Мэдыі і камунікацыя

Курс лекцыяў


Сусьветная камунікацыя і камунікацыя ў культуры - Глябальныя інфармацыйныя патокі і інфармацыйныя прадукты

Плян:

1. Інфармацыя бязь “межаў” і абмежаваньняў

2. Інфармацыйныя прадукты: вытворчасьць і распаўсюджваньне

3. На шляху да новага інфармацыйнага і камунікацыйнага парадку

Калі паглядзець на гісторыю разьвіцьця СМІ, то няцяжка заўважыць, што іхны прагрэс зьвязаны з:

— паступовым пераадоленьнем усё большых дыстанцыяў у перадачы інфармацыі.

— павелічэньнем хуткасьці і аб'ёмаў перадаванай інфармацыі.

— глябалізацыяй інфармацыйных сетак і інфармацыйных патокаў.

Сапраўдны прарыў у перадачы інфармацыі на вялікія адлегласьці і даступнай шырокім аўдыторыям адбыўся ў 20 ст., і зьвязаны ён з разьвіцьцём кароткахвалёвых вяшчальных станцыяў і адпаведных прыймачоў. Упершыню яны пачынаюць актыўна выкарыстоўвацца падчас другое сусьветнае вайны. Кароткахвалёвыя перадачы паўсталі з прапагандысцкіх мэтаў і фактычна былі працягам той вайны, якая вялася канвэнцыйнымі ці традыцыйнымі сродкамі зьнішчэньня чалавека.

Найбольшага разьвіцьця кароткахвалёвае радыёвяшчаньне набыло ў пару гэтак званай халоднай вайны, якая доўжылася каля 15 гадоў, ад 1947 г. да, прыкладна, 1960 г. Як вядома, гэта была вайна дзьвюх палітычных і ідэалягічных сыстэмаў, у якой ролю пратаганістаў адыгрывалі Злучаныя Штаты Амэрыкі і былы Савецкі Саюз. На радыёфанічную вайну з абодвух бакоў выдаткоўваліся калясальныя сродкі. На самым яе пачатку, г.зн. у 1946—1947 гг., ЗША вырашаюць істотна пашырыць сваю радыёінфармацыйную сетку. Яны ўсталёўваюць каля ста радыёвяшчальных станцыяў агульнай магутнасьцю 15 млн. ват, якія забясьпечвалі 800-гадзіннае радыёвяшчаньне на 38 мовах сьвету. Вельмі хутка “Голас Амэрыкі” пачаў “размаўляць” на мовах былых краінаў савецкага блёку. А з траўня 1949 г. “Голас Амэрыкі” кругласутачна вяшчае на расейскай мове. Вяшчаньне на расейскай мове вялося з 60 перадавальнікаў, разьмешчаных у Эўропе.

Зьмест гэтых перадачаў быў прапагандысцкі. Францускі гісторык СМІ Жан-Наэль Жанэні так апісвае асноўныя пастуляты прапагандысцкага радыёвяшчаньня “Голасу Амэрыкі”: “па-першае, амэрыканцы — гэта добры народ, па-другое, Амэрыка — гэта высакародная і незаангажаваная краіна, па-трэцяе, Амэрыка — гэта дэмакратычная краіна, амэрыканцы вераць у свабоду думкі і выказваньня… Па-чацьвертае, амэрыканцы спрыяюць вызваленьню і свабодзе іншых народаў”.

Савецкае радыё, з свайго боку, сьцьвярджала, што канфлікт паміж двума блёкамі зьяўляецца пэрманэнтным і татальным, а таму ў ім немагчыма быць нэўтральным. “Другая тэма: мільёны людзей ува ўсім сьвеце падтрымліваюць камунізм… СССР аказвае дапамогу ўсім краінам, што імкнуцца да свабоды. Ён упарта працуе дзеля справы міру… Меншасьці (у ЗША) прыгнятаюцца, пастаянна адбываюцца страйкі працоўных, мае мейсца беспрацоўе і інфляцыя, што сьведчаць пра недасканаласьць капіталістычнай сыстэмы”.

