Мікола Сянкевіч
ХУТАР ПАЯНТРЫЙ
аповесць, апавяданні, мініяцюры
З ТРЫВОГАЙ ЗА ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ
Творы Міколы Сянкевіча – гэта сустрэча з цікавымі героямі, глыбокімі і мудрымі людскімі характарамі. Аўтар расказвае нам пра наша жыццё, углядаецца, услухоўваецца ў яго. Праз большасць абразкоў і апавяданняў праходзіць абаяльны вобраз настаўніка, інтэлігента ў першым пакаленні, вобраз, які аўтар без агаворак дазваляе лічыць аўтабіяграфічным. Гэты герой – наш сучаснік, вясковец у душы. Моцна трымаючыся роднай бацькоўскай зямлі, у якую трывала ўрос каранямі, ён не можа жыць, не думаючы: дзеля чаго наша існаванне, што будзе потым, калі нас не стане… Ці будуць наступныя пакаленні лепшымі, чым былі мы… Свой чалавечы неспакой і філасофска-творчы пошук Мікола Сянкевіч увасабляе ў вобразе інтэлігента-думанніка, як у Максіма Гарэцкага, у дапытлівым абліччы настаўніка, якому грамадства даручыла выхоўваць пакаленні для будучыні, як у Якуба Коласа. Герой Міколы Сянкевіча не перастаў лічыць, што ўсё пачынаецца з дзяцінства. Таму для яго дзіцячы боль – найвялікшы. Безабаронна шчыраму, бясконца даверліваму маленству патрэбны наша дарослая любоў, клопат і дапамога. Гэта – перакананне аўтара. Расказваючы пра сваіх малых герояў, ён расказвае і пра нас, дарослых: не толькі пра нашу мудрасць, дабрыню, але і пра нашу адчужанасць, абыякавасць, эгаізм... Пра гэта – апавяданні «Сябры», «Цяжкі выбар», «Лялька на дрэве», «Міхаська», «Верачка», «Таіса»…
Аўтар добра ведае псіхалогію дзяцей. Гэта не толькі вялікі педагагічны, але і ўласны бацькоўскі вопыт. Таму вобразы яго герояў – хлопчыкаў і дзяўчынак – такія пераканальныя, жывыя. Празаіку ўдаецца знайсці трапную дэталь, гаваркі штрых, узнавіць адметную жыццёвую сітуацыю.
Шчымлівы абразок «Чужая брытва», герою якога, шасцігадоваму Алёшу, не доліла зведаць бацькоўскай апекі і пяшчоты, кранае да слёз. Хлапчаня цягнецца да чужых сямейных мужчын, з якімі апынуўся ў бальнічнай палаце. Алёша не ведае, што такое звычайная электрычная брытва.
Мы і дзеці… Блаславёнае маленства, шчырае, непасрэднае – таму і шчаслівае, бо чалавечая сталасць у большасці выпадкаў пераходзіць у жыццёвую стомленасць, абыякавасць…
Абвостраны драматызм сучаснага жыцця, роздум аб недаравальна, незаслужана прыніжаным становішчы інтэлігенцыі, настаўніцтва ў нашым грамадстве па-мастацку дасканала ўвасоблены ў вобразе настаўніцы Ларысы Сяргееўны з апавядання «Злодзеі». Ім істотна дапаўняецца мастацкі вобраз настаўніка-шукальніка, гуманіста-рамантыка ў прозе Міколы Сянкевіча. Старая настаўніца пачынае ўсведамляць, што яна абкрадзена людзьмі і грамадствам, абыдзена лёсам. Дзяржава вельмі запазычылася ёй. Самаахвярная праца Ларысы Сяргееўны наўрад мела сэнс, хоць яна шчыра і старанна выхоўвала заказаныя школе дзяржавай мараль і этыку. Толькі зараз да былой настаўніцы прыходзіць глыбокі запознены одум: ці правільна яна рабіла, ці варта было шчыраваць, каб дажываць свой век у адчужанасці, жабрацтве і самоце?.. Як напаўусвядомленыя пратэст і помста ўспрымаюцца дзівакаватыя, недарэчныя ўчынкі гераіні: у вясковым магазіне яна паціху крадзе халат, дамашнія тапкі, марынаваныя буракі... Старая настаўніца разважае, апраўдваючы сябе: «Дык яны ўсе павінны гэтую марскую капусту насіць мне на кватэру і дзякаваць…» Хто гэта – «яны ўсе»? Найперш – дзяржава як увасабленне вялікага злодзея і зладзейскіх адносін да сваіх шчырых працаўнікоў. «Забылася дзяржава, абаронцаў якой яна выхоўвала, забылася грамадства, па высокім маральным кодэксе якога яна рыхтавала іх жыць».
Цынізм і абыякавасць да чалавека працы згадваюцца мне, калі чытаю абразкі і апавяданні Міколы Сянкевіча пра вясковых працаўніц… Гераіні гэтых твораў сагрэты аўтарскім спачуваннем, балючым пачуццём віны перад немаладымі жанкамі, на спрацаваных, трывушчых руках і плячах якіх трымаецца сённяшняя вёска. Стомленыя, зняможаныя фізічна, часта абдзеленыя лёсам, яны застаюцца прыгожыя душою. Са светлым сумам узгадвае аўтар першае каханне («Марына»). Жанчына заўсёды была, застаецца і будзе носьбітам душэўнай светласці, увасабленнем сямейнай утульнасці і ўладкаванасці. Таму аўтару і сорамна, і балюча бачыць маладую, але ўжо абыякавую жанчыну, якая жыве «ад загула да загула». І як мерка яе чалавечай існасці – абыякавасці да діцяці («Таіса»).
Перагортваючы старонку за старонкай, зноў і зноў адчуваеш патрэбу і нагоду гаварыць аб асобе апавядальніка. Ён прамаўляе ад імя свайго пакалення вясковых хлопцаў, што займелі прыстойную адукацыю і з’ехалі ў горад. Ад імя гэтага вясковага пакалення гараджанін-аўтар у сваіх творах нібы просіць прабачэння ў вёскі і яе рупліўцаў, такіх, як дзед Апанас («На ўваходзінах»). «Было адчуванне віны перад чалавекам, які столькі часу імкнуўся да вартага жыцця. А яно, жыццё, мінае, і спадзявацца на лепшае няма сіл і няма ўжо калі».
Трапна, слушна і драматычна ўспрымаецца думка Міколы Сянкевіча: якім па-чалавечы неўладкаваным, адчужаным з'яўляецца гэта гарадское жыццё былых родзічаў-аднавяскоўцаў… Яны ўжо страцілі адчуванне каранёў – роду, кроўнага сваяцтва. У тым жа абразку «На ўваходзінах» пра гэта сказана лапідарна, але ёміста, змястоўна і з балючай іроніяй. «Разыходзячыся, напаўзнаёмыя стрыечныя браты і сёстры мяняліся адрасамі і тэлефонамі, каб пасля ніколі не напісаць і не пазваніць...»
Душа немітуслівага чалавека, гатовага бараніць ад гвалту старога і малога, адчуваецца за кожнай старонкай. Яна, гэтая душа, шукае паратунак, пакутуе, захлынаецца ад несправядлівасці, марнасці жыццёвых высілкаў: «Ці не так і мы на павадку чужых інтарэсаў, чужой дурноты, на павадку дробязных клопатаў пра кашулю і хлеб на кожны дзень... І як гэта кепска адчуваць сябе на павадку любой даўжыні, хто б яго ні трымаў…»
Вельмі часта вобразы герояў Міколы Сянкевіча падсвечаны далікатнай іроніяй, тонкім гумарам. Каларытнымі, адметнымі народнымі характарамі – тыповымі і выключнымі адначасова – героі Міколы Сянкевіча ўяўляюцца сучаснымі спадкаемцамі ніжнебайдуноўцаў Янкі Брыля. Гэта – Шчыры Рыгор («Манё! Дождж!»), Іван Максімавіч («Універсітэты Івана Максімавіча»), героі апавядання «На фальклорнай практыцы» і інш.
Прага гарманічнага суіснавання асобы з людзьмі, з прыродай, сусветам, мужчыны і жанчыны вызначае даволі сталую прозу Міколы Сянкевіча. Прыемна ўражвае мова твораў, густоўная, ашчадная, сціслая, дзе кожнае слова, кожнае выслоўе ўжыта дарэчы, да месца. За кожнай старонкай паўстаюць людскія лёсы, звычкі, уклад жыцця, наша народная мараль і этыка з заканамернасцямі і парадоксамі праяў беларускага нацыянальнага характару.
Хочацца верыць, што гэта добры знак: з'яўленне ў нашым друку мініяцюр і апавяданняў Міколы Сянкевіча заўважыў і высока ацаніў сам Майстра – Янка Брыль. У кнізе лірычнай прозы «Дзе скарб ваш» пра апавяданне свайго малодшага калегі «Злодзеі», якое друкавалася ў «Звяздзе» (пад назвай «Страшна заставацца…»), знакаміты празаік пісаў: «Не ведаю, хто гэта, а вобразы маладой прадаўшчыцы сельмага і старой самотнай настаўніцы бачацца жывымі, а сам аўтар – чалавекам з душой і думкай».
ГРУША
Пабудаваны яшчэ за польскім часам, дом і цяпер выдаваў як новы. На вулічцы, вузкай, незабрукаванай, з залепленымі граззю кустамі здзічэлых парэчак ды нізкарослымі яблынямі-карачунамі абапал, здаваўся ён дагледжаным прыгажуном. Высокі, у пояс, тынкаваны падмурак, абітыя добрай гонтай сцены, вокны – не перакошаныя, падслепаватыя, са счарнелымі рамамі, як бывае ў старых пабудовах, а, наадварот, высокія, з разьбяной ліштвой, прыгожымі аканіцамі, цяжкаватымі, старамоднымі зашчапкамі.
Уражваў дом і знутры. Столь – белая, з легкім адценнем сінечы, сцены – яны ніколі не ведалі шпалераў і лакаў – былі зеленаватага колеру з некрыклівымі сінімі касачамі па ім. Зверху пад самай столлю, на вышыні не менш трох метраў, усе пакоі па перыметру акаймоўваў густоўны арнамент. Паветра ў пакоях заўседы было свежым. Чысцінёю дыхала ўсё: і свежапафарбаваная, ідэальна падагнаныя маснічыны, і вышытыя па нізе фіранкі на вокнах, і ручной работы, з кутасамі капы на ложку і канапах. Ніякая муха, калі б толькі можна было ўявіць яе тут, не вытрымала б, захлынулася ад чысціны і свежасці.
Дом, яшчэ да першых Саветаў, належыў мясцоваму гандляру-габрэю. Не кранула пабудову ваеннае ліхалецце. За нястачай лепшага, яшчэ доўга пасля вайны сяліліся ў нічыйным доме – гаспадара з сям’ёй немцы вывезлі ў самым пачатку вайны – сям’і сярэдняй рукі, як казалі, “партыйных і савецкіх работнікаў”. У канцы пяцідзесятых ордэр на пастаяннае жыллё атрымалі адразу дзве сем’і не з наменклатуры – кожная па два прахадныя пакоі з агульнай, даволі прасторнаю, кухняю.
Зрэшты, адзін чалавек жыў у доме амаль з першых дзён яго пабудовы. Немалая габрэйская сем’я перад самым “вызваленчым” паходам Чырвонай арміі ўзяла да сябе наймічку, выдзеліўшы ёй крайні, цесны, вузкаваты, як пенал, пакой. Новая ўлада ўзаконіла права на жыллё Фёклы Андрэеўны Мяжуевай, як чалавека, падвергнутага эксплуатацыі, а самога гаспадара-габрэя – у доме пасялілі сям’ю камандзіра – падціснулі наколькі было магчыма. З таго часу адзінокая жанчына і жыла ў падараванай ёй каморцы. Вучыцца ў свой час жадання не мела, у стаханаўкі не рвалася, а далей за сорак, вытурыўшы невядома якога па ліку прымака-кватаранта, сур’ёзна пачала прыкладвацца да горкай. Чым далей – тым болей. І к шасцідзесяці паспела поўнасцю вынесці з хаты тое нямногае, што нажыла ў маладосці. А слова “бабка” замяніла ёй і імя, і прозвішча і цяпер абазначала толькі своеасаблівы сацыяльны статус. Па звычцы бабка, як і колісь, насіла ў любую пару года залоены, няпэўнага колеру суконны жакет з шырокімі манжэтамі і кляпамі паверх накладных кішэняў, а зялёную, травянога колеру хустку – з усяго адзення яна зрэдку мыла толькі яе – завязвала так, як дзяўчаты-камсамолкі ў хроніках пра першыя пяцігодкі – “пад мак”.
Яшчэ гадоў колькі таму ў “палаты” да бабкі імкнуліся часам пранікнуць, каб распіць бутэльку-другую “чарніла”, моцна паношаныя, замучаныя жыццём ды моцнымі напоямі “жаніхі”, але сусед Восіп Янавіч Казюк, адзіны ў доме шасцідзесяцігадовы мужчына, выводзіў кожнага за веснічкі і даваў добрых грымакоў на дарогу. Атрымлівала добрага прачуханца і сама бабка. Пасля гэтага яна надоўга пераставала вітацца з усімі і праходзіла міма з высока ўзнятаю галавою. А Восіп Янавіч усё часцей знаходзіў надкусаныя плады пад яго любімаю грушаю ў двары, і ад канапы, што стаяла пад ёю, дырыла невыносным, ненавісным яму пладова-ягадным “чарнілам”.
* * *
Саду ля дома не было. У агародзе і дворыку раслі асобныя дрэвы і кусты, усе больш старыя, але дагледжаныя, з пабеленымі камлямі, зафарбаванымі парэзамі на месцы засохлых адпілаваных галін. І калі хоць адна жывая галінка пладаносіла, Восіп Янавіч дараваў дрэву права на жыццё – замазваў дупло, паліваў, рыхліў глебу. Ён любіў свае дрэвы, ніколі не страсаў сам і не дазваляў нікому атрасаць грушы і яблыкі. “Плод не павінен упасці, толькі абір і ніякіх бітушак”, – вучыў Восіп Янавіч сямейнікаў. Сам гаспадар, сухарлявы, лёгкі ад прыроды, у свае сталыя гады мог дзіўным чынам прабірацца між галін, дастаючы плады з неверагоднай вышыні, з-пад самага неба. Пасля, каб зняць астатнія плады, ішлі ў ход усе магчымыя мудрагелістыя прастасаванні-“даставалкі”.
Каралеваю двара была груша. Ніхто не мог сказаць дакладна, колькі гадоў дрэву. Бо і сама бабка, якая ў найлепшыя свае гады выстаяла з хлопцамі-саколікамі пад ёй не адну кароткую – у два дзесяткі пацалункаў – летнюю ночку, не памятала грушу ні кволым парасткам, ні танканогаю нявестай.
Ніхто не ведаў гатунку грушы, урэшце, якое гэта мела значэнне… Плады наліваліся – не раўняючы як мужчынскія кулакі. У меру цвёрдыя, сакавітыя, чыстыя – ні крапінкі, ні воспінкі на іх, жаўтавата-карычневыя з бакоў. Моцныя плады трымаліся да сярэдзіны кастрычніка.
Збор ураджаю выглядаў як сапраўднае святадзейства. Спачатку прыводзіўся ў парадак склеп: праветрываўся, дошкі выносіліся, сушыліся, чысціліся. Пасля Восіп Янавіч даставаў з-пад павеці прастасаванні, здымаў з гарышча скрыні, скрыначкі, кашы. У суботу, загадзя выбраную па месячным календары, – абы толькі дажджу не было – прыязджала з Мінску дачка – спачатку адна, пасля з мужам і сынам. І пачыналася праца. Абіралі грушу з зямлі, з табурэтак і ўслончыкаў, лесвіцы і лесвічак. Плады строга адбіраліся, сартаваліся. Цэлыя, без заган, неслі ў пограб, акуратна раскладалі па паліцах. Абавязкова вольна, каб грушы дыхалі. Падгнілыя плады адбіраліся і закопваліся – ніякай сушкі, ніякіх кампотаў Восіп Янавіч рабіць не дазваляў: калі плод загніў на дрэве, ён увесь нічога не варты, і шкадаваць няма чаго. Аднойчы дачка неасцярожна заўважыла, што чарвяк – не дурань, ён точыць самы салодкі плод, абы-што тачыць не будзе. Бацька разгневаўся і яе, дарослую, назваў тым самым чарвяком.
Праца заканчвалася пад самы вечар, калі на дрэве не заставалася ніводнай грушы і толькі ў двары стаяў саладжава-мядовы, непараўнальны пах спелых пладоў.
Грушы ў паграбку ляжалі да сярэдзіны красавіка, іншым разам – да пачатку мая. За зіму мог прыпсавацца які дзесятак, не болей. У перадвелікодны тыдзень Казюкі, Восіп Янавіч і Паліна Фёдараўна, звычайна везлі грушы на рынак. Але тут таксама была свая завядзёнка, сямейная традыцыя. Перад тым, як везці грушы на продаж, Казюкі запрашалі да сябе Пятра Аляксеевіча, даўняга сябра сям’і, чалавека пры пасадзе і з сувязямі. (Адзін час, калі Казюкі толькі пасяліліся ў доме, Паліна Фёдараўна, жанчына старэйшая і больш вопытная, дапамагала суседцы, маладзенькай жонцы камсамольскага лідэра, зусім неспрактыкаванай і баязлівай, даглядаць дзяўчынку-немаўля: вучыла спавіваць, купаць малое, гатаваць супы і кашы.) Шаноўнага Пятра Аляксеевіча адразу саджалі за стол, выпівалася па добрай шклянцы дамашняга каньяку. Гаспадар урачыста разразаў самую апетытную, самую крутабокую грушу. Вочы яго іскрыліся непадробнаю радасцю. Восіп Янавіч прычмокваў ад задавальнення, нязменна прыгаворваючы: “Ото ж груша!!. Вось гэта смак!!.” І ён не крывіў душою.
Багажнік і салон легкавушкі наладоўваліся скрынямі, і цяжкая машына выкочвалася з двара.
Цану на грушы Восіп Янавіч трымаў немалую, але плады разыходзіліся даволі хутка, бо вартай канкурэнцыі не было ніколі. Хто хрэснікам ці ўласным дзецям купляў да святаў, іншыя – каб падзівіць родзічаў ці знаёмых гэтым цудам прыроды.
Груша давала да тысячы рублёў прыбытку штогод. Восіп Янавіч абменьваў дробныя і пакамечаныя купюры на сторублёўкі, па некалькі разоў пералічваў храбусткія паперчыны, перш чым пакласці іх у камоду пад ключ.
* * *
Бабка Фёкла жыла па сваім звычайным раскладзе. Уставала рана на досвітку, ніколі не снедала: каб сабраць “начныя” бутэлькі ў адваяваным ёю некалі квадраце гарадскога парку, трэба было спяшацца. Калі адкрываўся пункт прыёму шклотары, яна з аб’ёмістымі звінячымі торбамі заўсёды была на месцы.
Дадому бабка прыходзіла ў добрым настроі: свежая капейка, бутэлька “Прамяністага” на дваіх з сябрам маладосці – што яшчэ трэба для шчасця!.. Іншы раз, пакрыўджаная тым, што ніхто на агульнай кухні не падтрымлівае з ёй гаворку, бяззуба шамкаючы, старая пачынала вучыць суседзяў, даўно не маладых, жыццю-быццю. Праўда, набор павучанняў быў не вельмі шырокі. “Что вы здесь закупорились средь бела дня?” – гэта, калі дзверы на вуліцу знутры былі на кручку. “Ну и удружил Бог соседей!” – калі прыходзіла цвярозая (нехта апярэдзіў на дзялянцы) і злавала на ўвесь несправядлівы белы свет. Было ў бабкі і сваё кароннае: “Пьяница проспится, дурак – никогда”. Так часцей за ўсё адводзіла старая ўсе спробы жанчын-суседак неяк паўздзейнічаць на яе. Каго бабка мела на ўвазе, можна было згадацца, але ўжо даўно ніхто не ўспрымаў старую ўсур’ёз.
Пасля больш-менш удалай ранішняй праходкі бабка адпачывала да позняга абеду. Прачнуўшыся, распальвала керагаз, сыпала крупы ці нейкія канцэнтраты ў пагнутую, закопчаную каструлю. І пры гэтым, калі былі грошы, бесперапынна паліла “Беламор-канал” альбо “Астру”, давячы “бычкі” ў пазелянелай ад часу снараднай гільзе. Суседзі асцерагаліся пажару і насцярожана прынюхваліся да пахаў з левай бакоўкі. Дзякаваць Богу, пакуль абыходзілася. Супакойвала і тое, што бабчыны дзверы ніколі не зачыняліся на замок ні знутры, ні звонку. За свае лахманы старая не баялася.
Другі выхад бабкі Фёклы пачынаўся вечарам. А гадзін у дзесяць, часам, і пазней, бабка шыбуршыла па сцяне, намацваючы званок. Калі-нікалі, не маючы сілаў дацягнуцца да яго ці не могучы знайсці ключ у дзіравых кішэнях, так і засынала на ганку, прыпершыся спіною да дзвярэй…
Старую знайшлі нежывою ў гарадскім скверы ля самага ўваходу. Пры ёй была пацёртая квітанцыя, па якой бабка Фёкла два гады назад у апошні раз заплаціла за свае восем з паловаю метраў. Калі прыйшлі з домакіраўніцтва і прапанавалі суседзям забраць цела, Восіп Янавіч спачатку рэзка адмовіў: “Пры чым тут я? Горад павінен у такіх выпадках браць усё на сябе”. Пазваніў Аляксеевічу. “Добра, калі вы, як сусед, арганізуеце пахаванне самі, – падказаў той. – З грашыма дапаможам. У вас будзе важкая падстава прэтэндаваць на бабчыны метры. Выканкам падтрымае, зацвердзім перапланіроўку, і вы не застанецеся ў накладзе. Іншым спосабам адваяваць пакой няпроста, чарга пастаянна падпірае.”
Так яно і сталася. Восіп Янавіч памітусіўся з дакументамі. На свой густ выбраў нябожчыцы недарагое адзенне ва універмагу, бо запаветнага клунку ў бабкі не было і быць не магло. Пакрывіўшыся, пажылая санітарка з той самай сумнай установы прыбрала бабку Фёклу ў апошні шлях за дзесяць рублёў. Гэта ўжо былі прамыя ўбыткі, бо ніякіх апраўдальных папер санітарка даць не магла. За ўсё астатняе даводзілася таксама разлічвацца дзе рублём, дзе бутэлькаю: і з шафёрам – адзін не ўправішся з труною, – і з хлопцам-экскаватаршчыкам, і з нахабнікамі-далакопамі. Восіп Янавіч праклінаў і бабку, і яе палаты, і сябе, добрую душу. Вечарам, пасля могілак, ён выставіў на стале ў кухні бутэльку цукравай самагонкі, жонка падрыхтавала тое-сёе з яды. Запрасілі суседзяў, маці і дачку Звягічаў. Першы і апошні раз дзве суседскія сям’і сабраліся за адным сталом. Гаварыць не было пра што, асуджаць бабку Фёклу не смелі – не той дзень, – і акрамя “Гасподзь усе бачыў” і “Усе там некалі будзем”, нічога за жалобным сталом не было сказана. Так і адышла Фёкла Андрэеўна ў лепшы свет без бацюшкі, без аркестра, без выпадковай ці нават прытворнай слязіны.
* * *
Ні дрэўца, ні кусціка ля хаты за бабкаю не лічылася. Як сапраўдная пралетарка, калі сем’і Звягічаў і Казюкоў у свой час нервова дзялілі садовыя дрэвы і кусты, Фёкла Андрэеўна, тады яшчэ далёка не бабка, як адрэзала: “Подавитесь вы своими грушами, пусть они вам вылезут боком”, – і болей у гэтую дзяльбу не ўмешвалася. А паміж Казюкамі і Звягічамі ўжо з першых дзён суседства, найперш з-за пладавітай цуда-грушы, пазначылася расколіна, якая шырылася з кожным пражытым годам.
* * *
І Казюкі, і Звягічы нічога не мелі супраць лішняга, які б ён ні быў, пакоя. Восіп Янавіч, абнадзеены падтрымкай зверху, быў упэўнены, што свайго ні за што не ўпусціць, не ў яго характары.
Пра самога Восіпа Янавіча варта сказаць падрабязней. Гэта быў немалады, але моцны і энергічны мужчына яшчэ таго, не бальшавіцкага гарту. Паляк па паходжанні, ён умеў ладзіць з начальствам – менавіта ладзіць, а не слепа дагаджаць, – сумленна працаваў і быў у начальства на слыху, але ва ўсіх варунках перш за ўсё паважаў сябе, сваю асобу. Ён не лез на трыбуну, каб некага хваліць або ганіць, не піў танную айчынную бурду, меў разуменне пра культуру працы, ведаў, наколькі гэта яму было неабходна, працоўнае заканадаўства. Ён ні ў якім разе не стаяў, за выбачэннем сказаць, раскірачыўшыся, як разумеем мы становішча асноўнай масы пралетарыяў застойнага ды і цяперашняга часу. Каб адчуваць сябе ў гэтым свеце больш упэўнена, не лічыць пацёртыя рублі, Восіп Янавіч гадоў да трыццаці плаваў на рачным буксіры матарыстам. Стаўшы больш-менш трывала на ногі, ажаніўся з прыгажуняю-ўкраінкаю і, пакуль малая дачка не пайшла ў школу, усё яшчэ даганяў капейчыну. Калі Галінка падрасла, сям’я пераехала ў гэты ціхі стары палескі гарадок, які даўно прыгледзеў Восіп Янавіч – тут мясцілася кантора іхняга параходства. Так Казюкі пасяліліся ў доме з высокаю столлю і прыгожымі аканіцамі.
Атрымаўшы добрую пенсію і адчуваючы ў сабе нерастрачаныя сілы, саракапяцігадовы галава сям’і гадоў дваццаць працаваў на біяхімічным заводзе, на якім нядрэнна даплочвалі за шкоднасць.
Чалавекам Восіп Янавіч, як гаварылася ўжо, лічыўся аўтарытэтным, але ж і зайздроснікаў хапала, і нядобразычліўцаў: не п’е рабацяга нават з палучкі, не курыць і не мацюкаецца, без спецвопраткі – ні на крок. На праўду, гэта было і так і не. Восіп Янавіч у добрай кампаніі – але, крый Бог, на працы – мог няблага выпіць, іншы раз і мацюка добрага адпусціць. Але п’яніц, тых, каму зелле засціла вочы і жыццё, асцерагаўся, як тых вужакаў, абыходзіў, не лічыў за людзей. А паколькі ў гаспадарцы, нават невялікай, сам усё не асіліш, а паважаны сябар Пётр Аляксеевіч не на такой пасадзе, каб паклікаць яго на дапамогу разгружаць, напрыклад, брыкет, то даводзілася іншы раз не грэбаваць дапамогай заводскіх хлопцаў. Для такіх выпадкаў у хаце заўсёды трымалася “чарніла” ці цукроўка, а гаспадар спасылаўся на хворую печань, каб засцерагчыся ад падобных напояў.
Абедаў Восіп Янавіч заўсёды ў адзін і той жа час, і заўсёды дома. Вечарам перад сном доўга раіўся з жонкай, што б гэта лепш згатаваць на абед назаўтра і як зрабіць страву смачнейшай. Пасля абеду ў яго было роўна сорак хвілін адпачынку. Зімою – на канапе ў пакоі, летам – у двары пад любімаю грушаю.
Усё, што набываў Восіп Янавіч, усё, што ён майстраваў, лічылася самым лепшым. Калі ён рабіў услончык, то гэта абавязкова быў узорны ўслончык, на які і сесці страшнавата, а не тое, што боты ваксаваць. Верх – без адзінага сучочка. Выштукаваныя на дрэваапрацоўчым станку, абпаленыя лямпай і пакрытыя найлепшым смаляным лакам ножкі былі расстаўленыя сіметрычна з дакладнасцю да дзесятай долі градуса. Адтуліны пракручваліся з такой акуратнасцю па дыяметры, што ні пра якое раскліньванне не магло быць гаворкі.
Калі Восіп Янавіч гатаваў каньяк з найчысцейшага медыцынскага спірту і дыфіцытнага рыжскага бальзаму – у яго мелася і завадская прылада для закупоркі, – адрозніць яго ад сапраўднага было проста немагчыма.
Жонка ў Восіпа Янавіча таксама была найлепшая. Яшчэ і цяпер, каб не старэчая паходка, заўважна прыгорбленая спіна ды цяжкія акуляры на носе, яе можна было б назваць прыгожай. А ў маладосці!.. Восіп забраў Полечку амаль што з-пад вянца, наклікаўшы немалы гнеў яе родзічаў. Браты жаніха, перастрэўшы, добра-такі патузалі ўпартага кавалера. Апошняе, як ні дзіўна, і вырашыла разборку ў яго карысць. Інакш хлопец проста не мог, інакш ён, пэўна, і не жыў бы. Паліна аказалася выдатнай гаспадыняй: пякла булкі ды пірагі, падтрымлівала бездакорны парадак у хаце. Баючыся згубіць усё гэтае, неўзабаве пасля вяселля Восіп Янавіч забараніў жонцы хадзіць на працу. Усё жыццё ў вольны ад мужа і хатніх спраў час Паліна Фёдараўна шыла на заказ. Калі пенсія і заробак мужа ішлі ў шуфляду і ашчаджаліся, то ганарары Паліны Фёдараўны траціліся да апошняй капейкі на рынку і ва універсаме.
* * *
Суседзяў Звягічаў было двое, дачка і маці. Дачцэ гадоў пад пяцьдзесят, маці на выгляд – каля сямідзесяці. А на самой справе, як дапыталася Паліна Фёдараўна ў балбатлівай паштаркі, старой споўнілася семдзесят пяць.
Як жывуць дзве немаладыя адзінокія жанчыны пад адным дахам, няхай сабе яны маці і дачка?.. Калі адна памые – другая перамывае. Адна з кухоннага ручніка зробіць дзве анучкі для мыцця посуду – другая паварыць іх у кіпені, накрухмаліць і зробіць дзве сурвэткі, ды яшчэ абвінаваціць першую ў марнатраўстве. Пасля прыбірання маладзейшая перанясе анучу ад уваходных дзвярэй пад парог у чысты пакой, а дыванок ад газавай пліты на яе месца – старэйшая вяртае ўсё як было. Вось вам і сварка гатовая. Між сабою жанчыны гаварылі скупа, нібы ўсё ўжо сказалі за жыццё. Чорны кот прабег між імі яшчэ з той самай пары, калі Лорачка прывяла ў дом апошняга, трэцяга па ліку, мужа. “Маладыя” па некалькі разоў на дзень зачыняліся ў лепшым пакоі, а маці тулілася ў прахадным. Калі ўночы, выбіваючы са сну, цяжкая канапа пачынала рыпець, цётка Іраіда – так звалі Лораччыну маці – не знаходзіла сабе месца. Каб у яе хаце, на яе падушках пяцідзесяцігадовая бяздзетухна-дачка абдымалася немаведама з якім лысым чортам!.. Апошні прымак пажыў усяго месяцы тры: ці то новая радня яму астабрыдзела, ці то сам не ўпісаўся (“адно есць і спіць”, – папракала цешча), але ўзяў ён свой дабіты чамаданчык з халасцяцкім пажыткам і пайшоў адкуль прыйшоў. Лорачка некаторы час дзеля прыліку падзьмулася на маці – ды і супакоілася, толькі яшчэ часцей стала вывешваць сушыць на шнуры ад вуліцы свае ідэальна чыстыя белыя трусікі і станікі, нібы пратэставала, што так нікчэмна марнуецца здаровая незапатрабаваная плоць.
Цётка Іраіда толькі знешне бадзёрылася. Яна ніколі не жыла лёгка. З мужам разышліся, не пражыўшы і пяці гадкоў, – дзеўкі ў таго адабралі розум. З тае пары мужчын цётка Іраіда проста не выносіла. Сама выконвала ўсю цяжкую мужчынскую працу. Дзеля капейкі на чорны дзень працавала нават больш, чым гэта неабходна. Гады даўно перайшлі за семдзесят, а састарэлая жанчына ўсё яшчэ трымалася за працу. Яна магла б даўно атрымліваць сякую-такую пенсію, пахадзіць па дактарах. Але ж навошта, каб радавалася гэтая Казючыха. Сама ўсё жыццё працуе толькі на сябе, а сумкі з батонамі ды каўбасой дамоў цягае штодня, каб яна ногі працягнула!..
Дадавала клопату і дачка, якая пад канец чацвёртага дзесятка зусім выжыла з розуму: прыходзіць позна, а то і зусім не начуе, мужчынскім духам ад яе, як ні мыецца-вымываецца, ад самага парога цягне. Старую не падманеш. І цётка Іраіда, перамагаючы жыццёвую стому, усё не давала сабе адхлання.
* * *
Як і варта было чакаць, у тузаніне за бабчыны квадратныя метры перамог Восіп Янавіч. Каб не Аляксеевіч, хто ведае, чым магло ўсё закончыцца. Цётка Іраіда наклікала адну, а пасля і другую камісію. Супакоілася старая толькі тады, калі ў домакіраўніцтве паабяцалі-прыстрашылі наогул падсяліць на свабодную плошчу нямоглага крымінальніка.
Атрымаўшы на рукі жаданы дакумент, Восіп Янавіч першым чынам узяўся за бабчыны лахманы. Ён надзеў гумовыя пальчаткі, берэт на аблыселую галаву, баваўняны халат, пасля, падумаўшы, – і марлевую павязку. Лахманы старой вынес за агароджу, абліў бензінам і падпаліў. Яны давалі такі едкі дым, нібы ўвабралі ў сябе смурод з усяго свету. Пасля настала чарга таму, што некалі можна было назваць мэбляй. Восіп Янавіч час ад часу вастрыў сякеру і пілу-нажоўку. К вечару ён вынес з цяпер ужо свайго пакоя апошняе бярэмя сухіх дроў на распал. Вельмі доўга не аддзіралася са сцен фарба, пакрытая тоўстым слоем сажы. Бабка ніколі не завозіла дроў і тапіла грубку – рэдка, час ад часу – нейкім ламаччам ды разбітымі, з-пад магазіна, скрынямі.
Рамонт даўся Восіпу Янавічу ў добрую капейку, без пазыкі з запаветнай шуфлядкі на гэты раз не абышлося.
* * *
Гадоў сем назад, калі дачка паступіла вучыцца і Восіп Янавіч з жонкай засталіся ў квартэры зусім адны, у доме з’явіўся яшчэ адзін чалавек – маці Паліны Фёдараўны. Яна доўга трымалася свайго кутка, да сямідзесяці гадоў працавала ў прыёмным пакоі радзільнага дома “на перадачах”. Калі бабуля стала часта хварэць і клікаць дачку, Восіп Янавіч кожны раз крывіўся, прадчуваючы часовыя бытавыя нязручнасці. Не вытрымаў, нарэшце, і даў загад везці цешчу да сябе.
Бабуля сноўдалася ля курэй, прадавала на рынку парэчкі і алычу і только зрэдку, як зусім даймалі хваробы, жалілася дачцэ: “Якая я стала зусім непатрэбная!”. Зяць цешчу не заўважаў, пры неабходнасці звярнуцца казаў “вы” і ўсе распараджэнні, што тычыліся старой, перадаваў праз жонку. Ніякага, нават дарадчага, голасу бабуля не мела. Паліна Фёдараўна адносілася да маці стрымана-тактоўна, шанавала яе гады, як і муж, называла на “вы”, дабаўляючы нязменнае “мама”. Яны ніколі не сварыліся, такога проста нельга было ўявіць, але ж ніхто не назваў бы дачку і маці сябрамі: у іх не было сваіх жаночых сакрэтаў, агульных слёз і агульнай радасці. Бабуліна шчаслівая, як здавалася дамашнім, старасць наўрад ці была такой на самой справе. “Што вы, мама, хочаце, вам восемдзесят два гады, а вы здзіўляецеся, што ў вас галава забалела!”, - ці то папракала, ці то супакойвала дачка. Праз год гэта гучала так: “Што тут здзіўляцца, мама, вам ужо, дзякаваць Богу, восемьдзесят тры гады. Нам бы дажыць да вашых гадоў”. – “Дай Бог, дай Бог”, – як вінаватая за пражытыя гады адказвала бабуля. Паліна Фёдараўна, калі іншым разам Галінка, дачка, пыталася па тэлефоне пра бабулю, з пачуццём гонару, нават нейкага самалюбавання нязменна адказвала: “Так добра, як нашай бабулі, нікому не жывецца”. Нягледзячы на тое “добра”, бабуліны вочы часта былі прыпухлымі ад слёз. Тады дачка з крыўдай у голасе абуралася: “Вам, мама, грэх на лёс наракаць: і накормлены, і дагледжаны…” – “А я нічога не кажу, донечка. Дзякуй і табе, і Восіпу”, – выдыхала маці.
Старонняму воку паглядзець – на самай справе, куды ўжо лепей. Бабуліны аднагодкі і маладзейшыя на рынку бясконца жаліліся на дзяцей і ўнукаў, грызліся між сабой з-за лепшага месца за прылаўкам, выглядалі замардаванымі і па-старэчы неахайнымі. Бабулю ж пакупнікі не абміналі. На ёй была заўсёды светлая і чыстая хустка, дагледжанае адзенне. Твар прасветлены, шчокі маладжава-акругленыя. І толькі ўшчэнт высушаныя жыццём рукі ды сагнутая ад цяжару пражытых гадоў спіна выдавалі ўзрост.
Бабуля Ганна жыла ўспамінамі. Болей за паўвека, з самай вайны, адпрацавала яна ў раддоме. Усе старэйшыя жыхары раённага гарадка ведалі Ганну Мікалаеўну ў твар. Сямідзесяцігадовую жанчыну з вялікай неахвотай праводзілі на пенсію: больш чулай і спагадлівай як да маладых супрацоўнікаў, так і да шчасліва-заклапочаных наведвальнікаў не было за ўсю гісторыю гэтай установы.
Не забываліся пра бабулю і пасля, калі пераехала да дачкі. Спачатку ішлі пісьмы і віншаванні, пасля, на жаль, толькі віншаванні. Усё гэта акуратна захоўвалася ў цяжкай ніжняй шуфлядзе старадаўняй шафы ў кутку бабулінага пакоя. Зрэшты, пакоем яго назваць можна было толькі ўмоўна. Некалі, пры першых гаспадарах, гэта быў бакавы гаспадарчы ўваход-сенцы.
Старую не ўводзілі ў курс сямейных спраў. Яна не ведала, дзе працуе зяць, магла толькі здагадвацца, чаму Галінка, унучка, прыехала адна, без мужа, і перажывала.
– Нешта, пэўна, ужо ёсць, – трывожылася бабуля Ганна, выклікаючы няміласць уласнай дачкі.
– Памаўчыце, мама, – палохалася Паліна Фёдараўна. – Вечна вы накаркаеце.
Бабуля замаўкала і адыходзіла прэч, у двор, сядала на канапу пад грушай. Груша была яе адзінай суразмоўцай. Сяброўкі бабуліны засталіся на радзіме, а заводзіць новых у такім узросце… Зяць зноў будзе бурчаць – баіцца, каб сямейных сакрэтаў не павыдавала. Навошта, маўляў, куды ісці, калі тут і ўлежна і ўежна. А дамоў нікога не запросіш. Не свой ён, дом, а дачкі з зяцем…
– Цяжка будзе тваёй маці паміраць, – глыбакадумна гаварыў не раз Восіп Янавіч.
– Твая праўда, – згаджалася Паліна Фёдараўна. – Чалавеку восемдзесят чатыры, а кальне ў баку – адразу просіць ціск памераць. Жыве як у Бога за пазухаю...
Бабуля слухала грушу і любавалася ёю. У пару квецені дрэва ператваралася ў саму незямную казку – жывое, шумнае ад пчол, дыхаючае водарам беласнежнае воблака, што дакранулася да зямлі ды так і засталося тут, каб абсыпацца цнатлівымі пялёсткамі на зялёную траву дворыка, на свежыя дагледжаныя грады. Сесці на вызваленую ад шчытоў – хавалі ад снегу на зіму – канапу, слухаць гудзенне сонных чмялёў, чуць, як шамацяць, вітаючы новае нараджэнне, падаючы адзін другому раскрытыя бліскуча-зялёныя далонькі, лісты, і дыхаць, дыхаць разлітым у паветры водарам – хіба гэта не зямны рай?!.
Бабуля Ганна згасла ціха, сеўшы адпачыць на старой канапе пад грушаю. Ёй назаўсёды засталося восемдзесят чатыры гады.
* * *
Любімай справай Восіпа Янавіча – тут ён не давяраў нават жонцы – было заварванне чаю з лясных і лугавых траў. Не заўсёды Восіп Янавіч ведаў “што ад чаго” – некалі чуў, некалі вычытаў у адрыўным календары. Калі доктар-зяць з цікаўнасці пытаўся, ад чаго дапамагае, цесць без сумнення, з веданнем справы адказваў: “Ад усяго!”. Недзе пачуў – што тыя дактары разумеюць!? – пра карысць цукру – і саладзіў свае травяныя чаі так, што гушча цягнулася следам за лыжкай. А пасля, праз некатары час адмовіўся ад цукру зусім.
Восіп Янавіч пакутаваў на застарэлы радыкуліт, а прымаць лекі было не ў яго правілах, хіба што вельмі прыцісне. Як зацвітала груша, гаспадар пачынаў паляванне на пчол і чмялёў. Захмялелыя, задурманеныя мядовым пахам, тыя забывалі пра ўсё на свеце. Восіп Янавіч з маладым спрытам нейкім аднаму яму вядомым спосабам, злаўчыўшыся, хапаў меданоснае насякомае, але не ў жменю, а двума пальцамі, асцярожна даставаў з салодкага рыльца кветкі і прыціскаў да нагі пад каленам. Было цікава назіраць, як немалады мужчына з падкасанымі вышэй калена штанамі прытанцоўвае пасля кожнага ўкусу. Увайшоўшы ў раж, ён яшчэ з большым імпэтам працягваў працэдуру. Пасля, стаміўшыся, Восіп Янавіч адпачываў на канапе пад грушаю, папіваючы травяны чай, а пчолы, не зважаючы ні на што, мірна гулі над галавою, працягваючы сваю высакародную справу.
* * *
Зацята, яшчэ мацней сварыліся б, пэўна, маці і дачка Звягічы між сабою, калі б у іх не было таго агульнага, што збліжала абедзвюх, – варожасці да суседзяў. З чаго ўсё пачалося, дакладна ўжо не помніў ніхто. Хутчэй са звычайнай жаночай зайздрасці. Казюкі жылі сям’ёй, ладна, размерана. У іх быў мужчына, гаспадар, у якога распісаны кожны дзень тыдня. У Звягічаў не было ні гаспадара, ні грошай, ні вольнага часу. Старая Іраіда з раніцы да вечара мітусілася ў гардэробе паліклінікі, а летам бразгала вёдрамі ў яе кабінетах і калідорах. Усё спяшаючыся, усё подбегам. Яна страшэнна нервавалася, калі даводзілася чуць, як Восіп Янавіч заказваў на абед тры вялікія або чатыры сярэднія бульбіны ці раіў, што пакласці ў студзень, якую каўбаску выбраць і ў якой краме хлеб купіць, каб смачнейшы. Ці зноў жа пра тое, што сервілад, прывезены Галінкай, дачкой, са сталіцы, трохі лепшы, чым у цэнтральным універсаме купілі два дні таму, але ж не ідзе ні ў якое параўнанне з каўбаскай, якую пашчасціла дастаць праз Пятра Аляксеевіча ў мінулую нядзелю.
Цётка Іраіда, сама не ведаючы чаму, пачала паціху-патроху падсыпаць у суседчыну каструльку – пліты стаялі побач – лыжку солі ці грам пургенчыку, замест добрага яйка магла падсунуць у шуфлядку суседкі такое, што ні ў чым не павінная Паліна Фёдараўна атрымлівала ад гаспадара добры наганяй за слепату. А яшчэ ж можна памазаць хоць тым жа бяскрыўдным вазелінам каструльку знізу. Вось табе і яшчэ адна хвіліна радасці, хоць і самой не надта прыемна дыхаць паленым.
Калі пасля працяглых угавораў Ганны Мікалаеўны, цешчы, зяць дазволіў ёй разводзіць жыўнасць – спачатку трусоў, а пасля курэй, – як тут было ўтрымацца цётцы Іраідзе. Трусы не доўга радаваліся беламу свету. Паелі вушастыя хлебца з пацуковай атрутай – і да раніцы папруцянелі. Восіп Янавіч у берэце і брызентавых рукавіцах аднес жывёлін за плот і закапаў там. Загарадка з паўгода пуставала, пасля ў ёй з’явіліся пародзістыя чубаткі. Іх таксама напаткаў незайздросны лёс. Спачатку ў нясушак стала выпадаць пер’е. Паліна Фёдараўна, баючыся, што суседка яе пер’ем набівае свае падушкі, уласнаручна даскубла курак. Добра, лета стаяла. Як для смеху, пер’е засталося на шыях ды на хвасце па тры-чатыры пяры. Птушкі соваліся па двары, пасінелыя, з распухлымі жыватамі. Певень, сам бясхвосты і прыгнечаны, абыякава і бездапаможна лыпаў на іх сваімі бляклымі вачыма. Калі ж Восіп Янавіч зарэзаў адну з птахаў з-за таго, што яна па начах, наганяючы жах, крычала прастуджаным пеўнем, есці яе пабаяліся: усё нутро было нездаровага, рудога колеру.
Ніякай жыўнасці з таго часу ні ў хлевушку Казюкоў, ні ў хлевушку Звягічаў не з’яўлялася, хоць, жывучы на самай ускраіне горада ды яшчэ ля нічыйнага здзічэлага саду, на добры лад, можна было б трымаць кормніка, а то і не аднаго.
Апошняя закапаная за плотам курыца яшчэ болей паглыбіла расколіну паміж сем’ямі. Адны для другіх суседзі зрабіліся бачнымі невідзімкамі. Пакрыўджаны Восіп Янавіч забараніў Звягічам карыстацца водаправодам. Многа гадоў таму ён за ўласныя грошы падвёў ваду, а цяпер сказаў цвёрдае “не!”, і абражаныя суседкі з карамысламі хадзілі ў дальні канец вуліцы.
* * *
Падзел жыццёвай прасторы суседзі пачалі з прыбіральні. Яно і хапіла б на чатыры чалавекі адной шпакоўні. Больш таго, Казюкі карысталіся ў цёмны час начнымі вазамі, але не-не ды і даводзілася сутыкацца суседзям нос у нос на вузкай сцежцы да агульнай прыбіральні, бо расклад на дзверы не павесіш. Новы дамок па ўласнаму праекту Восіпа Янавіча стаў куды больш прасторным. Цяпер можна было і зручнасці сякія-такія прадугледзець, і паперы прыкупіць ды любімай газеты – Восіп Янавіч чытаў выключна “Труд” – некалькі нумароў трымаць у запас. І тут, пры будаўніцтве, Восіп Янавіч не здрадзіў свайму жыццёваму прынцыпу: “самае лепшае”. Катлаван пад прыбіральняю вымураваў такі, што і дна не згледзець. Сваё і ёсць сваё, нават калі гэта і г… Каб Звягічы не парушалі законнае права на прыватную ўласнасць, Восіп Янавіч павесіў на дзверы важкі замок, так што цяпер сваё “дабро” знаходзілася на замку, а ключ вісеў на кухні на асобным цвічку. Гледзячы на такое, Звягічы захваляваліся. Цётка Іраіда дабілася ўсё-такі ў жыллёвай канторы капітальнага рамонту былой агульнай прыбіральні за кошт камунальнай гаспадаркі і адчувала сябе пераможцай: ну што? чыя ўзяла? Праўда, замка за дзяржаўны кошт не паставілі, не прадугледжана. А гэтая акалічнасць стала ў сваю чаргу прычынаю пэўных непаразуменняў. Прыехаў да Казюкоў у госці зяць Валянцін, а перапытаць, дзе і чыё ды ўзяць ключ забыўся ці не надаў усяму вялікага значэння. Адпаведна быў злоўлены на чужой тэрыторыі на месцы злачынства і пачуў пра сябе і пра дарагога цесця столькі!.. Другім разам цесць з абеду не павесіў ключ на дамоўлены цвічок, а ў хлопца не паладзілася са страўнікам. Ірвануў – ні ў якую. Стаіць чалавек ля дзвярэй, прытанцоўвае. Белы дзень на вуліцы. А з акна суседка сочыць. Гісторыя паўтарылася…
На працягу многіх гадоў суседзі ўсё дзяліліся. Можна было толькі дзівіцца, што ўсё абыходзілася без асабліва гучных разборак і праклёнаў. Кожная палавіна высакародна трымала марку, так што ў некаторай ступені перамовы, як кажуць палітыкі, насілі дыпламатычны характар. Гарышча занялі Казюкі, нядрэнны склеп пад домам – Звягічы, бо суседзі мелі склеп на агародзе. Не менш клопату было з хлевушкамі і дрывотнямі. Але паступова і з гэтым разабраліся.
– Ой, каб жа яшчэ асобны ўваход. Усё аддала б, абы толькі не бачыць гэтых вядзьмарак, – са скрухай у голасе гаварыла не раз Паліна Фёдараўна. – Асобны ўваход і падзеленая кухня – і нічога болей не трэба. Восіп Янавіч маўчаў – разумеў, што не так проста будзе дабіцца дазволу ўладаў – дом не ўласны, – але і сам думку такую выношваў. Усё часцей прыязджаў з працы дамоў з прывязанымі да рамы веласіпеда то драўляным брусам, то дзесяткам-другім рэек…
* * *
Лепшай, чым у іншых, была ў Восіпа Янавіча і адзіная дачка: мілая з твару, разумніца, школьная медалістка да ўсяго. Калі Галінка яшчэ і ў школу не пайшла, бацька ведаў, што яна павінна стаць зубным урачом. “У чалавека дзве рукі і дзве нагі, а зубоў – трыццаць два. Стаматолаг, значыць, пры любой уладзе не будзе сядзець без працы”, – казаў не раз бацька. Галінка даволі лёгка паступіла ў медыцынскае вучылішча, ішла на дыплом з адзнакай, які даваў ёй шансы на паступленне ў медінстытут. Але адбыўся незапланаваны збой: дачка закахалася першы раз у жыцці, ды так, што папрасілася замуж. У адрозненне ад жонкі, якая не знаходзіла сабе месца, Восіп Янавіч заставаўся спакойным. Праз дачку ён запрасіў кандыдата ў зяці да сябе ў госці. За чаркай дамашняга каньяку нязмушана распытаў у хлопца пра бацькоў, пра планы на будучае. Той, адзіны у сям’і сын, ірваўся пасля медвучылішча дамоў, у мястэчка, каб пабудаваць з часам дом, лячыць людзей і стаць падмогаю старэючым бацькам. Такая перспектыва Восіпа Янавіча не магла задаволіць. Ён адразу вырашыў – “не!”, але знешне заставаўся спакойным. Пасля абедзеннага адпачынку Восіп Янавіч папрасіў маладога чалавека прабіць некалькі адтулін у падрыхтаваных брусах – якраз майстраваў новую лесвіцу. Тут прысуд хлопцу быў вынесены канчаткова: той скасіў першую ж адтуліну, садануў малатком па пальцы, расчырванеўся, расхваляваўся. Далей можна было не працягваць, а зноў ісці да тэлевізара, каб бавіць час да ад’езду. Восіп Янавіч пагаварыў з дачкою адзін на адзін, правёў маладых на цягнік і пажадаў шчаслівай дарогі. Праз два тыдні ён усё ж не вытрымаў, з’ездзіў, каб пераканацца, што Галінка ўсё зразумела. Бацька застаўся поўнасцю задаволеным, не сварыўся і не папракаў неразумнае дзіця, бо якія гады, такі і розум.
Пасля медвучылішча выдатніца Галінка адразу падала дакументы ў медыцынскі інстытут. Сталічны медыцынскі інстытут – не вучылішча. Кідаць справу на самацёк было рызыкоўна. Бацька перабраў імёны ўсіх, хто б мог дапамагчы. Першым, канечне, згадаў Пятра Аляксеевіча.
– Ці ў курсе вы, што паліталогію ў інстытуте чытае Святлана Вікенцьеўна Гурына, былы першы сакратар райкома партыі? – прыемна здзівіў Пётр Аляксеевіч.
Святлану Вікенцьеўну Восіп Янавіч добра ведаў. На сходах слухаў неаднойчы, некалькі разоў у прэзідыуме сядзелі. Не поплеч, вядома. Яна, як заўсёды, у першым радзе, ён, “ад рабочага класа”, у другім ці трэцім. Словам-другім і на банкеце пасля прафсаюзнай канферэнцыі ў сталіцы, і ў застоллях пасля нарад ніжэйшага рангу перакінуліся. Святлана Вікенцьеўна не магла не падабацца мужчынам: рашучая, валявая, статная, з незвычайна багатаю цёмнаю касою…
Стольны Мінск сустрэў халаднаватым ветрам і дажджом, затое Святлана Вікенцьеўна, нягледзячы на свой прафесарскі статус, прыняла прыязна, павіталася па-таварыску, за руку, адразу перайшла да справы. Выслухала ўважліва, як некалі на прыёме, падсунула бліжэй да сябе тэлефон.
Госць, стары прафесар медыцыны, паспрабаваўшы ў той вечар груш яшчэ мінулагодняга ўраджаю, з журбою ў голасе сказаў: “Быў бы маладзей, абавязкова папрасіў бы ў вас каліўца, каб прышчапіць грушу. Чалавек, што мае такое багацце, – шчаслівы чалавек”.
Усе тыя пяць гадоў, пакуль Галінка вучылася, грушы не залежваліся даўжэй як да Новага года. А знаёмы жыдок-фармацэўт, адміністратар аптэчнага склада, у якога Восіп Янавіч з году ў год рэгулярна купляў спірт для дамашняга каньяку, нават пачаў падазрона касавурыцца: ці не наладзіў яго пастаянны пакупнік якой хітрай камерцыі, і на ўсякі выпадак накінуў добры працэнт на свой якасны тавар.
Калі Галінка нясмела сказала пра замужжа ў другі раз, Восіп Янавіч вырашыў зрабіць мудрэй. Ён падрыхтаваў, як звычайна, ладную сумку і ўжо на кватэры паважанай Святланы Вікенцьеўны за чаркаю з патрэбнымі людзьмі выведаў ўсю радаслоўную Валянціна – так звалі новага даччынога сябра. Бацькі хлопца – калгасныя спецыялісты. Сам студэнт – першы кандыдат у аспірантуру, партыйны, возіць студэнцкія будатрады ў Малдову на збор вінаграду. Пасля гэтага Галіна – пра бацькаву цікавасць яна і не западозрыла – атрымала дазвол на прыезд разам з Валянцінам. Яно і пара было – дачка заканчвала інстытут.
Больш за ўсё Валянцін спадабаўся самому Восіпу Янавічу: адрамантаваў гадзінік, на які гаспадар даўно махнуў рукой, за якія паўгадзіны – інструменты ў Восіпа Янавіча былі – о-го-го!– прыладзіў да веласіпеда сядзельца спераду, каб не вешаць цяжкія сумкі на руль. Жыццёвыя планы ў Валянціна былі чыста напалеонаўскія. На хітры закід будучага цесця ўзначаліць пасялковую паліклініку Валянцін толькі ўсміхнуўся: “Для гэтага варта было столькі гадоў сушыць мазгі?..”
Хлопец прыдзірліва агледзеў градкі – у самога бацька аграном – і шчыра пахваліў гаспадара. Ля грушы доўга цмокаў языком. Яго цікавіла ўсё: і ўзрост дрэва, і гатунак, і салодкія плады ці кісла-салодкія, у якіх умовах і як доўга захоўваюцца. Восіп Янавіч паказаў склеп.
– Вам проста неабходны яшчэ адзін склеп, – з веданнем справы заключыў Валянцін.
– На мой век… Колькі таго жыцця… – мо ўпершыню за апошнія гады апраўдваўся гаспадар.
– Зразумейце, садавіну трэба трымаць асобна, – даводзіў хлопец. – Бульба, загніваючы, выдзяляе… – ён назваў нейкае спецыяльнае слова, – ад чаго гніюць грушы і яблыкі.
Восіп Янавіч і сам заўважаў гэта, але ж пачынаць будаўніцтва, разлічваючы толькі на сябе… Валянцін нібы чытаў яго думкі.
– Калі ўсё будзе добра, – ён зрабіў націск на апошнім слове, – да зімы ўсё і ўладкавалі б. Я маю сякі-такі вопыт у гэтай справе. Адна сцяна, будзем лічыць, ёсць. Пліту наверх можна і спісаную ўзяць, на будоўлі дамовімся, бо ўсё роўна чыгуначныя рэйкі трэба класці. А зверху заарматурым, дамо пласт раствору – і гатова. Самае цяжкае – насып уручную зрабіць. Хлопцам на працы арганізуеце пару літраў “чарніла” – і справа вырашыцца. Траты самыя мізэрныя…
Восенню згулялі вяселле, і грушы новага ўраджаю ляжалі ўжо ў новым склепе, сухім, зручным, прасторным. Валянцін не супакойваўся, выдаваў праект за праектам: разламаць хлевушкі і зрабіць майстэрню, зладаваць летні душ, нарэшце, – цешча гатовая была на яго маліцца за тое – прабіць асобны ўваход і, мала таго, пабудаваць прасторную веранду, разгрузіць кухню.
Зяць не спадабаўся адной бабулі Ганне: чмякаў, як еў, заікаўся і наогул замнога гаварыў. Але ж калі даспадобы і ўнучцы, і дачцэ з зяцем, то якая ёй, старой, да гэтага справа. Галінка вунь глядзіць на яго, як на праведніка. У памяці ўсплыў жартоўны дыялог яшчэ з яе, бабулінай, маладосці.
– Марына!! Га, Марына!! Хадзі параімся, за каго нашу Надзейку аддаць.
– За Івана-суседа.
– Харошы хлопец, ды не ўмее кала зацясаць.
А тут атрымліваецца, што з калом якраз усё нармальна, а наконт таго, што харошы хлопец, то хто ж яго ведае, жыццё пакажа.
* * *
Звягічы ні ў чым не хацелі саступаць суседзям. Калі Восіп Янавіч праводзіў на рынак жонку з садавінаю ці гуркамі, следам Лорачка праводзіла маці, цётку Іраіду. Кашы ў той заўсёды, на зайздрасць суседцы, былі засланы ручніком такой белі, што даводзілася толькі дзіву давацца. Восіп Янавіч збіраў першыя яблыкі – гэта быў сігнал для суседзяў. Казюкі сядалі абедаць – следам знікалі ў хаце Звягічы. У час абеду Паліна Фёдараўна нікому не дазваляла гаварыць гучна. Перагародка былой бабчынай бакоўкі, цяпер кухні Казюкоў, была надзейнай, але беражонага Бог беражэ. Калі муж іншы раз насміхаўся з такой залішняй жончынай перасцярогі, тая, хоць і пабойвалася сваёй палавіны ўсё сумеснае жыццё, на гэты раз цвёрда трымалася свайго.
– Ведаю, што кажу. Прыставяць вушы да сцяны, каб яны ім паадсыхалі, і слухаюць. Зайздросцяць, што і ў хаце дастатак, і зяця Бог даў, які ім і не сніўся. Чарнакніжнікі яны, – зусім ціха заключала Паліна Фёдараўна.
– Якія яшчэ чарнакніжнікі, што ты выдумляеш?! – злаваў гаспадар.
– А ты зірні адной ці другой у вочы – і ўсё стане зразумелым, – стаяла на сваім Паліна Фёдараўна. Ты думаеш, старой ад Бога такое здароўе дадзена. Упыр яна, ад людзей забірае. Я толькі ўбачу старую ведзьму, то два дні мяне ломіць усю. А помніш, што з нашым унучкам рабілася, як першы раз да нас прывезлі?
Паліна Фёдараўна ратавалася сама і, як магла, ратавала мужа ад ліхіх вачэй. Ва ўсіх кішэнях – спачатку злаваўся, а пасля і рукою махнуў – Восіп Янавіч насіў ушытыя клапатлівай жонкай вузельчыкі-грудачкі з нейкім загавораным зеллем, каб бяда ліхая не прыставала. Кожны вечар, калі муж засынаў, Паліна Фёдараўна асабліва ўважліва правярала, ці не апынуліся якім-небудзь чынам у кішэнях завязаныя ў вузел ніткі або збітыя ў клубок валасіны, усе пылінкі і валасінкі збірала на газетным лісце і спальвала на старой накрыўцы ад каструлі. Сваю і мужаву бялізну Паліна Фёдараўна, далей ад бяды, сушыла толькі на занавешанай верандзе.
Кожную раніцу гаспадыня правярала подступы да ганку, каб, крый Божа, не падкінулі ведзьмы – яна так іх і называла перад мужам: старая ведзьма і маладая ведзьма – якой зламанай іголкі, каб не падсыпалі солі ці іншай трасцы. Калі ж раптоўна ў самой Паліны Фёдараўны ці ў мужа падымалася тэмпература або балела ў баку, жанчына не сумнявалася і на хвілінку: “Гэта зроблена!”. Супраць суседак-чарнакніжніц Паліна Фёдараўна не стамлялася змагацца. Штораніцы яна збірала ўсе шматкі, паперкі і трэсачкі ля ганка. Усё гэта спальвалася на той самай накрыўцы ад каструлі. Смецце трашчала, ляцелі іскры. Трэба было бачыць у гэты момант твар Паліны Фёдараўны: ён увесь напружваўся, як ад болю сціскаліся вусны, усё цела наструньвалася. Паліна Фёдараўна такім чынам адводзіла чары і злыя помыслы на сухі лес ці паварочвала іх на суседак, старую і маладую ведзьмаў. Усё гэта рабілася ў глыбокай тайне ад мужа.
Цётка Іраіда таксама не драмала. Трэскі і зламаныя запалкі яна не збірала. А каб абараніцца ад суседкі, па яе глыбокім перакананні, вядзьмаркі, кожную раніцу пачынала з таго, што мыла шырокія прыступкі ганка гарачаю вадою з содай. Рабіла гэта ў любую пару года і ў любое надвор’е. У халодны час ад прыступак падымалася густая пара.
* * *
Цётка Іраіда выбрала будзённы дзень, каб на могілках было менш людзей. Прайшлася ўздоўж аднаго і другога раду магілак, ля некаторых спыняючыся. Ёй трэба было знайсці тры няпарныя магілы. Задача не складаная. Калі помнік ад мужа ці ад жонкі, а побач пустое месца, значыць, другая палова яшчэ на гэты бок жыцця. Цётка Іраіда, азіраючыся, левай рукой узяла і паклала ў насоўку па шчопцю зямліцы з кожнага выбранага ёю насыпу, зладзеявата схавала вузельчык у кішэню. Праз нейкі час яе можна было бачыць на другіх, старых гарадскіх кладах. Жанчына спынялася каля запушчаных, парослых быльнягом магіл з паваленымі крыжамі. Нарэшце знайшла, што хацела: крыж ляжаў акурат уздоўж магільнага насыпу. Цётка Іраіда дастала паперыну – памяць яе ўжо падводзіла, – насадзіла на нос акуляры: трэба адшчыкнуць – было пазначана там – кавалачкі спарахнелай драўніны з трох канцоў крыжа і той яго часткі, што засталася ў зямлі. Пасінелымі пазногцямі старая ўпілася ў нежывую драўніну…
Занавесіўшы фіранкі на кухні, зачыніўшы на ключ дзверы, цётка Іраіда перацірала ў пальцах трухлявую драўніну, перамешвала яе з зямлёю, хукала, шаптала… Апоўначы яна нячутна выйшла з хаты, цёмнай зданню падкралася да суседчыных градак, рассыпала парахно па градцы з памідорамі. “Няхай не вельмі радуецца, – помсліва падумала яна пра суседку. – Гэта ж трэба дадумацца: у царкву праваслаўную ходзіць, а на парог пад ходнік падсыпае нейкі попел, каб ёй вочы засыпала. Але не на тую напала, вылезе ёй бокам. Сёе-тое ведаем і мы.”
