Плян:
1. Канцэпцыi “мазаiчнай” культуры i сучасныя iнфармацыйныя тэхналёгii
2. “Новы iнфармацыйны лад” i праблемы культурнай iдэнтыфiкацыi
3. Мас-мэдыі i станаўленьне iнфармацыйнага грамадзтва. Эвалюцыя дактрынаў мас-мэдыяў
Дэвальвацыя — разбурэньне гiерархii каштоўнасьцяў “мёртвай” клясычнай культуры Захаду адбываецца адначасна зь “iнфармацыйным выбухам”, новым вiтком развою сыстэмы масавых камунiкацый.
Cтанаўленьне iнфармацыйнага грамадзтва, заснаванага на стварэньнi i рэалiзацыi iнфармацыйных прадуктаў, Абрам Моль зьвязвае з фармаваньнем прынцыпова новага тыпу культуры. Моль прапаноўвае называць яго “мазаiчным”.
Уся папярэдняя культура будавалася па прынцыпе жорсткай гiерархiчнасьцi i сыстэмнасьцi. З рознай мерай посьпеху розныя культурныя сыстэмы iмкнулiся забясьпечыць максымальную згарманiзаванасьць грамадзкiх стасункаў i каштоўнасных арыентацый. Уваходжаньне iндывiда ў такую сыстэму рабiлася магчымым у працэсе навучаньня цi адукацыi, праз засваеньне пэўнай мадэлi сацыяльных паводзiнаў i зьвязаных зь ёй ведаў, што выяўлялiся ў выглядзе набору лягiчна зьнітаваных паняткаў. Чым да больш высокай ролi ў сацыяльнай гiерархii рыхтаваўся чалавек, тым складанейшай была ягоная адукацыя. З гэтага культура, паводле Моля, уяўляла сабой жорстка арганiзаваную сыстэму, улучэньне ў якую магло адбыцца адно праз адукацыю. Адсюль i панаваньне культу розуму i культу ведаў, якiя рабiлi вiдавочнай разумовасьць сьвету.
Сучасная культура будуецца прынцыпова iншым чынам. Паколькi найвышэйшай каштоўнасьцю ў ёй становiцца iнфармацыя, якая набывае статус асноўнага гаранту грамадзкага посьпеху, сацыялiзацыя з працэсу развучваньня кананiчнай “культурнай ролi” ператвараецца ў пагружэньне ў разнаплянавы, размаiты i супярэчлiвы iнфармацыйны хаос. Гарманiчны гмах клясычнай культуры перабудоўваецца ў “глябальную вёску” Маршала Маклюэна, дзе ў прынцыпе ўсе могуць ведаць пра ўсiх i пра ўсё, але толькi на ўзроўнi павярхоўнага, прафаннага знаёмства, характэрнага для архаiчнай “бесьпiсьмовай” культуры. Замест лягiчнага ланцужка паняткаў прапаноўваецца яркая “карцiнка”. Так, скандал Клiнтан — Левiнскi быў растыражаваны празь Iнтэрнэт па ўсім сьвеце ў папулярным жанры вясковай плёткi.
“Мазаiчны” лад сучаснай культуры выяўляецца праз разбурэньне традыцыйнай сыстэмы каштоўнасьцяў i прызнаньне кожнай iнфармацыйнай крынiцы ў якасьцi раўнапраўнага агента камунiкацыi. “Мазаiчная” культура хаатычная i фрагмэнтарная, яна ня мае завершанага “пляну” i выразнай сацыяльнай гiерархii. Галоўная аб'ектыўная характарыстыка iнфармацыйнай прасторы — ужо ня якасьць, а шчыльнасьць, насычанасьць. Ранейшыя пошукi аптымальнай формы кiраваньня грамадзтвам зьмяняюцца памкненьнем стварыць максымальна эфэктыўнае “творчае бязладзьдзе”, якое дасьць iндывiду свабоду выбару формы i зьместу iнфармацыйных кантактаў. Характэрнай рысай сучаснай iнфармацыйнай прасторы становiцца яе прынцыповая нелiнійнасьць. Сэнс узьнiкае як вэктар, як вынiк перасячэньня рознаскiраваных iнфармацыйных патокаў.
