Сяджу неяк у інтэрнэт-клюбе, шукаю рэфэрат. Нэрвы не вытрымліваюць: часу няма, нічога патрэбнага не знаходзіцца, ды яшчэ пастаянна выскокваюць банэры з парнухай. Адміністратар на ўсе мае прапановы зрабіць што-небудзь з гэтым доўбаным кампом і брудам на ім шчыра дзівуецца: "І што вам тут не падабаецца? Дзевачкі во якія! Оба-на, глядзіце!" Толькі хачу запярэчыць "я зараз не па тых справах", як - Матка Боска - з экрану ў адных міні-танга на мяне глядзіць яна - распаленая, уся ў жарсьці і ўжо гатовая да "гэтага" мая "родная" аднакурсьніца Танечка В. Дакладна яна: і радзімка на шчацэ, і завушніцы тыя самыя, і ды і пагаворвалі пра яе ўсялякае неаднойчы.
Чым чалавек спачатку навучыўся гандляваць, дык гэта сваім тленным целам. Можа для каго і дзіва, але панятак "прастытуцыя" з самага пачатку меў нэгатыўны сэнс: prostitutio - ад лацінскага "апаганьваньне, абняслаўленьне". Сёньня гэта проста "асабістая справа кожнага". Тое, што паспалітае студэнцтва займаецца прастытуцыяй, стрыптызам і порна, не зьдзіўляе нікога. Шлюху без вышэйшай адукацыі зараз сустрэнеш рэдка. Прэстыж - ён і на стомэтроўцы прэстыж. Ды і не адныя мы ў сваім горы (?): паводле крыніцаў у інтэрнэце, у кансэрватыўнай Брытаніі 60% студэнтак - прастытуткі. Як бы скептычна ня ставіліся да самой фармулёўкі "крыніцы ў інтэрнэце", але праблема сапраўды актуальная: брытанскі ўрад адмовіў моладзі ў крэдытах, а вучыцца надта ж хочацца. Гадавую аплату за вучобу брытанскія дзяўчыны зарабляюць за пару месяцаў.
Цяжка сказаць, ці дапамагае ўнівэрсытэцкі дыплём у ложку, але кажуць, што ён дае выхад на больш прыстойную кліентуру. Салёны дарагіх аўтамабіляў, валасатая рука з залатой пячаткай на тваіх каленках, аўра сэкс-бомбы з пухнатымі вуснамі і ўзбуджальнымі буфэрамі - усё гэта прыцягвае студэнтачак як магніт. А чым яшчэ ў гэтай краіне займацца, не вучыцца ж?..
МЕСЦА ДЫСЬЛЯКАЦЫІ НААГУЛ І Ў ПРЫВАТНАСЬЦІ
Калі прасачыць, дзе студэнцкая прастытуцыя распаўсюджаная больш, то няцяжка заўважыць, што ў авангардзе стаяць ВНУ гуманітарнага профілю. Спрацоўвае адчувальны дэфіцыт у моцнай палове чалавецтва: калі на факультэце чатыры хлопцы, дык тут ваўком завыюць усе - ты вось паспрабуй выправіць свой лёс самастойна! Да таго ж, вучыцца ў гуманітарным непараўнальна лягчэй, чымся ў іншых ВНУ. Народная мудрасьць кажа: вучоба ва ўнівэры - гэта для прыстойнай дзяўчыны пяць год вольнага часу, за якія яна нават мужа сабе знайсьці можа.
Асабліва ў гэтым пляне вылучаюцца БДПУ, БДУ і "кулёк". У "мэдзе" гэтую зьяву далікатна называюць "вывучэньнем фізіялягічных працэсаў на практыцы", але ў якасьці лябараторных жывёлак тут гатовая выступаць ня меншая колькасьць паненак.
Што да прыватнасьцяў, то кожны інтэрнат/студэнцкі гарадок/ВНУ мае ўласную стомэтроўку, дзе можна "зьняць" і "зьняцца". Ад арыгіналу яна адрозьніваецца меншай плошчай, нізкімі коштамі і кругласутачнай працай ("зьняць" можна і ў 8 раніцы, і ў 12 ночы). У некаторых месцах практыкуецца такі "макдрайв": кліент і "дзевушка" могуць дамовіцца не адыходзячы ад касы: ён - высунуўшы галаву з акна машыны, яна - з акна пакою.
Натуральна, што разьмяшчаюцца стомэтроўкі паблізу інтэрнатаў: БДУшніцы і "тэхналягічкі" ходзяць на дынамаўскія "сьцякляшкі" "папіць піва" ("на чыпсы", "на семкі" і да т.п.), будучыя пэдагагіні прагульваюцца па вул. Валадзько і ўздоўж Чэрвеньскага рынку.
