Плян:
1. Зьмест мэдыяў як пасланьне
2. ХТО прамаўляе і ЧАМУ так кажа?
3. Зьмест і каналы інфармацыі
4. Зьмест і аўдыторыі
5. Зьмест і рэчаіснасьць
Усё тое, што ўтрымліваюць у сабе мэдыі і што яны трансьлююць, можна разглядаць як пасланьне. Пасланьне ў дадзеным выпадку — сэмантычны канструкт, зьмест якога вызначаецца яўнымі і няяўнымі значэньнямі і сэнсамі, якія, у сваю чаргу, могуць быць па-рознаму праінтэрпрэтаваныя і зразуметыя. Апошняе адбываецца таму, што камунікацыя — гэта такі працэс, у якім камуніканты не заўсёды карыстаюцца аднолькавым сэмантычным шыфрам ці кодам, а сам тэкст зьяўляецца полісэмічным.
У 40-х гадах дасьледчык камунікацыі Харальд Ласвэл даў вельмі яркае і сьціслае вызначэньне акту камунікацыі. Ён пісаў, што дзеля таго, каб апісаць акт камунікацыі, неабходна адказаць на наступныя пытаньні:
“ХТО
КАЖА ШТО
ПРАЗЬ ЯКІ КАНАЛ
КАМУ
І ЗЬ ЯКІМ ВЫНІКАМ”.
Зьмест пасланьня ў гэтай формуле вызначаны як “КАЖА ШТО”. Адпаведна, “КАМУ” — гэта аўдыторыя ці аўдыторыі. “ПРАЗЬ ЯКІ КАНАЛ” азначае, якім спосабам гэтае пасланьне перадаецца, а “ХТО” — гэта суб'ект пасланьня альбо актыўны агент фармаваньня зьместу пасланьня. І, нарэшце, “ЗЬ ЯКІМ ВЫНІКАМ” азначае, што з гэтага пасланьня атрымалася, як яго “прачыталі” і які ягоны ўплыў на паводзіны і пазыцыю тых, хто ўспрыняў пасланьне.
Адсюль вынікае: зьмест пасланьня — гэта тое, што паўстае як ВЫНІК акту ці працэсу камунікацыі, разгляданай праз узаемадзеяньне ўсіх яе кампанэнтаў.
Калі гаварыць пра зьмест пасланьня, мадэль камунікацыі Ласвэла, аднак, ня будзе поўнай, калі не ўлічыць яшчэ адзін важны момант, а менавіта — саму рэчаіснасьць, г.зн. тое, пра ШТО нешта камусьці паведамляецца і як менавіта пра ГЭТА кажацца.
Разгледзім, у якіх стасунках са зьместам пасланьня знаходзяцца ўсе гэтыя кампанэнты акту ці працэсу камунікацыі ў тым парадку, у якім гэта вызначана Харальдам Ласвэлам.
ХТО? Пры ўсёй відавочнасьці, што гэтым “ХТО” можа быць журналіст, пісьменьнік, палітык альбо проста чалавек, у якога бяруць інтэрвію на вуліцы, “ХТО” не заўсёды зьяўляецца відавочным. “ХТО” можа быць і “ХТО” адназначна ня выяўленым. Яно можа быць і індывідуальным, і калектыўным. Добра вядома, што людзі часам могуць прамаўляць ад імя кагосьці. Да прыкладу, “Ад імя ўсіх, хто тут сабраўся, дазвольце мне павіншаваць нашую любімую Рыпіну Адольфаўну з днём нараджэньня…” і г.д. Яўна альбо няяўна розныя лідэры даволі часта прамаўляюць ад імя іншых людзей, вялікіх ці малых сацыяльных груповак ці нават ад імя ўсяе нацыі.
У дадзеным выпадку складваецца даволі парадаксальная сытуацыя, калі прамоўца і аўдыторыя як бы супадаюць альбо “ХТО” аўдыторыі і “ХТО” прамоўцы мяняюцца мейсцамі.
Падобнае “ХТО”, у якім прамоўца прамаўляе ня толькі ад свайго імя альбо па той ці іншай прычыне выказвае пэўныя пазыцыі, якія не зьяўляюцца адно асабіста ягонымі, вызначым як “ХТО” заангажаванае. Існуюць розныя віды заангажаванасьці. Можна гаварыць пра заангажаванасьць палітычную, ідэалягічную, сацыяльную, прафэсійную і нават фінансавую.
