Плян:
1. Узьнікненьне Інтэрнэту
2. Асноўныя сыстэмы
3. Інтэрнэт як культурная і сацыяльная рэальнасьць
4. Падсумаваньне
У свой час вядомы філёзаф і мэтадоляг Карл Попэр прапанаваў ідэю трох сьветаў. Сьвет І — сьвет фізычных рэчаў, сьвет ІІ — сьвет нашых усьвядомленых перажываньняў, сьвет ІІІ — сьвет лягічных зьместаў, зафіксаваных у форме інфармацыйных базаў, бібліятэкаў, спосабаў апрацоўкі інфармацыі.
Зь зьяўленьнем працаў Маршала Маклюэна, Дж.П.Барлоў, Тыматы Ліры, Уільяма Гібсана стала магчымым казаць аб ІV сьвеце, сьвеце мэдыяў, сьвеце кнопачнай культуры.
Інтэрнэт — зьява, што адгалінавалася ад сьветаў І—ІІІ. Тут мэдыі выступаюць ня толькі як сродкі перадачы інфармацыі або калектыўнай дзеі, але і ў якасьці сэнсатворнай і нават сьветатворнай падзеі, якая спараджае спэцыфічныя сацыяльныя і культурныя практыкі. Досьвед станаўленьня Інтэрнэту — першай сусьветнай адкрытай кампутарнай сеткі,— дазваляе казаць пра пачатак новай эры ў развоі сродкаў і сыстэмаў перапрацоўкі інфармацыі. Пад перапрацоўкай тут разумеецца ўся сукупнасьць працэсаў — збор, апрацоўка, захоўваньне, назапашваньне, прад'яўленьне, перадача і абарона інфармацыі. У такой сетцы карыстальнік успрымае сам сябе і ўспрымаецца іншымі як неад'емны кампанэнт адзінай інфармацыйнай супольнасьці.
Ужо цяпер Інтэрнэт адыгрывае значную ролю ў многіх сфэрах дзейнасьці. У сусьветным бізнэсе, згодна з дасьледаваньнямі Andersen Consulting , прыблізна 92 адсоткі кіраўнікоў фірмаў зьвязаныя зь Інтэрнэтам. Нью-ёрскі e піскап Элія Раўбіч неяк сказаў: “Я перакананы, што калі б Ісус ішоў па Зямлі сёньня, то ў яго была б электронная пошта”. На фантазіі нью-ёрскага епіскапа можна не зьвяртаць увагі, але ўсе амэрыканскія палітычныя дзеячы так ці інакш гуляюць зь Сеткай. 82 адсоткі выпускнікоў коледжаў гэтым летам будуць шукаць працу празь Інтэрнэт (апытаньне SBC Internet Services). Новае выданьне оксфардзкага слоўніка ўключае ўжо мноства спэцыфічных тэрмінаў, якія спарадзіў Інтэрнэт. Між іншым, дасьледчыкі Vankee Group выявілі, што ў тых сем'ях, якія маюць доступ да Інтэрнэту, значна менш глядзяць тэлевізар.
Прыблізна 20 гадоў таму міністэрства абароны ЗША стварыла кампутарную сетку, якая папярэднічала Інтэрнэту,— яна называлася Arpanet. Arpanet рыхтавалася для падтрымкі навуковых дасьледаваньняў у ваенна-прамысловай сфэры,— у прыватнасьці, для дасьледаваньня магчымых мэтадаў фармаваньня сетак, устойлівых да частковых пашкоджаньняў, напрыклад, у выпадку бамбаваньня, і здольных функцыянаваць у экстрэмальных умовах. Гэтае патрабаваньне дае ключ да разуменьня прынцыпаў пабудовы і структуры Інтэрнэту. У мадэлі Arpanet заўсёды была сувязь паміж кампутарам-крыніцай і кампутарам-прыёмнікам (станцыяй прызначэньня). Асноўны прынцып палягаў у тым, што кожны кампутар мог зьвязацца як роўны з роўным з кожным іншым кампутарам. Першапачаткова задуманая як інфармацыйная сетка для захаваньня інфармацыі на выпадак ядравай вайны, Arpanet паступова была ператвораная ў міжнародную Сетку (Інтэрнэт), якая мела ня толькі вайсковае, але і грамадзянскае прызначэньне. Разам з тым трэба адзначыць, што ідэя стварэньня сусьветнай кампутарнай сеткі зьявілася ў адначасьсе ў розных мясцох (у Эўропе, ЗША і нават у СССР) і таму цьверджаньні аб першынстве якой-кольвек краіны тут не зусім карэктныя. І хаця напачатку падыходы да рэалізацыі гэтай ідэі значна розьніліся, але, у рэшце рэшт, усе паразумеліся на стварэньні сеткі, як адзінай глябальнай інфармацыйнай структуры.
У межах гэтага тэксту немагчыма больш-менш поўна расказаць, што ўяўляе сабой Інтэрнэт. Ды і ўвогуле, гэта якраз той выпадак, калі “лепей адзін раз пабачыць”. Таму я адно паспрабую асьвятліць асноўныя аспэкты карыстаньня Інтэрнэтам радавымі абанэнтамі, да якіх належу і сам, а таксама апісаць некаторыя сэнсавыя адметнасьці, якія ператвараюць Інтэрнэт у новую культурную і сацыяльную рэальнасьць.