Раніцай прайшоў спорны дождж.
* * *
Восіп Янавіч асілкам ніколі не выглядаў, але асаблівых клопатаў са здароўем дагэтуль не меў. Іншы раз даймаў радыкуліт ды на чарговым медыцынскім аглядзе дактары напаміналі пра печань. Гадоў дваццаць запар ён ездзіў у санаторыі ці на курорты. За здароўем сачыў. Але тут раптам ні з таго ні з сяго адчуў сябе зусім кепска. Урач хуткай, адно глянуўшы, вымавіў страшнае слова – “вадзянка”. Усё гэта было як гром з яснага неба. Восіп Янавіч настойліва змагаўся з нямогласцю. Атрымаўшы першую групу інваліднасці, ён звольніўся, нарэшце, але дома не сядзелася. Уладкавацца з першай групай нават на самую лёгкую працу было немагчыма. Зноў выручыў Пётр Аляксеевіч – для Восіпа Янавіча знайшлося месца начнога вартаўніка ў гарадской мэрыі. Праца не такая і лёгкая для хворага чалавека, але ж да пенсіі ды інвалідных дадавалася яшчэ нейкая капейчына, харчовыя пайкі ў спецыяльных магазінах – як інваліду і як работніку адпаведнай установы. Восіп Янавіч зрабіўся заядлым парыльшчыкам, з яго прыходам у лазню парыльня вычышчалася, прасушвалася, напаўнялася пахамі траў.
Чалавек моцна трымаўся за жыццё, а бязлітасная хвароба брала сваё. Так прайшоў год і другі… Гаспадар не мог, як раней, спрытна прабірацца між галін сваёй грушы-карміцелькі, а толькі з лесвіцы асцярожна, няспешна абіраў плады. Ён усё больш худнеў, цішэў, пацягнуўся да Бібліі. Груша, нібы вінаватая перад ім, шчодра пладаносіла на здзіўленне, на зайздрасць усім. Восіп Янавіч, нягледзечы на цяжкую хваробу, яшчэ пільней сачыў, каб не завялося ў дрэве дупло, не паламаліся пад цяжарам пладоў галіны, не пайшлі расколіны. Часта ў цёплую пару ён цэлымі днямі, як некалі састарэлая цешча, сядзеў пад дрэвам, думаючы пра сваё.
Гаспадара не стала зімою. Незадоўга перад гэтым Паліна Фёдараўна ўгаварыла мужа зрабіць рамонт: майстры пабялілі сцены, пад трафарэт зноў распісалі іх сінімі касачамі па зялёным полі.
Таго ранку Восіп Янавіч моцна напаліў печ, лёг адпачыць у свежую, да блакіту падсіненую пасцель, і ціха адышоў з жыцця.
Магчыма, ён не зрабіў гэты свет лепшым, але ж і дрэннай памяці пасля сябе не пакінуў. І толькі адно не ўлічыў Восіп Янавіч, як гарадзіў кухню, рабіў разам з зяцем веранду і прыбудову да веранды: труна не зможа прайсці столькі паваротаў. Яе прыйшлося падаваць праз шырокае акно. У тое самае акно, з якога ён любіў назіраць за сваёй квітнеючай грушай.
Той вясной, першай вясной без гаспадара, груша распусцілася позна і доўга не зацвітала, нібы асцерагалася нечага.
* * *
Пасля смерці мужа Паліна Фёдараўна ўсё часцей думала пра тое, як падзяліць двор. Агарод да гэтага часу быў падзелены, кветнік падзелены, дрэвы падзелены і перадзелены. І толькі двор… Нешырокі мурожны дворык… Канапка Звягічаў за два крокі ад яе, Паліны Фёдараўны, канапкі. А сядзець побач з гэтымі ведзьмамі… Старая Іраіда, нарэшце, на пенсію пайшла, дома часта застаецца. Пабачыць Паліна Фёдараўна, што суседчына канапка вольная – хапае кулёк з семкамі ці шытво – і подбегам пад грушу.
Хто першы – той і пан. Адлучыцца на хвіліну па нейкай патрэбе – і ўсё прапала: ляжыць твае шытво як міленькае, а побач суседка з акулярамі на носе. І павітацца нельга – замнога гонару будзе. І маўчком нязручна, не дазваляе нешта. А то яшчэ, не дай Бог, Іраіда загаворыць, мірыцца ўздумае на старасць. “Я з ведзьмамі не сварылася ніколі і сварыцца не збіраюся, – апраўдвала сябе Паліна Фёдараўна. – Няхай яны па гары ходзяць і сонца не бачаць. Вось каб зусім адгарадзіцца… Каб і духу іх не было на маім двары. Каб не бачыць іхніх ануч ды галёшаў. Каб не мазолілі вачэй ні старая ведзьма, ні яе блудніца, яшчэ большая ведзьма. Але ж і ўзнагародзіў Сатана здароўем!..”
Здароўе суседак было пастаянным клопатам Паліны Фёдараўны, яе галаўным болем. “А хоць бы кашлянула якая! – дзівілася жанчына. – Маладая ведзьма і ў пяцьдзесят як дзеўка. Не нараджала, паскуда, ніколі. Усё бегаюць, мятуць-перамятаюць… Сядзелі б ужо, няшчасныя. Ні адзін мужчына не вытрываў. Так вам і трэба!! Папытаць бы ў людзей, з кім маладая блудзіць...”
* * *
Сваім запаветным, апошнім у жыцці жаданнем Паліна Фёдараўна падзялілася з дачкой і зяцем. Зяць Валянцін па-ранейшаму радаваў, апраўдваў усе яе спадзяванні. Калі б Паліну Фёдараўну спыталі, які ў яе зяць, яна адказала б адным словам – разумны. У аспірантуру Валянцін не пайшоў. Пасля вучобы выкладаў у вучылішчы, браў начныя дзяжурствы ў бальніцы, прыглядаўся да жыцця. Кожнае лета ездзіў на заробкі і ў брыгадах будаўнікоў лічыўся светлай галавой. З дапамогай падручных сродкаў, маючы адно вяроўкі і бярвенні, хлопцы пад брыгадзірствам “доктара” клалі пліты перакрыццяў і нямала эканомілі на кране. Кватэру Валянцін атрымаў па-за чаргой неўзабаве пасля таго, як даслаў на адрас чарговага “гістарычнага” партыйнага з’езду пажаданні плённай працы і адначасова просьбу дапамагчы ў вырашэнні кватэрнага пытання. Сваімі рукамі зрабіў рамонт. Праз год-другі пабудаваў лецішча, купіў патрыманы аўтамабіль. Падымацца вышэй угору на ўласных нагах было проста немагчыма. Валянцін зразумеў, што “ў нас” сумленна грошы не заробіш, а з законамі жартаваць не варта. Яшчэ ў часы Саюза ён – на той час даволі малады чалавек – “падышоў” да адказнай жанчыны з Міністэрства замежных спраў. На гэта таксама меў талент. Зноў жа змог пераканаць у неабходнасці такога кроку цешчу і цесця. Тыя гадоў пяць гадавалі ўнука, а маладая пара нядрэнна зарабіла, працуючы ў пасольстве далёкай лацінаамерыканскай краіны.
Валянцін ва ўсім глядзеў далёка наперад. Ён прадбачліва падтрымліваў адносіны з аднакурснікамі, што прыехалі ў гэты палескі гарадок – некалі спатрэбяцца. Ён настойліва раіў цешчы, у якой не было нават медыцынскай карткі, часцей наведваць паліклініку, каб пры першай магчымасці атрымаць групу інваліднасці. Нават дыягназ прыдумаў. Як можна было Паліне Фёдараўне пасля гэтага не захапляцца зяцем.
Пасля замежжа Валянцін доўга падбіраў працу. У адным месцы не бралі – стары (гэта у сорак гадоў!), у іншым – заробак курам на смех. Паспрабаваў быў у прыёмным пакоі хуткай дапамогі – рэзаных і колатых ран было многа, а вось зялёных паперак ад мясцовых мафіёзі (як думалася) было няшмат. А пагрозаў, наадварот, хапала. Нарэшце, Валянцін пачаў сваю справу і не прагарэў, як многія, а хутка пайшоў уверх: пабудаваў хароміну пад горадам, займеў прэстыжную машыну… Сядзіба цесця, прыватызаваная яго, Валянціна, клопатамі, падабалася заўсёды, і заўсёды, амаль што з першага прыезду, ён лічыў яе сваёю. Для пачатку можна прапісаць сына, пасля… Звягічы не вечныя, а свае людзі ў горадзе ёсць. Тады ці прадаць, ці самому пажыць, пагадаваць унукаў. Дом прастаіць яшчэ два вякі.
Валянцін па сваіх фармацэўтычных справах нярэдка прыязджаў са сталіцы ў цешчын палескі горад, яму патрэбен быў гараж – і дабротны цагляны гараж хутка вырас пад самымі вокнамі. Ён выходзіў проста на вуліцу. Адпаведна з’явіліся і новыя веснічкі, і асобная, выкладзеная пліткаю сцежачка да асобнага ўвахода. Хоча цешча падзяліць двор?! Чаму б і не.
Валянцін перамераў раз-другі дворык, закапаў радок бетонных слупоў. Пасля гэтага Паліна Фёдараўна папрасіла пассякаць на “чужой” тэрыторыі свае вішні, бо для перасадкі яны ўжо не былі прыгодныя. Звягічы не засталіся ў накладзе: зрэзалі дзве “свае” антонаўкі на палавіне Паліны Фёдараўны. Груша, як ні мудраваў Валянцін, пры падзеле двара засталася на тэрыторыі Звягічаў.
А тое, што на чужой зямлі – не сваё. Глядзець на “сваё” з акна – хто вытрымае? Шкада было Паліне Фёдараўне грушу, але і сябе шкада. Як уявіць толькі, што ведзьмы-суседкі ласуюцца яе пладамі, – ночы не спіць, ажно сэрца разбаліцца. Бог з ім, рашылася Паліна Фёдараўна нарэшце. Хай лепш нікому, чым злыдням яе груша застанецца. Трэба толькі, каб засохла на корані, перш чым спілаваць: і на душы спакайней, і перад людзьмі апраўданне.
Разоў колькі, крадком прабраўшыся на “чужую” тэрыторыю, вылівала Паліна Фёдараўна пад дрэва вядро з кіпенем. Не дапамагло. Груша як стаяла, так і заставалася стаяць. Хацела жанчына лінуць вядро-другае керасіну, але ж пабаялася, што ўчуюць, заразы насатыя, па вуліцы разнясуць.
Як гэта бывала часта пасля смерці мужа, Паліна Фёдараўна патэлефанавала зяцю, параілася. Той узважыў усе “за” і “супраць”. “Прыхамаць старога чалавека. Колькі ёй таго жыцця засталося. Ды і часу шкада важдацца па рынках са скрынямі. У самога сад падымаецца,” – заключыў Валянцін.
– Добра, – перазваніў цешчы праз некаторы час.
– А як? – спытала Паліна Фёдараўна.
– Не разумею вас, мама…
– Як яе?.. (Паліна Фёдараўна, доўга шукала слова.) Як яе… умярцвіць?
– Не хвалюйцеся, нешта прыдумаем. Гэта па маёй прафесійнай часці.
“Які добры, які чулы ў мяне зяць!” – у каторы раз парадавалася жанчына. – Выпала ж такое шчасце дачцэ. Усё за мае малітвы. Як я перад Богам чыстая, то і мне Бог дае. А гэтыя клятыя паскудніцы-суседкі няхай задушацца ад зайздрасці. Ніколі нага вартага мужчыны не пераступіць іхні парог. Каб жа яшчэ на старасць даў Бог маладой ведзьме забулдыгу, які б вакол хаты абедзвюх ганяў. А то ўжо вельмі нос дзяруць.”
Зяць прыехаў у пятніцу нанач. Зранку папрасіў прасачыць, калі суседкі пакінуць дом. Старая неўзабаве, наладаваўшы кошык ранняй зеляніны, пацягнулася на рынак, маладзейшая, разадзетая і напарфумленая – недзе па сваіх жаночых справах. Валянцін знайшоў у кладоўцы цесцеў дрыль, наладзіў яго: замацаваў тонкі даўжэзны свердзел, разматаў шнур і ўставіў вілку ў разетку. Падышоў з дрылем да дрэва. Доўга абмацваў кару, прыглядаўся. Дрыль загуў, завыў – пабегла белая кроў. Тры дзіркі – зверху ўніз, пад нахілам – прасвідраваў Валянцін па крузе. Пасля гэтага дастаў велікаваты ветэрынарны шпрыц з мутнавата-зялёнаю вадкасцю-атрутай, цыркнуў атрутай у кожную адтуліну. Каб смертаносная вадкасць не выпарылася ды суседкам нічога не кінулася ў вочы, дзіркі акуратна замазаў глінаю, а пасля зверху і лапікі кары прыладзіў, прайшоўся ля камля бярозавым венікам-дзеркачом.
– Усё, – пажартаваў, – да зімы кліент не працягне, тыдні два-тры засталося.
– Дзякуй, Валік, – з удзячнасцю паглядзела на зяця Паліна Фёдараўна. – Так мне на сэрцы спакайней будзе.
– У канцы лета я пад’еду, прыбярэм з двара, уладкуем, – паабяцаў зяць.
* * *
Груша гінула марудна і балюча. Атручаныя жыватворныя сілы зямлі працялі цела, напоўнілі зеляніну мёртвым сокам. Бліскучыя далонькі лістоў пайшлі плямамі-рабаціннем, пасля пачалі закручвацца, згортвацца. Цяпер замест здаровага шуму чуўся нейкі нежывы, бы скарга, халодны шоргат. Ад дрэва ішоў нездаровы нікацінавы пах. Адразу прапалі пчолы і чмялі. Птушкі нават не набліжаліся да паміраючага дрэва. Было ўражанне, што і сам вецер канаў у нямеючых галінах.
Груша гінула маўкліва. Калі б яна магла толькі расказаць людзям усё, што перажыла, пабачыла за сваё жыцце!.. Мо тады чалавек з дрылем, што гладзіў яе кару халоднымі далонямі, не зрабіў бы сваёй чорнай справы. Не ўпіўся б у цела пякучы свердзел, не вар’яцела б яна, маючы глыбокія карэнні, ад пякучай смагі.
Груша была пасаджана на радасць. Немалады чалавек з напаўсівою кучараваю барадою прывез дрэва ажно з варшаўскага рынку, калі ў яго нарадзіўся доўгачаканы першынец-сын. Мужчына доўга мудраваў над свежавыкапанай ямкай, шаптаў, шчаслівы, заклінанні, паўтараючы нязменнае “на ўсякага долю…”
Дрэва прыжылося адразу, хутка запладаносіла, а скупаваты гаспадар – дзівіліся людзі – зазываў з вуліцы мясцовую басаногую дзятву, каб пачаставаць салодкімі нябачанымі ў гэтых краях грушамі. Той гаспадар паспеў убачыць, як гуляюць пад кронаю дрэва яго ўнукі.
Былі і галодныя гады, калі паспявалі толькі тыя плады, што гайдаліся на недасяжнай верхавіне.
Быў холад, але людзі ніколі не секлі жывыя пладовыя дрэвы. Бачыла груша смерць: перад ёю са звязанымі за спіной рукамі стаялі людзі, якіх яна добра ведала. У целе грушы, на ўзроўні чалавечых грудзей, заселі іржавыя кавалкі металу…
А зараз груша гінула… Жыццё, што давала зямля, нямела ў галінах і лістоце. Груша – сама жыццё – цяпер рабілася атрутным дрэвам.
Яе сілаў хапіла на тры тыдні пакутлівага адыходу.
– Не можа быць! – дзівіліся суседзі, праходзячы ўздоўж высокага дома.
– Яно ж і дрэва разумее. Адышоў гаспадар, то і яно не жылец. Следам стала марнець, – тлумачыла Паліна Фёдараўна цікаўным і з глыбокім уздыхам дадавала: – А можа, хто і падліў якой гадасці. Свет такі цяпер пайшоў, што нікому верыць нельга. Шкада, але што ты зробіш…
Валянцін прыехаў у жніўні. Прыйшоў, адчуўшы добрую чарку, аптыміст і жыццялюб дзядзя Ваня з суседняга дома. Мужчыны, задзіраючы галовы да неба, доўга мудравалі, як зваліць дрэва так, каб яно не зачапіла, падаючы, правады электралініі, не павыбівала вокнаў, не нарабіла іншай бяды. Нарэшце Валянцін рашуча секануў да звону навостранай на цесцевым станку сякерай. Адышоўся, удыхнуў свежае паветра злёгку пахмурнага жнівеньскага дня і зноў узяўся за працу. Праз некаторы час падрэз быў гатовы. На ўсякі выпадак мужчыны, параіўшыся, зацягнулі пятлю пад верх ствала, а другі канец тоўстай вяроўчыны-вужышча прывязалі да бетоннага слупа загароджы. Затарахцела бензапіла – шуганула пілавінне. Дрэва ўздрыгнула, зарыпела і марудна нахілілася долу. Мужчыны глядзелі, крыху адышоўшыся. Цяпер ужо нельга было нічога зрабіць, нічога паправіць. Усе чакалі ўдару, падзення дрэва на зямлю, унутрана сцяўшыся, затаіўшы дыханне. З акна баязліва выглядвала Галіна і яе дванаццацігадовы сын Мікітка. Маці ўспомнілася, як яны з Мікіткам нядаўна шукалі ў бярозавым гаі ля горада дрэва з нарасцю-бародаўкай на кары. Усе, што створана прыродай, была пераканана жанчына, верх дасканаласці. Яны з сынам доўга шукалі бародаўчатую бярозу і не маглі знайсці: пападаліся ўсё больш гонкія, гладкія, беластволыя. Дрэва знайшлі ў нізінцы: дзве бярозы раслі з аднаго кораня, і ў адной з іх на ўзроўні вачэй меўся зеленаваты нарост. Бяроза была высокая і даволі таўсматая. Як яно падала, першае наўмысна падсечанае ёю, жанчынаю, жывое дрэва!.. Галіна чакала гулкага ўдару, а бяроза лягла-выцягнуляся амаль бязгучна: мяккія галіны і мох прыглушылі ўдар аб зямлю, згладзілі сутаргі жывой істоты. Дрэва адразу застыла, супакоілася. Напярэймы з сынам, расчырванелыя, усхваляваныя, яны зрабілі яшчэ два рэзы нажоўкаю, і такі жаданы сувенір быў у руках…
Усе чакалі падзення. Усе ведалі, што зямля не расступіцца, не пойдуць расколіны. Але ўсім было чамусьці вусцішна, не па сабе.
Зямля пад дрэвам толькі глуха прастагнала...
Узрушаная, выбегла з хаты Галіна, выбег Мікітка. Па дрэве можна было хадзіць, яго галіны – пераступаць. Мікітка даўно марыў паглядзець, што за гняздечка там, у недасяжнай вышыні. Цяпер ён мог узяць яго ў рукі. Гняздо аказалася нежылым, птушка даўно сцуралася яго.
Мужчыны ў чатыры рукі ўзяліся за сякеры, гахкалі, кракталі.
Галіны, тыя высокія галіны, што былі даступны толькі ветру, кветкам да матылям, безжыццёва ляжалі на зямлі. Назменку трашчала бензапіла і звінела цыркулярка, цёхкалі сякеры…
З драўнінай Валянцін разабраўся па-гаспадарску. Вецце і верхавіну – на дровы. Астатняе, тут жа пераладзіўшы цыркулярку, распусцілі на дошкі. Тыя, што сукавацей ды гарбылі, – на загароджу. Дзесяткі паўтара самых лепшых дошак Валянцін, беражліва пераклаўшы папярэчнікамі, каб не пакрывіліся, паклаў пад павець у дрывотні. Задаволена падумаў: “Пратраўленую і сухую драўніну ніякі шашаль не возьме. Калі і паляжыць год-другі. І ў зямлі не хутка згніе.” Валянцін, як і заўсёды, глядзеў наперад. Цешчы, каб дасягнуць узросту нябожчыцы-маці, заставалася паўтара гады.
* * *
Загароджа атрымалася моцная. Вышыня – пад два метры. Нават шчыліны, як і прасіла Паліна Фёдараўна, Валянцін забіў абрэзкамі. І ніякіх веснічак.
– Ну, цяпер я магу ў адной сарочцы па двары сноўдацца,– нявесела пажартавала Паліна Фёдараўна. – Эх, каб жа гадоў на дваццаць раней! Столькі прамучылася з гэтымі ведзьмамі на адным двары, столькі прыкрасцяў вытрымала! Каб хто толькі ведаў! Затое хоць перад смерцю пажыву спакойна.
* * *
Звузіўся двор, звузіўся свет. Пастарэлі, яшчэ больш угнуліся жанчыны ў сваіх дварах-клетках. Згніў, спарахнеў пянёк грушы, не даўшы памаладкаў. Але недзе ў зямлі, схаваная ад сквапных позіркаў людзей, груша ўсё ж жыла. Зусім нечакана прарасла яна за глухім тынам, якім быў адгароджаны двор Казюкоў ад нічыйнага цяпер, некалі панскага, пасля нейкага ведамаснага саду, цалкам здзічэлага, непрыгледжанага, з сухастоем і напаўжывымі састарэлымі яблынямі. Груша нібы ўцякла-схавалася ад людзей, ад дзвюх састарэлых, адзінокіх, заклапочаных дробезямі жыцця жанчын. (Маладзейшая, трэцяя, усё ж уладкавала асабістае жыццё, сцураўшыся хаты.) Адна і другая суседкі цяпер часцей за ўсё сядзяць на прыступках кажная свайго ганку. У змрочных дворыках не засталося незацененага месца для старамодных канап. Ды і паветра там нейкае застоенае, як і ў пакоях гэтых на цяперашні час глыбокіх бабуль.
На Паліну Фёдараўну колькі часу таму абрушыліся няшчасці, адкуль іх не чакала ніколі: зяць з дачкою пачалі сямейныя разборкі. Галінка прыязджала, плакала. Што магла сказаць маці: “Маўчы, дзіця, з усіх сіл маўчы і цярпі. Ты ж сама ведаеш, хто вінаваты, каб ім свету белага не бачыць,” – і ківала ў бок суседзяў.
І з аднаго, і з другога ганку не бачна суседская палова двара. Але з аднаго боку суцэльнай дашчатай перагародкі ўвесь час стаіць дабітая табурэтка, з другога – услончык-інвалід, некалі як цацка, а цяпер аблуплены, з пачарнелым верхам. Магчыма і такое, што заклятыя ворагі, калі гэтаму дазволяць адпушчаныя ім Богам дні, сутыкнуцца нос у нос і зазірнуць адна другой у вочы. І можа, глянуць адна на другую па-іншаму, чым раней. Хто ведае?..
А на маладзенькай грушы за тынам сёлета з’явіліся першыя ўпэўненыя гронкі квецені. Квецені маладой і чыстай, якая не асыпалася пасля начных замаразкаў. Маці-зямля прыняла, пахавала ў сабе, зрабіла зямлёю магутныя некалі атручаныя карані і дала жыццё кволаму парастку.
Ці вырастуць на маладзенькай грушы такія ж дзіва-плады, ці заставацца ёй назаўжды пустацветам альбо гайдаць на сваіх руках галінках парэпаныя, атручаныя, ні на што не прыгодныя плады – пра гэта скажа час.
МАЕ ТАПОЛІ
ЧЫСТЫЯ ПРОСЦІНЫ
– Тата! – паклікала дачка з вітальні.
– Грошы закончыліся ўчора вечарам, на працягу бліжэйшага тыдня паступленняў у сямейны бюджэт не прадбачыцца, – папярэдзіў я верагодную просьбу.
– Я не пра грошы.
– Тады слухаю.
Вераніка круцілася перад люстэркам. Сяброўкі нешта доўга не заходзілі і ў “малой” аказаўся прагал у распарадку дня.
– Можаш мяне павіншаваць, твая дарослая дачка мае намер добрасумленна выканаць свой грамадзянскі абавязак, – гулліва павярнулася на абцасах, правяла масажнай шчоткай па густых каштанавых валасах Вераніка.
Як я мог забыць!.. Дзіця ўпершыню збіраецца на выбарчы ўчастак, а бацька з раніцы нават за “cпрайтам” не схадзіў. Поўны аблом, як кажуць маладыя.
– Віншую. Расці разумнай і здаровай, па святах цешся рыбай асятровай, – пажартаваў я ў рыфму і дадаў ужо на поўным сур’ёзе: – Ад твайго голасу многае залежыць. Не палічы за банальнасць. Падумай.
– Апошнім часам, тата, я толькі гэта і раблю. Не ва ўсім мы аднадумцы, але і сярод вашага пакалення сустракаюцца разумныя людзі, ты, напрыклад, – зрабіла камплімент Вераніка. – А паколькі ў дзень выбараў усялякая агітацыя забаронена, раскажы мне, калі ласка, пра сваё першае галасаванне. Калі памятаеш, вядома.
– Чаму ты гэтак дрэнна пра бацьку думаеш? – як бы нават абурыўся я. – Памятаю, і доўга яшчэ буду памятаць.
– Ну і ?..
– Галасаваць, каб табе не зманіць, я пачаў гадоў мо з пяці.
Вераніка недаверліва хіхікнула. Мабыць, успомніла мае, расказаныя ёй яшчэ ў дзяцінстве, небыліцы пра службу ў войску Чынгіз-хана ці ў Чапаеўскай дывізіі. Звычайна, яны пачыналіся так: “Вось калі я жыў у Афрыцы (Амерыцы, Аўстраліі...).” Калі без падману, у мяне да гэтага часу няма замежнага пашпарта і,чаго далёка хадзіць, нават ад бою Крамлёўскіх курантаў я заўсёды атрымліваў асалоду выключна праз сродкі масавай інфармацыі. Але не пра гэта размова.
– За каго ж ты галасаваў у... адна тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят другім годзе? – запыталася дачка, працягваючы гульню.
– Чалавеку пяць гадоў...
– Ты ж расказваў, што ў семнаццатым на Балтыйскім флоце пракламацыі распаўсюджваў сярод матросаў.
– Ну, то ў семнаццатым, – усміхнуўся я. – А з самага пачатку і да канца шасцідзесятых мы галасавалі разам з маёй бабуляй Фросяй, вечная ёй памяць.
– Як гэта? – не зразумела дачка.
– Дарэмна не верыш. Я ж табе расказваў, што жыла наша сям’я ў той час на хутары. Бацькі, як і маладзейшыя з вакольных хутароў, хадзілі самі на выбарчы ўчастак, а тым, хто пажыў на белым свеце, упаўнаважаныя, каб вызваліць сабе другую палову дня, прывозілі скрыню з самай раніцы. Тады ж, дарэчы, я даведаўся ўпершыню, што бабулі таксама маюць імёны. Дзядзька ў галіфэ расшпіліць партфель, начэпіць на нос акуляры: “Та-а-а-к. Ефрасіння Прохараўна? – Ага, ага, – згаджаецца бабуля, сумеўшыся, і ўвесь час не перастае выціраць рукі фартушком. Тут я ўжо свайго не праміну: “Бабулечка, дай я ўкіну. Ну, калі ласка!”
Бабуля на ўсякі выпадак глядзіць на чалавека ў галіфэ і, атрымаўшы ад яго маўклівы дазвол, перадае лісткі мне. Я складаю паперкі ў дзве столкі, апускаю іх у шчыліну скрыні. Нічога цяжкага. Цікава толькі, чаму дзецям не даюць галасаваць. Вось каб і за бабулю, і за сябе яшчэ...
– Зараз ты скажаш, што і крыжыкі за бабулю ставіў у ведамасці, – падкузьміла дачка.
– Ну ты і даеш! – прытворна здзівіўся я. – Дык жа цяпер кожнаму пяцікласніку вядома, што яшчэ ў канцы саракавых апошні паўналетні грамадзянін рэспублікі вывучыў алфавіт. Распісваўся, вядома, чалавек з партфелем. Так што наконт крыжыкаў ты перабольшваеш. Гэта ж не пасля грамадзянскай, калі мяне, як былога навучэнца гімназіі, абавязалі ўзначаліць валасны камітэт па ліквідацыі непісьменнасці.
Дачка звыкла заўсміхалася. Дарослая, яна разумела цяпер, што падобнае – усяго толькі адзін з прыёмаў зацікавіць яе гісторыяй, навучыць весці дыскусію і не праглынаць бяздумна цэлыя параграфы пад якім бы там ні было соусам.
– Хочаш, я скажу, за што выгаласавалі з Ефрасінняй Прохараўнай, – прапанавала Вераніка.
– За што?
– За светлае будучае, за непарушнае адзінства камуністаў і беспартыйных.
– Як у ваду глядзіш.
– Нейкія ж прозвішчы тое адзінства мела, – глыбакадумна заўважыла Вераніка. – Не магло ж яно быць поўнасцю безаблічным.
– Якія такія прозвішчы?! Выбіралі лепшых з лепшых, самых сумленных, самых непахісных. Нашыя слугі народныя начэй не дасыпалі, клапаціліся, каб мы з хлебам былі, каб і масліца, і тваражку, і мяса па кавалачку дзецям на свята. Клапаціліся, каб мы жніво ў час пачалі, каб бульба ў зямлі не зімавала.
– Ты забыўся сказаць, каб пенсію своечасова атрымлівалі.
– Уга, і каб пенсію, і каб вайны не было...
Пачуўся званок, і ў праёме дзвярэй я заўважыў Рамана, аднакурсніка Веранікі, які пасля кожнага сумеснага культпаходу на дыскатэку, набываў у вачах дачкі ўсё болей станоўчых якасцей. Расце “малая”. І добра. Яе час. Я, саракапяцігадовы, для Веранікі жывая гісторыя. Іншы раз і спрачацца спрабуе. Жартам, як і сёння, не адбудзеш. Два курсы гістарычнага факультэта за плячыма. Хоць, калі па-праўдзе, то і няма асаблівай ахвоты ўспамінаць той дзень...
* * *
Адзін з аддаленых участкаў ПМК – перасоўнай механізаванай калоны. Практыка пасля заканчэння прафесійнага вучылішча. Лета. Паржавелыя вагончыкі на ўскрайку вёскі з салодкай назвай Малінаўка. Мы, маладыя механізатары-практыканты, “лётчыкі”, па вызначэнні прараба. Нарэшце можна ўздыхнуць свабодна, пазбавіўшыся ўедлівага вока майстроў ды выхавацеляў, пацешыцца даўгачаканай самастойнасцю.
Малінаўка сустрэла без асаблівай радасці: прараб бубніў пра лішнюю мароку, вопытныя трактарысты не выказвалі жадання “замацоўвацца” за практыкантамі, экскаватаршчыкі ад памочнікаў адмовіліся рэзка і катэгарычна – з іх здымаліся б усе даплаты.
Распешчаным інтэрнацкімі выгодамі “лётчыкам” больш за ўсё не да густу прыйшліся заскарузлыя байкавыя коўдры. Зашмальцаваныя настолькі, што даўно згубілі ўсякі колер. Тое ж, што называлася просцінамі, не ішло ні ў якое параўнанне з дабротнымі анучамі падначаленых разваротлівага вайсковага службіста-старшыны. Гэтыя прасцірадлы мелі шэра-графітны колер па ўсёй сваёй шырыні. Калі толькі іх мянялі апошні раз?! Адно добра: нашэсце насякомых не пагражала. Любы прусак, любая блошка спруцілі б імгненна ад аднаго паху саляркі і бензіну, перамешаных з пахам поту, тытунёвага дыму і яшчэ немаведама чаго. Хлопцы – у ваганчыку нас атабарылася трое – без асаблівай ахвоты залезлі пад коўдры-панцыры. Я завагаўся на некаторы час, але што было рабіць. Затаіў дыханне, лёг, выдыхнуў і патроху паспрабаваў уцягнуць у сябе паветра. Сон наваліўся хутка. Заўтра-паслязаўтра было ўжо і не так страшна. Пералом адбыўся: мы – рабочы клас, і пляваць хацелі на ўсіх, хто ў чыстай кашулі і пры гальштуку. Мы – самастойныя людзі: можам валяцца на ложку ў “камбезах”, можам піць нараўне з сямейнымі механізатарамі дабытую ”халтурай” самагонку. Піць, перамагаючы агіду, крывячыся. Закусваць пажаўцелым салам, мяккім, падталым, са слядамі мазуту ад нямытых рук. Раніцай балела галава ці то ад выпітага, ці то ад вагоннага чаду – адчыніць фортку не давала камарэча.
Напэўна, мы паступова пакрываліся панцырамі і ў пераносным сэнсе. Стома летняга дня, абеды і вячэры “хлеб ды сала” – усё гэта брала сваё. Мужчыны з суседняга вагончыка, старэйшыя ў два, два з паловай разы – іншы раз яны заставаліся, каб, спаслаўшыся на вытворчыя абставіны, перакуліць сотку-другую – пацвельваліся з нас недарэмна: і адзін, і другі раз ім давялося забаўляць вясковых дзяўчат-непаўналетак, што прыходзілі пад вокны нашага жытла ў надзеі на ўвагу і пашану. “Бабы” нас не цікавілі. Пра кіно і танцы размова таксама не заходзіла, нават радыё бубніла толькі каля прарабскай. Хрыплаваты голас дыктара час ад часу напамінаў пра набліжэнне выбараў. За тры дні да назначанай даты на слупе ля “штаба” закрасавалася аб’ява, выкананая плакатным пяром па ўсіх законах жанру.
– Чыталі, “лётчыкі”? – завярнуў прараб у нашу “рэзідэнцыю”.
Прарабу было гадоў дваццаць пяць. Высакарослы, з цёмнымі кучаравымі валасамі, з заўсёднаю грымучаю звязкаю ключоў на ланцужку. Характарам грубаваты і самаўпэўнены. За вочы на ўчастку яго клікалі Эфіопам і добра-такі пабойваліся, нават старэйшыя, што ўжо казаць пра “лётчыкаў”.
Эфіоп зморшчыў нос, цыркнуў сліной проста на падлогу.
– А шо?– лыпнуў вачыма Гарэлік, мой сусед па ложку, худы і занэнджаны трактарыст-практыкант. Ён працаваў на даўно спісаным, дабітым “да ручкі” гусенічным трактары і спаўна адчуў на ўласнай скуры, што такое фунт ліха з прарабавымі мацюкамі ў давесак.
– Будзе табе “шо”. Колькі гадоў маеш?
– Семнаццаць было ўвесну. А шо?
– А ты? – павяонуўся Эфіоп да Шамшорыка, машыніста бульдозера, дурнага да працы і фанатычна ўлюбёнага ў сваю “тэхніку” маўчуна, даўгавязага і яшчэ больш схуднелага за Гарэліка бязбацькавіча.
– Семнаццаць, – вінавата адказаў той.
– Дзеці, – нават расчараваўся прараб. – Я і не думаў. Усадзіць каторы галаву ці руку куды сабака х... не саджаў, а мне – неба ў клетачку... А ты? – павярнуўся Эфіоп да мяне.
– Васемнаццаць.
– То і глядзі, каб з-за цябе не ўляцела.
– А што?.. Дзе галасаваць? – дапытваўся я.
– Сам разбярыся, сярэднюю адукацыю маеш, – прысароміў прараб. Дзе прапісаны, туды і шнуркуй. А ў панядзелак як штык на работу. Зразумела?
Я матнуў галавою.
– То-та ж.
Прараб выйшаў, моцна грукнуўшы дзвярыма. Праз хвіліну пачулася тарахценне яго дабітага матацыкла, які Эфіоп не рамантаваў, не змазваў і не чысціў невядома з якіх меркаванняў ці проста па прычыне звычайнай чалавечай ляноты. А мо і сапраўды з-за недахопу часу: пра амурныя прыгоды ўчастковага прараба складалі легенды.
Я ўзважыў акалічнасці. На выхадны заставацца на ўчастку не выпадае хоць бы па той прычыне, што будуць шкамутаць бацькоў: дзе я? Яшчэ асцярога: пра няўдзел у галасаванні абавязкова даведаецца, невядома як, наш зампаліт – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, а ад яго літасці не чакай. Можна і без дыплома застацца. Ва ўсякім разе без чырвонага – гарантыя. І апошняе: сала, нават таго вымучанага, засталося як вераб’ю перабіцца на дзень-другі. Выходзіць, трэба ехаць дамоў у тым ліку і за салам. Але дзе ж узяць грошай на дарогу? Апошнія мы з Гарэлікам “праагдамілі” два дні назад. Палучка праз тры дні. Ехаць няма за што. А калі пешшу?.. Іншага выйсця няма. Прама, уздоўж канала, кіламетраў да сарака...
Раніца выдалася росная. Свежае паветра бадзёрыла, уздымала настрой. Некалькі глыткоў вады з выразным пахам бензіну – прачнуўшыся, заўсёды хацелася піць – прыглушылі апетыт. Ішоў, падбіваў кіем каменьчыкі. Павярнуўшыся вакол – каб хоць за вар’ята не прынялі – упаўголаса раз за разам зацягваў нешта ўра-патрыятычнае. Рэпертуару хапіла кіламетраў на дзесяць. Спрабаваў дэкламаваць, але вершы не пайшлі. У горле перасохла, і я зразумеў першую памылку: выбрацца ў такі шлях без вады – што можа быць легкадумней. Яшчэ большае вар’яцтва – не абуць якіх убогіх, ды зручных сандалетаў ці кедаў. Чаравікі, нават растоптаныя, не для дарогі. Ісці ж басанож па зярністаму пяску, густа перасыпаным дробнай, як шрот, галькай, пэўна, было б пад сілу толькі ёгу. Верставыя слупы, чым далей тым болей, перасталі быць саюзнікамі. Адлегласць паміж імі павялічвалася з кожным разам. Сонца падымалася ўсё вышэй і пражыла бязлітасна. Са смагай змагацца не ставала сіл. На беразе я знайшоў трэснуты слоік з-пад нейкай салянкі, пацёр унутры рачным пяском, зачарпнуў вады, абцягнуў гарлавіну слоіка крысом кашулі і, гідзячыся, пачаў смактаць праз тканіну цеплаватую рачную ваду, наталяючы смагу.
Гадзіннік паказваў за поўдзень, калі пайшлі вёскі са знаёмымі назвамі. Яшчэ тры гадзіны і, на апошнім уздыху, свая, родная...
На выбарчым участку ў клубе дзяўчына-бібліятэкарка – незнаёмая, прыслалі нядаўна – доўга вадзіла пальцам уздоўж спіска.
– Вас тут няма, – падняла галаву.
– Як так?! – устрывожыўся я. – Прапісаны ў бацькоў і ніякага адмацавання не браў.
– Ну, ведаеце, унеслі б вас у спіскі, а вы ўзялі б і не прыйшлі.– Дзяўчына заклапочана глядзела на мяне. – Магло б такое быць?.. Як тады? Тым больш, матэрыяльныя сродкі на сувеніры для тых, хто галасуе ў першы раз, таксама разлічаны да капейкі. Так што прабачайце. У вас было права прыйсці на выбарчы ўчастак і пашукаць сваё імя ў спісах. – Апошняе дзяўчына прамовіла завучана-афіцыйна, даючы зразумець, што размова на тым закончана.
– У чым справа, Барыс? Падыдзі сюды, – паклікала да сябе наша былая дырэктарка, старшыня камісіі.
Я пераказаў сітуацыю.
– Давядзецца занесці цябе ў дадатковы спіс. Бяры лісты...
На душы было пуста. У каторы раз адчуў сябе недаросткам, не вартым аніякай увагі “фабзайцам”, у спіну якога, хто са спачуваннем, хто з іроніяй – а лічыўся ж лепшым вучнем у класе!– глядзелі былыя настаўнікі і “канторскія крысы”. Асабліва прыкрым гэтае пачуццё было тут, у роднай вёсцы...
* * *
– А ці памятаеш ты прозвішча свайго першага выбранніка? – пацікавілася Вераніка .
– Пра што ты гаворыш!..
– Дзіўна. Памятаеш, як падбіваў каменьчыкі, нават як у Луначарскага на прыёме быў памятаеш. А прозвішча свайго першага дэпутата – і забыў. Бяры прыклад з маладога пакалення.
Вераніка амаль даслоўна пераказала біяграфічную даведку вядомага ў акрузе прафсаюзнага дзеяча.
– Ну-ну, пабачым, што ты скажаш гады праз два,– не падзяліў я аптымізму дачкі.
– Тое ж і скажу... А што, простыні такімі і засталіся? – перавяла гаворку Вераніка, не жадаючы на гэты раз пачынаць дыскусію.
– Памянялі. А то як жа! І “Бураціна” скрыню ў сталоўку завезлі, і каўбасы таннай, і просціны памянялі. Яшчэ напярэдадні выбараў. Прачынаюся на другі дзень, а на белай просціне – адбітак накшталт колішняга знака якасці, бо спаў на спіне з раскінутымі рукамі. А ў Гарэліка – наогул нейкі зігзаг. Той заўсёды на баку скурчыцца, ногі пад сябе падцягне, так і спіць, толькі губамі ў сне цмокае па-дзіцячаму. У аднаго Шамшорыка роўная паласа пасярэдзіне. Рукі да бакоў прыцісне, пальцы здавіць, толькі плячыма ўніз-уверх водзіць, нібы рычагі на сябе цягне. Добры быў хлопец, паўтары нормы яшчэ практыкантам даваў. Дваццаць гадоў на гусенічных адбухаў. Цяпер вось каторы год на дыеце, на аўсянцы.
– У адстаўцы? – не зразумела дачка.
– І ў адстаўцы, па стану здароўя. Прабадная язва ў няпоўныя сорак. Медалямі, нават ордэнам узнагароджаны. У Маскву на з’езд пасылалі. Дэпутатам выбіралі на два тэрміны запар. У раённы савет...
АДЛУЧЭННЕ
Адлучэнне. У нас, на Драгічыншчыне, гэтак называюць працэдуру, калі падрослае цялятка забіраюць ад маці і пераганяюць у іншую загарадку, бо, калі даць малому волю, давядзе бедную рагулю, што тая з цягам часу і на ногі не падымецца. Чуў і пра іншае значэнне гэтага слова. Неяк у меру падпіты дзед Антоній, заўсёдны гаварун і аптыміст, у кампаніі маладзейшых мужчын на пытанне, як спіцца яму са сваёй Марыляю, з глыбокім шкадаваннем адказаў: “Якое там... З вясны адлучыла”.
Не. Не ўваходзяць у мае планы глыбокія лінгвістычныя даследаванні. І ўсё ж сказ пойдзе пра адлучэнне. Пра адлучэнне ад святое святых, ад... заліку. “Ха-а! – паблажліва ўсміхнецца бывалы студэнт-”хвасціст”. – Калі адразу не дапусцяць, за трэцім разам дапусцяць. Спачатку адлучаць, пасля далучаць. Горш, калі адлічуць, але і тады не ўсё згублена”.
Зноў жа не пра такі залік ідзе размова, а пра залік Ленінскі. Тут ужо чарга здзівіцца табе чытач-равеснік. “Быў час, быў век, была эпоха... Нешта ж не помніцца, каб хто на гэтым заліку праваліўся”.
Усё праўда. Я і сам не памятаю, каб Ленінскі залік нехта не здаў ці здаў ніжэй чым на “добра”. Бо ж сорам. Які ты пасля гэтага член Камуністычнага саюза моладзі?! Ды і тыя камсамольскія важакі розных рангаў, што поруч з прадстаўнікамі дэканата густа сядзелі за ссунутымі сталамі, аздобленымі кумачовым абрусам, самі сабе не ворагі. “Колькі раздзелаў у вашым комплексным плане? Якія пункты ўтрымліваюцца ў другім раздзеле? Якое грамадскае даручэнне выконваеце?..” Зрэдку спытаюць: “Як ацэньваеце свае магчымасці? Што даў асабіста вам удзел ва Усесаюзным Ленінскім заліку?” І ўсё. “Вы свабодныя. Віншуем вас!”– на заключэнне. Былі выпадкі, што за асобныя правіннасці ад заліку адлучалі. Калі Свяшчэнны Сінод адлучае ад царквы, а бацюшка ад споведзі ці прычасця – гэта зразумела. Цяжкія грахі нашы... Калі камсамольскія лідэры Галка-“камінтэрн” ці Верка-”акадэмсектар” адлучаюць цябе ад заліку, няхай сабе і Ленінскага, гэта, паверце, больш чым крыўдна і больш чым не зразумела, і... даволі сур’ёзна.
* * *
Набліжаўся чарговы кастрычніцкі юбілей. Нешматлікі мужчынскі кантынгент педагагічнага інстытута ўжо каторы дзень адпрацоўваў страявы крок на цэнтральным стадыёне горада. Трэніроўка праводзілася з драўлянымі, амаль што не з фанернымі, аўтаматамі. Будучыя каравульныя настаўлялі рулі стрэльбаў адзін на аднаго, “кляцалі” затворамі і голасна татахкалі, сваволячы. Я вяла падымаў ногі, помсцячы крыкліваму выкладчыку фізкультуры, які, на добры лад, мог бы адпусціць “прыстарэлага” першакурсніка, нядаўняга вайскоўца, удзельніка двух “гістарычных” парадаў у сталіцы з неабавязковых трэніровак, узяўшы падпіску аб з’яўленні непасрэдна на месца дзеі.
Мерапрыемства і на самай справе чакалася не радавое: мы былі папярэджаны, што будзе прысутнічаць высокае начальства, генералітэт, іншаземцы з камерамі. Мітусня. І, як часта бывае ў падобных выпадках, нехта некага не зразумеў, нехта проста перастрахаваўся... Адным словам, чакайце, хлопцы, магчыма, вас паклічуць, калі трэба будзе.
– Арганізацыя!.. – не стрымаўся я, каб не абурыцца, – мала, што на рэпетыцыі час пакралі, то яшчэ і тут парадкі, як у задрыпаным калгасе. Вайна вайной, а абед па распарадку. Айда па хатах, аб’яўляю дэмабілізацыю!
І было чаго злаваць: юныя ленінцы, чырванеючы ад натугі, лупяць па плітах падэшвамі, а ты сядзі і чакай. Гэта ж па якому такому поўнаму праву крадуцца дарагія гадзіны ў савецкага студэнта?
– Як сабе хочаце, хлопцы, роўна праз дзесяць хвілін мяне тут не будзе, – глянуў я на гадзіннік.
Да слоў нядаўняга сяржанта прыслухоўваліся, але на гэты раз разышліся не ўсе і не адразу.
– А не ўляціць? – пачулася няўпэўненае.
– Ды каму мы патрэбны тут? Паскладваем гэтыя дровы ў піраміду і дамоў, у інтэрнат. Па дарозе піўка пап’ем на вуліцы таварыша Дзяржынскага. Бяссрэбранікаў частую, так і быць.
Прапанова, адчувалася, прымусіла захвалявацца студэнцкія сэрцы. У выніку атрымалася так, што чацвёра камсамольцаў праз гадзіну-паўтары не заступілі на змену сваім малодшым сябрам-піянерам, пакінуўшы тых і надалей несці ганаровую варту.
Расплата не прымусіла сябе доўга чакаць. Выклік на пасяджэнне камітэта камсамола перадаў сам дэкан, а гэта ўжо было сур’ёзна. Акрамя мяне прысуду чакалі яшчэ трое: Мікола Грышко, па мянушцы Грыша, спартсмен-троечнік, факультэцкі паэт Пецька Віннік ды яшчэ Васіль Кравец, хлопец, які, па яго ж словах, нічым не вызначаўся , у латарэі не выйграваў, на Канарах не адпачываў. Усе заўважна нерваваліся, хоць ніхто не хацеў паказаць гэтага. Я глянуў на гадзіннік – пара. Пастукаў, адчыніў дзверы камітэта камсамола, збіраючыся ўвесці за сабою ўсю кампанію.
– Чакайце, вас выклічуць! – пачулася строгае.
– Але нас запрашалі на дзевятнаццаць.
– Не запрашалі!.. Многа для вас было б гонару, а выклікалі. Гэта – па-першае. А па-другое, дойдзе чарга і да вашых персанальных спраў. Пакуль ёсць час, яшчэ раз абдумайце свой учынак.
Перш чым павярнуцца, я яшчэ раз абвёў вачыма камітэтчыкаў і вылучыў сярод іх дзвюх дзяўчын з нашага матэматычнага факультэта. Астатнія, акрамя сакратара, былі незнаёмыя.
– Ну, што там? – трывожыліся хлопцы.
– Сама ветлівасць,– адказаў я без асаблівага запалу.
– Уваляць па страгачу, – непакоіўся Грыша,– ды яшчэ і з інтэрната папруць.
– Пры чым тут інтэрнат?
– Ну, стыпендыю здымуць.
– Стыпендыя даецца за вучобу.
– Не толькі, але і за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.
– Чакайце, хлопцы, прызыву. Левай-правай тэпаць навучыліся... Усюды людзі жывуць, – пажартаваў я, як аказалася, не зусім дамесца. Сябры сцішыліся. Кожны думаў пра сваё.
– Валіце ўсё на мяне, я без бацькі. Не адлічуць на першы раз, – велікадушнасць Вінніка не магла не крануць.
– Няўжо так сур’ёзна? – не знаходзіў сабе месца Грышко.
– Думаю, абыдзецца, – я стараўся быць спакойным, папярэдне вырашыўшы ўсю віну ўзяць на сябе. Жывуць людзі і без вышэйшай адукацыі. З другога боку, калі такое было, каб студэнт свайго брата студэнта распінаў, тым больш, што ў камітэце свае людзі – Ліна і Рэня.
Ліна, сказаць па праўдзе, мне не падабалася. І не толькі як дзяўчына. Больш за ўсё не падабалася яе дзелавітасць. У дваццаць гадоў насіць у дамскай сумачцы білет партыйца... Якімі якасцямі ”барацьбіта” трэба было валодаць, каб быць заўважанай у немалым калектыве ткацкай фабрыкі, адкуль прыйшла да нас Ліна на падрыхтоўчае аддзяленне.... І амаль адразу ад станка – у сакратары.
“Не трогайте партию!.. Она здесь не при чём, – з інтанацыяй змагара за чысціню партыйных радоў адрэзала аднойчы слухачка падрыхтоўчага аддзялення выкладчыку матэматыкі, інтэлігенту і дабраку, калі той неяк тактоўна заўважыў нашаму камсамольскаму важаку, што грамадская праца не павінна перашкаджаць засваенню элементарных звестак з матэматыкі. Збянтэжаны дацэнт сумеўся, змоўк, абвёў вачыма аўдыторыю, нібы шукаючы паратунку, і да гэтага часу Ліну Рыгораўну – адзіны выпадак у гісторыі факультэта – называў па бацьку без малейшага знаку іроніі і доўга тлумачыў кожную яе здавальняючую, часцей за ўсё, адзнаку. Акрамя ўсяго, наша Ліна была спартсменка-першаразрадніца, і як на бяду, па кросе. Іншым разам на занятках, нібы помсцячы за нешта, уваходзіла ў раж і пакідала ззаду нават мяне, удзельніка двух “гістарычных” парадаў. Мяне разбірала злосць, але нядобразычлівыя пацвельванні выкладчыка фізічнай культуры я зносіў моўчкі. Тым не менш, пры кожнай зручнай нагодзе не прамінаў заўважыць хлопцам-аднакурснікам, даволі пасрэдным бегунам, што з такімі вострымі каленкамі і заечымі сцёгнамі, як у Ліны, нічога болей не застаецца, як бегаць кросы і займацца грамадскай працай.
Асабістае жыццё Ліны нікога з нас не цікавіла, але ўсе ведалі, і дзяўчына не хавала гэтага, пра яе пачуцці да трэнера па лёгкай атлетыцы. Іхняе каханне, па словах Ліны, было першым, адзіным і на ўсё жыццё. Ён, бацька двух малалетніх дзяцей, прыязджаў не часта, адзін-два разы ў месяц. Дзяўчаты з Лінінага пакоя пілі чай з цукеркамі, пасля ўсім гуртам ішлі ў кіно. Ліна з Сяргеем Іванавічам некаторы час заставаліся ў пакоі адны, пасля, шчаслівыя, доўга гулялі па скверы ля інтэрната. Ішлі плячо да пляча, усім сваім выглядам падкрэсліваючы, што каханне – гэта сур’ёзна, гэта вам не вераб’ям дулі паказваць, і калі няма пачуццяў, апісаных у шэкспіраўскіх трагедыях ці, на крайні выпадак, у мемуарах жонак дзекабрыстаў, – то распуста гэта, а не каханне. Але і ў іх усё закончылася надта ж звычайна. Прыехала жонка Сяргея Іванавіча з дзецьмі. З Лінай яна размаўляла як са школьніцай, якая зрабіла прыкры ўчынак. Сакратар, чырванеючы, спрабавала нешта казаць у апраўданне. Але яе проста не сталі слухаць. Скандалу, нават дробнага, з вялікага кахання не атрымалася. Ліна закінула спорт, злёгку раздалася ўшыркі, і толькі жылістыя лыткі па-ранейшаму выдавалі ў ёй нядаўняга стаера.
За сталом побач з вызваленым сакратаром сядзела Рэгіна, старшакурсніца матэматычнага факультэта, другі чалавек у камітэце. Рэгіна, нягледзячы на сваю пасаду, з агульнай масы студэнтаў асабліва нічым не вылучалася. Хіба што ўзростам на мяжы камсамольскага. Калі Ліне нічога не каштавала прапясочыць якога бамбізу-выпускніка за адно толькі слова “цалавальнік”– хол у калідоры са старою паламанаю канапай, трыльяжом-інвалідам і некалькімі вазонамі, – то Рэгіну час ад часу познімі зімовымі вечарамі, пасля таго, як змаўкалі крокі ў калідоры і музыка ў пакоях, можна было згледзець, вядома ж не з кнігай па супрамату, на падаконніку ці на тым самым у цалавальніку трыльяжы. Асаблівым захапленнем яе былі цельпукаватыя першакурснікі, якія ніякавата адчувалі сябе ў новай якасці пасля двух-трох гадоў вайсковай ці флоцкай службы. Як жартавалі студэнты, вечарамі ў “цалавальніку” Рэгіна заахвочвала іх да актыўнага грамадскага жыцця.
Рэгіна любіла падзяцініцца: пакачацца ў першым снезе, наладзіць коўзанку ў двары інтэрната, завязаць банцікі на галаве і выканаць ролю капрызлівай дзяўчынкі, да якой немаведама чаго ўсе “прыставаюць”.
Так спявала Рэгіна. І ў такія хвіліны можна было дараваць ёй і рэзкае слова на пасяджэннях студсаветаў за непрыбраныя бутэлькі – адкуль яны толькі браліся!..– не блазнаваць з яе фанатычнай веры ў светлае камуністычнае будучае, забыць на пагрозлівае “заўтра стане вядома дэкану...” Калі дэкану і рабілася нешта вядома, то, мы ведалі, не з вуснаў Рэгіны. На яе, як на заступніцу, зараз я спадзяваўся больш за ўсё.
А што Ліна? Пасля аблому з Сяргеем Іванавічам у яе прыкметна паменела грамадскага імпэту, яна стала бліжэй да “народа”. Тады-сяды і сакратарскі рубель ішоў у складчыну. Дзяўчына як дзяўчына. Калі сур’ёзна заняцца яе выхаваннем, можа, і толк будзе. Апошнім часам пачала заўважаць прадстаўнікоў супрацьлеглага полу. А мы, хлопцы, нібы згаварыўшыся, перасталі адпускаць услед нашаму сакратару недзе пачутае ці прыдуманае самімі: “Прайшла зіма, настала лета – удзячны партыі за гэта”. Спачатку, пачуўшы падобнае, Ліна азіралася вакол, рабілася бледнай і гнеўна бліскала вачыма, другім разам проста адыходзіла, перапоўненая гневам. А зусім нядаўна – расплакалася наўзрыд: “За што вы мяне ўсе не любіце? Для вас стараешся як лепш, а вы!..”
* * *
Пасяджэнне працягвалася трэцюю гадзіну. “Во, гэта тактыка, – пачынаў я ўсведамляць методыку ўліванняў і разносаў: прымусяць стаяць пад дзвярыма, дадуць адчуць нікчэмнасць, тваёй асобы, вымучаць невядомасцю. Адным словам, як след падрыхтуюць цябе да маральнага знішчэння. Напэўна, гэтаму вучаць у школах актыву.”
Мерна басіў вызвалены сакратар, нядаўні выпускнік. З месяц таму ён вярнуўся з дзелавой паздкі на Кубу. Іван – так яго звалі – фарсіў дыпламатам з кракадзілавай скуры, пабліскваў акулярамі ў дарагой аправе. Акруглыя рысы твару, раннія залысіны, модны дарагі гальштук выдавалі ў ім пачынаючыга дзяржаўнага дзеяча. Прыйшло на памяць, як удала ў час нейкага абласнога форуму Іван Лукіч арганізаваў бесперапыннае калектыўнае скандзіраванне. Выбіраўся, дакладней, назначаўся, “запявала” на два-тры рады. Яму даваўся пэўны палітычны лозунг. Па ўмоўнаму сігналу ад сцэны па радах пачыналі гучаць заклікі. Пасля хваля кацілася ў зваротным напрамку: “Міру – мір!! Агрэсіі – не!! Гань-ба!! Гань-ба!!” Калі асобныя рады збіваліся, пачыналі ісці “не ў ногу”, гэта толькі ўзмацняла агульнае ўражанне. Іван, які яшчэ па чыну не мог сядзець у прэзідыуме, паварочваўся тварам да залы. Было бачна нават пад акулярамі, якой салодкай усмешкаю прамяніліся ягоныя вочы…
– Заходзьце! – пачулася нарэшце з-за дзвярэй. Мы ўвайшлі і сталі крокі за тры ад стала.
– Ганьба! – адразу вынес прысуд гаспадар кабінета і з грукатам паклаў на стол бліскучую самапіску, затым рэзка адсунуў яе ўбок. – Як вы дайшлі да такога жыцця?! Пляма на ўвесь інстытут, на ўсю нашу камсамольскую арганізацыю!.. І гэта ў той час, калі падпальшчыкі вайны ўсіх масцей толькі пра тое і дбаюць, каб перашкодзіць нашаму паступальнаму руху наперад... А хто ў такім разе вы? Ваш учынак – ні што іншае, як здрада...
Вызвалены гаварыў доўга. Яго голас набываў усё большую сілу.
– У мяне ўсё, – Іван Лукіч адкінуўся ў крэсле, схапіў усё тую ж ручку і нервова стаў пакручваць яе ў руках. Было бачна, што ў яго яшчэ многа ёсць што сказаць, але тут не тое месца і не той выпадак. Няхай практыкуюцца маладзейшыя кадры.
– Як гэта разумець? – Ліна Рэшка першая падхапіла эстафету.– Вы пакінулі пост!.. Ці ведаеце вы, якое пакаранне нясе за гэта салдат у ваенны час?.. Не разумею, як можна! Як можа такое наогул прыйсці ў здаровую галаву?!
Ад сумнага да смешнага адзін крок. Пачуўшы апошнія словы, я зазначыў, што галава ў факультэцкага сакратара была здаровая, у сэнсе не малая, а прычоска пад Анжэлу Дэвіс рабіла яе нават і завельмі здаровай.
– Ганьба! – паўтарыла Ліна словы вызваленага. Па ўсім відаць, пакуль мы, яна першая атрымала і на грыбы і на арэхі за дрэнную выхаваўчую работу з калектывам, бо сядзела чырвоная, як бурак, і толькі нішчыла нас вачыма. – Вы разумееце, што з-за вас, з-за такіх, як вы, нам не бачыць у гэтым годзе пераходнага вымпелу ЦК?..– Ліна зірнула на нас спадылба. Заўважыла, што вымпел нас хвалюе не вельмі, і гарачылася ўсё больш: – Якая безадказнасць, які ... – Ліна доўга шукала слова – кансерватызм.
На апошнія словы хмыкнуў нехта з нашай браціі. Вызвалены выразна паглядзеў на выступоўцу, і яна спешна закруглілася.– Прапаную паставіць пытанне перад райкомам камсамола аб выключэнні ўсіх чатырох... Гэта самая лёгкая мера. Хочаце ведаць маю асабістую думку – у педагагічнай навучальнай установе падобным адшчапенцам не месца. Я кончыла, таварышы.
Гэта было ўжо занадта. Заўважна паружавелі дзяўчаты-камітэтчыцы. Усе – і вінаватыя ля дзвярэй, і суддзі за сталом – смяяліся з закрытымі ратамі. І каб не жалезная вытрымка вызваленага, яго ўменне арыентавацца ў сітуацыі, – наўрад ці можна было б пазбегнуць выбуху здаровага смеху.
Не стала нашай заступніцай і Рэгіна. У яе прамове таксама былі і “ганьба”, і “эгаізм”, і “палітычная блізарукасць”... Намеснік паўтарала вызваленага, з той толькі розніцаю, што яе прамова не цягнула і на школьную чацвёрку.
Далей усё было як у школе. “Прызнаем віну, раскайваемся, больш не будзем...” – прагучала хоць і не вельмі пераканаўча, але задаволіла ўсіх.
– А пра што раней думалі, якім месцам? – пытанне вызваленага было рытарычным, і на яго можна было не адказваць. Бура паступова сціхала.
– Строгі з занясеннем. Хто “за”?– падвёў рысу сакратар.– Гэтыя так званыя камсамольцы не заслугоўваюць таго, каб мы марна трацілі на іх дарагі час.
На гэтым публічнае лупцаванне закончылася. І акурат у час, бо да закрыцця крамы заставалася роўна дзесяць хвілін.
Першае ў жыцці “спагнанне па камсамольскай лініі” мы добра-такі абмылі. Прыхапілі па дарозе пачак “рожкаў” другога гатунку ды па “фугасіне” “Агдама”. “Агдам” для студэнта – што джын з тонікам для англійскай каралевы. А ў пераліку на каэфіцыент “грам-градус-капейка”, як было палічана і пералічана неаднойчы, абганяе і “Рускую”, і “Прамяністае”, не гаворачы там ужо пра нейкае чарвівае “Яблычнае”.
– Усе бабы – сцервы! – заключыў наш Грыша гадоў на дваццаць раней за сучасную эстрадную зорку. Як і заўсёды, піць “Агдам” Грыша не стаў, бо намерваўся яшчэ ў свае дваццаць выканаць першы юнацкі разрад ці то па бегу, ці то па спартыўнай хадзьбе. Дзівак хлопец. Прыязджаюць бацькі з вёскі: “Дзе сын?” – “Пайшоў з раніцы ў Жабінку, вечарам абяцаў быць дома”, – адказвае нехта з нашых. Трэба аддаць яму належнае, першы разрад Грыша ўсё ж выканаў, аднак трэніроўкі забіралі столькі часу, што на трэцім курсе хлопец канчаткова “сышоў з дыстанцыі” – нахапаў “хвастоў”, пайшоў у войска ды там і застаўся, як у нас кажуць, макароннікам.
