Плян:
1. Сацыяльная прастора камунікацыі
2. Грамадзкая думка (апінія)
3. Мас-мэдыі і грамадзкая думка
4. Сацыяльныя групы і аўдыторыі
5. Дзьве вялікія аўдыторыі мэдыяў
“Досьледы камунікацыі і мэдыяў” фармулююць сваю ўласную візію грамадзтва. Гэта — перадусім прастора камунікацыі паміж людзьмі, рознымі сацыяльнымі групоўкамі, інстытуцыямі, ідэалёгіямі і культурамі.
Магчымасьць камунікацыі вынікае тут з актыўнасьці розных удзельнікаў сацыяльных дачыненьняў, якія, як правіла, адбываюцца ў форме каапэрацыі, канкурэнтнай барацьбы ці нават у форме канфліктных сытуацыяў. Ува ўсіх гэтых выпадках камунікацыя ня толькі апасродкуе сацыяльныя дачыненьні, але і ёсьць важным элемэнтам іхнага канструяваньня гэтак жа сама, як і асягненьне выніковасьці самога дзеяньня ці дзеяньняў.
Найбольш інтэнсіўныя камунікацыйныя працэсы адбываюцца ў чатырох вялікіх сфэрах грамадзтва, а менавіта, гэта — а) сфэра дзяржавы, г.зн. сацыяльная прастора дзяржаўных інстытуцыяў і тых дачыненьняў, што падпадаюць пад іхны кантроль; б) эканамічная сфэра, в) палітычная сфэра і г) сфэра публічнасьці.
Гэтыя сфэры знаходзяцца ў дынамічных узаемадачыненьнях.
Неабходна адзначыць, што ў дэмакратычных грамадзтвах межы сацыяльнай прасторы дзяржавы і сфэры кантраляваных ёй дачыненьняў, як правіла, зьяўляюцца добра вызначанымі і кантралюцца празь існыя законы, дзейнасьць палітычнай апазыцыі (партыяў, што не знаходзяцца ў гэты момант пры ўладзе), грамадзкую думку, а таксама праз культываваньне такіх дэмакратычных свабодаў, як свабода выказваньня і свабода прэсы. Спынімся тут на сфэры публічнасьці, бо якраз ува ўзаемадачыненьнях публічнай сфэры і сфэры дзяржавы выяўляюцца шмат якія праблемы, якія тычацца СМІ.
Лічыцца, што публічная сфэра — гэта сфэра свабоднага выяўленьня апініі, думак і меркаваньня грамадзянаў адносна розных сацыяльных, палітычных, эканамічных альбо якіх-небудзь іншых зьяваў і праблемаў. У гэтай прасторы на падставе рацыянальных аргумэнтаў і дыялёгу ўзьнікае і фармуецца свабодная грамадзкая думка. Варта адзначыць, што прадметам абмеркаваньня ў публічнай сфэры зьяўляюцца не вузкапрафэсійныя альбо прыватныя праблемы людзей, а тыя, што тычацца альбо могуць тычыцца дастаткова вялікіх сацыяльных групаў, жыцьцёвых інтарэсаў людзей, а таксама ўсяго грамадзтва.
Нямецкі сацыёляг і філёзаф Юрген Габэрмас, які разьвіваў менавіта такую інтэрпрэтацыю публічнай альбо грамадзкай сфэры, лічыў, што яна выступае ў якасьці пасярэдніцкай інстанцыі паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасьцю і паклікана абмяжоўваць сфэру ўплываў дзяржавы, забясьпечваючы тым самым працэсы функцыянаваньня дэмакратычнай сыстэмы і дэмакратычных інстытутаў грамадзтва.
Лічыцца таксама, што да сфэры публічнасьці належыць і прэса як форум альбо мейсца публічных выказваньняў і выяўленьня розных думак, поглядаў і меркаваньняў. Пры гэтым, аднак, неабходна адзначыць, што хаця мэдыі і дзейнічаюць пераважна ў публічнай сфэры, але яны не зьяўляюцца шараговымі агентамі гэтай сфэры. Мэдыі адыгрываюць надзвычай актыўную ролю і зьяўляюцца самым дзейсным інструмэнтам фармаваньня грамадзкай думкі і ўплыву як на гэтую, так і на іншыя сфэры грамадзтва.
