CD, Студэнцкая Думка

04/2003


БАЙКІ ПАД ЭКСТАЗІ

АД ПЕРАКЛАДЧЫКА

У адным са сваіх твораў Фрэдэрык Бэгбэдэр з гонарам гаворыць пра сябе як пра культавага аўтара, чые кніжкі разыходзяцца ў Францыі накладам па 10 тысяч асобнікаў. У параўнаньні з савецкімі тыражамі Івана Шамякіна дасягненьне больш як сьціплае. Але, згадаўшы пра сёньняшні статус літаратара, прызнаем, што гэта сапраўды папулярнасьць.

Улюбёнец парыскай публікі нарадзіўся ў 1965, а ў 1990 дэбютаваў раманам "Успаміны заклапочанага маладзёна". Наступныя кнігі з "жыцьцярадаснымі" назвамі "Вакацыі ў коме" (1994) і "Каханьне жыве тры гады" (1997) прынесьлі яму заслужаную славу пісьменьніка з вытанчанай (нехта сказаў бы - вычварнай) фантазіяй, дасьціпнага літаратурнага сноба, які тонка адчувае моду й нават можа дзе-нідзе на яе ўплываць. Але ўсе рэкорды посьпеху пабіў раман "99 франкаў" (2000), дзе Бэгбэдэру прыдаўся яго дзесяцігадовы досьвед працы ў сфэры рэклямнага бізнэсу. Гратэскава-камічны сьвет копірайтэраў і крыэйтэраў не пакідае чытачу ілюзіяў, што да цынізму й прадажнасьці слова, калі справа датычыць камэрцыі. Праўда, тое, што некалі выклікала шалёнае абурэньне Бальзака, праз паўтара стагодзьдзі "цягне" адно на змрочную іронію. Бэгбэдэраўскі пэрсанаж у наркатычным ачмурэньні (нехта сказаў бы - азарэньні) спрытна майструе рэклямныя сьлёганы, чытач адказвае яму выбухамі рогату, а Пялевін нэрвова курыць грыбы.

Наркотыкі фігуруюць і ў бэгбэдэраўскім зборніку караценькіх аповедаў "Байкі пад экстазі", гэтым разам - як галоўная тэма. Пісьменьнік шчыра цешыцца, што менавіта ён стаўся ў Францыі літаратурным першаадкрывальнікам экстазі. Але адразу ж дадае, што гэтая кніга - не рэкляма наркотыкаў. Бо яны разбуральна ўзьдзейнічаюць на чалавечы мозаг, "яскравым доказам чаго, - іранічна кажа Бегбэдэр, - служыць мая кніга". Прынамсі, самакрытычна.

Андрэй Хадановіч

ЯК ЗРАБІЦЦА ЧАЛАВЕКАМ

Жыцьцё ў мяне галімае, самы час зь ім канчаць. Мяне задзяўбала вазіць розных адмарозкаў, якія сьмярдзяць крэмам пасьля галеньня й рассыпаюць па заднім сядзеньні какаін. Я сёньня пад завязку набраўся анісавай ды празаку, а таму сраць я хацеў на іх напамаджаныя галовы з саплівых сэрыялаў.

Як я дакаціўся да ўсяго гэтага? Спытайце чаго іншага! Калі я быў маленькім, я верыў, што ўсё жыцьцё наперадзе. І вось цяпер я вялізны бамбіза, працую таксоўцам па выкліку ў Парыжы й ваколіцах, і пада мною струменіць вуліца Рывалі. Я мінаю шыкоўныя апартамэнты зь відалямі на Цюільры, што бітма набітыя фарбаванымі бабамі, якіх трахаюць на канапах "Рамэа"-тэлевядучыя. Ззаду ад мяне памірае ад сьмеху пасажырка, ня ведаю, што ўжо такое вярзе ёй на вуха гэты чарнявы мудак: "Дарлінг, я набыць сабе нью гелікоптэр для мой яхта… альбо нью яхта для мая гелікоптэр? Альбо самалёт, каб ганяць па маёй басэйн?" Клаў я на цябе з тваім басэйнам, казёл. Зараз ты ў мяне ў штаны наробіш.

