Гэта ня я прыдумаў, а Бона. Але добры загаловак пад тэму, як бы гэта мякка сказаць, далікатную. Пра ўзаемаадносіны рэлігіі і поп/рок-музыкі напісана ўжо шмат, у тым ліку і паважных тоўстых кніжак. Але аўтараў, якія гатовыя разьбірацца ў праблеме неперадузята і зь веданьнем справы, - адзінкі. Як правіла, такія кнігі пішуцца ці князямі царквы, што робяць дзесяць памылак у словазлучэньні Black Sabbath, ці рок-н-рольнымі распустамі, якім сам чорт ня брат... Мы, як вы разумееце, людзі не такія, а таму маем права на пэўныя высновы.
1950-я. На першы погляд, цяжка знайсьці што-кольвек агульнае ў вар'яцкіх рок-рытмах, якія заваявалі плянэту, і хрысьціянскіх (і ня толькі) запаветах. А між іншым практычна ЎСЕ айцы рок-н-ролу былі набожнымі людзьмі. Ясна, гэта ім не перашкаджала грашыць на ўсю катушку. Затое якія пасьля былі пакаяньні!.. Па прыклад далёка хадзіць ня трэба: Элвіс Прэсьлі запісаў два выдатныя альбомы госпэлаў, адзін зь якіх у 1967 г. атрымаў "Грэмі". Літл Рычард на ўсю моц пракляў рок (а потым неаднойчы адракаўся ад гэтага пракляцьця). Бог рок-н-рольнага фартэпіяна Джэры Лі Льюіс адчуваў у сабе бясконцую барацьбу Бога ды Д'ябла і страшэнна ад гэтага пакутаваў...
Усё гэта цалкам вытлумачальна: рокеры ў 1950-х усе як адзін былі выхадцамі зь "біблейскага пасу" ЗША, традыцыйна рэлігійных паўднёвых штатаў. Усе яны яшчэ ў дзяцінстве хадзілі ў баптысцкія ці адвэнтысцкія цэрквы і слухалі сьпевы мурынскіх госпэл-ансамбляў. І што тады казаць пра саміх нэгрыцянскіх легендаў: і Джон Лі Хукер, і Рэй Чарльз, і Бадзі Гай аддавалі належнае госпэлам - то бок пакладзеным на музыку псальмам.
Вельмі характэрны для эпохі прыклад: калі ў 1956 годзе ў адной студыі сышліся дзеля імправізацыі Элвіс, Джэры Лі, Карл Пэркінз і Джоні Кэш - "Квартэт на мільён даляраў", - яны зацягнулі не рок-н-рольчык, а старадаўні госпэл "His Hand In Mine"…
1960-я. Разьвясёлы пачатак эпохі быў зусім атэістычным. Дакладней, ня тое каб атэістычным - проста сьвінгуючаму пакаленьню было не да таго. Рэлігія існавала ў сьвеце бацькоў, а хлопчыкі-дзяўчынкі раўлі на канцэртах The Beatles і вучыліся карыстацца супрацьзачаткавымі таблеткамі.
Усё зьмянілася ў 1967 г. Пол Макартні заявіў літаральна наступнае: "Пасьля ЛСД я зразумеў, што Бог існуе", а вакалістка Jefferson Airplane Грэйс Сьлік падтакнула: "Хрыстос казаў, што вернецца, і Ён вярнуўся - усе радыёхвалі сьпяваюць пра каханьне"…
Духоўнасьць, якая раптоўна рванулася на паверхню, набыла самыя дзіўныя формы: ад традыцыйнага хрысьціянства да індуізму, вайшнавізму, сатанізму і ЛСД-рэлігіі. Усё зьмяшалася ў вялікую пярэстую кучу, і не адзін дах плаўна паехаў пад уплывам назіраньня за ёй. У моду ўвайшлі "завернутыя" тэксты і містыка. І найбольш яркім увасабленьнем эпохі сталі хіба што The Moody Blues, якіх называюць "Сыкстынскай капэлай року".
1970-я. Ацьверажэньне пасьля духоўнага піру было цяжкім і праяўлялася па-рознаму. Напрыклад, Кэт Стывэнс, аўтар "Wild Wild World", расчараваўся ва ўсім эўрапейскім, прыняў іслам і стаў называцца Юзуфам Ісламам. Піт Таўншэнд з The Who публічна пракляў усіх сваіх шматлікіх гуру, тое самае зрабіў Джон Ленан у песьні "God". "Мроі скончыліся. Гэта рэальнасьць", - словы Джона сталі лейтматывам дзесяцігодзьдзя, якое
зьбегла ад духоўнасьці ці то да вар'яцкай радасьці дыскатэкаў, ці то да нігілізму панкаў.
Нейкага кшталту рэакцыяй на гэта стала зьяўленьне першага пакаленьня гуртоў хрысьціянскага року - The 77's і Prizm. На жаль, у музычным пляне яны былі глыбока другаснымі. Атрымлівалася амаль па Яўгену Шварцу: "Зло сыйшло, дабро прыйшло, чык-чырык, чырык-ура".
Кур'ёзы дзесяцігодзьдзя: група Angel, якая супрацьстаяла дэманічнаму грыму Kiss, і тры хрысьціянскія альбомы Боба Дылана (1979-81) - яны лічацца самымі горшымі альбомамі клясыка. Тым ня менш, яны дабраліся да брытанскага і штатаўскага ТОР-3.
1980-я і 1990-я. Росквіт хрысьціянскага року ў ЗША: асобны чарт хрысьціянскай музыкі ў Billboard, хрысьціянскія Вудстокі, зьяўленьне ўайт-мэталу і да т.п. Зараз хрысьціянская музыка - велічэзны пласт у сусьветным шоў-бізнэсе. Па стылях - усё што заўгодна: ад дзікага хардкору да традыцыйных балядаў. Тэкст - як і раней: варыяцыі на тэмы Сьвятога Пісаньня. Менавіта таму, магчыма, хрысьціянская музыка цікавіць хіба што толькі саміх хрысьціянскіх музыкаў.
Маладая ірляндзкая група U2 спрабуе стварыць новую рок-эстэтыку. Сэкс, наркату і рок-н-рол хлопцы адпраўляюць на сьметнік і абвяшчаюць Біблію сучасным, актуальным і моладзевым чытвом. Усхваляваныя тэксты раньняга Бона прымусілі не аднаго бэйбуса зьвярнуць позірк на неба.
Магутнае права голасу атрымлівае іслам - у творчасьці хіп-хопэраў.
...Скажам шчыра: у Беларусі такога яшчэ доўга не пабачаць. Хаця б таму, што рэлігійныя пастуляты не ўбіваюцца нам у галаву з раньняга дзяцінства ці са школьнай парты. Хаця б таму, што зараз вельмі прыземлены час. Хаця б таму, што поп-музыка мусіць забаўляць нас, а не грузіць рэлігійнымі праблемамі. Можна ўявіць сабе "Ляпісаў", якія выпусьцілі альбом з тэкстамі зь Бібліі.
Калі я распавёў гэтыя думкі свайму сябру, ён адказаў: "Ты нічога не зразумеў. На Захадзе зусім іншы падыход да рэлігіі. Там гэта звычайная справа, як мыцьцё рук перад сьняданкам. А ў нас рэлігія захавала сваю сакральнасьць. Таму ў нас і немагчымыя групы кшталту раньніх U2. То бок у прынцыпе магчымыя, але ў нас на іх паглядзяць як на ідыётаў. Бо ў нас поп-музыка - для клюбаў, а малітва - для цэркваў. І так будзе заўжды". Цалкам магчыма.