Плян:
1. Мас-мэдыі ў грамадзтве закрытага i пераходнага тыпаў. Барацьба элiтаў i iнфармацыйныя войны. “Беларускi варыянт”
2. Мэдыя-тэкст як генэратар значэньняў. Фэномэн “iнфармацыйнага сымулякру” паводле Ж.Бадрыяра
3. Прырода i асноўныя тыпы гiпэртэксту. “Мэдыі ёсьць пасланьнем”
Разуменьне мас-мэдыяў як прэзэнтанта запатрабаваньняў розных групаў уплыву знаходзiць сваё пацьверджаньне пры разглядзе стану СМI ў постсавецкiм і постперабудовачным грамадзтве. Традыцыйная для савецкага грамадзтва мадэль працы СМI ператварала iх у паслухмяныя прыдаткi партыйна-дзяржаўнай машыны, якая манапольна валодала сэрцамi i душамi масаў. У поўнай адпаведнасьцi мэсiянскаму духу “кiруючай i рухаючай сiлы” савецкага грамадзтва, СМI мусiлi распаўсюджваць дырэктывы ды загады i вучыць масы камунiзму. Функцыi агiтатара i прапагандыста цалкам пазбавiлi СМI якой-кольвек творчай незалежнасьцi, кiруючая партыя пасьлядоўна ператварала сродкi iнфармацыi ў “мiнiстэрства энтузiязму”, якое было занятае вытворчасьцю дзяржаўнай мiталёгii. Савецкiя СМI пасьпяхова стваралi аднастайную iнфармацыйную прастору, афарбаваную ў колеры пануючай iдэалёгii.
Гарбачоўская эпоха прынцыпова зьмянiла гэтую схему. СМI набылi статус рупару грамадзкiх запатрабаваньняў, своеасаблiвага каналу “зваротнай сувязi” для рэфарматараў з кiруючай элiты. У той жа час менавiта СМI зрабiлiся арэнай адкрытай спрэчкi аб магчымых шляхах далейшага развою грамадзтва, сродкам прапрацоўкi сцэнароў рэфармаваньня сацыяльнай сыстэмы. Па сутнасьцi, мас-мэдыі зьдзяйсьнялi гуманiтарную экспэртызу грамадзкiх стасункаў. Застаючыся па-ранейшаму ў поўнай залежнасьцi ад дзяржавы, у сытуацыi “iдэалягiчнага вакууму” перабудовачныя СМI выкарыстоўвалiся разгубленай уладай для пошукаў адаптацыйных мэханiзмаў, якiя дазволiлi б выйсьцi з узьнiклага тупiка. “Галоснасьць” па сутнасьцi была просьбай аб даверы (улада абяцала стаць “празрыстай”) i адначасна крыкам аб дапамозе кiруючай партыйнай элiты, якая iмклiва губляла кантроль над сытуацыяй.
Новы статус СМI — творцы iдэяў i стваральнiка рэпутацыяў, стаўся крокам на шляху да заходняга стандарту мас-мэдыяў як каналу прамой i зваротнай сувязi ўлады i грамадзтва, тэрыторыi дыялёгу розных сацыяльных групаў. У той жа час гэта быў плюралiзм меркаваньняў, фiнансаваны дзяржавай. Адносна забясьпечанае грамадзтва магло сабе дазволiць поўнае ўтрыманьне СМI, што ў сытуацыi перабудовы садзейнiчала iх фiнансавай стабiльнасьцi i ў той жа час не вымагала палiтычнай заангажаванасьцi.
Кiраваньне грамадзкiмi настроямi на карысьць рэфарматарскай часткi кiруючай элiты фактычна зьдзяйсьнялася шляхам узнаўленьня звыклай з савецкай пары схемы бiпалярнага сьвету, жорстка разьдзеленага на “сваiх” i “чужых”. Толькi цяпер “сваiмi” сталi “прарабы перабудовы”, а “чужымi” — камунiсты, бюракраты, сiлавыя ведамствы, спэцслужбы i г.д. Можна казаць пра своеасаблiвую рэанiмацыю радыкальна-дэмакратычнай субкультуры 19 — пачатку 20 ст., якая на нейкi час зрабiлася асноўным сэнсавым элемэнтам сучасных грамадзкiх настрояў.