Погляд Габэрмаса на публічную сфэру як прастору, у якой камунікацыйныя паводзіны засноўваюцца на выкарыстаньні рацыянальных аргумэнтаў і дзе ўдзельнікі зьяўляюцца як бы раўнапраўнымі яе агентамі, якія імкнуцца да выяўленьня публічнай ісьціны, часам крытыкуюць за тое, што яна ігнаруе іншыя матывацыі, зь якімі ўдзельнікі публічнай сфэры могуць у ёй прысутнічаць ці дзейнічаць. У першую чаргу гэтая крытыка тычыцца палітычных паводзінаў і палітычнай дзейнасьці.
Амэрыканскі сацыёляг і філёзаф Ганна Арэндт высунула іншую інтэрпрэтацыю публічнай сфэры. Зь яе гледзішча публічная сфэра — гэта “публічная сцэна”. Публічныя фігуры, найчасьцей гэта палітыкі, паўстаюць тут ня ў якасьці асобаў, якія імкнуцца да высьвятленьня публічнай ісьціны, а як акторы. І, адпаведна, грамадзкая сфэра — гэта ня форум для публічных дыскусіяў, а сцэна, на якую выходзяць з тым, каб дасягнуць пэўнага посьпеху. Прычым посьпех залежыць не ад таго, што скажа актор, а ад таго, ці патрапіць ён дагадзіць, спадабацца публіцы.
Галоўная мэта такога камунікацыйнага дзеяньня — гэта не абмеркаваньне важных грамадзкіх мэтаў і сродкаў іх дасягненьня, а імкненьне зачараваць публіку, займець яе падтрымку дзеля тых мэтаў, якія насамрэч ніколі публічна не абмяркоўваюцца. “Плакаў узрушаны электарат…”, — так камэнтуе рэжысэр Ю.Хашчавацкі адну са сцэнаў наведваньня кандыдатам у прэзыдэнты А.Лукашэнкам свайго роднага Шклова ў фільме “Звычайны прэзыдэнт”.
Як піша францускі дасьледчык Жан-Марк Фэры, у дадзеным выпадку мы маем справу з “выяўленчай эстэтыкай прэзэнтаваньня самога сябе, калі кожны мусіць “праявіць сябе”, каб дамагчыся славы”. Цікава адзначыць, што слава ў дадзеным выпадку не зьяўляецца чымсьці, што цалкам належыць яе ўладальніку, — яна ёсьць фэномэнам добраахвотнага падпарадкаваньня думкі дастаткова вялікай колькасьці людзей аўтарытэту меркаваньня асобы, якая “праявіла сябе”, здолела прыцягнуць да сябе ўвагу.
Адзначым таксама, што прапанаваная Ганнай Арэндт інтэрпрэтацыя публічнай сфэры як “публічнай сцэны” мае пэўнае дачыненьне да таго, што можна назваць фэномэнам папулізму. Папулізм — гэта і ёсьць тое, што ў значнай ступені базуецца на прадстаўленьні, на тэатральным дзеяньні, на пэрфомансе, якія мусяць захапіць публіку, выклікаць у яе самыя розныя эмацыйныя рэакцыі (пераважна станоўчыя), стварыць эфэкт эмацыйнага ці нават эстэтычнага задавальненьня.
Відавочна, што інтэрпрэтацыі публічнай сфэры Ю.Габэрмаса і Г.Арэндт — гэта розныя інтэрпрэтацыі, але наўрад ці можна назваць іх глыбока супярэчлівымі. Хутчэй, яны проста фіксуюць розныя станы публічнай сфэры. У краінах з добра ўсталяванымі дэмакратычнымі інстытуцыямі і трывалымі дэмакратычнымі традыцыямі публічная сфэра — гэта перадусім прастора дыскусіяў, у якіх рацыянальныя аргумэнты насамрэч адыгрываюць вызначальную ролю; у краінах пераходнага пэрыяду, якія перажываюць сур'ёзныя крызы і дзе значная колькасьць людзей знаходзіцца ў стане дэзарыентаванасьці, яна мае тэндэнцыю ператварацца ў “сцэну” для асобаў і палітыкаў зь яўна авантурыстычнымі памкненьнямі, асобаў з мэтамі і амбіцыямі хутчэй асабістага, чымсьці грамадзкага характару.
Ужо адзначалася, што публічная сфэра — гэта сфэра выяўленьня думак, датычных сур'ёзных грамадзкіх альбо агульнанацыянальных праблемаў. Інакш кажучы, публічная сфэра — гэта сфэра, дзе фармуецца і выяўляецца грамадзкая думка альбо апінія.
