Публічныя прафэсіі ператвараюць reality show літаральна ў real life. Людзі, якіх мы ведаем у твар, бессаромна выстаўляюць на агляд ня толькі ўласны азадак, але і ўласную жыцьцёвую пазыцыю. І пры гэтым прымушаюць шчыра верыць ім. Зрэшты, тыя, хто зрабіў сабе кар'еру на гучных паводзінах і неадназначных ацэнках, сваю справу ведаюць. Сьветам кіруюць грошы, намі - грошыкі, а сутнасьць аднолькавая. На нас з вамі, спадарства, зарабляюць - гэта вышэйшая мэта, і гэта нармальна. Праблема ў іншым: я сам з задавальненьнем выкладу апошняе эўра за чарговую лапшу і абавязкова павешу яе на ўласныя вушы. Але! Я мушу гэтага захацець, а таму задача шоў-прапаганды - абудзіць няўёмнае жаданьне. Гэта разумны кампраміс: хачу верыць, што мне (пра)даюць веру - і ўсе шчасьлівыя...
Бліжэй да "цела". З улікам нашай нестандартнай сытуацыі мы маем такі ж нестандартны шоў-біз і такіх жа нестандартных пэрсонаў. І гэта раскошна! Такой колькасьці самадзейных і самадастатковых мэга-зорак ня знойдзеш нават у палатах прыватных вар'ятняў. Вядзецца пра пэрсоны, якія зьляпілі сябе самі. З таго, што было пад рукой.
"КЕПСКІ ТАНЦОР - ДОБРЫ ПАЛЮБОЎНІК"
Эдвард Тарлецкі
"Мальчыш-плахіш" і лепшая айчынная trash-дзіва ў свой час шакаваў публіку сваімі сэкс-шчырасьцямі. Кажуць, зьезьдзіў некалі ў Амэрыку, там яго і папсавалі. Незарэгістраваная арганізацыя "Беларуская Ліга Лямбда" - ягоных рук справа. Спроба стаць у вачах грамадзкасьці нацыянальным абаронцам нетрадыцыйнага ладу жыцьця падмацаваная бурнай грамадзкай (Gay Pride) і выдавецкай (часопіс Forum Lambda + інтэрнэт-прапаганда) дзейнасьцю.
Губляючы на Панікоўцы прытомнасьць ад кулакоў гамафобных адмарозкаў, Тарлецкі стаў першым беларусам, які навучыўся рабіць грошы на ўласнай арыентацыі.
Выбрыкі, скіраваныя на прыцягненьне ўвагі навакольля, для Эдзіка гэткія ж натуральныя, як ранішні туалет; зброя супраць нядобразычліўцаў - плоцкае каханьне (выдатнае вынаходніцтва!). Так, мы сапраўды сачылі за мыльнай опэрай "Я кахаю цябе, Паша!" Нагадаю, што лідэр незарэгістраванага "Маладога Фронту" Павал Севярынец наўмысна запісаўся ў шэрагі тых, хто ня любіць Тарлецкага, а пасьля і сам быў ня рады.
Асноўнае дзейства разгарнулася на старонках друкаваных СМІ. Таблёіды стракацелі: "Сэнсацыйнае прызнаньне Эдварда Тарлецкага!!!" Севярынец сарамліва аджартоўваўся. Вось так яно і выходзіць: адыёзныя паводзіны нашмат больш моцныя за мянтоўскія дубінкі. Зрэшты, калі дайшло да разьвязкі, абодва зьдзьмуліся. Журналістка газэты "Свободные новости", якая рабіла інтэрвію з Эдзікам, так і не дачакалася ні запушчанага торта, ні мінэту...
Культурны стрыжань, які навязваецца Тарлецкім, усё ж такі крыху вузлаваты. Правіла пісьменьніка: хочаш прадаць кнігу, але ня маеш пра што пісаць - вылайся матам і дадай голых баб. Правіла www: чым больш порна, тым больш наведнікаў. Ці сустракалі вы, напрыклад, на жаночых інфармацыйна-забаўляльных сайтах гэтак жа шмат чэлесаў і аголеных мужчынскіх торсаў, як на apagay? А навязьліва-млявае "хочаш яго"?
