Мэдыі і камунікацыя

Курс лекцыяў


Уплыў мэдыяў - Друкаваны тэкст

Плян:

1. Чалавек рукапіснай і чалавек друкарскай культуры

2. Мысьленьне чалавека друкарскай культуры

3. Друк і разьвіцьцё нацыянальных моваў

4. Друк і вынікненьне нацыяналізму

5. Чым ёсьць аўтар?

6. Ускосныя ўплывы друку

7. Цэнзура

8. Жанры ў культуры друку

9. Друк і найноўшыя формы камунікацыі

Друк паўплываў на ўсе галіны чалавечага жыцьця. Маклюэн сьцьвярджае, што друк як новы спосаб захаваньня і перадачы інфармацыі нарадзіў новага чалавека — “чалавека друкарскага”, а розьніцу паміж чалавекам рукапіснай і друкарскай культуры ён лічыў такой сама значнай, як розьніцу паміж пісьменным і непісьменным чалавекам.

З вынаходзтвам друку завершыўся той працэс разбурэньня пляменных супольнасьцяў, які пачаўся з стварэньнем альфабэту. Асноўнымі характарыстыкамі друкарскага пэрыяду культуры зьяўляюцца ўніфікацыя, кантынуальнасьць, паўтаральнасьць і нармалізацыя.

Уявіце сабе рукапісную кнігу, дзе тэкст не падзелены на словы, дзе галосныя замененыя дыякрытычнымі знакамі. Такі тэкст можна ўспрымаць толькі зачытваючы ўголас. Чытаньне рукапіснай кнігі можна прыраўнаць да такога дзеяньня, як сьпевы або танцы, бо яно вымагала поўнай увагі. Кнігі былі надта дарагімі, рэдкімі, іншы раз унікальнымі прадметамі. Чытаньне заставалася прывілеем людзей багатых. Пры чытаньні трэ было ставіцца да кнігі зь вялікай асьцярожнасьцю, каб не скараціць век гэтага дарагога і каштоўнага скарбу. Пажары, што пэрыядычна спусташалі сярэднявечныя гарады, часта зьнішчалі кнігі, зьбіраныя цягам стагодзьдзяў і тысячагодзьдзяў. Толькі зь зьяўленьнем друку чытаньне ператварылася ў занятак масавы, выйшаўшы за межы кола вучоных і магнатаў.

Друкаваныя кнігі сталі чытаць самі сабе, а ня ўголас. Любоў да чытаньня выявілі жанчыны, што ў будучыні прывядзе да ўзьнікненьня шэрагу par excellence жаночых жанраў, напрыклад, раману і ў сваім чыстым выглядзе жаночага раману.

У 18 ст. мода на чытаньне распаўсюдзілася паміж гандляроў. У 19 ст. кола чытачоў рэзка пашырылася з увядзеньнем усеагульнай адукацыі. Сацыяльная дзяржава 20 ст. стварыла неабходныя сацыяльна-эканамічныя перадумовы, каб абсалютная большасьць людзей мела магчымасьць атрымліваць асалоду ад чытаньня.

Публіка ўвесь час рабілася ўсё больш індывідуалісцкай і атамізаванай. Публіка, а за ёю літаратура, прайшла стадыю дыфэрэнцыяцыі. Зьявілася дзіцячая, жаночая літаратура і г.д. Чытаньне стала адным з найпершых і найулюбёнейшых задавальненьняў, спосабаў бавіць вольны час, пры якім чалавек застаецца сам-насам з сабой.

З разьвіцьцём друку сталі разьвівацца аналітычнасьць, сынтэтычнасьць, аб'ектыўнасьць, абстрактнае мысьленьне, унівэрсальнасьць, якія характарызуюць усю сучасную гуманітарную думку.

Друкаваны тэкст дазваляе ахапіць адразу некалькі радкоў, яго можна чытаць “па дыяганалі”, чытаць толькі асобныя месцы. Фактычна, зь зьяўленьнем друку чалавек пачаў па-іншаму выкарыстоўваць вочы: не як орган “дотыку”, які дасьледуе вобразы і думкі адна па адной, перабіраючы літары, але факусаваць іх так, каб адразу ствараць сабе агульнае ўяўленьне.

З перамогай друку “вока” перамагло “вуха”. Жак Ле Гоф у кнізе “Цывілізацыя сярэднявечнага Захаду” піша, што сярэднявечнае грамадзтва было грамадзтвам змроку, ночы, цемры, слыху, дотыку, але ня зроку. У сярэдзіне нашага тысячагодзьдзя ўсё пачало зьмяняцца.