Шмат якія сацыёлягі сыходзяцца на тым, што для ўзьнікненьня і фармаваньня грамадзкай думкі неабходна наяўнасьць прынамсі чатырох фактараў, а менавіта: а) нейкай грамадзкай праблемы, якая выклікае напружанасьць; б) даволі значнай колькасьці людзей, якія выказваюць свае меркаваньні адносна гэтай праблемы; в) асноўны зьмест гэтых меркаваньняў падзяляецца большасьцю людзей і г) гэтыя меркаваньні мусяць уплываць на іншых людзей, сацыяльныя ці ўрадавыя інстытуцыі.
Будзем мець на ўвазе, што грамадзкая апінія — гэта абавязкова вынік сацыяльнага ўзаемадзеяньня і камунікацыі. Інакш кажучы, ня можа існаваць той ці іншай грамадзкай думкі, калі асобы, якія фармуюць яе, не камунікуюцца і не абменьваюцца паміж сабой сваімі меркаваньнямі і ацэнкамі адносна той ці іншай праблемы. Камунікацыя пры гэтым адбываецца альбо ў форме наўпроставай міжасабовай ці публічнай камунікацыі, альбо, як у сёньняшнім грамадзтве масавай камунікацыі, пры дапамозе СМІ.
Акрамя таго, што сацыяльнае ўзаемадзеяньне і камунікацыя зьяўляюцца базавымі фактарамі, якія фармуюць грамадзкую апінію, на яе фармаваньне могуць таксама ўплываць розныя абставіны, прыналежнасьць людзей да розных сацыяльных групаў, а таксама меркаваньні фармальных і нефармальных лідэраў.
У той жа час неабходна ўсьведамляць, што крыніцай меркаваньняў і думак зьяўляецца сам чалавек, таму псыхалягічнай падставай фармаваньня грамадзкай апініі зьяўляюцца самыя розныя каштоўнасьці, якія падзяляюць, падтрымліваюць альбо адстойваюць людзі. Гэтыя каштоўнасьці могуць быць як палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя, так і рэлігійныя, эстэтычныя і да т.п. У гэтым сэнсе можна сьцьвярджаць, што грамадзкая думка заўсёды ўгрунтаваная ў якія-небудзь каштоўнасьці ці сыстэму каштоўнасьцяў.
Калі гаварыць пра структуру грамадзкай апініі, якую мы вызначылі як думку вялікіх колькасьцяў людзей адносна важных і сур'ёзных грамадзкіх праблемаў, то няцяжка заўважыць, што гэтая думка, так бы мовіць, паўтарае тую структуру сацыяльна-камунікацыйнай прасторы, пра якую мы казалі на самым пачатку лекцыі. А менавіта, грамадзкая думка структуруецца галоўным чынам вакол праблемаў дзяржавы і ўлады, палітыкі ўрадаў, дзеяньняў апазыцыі, эканамічных праблемаў грамадзтва, і ўласна публічнай сфэры, куды даволі лёгка трапляюць самыя розныя сацыяльныя, культурныя, палітычныя, этнічныя і іншыя праблемы.
Колькі словаў неабходна таксама сказаць пра дынаміку грамадзкай апініі. Гэта важны момант, бо мас-мэдыі маюць самае непасрэднае дачыненьне да фармаваньня, уплыву і падрыхтоўкі зьменаў у грамадзкай думцы.
Трэба сказаць, што існуюць як адносна кансэрватыўныя сэгмэнты грамадзкай думкі, так і адносна дынамічныя. Да прыкладу, у эканамічна стабільных і багатых краінах грамадзкая думка можа дзесяцігодзьдзямі ці нават стагодзьдзямі не зьмяняцца адносна такіх рэчаў, як эканамічны лад ці дзяржаўнае ўладкаваньне. Цікава адзначыць, што большасьць амэрыканцаў сёньня, як і 50 гадоў назад, перакананая, што капіталізм ёсьць найлепшай эканамічнай сыстэмай. Але за пасьляваенныя гады істотным чынам зьмянілася, напрыклад, стаўленьне грамадзкай думкі ў ЗША да такой праблемы, як сумеснае навучаньне ў школах і ўнівэрсытэтах белых і чорных грамадзянаў. Калі ў 1942 г. толькі 30 адсоткаў амэрыканцаў лічыла, што гэта магчыма, то ў 1984 г. ужо 90 адсоткаў выказалася станоўча. Сьветапоглядная перамена сталася магчымай праз публічнае абмеркаваньне праблемы як у асяродку нэгрыцянскай супольнасьці, так і ў амэрыканскай прэсе.