Падаецца цікавым прааналізаваць з гэтага пункту гледжаньня матэрыялы “кругла стала” ад 22.10.1999 г., тэмай дыскусіі якога быў “Свабодны доступ да СМІ — канстытуцыйнае права грамадзян Беларусі”. Хаця дыскусія і пачалася з абмеркаваньня вызначанай тэмы, аднак яе сапраўдным фонам была праблема заангажаванасьці журналістаў, а таксама беларускіх дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Падкрэсьлім, што тут і надалей нас перадусім будзе цікавіць, як гэтыя пазыцыі адбіваюцца на зьмесьце мас-мэдыяў і, адпаведна, іхняга пасланьня.
Вось як названыя вышэй пазыцыі заангажаванасьці былі сфармуляваныя самімі ўдзельнікамі дыскусіі.
Пазыцыя палітычнай і ідэалягічнай заангажаванасьці. Галоўны рэдактар “Советской Белоруссии” Павел Якубовіч: “Нашыя журналісты зусім нематывавана і на шкоду прафэсіі пачалі ўяўляць сябе палітычнымі дзеячамі… Шмат хто з журналістаў лічыць сябе ўдзельнікам палітычных падзеяў, носьбітам палітычных дактрынаў, якія яны абараняюць у калёнах дэманстрантаў і яшчэ дзесьці”. Заўважым, што гэтае абвінавачваньне было адрасаванае сп.Якубовічам журналістам недзяржаўных СМІ. У дадзеным выпадку нас цікавіць толькі сама фармулёўка гэтай пазыцыі, а не яе адпаведнасьць рэальнаму стану рэчаў.
Ул.Глод (журналіст, які працуе на недзяржаўныя СМІ), часткова пярэчачы П.Якубовічу, сьцьвярджае: “Я лічу, што гэта абсалютна слушная фраза, акрамя аднаго маленькага “але”, якое Павел Ізотавіч, канешне, па няўважлівасьці не сказаў, а менавіта, што да гэтай часткі журналістаў яму неабходна аднесьці і самога сябе, і прадстаўнікоў дзяржаўных арганізацыяў”. І далей: “У палітычна канфрантацыйным грамадзтве, якім зьяўляецца цяпер Беларусь, іншымі журналісты быць ня могуць… Заангажаванасьць журналістаў ідзе з абодвух бакоў…” Гэткім чынам, выказаная вышэй пазыцыя палітычнай і ідэалягічнай заангажаванасьці базуецца на мадэлі палярызаванага альбо канфрантацыйнага грамадзтва, дзе выбар выяўляецца паводле схемы “мы-яны”, “альбо-альбо”, “хто ня з намі, той супраць нас”.
Пазыцыя сацыяльнай заангажаванасьці. У ідэальным выглядзе пазыцыя сацыяльнай заангажаванасьці — гэта пазыцыя непартыйнай і неідэалягічнай заангажаванасьці, што абапіраецца на відавочны факт існаваньня ў грамадзтве самых розных сацыяльных груповак, якія, хоць і маюць розныя культурніцкія, палітычныя, эканамічныя і іншыя інтарэсы, аднак гэтыя інтарэсы не заўсёды зьяўляюцца апазыцыйнымі і неабавязкова вядуць да сытуацыі канфрантацыі.
Газэты, як выказаўся адзін з удзельнікаў дыскусіі (пры гэтым пашырым сэнс яго выказваньня на ўсе СМІ), “мусяць друкаваць розныя пункты гледжаньня на тое, што адбываецца ў рэспубліцы, а ня толькі пункт гледжаньня, які сёньня спавядае група людзей, якая знаходзіцца пры ўладзе”.
Як можна бачыць, гэтая пазыцыя мае сваім ідэалам адлюстраваньне самых розных меркаваньняў і поглядаў, якія належаць розным сацыяльным групоўкам, палітычным партыям і асобам. Адзначым, што гэтая пазыцыя блізкая да пазыцыі прафэсійнай заангажаванасьці.
Пазыцыя прафэсійнай заангажаванасьці. Гэтая пазыцыя вынікае з погляду саміх журналістаў на сутнасьць сваёй прафэсіі, разуменьня імі сваіх прафэсійных абавязкаў і этычных нормаў журналісцкай дзейнасьці. Яна выяўляецца ў факце існаваньня кодэксаў журналісцкай этыкі і прафэсійнай салідарнасьці. Па сваёй сутнасьці гэтая пазыцыя скіраваная на пераадоленьне пазыцыяў ідэалягічнай, партыйнай і фінансавай заангажаванасьці.