Спроба рэфармаваньня савецкай сыстэмы пры Гарбачову спарадзiла шэраг тэндэнцыяў, зьвязаных зь пераходам да прынцыпова iншай мадэлi сацыяльнага ўладкаваньня. Рэфарматары ад улады адкрылi шлях да перадзелу некалi непадзельна адзiнай партыйна-дзяржаўнай уласнасьцi. Найбольш ярка гэта выявiлася ў постгарбачоўскай Расii. Адмова ад глябальнага дзяржаўнага кантролю за эканомiкай, фармаваньне магутных групаў новай фiнансава-прамысловай элiты, агульны заняпад на рубяжы 90-х гадоў узроўню жыцьця, размываньне “савецкай iнтэлiгенцыi” — усё гэта разам істотна паўплывала на сытуацыю ў СМI. Канкрэтна гэта азначала:
— вызваленьне СМI ад дзяржаўнага кантролю i зьяўленьне фармальна незалежных ад улады iнфармацыйных крынiцаў;
— рэзкае скарачэньне колькасьцi чытачоў, што пазбавiла друкаваныя СМI магчымасьцi пакрываць свае затраты за кошт падпiскi i рэалiзацыi ўраздроб;
— пераход на прыватнае фiнансаваньне, што ператварыла былыя “перабудовачныя” СМI зь iндыкатару грамадзкiх настрояў у выказьнiкаў запатрабаньняў розных фiнансава-прамысловых групаў. “Прыватызацыя” СМI сталася прычынай зьяўленьня “кiшэнных” выданьняў, тэлеканалаў i радыёстанцыяў розных суб'ектаў расiйскай эканомiкi;
— СМI, страцiўшы ранейшы статус пасярэднiка памiж уладай i народам, усё ў большай меры становяцца iнструмэнтамi ўплыву, сродкамi прафэсiйнага манiпуляваньня грамадзкiмi настроямi. Робiцца ўсё больш вiдавочным разрыў памiж запатрабаваньнямi ўладальнiкаў СМI i масавай аўдыторыi, з чаго значна страчваецца цiкаўнасьць грамадзтва да мас-мэдыяў. У вынiку пачынаецца актыўны пошук “прынадаў” для спажыўца: ад тыражаваньня чутак i плётак пра жыцьцё “зорак” да “народных” тэлешоў з разыгрываньнем каштоўных выйгранак;
— афармляецца адкрыта кан'юнктурная мадэль iнфармацыйнай трансьляцыi. Ацэнка асобаў i падзеяў на адным i тым жа канале можа мяняцца на дыямэтральна супрацьлеглую ў залежнасьцi ад канкрэтнай сытуацыi цi пажаданьня гаспадароў;
— iнфармацыйная палiтыка большасьцi СМI парадаксальным чынам паядноўвае ў сабе крытыку ўлады i яе падтрымку. Падтрымка зьвязаная з тым, што гэтая мадэль палiтычнага кiраваньня грамадзтвам робiць магчымым эканамiчны i iнфармацыйны плюралiзм i тым самым адпавядае патрэбам сучасных СМI. У гэтым пляне мэты ўлады i СМI супадаюць. А крытыка, наадварот, найчасьцей зьвязаная з залiшне актыўнай прысутнасьцю дзяржавы ў натуральным працэсе фармаваньня рынкавых стасункаў.
Такiм чынам, iнфармацыйная прастора постперабудовачнага грамадзтва ўяўляе зь сябе пераходную форму ад аднастайнасьцi i аднароднасьцi таталiтарызму да рэальнага плюралiзму “адкрытага” грамадзтва. Але нестабiльнасьць i незгарманiзаванасьць новай мадэлi грамадзтва замiнае выразнаму фармаваньню пэрспэктывы пэўных iнфармацыйных стратэгiяў. Канфлiкты ў iнфармацыйнай прасторы i барацьба за яе перадзел пазбаўляюць СМI ўстойлiвага iмiджу i яснай пазыцыi, што перашкаджае канцэнтрацыi ўвагi магчымых спажыўцоў. Да таго ж сацыяльная нестабiльнасьць дэфармуе спажывецкi рынак, i тым самым замаруджвае працэс афармленьня ўстойлiвай аўдыторыi. Да прыкладу, апошнi фiнансавы крызыс у Расii практычна зьлiквiдаваў фармацыю “новых рускiх”, што паставiла пад пытаньне лёс шматлiкiх глянцавых часопiсаў кшталту “Медведя” цi “Пентхауза”, арыентаваных менавiта на гэтага спажыўца.