– Усе бабы – сцервы! – паўтарыў Грыша, наліваючы па крузе. Непітушчы сам, ён заўсёды нам разліваў, прыгаворваючы павучальна: “Пить – здоровью вредить”. Разліваў ён дакладна, “па бульках”, бо практыку меў надзейную. Чарка схіляла да шчырай размовы. Некалькі разоў перакруцілі ў памяці нядаўняе пасяджэнне. Грыша грунтоўна налёг на рожкі, карыстаючыся тым, што рукі астатніх былі заняты “малінкоўскімі фужэрамі”. Напэўна, ён быў разумнейшы. Ва ўсякім разе, прачнуўся са светлай галавой.
* * *
Помсціць жанчынам – апошняя справа, і выпадак хутка забыўся. Нават і крыўды асаблівай не было – трохі гідка, трохі смешна нават, ды і шкадоба нейкая да дзявочага актыву невядома адкуль закралася. Нашы Ліна-Рэгіна зноў “зліліся з масамі”.
Прайшло паўгода. Пачаўся красавік з Ленінскім суботнікам, Ленінскім тыднем і тым самым Ленінскім залікам, да якога, святое святых, усіх чатырох нас па прычыне вымовы з занясеннем не дапусцілі. Вымова накладвалася на год, а тэрмін канчаўся праз пяць з паловаю месяцаў. “Ленінскі залік, – растлумачыла Ліна, – гэта як споведзь для верніка.” Што можна было ёй адказаць? Святару гаворыш пра грахі зямныя, а тут нагаворваеш на сябе столькі харошага – і ў сходах прымаў удзел, і ў інтэрнаце дзяжурыў, і з дружыннікамі па гарадзе цягаўся, і ў прабегу, прысвечаным гадавіне камсамола, удзельнічаў, і рубель дзецям Лаоса на сшыткі не пашкадаваў... Дык якое ўжо тут параўнанне.
Так і засталіся мы ўсе чатырох без заліку, як тыя багахульцы без прычасця. Добра яшчэ са стыпендыяй і інтэрнатам.
* * *
Пасля заканчэння інстытута месца ў актыве нашым дзяўчатам-камсамолкам не засталося. Падаспела перабудова, пачаліся пературбацыі з партыйных і камсамольскіх органаў спачатку ў савецкія, пасля ў вертыкальныя.
Ліну сустрэў зусім нядаўна на калгасным рынку.
– Зайт бэрайт! – зблазнаваў па студэнцкай звычцы.
– А пайшоў бы ты... Купляй лепш мыла, так і быць, дзесятку скіну, – закурыла, паправіла на прылаўку пакецікі са спецыямі былая аднакурсніца.
– Я думаў, ты дзе-небудзь у сталіцы тусуешся. Помніш, як вы з Рэгінай нашую мужчынскую брацію ад заліку адлучылі?
– Я не помню, што сёння ела, а ты ў мяне пра нейкае глупства пытаеш... Наогул нядрэнна захаваўся. Бяры бутэльку, пасля працы пасядзім, паўспамінаем, калі ёсць жаданне.
Жадання не было. Сустрэча пакінула супярэчлівае ўражанне. У дэталях паўстаў той дваццацігадовай даўнасці кабінет з шыльдай “Камітэт камсамола” на другім паверсе, у якім я раскрываю цяперашнім студэнтам матэматычныя ісціны. Як мне хочацца, каб яны, маладыя, здавалі залікі толькі перад уласным сумленнем, каб больш ніколі не здавалі імянных залікаў на вернасць і адданасць. Шкада, што я не магу пра гэта пагаварыць ні з саракагадоваю Лінаю, рэалізатарам на калгасным рынка, ні, тым болей, з Рэгінаю, якой працяглы час не могуць дапамагчы ні родзічы, ні доктар Мартыненка. Не магу пагаварыць пра гэта і з Іванам Лукічом – цяперашнім гаспадаром прасторнага кабінета ў прыгожым доме на плошчы таварыша Леніна. Былы вызвалены своечасова здаў усе залікі на вернасць і адданасць і цяпер з камсамольскім імпэтам здае новыя, атрымаўшы да іх допуск гадоў шэсць таму.
МУТАНТЫ
Сярэдзіна траўня. Сонца ходзіць высока і, не шкадуючы, аддае сваё цяпло. Спёкай гэта яшчэ не назавеш, бо зямля, удосталь напоеная вільгаццю частых ліўняў, шчодра паглынае жыватворнае цяпло. У такую пару раптам успамінаеш, што акрамя горада з яго спрадвечнай мітуснёй існуе іншы свет, дзе вольная песня жаўрука, дзе соннае гудзенне паласатых чмялёў над першацветамі, дзе непаўторны пах маладой зеляніны. Яно, вядома, і ў горадзе вясна не праходзіць незаўважна. За адзін-два дні знікаюць раптам боты-батфорты і ласіны, трывожаць душу стукатлівыя абцасікі, большае прыгожых жанчын на вуліцах, большае ўсмешак на тварах... І ўсё ж хочацца за горад, хочацца зліцца з натоўпам бесклапотных людзей, якія, здаецца, цяпер хвалююцца толькі пра тое, каб раўней лёг загар.
Мікола Зіновіч, супрацоўнік гарадской газеты, упершыню за гэту весну выбраўся за горад. Хацелася пабыць аднаму, паразважаць над пачатым артыкулам.
Не зважаючы на даволі ранні час, людзей на пляжы было многа. Калі глядзець з моста ўніз на вузкую пясчаную касу, – суцэльны паркет чалавечых спінаў. Мікола, аднак, не губляў надзеі знайсці больш зацішнае месца. Ён мінуў кладку, перасек адзін астравок, уброд дабраўся да наступнага. Вось яно, тое месца. Некалі выратаваў тут васьмігадовага хлопчыка, убярог чалавечае жыццё. За паўтара дзесятка гадоў як падраслі алешыны!
Людзей на астраўку было мала. Мікола трохі паблукаў уздоўж прыбярэжных кустоў, стараючыся не перашкаджаць маладым парам, што хаваліся ад людскога вока, выбраў месца ля самай вады. Але няўдала. Праз некалькі хвілін пачуўся нечый перасыпаны лаянкай аповед, за ім рогат. Кампанія хлопцаў з розніцаю ва ўзросце гадоў у пяць-шэсць уладкоўвалася непадалёку. Мянушкі – звярталіся па мянушках – здаліся знаёмымі. Мікола без асаблівых намаганняў пазнаў двух старэйшых: Найчук і Прыбытак, па-другому – Райкін і Лялік. Астатнія, зусім яшчэ падлеткі, былі незнаёмымі. Не дзіўна. Дзесяць гадоў назад, калі Мікола працаваў настаўнікам у прыгараднай вёсцы, яны, пэўна, у кароткіх штоніках пыл па вуліцы ганялі. А вось прозвішчы павадыроў у памяці заселі. Каторы вышэйшы, прыемны на выгляд, і ёсць Лялік. Да непрыстойнасці прыгожы твар, васільковыя вочы, ямачкі на пухлаватых шчоках, лёгкі румянец на далікатнай скуры. Але настаўнікі лічылі светлымі і святымі дні, калі Ляліка не было ў школе. Учыніўшы чарговую пакасць, ён нахабна ўсміхаўся ў твар даведзенага да апошняй мяжы чалавечага абурэння і гневу настаўніка. Пры гэтым адчуваў найвялікшае задавальненне ад разгубленасці і бездапаможнасці педагога. Прыйсці на падпіцці, ікаць праз кожную хвіліну, кідаць недарэчна бязглуздыя рэплікі – усё гэта былі самыя звычайныя выхадкі былога вучня.
Райкін тады вучыўся толькі ў шостым. Малюзга малюзгой. Шыя доўгая, вушы адтапыраныя, бы нехта кулькі ўставіў па баках галавы. З’яўляўся ў школу ў адным і тым жа рудым свідры навырост, пракураны і неахайны. Баяліся яго бадай што адны пачаткоўцы. Прайсці міма малога і не даць яму пстрычку – такое было не ў звычцы Райкіна. Задзіра, ён нярэдка сам атрымліваў ад старэйшых. Не скардзіўся, зносіў усё моўчкі і яшчэ з большай жорсткасцю калаціў меншых і слабейшых. У размове з настаўнікамі Райкін зацята маўчаў, зыркаў спадылба калючымі вачыма затраўленага ваўчаняці. Мікола Зіновіч, на той час малады настаўнік-стажор, марна стараўся адагрэць душу хлопца. Аднойчы папрасіў застацца для шчырай гутаркі. А ў адказ: “Не застануся! Хоць забіце!” Так і не пераканаў вучня ў чыстасардэчнасці сваіх намераў. Найчукова “хоць забіце!” крыўдай і шкадаваннем адазвалася ў душы маладога педагога. “Відаць, нямала табе дастаецца,” – падумаў настаўнік. – Столькі нянавісці да ўсіх, нейкай узлаванасці...” Адкуль было брацца той дабрыні. Рос без бацькі. У сям’і яшчэ двое малодшых. Маці – вядомая ў акрузе сваімі далёка не цнатлівымі паводзінамі Райка. У доме бруд, чужыя мужчыны. Малога спачатку ахрысцілі Генікам Райчыным, а пасля проста Райкіным. Праз Ляліка Райкін сышоўся з мясцовай хеўрай. І пайшло-пакацілася. Дзіцячы пакой міліцыі, школа-інтэрнат, умоўная судзімасць...
Адпрацаваўшы належны тэрмін у школе, Мікола – а ён не адчуваў у сабе вялікіх педагагічных здольнасцей – уладкаваўся на працу ў газету, абзавёўся сям’ёю, паваяваўшы, атрымаў кватэру і, прызнацца, не часта ўспамінаў райкіных ды лялікаў. І вось такая непажаданая сустрэча...
Лялік амаль не змяніўся. Мо трохі папаўнеў. На твары тая ж задаволенасць і замілаванасць сабою. Лязо да гэтага часу па-сапраўднаму не датыкалася да прыпухлага падбародка. Найчук, відаць па ўсім, толькі што зволіўся з войска – у джынсах, але ў форменнай кашулі.
– Так і ёсць. Тады яму было трынаццаць, – прыкінуў Мікола.– Якраз восьмы год пайшоў. – Было заўважна, як малодшыя літаральна заглядваюць у рот свайму куміру. Нібы той з другой планеты вярнуўся. А ён трымае дыстанцыю. Адным “салагам” налівае толькі на самае дно, другім не налівае зусім – замнога гонару. І яны, пятнаццацігадовыя, па-халуйску смяюцца з кожнага прымітыўнага жарту ўчарашняга “байца”.
У які раз закурылі, і Райкін, ён прыкурваў апошнім, шпурнуў карабок з запалкамі ў кусты.
– Белы, да мяне! – Райкін лыпнуў вачыма на белабрысага падлетка. Той падышоў, нясмела выпрастаўся.
– Прынесці! – загадаў Райкін.
Бялявы на хвіліну завагаўся.
– Аглух? Не разумееш, што табе бацька кажа? – павольна выцадзіў Лялік.
Хлопец, угнуўшыся, пабрыў за карабком, падабраў яго, вярнуўся і кінуў на траву.
– Не так, – паблажліва павучаў Райкін.– Туды і назад бягом, на поўную сілу. Не дабягаючы пяці метраў, пераходзіш на страявы крок і дакладваеш: “Таварыш Райкін! Ваш загад выкананы!”
Райкін зноў шпурнуў карабок у кусты.
Бялявы подбегам паўтарыў папярэдні шлях, сумеўшыся, прыклаў руку да скроні:
– Таварыш Райкін!..
– Дурак! – перабіў яго Райкін, – і чаму цябе толькі ў школе вучылі? Да пустой галавы рука не прыкладваецца. Паўторым яшчэ раз.
За чацвёртым разам настаўнік застаўся задаволеным.
– Вучыць вас, салажню, трэба. Некалі дзякаваць будзеце. Гэта я яшчэ так... Пойдзеце праз тры гады служыць, там вам хутка мазгі ўставяць!.. Цяпер грэй! – успомніў Райкін яшчэ адзін “дзедаўскі” ўрок і выставіў перад самым носам вучня кулак.
– Трэба падысці, з усяе моцы трэснуцца ілбом аб кулак і падзякаваць дзядулю за навуку, – падказаў Лялік.
На гэтым заняткі закончыліся, і падлеткі, якія ўсё ж добра струхнулі, былі велікадушна дапушчаны да картачнай гульні.
Міколу стала не па сабе. Ён ведаў, што цяпер доўга не зможа супакоіцца. Бязглуздыя выхадкі падпітага нягодніка міжволі абудзілі ланцуг успамінаў. Памяць настойліва вяртала ў тую зіму...
Пэўна, адзіны са свайго прызыву, Мікола не зрабіў дэмбельскага альбома. Хоць і пачынаў, як усе. Але розум заўпарціўся: навошта? Добрае, яно і так запомніцца. Але побач з ім было многа бруду, глумлення над чалавечай годнасцю, пачварнага і нізкага... Дахаты Мікола вярнуўся без рэгалій, усе значкі раздарыў мадлодшым сябрам, праўда, камсамольскі, на закрутцы, усё ж пакінуў сабе.
Семнаццаць гадоў прайшло, палова ягонага жыцця. І ўсе гэтыя семнаццаць гадоў ён не можа глядзець фільмы і тэлеперадачы на вайсковыя тэмы.
Райкін – нікчэмнасць. Але колькі людзей страцілі веру ў справядлівасць за час ягонага “дзедаўства”!.. Для колькіх “салаг” падараванае Богам жыццё ператварылася на пэўны час ў жывёльнае існаванне!.. Як цяжка было потым акрыяць адным, і з якой жорсткасцю паўтаралі ўрокі сваіх папярэднікаў другія!..
Адслужыўшы, Мікола вярнуўся на свой курс універсітэта. Калі выкладчык часам называў яго на “вы”, хлопец адыходзіў убок і азіраўся. Яму здавалася, што звяртаюцца да некага іншага, хто стаіць за спіною, а не да яго.
Адна за адной паўставалі ў памяці Міколы постаці “дзядоў” узору канца сямідзесятых. Хаця асабліва крыўдаваць на лёс і не выпадала. Іншым перападала куды больш. Можа, Міколава бяда ў тым, што ўспрымаў ён усю дурноту бліжэй да душы...
“Вучэбка”, вучэбнае падраздзяленне. Як тады казалі, адзінае месца ва ўсіх узброеных сілах, дзе поўнасцю выконваецца вайсковы статут. Яны – васемнаццацігадовыя навабранцы. Пашанцавала ім. Камандзір аддзялення за паўгода да звальнення “забіў на службу”, пачаў рыхтавацца да “дэмбелю”. Больш за ўсё Пятроўскі – так яго звалі – клапаціўся пра нервовую сістэму. Прачнуўшыся, ён у помачах доўга прагульваўся па роце, няспешна галіўся складной брытваю, якую перад тым доўга вастрыў. Пятроўскі здаваўся самым цывільным чалавекам у казарме. Падначаленыя па чарзе глянцавалі таварышу старшаму сяржанту боты, дакладвалі штовечар, колькі дзён засталося да “дэмбелю” і, дачакаўшыся, калі камандзір засне – ні ў якім разе не раней – укрывалі яго паверх коўдры яшчэ двума шынялямі. Сваю просьбу ў надзвычай тактоўнай форме Пятроўскі не забываў паўтараць перад кожным адбоем. Яшчэ ён любіў чытаць, і кожную нядзелю два-тры курсанты, атрымаўшы адпаведны інструктаж, вышуквалі на стэлажах бібліятэкі кнігі, якія б маглі задаволіць эстэтычны густ камандзіра...
Малодшы сяржант Койпаш, камандзір другога аддзялення, быў поўнай супрацьлегласцю нашаму Пятроўскаму. Сутулы, вышэй сярэдняга росту, нейкі сінюшны і вузкаплечы. Ногі настолькі доўгія, што, здавалася, папруга перацягвае гімнасцёрку недзе пад самымі лапаткамі. Койпаш увесь час мітусіўся, загадваў, лемантаваў, налева і направа раздаваў зубатычыны.
– Што, курсанцік, служба мёдам здалася? Дык я табе дакажу, што гэта не так! – верашчаў ён.
Біў Койпаш па-жаночаму, з шырокім размахам, адкрытай даланёю і амаль заўсёды па твары. Гваздануць бы такога пад дыхавіцу. Але ж паспрабуй!..
Горш за ўсё на палігоне. Дзень, калі ў раскладзе заняткаў стаяла ваджэнне баявых машын, быў чорным днём для ўсіх, хто ведаў тэхніку на адлегласці. Да слова сказаць, у вайсковым білеце аднаго курсанта значылася нават “артыст эстрады”. Калі механік, хвалюючыся, замест другой хуткасці ўключаў чацвёртую, у час начнога ваджэння збіваўся з маршруту, не мог выбрацца з абледзянелага супрацьтанкавага рова, глушыў рухавік на пад’ёме, своечасова не дабавіўшы абаротаў, – усё гэта для яго канчалася блага. Жах апаноўваў бедалагу. Нервовы інструктар не прамінаў прабрацца ў адсек механіка і садануць абцасам – так лягчэй дацягнуцца – між лапатак, або надаваць грымакоў у патыліцу. Нават і шлемафон не ўратуе. А каму паскардзішся?! Сведкаў не было. Ды і ў твар не бачыш таго, хто “вучыць”. Круцішся, тузаеш рычагі і чакаеш удару ззаду.
Другія паўгода службы прайшлі ў лінейным падраздзяленні.
Не, не спяшаецца памяць пазбавіцца ад непатрэбнага друзу. Мурдаян, Мірзаян, Маскалёў... Колькі іх было!..
Радавы Мурдаян. Кандыдат у майстры па боксу. Шырокія пакатыя плечы, сціснутыя вузкаватай гімнасцёркай, бычыная шыя. Твар не запомніўся, мо па той прычыне, што “гвардзейцы” баяліся падняць вочы на гэтую гару. Кулак у Мурдаяна быў зубаскрышальны. Палову службы правёў кандыдат у майстры на “губе”, а мо і большую палову. Але аднойчы... Аднойчы радавы Мурдаян быў прызначаны старшым на земляныя работы. Цяжка сказаць, з якой нагоды закарцела яму “атрымаць ачко”. Мо зарабляў звальненне, мо хацеў загладзіць грахі перад ротным...
Мурдаян пастроіў асабовы састаў, за выключэннем сяржантаў і стараслужачых. Па-расейску ён амаль не размаўляў:
– Паўгадзіна пахаеце, пасля дзесяць хвілін аддыхаць! Зразумела?
Дзе толькі браліся сілы?! (Рота рыхтавала пляцоўку для пасадкі верталётаў.) Рыдлёўкі мільгацелі шпарчэй, чым у фільмах пра першыя пяцігодкі. Калі рух запавольваўся, Мурдаян клікаў да сябе перапалоханага насмерць “гвардзейца”, браў яго за гузік і знішчальна глядзеў у твар. Гэтага было дастаткова.
– Падай! – камандаваў Мурдаян праз паўгадзіны. Паўтара дзесятка разгарачоных потных целаў падалі на зямлю, цяжка дыхаючы. Дзесяць хвілін адпачынку праляталі імгненна...
Камандзір роты, калі прыехаў пад вечар, ад здзіўлення схапіўся за галаву. Чатырохдзённая норма была выканана за дзень. Стомленыя салдаты ледзьве ўскараскаліся, памагаючы адзін аднаму, у кузаў аўтамабіля. Абышлося без тумакоў. І ўсё ж іх сталёвую моц Міколу адчуць давялося, і па сённяшні дзень, калі расхвалюецца, у вушшу звініць.
Неяк раніцой – рота тады праходзіла вучэнні, – ідучы да возера ўмывацца, Мурдаян успомніў, што забыў у палатцы ручнік. Першым, хто трапіў яму пад руку, быў радавы Зіновіч.
– Адзін мінута,– паказаў Мурдаян на гадзіннік.
Калі малады салдат вяртаўся з ручніком, галінка вербалозу балюча секанула па вачах. Набегла сляза. Мікола, не думаючы, інстынктыўна даткнуўся ражком чужога ручніка да твару. Што было потым – успамінаць цяжка. Мурдаян заўважыў небывалую дзёрзкасць. Куды ўцячэш? Ногі не слухаліся, халадзела ў грудзях – ахвяра набліжалася да месца расплаты...
Прытомнасць вярнулася да Зіновіча хвілін праз дзесяць...
Яфрэйтар Маскалёў... Нізкарослы, прамы. Магутны мясісты шнобель на невыразным твары... Рота едзе на палігон. Маскалёў прабіраецца да лаўкі, дзе прыціснуліся адзін да другога навабранцы, косіць вочы на кабіну (там сядзіць ротны) і нязграбнымі, але дастаткова моцнымі ўдарамі пачынае нізаць у твар маладога салдата, выпускніка універсітэта:
– Маўчыш два месяцы! Думаеш, разумнейшы за іншых? Дык вось табе! Вось табе! (Зыркае на кабіну.) Атрымоўвай! Атрымоўвай! Распусцілі вас, “салаг”!..
Дванаццатая гадзіна ночы. Стомлены “баец” засынае раней, чым галава датыкаецца да падушкі. Кавалак паперы між пальцаў ног. Агонь апякае скуру. Атракцыён “палаючы знішчальнік” атрымаўся. Нічога не разумеючы, бядак скочваецца з другога яруса, разгублены, зыркае па баках.
– Нешта прыснілася? – як ні ў чым не бывала цікавіцца Маскалёў... Плылі і плылі балючыя і прыкрыя ўспаміны...
– Адкуль брала пачатак гэтае дзікунства ў тых дзевятнаццаці-дваццацігадовых? – пытаў у сябе Зіновіч. – Яны ж не глядзелі ні “Рэмба”, ні яшчэ чаго “круцейшага”. І толькі нямногіх з іх напаткаў лёс Райкіна. Адкуль яна, мутацыя здаровай чалавечай душы, найпершае прызванне якой – любіць? А зараз вось гэтая гульня ў “дзядоў”... Ніводная гульня не мае такіх жорсткіх правілаў... У пяцідзесятыя – бацька расказваў – такога не было. Адкуль гэтае даведзенае да абсурду самалюбаванне?.. Нельга маладым заходзіць у пакой для ўмывання, калі там “дзяды”. Нельга часта мыць гімнасцёркі, бо інакш цяжка будзе адрозніць “дзеда” ад “салагі”. Нельга выканаць практыкаванне на “выдатна”, калі ў “дзеда” “тройка”. І яшчэ нельга, і яшчэ... Цэлы кодэкс забаронаў – жорсткіх, бесчалавечных, неразумных. Але пачынаецца ўсё значна раней, ой як раней. Прыгадалася, як на мінулым тыдні здзівіла дачка, прыйшоўшы са школы:
– Тата! Сёння ў нас цікава было! Аднаму хлопчыку сем гадоў адзначалі. Мы па чарзе яму жадалі ўсяго. Вера Іванаўна папрасіла, каб шчыра, што думаеш, тое і гаворыш. А Марынка кажа: “Жадаю, каб ён праваліўся”. Было так смешна!..
Дзіцячая шчырасць, ад якой ніякавата.
З цяжкай галавою вяртаўся Зіновіч да аўтобуснага прыпынку. Людскі паркет на пясчанай касе стаў яшчэ шчыльнейшым. То там, то тут купкі адпачываючых выпівалі і закусвалі на капах пад парасонамі. Малыя чатырох-пяці гадоў сядзелі на каленях у мілавідных паўнеючых матуль. Успомнілася – “сябруюць сем’ямі”...
Па аўтобусным прыпынку вецер перакідаў шматкі засаленай паперы. Мікола ўціснуўся ў перапоўнены аўтобус.
– Мамачка! Прыбяры гэтых людзей, яны мне на ногі наступаюць,– істэрычна енчыў чырванашчокі бутуз гадоў пяці.– Я іх зараз усіх павыкідваю!
Ехаць заставалася яшчэ чатыры прыпынкі...
ШЧОТАЧНІК
Родам ён быў аднекуль з Грузіі. Але смешна нават было яго ўявіць ў салдацкім гурце сваіх землякоў, гэтых заўсёды ўпэўненых, самазадаволеных хлопцаў-грузінаў, якія звычайна трымаліся выключна разам, заўсёды гатовыя даць каму трэба належны адпор…
Імя не запомнілася, ды, здаецца, так яго ніхто і не называў – быццам лічылі падобнае вялікай раскошай. А вось прозвішча было Бабіч.
Гэта быў стрыманы, вельмі худы хлопец з выступаючымі скуламі, апушчанымі долу вачыма, тоўстымі, чамусьці сіняватымі губамі. Гаварыў мала, ды і тое, здавалася, рабіў з вялікай неахвотаю. “Хэбэ” таксама не надавала яму зашмат мужнасці. Ва ўсіх нас яно было не першай свежасці, бо спачатку належала нашым папярэднікам. Сваё ж мы апраналі толькі па святах ці з якой іншай нагоды, і толькі з дазволу. Але, гледзячы на “хэбэ” Бабіча, цывільны чалавек наўрад ці здагадаўся б, які яго першапачатковы колер, бо апратка ўшчэнт зашмальцавалася і адсвечвала цьмяна-графітным бляскам. Шырокая гарлавіна гімнасцёркі адкрывала пажаўцелыя гузікі ніжняй кашулі. У дадатак галіфэ было недзе на два памеры меншым, чым трэба. Часам кароткія калашыны выпаўзалі з ботаў…
О, пра боты размова асобная. Вуснамі старшыны – ён лічыў гэта найвышэйшай вайсковай мудрасцю – пра боты сцвярджалася:
Вось менавіта за гэты бляск і адказваў радавы Бабіч. Ён быў шчотачнікам. Не думаю, каб існавала дзе ў іншым месцы падобная “пасада”, бо прыдумаў яе, хутчэй за ўсё, сам старшына. А выдумшчык ён быў спраўны. І на дзіва спрытны: з кожнай салдацкай палучкі (3 рублі і 62 капейкі – якраз тагачасная цана “Рускай”) адшчыпваў за згубленыя шчоткі, на абсталяванне бытоўкі, і яшчэ, і яшчэ…
Добры і, як на цяперашні розум, не сапсаваны службай камандзір узвода адчуваў сябе хлапчуком перад агрузлым саракагадовым старшыною, які, калі не было ротнага, лічыў сябе паўнапраўным гаспадаром над салдацкімі душамі.
Бабіча старшына не любіў. Цяжка сказаць, з якой прычыны ён мусіў адмоўна ставіцца да свайго падначаленага. Не ўзлюбіў – і вынік гэтаму просты: радавы Бабіч стаў шчотачнікам. Атрыманыя пад распіску дзесяць шчотак надоўга занялі месца сярод прыналежнасцей яго амуніцыі.
Што адчувае хлапчук (бо ці назавеш дарослым васемнаццацігадовага юнака?), калі ў яго на вачах штодня гвалтуецца годнасць яму падобнага? Душэўны надлом ад немагчымасці абараніць роўнага сабе?.. Уласную нікчэмнасць або жаданне адгарадзіць сябе ад “шчотачніка” нахабным словам і кулаком?..
– Эў, Бабіч! – пацвельваўся цыбаты Гагасіані (сярод сваіх проста Гога). – У цябе сэстра ёсць?
– Ёсць.
– Я тваю сэстру …
Пасля брыдкаслоўнай тырады ў адрас Бабічавай сястры Гога зычна рагатаў. Аднак на Бабіча гэта не рабіла ніякага ўражання. Між тым у першы месяц службы, пачуўшы падобнае, гэты ж самы Гога кідаўся раз’юшана на такога ж, як ён цяпер, зубаскала з кулакамі, вочы наліваліся крывёю…
– Бабіч! – як не штогадзіны чуўся зычны голас старшыны. – Дзе шчоткі?
– Забыў у казарме.
– Марш па шчоткі, бягом!!
І Бабіч, прыгнуўшыся, тупацеў на трэці паверх.
Праз нейкую хвіліну хтосьці ўжо зрываў процівагазную сумку
з ваксай і шчоткамі, таўхаючы ў спіну бедалагу Бабіча. Чысціліся боты. Шчотачнік стаяў убаку, суха кашляў у кулак. Казённае дабро часцей за ўсё заставалася на месцы непасрэднага выкарыстання. У лепшым выпадку шчоткі ляцелі да ног Бабіча. Сёй-той з “маладых” дапамагаў іх збіраць. Шчоткі заўсёды былі на дзіва цёплыя. Бабіч, укладваючы іх у сумку, глуха дзякаваў за дапамогу і спяшаўся заняць сваё месца ў страі.
Апошнім часам ён згорбіўся яшчэ больш. І не дзіва. Да шчотак усё часцей стала дабаўляцца так званая наглядная агітацыя, якая, на думку старшыны, з’яўлялася неабходным атрыбутам паходнага жыцця і баявой падрыхтоўкі. Складалася “наглядная агітацыя” з чатырох шчытоў, злучаных паміж сабою завесамі. Кожны такі шчыт быў вагой з добрых паўпуда. На першым змяшчаўся заклік вучыцца ваеннай справе па-сапраўднаму, пасля – цытата з рашэнняў чарговага з’езду партыі, яшчэ далей – абавязкі салдата перад тым, як стаць у строй. (Пра абутак меўся асобны пункт.) Усё гэта разам называлася вучэбным месцам нумар адзін. Змест гэтага планшэта на маёй памяці не мяняўся. Усё ішло па плану. Пакуль на вучэбных месцах нумар два і нумар тры ішло знаёмства з умовамі практыкаванняў і выконваліся самі практыкаванні, на вучэбным месцы нумар адзін “вывучалі” змест агітацыйных шчытоў… І гэтак па крузе, з дня ў дзень.
Іншы раз, каб крыху развеяцца, адказны за вучэбнае месца нумар адзін камандаваў:
– Праверыць наяўнасць вады ў калодзежы!!.
І тут жа паказваў макет кіламетраў за паўтара. Усе беглі “правяраць” вучэбныя калодзежы. Бабіч, як заўсёды, быў апошнім. Прыбегшы, доўга не мог адкашляцца.
Нарэшце вучоба заканчвалася. Шчыты “нагляднай агітацыі” складаліся накшталт дзіцячай кніжкі-шырмачкі. Створкі замацоўваліся кручком.
– Бабіч, ану хапай скрыню! – аддаваў загад камандзір аддзялення.– Сёння ты дрэнна выконваў практыкаванне.
Наглядная агітацыя не змяшчалася пад пахай, даводзілася браць скрыню на плечы.
Ці то ад прастуды, ці ад звычайнай неахайнасці на шыі ў Бабіча набухла нездаровая чырвоная пухліна. Са сваёй скулай хлопец асабліва не спадабаўся “дзядулю” Саліеву. Не вымаючы з кішэняў рук, Саліеў плячом рэзка таўхануў небараку. Малады салдат страціў раўнавагу, але на нагах утрымаўся.
– За што? – глуха спытаў Бабіч.
– Каб было за што, то і не падняўся б, – усміхнуўся Саліеў і звярнуўся да аднаго са сваіх “васалаў”: – Ану дай яму разок, ён сёння штосьці многа гаворыць.
Хаўруснік Саліева няспешна падышоў, прыцэліўся і рабром далоні секануў па хворай шыі.
Бабіч глуха войкнуў, павярнуўся, ноздры шырока раскрыліся, з вачэй пацяклі слёзы. Ён выціраў іх рукавом зашмальцаванай гімнасцёркі. Плечы ўздрыгвалі. Сіліўся нешта сказаць, але зразумець можна было адно: ”За што?! За… што?”
– Так яму і трэба, – прамовіў Гога, але сустрэўся з позіркамі, якія не абяцалі нічога добрага, на ўсялякі выпадак змоўк.
Бабіч ірвануў сумку са шчоткамі і адкінуў яе далёка ад сябе. Шчоткі рассыпаліся. Падышоў старшына, але і той на гэты раз сцярпеў глум над казённай маёмасцю.
Уначы ў Бабіча паднялася тэмпература. Дактары западозрылі цяжкую форму сухотаў…
Які шчаслівы быў хлопец, калі раніцаю, бледны, у новым парадным адзенні назаўсёды пакідаў казарму. Ні з кім не развітаўся. І, здаецца, згорбленасць яго ўраз прапала, можа, што адчуў лёгкасць ад скінутай торбы, можа, ад зайздрослівых позіркаў яго равеснікаў.
І ўсё ж “пасаду” шчотачніка ў роце скасавалі.
ВЕЧАР НАСТАЎНІКА
Шасцікласнікі напісалі дамашняе сачыненне “Самы дарагі для мяне чалавек”. Памылак было як насыпана, і таму стос неправераных сшыткаў памяншаўся марудна. Некаторыя працы грашылі павярхоўнасцю (такія пішуць дзеля адзнакі – адразу начыста – у самы апошні вечар). Іншыя, хоць і бездакорныя па змесце, адштурхоўвалі сваёй абыякавсцю і неахайнасцю. Апошняе асабліва расчароўвала. Самыя безнадзейныя працы настаўнік адклаў на потым.
Усё мацней балела галава. Набухлі вены на скронях, звінела ў вушах. Апошнім часам гэта было хутчэй правілам, чым выключэннем. Стомленасць прыходзіла імгненна і не дазваляла, як некалі, прыхапіць часам ладны кавалак ночы.
Іван Пятровіч моцна сціснуў павекі, зрабіў некалькі кругавых рухаў галавою. Сёння яна балела як ніколі моцна. Здавалася, штосьці жывое марудна варочаецца ўнутры і закручвае, блытае балючыя ніці нерваў.
Яму трыццаць восем. Як быццам і не так шмат. А на выгляд – далёка за сорак. Ён і сам пра тое здагадваецца. Апошнім часам стаў міжволі заўважаць, што нават па-за школай аднагодкі ўсё часцей клічуць яго па бацьку. Магчыма, раней бы і радаваўся, але цяпер такая афіцыйнасць не вельмі весяліць. А ў маці адна гаворка – усё пра здароўе: як ты там, сынок, пэўна, зусім змарнеў па начах седзячы са сваімі сшыткамі?..
Адзін сшытак зацікавіў.
“Калі я пайшоў у школу, то мне вельмі карцела хутчэй прачытаць слова “мама” і навучыцца пісаць яго хоць бы друкаванымі літарамі. Але першым словам, якое прачыталі ў буквары, было “Ніна”. Мне зрабілася дужа непрыемна. Цётка Ніна жыве на нашай лесвічнай пляцоўцы і часта крыўдзіць маму. Тады мама плача. Я спытаў у настаўніцы, чаму спачатку прачыталі пра Ніну. І яна растлумачыла, што, як падлічылі навукоўцы, літара “Н” сустракаецца ў тэкстах часцей за іншыя. Я гэтага не разумею…”
“І я не разумею, Віця, – вымавіў настаўнік уголас. – Ці не з таго буквара і пачынаецца ўсё?”
Нядаўна яму, настаўніку, давялося прысутнічаць на сустрэчы са студэнтамі Літаратурнага інстытута. Адно і чулася – арбацкі жаргон. А вось для маці не знайшлося і двух радкоў. Кажуць, так цяпер трэба пісаць. Такі, маўляў, час. Хто іх ведае, тых маскоўскіх. Але ж і ў сваіх, беларускіх, нярэдка жывога слова не знойдзеш. Адышлі з моды “крыжы”, “мячы” ды “паходні”, але ж не кладзецца на душу і наваяўлены “мадэрн”. Бывае, сёй-той такога нагрувасціць – наўрад ці сам разумее што да чаго.
Іван Пятровіч перагарнуў старонку сшытка:
“…і з усімі сваімі непрыемнасцямі, крыўдамі і хваробамі я іду да маці”, – працягваў далей вучань.
Настаўнік адклаў сшытак. Галава ўсё яшчэ балела. Адчыніў фортку, прайшоўся некалькі разоў па пакоі, яшчэ раз перачытаў словы, якія яго ўсхвалявалі: “…і з усімі… хваробамі я іду да маці”. Сеў за стол і надоўга задумаўся: ”Заўтра трэба абавязкова расказаць ім. Будзе ўрок літаратуры. Цікава пабачыць іхнія вочы. Спачатку прачытаю Віцева сачыненне, потым раскажу… Не, не пра сябе. Урэшце, не так і важна для іх, з кім гэта здарылася.”
* * *
У дзяцінстве ён часта і падоўгу хварэў. Але год за годам, як кажуць, перарос хваробу. І, як нядобры напамін пра былое, засталіся слабасць ды шум у вушах. У вучылішчы (а быў якраз красавік) атрымаў павестку на апошнюю вайсковую камісію. Паведаміў пра тое дома. Помніцца, баба Ганна, суседка, сказала: ”Пакуль малы – адной маці патрэбен. А як падрасце, то ўсе ўспомняць.”
Было прыемна, але ж і трывожна. Армія здавалася нечым высокім, недасягальным, куды ён проста не мае права ісці, адчуваючы пэўныя нелады са здароўем.
Не мог іначай. Узяў і выклаў паважанай камісіі ўсё, як на споведзі, падзяліўся сумненнямі. Там паслухалі і накіравалі на абследаванне ў гарадскую бальніцу.
“Ці не ў сімулянстве западозрылі?” – ад такой думкі стала ніякавата.
На ранішнім абходзе ў бальніцы і прагучала незнаёмае раней слова “пункцыя”, якое запомнілася адразу – мабыць, таму, што вельмі напамінала яму, нядаўняму школьніку, матэматычны тэрмін. Што гэта такое, растлумачылі як маглі старажылы палаты. А яшчэ Іван заўважыў, як спачувальна глядзіць на яго немаладая санітарка.
Дні праз тры выклікалі ў працэдурную. Побач са знаёмым доктарам Іван убачыў рыжаватага барадача і дзвюх медыцынскіх сясцёр. Загадалі распрануцца, легчы і падцягнуць да жывата сагнутыя ў каленях ногі. Барадаты ўгнуў яшчэ ніжэй галаву хлопца, абхапіў плечы. Астатнія ўперліся ў калені. У руках доктара Іван заўважыў пусты шпрыц. Заплюшчыў вочы, увесь сцяўся. Малады хірург доўга абмацваў пазванкі на худой спіне. Нарэшце іголка ўвайшла ў цела. Праз некалькі пакутлівых імгненняў усё было закончана. Іван памкнуўся малайцавата падняцца, ды са здзіўленнем пачуў, што гэта яму дазволена не раней за наступную раніцу.
Ляжаць надакучыла. Да таго ж Іван саромеўся карыстацца паслугамі санітаркі. Які ён хворы?! Адчуванне ж – нібы нічога не адбылося. Звычайнае абследаванне. З кім не бывае?! Пад вечар цішком наважыўся ўстаць. Праз некалькі імгненняў раптоўна пацяжэла галава. У вушах звінела. Здавалася, паступова набірала сілу бясконцая, надакучлівая нота. (Іван Пятровіч і цяпер не выносіць цішыні.) Хлопец тут жа вярнуўся да ложка. Паволі прыходзіў да сябе. Уставаў – і ўсё паўтаралася. Тое было і на другі дзень. У канцы наступнага, трэцяга, дня, перамагаючы галаўны боль, дабраўся да ўмывальніка. Яшчэ праз суткі мог сядзець на ложку, нават уставаць, прагульвацца. Усё гэта займала хвілін дзесяць-пятнаццаць. Калі галаўны боль заставаў на двары, даводзілася класціся на бліжнюю лаўку, а то і проста на траву. Спрабаваў закідваць глыбока назад галаву, трымаючыся за што-небудзь. Не дапамагала. Абавязкова – легчы, знерухомець. Чым даўжэй заставаўся ў такім становішчы, тым болей часу можна было потым пабыць на нагах. Час ішоў. Хворых дабаўлялася. Праз тыдзень Івана выпісалі. У атрыманай даведцы размашысты, неразборлівы запіс заканчваўся словамі: ”…без парушэння функцыі”. Гэта ў нейкай меры супакойвала. Думалася пра другое. У яго – месяц вольнага часу. (Экзамены ў прафесійным вучылішчы здадзены датэрмінова.) Трэба ехаць да бацькоў. Добра было б яшчэ на тыдзень затрымацца ў інтэрнаце. Але хто яго будзе карміць? Абхадны падпісаны, з вучылішчам больш нічога не звязвае. Трэба ехаць. А цягнік ідзе роўна дзве гадзіны.
Дзіва не здарылася. Праз гадзіну ў душным набітым вагоне Іван ледзь не траціў прытомнасць. Усю далейшую дарогу прастаяў у тамбуры – яго без перапынку ванітавала. Хлопца палічылі безнадзейна п’яным. Адны шкадавалі, іншыя грэбліва адварочваліся. На прыпынку змучаны, напаўжывы выбраўся з вагона, адышоўся колькі крокаў, пачакаў, пакуль зніклі з вачэй пасажыры, і адразу ж лёг на спіну. Помніцца, яшчэ парадаваўся, што няма нікога са знаёмых ці аднавяскоўцаў. Полуднем дацягнуўся дахаты. Дома сказаў, што ў яго ўсё добра, мае адтэрміноўку да восені як навучэнец.
Было сорамна сярод белага дня валяцца на канапе. Стараўся прымеркаваць так, каб больш бачылі на нагах. Ці здагадвалася пра што маці? Не. Напэўна не здагадвалася. Да сённяшняга дня Іван Пятровіч паважае сябе за той святы падман больш як дваццацігадовай даўніны. Маці тры гады як на пенсіі. У яе баляць рукі, часта жаліцца на боль у спіне. Нямала напрацавалася на вяку. І ўсё ж у немаладой маці да гэтай пары зусім мала сівых валасоў. А калі б расказаў тады пра бальніцу?..
* * *
“Невясёлым будзе аповед, – падумаў настаўнік. – Ці зразумеюць? Але трэба гаварыць, будзіць душы”.
Галаўны боль паступова адступаў, але стома адчувалася. Павекі зрабіліся цяжкімі. У вачах рэзала, нібы хто сыпануў у твар жменю пяску.
“Што калі тыя шчодрыя прамежкі часу, за якія ён і сёння ледзьве ўпраўляецца з планамі і сшыткамі, будуць сціскацца і надалей”, – нявесела падумаў настаўнік. І тут жа адагнаў здрадлівую думку. Заканчваецца навучальны год. Нарэшце трэба будзе па-сапраўднаму адпачыць.
Іван Пятровіч бліжэй падсунуў настольную лямпу. “А з памылкамі па мове ў шостым давядзецца нешта рабіць”, – ён паклаў апошні сшытак, дастаў аркуш чыстай паперы і, перакладаючы сшыткі ў зваротным парадку, пачаў выпісваць памылкі на апошнія з вывучаных правіл.
ЗЛОДЗЕІ
Алена памятае гэты магазін колькі жыве. А гадоў маладой прадаўшчыцы роўна дзевятнаццаць. За апошні час будынак, і так невялікі, змізарнеў, асеў. Драўляны склад побач скасабочыўся, ад агароджы засталіся толькі счарнелыя слупы.
Гадоў з сямі пасылала маці Аленку ў магазін па хлеб, даючы нязменна рубель грошай. Малая ведала, што за гэтыя грошы выходзіць пяць боханаў хлеба і кулёчак цукерак “кіс-кіс”. Цукеркі былі духмянымі, мелі непаўторны смак. Прыемны пах цукерак, печыва і свежага хлеба стаяў у магазіне. Дзядзька Тарас, “магазіншчык”, клаў адразу па два боханы на шырокі прылавак, падсоўваў іх бліжэй да краю. Пасля чаго ён запускаў руку ў каробку з цукеркамі і густа сыпаў “кіс-кіс” на вагі. Іншым разам дабаўляў, цыркаў па адной, косячыся на лянівую стрэлку. Алена брала з рук дзядзькі Тараса кулёк, дзякавала, як вучыла Ларыса Сяргееўна, першая настаўніца. Сумку з хлебам дзяўчынка вешала на руль веласіпеда. Кіраваць з грузам няпроста: руль падварочваецца, сумка трэцца аб кола, але затое як прыемна чуць маміна “Малайчына! Што б мы без цябе рабілі ?!”
Цяпер Алена і сама прадаўшчыца. Другі дзень як загадчыца магазіна. Пакруцілася пасля школы нейкі час у горадзе і вярнулася, не знайшоўшы прыстанішча. А тут акурат і месца вызвалілася.
Усярэдзіне магазін не ўражваў, як і звонку: шэрыя сцены, напаўпустыя паліцы з бялізнаю, сякім-такім абуткам і посудам. На пашарпаных ніжніх паліцах – мутнаваты яблычны сок, марынаваныя буракі, салата. За спіною ў прадаўшчыцы шырокія паліцы з хлебам. Абабітыя некалі светлым пластыкам, цяпер яны шэрыя і непрывабныя. Ад паліц, колькі іх ні выцірай, ідзе кіславаты пах.
Учора людзей заходзіла мала – хлеба не прывозілі. Забягалі мужчыны па віно – рыбгас побач, – жанчыны бралі па некалькі кіло макаронаў першага гатунку. Прадала Алена двое дзіцячых штонікаў – унукі прыехалі да цёткі Надзеі.
А сёння наогул яшчэ нікога не было. І Алена нават узрадавалася, пачуўшы шоргат ног на ганку.
Рыпнулі дзверы. У магазін зайшла Ларыса Сяргееўна. Памылкі быць не магло. Гэт была яна. “Дачулася і прыйшла павіншаваць з пачаткам работы, – падумала ўражлівая дзяўчына, і самыя лепшыя пачуцці абудзіліся ў душы. – А я такая… За дзесяць гадоў ніводнай паштоўкі…” Алена разгубілася, засаромелася, пайшла было насустрач, але настаўніца яе не пазнала і на радаснае “Добры дзень, Ларыса Сяргееўна!” толькі суха кіўнула. Сумеўшыся, прадаўшчыца адышлася да свайго століка.
Ларыся Сяргееўна і цяпер, у свае амаль шэсцьдзесят выглядала гожа: інтэлігентны твар, прыбраныя сівыя валасы, зграбная постаць. Вопратка, хоць не новая, але дагледжаная, чыстая. Настаўніца прайшлася некалькі разоў уздоўж паліц, пакруціла ў руках слоікі з кансервамі, адзін з іх паклала ў сумку, пахадзіла яшчэ і накіравалася да выхаду.
– Затлумілі ёй галаву за столькі гадоў, – пашкадавала Алена. – Забылася разлічыцца. Толькі той бяды. Успомніць па дарозе – прыбяжыць прабачэння прасіць. Не даганяць жа. У горшым выпадку за адзін слоік разлічуся сама…
Разлічвацца Алене прыйшлося не за адзін слоік. Ларыса Сяргееўна наведвалася адзін-два разы на тыдзень і, прыхапіўшы сёе-тое з паліц, выходзіла з магазіна як бы там нікога і не было. Алена гэта бачыла, паціху плакала, падлічваючы страты, і… усё заставалася як раней. Калі ж у партфель, стары скураны партфель, у якім настаўніца насіла і яе, Аленіны, сшыткі, трапіў спачатку халат, а яшчэ праз тры дні дамашнія тапкі – Алена не вытрымала. “Даганю і ўсё скажу ў вочы”, – рашылася яна.
Перачакаўшы нешматлікіх пакупнікоў, Алена зачыніла магазін і накіравалася за настаўніцай. Ларыса Сяргееўна павольна ішла метраў за сто наперадзе. Рашучасць пакінула маладую прадаўшчыцу. Алена не ўяўляла, што і як яна будзе казаць, гатова была ўжо дараваць і халат, і тапкі. Каб толькі ведаць, што на тым усё скончыцца… Даганю і скажу: “Ларыса Сяргееўна, не трэба гэтага больш ніколі рабіць. Добра? І адразу назад, нават адказу не чакаць”, – планавала дзяўчына.
Алене прыгадалася, што менавіта так сказала яе любімая настаўніца пасля таго выпадку, як Алена-першакласніца без дазволу ўзяла з шуфлядкі компас. Сабралася з сяброўкамі ў грыбы схадзіць. Тыя і падказалі пра компас, а пасля засталіся невінаватымі.
…Настаўніца выйшла на край вёскі, да ракі, пакрочыла па сцежцы ўздоўж, збочыўшы ўлева, узяла кірунак да высокага дарожнага насыпу. Некалі на гэтым самым месцы стаяла школа. Шырокая насыпная дарога да рыбнай гаспадаркі накрыла падмурак, перарэзала адзіную вясковую вуліцу ўпоперак – прайшлася праз пабудовы, нешта адапхнула, нешта скурожыла і засыпала – ды пайшла, прамая, як страла, далей. Школу знеслі (разабралі па бервяну і перавезлі на цэнтральную сядзібу) не па гэтай прычыне і намнога раней – не было вучняў.
* * *
Ларыса Сяргееўна змахнула даланёю пясок з прыдарожнага валуна, прысела. Тут стаяла яе школа, сюды часта прыходзіла настаўніца. Першыя гады працы амаль сцерліся з памяці. Яны недзе далёка-далёка. А вось дзень, які заўсёды з ёю… Васьмігодкі больш няма. Ёсць Ліпеньская пачатковая школа. “Віншую, таварыш дырэктар, – жартуе загадчык рана. – Прымайце гаспадарку. Уся надзея толькі на вас”.
Прастору было!.. Дваццаць чалавек, а пасля і менш, на ўвесь драўляны гмах, і тыя ў дзве змены. Высокая столь, доўгі нявузкі калідор. У прамежках між вокнамі – партрэты членаў Палітбюро. На супрацьлеглай сцяне – шматлікія цяжкія стэнды: рэвалюцыянеры, героі войнаў, касманаўты. Некалькі гадоў таму былы камсамольскі работнік, а пасля дэмакрат падчас выбараў кінуў папрок у інтэрв’ю па радыё, што яго пачатковая школа напамінала дом палітычнай асветы. Кім жа тады была яна, настаўніца?
Успомніць цяпер, дык на самай справе мо адзін толькі невялікі стэнд “Нашы выдатнікі” і падказваў, што чалавек трапіў у школу. Выдатнікаў набіралася сем-восем штогод: у асноўным хлопчыкі, стрыжаныя пад машынку, з абавязковымі белымі падкаўнерыкамі. Так патрабавалася, і яна не адыходзіла ні на крок ад інструкцыі. Яна была строгай настаўніцай. Так лічылі бацькі, і гэта ўхвалялася. Надзейка, дачка родная, неяк, забыўшыся, назвала яе па-хатняму, мамулькай, і цэлы перапынак за тое ў кутку румзала.
Яна чытала ім пра герояў, не прызнаючы забаўлянак. У пачатку шасцідзесятых – як даўно тое было! – першакласнікі спявалі “Куба, любоў мая…” Дзіўна, але ніхто не спытаў ні пра “барбудас”, ні пра “чеканный шаг”. А як яны, сямігадовыя, прамаўлялі гэтае “Радзіма або смерць!..” Трэба было бачыць дзіцячыя вочы. Далей – гімны. Колькі двоек давялося паставіць, колькі дзіцячых слёз гэта каштавала!.. У сачыненнях вучні пісалі, што гатовы аддаць жыццё за Радзіму. Гэта аж лякала і… прыносіла задавальненне: яна не марна есць свой хлеб, калі яе вучні гатовы на подзвіг.
А потым школы не стала. Здзічэў сад, удзірванелі бегавыя дарожкі, увішны сусед прыхапіў школьны агародчык. І сама настаўніца ў адзін год пастарэла.
У грамадстве ішлі перамены, якія нічога не мянялі, а Ларыса Сяргееўна хадзіла на працу ў новую, за тры кіламетры, школу на цэнтральную сядзібу. Дапрацоўвала да пенсіі. Давялося выкладаць і гісторыю, і маляванне. Процьма часу ішла на падрыхтоўку да ўрокаў, ды і паразумецца са старэйшымі дзецьмі было складана. І так чатыры гады. Сталі чапляцца хваробы. Некалі вельмі таварыская, Ларыса Сяргееўна замкнулася ў сабе. Адзін і той жа ўедлівы сон паўтараўся штоночы.
…У класе шумна. Нельга павысіць голас, бо на апошняй парце інспектар з рана. Яна просіць дзяцей сесці роўна, вачамі моліць заціхнуць – усё марна. Пачынае гаварыць – ніхто не слухае. Інспектар перапыняе ўрок, просіць дзяцей выйсці на калідор.
– І гэтак вы працавалі ўсе трыццаць гадоў?! А яшчэ лічыліся добрай настаўніцай, – сароміць ён.
Ларыса Сяргееўна прачыналася і доўга не магла заснуць. Надакучлівыя думкі лезлі ў галаву. “Нас зусім не рыхтавалі да жыцця…” Можа і мае рацыю той былы камсамольскі работнік. Але ж, акрамя ўсяго, яна вучыла іх быць людзьмі. Вучыла, забываючыся на асабістае жыццё, на ўсё, што не мела дачынення да справы. І што ўзамен? Столькі гадоў пражыць у доміку без выгод, які выдзелілі ёй, маладому спецыялісту, як часовае жыллё, якое яна рамантавала колькі разоў за свой кошт… І гэта ў той час, калі адзін з былых вучняў загадвае жыллёвым сектарам у вобласці, другі – старшыня раённага Савету. Памаглі б, чаму ж, але трэба хадзіць, назаляць. Разы са два звярталася – паабяцалі і забыліся. Забылася дзяржава, абаронцаў якой яна выхоўвала, забылася грамадства, па высокім маральным кодэксе якога яна рыхтавала іх жыць.
У школе ўсе сталі раптоўна заўважаць, што з Ларысай Сяргееўнай робіцца нешта не тое. Ціхая, незаўважная ў новым калектыве, яна раптам зрабілася ўзбуджанай, часта плакала без дай прычыны, у размове з дзецьмі зрывалася на крык. Настаўніца не магла пераносіць электрычнага званка і заходзіла ў клас ужо на ўзводзе. Аднойчы яна так і не пачала ўрока, праседзела за сталом, закрыўшы твар рукамі. Другім разам, калі званок тарабаніў мацней звычайнага, Ларыса Сяргееўна замест таго, каб ісці ў клас, выбегла, як была з журналам і ўказкаю, на вуліцу.
Па школе папаўзлі чуткі.
Крадком у час канікулаў наведала настаўніца раённую паліклініку. Немалады псіхіятр, выслухаўшы наведвальніцу, прапанаваў усур’ёз палячыцца. За некалькі дзён Ларыса Сяргееўна абышла многія кабінеты: цяжкія размовы ў чаканні прыёму, чэргі. Склалася такое ўражанне, што ўсе дактары хворыя…
* * *
Ларыса Сяргееўна прыйшла дамоў гадзіны праз дзве. Яна паставіла на стол слоік з марской капустай, узяла з падаконніка неаднойчы прачытанае даччыно пісьмо і доўга сядзела ў крэсле не распранаючыся.
Стаяў позні вечар. У такую пару настаўніца адчувала нейкую асаблівую трывогу. Яна была ўпэўнена, што гэта здарыцца абавязкова ўначы, баялася заснуць і не прачнуцца. Мо таму і пакутавала ад бяссонніцы. Лежачы ў ложку, Ларыса Сяргееўна складала і рэдагавала пісьмо да дачкі. Зяць добры чалавек, але як выказацца так, каб сам, каб не дачка а ён, здагадаўся запрасіць хоць бы перабыць зіму. Страшна заставацца ў хаце, якая зусім не трымае цяпла. Але з чым ехаць? Сорам сказаць, яна даўно не можа купіць нават змену пасцельнай бялізны. З тых некалькіх тысяч, што трымала на чорны дзень, нічога не засталося – інфляцыя, дэнамінацыя… У суседзяў свінні, агароды, сваё малако – у яе толькі невялікі агародчык. А яшчэ шмат вольнага часу. І Ларыса Сяргееўна зноў і зноў, да галаўнога болю, мучыць сябе няпростымі пытаннямі.
– Дык яны ўсе павінны гэтую марскую капусту насіць мне на кватэру і дзякаваць, – заключае настаўніца ўголас.
Хто гэтыя “яны” – Ларыса Сяргееўна не можа знайсці адказу.
Яна пачала браць сама. Не красці. Абакралі яе, пакінуўшы сам- насам з хваробай…
* * *
У абед наступнага дня жанчына зноў прыйшла ў магазін. У Алены моцна затухкала сэрца. Ларыса Сяргееўна выглядала бледнай з твару, пад вачамі выразна акрэсліліся цёмныя кругі. Усю ноч моцна балела галава. Пад самую раніцу, як сон пачаў усё ж адольваць, мроілася, а мо на самай справе так было, што губляе прытомнасць. Не знайшоўшы нічога патрэбнага ў аптэчцы, настаўніца заціснула галаву мокрым ручніком і, падбіўшы падушку, так і праседзела рэшту ночы.
Ларыса Сяргееўна прайшла ўздоўж паліц магазіна, паклала ў партфель слоік марынаваных буракоў, пасля – Алена не магла прадбачыць, што ён можа апынуцца ў скураным партфелі – дарагі прас. Дзяўчына змянілася ў твары. Яна паспяшалася за настаўніцай, якая таксама паскорыла крок, ледзь не пераходзячы на бег.
Дно старога партфеля не вытрымала, парвалася. Слоік з буракамі храснуўся аб падлогу, пакрывавіў дзверы. Выслізнуў прас. Пакупнікі, хто з жалем і шкадаваннем, хто зневажальна, утаропіліся на жанчыну. “Вось вам і інтэлігенцыя!.. Дзяцей вучыла аднаму, а сама!..”
Ларыса Сяргееўна адчула, што ёй стала нясцерпна горача. Перад вачамі ўсё паплыло. Настаўніца спаўзала па вушаку, адною рукою закрываючыся, нібы баронячыся, пустым партфелем, другою яна сутаргава шукала, за што ўхапіцца, каб затрымацца.
Апошняе, што ўбачыла Ларыса Сяргееўна, – дзіцячы жах у шырока расплюшчаных вачах былой вучаніцы. Што гэта яе вучаніца, яна ўсвядоміла толькі зараз. Аднак роспачны крык так і не вырваўся з грудзей. Не паспеў!..
НА ФАЛЬКЛОРНАЙ ПРАКТЫЦЫ
Андрэй Журавель і Раман Вайтовіч – трэцякурснікі педінстытута, сябры яшчэ з самай першай “бульбы”. Трэці дзень хлопцы гасцююць у дзядзькі Рыгора, якому Андрэй даводзіцца родзічам па маці. Гасцююць – не зусім дакладна будзе, лепш сказаць – праходзяць фальклорную практыку. Вялікіх набыткаў пакуль няма. Людзі неахвотна ідуць на размову. Пятроў дзень не за гарамі, праца працу падганяе. У такі час не будзеш сядзець на лаўцы пад ліпкамі. Ім, нядаўнім вяскоўцам, не ў навіну такія адносіны мясцовага люду да прыезджых. Таму хлопцы і падрадзіліся ў памагатыя. Наіўна думаць, што на лузе, куды з самай раніцы збіраўся дзядзька Рыгор, можна будзе сёе-тое запісаць ад мужчын. Цяпер нават і ў вёсцы заспявай на сенажаці, у полі – скажуць, нехта з самай раніцы глытнуў лішняга. А мо і пашанцуе?
Андрэй не мог без хвалявання слухаць песні свайго краю. На вяселлях, на бяседах яны прасвятлялі захмялелую галаву. Малады паляшук, упёршыся локцямі ў квяцісты настольнік, любіў узірацца ў твары спяваючых і слухаў, слухаў. Іншы раз і сам спяваў, адчуваючы духоўную еднасць з гэтымі спрацаванымі людзьмі. Казанні, словы многіх народных песень хлопец добра ведаў, і не толькі па абавязку студэнта-філолага. А пад час вучобы пачаў ставіцца да ўсяго яшчэ больш сур’ёзна. Іншым разам Андрэй адзіны мог падтрымаць пачатую сталага веку чалавекам застольную ці абрадавую песню.
Андрэеў сябар – яны равеснікі – выглядаў гады на тры старэйшым. Мо віною таму яго маўклівасць, разважлівасць не па гадах, адзнака тугі ў шэрых вачах – Раман рос без бацькі.
* * *
Талака сабралася не малая – сем чалавек, калі разам з хлопцамі. Усе свае: дзядзька Рыгор з жонкаю, цёткай Таісай, іхняя дачка з зяцем, Арцём – старэйшы на сем гадоў брат гаспадара. З такой сілаю за летні дзень чорту рогі скруціш.
А дзень абяцаў быць спякотным. На траве ні расінкі – з самага ранку прыпякала. Першы год мужчынам не давялося даставаць кос з-пад павеці. Малады рупны старшыня прывёў да ладу і засеяў травою няўдобіцы, скасілі машынамі. Людзям заставалася толькі зграбаць і зносіць прасушанае сена, ладаваць копы.
Ажывае летам вёска. Амаль на кожнай дзялянцы побач з немаладымі бацькамі даказваюць, што яшчэ не забыліся на вілы і граблі, праходзяць своеасаблівую рэабілітацыю іх гарадскія дзеці.У іншых – і ўнукі пры справе. Па купальніках (мясцовыя насіць іх саромеюцца) і спартыўных касцюмах няцяжка распазнаць гарадскіх зяцёў і нявестак.
Прасцей за ўсё таму, хто мае блат з маладым трактарыстам, які вяжа цюкі. Іншыя, хто напярэдадні добра зафундаваў самага паважанага пад час касавіцы чалавека, працуючы, цікуюць за чаргой. Суседу злева яшчэ звечара зухі-трактарысты касілкаю насцягалі, нагарнулі сена ў сцірту, і цяпер бядак, лаючы тых, напінаецца, каб узяць на вілы, уварваць тое пакручанае сена.
– Работнікі, такую вашу! – незадаволена плюнуў Арцём. Ён наогул чалавек змрочны, вуглаваты. “Цяжкі”, як кажа цётка Таіса.
Усё вышэй падымаецца сонца, цягнуцца рады коп. Блізка сярэдзіна. Вада ў абодвух дзесяцілітровых пластмасавых бідонах, як ні хавалі яе ў цень, стала цёплай, нясмачнай. Такую п’еш і слабееш яшчэ больш. Пот залівае вочы. Сушыць у горле, глуха тухкае ў скронях. Сялянская праца – не забава.
– Ну як, фалькларысты, пачуваеце сябе? – дзядзька Рыгор на хвіліну апёрся на вілы, перавёў дух. – Гэта вам не ў сталіцы піва папіваць. Тут і сляпень укусіць, і авадзень утне, а то і камарык упячэ, калі вечарком затрымаешся. Дзянёк што год.
– Ты як той аграном з раёна, – Арцём акінуў вокам зробленае, падышоў да мужчын. – Мы тады яшчэ за працадні гнуліся, брыгадай касілі. Пад’ехаў, значыць, гэты аграном, вылез з “бобіка”, стаў і любуецца:
– Як тут у вас, мужчыны, хораша, як лёгка дыхаецца! Зямны рай ды і толькі. А кветкі, травы! Галава кругам ідзе. Не праца – адпачынак на свежым паветры. За гэта вы яшчэ самі павінны калгасу плаціць і дзякаваць. Так і не зразумеў чалавек, чаму касцы жаліліся на мізэрны заробак.
Бліжэй да абеду хлопцы звярнулі ўвагу на чалавека, што, раз- пораз нагінаючыся, хадзіў упоперак дзялянкі на краі. Гэта быў мужчына гадоў пад шэсцьдзесят, нізкага росту, неяк па-жаночаму таўсматы. На галаве – светлы капялюш, на нагах, нягледзячы на спякоту, – чырвоныя гумовыя боты.
– Што гэта ў вас за начальства? – пацікавіўся Андрэй. – Здаецца, ніколі раней не бачыў.
– Ат, якое там начальства. Кавуном у нас яго клічуць, – адказала цётка Таіса. – Некалі ў раёне з партфелем хадзіў, потым прагарэў, вытурылі, то гісторыю выкладаў у школе. А цяпер новы старшыня яму сена не завёз, даводзіцца самому дбаць.