Гэткім чынам, некаторыя зьмены грамадзкай апініі могуць адбывацца даволі хутка. Перарухі ж у стаўленьні да глябальных праблемаў звычайна адбываюцца цягам гадоў і дзесяцігодзьдзяў.
Якія ў гэтым сэнсе ўзаемадачыненьні існуюць паміж мас-мэдыямі і грамадзкай думкай?
Мы ўжо неаднаразова адзначалі, як сродкі масавай камунікацыі апасродкуюць самыя розныя сацыяльныя працэсы, з чаго чалавек становіцца залежным у сваіх меркаваньнях ад СМІ. Вось яшчэ адзін цікавы прыклад: у сучасным сьвеце тое, што мы называем навінамі альбо падзеямі, зьяўляецца такімі толькі таму, што пра гэта напісалі газэты ці паведаміла тэлебачаньне. Інакш кажучы, вартым увагі грамадзкай думкі даволі часта аказваецца адно тое, што было асьветлена ў прэсе.
Адсюль, аднак, ня варта рабіць выснову, быццам мас-мэдыі — гэта нешта накшталт інфармацыйнага дыктатара, які загадвае, што лічыць важным, а што няважным. Гэта хутчэй сьведчаньне таго, што ў дэмакратычных грамадзтвах мэдыі, акрамя ўсяго іншага, ёсьць важнай часткай грамадзкай думкі. Здараецца, канечне, і так, што прыярытэты мас-мэдыяў і грамадзкай апініі не супадаюць. Апошняя надае часам большую вагу якраз і ня самым важным падзеям альбо праблемам.
Цікавымі ў гэтым сэнсе сталіся вынікі аднаго дасьледаваньня. У першыя два месяцы 1990 г. у ЗША шырока асьвятляліся палітычныя зьмены, што адбываліся ўва Ўсходняй Эўропе. У лютым ЗША наведаў Вацлаў Гавэл і выступаў у кангрэсе ЗША. Калі ў сакавіку гэтага ж году да тэлегледачоў зьвярнуліся з пытаньнем “Ці ня ведаеце вы часам, хто такі Вацлаў Гавэл?”, то толькі 14 адсоткаў апытаных правільна адказала на пытаньне. Было зададзена аналягічнае пытаньне і пра міс Мэпл. Аказалася, што 37 адсоткаў ведаюць, што яна ёсьць новай палюбоўніцай аднаго зь нью-ёрскіх мультымільянэраў. Як бачна, значнасьць асобы міс Мэпл для грамадзкай думкі пераўзышла значнасьць асобы Вацлава Гаўла.
У дэмакратычных грамадзтвах праблема несупадзеньня прыярытэтаў, аднак, не зьяўляецца драматычнай. Мэдыі і грамадзкая апінія знаходзяцца тут у даволі дынамічных стасунках. Адсутнасьць цэнзуры і наяўнасьць шматлікіх каналаў інфармацыі робяць магчымым разгледзець любую значную праблему ці тэму ў публічнай сфэры і заакцэнтаваць на ёй увагу публікі.
Іншая сытуацыя існуе ў тых грамадзтвах, дзе СМІ кантралююцца ўладай. Для разгляданай тут праблемы ўяўляюць цікавасьць такія прыёмы, як шырокае ўжываньне “фігураў замоўчваньня” і навязваньне грамадзкай апініі сацыяльных, палітычных ці іншых прыярытэтаў, якія не адпавядаюць рэальным праблемам і, адпаведна, не вядуць да іх вырашэньня.
Дагэтуль мы разважалі пра грамадзкую апінію як пра нешта адзінае і недыфэрэнцыяванае. Хаця такі падыход і выглядае абстрактным, аднак фактам зьяўляецца тое, што ў шэрагу выпадкаў большасьць ці нават пераважная большасьць людзей, якія належаць да аднаго і таго ж грамадзтва, сапраўды могуць мець аднолькавую думку адносна той ці іншай праблемы. Спашлемся на ўжо пададзеныя лічбы, выяўленыя ў апытаньні амэрыканцаў адносна праблемы супольнага навучаньня чарнаскурых і белых людзей. 90 адсоткаў амэрыканцаў сёньня лічаць, што гэта нармальная рэч. Пераважная большасьць людзей ува ўсім цывілізаваным сьвеце лічыць сёньня, што экалягічныя праблемы ёсьць важнымі і што ўрады іхных краінаў мусяць праводзіць адпаведную палітыку.