Рэальная карцiна постперабудовачнай iнфармацыйнай прасторы хаатычная i непрадказальная, яна дакладна адлюстроўвае сацыяльную сытуацыю ў грамадзтве. Жаданы статус “чацьвёртай улады” немагчымы для СМI ў грамадзтве, дзе кiруе алiгархiя, а структура грамадзкай супольнасьцi яшчэ знаходзiцца ў стане пачатковага афармленьня.
Усё вышэйсказанае стасуецца i да сытуацыi ў Беларусi. Хаця нашая сытуацыя i розьнiцца ад расейскай у сiлу таго, што ў нас упарта рэанiмуецца савецкая мадэль кiраваньня грамадзтвам, а незалежныя iнiцыятывы ўва ўсiх сфэрах грамадзкага жыцьця рэалiзуюцца адно пры супрацiве і ўцiску з боку дзяржавы. А яшчэ беларускай iнфармацыйнай прасторы даводзiцца трываць магутнае ўзьдзеяньне расейскiх СМI. Рэальна ў сфэры СМI мы маем нават не двухуладзьдзе, а трохуладзьдзе: набор афiцыйных СМI, якiя цалкам кантралююцца рэжымам, недзяржаўная прэса апазыцыйнай арыентацыi i хваля расейскiх СМI.
Парадокс беларускай сытуацыi ў тым, што ўсе тры асноўныя кампанэнты нашай прасторы, працуючы на агульным полi, супрацьлегла скiраваныя i карыстаюцца рознымi тэхналёгiямi. Афiцыйныя СМI ўзнаўляюць горшыя прыклады правiнцыйнага прапагандысцкага мастацтва пары “позьняга Брэжнева”, папулярызуючы ўсё, што робiць улада. Апазыцыйныя СМI арыентуюцца на эўрапейскiя стандарты мас-мэдыяў, iдэалы адкрытага грамадзтва i нацыянальнай дзяржаўнасьцi. I, урэшце, расейскiя мас-мэдыі дэманструюць увесь iдэалягемны спэктар Вялiкага Брата — ад лiбэральна-рынкавых да нацыянал-камунiстычных iдэалёгiй, якiя так цi iнакш замацоўваюць у беларускага спажыўца мэнтальную мадэль жыхара “северо-западных губерний”.
Такiм чынам, станаўленьне беларускiх дэмакратычных СМI адбываецца ў працэсе пастаяннага супрацьстаяньня як архаiчнай дагматыцы афiцыйнай прэсы, гэтак i новай расейскай iмпэрскай мiталёгii. Супярэчлiвасьць гэтага працэсу ў неабходнасьцi злучэньня дзьвюх тэндэнцыяў: пошук новай нацыянальнай iдэi як сродку аб'яднаньня народу i стварэньне канкурэнтнай сытуацыi ў iнфармацыйнай прасторы, як рэальнай умовы дэмакратычных пераўтварэньняў у iнфармацыйнай палiтыцы. Паяднаць гэтыя дзьве супрацьлеглыя стратэгii можна было б “цывiлiзаваным плюралiзмам” цi “дыялёгам у iмя Беларусi”.
У сытуацыi складанага станаўленьня дзяржаўнасьцi новага тыпу часта можна пачуць цi прачытаць: “СМI мусяць абараняць дзяржаўныя iнтарэсы, а не хістаць лодку”. Тут нават сама фармулёўка выклiкае шмат пытаньняў. Аўтары падобных выказваньняў зазвычай чамусьцi тоесьняць праблемы дзяржавы з турботамi цяперашнiх уладных колаў, што зусiм не адно i тое самае. Гэта — па-першае. Па-другое, праблемы дзяржавы i праблемы народу таксама далёка не заўсёды супадаюць. Што такое “дзяржаўныя iнтарэсы”? Тэрмiн са слоўнiку таталiтарнай эпохi, якая выхоўвала ў народу гатоўнасьць жыць i памiраць за “родную” ўладу. “Пэўныя” дзяржаўныя iнтарэсы — гэта iнтарэсы вышэйшых чыноўнiкаў i ўладных структураў. А народу патрэбны ўрад, здольны эфэктыўна i ўпэўнена праводзiць унутраную i вонкавую палiтыку i тым самым забясьпечваць чалавеку магчымасьць заможнага жыцьця коштам сваёй працы. Калi б так яно было, то ўлада ня мела б патрэбы абараняцца ад крытыкi — з прычыны яе адсутнасьцi. Але калi ў дзяржавы не атрымлiваецца забясьпечыць сваiм грамадзянам прыстойныя ўмовы iснаваньня, як гэта ёсьць сёньня на Беларусi, то вышэйшая форма абароны “дзяржаўных iнтарэсаў” — у спакойным i зьмястоўным аналiзе памылак улады , у абмеркаваньнi стратэгiяў выхаду з сацыяльна-палiтычнага крызысу, у стварэньнi альтэрнатыўнага iнфармацыйнага асяродку, якi б фармаваў кола незалежна мысьлячых людзей.