У гэтым кантэксьце цікавае тое адрозьненьне, якое дагэтуль захоўваецца, напрыклад, паміж раманскімі і ўсходнеславянскімі мовамі. Калі мы возьмем, напрыклад, францускую і беларускую мовы, то ўбачым, што ў францускай мове нашмат больш разьвітая сыстэма колераў (да двухсот) у параўнаньні зь беларускай і, адпаведна, калярыстычная мэтафорыка і фразэалёгія, тады як у беларускай мове нашмат больш частотныя аўдыяпаралелі. Напрыклад, бел. “наткнуцца на глухую сьцяну”, фр. “se heurter contre un mur noir”. Або беларускія дзеясловы, якія абазначаюць кіпеньне: кіпець, бурліць, разьлягацца, булькатаць, клекатаць — для адзінага францускага дзеяслова bouillir.

З друкам адміраюць тыя рысы, якія былі ўласьцівыя вуснай камунікацыі, напрыклад, формульнае мысьленьне. У людзей няма больш абавязку захоўваць у памяці абавязковы мінімум ведаў, зафіксаваны ў паданьнях, песьнях ці прыказках. Гэтыя веды цяпер захоўваюцца ў кніжках або цяпер яшчэ і ў памяці кампутараў. Старыя непісьменныя бабулькі ў вёсках — апошнія, хто ведае па тысячы, дзьве тысячы песьняў, ня кажучы ўжо пра паданьні, прымаўкі, прыказкі, народныя прыкметы, замовы — усё тое, што было неабходна для захаваньня і перадачы інфармацыі ў дапісьмовы пэрыяд. Паэзія ў эпоху друку саступае месца прозе.

У Сярэднявеччы друк прывёў да масавага пераходу на клясычную лаціну, мову Цыцэрона, адмовы ад барбарызмаў і пазычаньняў з жывых моваў, што ў сваю чаргу спрычынілася да рэзкага зьмярцьвеньня лаціны, канчатковаму адрыву яе ад гутарковай мовы і яе выцісканьню з ужытку.

Пакупнікі кнігаў ставалі ўсё шырэйшым колам, кнігі куплялі ня толькі людзі царквы, але й сьвецкія асобы, якія не валодалі лацінай. Друк паспрыяў разьвіцьцю нацыянальных моваў. Толькі італьянская мова ўзьнікла ў пэрыяд, што папярэднічаў вынаходзтву друку. У пераддрукарскі пэрыяд мовы знаходзіліся ў неўпарадкаваным, магматычным стане. У эпоху друку розьніца паміж пісьмовай і вуснай гаворкамі стала нашмат больш выразнай, адбылася нармалізацыя моваў. Калі раней пісьмовая мова ішла сьледам за разьвіцьцём вуснай мовы, то пасьля вынаходзтва друку ўжо вусная мова стала “прыслухоўвацца” да правілаў, якія накідала ёй пісьмовая. Адначасова зьявіліся магчымасьці для моўнай творчасьці, арыгінальнасьці, экспэрымэнту: авангардныя літаратурныя практыкі ў рукапісным выглядзе ніхто б папросту не зразумеў.

Друк скараціў колькасьць лінгвістычных варыяцыяў, узбагаціў лексычны склад мовы. Разам з тым пачалося адміраньне дыялектаў. Спробы ўжываньня дыялектаў у пісьмовым друку, якія мелі мейсца ў цітаўскай Югаславіі (чайкаўскія, кайкаўскія дыялекты), а таксама ў Беларусі (мовазнаўца Ф.Клімчук паспрабаваў выкарыстоўваць берасьцейска-пінскія дыялекты), не змаглі знайсьці гістарычнай і сацыяльнай легітымацыі.

Друк быў моцнай крышталізуючай сілай ня толькі для моваў, але й для нацыянальных супольнасьцяў. З нармалізацыі правапісу нараджалася й пачуцьцё аднароднасьці сваёй супольнасьці, агульнага гістарычнага лёсу, пракладаўся шлях да таго нацыянальнага адзінства, якое канчаткова замацавалася з вынікненьнем сродкаў масавай камунікацыі.

Друк дазволіў захаваць ці, прынамсі, закансэрваваць і кадыфікаваць гаворкі малалікім і эканамічна адсталым этнасам (прыклад — Уэльс, дзе выжываньне гэльскай мовы ў значнай меры абавязана таму факту, што з 1546 г. на гэльскай мове друкаваліся кніжкі).

Увогуле, друк цесна зьвязаны з вынікненьнем нацыяналізму. “Друк і нацыяналізм — гэта скаардынаваныя элемэнты”,— пісаў Маклюэн. Сапраўды, толькі вытворчасьць друкаванае (або іншае інфармацыйнае: у наш час, напрыклад, аўдыявізуальнае) прадукцыі робіць мажлівым той сынтэз ідэяў, які спараджае нацыянальную сьвядомасьць і дае штуршок фармаваньню мадэрнай нацыянальна-культурнай саматоеснасьці. У Беларусі моцны нацыянальны рух пачаўся зь некалькіх, на першы погляд, лякальных і дробнамаштабных падзеяў — “Дудкі беларускай” Мацея Бурачка, “Нашай Нівы”.

