CD, Студэнцкая Думка

04/2003


КУЛЬТАВЫ ШОЎ-БІЗНЭС

Рэлігія і шоў-біз маюць адну выдатную ўласьцівасьць - яны ўзаемападмяняюцца: шоў-біз замяняе рэлігію, а рэлігія ўплывае на шоў-біз. Аб'екты пакланеньня ператвараюцца ў суб'екты, сыстэма каштоўнасьцяў падымаецца ў паветра дагары нагамі, рэлігія ляціць і зьлятае, мэтафарызуецца ў рэкляме, паблісіці, лайф-стайле. У Чэ, у Скарыне-Коласе-Купале - чалавеку прадмет пакланеньня неабходны. Зразумець, дзе чаго болей - культу ў шоў ці шоў у кульце - зараз амаль немагчыма, але сувязь гэтая ёсьць. Як мінімум на ўзроўні неўсьвядомленага. Таму і пакапацца ў абрыўках роздумаў і рэфлексіяў на зададзеную тэму досыць цікава. Асабліва калі ў якасьці homo sapiens'аў (нагадаем, літаральна - чалавек разумны) выступаюць прадусары, музыкі, прамоўтэры, якія дакладна прэтэндуюць на валадараньне розумамі масаў. То бок паствы.

ШОЎ-БІЗНЭС * РЭЛІГІЯ = ШОЎ-БІЗ

Умовімся адразу, што вынесеная ў падзагаловак формула на выхадзе мае шоў-біз. Пагадзіцеся, што калі эканоміка памнажаецца на веру ў існаваньне звышнатуральных сілаў, то ў выніку атрымліваецца зброя масавага зьнішчэньня. Вазьміце, напрыклад, практыку стварэньня сучасных культаў: пасьпяховае абагаўленьне простага чалавека ў сусьветным маштабе за ўсю гісторыю чалавецтва адбывалася фактычна два разы - пасьля 33 году нашай эры і цягам дваццатага стагодзьдзя. Але такое ўражаньне, што прадусарынг нашай эпохі нашмат больш дзейсны за царкоўна-схалястычны. "Не стварыў сабе куміра?"

Шоў-біз вельмі займальны: стварае герояў, маніпулюе розумамі і калектыўным несьвядомым. І бадай самае цікавае - існуе быццам такое астральнае цела: ён ёсьць, ды ніхто яго ня бачыць.

Але калі кіравацца нашай формулай, то засады пачынаюцца ўжо зь першага складніку - шоў-бізнэсу. "Шоў-бізнэсу ў сьвеце нідзе няма, апрача "саўка", - кажа генэральны прадусар Першага музычнага канала Віталь Чыжоў. - І то: тут часткова прадаецца ідэалёгія, яна сапраўды ёсьць прадметам гандлю. Ускосна, вядома ж: наагул прадаецца носьбіт. Але нават калі за скачваньне МР3 трэба плаціць грошы, то і носьбіт вялікай ролі ня грае. Прадаецца ідэалёгія."

"Шоў-бізнэс - нават не індустрыя, - працягвае Чыжоў, - гэта нейкі панятак, які аб'ядноўвае ў сабе аспэкт прафэсійнага жыцьця ў гуказапісе, у музычным бізнэсе, у канцэртнай вытворчасьці, у цырку - і гэтак далей. А насамрэч гэта ўсё галіны вытворчасьці, якая і называецца незразумела".

Вера ў шоў-бізнэс у Беларусі - як вера ў Бога: яна можа быць натуралістычнай, суб'ектыўна-ідэалістычнай, канцэптуальнай, скептычнай у рэшце рэшт.

Але што ў нас вераць - адназначна. І тую веру, але ўжо ў Бога (багоў, калі хочаце) часам заангажоўваюць у сваёй творчасьці.