Ці вось яшчэ, часопіс "FL". Кажаце, гэта сур'ёзна? Кошт аднаго нумару 1,25 эўра, і пералічыце грошы на ўласную паштовую скрынку Тарлецкага Эдуарда Зіноўевіча - вось гэта сур'ёзна. А ўсё астатняе - нейкае глупства.
Невялікі гістарычны экскурс з высновамі, якія сягаюць далёка ў будучыню. Прэс-сакратар БЛЛ Анжаліка Міхайлава 3 гады таму распавяла пра канфлікт лідэраў Лігі зь нейкай Тацянай Зуевай. Тая зьяўлялася старшынёй ці то клюбу, ці то арганізацыі "Сустрэча" і з зайздроснай упартасьцю езьдзіла на міжнародныя мерапрыемствы. Натуральна, называла яна сябе тым, хто выступае за правы і свабоды сэксуальных меншасьцяў Беларусі. З уласнага досьведу ведаю: усе міжнародныя тусоўкі - выключная халява. Накормяць, напояць, яшчэ, бывае, грошай "на дарожку" дадуць. Таму, хто будзе больш пераканаўчым. Невыпадковы і намёк з боку БЛЛ: Тарлецкі атрымаў папераджальных па шыі ад канкурэнтаў з "Встречи" (інцыдэнт на Панікоўцы, 24 ліпеня 1999 г., каля 23:00).
А наагул Эдзік, паводле ягоных уласных заяваў, ужо ў гэтым годзе выведзе на вуліцы сваіх сяброў з палітычнымі патрабаваньнямі. Хіба што ідэйныя гранты ў бабулькі-Эўропы ўжо скончыліся...
"КРАСКИ" УШЕДШЕГО ЛЕТА"
Група "Краски"
Пакуль айчынная рок-эліта піла піва і ляніва калупалася ў носе, нехта задумаў падступны плян. Улічваючы банальную сацыялёгію, якая сьцьвярджае, што 80% нашых суайчыньнікаў - middle class са спальных раёнаў, няцяжа здагадацца, што менавіта "піпл будзе жэрці".
А было гэта так.
Нейкі Аляксей Воранаў, экс-арганізатар хіп-хоп вечарынак у парк-клюбе "Менск", разам зь вялікім камбінатарам Анатолем Мартыновічам, апальным экс-дырэктарам "ПанРэкардз", вырашылі падзарабіць. Мартыновіч па старой добрай звычцы абнавіў свой гаманец і зьнік, але Воранаў ня здаўся...
Выпускніцай кансьпіратыўнай фабрыкі зорак стала экс-пявуля з гурта "Лето" Аксана Кавалеўская. Правінцыялка з г.п. Сьмілавічы, падлетак, талент і проста цудоўная дзяўчынка. Добрая палова мужчынаў Менску сьцьвярджае, што і вельмі таварыская...
Пачатак прапаганды быў пакладзены яшчэ ў канцы 2000 году, калі нарадзілася першая "качка" для СМІ. Кшталту, Аксана стварыла групу "Опасный возраст" і самастойна гастралявала па гарадах і вёсках. Там яе і вышчаміў "Опасный возраст-2", які пагражаў пазбавіць самага галоўнага за скрадзеную назву. Карацей, канфлікт клонаў, а на яго базе - першая папулярнасьць.
Маленькая рэмарка. Ці добра вы памятаеце сябе першага студзеня любога году? А слабо ў гэты дзень зьдзейсьніць подзьвіг? Дык ведайце, што 1 студзеня 2001 году - дата гістарычная. У гэты дзень была афіцыйна народжаная група "Краски", дакладней, "Опасный возраст" зьмяніў назву.
Зноў вернемся ў мінулае. З афіцыйных крыніцаў: "Салістка, аўтар музыкі і тэкстаў гэтай беларускай групы, нарадзілася 6 траўня 1983 году. Зь дзяцінства сьпявала ў самадзейнасьці, скончыла музычную школу, была пераможцам раённых і абласных конкурсаў, прадстаўляла Менскую вобласьць на "Славянском базаре" ў Віцебску..." Зь неафіцыйных: на момант стварэньня групы Аксана была "ў цікавым становішчы" і рыхтавала свайму дырэктару, так бы мовіць, сюрпрыз.