Адукаванасьць як умельства засвоiць i скарыстаць “чужы” сацыяльны сцэнар, згодна з Молем, больш не зьяўляецца падставай посьпеху. Сыстэмнасьць веданьня саступае месца здольнасьцi разьняволена рухацца па розных узроўнях iнфармацыйнай прасторы. Iнфармацыйны плюралiзм, iнфармацыйная канкурэнцыя размываюць звыклую сыстэму каштоўнасьцяў, вяртаюць карыстальнiка на ўзровень дарацыянальнага “схоплiваньня” знакаў, якi Ралян Барт пазначаў як “нулявую ступень пiсьма”. Культурная праграма iндывiда пастаянна мяняецца, “аднаразовая” iнфармацыя сьлiзгае па паверхнi, не пранiкаючы ў глыб сьвядомасьцi, не пасьпяваючы стацца часткай уласнага досьведу. Падобны “сёрфiнг”, кожны раз зьвязаны з вырашэньнем канкрэтнай задачы, у чыста практычным аспэкце, зазвычай бывае досыць пасьпяховым. Аднак, насамрэч, ён прызвычайвае карыстальнiка да спрошчанага, “рэклямнага” стылю стаўленьня да рэальнасьцi.
Прыёмнiк, якi ўвесь час працуе ў машыне цi офiсе, звыклае тэлешоў у суботу вечарам... “Нахапанасьць” замяняе разуменьне, сыстэмна арганiзаванае бачаньне сьвету зьмяняецца наборам выпадковых уражаньняў, задзiночаных па прынцыпе свабодных асацыяцыяў. На гэты конт Умбэрта Эка дасьцiпна заўважыў: “Калi б Маргарэт Мiтчэл (аўтар “Аднесеных ветрам”. —М.Ж.) патрапiла ў Сусьветнае павучыньне, яна напiсала б “Памiнкi па Фiнегане”. Джэймс Джойс заўсёды жыў у Сетцы”. Авангардысцкая тэхнiка “плынi сьвядомасьцi” пачатку стагодзьдзя становiцца штодзённай звычкай у яго канцы.
Вiдавочна, што сучасныя мас-мэдыі ўсё больш яўна набываюць статус аднаго з асноўных культуратворчых фактараў. СМI фармуюць шкалу каштоўнасьцяў, уплываюць на моду i стыль сумоўя, дыктуюць палiтычны выбар i вызначаюць аб'ём продажу новага поп-альбому цi мэдыцынскага прэпарату. Мас-мэдыі не ствараюць iндывiдуальнасьцi, яны выштукоўваюць пэрсанажы. Мас-мэдыі не ствараюць новых сацыяльных зьяваў, яны дапамагаюць iх заўважыць i прапаноўваюць празрыстыя тлумачэньнi.
Мiж iншым мас-мэдыі, у сытуацыi адсутнасьцi палiтычнай цэнзуры, самi выступаюць у ролi своеасаблiвага цэнзара. Тое, што не патрапiла ў мас-мэдыі, практычна не ўплывае на жыцьцё грамадзтва. “Гэтага не было б, каб пра гэта б не расказалi ў вячэрнiм выпуску навiнаў”. I, наадварот: калi расказалi, значыць было. Папулярная формула Маршала Маклюэна “The Media is the Message” (“Мэдыі самі ёсьць пасланьнем”) набывае тут лiтаральны сэнс. Клясычны прыклад: калi ў 1939 г. Орсан Уэлс зрабiў iнсцэнаваньне “Вайны сьветаў” для радыё ў выглядзе “прамога” рэпартажу зь месца падзеяў, у студыю пачалi тэлефанаваць “сьведкi” з усёй Амэрыкi i паведамляць пра зьяўленьне прыбышоў. Яны гэта “ўбачылi!” Мы жывем у iнфармацыйна афарбаванай культурнай прасторы i гэта адзiная падлеглая нам рэальнасьць.
Даступнасьць i максымальная “ўежнасьць” пасланьня мас-мэдыяў мае свой адваротны бок. Зьмест iнфармацыйнага пакету жыве адзiн дзень i адразу забываецца. Аўдыторыю трэба заваёўваць кожную ранiцу нанова. Сярод апрабаваных тактыкаў заваблiваньня аўдыторыi амэрыканскi спэцыялiст па масавых камунiкацыях Роўленд Лорымэр называе наступныя:
— эфэкт нечаканасьцi цi “iнфармацыйны шок”;
— сэнсавы мантаж (ненатуральна прыгожыя дзяўчаты-дыктары з “Метео-ТВ”, эфэктны мужчына Антонiа Бандэрас у рэкляме калготак i г.д.);
— выкарыстаньне чалавечага фактару (апiрышча на культурныя архетыпы, агульначалавечыя жарсьцi i пачуцьцi, забабоны i страхi);
— квазiадраснае пасланьне (па прынцыпе “гэта магло б здарыцца з табой” цi “менавiта табе бяз гэтага нiяк не абысьцiся);
— частату ўзнаўленьня той самай iнфармацыi (колькасьць паўтораў песьнi па радыё цi рэклямных ролiкаў на тэлебачаньнi непасрэдна зьвязана з узроўнем папулярнасьцi тавару, хаця досыць хутка ўзьнiкае эфэкт прызвычайваньня, што неўзабаве можа выявiцца ў агрэсiўным непрыняцьцi празьмерна надакучлiвай прапановы);
— аптымальную моўную палiтыку (мова мусiць улiчваць адметнасьцi аўдыторыi i з гэтага адпаведна будаваць сумоўе. Вядома, што радыёслухачу неабходна 6—8 сэкундаў, каб “уключыцца” ў iнфармацыю).