Гэткім чынам, ад часу другой сусьветнай вайны пачынае складвацца глябальная камунікацыйная сыстэма. Хаця кантэкст паўставаньня гэтай сыстэмы і быў ідэалягічна-прапагандысцкі, аднак фактам зьяўляецца тое, што вялікія інфармацыйныя патокі, разьлічаныя на шматмільённыя аўдыторыі, пачынаюць перасякаць межы самых розных краінаў, ахопліваючы вялізныя тэрыторыі эўрапейскага, азіяцкага і амэрыканскага кантынэнтаў.

Заканчэньне халоднай вайны і аслабленьне ідэалягічнага супрацьстаяньня высунула і актуалізавала шэраг новых ці адносна новых праблемаў датычна як выкарыстаньня саміх сродкаў масавай інфармацыі, так і сацыяльнай, палітычнай і культурнай ролі тых людзей, якія непасрэдна займаюцца інфармацыйнай дзейнасьцю. Гэта — праблема свабоды слова і інфармацыі, свабоднага і ідэалягічна неабмежаванага доступу да інфармацыі, праблема яе нязмушанага распаўсюджваньня і атрыманьня. Гэта таксама праблема аб'ектыўнасьці і неперакручанасьці інфармацыі, праблема палітычнай заангажаванасьці альбо незаангажаванасьці журналістаў.

У той жа час неабходна ўсьведамляць, што галоўнай прычынай павелічэньня інфармацыйных патокаў, разьлічаных на вялікую колькасьць людзей, насамрэч сталася не халодная вайна і не прапагандысцкая дзейнасьць. Гэта ўсё ж такі толькі прыклад выкарыстаньня новых ці ўдасканаленых сродкаў перадачы інфармацыі ў пэўных, у дадзеным выпадку, прапагандысцкіх мэтах. Камунікацыйны выбух мусіў быў адбыцца паводле самой лёгікі разьвіцьця камунікацыйных сыстэм.

Зьвернем увагу на тое, што па другой сусьветнай вайне ў заходніх грамадзтвах адбываюцца вельмі істотныя агульнакультурныя і тэхналягічныя зьмены. Разам з камунікацыйнымі зрухамі іх можна разглядаць як вынік дзеяньня эфэкту назапашваньня навуковай веды, культурніцкага і сацыяльнага досьведу, а таксама навуковых і тэхналягічных ноў-хаў, здабытых зь веды ўсёй папярэдняй гісторыі заходняй цывілізацыі. Гэтыя зьмены, пра якія мы гаварылі ў папярэдніх лекцыях, прывялі да ўзьнікненьня масавага постіндустрыяльнага грамадзтва, у якім камунікацыйныя працэсы і сыстэмы адыгрываюць ня менш істотную ролю, чымся працэсы вытворчасьці матэрыяльных прадуктаў.

Ёсьць і яшчэ адзін момант, на які не заўсёды зьвяртаецца ўвага, а менавіта, у постіндустрыяльных грамадзтвах на некалькі парадкаў ускладняюцца самыя розныя працэсы, а таксама сувязі паміж людзьмі і арганізацыямі. Гэта азначае, што чым больш складаныя сувязі і чым больш структураванае грамадзтва, тым большы кошт набывае ў ім інфармацыя. Ускладненьне сацыяльнага жыцьця і ўзрастаньне кошту інфармацыі, у сваю чаргу, зьмяняе характар камунікацыйнай дзейнасьці. У рэшце рэшт яна ператвараецца ў самастойную дзейнасьць, а з узьнікненьнем новых электронных сродкаў перадачы і апрацоўкі інфармацыі такіх, як тэлебачаньне, відэа, кампутар і Інтэрнэт, ператвараецца ў сапраўдную індустрыю і нават бізнэс. Гэта індустрыя вырабу і бізнэс па продажы вялікага шэрагу інфармацыйных, інфармацыйна-культурніцкіх, інфармацыйна-забаўляльных ды іншых прадуктаў.