– А што, добра дзеці гісторыю ведалі?
– Што да гісторыі, то не магу сказаць, але даты ведалі. Кавун выкладаў у сярэдніх класах. Там на кожнай старонцы падручніка па тры даты. У яго была (памятаю, у партфелі з сабою насіў) цэлая кіпа картак з датамі, а на зваротным баку, каб чаго не зблытаць, алоўкам пазначана, што і да чаго. Ну і пабойваліся Кавуна, скажу вам. Хоць у школе працаваў, але сувязь з раёнам меў трывалую. Цяпер не тое. А як толькі прыслалі!.. Кавун аднойчы ў местачковую лаўку зайшоў. А Мікіта Бычык, ёсць у нас такі, рашыў паслугу зрабіць. Няўцям чалавеку, што Кавун – гэта мянушка, і на поўны голас: ”Таварыш Кавун, не марнуйце дарагога часу! Таварыш Кавун, праходзьце без чаргі!” Да гэтай пары ў людзей на языку так і засталося.
Заўважыўшы былую супрацоўніцу (цётка Таіса некаторы час працавала ў школе лабарантам), Кавун накіраваўся да гурту.
– Нешта не разбяруся, у які бок тут маё? – спытаў у надзеі, што яго праводзяць і пакажуць.
– Вы, Аляксандравіч, паглядзіце, на якім баку ламачыны зрэз з вашым прозвішчам, у той бок і дзялянка, – параіла цётка Таіса.
– Ты яшчэ ідзі яму дапамажы, пашкадуй. Без цябе ніяк не абыдзецца, – упікнуў яе муж, калі Аляксандравіч адышоў.
Кавун жа яшчэ двойчы ці тройчы прайшоўся ўздоўж, збіў загадзя падрыхтаваную “казу” і пачаў мераць шырыню дзялянкі праз кожныя дзесяць-пятнаццаць крокаў.
– Не саромеецца чалавек. Я б на людзях так не змагла, – цётка Таіса кіўнула на Кавуна. – На мой жаночы розум, калі б што не ўразумела, прыйшла б на дзве гадзіны раней, дабралася б да толку.
– А я ўжо думаў, ты яму дапамагчы імкнешся, – падкузьміў дзядзька Рыгор усё яшчэ са злосцю. – То я не супраць. Вось сваё закончым і заставайся. Пэўна ж мала вы яму некалі па дзяржаўных расцэнках падлогу фарбавалі ды вокны на зіму заклейвалі.
Да канца пракосаў заставалася яшчэ паўсотня метраў. Тым часам то адзін, то другі гурт стаў шукаць цянёк, гаспадыні распакоўвалі сумкі.
– Усё, мужчыны. Абед. Бо з нас будуць людзі смяяцца. Скажуць, талаку сабралі, а есці не даюць, – затрывожылася цётка Таіса.
– Як думаеш, жонка, кропля не пашкодзіць? – зірнуў хітра дзядзька Рыгор на гаспадыню, калі ўсе кругам расселіся вакол разасланай ля воза цыраты.
– Многа не дам. Дома дагоніце. Ну а для апетыту можна, – згадзілася цётка Таіса.
– Слухайце, хлопцы, як было аднойчы, – пасля чаркі дзядзька любіць пагаварыць. – Прыязджае з горада сын да бацькі. Выпілі, паснедалі на славу. Стары ўстае, бярэ шапку: “То цяпер, сынку, і папрацаваць не пашкодзіць”. Сын вачамі лыпае: “Я ж у адпачынак прыехаў. Ты, бацька, заўсёды так: як вып’еш – зусім бы дурны”.
– Слухай, Таіса, можа і яго запрасіць? – зноў пацвельвае дзядзька, маючы на ўвазе Кавуна.
– Вось прычапіўся на маю галаву, – злуецца жанчына.
– Дзядзька Рыгор, – уступае ў размову Раман. – Ваш Аляксандравіч – чалавек у гадах. Былы педагог. А людзі ад яго як сцяной адгарадзіліся. Неяк не па-нашаму гэта. Няўжо просты настаўнік столькі насаліў.
– Ды нікому ён не насаліў, незадаволена адмахваецца Арцём. А паважаць яго за што? Добраму чалавеку я магу за “дзякуй” дзень дапамагаць. А такому…
– Бачыце, хлопчыкі, што тут і да чаго… – гэта зноў цётка Таіса. – У Кавуна яшчэ жывы бацька. Старому восемдзесят гадоў. З выгляду так сабе, але зусім сляпы. Мінулым летам тое было, у касавіцу. На свае вочы бачыла. Награбуць Кавун са сваёй Веніямінаўнай добрую вязку сена, дапамогуць старому гэтую вязку ускаціць на плечы. Пасля Кавун бярэ бацьку за руку і вядзе да стажка. Далей – усё спачатку.
– А ты што, не магла падысці і ў вочы яму плюнуць? – злуецца Арцём.
– Такі ўжо нарадзіўся, – як бы не чуе цётка.
Гадзіны праз дзве пасля абеду праца была закончана. Стома адчувалася, але наперадзе чакаў адпачынак, халодны дамашні квас і няспешная вячэра з цікавымі людзьмі.
– Бачыце, хлопцы, не дарэмна кажуць, што гуртам і бацьку добра біць, – пажартаваў дзядзька Рыгор, уладкоўваючы на воз вілы і граблі.
На краі абмінулі Кавуна, які скончыў замеры і цяпер разбіраў сваю “казу”.
Вечарам ісці нікуды не хацелася. Хлопцы паціху, бы саромеючыся вучонай гаворкі, дзяліліся ўражаннямі дня.
– А добра твой дзядзька наконт свежага паветра, – прыпамінаў Раман. – Нашы вёскі абдзіралі і абдзіраюць усе, хто толькі можа. Я гасцяваў у многіх аднакурснікаў. Гумовыя боты, шэрыя хусткі ў любую пару года, цёмныя плюшавыя жакеты на свята... Гэта як нацыянальнае адзенне нашых маці. Жанчына ў сорак пяць выглядае шасцідзесяцігадовай. А якія цудоўныя людзі! Колькі ў іх чуласці, дабрыні, спагады…
– І нянавісці, – перабіў Андрэй, – непрымірымасці, якую затойваюць у сабе. А як, скажы, адносіцца таму ж Арцёму, які з маладых гадоў паліваў потам гэтую зямлю (дарэчы, мы працавалі на колішнім хутары іхняга з Рыгорам бацькі), як яму ставіцца да нядбайлы-суседа, які тараніць сена касілкаю, нібы бульдозерам. А колькі прыезджых абібокаў у вёсках атабарылася. Добры гаспадар з-за свету не прыедзе, хіба бяда прымусіць. У большасці за лёгкім хлебам цягнуцца. А вазьмі Кавуна… Свой, непадалёку…
– Я іншы раз думаю, – прамовіў Андрэй пасля некаторага роздуму, – чаму ў нашай мове столькі слоў, якія ў адным шэрагу са словам “гультай”. Глядзі: “лайдак”, “абібок”, “дармаед”…
– Бальшавік, – дапоўніў Раман. – Летась я быў на вяселлі ў суседнім з нашым раёне. Падпітыя госці маладой не пускаюць “купцоў” у хату. “Што за людзі? – жартуе сват. – Адкуль? Дакументы пры сабе? Мо вы бальшавікі якія?! Пусці, а потым бяды не абярэшся”. Вось табе і непарушнае адзінства...” А ведаеш, Андрэй, што мне ўявілася? Так сімвалічна. Сляпы Кавуноў бацька – нашы людзі, наша вёска. А павадыры – Кавуны, якія хочуць, каб ім дзякавалі за тое, што вядуць. Куды вядуць? Дзеля чаго? У Кавуна была мэта: хутчэй упарадкаваць сена, каб мець на стале свежае малако і вяршкі. Іншым карціць адгрохаць трохпавярховы асабняк, на чужой спіне заехаць у рай. І ўсё гэта нахабна, ні на кога не зважаючы. Ты скажаш, у выпадку з Кавуном мае месца праблема бацькоў і дзяцей? Мне, здаецца, што ў нас гэта ніколі не было турботаю. Былі вырадкі, адшчапенцы, якіх цураліся, абыходзілі за паўвярсты. Мая маці да гэтага часу кліча дзядулю татам. Яна ж лічыць за абавязак аднесці нямогламу суседу слоік малака.
– Але вось што я заўважыў, – адазваўся Андрэй. – Гадоў пяць таму вяскоўцы не абышлі б клопатам ні Івана Іванавіча, ні Івана Аляксандравіча, палічылі б за гонар дапамагчы, калі б тыя рашылі папрактыкавацца з граблямі. Цяпер трохі па-іншаму: кожнаму аддаюць належнае.
У цьмяным святле, якое падала ў пакой ад вулічнага ліхтара, Раман нешта запісваў у тоўсты агульны сшытак.
АДПАВЯДАЕ ПРЫ ЎМОВЕ
Грукат у шыбу быў моцны і, як заўсёды, нечаканы. Дробна калацілася тонкая аконная рама…
Парадны ўваход у школу нехта спланаваў так, што ні выйсці з яе нельга, ні ўвайсці, каб не прашпацыраваць міма акна дырэктарскага кабінета. Малады настаўнік азірнуўся: Ада Львоўна знакамі паказвала вярнуцца. Нічога добрага гэта не абяцала. “Зноў які-небудзь семінар, канферэнцыя ці яшчэ немаведама што, – незадаволена падумаў Барыс Міхайлавіч. – А верагодней за ўсё – чарговая натацыя, бо Ада Львоўна такі чалавек – не можа спакойна перанесці, калі настаўнік у чатырнаццаць гадзін пакідае школу. Для яе гэта рана. Не верыць, што ў класнага кіраўніка не знойдзецца працы на дзве-тры гадзіны дадаткова…”
Усе планы, складзеныя Барысам Міхайлавічам яшчэ звечара, рушыліся. Гэта было ясна як белы дзень.
Так, выйсці са школы незаўважаным практычна немагчыма. Барыс Міхайлавіч не разумеў, як можна, седзячы спінаю да акна, бачыць усё і ўсіх, хто заходзіць і выходзіць. Няйнакш люстэркам карыстаецца. Але ж – не. Здаецца, іншае тут штосьці. Проста ў Ады Львоўны надта чуйны слых. Адзін-два разы яму ўдавалася вышмыгнуць са школы незаўважаным, але ж тады ён схітраваў: выходзіў разам з натоўпам гаманкіх старшакласнікаў…
Барыс Міхайлавіч працуе ў школе ўжо шосты год. Былыя пяцікласнікі незаўважна дабраліся да выпускнога класа. Школа іх хоць і гарадская, але аднапавярховая, драўляная, пабудаваная яшчэ да вайны. Новыя педагогі сюды прыходзяць рэдка, і так атрымалася, што ён, Барыс Міхайлавіч, у школе самы малады... Калі б хто спытаў, што засмучае яго больш за ўсё, не дае працаваць на поўную сілу, адразу б упэўнена кінуў: “Не стае часу”. І не паграшыў бы. Прыватная кватэра… Яна, бы той злыдзень, з’ядае добрую палову сутак. А ў школе? Цяпер лягчэй стала, бо прымусіў сяго-таго з калегаў лічыцца і з яго думкаю… Што было напачатку – і ўспамінаць не хочацца. Куды толькі ні ездзіў – на семінары, на пленумы… Збіраў грошы ў шматлікія фонды, адбываў свае два гады ва універсітэце марксізму, вучыўся на курсах удасканалення, нёс па графіку і па-за графікам дзяжурства ў малітоўным доме, дзе трэба было высочваць “сваіх”, сядзеў на абавязковых партыйных сходах, бо, як лічыла Ада Львоўна, кожны настаўнік – член партыі, з той толькі розніцаю, што не ў кожнага ёсць партыйны білет. А абавязкі па догляду за садам і агародам гаспадыні, у якой ён кватараваў, мыццё кашуль і прыгатаванне ежы (жонка з малым жыла ў бацькоў, у вёсцы)… І гэта яшчэ далёка-далёка не ўсё.
Сапраўды, дайшло да таго, што Барысу Міхайлавічу – а словам ён валодаў нядрэнна – часам прапаноўвалі дапрацоўваць даклады для старшай піянерважатай, з якімі яна звычайна выступала то на канферэнцыях прыхільнікаў міру, то на пленумах таварыства “Веды”. Кнігі, падрыхтоўка да ўрокаў – усё гэта было. Але бліжэй да поўначы, а то і за поўнач. Праходзілі дні за днямі, і аднойчы Барыс Міхайлавіч зразумеў, што так больш доўжыцца не можа. Гэтаму яго прасвятленню папярэднічаў кур’ёзны выпадак. Раніцай пайшоў па ваду. Калодзеж быў блізка, усяго праз дзве хаты, але Барыс Міхайлавіч мінаваў гэты і падаўся аж у самы канец вуліцы, да другога. Атрымалася так, што яго гаспадыня, крыклівая і гарачая ў спрэчках, назвала суседку не Кузьмінічнай, як заўсёды, а жарэбнай кабыліцай, і тая ў знак крыўды павесіла на студню замок… Барыс Міхайлавіч набраў вады, паставіў вядро на лаўку і, думаючы аб нечым сваім, вярнуўся дахаты без вядра. Калі ўгледзеў такое – крадма, азіраючыся, пашыбаваў назад. Заспакоіўся, што яго ніхто не бачыў. На другі дзень і зусім замест вядра чайнік узяў. Спахапіўся, калі стаў ліць ваду. Гэта было ўжо і не смешна: чаго добрага, так можна і з глузду з’ехаць. Бы ў пацверджанне ягоных думак, пагоршылася самаадчуванне, пад вачамі выразна акрэсліліся кругі, абвастрыліся скулы. На стале штодня павялічваўся стос непрачытаных часопісаў і газет. З самага нізу – асабісты дзённік. Аднак ці да яго, калі ў галаве ніводнай думкі? Ці ж пра гэта марылася, ці ж да такіх цяжкасцей рыхтаваў сябе ён? “Безадказны робат… А хто яны, тыя, хто завалодаў правам карыстацца ягоным асабістым часам, не даючы нічога ўзамен?” – не давала спакою пытанне.
Барыс Міхайлавіч адмовіўся суправаджаць гаспадыню да прыпынку, цягнуць перагружаныя антонаўкамі кошыкі-калыскі і падаваць ёй у аўтобус. Вечарам таго ж дня не знайшлося ў няўдзячнага кватаранта гадзіны часу закатаць слоікі ... Гэтага, зрэшты, было дастаткова, каб шукаць новае жытло.
Недзе два тыдні, узлаваны на ўсіх і на сябе і не заўсёды сыты, перабіваўся ён па знаёмых, што і стала пачаткам пераўвасаблення безадказнага “мапеда” (маладога педагога) ў яршыстага, часам нястрымна-нязручнага для начальства, настаўніка.
Першым мерапрыемствам, якое праігнараваў Барыс Міхайлавіч, была ўсегарадская нарада здатчыкаў другаснай сыравіны. Давялося спаслацца на занятасць. Ада Львоўна не зразумела: “Як?! Асабістыя інтарэсы ставіць вышэй за інтарэсы школы?!” І ўсё ж першы раз даравала. Аднак пасля таго, як пяты клас не прыняў удзелу ў афармленні святочнай калоны да Першамая, а сам класны паехаў тым часам на два дні да бацькоў садзіць бульбу, даравання быць не магло. Тут ўжо дасталося як мае быць.
– Хто дазволіў?! На якой падставе?! Вера Паўлаўна, наш старэйшы работнік, і тая прыйшла… У яе хворыя ногі, а прыйшла… А вы?! Я не паверу ніводнай вашай адгаворцы.
– У мяне няма адгаворак, – спакойна адрэагаваў Барыс Міхайлавіч.
– Ну, ведаеце!.. – На твары Ады Львоўны выступілі барвовыя плямы, дробна заторгалася брыво. Хвіліна – і мусіў пачацца разнос. Але – не. Паварот быў даволі нечаканы: – Ідзіце… Працуйце.
Вялікай радасці, аднак, не было. Бо добра разумеў, што гэта яшчэ не перамога. Дый наўрад ці быць ёй. Стараўся, калі што, даводзіць уласнае меркаванне стрымана, карэктна, без развязнасці і выкрыкаў. Гэта яшчэ больш раздражняла Аду Львоўну. Свае маналогі яна пачынала сцішана, затым голас мацнеў, нарэшце зрываўся на крык, жэсты рук рабіліся ўсё больш рэзкімі. Дробныя пырскі сліны былі добра бачны ў пучку святла, што прабіваўся праз цюлевыя фіранкі. Рабілася непрыемна, хацелася павярнуцца і пайсці…
Часам, праўда, Ада Львоўна была ў настроі. Часцей за ўсё тады, калі школа дзе-небудзь “прагучала”. У такія хвіліны дырэктар называла малодшых па імені, і здавалася, што няма на свеце чалавека больш шчырага, чым яна, Ада Львоўна. Будучы ў настроі, дырэктар не загадвала, а прасіла, ласкава зазіраючы ў вочы. Папаўся на гэты хітры кручок і Барыс Міхайлавіч. Яму было даручана ў навагоднюю ноч пасля першых удараў курантаў выправадзіць з танцавальнай залы школьнікаў і далей “несці службу” пры ўваходзе ў клуб (там праходзіў вечар). Неўзабаве пасля апоўначы завітала нейкае гарадское начальства, якое рабіла навагодні аб’езд устаноў культуры. Правяраючыя, не выходзячы з машыны, некалькі хвілін паразмаўлялі з загадчыцай клуба. Якісь унутраны цэнзар не дазволіў настаўніку падысці і адрэкамендавацца, як было дамоўлена. Зрэшты, на яго ніхто не звярнуў увагі. Хутчэй за ўсё, начное дзяжурства было ініцыятывай “знізу”… Барыс Міхайлавіч адчуў сябе лішнім, непатрэбным. На яго нібы вылілі цэбар з памыямі. За два дадатковыя дні адпачынку несці бязглуздую варту, калі ўсе нармальныя людзі бавяць час з сем’ямі!.. “Ніколі больш!” – даў сабе слова.
* * *
Барыс Міхайлавіч зачыніў за сабою рыпучыя дзверы дырэктарскага кабінета. Ада Львоўна прапанавала прысесці, а сама працягвала размову па тэлефоне. На пісьмовым стале – кіпы папак і стосы папер. На хвілінку перапыніўшы размову, пашукала вачамі ручку. Узяла з алоўніцы адну, другую – не пішуць. Хапілася за аловак, а той аказаўся незавостраным. Нарэшце раздражнёна паклала трубку і звярнулася да наведвальніка:
– Барыс Міхайлавіч, я даўно хацела з вамі пагаварыць… Каб вы толькі ведалі, чаго каштавала мне будаўніцтва сталовай. Колькі нерваў трэба сапсаваць, каб выбіць дзесятак дошак… Во толькі што размаўляла з санэпідэмстанцыяй. Забаранілі карыстацца вадою, дзеці без абеду, з рана тэлефануюць праз кожныя дзве гадзіны… А тут дактары прапануюць класціся тэрмінова на лячэнне. Самі бачыце, не магу сабе дазволіць такое… Але чаму я вас паклікала… Правярала журнал пятага класа. Чатыры выдатнікі – гэта ўжо паказчык. Дзеці вашы заўсёды вітаюцца, стрыманыя… Ну а што белая варона знойдзецца, то яна ў кожным класе ёсць. З дысцыплінай апошнім часам стала лепш… – звузіла вочы, хітра засяродзілася. – Вы працуеце ў школе пяць гадоў. Не надакучыла, Барыс Міхайлавіч? – І тут жа: – Тое, што я вам зараз прапаную, вы абавязкова ўхваліце… Праз два гады – гэта я вам абяцаю! – вы атрымаеце кватэру ў новым мікрараёне. Летась там здалі школу. Самае галоўнае, што яе дырэктар, Іван Рыгоравіч – мой добры знаёмы. Таму, відаць, і прызнаўся, што яго намеснік па навучальнай рабоце праз год ідзе на пенсію… А заадно папрасіў рэкамендаваць на гэту пасаду педагога-мужчыну. Я назвала ваша прозвішча… Здзіўляецеся? Лічу, што справіцеся. Трэба расці… Сёння ж, не адкладваючы, і з’ездзім туды. Толькі ўгаворымся, каб аб нашай размове пакуль ніхто не ведаў… Скажу па сакрэту, што на гэта месца многія з нашых цэляць…
Недзе гадзіны праз дзве яны ўжо сапраўды сядзелі ў цеснаватым
кабінеце Івана Рыгоравіча. Па даручэнні Ады Львоўны Барыс Міхайлавіч убаку гартаў спісы класаў, добрасумленна вышукваючы прозвішчы вучняў, якія жывуць у мікрараёне яго школы. Тым часам Ада Львоўна вяла неабавязковую размову з Іванам Рыгоравічам, які, здавалася, усім сваім выглядам упрошваў даць яму магчымаць сканцэнтравацца на сваіх паперах.
– Раён ваш расце… Чула, плануюцца новыя стаўкі выкладчыкаў мовы?..
– Ведаеце, Ада Львоўна, – дырэктар, па ўсім відаць, быў чалавек шчыры, памяркоўны і негаваркі, – усю кадравую палітыку я зваліў на Ніну Віктараўну. Каб не яна…
– Ёй жа хутка на пенсію, – Ада Львоўна пасміхнулася.
– Што вы, што вы!.. Энергіі ў Ніны Віктараўны яшчэ столькі, што і маладыя пазайздросцяць.
Нейкія паўгадзіны правялі яны ў кабінеце Івана Рыгоравіча, але Барыс Міхайлавіч нават і слова не вымавіў: да яго не звяртаўся ніхто, і ён сам нікога не патурбаваў.
Пасля, ужо на вуліцы, Ада Львоўна спытала:
– Ну як?.. Я заўважыла, што Іван Рыгоравіч глядзеў на вас з цікаўнасцю… Усё будзе добра. А пра Ніну Віктараўну… Дык гэта дзеля маскіроўкі. Хто ж пры першай сустрэчы ўсе козыры выкладвае.
– Гэта праўда, – кіўнуў галавой Барыс Міхайлавіч.
– Тут свая дыпламатыя… Так што – пішыце заяву аб пераводзе. І ніякіх сумненняў… Спакойна заканчвайце навучальны год, а заява няхай ляжыць : хто першы, той і пан… Заўтра пасля заняткаў зайдзіце да мяне. Пачытаеце характарыстыку. Вы не задумваліся, чаму да вас на ўрокі так зачасцілі і я, і мой намеснік? Атэстуецеся, шаноўны…
Сапраўды, характарыстыка была станоўчая. “Хоць ордэн давай, – жартаваў Барыс Міхайлавіч. – Вунь колькі добрага даведаўся пра сябе…”
* * *
Вучні радавалі Барыса Міхайлавіча, а ён патроху рыхтаваўся (не без шкадавання) да пераходу ў школу ў новы мікрараён. мікрараёна. Класнае кіраўніцтва мусіў перадаць старшай піянерважатай. У канцы мая пабыў у Івана Рыгоравіча, пацікавіўся лёсам сваёй заявы. Той параіў зайсці да Ніны Віктараўны, якая, зрэшты, сустрэла яго надзвычай ветліва, распытала пра сям’ю, пра кватэру, пасля абнадзеіла:
– Хутчэй за ўсё, будзеце працаваць у шостых класах… Пакуль нічога сказаць не магу, бо вучэбная нагрузка яшчэ ўдакладняецца... Зайдзіце дні праз тры, не забудзьце ўзяць асабовую справу. Я папрашу, каб Ада Львоўна вам яе выдала на рукі... Выведваць па тэлефоне ці праз некага іншага я не люблю – гэта не ў маіх правілах. Паглядзім тут разам, пагаворым...
Аўтобуса доўга не было, і на прыпынку Барыс Міхайлавіч пацікавіўся зместам худой папкі: яго заява аб прыёме на працу з рэзалюцыяй Ады Львоўны, выпіска з загада аб накіраванні ў школу, матэрыялы да атэстацыі, знаёмая характарыстыка… Але што гэта? Усяго на адзін кароценькі абзац яна стала даўжэйшая. Нават колер чарніла розны: “Не вывучае перадавы вопыт. Мала цікавіцца педагагічнай літаратурай. Не заўсёды тактоўны ў адносінах з адміністрацыяй школы. Адпавядае займаемай пасадзе пры ўмове…”
Барыс Міхайлавіч, канечне ж, з Нінай Віктараўнай не сустрэўся. Не вярнуўся ён і ў сваю родную школу – у той жа дзень узяў білет на аўтобус і паехаў у вёску, да сваёй сям’і.
УНІВЕРСІТЭТЫ ІВАНА МАКСІМАВІЧА
– Што гэта вы, дзядзька, усё чытаеце? – Сталага веку мужчына насупраць шукаў, з кім пагаварыць. Па яго жартаўлівым звароце – чалавек гадзіўся мне ў бацькі, – па прыўзнятым настроі, які рэдка бывае ў пасажыраў прыгарадных цягнікоў, не цяжка было здагадацца, што ён, хутчэй за ўсё, адведаў родзічаў ці добрых знаёмых, і там яго адпаведна прывецілі.
– Ат, пішуць усякае…
Кніга была і на самай справе нудная. Галоўны герой, прачнуўшыся сярод ночы, мучыў сябе ўспамінамі, здавалася, для таго толькі, каб патрэніраваць памяць ды заадно выпрабаваць цярплівасць чытача.
– Завочнік?
Я кіўнуў.
– І колькі часу так матыляешся?
– Пяты год.
– Спачуваю. Пэўна ж, добра ўелася навука?
– І не кажыце…
Мы пазнаёміліся. Іван Максімавіч – так звалі майго спадарожніка – ажывіўся, дастаў з паношанай гаспадарчай сумкі пляскатую бутэльку з закруткаю, расклаў на газеце даволі прыстойную закусь. – Трэці ўнук як-ніяк. Іванам назвалі, па дзеду значыць. Зяць у мяне – ого! Паклапаціўся, каб стары і ў дарозе не сумаваў…
Мы выпілі, пажадаўшы адзін другому здароўя. Я смакаваў вясковае сала. Максімавіч пазіраў на мяне і задаволена ўсміхаўся:
– Едзе беларус у цягніку. А насупраць, вось як мы з табою, негр сядзіць, афрыканец. Дастае мужык з торбы сала, кілбасу. Сам сілкуецца, чалавека, вядома ж, частуе. А ў таго аж вушы ходзяць. “Ну што, падабаецца?” – пытае мужчына. Той знакамі паказвае, маўляў, а як жа. “Ну во. То напішы, няхай бацька і табе прышле”, – раіць беларус афрыканцу.
Я зразумеў, што сумаваць не прыйдзецца.
– Дык шосты год, кажаш… – вярнуўся Максімавіч да перапыненай гаворкі. – У свой час і я меў клопату з гэтай навукай. Прыкінуўшы ўзрост дзядзькі Івана (на выгляд яму было крыху больш за шэсцьдзесят), я намерыўся пачуць пра тое, як пан настаўнік вучыў “полякаў малых” слухмянасці і правільнаму вымаўленню. У свой час і мой бацька захапіў той навукі .
Але я памыліўся.
– Не дасі веры, – працягваў дзядзька Іван, – васьмігодку я закончыў за паўтары гады і два дні… У школу мяне запісалі на другое лета як Саветы прыйшлі. Затым акупацыя. Пакуль жыццё наладзілася – у былых першакласнікаў вусы пачалі прабівацца. Іншы раз і на танцы да старэйшых прыклеішся. Якая там навука! А ўсяго толькі ў другім класе лічыліся. Падпаілі хлопцы маладзенькую настаўніцу, расчулілі, на лёс жалячыся, ды і ўгаварылі ўзяць грэх на душу. Выдала нам Рыгораўна даведкі за пачатковую школу. Наша збавіцелька і цяпер, дай ёй Бог здароўя, жыве ў мястэчку. Увогуле, добрая была дзяўчына. Яна і замуж пасля выйшла за нашага. З той абавязковай пачатковай адукацыяй і прахадзіў я чвэрць веку за статкам. А куды было падзецца? – пасур’ёзнеў Максімавіч.
– А потым? Вы ж казалі пра васьмігодку, – не цярпелася мне даведацца.
– А далей было так. Пакрыўдзіўся я на калгаснага брыгадзіра. Вельмі пакрыўдзіўся. Старонняму чалавеку можа здацца і ні за што, а мяне заела. Нехта з трактарыстаў, гонячы план, перарыў, знявечыў зялёны грудок на краі поля. А статак і так няма дзе пасці. Ды і наогул не па-людску. Адно зрабіў, а другое спаганіў. Сэканоміў жа трактарыст хвілін дзесяць усяго на тым, што дыскі не падымаў пры павароце. Я кажу брыгадзіру: – Пры Польшчы добры гаспадар за такую работу не тое, што не заплаціў бы, але і з двара прагнаў бы. Ён як узвіўся:
– Круці хвасты сваім каровам і не лезь куды цябе не просяць! На другі ці трэці дзень прашу каня бульбу абагнаць, а ён мне прама ў вочы:
– Няма для цябе коней!
– Ах, так! Ну тады пахадзі, пашукай іншага дурня на маё месца. А сам раз – і заяву на курсы механізатараў…
Па праходзе зашоргалі ў пошуку вольных месцаў пасажыры, заплакала дзіця ў маладых бацькоў. Наша размова на нейкі час перапынілася. Прыйшло на памяць, як у фільмах пра маленства вядомых лётчыкаў паўтараўся адзін і той жа эпізод: галоўны герой, лежачы на траве, утрапёна ўглядаецца ў неба, праводзячы позіркам пралятаючы аэраплан. Падобна лётчыкам, ардэнаносцы-трактарысты – пра гэта больш па радыё ды ў газетах – таксама выношваюць сваю мару з пялюшак, і яна – о, радасць! – збываецца.
– Так і стаў я на трыццаць дзевятым годзе жыцця студэнтам, – Максімавіч гаркавата ўсміхнуўся. – У групу паскоранага навучання жадаючых не набралася, а адступаць – не ў маёй натуры.
– Выходзіць, вас залічылі ў вучылішча з пачатковай адукацыяй?
– Не. Парадак не быў парушаны. Пасядзелі мы з дырэктарам вячэрняй школы ў мяне на верандзе, паўшчувалі шалапутную моладзь – так я да сваёй пачатковай адукацыі за адзін вечар, лічы, дабавіў яшчэ чатыры класы.
– Смелы ён чалавек, той дырэктар.
– Разумны і сумленны чалавек. Бачыў, што такое ашуканства, акрамя карысці для зямлі, нічога не прынясе. Так што ў яго была свая праўда. А наконт рызыкі… Думаю, што Рыгораўна рызыкавала больш.
Наша размова, якая напачатку абяцала звесціся да абмену жыццёвымі кур’ёзамі, павярнула зусім у іншы бок.
– Цяжка было вучыцца з вашымі паўтара класамі? – пацікавіўся я.
– Ды не сказаў бы. Было ў нас два-тры чалавекі, якія маглі за выкладчыкам паўтарыць слова ў слова. Яны адразу ў тэхнікум пайшлі без экзаменаў. Ну а іншыя не на многа абагналі. Я спачатку і вельмі намагаўся. Нават канспекты пісаў. Дачка ўзяла аднойчы сшытак, пытае: “Чаму ты, тата, пішаш без кропак, без вялікай літары?” – А я па-свойму прыдумаў. Пішу дзе толькі паўслова, дзе першую літару. А каб лепш разабрацца пасля, то кожны сказ ад краю вяду. Я больш на практычных занятках стараўся да ўсяго дакапацца. Майстар талковы быў. Усё па палічках разложыць. Хіба што дурань не зразумее.
– У вас жа, пэўна, і эстэтыка была, і агранамія…
– Эстэтыку я любіў. Мо не так эстэтыка падабалася, як сама выкладчыца. Маіх гадоў, зграбная, адукаваная. З ёю пагаварыць – і то лягчэй на душы робіцца. “Ведайце, кажа, заўсёды цану сабе і сваёй прафесіі! Не дапускайце, каб калгасныя падпанкі бралі над вамі верх! Не прывыкайце да зелля. На вёсцы – вы першыя людзі!”. Як канчалі вучобу, мы ёй на лінейцы такі букет руж паднеслі – ледзь стрымалася, каб не заплакаць. А вось нашаму “аграному” – прадмет называўся агранамія – было ўсё адно, хто перад ім. Тыцкае ўказкай у свае табліцы, а сам глядзіць паверх галоў. Іншы раз так і казаў: “Вам гэта цяжка зразумець, але на ўсякі выпадак скажу…” Больш за ўсё намэнчыўся я з грамадазнаўствам. Гэты прадмет выкладаў у нас такі Барабанаў. Адно прозвішча чаго вартае. Сам гадоў на пяць маладзейшы за мяне, а ўжо трыбухасты, і насуплены заўсёды. Гаварыў павольна. Гора таму, хто не пісаў ці не рабіў выгляду, што запісвае. І ніякіх табе скідак. Аднойчы выклікае мяне да дошкі: “Ідзіце, кажа, Капацэвіч, і раскажыце нам пра цяжкае жыццё за панамі. Па іншых тэмах, мяркую, мы нічога разумнага ад вас не пачуем. А вы ў нас жывы сведка”. Я і пачаў прыпамінаць, што жылося бедна, электрычнасці не было. (Мы да калектывізацыі на хутары жылі.) А ў бацькі два валы гадаваліся. І такія валы – рогі да страхі даставалі. Ніхто з мясцовых купіць не мог, бо жывёла цанілася. Забралі тых валоў купцы з самой Варшавы. А бацька са сваімі злотымі, далей ад бяды, потым два тыдні начаваў па знаёмых. За тыя грошы і прыкупілі некалькі дзесяцін ворыўнай зямлі. А так было хоць ты з голаду канай… Закончыў, здаецца, як трэба, як у падручніку напісана, але Барабанаву мой сказ прыйшоўся не да спадобы. Гляджу на хлопцаў: хто крадком пахіхіквае, іншыя адкрыта здзіўляюцца. Ну і гаротнікі, маўляў. Адным словам, трапіў я ў няміласць. Толькі пачну нешта адказваць – двойка. З-за таго ледзь не плюнуў на ўсё, наважыўся дакументы забіраць. Дзякуй, хлопцы адгаварылі. Але ж дастаў ён мяне добра. Не раз даводзілася прыязджаць на кансультацыю да дачкі, каб перапісала зразумелымі словамі які артыкул. У той год, на маё ліха, з’езд праходзіў. Не памятаю нумара… Усё ж сваю “тройку” я атрымаў і па грамадазнаўстве. Па іншых прадметах былі чацвёркі, па спецыяльных – нават пяцёркі. Ну а пасля больш за дваццаць гадоў практыкі на гусенічных. Апошні год вечнасцю здаўся, думаў, не дацягну. А пасядзеў з паўгода дома, адхаркаў пыл ды сажу – акрыяў. Цяпер як падумаю – нібы ў страшным сне тое было. Усё ж, нягледзячы ні на што, да зямлі ў мяне адносіны асаблівыя. Перад самай пенсіяй утрымалі за перарасход гаручага. Ну, – кажу аграному,– дзякую за навуку. Я сумею араць так, што ў наступным месяцы якраз на добрую прэмію набяжыць. А ён смяецца. Не дурань жа, разумее, што не змагу...
Максімавіч задуменна глядзіць у акно. У агародах пачынаюць садзіць бульбу, вывозяць на палі гной – спрадвечныя сялянскія клопаты.
– А скажыце, Максімавіч, ці спатрэбілася вам у жыцці тая ж эстэтыка?
– А я з ёю кожны дзень меў справу. Ранняй вясной наробяць неразумныя кнігаўкі гнёздаў па ўсім полі. Спыняеш трактар і пераносіш гняздо на зааранае. Або тая ж бярэзінка – цудам уцалела ад зубоў карчавацеля. Можна яе раструшчыць гусеніцамі, а можна пакінуць, абагнуць. У мяне з сабою заўсёды рыдлёўка мелася. Упадабаеш дрэўца і дахаты нясеш пасля работы. Каля сядзібы цэлы лясок падрастае. А яшчэ я так любіў. Бывала, пасля захаду сонца прыглушыш рухавік, сыдзеш на зямлю. Прахалода, толькі ад трактара цяплом патыхае. Якая ні ёсць птушка – усякая голас падае. Кожная былінка проста на вачах уверх цягнецца, сокі зямныя смокча. А краскі на змярканні як пахнуць! Ветрыкам пацягне… Пра гэта словам не раскажаш. Адным летам да мяне ў госці ліса наведвалася. Сяду ўскрай поля, вячэраю, а яна, шэльма, падыдзе і глядзіць-углядаецца. Мо з тыдзень так было. Я ёй і хлеб астаўляў. Брала. Так што, бачыш, і на вёсцы без эстэтыкі нельга. Вось глядзі, – Максімавіч паказаў у акно, – я ўпэўнены, што гэты дзед ( стары вёз гной уздоўж чыгункі) ехаў не вуліцаю, а загуменнямі. Хоць, здаецца, чаго ўжо там, вёска, усе свае. А нешта ж не дазваляе… Дзядзька Іван глянуў на гадзіннік:
– Ого! За пяць хвілін мая станцыя. Выбачай, калі што не так. Цікава было пагаманіць са свежым чалавекам. Часу няма, расказаў бы яшчэ, як налаўчыўся чытаць нумары з’ездаў. Нехта ж прыдумаў іх па-рымску пісаць. Цяпер не прачытаў бы. А вось галоўную задачу адзінаццатай пяцігодкі – спытай хоць зараз. Толькі каму гэта трэба?..
Я правёў Максімавіча да выхаду і вярнуўся на сваё месца. Чытаць болей не хацелася.
ЧУЖАЯ ШКОЛА
З Валодзем, сябрам дзяцінства, мы сустракаемся рэдка. Ён працуе ў школе, вучыць вясковых хлопчыкаў сталярнічаць. Выбраў я дзень, адклаў справы і вось ужо крочу па знаёмай вуліцы.
Здаецца, не ў пору. Мой хроснік Валерка, шахматыст і амаль выдатнік, атрымаў другую запар тройку. Маці ў трывозе. Тое, што бацька гэтую трывогу не падзяляе, абражае яе больш за ўсё. Тут Наталля, так зваць Валодзеву палавіну, свайго не ўпусціць.
– Маўчыш, “партызан”! Дзіця хутка пачне двойкі дамоў прыносіць, а яму хоць бы што!
Іншым разам Валодзя знайшоў бы апраўданне свайму педагагічнаму падыходу, але супраць “партызана” ў яго ніякіх пярэчанняў няма. Што было, тое было. Каму ж як не ёй, аднакласніцы, пра тое найлепш ведаць? “Партызанамі” з лёгкай рукі дырэктара клікалі вучняў, якія замест звычайнай наведвалі “зялёную школу”.
Знаходзілася “лясная школа” ў сасновай пасадцы, збоку ад дарогі на цэнтральную сядзібу калгаса. На ўзвышшы, каб вадой не заняло, хлопцы выкапалі яміну, глыбокую, амаль што ў поўны рост. Па баках пазаганялі ў зямлю тоўстыя жардзіны, пераплялі іх сасновымі галінкамі. Столь – як у сапраўдным бліндажы. Бярвенні, ссечаныя за некалькі дзесяткаў метраў, ляжалі шчыльна, упрытык, а зверху яшчэ і накрываліся дзёрнам. Мохам і дзёрнам былі замаскіраваны таксама свежыя пянькі. Канспірацыя дык канспірацыя. Патаемны падземны ўваход пачынаўся за добры дзесятак метраў і маскіраваўся гэтак жа.
Нямала часу пайшло на будоўлю. Толькі справу пачнеш – а ў малых заняткі скончыліся, хутка і самім пара збірацца дамоў.
У час перапынкаў “партызаны” клеілі самакруткі, расказвалі пра вясковыя навіны. Наогул, кожны адчуваў сябе чалавекам самастойным.
Не вельмі шанавалі шкаляры свой другі, невядома па чыім вызначэнні, дом. Наўрад ці была гэтая школа горшай за іншыя. Хоць медалістаў – адзін-два за ўсю гісторыю, усё ж у інстытуты паступалі не па конкурсу знаёмстваў. Былі свае выдатнікі і “партызаны”, пераможцы алімпіяд і шэрыя троечнікі. Хутчэй за ўсё, гэта была самая звычайная школа, якая намагалася даць усеагульную адукацыю, і ў ёй вучыліся самыя звычайныя вучні, якія гэтую адукацыю альбо хацелі атрымаць, альбо працівіліся ёй усімі сіламі і таму вынаходзілі дзесяткі спосабаў пратэсту.
… Раніца. Нехта з безнадзейных троечнікаў нацягвае на руку гумовую пальчатку і самаахвярна запіхае металічную скабу ў разетку. Сноп іскраў – і будынак пад піскі і воклічы тоне ў цемры. Пакуль загадчык гаспадаркі, раскатурханы з пахмелля, шукае свечку, лесвіцу, пакуль мудруе “жучкі” – палавіны ўрока як і не было. Парушальнікаў дысцыпліны часцей за ўсё выяўлялі. Пасля адпаведнай размовы ў настаўніцкай і размашыстага запісу ў дзённіку ім звычайна выстрагалася яшчэ добрая пасма валасоў на галаве. (Месцам пакарання служыла лабаранцкая, а галоўнымі інквізітарамі выступалі настаўнікі фізкультуры). Вядома, што пасля такога педагагічнага ўздзеяння, на той час, пакуль чупрына не адрастала, хлопец часцей за ўсё падаваўся ў “партызаны”.
– Васіль, – перабівае ўспаміны Валодзя, – скажы маёй Наталлі, а то ж не верыць, што ў пачатковых класах я нават у выдатніках хадзіў. Ты ж памятаеш, бо яна прыйшла да нас толькі ў дзевятым.
– Чаму ж не памятаю.Ты яшчэ і лепшым чытачом лічыўся, здымак вісеў у акцябрацкім кутку, усе ваенныя кнігі перачытаў з класнай бібліятэкі…
Засела ў памяці. На ўсё жыццё, напэўна. Вяртаемся дахаты. Пераказаўшы прачытанае, Валодзька нечакана прыходзіць да высновы: “Калі б была вайна і ты здрадзіў нашым, я не паглядзеў бы, што мы сябруем, а падпільнаваў бы і “кокнуў” з пісталета”. У аповесці, якую з працягам паўгода друкавала дзіцячая газета, гэтае “кокнуў” сустракалася ці не ў кожным нумары. Не памятаю, што гаварыў у адказ я, але сябраваць мы не перасталі, бо наконт здраднікаў усё вырашылі даўно і канчаткова.
У той жа самой газеце мяне асабліва раздражняла, калі дзяўчынкі-актывісткі прапясочвалі двоечнікаў і парушальнікаў дысцыпліны. Мы былі цвёрда ўпэўнены, што недзе ў гарадскіх школах усё гэта адбываецца на самай справе і адчувалі сваю перавагу над тымі, хто церпіць такі нечуваны глум, а заадно і спачувалі ім.
– Вось трапілі б мы з табою ў такую школу, – разважаў Валодзька. – Пачалі б нас выхоўваць, “браць на буксір”, а мы б ім такое сказанулі…
Валодзя дастаў папяросы, мы выйшлі на ганак. Я не стрымаў усмешкі.
– Ты што, успомніў, як смалілі ў мяне на кухні? – быццам чытаў ён мае думкі.
Я прыгадаў сабе: сядзім, чакаем “Для тых, хто не спіць”. Валодзька дастае папяросы. Напэўна, смешна было ў той час за намі назіраць, бо ў мэтах канспірацыі мы адначасна гучна шморгалі насамі, і Валодзя (у яго спрытней атрымоўвалася) ў тое ж імгненне чыркаў запалкам. Ён сам прыдумаў такі хітры манеўр. Пасля ўжо сядзім, курым, прыслухоўваемся, ці не ўстае бацька, млеем ад усведамлення ўласнай даросласці і ад хвалявання: а што, калі бацька прачнецца? Усё ж храбрымся, а для большай надзейнасці дым па чарзе ў комін выпускаем.
– Ідзіце вячэраць, “партызаны”! – паклікала Наташа з кухні.
Вінаваты хроснік сядзеў тут жа, у супрацьлеглым ад стала кутку. Ён то адкрываў, то зноў закрываў падручнік і нешта бубніў сабе пад нос.
– Здаецца, у нас чытанка называлася па-другому, – заўважыў я.
– “Роднае слова”. Зараз баяцца, ці што, гэтага слова. То “Крынічка”, то “Зарнічка”.
– Бач ты, і “лясная школа” не перашкодзіла, помніш, – гэта ўжо Наташа, ёй абы лішні раз упікнуць. Зрэшты, урокі роднай літаратуры прагульвалі вельмі нямногія “партызаны”. У старэйшых класах яе выкладала Яўгенія Мікалаеўна, немаладая, на дзіва тактоўная і добразычлівая настаўніца. Яна была не тутэйшая, аднекуль з Віцебшчыны, размаўляла мяккім, прыемным голасам на чыстай літаратурнай мове, не падладжвалася ні пад расейскую мову, ні пад мясцовую гаворку. За вочы настаўніцу называлі Каліласкай, бо вельмі ўжо часта чулі ад яе гэтыя словы. Не было выпадку, каб Каліласка павысіла голас, непрыстойна адазвалася пра вучня. У чарзе ля магазіна, калі падыходзіла яна, прыціхала брыдкаслоўе. На школьных вечарах, а праводзіліся яны ў сельскім клубе, нават выпускнікі мінулых гадоў стараліся неўпрыкметку прыхаваць цыгарэту, заўсёды віталіся.
– І ведаеш, Васіль, – працягваў гаспадар пасля некаторага маўчання, – іншы раз такое ўражанне ў мяне, што некалькі апошніх пакаленняў вучняў паспяхова праседзела большую палову заняткаў у “лясной школе”. Ну, мо не ў такой, як наша. Паўсюдна на іх натыкаешся: у канторах, ва ўстановах, на прадпрыемствах. Уключыш сесію – яны і там у крэслах сядзяць-адмоўчваюцца, на кнопкі націскаюць. А скажы ты мне, ці не з “зялёнай школы” бяруць пачатак бязглуздыя пастановы, догмы, неразумныя інструкцыі?..
Пасля арміі працаваў я ў аўтакалоне. Іншы раз паломка здарыцца, прыцягнуць машыну ў майстэрню. Дык, думаеш, да цябе падыдзе механік або інжынер? Як бы па справе ходзяць вакол шырокімі кругамі. Асцерагаецца кожны. Яшчэ патурбуеш незнарок яго светласць, будзеш запчасткі клянчыць ці, не дай Бог, папросіш дапамагчы падрэгуляваць насос або шчапленне. Круцішся сам як умееш. Ды каб жа толькі з тэхнікай так! Каб жа толькі дыпломы аграномаў атрымлівалі пасля атэстатаў сталасці выпускнікі “зялёных школ”? Бо тыя, хто меў валасатую лапу, пасля “зялёных” атэстатаў сталасці атрымалі “зялёныя” дыпломы рангам куды вышэй.
Валодзя сеў, як кажуць, на свайго канька. Я ведаў, што сам ён нешта піша. Зусім нядаўна былы “партызан” закончыў завочна інстытут, атрымаў дыплом выдатніка. На кніжнай паліцы цяжкім стосам грувасцяцца тамы тлумачальнага слоўніка. Спрабаваў ён пісаць і ў школьныя гады.
– Ці захавалася што з вершаў? – цікаўлюся. Добра памятаю, з якой злой іроніяй апісаў мой школьны таварыш банкет наменклатурных паляўнічых і рыбаловаў. Асабліва ўдалося тое месца, дзе заезджыя госці дыпламатычна вымагаюць бутэльку ў аднаго са скупаватых педагогаў-партыйцаў. Ды ўсё марна. Або зусім эратычнае, пра тое, як “па Курыльскіх астравах ішлі манашка і манах” і што з гэтага атрымалася…
Валодзя гаворкі не падтрымлівае, здаецца, ён нават крыху пакрыўдзіўся.
– Ты хутка ўзяўся за розум. А мы, каб не выпадак, і зазімавалі б у той зямлянцы. Пачалі ўжо і пра ацяпленне дбаць.
– Які выпадак? Я нешта чуў, але па-рознаму пляткарылі.
– Брыгадзір незнарок натрапіў на нашу пабудову. Праўда, не застаў нікога. У кутку ляжалі партфелі. У адным знайшоўся дзённік. Хоць ён і быў без апазнавальных знакаў, але ў настаўніцкай, куды, вядома, трапіў, гаспадара вызначылі. У другім партфелі ляжаў агульны сшытак, заведзены адразу па ўсіх прадметах.
– Закруцілася ўсё. Прыехалі з лясніцтва, з міліцыі, палічылі пянькі, абмералі таўшчыню бярвення, пасля па-аднаму нас выклікалі да следчага. Больш як на паўтары тысячы рублёў шкоды налічылі.
– І чым скончылася?
– А нічым. Нехта з нашых прыпомніў, што ў зямлянку заглядаў сын старшыні. Гэта адразу павярнула ўсю справу. Усё закончылася двойкаю па паводзінах, а тыя плешы, што былі выстрыжаны ў лабаранцкай, зараўняліся хутка і на гэты раз канчаткова.
Валодзя змоўк, думаючы нешта сваё.
– Валерка, а за што тройка? – цікаўлюся ў малога, які, бачу, стаў прыслухоўвацца да нашай размовы.
Хлопчык назваў верш вядомай і ў час нашага вучнёўства паэтэсы з рэдкім імем, якая пісала амаль выключна пра добрыя справы юных ленінцаў.
ЯК ВУЧЫЛІ…
Гады два таму Іван Мікалаевіч зрабіў для сябе прыемнае адкрыццё: у бары “Задыяк” побач з універсітэтам, дзе ён нядаўна выкладае пасля паўтара дзесятка гадоў настаўніцтва, працуе Ніна Багаціч, адна з васьмі дзяўчынак яго першага ў жыцці 1“А” класа. Пазнаў па ўсмешцы, па тых самых, з першай парты, вялікіх шэрых вачах.
– Васемнаццаць гадочкаў прайшло, – прыкідваў Іван Мікалаевіч узрост сваёй вучаніцы. – Ды яшчэ па сем ім было на той час. Дваццаць пяць атрымліваецца.
Ох і меў жа ў свой час Іван Мікалаевіч клопату з Нінай. Чарцяня, а не дзіця. У сталоўку – першая, на фізкультуры – першая, хоць расточкам зусім не выйшла. А яшчэ, гарэза, налаўчылася зусім па-даросламу падміргваць маладому настаўніку на ўроках, прасіла пасля заняткаў перавесці праз вуліцу – маўляў, машын баюся, – доўга не адпускала руку. Што ты ёй скажаш! Будучая прыгажуня расце. Апрануў Іван Мікалаевіч неяк пад весну – цэлы год грошы збіраў – новы касцюм, гальштук завязаў па модзе ; глядзела малое і ўрок, і другі – не вытрымала, падышла на перапынку:
– Іван Мікалаевіч, вы, калі ласка, заўсёды так апранайцеся.
– Чаму?
– Мне падабаецца.
Пасля той нечаканай сустрэчы ў “Задыяку” Івану Мікалаевічу захацелася дастаць фотаальбом свайго першага класа. Чым больш гадоў за плячыма, тым мацней жаданне вярнуцца, хоць ва ўспамінах, у маладосць.
На вокладцы альбома строгі профіль настаўніцы з класным журналам у руках і надпіс: “Учительница первая моя». На развароце справа і сама «учительница» – 25-гадовы (якраз цяпер Ніне столькі) малады чалавек з камсамольскім значком. Прабівалася сівізна, і камсамольскі значок, як уяўлялася, быў неабвержным доказам маладога ўзросту. Хлопчыкі ў караткаватых – падраслі за год – касцюмчыках, дзяўчаткі ў белых фартухах… З фартухамі тымі, як і з касцюмчыкамі, у пачатку кожнага першага класа хапала марокі, асабліва пасля ўрокаў фізкультуры. Адзенне новае, паспрабуй зашпілі.
Ніна Багаціч – у першым радзе трэцяя. Яна вельмі хацела стаць побач з настаўнікам, але строгі фатограф пасадзіў усіх дзяўчынак у першым радзе, нікога не слухаючы. Сядзіць трошкі надзьмутая. Дзіўна, якім чынам трымаецца на галаве велізарны, большых не бывае, бант – валасы зусім кароткія.
На левым развароце альбома мастак даў волю фантазіі. Паўстаронкі займае раскрытая кніга. На фоне кнігі ва ўзорыстай рамцы партрэт настаўніка, не па ўзросту заклапочанага. А над усім гэтым, у пяціпялёсткавай кветцы, дзяўчынка з вялікімі шэрымі вачамі і неверагодным па велічыні бантам, Ніна Багаціч. Твар пераможцы. У куточках вуснаў усмешка, што праз імгненне заіскрыцца, ажывіць непаўторныя ямачкі на шчоках і зазвініць, засерабрыцца смехам…
* * *
Нельга скзаць, што Іван Мікалаевіч зачасціў у бар. Заходзіў па неабходнасці, у суботу ці пад вечар, калі не працавала студэнцкая сталоўка. Ад салодкага жыцця не будзеш піць гарбату з пластыкавага посуду, памешваючы змесціва нечым накшталт зубачысткі, ці давіць гнуткім відэльцам падпаленую катлету. Калі працавала Ніна, у яго быў «блат» – знаходзіўся кубак з неадбітай ручкай, нявышчарблены, ну і наконт таго, што ў ім кава, не было сумненняў.
Былы настаўнік заўсёды з бацькоўскім спачуваннем, нават шкадаваннем ставіўся да дзяўчат, што працуюць у барах і падобных ім установах. Няцяжка ўявіць, чаго яны наслухаюцца за дзень, з якой стомай вяртаюцца ў сем'і, да дзяцей, у каго яны ёсць.
Ніна змянілася мала. Невысокага росту, худзенькая, на твары ўсё тая ж усмешка, толькі ў вачах, здалося настаўніку, лёгкі адбітак тугі. Мо ад няспраўджанага? Нешта не атрымалася ў жыцці, калі здольная дзяўчынка, лідэр, як сказалі б цяпер, засела столькі часу на «фанце», каве, бутэрбродах…
Іван Мікалаевіч ніколі не распытваў Ніну пра яе асабістае жыццё. Пытаць, лезці ў душу… Ды і не дзяўчынка яна – дарослая самастойная дзяўчына. Перад такімі, прыгожымі і маладымі, у розныя перыяды жыцця адчуваеш сябе то нягеглым падлеткам, то безнадзейна старым…
Іван Мікалаевіч стаяў у чарзе за кавай і бутэрбродамі. Наперадзе лекцыі ва універсітэце, а прагорклая дамашняя «Арабіка» закончылася, як заўсёды, нечакана. Ніны не было відаць. Перад Іванам Мікалаевічам стаяў пажылы, гадоў за шэсцьдзесят, мужчына. Салдацкая зімовая шапка, даўгаватае паліто з чужога пляча, твар, хоць і суткі-другія не голены, але не сінюшны, не азызлы ад народных напояў – бледны, худы, змарнелы. З-пад паліто выглядала кашуля ў клетку, не новая, з пацёртым каўняром, але што нямытая ці залоеная – не скажаш. У зале гучала звыклая «Просто наступила зима…», загараліся і гаслі рознакаляровыя лямпачкі над вітрынай. Яны няярка адсвечваліся на пукатых бутэльках дарагіх напояў. Зусім маладзенькія дзяўчаткі, пэўна, практыканткі, у кароценькіх фірмовых халаціках, у накрухмаленых і адпрасаваных – муха парэжацца – шапачках-пілотках мітусіліся за доўгім прылаўкам. Шыпелі беляшы, круціліся за шклом, наганяючы апетыт, курыныя кумпячкі, поўз па зале водар кавы. З-за музыкі дзяўчына не пачула адразу нягучную просьбу старога:
– Дзве шклянкі гарачай вады з цукрам у мой посуд.
– Што? – не зразумела тая, кажыце гучней.
– Кіпячонай вады, – стары падаў высокі слоік з накрыўкай, – і цукру дзве меркі. Колькі гэта будзе каштаваць?
Дзяўчына разгублена ўзяла посуд, з бліскучага самавара наліла кіпеню. Стары без спеху разлічыўся. У кашальку, заўважыў Іван Мікалаевіч, ляжала паўсоценная паперка і некалькі рублёў новага ўзору.
Чалавек сеў у бліжэйшае крэсла, дастаў з цэлафанавага пакета чвэрць бохана хлеба, нож, соль. Хлеб нарэзаў тонкімі лустамі, ашчадна пасыпаў іх соллю і пачаў, не спяшаючыся, есці. У гэты самы час да прылаўка падышла Ніна. Загаварылі, і дзяўчына-практыкантка кіўнула галавай у бок незвычайнага наведвальніка. Ніна моўчкі падышла да старога і, нічога не гаворачы, апусціла ў кіпень пакецік гарбаты. Чалавек перастаў есці, хацеў нешта запярэчыць, але Ніны побач ужо не было.
Хвілін праз колькі стары сабраў свой няхітры пажытак, падняўся, пашукаў позіркам Ніну і, не знайшоўшы, моўчкі прыклаў руку да грудзей і застыў так на нейкі момант.
У дзвярах, выходзячы, мужчына безуважна глянуў на глянцавата-бліскучы, як з іншага жыцця, плакат: вусаты дзяцюк з шыкоўным падносам, застаўленым заморскімі далікатэсамі, белазуба заклікаў: «Жывіце ў радасці!» Вочы ў старога зрабіліся вільготнымі.
* * *
Іван Мікалаевіч, хоць і не было часу, вырашыў пачакаць Ніну, каб сказаць ёй добрае слова, але, расчулены, толькі і вымавіў:
– Дзякуй!..
– Як вучылі… – сціпла ўсміхнулася дзяўчына.
ГАНДЛЯРЫ
Калі дачка ў чацвёрты раз адклала замужжа, Андрэй не абрадаваўся. Здавалася, на гэты раз усё ішло да вяселля. І з будучым зяцем Алена пазнаёміла, і пра тэрмін больш-менш дамовіліся, і гасцяваў жаніх колькі разоў. Ледзь не бацькам клікаў. А бач ты! Нешта ж разладзілася. Мо і сама дачка вінаватая? Пераборлівая вельмі. Вунь мясцовыя хлопцы праходу не даюць. Хоць сёння заяву нясі. А ёй усё не тое. То малы, то мянушка смешная прыклеілася з дзяцінства. Хай цяпер падумае. Равесніцы па двое дзяцей гадуюць, а яна ўсё: «Не хвалюйся, тата, мой нікуды не дзенецца». Вось табе і маеш!..
Гадоў восем назад, з таго самага часу, як Алена закончыла школу, Андрэй пачаў рыхтавацца да вяселля. З вясны штогод пакідаў цялятка, трое парасятак. Жонка разводзіла процьму хатняй птушкі. Пад восень у хляве гарэзіў, выбрыкваў бычок або цялушка, на рохканне свінні адклікаліся ладныя вепручкі. Скажы Алёна: «У наступную суботу распісваемся», – Андрэй не разгубіўся б ні на хвіліну. Мяса сваё. Гарэлка даўным-даўно ў патаемным месцы прыхавана.
– Ну, чым парадуеш? – звычайна пытаўся Андрэй пад восень, калі на вёсцы пачыналася пара вяселляў.
– Такога хлопца, каб мне спадабаўся, не маю, а выходзіць абы за каго – не хачу, – адказвала дачка.
За які тыдзень пасля таго ў гаспадарцы адбываліся вялікія змены: цялушка або бычок пераводзіліся на збеднены рацыён, а бацька пісаў лісты ў горад, выклікаў тэрмінова сыноў і нявестак.
Трапяталіся абезгалоўленыя гусі і качкі, ляцеў пух з сецаў, сушыліся пад павеццю на драўляных трохкутніках свежыя шкуркі трусоў. Парсюкам шанцавала трохі больш. Нічога не падазраючы, яны набіралі вагу да самых Калядаў. З першымі халадамі трэба было «прыдушыць», як любіў казаць дзядзька, старое свінчо. Гэта для сябе. Ну і для дзяцей таксама. Дзе яны ў горадзе ўсяго дакупяцца? Бліжэй да вясны, пасля новай размовы з дачкою, паступова збаўляўся бацька і ад кормнікаў, і ад цялушкі. У хляве да гэтага часу зноў пішчалі парасяты, а то і цялятка гойсала. Далей усё пачыналася спачатку.
Усю хатнюю жывёлу, каб менш клопату, Андрэй здаваў на «бойню» жывой вагой. І многа страчваў. Нават заезджыя перакупшчыкі плацілі куды даражэй.
– Не! – вырашыў на гэты раз Андрэй, разгарнуўшы пасля размовы з дачкою свежы нумар абласной газеты. – Няма дурных. Чытай, жонка: «Цэны на калгасным рынку: свініна – да шасці тысяч рублёў, індык – восем тысяч за штуку…» Ты разумееш? А наш стары вяпрук пацягне кілаграмаў на дзвесце, не менш. Адным словам – вырашана. Сабе пакінем двое маладых, а старое вязем на рынак. Гэта ж палічы. Дзвесце памнож на шэсць. Колькі грошай будзе!
Некалькі дзён насіўся Андрэй са сваёй задумай. То з адным суседам загаворыць, то з другім. "Вязі, – падтрымліваюць мужчыны. – Калі будзе ўсё добра, то і мы паглядзім. Трэба ж некаму першаму пачаць”.
«Значыць так… – разважаў гаспадар. – Першым чынам трэба зафундаваць суседа. Яго «Запарожац» хоць не новы, але сотню кіламетраў як-небудзь асіліць. Разлічымся – хлопец не ганаровы. Па-другое, даведка. З ветэрынарам дамоўлюся. Бутэлькі з яго хопіць. Пішу пісьмо дачцэ. Хай патурбуецца. З-за яе ўся гэтая калатэча. Каб не дзеўка, а трэці хлопец нарадзіўся, то і бяды б ніякай. Даў некалі малодшаму пасля службы два гады пагуляць – і жаніся. Хай бы толькі не паслухаў. А тут адна дачка і столькі марокі. Не пашкодзіць і Васіля на дзень ад жонкі адарваць. І падняць, і паднесці трэба будзе».
Не было і шасці гадзін раніцы, як суседаў «Запарожац» падвёз Андрэя і Ганну, жонку, да рынку. Пад цяжарам легкавік ажно ўвагнуўся, асеў. Багажнік змясціў толькі палову паклажы. Астатняе нейкім чынам мясцілася ў салоне. Можна было толькі здагадвацца, як там знайшлося месца для двух пасажыраў. Праз паўгадзіны падышлі і дачка з малодшым сынам.
Андрэй хваляваўся не дарэмна. У лабараторыі па санэкспертызе, калі нарэшце настала іх чарга, перш за ўсё забракавалі даведку. Ветэрынар пасля некалькіх чарак сканструяваў яе так, што маладая дзяўчына, якая брала пробы, прачытаўшы, толькі ўсміхнулася:
– Хто вам яе пісаў?
– Лявон. Ветурач. Ён у нас вопытны, са стажам.
– Пэўна, вы яму самі дыктавалі, – пажартавала дзяўчына і ўжо сур'ёзна: – Па форме трэба, дзядзька. Ёсць спецыяльны бланк. На першы раз я ў вас прыму, а надалей каб зналі.
