўваецца сыстэма сацыяльных iнстытутаў i мэханiзмаў унутры самiх культураў. Важным мэханiзмам дыялёгу культураў можа стацца палiтыка мадэрнiзацыi, зьмена курсу ў нацыянальнай i культурнай палiтыцы, якая рэалiзуецца на ўзроўнi дзяржавы, а таксама радыкальныя трансфармацыi ўнутры асобных карпаратыўных структураў i сфэраў дзейнасьцi, структураў мясцовага самакiраваньня, формаў грамадзкiх (у тым лiку i культурнана-цыянальных) аб'яднаньняў.

У кожным канкрэтным выпадку ўзаемадзеяньня культураў можна вылучыць некалькi стадыяў цi этапаў. Зыходным пунктам тут прынята лiчыць стадыю культурнага шоку — першапачатковую рэакцыю iндывiдуальнай, групавой цi масавай сьвядомасьцi на сустрэчу зь iншакультурнай рэальнасьцю. Сытуацыя першапачатковага шоку можа быць раскрытая як прынцыповая несумяшчальнасьць розных культурных узораў, “сэнсавы разрыў” памiж каштоўнасьцямi, звыклымi нормамi мовы i паводзiнаў свайго культурнага асяродку i тымi каштоўнасьцямi, нормамi, штодзённымі практыкамi новага асяродку, куды патрапляе iндывiд (сытуацыя эмiграцыi цi турызму), сацыяльная група (сытуацыя масавай эмiграцыi, уцякацтва цi прымусовай высылкi па нацыянальных або рэлiгiйных прыкметах) альбо грамадзтва ў цэлым (сытуацыя iнтэнсiўнай культурнай дыфузii: “перабудова” i спроба будаўнiцтва сацыяльна-эканамiчных iнстытутаў паводле заходняга ўзору).

Цiкава, што эўрапейская культура мела ўласны культурны шок у 12—17 стст. Паведамленьнi вандроўнiкаў i місiянэраў, якiя апiсвалi бясконцае мноства новых краiнаў i народаў, ня толькi садзейнiчалі адкрыцьцю фэномэну культуры. Выклiканы гэтымi зьвесткамi культурны шок спарадзiў радыкальны пераварот, якi можна назваць антрапалягiчнай рэвалюцыяй, паколькi была разбураная прэтэнзiя заходняй культуры на выключнасьць i першынство — раптам высьветлiлася, што iснуе мноства культураў, якiя не саступаюць у сваiх каштоўнасьцях эўрапейскай культуры. З гэтага часу калянiзацыя сталася толькi адной з многiх формаў мiжкультурнай камунiкацыi.

Сiла шокавай рэакцыi iндывiда цi соцыюму пры сустрэчы з “чужой” культурнай прасторай вызначаецца:

— глыбiнёй адрознасьцяў (цi мерай сумяшчальнасьцi) памiж ранейшай i новай культурамi;

— асаблiвасьцямi iндывiдуальнага, групавога цi нацыянальнага псыхалягiчнага тыпу — арыентацыйнымi здольнасьцямi, мерай рыгiднасьцi цi плястычнасьцi, творчым патэнцыялам;

— наяўнасьцю цi адсутнасьцю ўстойлiвых фрагмэнтаў старога культурнага асяродку (сям'i, сяброў, прафэсiйнага досьведу i г.д.), якiя могуць быць “перанесеныя” ў новы культурны кантэкст;

— мерай адкрытасьцi цi закрытасьцi “сваёй” культурнай прасторы, узроўнем пачуцьця культурнай iдэнтычнасьцi, месцам традыцыйных каштоўнасьцяў у сыстэме культуры;

— мерай адкрытасьцi цi закрытасьцi ўзораў i носьбiтаў “чужой” культуры, што задзейнiчаныя ў дадзенай канкрэтнай сытуацыi культурнага кантакту, iх здольнасьцю да двухбаковай культурнай камунiкацыi.