У якасьцi рэзюмэ можна згадаць выказваньне Абрама Моля: “Чалавек заўсёды цiкавiцца другiм чалавекам, а грамадзтва патрабуе, каб ён цiкавiўся iдэямi”. Значыць, iдэю неабходна “ўпакаваць” у чалавечую гiсторыю. Таму мас-мэдыі пастаянна прапануюць нам стракаты набор “ідэяў з чалавечым тварам”, якiя часта ўзаемаадмаўляюць адна адну.
“Перагружанасьць” iнфармацыйнай прасторы, пра якую згадвае Бадрыяр, у сваiм скрайнiм выяўленьнi можа ператварыцца ўва ўласную супрацьлегласьць — паток “белага” шуму, запамежную сэнсавую “запоўненасьць”, якая ў гэтым выпадку абсалютна тоесная “незапоўненасьцi” белага аркуша, вольнага ад якога б там нi было “пасланьня”. Надрыўнае хаатычнае шматгалосьсе мас-мэдыяў, якiя гiстэрычна намагаюцца перакрычаць адзiн аднаго, можа калiсьцi выявiцца ў форме паведамленьня, якое немагчыма прачытаць, у паведамленьне, нулявое па сваёй iнфармацыйнай насычанасьцi. Тады кожныя мас-мэдыі, працуючы ў рэжыме аўтакамунiкацыi, будуць чуць толькi саміх сябе.
Аднак гэтая сумная пэрспэктыва мае шансы стацца рэальнасьцю адно ў тым выпадку, калi ўсё ўзрастаючы паток мэдыя-паведамленьняў будзе гучаць на адной i той самай хвалi. Найбольш натуральны i прадуктыўны выхад з сытуацыi iнфармацыйнай перагрузкi — своечасовы сыход на лякальныя рынкi. Па сутнасьцi гэта азначае адмову ад традыцыйнага разуменьня “масавасьцi” СМI як глябальнага ахопу аўдыторыi на карысьць пошуку сваёй прыватнай субпрасторы, уласнага фрагмэнту ў агульнай мазаiцы сучаснай культуры.
Новы iнфармацыйны парадак трактуе масавасьць найперш як агульнадаступнасьць i максымальную дэмакратычнасьць iнфармацыйных крынiцаў. У гэтай сытуацыi мэдыя-прастора iстотна мяняе сацыяльную праcтору. Узьнiкае структурнае беспрацоўе, калi працоўных месцаў пазбаўляюцца тыя, што не валодаюць кампутарам i не знаёмыя з асновамi Сусьветнага Павучыньня. Ува ўмовах iнфармацыйнага грамадзтва традыцыйная пісьменнасьць усё часьцей падмяняецца кампутарнай граматнасьцю, а здольнасьць да iнтэрпрэтацыi — наборам неабходных тэхнiчных прыёмаў.
Узьнiкаюць i новыя мадэлi адхiленьняў у нармаваных паводзiнах. Тут найперш маюцца на ўвазе хакеры — узломнікі iнфармацыйных базаў, сеткавыя авантурысты, якiя дрэйфуюць па Iнтэрнэце ў пошуках прыгодаў. У гэты шэраг можна залiчыць i сеткавую парнаграфiю i гэтак званы “кiбэрсэкс”, а таксама сеткавыя махiнацыi, да прыкладу, перавод банкаўскага рахунку шляхам падбора “ключа” цi падробкi iдэнтыфiкацыйных дадзеных сапраўднага карыстальнiка ўкладу.