Зводкі навінаў, інфармацыйныя і іншыя тэлевізійныя праграмы, відэа- і кінафільмы, звычайныя і кампутарныя кампакт-дыскі — усё гэта прадукты сучаснай інфармацыйнай індустрыі і бізнэсу. Прадукаваньнем навінаў у сучасным сьвеце займаюцца пераважна інфармацыйныя агенцыі. Сёньня ў сьвеце існуе каля 1200 інфармацыйных агенцыяў. Самымі буйнымі зь іх зьяўляюцца 4 заходнія агенцыі. Гэта Reuters, Agence France Press, Associated Press і United Press International.

Паводле дадзеных ЮНЭСКА, у 1988 г. яны прадукавалі: Associated Press — 17 млн. словаў у дзень, United Press International —14 млн., Reuters — 1,5 млн. і Agence France Press — 1 млн. словаў у дзень. Названыя вышэй інфармацыйныя агенцыі пастаўляюць на сусьветны інфармацыйны рынак да 90 адсоткаў ад усёй колькасьці зводкаў навінаў.

Як можна бачыць, самай буйной зьяўляецца амэрыканская агенцыя Associated Press, заснаваная ў 1848 г. На сёньня паток навінаў, які прадукуе Associated Press, складаецца з 20 млн. словаў штодня. Акрамя тэкстаў яна прадукуе таксама 1000 фатаграфіяў у дзень і мае самую буйную радыёвяшчальную сетку ў ЗША.

Associated Press — добры прыклад глябалізацыі як працэсу прадукаваньня навінаў, так і іхнага распаўсюджваньня па ўсім сьвеце. Гэтая агенцыя мае 237 бюро ў 72 краінах, у якіх працуе каля трох з паловай тысячаў карэспандэнтаў.

Толькі ў ЗША Associated Press абслугоўвае 6000 радыё і тэлевізійных станцыяў і 1700 газэтаў. Акрамя гэтага падпісчыкамі інфармацыі зьяўляюцца 8500 газэтаў, радыё і тэлевізійных станцыяў у 112 краінах сьвету. Інфармацыя, якую рыхтуе Associated Press, распаўсюджваецца на шасьці мовах сьвету: ангельскай, нямецкай, францускай, гішпанскай, швэдзкай і данскай мовах.

Мы ўжо казалі, што чатыры самыя буйныя інфармацыйныя агенцыі пастаўляюць на сусьветны рынак каля 90 адсоткаў інфармацыі. Што ж да відэапрадукцыі, г.зн. кіна- і відэафільмаў, рознага кшталту тэлевізійных праграмаў, то і тут таксама назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да індустрыялізацыі іхнай вытворчасьці і паўставаньня глябальных сыстэмаў распаўсюджваньня.

Да 80-х гадоў 20 ст. складваюцца два магутныя цэнтры па вытворчасьці відэапрадукцыі: Злучаныя Штаты Амэрыкі і былы Савецкі Саюз. Гэтыя дзьве краіны імкнуліся ня толькі да самазабесьпячэньня відэапрадукцыяй, але і да яе экспарту па ўсім сьвеце. У 1980 г. зьмест тэлеканалаў у былым СССР на 92 адсоткі запаўняўся праграмамі ўласнай вытворчасьці. У ЗША гэтая лічба была яшчэ большай: 98 адсоткаў відэапрадукцыі было амэрыканскай вытворчасьці. Калі ў былым СССР па тым часе дзейнічалі ідэалягічныя абмежаваньні на дэманстрацыю заходняй відэапрадукцыі, то ў выпадку з ЗША прычыны такога становішча былі іншыя. З аднаго боку, рынак відэапрадукцыі быў настолькі насычаны, а відэаіндустрыя настолькі магутная, што “прабіцца” на гэты рынак камусьці яшчэ было практычна немагчыма, а, з другога, адносную закрытасьць амэрыканскага рынку можна патлумачыць тым, што і ў ЗША да пэўнага часу захоўваліся ідэалягічныя стэрэатыпы.