Ушчэнт разьюшаны, я штосілы выціскаю пэдаль газу. А сам гляджу ў люстэрка задняга агляду на яго напудраны нос, напамаджанае валосьсе, залаты ланцуг. Ці хутка там яго грэбаная дарлінг перастане рагатаць?.. Я верыў, што жыцьцё некалі дасьць мне шанец, што яно рыхтуе для мяне нейкі сюрпрыз. Раскатаў губу! Сюрпрызы - толькі для багатых. А жыцьцё бедака відаць, як на далоні. Яго можна апавесьці наперад. Будучыня - гэта не для мяне. Я брыдкі, на мне дрэнны прыкід, гэтая пара з пагардаю ўтаропілася ў маю тлустую патыліцу, у маю бычыную шыю. Вядома ж, самі яны прыгожыя й добра пахнуць; мною яны грэбуюць. Яна сьмяецца зь мяне, далібог, але не бяды, я з гэтым пакончу. Плошча Згоды? Нішто сабе пабадзяцца па начным горадзе. Ды нават гэтае мне сёньня не абломіцца.

Зарабляю я мізэр, а значыць, і сам я істота мізэрная. Той, з кім ніхто ня лічыцца. Той, каго называюць па імені, дадаючы "мсьё", нібы зьвяртаюцца да лёкая. Так, мой лёс ніколі не нагадваў плошчу Згоды, зыркую, бліскучую - гэтыя словы для іншых. А я п'ю, каб забыць, што пра мяне забылі. Жыцьцё, пазбаўленае ўсякага сэнсу. Я цісну на газ, бо мне абрыдла заставацца ўвесь час на ўзбочыне. Вось халера! так і ёсьць, яна расшпіліла арабу прарэх і, зуб даю, бярэ цяпер у рот, мне ўсё відаць у люстэрка, іх, мабыць, узбуджае, што я магу іх засьпець, яна дрочыць яму дручок, пакуль ён сам набівае нос какаінам. Трасца ім у бок, моцы маёй больш няма гэта ўсё трываць. І што яна ў ім знайшла, апроч яго сраных бабак? І чаму гэта мне, курва, ніколі не лізалі яйцаў на заднім сядзеньні лімузына? І чаму гэта яна глядзіць на мяне з такім спачуваньнем, грэбаная паталуха з вашывымі мяцёлкамі й паскуднай парфумаю, ад якой хочацца ванітаваць? Ненавіджу ласкавасьць гэтых дабрадзеяў, іх усьмешкі, якія азначаюць "валі адсюль!", нібыта вы ў іх міласьціну просіце. Я тады пачуваюся проста вырадкам і дэбілам.

Па радыё круцяць "Viva Forever" "Спайс Гёлз". Я ўрубаю на ўсю катушку. Я самая недарэчная рэч у гэтай машыне. Прыйшоў зь ніадкуль і пайду ў нікуды. Я ганю па ўзьбярэжнай. А гэты подзеўбень наўмысна стогне так, быццам здымаецца ў порна. Прыйшоў зь ніадкуль і пайду ў нікуды. У мяне таксама былі кабеты, але такія, што лепш павесіцца, і ім яшчэ было са мною нудна. Мне не было чым іх уразіць. Яны нават шкадавалі, што былі са мной. Ніхто так і не захацеў дажыць да старасьці са мною разам. (Нават я сам.) Я ні разу ні ў каго не закахаўся й ні разу нікога не задаволіў. Каханьне каштуе надта дорага, я ня меў такіх сродкаў. Я тоўсты, галімы вадзіла, што сьціскае баранку тлустымі, як сасіскі, валасатымі пальцамі. Мой бацька ўвесь час паўтараў, што я ні на што ня здатны, і я зрабіў усё, каб ён, нарэшце, меў рацыю. Я закінуў заняткі - замест гэтага марнаваў час, строячы дурня перад тэлескрыняй. Адзіны іспыт, на якім я не праваліўся, - гэта калі я здаваў на правы (і тое - дзякуючы службе ў войску).