Як уяўляецца, неабходным крокам у гэтым накiрунку мусiць стаць пераадоленьне стэрэатыпаў “перабудовачнай” сьвядомасьцi, якiя ў нашай краiне ўсё яшчэ шырока распаўсюджаныя. Рост уплыву дэмакратычных СМI магчымы толькi ў выпадку канцэптуальнай перамены нашага стаўленьня да сытуацыi ў цэлым. Газэты-клюбы, малатыражныя выданьнi “для дзелавых людзей”, iнфармацыйныя бюлетэні актыўнай меншынi ўжо “выбралi” сваю аўдыторыю. Для яе пашырэньня неабходны ахоп новых сацыяльных i ўзроставых групаў, адносна якiх яшчэ магчымая пазыцыя “настаўнiка i выхавацеля”. Але гэта стане магчымым адно ў тым выпадку, калi будуць дакладна вызначаныя ўласныя запатрабаваньнi гэтых групаў, а адрасная iнфармацыя для iх будзе выкладзена на той мове, якая iм зразумелая, i ў тых фактах i карцiнках, якiя будуць падобныя да рэалiяў iх уласнага жыцьця.
Функцыi кiраваньня настроямi грамадзтва i сацыяльнага мадэляваньня натуральныя для мас-мэдыяў. Змагацца з гэтым бессэнсоўна i дарэмна. Таму найлепшай формай “абароны дзяржаўных iнтарэсаў” будзе эфэктыўная “абарона ад дурня”, гэта значыць стварэньне максымальна шырокай канкурэнцыi розных палiтычных праграмаў i сцэнароў сацыяльнага развою, фармаваньне дыскусiйнай, антыдагматычнай iнфармацыйнай прасторы. Але пабудова гнуткай сыстэмы сацыяльнага кiраваньня, здольнай дынамiчна рэагаваць на зьмены грамадзкiх прыярытэтаў, магчыма толькi ў выпадку рэалiзацыi дэмакратычных прынцыпаў у палiтыцы i адмовы ад iдэалягiчнай цэнзуры ў мас-мэдыях.
Усе iншыя варыянты кантролю за iнфармацыйнай прасторай нагадваюць камунiстычную “iнфармацыйную ўтопiю”, заснаваную, як вядома, на асьветнiцкiх памкненьнях абцяжарыць масавую сьвядомасьць правiльнымi iдэямi. Пры гэтым лiчылася бясспрэчным, што асьветнiцкая iнтэрвэнцыя ў “цнатлiвую” сьвядомасьць масаў ёсьць вялiкай карысьцю i бясспрэчнай каштоўнасьцю. Гэтае перакананьне сталася iмпульсам для распрацоўкi розных тэхналёгiяў кiраваньня грамадзкiмi настроямi, сярод якiх былi ўжо згаданыя тэхналёгii фальшаваньня iнфармацыйнага патоку, з чаго ўрэшце i сфармавалася пасыўнасьць i абыякавасьць спажыўца да СМI.
Мэханiзм стварэньня “фантомных” тэкстаў мас-мэдыяў падрабязна аналiзуе вядомы тэарэтык культуры Жан Бадрыяр у сваiм тэксьце “Вайны ў Затоцы не было”. Разглядаючы адлюстраваньне ў мас-мэдыях вядомых падзеяў у Пэрсыдзкай затоцы, зьвязаных са збройным супрацьстаяньнем ЗША i Iраку, Бадрыяр ацэньвае яго як “вiртуальны Апакалiпсыс”. Рэальныя замаруджаныя падзеi, пазбаўленыя яснай лёгiкi i рацыянальнага абгрунтаваньня, СМI абодвух варагуючых бакоў паказалi як Глябальнае Супрацьстаяньне, падобнае да фiнальнай бiблійнай бiтвы Дабра i Зла. Пры гэтым шараговы спажывец мэдыя-прадукту патрапiў у сытуацыю “запалохваньня наяўнасьцю шляхам магчымасьцi”. Будучыя наступствы абвальвалiся на аўдыторыю, гiпнатызуючы масавую сьвядомасьць катастрафiчнымi пэрспэктывамi.