Цікавыя зьмены зь зьяўленьнем друку адбыліся ў спосабах выказваньня рэлігійнага пачуцьця. Адным з найбольш папулярных жанраў раньняй друкаванай кнігі зьяўляецца “Часаслоў”, кніга з малітвамі на розныя выпадкі і розныя гадзіны дня. Калі ў Сярэднявеччы пабожным лічылася маленьне ўголас разам з усімі падчас імшы або на адзіноце, і мы ня раз знаходзім у сярэднявечных тэалягічных трактатах сьцьвярджэньні, што Бог лепш чуе тыя малітвы, якія прамаўляюцца гучна, то з распаўсюджаньнем часасловаў зьмяняецца стаўленьне да самога акту малітвы. Цяпер царква заклікае маліцца моўчкі, самому сабе, не паўтараючы мэханічна часта незразумелыя словы, якія чуеш з амбону, а ўдумліва чытаць тэкст па малітоўніку.

Друк зрабіў таксама шмат ускосных уплываў, пранікнуўшы ўва ўсе сфэры грамадзкага жыцьця. Францускі дасьледчык Ражэ Шарт'е паказаў гэта на прыкладзе пашырэньня так званых “шлюбных граматаў”. У 17 ст., на якое прыпадае пік папулярнасьці гэтых дакумэнтаў, у вялікіх гарадох амаль усе маладыя пары, уступаючы ў шлюб, падпісвалі функцыянальна бескарысны, але неверагодна прыгожы, аздоблены дрэварытамі або медзярытамі аркуш паперы з канвэнцыйным тэкстам, у якім паўтараліся славутыя біблійныя словы пра тое, што “чалавек хай не разлучыць тое, што Бог зьяднаў”. Гэта быў сымбалічны акт, і гэтыя шлюбныя граматы захоўваліся ў сям'і, маючы вялікае афэктыўнае значэньне. Мы цяпер таксама жывем у сьвеце мастацкіх друкаваных аб'ектаў, але часта не зьвяртаем на іх асаблівай увагі.

Айнштайн любіў паўтараць: “Мая асадка разумнейшая за маю галаву”. Ён меў на ўвазе, што працы любога навукоўца і творы любога літаратара ўтрымліваюць нашмат больш, чым ён сам здае сабе справу. Гэтак здарылася і з Гутэнбэргам. Ягоны друкарскі прэс стаў прычынай такіх зьменаў, пра якія ён і не падумаў.

Кнігі, маўклівыя настаўнікі, зьмянілі характар выкладаньня і навучаньня. На працягу ўсяго Сярэднявечча адукацыя насіла вусны характар. Звычайна студэнты сярэднявечных унівэрсытэтаў ня мусілі здаваць пісьмовых іспытаў, а калі ўсё ж такі такія іспыты праводзіліся, дык іх ацэньвалі як “іспыт надзейнасьці вуснай падрыхтоўкі” (вугорскі дасьледчык Іштван Гайнал). Той факт, што кніг было недастаткова, прымушаў прафэсараў надыктоўваць сваім вучням працы, патрэбныя ў навучаньні. Гэтак студэнты ставалі куратарамі і выдаўцамі падручнікаў для ўласнага карыстаньня.

З распаўсюджаньнем друку сытуацыя зьмянілася цалкам. На рынкі адразу выйшла шмат падручнікаў, якія абумовілі зьяўленьне людзей-самавукаў або тых, што працавалі на самоце, як Мантэнь у сваёй вежы. Магчымасьць навучацца, абыходзячыся без чалядзкай практыкі або абавязковага хаджэньня ў школу, нараджала новы сэнс незалежнасьці шматлікіх людзей-самавукаў. Выкарыстаньне шматлікіх асобнікаў аднога і таго ж падручніка ў межах адной навучальнай установы або нават шэрагу навучальных установаў паспрыяла стандартызацыі навучальных праграмаў і мэтодыкі. Гэтак жа аднолькавыя і малафарматныя кнігі цэнтралізавалі і стандартызавалі сыстэму іспытаў.

Чытаньне стала асновай адукацыі, ад навучаньня ў працэсе працы чалавек перайшоў да навучаньня ў працэсе чытаньня.