У якасьцi характарыстык другога этапу дыялёгу культураў звычайна вылучаюць чатыры спосабы пераадоленьня канфлiкту, спароджанага культурным шокам:

— гетаiзацыя: “чужыя” цi ня здатныя супрацьстаяць культурнай экспансii “тубыльцы” (iндзейцы ЗША) задзiночваюцца мiж сабой i арганiзуюць унутры “вялiкай” культуры iзаляваныя анклявы (гета), дзе захоўваюць i падтрымлiваюць традыцыйныя мадэлi культурных паводзiнаў. За прыклад можна згадаць iснуючыя практычна ўва ўсiх буйных заходнiх гарадох чайна-таўны — заказьнiкi кiтайскай культуры i адпаведнага ладу жыцьця, iндускiя, маляйскiя цi расейскiя раёны кампактнага пражываньня (напрыклад, Брайтан-Бiч у Нью-Ёрку), кварталы-гета;

— асымiляцыя: спроба атаясамiцца з “чужой” культурай, засвоiць яе нормы, каштоўнасьцi, мадэлi паводзiнаў, цалкам адмаўляючы спадчыну больш “слабога” (цi пакiнутага) культурнага асяродку;

— узаемадзеяньне: памкненьне знайсьцi нейкi “сярэдзiнны” варыянт, спалучыць элемэнты “сваёй” i “чужой” культураў. У гэтым выпадку магчымыя два сцэнары: наладжваньне несупярэчлiвай культурнай камунiкацыi шляхам паяднаньня ў рамках паўсядзённай практыкi нормаў абедзьвюх культураў альбо падзел iснаваньня на дзьве часткi, адна зь якiх прысьвечаная “новай”, другая —”старой” культуры. Напрыклад, гастарбайтары з Турцыi цi Iндыi на працы паводзяць сябе адпаведна да правiлаў сучаснай iндустрыяльнай тэхналёгii, а ў побыце схiльныя прытрымлiвацца традыцыйных звычак i паводзiнаў. Iншы прыклад: выкарыстаньне на працы “чужой”, а ў хаце — роднай мовы;

— калянiзацыя: агрэсiўная дэманстрацыя i прапаганда ўласных культурных арыентыраў i мадэляў паводзiнаў насуперак традыцыйным для “мясцовай” культуры. Падобныя зьявы ўзьнiкаюць як у вынiку розных формаў вайсковай цi культурнай экспансii, так i з прычыны iнтэнсiўных працэсаў мадэрнiзацыi. Тэрмiн “калянiзацыя” ў дадзеным кантэксьце ня мае ацэначнай пазнакi, тут ён выступае ў якасьцi нэўтральнага панятку. Мова йдзе пра культурную калянiзацыю, у параўнаньні зь якой палiтычная калянiзацыя — толькi прыватны выпадак, далёка ня самы радыкальны па сваiх вынiках.

У цэлым культурны шок адыгрывае ў культурнай дынамiцы станоўчую ролю, паколькi пазбаўляе адназначнасьцi звыклыя культурныя стандарты, садзейнiчае культурным кантактам розных супольнасьцяў, пашырае меру iх адкрытасьцi, iнтэграцыi iншакультурных элемэнтаў у традыцыйныя культурныя сыстэмы, абуджае iнавацыйныя паводзiны з боку як асобных iндывiдаў, так i сацыяльных групаў.

Узаемадзеяньне культураў можа адбывацца як у канструктыўна-прадуктыўных, так i ў канфлiктных формах. У другiм выпадку культурны шок перарастае ў культурны канфлiкт. Культурны канфлiкт уяўляе сабой крытычную стадыю супярэчаньняў у каштоўнасна-нарматыўных устаноўках i сьветапоглядных арыентацыях памiж асобамi, групамi, асобай i групай, асобай i грамадзтвам, культурнай меншынёй i грамадзтвам у цэлым, памiж рознымi супольнасьцямi цi iх каалiцыямi.