Кажучы зусім коратка, Інтэрнэт — гэта сыстэма, якая дазваляе чалавеку з кампутарам і каналам сувязі атрымаць доступ да практычна неабмежаванай колькасьці разнастайнай інфармацыі на магнітных носьбітах, падключаных да Інтэрнэту, дзе б гэтыя носьбіты не знаходзіліся. Зразумела, апошняе магчыма адно пры ўмове, што ўладальнікі адпаведнай інфармацыі паклапаціліся, каб яе можна было атрымаць празь Інтэрнэт, гэта значыць, аформілі яе адпаведным чынам, і занесьлі на кампутар, падключаны да Інтэрнэту. Заўважым, што кожны жадаючы можа зьмясьціць у Інтэрнэце любую інфармацыю.
Першае моцнае ўражаньне ад Інтэрнэту звычайна зьвязана не з выкарыстаньнем электроннай пошты, якая досыць падобная да папярэдніх тэхналёгіяў перадачы інфармацыі, а зь пераходам да іншых мастацка аформленых інфармацыйных сыстэмаў, якія ўражваюць нават тых, хто ня любіць кампутарных гульняў і скептычна ставіцца да розных “дыгітальных” прыгажосьцяў.
Бальшыні шараговых карыстальнікаў Інтэрнэт уяўляецца адзіным і гамагенным дыскурсам. Насамрэч гэта ня так. Інтэрнэт складаецца зь некалькіх сыстэмаў, прызначэньне якіх і спосаб узаемадзеяньня зь якімі значна розьніцца.
Разгледзім некаторыя сыстэмы, пачаўшы з самай папулярнай — ужо згаданай вышэй электроннай пошты.
Электронная пошта — гэта пэрсанальная сувязь са сьветам Інтэрнэт. Дзясяткі мільёнаў людзей ува ўсім сьвеце, якія выкарыстоўваюць Сетку, маюць свой адрас электроннай пошты ці электронны адрас. І колькасьць гэтых людзей штодня вялічыцца.
Асноўныя прынцыпы, на якіх будуецца электронная пошта, паралельныя асноўным прынцыпам пабудовы звычайнай пошты. Вы дасылаеце людзям паведамленьні (e-mail) па іх канкрэтным адрасам. Яны, у сваю чаргу, пішуць вам на ваш паштовы адрас. Да таго ж у вас ёсьць магчымасьць падпісацца на электронныя аналягі газэтаў ды часопісаў і атрымліваць іх на свой адрас.
Электронная пошта мае дзьве істотныя перавагі ў параўнаньні са звычайнай поштай. Найбольш відавочная — хуткасьць. Ваша паведамленьне будзе перапраўлена на другі канец сьвету не праз некалькі дзён, а празь некалькі гадзінаў, хвілінаў ці нават сэкундаў (у залежнасьці ад месца, дзе вы “кінулі пісьмо”, і стану сувязі паміж гэтым месцам і вашым адрасатам). Другая істотная перавага электроннай пошты ў тым, што яна дазваляе вам патрапіць у базы інфармацыйных дадзеных і файлы бібліятэкаў.
Электронная пошта мае свае перавагі і над тэлефонам. Сваё паведамленьне вы дасылаеце ў зручны для вас час. А ваш адрасат адказвае вам, калі гэта зручна яму. Ня трэба арганізоўваць адначасовай прысутнасьці двух абанэнтаў у двух пунктах сувязі. Да таго ж, калі тэлефонная размова на далёкія адлегласьці каштуе дорага, то электронная пошта дазваляе абменьвацца вялікімі аб'ёмамі інфармацыі літаральна за “цэнты” — нават калі ваш абанэнт жыве ў Новай Зэляндыі.
E-mail паступае адрасату практычна адначасна зь яго адпраўкай і захоўваецца ў электроннай паштовай скрыні да той пары, пакуль адрасат ня “возьме” яго адтуль. Між іншым, e-mail не патрабуе асаблівых кампутарных рэсурсаў, для яго перасылкі і прыёму прыдатны практычна любы кампутар і любы мадэм.
Сыстэма WWW
WWW — ангельская абрэвіятура, што азначае World Wіde Web (на беларускую мову звычайна перакладаецца як Сусьветнае Павуціньне). Часта можна яшчэ пачуць “Вэ-Вэ-Вэ” ці “тры дабл-ю”.
WWW уяўляе сабой сыстэму, якая дазваляе практычна імгненна атрымліваць доступ да бальшыні рэсурсаў Інтэрнэту (тэкстаў, графікі, музыкі, відэаматэрыялаў, праграмнага забесьпячэньня).
Для эфэктыўнага выкарыстаньня закладзенай у Інтэрнэце інфармацыі ў WWW існуюць складаныя пошукавыя сыстэмы, сярод іх — самая папулярная шматмоўная — “AltaVista”, расейскі пошукавы сэрвэр “Rambler”. Гэтыя сыстэмы дазваляюць па ключавых словах знаходзіць у Інтэрнеце ўсе ці амаль усе тэксты, дзе ёсьць гэтыя словы.
