Informer - прафэсія, якую ў глыбокім юнацтве ўславіў аднайменным шэдэўрам нейкі белы рэпэр. Ясна, што тады вялося крыху пра іншае, але для нас галоўны прынцып - ці ўмее звычайны студэнт цягам пяці год знаходзіць патрэбную яму інфармацыю. Алёна ШАЛАЕВА ўзьнікненьне адвечных "што рабіць?" пасьля ўнівэру і "хто вінаваты?" у такой раскладцы зьвязвае з тым, што збольшага мы не валодаем інфармацыяй. Журналісцкае дасьледаваньне, як гэта ў нас і як у іх, ніжэй.
AB OVO: ШЛЯХ НА АБІТУРУ
"Вас няма на Канарах, вас няма на Кіпры. Вас няма ні на адной вечарыне і дыскатэцы сьвету. Штогод у рабства БДМУ трапляе каля тысячы студэнтаў. Праверце абраную ВНУ!"
Жарт, такі папулярны ў мэдыцынскім унівэрсытэце, насамрэч указвае на глябальную праблему нашай адукацыі - выбар ВНУ. Абітуры, якая грае лёсавызначальную ролю ў жыцьці кожнага чалавека, у нас прынята надаваць мала ўвагі. І калі працэс паступленьня трохі ўяўляецца, то далейшае навучаньне - у змроку. Тым часам абітурыенцкія дасьледаваньні могуць рэальна дапамагчы разабрацца, ці варта ў дадзены ўнівэр аддаваць свой атэстат.
"Даведніка для абітурыентаў" толькі і хапае на тое, каб высьветліць назву факультэта і абранай спэцыяльнасьці, сьпіс уступных іспытаў і тэлефон прыёмнай камісіі. У лепшым выпадку - мінулагодні конкурс. Асноўныя крыніцы інфармацыі - сама прыёмная камісія і Дзень адчыненых дзьвярэй, калі можна прыціснуць да сьценкі дэкана з пытаньнямі пра абраную спэцыяльнасьць. Матывацыя паступленьня відавочная па найбольш распаўсюджаных пытаньнях: колькі іспытаў? які будзе конкурс? якія ільготы для паступленьня? А што будзе далей - турбуе адзінак, мала каму прыходзіць у галаву, што, магчыма, лепш паступаць два, тры разы ў "сваю" ВНУ, чым трапіць куды атрымаецца і пяць гадоў займацца фігнёй.
Alex (Humber College, Graphic Design and Advertising, Toronto, Canada) зьдзіўляецца, як усё сумбурна і непрадумана ў нас адбываецца.
"У маёй High School (9-12 кл.) для кожнага складаецца індывідуальны плян заняткаў у адпаведнасьці з тым, дзе зьбіраесься вучыцца далей. Спэцыяльны кансультант дапамагае выбраць патрэбныя курсы. Напачатку апошняга году навучаньня запаўняеш стандартныя формы, дзе ўказваеш навучальныя ўстановы і факультэты (ня болей за тры), а пасьля чакаеш. ВНУ сама робіць запыт у школу, якія курсы вывучаў і якія меў адзнакі. Яны выдаюцца ў адсотках: 70% - для каледжаў, 80-85% - для ўнівэрсытэтаў. Далей усё залежыць ад колькасьці абітурыентаў і тваіх паказчыкаў. Школа і каледж, дзе я вучуся - з мастацкім ухілам, таму я мусіў зрабіць сваё portfolio. Дзякуючы яму мяне залічылі адным зь першых, нягледзячы на тое, што адсоткаў не хапала".
Беларусь - гэта не Канада і нават ня Польшча. Якія б рэформы ні абвальваліся на галовы выкладчыкаў і вучняў, плёну ад іх мала. Нашая сыстэма адукацыі яшчэ не гатовая да таго, каб разглядаць кожнага вучня як патэнцыйнага студэнта, а катэгорыя "сярэднячок", на якую, як кажуць, і разьлічаныя ўсе новаўвядзеньні, - паняцьце неканкрэтнае і малазразумелае.
Выйсьце ёсьць, яго ня можа ня быць. Адзін з варыянтаў - профільныя клясы, ліцэі, гімназіі, праца якіх накіраваная на пэўную навучальную ўстанову. Атрымаўшы тут сярэднюю адукацыю, адназначна лягчэй і паступіць, і вучыцца далей. Ды і выбар зроблены сьвядома ды прадумана і, безумоўна, ён мусіць быць апраўданым, бо гэта лягічны і заканамерны вынік папярэдняй вучобы.