Гістарычная дата падпісаньня кантракту з Real Records (Расея) звычайна замоўчваецца. Як удалося ўламаць Real'нае кіраўніцтва на подпіс - адзін Бог ведае, але менавіта з гэтага моманту "Краски" стрэлілі.
У "стольным градзе" пасьлядоўна адзьнялі 2 відэа. Па словах выканаўчага прадусара "Красок" С.Парчэўскага (па стане на травень 2002), бюджэт кожнага складаў каля 15 000 эўра. Трэба было тэрмінова верыць "Краскам" і акупляць укладзеныя ў праект сродкі. У прэсе зьявіліся заказныя артыкулы. Самае істотнае з прачытанага:
- "Мама кажа: "Вучыся добра, і будзеш вядомай, як гэтыя дзевачкі з "Красок";
- "Раней я слухаў толькі рок, але пачуў "Краски" - і мае думкі наконт папсы зьмяніліся";
- "Група "Краски" дапамагае нам служыць Радзіме. Асабліва блізкая нам песьня "Ты уже взрослый", якую наша рота - 50 чалавек - пракручвае па шмат разоў на дзень. Асабліва той момант, калі брат тэлефануе дахаты".
Голыя факты: 172 канцэрты ў рамках усебеларускага туру, 200 000 прададзеных аўдыёносьбітаў, 100 000 гледачоў пабывала на канцэртах.
Для падагрэву папулярнасьці быў зроблены беспрэцэдэнтны ход - разьвітальны тур "Красок". Яшчэ Ёзэф Гебэльс сьцьвярджаў, што чым больш грубая хлусьня, тым лягчэй ёй вераць. І меў рацыю. Беларускі тур атрымаўся. Хаця, зь іншага боку, што разумець пад "разьвітальны": Ёсіп Кабзон вось ужо дзесяць год разьвітваецца са сцэнай, ды ўсё ніяк… Як бы там ні было, а толькі попыт на рынку фармуе прапанову. Глядзець глыбей трэба!
Вось напачатку красавіка 2003 году вартаўнікі парадку насамрэч глыбока паглядзелі. Ды так, што Аляксей Воранаў апынуўся пад сьледзтвам. У кулюарах намякнулі, што Воранаў патрабаваў у пірата-кіёсачніка салідную суму. Зь лепшых памкненьняў, зразумела, - як кампэнсацыю за парушэньне ліцэнзійных правоў. А той хлопец - ня промах! - паведаміў куды трэба. Атрымалася справа па факце вымагальніцтва.
Такі накаркалі! Старадаўні рэклямны выкрут абярнуўся злым жартам. Няўжо канцэрты і напраўду былі разьвітальнымі, а ідэалёгія беларускага teen pop рухнула?!
ЦІ ЛЮБІЦЕ ВЫ ТЭАТАР ТАК…
Андрэй Курэйчык
Цуды яшчэ здараюцца, нягледзячы на тое, што гэты сьлёган ужо спрабаваў прыбраць сабе да кішэні нейкі брэнд. Здараецца такое, што з затурканых выдатнікаў вырастаюць гучныя імёны. Тыповы прыклад - малады драматург Андрэй Курэйчык, які ўскалыхнуў заплесьнявелую тэатральную грамадзкасьць. А было ўсё як у нятленцы "Приходите завтра".
Сьціплы студэнт юрфаку aka наіўная Фрося Бурлакова разаслаў па ўсіх буйных беларускіх тэатрах парачку п'есаў, а паралельна - і ў Маскву (чым чорт не жартуе?). Аказваецца, часам жартуе - адгукнуўся сам Алег Табакоў. Усё б добра, ды ня ў гэтым жыцьці.
Сьціплы нацыянальны герой паступова ператвараецца ў кепскі прыклад для перайманьня, у гэткую пэрсону для зьдзекаў, у прыватнасьці - з боку айчынных творцаў.
Ніхто дагэтуль ня мог сабе дазволіць пасягаць на прыроджаную геніяльнасьць беларускіх тэатралаў так дзёрзка, як сын бухгальтара і настаўніцы інфарматыкі. Прыходзіць у манастыр са сваім статутам - тое, што трэба Курэйчыку.