Разам з тым узьнiкаюць i новыя формы прафэсiйнай занятасьцi, паколькi дзякуючы Iнтэрнэту палiтычныя межы i геаграфiчная адлегласьць перастаюць быць перашкодай для прадукцыйнай сумеснай працы. Менскi спэцыялiст па праграмаваньні, якi працуе ў сваiм офiсе на амэрыканскага замоўцу i на працягу дня шматкроць сумоўнiчае зь iм у рэжыме прамога дыялёгу — гэта ўжо рэальнасьць. Iнфармацыя — маёмасьць мабiльная i яна ня ведае нi межаў, нi мытнага кантролю. Спосаб i аб'ём перадачы iнфармацыi вызначаецца наўпрост тым, хто яе адпраўляе, i тым, хто атрымлiвае iнфармацыйны пакет безь якога-кольвек узгадненьня i пасярэднiцтва.
Такiм чынам, звыклы падзел на цэнтар i ўскраiну, мэтраполiю i правiнцыю, розныя дзяржавы i рэгiёны для iнфармацыйнага грамадзтва пазбаўляецца сэнсу. Iнфармацыйныя рэсурсы роўнадаступныя кожнаму карыстальнiку, якi ўключаны ў сетку, i даюць магчымасьць атрымлiваць дадзеныя адпаведна яго iндывiдуальным запатрабаваньням. З гэтай нагоды згадаем словы таго ж Майкла Джойса: “...каштоўнасьць праграме надае нашае веданьне аб тым, як выкарыстаць сябе самога i дзеля чаго. Трымаючы ў руцэ панэль дыстанцыйнага кiраваньня, мы перабiраем мноства гiсторый, загалоўкаў i рубрыкаў, адначасна кантралюючы некалькi трансьляцыйных каналаў i фiксуючы розныя часавыя кантынуумы. Праграмнае забесьпячэньне — гэта ня проста нейкая карысная каштоўнасьць, гэта яшчэ i каштоўнасьць, якую мы выбiраем адпаведна ўласным запатрабаваньням”. Мас-мэдыі iнфармацыйнага грамадзтва з “фармавальніка сьвядомасьцi” ператвараюцца ў стваральнiка своеасаблiвага поля магчымасьцяў, аўтара шматлiкiх iнфармацыйных вэрсiяў. Вядомы жарт Генры Форда: “Пакупнiк можа набыць “Форд” любога колеру, пры ўмове, што ён абярэ чорны”,— абсалютна не стасуецца з сучасным iнфармацыйным рынкам. Iнтэрнэт, шматкабельнае спадарожнікавае i кабельнае тэлебачаньне прадстаўляюць карыстальнiку самыя шырокiя магчымасьцi выбару.
Тым ня менш, было б вiдавочнай аблудай сьцьвярджаць, што сёньняшнi спажывец iнфармацыйнага прадукту зьяўляецца бясспрэчным гаспадаром становiшча. Па-першае, iнфармацыйныя рэсурсы Iнтэрнэту шырокiя, але не бязьмежныя. Iх структура вызначаецца стваральнiкам базаў i карыстальнiку прапаноўваюць толькi тое, што стваральнiк вынайшаў цi палiчыў патрэбным сюды ўключыць. Па-другое, сеткавыя пошукавыя праграмы тыпу Yahoo цi Altavista даволi абмежаваныя ў магчымасьцях. Найперш гэта зьвязана з мэханiчным падыходам да адбору матэрыялу. З чаго пошук па ключавых словах цi пэрсаналiях змушае перабiраць вялiкi сьпiс крынiцаў, большая частка якiх усяго толькi мiмаходзь згадвае пра неабходную вам iнфармацыю. Мэханiзмы меркаваных фiльтраў iнфармацыйных рэсурсаў, паклiканыя рабiць тэматычную выбарку па замове замоўцы, спрацоўваюць як глушыцель, “размываючы” шуканы матэрыял.
Яшчэ адна праблема зьвязаная з магчымасьцю вонкавага кантролю за працай карыстальнiка iнфармацыйнай сеткi шляхам адсочваньня наведвальнiкаў Web-старонак i адрасатаў электроннай пошты. Праблема ў тым, што апэратыўныя дадзеныя аб працы кампутара захоўваюцца ня толькi ў ягонай памяцi, але i ў памяцi сэрвэру, якi абслугоўвае дадзены кампутар у працэсе яго работы ў сетцы. Гэта стварае рэальную магчымасьць сфармаваньня “iнфармацыйнага дасье” практычна любога карыстальнiка, незалежна ад ягонага месцазнаходжаньня i сацыяльнага статусу. Назiраньне за прыватным сеткавым жыцьцём грамадзянаў у пэрспэктыве можа зрабiцца адным зь iнструмэнтаў шантажу i палiтычнага вiжаваньня. Ужо на сёньняшнi дзень гэта тэхнiчна магчыма. Перашкоды ў арганiзацыi iнфармацыйнага вiжаваньня зьвязаныя толькi з наяўнасьцю пэўных палiтычных, юрыдычных i сацыяльных абмежаваньняў. Але падобныя нормы могуць спынiць адно схiльных iх прытрымлiвацца.