Alex: "У 10 клясе ў мяне не было ніводнага абавязковага курсу. Я выбіраў тое, што адпавядае будучай прафэсіі. У сэмэстар - ня больш за чатыры дысцыпліны. Напрыклад, я вывучаў выяўленчае мастацтва, фатаграфію, digital-фота і фізыку. У якасьці іспытаў па першых трох я рабіў выставу лепшых работаў, а па фізыцы - пісьмовую працу. Такім чынам, настаўнік завысіць ці занізіць адзнаку ня мог. Хаця ў мяне былі кепскія адносіны зь некаторымі настаўнікамі з-за паводзінаў, але на атэстаце гэта не адбілася".
ЗАПАВЕДЗІ ПАСЬПЯХОВАГА СТУДЭНТА
Квіток у дарослае жыцьцё атрыманы, засталося вывучыць правілы гульні. Асноўнае зь іх -быць заўсёды ў курсе, весьці актыўны і дынамічны інфармацыйны пошук.
Статыстыка паказвае, што найлепшым інфарматарам для студэнта зьяўляецца навакольнае асяродзьдзе - усё, што трапляе на вочы і ў вушы. Паводле нашага прыватнага апытаньня, праведзенага ў некалькіх групах мэдунівэрсытэту, пэдунівэрсытэту і БДТУ, высьветлілася, што лепшыя крыніцы - сябры, знаёмыя і чуткі. Колазварот інфармацыі ў прыродзе трымаецца на народнай мудрасьці: у адно вуха ўляцела, з рота вылецела і такім чынам перадалося. На падсьвядомасьць усё ж больш працуе зрокавая памяць, і "недзе бачыў" часта мае канкрэтнае геаграфічнае месцазнаходжаньне - дошка аб'яваў (дошка інфармацыі). Менавіта адтуль студэнты (прыкладна 60%) даведваюцца пра жыцьцё роднага ўнівэру і ня толькі. Чым больш на дошцы паперак, тым большы шанец быць у курсе.
З "прыстойных" можна адзначыць БДУшную дошку інфармацыі, дзе ёсьць усё - ад навучаньня да "куплю-зраблю курсавую" ці "прафэсійна здыму вясельле" (гм...). У некаторых ВНУ, праўда, сочаць "за чысьцінёй". Студэнты БДТУ наўрад ці даведаюцца са сваёй дошкі інфармацыі, што адбываецца днямі ў NC-клюбе, але "Важнейшыя парамэтры прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця РБ на 2003г." мусяць вывучыць на памяць.
Iren (Washington) распавядае, што ў яе ўнівэры дошка інфармацыі займае ўсю сьцяну і, акрамя ўласна аб'яваў, на ёй процьма пэрсанальных файлаў-скрынак. "Кожная кішэнька падпісаная, і любы чалавек - ці то выкладчык, ці то студэнт - укідвае туды для мяне інфармацыю. Пасьля заняткаў я ўсё забіраю і таму заўсёды бываю ў курсе ўсіх справаў".
Так што прыстойная дошка аб'яваў - гэта добры дапаможнік у арыентацыі на мясцовасьці. Запаведзь №1: НЕ АБМІНІ!
Ідзем далей. Калі на першым курсе татальных "уводзінаў" спасьцігаць трывіюмы і квадрывіюмы выключна па канспэктах выкладчыка магчыма, то потым безь бібліятэкі не абыйсьціся. Як не абыйсьціся і без абломаў: "нацыяналка" - з трэцяга, "прэзыдэнцкая" - з чацьвертага курсу. Але хто шукае, той знойдзе. Па-мярцьвяцку спакойныя залі бібліятэкі Акадэміі навук прымаюць першакурсьнікаў.
Запаведзь №2: НЯ ДАЙ МАЗГАМ ЗАСОХНУЦЬ!
Alex: "У нашай бібліятэцы ёсьць месцы для "ціхага" навучаньня і месцы "масавага згрупаваньня", дзе можна палазіць па нэце, e-mail праверыць ці research зрабіць. Натуральна, гэта бясплатна. Усё, што можа спатрэбіцца з падручнікаў і энцыкляпэдыяў, знойдзеш тут. Калі ня можаш знайсьці патрэбную інфармацыю?.. Не, не ўяўляю сабе такога".