У гэтым сэнсе мы і казалі пра грамадзтва як пра адну вялікую аўдыторыю. Разам з тым відавочна, што ў грамадзтве заўсёды ёсьць людзі, якія не падзяляюць апініі большасьці, існуюць вялікія групоўкі, якія часам маюць супрацьлеглыя думкі адносна адной і той жа праблемы. Ня ёсьць аднароднай ці гамагеннай і сама публічная сфэра.
Чаму грамадзкая думка людзей адной і той жа супольнасьці падзяляецца? Чаму, нарэшце, у межах адной “вялікай аўдыторыі” існуе шэраг розных як па сваёй велічыні, так і па сваёй інфармацыйнай скіраванасьці аўдыторыяў?
Адказ на гэтыя пытаньні ляжыць адначасова ў некалькіх плашчынях. Усе людзі маюць адрозныя інтэлектуальныя здольнасьці. Працэс сацыялізацыі індывідаў адбываецца ў непадобных культурных, інтэлектуальных, сацыяльных і палітычных умовах. Урэшце, усе людзі маюць свой уласны досьвед узаемадачыненьняў зь іншымі людзьмі і належаць да розных сацыяльных групаў.
У кантэксьце нашай тэмы панятак сацыяльнай групы важны, бо дазваляе адценіць зьмест панятку “аўдыторыя”. Скарыстаем тут дэфініцыю, якую даў псыхоляг Джозэф МакГрат. “Група — гэта сукупнасьць дзьвюх альбо большай колькасьці асобаў, якія знаходзяцца ў той ці іншай ступені дынамічных узаемастасункаў”. Прыкладамі сацыяльных групаў ёсьць сям'я, студэнцкая група, палітычная партыя, прафэсійныя саюзы і г.д.
Паколькі абавязковым крытэрам групы зьяўляецца наяўнасьць той ці іншай ступені ўзаемастасункаў і ўзаемадачыненьняў, то сацыяльная група — гэта такая структураваная сукупнасьць людзей, дзе існуюць розныя, але ўзаемазалежныя ролі, пэўныя нормы паводзінаў, а таксама нейкім чынам арганізаваная сыстэма камунікацыі. Калі, да прыкладу, гэта палітычная партыя, то яна мае ці можа мець сваю газэту. Дзеля абмеркаваньня розных праблемаў партыі зьбіраюцца на свае кангрэсы ці зьезды. Калі гэта футбольная каманда, то, як вы ведаеце, у ёй таксама адбываецца даволі інтэнсіўны працэс камунікацыі. Футбалісты і трэнэры заўсёды абмяркоўваюць згуляныя ці яшчэ не згуляныя матчы і дыскутуюць адносна ролі кожнага з гульцоў у гэтых гульнях.
Для сацыяльных групах характэрны таксама пэўны ўзровень эмацыйных сувязяў. У партыях і прафсаюзах гавораць пра еднасьць і салідарнасьць, у футбольных камандах пра “пачуцьцё локця”, у студэнцкіх асяродках — пра студэнцкае братэрства і г.д.
Хаця аўдыторыі, як і сацыяльныя групы, таксама ўяўляюць зь сябе сукупнасьці людзей, аднак названае вышэй не характэрнае ні для аўдыторыяў наогул, ні для аўдыторыяў мэдыяў, у прыватнасьці. Праўда, у некаторых даволі вузкіх аўдыторыях гэтыя характарыстыкі могуць прысутнічаць у няяўнай ці слаба выражанай форме. Да прыкладу, калі ў невялікім горадзе, то ёсьць тэатар, то ясна, што некаторыя яго наведнікі будуць ведаць адзін адно. Паміж імі нават могуць існаваць нейкія кантакты. Але калі гаворка ідзе пра аўдыторыю кінатэатру ў вялікім горадзе, то малаверагодна, што сярод гледачоў вы сустрэнеце вашых знаёмых. Гэта азначае, што ў аўдыторыях ніяк ня вызначаныя стасункі паміж людзьмі.