Украінскія мысьляры, аналізуючы прычыны выцясьненьня ўкраінскамоўных кніжак расейскамоўнымі ў 18—19 стст., прыйшлі да наступных высноваў. Нешматлікія сьвядомыя і шматлікія несьвядомыя слаі ўкраінскага грамадзтва (гэты аналіз шмат у чым прыдатны таксама для Беларусі) былі дзьвюхмоўнымі, прычым вельмі часта другая мова, а ёю ў Беларусі, напрыклад, была расейская мова для праваслаўных і польская мова для каталікоў, па сваім ўжываньні была ў рэальнасьці не другой мовай, а першай, бо сфэра ўжытку нацыянальнай мовы зводзілася да побыту. 20 ст. прынесла ў гэтым сэнсе толькі тую зьмену, што аналягічная сытуацыя пашырылася і на сялянаў ды работнікаў, загартаваных у савецкай культурнай рэвалюцыі. Да канца 18 ст. друкаваная кніга на нашых абшарах ня сталася зьяваю папулярнай культуры з-за сваёй маладаступнасьці ды жанравай абмежаванасьці. Грушэўскі з жалем канстатаваў, што кніжнасьць была амаль выключна царкоўнай. Па рукапісным матэрыяле мы бачым, што людзі надта цікавіліся гісторыяй свайго краю і сьвету, сьпісвалі старыя летапісы, складалі хронікі свайго часу, дапаўняючы імі гістарычныя сьпісы. Але амаль нічога з гэтага не друкавалася. “Людзям хацелася нечага жывейшага, сьвяжэйшага, бліжэйшага да жыцьця, але гэтага кніга не давала. Перашкаджала, з аднога боку, тая акалічнасьць, што ўсе тагачасныя ўкраінскія друкарні былі ў царкоўных руках, а яшчэ больш тое, што маскоўская ўлада сваімі забаронамі проста-такі загарадзіла ўкраінскай літаратуры дарогу да жывейшых і сучасных тэмаў”. Драгаманаў лічыў закамянеласьць украінскай выдавецкай справы адной з прычынаў імклівай русіфікацыі вышэйшых слаёў украінскага грамадзтва. “Тады шчэ ўва Ўкраіне друкавалася нашмат больш кніжак, чым у Маскоўшчыне... але ўва Ўкраіне друкавалі выключна старую царкоўшчыну, а ў Маскоўшчыне публікаваліся таксама тэхнічныя рэчы і падручнікі... Варта б украінафілам і, у прыватнасьці, галіцкім клерыкалам задумацца над гэтай розьніцай і цяпер”.

У сувязі з гэтым трэба зазначыць, уніяцкая царква з аб'ектыўных ці суб'ектыўных прычынаў ня здолела стварыць у Беларусі сьвядомых і сталых нацыянальных асьветных структураў, застаючыся ажно да сваёй забароны рэлігіяй цёмных народных масаў і неадукаваных сьвятароў.

Найбольш папулярнай кнігай у Беларусі ў пэрыяд, які папярэднічаў шырокаму распаўсюджаньню друку, былі “Четьи Минеи”, якія пашыраліся ў сьпісах. “Четьи Минеи” — гэта жыцьці сьвятых. Фактычна, мы можам сказаць, што гэта была такая сабе камэрцыйная літаратура старых часоў. У чым было яе падабенства, а ў чым адрозьненьне ад сучаснай папулярнай літаратуры, якой так шмат прадаецца цяпер у кнігарнях? Адрозьненьні ёсьць як у характары тэкстаў, так і ў мадэлях рэцэпцыі. Па-першае, сярэднявечны чытач шукаў у кнізе ня нечага арыгінальнага, а звычаёвага, нязьменнага, таго, што паўтараецца. Для людзей друкарскай культуры звыкла, што аўтар тым больш вялікі, чым больш ён арыгінальны, тады як людзі Сярэднявечча не разглядалі арыгінальнасьць як станоўчую якасьць. Гэтак, сьвяты Банавэнтура, адзін з найбольш пладавітых аўтараў каталіцкай царквы, у сваім пералічэньні чатырох спосабаў стварэньня кнігаў не называе якраз тых твораў, якія ёсьць плёнам поўнай і чыстай арыгінальнасьці, аддаючы перавагу перапісчыкам (скрыптарам), складальнікам (кампілятарам), тлумачальнікам (камэнтатарам).

Тая карціна сьвету, якую прапануюць “Четьи Минеи”, у прынцыпе вельмі падобная да карціны сьвету, якую малююць у папулярных баевіках, дзе станоўчы герой трыюмфуе над сваімі адмоўнымі ворагамі, абараняючы справядлівасьць або, прынамсі, нейкія якасьці, якім знаходзіцца легітымацыя ў сучасным яму сьвеце. Аналіз асобных тэкстаў жыцьцяў сьвятых выяўляе, што ў іх сюжэтах важную ролю адыгрываюць эпізоды, за якімі стаяць эратычныя матывы і, як іхная мадыфікацыя, матывы гвалту (спакушэньне, тартуры), а таксама “канфлікты вартасьцяў”, пераважна традыцыйных ці паганскіх — сямейных, маёмасных ды іншых — зь ідэйна-хрысьціянскімі.