Алесь Таболіч, лідэр менскай каманды "Зьніч", вядомы масам у першую чаргу сваім векапомным сьцьвярджэньнем "Паганец я", якое лягло ў аснову аднайменнага гіта. Таболіч, гэткі сын Ярылы, клясычны паганец менскага асфальту, ахвярапрынашэньняў ня робіць (прынамсі, публічна), сакральных капішчаў не раскладае, адно што час ад часу распавядае пра паганства ў самвыдатаўскіх часопісах. То бок фактычна прэтэндуе на ролю ідэоляга.

Цікава, што Алесь прызнае наяўнасьць шоў-бізнэсу, але называе яго "андэрграўндным", і гэта ў прынцыпе падкрэсьлівае калі не забароненасьць, то пэўную закамуфляжаванасьць ад шырокай, масавай публікі. Тым часам апошняя - аб'ект яго ідэалягічнай апрацоўкі: "Я ніколі не адмаўляў, што я - паганец. І я буду несьці сваю веру праз масы". Тое, што масы гэтак званай брутальнай моладзі з захапленьнем успрымаюць "Зьнічоў", а разам зь імі і само паганства, яшчэ раз сьведчыць пра наступнае: нейкая да канца прадуманая і граматна пададзеная ідэя знаходзіць шляхі да "сьляпых і глухіх".

У каманды "Новый Иерусалим" масавая публіка бадай што падобная да "зьнічоўскай" - рокеры і прыхільнікі ўсялякага роду альтэрнатыўнай музыкі, хіба толькі больш спакойныя і разборлівыя. Музычныя крытыкі называюць каманду адной з самых цікавых у пляне кампазыцыі і аранжыровак, але паглядаюць на "ерусалімцаў" скоса. У вузкіх колах даўно цыркулюе ідэя, што "Новый Иерусалим" - дзіця шоў-бізу, але зусім не Хрыста, як вынікае зь іх песень: "Амэрыкосы башляюць і музыку заказваюць". На такія праявы таго ж шоў-бізу (брудны PR - вынік чорнай зайздрасьці) музыкі глядзяць досыць спакойна і з годнасьцю робяць тое, што ім даспадобы - нясуць у масы хрысьціянства.

Яўген Калмыкоў, прадусар "Ляписа Трубецкого", у гэтым сэнсе няўмольны: "Тое, што яны робяць, нашмат больш цікавае за такую творчасьць, калі чалавек наагул нічога не нясе. Калі ўключыць той жа М1, то адразу можна зразумець, што хочуць паказаць "пяюшчыя галовы" - і рукі, і ногі, і задніцы. Мне маіх дзяцей шкада - яны на гэта лёгка падсаджваюцца".

А наконт шоў-бізу і рэлігіі...

"Па сутнасьці, кожная песьня - гэта нейкае казаньне, маленькае, але казаньне", - упэўнены Аляксандар Патліс, музыка "Нового Иерусалима".

БАЛВАНАХВАЛЬСТВА

Пасьля шматслоўных размоваў, сутнасьць якіх мы паспрабавалі выкласьці вышэй, неяк само сабой узьнікае пытаньне, што такое "Беларусь" і "беларускае" і чаму, у рэшце рэшт, суайчыньнікі масава не "скупляюць сваё", у тым ліку шоў.

Алекс Хацкевіч, хросны тата ўсенародных Сашы і Сірожы, мяркуе, што праблема ў саміх беларусах: у асноўным большасьць успрымае сваю краіну як спальны раён - "тут ядуць-п'юць і быццам бы так ціхутка размнажаюцца". Ціхутка і, паводле назіраньняў, неяк затарможана (адставаньне на колькі год - у нашых генах), нават цягуча.

"А гэта насамрэч край балотаў. І такая фішка дагэтуль на нас адбіваецца. Можа быць, гэта і ёсьць наш плюс", - рэфлексуе сп. Калмыкоў. "Але калі беларусы ўрубяцца ў што-небудзь, асабліва ў іншых краінах, то могуць ці ярасьць праявіць, ці наагул нейкі характар. І тады ад іх можна пачуць "так" ці "не" замест спрадвечнага "мабыць".