Красамоўным у гэтым сэнсе зьяўляецца выказваньне яшчэ аднаго ўдзельніка дыскусіі журналіста Ўл.Дзюбы: “Я хачу сказаць, што, сапраўды, ня варта праводзіць мяжы паміж журналістамі: дзяржаўныя-недзяржаўныя. Але, на вялікі жаль, існуе пэўная каманда журналістаў, якая абслугоўвае ўладу… Гэтыя людзі забылі пра кодэкс прафэсійнага гонару, пра этыку, пра прафэсіяналізм у тым ліку”.
І, нарэшце, пазыцыя фінансава перадумоўленай заангажаванасьці. Заангажаванасьць газэты альбо якога-небудзь іншага сродку масавай інфармацыі можа даволі моцна залежаць ад крыніцы яе фінансаваньня. Гэтая залежнасьць бывае асабліва жорсткай, калі існуе манаполія на сродкі масавай інфармацыі. Як правіла, гэта манаполія дзяржаўная, і, як правіла, манаполія на сродкі масавай інфармацыі ўсталёўваецца ў тых краінах, дзе адсутнічае рынак і дзе права прыватнай уласнасьці моцна абмежаванае.
З улікам вызначаных пазыцыяў вернемся да галоўнага для нас пытаньня: як гэтыя пазыцыі адбіваюцца на зьмесьце мас-мэдыяў альбо зьмесьце іхняга пасланьня? Інакш кажучы, ШТО прамаўляецца ў залежнасьці ад таго, ХТО прамаўляе. Зноў жа, скарыстаем для гэтага матэрыялы “круглага стала”.
Зьмест пасланьня з пазыцыі ідэалягічнай і палітычнай заангажаванасьці. Прамаўляе рэдактар “Советской Белоруссии” Павел Якубовіч: “Клянуся, я выключу тэлевізію, калі ўбачу на экране Шчукіна, Пазьняка, Лябедзьку і шмат іншых. Я пасьля працы ўвечары не хачу слухаць тое, што я ўжо чуў на працягу дзесяці гадоў не адзін раз, і наогул я хачу паглядзець кіно “Санта Барбара”.
Як вядома, выключаць тэлевізар яму ня будзе патрэбы, бо ідэалягічная пазыцыя галоўнага рэдактара “Советской Белоруссии” супадае з пазыцыяй кіраўніцтва Белдзяржтэлерадыё і ў эфіры ў якасьці прамоўцаў названыя асобы не зьяўляюцца. Гэта адна і тая ж пазыцыя палітычнай і ідэалягічнай заангажаванасьці на карысьць існуючага рэжыму. “У газэце “Советская Белоруссия”,— працягвае ў іншым мейсцы сп.П.Якубовіч,— я свабоду друку разумею як магчымасьць радыкальна адмовіць ў публікацыі такім спадарам, як, умоўна кажучы, Пазьняк…”
Зьмест пасланьня з пазыцыі сацыяльнай заангажаванасьці. Прамаўляе Аляксандар Тамковіч (недзяржаўная газэта “Свободные новости”): “…Сёньня, калі вы разгорніце газэты недзяржаўныя ці, як іх называюць, апазыцыйныя, вы бязь цяжкасьці знойдзеце там міністраў, членаў адміністрацыі прэзыдэнта, вы знойдзеце там высокага рангу чыноўнікаў, парлямэнтароў ня толькі 13 скліканьня, але нават і тых, хто пайшоў у Палату. Дастаткова разгарнуць “БГ”, “БДГ” — у любым нумары дадзена магчымасьць выказвацца ўсім. На жаль, у дзяржаўных СМІ няма такой палітры думак. Дамінуе, як правіла, ясна ўказаны накірунак у выкладаньні той ці іншай інфармацыі”. Відавочна, што зьмест пасланьня ў выпадку недзяржаўных выданьняў зьяўляецца плюралістычным.
Зьмест пасланьня з пазыцыі прафэсійнай заангажаванасьці. Анатоль Гуляеў (віцэ-прэзыдэнт БАЖу): “Мне падаецца, што думка Аляксандра Тамковіча… утрымлівае тое, што мы сьцьвярджаем даўно… Для нас, прафэсіяналаў, няма розьніцы, дзе працуе той ці іншы журналіст, розьніца толькі ў тым, што ён кажа са старонак таго ці іншага выданьня. Калі наш калега падманвае, то гэта ганьба і для гэтага калегі і для гэтага выданьня…” Гэткім чынам, можна бачыць, што праўдзівая альбо непраўдзівая падача інфармацыі, яе несфальсыфікаванасьць альбо сфальсыфікаванасьць ставіцца ў залежнасьць ад прафэсійнасьці журналіста, ад, так бы мовіць, унутранай лёгікі журналісцкай дзейнасьці, а менавіта, лёгікі, якая мае характар маральна-прафэсійнага імпэратыву. Гэтую залежнасьць можна сфармуляваць і інакш: аб'ектыўнасьць інфармацыі ёсьць функцыяй прафэсійнага падыходу. І, наадварот, як сьцьвярджае прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, разбурэньне прафэсіі радыё- і тэлежурналіста вядзе да фальсыфікацыі інфармацыі.