Акрамя таго, шматлiкасьць iнфармацыйных крынiцаў не азначае шырокага выбару i якасьці iнфармацыi. Калi дзяржава зьяўляецца манапольным уласьнiкам усiх газэтаў у краiне, то ўсе яны будуць пiсаць пра адно i тое самае. Але i сам факт наяўнасьцi, да прыкладу, 42 незалежных каналаў кабельнага тэлебачаньня не гарантуе якасьцi iнфармацыйнага прадукту. Яшчэ трыццаць гадоў назад Джон Ленан (John Lennon) падчас першага вiзыту “Бiтлз” у ЗША саркастычна заўважыў: “Мне падабаецца амэрыканскае тэлебачаньне. Трыццаць каналаў i на кожным адно i тое самае сьмецьце”. Фармальна выбар iснуе, рэальна яго няма.
Даступнасьць сеткавых крынiцаў натуральным чынам абмяжоўваецца памерамi платы за падключэньне i карыстаньне Сусьветным Павучыньнем цi кабельным тэлебачаньнем. Да таго ж iснуюць розныя нацыянальныя стратэгii фiнансаваньня лякальных iнфармацыйных структураў. У Францыi, да прыкладу, ёсьць дзяржаўная праграма падтрымкi лякальных мас-мэдыяў. У ЗША, наадварот, падобнае ўспрымаецца як абсурд. Прынцыпова рознай тут аказваецца выходная ацэнка сытуацыi: для Францыi лякальныя iнфармацыйныя сеткi — люстэрка дзяржаўнай палiтыкi, фактар сацыяльнай стабiльнасьцi, рупар улады. Для ЗША — гэта форма прыватнага бiзнэсу, камэрцыйнае прадпрыемства, дзе асноўная гарантыя посьпеху — энэргiя i iнтуiцыя ўласьнiка, зацiкаўленага ў тым, каб зарабiць болей грошай.
Як мы бачым, рэалii новага iнфармацыйнага парадку не залежаць ад узаемаадносiнаў мас-мэдыяў i ўлады. Iнтэрнэт не гарант дэмакратычных свабод, а толькi адна зь iх магчымых перадумоваў. Кампутарызацыя мяняе структуру занятасьцi, але ня здольная перамянiць палiтычных цi рэлiгiйных перакананьняў. Найноўшыя iнфармацыйныя тэхналёгii забясьпечваюць магчымасьць сацыяльнага дзеяньня, але самi гэтым дзеяньнем не зьяўляюцца. У першым з разгледжаных намi выпадкаў (“францускi варыянт”) яны спрыяюць узмацненьню агульнага ўплыву дзяржавы на жыцьцё грамадзтва, у другiм (“амэрыканскi варыянт”) — садзейнiчаюць дасягненьню прыватных бiзнэсовых мэтаў. Мас-мэдыі зьяўляюцца адно толькi сродкам, прыдатны для дзеяньня ў любым вэктары. Супольным у абодвух накiрунках ёсьць пошук аптымальнага спалучэньня формы падачы матэрыялу, прывабны для спажыўца зьмест i даступныя цэны.
Слушна мяркуючы, што фiнансавая дапамога звонку ня будзе доўжыцца вечна, стваральнiкi сеткавых iнфармацыйных базаў ужо цяпер плянуюць атрымлiваць асноўны прыбытак за кошт зьмяшчэньня на сваiх Web-старонках рэклямы, падпiскi на Web-часопiсы, а таксама за кошт аплаты адрасных iнфармацыйных пакетаў, што паступаюць на пэрсанальны кампутар на жаданьне заказчыка.