Сыстэма WWW адначасна ўтрымлівае разнастайныя даведкі, забясьпечвае доступ да каталёгаў найбуйнейшых бібліятэкаў сьвету і магчымасьць “перапампаваць” (перанесьці на свой кампутар) патрэбныя вам праграмы ці тэкставыя файлы.
Згадаем яшчэ некалькі прыкладаў, калі доступ да WWW значна спрошчвае вырашэньне стандартных праблемаў. Уявім, што вы перакладаеце тэкст, у якім сустракаюцца цытаты зь Бібліі і вам неабходна пераправерыць гэтыя цытаты на мове перакладу. Самы хуткі спосаб гэта зрабіць, калі ў вас няма патрэбнай кнігі на паліцы, але ёсьць доступ у Інтэрнэт — гэта “перапампаваць” файл з адпаведным тэкстам.
Другі прыклад — вам спатрэбілася пэўнае праграмнае забесьпячэньне. Скарыстаўшы WWW, вы атрымаеце дэманстрацыйную вэрсію, а некаторыя праграмы ўвогуле распаўсюджваюцца празь Сетку бясплатна.
Інфармацыя ў Інтэрнэце прадстаўлена карыстальніку мультымэдыйна: да ягоных паслугаў рух, колер, гук, трохмерная выява. З гэтага праз WWW лёгка атрымаць дакладную і поўную інфармацыю пра зьнешні выгляд і тэхнічныя характарыстыкі самых розных тавараў, якія тут жа можна і набыць.
Сыстэма WWW пабудаваная па прынцыпе гіпэртэксту. Гэта азначае, што інфармацыя там захоўваецца ў выглядзе фрагмэнтаў, зьвязаных паміж сабой перакрыжаванымі спасылкамі. У пэўным сэнсе ўяўленьне пра гіпэртэкст можна атрымаць зь Бібліі, бо яна складзеная па падобным прынцыпе.
Гіпэртэкставая структура дапамагае значна скараціць шлях да той інфармацыі, якая вас цікавіць, да таго ж дазваляе карыстальніку самому вырашаць, на што ён жадае зьвярнуць увагу ў кожным канкрэтным выпадку. Як правіла, нават цэльная інфармацыя падаецца ў гіпэртэксьце малымі “порцыямі”, што паскарае пераход да патрэбнага фрагмэнту. Кожны фрагмэнт у Інтэрнэце мае пэрсанальны адрас, які называеццца “сайт”. Звычайна такі фрагмэнт утрымлівае невялікі аб'ём інфармацыі, які можна параўнаць са звычайнай кампутарнай “старонкай” — адсюль і назва...
Калі вам прапаноўваюць наведаць старонку ў Інтэрнэце (праз WWW-адрас), то гэта азначае, што вам паказваюць дакладнае месца, дзе вы напэўна знойдзеце прапанаваную інфармацыю.
Другая важная сыстэма ў Інтэрнэце — гэта так званыя электронныя канфэрэнцыі (news groups). Сама назва не зусім дакладна гаворыць пра сутнасьць, таму зьвернемся да аналёгіі. Уявім сабе газэту, аўтарамі якой зьяўляюцца самі падпісчыкі. Кожны, хто валодае доступам да гэтай электроннай газэты, можа зьмясьціць тут свой матэрыял і ён адразу будзе дастаўлены ўсім астатнім чытачам (“падпісчыкам”) гэтай “газэты”.
На “канфэрэнцыю” звычайна падпісваюцца (праз электронную пошту), каб атрымліваць неабходную інфармацыю. Як правіла, тэмы, якія абмяркоўваюцца ў кожнай канкрэтнай “канфэрэнцыі”, лякалізаваныя. Нехта заўсёды сочыць за тым, каб усе ўдзельнікі прытрымліваліся пэўных правілаў і зададзенай тэматыкі. У выпадку сыстэмных парушэньняў прапанаваных парамэтраў вас могуць нават адключыць ад канфэрэнцыі.
У Інтэрнэце існуе вялізнае мноства самых разнастайных па тэмах і праблематыках канфэрэнцыяў. У прынцыпе, любая тэма ці праблема, актуальная для карыстальнікаў Сеткі, можа быць вынесеная на абмеркаваньне. Гэта дазваляе ў кароткія тэрміны атрымаць інфармацыю, якая вас цікавіць, ад тых, хто сутыкаецца з гэткім жа пытаньнем.
Да прыкладу, існуюць канфэрэнцыі, у якіх абмяркоўваюцца праблемы выхаваньня дзяцей, і канфэрэнцыі, зьвязаныя з выбарам аўдыапаратуры, а ёсьць канфэрэнцыі, дзе проста расказваюць анэкдоты ці аналізуюць палітычныя навіны... Хаця бальшыня канфэрэнцыяў прысьвечаная абмеркаваньню штодзённых праблемаў побыту, але даволі і такіх, дзе абмяркоўваюцца прафэсійныя пытаньні. Гэтыя news groups задзіночваюць асобаў, занятых у адной і той самай сфэры дзейнасьці.
Вызначальная рыса канфэрэнцыяў — магчымасьць весьці дыскусію зь якой заўгодна колькасьцю людзей адначасна. Уявім, што вас цікавіць меркаваньне філяфаністаў пра якасьць запісаў музыкі Баха. Вы маеце рэальны шанец пачуць гэтае меркаваньне, калі зьвернецеся да адпаведнай канфэрэнцыі. Канфэрэнцыі распаўсюджваюцца праз абмен электроннымі пісьмамі паміж спэцыяльнымі сэрвэрамі такім чынам, каб поўны набор паведамленьняў быў на кожным сэрвэры, у кожнай, што ў ім знаходзіцца, канфэрэнцыі.