Спрэчкі пра беларускі тэатар вядуцца даўно. Вось дзе ідэалягічны аазіс, адпрацаваная сыстэма прыгнёту і прыручэньня. "Важнейшым з мастацтваў для нас зьяўляецца кіно!" А як жа тэатар?! Хіба што таксама спатрэбіцца.
На фоне Курэйчыка зручна разглядаць сутыкненьне дзьвюх "рэлігіяў". З аднаго боку - узровень 1970-х, зь іншага - наватворчасьць без акадэмічнай даведкі.
Тэатар - асаблівая ідэалёгія. У вас кепскі настрой? Ідзіце ў тэатар! У вас і вашай паловы добры настрой? Дарога ў тэатар! Кажуць, не хапае жыцьцёвага досьведу? Ясна, у тэатар! Подлая савецкая сыстэма зрабіла сваю справу і выгадавала паслухмянае войска сцэнарыстаў, пастаноўшчыкаў, асьвятляльнікаў, грымёраў, рэжысэраў, актораў, білецёрак і вешалак, якія выдатна ведаюць, як супакоіць і "прычасаць". У першую чаргу гледача. Няма моцы трываць на барыкадах? Думкі пра адвечнае пасьпяхова гэта заменяць!
Зь іншага боку, з чаго б гэта юрыст-палітоляг стаў займацца далёка ня роднаснай прафэсіяй? Дома маладая, наіўная жонка, якая сустракае малазнаёмых гасьцей, на сьценах - калекцыя вэнэцыянскіх масак з дробненькімі трэшчынкамі-зморшчынкамі ля краёў вачэй... Гэта ўжо потым на бачным месцы зьявіцца фатаздымак Табакова. А першапачаткова ідэалістычная карціна не абяцала нічога эпахальнага.
Зараз бліжэй да фактаў. Андрэй Курэйчык стаў пераможцам конкурсу драматургіі, які ладзіцца Міністэрствам культуры Расеі і МХАТам імя Чэхава. Пасьля прайшоў стажыроўку і атрымаў рэжысэрскую адукацыю (МХАТ). У свае 22 напісаў 14 п'есаў і 2 кінасцэнары. Фактычна паслаў на ... знаўцаў прыгожага, калі сказаў, што пачынае "шызець ад сучаснага беларускага тэатру". Прафэсійная пазыцыя: "мастацтва - гэта заўжды канфлікт з сабой, з рэчаіснасьцю, са сьветам". Гэта менавіта ён упершыню гучна заявіў пра няслушнасьць сёньняшняга беларускага тэатру. Гэта Курэйчык зьвярнуў увагу на тое, што "ўсе тэатры езьдзяць на гастролі па сьвеце, а беларускія - пераважна ў госьці адзін да аднаго". Андрэй Курэйчык асьмеліўся зрабіць лякальную рэвалюцыю, не саромеючыся сваёй пазыцыі.
Зрэшты, ня ўсё так адназначна. Хто каму што пудрыць, пакуль незразумела. Інфармацыі ад Табакова - нуль. Была пастаноўка ці спадар галоўны рэжысэр перадумаў? Чаму маўчыць Масква? Магчыма, Курэйчык - якасна новы ідэоляг новай хвалі, які граматна мысьліць пра фэномэн беларускага мастацтва? Засталося напісаць практычны дапаможнік "Як заваяваць Маскву" - і справа ў капелюшы.
Як бы ні "терзали смутные сомнения", у гэтую казку верыш як у Дзеда Мароза зь дзіцячага садку. Бо тэатар сярэдняга ўзроўню надта надакучыў. У кожнай казцы крыецца доля праўды, за якую чапляесься як за выратавальную саломінку. Існуючыя няздатнасьці не даюць агледзецца, вось і атрымліваецца, што апрача іх нікога і не заўважаеш. Андрэй Курэйчык упершыню за ўсю гісторыю савецка-беларускага тэатру заявіў пра яго непасрэдную далучанасьць да сусьветнага шоў-бізу, наблізіўшы на колькі сантымэтраў новы час. І нават калі гэта страшная памылка, у яе хочацца шчыра верыць.
GOD IS A DJ!