“Мазаiчная” культура iнфармацыйнага грамадзтва можа атрымаць сваё адэкватнае адлюстраваньне толькi шляхам стварэньня “мазаiчнага” iнфармацыйнага прадукту, якi складваецца з шматстайнага набору максымальна пэрсанiфiкаваных прапановаў, здольных улiчыць як стабiльныя, так i апэратыўныя запатрабаваньнi спажыўца. З гэтага можа адбыцца своеасаблiвае адраджэньне традыцыйных мэдыя-тэхналёгiяў (выпуск пэрыядычных выданьняў, стварэньне сэрыяў дайджэстаў рознай тэматыкi, манiторынг прэсы на нейкую тэму, рэфэратыўны агляд i г.д.), здольных iснаваць i ў неабсяжных прасторах Сусьветнага Павучыньня.
Бясспрэчная перавага новых iнфармацыйных тэхналёгiй — гэта апэратыўнасьць, высокая хуткасьць камунiкацый, дастаткова шырокая база дадзеных практычна па ўсiх сфэрах жыцьця грамадзтва i ўнiкальная магчымасьць пабудовы бесцэнзурнай культурнай прасторы. У той жа час новы iнфармацыйны парадак непазьбежна скарачае колькасьць “жывых” чалавечых кантактаў, перасоўвае сацыяльныя стасункi ў вiртуальную сфэру.
Папулярны вобраз — “грамадзтва адзiнотнiкаў”, кожны зь якiх не выходзiць на людзi, аддаючы перавагу кампутару, гэта зусiм не мастацкая гiпэрбала. У Сетцы можна ўсё: даведацца пра навiны i пазнаёмiцца зь дзяўчынай, паслухаць новы дыск Дэвiда Боўi i паглядзець фрагмэнты найноўшага галiвудзкага блёкбастэру, прачытаць поўны збор твораў Вiктара Пялевiна i падрабязныя стэнаграмы допытаў прэзыдэнта Клiнтана, праагiтаваць за леварадыкальныя iдэi i заказаць бiлеты на самалёт, знайсьцi новую працу i даведацца, як робiцца запальнiкавая бомба... Сусьветнае Павучыньне навучае чалавецтва паводле Картасара, ператвараючы культуру ў мадэль для зборкi, унiвэрсальны канструктар.
Аднак сытуацыя ўскладняецца яшчэ i тым, што набор складовых элемэнтаў увесь час мяняецца, побач з намi іншыя будуюць з гэтых жа дэталяў уласную карцiнку, ды i мы самi далёка не заўсёды ясна ўсьведамляем, што мы, уласна, жадаем скласьцi. Таму новая iнфармацыйная культура пакуль прапануе нам практычна тое самае, што i традыцыйная: не саму гармонiю, а яе магчымасьць. Але калi ў традыцыйнай культуры будаўнiцтвам гармонii загадвалi цары i правадыры, кiруючы няўцямныя масы ў бок чарговай Вялiкай Iдэi, то ў iнфармацыйным грамадзтве гармонiя становiцца прыватнай справай кожнага асабiста — i ў той меры, у якой iндывiд здольны эфэктыўна прылучацца да мэдыя-сыстэмы i прадуктыўна рэгуляваць зь ёй свае ўзаемаадносiны.
Лякальная iнфармацыйная прастора як своеасаблiвы “iнфармацыйны двайнiк” iндывiда становiцца нечым накшталт субкультуры, пасярэднiкам памiж асобай i “вялiкай” культурай. Яна адначасна i абараняе чалавека ад непажаданага i непатрэбнага (“агрэсiўна-рэпрэсiўнага”) узьдзеяньня сацыяльнага асяродку i забясьпечвае неабходнымi i падабранымi “па росьце” каналамi сацыяльнай камунiкацыi.
Як адзначае Абрам Моль, разгортваньне падобнага стылю прысутнасьцi-ў-культуры стварае прынцыпова новыя формы культурнай iдэнтычнасьцi. Калi ў традыцыйнай “клясычнай” культуры культурная iдэнтычнасьць усьведамлялася i будавалася як набор пэўных стандартаў паводзiнаў i мысьленьня, заснаваных на традыцыйных формах трансьляцыi культурных каштоўнасьцяў, то для “мазаiчнай” культуры iнфармацыйнага грамадзтва характэрны шырокi спэктар мадэляў сацыяльнай камунiкацыi.
Асновай для культурнай iдэнтыфiкацыi i самаiдэнтыфiкацыi тут становiцца выбар канкрэтнай мадэлi iнфармацыйнага абмену. Мноства варыянтаў выбару (вэрбальнае сумоўе, кiно, электронная пошта, тэлебачаньне, кабельныя сеткi, кампутар, урадавыя базы дадзеных, электронныя iнфармацыйныя бюлетэнi, дыскусii on-line цi chats, FM радыё i г.д. i да т.п.) ствараюць магчымасьць самаiдэнтыфiкацыi сябе ў якасьцi партнэра па сеткавай гульнi, партнэра па бiзнэсе, удзельнiка прафэсiйнай групы, падпiсчыка электроннага бюлетэню, аднаго з групы сумоўнiкаў i г.д.