Акрамя канфэрэнцыяў ёсьць яшчэ адна форма абмену інфармацыяй паміж карыстальнікамі Інтэрнэту. Гэта сьпісы рассылкі (mailing list). Сьпіс рассылкі падобны да канфэрэнцыі і часта выконвае тую ж самую функцыю, але тэхнічна ён больш цэнтралізаваны, бо падтрымліваецца канкрэтным ініцыятарам, і гэты ініцыятар сам рассылае інфармацыю па электроннай пошце.
Канфэрэнцыя разгортваецца сама па сабе, а сьпіс рассылкі, паколькі ён распачынаецца як прыватная ініцыятыва, кантралюецца і абмяжоўваецца ў фармаце ініцыятарам. Да таго ж сьпіс рассылкі можа і ня мець на мэце дыскусіі: кантакты паміж яго ўдзельнікамі могуць ладзіцца з дапамогай электроннай пошты і тады ў сьпісе рассылкі апынуцца толькі вынікі абмеркаваньняў. З гэтага пры адносна невялікім аб'ёме той інфармацыі, што рассылаецца, падпісчыкі могуць быць абазнаныя ў праблемах, якія паўсталі ў гэтай сфэры. Напрыклад, папулярны сярод лінгвістаў Linguist List распаўсюджвае сярод сваіх падпісчыкаў (пераважна лінгвістаў) інфармацыю пра сэмінары, сымпозыюмы, новыя кнігі і часопісы па лінгвістыцы, а таксама прадстаўляе магчымасьць задаць нейкае пытаньне ўсім падпісчыкам адначасна.
Прафэсійныя сьпісы рассылак значна больш фармалізаваныя і тэматычна больш выразна арыентаваныя. І вось што яшчэ тут істотна згадаць. Вядучы сьпісу рассылак забясьпечвае доступ да электронных адрасоў усіх падпісчыкаў. Гэтым забясьпечваецца магчымасьць кантактаў з калегамі, якіх вы ніколі ня бачылі і пра існаваньне якіх не даведаліся б ніякім іншым чынам. Людзі, што актыўна ўдзельнічаюць у такога роду “mailing list”-ах, набываюць пэўную рэпутацыю і, адпаведна, пазыцыю ў сацыяльнай прасторы. Відавочна, што падобныя прафэсійныя аб'яднаньні дазваляюць казаць пра існаваньне міжнароднай навуковай супольнасьці ў якасна новым сэнсе.
Web-парталы
Парталамі называюць сябе заходнія пошукавыя сыстэмы, якія прэтэндуюць на ролю “галоўных брамаў” Сеткі. Асноўны прынцып — задавальненьне патрабаваньняў карыстальніка, так бы мовіць: усё, што вам заўгодна. Падставовыя стратэгіі Web-парталаў наступныя: спрашчэньне пошуку дадзеных, кантакты, навіны, гандаль. Парталы — гэта:
— арганізацыя супольнасьцяў.
— індывідуальная наладка.
— электронная пошта Web.
— пошук у каталёгах.
— навіны і фінансы.
— дыскусіі.
— дошкі паведамленьняў.
— куплі.
— кароткія рэклямныя аб'явы.
— гульні і праграмнае забесьпячэньне.
— перасылка паведамленьняў.
— бясплатныя базавыя старонкі.
Лепшым парталам 1999 г. названы Excite. Гэта адзін з самых насычаных парталаў, дзе карыстальнік атрымлівае адразу і бясплатна Maіl (у тым ліку voice-maіl)+Clubs+Chat+My Excite Start Page+Portfolio. Акрамя гэтага, прагноз надвор'я для патрэбнага вам раёну. У разьдзелах “Навіны”, “Спорт”, “Фінансы”, “Гараскоп”, “Куплі” ёсьць магчымасьць рэдагаваньня структураў: з шырокага сьпісу прапановаў карыстальнік выбірае адно патрэбныя яму падразьдзелы. Пасьля наладжваньня сыстэмы, загрузіўшы старонку http://www.excite.com/##my, вы ўбачыце апэратыўную інфармацыю. Між іншым, у вас ёсьць магчымасьць выбіраць афармленьне старонкі пад уласны густ.
Інтэрнэт як культурная і сацыяльная рэальнасьць
За адносна кароткую пару існаваньня Інтэрнэту зьявіўся вялізны сацыякультурны пласт рэальнасьці, які пашыраецца неверагодна хуткімі тэмпамі за кошт генэратыўных магчымасьцяў самога Інтэрнэту. Ужо сёньня ў ім ёсьць усё, неабходнае для інтэлігібэльнага існаваньня цывілізаванага чалавека: навука, філязофія, мастацтва, рэлігія, эканоміка і нават віртуальны сэкс. “Гэта вялікая і складаная транспартна-інфармацыйная сыстэма з грыбападобных (дыпольных) структураў, каптурок кожнай зь якіх (уласна дыполі) уяўляе сабой мозг чалавека, што сядзіць за кампутарам у супольнасьці з самім кампутарам, які як бы зьяўляецца штучным працягам чалавечага мозгу, а ножка — тэлефонная сетка, што задзіночвае кампутары, альбо эфір, празь які перадаюцца радыёхвалі. У адрозьненьне ад іншых аб'ектаў прыроды, Internet унікальная зьява, што стварае дадатковыя складанасьці ў яго дасьледаваньні (Басин М., Шилович М. Синергетика и Internet. — СПб.: Наука, 1999). І гэта не абзац з тэксту ў стылі кібэрпанк, а цытата з цалкам сур'ёзнай кнігі.