Што тычыцца самога працэсу балванахвальства, то ў Беларусі - прыцемкі: культавы герой ніяк не матэрыялізуецца ў галовах. Рэдкія bingo магчымыя, але самой сытуацыі, у якой бы фармаваліся культы, няма, і яе, па словах Хацкевіча, "трэба ствараць". А пакуль - застываньне перад акцыяй.

Зрэшты, рэжым чаканьня - гэта таксама элемэнт шоў. Эпатажу ў беларускім шоў-бізе амаль няма, тут не прынята выступаць экспрэсіўна, тут наагул гэта не прынята. У беларускага шоў-бізу запаволеная хуткасьць як асаблівасьць творчасьці, як статычны ход, як эмоцыя - н а ш с т а н н а ц я г н у т а с ь ц і.

"Скарына. Мулявін. Кастусь Каліноўскі. Янка Купала. Лявон Вольскі. Ну, сучасныя і не сучасныя, але гэта беларускія ідалы", - кажа Віталь Чыжоў, адказны за палітыку на першай і адзінай пакуль беларускай фабрыцы мрояў.

Яўген Калмыкоў: "У Беларусі калі ты не равеш, то цябе і не пачуюць. У нас няма такога, каб бегалі, пыталіся, шукалі. Такіх людзей лічаць хутчэй вар'ятамі".

"МЫ ЎСЕ ПІНГВІНЫ. КОЖНЫ З НАС. БО ЎСЕ "ВЯДУЦЦА".

Гэтую сэнтэнцыю на М1 некаторыя супрацоўнікі ўспрымаюць з крыўдай ("і гэта кажа прадусар?.."), некаторыя - цалкам адэкватна. Так ці інакш, гледачам канала прапануецца больш зразумелае "музыка ўнутры". Ці толькі яна?

Гандаль як рухавік прагрэсу тычыцца ў тым ліку і шоў-біз-ідэалёгіяў, філязофіяў, калі хочаце. Але паглядзіце: арыгінальнае замяняецца штучным, мімікрыяй пад творчасьць. Модна быць ненатуральна арыгінальным! "Краски" распрацоўваюцца і пралічваюцца да апошняй эмоцыі, да апошняга архетыпу - і зашыбаюць шалёныя грошы/папулярнасьць, нават болей - усенародную любоў. За што іх і клянуць - "пяюшчыя тэлепузікі, мля!"

"А што тут такога, калі выкарыстоўваюцца веды, назапашаныя чалавецтвам? - дзівуецца Чыжоў. - Паспрабуй уявіць, што яшчэ можа выкарыстоўвацца зараз апрача апэляваньня да падсьвядомага? Чалавецтва ўсяго сто год жыве па-за рэлігіяй! То бок цягам стагодзьдзя стала нармальным адмаўляцца ад рэлігіі. А да таго наагул быў жорсткі канон."

Тое, што нейкі канон пачаў адраджацца, відавочна. Яўген Калмыкоў на сабе адчувае, што часы зноў мяняюцца - прыхаваная рэлігія ўваходзіць у фавор.

"Тое, што паганства нібыта вяртаецца назад, - абсалютна дакладна. Ну вось узяць, напрыклад, інстытут сям'і: у розных гэтых ток-шоў паважаныя людзі кажуць, што палігамія - гэта нармальна.

Ідэолягі... Некаму спадабаўся вакаліст Limp Bizkit - і давай яму пакланяцца. Зразумела, што ў шоў-бізе шмат вар'яцтва..."

Зараз чалавеку і сказаць цяжка, што прыдумаў ён, а што прыдумалі за яго іншыя: мроі, пачуцьці, станы, нават зьмена сьвядомасьці прадаецца і купляецца. Вы думаеце, што вы думаеце, што вы чытаеце і што вы знаходзіце. Насамрэч вы "вядзецеся".

"Мы - прадукты шоў-бізу. Прычым даўно. І ўсе мы прапрацоўваемся. Напачатку гэта была прэрагатыва толькі рэлігіі. Зараз гэта прэрагатыва ўсіх, хто мае магчымасьць адкрываць рот і крычаць у рупар".