Андрэй з палёгкай выцер узмакрэлы лоб, пра сябе падумаў: «Не перавяліся яшчэ на свеце добрыя людзі. Ёй жа нічога не каштавала адправіць нас назад. А Лявон – нахабнік. Кульнуў добра ды яшчэ з сабою прыхапіў. Яму, бачыце, няма на чым друкаваць, трэба ў канцылярыі прасіць».
Калі дзяўчына адмовілася ўзяць сабе з паўкіло мякаці, Андрэй яшчэ больш парадаваўся за харошага чалавека.
Апалове адзінаццатай мужчыны падцягнулі цяжкую і няўклюдную каляску да прылаўка. Ля прадаўцоў адразу апынуўся секар. Ён адным махам адчляніў лапаткі і сцёгны, секануў па рэбрах, яшчэ раз узмахнуў – і адцяў некалькі пазванкоў, узнагароду сабе за працу. Пасля гэтаксама нечакана, як апынуўся, прапаў у невядомым напрамку.
Пачалі збірацца і выстройвацца перад прылаўкам першыя пакупнікі. Нібы дамовіўшыся, з яўным заходнім акцэнтам яны пыталіся пра адно і тое ж: “Ці не мае пан скап?” Звярталіся да дзядзькі, як да старэйшага. Вядома, супраціў пана той нічога не меў, але ж хто яго ведае, што абазначае гэты “скап”? Дзе яго шукаць у вепрука, ля хваста ці каля галавы? Можа, па-іхняму скап – гэта розум? Пытаюць, ці ёсць у пана клёпкі ў галаве? Чорт бы падраў іх з гэтым скапам. Яшчэ на старасці гадоў на смех падымуць. Перад дзецьмі сорамна.
Каб далей ад ліха, Андрэй цішком-маўчком і адышоўся, стаў збоку, як бы ён ні пры чым тут. Алена і Васіль таксама паступова адступілі за калону, размаўляюць аб нечым сваім. Можа здацца, зусім староннія людзі. Адна Ганна засталася сам-насам з пакупнікамі. Хоць, што такое “скап”, яна не ведала таксама.
– Ды ці ёсць скап? – дапытваўся са зваротнага боку прылаўка надакучлівы пакупнік.
– Ну што ж вы, ці самі не бачыце? – нарэшце знайшлася Ганна.– Навошта ж пытаць?
– Ёсць, пан, ёсць у нас скап, адазваўся і Васіль.
Трэба было выручаць маці. Хлопец змікіціў, што раз дома бацька нічога не пакінуў – сам казаў – то і гэты злашчасны “скап” павінен быць недзе тут.
– Хай пан пачакае, я спытаю ў суседзяў, па якой цане яны прадаюць, – хітраваў Васіль.
Праз тры хвіліны ён ведаў, што “скап” – гэта і ёсць хрыбетнік з мякаццю.
Ганна дастала з сумачкі лічыльнікі. І адразу ж, адпускаючы добры кавалак таго самага “скапу” першаму пакупніку, сумелася, заблыталася, гатовая была заплакаць. Твар пакрыўся барвовымі плямамі – падняўся крывяны ціск. Ганна згодная была цяпер хоць дарэмна аддаць усё, абы толькі яе ніхто не чапаў. Сагнуўся, прыдавіў рукамі жывот пад грудзьмі Андрэй. У яго застарэлая язва. Бяссонная ноч не прайшла бясследна. Алене стала шкада бацькоў. Упершыню яна бачыла іх такімі разгубленымі і бездапаможнымі.
– Давай, мама, я буду прадаваць, – рашылася дзяўчына. Яна нацягнула нарукаўнікі, выцерла чыстай анучкай тлусты чаранок нажа, бліжэй падступіла да прылаўка. Сказаў бы хто Алене яшчэ ўчора, што будзе прадаваць сала на рынку – толькі засмяялася б у адказ. А вось жа давялося.
Справа паціху наладзілася. Васіль упраўляўся з сякерай, дапамагаў важыць. Алена, адсунуўшы лічыльнікі, перамнажала ў блакноце. Гара свежаніны пступова меншала. Ганна патроху ачомалася і, не таргуючыся, прадала двух індыкаў. Цяпер яна стаяла збоку, час ад часу загаворвала з людзьмі. Калі называла цану, старалася не глядзець у вочы таму, хто пытаўся. Асабліва калі сярод пакупнікоў трапляліся такія ж, як і яна, вясковага выгляду жанчыны. А цэны і на сала, і на мяса былі высокімі.
– Сорамна і прамаўляць такую цану перад добрымі людзьмі – прызнавалася потым мужу.
Андрэй таксама ажыў, патроху расправіўся і стаў пачуваць сябе гаспадаром. Час ад часу ён удакладняў цэны ў суседзяў, іншы раз і ад сябе набаўляў сотню-другую.
– Мне таксама цяжка гэта сала далося, – апраўдваўся перад пакупнікамі.
Але пад канец і ён, гаспадар, прамашку зрабіў. Бойкая, сярэдніх гадоў маладзіца загаварыла дзядзьку і вытаргавала свіную галаву за шэсць тысяч. А калі Васіль падказаў, што адзін толькі язык каштуе ў магазіне столькі ж, – Андрэй услых назваў сябе ёлупнем…
Вячэралі ў старэйшага сына. Скварчэла свежына. Было па-сямейнаму ўтульна. Стомленыя гандляры, пацвельваючы адзін другога, наперабой распавядалі пра свае прыгоды.
– Што ты, маці, з лічыльнікамі ў сваім быткамбінаце рабіла столькі гадоў? – смяяўся Андрэй. – Мабыць, там яны ў цябе дзеля мэблі ляжалі?
– Каб шанаваў жонку, то даўно калькулятар купіў бы, – у тон яму адказала Ганна.
– Ага, купіў бы. Ты з вялікага перапуду і пальцам не патрапіла б куды націснуць.
– Языком кожны можа. Ты лепш раскажы, як на маладую загледзеўся і галаву за паўцаны спусціў.
– Самае галоўнае, што скап з выгадай прадалі, – пырскаў са смеху Васіль.
– Я гэты скап запомню, колькі жыць буду, – казала Ганна.– У нас шыну аўтамабільную скатам называюць. Скап, скат, – ніякай розніцы на слых.
– А я з капяжом звязаў. Выйдзеш на ганак. Калі табе са стрэхі на галаву кап, то і ўспомніш пра скап, – зарыфмаваў Андрэй.
* * *
У вёску вярталіся познім вечарам. Настрой у гаспадароў быў добры. На мясакамбінаце і паловы з выручаных грошай не мелі б. Праўда, цэлафанавы пакет за пазухай у Ганны палягчэў. Сто тысяч далі Алене на зімовыя боты. Зарабіла. Па столькі ж, каб не крыўдна, нявесткам. Малодшай за тое, што сына адпусціла, а ў старэйшай дзень нараджэння якраз выдаўся. Яшчэ ж і ўнукам на цукеркі трэба было даць.
– Добра зрабілі, што ў горад адважыліся завесці, – заводзіў Андрэй размову на другі дзень. – Колькі тысяч змарнавалі б! А двух вепрукоў сабе калоць мо і не варта? Як лічыш, Ганна? З нас, старых, і аднаго хопіць. Другога да вясны патрымаем. Бульбы трохі назапасілі. Што, як дачка дасць каманду сярод зімы вяселле ладзіць? Адной цялушкай не абыдзешся. А калі не, то і пасля Вялікадня прадаць можна. Зноў грошы будуць. Толькі зацягваць вельмі не трэба. Лепш раней, да першага цяпла…
ЛЮДЗІ НЕ ТЫЯ?
Аўтобус затрымліваўся з гаража, і людзі нерваваліся. Было чаго: ад’езд па бульбу ў калгас планаваўся на сем гадзін раніцы, а цяпер ішла дзесятая гадзіна. Нарэшце, калі ўжо самыя нецярплівыя гатовыя былі павярнуць дахаты, паказаўся аўтобус. Ён быў запылены і разагрэты. Мабыць, шафёр, улучыўшы момант, паспеў-такі досвіткам крутануць левы рэйс. Адчыніліся пярэднія дзверы. Людзі падхапілі свае клункі, вёдры, кашы і паціснуліся бліжэй да дзвярэй. Аднак дарогу тут жа заступіла сярэдніх гадоў жанчына з заводакіраўніцтва. Рангу яна была не вельмі высокага – мо які другі ці трэці намеснік па быту. У руках жанчына трымала напісаны ад рукі спіс. Яе голас, па-мужчынску грубаваты, выдаваў, што гаспадыня аўтобуса штодзённа і непасрэдна, “ужывую”, мае кантакты з людзьмі.
Чалавек восем так і не пачулі сваіх прозвішчаў. “Нельга!.. – адказ быў катэгарычным. – Машына не пацягне. Ёсць зацверджаныя нормы. Што я буду рабіць з вашай бульбай”.
Хто з “незапрошаных” адышоў, мацюкнуўшыся, хто, паступова здаючыся, намагаўся нешта даказваць, і толькі старэйшая ў купцы няўдачнікаў, жанчына гадоў пад шэсцьдзесят, не здавалася. З просьбаў яна пераходзіла на пагрозы і зноў на просьбы, затрымлівала ад’езд і, урэшце, паабяцала, што пракляне ўсіх і кожнага, а аўтобус паламае колы, калі не возьмуць яе. Як ні дзіўна, але гэта падзейнічала. Цётка жвава заняла вызваленае месца на першым сядзенні, аддыхалася, бліжэй да ног падсунула вёдры.
– Ну і людзі пайшлі, – звярнулася яна праз хвіліну да жанчыны побач – панурай, насупленай кабеты няпэўнага ўзросту.
– Такі пайшоў народ, што дбае толькі пра свой жывот, – незадаволена адазвалася суседка. – Упадзеш – то пераступяць і далей пойдуць.
Шафёр, малады, экіпіраваны па сучаснай модзе чалавек, павярнуўся да пасажыраў:
– Дамовімся адразу: з кожнага па тры тысячы за развоз. Іначай выгружу там, дзе пасадзіў. Так запісана ў пуцёўцы, а што далей – не мая справа. З шафёрам грузавіка будзеце дамаўляцца асобна.
Пакрычаўшы, абодва бакі пагадзіліся на дзвюх тысячах.
Нарэшце аўтобус крануўся з месца. Шафёр ляпнуў па клавішы магнітафона, і ў салоне з усіх канцоў загрукатала музыка.
Антон агледзеўся. Знаёмых, з кім можна было б перакінуцца словам, няма. У той жа час твары прыпамінаюцца: з некаторымі са сваіх цяперашніх спадарожнікаў Антону даводзілася сустракацца па некалькі разоў на дзень. Мікрараён невялікі. Людзі ў аўтобусе, бачна па ўсім, “ад станкоў”. Чалавек двое-трое цэхавага начальства, з маладых, каму па рангу належыць нарыхтоўваць бульбу ў полі. Якраз тэхнолагам-стажорам працавала жонка Антона, таму і ён апынуўся ў спісе. Не жаночая справа цягаць мяхі. Антон, як настаўнік-філолаг, заўсёды ніякавата пачуваў сябе ў кампаніі заводскіх людзей. Яму, чалавеку, які дазваляў сабе зрэдку мацюкнуцца адно ўслед сышоўшай з кручка рыбіне, заўсёды рэзалі слых саленаватыя, не да месца словы, без якіх, як прынята лічыць, і станок не ўключыш, і разец не завострыш. Але ж пры чым тут гэта, калі на зіму трэба бульба.
“Як дзяўбе музыка! Заплаціў бы, каб толькі не чуць, – мучыўся Антон. – Няўжо такое можа некаму падабацца? Прывыклі, прызвычаіліся… Стомленыя, непрыгожыя твары. Хоць бы ў таго, наперадзе, падпітага зранку пяцідзесяцігадовага лавеласа, які, не губляючы марна часу, заляцаецца да мала маладзейшай суседкі ў расцягнутым трыко. Здаецца, праглынуў бы яе. Тая ж, мо не надта прывыклая да мужчынскай увагі, прымае ўсё як належнае.”
На сядзенні “для жанчын з дзецьмі” бокам да ўсіх – саракагадовы “дзядок”. Інакш не скажаш, паназіраўшы колькі хвілін за ягонымі жэстамі і мімікай. Са здаровым сэнсам у чалавека хутчэй за ўсё нелады: гэта выдае шыракаполы светлы капялюш у сетачку і недарэчны гальштук з зашмальцаваным вузлом, што выглядае з-пад паношанай спяцоўкі. “Дзядок” упёрся далонямі ў сцёгны і самазадаволена пасміхаецца. Час ад часу ён намерваецца загаварыць з суседзямі, на яго махаюць, але “дзядок” усё роўна шчаслівы: нарыхтоўка бульбы – адзіны дзень у годзе, калі нават тыя, хто іншым разам пацвельваецца, папросяць дапамогі. А ён ужо паглядзіць, каму і што…
На змену “металу” прыйшло яшчэ больш сучаснае. Застагналі, заўздыхалі ўзмацняльнікі. Мнагазначна пераглянуліся маладзейшыя з мужчын. Не, не зайздросціць Антон той немаладога веку жанчыне на пярэднім сядзенні, што намерылася была ўсіх праклясці. Горшай кары і не прыдумаеш. Сядзіць цётка ля самай шкляной перагародкі. Насупраць (напісаў бы “нос у нос” і не меў бы рацыі), за шклом, у поўны рост партрэт даўганогай, у чым маці нарадзіла прыгажуні. З адзення на ёй толькі пярсцёнак ды завушніцы. Твар ганарысты, напышлівы. Прагнулася прыгажуня ў паясніцы, прыперлася лапаткамі да мяккага дывана – плечы тонуць у ворсе – і пазірае зверху фанабэрыста на вёдры ды кошыкі.
– І вочы бессаромніцы не выцарапаеш, – плюецца цётка. –Свеціць перад вачамі сваёй “чабурашкай”, а ты любуйся. Яшчэ мужыкоў віняць. Вось і мая нявестачка, каб ёй дабра не знаць…
Жанчына знаходзіць удзячных слухачоў, якіх цікавяць падрабязнасці, і даводзіць гісторыю пра нявестку да канца.
Спрактыкаваным рухам шафёр памяняў касету. Адна за адной пацягнуліся турэмныя споведзі-балады. На тварах адных пасажыраў Антон прачытаў замілаванне, нейкую робленую філасафічнасць, на тварах другіх – абыякавасць, нават грэблівасць. Самыя справядлівыя і самыя няшчасныя людзі – злодзеі і гвалтаўнікі, нібы пераконваў хрыплаваты голас у немудрагелістым музычным суправаджэнні. “Лепшыя, лепшыя… – злаваўся Антон. – Нават выдатныя, калі шкандыбаць услед за логікай спевака і не абцяжарваць галаву думкамі. А як не хочацца думаць, ну хоць бы тут, па дарозе на бульбяное поле…
На чырвоны легкавік, што на вялікай хуткасці пранёсся міма, мала хто звярнуў увагу. Машына знікла за паваротам, а праз колькі хвілін…
“Мэрс” ляжаў перакулены. Асфальт вакол быў густа ўсыпаны дробнымі кубікамі шкла. Шафёр, ашаломлены здарэннем, спіною да ўсяго стаяў на каленях і, заціснуўшы скроні далонямі, матаў галавою – яшчэ не прыйшоў да сябе. Маладая жанчына з акрываўленымі нагамі марна намагалася ўстаць. Старэйшая, хутчэй за ўсё маці, галасіла і на чым свет кляла шафёра. Аўтобус спыніўся. Мужчыны паспяшаліся да месца аварыі. Лысаваты жанчыналюб – пэўна, былы ваенны – распараджаўся даволі ўмела. Следам за ім хадзіў, войкаў і размахваў рукамі, не выпускаючы пры гэтым кошыка, мітусіўся і ўсім перашкаджаў “дзядок” у капелюшы. Няўдаліцу-шафёра, які ачомаўся і ўжо ў сваім розуме круціў галавою, аглядаючы знявечаную машыну, пакінулі дачакацца ДАІ. Пад рукі праводзілі ў аўтобус старэйшую жанчыну. Чалавек восем мужчын, як бы шкадуючы, што і месца няма, каб хоць падтрымаць знізу, унеслі і асцярожна паклалі ў праходзе, падклаўшы што толькі можна было, пацярпелую. Шафёр, адмахнуўшыся ад прапаноў і парад, сам даволі прафесійна перабінтаваў ёй галаву. Павязка паволі набухала чырванню. Кранаць моцна пакалечаныя ногі не адважыўся ні ён, ні хто іншы.
Аўтобус памяняў кірунак. На вялікай хуткасці ён імчаўся назад, у раённую бальніцу. Праз паўгадзіны санітары ўнеслі насілкі ў прыёмны пакой.
– У якой палаце? Як патэлефанаваць?.. – не хацелі адыходзіць ад дзвярэй людзі.
– Ці ёсць грошы, мо сабраць хоць колькі? – хваляваліся пасажыры.
– Калі трэба кроў, вы, доктар, скажыце, – непакоіўся з іншымі Антон…
Час быў пад абед, калі аўтобус прадоўжыў свой шлях. Ехалі ў цішыні, адно чуўся мерны гул рухавіка. Пакутавалі ад немагчымасці закурыць мужчыны…
– А нам кажуць, што людзі сталі не тыя, – звярнуўся да Антона сусед, такі ж нямко. – Людзі, калі не прымаць пад увагу вырадкаў, заўсёды былі і застануцца людзьмі. Ну а што жыццё наша такое, пра гэта іншая размова.
Антон прамаўчаў, хоць і думаў пра тое ж самае.
Аўтобус звярнуў на прасёлачную дарогу. Пайшлі ямы, калдобіны. Голая прыгажуня за шклом ужо не выглядала так непераможна: не па сваёй волі матылялася, падскоквала і ад гэтага, здавалася, мучылася і крывілася. А можа, пакутавала ад немагчымасці хоць чым-небудзь прыкрыцца.
Да бульбянога поля заставалася некалькі соцень метраў.
У ВЯЧЭРНІМ ТРАЛЕЙБУСЕ
Я вяртаўся з вечара паэзіі. Сустрэча з чытачамі гарадской бібліятэкі атрымалася цікавай. Аднак мой прыўзняты настрой пасля таго, як ні ў першы, ні ў другі тралейбус убіцца не ўдалося, паступова дасягнуў нулявой адзнакі. Наступнага транспартнага сродку давялося чакаць з паўгадзіны. Не начаваць жа на гэтым прыпынку! Скруціўшы ў трубку аркушы з вершамі, я паспяшаўся ўбіцца ў разагрэтае нутро тралейбуса. Ззаду націскалі. Прасунуўся на некалькі крокаў і ўсё ж здолеў замацавацца, хапнуўшыся за бакавыя парэнчы. Яны былі вільготнымі, непрыемна цёплымі.
Тралейбус з месца рэзка набраў хуткасць. Нехта завойкаў, нехта, маладзейшы, піскнуў, захіхікаў, нехта вылаяўся. І ў дысананс гэтаму прыемны, даволі гуллівы жаночы голас:
– О-о-ой! Няма за што трымацца! На маладога падаю!
Я азірнуўся: мо трохі болей як сярэдніх гадоў жанчына, добра апранутая, з густоўна ўкладзенымі валасамі. Такія часцей за ўсё ездзяць у таксі, а калі даводзіцца ў аўтобусах, – сядзяць грацыёзна, не кранаючыся спінкі, аберуч туляць да сябе кветкі або торт і крывяцца немаведама ад чаго. Апынуўшыся побач з гэткімі дагледжанымі прадстаўніцамі цудоўнай палавіны чалавецтва, абавязкова ўспамінаеш, што ў цябе добра-такі збітыя абцасы, даеш сабе слова не выходзіць з кватэры ў пазаўчарашняй кашулі.
– Ведаеце, на каго падаць, – адазваўся мажны, не стары яшчэ мужчына, мой сусед.
– Ну а як жа. Калі ўжо і падаць, то не абы-куды, – не пакрыўдзілася, падтрымала гаворку пасажырка. Вакол ажывіліся.
– Меў рацыю Жванецкі. Нішто так не збліжае людзей, як грамадскі транспарт, – уступіў у гаворку нехта ад самых дзвярэй.– Жартуем, значыцца, яшчэ пажывём. І ніякія “вертыкалі” нас не даканаюць. Галоўнае, каб мы самі адзін аднаго не перагрызлі.
– Правільна кажаце, – зноў адазваўся мой сусед. – Чаго бедаваць?! Вось у мяне, для прыкладу, сала яшчэ добрая палова кубла. Шкада толькі бульбу з восені недзе закапаў пасля кумавых імянін, да гэтага часу не магу адшукаць. А так бы жыві і не памірай. – Дык можна са сваёй бульбай да вас на сала заходзіць? – засмяялася наша вясёлая спадарожніца. – Усіх не змагу, ”хрушчоўка” не вытрымае, а вас – у любы час дня і ночы, – не разгубіўся ўладальнік кубла з салам. – Добраму чалавеку заўсёды буду рады. Каб яшчэ жонку куды падзець, то, не задумваючыся, прапанову зрабіў бы.
– Я яшчэ падумала б, – працягвала гульню пасажырка. – Усе вы, мужчынкі, хваліцеся. А падумаць, то і выбіраеце толькі тых, хто вас ужо даўно выбраў.
Жанчыны побач заўсміхаліся ў знак згоды, нехта нават запляскаў.
Тралейбус прыпыніўся, і вадзіцель выразна і бадзёра, без пакутлівай абыякавасці назваў чарговы прыпынак.
– Малайчына! А давайце рэкамендуем яго дыктарам на тэлебачанне, – перамяніла тэму жанчына. – Падпішамся ўсім тралейбусам. А то як уключыш – нібы скула тым дыктарам гаварыць перашкаджае, ці рот раскрыць лянуюцца.
– Згода, – захацелася і мне падтрымаць размову. – Але вас таксама папросім. Праўда? – звярнуўся і я да пасажыраў. – Асабіста я ў такім разе буду мець шчасце штовечар бачыць вас на экране… Усё добрае хутка канчаецца. Тралейбус мінуў мост, падыходіў да новага мікрараёна. Прадапошні прыпынак. Дзверы доўга не адчыняліся – цесната. Нарэшце ляснула адна створка, другая. Наша спадарожніца заспяшалася да выхаду.
– Заставайцеся здаровыя. Заўтра вяртаемся гэтым жа рэйсам, – кінула напаследак.
Я выйшаў, каб не перашкаджаць пасажырам, стаў збоку. Жанчына неяк няўпэўнена ступіла на зямлю, папраўляючы прычоску, ледзь заўважна пахіснулася. Не моцна, але патыхнула спіртным. Водар дарагой парфумы ўсё ж так і не змог заглушыць вінны пах. Наша вясёлая спадарожніца, без усякага сумніву, была на падпіцці. Не ведаю чаму, але мне вельмі хацелася, каб гэта было не так…
– Дзе можна швэндацца да гэтага часу?! – злосна прагугніў, ступіўшы з цемры, прыкладнага выгляду мужчына ў капелюшы.– Пачакай! Прыйдзем дахаты, я табе ўсё выкажу!
І пайшлі. Яна наперадзе, апусціўшы долу вочы, ён ззаду, трохі збоку, мармычучы сабе пад нос.
Апусцелы напалову тралейбус тузануўся з месца, пачаў аддаляцца. Нехта з мужчын на задняй пляцоўцы ўсё яшчэ настойліва махаў і махаў рукою на развітанне.
МАРЫНА
На гэтых фотаздымках мы зусім маладыя. Вясёлыя, бесклапотныя сябры-равеснікі з даўгаватымі па тагачаснай модзе валасамі і расхрыстанымі на грудзях светлымі кашулямі. Два дзесяткі гадоў гэтым фотаздымкам. Значыць, і мы былі на дваццаць гадоў лепшымі. Чую вашы пярэчанні, хлопцы-аднакурснікі, развагі пра жыццёвую мудрасць. З нечым згаджаюся, і ўсё ж…
Наш здымак, Марына. Маё першае запозненае каханне. Першае не толькі па часе, першае па чысціні і сіле. Калі б я быў вучоным-філолагам, назаўсёды забараніў бы слова “першае” адносіць да парадкавых лічэбнікаў…
Марына. Я да гэтага часу добра памятаю тваю непаўторную ўсмешку. Ад яе так выразна абрысоўваліся ямачкі на шчоках. Я бачу твае прыгожыя вочы, шэрыя, з ледзь прыкметнай павалокаю лёгкага суму, трывогі, безабароннасці. Такія вочы бываюць у дзяцей, калі адзінаццаці-дванаццацігадовы чалавек сярод тлумнай гульні раптам спыніцца, адыдзе ўбок, задумаецца пра нешта сваё. Гэта позірк тых сталеючых дзяцей, якія яшчэ не сустрэлі або не разгадалі здрады, падману, жыццёвых расчараванняў.
Гледзячы ў такія вочы, ці мог я адважыцца гаварыць пра свае пачуцці. Баяўся згубіць надзею, пакрыўдзіць неасцярожным словам.
…Наша першае “кіно”. Нешта зайшла размова, і ты пачала расказваць пра хворыя рукі маці, пра брата-дзесяцікласніка, які чакае-недачакаецца цябе, каб перадаць хоць на дзень надакучлівую работу па хаце. Але гэта былі зусім не скаргі. Дарагія для цябе людзі станавіліся і мне блізкімі, зразумелымі.
Я стараўся адгадаць назву тваёй вёскі. Вядома, гэта вельмі прыгожая назва. Там жывуць добрыя, працавітыя людзі, як і ў вёсцы майго дзяцінства. Іншы раз у марах я бачыў сябе моцным, лоўкім на поплаве за вёскаю. (У маці хворыя рукі.) Спрытна шастае каса, і ўсе аднавяскоўцы па-добраму зайздросцяць маці маёй Марыны.
Вёска называлася Каштанаўкай. Тая вёска, дзе я ніколі не буду…
Я заўсёды раскрываю альбом на нашай старонцы… Першамайская дэманстрацыя. Мой лепшы сябар, як ён любіў казаць, “увекавечыў” нас для гістрыі. У смым нізе – пажоўклая выразка з мясцовай газеты. Нататка пад рубрыкаю “Здарэнні”. Яшчэ адзін напамін аб той вясне. Калі-небудзь я абавязкова счышчу са старонкі альбома гэтую пажаўцелую ад часу і ад клею паперыну. Усё было не зусім так, дакладней, зусім не так.
“Былы механік-вадзіцель і камсамолец навучыўся добра арыентавацца ў складаных абставінах і хутка прымаць рашэнні”, – напісаў невядомы мне карэспандэнт.
Як хацелася, каб усё было высокім, вартым твайго кахання. Я абавязкова счышчу гэтую пажаўцелую паперку. Яна не мае ніякага дачынення да верхняга здымка. “На подзвіг з імем каханай на вуснах…” – так, пэўна, хацелася думаць. А па праўдзе тады, губляючы сілы, шкадаваў, што не змагу быць побач, чуць твой голас. Шкадаваў сябе самога?!.
– Чаго стаіце?! Хутчэй! Ён пачаў захлынацца! – малыя ў паніцы мітусіліся па беразе.
– Ці змагу? Калі проста даплысці… Але выратаваць?..
Паплыў.
На шчасце, малы яшчэ трымаўся на вадзе. Насуперак усякай логіцы ён не хапаўся за шыю і за рукі. Гэта быў бы канец для нас абодвух. Адной рукой я падтрымліваў і штурхаў уперад хлопчыка, другой – сутаргава гроб пад сябе ваду, стараючыся наблізіцца да берага. Але падрыхтоўкі па плаванні хапіла толькі на тое, каб неяк трымацца на вадзе і збольшага супрацьстаяць плыні. Колькі так прайшло часу?.. Нарэшце, як збавенне, з-за павароту выслізнула выратавальная маторка. (Перапалоханыя малыя ўсё ж даўмеліся збегаць і паведаміць аб бядзе.) Хлопчыка хутка падхапілі. У мяне не засталося сіл, каб вымавіць, што трэба ратаваць і самога. Мой жэст узнятай з вады рукі тыя, у лодцы, хутчэй за ўсё, успрынялі як прывітанне…
У нейкія імгненні слабасці хацелася выпрастаць рукі і апусціцца нагамі на цвёрдае дно. Перад тым, мроілася, як пачну губляць прытомнасць, будзе, хай сабе кароткі, адрэзак часу, калі не трэба вымагацца з апошніх сіл, анямелымі рукамі разграбаць ваду. А потым?.. Не! Загінуць так недарэчна!?
Плынь аднесла некалькі ўбок. Як на шчасце, тут аказалася паласа мелкаводдзя.
Дрыжэлі рукі і ногі. Я выпаўз на бераг і стаў на калені ў прыбярэжным кустоўі. Сэрца калацілася са страшнай сілаю. Яго моцныя штуршкі аддаваліся ў скронях. Зірнуў на гадзіннік. Ён не спыніўся. Праз паўгадзіны экзамен, першы ў гэтым семестры. Няўжо столькі часу мінула? Усё высветлілася пазней. Стрэлкі на цыферблаце пачалі адмерваць час у два разы хутчэй. “Нават стальны механізм гадзінніка не мог не падпарадкавацца біццю гарачага сэрца”, – засеў у памяці паэтызм.
Той гадзіннік і цяпер у шуфлядзе майго пісьмовага стала. Я не карыстаюся ім. З тае пары ён больш ніколі не абганяў час і з кожным годам стаў спазняцца ўсё больш. А як гэта прыкра – спазняцца!
– Пра цябе пісалі, – сказала Марына, як толькі выйшаў нумар газеты з нататкаю. – Віншую.
І ўсё. Словы адазваліся балюча, абудзілі крыўду. “З чым віншаваць? – падумалася. – З тым, што напісалі? Няўжо ёй не цікава спытаць нешта яшчэ?”
Уважліва ўглядаюся ў фотаздымак. Хочацца ўзнавіць у памяці інтанацыю, з якой прагучалі гэтыя словы. Толькі не з іроніяй. Хутчэй за ўсё, яны былі вымаўлены шчыра, мо трохі будзённа, як мне падалося. І правільна. Не кідацца ж ёй было з абдымкамі да свайго героя. Не такая яна, Марына.
Я толькі сёння, здаецца, зразумеў. Ты лічыла, што ў падобным выпадку кожны іншы зрабіў бы гэтак жа. Былі… Былі людзі. Не можа пляж быць бязлюдным у летнюю спёку.
– Сяргей! Я даўно хацела сказаць табе нешта важнае для нас абодвух.
– Кажы. У цябе ёсць хлопец?
– Няма. Але… Давай пра гэта іншым разам…
Наступным вечарам я застаў цябе ў светлай святочнай сукенцы.
– Яшчэ з выпускнога балю,– прызналася Марына.
Русыя валасы былі ўпрыгожаны невялічкімі зграбнымі бантамі. А пасля стужкі ты развязала. І ў той вечар здалася мне яшчэ больш прывабнай, жаданай і недасягальнай. Чаму ты не схацела працягваць перапыненую ўчора размову? Што трывожыла цябе? Шукаю і не магу знайсці адказу.
Ты пайшла працаваць, не дачакаўшыся дыплома. Так было трэба, бо закончыў школу і стаў студэнтам брат. І гэтае раптоўнае замужжа…
Я часта перачытваю тое апошняе пісьмо. “…Лічу цябе сваім сябрам. Мне будзе вельмі горка, калі я страчу такога сябра, як ты. Але зразумей, што мы можам заставацца толькі сябрамі. Ты добры чалавек. Мне наогул шанцуе ў жыцці на добрых людзей. І не трэба цалаваць мяне нават у пісьмах. Я гэтага не заслугоўваю…”
Марына. Я трымаю ў памяці кожнае сказанае табою слова. Як непаўторна ты ўсміхалася, як смешна злавала і баранілася ад пацалункаў. Тады я цалаваў твае далоні. Я і цяпер адчуваю іх цяпло. Шкада, што мой гадзіннік наўрад ці зможа калі абагнаць час…
Я ўсё часцей стаў сніць нашу вясну. Ніколі так моцна не пахла вясновая квецень. Ніколі больш так цудоўна не спявалі птушкі, як тады ў скверы ля інтэрната.
Марына. Дзякуй табе за неразгаданую загадку. Няхай па-ранейшаму шчасціць табе ў жыцці на добрых людзей.
ВІКА
Як мы яе баяліся і як ненавідзелі!
Мы, шаснаццацігадовыя жыхары інтэрната прафесійнага вучылішча, баяліся і ненавідзелі сваю выхавацельку, Вікторыю Іванаўну Рыбіну.
Інтэрнат – звычайная пяціпавярховая скрыня без усялякіх архітэктурных прыдумак. Чатыры жылыя паверхі, чатыры пакоі для ўмывання, чатыры кабінеты выхавальнікаў (па аднаму на кожным паверсе), два рады дзвярэй. Усе дзверы без замкоў, з шырокімі зашклёнымі праёмамі. Шырокімі настолькі, што звычайны казённы вафельны ручнік не даваў магчымасці занавесіць такое акно поўнасцю. Рабіць гэта, дарэчы, строга забаранялася. Наша Віка, Вікторыя Іванаўна, была заўсёды напагатове. Толькі адчыніш фортку, надумаеш замаскіравацца, каб зрабіць некалькі зацяжак, як стук у дзверы – і “Цыгарэты на стол!” Прыкрыў на хвіліну злашчасны экран, каб памяняць сподняе, і то ніякавата сябе адчуваеш: вось-вось пачуецца стук. Рыпнулі спружыны – у вопратцы сеў на засцелены ложак – чакай гневу.
Які разумнік-псіхолаг, назіраючы за намі, магчыма, зрабіў бы цікавыя для навукі высновы пра тое, як моцная жанчына ўплывае на светапогляд будучага мужчыны. Мы ж пра гэта не думалі. Мы проста ненавідзелі і баяліся.
Віка была сярэдняга росту, гадоў пад сорак (ва ўсякім разе нам так здавалася) жанчынай з рабаціннем на твары, шырокая ў плячах. Рыжыя валасы сцягвала ў кволы пучок звычайная гумка. Але часцей мы прывыклі бачыць выхавацельку ў нацягнутай на самыя вочы вязанай шапцы.
Віка нас не любіла. “Сцеражэ свой спакой і выдатна з гэтым спраўляецца”, – глыбакадумна вынес прысуд Анатоль, наш стараста. Анатоль з першага захаду не паступіў у інстытут і меўся паўтарыць сваю спробу, атрымаўшы дыплом выдатніка прафесійнага вучылішча. – Усім строіцца на лінейку! – дубліраваў звычайна загад Вікі дзяжурны. – Строіцца на генеральную ўборку! Строіцца на інструктаж! Строіцца! Строіцца!..”
З чалавекам у страі начальству гаварыць заўсёды зручней. Цябе могуць у любы час выклікаць на адзін крок наперад і, адлаяўшы, паслаць у хвост шарэнгі, нягледзячы на тое, што маеш метр восемдзесят пяць росту.
– Слухайце і запамінайце, як трэба правільна карыстацца прыбіральняю. Пасля распішацеся ў старасты. Калі што будзе не так, – падлаўлю і натаўку носам! – грозна папярэджвала Віка. – Хто смяяўся? Адзін крок наперад! Каб не так весела было – два дні дзяжурства па лесвіцы!!
За зіму ўвесь наш трэці паверх добра вывучыў, што такое плінтус і чым ён адрозніваецца ад панелі. І адно, і другое раз на тыдзень драілася шчоткаю для адзення. Спачатку панель, потым падлога і, нарэшце, плінтус. Пафарбаваная ў едка-зялёны колер, панель мела звычку цямнець к вечару наступнага дня. Але цікава, што, як бы мы ні намагаліся церці, фарба трымалася ўстойліва. Толькі падлога не вытрымала парашкоў і хутка пайшла плешынамі.
У нашым трыста трэцім пакоі, акрамя мяне і Толіка-старасты, жыло яшчэ трое хлопцаў. Толік у параўнанні з намі выдаваў сапраўдным інтэлігентам. Ён, адзіны з усяго пакоя, прасаваў штаны, карыстаўся дамашнім ручніком і ў дадатак да ўсяго сустракаўся з гарадской дзяўчынаю. Нават у Вікі меў сякое-такое патуранне. Трэці з нас, Паўлік Вяртун, быў на асобым уліку з-за сваёй яршыстасці і вострага языка. Малы, каранасты, з цёмнай палоскай фарбаваных вусоў на тоўстай верхняй губе, у нязменнай спартыўнай кашулі. Гэта ён дзесьці раздабыў цюбік з нейкім “мазелінам” ды таблетку перакісу. Нашы губы пасля працэдуры фарбавання-адмывання доўга яшчэ заставаліся чырвонымі. Потым чырвань праходзіла, а прыгажосць заставалася. Чацвёртым быў Мікола Вакульчык. Нічым не вылучаўся з агульнай грамады, можа толькі залішнім стараннем. Калі яму прапанавалі паехаць у дом адпачынку пасярод навучальнага года, ён чыстасардэчна прызнаўся, што дрэнна ведае рухавікі ўнутранага згарання, інакш паехаў бы з задавальненнем. Які дзівак! І нарэшце, пяты з нашага пакоя, Санька Кітаеўскі. За вочы, а то і так, яго клікалі Кітайцам, дакладней, – Кітайцам у абмотках. Увесь час ён нешта паяў, намотваў, хімічыў. Пра кандэнсатары і трыёды мог гаварыць гадзінамі. Да вясны Санька ўсё ж даканаў прыёмнік і выпрасіў у кіраўніка кружка дазволу прынесці сваё дзецішча нам на паказ.
Так і жылі. Вучыліся. На выхадныя ездзілі ў вёску адзін да другога, пілі з рыльца “Агдам” у тамбуры дызель-цягніка, стоячы па чарзе “на шухеры”. І зусім было б добра, зусім дарослымі адчувалі б сябе, каб не Віка.
– Слухайце, мужыкі, а што, калі мы яе зацягнем да нас і паціскаем, мо дабрэйшая будзе?.. – гэта Пашка. У яго заўсёды былі напагатове ідыёцкія прапановы. Прыехаў на падпіцці, расказаў кучу небывальшчыны, пахваліўся мужчынскімі перамогамі над вясковымі “кадрамі”. (“Чувакі” і “чувіхі” на той час яшчэ не прыжыліся.) Мы гігікнулі ў адказ.
– Жартую. Мяне з ёй і за грошы ніхто не прымусіў бы, – блюзнерыў Вяртун, задаволены жартам. – Вёз вам бутэльку хлебнай – перахапіла, такую яе, на калідоры.
Пашка дастаў з патаемнай кішэні пачку “Арбіты”, па-маладзецку прыкурыў. Мне здалося, што размаўляем мы залішне гучна. Страхуючыся, выглянуў у калідор, зыркнуў управа-ўлева, здаецца, ніхто не падслухоўваў.
Віка ўварвалася, калі мы зусім забыліся пра тэхніку бяспекі. Пашка, хаваючы за спінаю “бычка”, апёк пальцы. Давялося на вачах выхавацелькі даставаць недакурак і запускаць яго ў фортку. Мы ўсе як па камандзе паўскоквалі з ложкаў…
Заклапочаныя, прыгнечаныя разыходзіліся хлопцы з запозненай лінейкі. Вертуна высялялі за развал дысцыпліны, і астатнім курыльшчыкам таксама непаздаровілася.
– Так мы цябе, Віка, і забаяліся, – храбрыўся Санька-Кітаец, сузіраючы нашы посныя фізіяноміі. Ён выкруціў адзіную ў пакоі лямпачку, прыладзіў да патрона шнур, а знізу, да кожнай з жыл шнура, – па лязу. Атрымалася нешта небяспечнае, усе разумелі, але спыніць сябра ніхто не здагадаўся. Свой апарат Санька апусціў у трохлітровы слоік з вадою. Вельмі хутка забулькатала. На шчасце, усё абышлося найлепшым чынам. Пэўна, Кітаец добра налаўчыўся ўпраўляцца са сваімі абмоткамі.
– Мы пілі гарачую гарбату з прыпсаваным варэннем, курылі, хаваючы цыгарэты ў далоню, расказвалі анекдоты і цешыліся адплатаю.
Дні праз тры пасля таго Віка не з’явілася на працу. У гэта не верылася. Не было яе і праз тыдзень. Паступова чарнелі панелі, прапахлі дымам капы і падушкі. Мы радаваліся, як тыя шкаляры, у якіх захварэў настаўнік, хай сабе любімы. А тут нават не настаўнік, а Віка, Вікторыя Іванаўна, выхавальнік трэцяга паверха.
Прайшло больш як месяц…
Чулі?! – Пашка Вяртун уляцеў у пакой. – Па-першае, я зноў з вамі, а па-другое, – ён перавёў дых і шматзначна паглядзеў на нас, – Віка два дні як у радзільным доме. Дачка ў яе...
– Што?! Як?! – не разумелі нічога мы. Вядома, шаснаццацігадовыя бэйбусы добра ведалі, адкуль бяруцца дзеці. Але каб у Вікі!.. У нашай Вікі!.. Нельга было ўявіць сабе мужчыну, для якога яна была б адзінай і каханай.
– Ведаеце, хлопцы, – працягваў Пашка сур’ёзна, – пра што я дазнаўся? У Вікторыі Іванаўны муж год таму вярнуўся з зоны. Нелюдзь. Мне гаспадыня, у якой кватараваў гэты месяц, расказвала. Біў без дай прычыны. Прымушаў тыднямі хадзіць у адным адзенні. Прапіў усю яе маёмасць.
– Пашкава заклапочанасць перадалася і нам. Былыя крыўды здаліся нікчэмнымі.
– Трэба нешта рабіць, – заключыў Вяртун…
Людзей у пакоі для наведвальнікаў было мала, і на нас адразу звярнулі ўвагу. Расчырванеўшыся ад хвалявання, Пашка, наш завадатар, пераклаў у цэлафанавы пакет, як патрабавала санітарка, купленыя ўскладчыну чырванабокія яблыкі, смятану, сок.
– Пашка, ты напішы пару слоў, – падказаў Анатоль.
“Віншуем! Жадаем здароўя!” – акуратна, друкаванымі літарамі вывеў Вяртун.
Паважнаю хадою, з пачуццём задавальнення ад зробленай справы, выйшла наша кампанія з пакоя. Засмалілі, не спяшаючыся накіраваліся ўздоўж прадаўгаватага будынка радзільнага дома. У белай, завязанай “пад мак” хустцы, у палінялым бальнічным халаце з акна другога паверха ўсміхалася наша Віка. Да грудзей яна пяшчотна прыціскала белы скрутачак. Шчокі яе былі мокрымі ад слёз. Не згаворваючыся, мы адзін за адным павыкідалі горкія (усё яшчэ не ўвайшло ў прывычку) цыгарэты. Новае, незнаёмае дасюль пачуццё падымалася ў грудзях. Мо гэта незаўважна падбіралася сталасць.
Маладая прыгожая жанчына ўсміхалася нам праз аконнае шкло, нешта гаварыла, рабіла знакі рукамі. І мы, нічога з таго не разумеючы, толькі ківалі галовамі і разгублена ўсміхаліся ў адказ.
ВЕРАЧКА
Дзяўчынкі сталеюць хутка. Яшчэ нядаўна цягалі ранцы за спінаю, а цяпер, глядзіш, модныя скураныя сумкі на шырокіх рэменях цераз плячо, боты на абцасіках, скураныя куртачкі. Нявесты, дый годзе. Кніжкі ў сумцы, а жаніхі на думцы. А вось Верачка, мая суседка, зусім іншая. Ведаю яе з самага нараджэння, таму так і гавару. У дадатак да ўсяго, апошнія чатыры гады перад адпачынкам я выкладаў мову і літаратуру ў Вераччыным класе, быў у іх класным кіраўніком. Мо некаму здасца перабольшаннем, але я магу дакладна сказаць, якім чалавекам стане ў дарослым жыцці кожная з маіх вучаніц. Калі б у наш раён прыехалі добрыя рыцары і самаму высакароднаму, сціпламу і адважнаму з іх патрабавалася знайсці спадарожніцу жыцця, толькі яму аднаму я расказаў бы пра Верачку. Усё ў ёй радавала: шчырасць, розум, дзіцячая непасрэднасць і зусім дарослая самаахвярнасць. Расла дзяўчынка без бацькі. Маці ж часта і падоўгу хварэла. Пра гэта я даведваўся, правяраючы сшыткі па мове. Ад іх ледзь чутна патыхала валер’янай. (Дзяўчынка, здагадаўся я, рыхтавала лякарствы.)
Вырасла дзяўчынка, выцягнулася. Калі шчыра, знешне была яна далёка не прыгажуняй: рабацінне па ўсім твары, бледнасць, тоўстыя шкельцы акуляраў, залішняя хударлявасць. Ды і апранута сціпла, не па модзе. А пагутарыш якую хвіліну – Верачка часта забягае да мяне па кнігі – і радасна ад усведамлення таго (мо і ты маеш дачыненне), што ёсць побач такі добры чалавек.
Апошнім часам усё часцей я сустракаў Верачку адну, без сябровак. Няцяжка было заўважыць: дзяўчынка наўмысна цураецца сваіх жыццярадасных, занадта сучасных равесніц, замыкаецца ў сабе. Але сёння з раніцы… (Было якраз восьмае сакавіка.) Спачатку я сустрэў на лесвічнай пляцоўцы шчаслівую Вераччыну маці. Даўно яе такой не бачыў. “У нечым гэтым добрым людзям пашчасціла”, – парадаваўся ў душы.
– Паслухайце, Сямён Пятровіч, – падзякаваўшы за святочныя віншаванні, звярнулася да мяне жанчына, – што я вам раскажу. – Стомленыя вочы маці выпраменьвалі радасць. – Не дасце веры… Тупаем мы з дачкою раніцай на кухні. Свята, як-ніяк. Раптам – званок у дзверы. Хто б гэта мог быць? Верачка пайшла адчыняць, я таксама на калідор высунулася. Уваходзіць малады чалавек, галавы мо на дзве вышэйшы за маю Верачку. У руках цюльпаны. Я падумала, што хлопец адрасам памыліўся, але ж не… Засаромеўся гэтак і віншуе дачку са святам. Уручае кветкі, каробку цукерак не нашых і пакет, такі як моладзь цяпер носіць. Прыгожы хлопец. Ветлівы такі. У кашулі светлай, пры гальштуку. Я на кухню хутчэй, хай, думаю, маладыя паразмаўляюць, пакуль стол збяру. А мая дурніца стаіць ні жывая ні мёртвая, слова вымавіць не можа. Я спяшаюся на выручку, запрашаю маладога чалавека прайсці. Адмовіўся, шкада. Першы раз у хаце. Бачу, што і яму няёмка. А такі хлопец!.. – закончыла жанчына свой аповед і як спахапілася. – То ж , Пятровіч, мабыць, кветкі зараз не адну тысячу каштуюць.
– Не танна. Пэўна, хлопец доўга ашчаджваў, але Верачка гэтага вартая, – сказаў я, што думаў. Бачыў, як набягаюць слёзы на вочы шчаслівай маці.
– Верачка казала, што тата ў Віталя працуе на сумесным прадпрыемстве, але хлопец пра гэта нікому не гаворыць, сціплы.
– То і не перажывайце за чужыя грошы, – супакоіў я жанчыну.
– Пятровіч, а калі гэта сур’ёзна? – зноў заклапочана глянула на мяне Вераччына маці.
– А што вы думалі, Ганна Станіславаўна. Прывыкайце. Вы цяпер маці дарослай дачкі. А гэта вельмі не проста.
Восьмага сакавіка прыпала на суботу. А з панядзелка ў школе аб’явілі каранцін з-за грыпу. За гэты тыдзень Верачка пахарашэла, здавалася, нават змянілася з твару, навучылася абыходзіцца (хоць і сварылі за гэта) без акуляраў. Нават абновы з’явіліся. Напэўна, маці нешта са свайго перашыла.
У школу Верачка ішла ўсхваляваная, з трапяткім прадчуваннем нечага незвычайнага. “Як павядзе сябе Віталь? Што скажа? Пра што спытае? – трывожылася. – Ён, такі разумны, прыгожы хлопец, мяне заўважыў... А колькі ў класе цікавых дзяўчат! У жыцці, аказваецца, усё можа быць гэтак жа цудоўна, як і ў кнігах”.
Так думала пятнаццацігадовая дзяўчынка, але на справе так бывае далёка не заўсёды… Пасля ўрокаў Верачку было не пазнаць. З роспытамі прыставаць было няёмка. Але што ж здарылася?.. Я набраў тэлефон Вераччынага класнага кіраўніка, сваёй пераемніцы. Вось што аказалася. Хлопцы з дзевятага рашылі павіншаваць дзяўчынак. Хай ведаюць! Усё гэта як бы ў помсту за тое, што дзяўчаты на дваццаць трэцяе абмежаваліся толькі таннымі сувенірамі. Віталь выцыганіў у бацькі сто тысяч, астатнія дабавілі па пяць, так што грошай набралася. Як віншаваць – на гэты конт доўга не спрачаліся: падарункі разносіць па кватэрах. І не ўсёй кампаніяй, а па аднаму. І пры поўным парадзе. Яшчэ адно пытанне: хто да каго ідзе. Амаль палова хлопцаў хацела віншаваць станістых, па-сучаснаму апранутых сябровак Леру і Віку. А астатнія дзяўчынкі?.. Згадзіліся з Віталевай прапановай: каб нікому не было крыўдна, няхай справу вырашыць жэрабя. Так яно і сталася. А паколькі Верачку ўспомнілі апошняй і “выцягнуць” яе не было каму (дзяўчынак на адну больш), то Віталю, як завадатару, давялося віншаваць двух адразу. Сваю змову вырашылі трымаць у сакрэце, але хлопцаў не на доўга хапіла.
Я па-ранейшаму бачуся з Верачкай амаль штодня. Яна робіць выгляд, што нічога не здарылася, ды, здаецца мне, пасталела дзяўчынка яшчэ на адно не дзіцячае расчараванне.
ТАІСА
Таіса Храпко, або проста Тоська, прачнулася апоўдні ў крэсле. Так і спала не распрануўшыся. Чарговы загул цягнуўся ад абеду і амаль да раніцы. Дванаццаць. Праз гадзіну трэба быць на працы. Учарашняе прыгадвалася невыразна, асобнымі ўрыўкамі. Быў Алег. З ім яшчэ двое хлопцаў і тры дзяўчыны. З чаго ж усё пачалося?.. Ага. Алег з’ездзіў “за бугор”. Рашыў культурна адзначыць сваё вяртанне. Пачыналі з французскага шампанскага, а заканчвалі чорт ведае чым. Як гудзе галава!.. Здаецца, нехта націскае ўсярэдзіне, пад чэрапам, на балючыя пласціны… І гэты Ахмед, які ўвесь час прасіў называць яго Алікам… “За цябе!”, “За наша знаёмства!..” Сапраўдны алік. Дрыхнуць сабе ў пялюшках і Алег, і Ахмед, і гэты іхні трэці, турак. Як толькі не тлумачыла Надзька, што хоча з ім у Турцыю – ні ў зуб нагою… Але ж і надзёўбаліся!.. Яшчэ добра, што Алег падвёз да кватэры. Адкуль з яго боку такая ласка? Ноччу, на другі канец горада… Вырашыў пазбавіцца, семнаццацігадовую закадрыў. Нават і начаваць не застаўся...
Рухацца не хацелася. Тоська, перасільваючы сябе, паспрабавала ўстаць. Усё паплыло перад вачыма. Хістаючыся, пашлэпала ў пярэдні пакой. Паліто ляжала на падлозе. Ад яго рэзка пахла цыгарэтамі.
Дзяўчына памачыла халоднаю вадою твар, выпіла шклянку вады. Злёгку ванітавала. Ні на касметыку, ні на ванну сіл не было. Адзінае, што яшчэ зрабіла, выходзячы, выліла амаль палову флакона дарагіх духоў на кофту і на паліто.
– Пара завязваць, – вырашыла ў які раз, выходзячы з кватэры.
Да пачатку другой змены ў цырульні, дзе працавала Тоська, заставалася дваццаць хвілін. Яна прайшла ў бытоўку, прымасцілася ў крэсла і хутка зноў спала, дыхаючы няроўна і шумна. Зменшчыца, жанчына ў гадах, за першым разам пашкадавала будзіць сваю шалапутную напарніцу, уздыхнула, паківала галавою. Праз паўгадзіны зайшла зноў і ўжо рашуча патузала за плячо.
Стараючыся ступаць роўна, Тоська дабралася да свайго працоўнага месца. Хлапчук, якога яна адразу не ўзлюбіла, бо, нягледзячы на ўсё, адчувала перад ім нейкую віну, мо нават сорам, сядзеў у высокім крэсле і разглядаў сябе ў люстэрку. Ён быў прыгожы: мяккія валасы, ружовыя вусны, шэрыя разумныя вочы.
* * *
Андрэйка сёння ўпершыню атрымаў пяцёрку. Яго выклікалі да дошкі і перад усім класам настаўніца паказала Андрэйкаў сшытак па матэматыцы. Доўга не атрымліваліся ў хлопчыка прыгожыя лічбы. Але ён так стараўся, так стараўся… І вось яна, першая пяцёрка. Пяцёрка была вялікая, на дзве клеткі. Яе, такую прыгожую, пэўна, не змог бы вывесці ніхто ў свеце, акрамя Галіны Мікалаеўны. А побач з адзнакаю роўненькімі літарамі – “Малайчына!” Андрэйка і раней не ленаваўся, а цяпер будзе старацца яшчэ больш. І не з-за таго, што пахваляць. Зусім не. Ён пастараецца ніколі не засмучаць Галіну Мікалаеўну. Пасля таго, як Андрэйка лёгка справіўся з задачай, настаўніца пагладзіла яго па валасах і ціха, каб не чуў больш ніхто, сказала на самае вуха:
– Андрэйка, папрасі тату, каб ён завёў цябе ў цырульню. Добра?
– Добра, – адказаў Андрэйка, – абавязкова сходзім. Сёння пасля заняткаў.
… Стараючыся не глядзець у люстэрка, каб не бачыць свой прыпухлы твар і не сустракацца з чыстым дзіцячым позіркам, Тоська нашарыла ў шуфлядзе грэбень і нажніцы…
– Ну як? Пыталася майстар, як цябе зваць? – пацікавіўся бацька пасля таго, як яны разлічыліся.
Хлопчык быў яўна чымсьці пакрыўджаны.
– Не.
– Што, так нічога і не спытала?
– Не спытала, нават не загаварыла. Яна ледзь не ўпала, хісталася, і ад яе моцна пахла півам і сырым мясам. Я ўвесь час адварочваўся і ў канцы нават не падзякаваў.
– Ну, гэта ты дарэмна, – не згадзіўся бацька. – Мо ў цёці галава баліць ці яшчэ што.
– Не, так галава не баліць, я ведаю, – стаяў на сваім хлопчык.
Валасы, што трапілі Андрэйку за каўнер, непрыемна казыталі, кусаліся. Малы капрызіў. Вечарам у яго моцна балела галава.
ВЯСЕЛЬНЫ КАСЦЮМ
“…Хто вінаваты, і за што Усявышні так абышоўся з намі, за чые грахі мы з табою пакутуем, мой хлопчык?!. Каму патрэбны ў гэтым свеце?! Трывожылася сэрца, прадчувала бяду… Гэты свет ты сустрэў моўчкі, заплакаў, калі я ўжо губляла розум ад непакою. “Ну, вось бачыш, усё на месцы: і рукі, і ногі, і мужчынскае. Так што радуйся”, – голас медсястры – як цераз сцяну. Радавалася, спачувала суседцы, у якой дзіця нарадзілася шасціпалым. Калі мянялі пялюшкі, яно крычала, і перавязаныя ніткай пасінелыя лішнія пальчыкі недарэчна матляліся. Рабілася трывожна. Жанчына плакала, кляла Чарнобыль. І не здагадвалася я, што шкадаваць трэба мяне… Прыйшоў пад акно твой бацька. Я бачыла, як марна намагаецца ён стрымаць слёзы. Слёзы падманнай, прывіднай радасці… Праз тыдзень, шчаслівыя, мы ішлі па вуліцы, і ўвесь горад глядзеў на нас. Ты заварушыўся, крактануў, а наш бацька разгубіўся, стаіць бездапаможны, збянтэжаны, сам нібы дзіця малое. Якімі дарагімі для мяне былі вы абое ў гэтае імгненне! Ён усё яшчэ не мог паверыць, што трымае ў руках сваё, жывое, сапраўднае дзіця, што стаў бацькам. Бацькам… ідыёта. Праз непрацяглы час я ў поўнай меры пазнала, што абазначае гэты псіхіятрычны тэрмін у яго прамым сэнсе… Я зусім супакоілася. Я болей не віню яго, твайго бацьку і майго мужа. Былога мужа. Ён вытрымаў амаль чатыры гады, без трох тыдняў, не даў звар’яцець у тыя першыя жудасныя месяцы. Ты крычаў амаль без перапынку. Як ты крычаў!!. Колькі дактароў мы абышлі, колькі бабак улагоджвалі за апошнія рублі! Гэта цяпер ты можаш спаць запар і дзве, і нават тры гадзіны. А тады... Заплюшчыш вочы, сцішышся. Лічу да дваццаці, да сарака – і ўсё спачатку. Прыходзілі родзічы на адведзіны. Усё ж бачылі: як закатваюцца пад лоб твае безуважныя вочкі, як хіліцца галоўка, якая нежывая спіна, – але абнадзейвалі, пілі за здароўе. “Думай пра лепшае, беражы сябе. Дасць Бог, перарасце…” Перарос… Табе чатыры гадочкі, і адзінае, чаму навучыўся – перакочвацца з боку на спіну. Каб толькі ведаў ты, як баляць рукі ў маці. У маці… Я, твая маці, ніколі не пачую гэтага слова ад цябе. А можа, і наогул не пачую. Я не змагла нарадзіць табе ні брата, ні сястры. Мо і па гэтай прычыне мы засталіся без бацькі. Ты заўважыў, што яго няма? Заўважыў. Такі неспакойны стаў, такі капрызлівы. Ён болей не прыйдзе. Не прыйдзе, бо не даруе ні мне, ні тваёй бабулі. Мужчыны не даруюць такое. Пра сябе я не думала. Ніколі не пайшла б да той жанчыны, калі б пакінулі толькі мяне. Але як ён мог?.. Я адпомсціла ёй...Адпомсціла, а пакутую цяпер сама. Адкуль столькі злосці ўзялося?.. Дачка з маці пабілі палюбоўніцу... Так атрымліваецца. Можа, хто і пасмяяўся б, каб убачыў. Бо карціна ж была!.. Маці рукі трымае, а дачка зняла туфель і гэтым туфлем саперніцу па твары, у бяспамяцтве, як ашалелая, да крыві... Чаму яна не абаранялася? Маўчыць, зубы сцяўшы, не просіцца, не вырываецца. Даў Бог розуму спыніцца, а маглі б і забіць. Твой бацька пашкадаваў яе, а не нас..."
* * *
Маладая маці прачнулася рана і ўжо каторы час, нерухома застыўшы над ложкам, прамаўляла, нібы ранішнюю малітву, гэты бясконцы маналог. Алёшу чатыры гады. Ёй – дваццаць другі. Аднакласніцы яшчэ па дыскатэках красуюцца, а яна… Кінуць усё, аддаць Алёшу ў інтэрнат і пачаць усё нанова. Не, яна не зможа. Не будзе лягчэй. Прападзе хлопчык. Каму ён патрэбны, бездапаможны. Наташа спадзяецца яшчэ на адну аперацыю, на добрага доктара, на цуд… Апошнія месяцы Алёша стаў трымаць галаву. Каб яшчэ сеў самастойна.
Толькі бралася на дзень. У пакоі прыкметна пасвятлела. Наташа працерла падлогу, з горкай усмешкай глянула на састаўленыя ўпрытык шафы і скрыні, якія займалі акурат палову пакоя. “Дачакаліся новай кватэры... Прадаць усё гэтае дабро як найхутчэй, а яшчэ лепш – выцягнуць у двор і падпаліць. Так усё надакучыла!”
Забегла суседка з пісьмом. Яна часта забірае пошту, ходзіць у магазін, калі сын не адпускае Наташу. Пісьмо было ад маці.
“Як ты, дачка? – пыталася маці. – Пасля таго, што здарылася, не магу знайсці сабе месца. Не гаруй, не нішчы сябе вельмі. Перажывём неяк. І мне не лягчэй. Хочацца, каб і гаспадарка была як у людзей, каб і вам дапамагчы. Бацька амаль ніколі не бывае цвярозым. Прападае чалавек. А такім хлопцам у маладосці быў! Я на яго ледзьве не малілася. І зрабіць, і сказаць – ніхто лепш не зможа. На вяселлі, бывала, як пойдзе ўпрысядку ды з прыпеўкамі… Рана, як і ты ў семнаццаць, я замуж выскачыла. Намардавалася за жыццё. Вы з братам позна нарадзіліся. Чаго толькі я не наслухалася за дзесяць гадоў. Сямейны, а дзяўчыты за ім, тваім бацькам, па-ранейшаму сохнуць. Поўнач, чакаю, а яго няма і няма. Апранаюся, іду шукаць. Усю траву вытаптала пад вокнамі мясцовых дзяўчат ды маладзіц, высахла ў трэску. Іду, а мне здаецца, што ззаду пальцамі тыцкаюць. Выгляду не паказваю, трымаюся на людзях. Каб худобу схаваць, то і ў духату, бывала, два свідры пад сукенку нацягну. А пасля ўжо не ў вокнах выглядала, а ў канавах шукала ды пад плотам. Вечарам пасля працы прывязуць з будоўлі, – ён, пакуль не спіўся, нават майстрам рабіў, – на плот павесяць: рабі, жонка, з ім, што хочаш. Да чаго дапіўся... Сам будаўнік, а ў хляве праваліўся дах. Лёс, дачушка, мяне ніколі не мілаваў, заўсёды так: як маё – то і нялюдскае. Усіх Пятровых равеснікаў у Барысаў служыць пабралі, а нашага, адзінага з акругі, у Афганістан. А ці быў хто мізарнейшым? Колькі перадумала ўсяго. Нават бацька піць перастаў, за паўгода матацыкл купіў: “Пятру будзе!” Вярнуўся сынок, Бог злітаваўся. Нічога не пыталася. Медалі ля абразоў павесіла. А сын з бацькам на пару піць пачалі. Мяне ледзьве не штодня ў кантору клічуць: “Пятро трактар пабіў”. То сусед перапыняе:”Твой душман – Пятра так за вочы на сяле клічуць – ноччу з гаража матацыкл вывеў. Мала, што свайго ухвойдаў”. Колькі ён, бедны, перажыў, толькі здагадваюся. І не раскажа нікому, бо і мне не расказаў. Цяжка яму, бачу, а дапамагчы не магу. Не ведаюю чым. Спадзявалася, дачушка, што хоць ты ў нас будзеш шчаслівейшая. Карай, Божа, усім, толькі не дзецьмі. І ўсе маі няшчасці – нішто ў параўнанні з тваёй бядой. За чый грэх ты, дзіцятка, адказваеш? Здагадваюся, і баюся нават сабе прызнацца…”
* * *
Дзед Даніла, родны дзед Наташынай маці, па гадах быў самым старым у вёсцы чалавекам. Бабуля памерла адразу пасля вайны. Вайна забрала і абодвух дзедавых сыноў, на той час ужо сямейных. Адышлі ў лепшы свет нявесткі, раз’ехаліся ў пошуках лепшай долі ўнукі. Яны дачакаліся сваіх унукаў. Гады дзедавы ўшчыльную падбіраліся да ста. Многа перажыў дзед Даніла. Бывала, стане расказваць, як у Мікалаеўскую сядзеў у акопах, як ездзіў на заробкі ў Канаду, колькі разоў на яго вачах улада мянялася. "О, нажыўся я”, – дзівіцца. А то пачне ўспамінаць, як у дзяцінстве ўюноў лавілі зімою ці як, пасучы каровы, вераснёўскімі ранкамі грэлі пасінелыя ногі ў цёплых каравяках. “Ой, – кажа, – быццам і не жыў зусім, нібы толькі пазаўчора нарадзіўся”. Не прычыняў дзед Даніла вялікага клопату Веры, сваёй унучцы. (Дзед казаў “мая ўнука”.) І зелле на мяжы скосіць, і за хатай прыгледзіць. Сівы, нізкага росту, з нязменнаю самаробнаю кульбаю – такім памяталі яго нават немаладыя аднавяскоўцы. Толькі хада запаволілася і голас з гадамі стаў глухаватым. Шныпае дзед па двары, шукае работу. А то да прыёмніка вуха прыставіць, ловіць сваю Канаду.