Калі мы глянем на сёньняшнюю мас-культуру, так званую папулярную літаратуру, то ўбачым, што і сучасны масавы чытач або масавы глядач нейкай там Агаты Крысты, Уладзімера Караткевіча, Барбары Картланд, Аляксандры Марынінай, “Конана-разбуральніка” ці “Нікіты” можа пераказаць агульныя рысы сюжэту твору, друкаванага або візуальнага тэксту, пабачыўшы толькі завязку сюжэту. Звычайна злачынства будзе раскрыта, паскуднік пакараны, герой выйдзе сухім з вады або жывым зь пераплёту, а закаханыя змогуць аддацца сьветламу пачуцьцю, і выняткі з гэтага правіла толькі пацьвярджаюць яго. Аднак чары раскрыцьця таямніцы, салодкі жах балянсаваньня над прорвай — усе гэтыя эфэкты ўдаюцца толькі калі чытач наперад ведае, што таямніца будзе яму раскрытая, герой выратуецца, а дабро затрыюмфуе, толькі ня ведама, калі гэта здарыцца. Чым ніжэйшы адукацыйны цэнз сёньняшняга чытача, тым бліжэйшы ён у сваіх густах да чытача старадаўнага.

Сучасная эпоха зьмяняе ўяўленьне і пра аўтара. Ралян Барт пісаў, што аўтар ёсьць пэрсанажам цалкам мадэрным, паўсталым у нашым грамадзтве адно тады, калі па выхадзе зь Сярэднявечча з дапамогай ангельскага эмпірызму, францускага рацыяналізму і рэфармацкага прынцыпу асабістае веры грамадзтва адкрыла для сябе ўвесь прэстыж і вартасьць індывіда, ці, кажучы стылем больш высокім, чалавечай асобы. Лягічна, што пазытывізм, які падагульняў і падсумоўваў ідэалёгію капіталізму, надаваў такое вялікае значэньне асобе аўтара. У беларускіх падручніках літаратуры й дагэтуль аўтар пануе — ягоная асоба, біяграфія, густы, творчасьць як цэлае. Калі ў выпадку Кастуся Каліноўскага гэта зразумела, дык у выпадку шматлікіх беларускіх савецкіх пісьменьнікаў, калі сама эпоха прамаўляла за чалавека, не.

Ралян Барт падсумоўваў неабходнасьць падстаноўкі мовы на месца таго, хто лічыўся яе ўладальнікам. Мова, а ня аўтар, прамаўляе, пісаў ён. Тэкст ёсьць тканкай цытатаў, што паходзяць з тысячаў культурных крыніцаў. Барт замяняе панятак аўтара паняцьцем скрыптара, які ня мае біяграфіі і ідэалёгіі, але ўяўляе сабою велізарны слоўнік. Месцам, дзе злучаюцца разнастайныя віды пісьма, ён лічыць чытача, а ня аўтара. Сьмерць аўтара абарочваецца нараджэньнем чытача.

Мішэль Фуко ў сваім эсэ “Чым ёсьць аўтар” вылучае фразу Бэкета “якая розьніца, хто гаворыць” у якасьці аднога з асноўных прынцыпаў сучаснага пісьма. Фуко абмяжоўвае аўтара да ролі рэгулятара выдумкі, да аўтара-функцыі, які характарызуе лад існаваньня, хаджэньня і функцыяваньня пэўных дыскурсаў унутры грамадзтва.

Пра сур'ёзнасьць уплыву друкаванага слова на сьвядомасьць людзей і розныя сацыяльныя працэсы сьведчыць факт існаваньня цэнзуры друкаванай прадукцыі. У старажытныя часы рукапісныя кнігі былі мала каму даступныя, а таму і адсутнічала патрэба кантролю за імі. А ў пару Контрарэфармацыі і інквізыцыі вогнішчы з кнігамі палалі па ўсёй Эўропе, не згасаючы і ў часы сталінскага і гітлерскага таталітарызму. Рэлігійныя і сьвецкія ўлады неўзабаве стварылі органы па наглядзе за друкам, функцыі якіх цяпер у Беларусі выконвае Дзяржаўны камітэт па друку.