І, нарэшце, зьмест пасланьня з пазыцыі фінансава перадумоўленай заангажаванасьці. Жанна Літвіна, зьвяртаючыся да галоўнага рэдактара “Советской Белоруссии”: “Маю прапанову: мы вялі запіс усёй размовы. Здымем стэнаграму, падправім тэкст… Ці магчыма, Павел Ізотавіч, каб стэнаграма сёньняшняга абмеркаваньня была надрукаваная ў вашай газэце?” Сп.Якубовіч: “Гэта немагчыма па меркаваньнях чыста эканамічных. Пэўна, ня варта было пра гэта казаць, але тую Канстытуцыю (маецца на ўвазе Канстытуцыя 1996 г.) я надрукаваў таму, што гэтая канкрэтная работа была аплочана органам, які ініцыяваў рэфэрэндум”. Без камэнтара.
Гэткім чынам, можна канстатаваць, што на зьмест мэдыяў уплываюць такія фактары, як палітычная альбо непалітычная заангажаванасьць, рознае разуменьне ідэалаў і нормаў прафэсійнай дзейнасьці, фінансавая залежнасьць і кантэкст існаваньня газэты альбо іншага сродку інфармацыі (у беларускай сытуацыі гэты кантэкст істотна розьніцца ў залежнасьці ад таго, дзяржаўным альбо недзяржаўным зьяўляецца выданьне).
Трэба адзначыць, што фармаваньне зьместу мэдыяў у пэўнай ступені залежыць і ад каналу перадачы інфармацыі. Існуюць тры галоўныя каналы перадачы інфармацыі: а) вуснае слова і аўдыраваньне; 2) напісанае слова альбо напісаны тэкст і чытаньне і 3) візуальны вобраз (карцінка) і візуалізацыя.
Для кожнага з гэтых каналаў інфармацыі існуюць свае магчымасьці перадачы зьместу пасланьня. Часам гэтыя магчымасьці цалкам некампэнсавальныя. Што гэта азначае? Да прыкладу, колькі б вы не апісвалі які-небудзь твор жывапісу, вам ніколі ня ўдасца выявіць увесь жывапісны зьмест гэтага твору. У ім заўсёды будзе нешта заставацца, што ніяк не перадаецца праз слова.
Вядома, што пісьмовы тэкст зьяўляецца найбольш эфэктыўным камунікацыйным каналам для перадачы абстрактных уяўленьняў і абстрактных рэчаў наогул. Справа ў тым, што напісанае слова — гэта слова, якое можна шматкроць перачытваць, і перачытваць менавіта ў кантэксьце і ў зьвязку зь іншымі словамі, якія складаюць тэкст. Гэтае перачытваньне “ў кантэксьце” і ёсьць спосабам адкрыцьця іншых, часам прыхаваных значэньняў і сэнсаў. Вуснае, пачутае слова — больш эфэмэрнае, як бы менш “кантэкстуальнае”, а таму і менш сэмантычна нагружанае.
Прамаўленьне і слуханьне — гэта, як правіла, сынхронны ці амаль што сынхронны працэс. Паміж словам прамоўленым і словам пачутым не існуе, так бы мовіць, дастатковага зазору часу, каб адрэфлексаваць гэтае слова ўва ўсіх ягоных канатацыях. Да таго ж, па сваёй унутранай прыродзе сэмантычны рытм пісьмовага тэксту адрозны ад сэмантычнага рытму тэксту вуснага, г.зн. тэксту, які прамаўляецца спантанна.
Прачытваньне пісьмовага тэксту вядзе да засваеньня інфармацыі на больш высокім і больш якасным сэмантычным узроўні. Таму пісьмовы тэкст часам называюць сродкам індактрынацыі (ад слова дактрына, вучэньне), бо ён апэлюе перадусім да рацыянальнай здольнасьці мысьленьня.