Навошта жывуць такія як я? Якая ад нас карысьць? Ніякай, толькі паветра псуем. Пра нас ня пішуць у "Вуасі". На маё пахаваньне наўрад ці зьбярэцца процьма народу. Госпадзе, калі ты існуеш, растлумач мне, калі ласка, чаму я заўсёды меў такое дрэннае адзеньне? Ну, так яно і ёсьць, ён кончыў ёй проста ў рот, паскуднік. Яна сплёўвае ў насоўку. Нават праглынуць не магла, вядома ж, арабская спэрма - гэта табе не іранская ікра. Гандляваць сваёй задніцай - гэта мы любім, а нармальны мінэт зрабіць - гэта асадзі назад, я правільна разумею, шлюшка? Вы толькі зірніце, якія яны шчасьлівыя. Хоць на фотку. Нічога, яны мне заплацяць. Я сабе спакойна стаяў ля стойкі ў бары "Ублі", паволі жлукціў анісавую, плявузгаў пра чорных з такімі самымі, як я, скончанымі людзьмі, і тут звоніць мабільнік: трэба забраць нейкіх неданоскаў, якія цяпер тыкаюць мне ў самую пысу сваім бясхмарным шчасьцем, і яны яшчэ хочуць, каб я сказаў ім дзякуй?

Чарнявы запускае свае дагледжаныя пальцы ў фарбаваныя валасы бля… ндынкі. "Viva Forever". Ну, гэта мы яшчэ паглядзім. Мабыць, у іх паменее пыхі, калі іх анёльскія фізіяноміі на поўным ходзе аздобіць бітае шкло. Кожнаму раней ці пазьней выпадае шанец. Да гэтай ночы я ня меў такога шанцу ніколі. Сёньня - апошні дзень майго жыцьця. Дагэтуль мне ўсюды давалі высьпятка, але цяпер усё ў маіх руках. Упершыню ў жыцьці я захацеў чагосьці дабіцца: калі жыцьцё пайшло на глум, трэба пастарацца, прынамсі, прыгожа памерці.

"Mister Paul, you're driving too fast!"

Ага, заторгалася, мая прынцэса! Але не, я не зьбіраюся марнаваць такога цудоўнага выпадку. Мы набліжаемся да Альма і на хуткасьці дзьвесьце кілямэтраў у гадзіну ўлятаем у тунэль. Але-гоп! мне больш няма чаго губляць, адзін паварот руля - і я ўразаюся проста ў мур. Пайшлі вы ўсе на…! Цяпер увесь сьвет даведаецца, хто я такі.

Сьмерць, шыкоўная, як гатэль "Рытц".

Хто ведае, можа, мяне будуць згадваць нават у дзьвюхтысячным годзе.

САМОТА РАЗАМ

Магчыма, чалавек і ня створаны для таго, каб жыць у самоце, але ён усё-ткі самотны - нават беручы шлюб, чалавек застаецца самотным і непрыкаяным на плянэце, што імчыць у міжзорнай прасторы з хуткасьцю 29,79 кілямэтраў у сэкунду. Чалавек нараджаецца, бегае, сьпяшаецца жыць, чытае кнігі, ходзіць у кіно, пакутуе, зьядае свой сьняданак, памірае. Часам, у перапынках, яму можа здацца, што ён ня створаны для таго, каб жыць вечным кавалерам. І тады ён наважваецца закахацца, то бок пачынае хлусіць нейкай прыгожай жанчыне гэтаксама, як ён хлусіць самому сабе. Давайце зірнем на яго, маючы хоць каліва спагады: як рупліва ён уводзіць яе ў зман, рыхтык-дэпутат у разгар перадвыбарчай кампаніі! Ці здагадваецца ён, што яго абяцанкі так і ня будуць споўненыя? Ён можа паспрабаваць пераканаць сябе ў тым, што ён шчасьлівы. Ён ажэніцца, наплодзіць дзяцей, наробіць каляровых фатаздымкаў, спрабуючы ўвечніць тое, што мінае. Як расчульвае ягоная ўсьмешка, калі ён разглядае нэгатывы! Адной рукою ён абдымае ружовага дзіцёнка, які пакуль ня ведае, што некалі таксама зробіцца самотным. Другой рукою ён сьціскае руку сваёй абраньніцы (ці то каб яна ня зьбегла, ці то проста каб адчуваць сябе спакайней).