Памылкова было б думаць, што Інтэрнэт — гэта проста Вельмі Вялікая Бібліятэка. У любой Нацыянальнай бібліятэцы, сярод усіх яе даведнікаў і каталёгаў, наведвальнік патанае ў інфармацыі, у Інтэрнэце — ён “сьлізгае” (сёрфінг) па ёй.
“Патананьне” і “сьлізганьне” — мэтафары нашага стаўленьня да інфармацыі. Вось элемэнты падабенства і розьніцы паміж імі: у абодвух выпадках нам даводзіцца вучыцца плаваць, абедзьве сытуацыі залежаць ад звонку зададзеных умоваў, але сёрфінг больш дынамічны, чым “патынаньне”; сёрфінг — рух па воднай роўнядзі, а патананьне — гэта апусканьне ўглыб. Сёрфінгіст знаходзіцца там, дзе ён хоча быць, бо можа кантраляваць свой рух, а той, хто “тоне”, губляе ўсялякі кантроль над сытуацыяй... Але адслонімся ад мэтафараў і найперш заўважым наступнае: у адрозьненьне ад клясычнай бібліятэкі, Інтэрнэт шматфункцыянальны, ён уяўляе зь сябе якасна нешта зусім іншае і па задачах і па структуры, і па функцыянаваньні, а з гэтага — і па культурных і сацыяльных наступствах.
Калі ўпершыню пачалі казаць аб “інфармацыйным выбуху”, то разумелі яго як супярэчнасьць паміж аб'ёмам інфармацыі і немагчымасьцю ахапіць яе чалавечым розумам, аднак тады гэтая праблема паўставала істотнай пераважна для тых, хто быў заняты ў інавацыйных сфэрах — актуальнай навуцы і новых тэхналёгіях. У гэтым сэнсе Інтэрнэт зусім іншае, ён тычыцца (ці можа тычыцца) усіх, у прынцыпе Інтэрнэт разгортваецца як агульнадаступны інфармацыйны рэсурс. Там (і тады), дзе (і калі) кампутар зробіцца звыклым як тэлефон і тэлевізар, уключэньне ў сетку Інтэрнэт мусіць стацца масавай зьявай.
Тут трэба заўважыць, што адна з прычынаў папулярнасьці Інтэрнэту — гэта магчымасьць ня толькі нешта даведацца празь яго, але і заявіць пра сябе. Гэта магчымасьць цалкам рэальная і па сутнасьці нічым не абмежаваная. У гэтым сэнсе Інтэрнэт нечым падобны да “татальнага самвыдату”. Да прыкладу, калі вам закарціць зьмясьціць у Інтэрнэце фотаздымак свайго лецішча ці ўласны аповед, то там вашае лецішча будзе на тых жа ўмовах, што і Белы дом, а ваш аповед на тых жа самых умовах, што і навэла знакамітага пісьменьніка.
Інтэрнэт абсалютна індыфэрэнтны да зьместу той інфармацыі, што ў ім зьмяшчаецца, і з гэтага ўзьнікае шмат праблемаў — аўтарскага права, суадносінаў паміж свабодай слова і злоўжываньнем гэтай свабодай, іншыя юрыдычныя і маральныя праблемы.
Грамадзянская супольнасьць ня можа існаваць без грамадзянскіх свабодаў. У тым, што тычыцца свабоды слова, Інтэрнэт (і любыя сеткі гэтага тыпу) ня мае сабе роўных. Само ягонае ўладкаваньне выключае магчымасьць цэнзурнай палітыкі. Цікава, што ў масавай сьвядомасьці адначасна існуе два вобразы Інтэрнэту, аднолькава міталягізаваныя — “з аднаго боку, гэта Тэлемскі кляштар, царства інтэлектуалаў, якія займаюцца вольнымі мастацтвамі і непадуладныя бязладзіцы недасканалага сацыяльнага сьвету, з другога боку — гэта Сьметнік, у якім корпаюцца жахлівыя Хакеры, Пэдафілы, Фашысты і Сатаністы” (Раман Лейбаў). Таталітарная дзяржава ня можа мець абсалютны кантроль у краіне, дзе ёсьць кампутарныя сеткі — для гэтага неабходна адмовіцца ад усіх кампутарных тэхналёгіяў адразу. У адрозьненьне ад радыё, тэлебачаньня, газэты ці часопіса, якія трымаюцца ўласнай (ці дзяржаўнай) палітыкі і даюць месца толькі адпаведным матэрыялам, Інтэрнэт дазваляе кожнаму жадаючаму выказаць свае пачуцьці і развагі ўзглядам сацыяльных праблем. Ён па азначэньні дэмакратычны, бо ў ягонай прасторы тэксты шараговага грамадзяніна і найвышшага чыноўніка маюць аднолькавы статус і аднолькава вольна перасякаюць дзяржаўныя межы, а аб'яднаньні грамадзянаў з дапамогай інфармацыйных сетак структуруюць сацыяльную прастору больш трывала, чым звычайныя асацыяцыі, саюзы, таварыствы. Да таго ж, сеткі не залежаць ад волі чыноўнікаў, не патрабуюць памяшканьняў і доступу да СМІ, а значыць, застаюцца незалежнымі і ад дзяржавы як такой.