Вусны, прамоўлены тэкст па сваёй сэмантычнай структуры — гэта тэкст ня столькі індактрынальны, колькі тэкст сугестыўны, г.зн. што ён прамаўляецца дзеля дасягненьня нейкага эфэкту, прычым слова “эфэкт” ня варта тут інтэрпрэтаваць у сэнсе толькі ідэалягічным. Гэтым эфэктам можа быць і проста пастаўленая задача данесьці да слухача тое, што мае на ўвазе прамоўца. Аднак у палітычнай, да прыкладу, сфэры вусны прамоўлены тэкст — гэта, як правіла, тэкст, мэта прамаўленьня якога ў тым, каб пераканаць, мабілізаваць, наэлектрызаваць сваіх прыхільнікаў і дэмаралізаваць супернікаў. А таму прамоўлены тэкст — гэта не заўсёды тэкст, які збудаваны на строгай лёгіцы; наадварот, ён можа быць супярэчлівы, парадаксальны, не ўпарадкаваны, але з гэтага больш экспрэсіўны.
Нарэшце, вусны прамоўлены тэкст апэлюе хутчэй ня столькі да зьяваў складаных і абстрактных, колькі да зьяваў больш ці менш відавочных. Гэта азначае, што ў параўнаньні з тэкстам пісьмовым ён, як правіла, саступае яму па сваёй сэмантычнай нагружанасьці і насычанасьці.
Трэці галоўны канал інфармацыі, як адзначалася вышэй, гэта канал “карцінка-візуалізацыя”. Перавага “карцінкі” ў яе ілюстрацыйна-тлумачальнай здольнасьці і яе магчымасьці яшчэ большага сугестыўнага альбо ўнушальнага эфэкту. У адрозьненьне ад пісьмовага і прамоўленага слова, “карцінка” мае ўласьцівасьць беспасярэдняга і імгненнага псыхалягічнага ўплыву. Уплыў “карцінкі” да таго ж больш эмацыйны: параўнайце апісаньне якой-небудзь сцэны забойства ў газэце і кадры крымінальнай хронікі на экране тэлевізіі.
Хаця літаратурная мэтафара па сваё сутнасьці ёсьць таксама “карцінкай”, аднак “візуальныя карцінкі” валодаюць яшчэ большай сілай псыхалягічнага ўзьдзеяньня і зьяўляюцца магутным сродкам перакананьня чалавека. Часам “візуальную карцінку” называюць сродкам прапаганды. Нездарма, напэўна, прапагандыст і агітатар Ул.Ленін пісаў пра тое, што самым важным з усіх мастацтваў зьяўляецца для бальшавікоў кіно.
Зусім не выпадкова, што самыя вялікія кошты за рэкляму — гэта кошты за яе разьмяшчэньне на тэлебачаньні. Адказ на пытаньне, чаму гэта так, просты: тэлебачаньне — самы масавы і самы сугестыўны сродак камунікацыі.
Зважаючы на сказанае, можна сьцьвярджаць, што ў залежнасьці ад каналу перадачы інфармацыі можа зьмяняцца, калі ня сам зьмест паведамленьня і ягоная сутнасная аснова, дык, прынамсі, ягоная (зьместу) структура. Гэта азначае, што некаторыя элемэнты зьместу будуць па-рознаму акцэнтавацца ў залежнасьці ад скарыстанага каналу перадачы інфармацыі.
Як бы гэта парадаксальна ні выглядала, але зьмест мэдыяў і пасланьня залежыць таксама і ад аўдыторыі. Падобная залежнасьць вынікае з таго, што, па-першае, камунікацыя — гэта непазьбежна двухбаковы працэс, а, па-другое, з таго, што ўспрыняцьцё пасланьня адпавядае здольнасьці аўдыторыі раскадаваць альбо, прасьцей, зразумець зьмест пасланьня. Існаваньне гэтай залежнасьці можна прадэманстраваць, выкарыстоўваючы аргумэнтацыю ад супрацьлеглага. Наўрад ці можна чакаць, што газэта “Звязда”, да прыкладу, калі-небудзь надрукуе навуковы артыкул па калёіднай хіміі. Гэтага ніколі ня здарыцца таму, што аўдыторыяй гэтай газэты зьмест падобнага пасланьня ня будзе расшыфраваны (“прачытаны”). Аўдыторыя названай газэты, як і шмат якіх іншых не чакае зьяўленьня падобнага артыкулу, і гэта добра разумее кожны рэдактар. Таму можна сьцьвярджаць, што любая аўдыторыя няяўна вызначае межы і тэматыку зьместу любога выданьня.