Першы сьвецкі аддзел цэнзуры быў створаны на бацькаўшчыне Гутэнбэрга ў горадзе Майнцы ў 1486 г., а ў 1559 г. каталіцкая царква склала першы “індэкс забароненых кніг”, які пэрыядычна паднаўляўся аж да 20 ст. Рэлігійныя ўлады імкнуліся найперш забараніць і вынішчыць усе кніжкі, якія ўтрымлівалі герэтычныя ідэі. Палітычная цэнзура карала тыя працы, у якіх рабіліся спробы дэлегітымізаваць або проста крытыкаваць дзяржаўную ўладу. Існуюць гістарычныя зьвесткі, што за пэрыяд паміж 1600 і 1756 годам праз парыскую Бастылію, сымбаль францускага абсалютызму, прайшло больш за 800 аўтараў, друкароў, кнігароў. Папраўдзе, мабыць, не было такога чалавека, які б займаўся ў тыя часы кнігавыданьнем і хоць раз ня быў пакараны за сваё жыцьцё.

Паколькі любое дзеяньне сустракае адэкватнае супрацьдзеяньне, дык выдаўцы паступова назапасілі мноства рэцэптаў пераадоленьня цэнзуры. Тут і фальшывыя подпісы пад кнігамі, указаньне фальшывых выдавецкіх зьвестак, выхад у сьвет ананімных выданьняў, псэўданімы аўтараў і г.д.

Як і ў нашы дні, цэнзура спрыяе вялікаму посьпеху кніг і выдавецкіх праектаў. Забароненыя кнігі зазвычай надта прыцягваюць увагу чытачоў — калі даходзяць да іх.

Друк, кнігі паспрыялі замацаваньню індывідуалізму, унутранага аналізу, засяроджанасьці на сабе. Гэта ўплывала як на псыхалёгію людзей, так і на зьмены папулярнасьці літаратурных жанраў. Адным з такіх наступстваў стаў росквіт жанру літаратурнага дзёньніка. Калі чалавек піша, ён заўсёды нібы гаворыць, пісьмо — імітацыя гаворкі. Дзёньнік — імітацыя дыялёгу з самім сабой. Але ў рэальным жыцьці мы ніколі не гаворым самі з сабою гэткім чынам. Дыярыюш, дзёньнік — вельмі маладая літаратурная форма, яна зьявілася толькі пад канец 17 ст. Вэрбалізацыя саліпсістычных фантазіяў, прадугледжаная гэтым жанрам, ёсьць прадуктам зьменаў, якія спрычыніла друкарская культура ў структуры чалавечага розуму.

Іншыя жанры, народжаныя друкам — жанры слоўніка і падручніка. Аднак амаль не да спазнаньня зьмяніліся й тыя жанры, якія папярэднічалі вынаходцы Гутэнбэрга. Калі мы разгледзім буйныя тэксты, створаныя ў вуснай форме, “Калевалу”, “Манас”, “Адысэю”, то пабачым, што яны ня маюць лінійнай інтрыгі, як, напрыклад, дэтэктывы. Матэрыял да пісьмовых твораў пададзены эпізодамі, быццам шэраг асобных скрынак ці матрошак, што зьмяшчаюцца адна ў адну. Толькі пісьмо і друк дазволілі разьвіцца звыкламу для нас цяпер нарастаючаму наратыўнаму сюжэту.

Уолтэр Онг пісаў, што пісьмо ёсьць дзейнасьцю, якая пашырае сьвядомасьць. Апавяданьне з арганізаванай і кампактнай інтрыгай — гэта адначасова прадукт і прычына абвастрэньня сьвядомасьці, і дзеля гэтага яно знаходзіць свой сымбалічны выраз у бездакорнай пірамідальнай інтрызе дэтэктыўнага раману, дзеяньне якога факусуецца ў свядомасьці галоўнага героя, якім звычайна і зьяўляецца дэтэктыў.

Такія зьявы, як узьнікненьне друку, зараджэньне капіталізму, трыюмф індывідуалізму, Рэфармацыя, зьяўленьне зародкаў тэхнічнай рэвалюцыі, маюць несумненную сувязь паміж сабою. Усе гэтыя чыньнікі разам ляжаць у падмурку той эвалюцыі грамадзтва, якая прывяла да стварэньня мадэрнага грамадзтва. Усталяваньне капіталістычнай фармацыі было ня ў меншай ступені абумоўлена распаўсюджаньнем пратэстанцкай этыкі, пра якую пісаў Макс Вэбэр, або клясавым змаганьнем, апісаным Марксам, чым друкаваньнем дзясяткаў мільёнаў кніг.