Галоўным жыццёвым прынцыпам у дзеда Данілы было класічнае правіла даўгалецця – ведаць ва ўсім меру. Калі і выпіваў раней з тугі, то ці ж так, як цяпер? З розумам. Іншым разам пасля вайны на вяселлі маладыя мужыкі набяруцца і ляжаць, як тыя снапы: хто на калёсах, хто пад плотам. Падыдзе Даніла, галавою паківае, накрые, калі ёсць чым.
Грошай дзед не збіраў. Пасля таго, як у нішто ператварыліся яго паўтары тысячы на кніжцы, усю пенсію ён аддаваў Веры нават не пералічваючы. Вера і пакорміць, і кашулю памые. З другога боку, разумеў: дзеці растуць. А з такім мужам, як яе, у свет пойдзеш з працягнутай рукою.
Неўзабаве пасля выпускнога Наташа, Верына дачка, стала прыспешваць з замужжам. Кінулася, як у вір з моста. Не змаглі адгаварыць. Вера апошнія перад вяселлем месяцы і сваю і дзедаву пенсію траціла на “Маскоўскую”, якую хавала ад мужа па суседзях, купляла падарункі зяцевай родні. Ну а дзеду, чаго ўжо там грашыць, нешта зацыруе, нешта мужава ці сынава падлатае. Стары разумеў. Ён заўсёды ўсё разумеў…
* * *
Дзед Даніла памёр раптоўна праз месяц пасля Наташынага вяселля. Пэўна, рашыў, што дачакаўся ўсяго, чаго толькі можа чалавек дачакацца. І такой нечаканай стала гэтая смерць!.. Грошай у Веры не засталося ні рубля, даўгоў – у кожнай хаце. Гарэлку пазычалі нават на другі дзень вяселля, бо вясельны бацька, карыстаючыся зручным момантам, не адну бутэльку пераправіў сваім сябрукам.
У чым выправіць дзеда ў апошні шлях? Перабрала Вера лахі ў куфры – усё такое, што сорам людскі. А час не чакае. Вось-вось дамавіну павінны прывезці. Адчыніла Вера шафу ў бакавым пакоі – на вешалцы адзінока вісеў зяцеў вясельны касцюм. Зяць не захацеў з сабою ў горад браць. Адразу пасля вяселля ўлез у свае скуры. Касцюм, казаў, няхай цесць носіць, калі ёсць жаданне. Не насіў, маўляў, я касцюмаў і насіць не буду. Вера якую хвіліну павагалася, адарвала белы вясельны бант, запіхнула яго ў ніжнюю шуфлядку…
Дзеда пахавалі, справілі жалобны абед. Чужыя на касцюм не звярнулі ўвагі, свае прамаўчалі. Плакала Вера не напаказ: і дзеда было шкада, і аб сваёй гаротнай сірочай долі плакала жанчына.
Дзед прысніўся ўсяго адзін раз. Сядзіць Вера на лаўцы, шые. Ціха заходзіць дзед, хрысціцца. Вазьміце, кажа, касцюм, мне ён ужо не трэба, а вам без яго не абысціся. І галавою ківае зусім як у дзяцінстве, калі дзяцей журыў. Пятро, сын, узяў пінжак, але Вера насварылася на яго, выхапіла адзежу з рук… Нікому, нават Наташы, не расказала Вера пра свой сон. Сыну яна купіла новы касцюм. Здала ў калгас цялушку, збольшага пааддавала даўгі і купіла. А сон не выходзіў з галавы. Тут яшчэ зяць нейкую даведку з загсу пасеяў. Прыехаў нечакана, палез у шафу. Вера сказала, што касцюм прадала, а ён толькі прамаўчаў, думаючы пра сваё.
Наташы дзед прысніўся якраз у тую самую ноч, калі пад грудзьмі ўпершыню таргануўся яе першынец. Яны з мужам доўга не маглі ў тую ноч заснуць: марылі пра будучае жыццё, выбіралі імя. Пад раніцу прысніўся дзед, чамусьці белабароды, ва ўсім зрэбным. “Наце, – аддае закручаны ў марлю пакунак, – не спатрэбіўся бацьку, то будзе патрэбным сыну”. Дзед знік. Раскрывае Наташа пакунак – а там мужаў касцюм, пацвілы, зямлёю патыхае…
* * *
Алёша прачнуўся, застагнаў. Наташа перавярнула яго на другі бок, сцягнула мокрыя калготкі. Нядзеля. Сыну чатыры гады. Праз два дні прынясуць пенсію. А ўчора муж крадком ад новай жонкі пераслаў ажно цэлых сорак даляраў. Як угаварыць маці, каб узяла хоць бы палову дзеду на помнік. У вёсцы і так абгаворваюць.
Наташа адсунула фіранку. Якое надвор’е? Два дні не вывозіла Алёшу, дрэнна адчувала сябе. Пад самым акном у кантэйнеры са смеццем корпаўся няголены мужчына бацькавых гадоў. Рабрыстая грудзіна выступала з-пад зашмальцаванага, апранутага на голае цела пінжака. Рыжае кацяня – як яно сюды патрапіла? – каторы час адчайна намагалася і ніяк не магло вырвацца з кантэйнера на волю.
Пачынаўся новы дзень…
МАЕ ТАПОЛІ
Таполі падымаліся высока, да самых аблокаў. Так лічылі мы, дзеці. На самай жа справе дрэвы не мелі і паўвеку. Дзед пасадзіў іх у той самы год, як стаў гаспадаром на хутары. А ля хаты раслі вішні. Многа вішняў. Дарослыя называлі гэта “садком”. Шырока разросся стары бэз ля акна, была яшчэ бяроза, але гэта далей, за грэбляю, куды нас з братам без дазволу не пускалі.
…Шэсцьдзесят чацвёрты. Перасяленне з хутара. Пра што думаў бацька, калі незнаёмыя людзі ў галіфэ – казалі, з сельсавета – здзіралі пачарнелую страху? Уніз паляцела труха, пачарнелыя пукі саломы. Ссунулася буслянка. Высока ўгары кружлялі буслы. Нават клекаталі па-асабліваму – тужліва, развітальна, самотна. Людзі ж, што стаялі на аголеных кроквах, жартавалі, смяяліся. Маці пасля ўсяго запрасіла іх паабедаць. Згадзіліся з задавальненнем. Расчырванеўшыся, адна за другой кулялі стограмоўкі, час ад часу паблажліва паляпвалі бацьку па плячы:
– Звяртайся, Іван, дапаможам.
Калі няпрошаныя госці паехалі, пакінуўшы знявечаны верх, маці выгаворвала бацьку, што не ўважыў як след начальства, усіх без разбору называў на “ты”.
– Не надта вялікія паны. Перажывуць, – злаваўся той.– Іхнія бацькі ўжо пры маёй памяці ў парабках хадзілі.
Пакуль перавозілі хату, мы з братам, узяўшыся за рукі, хадзілі начаваць да бабулі вярсты за дзве. Маці, зусім маладая, стаяла на краі, ля таполяў, і праводзіла нас позіркам наколькі можна было ўгледзець. Па вершалінах таполяў арыентаваліся мы на зваротным шляху.
Тыя таполі саслужылі добрую справу пры перасяленні – дошкі з іх (падбівалі столь) былі шырокімі і надзвычай белымі.
Адразу ж вакол пянькоў пайшлі зялёныя парасткі. Бацька пакінуў найбольш моцныя з іх. Маладыя дрэўцы шпарка набіралі сілу.
Прайшлі гады. Здзічэў садок. Амаль загладзілася, парасла хмызняком калодзежная яма. Зялёны з вясны і выжухлы ўлетку дзірван пакрыў месца, дзе стаяла хата. І толькі таполі радавалі, нагадвалі, будзілі ўспаміны маленства.
…Сярэдзіна васьмідзесятых. Меліярацыя. Калгаснае поле паглынула той невялікі лапік, што называлі “соткамі”. Бульдозер, хоць і не з першага заходу, вывернуў з зямлі падрослыя дрэўцы разам з трухлявымі пянькамі. Адзін з пянькоў трапіў у балотную ямку, ваенную яшчэ варонку, каб канчаткова там сканаць, другі – бульдозер дацягнуў да грэблі, заваліў дзёрнам. Але жыццё усё ж не загінула. З-пад зямлі прабіліся кволыя парасткі. Ізноў зацеплілася надзея, што трэцяе пакаленне таполяў на дзедавым хутары застанецца апазнавальным знакам для маіх дзяцей і ўнукаў. Не атрымалася. Шырокі магістрльны шлях ад райцэнтра да рыбнай гаспадаркі прайшоў па тым самым месцы, дзе стаяла наша хата. Высокі насып прывезенага пяску назаўсёды затапіў пяцігадовае дрэўца.
Мінулым летам я доўга ўспамінаў-вылічваў месца, дзе стаяла хата. Цяжкія аўтамабілі праносіліся міма, не збаўляючы хуткасці.
Прапаў, знік наш астравок, які насіў загадкавую і паэтычную назву Паянтрый. Безаблічнымі пясчанымі пагоркамі выступаюць сярод тарфянікаў былыя хутары-астраўкі Доўгі, Працяжны, Валосы Дуб, Вэрапка, Волак, Пятрэдуб’е… Меліярацыйныя каналы дацягнуліся да Ваканта і Кунычага.
Няма маіх таполяў. Ёсць вёска. Вёска без сваёй гісторыі і да гэтай пары нават без назвы. Мясцовыя людзі называюць яе Хутарамі. Ёсць хата, яшчэ з таго, з хутара, бярвення, пабудаваная не на адзін дзесятак гадоў. І кожную вясну мяне зноў неадольна цягне на тое месца, дзе раслі дрэвы майго дзяцінства.
Я нарадзіўся на хутары Паянтрым…
ЛЯЛЬКА НА ДРЭВЕ
МІХАСЬКА
Міхаська тату любіць. Толькі дзіўны ён у Міхаські – усё чытае або піша свае планы. Тата выкладчык. Цікава назіраць, калі ён друкуе на машынцы. Міхаська звычайна ў такі момант прыціснецца да бацькавага пляча і можа прастаяць так хоць цэлую гадзіну. Тата друкуе адным пальцам, але хутка. Малы і вокам не паспее міргнуць, а літара на паперы адбілася. Так, стоячы побач, і чытаць навучыўся. Цукеркі тата таксама купляе, праўда, вельмі рэдка. Хлопчык усё разумее. У краму яны ходзяць амаль кожны дзень. А заработную плату даюць усяго раз на месяць. Ні на якія прысмакі не хопіць, хіба што на марожанае зрэдку.
І мама ў іх добрая, але чамусьці вельмі не падабаюцца ёй кніжкі на татавым пісьмовым стале. Міхаська і сам іх гартаў. І сапраўды, нічога цікавага. Што гэта за кніжкі без малюнкаў?! Але калі для таты яны патрэбныя, то навошта чапаць? Мама хоча, каб было прыгожа. Яна засцілае пісьмовы стол аксамітным абрусам з кутасамі, а кнігі звальвае ў шафу на ніжнюю паліцу. Міхаська не разумее, за што яшчэ сварыцца мама. Тата ніколі не прамаўляе дрэнных слоў, і наогул ён самы лепшы.
– Ну чаго ты, чаго ты крычыш? Яшчэ ж сонца не ўзышло, – праз сон чуе Міхаська. Гэта калі тата трохі раней звычайнага збіраецца на працу.
– Ну хопіць, не трэба, – супакойвае ён маму вечарам. – Сонца ўжо сядае.
Сонца на кожным малюнку Міхаські.
Цікавей за ўсё ў вёсцы. Там няма столькі кніг, і газета ўсяго адна прыходзіць. Старэйшыя называюць тату Сяргеевічам, а з маладымі дзядзькамі ён ездзіць на рыбную лоўлю, жартуе і падабаецца Міхаську ў такія хвіліны яшчэ больш.
Гэтым летам тата прынёс з возера вялікую, як далоня дарослага, ракавіну. Створкі яе былі шчыльна прытулены.
– Ракавіна – гэта хата для малюска, – растлумачыў ён Міхаську.
Хлопчык паклаў ракавіну ў трохлітровы слоік з вадою, і яны прывезлі сваю здабычу ў горад. Нічога, што няма ў кватэры рыбак, чарапахі ды папугайчыкаў. Малюск таксама жывы, і Міхаська будзе яго даглядаць. Слоік стаяў у ванным пакоі. Хлопчык ціха, не ўключаючы святла, штораз набліжаўся да яго і назіраў. Ля прыадчыненых створак ледзь прыкметна варушылася вада.
Крэмень, так яны назвалі нявольніка, пражыў у слоіку больш за тыдзень. Але аднойчы (гэта было, калі тата прынёс вельмі смачнае арэхавае пірожнае) Міхаська ўспомніў, спахапіўся:
“Пэўна ж малюскі павінны таксама нешта есці, раз яны жывыя. Як гэта раней у галаву не прыйшло? Што ж рабіць?”
Чым харчуюцца малюскі тата таксама не ведаў, але прапанаваў:
– А што калі мы выпусцім яго на волю?
Міхаська адразу згадзіўся. На раніцу запланавалі аперацыю “Вызваленне”.
Рэчка недалёка, адразу за будоўляй, усяго які кіламетр ад дома. Тата з Міхаськам ішлі ўзяўшыся за рукі і зусім сур’ёзна размаўлялі. Праўда, час ад часу хлопчык падскокваў ад задавальнення. Што ж зробіш. Па-першае, яны не на людзях, а па-другое, не так і часта гуляюць разам. А сёння нават не гуляюць – выконваюць важную справу. Інакш ці пакінуў бы тата свае паперы?
На будаўнічай пляцоўцы забівалі палі. Молат размерана апускаўся, тухкаў парай, і зямля глуха адзывалася. Міхаська з татам пастаялі некалькі хвілін. Паляў было многа, цэлы бетонны штыкетнік.
– Тата, а праўда, што зямлі балюча?
Бацька на хвіліну разгубіўся. Ніколі яны з сынам пра гэта не гаварылі.
– Балюча, мой хлопчык, але ж зямля трывае. Інакш нельга.
Пакрочылі далей. Бацька пяшчотна зазіраў у вочы сыну, мацней сціскаў яго далоньку.
З самага краю вада была празрыстая, на дне адсвечвалася каменне, плавалі чародкі рыбак, дробных, бы цвічкі ў абутковай майстэрні. Ракавіна, павольна пагойдваючыся, апусцілася на дно.
– Тата, – раптам занепакоіўся хлопчык. – А што калі Крэмень тут не знойдзе сабе сяброў?
– Знойдзе, – запэўніў тата. – Малюскі – народ дружны. Аднаго ў бядзе не пакінуць.
Вяртаючыся, яны ізноў прайшлі міма будоўлі. Знізу дзядзька ў касцы крычаў “майна!”, “віра!” і яшчэ незразумелыя словы, якія (Міхаська ведаў дакладна) тату было чуць непрыемна.
Падарожнікі паварочвалі да свайго дома, як раптам тата змяніў напрамак і падвёў хлопчыка да кіёска. І – якое шчасце! – прыгожая прадаўшчыца падала ім шырокую, у бліскучай паперы, важкую шакаладную плітку.
Вечарам, седзячы каля ложка Міхаські, тата доўга лахмаціў яму валасы. Сусед за сцяною нешта нервова даказваў, пераходзячы на крык. Наверсе “Путана” чаргавалася з “Лезгінкай”. Чарговы загул. Госці з Каўказа і тут, у заходнім беларускім гарадку, сябе паважаюць. Маладжавай гаспадыні, хочаш не хочаш, даводзіцца атрымліваць асалоду ад "Лезгінкі”.
“Кім вырасце Міхаська? Якім вырасце?” – думаў тым часам бацька. Малы салодка чмокаў і ўсміхаўся. Магчыма, яму снілася, што ў Крэменя з’явілася мога новых сяброў.
ПРА ШАСЦІНОГАГА КАМЕННЯЕДА І ЦЯЖКУЮ РЭЦЭНЗІЮ
З Хрысцінкаю мы добрыя сябры. Цікавая яна дзяўчынка, самастойная. Жывем па-суседску і раніцай разам выходзім з дому. Хрысцінка спяшаецца ў школу, у свой другі клас, я – на аўтобусны прыпынак, каб ехаць далей. Працую я ў выдавецтве рэдактарам. Аўтары дасылаюць ці прыносяць нам рукапісы – тоўстыя папкі са стосамі друкаваных аркушаў. Рэдактар павінен уважліва вычытаць рукапіс. Пасля неабходна напісаць рэцэнзію – даць ацэнку прачытанаму.
Тры дні як на маім стале ляжыць кніга вясёлых апавяданняў... Вы памыляецеся, калі думаеце, што не бывае нецікавых вясёлых апавяданняў. Бываюць. Якраз такія і ляжалі ў блакітнай папцы з завязкамі на рэдакцыйным стале. Як казаў адзін супрацоўнік, у некаторых з іх, калі глыбока задумацца, можна адшукаць прыкметы гумару. Сваё ”глыбока задумацца” сябар ужываў дзе трэба і дзе не трэба. Спытае хто ў яго, які сёння дзень, а ён замест таго, каб паглядзець у каляндар, пачынае: “Серада была ў тую сераду. Прайшоў тыдзень. Значыць, калі глыбока задумацца, выходзіць, што сёння якраз серада”. Але на гэты раз мне сапраўды давялося глыбока задумацца. І вось чаму. Ці глядзелі вы фільмы, дзе паказваюць, як нехта залез пад ложак і яго адтуль выцягваюць за ногі? Смешна? Адзін раз можна і пасмяяцца. Чаму б і не. Ну а калі падобнае ў кожным апавяданні?! Гэта як смех ад казытання – вас прымушаюць смяяцца сілком. Прыемнага мала.
У той дзень, пра які хачу расказаць, дзяўчынка Хрысцінка была ў самым найлепшым настроі. Усю дарогу яна весела шчабятала, пераказваючы школьныя навіны. Выходзіла, што вакол дзяўчынкі – і ў школе, і дома – толькі добрыя людзі. А так бывае адно тады, калі ты сам – чалавек варты. І я каторы раз парадаваўся за малую.
Сама сабою размова перайшла на загадкі. Хрысцінка разгадвала іх досыць лёгка. І ўсё ж я прымусіў яе здацца, прапанаваўшы загадку пра пузатую пачвару, што мае адну руку, і тую на спіне, а ў дадатак яшчэ і выродлівы нос з адной дзіркай. Малая не засталася ў накладзе:
– Шэсць ног, пад зямлёй паўзе, каменне грызе, – выдала яна, хітравата ўсміхнуўшыся.
Я напружыў уяўленне, перабраў усіх, хто поўзае. Мне бачыўся вялізны шасціногі крот з жалезнымі сківіцамі, як ракавы клешні.
– Здаяцеся? – прыспешвала, загадзя святкуючы перамогу, Хрысцінка.
Што мне заставалася рабіць.
– Шасціногі каменняед, – зусім сур’ёзна адгадала дзяўчынка.
Я ўсміхнуўся:
– Ніколі б не здагадаўся. Цікавая загадка! Малайчына.
– А яшчэ адну, – падахвоцілася Хрысцінка. – Маленькі, кругленькі, коціцца па пустыні і гучна плача.
На гэты раз я быў хітрэйшы:
– Пустынны плаксун, – парадаваўся ўласнай знаходлівасці.
Адгадка была залічана, хоць, аказваецца, гэта быў плаксівы калабок.
– А пра тое, як ён трапіў у пустыню, я пакуль што не ведаю, – прызналася дзяўчынка, – раскажу заўтра.
На прыпынку мы развіталіся. Хрысцінка пабегла ў школу да самай найлепшай у свеце настаўніцы, а я, здзяцінеўшы, стаў прыдумляць загадкі. І не прыдумаў нічога вартага. На працы яшчэ раз перачытаў пачатак цяжкай для мяне рэцэнзіі з развагамі пра смешнае і сур’ёзнае, сапраўднае і фантастычнае ў кніжцы для дзяцей і, ясна ўявіўшы працяг, ухапіўся за аловак.
Прытаміўшыся, я на хвіліну заплюшчыў вочы – шасціногі каменняед з жаўтаватымі павекамі апетытна трушчыў каменне. Чаму менавіта з жоўтымі, а не якімі іншымі? Хто яго ведае чаму, але менавіта з жоўтымі. А мо сапраўдны каменняед і зусім сляпы? – засумняваўся я, разважыўшы. Трэба будзе заўтра спытаць у Хрысцінкі.
ПРЫГОДЫ ШЭРАГА МЫШАНЯЦІ
Мышанё было маленькае, шэрае і вельмі цікаўнае . З’явілася яно на свет у класным пакоі ў кутку за шафай. З раніцы мышанё ціха сядзела ў куточку, а калі заняткі канчаліся, выбягала пажывіцца. Было чым. Крошак першакласнікі пакідалі нямала. Іншы раз трапляліся нават скрылікі каўбаскі і грудачкі сыру.
Абследавала цікаўнае мышанё ўсе шчылінкі ў класе. Нічога новага не засталося. І аднойчы ўсё ж рашылася малое: пралезла пад дзвярыма і апынулася ў прасторным калідоры. Пашнырала шэрае па халаднаватай падлозе, заблыталася ды і забыла зваротны шлях. А замест таго патрапіла ў актавую залу. Прыступкі вялі ўніз, і мышанё пераблытала актавую залу з кладоўкай, дзе, як казала некалі мама-мыш, людзі хаваюць розныя прысмакі. Мышанё забілася ў куток, сцішылася і пераначавала, уздрыгваючы ад кожнага стуку. Прачнулася яно ад таго, што дрыжэлі люстры: зверху актавай была спартыўная зала. Заскрыгатаў ключ у дзвярах, і ў залу увайшлі нейкія зусім дарослыя людзі ў доўгіх пярэстых кашулях, непрычэсаныя і расшпіленыя. У руках яны трымалі, хутчэй за ўсё, музычныя інструменты. Малое пазнала гітару, бубен, бразготкі – пра іх расказвала дзецям настаўніца музыкі.”Значыць, гэтыя людзі – музыканты,” – здагадалася мышанё.
За музыкантамі шумна запоўнілі залу старэйшыя вучні. “Галоўнае – дачакацца канца, – супакойвала сябе галоднае мышанё. – Не ўсе ж прыйшлі з жавальнымі гумкамі. Нехта ж і булку прынёс. А будуць булкі – будуць і крошкі. Не аднойчы праверана.”
Святло не выключалі. Гэта ўжо было горш. Дзеці моцна шумелі, і настаўнікі іх супакойвалі. Але не так, як настаўніца першага класа. Чым цішэй тая гаварыла, тым цішэй сядзелі, слухалі яе дзеці. Калі вучні трохі гучней перагортвалі старонкі або пачыналі перашэптвацца, настаўніца перапыняла ўрок і прыемным голасам казала:
– Дзеці. Давайце з вамі пагуляем. Уявіце сабе, што ў куточку за шафай прытаілася мышка. Пастарайцеся сесці так, каб не спужаць мышку.
Усталёўвалася такая цішыня, што мышанё баялася нават паварушыцца.
– А цяпер, дзеці, паглядзім, – працягвала настаўніца, – хто больш гукаў пачуе.
Першакласнікі чулі, як шумяць дрэвы, як недзе далёка-далёка брэша сабака… Мышанё чула многа болей, але падказаць, вядома, не магло. Аднойчы пад час гульні яно, асмеліўшыся, пачало асцярожна драпаць кіпцікамі шпалеры. Хлопчык з задняй парты пачуў, але дзеці яму не паверылі. А тут настаўнікі гаварылі вельмі голасна, ды дзеці іх не чулі.
Музыкант на сцэне смешна выгнуўся, трасянуў валасамі і ўдарыў па струнах.
– Дзелавы, пі-і-і-і-жон!! – гучна, на ўсю залу выкрыкнуў вучань у шырачэзных патрапаных знізу джынсах і агромністых красоўках (гэта пад яго крэслам сядзела мышанё). Велікан, выгукнуўшы гэта, прыгнуўся, каб замаскіравацца, і ўбачыў малое.
– Мы-ы-ы-ы-ш!!! – залемантаваў ён што ёсць сілы.
Мышанё шмыгнула ўперад, да сцэны, пасля, па праходзе, – назад, пад крэслы. Запішчалі, паўскоквалі на крэслы дзяўчынкі. Беднае шмыгала між ботаў, пад абцасамі, не знаходзячы месца. Некалькі чалавек грымнула падэшвамі па падлозе, стараючыся пацэліць у малое. У зале ўзняўся неверагодны гвалт. Не памятаючы сябе ад страху, мышанё шмыгнула на сцэну і забілася пад піяніна. Шум не сціхаў, усе цягнулі рукі, паказвалі на піяніна і крычалі:
– Там!! Там!!.
“Што як гэты гітарыст збегае за шчоткай,” – трывожылася малое. Але трывожылася марна. Злосныя музыканты пакінулі яго ў спакоі. Ад ботаў іх, асабліва таго, што бліжэй, гітарыста, моцна патыхала свежаю ваксай. Мышанё ўздумала было адпомсціць – укусіць яго за бот, але пабаялася, што знудзіць.
Адгрымела музыка, натанцаваліся ў праходах і ля сцэны старшакласнікі. Злосны гітарыст выходзіў з залы апошнім. На развітанне ён садануў наглянцаваным ботам па нізе піяніна:
– У-у-у, нечысць шэрая! З-за цябе ледзь канцэрт не сарваўся!
– П-і-і-і-жон! – прапішчала крыху супакоенае мышанё, калі дзверы зачыніліся. Яно вылезла са сваёй схованкі, асцярожна азірнулася. У сярэднім радзе выразна чуўся прыемны пах смажаных семак.
КНІЖНІК
Максіму Азарчуку – чатырнаццаць. Самы звычайны хлопец, не выдатнік нават. Адзінае, што розніць яго з аднагодкамі – незвычайная прага да чытання. Любіць вершы. Было б няпраўдай сказаць, што ўсе яны хлопцу даспадобы. Адны (такіх большасць) – прабягае вачамі, не спыняецца, другія запамінае адразу, бо яны прымушаюць разважаць, іншым разам з чымсьці не згаджацца. Тое ж апавяданні. Хлопец і сам спрабуе нешта пісаць. Летась нават аповесць задумаў. Там гарадскі падлетак прыязджае на лета да бабулі і збірае каманду дабраахвотных памочнікаў. Нешта ні то ад “Цімура”, ні то ад “ТВТ”. Як галоўны герой ехаў, пра што разважаў у дарозе, як цягнік пыхкаў парай, а бярозы ўздоўж палатна кружыліся ў чароўным танцы – Максім ужо апісаў. Амаль на паўсшытка выйшла. А вось усё астатняе змясцілася толькі на дзвюх старонках. Якая ж гэта аповесць?!.
Цяжка ў іхняй вёсцы з кнігай. На этажэрцы, акрамя падручнікаў, дзесятак неаднойчы перачытаных кніг – падарункаў за вучобу і прыкладныя паводзіны. “Апавяданні пра першых рускіх камедыянтаў” – апошняя з іх. Максім, хоць і з натугай, але сумленна дачытаў кнігу да канца.
На гарышчы кіпы пажаўцелай ад часу “Работніцы і сялянкі” – некалі ў маладосці маці збірала выкрайкі. Яна і цяпер усё шые сама. Нумар часопіса за шэсцьдзесят сёмы год… Пяцьдзесят гадоў Пімену Панчанку.
Радкі доўга не адпускалі. Не. Зусім не імкнецца хлопец да подзвігаў. Мо час іншы? Напэўна, паэт і не меў на мэце заспакоіць няўрымслівых шукальнікаў гераічнага. “Ён гаворыць гэта са шкадаваннем, з горкім прадчуваннем, якое, на шчасце, не збылося”, – разважаў Максім. Але ці ж не збылося?! Афганцы, ліквідатары… Па-рознаму пішуць, розныя адносіны да гэтых людзей. І толькі мацярынскія слёзы, мацярынскае гора аднолькавыя”, – зусім па-даросламу разважае хлопец.
З вялікім нецярпеннем чакае юнак, калі загучыць у эфіры такі знаёмы “Зялёны дубочак” і пачнецца чарговае пасяджэнне радыёклуба “Жывое слова”. Вершы Азарчука чамусьці не чытаюць, а цікава было б пачуць пра сябе. Адзін раз, праўда, адказ быў, ды непаразуменне выйшла. Максім, калі пісаў зваротны адрас, старанна вывеў на канверце не толькі сваё імя і прозвішча, але таксама імя па бацьку. Ліст з радыё атрымаў яго поўны цёзка, дзед Максім з другога канца вёскі. Той сумленна прызнаўся, што нічога не зразумеў і ліст некуды засунуў. А калі заўважыў слёзы на вачах хлопца, не прамінуў схітрыць, што Максіма за нешта вельмі ж хвалілі.
Летам у суседнім сяле, усяго за кіламетр, адчынілася бібліятэка. Загадчыца, Паўліна Іванаўна, – жанчына гадоў дваццаці пяці, мажная, шырокая. Было ўражанне, што сама “ізбачка” (так называлі яе старэйшыя) не заўважала адметнасці ўласнай фігуры: усё на Паўліне было вузкім, нацягнутым. Шырокія халявы ботаў распіраліся магутнымі лыткамі. Вузкая спадніца трашчала на клубах. Паўліна з паўгода пабыла замужам і не хавала гэтага. Хлопцам, не на многа старэйшым за Максіма, дазваляла ціскаць сябе, прытворна смяялася, назіраючы, як тыя чырванеюць і бянтэжацца. Анекдоты пры ёй можна было расказваць любыя, і юныя наведвальнікі бібліятэкі гэтым карысталіся ў поўнай меры. Хадзіў па руках зашмальцаваны “Акушэрскі семінар”. То адзін, то другі з чытачоў стараўся адпусціць нешта салёнае, тыцкаючы пальцам у ілюстрацыі. Такое – не для Максіма. Нават назваць Паўліну па імені яму не хапала духу. (Па бацьку яе звалі толькі самыя зялёныя пачаткоўцы.) Як гэта не стасавалася: кнігі і Паўліна, Паўліна і вершы. Азарчук моўчкі выбіраў кнігі і спяшаўся дахаты, каб там спакойна перагарнуць старонкі. Сам-насам заставацца з Паўлінай Максім наогул саромеўся. Такое і здаралася ўсяго раз ці два. Каб залішне сябе не абцяжарваць, бібліятэкарка хадзіла на працу толькі тады, калі хто з настырных чытачоў заходзіў за ёй на кватэру. А як толькі зачыняліся за апошнім наведвальнікам дзверы, Паўліна тут жа вешала на іх замок.
Браў Максім адразу па чатыры, па пяць кніг і доўга не мог іх абмяняць. Іншы раз на дзень па некалькі разоў падыходзіў да дзвярэй, торгаў за ручку і варочаўся назад ні з чым. Клікаць Паўліну і заставацца з ёй у бібліятэцы аднаму – на гэта не хапала адвагі…
Заканчвалася першая чвэрць. Два дні запар не мог Максім заспець Паўліну на працы.
У суботу вечарам моцна прымарозіла, падняўся вецер. Максім выйшаў з хаты, павярнуў за пабудовы. У добрае надвор’е адсюль можна было бачыць святло ў вокнах суседняй вёскі. Два большыя акны, бібліятэчныя, свяціліся мацней. Не раз хлопец памыляўся – ці месячнае святло адбівалася ў шыбах, ці ліхтар паблізу ўводзіў у зман. Так і сёння. Максіму прымроілася святло. “Толькі б паспець!”, – было жаданне. Ён прыспешыў крок і папраставаў цераз балотца. Разоў колькі праваліўся, ступіўшы на прыцярушаныя снегам купіны, і нарэшце, яшчэ праз некалькі соцен метраў, зразумеў, што давядзецца вяртацца ні з чым. Зноў падмануўся.
Дома падсунуў бліжэй да грубкі мокрыя чаравікі, дастаў з-за пазухі і адну за другой паставіў на этажэрку кнігі. “Ну што, зноў няўдача?” – нібыта насміхаўся камедыянт на вокладцы нядаўняга падарунка.
“Усё! – вырашыў Максім цвёрда. – Больш ні нагой! Няхай цяпер Паўліна за мною паходзіць. Не панясу!..”
Ноччу ў хлопца паднялася тэмпература. Добра напалохаў-такі бацькоў. Амаль усе канікулы праляжаў у ложку. А трохі акрыяў – упрасіў маці, каб памяняла кнігі. Цётка Зоя, Максімава маці, не стрывала і выказала Паўліне ўсё, што пра яе думала. З таго часу месяцы тры запар бібліятэка працавала спраўна, па раскладу. Толькі радасці Максім не адчуваў.
ШТО ТАКОЕ МАРАЛЬ?
Дзяніска адкрыў дзённік. Зноў сачыненне. “Як я разумею мараль”. Ну і тэмы ў пятым класе!.. І напісаць трэба не менш як на старонку. А на старонцы дваццаць тры радкі. Ну, там дата, назва, адзін радок на адзнаку. Яшчэ дваццаць усё роўна застаецца. Мнагавата. Што яшчэ? Чырвоны радок, адлегласць паміж словамі, часцей пераносіць. Пры пераносе замест аднаго слова два атрымліваецца і сачыненне падаўжаецца само сабою, праверана. Літары не варта ціснуць, не трэба драбніць. Усё ж, як ні круці, а месца вольнага мнагавата. Пішы, выкладвай на паперы, як кажа настаўніца, свае думкі. Ну а калі нічога не думаецца ці думаецца зусім не пра тое, а сачыненне трэба здаць заўтра?..
Дзяніс пачухаў патыліцу, паёрзаў на табурэтцы і пачаў адразу начыста.
“У вольны час я часта разважаю пра мараль. Без маралі нельга пражыць, бо яна мае вельмі вялікае значэнне. Па радыё я часта слухаю перадачы пра мараль. Мараль вельмі патрэбна чалавеку ў жыцці. Яна ёсць у кожнай байцы. Калі вучань добра сябе паводзіць, то яму не трэба чытаць мараль, як таму кату Ваську з байкі Івана Андрэевіча Крылова, вялікага рускага байкапісца.
Кожны разумее мараль па-свойму. Я разумею мараль так, як напісаў”.
Да канца аркуша заставаўся акурат адзін радок. Памылак не было. За пісьменнасць Дзяніску заўсёды хвалілі.
ТРЭЦЯЯ ГРАФА
Амаль год Васілёк жыве і вучыцца ў горадзе. Яго бацькі – перасяленцы з-пад Брагіна. Цяжка было прывыкаць да новага месца. Нават і цяпер, хоць прайшло нямала часу, хлопчык часта цешыць сябе ўспамінамі. Вельмі не хапае былых сяброў, цяжка прывыкаць да патрабаванняў гарадской настаўніцы. Усё ж найчасцей згадвае Васілёк Валянціну Мікалаеўну, вясковага бібліятэкара. За тры гады прачытаў ён ці не ўсе казкі, апавяданні Якуба Коласа і Янкі Маўра, зусім падступіўся да “дарослых” паліц.
У бібліятэцы заўсёды панавала цішыня. Адчуваўся прыемны пах свежай друкарскай фарбы. Сцены не беленыя, як у класе, а па-дамашняму аклееныя шпалерамі. У рамках – партрэты пісьменнікаў. Валянціна Мікалаеўна ніколі не злавалася, наадварот, шчыра радавалася ягонаму прыходу, заўсёды распытвала пра справы.
З вялікай пашанай ставіцца Андрэйка да кніжак. Калі ж пераехаў на новае месца, то надта быў здзіўлены, што ў вялікім горадзе кніжкі можна купіць у краме за грошы, як цукеркі. Дзіцячы розум ніяк не мог усвядоміць гэтага.
У новай школе працавалі адразу два бібліятэкары. Заходзіць і мяняць кнігі дазволена толькі па графіку, адзін раз на тыдзень. Кніжныя паліцы – не толькі ўздоўж сцен, а цеснымі радамі па ўсім вялікім пакоі. Старыя падручнікі, якім не знайшлося вартага месца, грувасцяцца проста на падлозе ў дальнім кутку. Пад імі – пажаўцелыя газеты. Падыходы да паліц з аднаго боку загароджаны зялёнай сцяной вазонаў на высокіх жалезных падстаўках, а з другога – бібліятэкарскімі сталамі. Чытачы з пачатковых класаў бяруць кнігі са спецыяльнай размаляванай скрынкі на асобным стале. Калі кніг не хапае, тады падкладваюць са стэлажоў.
У чацвёртым класе парадак строгі: усе вучні два разы на тыдні павінны прыносіць у клас кніжку, якую чытаюць дома. Кожны рад мае ўласнага бібліятэкара (усе дзяўчынкі). Ім якраз і даручана весці ўлік прачытанага. О, якія яны строгія! Адно і чуеш: “Колькі старонак? Чаму так мала?” Праўда, шустрэйшыя хлопцы ў адказ бывае і дулю могуць згарнуць. Але бібліятэкары сваю справу ведаюць цвёрда. У самым пачатку ўрока яны, пераможна аглядаючы клас і зазіраючы ў блакноты, робяць справаздачу. Парушальнік, як толькі прагучала ягонае прозвішча, павінен сам, без напаміну, устаць, выслухаць усё моўчкі, не перабіваючы, і напаследак яшчэ трымаць адказ перад Ларысай Іванаўнай. У лепшым выпадку, заўвага па паводзінах у дзённік гарантавана.
Васіля ў пачатку года таксама выбралі бібліятэкарам. Але пасля першай праверкі ён раптам расплакаўся без дай прычыны і папрасіў іншае даручэнне. На яго месца паставілі бойкую суседку Сняжану. Тая аж засвяцілася ад задавальнення.
У кутку пазакласнага чытання да сцяны прымацаваны шырокі стэнд з тоўстай, пакрытай лакам фанеры. “Што мы чытаем”, – напісана зверху вялікімі літарамі. Унізе, у пяць радоў, – канверты. Іх трыццаць чатыры, якраз столькі вучняў у класе. Васілёў канверт – апошні ў трэцім радзе.
Хлопчык не любіць куток пазакласнага чытання. Выстаўленыя на кніжнай паліцы побач са стэндам кнігі чапаць забаронена. Калі прыходзяць госці, Ларыса Іванаўна вядзе іх да стэнда і заўсёды дастае з канверта Андрэйкавы запісы. Госці здзіўляюцца, а пасля тлумачэнняў настаўніцы, якая неаднойчы паўтарае слова “зона”, зажурана ківаюць галовамі і цяжка ўздыхаюць. Хлопчык здагадваецца, пра што ідзе гутарка, і не выносіць, калі яму спачувае нехта незнаёмы.
Кожная старонка самаробнага блакнота ў канверце падзелена на тры часткі: спачатку трэба запісаць прозвішча аўтара і назву кнігі, далей – імёны галоўных герояў, і нарэшце, у трэцяй калонцы, – хто спадабаўся і чаму. Не так проста, як здаецца на першы погляд, запоўніць усе тры калонкі. Бывае, што ў кніжцы не адзін аўтар, а некалькі, многа апавяданняў і, вядома, галоўных герояў.
Спачатку, каб прасцей, Васілёк запісваў у такіх выпадках кожнае апавяданне, ды атрымаў папярэджанне ад суседкі-бібліятэкаркі. Цяпер, каб адпомсціць ёй, такія кнігі хлопец не запісвае зусім.
Не толькі з першай калонкай непрыемнасці. На мінулым тыдні прачытаў хлопчык кніжку “Кожнай травінцы брат”. Цікавая кніжка. Ён і не ведаў, як многа можна расказаць пра самыя звычайныя травы, міма якіх праходзіш штодня і ні аб чым не здагадваешся! Той жа трыпутнік, буйны і лапавухі, блакітныя валошкі ў жыце, дзядоўнік, дзьмухаўцы, святаяннік… Прыгожыя назвы. У вёсцы ж амаль кожная з гэтых раслін мела яшчэ сваю, мясцовую назву.
Запісаў Васілёк прозвішча аўтара, запісаў назву кнігі і спатыкнуўся на другой графе. Галоўных жа герояў і няма. Ёсць толькі дрэвы, травы, кветкі… Давялося закрэсліць напісанае, а каб было акуратна – хлопчык выдраў ліст і ўставіў новы.
А ўчора Васіль закончыў чытаць “Капітанскую дачку”. Невядома, як яна трапіла ў распісаную чырвонымі і залацістымі завітушкамі скрыню. “Вось гэта кніжка! – захапіўся хлапчук. – Нічога цікавейшага не чытаў”. Дастаў блакнот…
На гэты раз ішло ўсё добра да трэцяй графы, а на ёй спатыкнуўся. І сапраўды, хто спадабаўся? Пра Пугачова настаўніца казала, што ён быў за сялян, абараняў іх. А на самай справе Пугачоў называе сябе царом, яго людзі забіваюць і вешаюць ні ў чым не павінных абаронцаў крэпасці. Васілю, па-праўдзе, больш спадабаўся Грынёў – справядлівы, смелы, высакародны. Але ж ён з багатай сям’і, а ўсе багатыя (гэта хлопчык ведае цвёрда) – ворагі.
Задумаўся чытач і праз некалькі хвілін у злашчаснай трэцяй графе акуратна вывеў: “Савеліч…” “Нічога, – разважаў, – што ён не галоўны герой. Ды і каму якая справа, мо ён мне і сапраўды падабаецца. Якую хвіліну памудраваўшы, Васілёк дапісаў: “Савеліч абараняе свайго гаспадара, непакоіцца за яго, клапоціцца”.
Хлопчык закрыў блакнот, сабраўся з лёгкай душой пакласці яго ў ранец, але спахапіўся: “Савеліч дапамагае багатым. Але ж багатыя – ворагі. Значыць, ён дапамагае ворагам, не змагаецца з імі, а дапамагае”.
Зусім заблытаўся хлопец, ажно злосць узяла: насупіўся, губу закусіў. Пасядзеў так, пасля, як найшло што, тузануў вокладку, разадраў свой узорны блакнот на шматкі. Расправіўшыся з ім такім чынам, усё яшчэ насуплены і пакрыўджаны невядома на каго, адчыніў дзверы ў залу і бухнуўся ў крэсла.
Па тэлевізары паказвалі “Санта-Барбару”.
СВЯТА
Вясною так атрымліваецца, што святы ідуць чарадою адно за другім. Марына Мікалаеўна, маладая настаўніца першага садаўскага класа, як іншы раз пішуць, “жыла святамі.” Гэты першы клас быў і самым першым класам у жыцці мінулагодняй выпускніцы педфака.
Кожнае свята, і ў дзіцячым садку таксама, пачынаецца са сцэнарыю. Здавалася б, што там такога – напісаць сцэнарый. Ідзі ў чытальную залу, бяры красавіцкія, майскія ды лістападаўскія нумары метадычных выданняў за апошнія тры-чатыры гады і твары сабе. А то і мінулагоднім пакарыстайся. Мінулагодняга сцэнарыю, зразумела, у настаўніцы не магло быць. Ды і хацелася нешта сваё, адметнае, прапанаваць. Больш за ўсё хвалявала музычная частка. Давядзецца часткова выкарыстаць красавіцкі рэпертуар. “А як павядуць сябе пры гэтым дзеці?” – хвалявалася настаўніца.
Марына Мікалаеўна перагарнула з дзесятак часопісаў, спісала слупкамі вершаў не адну старонку. Цяпер трэба было думаць над пераходамі, рабіць мантаж, падганяць усё пад вывучаныя музычныя нумары. Многія вершы былі складзены самімі аўтарамі сцэнарыяў – метадыстамі, інспектарамі, выкладчыкамі. Не заўважыць гэта маглі хіба што тыя, хто павінен запамінаць збольшага зарыфмаваныя радкі ў асноўным з мамінага голасу.
“Нікога не пакрыўдзіць. Бацькам падабаецца любое свята толькі тады, калі чытае ці танцуе іх асабістае дзіця. Не забыць пра тых, каму не дасталося вершыка мінулы раз”, – прыгадвала Марына Мікалаеўна разбор апошняга мерапрыемства, заўвагі метадыста.
Музычнаму кіраўніку сцэнарый спадабаўся. “Значыцца, так. Грамзапіс. Выходзяць хлопчыкі са сцяжкамі. Становяцца на гімнастычную лаўку. З букетамі (за кветкі адказваеце вы) парамі заходзяць дзяўчынкі. Па майму сігналу разыходзяцца ўправа-ўлева, стыкуюцца перад лаўкай, паварочваюцца. Пастарайцеся, каб дзеці не мямлілі, інакш усё сапсуюць”, – было ўражанне, што “музыканша”, сярэдніх гадоў, строгая з твару жанчына, праводзіць падобныя мерапрыемствы па два разы на дзень. Апошняе яна сказала, хутчэй за ўсё, па звычцы, бо дзеці Марыны Мікалаеўны і сапраўды чыталі даволі гучна. Папярэдніца, выхавацелька пенсійнага ўзросту, так растлумачыла методыку: “Само слова “выразна” для дзяцей пусты гук. Скажаш ім, што трэба крычаць – цябе зразумеюць. Будзе адпаведны запас голасу. Тады ўжо глядзець трэба”.
З дэкламацыяй усё ішло выдатна. Трохразовае ”слава!” (ці трэба казаць каму?) рэхам аддавалася пад столлю.
“Мо трохі зацягнулася ўступная частка, але ж пра ўсё хацелася сказаць”, – апраўдвала сябе настаўніца. Незаўважна яна пстрыкнула выключальнікам. Пасярод залы ўспыхнуў “касцёр”. Сапраўдныя бярозавыя паленні, вентылятар, шматкі кумачу – не мала было клопату.
Віталік Ліхацкі чытаў выразна і гучна. Метадыст рана і загадчыца дзіцячага садка задаволена зірнулі ў бок Марыны Мікалаеўны.
Сёстры-рэспублікі падыходзілі да вогнішча.
“Ук-ра-і-на!” – гучна і зладжана неслася ў адказ. Слайд. (“О, хоць бы тэхніка не падвяла!”) Цудоўны бярозавы гай, рэчка. Трохі не канкрэтна, але ж чаму не можа быць. Нацыянальная гульня. Нацыянальны танец…
Дзяўчынак-рэспублік вакол “вогнішча” большала. “Здаецца, усё добра, – супакойвала сябе настаўніца. – Але ж час, час… І ўсё таму, што рэпетыравалі без танцаў і песень. Музыканты запэўнілі: “У нас поўны парадак. Музычная частка зойме роўна пятнаццаць хвілін.” Каб жа так!.. І гульні… Хто думаў, што толькі часу пойдзе на іх?!.”
Хлопчыкі з левага боку лаўкі пачалі паціху пра нешта перагаворвацца, пасмейвацца. Гікнуў і прысеў Сяргейка Ляхаў. Гэта непаседа Ліхацкі злаўчыўся і таўхануў яго ззаду пад калена. За такімі толькі глядзі. Той жа Ліхацкі прыклады на дошцы рашае і то прытанцоўвае. “Сама вінавата, – зноў дакарала сябе маладая настаўніца. – Трэба ж было свой розум мець. Навошта было хлопчыкаў ставіць асобна?! Куды надзейней, калі паміж імі – па дзяўчынцы. Будзе навука на другі раз”. Здаецца, Ліхацкі злавіў нічога добрага не абяцаючы позірк настаўніцы, бо прысмірэў і толькі раз-пораз касіў вачамі і пасміхаўся.
Амаль двухгадзіннае свята падыходзіла да завяршэння.
– У знак дружбы паміж народамі ўсіх рэспублік мы прымацуем на сімвалічнае дрэва нацыянальныя дары, – Марына Мікалаеўна намагалася як мага ўрачысцей вымавіць апошнія словы сцэнарыю.
“Малайцы дзеці! Не падвялі. Усё атрымалася як задумана. Госці таксама задаволеныя”, – радавалася ў душы. Цяпер арганізаваны выхад з залы.
Солнечный круг, небо вокруг…
Заключная песня. Дзяўчынкі ў абход направа. Кветкі да партрэта правадыру. Цяпер хлопчыкі. Абодва сцяжкі ў правую руку. Развітальныя ўзмахі. Яшчэ хвіліна – і можна будзе ўздыхнуць вольна.
Але што гэта?
Гучна шлёпаючы чэшкамі па паркеце і па-вайсковаму размахваючы рукамі, малыя спявалі бадзера і самааддана.
У вачах Марыны Мікалаеўны пацямнела. Забухала ў скронях.
Апошнія словы песні даносіліся ўжо з калідора, тут выхаванцы перайшлі на бег і, адчуваючы свабоду, шумна падымаліся на другі паверх, у клас.
Збянтэжаная, прысаромленая, Марына Мікалаеўна адчувала сябе нікуды не вартаю, бездапаможнаю практыканткай. Столькі часу затрачана, столькі сіл! А вынік… Яна нясмела накіравалася да выхаду, услед за няўдзячнымі вучнямі. Вось-вось паклічуць, папросяць даць тлумачэнні. Але яе так і не паклікалі…
ДРЭННЫ, ЯШЧЭ ГОРШЫ…
Кожны шкаляр ведае, што ўсе дзеці падзяляюцца на добрых і дрэнных. Добрыя дзеці на “выдатна” вучацца ў звычайнай школе і ў музычнай, выступаюць са сцэны і чытаюць часопіс “Бярозка”. Дрэнныя – наадварот, у музычнай школе не займаюцца, са сцэны не выступаюць, глядзяць па тэлевізары баевікі ды малююць робатаў-паліцэйскіх.
– Стойце, стойце! – спахопіцца выдатнік педінстытута. – Пра што размова?! Усе дзеці добрыя! Дрэнных дзяцей няма наогул. Іншая справа, што ўчынкі яны могуць здзяйсняць не зусім станоўчыя. Тады так і сказаць трэба: “Мы цябе паважаем. Але сёння ты не меў рацыі”.
Так то яно так, але часцей бывае па-іншаму: калі ў першым класе, для прыкладу, Зміцер Вострыкаў, даганяючы аднакласніка, скінуў вазон з падаконніка або разбіў шкло ў шафе з нагляднымі дапаможнікамі, то не выключана, што і ў чацвёртым класе гэта яму агукнецца. Ну зусім як у суседа майго, дзядзькі Сцяпана. Меў ён некалі ў маладосці прыемнасць вабную маладзіцу два разы запар на танец запрасіць. З таго часу жонка не дазваляе свайму чалавеку нават з акна восьмага паверха на вуліцу глядзець. Так што не толькі тым, хто у першым класе вазон разбіў, не даюць веры…
Адзін час мне давялося замяняць урокі мовы ў шостых класах. А я, трэба сказаць, маю адну шкодную звычку. Як толькі журнал адкрыю, то і пытаюся, жартам, вядома: “А ну, прызнавайцеся, паважаныя, хто тут у вас самы горшы?” І што вы думаеце?! Называюць. А то яшчэ і пальцам пакажуць. Якраз дзяўчынкі-выдатніцы найбольш шчыруюць. Здараецца, што наконт самых дрэнных ёсць розныя меркаванні. Пачынаецца спрэчка. У іншых класах ахвяр абараняюць, а даносчыкаў называюць выскачкамі і падлізамі. Як на здаровы густ, то так ім і трэба.
Дык вось, заходжу я ў шосты клас: ”Ну, хто у вас тут самы дрэнны?” Маўчаць. Ведаем, маўляў, але не скажам. А мо і кухталёў баяцца. Гэта не ў пачатковых. Там як неслух які не падпарадкуецца санітарцы, тая адразу да настаўніцы: ”Марыя Іванаўна, выклічце, калі ласка, у школу бацькоў Сідарава. Ён мяне казою бязрогаю абазваў…”
Дамашняе заданне было цікавым. Вучням прапанавалася падрыхтаваць вуснае сачыненне пра смешнае здарэнне ў сваім жыцці. Я не шкадаваў добрых адзнак. Гэта падахвоціла і тых, хто на першым часе саромеўся. На апошняй парце падняў руку хлопец у акуратным школьным касцюме.
“У той дзень я не паспеў вывучыць геаграфію, і з апошняга ўрока мы з сябрам збеглі ў кіно, – пачаў вучань нягучна.– Прыходжу дамоў, гукаю з пярэдняга пакоя: ”Класная затрымала, сход праводзілі”. Зірнуў у залу і аслупянеў: мой класны кіраўнік з бацькамі размаўляе. Маці сядзіць разгубленая, бацька сцішэлы. Я ледзь скрозь зямлю не праваліўся. Ні назад бегчы, ні то павініцца. Вось дык папаўся! Такая смешная гісторыя”, – закончыў вучань.
“Самая звычайная гісторыя, – падумалася мне. – Адзін раз чалавек хацеў схітрыць – і тое не выйшла. А хлопец, відаць, неблагі. Расхваляваўся, расчырванеўся. Я ўжо гатовы быў паставіць вучню адзнаку, але той, крыху памарудзіўшы, як прыклеіў, канцоўку: “Так я зрабіўся дрэнным вучнем”.
Ад гэтых слоў стала не па сабе. Было такое адчуванне, што падлетак сказаў: “Так я стаў дурнем. Што ж зробіш… Трэба некаму…”
Спачатку асцярожна, а пасля смялей пачалі выказвацца вучні. Адны падтрымлівалі, іншыя з імі не згаджаліся. Але як бы там ні было, адным дрэнным вучнем паменшала. У наступныя дні ў класе сядзеў зусім іншы чалавек…
У канцы мушу прызнацца, што ад сваёй шкоднай звычкі я так і не пазбавіўся.
– А ну, дзеці, скажыце, хто ў вашым класе дрэнны? А хто самы горшы? Няма такіх?.. І гэта вельмі добра.
СЯБРЫ
Малыя толькі прыйшлі са школы, паабедалі, пераапрануліся – і на вуліцу. Дні стаяць цёплыя, а тут яшчэ пяску прывезлі – цэлая гара. Юра і Слава – на самазвалах. Пецю мама не пусціла, тройку прынёс, таму на пагрузцы часова працуе першакласніца Галя, Юркава суседка па парце. А Марыну ў гульню не прымаюць – задаецца надта. У класе яе санітарам выбралі. І не такія каб вельмі брудныя пазногці былі ў Юры ўчора, так, трохі, а бач ты, паскардзілася настаўніцы. Сумна Марыне, бліжэй да пясочніцы падышла.
– Юра, хочаш адгадаю, чым ты больш за ўсё любіш займацца дома?
– Ну, – павярнуўся Юра здзіўлена. Не было яшчэ такога, каб Марына называла яго па імені. Бучык і ўсё.
– Ты, Юра, больш за ўсё любіш будаваць домікі з палення, маляваць танкі і… дражніцца. (Апошняе дзяўчынка прамовіла ціха і вінавата.)
– Праўда, – прызнаўся Юра.
– А ты, Слава, больш за ўсё любіш забаўляцца са сваім Тузікам.
– Ага.
– Ты, Галя, – звярнулася Марына да дзяўчынкі, – больш за ўсё любіш вучыць вершы на памяць.
– Пра Айбаліта, – удакладніла Галя.
– А я, – прызналася Марына, – больш за ўсё люблю гуляць са сваім братам Эмілем. Яму хутка будзе пяць гадоў. Эміль вельмі не любіць свайго імя. У двары дзеці дражняць яго Ямелем, як у казцы. Тады брат плача і лезе біцца. А яшчэ Эміль пасябраваў у садку з Андрэем. Просіць, каб і я называла яго гэтак, калі мама не чуе. Падманваць нельга, а ён малы, крыўдзіцца. Для мяне і яго імя прыгожае. Праўда, Юра, прыгожае?
– Праўда, – згаджаецца хлопец і ўжо пра сябе: – Зусім яна не задавака, гэтая Марынка, хоць і выдатніца. Сур’ёзная дзяўчынка, разумная.
– Марына, хадзі да нас, будзеш дыспетчарам, – прапанаваў Юра нарэшце, яшчэ старанней імітуючы гул перагружанага аўтамабіля.
ПРА ДЗЯЎЧЫНКУ КАЦЯРЫНКУ І ШКОДЛІВЫХ ГУСЕЙ
Кацярынка з мамаю ў вёсцы. У бабулі цэлая чарада гусей: два разы па дзесяць і яшчэ тры. Гусі надта ж шкодлівыя.Тут табе дрэмлюць у цяньку ля вады, а загуляецца малая, прыбяжыць – куды толькі падзеліся нягоднікі?! Добра, калі на поплаве, а то да суседа ў буракі залезуць, або ў калгасным аўсе топчуцца. Адны непрыемнасці з імі.
Сёння якраз усім дарослым трэба з хаты ісці, з сенам няўпраўка. За Кацярынкай мама прасіла наглядаць суседку, бабулю Хрысціну. Малая дала маме самае цвёрдае слова ў студню не заглядаць, нямытай моркаўкі не есці, па драбінах на вышкі не лазіць, бабулю слухацца, і галоўнае – пасвіць гусей, вока з гэтых неслухаў не спускаць. “Калі не будуць слухацца, можна і лазінай пачаставаць”,– дазволіла мама.
Кацярынка ўсё запомніла. Не малая ж. А мама ўсё хвалюецца. У трэці раз тлумачыць, чаго нельга… Адышлася мама на колькі крокаў, не стрывала, яшчэ раз вярнулася і ўжо да гусей, сур’ёзна, голасна, хай і дзяўчынка чуе: ”Глядзіце, каб Кацярынка нікуды не ўлезла. Яна ў нас такая гарэза. Як што – і ўшчыпнуць не пашкодзіць.”
Гусі выцягваюць свае доўгія шыі: “А як жа… А як жа… Разумеем”. “Так, так, так….”, – стукаюць дзюбамі па карытцы тыя, што яшчэ не падсілкаваліся.
ПРА ЛАЗОВЫ КІЙ І САПРАЎДНУЮ РАДАСЦЬ
Міколка і Васілёк лавілі рыбу ў яме. Яма была невялічкая. Гадоў пяць назад, казаў тата, на гэтым месцы бралі грунт для насыпу. Пасля яма запоўнілася вадой, і вадзіліся тут карасікі велічынёй з мезенец, п’яўкі і вялікія зялёныя жабы. Хлопчыкі каторы дзень лавілі кілаграмовага шчупака. І ён вось-вось павінен быў клюнуць.
Прыгорбленую бабулю на сцежцы малыя адразу і не заўважылі.
– Няшчасце якое, дзетачкі вы мае, – паскардзілася старая, падышоўшы, – выбралася я да сястры, а кійка свайго дома не знайшла. Дзе толькі не шукала! Зусім памяці няма. Думала, як-небудзь так дашкандыбаю, а бачу, не змагу. І вяртацца не з рукі. Прайшла столькі. Мне б хоць што, каб абаперціся.
Складанчык у Васілька быў. Ён захапіў яго, каб выразаць новае вудзільна, на выпадак, як старое зломіць шчупак.
– Мы хутка, – запэўніў Васілёк, – адпачніце.
Удвух, сапучы і націраючы намулячы, сябры даканалі-такі таўсматую лазовую галіну, зрэзалі верх, абчысцілі кару. Выдатны кій атрымаўся.
– Дзякуй вам, дзеткі. З гэтым кіем я хоць да Варшавы дайду, – усміхнулася бабуля.
Дзе тая Варшава, малыя не ведалі, але радасці ад гэтага не паменшала. Здорава ў іх атрымалася! Раз, два – і гатова! Што там нейкі кій!..
Бабуля патупала далей. Кій чыркаў па насыпе, падбіваючы каменьчыкі. Хлопчыкі, хаваючыся ў лазняку, яшчэ некаторы час краліся следам за старой, пасля вярнуліся да вудаў.
– Знаеш, Міколка, што я прыдумаў?.. Давай яшчэ адзін кій выражам, – прапанаваў Васілёк, – мацнейшы. Будзе бабуля ісці вечарам назад – і аддамо ёй. А то раптам гэты згубіцца.
– Давай, – адразу згадзіўся Міколка, – а шчупака заўтра зловім. Ён ад нас не ўцячэ.
ЦЯЖКІ ВЫБАР
Кантрольная па матэматыцы не была складанай. Рыгорка хуценька начарціў зададзены адрэзак. (Што можа быць прасцей?!) На задачу пайшло больш часу. Ва ўмове паведамлялася, што калі з гаража выехалі чатыры машыны, то засталіся дзве. Рыгорка адразу кінуўся адымаць. Справа зразумелая: раз паехалі – трэба адняць. Добра, своечасова спахапіўся, пытанне перачытаў: “Колькі машын было ў гаражы спачатку?” Адняць – дзве атрымаецца. Глупства і толькі. Як маглі тады чатыры машыны паехаць? Урэшце ўцяміў што да чаго.
Апошнімі былі прыклады. І сярод іх той, які прынёс столькі клопату. Рыгорка спецыяльна яго напаследак пакінуў. А тут і Марына Пятроўна на гадзіннік паглядае: “Праз тры хвіліны будзем здаваць сшыткі”.
Рыгорка аж узмакрэў, расхваляваўся. Гэтыя дужкі… Перад кантрольнай, здавалася, усё было зразумелым. Ды зноў заблытаўся. Лічыш так – адзін адказ атрымліваецца. Дзевятнаццаць. Па-другому лічыш – дваццаць дзевяць. Як карціць атрымаць “пяцёрку”! Хлопчык уявіў, як парадавалася б мама. Тады смялей можна было б і пра веласіпед загаварыць…
Настаўніца пачала збіраць сшыткі. З апошняй надзеяй Рыгорка зазірнуў у сшытак да Санькі, суседа з трэцяй парты. (Раней такога ніколі не рабіў.) У таго – дзевятнаццаць. Рыгорка дапісаў у прыкладзе дзевятнаццаць, але ў гэты час яго штурхануў у спіну Анатоль, з якім нядаўна пасябравалі: “Дваццаць дзевяць. Я ўпэўнены”. Сумненне зноў завалодала хлопчыкам, і ён, неяк само сабою выйшла, побач з дзевятнаццацю дапісаў: “… альбо дваццаць дзевяць”.
– Дзевятнаццаць, вядома, дзевятнаццаць, – упэўнена даказваў на перапынку выдатнік Мудроў.
На другі дзень настаўніца раздала сшыткі. У Рыгоркі не было папраўлена ніводнай лічбы, вось толькі… Унізе, на тым месцы, дзе павінна стаяць адзнака, Марына Пятроўна напісала: “5 альбо4”.
– Дзеці. Я вам веру. Каб хутчэй было, калі ласка, самі пастаўце адзнакі ў дзённік, – папрасіла настаўніца. – Я распішуся на перапынку.
– А мне? – пачырванеў Рыгорка.
– А ў цябе хіба няма адзнакі? Выбірай, – Марына Пятроўна з хітрынкай, але ўважліва глядзела на Рыгорку.