Бадрыяр схiльны зьвязваць узрастаньне эфэктыўнасьцi падобнай драматызацыi рэальнасьцi з агульнымi настроямi культуры канца 20 ст. Крытычна мысьлячы iнтэлектуал, згодна з Бадрыярам, як пэўны тып чалавека ўжо зьнiкае. Але натуральная гэтаму тыпу схiльнасьць да адцягненага рэфлексаваньня i пабудовы iдэальных мадэляў рэальнасьцi, “уяўных аб'ектаў”, тым ня менш, застаецца i атрымлiвае шырокае распаўсюджваньне ўва ўсiх грамадзкiх iнстытутах. Уласна падзея як такая губляецца, ператвараючыся ў “iнфармацыйную нагоду” — каталiзатар магутнага выкiду самых розных афiцыйных заяваў, брыфiнгаў, камэнтароў i тлумачэньняў. Бадрыяр заўважае, што “падзейная прастора ператвараецца ў гiпэрпрастору з мноствам рэфракцый”. Гэта значыць, што поле сэнсаў, зьвязаных з падзеяй, становiцца неэўклiдавым i дазваляе бясконцае мноства розных iнфармацыйных праекцый. Падзея “распушчаецца” ў вэрсiях i пакiдае сфэру ўвагi масавай сьвядомасьцi, якая аддае перавагу простым i вiдавочным рэчам.
Разарванасьць i хаатычнасьць мэдыя-пасланьняў мінімізуе цiкавасьць да падзеi. “Гэтая вайна — зусiм не вайна, але i iнфармацыя — зусiм не iнфармацыя”. У канфлiкце ў Затоцы, як i ў кожнай палiтычнай гульнi, няма i ня можа быць рэальных пераможцаў. Мы маем справу з наборам рытуальных танцаў, пабудовай складанай сыстэмы “падтрымак i балянсаў”. I абмеркаваньне падзеi мае той самы рытуальны характар. Яго мэта — не прасьвятлiць сытуацыю, а справакаваць выбух эмоцыяў масаў.
Зьвяртаючыся да мас-мэдыяў па iнфармацыю пра разгортваньне падзеяў, кожны з нас становiцца закладнiкам глябальнай сыстэмы камунiкацый. Палемiчна завастраючы сытуацыю, у другiм сваiм тэксьце “The Implogion of Meaning in the Media” Бадрыяр адзначае: “Болей няма мэдыяў у лiтаральным сэнсе гэтага слова (я кажу найперш аб электронных мас-мэдыях) — гэта значыць няма сiлы, якая б задзiночвала адну рэальнасьць з другой — нi з гледзiшча зьместу, нi з гледзiшча формы. Строга кажучы, гэта тое, што ўкладаецца ў панятак “iмплёзiя”: паглынаньне аднаго полюсу другiм цi кароткае замыканьне памiж палюсамi розных сыстэмаў сэнсу, бурэньне межаў i выразных апазыцыяў, гэта значыць — мэдыюму i рэальнасьцi”. I робiць выснову: “Мы жывем у Сусьвеце, дзе ўсё больш i больш iнфармацыi i ўсё менш i менш сэнсу”.
Тое, што мэдыя-прадукт, прысьвечаны чарговай Босьнii цi новай Затоцы, кажа пра рэчы, якiя знаходзяцца за межамi нашых прыватных зацiкаўленьняў, спараджае тры асноўныя тыпы рэакцыi спажыўца. Першы тып характэрны для масавай сьвядомасьцi аўтарытарнага грамадзтва, скiраванай на чарговую Вялiкую Праграму Шчасьця цi мару пра яго — апошняе больш характэрна для “пераходнага” грамадзтва. У гэтым выпадку ўвесь сьвет разглядаецца як арэна рэалiзацыi Праграмы i таму любая адпаведная падзея сучаснай палiтыкi актыўна ўспрымаецца iдэалягiзаванай сьвядомасьцю як “свая”, як яшчэ адзiн крок на Маршы За Шчасьце Ўсiх Запар. Натуральная рэакцыя — пастаянная публiчная рыторыка, мiтынгi i маршы, збор сродкаў у падтрымку “нашых”, пагрозы “ворагам” i г.д.