З эканамічнага пункту гледжаньня першадрукары былі гарадзкімі прадпрымальнікамі, якім з дапамогай тэхнічных удасканаленьняў удалося замяніць прадукт ручной працы прадуктам працы машыннай, якія ажыцьцяўлялі сваю дзейнасьць, дзякуючы грашовым пазыкам, тым самым спрыяючы арганізацыі фінансавай сыстэмы грамадзтва, якія першыя сталі вырабляць масавую прадукцыю і разгарнулі гандлёвую сетку за межы асобна ўзятых карпарацыяў і гарадоў эпохі позьняга Сярэднявечча, якія на сваіх прадпрыемствах першыя ажыцьцявілі ключавыя сацыяльныя досьведы мадэрнай эпохі, напрыклад, першыя страйкі, і якія працавалі (першыя ў галіне эканомікі) ува ўмовах жорсткай канкурэнцыі, абумоўленай пошукам прыбытку.

Шрыфты Гутэнбэрга зрабілі немалы ўнёсак у навуковую рэвалюцыю, нягледзячы на іх першапачаткова чыста рэлігійнае выкарыстаньне. Яны дазволілі дабівацца няспыннага паляпшэньня якасьці кніг і той інфармацыі, што ў іх утрымліваецца ад выданьня да выданьня. Дэвід Юм пісаў, што галоўнай выгодай мастацтва друку ёсьць магчымасьць няспыннага ўдасканаленьня і выпраўленьня кніг пры перавыданьнях, якую нам дае друк.

Друк робіць магчымым збор зьвестак на цалкам новай аснове, ён дае ў распараджэньне дасьледчыкам карты, дыяграмы, табліцы, усё больш дакладныя малюнкі, і вызваляе навукоўца ад неабходнасьці бессэнсоўнага перапісваньня тэкстаў.

Пакуль не зьявіўся друк, здавалася немагчымым пераўзысьці геаграфічныя вынаходніцтвы, зробленыя ў эпоху Аляксандра Македонскага. Неўзабаве пасьля таго, як на капітанскія сталы ляглі геаграфічныя карты, былі ажыцьцёўлены вялікія геаграфічныя адкрыцьці. Да зьяўленьня друку атрыманьне і захаваньне веды, назапашанай продкамі, было важнейшым за іншую разумовую дзейнасьць, а галоўнай функцыяй у любога ўнівэрсытэцкага факультэту быў збор і захаваньне асаблівага корпусу тэкстаў, якія дасталіся ад продкаў.

У 20 ст., калі тэхналягічныя зьмены ў сродках масавай інфармацыі зьмянілі ўмовы чытаньня і пісаньня, час і характарыстыкі пацехаў і ўвесь наш пачуцьцёвы апарат, а таксама калі мы прыйшлі да высновы пра выгоднасьць зьмяненьня падыходаў да адукацыі, прынятых у папярэднія стагодзьдзі, шмат хто стаў ставіць пытаньне пра пэрспэктывы кнігі. Насамрэч, сьвет слова робіць акцэнт на лёгіцы, пераемнасьці і гісторыі, экспазыцыі, аб'ектыўнасьці, дыстанцыі паміж чытачом і аўтарам і дысцыпліне, якой вымагае працэс успрыманьня інфармацыі, сьвет тэлебачаньня, насуперак, вызначаецца фантазіяй, апавядальнасьцю, сынхроннасьцю перадачы інфармацыі, сучаснасьцю, набліжанасьцю да гледача, непасрэднасьцю рэакцыі і эмацыйнага ўзьдзеяньня. Усе вышэйпералічаныя якасьці нібыта спрыяюць зьмяншэньню папулярнасьці кнігі. Сапраўды, каб чытаць, трэба ўмець чытаць, а тэлебачаньне могуць глядзець людзі нават без адукацыі. Чытаньне, звычайна, ёсьць працэсам індывідуальным, а досьвед тэлебачаньня можна праходзіць і ў кампаніі. Кніга створана для спажываньня абмежаванымі дозамі, а тэлебачаньне можа спажывацца несупынна і ў вялікіх дозах. Хуткасьць распаўсюджаньня тэлеінфармацыі непараўнальна вышэйшая. Друк створаны для меншасьці грамадзтва, трэба гэта прызнаць, тады як электронныя сродкі масавай інфармацыі створаны для большасьці. Нарэшце, кнігі, хоць і вырабляць іх нядужа цяжка, для спажыўца абыходзяцца досыць дорага, тады як прадукцыю электронных мас-мэдыя вырабляюць дарагою цаною, затое ў выніку эканамічных экстраапэрацый спажыўцу гэтая прадукцыя абыходзіцца вельмі танна. Кнігу можам чытаць, толькі трымаючы яе перад вачыма, пад тэлевізар жа можна есьці, прасаваць бялізну, гатаваць ежу, прыбіраць пакой.

Сьмерць кнігі першы прадказаў францускі паэт Лямартын у 1830 г. Праўда, ён меркаваў, што кнігу заб'е газэта. З тае пары аналягічныя прароцтвы множыліся.