“Якую ж адзнаку паставіць? – губляўся хлопчык. – Як быццам, ён дома добра папрацаваў: без памылак рашыў тры слупкі прыкладаў і больш з дужкамі не блытаў. Але ж гэта адзнака за кантрольную… Хутчэй бы наступная.”
Разважыўшы яшчэ з хвіліну, Андрэйка акуратна вывеў у дзённіку “чацвёрку”.
Марына Пятроўна няспешна распісалася, зазірнула хлопчыку ў вочы.
– Малайчына. А сваю “пяцёрку” ты атрымаеш. Абавязкова. І не адну…
– Я пастараюся, – ціха паабяцаў Рыгорка.
КАЗКА ПРА ПЕЛЬМЕНЯ
Пельмень адчуў, як да яго ўсё шчыльней сталі прыліпаць суседзі па пачку і здагадаўся, што з маразільнай камеры магазіна трапіў у сумку. Гаспадыня пастаяла спчатку ў адной чарзе, пасля ў другой. Пельмень уявіў, як ён, бліскучы ад масла, плюхнецца ў міску са смятанай – пэўна ж, за гэтым у чарзе стаяла гаспадыня. Пасля, як і належала таму быць, трапіў наш пельмень са сваімі падталымі суродзічамі на кухонны стол. Забулькатала вада ў каструлі, і гаспадыня выпатрашыла абодва пачкі з пельменямі ў кіпень. Пакуль закіпала вада, пельмень паспеў даведацца, што жанчыну вельмі лякала нейкая лібералізацыя цэн, таму і рабіла яна якія толькі магла запасы. Звараныя і адцэджаныя пельмені, як і былі ў каструлі, аказаліся ў халадзільніку на ніжняй паліцы. Пельмень не гурок, яго не засоліш. А на патэльні падсмаж – і еж сабе. Не вялікі далікатэс, але хай будзе.
Прайшоў дзень, яшчэ адзін. Пельмень усё больш сінеў. Яго краі падсохлі і загарнуліся, як у капелюша. Чарга быць падсмажаным усё не прыходзіла. Між тым высокія бутэлькі з доўгімі шыйкамі (яны стаялі ў нішы дзвярэй і ўсё чулі, калі дзверы адчыняліся) усё часцей сталі перагаворвацца пра Каляды і ёлку. Гэта было так цікава!
Невядома, што сталася б з пельменем далей, але аднойчы дзверы халадзільніка адчыніў хлопчык. Патыхнула нечым незнаёмым, але вельмі прыемным. (У зале ставілі ёлку.) Маленькі гаспадар агледзеў паліцы халадзільніка, крыху падумаў і дастаў з каструлі амаль сухі пельмень.
Праз якую хвіліну, закручаны ў ружовую напаўпразрыстую паперу, наш пельмень павіс на ёлачнай галінцы.
А потым прыйшлі госці. Прыгожая дзяўчынка з блакітнаю стужкаю чытала верш пра зіму. Дарослыя гучна і весела смяяліся, скакалі. Толькі ў хлопчыка ўвесь час былі сумныя вочы. Пельмень не разумеў чаму, бо глядзеў на свет праз ружовую паперу і ўсё яму здавалася прыгожым і цікавым.
Толькі стары мудры гном у пацёртым каптане (ён сустракаў свой трэці новы год) усё добра разумеў. Сёлета ўпершыню мама не змагла купіць новыя ёлачныя цацкі.
ЛЯЛЬКА НА ДРЭВЕ
Калі Ганка была малая, яна, як усе дзеці, задавала лёгкія для дарослых пытанні: адкуль я узялася? чаму ідзе дождж? ці размаўляюць рыбы? Ганцы, як усім дзецям, адказвалі, што яе прынёс бусел, што дожджык развозяць па небе хмаркі, а рыбы размаўляюць на сваёй мове і вельмі ціха, таму іх не чуваць. Усё было проста і зразумела.
А цяпер Ганка вялікая. Так сказаў тата. Ён ведае. Пазаўчора Ганцы споўнілася цэлых шэсць гадоў. Цётка Вера, маміна сяброўка, падарыла ёй вялікую прыгожую ляльку ў блакітнай сукенцы. Лялька ўмее гаварыць “мама” і ўсё разумее, толькі сказаць не можа. Ганка тлумачыць ёй і пра дожджык, і пра рыбак, і пра вясёлку. А вось сама “настаўніца” ўсё часцей не можа знайсці адказу на свае пытанні. Чаму іхні сусед, дзядзька Толя, б’е свайго Алёшку? Ці ж дзеці робяцца лепшымі ад таго, што іх б’юць? Чаму мама не дазваляе адной хадзіць на бабуліну палавіну?
Дзіўныя гэтыя дарослыя. Вясною, калі дзяцей у іхняй старэйшай групе было многа, Зінаіда Сцяпанаўна заўсёды злавалася на тое. А раніцай, пры бацьках, хваліла, што не хварэюць і рэгулярна наведваюць садок. Зінаідзе Сцяпанаўне цяжка з імі, асабліва са Слаўкам. Ён і Ганцы не падабаецца: штурхаецца, лезе біцца з-за рознай дробязі. У дадатак яшчэ і хвалько. Ну і няхай сабе яго бабуля працуе загадчыцай у магазіне. Ці ж мае яна права звольніць з працы ўсіх, каго пажадае, як пра тое хваліцца Слаўка? А Зінаіда Сцяпанаўна нічога не расказвае бабулі і заўсёды ёй усміхаецца.
Сёння, з самай раніцы, Ганка не магла вырашыць яшчэ адно нялёгкае для сябе пытанне. “Чаму так? – не знаходзіла адказу дзяўчынка. – Усе дарослыя (і бацькі, і Зінаіда Сцяпанаўна) сцвярджаюць, што людзям нельга без птушак. Птушкі знішчаюць тоўстых вусеняў, прыгожа спяваюць. Гэта зразумела. Навошта ж тады развешваць пудзілы ды бразготкі? Шпакі бароняць сад ад вусеняў, а людзі сцерагуць сад ад шпакоў. Як гэта?” Ганцы шкада шпакоў. І яна прыдумала…
Пад старою вішняй стаяла лесвіца, падобная да агромністай літары “А”. Дзяўчынка намаглася, падсунула спачатку адзін канец лесвіцы, потым другі. Якраз. Самым цяжкім было пераступіць на ніжнюю галінку – перашкаджала заціснутая пад пахаю лялька. Ганка скеміла: ляльку можна падняць потым, на нітцы.
Зачапілася за сук, трэснула лёгкая летняя сукенка, засмылела абадраная да крыві лытка, балюча хвастанула па твары галінкай. “Вышэй! Яшчэ трохі!.. Вось тут будзе акурат. Цяпер падняць ляльку, надзейней замацаваць – і ўсё”. – Дзяўчынка завіхалася не пераводзячы дыхання…
Правая рука лялькі, узнятая як для прывітання, выглянула з густой лістоты.
– Стой, не сумуй без мяне. І не трэба яго баяцца, – павучала Ганка сяброўку, пагражаючы пудзілу пальцам.
Лялька ўсміхалася светлымі вачамі.
Задаволеная сабою, дзяўчынка спусцілася ўніз, адбеглася, залюбавалася зробленым. “Ляціце, шпакі! Ну, калі ласка!” – запрасіла яна.
Па вуліцы ўздоўж падворка ішлі людзі. Яны заўважалі ляльку і ўсміхаліся. Ад таго Ганцы рабілася радасна. Выбег на вуліцу Алёшка. Зірнуў на ляльку, спачатку нават замахнуўся, каб пацэліць у яе грудкай, але перадумаў, разбіў грудку на дробныя пясчынкі, даверліва глянуў на дзяўчынку.
Тата прыйшоў з працы ў самым найлепшым настроі і згадзіўся адразу прымацаваць адарваную лапу плюшаваму мядзведзіку. Вішнёвы кісель на вячэру быў духмяны і смачны. Але нават і без гэтага Ганка была б самым шчаслівым чалавекам на свеце.
ДОБРА СЯДЗІМ
БАРАН ПА КРУЗЕ
Нядаўна я ў сваяка гасцяваў. Ён цяпер у райцэнтры жыве, ля сына. “Прыязджай, – тэлефануе, – мае маладыя за мяжу матанулі. То мы па старой памяці хоць пасядзім спакойна, адпачнем па-культурнаму”.
Прыхапіў я з сабою пляшку, тое-сёе з закусі (бо хто ж цяпер з пустымі рукамі ў госці ходзіць), і на цягнік. Дабраўся акурат пад абед. Павіталіся, павойкалі. Лявон усё маё ў халадзільнік укінуў. “Нікуды, – кажа, – ад нас не ўцячэ. А на абед я запрашаю цябе ў такое месца!.. Не бачыў ты падобнага дзіва і наўрад ці пабачыш калі. Экзотыка. Смакоцце. Ты нават і ўявіць сабе не можаш...”
Хвілін за дваццаць дабраліся мы да месца. “Шашлычная “Руно”, – чытаю шыльду. На падыходзе мужчыны нудзяцца, дзесяткі два. Неўзабаве выйшаў швейцар, запрасіў з прыемным акцэнтам спачатку ўсіх разам, а ў дзвярах яшчэ кожнага паасобку прывеціў: “Захадзі. Дарагой!” Культура.
Занялі мы ў зале месцы. Сталы дубовыя, шырокія. Цяжкія крэслы – з месца не зрушыць. На сценах паўсюдна рогі вісяць, пад самай столлю – чучалы нейкіх фазанаў. Ружовае святло, музыка. Экзотыка, адным словам. Усе паглядаюць на бакавыя дзверы і нечага чакаюць. Раптоўна дзверы расчыняюцца на ўсю шырыню. Выходзіць кухар. Вусы на шырыню плеч. Каўпак такі, што верху рукою не дастаць. Кухар вядзе за сабою на вяроўцы барана. Той борздка перабірае нагамі, не натурыцца, як мой дурань Матвуша, калі вечарам з пашы ў хлеў цягну. Прыгожы баран, лабаты, кучаравы. Адзін рог крута назад загнуты, другі, некалі збіты, трохі набок перакрыўлены. Крочыць баран прама па дывановай дарожцы гэтакім пераможцам, а яму ўслед як таму артысту пляскаюць. Баран ён і ёсць баран. На эшафот, пад нож ідзе, а гонару… За перагародкай адразу чуецца бляянне. Жаласлівае такое, тужлівае бляянне. Нешта шмякаецца на падлогу. А хвілін праз дзесяць-пятнаццаць (о даюць!) у залу паўзе, наганяючы апетыт, непараўнальны шашлычны пах. Яшчэ пятнаццаць хвілін – і афіцыянты ўрачыста ўносяць шашлыкі.
– Вось дзе сапраўдныя шашлыкі! – усклікаюць знаўцы.
Чутно, як смакуюць мужыкі за суседнімі сталамі:
– Малайцы, прадпрымальнікі!
– Гэта табе не піцэрыя!
– Грошы даеш немалыя, але ж хоць на свае вочы бачыш, за што плаціш.
– Непараўнальна!
– Экзотыка, – цмокае губамі Лявон. – Свежае, яно і ёсць свежае.
Ой, добра ж мы паабедалі! І трэба здарыцца такой аказіі… Забыўся я незнарок на стале свой кішэнны гадзіннік. Добра яшчэ, недалёка адышліся. Вярнуўся, пастукаў, тлумачу швейцару сітуацыю. Упусціў ён мяне нехаця. Гадзіннік, дзякаваць Богу, ляжаў на месцы. Забраў я свой гадзіннік, накіраваўся да выхаду. Акурат у гэты час адчыніліся бакавыя дзверы і знаёмы кухар на вяроўцы барана кучаравага выводзіць. Адзін рог у барана крута назад загнуты, другі, некалі ў бойцы папсаваны, набок перакрыўлены. Тут я ўсё зразумеў. Дураць, людзі добрыя! Ой, як культурна дураць!
А Лявону я нічога не расказаў, не хацеў расчароўваць. Яшчэ мо калі наведаецца. З экзотыкай куды смачней.
І толькі аднаго да гэтага часу не магу зразумець: хто бэкаў? Барану не загадаеш. Хіба што прыціснеш яму адпаведнае месца ці шпількай нізанеш. Ды пасля гэтакай увагі яго за перагародку другім заходам ні на якой вяроўцы не зацягнеш. Хутчэй за ўсё, на кухні які штукар-імітатар знайшоўся. Малайчына, калі так. Майму Матвушы да яго яшчэ расці ды расці.
БОТЫ І ІНСТРУКЦЫЯ
Дырэктар школы-васьмігодкі, па-вясковаму Аляксеевіч, і Кузьма, загадчык гаспадаркі, да палудня паспяхова ўладкавалі свае справы ў раённым цэнтры. Настрой у абодвух быў цудоўны. Чаму б і не парадавацца: дакументы на атрыманне новай мэблі ляжалі ў партфелі дырэктара.
– Ну што, Аляксеевіч, – хітравата ўсміхнуўшыся, звярнуўся дырэктар да свайго намесніка па гаспадарчай частцы (таго таксама звалі Аляксеевічам), – ці абедаў ты калі ў рэстаране?
– Ніколі, – не стаў хлусіць Кузьма. – Мы з мужчынамі, калі выпадае быць у горадзе, бяром з сабою што трапіцца і ў сталоўку кіруем.
– Ніякіх параўнанняў. У рэстаране табе і прынясуць, і пададуць, яшчэ і смачна з’есці пажадаюць. Маёй Ірыне Пятроўне са сваімі сшыткамі і згатаваць толкам няма калі, – адкрыўся дырэктар. Адным словам – запрашаю.
– Ат! Колькі таго жыцця і тое чарвівае. Трэба ж хоць раз у рэстаране пасядзець Не з кім-небудзь, сам дырэктар запрашае. Калі і жонка дазнаецца, ёсць чым прыкрыцца, – разважыў Кузьма і ўжо ўслых:
– Пойдзем, Аляксеевіч. Мая Марыся таксама сёння адну толькі зацірку варыла. Аж у жываце бурчыць.
Прадчуваючы добры абед, абодва мужчыны падаліся да рэстарана.
“Заказаць грамаў па сто, ці не, – сумняваўся Аляксеевіч-дырэктар. Усё ж неяк нязручна выпіваць з падначаленым.”
“Возьме дырэктар па сто грамаў ці не возьме? – гадаў Кузьма. Усё ж начальства.”
Надзьмуты швейцар спыніў абодвух на ўваходзе.
– Проходите, – буркнуў дырэктару. – А вас, – ён нішчыў позіркам Кузьму, – я не пушчу. В сапогах не положено. (Па старой звычцы Кузьма насіў галіфэ і боты.)
Пакінуць чалавека аднаго на вуліцы Аляксеевіч не мог. Ён напружана шукаў выйсце: ”Прасіць? Ісці да адміністратара? Плюнуць і павярнуцца назад?..”
Кузьма нібы ўпершыню аглядаў перадкі сваіх ботаў і гатовы быў праваліцца скрозь зямлю.
– Ды яны ж у мяне хромавыя! – вырвалася ў яго як збавенне. Кузьме здалося, што ён выбіў з рук таўсташчокага ўсе козыры.
– А мне какое дело? Читайте инструкцию, если грамотные, – холадна адказаў страж і тыцнуў пальцам у прыклееную да дзвярэй паперыну.
У той дзень абодвум Аляксеевічам давялося выстаяць нудную чаргу ў прывакзальным буфеце.
Думаеце, што пасля ўсяго Кузьма Аляксеевіч не ўзлюбіў свае хромавыя боты? Ніколькі. Ходзіць у кірзавых, а хромавыя па-ранейшаму трымае для выхаду. Дакладна ведаю, што ён надраў ладны пук ліпавай кары і аборы падрыхтаваў. Мо калі прыйдзецца зноў у рэстаран зайсці. Хай паспрабуюць не пусціць. Пра пасталы ў інструкцыі нічога не напісана.
АНКЕТА
Ці даводзілася табе, шаноўны чытач, калі-небудзь адказваць на пытанні анкеты? Не той анкеты, дзе высвятляецца ваша партыйнасць, узрост ці прозвішча замежнага прадзеда. Размова ідзе пра анкету творчую, якая, калі гаварыць высокім стылем, патрабуе пэўнага разумовага напружання.
Якіх толькі анкет не прыдумалі вучоныя людзі: лабавыя і з хітрынкай, без падказкі і з падказкаю, анкеты-тэсты і дысертацыйныя анкеты…
Наш герой, Пятро Чужаніца, прывык да анкет, хоць і ставіцца да іх з асцярогай. Ва ўстанове, дзе ён працуе, кожны год пасля летніх вакацый дырэктар раздае чыстыя лісты і ставіць пытанне рубам: “Што для вас галоўнае, асабістыя інтарэсы або інтарэсы ўсяго калектыву?” Вывучае, так сказаць, ці не пачаў загніваць калектыў. Знайшоў прастакоў. Хто не ведае, што збіраюцца тыя анкеты ў пэўным парадку, а ў супрацоўнікаў у кожнага сваё месца, нават крэсла знізу падпісана маслянай фарбай. Ці цяжка здагадацца, якога адказу чакае начальства. Няхай сабе парадуецца чалавек. А некаторыя напачатку паплаціліся, разумнікі. Не, каб адным словам, а то пачалі мудрыць, прыклады прыводзіць. Крэмзаюць сабе друкаванымі літарамі крамолу розную і задаволеныя. Сусед-пяцікласнік і той разумнейшы. Настаўніца папрасіла вучняў напісаць, што лепш на іхнюю думку: каб урок доўжыўся сорак пяць хвілін, а перапынак пятнаццаць, ці наадварот? Дык ён прапанаваў, каб урок быў пяцьдзесят хвілін, а перапынак толькі дзесяць. Яго за тое два гады на кожным бацькоўскім сходзе хвалілі за сур’ёзныя адносіны да вучобы.
Сёння Пятро Сяргеевіч з самага ранку сядзіць на чарговай нарадзе. Не будзем пакуль што казаць, на якой: ці мала дзе можа сядзець чалавек, калі гэты чалавек з’яўляецца намеснікам старшыні прафсаюзнага камітэта, стаіць на ўліку як пазаштатны лектар, мае пасаду ў гаражным кааператыве…
Ціха гудуць лямпы дзённага святла, з-за гладышоў з ружамі выглядваюць вушкі мікрафонаў. Густы прэзідыум узвышаецца на сцэне...
Нарада набліжалася да пункту “рознае”. І ў гэты час – ці хто яго запрасіў, каб надаць важнасць нарадзе, ці па ўласнай ахвоце – да мікрафонаў накіраваўся чалавек прафесарскага выгляду, немалады, але ўсмешлівы такі, ветлівы.
“Анкета, – здагадаўся Чужаніца.– Пэўна, матэрыял для кнігі збірае. А ўрэшце, хто яго ведае, асцярожней трэба.
Умовы анкеты былі простыя: у слупок патрабавалася напісаць лічбы да дзесяці, а побач, у любым парадку, дзесяць разоў адказаць на пытанне “Хто я?”
Спачатку ішло лёгка. ”Мужчына, намеснік старшыні прафкома, пазаштатны лектар”, – выпаліў Пятро Сяргеевіч адразу, доўга не думаючы. Потым воз пайшоў з натугай: муж, бацька, зяць… Ага, сын!.. Напісаў і ажно парадаваўся за сябе. Сусед, мабыць, і не датумкаецца. А ў гэтым уся соль. На мараль цісне стары. Але ж нас таксама голымі рукамі не возьмеш, не першы год у актыве.
Заставалася яшчэ роўна тры пункты. Само сабою прыйшло: сябар Таварыства цвярозасці, балельшчык “Дынама”. Тут воз загруз канчаткова, і ўсяго ж адзін пункт застаўся. У галаве круцілася то пасажыр, то пешаход. Усё не тое. Калі бойкі асістэнт сабраў анкеты, наўздагон прамільгнула яшчэ: кліент, тэлеглядач. Але запознена.
Пасля кароткага перапынку дзядок-прафесар, зноў прыемна ўсміхаючыся, падышоў да краю сцэны: “Я бачу многа цікавых людзей. Адно шкада: у зале няма ніводнага грамадзяніна сваёй краіны. Хто ёсць – вы напісалі (кіўнуў на кіпу лістоў).”
Пятро Сяргеевіч ажно ляпнуў сябе рукою па ілбе: “Гэта ж трэба, такое забылася!! Другая справа, каб не ведаў. У школе яшчэ праходзілі: “Поэтом можешь ты не быть, а гражданином быть обязан”. У сачыненні на ўступных іспытах, памятаецца, устаўляў цытату. А стары таксама добры. Усяго за тры хвіліны… Успомні паспрабуй. А сам усё ”калі ласка” ды “будзьце ласкавыя”… Бэнээфавец нейкі. Далі ім волю… Толькі дураць сумленнага грамадзяніна”.
На трыбуну тым часам падняўся чарговы прамоўца. Семінар пазаштатных лектараў па краязнаўчай рабоце і патрыятычным выхаванні маладога пакалення працягваўся паводле парадку дня.
ПАСЛУХАЙЦЕ ЛЁГКУЮ МУЗЫКУ
Васіль Патапавіч зірнуў на гадзіннік, уключыў радыёпрыёмнік, бліжэй падсунуў тэлефон. Другі тыдзень на пенсіі, спяшацца няма куды.
– Шаноўныя сябры! – пачуўся голас дыктара. – Сёння я ўпершыню ў прамым эфіры, таму зразумейце маё хваляванне. У студыі ўстаноўлены тэлефон. Пакуль што ён адзін, але нам абяцаюць. Усё ж, спадзяюся, самыя настойлівыя дазвоняцца. Наша перадача мае назву “Мы і час”. Як бачыце, тэма для гутаркі даволі шырокая. У мяне да вас вялікая просьба: не канцэнтраваць увагу на часовых цяжкасцях уласнага жыцця – у каго іх няма – і наогул не гаварыць пра асабістае, прыватнае. Столькі глабальных праблем у нашым грамадстве – не на адну гадзіну размовы.
Васіль Патапавіч спешна набраў прапанаваны нумар. Але не паспеў. Размова пачалася з некім іншым.
– Што ў вас набалела? Як ваша прозвішча? – хваляваўся вядучы.
– Газіроўкін Кузьма Гаўрылавіч. А скардзіцца я буду на прадпрымальнікаў. Паставілі свае “шпакоўні” пад самымі вокнамі. Піва, цыгарэты. А побач дзіцячы садок. Я ім кажу: нельга так. То ці ж паслухае хто?
– Разумею ваш непакой. Але, на нашу думку, забаронай тут нічога не вырашыш, – завучана прагучаў голас радыёжурналіста. – Ці згодны? Тут патрэбны цэлы комплекс мерапрыемстваў.
На другім канцы, пэўна, збіраліся з думкамі.
– Дзякуй вам, Гаўрыла Кузьміч. Усё ж, сябры, давайце будзем гаварыць пра тое, што хвалюе не толькі вас адных. Глянем шырэй, у маштабах краіны… Прабачце. Яшчэ аднаму нашаму слухачу не церпіцца хутчэй уключыцца ў размову. Алё!.. Радыё. Слухаем вас уважліва.
– Вас турбуе Скрэпка Ігнат Рыгоравіч. Сорак гадоў працаваў у калгасе. З іх трыццаць сем нарміроўшчыкам. Нядаўна перасяліўся да сына ў горад. Я тут падлічыў. Кожную раніцу я мыюся прыкладна чатыры з паловаю хвіліны. Мне патрэбна тры літры вады. А выцякае за гэты час восем літраў. Колькі ж гэта будзе ў маштабах краіны?!.
– Добра, што гэта вас турбуе, Ігнат Рыгоравіч, але ж кран зусім не абавязкова адкрываць на поўную моц.
– Ну я не адкрыю. А іншы ж гэтага не разумее…
Размова пагражала зацягнуцца, таму вядучы вельмі шчыра падзякаваў за цікавае пытанне.
– Сябры,– зноў у каторы раз занепакоіўся малады журналіст, – давайце глядзець глыбей. Мне вельмі хочацца, каб наша размова набыла характар дыскусіі. У грамадстве столькі нявырашаных пытанняў…
Васіль Патапавіч ізноў узяўся за тэлефон. Марна. Немалады, але яшчэ моцны жаночы голас гучаў даволі ўпэўнена:
– У мяне да вас адразу два пытанні. Чаму адны дыктары кажуць “адна хвіліна”, а другія – “адна мінута”? Няўжо нельга выдаць распараджэнне, каб усе гаварылі “адна мінута”? І яшчэ: ці праўда, што ў каўбасу дабаўляюць няякасную фасолю. Куды глядзіць служба кантролю?..
Васіль Патапавіч зірнуў на гадзіннік, з апошняй надзеяй яшчэ раз крутануў тэлефонны дыск. “Не захопіш за гэтымі пенсіянерамі. Такое ўражанне, што суткамі не адыходзяць ад прыёмніка. Піва! Каўбаса! – злаваўся ён. – Тут за рамонт тэлевізара большую палову палучкі выклаў і нічога, жывы. Якая можа быць актыўная пазіцыя без прадуманай інфармацыі, без даходлівага каментарыю?! Алё! Радыё!..”
– Дзякую, таварышы, за ўдзел у перадачы, – падводзіў вынікі вядучы. – Далёка не ўсе балючыя праблемы часу мы закранулі, ды і не ставілі перад сабою такую мэту. Усё ж я лічу, што наша размова была карыснай. А цяпер паслухайце лёгкую музыку.
ПРАВІЛЫ І ВЫКЛЮЧЭННІ
У якасці назвы гэтага апавядання можна было б прапанаваць дзесятак-другі прыказак са зборніка “Ад гарэлкі розум мелкі”, выдадзенага ў сумнавядомыя часы мёртванароджанага “Таварыства цвярозасці”, безалкагольных вяселляў і юбілеяў, пасля якіх не на жарт балела галава, бо высакародны моцны напой, разліты ў чайнікі ды кафейнікі, бязлітасна “яршыўся” таннаю каваю і сокамі. Але няхай будзе так. Няхай чытач сам робіць якія хоча высновы.
Была сям’я. Бацьку Апанасам клікалі. Ён недзе служыў. Магчыма, нават загадваў складам. Ну а што да “сумчатых” меў дачыненне – гэта вядома дакладна. Так што грошы вяліся. І была ў яго жонка, якая таксама некуды ездзіла, ды дачка- першакласніца. А бацька той, трэба вам сказаць, да чаркі дужа панадны быў. Куды ні пойдзе – абавязкова нап’ецца. Пойдзе ў краму за малаком – адкуль ні вазьміся, сябры на выхадзе. Дзве, тры гадзіны чакае жонка, “Санта-Барбара” канчаецца – ні мужа, ні малака. Пойдзе Апанас у лазню – каб хоць раз “сухі” прыйшоў. Вернецца з рыбнай лоўлі, з камандзіроўкі, забяжыць да суседа запалак пазычыць – тая ж гісторыя. А не дурны чалавек – не буяніць, палучку аддае, дома не п’е. Адна бяда: ну нікуды яго не пашлеш.
Вось аднойчы і кажа жонка: “Званіла настаўніца, прасіла, каб ты, як бацька, дапамог дзяцей у паход звадзіць. Ідзі. Хоць адзін раз з дзіцём пабудзеш і я буду пэўная, што чалавекам вернешся.”
А ў гэты самы час і настаўнікі абодвух першых класаў у паход рыхтаваліся. Аляксандра Сцяпанаўна гербарыі перабрала ды з дзесятак гульняў адкуль толькі можна было на асобныя кардонкі перапісала. Сцепаніда Аляксандраўна “Юны натураліст” за апошнія два гады перагарнула, над планам пакарпела. У лесе пра яго ніхто не спытае, але ўжо такая ўедлівая звычка. Стала Аляксандра Сцяпанаўна сякі-такі пажытак укладваць. Падумала. Наліла ў бутэльку з-пад кетчупу нямоцнага самаробнага напою, у партфель паставіла. “Пагрэемся трохі са Сцепанідай Аляксандраўнай”, – усміхнулася хітравата.
Паклала Сцепаніда Аляксандраўна ў партфель два стосы сшыткаў (мо дзе хвіліна вольная выдасца). Аднак праз некаторы час рашуча выгрузіла сшыткі на стол, пераліла змесціва пачатай яшчэ на Коляды “Зуброўкі” ў пасудзіну з-пад пэпсі-колы, загарнула ў “Настаўніцкую газету” і таксама ў партфель упіхнула. “Хоць трохі галава адыдзе ад гэтых урокаў. Возьмем па кроплі з Аляксандрай Сцяпанаўнай. Хто яшчэ пра беднага настаўніка паклапоціцца, як не ён сам”, – разважыла яна. І мела рацыю. Была б на тое мая воля, дык штодня загадаў бы выдаваць кожнаму настаўніку, незалежна ад катэгорыі, па шклянцы добрага кагору за шкоднасць...
Праз паўтары гадзіны пасля выхаду падарожнікі на месца прыйшлі. Адпачылі, паспаборнічалі. Многа карыснага аб жыцці асенняга лесу даведаліся. Адразу пасля абавязковай часткі дзеці па купках разбегліся. У адным гурце вяндліну рэжуць, ікрою хлеб намазваюць, чырвоную рыбу смакуюць; у другім – булкі “Бурацінам” запіваюць, у грыбной салянцы відэльцамі калупаюцца; у трэцім гурце – салам з памідорамі ласуюцца. Усе шчаслівыя, задаволеныя. Дарослыя трохі воддаль, за елачкаю, уладкаваліся. Аляксандра Сцяпанаўна ды Сцепаніда Аляксандраўна “кетчупу” паспыталі і адразу пра школу загаварылі. Метадычнымі знаходкамі дзеляцца.
“Дзіўныя людзі, гэтыя настаўнікі! Іншыя з працы цягнуць: хто гайку, хто гузік, хто панчохі. А яны, бедалагі, сшыткі неправераныя валакуць”, – спачуваў Апанас. Спачуваць то ён спачуваў, але і пра “пэпсі-колу” не забываўся, бо ўжо хвілін праз дзесяць жанчыны захваляваліся, пачалі лічыць дзяцей па галовах, і Апанас толькі паспяваў куляць за здароўе ды за нялёгкую працу настаўніка.
Вярталіся ў добрым настроі. “Левай, левай – суп з каралевай. Правай, правай – суп з прыправай!” – дэкламавалі першакласнікі. І яшчэ дзівіліся малыя – іхнія строгія настаўніцы былі падобныя цяпер на самых звычайных маладых жанчын. Расчырванеліся, усміхаюцца.
У самым хвасце калоны, увесь час даганяючы яе, вяртаўся дахаты Апанас.
НЕ ПАЗНАЛІ
А было гэта так. Уладкаваліся мы са сватам Міколам у яго на кухні. Сядзім сабе. Наліваем час ад часу і, як казаў паэт, п’янкое зелле цвярозаю размоваю разбаўляем: дастаецца і дэпутатам, і футбалістам, а найбольш будаўнікам (Мікола – навасёл). Незнарок на вочы гаспадару трапляе непадвешаная шафа, і ён успамінае, дзеля чаго, уласна кажучы, мяне сёння і запрасіў. Пайду, кажа, да суседа, пазычу дрыль, то заадно і папрацуем. А ты не саромся, налі сабе яшчэ. Не ў чужых людзей.
Нешта доўга тупацеў мой Мікола у пярэдняй. “Ці не клямку шукае, – усміхаюся сабе. – Ніяк не прызвычаіцца чалавек да гарадскога жыцця”. Нарэшце бразнулі дзверы. Сяджу. Чакаю. Няма свата і няма. Пэўна, добра ўважылі яго там. Зусім на родзіча забыўся. Але ж і я сябе ў крыўду не дам…
Ад чарговай меркі стала горача, прыйшлося сцягнуць світар. А кашуля ў мяне новая. Не сорамна і перад людзьмі паказацца.
Толькі намерыўся гэта я зноў да стала падсесці – бачу інтэлігент нейкі на парозе аб’явіўся. У руках дрыль, сам пры гальштуку, адно без капелюша. Ці не з кааператыву? Пруцца ўсякія памагатыя, а як трэба – не дапросішся.
Незнаёмец спачатку здзівіўся таксама, стаў нешта прыпамінаць.
– Добра, што ты прыйшоў, – мовіць. – А то сваток у мяне толькі на скваркі ласы, а як да справы дайшло, то збег. Давай пачынаць будзем.
– Чакай, – кажу, – зараз павінен прыйсці гаспадар. Нельга без яго.
А той як ва ўласнай хаце сябе адчувае. Узяў адвёртку і стаў тынкоўку дзяўбці, адтуліну пазначаць.
– Не чапай! – нервуюся. – Сапсуеш усё на свеце.– А ён сваё гне:
– Менш гавары. Дапамагай. Чаго стаіш, святло засланяеш?
Гэта было нахабства. Ухапіў я таго дзецюка за каршэнь:
– Пакінь зараз жа! Каму кажу! Прыйдзе Мікола, тады і павесім.
– А я хто па-твойму? – павярнуўся незнаёмец.
– Бацюхны!!. Як ёсць Мікола! – Гэта ж ён пераапрануўся ў пярэдняй, як да суседа ішоў. (Мо хацеў прыемнае ўражанне зрабіць, а можа, тым суседам маладзічка была. Якія нашы гады!..)
Нейкую долю хвіліны мы збянтэжана глядзелі адзін на аднаго, пасля адначасова зайшліся такім рогатам, што цяжкая гранёная шклянка на стале падскоквала і часта-часта білася ў пукаты бок пустой паўлітэркі.
– Багатымі будзем, – кажу, аддыхваючыся.
– Гэта ўжо напэўна, – душыцца ад смеху Мікола...
Гады тры пасля таго мы са сватам па-ранейшаму сустракаемся то ў мяне, то ў яго ля падвешанай шафы. За гэты час аж занадта папрывыкалі да тых кашуляў, што сталі некалі прычынай непаразумення. Праўда, наконт таго, каб разбагацець, то, пэўна, прыйдзецца яшчэ пачакаць.
АДВУЧЫЎ, або КУРЫНЫЯ МАЗГІ
“Чалавек – істота разумная. А раз так, то ён павінен выхоўваць тых, хто мае розум авечы, парасячы ці курыны, адным словам, усіх, каго называюць братамі меншымі, – разважаў неяк пасля лёгкага “падагрэву” Мікіта Брыдун, нізкарослы худы мужчына з сіняватым носам. – І прыдумаў жа нехта – “браты меншыя”. Ды што гэта, выходзіць, казёл мне братам даводзіцца?! Можа, мне яго яшчэ за стол пасадзіць?!” – Мікіта гігікнуў, уявіўшы на лаве за сталом насупраць сябе састарэлага казла Хвядоса…
Былі ў Мікіты пастаянныя непаразуменні з дамашняй жывёлай. Яму здавалася, што самая аблезлая індычка, не гаворачы пра таго ж Хвядоса, толькі і думае, як прычыніць яму, гаспадару, непрыемнасць. І Мікіта выхоўваў. Можна было адно дзівіцца, адкуль у яго лядашчым целе змяшчалася гэтулькі злосці. Методыка навучання ў Брыдуна самая простая – па рэбрах. Карова вечарам не пайшла ў свае веснічкі, удзіч пабегла – у хлеў яе і кіем. Церпіць жывёліна. А раніцою – ланцуг ёй на шыю, да ланцуга палена добрае. Толькі карова шпарчэй ісці пачынае – палена па нагах лупіць. Свінчо або тую ж дурную авечку кіем і прыбіць можна. Шкада скацінкі. У такіх выпадках для навукі Мікіта браў лазіну, такую не надта тоўстую, але моцную. “Можа, і карысці вялікай не будзе, авечыя мазгі, – разважаў сам сабе, – але ж і шкоды не будзе таксама.
Мыкала па вечарах у хляве кароўка, енчылі парасяты, бляялі, кідаліся на перагародку авечкі…
А што рабіць з птушкай? Як навучыць розуму тую ж курыцу? Нізашто не здагадаецеся. Скажаце, бадай, у бочку яе з вадой. У бочку з вадой – гэта кожны ведае. Калі курка, замест таго, каб яйкі несці ці малых вадзіць, квокча і гняздо марна займае – у ваду яе і пад скрынку. А калі чубатая хаты сцуралася, несціся ходзіць у хмызняк на балота або, як Мікітава Чубатая, у суседчын агарод унадзілася?.. Пакрыўдзіўся гаспадар на Чубатую, злаўчыўся, хапнуў яе, злавіў валацугу… А далей так было. Зняў Мікіта з галавы кепку. (Кепка асаблівая, пашытая мясцовым краўцом гадоў дваццаць назад. Верх з трохкутнікаў, пасярэдзіне гузік. Раней Мікіта ў ёй на святы фарсіў, а ў апошнія гады яйкі насіў з катуха.) Дык вось… Зняў Мікіта кепку, асцярожна ўзяў за паношаны брылёк і гэтай кепкай акуратненька так няшчасную птушку па галаве, па галаве… Бедалага сакоча, дзіка, не па-курынаму крычыць, тузаецца. Вырвалася – і праз хвіліну зноў у чужым агародзе. “Неразумнае стварэнне. Адно слова, курыныя мазгі, – вылаяўся Мікіта. – Ты ў мяне дабегаешся!”
Ужо вечарам на седале Мікіта зноў залавіў Чубатую… Пасля таго, як гаспадар надзеў кепку, птушка пакруцілася некаторы час на месцы, як тая цыркачка, шмыганула, кудахтаючы, да катуха. “Цяпер будзеш ведаць,” – застаўся задаволеным Мікіта.
На другі дзень з Чубаткай стала тварыцца нешта неверагоднае. Да абеду яна сноўдалася па двары, бездапаможна цягаючы крылы, заламаўшы набок галаву і прыплюшчыўшы адно вока, раптоўна спынялася і крычала як недарэзаны певень. А вечарам, акалелую, Мікіта знайшоў яе пад плотам…
– Ну, як жыццё, дзядзька? Нешто вашай Чубатай не бачна, – пацікавілася маладжавая суседка праз некалькі дзён. – Ці адвучылі вы яе шкоднічаць?
– Разумееш, Ганна, – пачухаў Мікіта галаву пад кепкаю, – амаль што адвучыў. І адвучыў бы зусім, як ёсць адвучыў бы … каб не здохла.
НЯПАРНАЯ СТРАФА
Складаць вершы Сяргейка Карабейка пачаў яшчэ ў дзіцячым садзе. Няма нічога прасцейшага, як складаць вершы.
У другім класе хлопчык увайшоў у дзесятку лепшых паэтаў школы, а з пятага трывала замацаваўся на першым месцы, бо заўсёды старанна выконваў умовы конкурсу: каліграфічны почырк, папера для чарчэння, мастацкае афармленне, а галоўнае – каб было складна.
Юны паэт апісаў у вершах усе поры года і нават усе месяцы, прылёт і адлёт птушак, усход і заход сонца, першы снег і першыя праталіны. Калі ўсе тэмы закончыліся, пачаў перапісваць у вершах апавяданні і казкі з “Роднага слова”. Падлеткам пісаў вершамі школьныя сачыненні, пасля – любоўныя запіскі-“валянцінкі” і віншаванні аднакласніцам. Праўда, настаўнік літаратуры не выказваў вялікага захаплення яго здольнасцямі. Ад зайздрасці, пэўна. Сам двух радкоў зарыфмаваць не мог.
Рэдактары і літкансультанты розных выданняў застагналі тады, калі Сяргей Карабейка паступіў у педвучылішча і ўзяў за правіла пісаць штодня неабходны мінімум. Адказы з рэдакцый пачыналіся стрыманай пахвалой і заканчваліся пажаданнямі творчых поспехаў. Што было ў сярэдзіне – сказаць цяжка, бо ў аб’ёмістую запісную кніжку Сяргей наклейваў толькі першыя сказы і абзацы, астатняе спешна знішчалася.
Сапраўдная трагедыя пачалася тады, калі дзеля эканоміі ў рэдакцыях паскарачалі літаратурных кансультантаў. Ва ўласным таленце Карабейка не сумняваўся, але ж рашыў даць музе адпачыць. А тут яшчэ і зоркі ў небе сышліся вяночкам. Вучні чацвёртага класа па заданні настаўніка-практыканта за месяц напісалі столькі вершаў – цэлы альбом з валошкамі на вокладцы. Падзяка класнага кіраўніка не давала заснуць, будзіла, клікала. І малады настаўнік рашыў: вучыць дзяцей тварыць. Што можа быць больш удзячным!.. Змог навучыцца сам – навучы іншых. Жыве новы падыход!.. Укараняйце сістэму Сяргея Карабейкі!.. Дысертацыя, званне, яшчэ адна дысертацыя… Толькі вось якраз сістэмы у літаратара-вынаходніка пакуль што не было.
Зачасціў настаўнік у бібліятэку, абклаўся падручнікамі… На лаўца і звер бяжыць. Папаўся Сяргею Іванавічу ёмісты метадычны часопіс з суседняй краіны. У Маскве ж яно і метро даўжэйшае, і часопісы таўсцейшыя, і больш вучоных са званнямі і талентамі. А сам артыкул – прачытаў і хутчэй у клас бегчы хочацца. Усё геніяльнае – проста: у канцоўцы “…улка” – сцвярджаў невядомы літаратуразнаўца – чуецца гул, у канцоўцы ”…асць” – страх, склад “лі” перадае рух хвалі. Доўгія радкі запавольваюць рытм… А ёсць яшчэ доўгія і кароткія гукі, спалучэнні шыпячых і свісцячых. Два гады мэтанакіраваных заняткаў – і ўсе паэты. А калі навучышся пісаць сам, аналізуй, з крытычнай меркаю падступайся да твораў іншых. І тады нават перад класікамі можаш шапкі не здымаць.
Паралельна з “Азбукай творчасці” – так называлася новая методыка, на якую натрапіў Сяргей Іванавіч, – прапаноўвалася вывучаць сусветную класічную спадчыну, даваўся канспект урока, падрабязна распрацаваны таленавітай, па словах прафесара, аспіранткай.
“Паважаныя дзеці! Сёння мы з вамі пачынаем працаваць па новым падручніку “Сказ пра вялікія бітвы і паходы,” – чытаў малады настаўнік. – У яго ўключаны тэксты перакладаў гераічнага эпасу старажытных народаў Усходу і Захаду. Гэта старажытнаіндыйскія паэмы “Рамаяна” і ”Махабхарата”, паэмы Гамера “Іліяда” і “Адысея”, а таксама найвялікі помнік сусветнай культуры – “Сказ пра Раму, Сіту і лятаючую малпачку Хануману…”
– Во даюць! – шчыра пазайздросціў Сяргей Іванавіч. – Каб такое – ды ў трэцім класе!.. Тут самому не так даўно “Песню пра зубра” давялося тры разы перачытваць, і калі б не залік… З другога боку, калі б і хацеў пераняць прадавы вопыт, то дзе ж ты знойдзеш тых хануманаў на кожную парту. Выхад адзін – чытаць сваіх.
Сяргей Іванавіч дастаў з паліцы загорнуты ў цэлафан томік Лермантава. Не ўтрымаўся і перачытаў на фарзацы: “Паэту С.Карабейку, вучню 5-га класа, пераможцу літаратурнага конкурсу “Залатое пяро”. Закладка ляжала на вершы “Марская царэўна”. “Хто сказаў, што Лермантава малыя не зразумеюць?.. У мяне зразумеюць”, – загарэўся Сяргей Іванавіч.
Мэта ўрока пасля некалькіх перакрутак гучала так: “Дапамагчы кожнаму дзіцяці ўсвядоміць сябе інтэлектуальным чытачом, здольным асэнсаваць не толькі літаратурны твор, але і сябе, як чытача гэтага твора”. Нядрэнна, нават, можна сказаць, навукова. Цяпер заставалася пабудаваць канцэпцыю. Рашэнне – як з неба звалілася. Уключыў настаўнік на хвіліну тэлевізар – перадача “На мяжы стагоддзяў”. Узяў газету – перадавы артыкул называўся “На мяжы разумення”, артыкул на апошняй старонцы меў назву “На мяжы дазволенага”. Успомнілася непрыстойная прыпеўка: “Ой, там, на мяжы, курачка сакоча…” “Ёсць!! – узрадаваўся настаўнік. – Няхай жыве мяжа! Паміж зямлёй і атмасферай – мяжа, рэчка і бераг – мяжа, кара на дрэве – мяжа. Імгненне – мяжа паміж тым што было і што будзе. Нават жаночы станік – мяжа, – соладка падумаў педагог.
Канцэпцыя запрацавала.
– Колькі светаў мы бачым у вершы Лермантава “Марская царэўна”?
– Свет царэвіча і свет марской царэўны.
– Дзе знаходзіцца свет царэвіча і свет марской царэўны?
– Свет царэвіча знаходзіцца на беразе мора, а свет марской царэўны – у самім моры.
– Ці ёсць пераход мяжы?
– Мяжу пераходзіць толькі марская царэўна, ды і то не па ўласнай волі, а царэвіч мяжу не пераходзіць.
– Як адбываецца пераход мяжы?..
Ішлі глыбокія адказы на праблемныя пытанні.
– Як сустракае з’яўленне марской царэўны конь царэвіча?
– Жывёлы вастрэй за людзей адчуваюць небяспеку. Конь хвалюецца, прадчуваючы смерць, бо вада – мяжа для пераходу ў іншы свет…
Пасля падрабязнага аналізу можна было заняцца “азбукай творчасці”.
– Выпішыце ў тры слупкі ўсе назоўнікі, прыметнікі і дзеясловы ў тым парадку, у якім яны сустракаюцца, – працягваў настаўнік канспект урока. – Колькі дзеясловаў? Ці ёсць яны ў кожнай страфе?
– Дзеясловаў усяго сорак пяць. Іх больш, чым прыметнікаў. Гэта паказвае напружанасць дзеяння.
– А як размешчаны прыметнікі?
– У пачатку іх няма зусім, пасля з’яўляюцца, каб… Для чаго ж з’яўляюцца прыметнікі? – задумаўся настаўнік і праз некаторы час дапісаў: – Каб намаляваць малюнак.
Давялося памудраваць і з рыфмамі, і з памерам. Бо толькі ён дапамагае ўбачыць хвалю, пачуць яе плёскат і нават уявіць грабеньчыкі на вышыні.
– Чым жа закончылася сустрэча двух светаў? – так меркаваў падвесці вынік пачынаючы навуковец і ўжо хацеў пераходзіць да арыгінальнага дамашняга задання – напісаць свой верш пра русалку, – але тут прамільгнула думка палічыць радкі. О, цуд!! Радкоў было семнаццаць, няцотная колькасць. Што б гэта магло значыць? Толькі тое, што дзеянне не закончана.
…З тае пары прайшло яшчэ чатыры гады. Сяргей Іванавіч Карабейка, як пішуць у газетах, у палоне новых творчых задум. Яго вучні ўжо ў першым класе па складах могуць вымавіць слова “амфібрахій”. Хлопчыкі дражняць дзяўчынак “цэзурамі” і ”антытэзамі”, тыя, каб адпомсціць, ушаноўваюць хлопцаў ”ямбамі” і “аксюмаранамі”. На ўроках літаратурнага чытання разам лічаць радкі, абводзяць рыфмы, малююць схемы. Сяргей Іванавіч шырока выкарыстоўвае удасканаленую ім “Азбуку творчасці” ва ўласнай літаратурнай і педагагічнай дзейнасці: малюе хрыбет верша, прыкідвае даўжыню радка, колькасць строф, а пасля ўжо на гатовае нанізвае спалучэнні гукаў, асобныя склады, з якіх канструіруе словы і сказы. У адрозненне ад класіка, колькасць радкоў у Сяргея Іванавіча заўсёды цотная, бо пачатую справу ён прывык даводзіць да лагічнага завяршэння. Амаль у кожным вершы прысутнічае мяжа і пераход мяжы. Бо што гэта за верш, калі няма мяжы. Адно непаразуменне ды “бязмежная” прафанацыя, перакананы ён.
СВАЯ МЕТОДЫКА
Лёша Чыгункоў, студэнт выпускнога курса філфака, як кажуць, зорак з неба не хапаў. Вучыўся з пераменным поспехам, здаваў экзамены, сядзеў на практычных. Семестр за семестрам – глядзіш і практыка ў школе. Паказвай, студэнт, чаго варты.
Першым заліковым урокам была літаратура. “Галоўнае – добра пачаць, – разважаў Чыгункоў, – а там у ходзе сарыентуюся. Ні я першы.
Аляксей пазначыў мэты ўрока – вучыць, развіваць, выхоўваць, – і размашыстым почыркам вывеў назву першага этапу ўрока: “Арганізацыйны момант”, пасля, крыху падумаўшы, дапісаў унізе: ”Добры дзень, дзеці! Сядайце, калі ласка!” Праз гадзіну-другую план быў гатовы. Метадыста, калі Чыгункоў прынёс канспект на подпіс, насцярожылі некаторыя моманты будучага ўрока. Практыкант, напрыклад, сцвярджаў, што ў канцы 30-ых за Я.Купалам сачыла ЦРУ, Цётка сябравала з Элаізай Пашкевіч, а Францішак Аляхновіч напісаў кнігу “У кіпцюрах ГПТУ”. З астатнім, можна сказаць, было гладка.
– Ці абавязкова, Аляксей, мне прысутнічаць на ўроку? – запытала настаўніца сёмага класа.
– Не хвалюйцеся, Вольга Іванаўна, я спраўлюся сам, – запэўніў Аляксей.
– І то праўда, – разважыла настаўніца. – Чалавек першы раз перад класам стане. Навошта лішнія хваляванні. Лепш тым часам які стос сшыткаў праверу, суседні кабінет акурат свабодны…
Але Вольга Іванаўна не праверыла ніводнага сшытка. Шум у сёмым класе паступова нарастаў: нехта лупцаваў па стале кулакамі, нешта валілася на падлогу, нехта крычаў як свінчо ў плоце. Голасу настаўніка не было чуваць. Вольга Іванаўна заспяшалася на выручку маладому калегу. Але дзверы былі зачынены знутры на ключ. З класа даносілася громападобнае “банзай!”, вішчалі дзяўчаткі, насіліся крутым галопам, ссоўваючы парты, хлапчукі.
– Лёша! Аляксей Іванавіч! Што ў вас? Адчыніце! – пастукала настаўніца.
Ніякага адказу. Вольга Іванаўна пастукала мацней, пачала тузаць дзверы за ручку – безвыннікова. У пору было біць трывогу. Сёмы клас не лепшы па дысцыпліне. Але ж каб такое!..
Знізу ўжо спяшалася матэматычка, Ірына Майсееўна. Усяленская трывога была на яе твары.
– Вольга Іванаўна, мілая! Што гэта ў вашым кабінеце за пляскі папуасаў. Я не магу весці ўрок, столь хадуном ходзіць.
Вольга Іванаўна патлумачыла, што ў кабінеце праводзіць урок студэнт-практыкант. Пастукалі ў чатыры рукі – і зноў нічога. На шум пачалі збірацца настаўнікі з суседніх кабінетаў.
– Давайце паклічам каго з мужчын. Трэба ламаць дзверы, – спалохалася Вольга Іванаўна.
– Скампраметуем калегу, – не пагадзілася Ірына Майсееўна.
– Што ж рабіць?
– Напішыце яму запіску і падсуньце пад дзверы, – параіла старэйшая калега.
“Аляксей! Гэта я, Вольга Іванаўна, адчыні”,– напісала настаўніца.
Запіска знікла, але дзверы не адчыняліся.
– Можа, яго жывога няма, разрыў сэрца атрымаў, – панікавала Ірына Майсееўна. – Яны, маладыя, толькі на выгляд здаровыя, а на самай справе кволыя, нервовыя. Не тое што мы, старая гвардыя. Ірына Майсееўна прыклала вуха да дзвярэй, прыслухалася. Спачатку нічога нельга было разабраць, пасля да яе слыху данеслася невыразнае: “…адлюстраваў у сваім творы…”, “…з’яўляецца тыповым прадстаўніком…”
– Жывы, Вольга Іванаўна, ваш практыкант! – узрадавалася матэматыца. – Сто гадоў пражыве.
Дверы выстралілі разам са званком. З гіканнем вырваліся ў калідор сямікласнікі, і Вольга Іванаўна зайшла, нарэшце, у клас.
– Ну, як уражанне? – спытала яна, быццам нічога не здарылася.
– На жаль, не ўсё атрымалася, – прызнаўся Аляксей. Я правяраў у дзеянні ўласную методыку: не пачынаць урока, пакуль клас не супакоіцца. Шкада, урок усяго 45 хвілін. Таму і з матэрыялам не ўклаўся. Трэба падумаць над новай методыкай, – з выглядам чалавека, які добрасумленна выканаў сваю місію, заключыў Аляксей Іванавіч.
ШТАНЫ
У той час, як бацькі ўсё яшчэ шылі ў мясцовых умельцаў галіфэ з “самага найлепшага афіцэрскага сукна”, мы, падрастаючая хлапчукоўская каманда, пачалі патроху абзаводзіцца клёшамі. Гэта як спаборніцтва было: хто шырэй “закажа” штаны-клёш. Толькі прастакі маглі насіць “дваццаць два на дваццаць шэсць” (шырыня калашыны ў каленях і ў нізе). Адразу і не заўважыш, што гэта клёш. Хлопец, які хоць трохі паважаў сябе, вузей чым дваццаць восем не насіў. Асаблівым шыкам лічылася трыццаць два, шырэй заказ проста не бралі. Увогуле нязручная на цяперашні розум рэч. Унізе тасёмка хутка зношвалася, і намоклыя калашыны ўслед за стаптанымі абцасамі шоргалі па мокраму пяску, гліне, або да каленяў пакрываліся маслянымі плямамі (адкуль толькі браліся!). На тое, вядома, асаблівай увагі не звярталася.
Мы з Цімохам у тое лета таксама жылі мараю трохі пафарсіць. Ну хай не на трыццаць два будзе клёш (куды з нашым ростам!), то хоць бы на дваццаць дзевяць. І грошы маці – і мая, і Цімохава – давалі: маўляў, што зробіш з гэтай модай, хай будзе як ва ўсіх. Лайдакамі мы не былі: і за статкам хадзілі, і на бураках дапамагалі. А клёшы здаваліся той мяжою, за якой павінна пачацца нешта новае, непазнанае. Што адчуваў вясковы хлапчук, засоўваючы пальцы ў цесныя кішэні сапраўдных “дарослых” штаноў? Нешта падобнае таму, калі дрыготкімі рукамі падносіш запалак да першай у жыцці цыгарэты ці з хваляваннем і асцярогай бярэш у рукі яшчэ дзедаўскую брытву, каб потым да чырвані скрэбці пушок на верхняй губе.
У райцэнтры мы з Цімохам былі ўсяго некалькі разоў. Мінулым летам за сумкамі для падручнікаў ездзілі, а сёлета, з вясны, нават “на піва” два разы схадзілі. Тады ж і ў цырульню зайшлі. Дома бацька “пад бокс” падбрые ды і чуб яшчэ абкарнае, а тут па-гарадскому – “канадка”, і ўсяго за сорак капеек. Дачакаўся чаргі, сеў і сядзі як той грыб. Цябе і атуляць, і космы абрэжуць ды яшчэ і адэкалонам папырскаюць. Іншая справа – штаны заказаць. Заходжу да Цімоха раніцай. Маці пасміхаецца: “Паехаў. Дала грошы і паехаў. Хай сам як хоча, так і шые. Я ў гэтым не разбіраюся. То ж праходу не даваў”. “Ну і сябар, – злуюся я. – Мог бы і пачакаць. Прыедзе – усё распытаю як і што. Што азначае “заказаць”? Якую тканіну выбраць? Да каго звяртацца? Як адрозніць, дзе прыёмшчыца, а дзе закройшчыца? Цімох, ён смялейшы…
Адразу пасля абеду сябар вярнуўся.
– Заказаў? На колькі?.. На трыццаць?.. – адразу накінуўся я з пытаннямі.
– Не. Не на трыццаць. Тканіна была вузкаватая, і мне параілі (яму, бачыце, параілі), каб на дваццаць восем. Яно так і лепш. Закройшчыца сказала, што надта шырокія з моды выходзяць. Цяпер праз сем дзён на прымерку ехаць трэба.
– А як там? Што ты гаварыў спачатку? – выведваў я.
Адчуваю, што замуляўся Цімох. Зараз круціць пачне.
– Ты з прыёмшчыцай па-нашаму размаўляў?
– Ды ты што! Гэта ж табе не рынак. У яе прычоска – як у дыктаркі, пазногці – я такіх яшчэ не бачыў. Адкуль яна будзе ведаць па-нашаму. Сказаць шчыра, я спачатку трохі разгубіўся. (Малайчына, праўду кажа, сапраўдны сябар.)
Я ўявіў сабе цыбатага, даўгалыгага Цімоха ў караткаватых, выцягнутых на каленях штанах перад сталом прыгожай маладой прыёмшчыцы, у думках паставіў сябе на яго месца, і мне адразу стала сумна.
…– Я спачатку разгубіўся, – працягваў Цімох. – Пакуль думаў, з чаго пачаць, прыёмшчыца першая спытала. А ў мяне з галавы выпала. Стаю. Не магу ўспомніць, як гэта будзе па-руску. Срамата. І цяпер не ўпэўнены: “брукі” сказаў, ці то “нагавіцы. Яна нічога, толькі ўсміхнулася.
– Ну ты і даеш!.. Вядома, “брукі” трэба.
– Я і без цябе ведаю, але не прыйшло на памяць і ўсё.
– Усё ж удвух трэба было ехаць, – дакараў я сябра, і ўжо пра сябе падумалася: – Хоць бы і мне заўтра чаго не наблытаць…
ДОБРА СЯДЗІМ
Сёння ў мяне шаноўны госць, родзіч з вёскі. Дзед Андрэй добры апавядальнік. А калі хто любіць і ўмее слухаць, – лічы, абодвум пашанцавала. Быў дзед у абласным цэнтры па справах, нечага, відаць, дамогся, бо амаль з парога выгукнуў: “І не спрачайся, Міхась. Усё-такі чым большы начальнік, тым ён хутчэй цябе зразумее”. Я і не думаў спрачацца. Вельмі магло быць, што харошы чалавек трапіўся.
Мы ўдвух сядзім на кухні, няспешна абменьваемся навінамі. Добра сядзім. Каўбаска, сала, сыр – вясковыя, гарэлка – гарадская.
– Ты ведаеш, той, з сабесу, і пра сям’ю спытаў, і пра ўзнагароды. Гутарым мы з ім, як з табою, сакратарка запісвае . Во як! – не без гонару гаворыць дзед. – Прыемна. Адукаваны чалавек. А ў іншым кабінеце прыладзішся на край крэсла і адчуваеш сябе, як у таго цыгана местачковага.
– А што, багаты быў цыган? – цікаўлюся я.
– Не бедны, але не краў. Аседлы цыган, савецкі. Яны звычайна замурзаныя ўсе, неахайныя. А гэты – ого!.. Самага малодшага на тую пару я жаніў. Ты ж ведаеш майго Сяргея?
– Ведаю, як жа.
– А вяселле у вёсцы… Табе расказваць не трэба, – працягваў далей дзед Андрэй. – Гарманіста зафундуеш, і ён рэжа тры дні… Як на тую бяду, пачалі па тэлевізары гэтыя, як іх, “ансамлі” паказваць. Пазней тых крыкуноў і на вяселлі сталі браць. Мода. У нас непадалёку, у мястэчку, свой ансамль аб’явіўся. Але не з гітарамі, акардэоны ў іх. Чуткі пайшлі, што добра хлопцы спяваюць. Сын, я ж казаў, у мяне апошні. Грошай я крыху сабраў. Дай, думаю, падзіўлю добрых людзей. Ну і нявестачка хай парадуецца. Па-гарадскому вяселле спраўлю. Ансамль гэты быў цыганскі, хоць аніводнай цыганскай песні яны нам не праспявалі. Тры чалавекі ўсяго. Бацька б’е ў бубен – сыны граюць на акардэонах. Танцы нашы, мясцовыя. Рэжуць, аж гай шуміць. Усе трое музыкаў у белых кашулях, пры гальштуках. Не падумаеш, што цыганы. Гарэлкі – ні ў рот. Што госці ні пажадаюць – закон. Але ж грошы… За адзін дзень – два маіх месячных заробкі. Ну, як вяселле са сватамі назначылі, то і пайшоў я дамаўляцца. Хату першы стрэчны паказаў. Пастукаўся – гаспадар сам адчыніў і ветліва запрасіў прайсці. Жанчыны адразу па бакавых пакоях разбегліся, а гаспадар, не даючы мне ачомацца, у залу вядзе… Мэбля дарагая, крышталь, чысціня ўсюды, дываны. А я ў ботах кірзавых, анучы на нагах. Тады па-іншаму ў вёсцы мужыкі не хадзілі, ну і не ў госці сабраўся. Боты я выціраў, але сляды, гляджу, на дыване ўсё роўна застаюцца. Крэслы ў зале ўсе белымі прасцірадламі пакрытыя, аж блакітам адсвечвае, зморшчынкі – аніводнай. “Сядайце”, – запрашае гаспадар і на крэсла паказвае, а сам хітра так, аднымі вачамі пасмейваецца. Я, праўду сказаць, разгубіўся. Штаны, як быццам, не вельмі захвойданыя, але супроціў такой белі… Як сяду, думаю сабе, то і след адаб’ецца. Крыху павагаўся. “Ат, чорт яго бяры! Чым я горшы?! Бярэ такія шалёныя грошы, то і накідку памяняе”. Сеў на самы краёк, сяджу сцяўшыся, ногі падкурчыў. Цыган ведае, чаго прыйшоў, а ўсё вакол таго гаворыць, цану наганяе і сам цешыцца, бачыць, што не ў сваёй талерцы пачуваюся. Праз які месяц Антось, сваяк мой, дачку замуж аддаваў, пытаецца: ”Цыган у хату запрашаў?” – “Клікаў”, – даю адказ. “У крэсле сядзеў?” – “Давялося”. – “А я не пасмеў. Не магу, кажу, і ўсё. Цыган нават пакрыўдзіўся”.
Дзед Андрэй закончыў гісторыю з цыганом, уважыў гаспадара, дапіў стограмоўку. “Добра сядзім”, – усміхнуўся задаволена.
Шчырасцю на шчырасць. Мне закарцела расказаць старому, як некалі ў камсамол уступаў. Перад гэтым на працягу некалькіх тыдняў мы, будучыя ленінцы, усе разам і кожны паасобку праслухалі інструкцыі спачатку класнай, пасля старшай важатай аб правілах ветлівасці. ”Уваходзіце. Кажаце:”Добры дзень!” Запрашаюць сесці. Ветліва адмаўляецеся: ”Дзякуй, я пастаю”. Калі запросяць яшчэ раз, будуць настойваць – трэба сесці на самы край, не развальвацца, і ўставаць пры адказе на кожнае пытанне”. Я зайшоў апошнім і не атрымаў нават запрашэння падысці бліжэй да стала. Пра тое, які мой любімы пісьменнік, стомлены папаўненнем радоў камсамола першы сакратар ад дзвярэй мо і не пачуў. Я не пакрыўдзіўся, хутчэй – наадварот: па-першае, не трэба ветліва адмаўляцца, а па-другое, не трэба думаць, калі сядзець, а калі ўставаць…
Мы з дзедам Андрэем узялі яшчэ па кроплі. Стары ямчэй усеўся ў крэсла. “Добра сядзім, утульна тут у цябе, – пахваліў родзіча. – А ці чуў ты, Міхайла, як родная сястра тваёй бабулі пешкі ў Варшаву хадзіла, каб самому пану Пілсудскаму на мясцовую ўладу паскардзіцца?..”