Другi тып рэакцыi спажыўца iнфармацыi можа быць названы рэалiстычным цi прагматычным. Ягоная сутнасьць — ува ўмельстве дакладнай калькуляцыi плюсаў i мiнусаў таго, што дзеецца з гледзiшча iндывiдуальных цi нацыянальных iнтарэсаў. У гэтым выпадку адбываецца своеасаблiвая “фiльтрацыя” патоку iнфармацыi, элiмiнацыя зь лякальнай iнфармацыйнай прасторы “шумавых”, лiшнiх элемэнтаў. Характэрная асаблiвасьць тут — крытычнасьць i выбарачнасьць iнфармацыi ў спалучэньнi з прыярытэтам прыватных iнтарэсаў над глябальнымi. Натуральная рэакцыя — адрасная актыўнасьць, заснаваная на рэалiстычным падыходзе да ўласных магчымасьцяў. Гэты тып рэакцыi характэрны для “мысьлячай меншынi”, схiльнай дыстанцыявацца ад масавых настрояў.
Трэцi тып — спантанная нэгатыўная рэакцыя масавага спажыўца, зьвязаная з празьмерным iнфармацыйным уцiскам. Тыповы прыклад — выбары прэзыдэнта Беларусi, на якiх падтрыманы ўсёй магутой дзяржаўнага прапагандысцкага апарату Кебiч атрымаў татальную паразу. У гэтым выпадку маса паўстала супраць хлусьлiвай iнфармацыi, якая была цалкам пазбаўленая для яе блiзкага i зразумелага зьместу. Агiтмашына працавала дарэмна, зьвяртаючыся да тых, хто не жадаў слухаць.
Падобную сытуацыю вядомы тэарэтык сучаснай культуры Элвiн Тофлер характарызуе наступным чынам: “Прэзыдэнт крычыць у тэлефон, але на другiм канцы лiнii нiкога няма”. У сучасным грамадзтве палiтык усё часьцей губляе кантроль над сытуацыяй, кiруецца ня фактамi, а ўласным бачаньнем стану справаў. I гэтая фантомная карцiна сьвету зьяўляецца ня толькi асновай плянаў надзеленых уладай асобаў, але i актыўна трансьлюецца СМI, уводзячы ў аблуду масавага спажыўца iнфармацыйнага прадукту. У якасьцi аналiтыкi нам досыць часта прапануецца набор памылковых лягiчных мадэляў, якiя фармуюць не разуменьне падзеяў, а iх эмацыйную ацэнку.
Масавая сьвядомасьць, якую кожны з канкуруючых мэдыя-каналаў iмкнецца перабудаваць на ўласны капыл, сёньня досыць часта проста адсланяецца ад усiх СМI. Гэты фэномэн у сучасных дасьледаваньнях мас-мэдыяў пазначаюць як “стому ад СМI”.
Эфэктыўная iнфармацыйцная палiтыка пры такiм стане справаў можа рухацца двума шляхамi. Першы зь iх патрабуе разгортваньня мас-мэдыяў у бок большай насычанасьцi i кiдкасьцi iнфармацыйнага пакету. Сутнасьць гэтага шляху можна сфармуляваць наступным чынам: “Тое самае, толькi ўдвая хутчэй i мацней”. Мяняецца як спосаб падачы матэрыялу (iранiчныя “Куклы” на НТБ можна разглядаць у якасьці мадэлі новага, ненавязьлiвага, “жартаўлiвага” палiтычнага праграмаваньня масавай сьвядомасьцi), так i ўся структура тэлеканалу з мэтай аптымiзацыi балянсу забаўляльнага i iнфармацыйнага матэрыялу. Такая мадэль паядноўвае ў сабе як прадуктыўную працу, так i працу ў рэжыме “глушылкi”, выштурхоўваючы канкурэнтаў з поля ўвагi гледачоў.