Выкарыстоўваючы тэрміналёгію культурна-сэмантычнага падыходу да інтэрпрэтацыі аўдыторыяў, заўважым, што зьмест мэдыяў заўсёды ў той ці іншай ступені будзе залежыць ад культурна-сэмантычнага кантэксту, якім валодае аўдыторыя, і які вызначае межы ўспрымальнасьці зьместу паведамленьня. Гэтая залежнасьць, безумоўна, не зьяўляецца наўпроставай, яна хутчэй выяўляецца ў якасьці тэндэнцыі і мае характар карэляцыйнай залежнасьці. Актыўным агентам канструяваньня значэньняў і сэнсаў, натуральна, застаецца той, хто прамаўляе.
Аднак паколькі такая залежнасьць усё ж такі існуе, то, базуючыся на зьмесьце таго ці іншага выданьня альбо тэлевізійнай праграмы, можна рэканструяваць вобраз аўдыторыі і, наадварот, дасьледуючы тую ці іншую аўдыторыю, можна выявіць яе інфармацыйныя прыхільнасьці. Інакшымі словамі, “Скажы мне, якую газэту ты выпісваеш альбо якія тэлевізійныя праграмы ты глядзіш, і я скажу, хто ты”.
У якасьці экспэрымэнту паспрабуем у вельмі агульных рысах рэканструяваць ці скласьці сацыяльны вобраз аўдыторыі газэты “Советская Белоруссия”. Дзеля кампактнасьці аналізу абмяжуемся толькі адным, прычым выпадкова абраным нумарам гэтай газэты. Гэта — № 35 ад 26 лютага 1999 г.
Гэтая газэты мае наклад 425.578 асобнікаў і кваліфікуецца выдаўцамі як “грамадзка-палітычная”.
Пачнем зь першай, “грамадзкай” часткі газэты: чым цікавіцца беларускае грамадзтва, якімі праблемамі і тэмамі? Прыярытэтнасьць тэмаў (agenda setting) вызначым па тых публікацыях, якія зьмяшчаюцца на першых дзьвюх старонках, тым больш, што трэцяя старонка газэты пазначана рубрыкай “За мяжой”. Як вядома, замежная інфармацыя ў любым неспэцыялізаваным нацыянальным выданьні ніколі не зьяўляецца прыярытэтнай.
На першай паласе (з працягам на старонках 2 і 3) друкуюцца найбольш вялікія і найбольш важныя артыкулы газэты. Іхнія загалоўкі: “Гісторыя авіяцыі пачынаецца на зямлі”, “Маці ўкрала ўласнае дзіцё”, “Апраменьваньне… надзеяй”, “Нельга апускаць рукі” і “Страшна згубіць самога сябе”.
Артыкул “Гісторыя авіяцыі…” прысьвечаны праблеме аднаўленьня і захаваньня вайсковых савецкіх самалётаў як часоў другой сусьветнай вайны, так і тых, што былі створаныя пасьля яе. Артыкул “Маці ўкрала ўласнае дзіцё” дэталёва апісвае пошукі бацькам свайго пяцігадовага сына Грышы, якога маці зьвезла ў Ізраіль… “Апраменьваньне… надзеяй” — інтэрвію зь ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі РБ за 1998 г., доктарам мэдыцынскіх навук сп.Мураўскай. Артыкул “Нельга апускаць рукі” распавядае пра занядбаны стан кантораў некаторых калгасаў, пра пахіленыя платы калгасьнікаў, нахіленыя ліхтары і неўладкаванасьць вясковых вуліцаў. Артыкул завяршаецца “аналізам” прычынаў такога стану. Як можна выснаваць з артыкулу, асноўнай прычынай заняпаду зьяўляецца тое, што ў гэтых мейсцах людзі “махнулі рукой на зьнешні выгляд вёсак, а ў паўсядзённым жыцьці пануе бескультур'е”.
І, нарэшце, у артыкуле Вольгі Казловай “Страшна згубіць самога сябе” аўтарка разважае над праблемамі псыхалягічнай і інтэлектуальнай дэградацыі жанчыны ў ролі хатняй гаспадыні. Два артыкулы газэты прысьвечаны крадзяжу дзяржаўных трактароў і электраэнэргіі. Прыкладна траціна чацьвёртай паласы газэты адведзена для парадаў агароднікам, садаводам і жадаючым прыгатаваць бурачны сыроп.