Сучасная культурная iдэнтычнасьць усё часьцей засноўваецца на ўлучанасьцi iндывiда ў пэўны набор iнфармацыйна-камунiкацыйных стасункаў. Як сьцьвярджае ў сваiм тэксьце “Сапраўдная сьвядомасьць, магчымыя сусьветы” тэарэтык кiбэрспэйсу Джэрам Брунэр, “рэч ня ў тым, каб ствараць нейкае новае ўласнае веданьне, а ў тым, каб займацца гэтым у супольнасьцi з тымi, хто падзяляе нашае разуменьне культуры”. Тып камунiкацыi вызначае тып сацыяльных кантактаў, а значыць i сацыяльную ролю чалавека. Двое сяброў аднаго ўзросту, якiя жывуць побач, сёньня могуць належаць да розных iнфармацыйных (а значыць i культурных) прастораў. I калi для заходняга грамадзтва iндустрыяльнага тыпу традыцыйна базысным элемэнтам вызначэньня культурнай iдэнтычнасьцi зьяўлялася нацыянальная прыналежнасьць, то ў сучасных умовах яе роля значна зьнiзiлася.
Сучасны чалавек, якi актыўна працуе з разнастайнымi інфармацыйнымi тэхналёгiямi, адзiночыцца з глябальнай iнфармацыйнай праcторай i праз гэта губляе сваю залежнасьць ад лякальнага сацыяльнага i культурнага асяродку. Традыцыйныя нарматывы культурных паводзiнаў, якiя вызначаюць жыцьцё iндывiда пэўнай супольнасьцi, у значна меншай меры ўплываюць на таго, хто дзеля працы цi забавы карыстаецца Iнтэрнэтам.
У Iнтэрнэце фармуюцца зусiм новыя мадэлi наўпроставых асабовых кантактаў, для якiх адлегласьцi i палiтычныя межы становяцца досыць умоўнай перашкодай. Новы iнфармацыйны парадак непазьбежна рухае да крызысу грамадзкiя сыстэмы, заснаваныя на дамiнаваньнi ўлады замкнутых элiтаў i манапольных iдэалёгiяў. Пашырэньне магчымасьцяў Сусьветнага Павучыньня натуральным чынам будзе ўплываць на зьнiжэньне аўтарытэту нацыянальных культураў, якiя паступова ператворацца з базавага фактару сацыялiзацыi iндывiда ў адзiн з раўнапраўных элемэнтаў “мазаiчнай” культуры iнфармацыйнага грамадзтва. Нацыянальна-этнiчныя культурныя дамiнанты натуральным чынам зьменяцца на сацыяльна-эканамiчныя. Новая iнфармацыйная прастора ўжо фармуе новы тып сацыяльнага дзеяньня, заснаванага на актыўным пошуку аптымальных умоваў для самарэалiзацыi асобы. “Brave New World” iнфармацыйнай культуры будуецца з масы дастаткова аўтаномных iндывiдуальных прастораў. У якасьцi найбольш пажаданага ўзору новай культуры выступае “пазытыўны плюралiзм”, якi ўсё часьцей прыходзiць на зьмену “татальнай ляяльнасьцi краiне i нацыi”.
Выходзячы з гэтага, можна прагназаваць зьнiжэньне ўплыву нацыянальных iнфармацыйных манаполiй, паслабленьне патэнцыялу нацыянальных кiнаiндустрый на карысьць мiжнародных праектаў, а таксама зьмяншэньне накладаў агульнанацыянальных газэтаў i часопiсаў i, наадварот, умацаваньне пазыцый мясцовых ды лякальных мас-мэдыяў. “Вялiкая культурная традыцыя”, раней зьвязаная з трансьляцыяй нацыянальнай сьвядомасьцi, ува ўмовах адкрытага грамадзтва будзе ўсё больш рашуча трансфармавацца. Мера яе аўтарытарнасьцi ўжо цяпер значна зьнiзiлася. Што тычыцца “малой” традыцыi, якая пераважна захоўвала канкрэтныя тыпы арганiзацыi штодзённа-пабытовага практычнага досьведу, то яе ўплыў у сiлу згаданых прычынаў будзе ўзрастаць.