Антыгіерархічная структура Інтэрнэту зьвязаная зь яе генэзысам. Як ужо казалася, яна ўзьнікла з сыстэмы абмену інфармацыяй, якую ў свой час Пэнтагон ствараў для сувязі паміж ракетнымі цэнтрамі. Асноўнай задачай было забесьпячэньне надзейнасьці сыстэмы як цэлага ў выпадку пашкоджаньня аднаго зь яе вузлоў, з чаго вынікала, што кожная частка гэтай сыстэмы мусіла быць патэнцыйна роўнай усяму цэламу.
Падсумуем: Інтэрнэт, пры ўмове выкананьня тэхнічных патрабаваньняў, прымае ў сябе ўсё, што яму дасылаецца, і ня толькі тэксты, а і ўсялякую іншую інфармацыю (малюнак, аўдыязапіс, відэавыяву).
Сьвет Інтэрнэту, у адрозьненьне ад таго, у якім мы існуем рэальна, характарызуецца меншай жорсткасьцю бар'ераў і абмежаваньняў і дазваляе значна большую меру свабоды. Напрыклад, у Інтэрнэце вы вольныя самі выбіраць інфармацыю, раз-пораз мяняць субяседніка, прэзэнтаваць сябе іншым у якім заўгодна вобразе (скажам, зьмяніўшы пол), у любы момант выходзіць з кантакту і г.д. Віртуальны сьвет Інтэрнэту дазваляе быць вам тым, кім вам жадаецца, у ім няма забаронаў, натуральных сьвету фізычных рэальнасьцяў.
Тут да месца будзе заўважыць наступнае: вышэйзгаданыя магчымасьці Інтэрнэту абумоўленыя тым, што інфармацыя не належыць фізычнаму сьвету і таму не падпадае пад яго законы. Апошняе цьверджаньне патрабуе філязофскага асэнсаваньня, але гэты ракурс праблемы мы тут кранаць ня будзем.
Яшчэ адной асаблівасьцю інтэрнэтаўскага дыскурсу зьяўляецца ягоная міталягічнасьць. Сытуацыя, у якой чалавек можа рэалізоўваць усе вышэйпералічаныя магчымасьці і да таго ж імгненна перапраўляцца з аднаго месца зямной кулі ў іншае ці прысутнічаць у некалькіх месцах адразу, простым націскам кнопкі распачынаць рух мэханізмаў, што знаходзяцца ад яго на вялізнай адлегласьці, хутчэй нагадвае чароўную казку, дзе герой-карыстальнік валодае звышнатуральнымі магчымасьцямі, чым рэальнае жыцьцё. Бясспрэчна, Інтэрнэт мае шэраг якасьцяў, якія адпавядаюць міталягічнаму сьветаўспрыманьню; адзначым некаторыя зь іх: — магія (словам і жэстам нададзена сіла ўзьдзеяньня на зьявы і рэчы знадворнага сьвету); — анімізм (рэчы знадворку надзеленыя сьвядомасьцю і воляй): гэты ўзровень пакуль рэальна не дасягнуты, але многія праграмныя прадукты і дадаткі да іх ужо сёньня ствараюць падобнае ўражаньне — артыфіцыялізм (зьявы і аб'екты прыроднага сьвету прымаюцца як створаныя самім чалавекам для ўласных мэтаў): уся сетка ад пачатку да канца створаная чалавекам для самога сябе; — сынкрэтычнасьць мысьленьня (уяўленьне аб аб'екце, як аб татальнай цэльнасьці, кожны фрагмэнт зь якой вымыкаецца адно на нейкі момант дзеля пэўнай патрэбы). Інтэрнэт-тэхналёгіі дазваляюць на абмежаванай прасторы Web-сайту зьмясьціць вялікую колькасьць аб'ектаў, зусім не зьвязаных паміж сабой, розных з паходжаньня, лёгікі функцыянаваньня, разьяднаных тэматычна і мэтава.
Як вядома, міталягічная сьвядомасьць ніколі не зьнікае цалкам, а толькі выцясьняецца ў несьвядомае, выяўляючыся ў забабонах, веры, у прыкметах і магічных рытуалах. Таму ў прасторы Інтэрнэту вельмі зручна актуалізоўвацца шматлікім працэсам і архетыпам міталягічнай сьвядомасьці, выціснутым у несьвядомае. У пэўным сэнсе для многіх людзей Інтэрнэт зьяўляецца брамай у чароўны, казачны сьвет, якога ўсім нам не стае сярод рэаліяў сацыяльнага жыцьця. Больш за тое, у віртуальнай рэальнасьці карыстальнік Інтэрнэту нават “змушаны” актуалізоўваць выцесьненыя ў несьвядомае паводзінныя мадэлі. Эфэкт узмацняецца яшчэ і тым фактам, што даволі часта гэта адпавядае псыхалягічным запатрабаваньням і памкненьням самога карыстальніка.