На вонкавым рынку прысутнасьць ЗША і былога СССР была зусім розная. У афрыканскіх краінах відэапрадукцыя ЗША складала 20 адсоткаў ад усёй колькасьці паказанай відэапрадукцыі, у той час як доля СССР была роўная толькі 1 адсотку. Адзінае мейсца, дзе былы СССР “канкураваў” з ЗША нароўні, былі краіны сацыялістычнага блёку. У той жа самы час сукупная доля заходняй відэапрадукцыі была ў 2 разы большая за долю відэапрадукцыі з СССР (адпаведна 12 і 6 адсоткаў).

У пэрыяд з 1980 па 1984 гг. практычна ўва ўсім сьвеце адбываюцца даволі істотныя зьмены ў разьмеркаваньні інфармацыйных патокаў. Хаця Злучаныя Штаты па-ранейшаму захоўваюць сваю дамінацыю, аднак разьвіцьцё інфармацыйна-камунікацыйных працэсаў пачало разгортвацца ў накірунку павелічэньня менавіта абмену інфармацыяй паміж рознымі краінамі і рэгіёнамі сьвету.

Паказальнымі тут зьяўляюцца зьмены на самім інфармацыйным рынку ЗША. Калі ў 1980 г. 98 адсоткаў відэапрадукцыі ЗША былі ўласнай вытворчасьці, то да 1984 г. імпарт відэапрадукцыі павялічваецца з 2 да 13 адсоткаў. Яна імпартуецца зь Вялікай Брытаніі (10 адсоткаў), Канады (2 адсоткі) і з Францыі (1 адсотак). У заходнеэўрапейскіх краінах таксама назіраецца павелічэньне ўзаемаабмену відэапрадукцыяй і, адпаведна, зьмяншэньне долі прадукцыі ўласнай вытворчасьці.

Цікавыя зьмены адбываюцца таксама і ў краінах трэцяга сьвету. Тут, наадварот, павялічваецца выраб уласных тэлепраграмаў і зьмяншаецца доля імпарту відэапрадукцыі і менавіта з ЗША. У названы вышэй пэрыяд выраб уласных тэлепраграм павялічыўся ў Чылі з 3 да 8 адсоткаў, у Маляйзіі — з 10 да 17 адсоткаў, у Бангладэш — з 15 да 25 адсоткаў. Зьмяншэньне імпарту з ЗША кампэнсуецца таксама павелічэньнем імпарту зь іншых краінаў трэцяга сьвету. Падобныя тэндэнцыі ў гэты пэрыяд характэрныя практычна для ўсіх краінаў трэцяга сьвету.

Чым можна патлумачыць гэтыя зьмены, і чаму яны адбываліся менавіта ў гэты пэрыяд? Прычынаў таму некалькі. Перадусім гэта эканамічныя, геапалітычныя, гістарычныя, культурніцкія і лінгвістычныя прычыны. Трэба аднак мець на ўвазе, што яны па-рознаму выяўляюцца, калі гаворка ідзе пра разьвітыя краіны і краіны трэцяга сьвету.

У выпадку Галяндыі, Швэцыі ці Фінляндыі імпарт амэрыканскай відэапрадукцыі (кінафільмаў і забаўляльных тэлевізійных праграмаў) дыктуецца больш танным, чымся ўласны, коштам, бо гэтыя краіны ня маюць канкурэнтаздольнай відэаіндустрыі.

У павелічэньні двухбаковага патоку відэапрадукцыі паміж ЗША і Вялікай Брытаніяй, акрамя эканамічных прычынаў, адыгрывае ролю і тое, што яны зьяўляюцца стратэгічнымі партнэрамі, да таго ж паміж гэтымі краінамі адсутнічаюць моўныя бар'еры.