Другая частка газэты “Советская Белоруссия” — “палітычная”. Традыцыйна факты палітычнага жыцьця газэта падае ў дзьвюх калёнках пад агульнымі загалоўкамі “У краіне” і “У сьвеце”. Правая калёнка “У сьвеце” зьяўляецца тэматычна вытрыманай, і інфармуе чытача пра найбольш важныя палітычныя і міжнародныя падзеі: ЗША ўвялі санцыі супраць дзесяці расейскіх арганізацыяў, якія падазраюцца ў супрацоўніцтве зь Іранам у ракетнай і ядравай галіне, ізраільскія самалёты заатакавалі пазыцыі ліванскай арганізацыі “Хезбалах” і г.д.
Левая і галоўная калёнка найбольш значных падзеяў “У краіне” выглядае цалкам несымэтрычнай правай. Гэтая несымэтрычнасьць выяўляецца ў несупастаўнасьці падзеяў паводле іх маштабнасьці і грамадзка-палітычнай значнасьці. Вось назвы і кароткі зьмест гэтых паведамленьняў: “Нацбанк хавае “зуброў” — пра спыненьне выпуску Нацбанкам купюраў вартасьцю 100, 200 і 500 рублёў; “Падаюць надоі малака”; “Грып забіў падлетка”; “Запатэнтавана антывірусная гарбата”. Астатнія чатыры паведамленьні тычацца крадзяжу аўтамагнітолы і зьбіцьця злодзея, кантрабанды антыкварыяту, юнага тэрарыста, які разьліў у школе ртуць, і крадзенага піва, якім гандляваў адзін зь піўных бараў.
Відавочна, што чатыры апошнія паведамленьні падпадаюць пад рубрыку “Крымінал і здарэньні” і пад гэтай рубрыкай маглі б быць надрукаваныя на 4 паласе газэты. Інфармацыя пра падзеньне надояў малака наогул не зьяўляецца палітычнай. Гэткім чынам, “agenda setting” газэты альбо вызначэньне парадку прыярытэтнасьці падзеяў унутры краіны ня сьведчыць пра яе статус як агульнанацыянальнай грамадзка-палітычнай газэты. Да таго ж названыя падзеі ні ў якім разе ня могуць быць кваліфікаваныя як падзеі палітычныя. У гэтай калёнцы мусіла ўтрымлівацца менавіта найбольш важная, і ў першую чаргу, палітычная інфармацыя, пра што сьведчыць “agenda setting” правай калёнкі, якая складае адно цэлае з калёнкай пад рубрыкай “У краіне”.
Што азначае падобная “agenda setting” газэты “Советская Белоруссия”? Альбо тое, што напярэдадні ў краіне ці ў дачыненьні да яе не адбылося аніякіх важных палітычных падзеяў, альбо тое, што газэта выкарыстоўвае ідэалягічна-сэлектыўны падыход да падачы інфармацыі. Першая вэрсія мусіць быць адкінутая. Напярэдадні 25 лютага агенцтва “Інтэрфакс” распаўсюдзіў выказваньні Лукашэнкі падчас ягонага візыту ў Маскву адносна таго, што вывад ядравай зброі з тэрыторыі Беларусі быў памылкай і ў гэты дзень быў арыштаваны Цэнтрвыбаркам на чале з В.Ганчаром.
Адзначым таксама, што ідэалягічна-сэлектыўны падыход “Советской Белоруссии” да падачы палітычнай інфармацыі карэлюе з парадкам вызначэньня прыярытэтаў у падачы асноўнай тэматычнай інфармацыі ў найбольш важных і аб'ёмных артыкулах газэты.
Цяпер на падставе “agenda setting” газэты паспрабуем апісаць яе аўдыторыю. Перадусім асноўную частку гэтай аўдыторыі мусяць складаць чытачы з блякаванай палітычнай сьвядомасьцю альбо зь яе вельмі нізкім узроўнем. Зусім верагодна, што значная частка чытачоў газэты наогул не цікавіцца беларускай палітыкай. Палітычны інтарэс гэтай часткі аўдыторыі зрэалізоўваецца на ўзроўні цікавасьці да палітычных падзеяў па-за межамі краіны. Гэта моцна нагадвае сытуацыю камуністычных часоў, калі савецкія людзі каналізавалі свае палітычныя інтарэсы праз салідарнасьць з “ахвярамі амэрыканскага імпэрыялізму” ды асуджэньне савецкіх дысыдэнтаў і іх амэрыканскіх памагатых. Артыкул “Раней адвакат быў абаронцам. Цяпер ён працуе на сябе?” якраз і выяўляе тых, хто “у нас ещё мешает жить”. Гэта адвакат В.Страмкоўская, якая абараняе ў судзе старшыню аграрнага аб'яднаньня “Рассвет” Васіля Старавойтава, гэта і праваабаронцы кшталту В.Шчукіна…
Значнай часткай аўдыторыі газэты мусяць быць таксама людзі зь некрытычным мысьленьнем. Пра апошняе сьведчыць прымітыўны ўзровень аналітыкі ў такіх матэрыялах газэты, як артыкулы “Нельга апускаць рукі” і “Страшна згубіць самога сябе”.