Маладыя людзі, якія ніколі нават не імкнуліся ў абітурыенты, выдатна ведаюць, якое месца ў сыстэме вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь адыгрывае ЦПС і дзе яно знаходзіцца. Пра Цэнтральнае п*дасховішча ведае ільвіная большасьць маладых "крутых", пэтэвэшнікаў і навучэнцаў тэхнічных ВНУ, дзе зь дзяўчынамі наагул праблема - едуць сюды ўсе, хто шукае плоцкіх уцехаў. Колькасьць тых, якія захоўваюцца ў гэтым цэнтры і гатовыя па першым сыгнале рынуцца ў бой, можа вар'іравацца ад адной да тысячы - дамовіцца можна заўжды і выбар багаты: дзяўчынаў вельмі шмат, на розныя густы і запатрабаваньні, і амаль усе яны ня супраць. Але мусім прызнаць: ЦПС - гэта не бардэль, Мадам тут няма. Таму сам кліент прапаноўвае ехаць усім, хто выкажа зацікаўленасьць. Безумоўна, ён можа сутыкнуцца з тым, хто сапраўды "ня хоча", але такіх пераважная меншасьць.
Пачуць жа расповеды пра тое, як "засынала ў ложку з адным, а прачыналася зь іншым", можна на кожным паверсе ЦПС ледзь не праз адзін пакой.
Паліна К-віч, вельмі адукаваная ў справах сэксу дзяўчына, вырашыла да ўласнага 20-годзьдзя назьбіраць калекцыю "100 мужыкоў". Дзяўчына, трэба сказаць, трапілася мэтанакіраваная і вырашыла зьдзейсьніць сваю мару. І вось дзень Х на носе, а калекцыя няпоўная. У сябровак, якія назіралі за яе пакутамі, ужо закралася сумненьне. Дзе там! Па натоўпах хлопцаў, што завісалі ў пакоі, і крыках на калідоры "Зь мяне хопіць, я К-віч сёньня трахаць ня буду" ўсе зразумелі, як яе недаацэньвалі. Пацьвярджала пасьля гэта і яна сама.
Лора Палмэр, між іншым, таксама свайму дзёньніку абяцала, што "калі я і буду займацца сэксам, то пастараюся атрымаць ад гэтага больш карысьці і задавальненьня, чым мае бацькі". Чым у яе ўсё скончылася, нагадваць ня трэба.
НАВОШТА?
А проста так - варыянт №1: сумна, арганізм патрабуе і проста рабіць няма чаго. У такіх выпадках дзяўчыны папросту высоўваюць галаву на калідор інтэрната і крычаць: "Хачу хоць якога-небудзь мужыка!" Пасьля выходзяць папаліць, і глядзі - празь некалькі хвілінаў зьяжджае на колькі дзён "на шашлыкі" зь першым сустрэчным. Калі куды-небудзь паехаць хочацца, а грошай няма - таксама не праблема: варта патусавацца каля машынаў, прыпаркаваных ля інтэрната, выбраць сабе якую - і наперад!
Варыянт №2 - зарабіць грошы/шмоткі/мабілу/аплату за мабілу/інш. Калі кліент пастаянны, то і пэрспэктывы на будучыню зьяўляюцца. Часьцей, вядома ж, кідаюць.
Правінцыйная дзяўчына Юлія В. паступіла ў адну зь менскіх ВНУ. Бацькі засялілі малую ў інтэрнат, далі грошы на вучобу і зьехалі. Тая пажыла колькі дзён і хутка заўважыла, што грошы "неяк разышліся". Не раздумваючы доўга, Юлія заяўляе суседкам па пакоі, што зьбіраецца зарабіць. Спэцыфіка яе працы вам ужо зразумелая.
Што да грошай, то спачатку нехта даваў ёй за працу $20, пасьля такса зьнізілася да $10. Потым Юлія сама ўвайшла ў смак і прыносіла ад кліентаў толькі цукеркі і касмэтыку. Аднойчы яна вярнулася пасьля трохдзённага загулу і ўсё, што змагла сказаць, было "нават не пакармілі, сукі".
Варыянт №3 - празь пятага ці дзясятага знайсьці сваё каханьне і выйсьці замуж. У выпадку пасьпяховасьці пражэкту, кажуць спэцыялісты, лёс сям'і перадвызначаны: пры першай жа нагодзе мужык папракне, маўляў, дзе б ты, б*дота, была зараз, каб я цябе ня ўзяў. Але варыянт такі распаўсюджаны збольшага сярод іншагародніх: галоўная мэта навучаньня большасьці зь іх - пасьпяхова пабрацца шлюбам зь менчуком. А там!..
ДЗЯКУЮЧЫ, НЯГЛЕДЗЯЧЫ І НАВАТ ТАК
Таня Зайцава, галоўная "інтэрдзевачка" СССР, памылялася, калі казала, што для такой сацыяльнай зьявы, як прастытуцыя, законаў і артыкулаў не прыдумалі.