Што да краінаў трэцяга сьвету, то тут трэба ўзяць пад увагу такія працэсы, як рэгіяналізацыя, умацаваньне культурніцкай і палітычнай незалежнасьці, пераадоленьне каляніяльных і посткаляніяльных комплексаў. Усё гэта разам прымушае краіны трэцяга сьвету ўмацоўваць сваю ўласную нацыянальную і культурную ідэнтычнасьць.

У якасьці больш агульных прычынаў працэсаў глябалізацыі інфармацыйнага і камунікацыйнага абмену неабходна назваць разбурэньне сыстэмы татальнага ідэалягічнага супрацьстаяньня (пасьля распаду СССР), культурную, палітычную, ідэалягічную і эканамічную дэцэнтралізацыю, якая характэрная для сёньняшняга сьвету, і, нарэшце, зьяўленьне па другой сусьветнай вайне шэрагу новых палітычных і эканамічных суб'ектаў. Зьмены ў глябальных камунікацыйных працэсах, зьяўленьне новых магутных інфармацыйных патокаў і зьвязваньне іх у глябальныя інфармацыйныя сеткі дасьледчыкі мэдыяў і камунікацыі разглядаюць як працэс фармаваньня новага сусьветнага інфармацыйнага парадку.

У якасьці ідэалягічнай асновы гэтага парадку яны называюць такія фундамэнтальныя каштоўнасьці, як свабода выказваньня, свабода доступу да інфармацыі, яе свабоднае распаўсюджваньне і аб'ектыўнасьць у асьвятленьні розных падзеяў і сацыяльных зьяваў. Сам тэрмін інфармацыя набывае тут значэньне чагосьці ад пачатку аб'ектыўнага і ставіцца ў адзін ровень з паняткам “факт”, што звычайна падкрэсьліваецца, калі гаворка ідзе пра адрозьненьне інфармацыі ад апініі, камэнтара ці аналітычнага матэрыялу.

У гэтым сэнсе можна казаць, што ў сучаснай камунікацыйнай сфэры інфармацыя разглядаецца ў якасьці своеасаблівай каштоўнасьці, ідэальнай мэты. “Сваёй місіяй агенцтва лічыць пастаўку якаснай, дакладнай і збалянсаванай інфармацыі”,— так вызначае для сябе найвышэйшую мэту сваёй дзейнасьці агенцыя Associated Press.

Фармальна, як лічыць Лорымэр, паўставаньне ідэі новага сусьветнага інфармацыйнага і камунікацыйнага парадку можна аднесьці да пачатку 70-х гадоў, калі з распадам каляніяльнай сыстэмы на міжнароднай арэне зьявіліся новыя краіны. Тады і была зьвернута ўвага на падзеі, што адбываліся ў краінах трэцяга сьвету. У 1970-я і 80-я гады шырока абмяркоўваліся недахопы дзейнасьці буйных сусьветных інфармацыйных агенцыяў па асьвятленьні падзеяў, што адбываліся ў краінах трэцяга сьвету. Вядомым фактам перакручваньня рэальнай сытуацыі зьяўляецца гісторыя з прагалошаньнем сурынамскай незалежнасьці. Ніводная лацінаамэрыканская газэта не падала на першай паласе ці не згадала наогул інфармацыю пра абвяшчэньне незалежнасьці гэтай краінай, хаця яна і знаходзіцца ў Паўднёвай Амэрыцы. Як высьветлілася, гэтак сталася таму, што інфармацыйныя агенцыі ЗША проста не зьвярнулі ўвагі на гэтую падзею, і, адпаведна, яе прамінулі залежныя ад інфармацыйных стужак, перадаваных з ЗША, лацінаамэрыканскія газэты.