У нашых бібліятэках самая галоўная праблема (і ня толькі для першакурсьнікаў) - каталёг. Да электроннай сыстэмы пошуку не дабрацца, ды і не паўсюль яна ёсьць. Ад сотняў драўляных скрынак робіцца млосна. Але ў кожным такім гармідары абавязкова павінен быць чалавек, які цьвяроза кеміць, што-дзе-як. Гэта дзяжурны бібліёграф, непасрэдная праца якога перш за ўсё - дапамагаць наведнікам шукаць і арыентавацца.
Kristіе (Simmons College, library and Information Science, Boston, USA): "Бібліятэка каледжу вельмі багатая, мае падпіску на мноства часопісаў і газэтаў. Па іх звычайна і вучацца, бо манаграфія пакуль выйдзе, дык губляе актуальнасьць. Шмат заданьняў студэнтам даецца менавіта па часопісных артыкулах - гэта больш сьвежая і надзённая інфармацыя. Існуе вялікая колькасьць камэрцыйных электронных сыстэмаў. Напрыклад, мяне цікавіць вельмі вузкі прадмет: я набіраю ў той ці іншай пошукавай сыстэме ключавое слова і бачу, у якіх часопісах ёсьць патрэбныя мне артыкулы, з нумарамі і старонкамі. Іду ў бібліятэку, бязь цяжкасьцяў знаходжу і працую. Было б жаданьне вучыцца…"
Розьніца ў бібліятэках - справа часу. Прынцыповым застаецца падыход студэнтаў да вучобы. 81,3% вучацца па лекцыях выкладчыкаў, якія, дарэчы, могуць быць напісаныя яшчэ да нашага нараджэньня. 70% ад агульнай колькасьці выкарыстоўваюць падручнікі і мэтадычкі. І толькі 23% студэнтаў наведваюць бібліятэкі.
Паводле CD-анкетаваньня, такая крыніца інфармацыі, як інтэрнэт, не ўваходзіць у тройку лідэраў. І гэта пры тым, што сапраўды карысную і цікавую інфармацыю зьмяшчаюць студэнцкія сайты, асабліва неафіцыйныя. Студэнцкая халява ёсьць паўсюль: рэфэраты, курсачы, шпоры і шмат чаго яшчэ "ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі ВНУ". Мэдыкі для дармовага скачваньня разьмяшчаюць музычныя навіны, а на наргасаўскім сайце можна замовіць і набыць (4-6 у.а.) файл са шпорамі, "вырабленымі па спэцыяльнай тэхналёгіі".
На большасьці сайтаў зьмяшчаецца і курс маладога байца для першакурсьнікаў: парады, пажаданьні, уласны досьвед і ўспаміны "дзядоў".
Вельмі карысная рэч - кампрамат на выкладчыкаў: фоткі (ворага трэба ведаць у твар), мэтодыка выкладаньня, як прымае іспыт, адзначае ці не і інш.
Ёсьць унівэрсальныя сайты (www.student.mag.by, www.skoch.narod.ru), дзе можна знайсьці ўсё гэта плюс мноства патрэбных спасылак, адрасы ў нэце навучальных установаў, пошукавыя сыстэмы і інш. Ну і нельга забывацца на www.studumka.com - там як мінімум знойдзеш электронную вэрсію часопіса.
Запаведзь №3: КАРЫСТАЙСЯ І ПАДКАЖЫ БЛІЖНЯМУ СВАЙМУ.
Інфармацыйны трохкутнік "дэканат - катэдра - куратар" мае вялікае значэньне ўжо таму, што зь людзьмі, якія там працуюць, даводзіцца кантактаваць цягам пяці год. Уся афіцыйная інфармацыя канцэнтруецца ў дэканаце. Ведаць усё пра навучальны працэс - ад раскладу заняткаў на сэмэстар да прозьвішчаў кіраўнікоў курсавых працаў - там проста абавязаныя.
У наш час ёсьць такія выкладчыкі, для якіх самае галоўнае на іспыце - ведаць зьмест "буквара, другой і сіненькай" кніжачак. Адпаведна, каб асабліва ня парыцца, варта зьвяртацца адразу на катэдру.
Што да куратара, дык асабіста ў мяне ён асацыюецца з "чалавекам-невідзімкай": ён альбо ёсьць - і тады чакай, што дастане зь цябе ўсе вантробы, - альбо яго папросту няма - не было і ня будзе! У любым выпадку, ягоная праца - стаць дублікатам таткі і мамкі, быць абаронцам ад зьвераватых камэндаў, несправядлівых выкладчыкаў і іншай трасцы.