Усё ж кнігі наўрад ці зьнікнуць. Яны зьмяняюць сваю форму, зьяўляюцца гаворачыя кнігі, напрыклад, кнігі-інтэрвію, плён электроннай тэхналёгіі. Яны робяцца прыгажэйшыя — каб ня толькі перадаваць інфармацыю, але і існаваць як творы мастацтва.

Урэшце кніга й друкаваны тэкст маюць годнага нашчадка — кампутар і кампутарны тэкст. Аднак культурнай манаполіі кнігі прыйшоў канец, якія б анатэмы не прамаўлялі супраць вульгарнага тэлебачаньня і бяздушных электронных машынаў у абарону высакародных кніг. Кніга эпохі электроннай культуры застаецца адной сярод шматлікіх прыладаў пазнаньня.

Ад друкаванага тэксту, фізычнага тэксту кнігі, адбыўся пераход да віртуальнага кампутарнага тэксту. Ад тэксту — пераход да гіпэртэксту, які ўжо не валодае шматлікімі ключавымі характарыстыкамі друкарскай культуры. Ён ня мае акрэсьленага й нязьменнага пачатку й канца, ня мае акрэсьленых межаў, ён хаатычны, дынамічны, плынны. Уявіце сабе, напрыклад, гіпэртэкст, які складаецца з усіх тэкстаў газэты “Наша Ніва” плюс усіх крытычных камэнтароў, якія былі зроблены пра гэту газэту на працягу стагодзьдзя, плюс усе дайджэсты гэтай газэты, якія дзе-кольвек зьяўляліся, плюс усе дзяржаўныя і юрыдычныя акты, якія стасуюцца гэтай газэты, у тым ліку і матар'ялы судовага працэсу аб законнасьці ўжываньня клясычнага беларускага правапісу, плюс запісы ўсіх радыёперадач, у якіх расказвалася пра зьмест нумароў, плюс відэаматэрыял, пачынаючы ад фотаздымкаў аўтараў газэты, плюс тыя тэксты, якія дасылаліся ў рэдакцыю, але якія па тых ці іншых прычынах не патрапілі на старонкі — гэта й будзе такі сабе гіпэртэкст, які існуе як частка шматвымернага дыялёгу, складаных узаемасувязяў паміж адным фізычным тэкстам і тысячамі іншых, што разбурыць непазьбежную фізычную абмежаванасьць друкаванага тэксту.

Кнігі зьмяшчаюць тэксты. Этымалягічна слова “тэкст” азначае “тканка, тканіна” (параўнайце з словамі “тэкстыль”, “тэкстура”). Аднак, калі раней гэтую тканку нязьменна лічылі пэўнай заслонай, за якой з большым ці меншым посьпехам хаваецца сэнс, нейкая праўда (мы тут амаль цытуем Раляна Барта), то сучасная філязофія, гаворачы пра гэтую тканку, падкрэсьлівае ідэю спараджэньня, паводле якой тэкст ствараецца, выпрацоўваецца празь бясконцае пляценьне мноства нітак. Заблукаўшы ў гэтай матэрыі, суб'ект зьнікае, быццам павук у прадуктах уласнай сэкрэцыі, зь якіх ён пляце сваё павучыньне. Ралян Барт вызначае тэорыю тэксту як гіталёгію (грэцкае слова “гітас” азначае “тканіна” і “павучыньне”).

Пралятаючы праз тэорыі тэксту, нельга забываць, што тэкст — гэта аб'ект асалоды, і, як любы іншы аб'ект асалоды, збліжаецца з задавальненьнямі паўсядзённага жыцьця, з слодыччу ежы, з хараством краявіду, зь перахопленым раптоўным позіркам, з таямніцай голасу. Чытаньне — гэта прыгода, а ідэальная кніга — гэта кніга, дзе зьліваюцца асалода ад жыцьця і асалода ад тэксту.

Літаратура

1. Baldini M. Storia della communicazione, Roma, Tascabili Economici. Newton, 1995.

2. Eco U. Sei passegiate nei boschi narrativi. Milano, Bompiani, 1994.

3. Havelock E. The Muse Learns to Write. Reflections on Orality and Literacy from Antiquity to the Present. New Haven, Yale University Press, 1986.

4. McLuhan M. The Gutenberg Galaxy. Toronto, University of Toronto Press, 1962.

5. Ong W.J. Orality and Literacy. The Technologizing of the Word. London, Methuen, 1982.

6. Барт Р. Избранные работы: Семиотика. Поэтика. Москва, Прогресс, 1994.

7. Берман Б. Читатель жития. // Художественная культура средневековья. М., 1982.

8. Гриценко О. Книжка. // Нариси української популярної культури. Київ, УЦКД, 1998.