Дзякуючы пранікненьню камэрцыі ў інтым прастытуцыю ў Беларусі прызналі і пачалі змагацца. Былі выдадзеныя некалькі законаў, у Адміністрацыйным кодэксе ёсьць арт.162-1 "Занятак прастытуцыяй". На першы раз ён прадугледжвае папярэджаньне ці накладаньне штрафу ў памеры 10 мінімальных заробкаў (блізу BRB 175 000). Тыя ж дзеяньні, зьдзейсьненыя цягам году паўторна (хутчэй за ўсё, калі трапілася паўторна, бо "два разы на год" і прастытуцыяй няёмка называць) - штраф у 20 мінімалак. Ёсьць яшчэ пастанова беларускага ўраду за пазамінулы год "Аб дзяржаўнай праграме комплексных мераў па супрацьдзеяньні гандлю людзьмі і распаўсюдзе прастытуцыі на 2002-2007 гг.". Хіба што там напісана нешта сакрэтнае, бо знайсьці яе мы так і ня здолелі.
Нягледзячы на ўсе гэтыя пастановы, Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы сярод краінаў СНД па колькасьці хворых на ВІЧ (афіцыйна іх 4 548, а неафіцыйна - каля 13 000). А калі дадаць сюды тыя 400 000 беларусаў, якія штогод хварэюць на вэнэрычныя захворваньні... Па Менску на пранцы і іншую трасцу кожны год хварэе 8 600 студэнтаў. Пакуль...
Маралізаваць на тэму ня мае сэнсу - агульнавядома, што выпускныя ў школах акрамя бадуна заканчваюцца і мінэтам, а на адзін раддом прыпадае 12 выпадкаў прыроджанага сыфілісу. Калі дарослыя кажуць пра тое, што ніякіх каштоўнасьцяў у моладзі не засталося, то настойліва раім ім паглядзець на сваіх аднагодкаў.
КЛІЕНТ-ДАЦЭНТ
Студэнцкай прастытуцыяй карыстаюцца і выкладчыкі - сталыя і дасьведчаныя пэдагогі, некаторыя зь якіх у працоўны час прэтэндуюць на ролю "другіх бацькоў" студэнтак, а па-за працай могуць папросту, па-бацькоўску паймець іх у прамым сэнсе. За тое, што далі "бясплатную кансультацыю", за "дапамогу ў працы над курсавой", за "спрыяньне ў засяленьні ў інтэрнат". "Прасьцей раз аддацца і пасьля мець гарантаванае месца-ложак у інтэрнаце, чым мыкацца і прасіць, - упэўненая Вольга Е., пяцікурсьніца, якая са спакойным выглядам распавядае пра тое, як старшыня студэнцкага прафкаму прапанаваў ёй пераспаць "за абшчагу". - Затое я дасягнула сваёй мэты".
Прастытуцыя можа ладзіцца і больш прыхавана, з абсалютна добрымі намерамі. Першакурсьніцы-гуманітарыі з году ў год слухаюць настаўленьні куратараў, якія адным зь першых культпаходаў для групы "зялёных" вясковых дзяўчынак абіраюць візыт да будучых міліцыянтаў, пажарных, вайскоўцаў, - галоўнае, каб з "сапраўднымі мужчынамі". Для куратараў насамрэч важна, каб дурніцы-першакурсьніцы "не бадзяліся абы з кім і абы-дзе". Спадзеў на тое, што адным шырокім жэстам можна вырашыць дэмаграфічную праблему ў краіне, марны. Ён - які бачыць дзяўчынаў зрэдку і здалёк - і Яна - якая прывыкла, што за вайскоўцам як за каменнай сьцяной - у выніку пагулянак "пад луной" здольныя толькі на пару "перапіхнуцца" - і адразу разьбягаюцца. Рэдка, але здараецца, што замест каханьня ў духу францускіх любоўных раманаў у каго-небудзь зь іх аказваецца "францускі насмарк". Так і заканчваюцца патугі куратараў, дзеяньні якіх Крымінальны кодэкс трактуе як "зводніцтва".
FINITA LA COMEDIA
Шчасьлівыя канцоўкі ў выглядзе вясельляў часам здараюцца, але гэта хутчэй выключэньне зь вялікай колькасьці правілаў. Дзяўчаты-лімітчыцы вяртаюцца дахаты з дыплёмам аб заканчэньні ВНУ, непамерным сэксуальным досьведам і адчуваньнем сябе ў якасьці сэкс-бомбы. Вось каму сапраўды будзе што ўзгадаць пад старасьць!
Адзінкам удаецца зрабіць кар'еру прафэсійных путанаў і выйсьці на сапраўдную стомэтроўку. Вышэйшая адукацыя, веданьне замежных моваў, формы Памэлы Андэрсан і зьнешнасьць Шэран Стоўн толькі спрыяюць працы.
А часьцей за ўсё канец аказваецца пачаткам - хаджэньняў па гінэколягах, блуканьняў па Прылуках ці нават прыводаў у міліцыю.