А таму аўдыторыі — гэта малыя альбо вялікія сукупнасьці людзей, у якіх альбо цалкам адсутнічае структураванае і пэўным чынам арганізаванае ўзаемадзеяньне паміж асобамі, альбо яно прысутнічае ў мінімальнай і ня выражанай ступені . Ці адрозьніваецца тады аўдыторыя ад, напрыклад, натоўпу на тралейбусным прыпынку, дзе ўзаемадзеяньне таксама адсутнічае? Безумоўна адрозьніваюцца: у аўдыторыях заўсёды адбываецца працэс камунікацыі . Але калі вы, прыкладам зьвернецеся да натоўпу на прыпынку з палымянай прамовай адносна таго, што ўжо даўно няма тралейбусу ды пры гэтым яшчэ паставіце пытаньне “хто вінаваты?”, то вы лёгка ператворыце натоўп у аўдыторыю.
Скажам тут колькі словаў і пра сам тэрмін “аўдыторыя”. З этымалягічнага пункту гледжаньня ўжываньне гэтага тэрміну выглядае як супярэчлівае. Тэрмін паходзіць ад лацінскага слова “audire”, што азначае “слухаць “, а аўдыторыя, адпаведна, мейсца, дзе слухаюць. Сёньня тэрмін, аднак, ужываецца ў пашыраным значэньні і тычыцца ня толькі тых, хто слухае, але і тых, хто глядзіць. Зрэшты, такое пашырэньне значэньня — нармальная лінгвістычная зьява. Скажам, слова “чарніла” абазначае сёньня ня толькі чорную вадкасьць для пісаньня. А сфармаваўся тэрмін “аўдыторыя” ў тыя часы, калі вусная камунікацыя была дамінуючай формай.
Ці ёсьць яшчэ якія-небудзь характарыстыкі аўдыторыі, акрамя вышэйназванай? Так. Гэта — агульны інтарэс, агульная цікавасьць. Калі зусім незнаёмыя людзі сабраліся на стадыёне, каб паглядзець якія-небудзь спаборніцтвы, то гэта азначае, што ўсе яны маюць прыкладна аднолькавую цікавасьць да спаборніцтваў.
Яшчэ адна характарыстыка аўдыторыяў — гэта агульны настрой. У аўдыторыях існуе тэндэнцыя да супольных і калектыўных па сваёй прыроде эмацыйных рэакцыяў. Гледачы, да прыкладу, могуць разам сьмяяцца, плакаць ці разам пляскаць у ладкі.
Як вядома, два асноўныя каналы ўспрыняцьця інфармацыі — гэта слых і зрок. Радыё, прыкладам, “эксплюатуе” слых, газэты — зрок, тэлебачаньне, кіно, тэатар, відэа — зрок і слых разам. Маючы на ўвазе гэтыя два каналы інфармацыі, аўдыторыі мэдыяў можна падзяліць на слыхавыя і візуальныя. Хаця такое падзяленьне выглядае ўмоўным у дачыненьні да тэлебачаньня, напрыклад, аднак сэнс яго ў тым, што існуюць яўныя адрозьненьні як ува ўспрыняцьці і падачы візуальнай інфармацыі, так і ўва ўспрыняцьці і падачы слыхавой інфармацыі. Гэтае разрозьненьне, як убачым ніжэй, не зьяўляецца толькі тэарэтычным, але мае і важнае практычнае значэньне.
У 60-х і 80-х гадох у ЗША праводзіліся цікавыя дасьледаваньні ўспрыняцьця палітычных навінаў праз тэлебачаньне і газэты. Як вядома, тэлебачаньне зьяўляецца вельмі насычаным і вельмі дынамічным сродкам перадачы навінаў і рознай іншай інфармацыі. Здавалася б, што людзі, якія рэгулярна глядзяць тэлебачаньне, мусяць лепш арыентавацца ў розных палітычных падзеях, чымся дваццаць ці трыццаць гадоў назад, калі асноўнай крыніцай інфармацыі была газэта. Аднак высьветлілася, што гэта ня так.
У 1967 і 1987 гг. у ЗША праводзіліся дасьледаваньні, у якіх у рэспандэнтаў пыталіся пра прозьвішча губэрнатара іхняга штату. У 1967 г. толькі 9 адсоткаў апытаных не назвалі гэтага імя. У 1987 г. аказалася, што ўжо 17 адсоткаў ня ведаюць прозьвішча свайго губэрнатара. Аўтар гэтага дасьледаваньня лічыць, што меншая кампэтэнтнасьць рэспандэнтаў зьяўляецца вынікам пераключэньня большай колькасьці людзей на атрыманьне інфармацыі праз тэлебачаньне.