Запаведзь №4: НЕ ПАГРЭБУЙ І ПРАСІ ДАПАМОГІ!
А вось сапраўды рэальную дапамогу (у санаторна-прафіляктычным лячэньні, у кантролі за павелічэньнем і выплатай стыпэндыі, у атрыманьні сацыяльнай дапамогі, у рэшце рэшт, у абароне правоў і абавязкаў) аказвае прафсаюзная арганізацыя ўнівэрсытэту. Варта зьвярнуцца да прафоргаў, якія ёсьць у кожнай групе. Адзінае "але": на практыцы даказана - самыя лепшыя прафсаюзныя арганізацыі тыя, дзе колькасьць нядаўніх студэнтаў перавышае 50%. Апошнія яшчэ памятаюць дрыжыкі на скуры і адрэналін у крыві ад студэнцкага жыцьця.
Запаведзь №5: ГРУКАЙ, І АДЧЫНЯЦЬ ТАБЕ!
НАВУЧАНЬНЯ НЯЎЛОЎНЫ СЭНС
"Мне ў нашых выкладчыках больш за ўсё падабаецца іх зварот да студэнтаў - "калега". Гэта, як вы можаце здагадацца, выказваньне канадыйца Аlex'а. Для нашага выкладчыка студэнт можа быць кім заўгодна, але не калегам. Ён нават не актыўны ўдзельнік навучальнага працэсу - так, проста яго "суб'ект". Суб'екту права голасу надаваць не абавязкова, ён - ахвяра пасіўнага навучаньня: бяры што даюць і не трындзі! Адпаведна, дрэнны студэнт ня той, хто ня ведае, а той, хто прагульвае лекцыі і практычныя. І спыніць такую фігню можна хіба што сваім татальным ненаведваньнем.
"А нафіг мне вашая інфармацыя, калі і так нармальна?" - самае распаўсюджанае пытаньне, незалежна ад тэмы. Сапраўды, навошта, калі ўсё даўно зацьверджана, прадугледжана і расьпісана? Ад дзіцячага садку і да сканчэньня працоўнай дзейнасьці нас стымулююць на пасіў.
Kristіе распавядае, што ў яе навучальнай установе студэнт сам вырашае, на якой дысцыпліне хацеў бы сканцэнтравацца больш. "Сам запісваесься на патрэбныя курсы і да пэўных выкладчыкаў. Пасьля сканчэньня курсу даеш камэнтар па гэтай дысцыпліне і адносна выкладчыка: што спадабалася, а што - не. Такія анкеты зьмяшчаюцца ў адпаведных папках (яны адкрытыя для шырокага доступу), і гэта дапамагае зарыентавацца іншым студэнтам. Такім чынам ты маеш магчымасьць падпарадкаваць пад свае патрэбы і жаданьні ўвесь навучальны працэс".
У нашых умовах спроба аднаго, некалькіх, групы, - нарэшце, некалькіх групаў студэнтаў зьмяніць выкладчыкаў заканчваецца ў лепшым выпадку ігнараваньнем з боку дэканату, у горшым - перасьледам выкладчыкамі "самых умных" і маніякальнай помстай "арганізатарам". І гэта пры там, што тэарэтычна такое права наш студэнт мае. Як, між іншым, і мае права на індывідуальнае навучаньне (Закон "Аб адукацыі" ў рэдакцыі ад 19.05.2002 №95-3). Яно даецца студэнтам 4-5 курсаў, якія пасьпяхова праявілі сябе ў эфэктыўнай самастойнай працы. Маецца на ўвазе наступнае: акрамя абавязковых дысцыплінаў, якія да гэтага часу ў большасьці выпадкаў здадзеныя, студэнт сам абірае патрэбныя для яго дыплёмнай працы ці далейшай прафэсійнай дзейнасьці курсы.
Але хто пра гэта ведае? Відаць, афішаваць інфармацыю адміністрацыям унівэрсытэту не на руку - навошта мець лішні галаўны боль у выглядзе студэнта з касьмічна недасяжнымі пытаньнямі? Застаецца спадзявацца адно што на ўласную актыўнасьць. Зрэшты, любая ВНУ дае магчымасьць вучыцца, але ніхто не гарантуе адукаванасьць без уласнага жаданьня...