У дзень, калі чалавек разумее, што ён падмануты, ён падымае вочы ў неба, нібы дакараючы сьлязьмі сонца, якое знаходзіцца на адлегласьці 152 мільёны кілямэтраў ад Зямлі. Ён поўзае ў брудзе, ванітуе рэшткамі ежы - ён настолькі варты жалю, што мы просім вас прабачыць яго за гэты недарэчны эпізод. Потым ён выпраўляецца ў вечаровыя загулы, урэшце сьцяміўшы, што ўсім наканавана быць кавалерамі. Каб зьмірыцца з гэтым фактам, адным патрабуецца больш часу, другім менш, але такі ўжо лёс ім прызначаны самой прыродай: цягацца з бару ў бар, з гораду ў горад, ад жанчыны да жанчыны, глядзець відэа, паглынаць "балінас", танчыць перад люстрам, рабіць зь сябе кагосьці не таго, кім ты ёсьць, выдумляць розныя прыбамбасы накшталт ёгуртаў, парфумы, аўтамабіляў альбо раманаў - усё для таго, каб уразіць жанчынаў (і, вядома ж, дарэмна, бо жанчынаў уражвае толькі тое, што ня выдуманае).

Кавалеры дрэнна пахнуць, бо яны ня маюць жанчыны, якая прымушала б іх мыцца. Часьцяком кавалера можна пазнаць па вінным перагары. Ён дрэнна паголены, на яго сьмярдзючай кашулі бракуе гузіка. Кавалер выклікае хутчэй шкадаваньне, чым зайздрасьць - ва ўсіх, апроч жанатых мужчынаў, якім здаецца, быццам кавалер мае свабоду, тады як гэта толькі роспач. Госпадзе Божа, да якой роспачы трэба дайсьці, каб у нядзелю ўвечар есьці "Happy Meal", утаропіўшыся ў тэлевізар, пагатоў пасьля таго, як красуню Анну Сынклер на экране зьмяніў які-небудзь Мішэль Друкер.

Жанаты чалавек, натуральна ж, ня мае рацыі, калі зайздросьціць кавалеру, але ён ня ў стане нічога з сабою зрабіць, гэта мацней за яго, ён марыць пазабіваць іх усіх, яму здаецца, што кавалерам няма праходу ад жанчынаў, што жыцьцё іх поўнае чароўнымі прыгодамі: італійскімі ўік-эндамі, аральнымі асалодамі, вытанчанымі мілоснымі прызнаньнямі й пяшчотнымі пасланьнямі ў галасавой паштовай скрынцы "Itineris". Яму няўцям, што кавалер штовечар вяртаецца дадому сьліну каўтнуўшы, калі ён, вядома ж, не тусуецца ў мужчынскай хеўры (а па-за тым трэба быць на хвалі моды, а гэта ня цягнецца доўга). Найлепшы довад гаротнага стану кавалераў - гэта тое, што іх ня хочуць жанчыны: яны аддаюць перавагу флірту з мужам сваёй найлепшай сяброўкі.

Калі гаворка асабіста пра мяне, дык я жыву ня сам ад уласнай слабасьці. Мне не стае сьмеласьці ні застацца ў самоце, ні зноўку ажаніцца. Паміж змрочным існаваньнем кавалера й нудным жыцьцём у шлюбе ёсьць нейкая размытая, паэтычная тэрыторыя: назавем яе шчасьцем. Шлюб неабходны, каб абараняць баязьліўцаў ад праўды гэтага сьвету, якою ёсьць сьмерць, як кажа Сэлін у сваім "Падарожжы на край ночы". Але каханьне - гэта падман, які мае свае дадатныя бакі, кажу я сабе, пакусваючы вушка Дэльфіны пад месяцам, падвешаным на вышыні 384400 кілямэтраў над нашымі бязьвіннымі галовамі.