Андрэй Донін
Ці суразьмерна гэта з нашай мэнтальнасьцю-сэнтымэнтальнасьцю? Патрыярх усяе клюбнае культуры Андрэй Донін аўтарытэтна заяўляе "так". Ягоны рэсурс mixtura.org - магутная машына, якая актыўна прапагандуе "клябінг-лайф-стайл". Менавіта такой трансьлітэрацыяй - не забывайце, дзе і навошта жывяце.
Неяк небезьвядомыя актывісты зьвярнуліся да сп. Доніна з просьбай распавесьці ім, цёмным, пра людзей, якія стаялі ля вытокаў менскага клябінгу. У адказ пачулі штосьці кшталту "нясьціпла распавядаць пра самога сябе". Сапраўды, нясьціпла распавядаць пра тое і тых, што і якія мусяць ад пачатку сядзець у галовах "кветачных" шарагоўцаў.
Ці тое жарт, што нэонавыя агні, штучны дым і электронныя рытмы - рэлігія новага пакаленьня? Хіба што не. Дакладна вядома: сутнасьць рэйваў у свой час зводзілася да падначаленьня вялікіх масаў. Тэхналёгія простая: таблеткі, гук і сьвятло. Тры складнікі - гарантыя посьпеху.
Зараз клябінг з разраду элітарнай культуры паступова прасоўваецца да народных масаў. Пры гэтым губляючы свае першапачатковыя значэньні. Так сталася на Захадзе, дзе на мэга-вечарынках кшталту Smirnoff Еxperience можна лёгка сустрэць маладзёнаў, якіх бы ў нас назвалі быкамі і за пяць мэтраў ад ганку клюбу адганялі паганай мятлой. Тым часам уцямна патлумачыць, што такое клябінг, ТАМ зараз ніхто ня возьмецца.
"Ня возьмуцца там - возьмуцца тут", - падумаў Донін і напісаў маніфэст свайго рэсурсу, дзе адзінаасобна і з выкарыстаньнем таталітарных тэхналёгіяў сьцьвердзіў, чым ёсьць клябінг і клюбная культура ў Менску. І не забыўся ўзяць на сябе паўнамоцтвы газэты "Правда" пры ЦК КПСС: публічна ўказваць, накіроўваць і пры неабходнасьці ганіць. Дакладней, не на сябе, а на mixtura - сам Донін не трапляе ў фокус zoom і прысутнічае нябачна, нібы ўсявышні - суровы ды справядлівы. Відаць, Андрэй, які другой вышэйшай адукацыяй чамусьці абраў журналістыку, няхіла зачытваўся старымі па ідэалёгіі і новымі па піары падручнікамі, рэкамэндаванымі выкладчыкамі БДУ з корпусу па вул. Маскоўскай. Інакш адкуль такая маніякальная прага валодаць сэрцамі і розумамі, хай сабе і клябэраў?!
Як высьвятляецца, апошнія толькі і чакалі мэсію - не хапае ім "руководящей линии" ў напаўэлітарным лайфе. Наколькі яна магчымая пры наяўнасьці пары-тройкі клюбных установаў, адзінак тутэйшых ды-джэяў і адной-адзінай "крамы для brave". Як іхныя дзяды пачыналі ранак з той жа "Праўды" за гранёнай шклянкай грузінскай гарбаты, так некалькі сотняў маладых людзей зараз шторанку лезуць на вядомы сайт. Лезуць, каб даведацца, дзе ў гэтым горадзе што ня так і, адпаведна, куды можна было б схадзіць, ці не знайшлі замест Кропелькі новага "брэйва" і каб пачытаць сі-ві чарговага "запрошанага рэзыдэнта N-скага клюбу", аздобленае дурацкім фота.
Уласнаруч стварыўшы інфармацыйную манаполію, Донін добра ведае, чаго ён каштуе. На бясконцыя просьбы паставіць фляер вечарынкі апошнім часам спадар адказвае рэйтынгам наведваньняў mixtura.org і настойліва рэкамэндуе бедным (?) прамоўтэрам ставіцца да сайту як да не-альтруісцкага. Вядома, што і да таго ня самыя лепшыя адносіны зь некаторымі арганізатарамі вечарынак у яго канчаткова папсаваліся.
Зрэшты, на тое ён і правакатар, каб аднойчы сказаць: "Не падабаецца? Ну і пайшлі вы!"