Другім вядомым фактам перакручваньня рэальнай сытуацыі зьяўляецца гісторыя з цэнтральным офісам агенцыі Associated Press. Гэта прыклад гэтак званага фільтраваньня інфармацыі. Сутнасьць гісторыі ў тым, што пасьля апрацоўкі інфармацыі, якая падавалася паводле розных катэгорыяў (“Сельская гаспадарка”, “Эканоміка і бізнэс”, “Спорт” і г.д.), у зводцы цэнтральнага офісу істотна зьмяняліся суадносіны паміж імі. Калі да прыкладу, інфармацыі зь мейсцаў пра мастацтва і культуру складалі некалькі адсоткаў, то ў канчатковай зводцы яны адсутнічалі наогул. І наадварот, за кошт падобных скарачэньняў істотна павялічвалася ўдзельная вага інфармацыі па такіх катэгорыях, як “Крымінал” і “Бедзтвы”. Паводле дадзеных Ал Хэстэра, удзельная вага інфармацыі пра “крымінал” у шэрагу выпадкаў узрастала з 13—15 адсоткаў (у зводцы мясцовых бюро) да 50 адсоткаў у канчатковай зводцы цэнтральнага офісу, і менавіта такая інфармацыя рассылалася сотням і тысячам падпісчыкаў.

Яшчэ большыя праблемы ў гэтай сфэры могуць узьнікаць у зьвязку з экспансіяй масавай відэапрадукцыі. Найперш тут маюцца на ўвазе фільмы і тэлевізійныя праграмы рознага зьместу, ад адукацыйных да забаўляльных, але зробленых паводле дамінуючых стэрэатыпаў, характэрных для нейкай адной культуры. Асабліва вострай гэтая праблема становіцца ў тых выпадках, калі такая прадукцыя распаўсюджваецца ў посткаляніяльных грамадзтвах ці ў грамадзтвах, дзе лякальныя альбо ўласнанацыянальныя культуры недафармаваныя. Шырокае распаўсюджаньне і дамінаваньне на экране такой прадукцыі мае сваім эфэктам блякаваньне разуменьня рэальных культурных, сацыяльных праблемаў і працэсаў таго грамадзтва, дзе мадэрнізацыйныя працэсы яшчэ не адбыліся ці не завершыліся.

Гэтыя і падобныя праблемы і факты ў рэшце рэшт справакавалі сур'ёзныя міжнародныя дэбаты, на аснове якіх у межах ЮНЭСКА на пачатку 1970-х гадоў былі сфармуляваныя тры праблемныя тэзы.

Першая тэза: разьвіцьцё камунікацыйных паслуг і інфармацыйных тэхналёгіяў забясьпечыла дамінантную пазыцыю невялікай колькасьці дзяржаваў, якія і выкарыстоўваюць гэтую пазыцыю для забесьпячэньня сваёй дамінантнай прысутнасьці ў тых культурах і грамадзтвах, якія не валодаюць падобнымі тэхналёгіямі. А таму і захоўваецца сытуацыя, калі ёсьць дамінантныя і падпарадкаваныя краіны, цэнтар і пэрыфэрыя.

Другая тэза: буйнамаштабнае разьвіцьцё інфармацыйных сыстэм і адпаведнай ім індустрыі кансэрвуе падпарадкаванае становішча менш разьвітых краінаў. Спробы супрацьдзеяньня гэтаму становішчу могуць прывесьці да пагаршэньня сытуацыі са свабодай слова і свабоднага распаўсюджваньня інфармацыі і адкрыць магчымасьць прыходу да ўлады аўтарытарных рэжымаў.

Трэцяя тэза: глябалізацыя вытворчасьці інфармацыі, якая кантралюецца некалькімі агенцыямі, сталася інструмэнтам эксплюатацыі рынкаў і не служыць культурным, сацыяльным і палітычным патрэбам інфармацыйна падпарадкаваных краінаў. Гэта азначае, што элімінаваньне і ігнараваньне культурніцкіх, сацыяльных і адукацыйных патрэбаў паасобных нацыяў не спрыяе разьвіцьцю іхнай культурна-нацыянальнай ідэнтычнасьці і ня служыць мэце сацыяльнай інтэграцыі тых грамадзтваў.