Такiм чынам, рэальныя культурныя працэсы, характэрныя для постiндустрыяльнага грамадзтва, фармуюць новы тып iнфармацыйнай палiтыкi. На ўзроўнi глябальных сьветапоглядных мадэляў афармленьне i трансьляцыя каштоўнасных арыентацый i ўстановак адбываецца ў вынiку “хаатычнага” ўзаемадзеяньня разнаплянавых iнфармацыйных патокаў, якiя перасякаюцца ў межах лякальнай iнфармацыйнай прасторы канкрэтнага спажыўца. Гэта стварае своеасаблiвы “стэрэаэфэкт”, пазбаўляючы сумарную сытуацыю дагматычнай адназначнасьцi. На ўзроўнi прыватных практычных арыентацый вобраз сьвету фармуецца ў вынiку суаднясеньня глябальнага бачаньня сьвету, iндывiдуальнага практычнага досьведу i камэнтароў да яго, якiя агучваюць мясцовыя мэдыі. Схематычна суаднесенасьць глябальных i прыватных сьветапоглядных установак у рамках iнфармацыйнага грамадзтва можна выказаць у папулярнай сёньня на Захадзе формуле “Think globally, act locally!” (“Думай глябальна, дзейнiчай канкрэтна!”).
На завяршэньне ўяўляеццца мэтазгодным, насьледуючы клясыфiкацыі Абрама Моля, пазначыць асноўныя этапы гiстарычнага развою пануючых дактрынаў мас-мэдыяў:
— Культурны дагматызм. Мэта — упiсаць спажыўца ў штучна створанае поле ўплыву, заснаванае па а прыёры зададзеных каштоўнасьцях. Сьвядомае падтрыманьне сацыяльнай стабiльнасьцi шляхам пастаяннага ўзнаўленьня сьветапогляднага стандарту.
— Культурны канфармiзм. Мэта — захапiць спажыўца патокам дагматычных развагаў i запэўнiваньняў, пагружаючы яго ў прастору рэклямы. Цыклiчная зьмена “спажывецкага стандарту”, апэратыўная замена спажывецкiх матывацый.
— Культурны эклектызм. Эклектычная цi культуралiсцкая мадэль. Мэта — фармаваньне “адкрытай” сьвядомасьцi. Адсутнасьць жорсткiх каштоўнасных прыярытэтаў. Адзiная рэальная каштоўнасьць — адэкватнасьць чалавека ягонаму культурнаму асяродку. Галоўнае — не матэрыяльныя каштоўнасьцi, а пэўны падыход да рэчаў, “наiўны”, пазбаўлены забабонаў. “Iнтэлектуальны” аспэкт культуры больш iстотны, чым гiстарычны цi падзейны.
— Культурны дынамiзм. Мэта — стварэньне новых культурных узораў на аснове “нелiнійнага”, плюралiстычнага засваеньня культурнага прадукту. Стварэньне ўмоваў для самастойнага фармаваньня ўласнага культурнага асяродку спажыўца. Стымуляваньне субкультурнай актыўнасьцi на аснове доступу да глябальных iнфармацыйных рэсурсаў.
Апошнi этап суадносiцца з сучасным працэсам развою постiндустрыяльнага грамадзтва. Успрыняцьцё штодзённасьцi з гледзiшча глябальнага кантэксту, пазбаўленае палiтычнай, рэлiгiйнай цi вузканацыянальнай абмежаванасьцi, з адначасным напаўненьнем агульнасусьветных працэсаў “прыватным” эмацыйным успрыняцьцем iх непасрэднага ўдзельнiка — вось, бадай, той варыянт быцьця чалавека ў сучасным iнфармацыйным ляндшафце, якi ўяўляецца найбольш пажаданым.
Лiтаратура
1. Барт Р. Мифология. М., 1996.
2. Борев В., Коваленко А. Культура и массовая коммуникация. М., 1986.
3. Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунiкацыi. Мiнск, 1995.
4. Моль А. Социодинамика культуры. М., 1973.
5. Эко У. Отсуствующая структура. Введение в семиологию. СПб., 1998.
6. Baudrillard J. The Implosion Of Meaning In The Media. // In The Shallow Of The Silent Majorities And Other Essays. NY, 1983.
7. Toffler A. Future Shock. NY, 1988.
8. Lorimer R. Mass Communicatoins. A Comparative Introduction. Manchester Univercity Press, 1994.
9. DeFleur Melvin L. Theories Of Mass Communication. Longman, 1988.