Згодна зь Сяргеем Кораневым, увесь спэктар уплываў глябальнай сеткі Інтэрнэт на культуру выяўляецца ўсяго ў двух фактарах, якія ляжаць навідавоку і ня маюць нічога экзатычнага.
Першы з гэтых фактараў — канец манаполіі друкарскага варштату. З распаўсюджваньнем Інтэрнэту губляецца неабходнасьць пасярэдніка паміж вытворцам і спажыўцом тэкстаў і ідэяў. Дзейнасьць па распаўсюджваньні тэкстаў, а значыць, і па іх вытворчасьці, што арыентуецца на спажыўца, больш не зьвязаная з кнігавыдавецкім бізнэсам і напрацаваным у соцыюме мэханізмам яго рэгуляваньня. Між іншым, якраз Інтэрнэт даў магчымасьць адбыцца эманцыпацыі сьвету ідэяў, раней цалкам залежных ад сацыяльнага ўладкаваньня.
Другі фактар — сьмерць адлегласьці. Інтэрнэт улучае нас у стан пэрманэнтнага кангрэсу канфэрэнцый, калі людзі, раскіданыя па ўсёй прасторы зямной кулі, маюць магчымасьць сабрацца як быццам у адной залі, дзе ўсё адбываецца адразу тут і цяпер, а значыць, зьнікае ня толькі прастора, але і час... Калі тэрмін публікацыі ў тоўстых часопісах патрабуе як мінімум некалькіх месяцаў, то ў Інтэрнэце ідэі і тэксты патрапляюць амаль у момант іх нараджэньня. Адпаведна любая дыскусія, якая ў пэрыядычным друку расьцягваецца на месяцы, а часам і гады, у Інтэрнэце можа ўкласьціся ў лічаныя дні. Прынцыповая безынэрцыйнасьць глябальнай Сеткі здольная шматкроць павялічыць інтэнсіўнасьць інтэлектуальнага жыцьця.
Найбліжшымі пэрспэктывамі Інтэрнэту зьяўляецца ня столькі колькаснае павелічэньне ягоных парамэтраў і далейшае ўлучэньне ў самыя розныя сфэры нашага жыцьця, колькі прынцыповая рэфармацыя самога нашага жыцьця пад уплывам Інтэрнэту. Гэта значыць, што самыя значныя перамены ў Інтэрнэце адбудуцца па-за межамі ўласна Інтэрнэту. Сяргей Дацюк наступным чынам вызначае тыя сфэры, дзе ўжо ў найбліжэйшым будучым мы будзем змушаныя зьмяніць свае сьветапоглядныя стэрэатыпы:
“Зьменіцца характар, аб'ём, зьмест і гарантыі права. Права зробіцца агульнасусьветным, асобавым і перастане быць грамадзянскім правам. Менавіта ў сувязі зь Інтэрнэтам дзяржава перастае быць адзіным гарантам права, асабліва, калі гэта датычыцца свабоды слова, сумленьня, руху, свабоды выбару (галасаваньня), свабоды ўдзелу ў выбарнай уладзе, права на працу, адпачынак і г.д.
Зьменіцца сам характар дэмакратычнай улады. Прадстаўнічая ўлада мусіць саступіць месца беспасярэдняй уладзе. Калі зьявіцца рэальная тэхнічная магчымасьць для кожнага грамадзяніна прагаласаваць за любы закон, паўплываць на любое выканаўчае рашэньне, выказацца па любой рэзананснай судовай справе па хатнім кампутары, функцыі ўсіх галінаў улады ня змогуць заставацца непарушанымі.
Зьменіцца спосаб кантролю грамадзянаў за дзяржавай. Будзе скасаваная дзяржаўная тайна (пры захаваньні нейкага пераходнага пэрыяду наяўнасьці вайсковай і камэрцыйнай тайнаў)...
Зьменіцца характар працы, спосаб працы і форма выбару месца існаваньня. Пра гэта ўжо шмат разоў казалася, але самае істотнае ў гэтым пляне вырозьнівалася рэдка. Палітычная канкурэнцыя (канкурэнцыя палітычных умоваў жыцьця і працы) перасоўваецца ў сфэру культурнай канкурэнцыі. Маючы доступ да Інтэрнэту, можна працаваць у любой краіне, атрымліваць адтуль грошы і там жа набываць неабходныя тавары. Але і для фізычнага існаваньня будуць выбірацца краіны найбольш прыдатныя ў сэнсе палітычнага клімату і культурнага дабрабыту. Менавіта сацыяльна-культурная сытуацыя ў той ці іншай краіне ў будучым станецца найважнейшым прыярытэтам для выбару мейсца пражываньня.
Зьменіцца характар стаўленьня чалавека да культуры. Гэтае стаўленьне перастане быць нацыянальным і монакультурным. Інтэрнэт нясе мультыкультурны зьмест адносінаў да культуры, ды і сама культура становіцца інтэрактыўнай, больш разьлічанай на беспасярэдняе сумоўе, чымся на аддаленае сузіраньне, адцягненае ўспрыняцьце і бязадраснае спажываньне...