Працяг дыскусіі адносна новага інфармацыйнага парадку меў мейсца вакол дакладу МакБрайда, падрыхтаванага камісіяй ЮНЭСКА па праблемах глябальнай камунікацыі. Гэты даклад на 312 старонках прывёў да фармуляваньня двух прынцыпаў, якія былі прынятыя на дзьвюх міжурадавых канфэрэнцыях. Адна зь іх адбылася ў 1976 г. у Сан Жозэ дэ Костарыка, другая ў 1979 г. у Куала Лумпур.

Першы прынцып канстатаваў: “Нацыянальная камунікацыйная палітыка краінаў мусіць фармавацца ў кантэксьце нацыянальных рэаліяў, у кантэксьце свабоды выказваньня і павагі да індывідуальных і сацыяльных правоў”.

Другі прынцып канстатаваў: “Камунікацыя, адначасова разгляданая як сродак сьцьверджаньня нацыянальнай, калектыўнай ідэнтычнасьці і як інструмэнт сацыяльнай інтэграцыі, мусіць адыгрываць вырашальную ролю ў дэмакратызацыі сацыяльных зносін у той меры, у якой яна не замінае шматкірункаваму патоку пасланьняў…”

Калі прааналізаваць абодва гэтыя прынцыпы, то можна вылучыць некалькі істотных момантаў. Па-першае, гэта “кантэкст нацыянальных рэаліяў”. Вельмі выразна гэты момант сфармуляваны ў другім прынцыпе: камунікацыя ёсьць сродкам сьцьверджаньня і ўмацаваньня нацыянальнай і калектыўнай ідэнтычнасьці, інструмэнтам сацыяльнай інтэграцыі. Прыведзеныя фармулёўкі, хаця і ў стрыманай форме, аднак адлюстроўваюць антыкаляніяльны патас шэрагу новых краінаў, што паўсталі ў трэцім сьвеце.

Па-другое, яны адлюстроўваюць дзяржаўны і агульнанацыянальны прагматызм тых грамадзтваў, дзе сацыяльная кансалідаванасьць і больш шчыльная інтэграванасьць проста неабходныя дзеля ажыцьцяўленьня трансфармацыйных працэсаў, мадэрнізацыі гэтых грамадзтваў і правядзеньня рэформаў.

Па-трэцяе, “кантэкст нацыянальных рэаліяў” — гэта насамрэч кантэкст недафармаванай нацыянальнай сьвядомасьці і самасьвядомасьці, гэта кантэкст, у якім адсутнічаюць паўнавартасная грамадзянская самасьвядомасьць і паўнавартасная грамадзянская супольнасьць. З гэтай прычыны балянс паміж сацыяльным хаосам і сацыяльным парадкам у такіх грамадзтвах заўсёды хісткі.

Па сутнасьці, пададзеныя вышэй прынцыпы ўтрымліваюць у сабе элемэнт абарончай рэакцыі на рэальную пагрозу сацыяльнай дэстабілізацыі і канфліктаў у тых грамадзтвах, дзе адбываецца зьмена палітычнай, культурнай і сацыяльнай ідэалёгіяў. Як гэта ні парадаксальна, аднак шлях да дэмакратыі ў краінах, дзе грамадзянская супольнасьць несфармаваная, а нацыянальна-культурная ідэнтычнасьць размытая, даволі часта пралягае праз дыктатуры і аўтарытарныя рэжымы, якія, на жаль, аказваюцца больш моцным сродкам стрымліваньня татальнага хаосу і дэстабілізацыі, чымся праклямаваныя дэмакратычныя каштоўнасьці.