Вялікая частка аўдыторыі газэты — гэта людзі з савецкай і постсавецкай мэнтальнасьцю. Артыкул “Гісторыя авіяцыі…” перадусім будзе цікавы для вэтэранаў савецкіх узброеных сілаў, былых партыйных і савецкіх работнікаў, пэнсіянэраў і ўсіх тых, хто цікавіцца савецкай гісторыяй.
Абывацелі і хатнія гаспадыні мусяць зацікавіцца інфармацыяй пра тое, як у Беларусі крадуць трактары, электраэнэргію, піва, а таксама рэцэптамі антывіруснай гарбаты. Для гэтых чытачоў будуць таксама карысныя парады адносна прыгатаваньня бурачнага сыропу, абразаньня пладовых дрэваў, захоўваньня кансэрваў, а таксама інфармацыя пра капусную тлю.
Увогуле, аўдыторыя газэты “Советская Белоруссия”, гэта перадусім тая частка беларускага грамадзтва, якая спавядае савецкія і постсавецкія кансэрватыўныя погляды. І гэта дастаткова вялікая частка нашага грамадзтва. Нагадаем, што наклад газэты 425 тысячаў, і ён практычна ў два разы пераўзыходзіць наклад усіх недзяржаўных альбо незалежных выданьняў, разам узятых. З колькаснага супастаўленьня аўдыторыяў, а таксама з аналізу аўдыторыі “СБ” вынікае, што газэта істотна ўплывае на цяперашні стан беларускага грамадзтва, і, відавочна,— у накірунку захаваньня існуючага стану рэчаў і блякаваньня дэмакратычных пэрспэктываў яго разьвіцьця.
Рэчаіснасьць, зь якой маюць справу мэдыі, ня ёсьць рэчаіснасьцю ў традыцыйным навуковым альбо філязофскім сэнсе. У адной з папярэдніх лекцыяў мы гаварылі пра тое, што мэдыі дзейнічаюць у публічнай сфэры і зьяўляюцца часткай гэтай сфэры. Таму рэчаіснасьць для мэдыяў — гэта перадусім тая сацыяльная сфэра, у якой: а) адбываюцца пэўныя падзеі; б) дзейнічаюць пэўныя тэндэнцыі і в) выяўляюцца розныя інтарэсы самых розных людзей і сацыяльных групаў. Адсюль робіцца зразумелым, што зьмест мэдыяў у значнай ступені будзе вызначацца інтарэсамі і пазыцыямі як асобных людзей, так і розных сацыяльных груповак. Аднак гэтая залежнасьць ніяк не скасоўвае праблемы аб'ектыўнасьці мэдыяў. Аб'ектыўнасьць мэдыяў — гэта перадусім функцыя іхняй шырокай сацыяльнай заангажаванасьці. Апошняе азначае, што аб'ектыўнасьць палягае ня толькі на праўдзівым (прафэсійным) асьвятленьні падзеяў, але і на выяўленьні ўсяго спэктру розных апініяў, інтарэсаў і тэндэнцыяў у грамадзтве. І ў той жа самы час аб'ектыўнасьць выяўляецца ў канструяваньні такіх сацыяльных, палітычных і культурніцкіх значэньняў і сэнсаў, якія забясьпечваюць і гарантуюць саму магчымасьць свабоды выказваньня і волевыяўленьня. У адваротным выпадку мэдыі ператвараюцца ў “рупар” толькі адной якой-небудзь пазыцыі, робяцца сродкамі цэнзураваньня грамадзкай апініі, а ў скрайнім выпадку,— інструмэнтам для “прамываньня мазгоў”.
Літаратура
1. Lasswell Harold D., “The Structure and Function of Communication in Society” // The Communication of Ideas, ed. L.Bryson, Harper and Brothers, NY, 1948.
2. Manuel de Communication par Pierre-Antoine Pontoizeau // Editeur Armand Colin, Paris, 1991.
3. Чацьвёртая Улада, № 11. 1998.
4. “Советская Белоруссия”, № 35 ад 26 лютага 1999 г.