Разам з тым высьветлілася, што людзі, якія рэгулярна чытаюць газэты, значна лепш чым тэлегледачы арыентуюцца ў такіх рэчах, як адрозьненьні палітычных праграмаў розных кандыдатаў. Спэцыялісты тлумачаць гэта тым, што на тэлебачаньні галоўным элемэнтам пасланьня зьяўляецца “карцінка”, а ў газэце і на радыё — тэкст. Да таго ж можна дадаць, што радыйны тэкст, напэўна, больш інфармацыйна самадастатковы, чымся тэлевізійны, які прывязваецца да “карцінкі”.
Аднак найбольш выразна аўдыторыя падзяляецца на слыхавую і візуальную на ўзроўні ўспрыняцьця інфармацыі. Практычна ўсе падручнікі па журналістыцы ўтрымліваюць разьдзелы, прысьвечаныя стылю матэрыялаў на радыё, тэлебачаньні і ў друкаваных сродках інфармацыі. Што такое стыль у нашым кантэксьце? Гэта такі спосаб падачы інфармацыі, які забясьпечвае яе лепшае ўспрыняцьцё аўдыторыяй.
Зьвернемся да “Дапаможніка для журналістаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы”. На старонках 129—130 прыведзеныя асноўныя разрозьненьні стылю на радыё/тэлебачньні і ў друкаваных выданьнях. Вось некаторыя зь іх.
“Па магчымасьці пазьбягайце прамога цытаваньня. Калі толькі прамая цытата не зьяўляецца істотнай, лепш за ўсё ўжываць пераказ. Карыстацца прамымі цытатамі ў эфіры вельмі нязручна, бо складана ўказаць слухачу на пачатак і канец цытаты”.
“Лічбы трэба акругляць. Журналісту газэты трэба падаваць лічбы як мага дакладнейшыя”.
Альбо: “Пазьбягайце прыдаткаў у сказах. Прыдатак — гэта слова ці група словаў, якія азначаюць назоўнік”.
Як бачна, усе гэтыя рэкамэндацыі скіраваныя на спрашчэньне тэксту на радыё і тэлебачаньні. Тэкст на слых успрымаецца цяжэй, а таму ён у пэўнай меры мусіць спрашчацца. Між тым рэчаіснасьць, як і тэкст, які яе адлюстроўвае ці тлумачыць, далёка не заўсёды паддаецца спрашчэньню.
У той жа час тэлебачаньне і радыё, так бы мовіць, “не дазваляюць” доўгіх тэкстаў. Відавочна, што тэлебачаньне імкнецца таксама да экспрэсіўнасьці “карцінкі”. А экспрэсіўнасьць — гэта толькі адзін бок зьявы: прыгажосьць ружы, напрыклад, нічога ня кажа нам пра працэсы фотасынтэзу ці якія іншыя працэсы, што адбываюцца ў расьлінах. Тлумачэньне пэўнай зьявы не супадае зь яе прэзэнтацыяй, а аб'ектыўнасьць інфармацыі — з экспрэсіўнасьцю яе падачы. У больш шырокім сэнсе можна сказаць, што экспрэсіўнасьць, эмацыйнасьць і выразнасьць падачы інфармацыі могуць засланяць фактычны бок зьявы альбо падзеі. Экспрэсіўнасьць — гэта толькі сродак, прычым сродак апэляцыі менавіта да эмоцыяў аўдыторыі, чым, здараецца, карыстаюцца СМІ дзеля стварэньня пэўнай грамадзкай апініі і маніпуляваньня ёю.
Літаратура
1. Deaux К. and others. Social Psychology in the 90s. Books // Cole Publishing Company, 1993.
2. DeFleur Melvin L. Theories of Mass Communication. Longman, 1988.
3. Janda K. The Challenge of Democracy. Government in America, 3rd ed., Houghton Mifflin Company, 1992.
4. Аронсон Э. Общественное животное. М., 1998.
5. Дапаможнік для журналістаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. Мн., 1995.
6. Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунікацыі. Мн., БФС, 1995.
7. Бурдье П. Социология политики. М., 1993.
Спасылка ва і спасылка .