Другi шлях улiчвае тыя сацыякультурныя працэсы, што адбываюцца ў постiндустрыяльным грамадзтве, i арыентуецца не на стварэньне Глябальнага Гамбургера, а на фармаваньне масы прыватных, канкурэнтных iнфармацыйных пакетаў, кожны зь якiх мае арыгiнальнае зьмесьціва i ўласнага адрасата. У гэтым выпадку i iнфармацыйны прадукт набывае лякальны характар. Ён максымальна адлюстроўвае iндывiдуальнасьць адрасата. Сутнасьць гэтага шляху можна сфармуляваць наступным чынам: “Забудзься на iншых. Гэта твой часопiс (тэлеканал, радыё i г.д.)”. Падобны падыход робiць сапраўдным аўтарам мэдыя-пасланьня не журналiста цi тых, хто плоцiць за эфiрны час, а самога спажыўца, якi атрымаў магчымасьць набыць уласную iнфармацыйную прастору шляхам выбару з шматлiкiх альтэрнатыўных прапановаў. У вынiку такога выбару ён атрымлiвае своеасаблiвы гiпэртэкст, насычаны спасылкамi, аналягамi i асацыяцыямi, лякальнага двайнiка Сусьветнага Павучыньня.
Зазвычай вылучаюць два асноўныя тыпы гiпэртэксту як iнфармацыйнага пакету. Першы — гэтак званы пошукавы, прызначаны найперш для чытаньня. У гэтым выпадку мы маем справу з цэльным, завершаным iнфармацыйным прадуктам, як правiла зафiксаваным на носьбiтах CD-ROM. Тэкст уяўляе сабой набор зьместавых фрагмэнтаў цi “старонак”, якiя карыстальнiк выбiрае на ўласнае жаданьне. Такi iнфармацыйны кантакт пазначаюць як “абумоўленую iнтэракцыю”. Электронны тэкст уступае ў своеасаблiвы дыялёг са сваiм чытачом. Чытач атрымлiвае магчымасьць вольнага руху ў прасторы гiпэртэксту. У пэўным сэнсе менавiта ён, а ня аўтар, зьяўляецца стваральнiкам актуальнага тэксту. Аднак магчымасьцi чытача абмежаваныя зьместам i прынцыпамi арганiзацыi дадзенага пакету. Чытач падначалены лёгiцы носьбiта iнфармацыi. Сам тэкст пры гэтым не трансфармуецца. Ён застаецца аўтаномным, а ўсе дадаткi — маргiнальнымi, факультатыўнымi. Па сваёй сутнасьцi гэта варыянт традыцыйнага кантакту друкаванага тэксту i ягонага адрасата.
Другi тып гiпэртэксту — гэтак званы канструктыўны, ён прызначаны для творчай працы. Як правiла, у гэтым выпадку маецца на ўвазе асабiстая прысутнасьць чытача ў Сусьветным Павучыньні i розных формах ягонай працы з тамтэйшай iнфармацыяй у рэжыме дыялёгу. Сапраўдны канструктыўны гiпэртэкст дае магчымасьць чытачу выявiць i скарыстаць структуру сувязяў гiпэртэксту ў поўным аб'ёме. Але чытач, са свайго боку, мусiць валодаць здольнасьцю да пашырэньня наяўнай структуры i яе зьмены адпаведна з уласнымі запатрабаваньнямі i жаданьнямі.
Вiдавочна, што ў такой сытуацыi звычайны падзел на аўтара i чытача пазбаўлены сэнсу. Усе ўдзельнiкi камунiкацыi ўзаемна вольныя адзiн ад аднаго i прысутнiчаюць у iнфармацыйнай прасторы як суаўтары. Сеткавы гiпэртэкст можа быць створаны ў працэсе “сёрфiнгу” ад адной гiпэрспасылкi да другой, ад аднаго сайту да другога. Кожны карыстальнiк, калi разгортвае пэўную тэму, выступае як аўтар iнфармацыйнага поля, пiянэр нейкага “маршруту” ў прасторах Iнтэрнэту. У гэтым выпадку гiпэртэкст паўстае прынцыпова адкрытым, незавершаным.
Маршал Маклюэн схiльны разглядаць падобныя сытуацыi як прадумовы будучых “тэхналягiчных трансфармацыяў сьвядомасьцi”. На думку Маклюэна, сфармуляваную ў яго клясычным тэксьце “Understanding Media: The Extensions of Man” (1964), “творчы працэс у агляднай будучынi зробiцца карпаратыўным i калектыўным здабыткам усёй чалавечай супольнасьцi, гэтаксама, як раней розныя iнструмэнты ды сродкi бязьмежна пашырылi магчымасьцi нашых органаў пачуцьцяў i нэрвовых канчаткаў”. Умбэрта Эка ў гэтай сувязi кажа пра новую фобiю, якая фармуецца ў карыстальнiка кампутару — пра сындром пэрфэкцыянiзму, гэта значыць боязь скончыць працу, бо тэкст можна зрабiць “яшчэ лепшым”. Ацэнка працы адбываецца як бы з пазыцыi “калектыўнага стандарту”, якi прадугледжвае пэўную ступень ахопу калектыўнага iнфармацыйнага поля. Для сеткавага гiпэртэксту гэты прынцып можна сфармуляваць наступным чынам: “Заўсёды ёсьць яшчэ адна крынiца iнфармацыi i, магчыма, менавiта яна тут жыцьцёва неабходная”.