Я з цікавасцю слухаю пра бабуліну сястру, ведаю, што будуць іншыя, самыя незвычайныя гісторыі. Толькі трэба не спяшацца, не перабіваць.
Добра сядзім!..
ЖЫЦЦЁ, ЯГО ВЯЛІКАСЦЬ…
ІМГНЕННІ СВЕТЛЫЯ
Цяжка сказаць, колькі мне было – паўгода, год, паўтара… У адзін светлы момант я адчуў сваю прысутнасць на белым свеце – убачыў вочы, ад якіх праменілася дабрыня, вочы бабулі. Радасці не было краю: бабуля, мілая, родная, бясконца дарагая!.. Яна, удава-гаротніца, ніяк не магла нацешыцца ўнукам-першынцам. Я адчуваў усёй сваёй кволай істотай, як моцна бабуля мяне любіць, хоць і не мог сказаць пра гэта, адно “агукаў” ды “бабаў”.
Вярнулася з працы, увайшла ў хату маці. “Мама!” – узрадавалася бабуля. “Ма-а-а-ма!” – паўтарыў я следам. Матуля была зусім маладая, незвычайна прыгожая, прыгажэйшая за бабулю. Адразу з парога яна з любоўю раскрыліла рукі насустрач. ”Як хораша! Які цудоўны гэты свет! У мяне ажно дзве матулі. Буду заўсёды іх любіць!” – агукаў-радаваўся я.
Першыя пробліскі самаўсведамлення… Неверагодна, але я магу паручыцца за кожнае напісанае выжэй у двукоссі слова. “За словам – паняцце, думка, – могуць засумнявацца навукоўцы. – Адкуль маглі брацца тыя думкі-словы ў немаўляці?” Мо яны і маюць рацыю: словы прыйшлі потым, каб хоць прыблізна абазначыць пачуцці, што цераз край перапоўнілі чулае дзіцячае сэрца.
… Дзесяць гадоў, як няма бабулі. Свет бывае часам жорсткім і непрыветным. Але я не ўяўляю, як у ім жывуць, як ходзяць па гэтым свеце людзі, што не атрымалі ў далёкім маленстве, на самым пачатку свайго асэнсаванага зямнога быцця, гаючую і ўсепераможную прышчэпку чалавечай любові, пяшчоты і дабрыні.
ТРЫВУШЧАСЦЬ
Здзіўляюць глыбіня і ёмістасць гэтага слова, якое, на мой погляд, вельмі дакладна перадае адну з галоўных рысаў характару беларускага селяніна-палешука. Куды дакладней, чым звыклыя “цярплівасць”, “цягавітасць”, набіўшае аскоміну насцярожана-заечае “абачлівасць.”
Мая бабуля Вера была чалавекам менавіта трывушчым: падняла на ногі – муж не вярнуўся з вайны – чатырох дзяцей, вывучыла ўсіх і толькі тады, як зладзіла вяселле найменшаму, каб нікому не замінаць, пайшла жыць да "дзеда". Пра замужжа ў такім узросце казаць не прынята.
У апошнія гады жыцця бабуля хварэла. Рукі яшчэ слухаліся. Але дранцвела паясніца, падгіналіся ногі, калола ў грудзях… Кідаць “дзеда”, такога ж “здаравяка” як сама, і ісці жыць да старэйшай дачкі бабуля адмаўлялася. А жыць – трэба і працаваць.
– Гаспадыня без кульбы – “трэцяй нагі” – кроку ступіць не можа, – дзівіліся людзі, – а на агародзе, на ўсіх дваццаці сотках, – ні травінкі.
– Зусім нягодная стала, унучак, – скардзілася мне бабуля Вера.– Нагнуцца не магу – галава ідзе кругам, падаю, – то стану на калені і поўзаю цалюткі дзень. Горай за ўсё, што ўстаць сама не магу, а дзеда кожны раз не наклічашся. Я вось што прыдумала: паўзу да вугла хаты і, трымаючыся за яго, устаю паволі. Летні дзень – што год. Вечарам да каленяў не даткнуцца…
Сённяшні жыхар горада, я абыходжу жанчын, што просяць міластыню на пешаходным мосце ля вакзала. Асабліва жанчын не заўсёды старых. У кожнай з іх свая праўда і крыўда. Але ж… У такі момант мне заўсёды ўспамінаецца мудрая пражытым, трывушчая бабуля Вера. Я бачу, як яна, цяжка і перарывіста дыхаючы, перабірае спрацаванымі рукамі заімшэлыя бярвёны старой хаціны, каб стаць на хворыя ногі, і, грэшны, часцей за ўсё не заўважаю патрабавальна працягнутай да мяне рукі гарадской жабрачкі.
ЛАД У СЯМ’І
Бабулін сын, а мой родны дзядзька Коля, ў маладосці сваёй не быў прыкладным сямейнікам. Прыгажун-ваенны, не адну дзяўчыну прымусіў ён паплакаць у падушку. Дзядзькава жонка, Марыя Усцінаўна, прыгожая і цяпер, а чвэрць веку назад, чарнявенькая, статная, шэравокая, наогул выглядала артысткай. Я, падлетак, любуючыся ёю, зусім па-даросламу разважаў: “І якога яшчэ ліха гэтаму дзядзьку трэба?”
Марыйка, як ласкава называлі нявестку ў нашым доме, часта плакала. Выйдзе на сцэну – у яе быў рэдкай прыгажосці голас,– пачне сваю любімую “Коля, Коля, Николаша, где мы встретимся с тобой?», а слёзы градам з вачэй. Муж то раніцаю дамоў дабярэцца, то наогул не з'явіцца са службы нанач. Справа ішла да разводу. І каб не бабуля Вера… У яе на гэты конт мелася свая, вывераная жыццём «тэрапія». Прыйдзе сын да маці, на службу жаліцца – рэмень бакі аб'еў, начныя нарады замучылі, – а маці непрыкметна на другое гаворку паварочвае: «Як падабаецца мне твая Марыйка! Ні ў працы, ні на бяседзе няма ёй роўных. А якая постаццю гожая: што нага пад ёй, што ў яе рука. Аднаго не разумею: за што яна кахае такога валацугу як ты. Як яна да гэтага часу церпіць такога дурня».
Сын пабурчыць, як бы і пакрыўдзіцца, а пасля, глядзіш, і зноў наступае лад у сям'і.
– Вы, мама, напэўна, нейкія чары знаеце, – дзівілася нявестка. – Коля, як пабудзе ў вас, зусім другім чалавекам робіцца. Як у першы месяц пасля вяселля, гатоў мяне на руках насіць.
– Нічога такога я не знаю, дзетка. Не давай яму распусты – і ўвесь сакрэт, – гаворыць бабуля сур'ёзна, а вочы так і свецяцца прыхаванымі ў іх хітрынкамі.
НА ВЯСКОВЫМ СВЯЦЕ
Свята вёскі… Цяпер гэта становіцца добрай традыцыяй. Неафіцыйная, як кажуць, частка. Добрая палова вяскоўцаў сабралася ў прасторным крайнім двары за састаўленымі ў доўгі рад сталамі. У галаве, бліжэй да веснічак, калгаснае кіраўніцтва.
Выпіць і закусіць – удастатку. Трохі даў калгас, астатняе ўскладчыну сабралі. Насмажылі, напяклі, у грыбы ў лес выправілі маладзейшых, агародніна свая. Жнівень. А хто шчадрэйшы, то і каўбаскі не пашкадаваў. Касавіцу ж адбылі.
Вечарэе. Праходзіць міма адчыненых веснічак Рая, вясковая, як бы гэта сказаць… Адным словам, сярэдніх гадоў жанчына, што не вызначаецца ні цнатлівасцю, ні цвярозымі паводзінамі. Яна на добрым падпіцці. Некалькімі гадзінамі раней такія прыпеўкі рэзала на конкурсе, што бярозы чырванелі. Рая праходзіць і другі, і трэці раз. Нехта з мужчын падаў ідэю запрасіць. На яго цыкнулі адразу з усіх бакоў: потым не адвяжацца, давядзецца з-за стала выправодзіць. Не адчувае жанчына меры.
Прайшоў міма хлопец у выцвілай кашулі навыпуск. На твары нейкая ненатуральная ўсмешка. Адразу і не разбярэш, ці пацягнуў добра, ці такім нарадзіўся. Спытаў у суседа. Многа маладзейшы за мяне брыгадзір некаторы час падбіраў словы, потым выказаўся ў тым плане, што чалавек “трошкі не таго”. “Мякка кажучы”, – дабавіў са шкадаваннем.
Пасля таго, як хлопец, гэтак жа ўсміхаючыся, прайшоў міма весніц і другі раз, немаладая жанчына з нашага стала, папрасіўшы прабачэння ( “не сабаку нясу, людзі добрыя!”), паклала на папяровую сурвэтку лепшыя скрылікі мяса, некалькі памідораў, катлеты і накіравалася да весніц. Следам адразу – яны не маглі згаварыцца – з такой жа місіяй ад суседняга стала заспяшалася другая жанчына. Яна трохі спазнілася. Рукі ў хлопца былі занятыя, і ён, круцячы галавою, адмаўляўся ад пачастунку.
– Пра гэта ўжо можна пісаць, – вырвалася ў мяне.
І цяпер перад вачамі аблічча пакрыўджанага лёсам сіраты, які, трымаючы ў прыгаршчах адразу столькі прысмакаў, плечуком, падобна да дзіцяці, спрабуе ўцерці са шчакі слязу…
Чуў: па адносінах да малых і нямоглых вызначаецца вартасць чалавека, вартасць грамадства. Дадам ад сябе: а таксама па адносінах да пакрыўджаных Богам і тых, што забыліся на яго.
ДАРОСЛЫЯ І ДЗЕЦІ
Да мяне бег хлопчык, блакітнавокі светлавалосы хлопчык, сын стрыечнага брата, жонка якога паўгода як забылася і на мужа, і на дзіця. Чалавеку ўсяго тры гады з нечым…
Я пасвіў статак за які кіламетр ад вёскі. Дзіця бегла насустрач па някошаным кусцістым лузе. Крыклівыя неразумныя кнігаўкі ледзьве не сядалі хлопчыку на галаву, убачыўшы ў ім нейкую небяспеку.
– Адкуль малое ўзялося тут? Хоць чаго… Бацька на хвіліну адлучыўся да хлява ці зайшоў да суседа, а хлопец, шукаючы яго, пераблытаў усе на свеце стораны гарызонту і апынуўся на выгане.
Малы бег лёгка, нават не засопся. Ён не плакаў. Вялікая страказа ўселася на самай макаўцы хлапчуковай галавы не думала ўзлятаць, толькі хісталася з боку на бок, утрымліваючы раўнавагу.
Было так нязвыкла і трывожна бачыць гэтае Божае тварэнне, загарэлае і напаўголае, менавіта тут, на лузе. Адразу падумалася, колькі бедаў падсцерагае яго на кожным кроку: у небе, распластаўшы крылы, кружыў коршак; малому давялося пераадолець па вузкай кладцы меліярацыйны роў з ліпкай граззю, зараснікі крапівы і сухога асоту; там і тут сухое ламачча, якім лёгка параніць босыя ножкі; шалёныя, дурныя авечкі тузаліся на ланцугу, пужаючыся саміх сябе. І нават сонца паліла нелітасціва, а дзіця з непакрытай галавою.
Пазнаўшы мяне, малы ўзрадаваўся, бесклапотна, па-дзіцячаму ўсміхнуўся.
– Заблудзіў? – спытаў я.
– Пакажы, дзе мая хата, – замест адказу папрасіла малое.
Я падняў яго высока на рукі.
– Бачыш?
– Угу, – хлопчык здзівіўся, што хата не ў тым баку, куды ён бег. Я памацаў кішэні, знайшоў яблык і некалькі цукерак, дастаў з торбы цеплаватую “фанту”. Пакуль малы адпачываў і сілкаваўся, зрабіў яму “пілотку” з недачытанай газеты.
Хвілін праз дзесяць на край агародаў выйшаў бацька Андрэйкі, з-пад рукі паглядзеў вакол.
– Бяжы прама і нікуды не паварочвай! – загадаў я. – Бацька там плача без цябе.
– Не плача, – запярэчыў Андрэйка. – Ён вялікі і не плача ніколі.
– Ну, можа, калі ты спіш?..
Малы на хвіліну задумаўся.
– Я пачуў бы… – сказаў няўпэўнена.
– Ну, бяжы да яго шпарчэй.
Хлопчык адбег, азірнуўся, потым яшчэ раз. Я доўга глядзеў яму ўслед.
СВЯТЫЯ І ГРЭШНЫЯ
Двое сыноў, ужо самі не маладыя, прыехалі да бацькоў у пост, тыдні за два да Вялікадня. Прыехалі цягніком, бо не нажылі ў сваім горадзе ні машын, ні вялікага багацця. Каб дзеці і іх сем’і ў Святы дзень не засталіся без свежыны, бацька закалоў вепрука, маці наладавала ў сумкі каўбас ды іншага дабра, на стол пачастункаў наставіла. Знайшлася бутэлька магазіннай.
– Няхай Бог не крыўдзіцца, – пачала гаспадыня трохі вінавата, – не наўмысна раблю. Для мяне, калі вы прыедзеце – залюбавалася на сыноў, – тады і свята. А на Вялікдзень, хто ведае, можа, мне адной гэты кавалак і ў рот не палезе, як падумаю, што вам у горадз ўсё трэба купіць…
Спрабаваў расказаць тое маладой жанчыне, якая ўсе пасты, вялікія і малыя, абыходзіцца без скаромніны, нават без алею. Не даслухала, замахала рукамі…
Дзве маці: старая, васьмідзесяцігадовая, для якой кожны Вялікдзень можа быць апошнім у жыцці, і маладая рыначная гандлярка, чые дзеці чакаюць-недачакаюцца свята, каб атрымаць абяцаны шчодры падарунак за сваё доўгацярпенне. Хто з іх больш грэшны? Не ведаю, але часта пра гэта думаю.
ЛІВЕНЬ
Дождж, нібы забаўляючыся з самотным хадаком, то накрапваў, то зноў сціхаў. Мо яму падабалася, як над маёй галавой то распускаўся, то гаснуў тупаверхі купал парасона. Дождж, нарэшце, усё ж увабраўся ў сілу. Я заспяшаўся да бліжэйшай вярбіны. Вербы паласой (перарывістай, бо некаторыя дрэвы сваё аджылі) цягнуліся ўздоўж старой брукаванкі. Раскрыў парасон, стаў пад нахіленым камлём. А дождж усё прыбаўляў. Усё настойлівей, усё мацней лупіў па голлі, лістоце, па мытым-перамытым каменні.
Парасон ратаваў мала. Вада сцякала то на адно, то на другое плячо. Надзея папасці на цягнік паступова мізарнела. З усяго адзення сухім заставаўся толькі каўнер кашулі.
І тут я зусім нечакана падумаў, хутчэй адчуў, што не маю ніякай злосці ні на гэты дождж, ні на мацнеючы вецер. На душы лёгка і спакойна. Дождж чакалі. Чакалі травы і дрэвы. Чакала засмяглая, абпаленая сонцам зямля. Удзячная, яна маўчала, велічна дзякуючы небу, лагодзілася, паглынаючы-п’ючы ратавальную вільгаць. І як жа я, чалавек, частка той самай прыроды, мог злавацца, выказваць незадаволенасць? Дзіўна было б.
Так мы і паладзілі з дажджом. Нават сам Усявышні, гледзячы на вартую ўзнагароды рахманасць грэшнага і да ніткі прамоклага падарожніка, далёка ўбок адвёў грымоты, а маланкі бліскалі часта і незласліва.
УСЁ Ў СВОЙ ЧАС
Першыя дні маладога лета. У лузе травы буяюць. Жаўтавокіх рамонкаў – як хто насыпаў. Хараство!!!
Дзень, другі, трэці… Амаль што ўся трава скошана. Засталіся асобныя грывы-палосы. Зірнеш на няскошаную траву – чаго яна тут стаіць? Палюбуешся на роўныя даспяваючыя пракосы – хараство!!
Прыбралі сена. Свежых коп – не злічыць. Маладая атава падымаецца на вачах. І толькі нейкі нядбайла-гаспадар усё яшчэ сушыць. Падзівішся на ўрослыя ў траву парыжэлыя шнуры – паспяшайся, без сена застанешся, чалавеча! Глянеш на свежыя копы – хараство!!!
Папаўзлі да вёскі бухматыя вазы. У многа разоў мажнейшыя за іх, плывуць трактарныя прычэпы. Аж луг шырэй стаў. А хто гэта ля самай дарогі яшчэ сена зорыць? Копы аселі, скасабочыліся. Не па-гаспадарску! А кінеш вокам удалеч, удыхнеш непаўторны водар маладой травы… Хараство!!!
Усё цудоўна толькі ў свой час.
ПЯТЛЯ
Таполі было не болей за сорак гадоў. Столькі ж, як і самому гаспадару. Непрыкметна набрала яна вышыню, шырока раскінула над самай дарогай вецце. Плот за таполю “маладзейшы”. Аб тым няцяжка здагадацца: пазелянелыя жардзіны прыбіты іржавымі цвікамі проста да ствала. Слупы падгнілі, спарахнелі, і атрымалася так, што ў некаторых месцах павіслі на жардзінах, замест таго, каб трымаць іх.
Які гаспадар, такі і плот. Хоць чаму… Гаспадар якраз чалавек не прапашчы. Па свеце паездзіў, сям’ю, нарэшце, завёў, вярнуўся з грашыма. Да ўсяго ў райцэнтры асабняк сабе прыгледзеў, цагляны, з выгодамі. Праўда, да ладу яго яшчэ даводзіць і даводзіць. Але куды спяшацца?! З вясковай хаты ніхто не гоніць, бацькава яна. Добра, што дровы на месцы, у лес ездзіць не трэба. Высахне таполя на корані, тады бяры бензапілу. На паўдня працы.
Адшукаў чалавек сякеру ў сенцах, папляваў на далоні… Гулка адазвалася дрэва, пырснулі, паляцелі ў бакі трэскі. Няроўны, але дастаткова глыбокі раўчук абхапіў камель у паўметры ад долу. Пятля, якую і зацягваць не трэба…
Буйна цвілі ліпы, налівалася сокам садавіна. А побач знемагала, балюча гінула дрэва.
Смага… Сцежка жыцця, перабітая бязлітаснай сякерай…
Успомнілася: ”Тады падымаецца крона, калі беражэш карані”. Пятля на жывым целе паміж каранямі і кронай… Хоць, вядома, зусім не дрэва меў на ўвазе паэт.
ШКЛЯНКА МЁДУ
Апошнім часам у вёсцы ўсё часцей сталі сеяць жыта. У Зосі Кастусёвай жытам цэлы загон засеяны. Бацькі ( яны жылі асобна) паўміралі, запускаць поле – грэх, вось і пасеяла жыта, бо бульбы і на свае соткі ледзь хапіла.
Добрае жыта ўрадзілася: густое, колас важкі. Шкада – палегла ўсё. Яго і так давялося б сярпом жаць. Камбайнам не павернешся: тут і загароджа, і калодзеж, і садок сякі-такі. Уся надзея на талаку.
З тым і прыйшла Зося ў нашу хату.
– Раз трэба, значыць трэба, – адразу згадзілася маці. – Я, ты… Яшчэ каго трэцяга, то і не да позняга вечара будзе.
Ужо як Зося пайшла, маці адумалася раптам, што сярпа людскага ў яе-то і няма. Уручную апошні раз калі там жалі!.. Дакладней, сякі-такі “савецкі” серп быў, але, пратырчаўшы больш за чвэрць веку на гарышчы за кроквай, і без таго “не жаркі”, ён быў прыдатны хіба што зразаць лебяду на мяжы. Сапраўдных, “яшчэ польскіх”, сярпоў на вёсцы засталося не шмат – у самых старэйшых, такіх як бацькава сястра, а мая цётка Мар’я. Ёй было ўжо за восемдзесят.
Цётчын серп не падвёў. Гадзін да пяці жанчыны ўправіліся. Ой, не лёгка далося гэтае поле немаладым жнеям! Але і на гаспадыню крыўдаваць нельга было: і абед не адным салам адбыла, і без падвячорка не адпусціла. У Зосі невялікі пчальнік, яшчэ нябожчык муж завёў. Ліпавы мёд з раннімі агуркамі здаўся жанчынам райскім пачастункам. Каб не застацца павіннай, Зося, акрамя ўсяго, дала кожнай з талочніц па літроваму слоіку мёду з сабою.
Дома маці наліла па сподачку мёду ўнукам. Дастала чыстую гранёную шклянку і напоўніла яе да краёў: “Занясу Мар’і. Хай хоць лыжку абліжа. З яе задышкай мёдам толькі і лячыцца. Скажу, што серп зарабіў , калі будзе ўпірацца.”
Не хацела Мар’я браць мёду: “Гэта ж, кажуць, цяпер за кіло дзесяць тысяч. Як яго і есці. Куды мне старой! У цябе ж і самой ёсць каму даць”. А маці сваё: “Я не наемся, і ты не наясіся. Хоць на язык возьмеш”.
Здалася цётка Мар’я ўрэшце: “Няхай, раз так. Цяпер я яго есці не буду. А як прыйдзе пара ўміраць, то папрашу, каб далі лыжачку”. З тым яна і супакоілася. Старанна абматала мёд ручніком, патупала, тулячы шклянку да грудзей, у чысты пакой. Рыпнула вечка запаветнага куфра…
Вярнулася цётка Мар’я не хутка. Спынілася ў дзвярах, прыхіліўшыся да вушака. Яна цяжка, з сіпеннем дыхала, ражком хусткі выціраючы пачырванелыя павекі. Рукі ў Мар’і дрыжэлі.
* * *
Перачытаў напісанае і з болем падумаў, што такое мог даслаць у рэдакцыю чытач “Нашай нівы” яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя. Амаль сто гадоў таму. Сто гадоў!.. Мо толькі з сярпамі не было на той час клопату. І так горка, невыносна крыўдна стала на душы за нашу спрадвечную беднасць, за гэткую ўбогасць.
Не. Зусім інакшага жыцця заслугоўваюць нашы людзі!
ДАРАВАННЕ
Да дзяўчыны, якая самотна сядзела ля акна ў змрочным купэ агульнага вагона, падселі двое. Абодва хлопцы далёка не цвярозыя, заспаныя. Хутчэй за ўсё зялёны змій зваліў іх напавал гадзіны тры-чатыры таму, і цяпер, добра намуляўшы бакі на паліцах, яны патроху вярталіся да жыцця: чухаліся, прадзіралі вочы, смакталі выратавальнае піва.
Дзяўчына не прыгажуня, але прыемная з выгляду. Сумныя светлыя вочы, бледны твар, някідкае адзенне, кніга ў руках – студэнтка, хутчэй за ўсё.
Прызнацца, заўсёды прыкра адчуваеш сябе, аказаўшыся сведкам падобных дарожных заляцанняў. Добра яшчэ, хлопцы смірныя, з патугамі на інтэлігентнасць. Нават да знаёмства прыступілі толькі пасля трэцяга прабачэння. Стараючыся быць арыгінальным, адзін з іх, мо байчэйшы, мо больш цвярозы, намагаўся адгадаць імя дзяўчыны. Анжэла, Вікторыя, Вераніка… “Наташа”, – усміхнулася пасажырка неяк даверліва, безабаронна. А мне хацелася , каб яна наадварот абразілася, пакрыўдзілася, перасела ў суседняе купэ. Наташа, як высветлілася, была завочніцай, ехала на сесію. “Ну навошта, навошта ты нават знаёмішся і размаўляеш з гэтымі п’янтосамі, усміхаешся ім?” – хацелася запытаць. Хлопцы, як можна было зразумець, вярталіся з камерцыйнай паездкі, нешта чаўплі пра ”растаможаныя тачкі”, спявалі хвалу ўласнай разваротлівасці, бравіравалі знаёмствамі ды сувязямі. У аднаго з кавалераў, таго самага, байчэйшага ці больш цвярозага, брат, як высветлілася, працуе бармэнам у вядомым модным рэстаране. “Пойдзеш сама ці з сяброўкай, – раіў дзяўчыне, – скажы абавязкова, што Матузкова ведаеш – гэта маё прозвішча – і можаш на халяву выпіць “пэпсі-колы” ці порцыю фірменнага марожанага з’есці. Шампанскага не абяцаю, сама разумееш. А наконт салодкага – лёгка. І патанцаваць можна. Я на ўсякі выпадак тэлефон пакіну, мо і сазвонімся…” Наташа, губляючыся і ўсё больш чырванеючы, паклала ў сумачку шматок паперы з нумарам тэлефона.
Цягнік сцішыў ход, і хлопцы, уткнуўшы ў рот па цыгарэце, хістаючыся, накіраваліся да выхаду. Наталля пасядзела яшчэ колькі часу, прыкрыўшыся кніжкай.
– Вось такая яна, сучасная моладзь, – ні да кога не звяртаючыся, нібы падводзячы вынік маўклівага роздуму, ледзь чутна прамовіла немаладая, стомленая дарогаю жанчына. – Як будуць паважаць цябе, калі ты сама сябе не паважаеш!
Нудная цішыня ўсталявалася ў вагоне. Кожны думаў пра сваё. А яшчэ праз некаторы час… Наташа цяжка ўстала, аберуч трымаючыся за столік, зрабіла некалькі крокаў. Правая нага, перш чым дзяўчына станавілася на яе, спачатку ішла ўбок, пасля, дугою, – уперад. Хто б мог прадбачыць… Як добра, што тыя двое так і не здагадаліся! А сам?.. Магчыма, гэтыя на добрым падпіцці кавалеры былі адзінымі ў жыцці нашай спадарожніцы хлопцамі, якія ўбачылі ў ёй дзяўчыну, а не пакутніцу?.. І пабыць у ролі такой дзяўчыны хоць бы адну-дзве гадзіны, адказваць хай сабе і на банальныя, тупаватыя кампліменты (пры гэтым, што ўжо там казаць, прыціснуўшы ў пэўнай меры ўласную годнасць) – хіба гэта не заслугоўвае даравання?
ЧУЖАЯ БРЫТВА
Непрыгожых дзяцей не бывае. Алёша (сямігадовы сусед па ложку ў бальнічнай палаце) не быў выключэннем. Даўгаватыя кучаравыя валасы, ямачкі на прыпухлых ружовых шчоках – анёл не дзіцянё.
– Сам светлы, а вочы чорныя. Рэдкае спалучэнне, – дзівілася маладая медсястра. – Вырасце – ні адна дзяўчына будзе сохнуць па ім.
– Не, вочы ў яго не цёмныя, а светла-шэрыя, не згаджалася сяброўка-зменшчыца. Я спачатку гэтак жа думала, а пасля спецыяльна прыгледзелася. Вочы зусім светлыя і сумныя, а вось зрэнкі буйныя і чорныя.
Усе ў аддзяленні ведалі, што малы расце без бацькі. “А хто яго ведае дзе? Кінуў нас і забыў”, – тлумачыў малы і смешна разводзіў рукамі.
Хлопчык цягнуўся да мужчын, і мы, чацвёра сямейных, пасля сарака мужыкоў, распытвалі яго пра жыццё, грэючыся каля дзіцячай шчырасці.
Пасля “ціхага часу” да малога прыйшла маці, маладая прыемная жанчына, пасля, праз гадзіну – маміна сяброўка, пасля – маміна сястра, у якой, казаў Алёша, муж заўсёды ”п’яны як квач”… Жанчыны прыносілі прысмакі і цацкі. Малы шчыра радаваўся. А ў мяне не выходзіла з галавы ранішняе. Я ўключыў электрабрытву, упершыню за час паступлення да нас Алёшы. Хлопчык з цікавасцю, не адрываючы вачэй глядзеў на будзённую, надакучлівую мужчынскую працэдуру. Дачакаўшыся канца, спытаў, як гэтая “штука” называецца. Я даў Алёшу патрымаць брытву ў руках, дазволіў папстрыкаць выключальнікам. І салёны камяк міжволі падкаціўся да горла: як гэта горка, як гэта крыўдна, ненармальна, калі шасцігадовыя хлопчыкі ўпершыню бяруць у рукі чужую, а не татаву брытву!
“МÁНЁ! ДОЖДЖ!”
Ёсць людзі – галодныя да працы. Яны зусім не сквапныя да грошай, але, ухапіўшыся за працу, у гарачцы не могуць спыніцца, не ведаюць разумнай меры. І нічога, што ў дровах завяліся вужы, а стажкі духмянага некалі сена ў двары ператварыліся ў гной. Гаспадар, не заўважаючы гэтага, ладуе яшчэ адну павець, поруч са счарнелымі стажкамі ставіць свежыя.
Чалавека, пра якога я хачу расказаць, ужо няма. Забіла маланкай. Быў звычайны будні дзень. Мужчыны касілі. Рыгор, пачаўшы яшчэ прыцемкам, закончыў сваю дзялянку да позняга абеду і цяпер, ідучы дамоў перакусіць, дбаў, што б яшчэ ўрваць, куды прыкласці рукі ў другой палове дня. Раптоўна насунулася хмара, некалькі разоў бліснула маланка, грымнула – і няма чалавека. Дождж нават не праліўся. За што прагневаўся Бог?..
Рыгора на вёсцы празывалі Шчырым. Мянушка гэта пасавала яму як найлепш. Рыгор і сябе не шкадаваў, і жонку мардаваў, і дзецям не даваў спуску. Кладзе, бывала, Шчыры стажок. Жонка зверху топча. Надвор’е – лепшага не трэба. А той: ”Ма-а-а-нё! Дождж!” Валіць і валіць сена, нічога не чуе, нічога не бачыць. Беднай кабеце няма калі і носа выцерці.
“Манё! Дождж!” зрабілася ў вёсцы іранічным выслоўем. Падсадзіць, напрыклад, іншы гаспадар жонку на капу сена і не праміне сказаць: “Хутчэй, хутчэй, Манё! Дождж!” Няхай нават жанчыну і зусім не Маняй завуць.
Прыгадаў Шчырага і падумалася: ”Як не па-людску гэта, калі чалавек не бачыць нічога, апроч краю загона, калі салёны пот хавае ад вачэй сейбіта кветкі на узмежку”. Спынімся, агледзімся, узнімем вочы ўгору, не толькі молячы ў Творцы добрага надвор’я і сілы для завяршэння спраў, але і для таго, каб адшукаць жаваранка ў звонкай вышыні. А тады, пасля, – зноў за працу. І шчыра, у ахвоту, бо, як у нас кажуць, “Ма-а-а-нё! Дождж!”
АДНОЙЧЫ І ЗАЎСЁДЫ
Летняя раніца. Яшчэ не развіднела. На кухні ціха перагаворваюцца бацькі. Ведаю, што яшчэ звечара тата запланаваў мноства спраў, і намагаюся расплюшчыць вочы. Ад учарашняй касы баляць плечы, паясніца, торгаюць мазалі.
– Уставай, сынок, – голас маці з кухні, – снедаць будзем.– Ніколі не “ўставай, трэба касіць” або “ўставай, пара выганяць статак”. Пра ўсё гэта пасля, за снеданнем.
МУДРАСЦЬ ЗЯМЛІ
З ранняга юнацтва… Пакрыўдзілі. Пакрыўдзілі моцна, незаслужана. У горле камяк. Далей ад людзей… Падаеш ніц на кінуты долу пінжак, даеш волю слязам. Ад падкладкі гаркаваты прысмак на вуснах. “Чаму?.. За што?..” – паддаешся жалю. Невыносна шкада сябе. Недарэчная думка студзіць кроў у жылах. Не бачыць гэты несправядлівы свет, дзе ты нікому не патрэбны, дзе кожны толькі і думае, каб зрабіць табе балюча…
Дзесяць, пятнаццаць хвілін… Спакваля, паступова прыходзіць цвярозы одум, а з ім жаданне дзейнічаць, дамагацца, перамагаць. З’яўляецца добрая, выратавальная злосць на самога сябе…
Цяпер разумею: гэта зямля шчодра дзялілася сілай і паглынала дурноту.
Як хочацца часам і цяпер уткнуцца на доле ў падкладку таго паношанага пінжака. Ці дапаможа?..
НА ЎВАХОДЗІНАХ
Як каму, а мне заўсёды прыемна, калі ў кампанію маладых трапляе чалавек сталага веку, добры апавядальнік і цікавы суразмоўца. Такім чалавекам якраз і быў дзед Кірыла. За сваё доўгае жыццё ён удосталь паспытаў і горкага, і салёнага. Дзеду восемдзесят чатыры, а трымаецца яшчэ – дай Божа кожнаму. Хоць якое там здароўе. Нішто з таго, што – каго раней, каго пазней – давяло да магілы многіх аднагодкаў, і яго не мінула.
Валера, мой стрыечны брат, на той час атрымаў кватэру ў раённым цэнтры. З гэтай нагоды і ладзіў уваходзіны: няхай ведаюць родзічы, што і ён не лыкам шыты. Дзед Кірыла быў, бадай, самым паважаным госцем. Перш чым прысесці да стала, стары доўга аглядаў кватэру, уключаў і выключаў святло і задаволена ківаў галавою.
– Ну як, дзеду, мае палаты? – Валера аж свяціўся ад задавальнення. Бачыў, “палаты” не пакінулі дзеда абыякавым.
– Малайчына, унучак! Пэўна, не мала папацеў. То ж такія харомы адгрохаў! І ўсё сам, без бацькі, без талакі, – са шкадаваннем і ледзь заўважнай іроніяй прамовіў стары.
– Для поўнага шчасця не хапае яшчэ аднаго пакоя, – нічога не заўважаючы, працягваў Валера.
– Як гэта? На трое чалавек – чатыры пакоі? – дзівіўся дзед. – Н-е-е-е… Пацягаў бы, даражэнькі, дровы з лесу, як я, – і ад трох адмовіўся б. У нашага брыгадзіра каня дапрасіцца – жыць не захочацца. А дроў многа трэба. Хата спарахнела, цяпло не трымаецца. Ніякая прызба не ўратуе.
За сталом зрабілася ціха. Было адчуванне віны перад чалавекам, які колькі жыў – імкнуўся да вартага жыцця. А яно, жыццё, мінае, і спадзявацца на лепшае няма сіл і няма ўжо калі.
На добрым падпіцці маладыя скакалі на лесвічнай пляцоўцы. Дзеда з пашанай уладкавалі адпачываць да суседзяў.
Разыходзячыся, напаўзнаёмыя стрыечныя браты і сёстры мяняліся адрасамі і тэлефонамі, каб пасля ніколі не напісаць і не пазваніць…
Некалькі гадоў як няма дзеда. А я і цяпер бачу, як нясмела і асцярожна двума вузлаватымі пальцамі дзед Кірыла паварочвае матавую галоўку крана з гарачай вадой у ванным пакоі і па-дзіцячаму здзіўляецца.
НА ПАВАДКУ
Скураны павадок быў даўгаваты. Адзін яго канец пятлёй зашморгваўся на поясе хлопчыка гадоў пяці, не болей, другі быў наматаны на руку яшчэ не старога мужчыны – хутчэй за ўсё дзеда, – які шоргаў нагамі акурат па сярэдзіне ціхага завулка. Калі малы, зацікаўлены нечым сваім, раптоўна спыняўся, прысядаў на кукішкі, мужчына тузаў павадок, нацягваў яго, і малому, хочаш не хочаш, даводзілася слухацца. І так амаль штодня.
– Навошта вы яго закілзалі? – спытаў я, калі мы сустрэліся ў першы раз.
– Не маю моцы бегаць за гэтакім неслухам. Шкура на ім гарыць. Толькі і глядзіць, каб што ўчвэрыць, – скардзіўся мужчына і, нібы шукаючы спачування, працягваў: – У мяне, бачыце, хворыя ногі. Другі год як на ўліку ў паліклініцы. Мушу хоць такім чынам гуляць, бо зусім закрыць у кватэры – з глузду за дзень з’едзеш з ім.
Пад час нашай размовы хлопчык дзіцячаю лапаткай пракапаў раўчук – намерыўся выпусціць у канаўку мутную лужыну. Зацурчэла вада.
– Малайчына! Цяпер самы час плаціну пабудаваць, – пахваліў я малога, спрабуючы абараніць ягонае права хоць на нейкую волю.
Паглядзеўшы на свайго непажаданага суразмоўцу безуважнымі вачыма (усё ж не паспачуваў старому), мужчына, не паварочваючыся, тузануў павадок…
Ці ж не так і мы на павадку чужых інтарэсаў, чужой дурноты, на павадку дробязных клопатаў пра кашулю і хлеб на кожны дзень. І як гэта кепска адчуваць сябе на павадку любой даўжыні, хто б ні быў, што б ні было на яго другім канцы.
Як гэта невыносна – быць на павадку!..
ГАСЦІННАСЦЬ
Госці – хоць і жаданыя, але нечаканыя – зваліліся як снег на галаву. І трэба ж такому здарыцца: у каморы, у запаветнай бутлі – ні кроплі. Закруціўся апошнім часам дзед Міхайла. Як кажуць, восень – работ восем. А без людзей у яго ўзросце не ўправішся. Дзе бутэлькай аддзячыш, дзе і чарка выратуе. Учора якраз апошнюю выцадзіў.
Для самога старога – гары гэтае зелле ясным полымем. Нават у маладосці не ласы быў да яго, а цяпер тым больш. Але ж гасцям пра тое не скажаш. Пляменніка ў апошні раз гадоў з дзесяць назад бачыў, калі той сына ў войска праводзіў. Тады, за сталом, і пасля ў лістах неаднойчы прасіў не забывацца на радню. Вось і дачакаўся. Калі яшчэ ўбачыш усіх і ці ўбачыш?!
Папрасіў дзед прабачэння, паспяшаўся напрасткі да суседа, ад суседа да кума, да другога суседа. Ледзь не ўсю вуліцу абышоў у пошуках паўлітэркі. Няма, ці шкадуюць, ці не пазычаюць бо нядзеля?.. Што зробіш. Зніякавелы, прыгнечаны вяртаўся стары да парога.
– Лепш бы, людцы дарагія, я застаў вуголле на месцы хаты, чым мець перад вамі такую ганьбу, – з гаркотай кінуў на лаву шапку…
Яшчэ адна рыска да разумення беларускага характару.
ГАСЦІНЕЦ ДЗЕДУ
Вясковага выгляду жанчына, гадоў мо пад шэсцьдзесят, у гастраноме насупраць чыгуначнага вакзала купляе пачак дарагіх цыгарэт, укладвае ў цэлафанавы пакет здобу.
– Дамоў еду, – загаворвае з прадаўшчыцаю. – Трэба ж і свайму дзеду гасцінцы завезці. Ад самасаду, жаліцца ён, у горле дзярэ. Многа – не, колькі той пенсіі, а пачак узяла – няхай сабе пацешыцца.
– А што, гэта таксама ўсё яму? – ківаю на ладны пакет, у якім з дзесятак булачак, пернікі, заварное печыва.
– А ў нас, мілы чалавек, хлеб завозяць раз на тыдні, а то і зусім забудуць. Бяром у запас. А паляжыць тры дні – не пракаўтнуць, – радая была растлумачыць жанчына. – Такія нашы гады. Хочацца, каб чаго мяккага. Мой стары, дай яму Бог здароўя, тры дні сам з гаспадаркай упраўляўся, пакуль я дзяцей праведвала. Зарабіў у мяне.
Жанчына ўладкавала пакупкі ў паношаную сумку, адышлася.
Прыемна ўсміхнулася дзяўчына-прадаўшчыца. Ажывіліся, загаварылі між сабой пакупнікі. Цікава было назіраць, як жанчыны больш сталага веку, бы згаварыўшыся, прасілі пакласці ім з паўдзесятка пахучых, добра прапечаных, са слядамі цукровай пудры булачак.
ХОЦЬ КРЫХУ НАЧАЛЬНІК
Школьны сябар адзначаў дзень нараджэння. Застолле прайшло як у добрых людзей. Каб яшчэ не ён, той пралаза…
Гавораць, каб чалавек убачыў у тваёй асобе прыяцеля, дай яму магчымасць сказаць пра сябе. Ці набіваўся хто ў сябры да майго суседа па застоллі – сказаць цяжка. Але ж колькі можна!.. Лапоча і лапоча без перадыху. ”Мне і кажа Апанас Пятровіч… Іван Рыгоравіч паляпаў мяне па плячы і кажа… Андрэй Лукіч пахваліў мяне за прапанову і дадаў…”
Выходзіла, што звычайны ляснік – ледзь не першы чалавек у лясгасе. Балбоча, гародзіць. І пад канец як выснова:
– Калі разабрацца, мужыкі, выходзіць, што і над вамі я хоць крыху начальнік. – Раптоўна сціх, нібы засаромеўся ўласнай шчырасці.
Ніхто не аспрэчваў. Начальнік – ну і хай сабе. Адным больш. Толькі ўсяго.
Чаму ж так улез у памяць той маларослы, лысаваты ляснік, той “хоць крыху, але начальнік”?
ЁН, ЯНА, ЯНЫ…
Мужчына гадоў трыццаці ў чарзе за таннымі цяплічнымі агуркамі. Бледны, худы, нецвярозы. На ім даўно не чышчаныя чаравікі з пазбіванымі абцасамі, цесны – што асабліва дзіўна пры яго незвычайнай худобе – пінжак, пакамечаныя штаны. Твар асунуты, шэры, і толькі вочы выдаюць тое, што чалавек усё яшчэ намагаецца не паддацца згрызотам жыцця. За рукі мужчына трымае хлопчыкаў гадоў чатырох-пяці. Абодва – бацька ў мініяцюры, – узлахмачаныя, з закарэлымі пісягамі ад носа на ўсю шчаку, у цесных штоніках і сандалях на босую нагу.
– Ребята! Ребята! Извините, малость выпил. Это всё ваша мать виновата, – прыкладае мужчына руку да грудзей. – Ребята, как считаете, может нам поискать другую мамку?
Дзеці не рэагуюць…
На другі дзень сустракаю іх зноў. Мужчына цвярозы, пакамечаны яшчэ больш, з’явіўся сіняк пад вокам. Наперадзе, крокаў за пяць, выступае на высокіх абцасах апранутая па модзе, нават з выклікам, сярэдніх гадоў жанчына. Рукі ў кішэнях моднай курткі, на плячы бліскучая-сумка кашалёк. Недарэчны бант у рэдкіх, пясчанага колеру валасах.
– Татьянка! Как считаешь? Что если на яблоки ребятам разориться? У меня завтра аванс, – вінаваціцца бацька.
– Идиот! – атрымлівае ў адказ.
Мужчына на хвіліну спыняецца, чакае, пакуль жонка адыдзецца, і цягне малых бліжэй да піўнога кіёска.
ЖЫВІ, БЕЛЫ БУСЕЛ
Сярэдзіна жніўня. Пятая гадзіна раніцы. Сонца яшчэ не ўзышло, але цемра патроху рассейваецца. Едзем з бацькам па сена. Шлях няблізкі, і, каб вярнуцца да паўдзённай «кускі» – якраз пара аваднёў, – трэба спяшацца.
Аднак што гэта над самай дарогай? Ануча матыляецца на высакавольтнай лініі? Здалёк і не разгледзіш. Набліжаемся – і ўсё становіцца зразумелым. На электрычным провадзе – бусел. Малады, толькі што з гнязда буслік. Ногі зусім яшчэ белыя, не паспелі абмыць іх жнівеньскія росы. Птушка гойдаецца на верхнім провадзе. Каб не ўпасці, яна з усіх сілаў намагаецца трымаць раўнавагу – бесперапынна ўзмахвае крыламі, падгінаючы ногі на кожны ўзмах. Але адштурхнуцца і ўзляцець не можа. Знізу, пад стомленымі крыламі, правады. Снапы іскраў, імгненная смерць – варта толькі буслу выпадкова дакрануцца да любога з іх. І што ты, чалавек, тут можаш зрабіць?.. Чым дапамагчы птушцы?..
Разгубленыя, мы ад'язджалі ўсё далей, а буслік махаў і махаў яшчэ кволымі, маладымі крыламі.
Вярталіся гадзіны праз тры. Ці абышлося? Ці ўлучыў дзюбаты зручны момант, каб адарвацца ад провада, ці ляжыць, нерухомы, з распластанымі белымі крыламі на бязлюднай гравейцы?..
Якая радасць: птушкі не было! Значыць, усё ж узляцеў, неразумны. На душы зрабілася лёгка: на адну смерць у свеце будзе меней.
Міжволі падумалася пра сябе, маладога. Колькі зроблена неабачлівых учынкаў, калі ад бяды аддзяляў нейкі крок – ад няведання, ад залішняй упэўненасці і легкадумнасці. Колькі пераадолена расстаўленых ненаўмысна жыццёвых сілкоў, вырывацца з якіх даводзілася іншым разам і доўга, і пакутліва-балюча!..
Няма нічога страшнейшага, калі, маючы крылы, – не можаш узляцець, маючы моцныя ногі, – не можаш адштурхнуцца…
Жыві шчасліва на роднай зямлі Божая птушка, белы бусел!..
ЛЯЛЬКІ
Цэнтральны магазін. Апошні дзень старога года. У гандлёвай зале незвычайна малалюдна. Панурая чарга, чалавек мо дваццаць, толькі ля аддзела ёлачных цацак. Нічым не прыкметны мужчына не зусім яшчэ сталага веку прыпыніўся таксама. За руку ён трымае хлопчыка гадоў пяці. Хутчэй за ўсё, чалавек не прыдбаў тое, за чым прыйшоў. З той прычыны твар у яго насуплены, і ні велічныя кароны прадаўшчыц, ні бліскучыя стужкі ў прыбраных валасах, ні прыемныя ўсмешкі не дадаюць пакупніку святочнага настрою.
– Тавар абы-які, а яны, бач ты, як расфуфырыліся, – незадаволена бурчыць мужчына, каб чулі не толькі ў чарзе. – Сядзяць, бы тыя лялькі. Хоць ты іх саміх купляй, ці што?
– Дзядулечка, – занепакоіўся хлопчык, – толькі калі будзеш купляць, то выбірай самую прыгожую.
– А ўжо ж, – нарэшце ажыўляецца дзед, абавязкова.
У АЎТОБУСЕ
Гаманлівы гурт першакласнікаў у гарадскім аўтобусе, чалавек трыццаць. «У тэатр едуць», – здагадваюся па размове. Холадна. Шыбы заінелі. Але дзеці ёсць дзеці. Хукаюць на пальцы, на далоні і пакідаюць – варта аднаму паказаць – на ўзорыстым шкле адбіткі. А гэты малы настойліва, з вялікім цярпеннем прагравае пасінелымі пальцамі абрысы падэшвы. Дакладна. Прафесійна. Каб не бачыў – век не здагадацца. Палічыў бы, што дзівак нейкі ногі марозіў.
У бок упартага мастака скіраваны цёплыя, зычлівыя позіркі пасажыраў. Хто ведае? Можа здарыцца так, што мы ехалі ў адным аўтобусе з будучым вядомым творцам: мастаком, паэтам, а што з чалавекам адметным – гэта дакладна.
НЕ АДНОЛЬКАВЫЯ
Святланка толькі пачынае вучыць літары. Яна дакладна ведае, што «М» – гэта маміна літара, «Т» – татава, «Б» – значыць, бабуліна, «В» – дзядзі Віктара, каторы плюшавага мядзведзіка падарыў на дзень нараджэння.
А чаму гэта ў мяне і ў цёткі Светы літары аднолькавыя? – не разумее Святланка. – Ці ж мы аднолькавыя?..»
ЗЛАЧЫНСТВА І ПАКАРАННЕ
Шасцігодкі-першакласнікі яшчэ не навучыліся як след манеўраваць паміж калонамі ў вестыбюлі школы. Тут прасторна, можна пабегаць і ў даганялкі пагуляць, пакуль дзяжурных няма. Не тое што ў садку.
Не паспеў Алесік хуткасць набраць, як трах…У самога іскры з вачэй, а незнаёмы аднагодак за шчаку трымаецца.
Пакаралі Алесіка. Цяпер цэлы перапынак трэба стаяць ля парты. Хлопчык не злуецца на Марыю Віктараўну. Вінаваты, што тут скажаш. Але стаяць так сумна. Сябры ў калідоры новую гульню прыдумалі, а ён тут адзін на ўвесь клас. А мо даравалі?..
– Марына Віктараўна, – наважыўся Алесік. – Я больш не буду. Дазвольце мне хоць на месцы трохі пабегаць.
ШВАРАБЕЙ
Прыйшоў у школу, у першы клас, хлопчык-палешучок з аддаленых хутароў. Стараецца настаўніца, старэйшыя дзеці – школа малакамплектная – па яе даручэнні вучаць нябогу гаварыць «як трэба». А сваё, роднае, не адпускае.
– Хто гэта? – пытае настаўніца і паказвае на малюнку шэрага, задзірыстага – зусім як жывога – жэўжыка-верабейку.
Швораб, адразу пазнаў малы, але ж як гэта «па-правільнаму»? Думаў-думаў і, калі ўжо старэйшыя сталі стрымана пасміхацца, вымавіў упэўнена і выразна, як вучылі: «Эта шварабей!»
І хацеў бы – не прыдумаеш. Засела ў памяці слоўка з тае самае пары. Нават вобраз пэўны цяпер за ім бачыцца. Загаворыш іншым часам з земляком, з «новых» (за мяжой пажыў, гаварыць навучыўся, прозвішча падправіў – не Кукса ён цяпер, крый Божа, а Куксо, не Лапата, а Лапато,– не крошкі збірае – чацвёрты ці пяты аўтамабіль памяняў), а на памяць прыходзіць, і нічога з гэтым не зробіш, прысаромлены выбухам нязлоснага дзіцячага смеху, збянтэжаны Андрэйка-палешучок. І перад табой ужо не Іванаў Сяргей, з якім разам мералі лужы ды каталіся вясною на крыгах, а задаволены жыццём, з папсаваным, перакручаным прозвішчам роднага бацькі Шварабей Іванавіч. Аж усміхнешся іншым разам.
ЦЯЖКА ЗРАЗУМЕЦЬ
Яшчэ з тых, запольскіх часоў…
Незадаволены заказчык, прымерыўшы куртаты кажух, з крыўдай у голасе, ледзь не са слязьмі журыць краўца:
– Ну, дрэнна пашыў – разумею. Лепш не можаш. Ну, дорага ўзяў – разумею. Так людзі бяруць. Але ж навошта аўчыну прыхаваў?..
Ва ўсе часы чалавеку сумленнаму няпроста зразумець прайдзісвета.
А ВЕПРУЧОК – ЗДОХ!
Адзін з тых выпадкаў, пра якія кажуць: і смех і грэх.
Павел, па-вясковаму Паўлуша, штогод астаўляў «на сала» вепручка-кормніка. Калі кнырык дасягаў адпаведнага свінячага ўзросту, Паўлуша клікаў калгаснага ветэрынара. Той за некалькі хвілін віртуозна рабіў кастрацыю, браў бутэльку, яшчэ на паўлітра грашыма і знікаў да наступнай вясны. Паўлуша, ён прысутнічаў у якасці асістэнта, не міргаючы, як сумленны вучань, сачыў за працэсам. «Ат, пустая справа, – вырашыў ён. – Ёдам мазнуў, брытваю чыркнуў – і гатова».
Гэта было мінулым разам, а сёлета гаспадар рызыкнуў – сам спраўлюся. У сябе самога бутэльку зараблю. І зарабіў…
– Ну ўсё ж так рабіў, як ветэрынар, – дзіваваў Паўлуша раніцай наступнага пасля аперацыі дня, – а вепручок здох.
ХАЙ ЛЕПШ НЕ БАЧАЦЬ
Як раніцай занесці трохлітровыя слоікі з яшчэ цеплаватай, чыстай – прапушчанай праз марлю і пясочак – гарэлкаю з летняга будана, дзе яна няспешна цадзілася з апоўначы, у камору, на вышкі ці – гледзячы па абставінах – у яслі да каровы? Занесці так, каб ніхто нічога…
Ды вельмі проста. Пастаўце ў парожнія вёдры па слоіку – і справа вырашана. За дзень гаспадыня з вёдрамі столькі разоў перамерае шлях ад ганка да летняй кухні, хлява і калодзежа, што лішні рэйс не будзе заўважаны нават зайздроснікам-суседам, які так часта лечыць душу, што не дае бразе выстаяцца, ні другім ласым на дармавое суседам, які не трымае брагу, бо “зяць усё роўна выжлукціць”.
Яно калі і заўважаць адзін ці другі, то нічога страшнага, але няхай лепш так, хай лепш не бачаць.
ПАЧАСТУНАК
Падрадзіліся мы з сябрам пасля працы сена чалавеку прывезці. Студэнцкі атрад размясцілі ў будынку школы, а хата цёткі Алены побач, па-суседску. Чаму б і не дапамагчы адзінокай жанчыне. Добрая вячэра ў такіх выпадках гарантуецца. І няўцям было, з якой прычыны наш загадчык гаспадаркі пасміхаецца: ”Ну, ну, папрацуйце, раз маеце жаданне”. А цётка нічога сабе, увішная, гаваркая, не засумуеш. Над нашай худзізною пажартуе, гарадскіх паненак падкузьміць. Глядзіць хітравата, як адрэагуем.
Трэба сказаць, што напрацаваліся мы як мае быць. Не сорам і да скваркі бліжэй прысесці. Праз хуткі час на свежым абрусе з’яўляецца, як і належыць ёй, паўлітэрка. Курачка запечаная сквірчыць, што аж у носе казыча, каўбаска пахне, агурочкі раннія дражняць.
Выпілі, паспрабавалі курачку, паспрабавалі каўбаску – гарчыць усё, пракаўтнуць немагчыма. А гаспадыня падлівае, талеркі падсоўвае: ”Ешце, хлопчыкі, частуйцеся. Гэта вам не ў горадзе. У мяне ўсё сваё. Напрацаваліся, бедныя”. Мы адзін на другога глядзім, моўчкі жуём бы не сваім ротам. Адмаўляцца станеш – пакрыўдзіцца добры чалавек. І няўцям, што хітрая і сквапная маладзіца ўсё знарок перасаліла, пэўна здагадваючыся пра славуты студэнцкі апетыт. Пахмялелі ад такой закускі, а пляшку ўсё ж даканалі. Астатняе, за выключэннем агуркоў, засталося амаль некранутым.
Хапіла потым жартаў у вёсцы. Адкуль толькі хто даведаўся? “Раскажыце, хлопцы, як вы ў Сямёнаўны каўбасы елі”, – жартавалі мясцовыя.
Чорт бы ўзяў скнару гэтакую з яе пачастункам. Але ж і прыправа была, але ж і пахі!..
ЯЗЫК У ТРУБАЧКУ
У вёсцы капаюць бульбу. Працы – не прадыхнуць. Насця Петрыкава, увішная кабета гадоў пад пяцьдзесят, на сваіх сотках управілася раней за іншых і цяпер дапамагае тым, хто папросіць. Такса цвёрдая: дзень на полі – дзве бутэлькі магазіннай.
– Чаму так танна? – цікаўлюся. – Узялі б лепш грашыма. Цэлы дзень гнуць спіну за гэтую праклятую паўлітэрку.
– Што зробіш, даражэнькі, калі так выпіць хочацца, што аж язык у трубачку скручваецца, – горка ўсміхаецца жанчына.
ПАД АБЦАСАМ
Цётка Наста і яе суседка Ганна не бачыліся дні два, таму пагаварыць ім ёсць пра што.
– Бедны Санька, – шкадуе цётка Насця. – Як толькі чалавек вытрымлівае! Гэта ж паглядзі. Да світання зварыць, гаспадарку ўправіць, на ферму замест жонкі бяжыць. Ад раніцы да вечара касу цягне – і зноў да кароў. А колькі там ёсць таго Санькі! Высах, бы тая трэска. Полы ў пінжаку да каленяў звісаюць. Кепку на вочы нацягне і пашыбаваў. Дзе толькі тая сіла бярэцца?!
– А муж які клапатлівы, – перапыняе Ганна. – Жонку, кажуць, па пуцёўцы адправіў у санаторыю, да мора. Маруся ў яго – як тая засланка, а бач ты, нейкая трасца прычапілася. Толькі ж ты, Настачка, пэўна, даўнавата бачыла Саню, раз так хаіш. Ён за гэты месяц, як Маруся паехала, пажвавеў і нават з твару стаў маладзейшым. А то ж галіўся адзін раз на тыдні. Здаецца, плечы выпрастаў і нават вочы перастаў жмурыць. Сёння ўранку незнарок сустракаю ля фермы. Раней буркнуў бы што пад нос, а то пытае неспадзявана: «Як, Харытонаўна, жыццё маладое?» Я знянацку разгубілася. Ну і пастаялі якую гадзіну, пагаварылі.
– Мо і твая праўда, – лёгка згаджаецца цётка Наста. Яму то што! А жанчына бедная там кожны дзень пра гаспадарку думае, і масажы ў радасць не будуць.
– Д'ябал разбярэ гэтых мужыкоў, – заключае Ганна.
– Ого! Маеш рацыю, – падтрымлівае яе суседка, і размова пераходзіць на зусім іншае.
ПАКУЛЬ НЕ ЗАСПЯВАЕМ
Лявон і яго даўні сябрук Міхась – вядомыя ў акрузе выпівохі-механізатары. Выпівохі вядомыя, але яшчэ не зусім, як кажуць, адпетыя. Дапамагчы каму – ніколі не адмовяць. Разлік, зразумела, «натурай», ну і тысячу-другую на «папраўку галавы». Надвячоркам прывезлі хлопцы бульбу з поля старой Матвушчысе.
– Што вам, дзеткі, за працу? – непакоіцца тая.
– Браць з вас, бабуля, грошы нам сумленне не дазваляе, – высакародна павёў гаворку Лявон. – Мы па-простаму: пасядзім за сталом, пакуль не заспяваем, – і ўвесь разлік.
Выпілі хлопцы па дзве стограмоўкі, павесялелі, разгаварыліся. Лявон у добрым настроі сабраўся ўжо па звычцы «Шумяць вербы» зацягнуць, але Міхась яго так ушчыкнуў, што той ледзь не войкнуў. Пасля чацвёртае зусім стаміліся. Языкі ў абодвух пачалі заплятацца настолькі, што небаракі перасталі адзін другога разумець. Нарэшце Лявон, ён масціўся на канапе, адкінуўся на спінку і захроп, засвістаў. Міхась, як мацнейшы, каўтануў яшчэ і, мармычучы нешта сябе пад нос, гойдаўся на рыпучым табурэце ва ўсе бакі, пэўна, прыпамінаючы словы песні. Хутка і ён прыладзіўся на ражку стала, пасунуўшы ілбом талерку з агуркамі.
– Ой, што ж я з вамі рабіць буду? – завойкала старая. – Звязалася на сваё гора. Цяпер праспяцца – і ўсё спачатку. Чакай, пакуль злітуюцца, заспяваюць. Не напасешся гэтай атруты.
Раз-пораз п'яны храп ды пасвістванне перарываліся няўцямным балбатаннем і трызненнем.
Песня не атрымалася.
ТРОЕ Ў КАБІНЕ
За вочы яго так і клікалі – Месячыкам: блакітнавокі, з прыемнай ўсмешкаю малады мужчына, твар – што той маладзік. А ўжо бацька!.. Пасадзіць малых на сядзенне побач – і тыя цэлы дзень пры ім, навідавоку. Сам абедае – хлопцы таксама агуркамі хрумстаюць, грузавік у рэйсе – сыны ў кабіне пагойдваюцца. Двое іх у Месячыка – круглатварых і бялявых – ну, выліты бацька! – блізнятак.
Зайздросцяць вясковыя маладзіцы Наталлі, Васілёвай жонцы. Але ж і раўнівая яна ў Васіля Месячыка! Каб суджаны, крый Божа, не падвёз якую спакусніцу, клапатлівая маці прапісала на свабоднае месца ў кабіне Рыгорку і Петрыка. Вось тыя і трасуцца па калдобінах у летнюю духату дзень пры дні.
Сустрэне Наталля адну, другую суседку, між іншага пра мужа спытае. З кім пастаяў, з кім словам перакінуўся. Не хочуць людзі грашыць. Добрай душы чалавек, яе Васіль, не валацуга, не бабнік.
– Быць такога не можа, – не згаджаецца Наталля. – Святым прыкідваецца, а сам толькі чакае выпадку. Ці ж не бачна, як з твару мяняецца, калі пра новую брыгадзірку размова заходзіць. Дык не ж! Дулю ёй! Будзе вуды закідваць – не паздаровіцца блудніцы!
Чорная рэўнасць доўга не дае Наталлі вечарам заснуць. А ранкам яшчэ заспаныя, прыцішаныя, толькі з пасцелі, Рыгорка і Петрык зноў матыляюцца ў кабіне бацькавага «газіка».
ЗА ЧУЖУЮ ДУШУ
З вясны ў калгас прыехалі аднекуль тры маладыя сям'і: не знайшлі людзі месца ні ў горадзе, ні ў сябе на радзіме. Пустуючых хат у вёсцы хапае. У гэтых аджыўшых свой век, спарахнелых пабудовах і туляцца прыезджыя год-другі, пакуль не заробяць права на жыллё з выгодамі. А іх халабудзіны пасля таго займаюць іншыя, хто прыехаў пазней.
Адна такая хатка пад бокам у Пятра Багнюка, адзінага на ўсю вёску трыццацігадовага халасцяка. Пятро з той пароды, каго не толькі людзі, але і чэрці не ажэняць. Сам дробны, нізкарослы, паўтара метра з шапкай, – а да чужых жонак аж занадта здатны. Ніколі не скардзіцца на недахоп жаночай ласкі.
Маня Гоманава, новая Пятрова суседка, на ферме шчыравала, а муж-трактарыст з раніцы да вечара ў полі прападаў. Маладоў сям'і ў хуткім часе паабяцалі кватэру ў новым доме. Жыві, радуйся ды грошы на мэблю збірай. Але не ведаеце вы Пятра!.. Папаўзлі неўзабаве па вёсцы чуткі. І не пустыя. Бачылі людзі: то Пятро ад суседкі кароткімі перабежкамі прабіраецца, а часцей яна ад яго крадзецца. І так у іх пайшло, паехала…
Не вытрымала адна з Пятровых былых, пад гарачую руку патрушчыла вокны ў Манінай хаце. Другім разам яна ж на месцы валацугу застала, гвалт учыніла. Людзей сабралася!..
Дайшлі чуткі да старшыні. Той доўга не цырымоніўся:
– Жніво, а яны ўздумалі людзей смяшыць, любошчы наладзілі. Не даваць Гоманавай кватэры!
Прыціхла Маня, зажурылася. Не пазнаць жанчыну. А на другі ці трэці дзень прыйшоў у кантору да старшыні Манін муж-трактарыст. Павітаўся, вінавата апусціў галаву:
– Таварышу старшыня, прабачце маёй Мані. Мая Маня больш ніколі не дасца Пятру.
Дзіва дзіўнае: ніхто не чуў, а вечарам знала ўся вёска.
– Ручацца за чужую душу, – пасмейваліся мужыкі, – не кожная свацця адважыцца.
Але што людзі, пагаварылі і перасталі. Усё ж атрымалі Гоманавы, дзякуючы мужу-рупліўцу, старшынёва дараванне. Як бы дружна і жывуць.
Падрыхтаванае на падставе: Мікола Сянкевіч, Хутар Паянтрый. Аповесць, апавяданні, мініяцюры, — Брэст 2002.
Малая радзіма, дзяцінства, бацькі і дзеці, школа і настаўнікі – асноўныя тэмы твораў, што склалі змест другой кнігі празаіка. У яе уключаны таксама гумарыстычныя апавяданні і абразкі.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org - ePub