У той жа самы час вызначэньне камунікацыі як сродку сьцьверджаньня нацыянальнай, калектыўнай ідэнтычнасьці і інструмэнту сацыяльнай інтэграцыі ўступае ў супярэчнасьць з дэмакратычным правам індывіда на свабоднае і неабмежаванае атрыманьне інфармацыі. А таму названыя вышэй прынцыпы былі расцэнены ўрадам ЗША і журналісцкай супольнасьцю як спроба ўвядзеньня дзяржаўнага кантролю над свабоднымі патокамі інфармацыі. Урад ЗША спыніў фінансаваньне ЮНЭСКА, што прывяло да скарачэньня бюджэту гэтай арганізацыі на адну траціну. Генэральны дырэктар Амаду М'Боў падаў у адстаўку.

Мадэрнізацыя эканомік, што да 90-х гадоў адбылася ў шэрагу краінаў трэцяга сьвету, зьмяніла некаторыя акцэнты, якія тычацца праблемы новага інфармацыйнага парадку. Рост прамысловай вытворчасьці ў некаторых з гэтых краінаў зрабіў для іх актуальнай праблему эканамічных стасункаў з заходнімі эканомікамі. У гэты ж час назіраецца і ссоўваньне акцэнтаў з праблемаў культурнага, сацыяльнага і ідэалягічнага пляну на праблемы эканамічныя.

З другога боку, шэраг вядомых сусьветных інфармацыйных агенцыяў з разуменьнем успрынялі крытыку ў свой адрас, якая тычылася інфармацыйнага перакручваньня рэальных сытуацый у краінах трэцяга сьвету. Прыклад агенцыі Рэйтэр тут будзе да мейсца. Адказваючы на жаданьні некаторых урадаў краінаў трэцяга сьвету, агенцыя Рэйтэр час ад часу асьвятляе іх урадавыя ініцыятывы. І ўжо колькі год гэтая агенцыя пастаянна ўлучае ў свае зводкі эканамічную інфармацыю з трэціх краінаў.

За гэты час адбыліся зьмены і ў інфармацыйнай сытуацыі саміх краінаў трэцяга сьвету. Некаторыя зь іх самі зрабіліся сусьветнымі вытворцамі відэа і інфармацыйных прадуктаў.

Вядомымі ў сьвеце сталі дзьве лацінаамэрыканскія кампаніі: бразыльская “TV Globo” і мэксыканская “Televisa Mexico”. Абедзьве спэцыялізуюцца на вытворчасьці мыльных опэраў і шырока прысутныя на сусьветным інфармацыйным рынку. Да прыкладу, “Televisa Mexico” у 1989 г. экспартавала сваю відэапрадукцыю ў 35 краін сьвету. Былыя савецкія людзі таксама знаёмыя з прадукцыяй гэтых кампаніяў.

Аднак, нягледзячы на зьмены, што адбываюцца ў сусьветным інфармацыйным парадку, наўрад ці можна сьцьвярджаць, што ў сучасным сьвеце ўжо пакончана зь інфармацыйным імпэрыялізмам, перакручаньнем і прэпараваньнем інфармацыі ў інтарэсах тых ці іншых дамінуючых сацыяльных груповак альбо нават дзяржаваў. Аб'ектыўнасьць інфармацыі — гэта аргумэнт толькі тых і для тых, хто адмаўляецца ад гвалту, ужываньня грубай сілы і падману як сродку дасягненьня асабістых альбо карпаратыўных мэтаў.

А паколькі дзеля дасягненьня ўласных мэтаў людзі бываюць схільныя ігнараваць і адпрэчваць праўдзівую інфармацыю, то шлях да новага інфармацыйнага парадку пралягае праз збалянсаваньне самых розных інтарэсаў як асобных людзей, так і розных сацыяльных групаў і дзяржаваў; адпаведна — і празь няўціск гэтых інтарэсаў.

Літаратура

1. Lorimer R. Mass Communication. A Comparative Introduction. Manchester University Press, 1994.

2. Une Histoire des Medias des Origines а nos Jours par Jean-Noel Jeanneney, Paris.

3. Herman E. and Chomsky N. Manufacturing Consent. The Political Economy of Mass Media.