Не парнаграфія, не прастытуцыя не зьяўляюцца магістральнымі шляхамі развою грамадзтва. Як толькі Інтэрнэт станецца па сваіх маштабах тоесным сусьветнай супольнасьці, магістральнай зробіцца сама культура, Інтэрнэт і ёсьць гэтай магістральлю культуры”.
Падсумаваньне
Сёньня больш чым для 66 адсоткаў карыстальнікаў Інтэрнэту вандроўкі па Сетцы замянілі прагляд тэлеграмаў. Пры гэтым 40 адсоткаў падключаных да Інтэрнэту карыстальнікаў адначасна глядзяць на манітор кампутару і на экран тэлевізару. Таму ўжо не здаецца нейкай надзвычай экстравагантнай гіпэрбалай азначэньне, дадзенае сучаснаму прадстаўніку віду Homo sapiens — “рэха электрамагнітных працэсаў у трубцы тэлевізара” (Віктар Пялевін). Уласна, гэта — галоўны пункт шматлікіх абвінавачваньняў: Інтэрнэт ператварае чалавека ў несамастойную істоту, бо экран кампутарнага манітора ўжо стаўся часткай мозгу чалавека.
Аднак чалавек і яго спосабы стасункаў са сьветам мяняюцца вельмі марудна. Уважлівыя назіраньні сьведчаць, што трансфармуюцца адно павярхоўныя формы сьвядомасьці, глыбінныя слаі застаюцца некранутымі. Гэта найперш стасуецца да культурных стэрэатыпаў, якія выяўляюць асаблівую ўстойлівасьць. Аднак ахоп сьвету кампутарнымі сеткамі пакрысе ўплывае і на іх, хаця і не заўсёды відавочным чынам. Гэтыя невідавочныя эфэкты заслугоўваюць асаблівай увагі.
Да прыкладу згадаем, што сёньня ўва ўсім цывілізаваным сьвеце чалавек карыстаецца для фінансавых разьлікаў у магазіне, рэстаране, на вакзале не грашыма, а кавалкам плястыку, памерам не нашмат большым за пушку запалак. Такая сацыякультурная зьмена магчымая менавіта таму, што банкі паяднаныя кампутарнымі сеткамі (Інтэрнэт — гэта толькі адна са шматлікіх сетак). Шараговы грамадзянін карыстаецца плястыкавай карткай і не задумваеццца пра кампутарныя сеткі, бо ён сам зь імі непасрэдна не ўзаемадзейнічае. Псыхалягічна гэта натуральна і зразумела, хаця прычына самой зьмены карыстаньня грашыма і застаецца не відочнай. Альбо возьмем другі прыклад. Уявім сабе беларускую вёску, дзе ў кожным доме ёсьць тэлевізар, але на 1000 жыхароў маецца ўсяго толькі адзін тэлефон. І хаця не тэлевізар, а менавіта тэлефон зьяўляецца рэальным элемэнтам жыцьцязабесьпячэньня, адлучэньне ад тэлевізару было б успрынята як катастрофа, бо адносна тэлевізару ўжо сфармаваная неадольная інфармацыйная патрэба. З гэтага можна зрабіць выснову, што пэрспэктывы разгортваньня на Беларусі кампутарных сетак для масавага карыстаньня няпэўныя ня толькі з прычыны тэхнічнага адставаньня, але і з сацыяльных прычынаў — несфармаванасьці адпаведных інфармацыйных патрэбаў.
Літаратура
1. Басин М., Шилович М. Синергетика и Internet. СПб., Наука, 1999.
2. Коренев С. “Сетевая литература” и завершение постмодерна (www.chat.ru-kornevi/).
3. Дацюк С. Философия Интернет (www.uis.kiev.ua/russian).
4. Барысевіч Ю. Сусветнае павуцінне (Культура ў эпоху Інтэрнэта), Мастацтва, № 1, 1999.
5. Клименко С., Уразметов В. Интернет: Среда обитания информационного общества // ІФВЭ, МФТИ. — Протвино: РЦФТИ, 1995.
6. Нестеров В.Ю., Нестеров Е.И. Некоторые аспекты коммуникационных процессов в Сети с точки зрения культурологии // 5-я Международная научно-практическая конференция “Информационные системы и технологии “Виртуальный мир Инфосферы: практическое использование человеком”, Владивосток, 1997.
7. Носов Н. Виртуальный человек. —М. Магистр, 1997.
8. Смолян Г., Зараковский Г., Розин В., Войскунский А. Информационно-психологическая безопасность (определение и анализ предметной области). — М.: ИСА РАН, 1997.
9. Эко У. От Интернет к Гутенбергу // Новое литературное обозрение. № 32 (4/1998).
10. Ямпольский М. Интернет, или Постархивное сознание // Новое литературное обозрение, № 32 (4/1998).
11. Communication in the age of virtual reality. LEA's communication series. (Frank Bіossa, Mark R. Levy, Eds.), Lawrence Erlbaum Assocіates, Іns, Hіllsdale, NJ, US, 1995.
12. Culture of the Іnternet. (Sara Kіesler, Ed.), Lawrence Erlbaum Assocіates, Bns., Publіshers, Mahwah, NJ, US, 1997.
13. Donath, Judіth S. Іdentіty and deseptіon іn the Vіrtual communіty. L., 1997.