У працэсе сеткавага сёрфiнгу карыстальнiк адзначаецца як наведвальнiк чарговага сайту, ён мае магчымасьць пакiнуць сустрэтае паведамленьне некранутым, а можа дадаць да яго матэрыялы з уласных фондаў. У шэрагу сеткавых iнфармацыйных базаў тыпу “All Music Guide” цi “All Movie Guide” прадугледжаныя анкеты карыстальнiка, якiя дазваляюць браць удзел у складаньнi рэйтынгу дыскаў цi фiльмаў. Такiм чынам, вандроўнiк па Сетцы непазьбежна пакiдае “сьлед”, сваiм зьяўленьнем ён так цi iнакш мяняе тэкст.
Самы радыкальны на сёньня прыклад гiпэртэксту — гэта “адкрытая лiтаратура”, якую стварае ў Сусьветным Павучыньні амэрыканскi пiсьменьнiк Майкл Джойс. Яго тэксты ўяўляюць зь сябе своеасаблiвую “мадэль для зборкi” — комплекс асобных фрагмэнтаў цi разьдзелаў гiпэртэксту, якi Джойс называе раманам. Кожны карыстальнiк Iнтэрнэту мае магчымасьць чытаць гэтыя фрагмэнты адпаведна ўласнаму выбару, усялякi раз выбiраючы iншы варыянт разгортваньня падзеяў. Згодна з задумай Джойса, менавiта гэтак мусiць рэалiзоўвацца iдэя “адкрытай лiтаратуры”, якая ёсьць “лiтаратурай пачуцьцёвых арыентацый i трансфармацыйных вынаходак”. У гэтым выпадку мы маем справу зь фiзычнай “сьмерцю аўтара” цi, што больш дакладна, зь зьяўленьнем “калектыўнага аўтара” гiпэртэксту.
Апошняе нагадвае характэрныя для дапiсьмовага грамадзтва мэханiзмы ўзнаўленьня вуснай культурнай традыцыi з пастаяннай “дабудовай” першапачатковага тэксту. У рэшце рэшт мы апынаемся перад полiфанiчным паведамленьнем, якое захоўвае ў сабе вынiкi працы розных сэгмэнтаў iнфармацыйнай сеткi. Вiдавочна, што падобны тып прысутнасьцi ў iнфармацыйнай прасторы разбурае ранейшыя стэрэатыпы ўзаемаадносiнаў спажыўца як “паглынальнiка сэнсаў” i мас-мэдыяў як iх стваральнiка.
Хаця сам Джойс называе свае практыкаваньнi “досьведам новага пiсьма позьнедрукарскай эпохi”, яго экспэрымэнты больш дакладна будзе ацэньваць як знак спэцыфiчнай сытуацыi канца iндустрыяльнай эпохi. Для яе, як i для ўсялякай прамежкавай стадыi, характэрнае супярэчлiвае спалучэньне празьмернасьцi i недастатковасьцi культурных iнiцыятываў.
Літаратура
1. Бодрийяр Ж. Превентивный электрошок // Независимая газета, 6 сентября 1996 г.
2. Бодрийяр Ж. Реквием по масс-медиа // Поэтика и политика. СПб, 1999.
3. Борев В., Коваленко А. Культура и массовая коммуникация. М., 1986.
4. Джойс М. Примечания к ненаписанному нелинеарному электронному тексту “Конец печатной культуры” // Искусство кино, 1993, № 10.
5. Маклюэн М. Осмысляя средства коммуникации: новые измерения человека // Искусство кино, 1993, № 10.
6. Отечественные средства массовой информации. Социальная среда и политические функции // Независимая газета, 14 июня 1997 года.
7. Свобода и средства массовой информации. М., 1994.
8. Baudrillard J. The Implosion Of Meaning In The Media // In The Shallow Of The Silent Majorities And Other Essays. NY, 1983.
9. Toffler A. Future Shock. NY, 1988.