У адрозьненьне ад большасьцi iншых вiдаў канфлiктаў, у аснове якiх, як правiла, знаходзяцца прыватныя супярэчнасьцi ў пэўных сфэрах (эканомiцы, палiтыцы, перадзеле ўласнасьцi, статусна-ролевых i крэўна-сваяцкiх стасунках i да т.п.), культурны канфлiкт вырозьнiваецца сваёй канцэптуальнай абумоўленасьцю. У ягоным подзе — прынцыповая несумяшчальнасьць моваў розных культураў. Сумяшчэньне несумяшчальнага спараджае “сэмантычны землятрус”, якi парушае ня толькi працэс мiжкультурнай камунiкацыi, але i ўнармаванае iснаваньне кожнага з удзельнiкаў сутыкненьня. Фундамэнтам канфлiкту становiцца ня нечая злая воля цi сьвядомы сабатаж, але найперш глыбiнныя разрозьненьнi ў сацыяльным досьведзе канфлiктуючых бакоў, замацаваных у фундамэнтальных прынцыпах культуры.

Практычныя формы культурнага канфлiкту могуць мець розны маштаб i характар: ад прыватнай сваркi да мiждзяржаўных супрацьстаяньняў (сытуацыя “халоднай вайны”) i каалiцыйных войнаў. Тыповымi прыкладамi найбольш маштабных i жорсткiх культурных канфлiктаў зьяўляюцца рэлiгiйныя i грамадзянскiя войны, рэвалюцыйныя i нацыянальна-вызвольныя рухi, генацыд i “культурныя рэвалюцыi”, гвалтоўнае прылучэньне да “iсьціннай веры” i зьнiштажэньне нацыянальнай iнтэлiгенцыi, палiтычны перасьлед “iншадумцаў” i г.д.

Культурныя канфлiкты, як правiла, адрозьнiваюцца асаблiвай жорсткасьцю i бескампрамiснасьцю, а ў выпадку ўжываньня сiлы маюць на мэце ня столькi прыгнёт, колькi фiзычнае зьнiштажэньне носьбiтаў чужых каштоўнасьцяў. У падобных выпадках людзьмi рухае ня лёгiка, а глыбiнная псыхалягiчная залежнасьць ад канкрэтнага тыпу культуры, замацаваная на дарацыянальным узроўнi перакананасьцi ўва ўласнай праўдзе. Культурны канфлiкт — гэта супрацьстаяньне не жыцьцёва iстотных аспэктаў чалавечага iснаваньня, а спрэчка суб'ектыўных перакананьняў, сутыкненьне прыярытэтаў. Тыповы прыклад: варагаваньне “тупаканечнiкаў” i “востраканечнiкаў” у Свiфта. Прырода культурнага канфлiкту iрацыянальная. Менавiта таму тут вельмi складана дасягнуць кампрамiсу.

Найбольш радыкальны i эфэктыўны спосаб выхаду з культурнага канфлiкту — не даваць магчымасьцi яму выявiцца. Папярэджаньне культурных канфлiктаў магчыма толькi на аснове недагматычнай сьвядомасьцi, для якой iдэя культурнага полiмарфiзму (прынцыповай шматмернасьцi прасторы культуры i прынцыповай немагчымасьцi “адзiна вернага” культурнага канону) будзе натуральнай i вiдавочнай. Шлях да “культурнага мiру” ў адмове ад манаполii на iсьцiну i памкненьня гвалтам дасягнуць кансэнсусу. Пераадоленьне “эпохi культурных канфлiктаў” станецца магчымым у той меры, у якой сацыяльны гвалт ува ўсiх ягоных праявах перастане разглядацца ў якасьцi рухавiка гiсторыi.

Лiтаратура

1. Арон Р. Демократия и тоталитаризм. М., 1993.

2. Гройс Б. Утопия и обмен. М., 1993.

3. Ерасов Б. Социальная культурология. М., 1996.

4. Ионин Л. Социология культуры. М., 1996.

5. Культурология. ХХ век. Энциклопедия. СПб., 1994.

6. Benedikt R. Patterns of Culture. Boston, 1994.

7. Kroeder A-L. Configurations of Culture Growth. Berkley. Los Angelos, 1944.

8. Merton R. Sociological Ambivalence. NY, 1976.

9. Parsons T. The Structure Of Social Action. Glenscoe, 1961.